Библия › Чарняўскі-17 › Роду

Роду

Спачатку стварыў Бог неба і зямлю. Зямля была пустая і неабжытая; і цемра над абліччам бяздоння, і Дух Божы ўзносіўся над водамі. І сказаў Бог: «Хай станецца святло!» І сталася святло. І бачыў Бог, што святло было добрае, і раздзяліў Бог святло і цемру. І назваў Бог святло днём, а цемру — ноччу. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень першы. Потым сказаў Бог: «Хай станецца цвярдыня сярод водаў і хай аддзеліць воды ад водаў». І зрабіў Бог цвярдыню, і аддзяліў воды, якія былі пад цвярдыняй, ад тых, якія былі над цвярдыняй. І сталася гэтак. І назваў Бог цвярдыню небам. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень другі. Сказаў зноў Бог: «Хай збяруцца воды, якія пад небам, у адно месца, і хай з’явіцца сухмень». І сталася гэтак. І назваў Бог сухмень зямлёю, а сабранне водаў назваў морамі. І бачыў Бог, што гэта добра. Дык сказаў Бог: «Хай родзіць зямля зелень, і траву, што дае насенне, і дрэва пладаноснае, што дае плод па гатунку сваім, насенне якога — у сабе [самім] на зямлі». І сталася гэтак. І выдала зямля траву зялёную і траву, якая прыносіць насенне па гатунку сваім, і дрэвы, якія даюць плады і маюць у сабе насенне паводле гатунку свайго. І бачыў Бог, што гэта добра. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень трэці. Потым сказаў Бог: «Хай з’явяцца свяцілы на цвярдыні неба, каб аддзялялі дзень ад ночы, і хай будуць на знакі часоў, і дзён, і гадоў, каб свяцілі на цвярдыні неба і асвятлялі зямлю». І сталася гэтак. І стварыў Бог два свяцілы велізарныя: свяціла большае, каб валадарыла над днём, і свяціла меншае, каб валадарыла над ноччу, і зоркі. І размясціў іх Бог на цвярдыні неба, каб свяцілі яны на зямлю, і валадарылі над днём і ноччу, і аддзялялі святло ад цемры. І бачыў Бог, што гэта добра. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень чацвёрты. Сказаў таксама Бог: «Хай народзяць воды паўзуноў, жывыя істоты, і птушкі хай лётаюць над зямлёй пад цвярдыняй неба». І стварыў Бог вялізных марскіх жывёл і ўсялякую істоту жывую і рухавую, якую нараджаюць воды, паводле гатункаў сваіх, і ўсялякіх птушак паводле роду свайго. І бачыў Бог, што гэта добра. І дабраславіў іх Бог, кажучы: «Расціце і размнажайцеся, і запаўняйце воды мора, а птушкі хай размнажаюцца над зямлёю». І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень пяты. Сказаў таксама Бог: «Хай выдасць зямля жывую істоту ў родзе сваім: жывёл, і паўзуноў, і звяроў зямных паводле гатункаў сваіх». І сталася гэтак. І стварыў Бог звяроў зямных па гатунках сваіх, і жывёлу паводле гатункаў сваіх, і ўсякіх паўзуноў зямных у родзе сваім. І бачыў Бог, што гэта добра. Дык сказаў Бог: «Учыньма чалавека на вобраз і падобнасць Нашу; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, і звярамі, і над усёй зямлёй і над усякім паўзуном, які рухаецца па зямлі». І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на вобраз Бога стварыў яго: мужчынам і жанчынай стварыў іх. І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: «Расціце і размнажайцеся, і запаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе, і валадарце над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, ды ўсім жывым, што рухаецца па зямлі». Потым сказаў Бог: «Вось, Я даў вам усякую траву, што дае насенне па ўсёй зямлі, і ўсялякія дрэвы, што маюць у сабе плод дрэва, што прыносіць насенне, каб былі вам на ежу. І ўсім жывунам на зямлі, усякай птушцы паднебнай, ды ўсім, што рухаюцца па зямлі і ў якіх ёсць жывая існасць, Я даў усякую траву зялёную на ежу». І сталася гэтак. І бачыў Бог усё, што стварыў, і вось, было яно вельмі добрае. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень шосты.

Такім чынам былі закончаны нябёсы і зямля, і ўсё воінства іх. У сёмы дзень скончыў Бог тварэнне Сваё, што ўчыніў, і ў дзень сёмы супачыў ад усякага тварэння, што выканаў. І дабраславіў Бог дзень сёмы і ўсвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усякай працы Сваёй, якую зрабіў Бог, творачы. Такое вось паходжанне неба і зямлі, калі былі яны створаны. У дзень, калі Госпад Бог стварыў зямлю і неба, не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, аніводнай палявой траўкі не ўзышло, бо Госпад Бог не спасылаў дажджу на зямлю ды не было чалавека, які б абрабляў глебу, але пара ўздымалася ад зямлі, арашаючы ўсю паверхню зямлі. Тады стварыў Госпад Бог чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры яго подых жыцця, і чалавек стаўся жывою душою. І насадзіў Госпад Бог рай у Эдэне, на ўсходзе, у якім памясціў чалавека, якога ўфармаваў. І вырасціў Госпад Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на від і салодкае для ежы, таксама дрэва жыцця ў сярэдзіне раю і дрэва пазнання дабра і зла. І рака выцякала з Эдэна для абваднення раю, якая адтуль раздзяляецца на чатыры ракі. Назва адной Пішон. Яна тая, што акружае ўсю зямлю Хавіла, дзе знаходзіцца золата. А золата той зямлі найлепшае, там знаходзяць бдалах і онікс. А назва другой ракі Гіхон; яна тая, што акружае ўсю зямлю Куш. Назва ж трэцяй ракі Тыгр: цячэ яна на ўсход Асірыі, чацвёртая рака — Эўфрат. Вось жа ўзяў Госпад Бог чалавека і памясціў яго ў садзе ў Эдэне, каб рупіўся пра яго і сцярог яго. І загадаў Госпад Бог чалавеку, кажучы: «З кожнага райскага дрэва еж, а з дрэва пазнання дабра і зла не еж! Бо ў які-колечы дзень будзеш есці з яго — смерцю памрэш». Таксама сказаў Госпад Бог: «Не добра быць чалавеку аднаму: зробім яму памочніка, падобнага да яго». І стварыў Госпад Бог з зямлі ўсіх жывуноў палявых і ўсіх птушак паднебных і прывёў іх да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх; і як чалавек назваў кожную істоту жывую, такое і імя ёй уласцівае. І так чалавек назваў сваімі імёнамі ўсіх жывёл, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх звяроў палявых. Аднак чалавеку не знаходзіўся памочнік, падобны да яго. Дык наслаў Госпад Бог сон на чалавека. Калі ён заснуў, выняў адну з яго рабрын, і запоўніў целам замест яе. А з рабрыны, якую выняў з чалавека, Госпад Бог стварыў жанчыну і прывёў яе да чалавека. І сказаў чалавек: «Гэта цяпер косць з касцей маіх ды цела з цела майго. Яна будзе называцца жонкаю, бо ўзята яна ад мужа». Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкаю сваёй; і будуць адным целам. І былі абодва голыя, чалавек, значыць, і жонка яго, але не адчувалі сораму.

А змей быў хітрэйшы з усіх жывуноў палявых, якіх стварыў Госпад Бог. Ён сказаў жанчыне: «Ці гэта праўда, што Бог забараніў вам, каб вы не елі з кожнага дрэва райскага?» Жанчына адказала яму: «З плода дрэў, якія знаходзяцца ў раі, ямо; з плода ж дрэва, якое сярод раю, забараніў нам Бог, каб не елі і не дакраналіся да яго, каб не памерлі». Дык сказаў змей жанчыне: «Ніякім чынам не памраце! Бо ведае Бог, што ў дзень, у які будзеце есці з яго, адкрыюцца вочы вашы і будзеце, як багі, ведаць дабро і зло». Дык убачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы і мілае вачам, і прывабнае ёсць дрэва для здабыцця ведаў; і сарвала [адзін] з пладоў яго, і з’ела, і дала таксама мужу свайму, і ён з’еў. І адкрыліся вочы ў абодвух. І калі пазналі, што яны голыя, дык сплялі лісты фігавыя і зрабілі сабе перапаяскі. І калі пачулі голас Госпада Бога, Які хадзіў па раі апоўдні, схаваўся чалавек і жонка яго ад аблічча Госпада Бога сярод дрэў райскіх. І паклікаў Госпад Бог чалавека і сказаў яму: «Дзе ты?» Ён кажа: «Пачуў голас Твой у раі і спалохаўся, таму што голы я, і схаваўся». І сказаў яму: «Хто ж табе паказаў, што ты голы, хіба што з дрэва, з якога Я забараніў табе есці, ты ўсё ж такі еў?» І сказаў чалавек: «Жанчына, якую Ты мне даў, сама дала мне з дрэва, і я еў». Дык сказаў Госпад Бог жанчыне: «Што ты гэта зрабіла?» Яна сказала: «Змей звёў мяне, і я з’ела». Тады кажа Госпад Бог змею: «За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты будзеш між усіх жывёл і ўсіх звяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш і будзеш пыл есці ва ўсе дні жыцця свайго. Пакладу варожасць між табой і жанчынай, і нашчадкамі тваімі і яе нашчадкам; ён сатрэ галаву тваю, а ты будзеш джаліць пяту яго». Жанчыне ж сказаў: «Памножу мучэнні твае ў родах тваіх: у пакутах будзеш нараджаць дзяцей, і да мужа твайго будзе пажада твая, ён жа будзе панаваць над табою». Чалавеку вось што сказаў: «За тое, што ты паслухаў голасу жонкі сваёй і еў з дрэва, з якога Я табе забараніў есці, будзе праклятая зямля дзеля цябе. У цяжкай працы будзеш жывіцца з яе ва ўсе дні жыцця твайго. Пустазелле і бадзякі будзе радзіць яна табе, і будзеш карміцца раслінамі зямлі. У поце твару твайго будзеш есці хлеб, аж пакуль не вернешся ў зямлю, з якой ты ўзяты, бо ты пыл і ў пыл вернешся». Чалавек даў імя сваёй жонцы Ева, таму што яна была маці ўсіх жывых. І зрабіў Госпад Бог чалавеку, а таксама і жонцы яго адзенне са скуры і адзеў іх. Потым сказаў Госпад Бог: «Вось жа, чалавек стаўся, як адзін з Нас, што ведае дабро і зло. Дык цяпер хай не выцягне рукі сваёй і не возьме таксама плода з дрэва жыцця, не з’есць яго і не будзе жыць вечна». Выдаліў яго Госпад Бог з раю Эдэн, каб абрабляў ён зямлю, з якой быў узяты. І выгнаў чалавека, і паставіў перад раем Эдэн херубіна з агністым мечам, які верціцца, каб сцерагчы дарогу да дрэва жыцця.

Чалавек жа пазнаў жонку сваю Еву, і яна пачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Здабыла я чалавека з волі Госпада». А потым нарадзіла брата яго Абэля. Абэль быў пастухом авечак, а Каін — земляробам. І сталася па нейкім часе, што Каін складаў Госпаду ахвяру з пладоў зямлі, а Абэль складаў таксама з першынцаў статка свайго і з іх тлустасці, дык Госпад зірнуў на Абэля і дар яго, а на Каіна і дар яго не зірнуў. Моцна ўзлаваўся Каін, і панурым сталася аблічча яго. І сказаў Госпад яму: «Чаго ты раззлаваўся і чаго пануры твар твой? Хіба, калі ты робіш добра, не падымеш твару? А калі блага, грэх будзе цікаваць у дзвярах, і да яго будзе пажада твая, а ты павінен панаваць над ім». І сказаў Каін Абэлю, брату свайму: «Хадзем вонкі». А калі былі ў полі, Каін паўстаў супраць брата свайго Абэля і забіў яго. Тады Госпад кажа Каіну: «Дзе брат твой Абэль?» Ён адказаў: «Не ведаю. Ці ж я вартаўнік брату свайму?» І сказаў яму: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне з зямлі. Дык цяпер будзь пракляты зямлёй, якая адкрыла вусны свае і прыняла кроў брата твайго з рукі тваёй! Калі яе абрабляць будзеш, не дасць яна ўжо больш табе пладоў сваіх; выгнанцам і ўцекачом будзеш на зямлі!» І сказаў Каін Госпаду: «Большая кара мая, чым знесці мне. Вось, адкідаеш мяне сёння ад аблічча зямлі, і ад аблічча Твайго я схаваюся і буду выгнанцам і ўцекачом на зямлі; дык кожны, хто напаткае мяне, заб’е мяне». І сказаў яму Госпад: «Гэтак не будзе, але кожны, хто заб’е Каіна, — у сем разоў будзе пакараны!» І паклаў Госпад Каіну знак, каб не забіваў яго, хто-колечы сустрэне яго. Пасля Каін адышоў ад аблічча Госпада і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад краіны Эдэн. І вось пазнаў Каін жонку сваю, і яна пачала, і нарадзіла Гэноха. І пабудаваў горад і назваў яго ад імя сына свайго — Гэнох. Гэнох, у сваю чаргу, быў бацькам Ірада, а Ірад быў бацькам Мавіяэля, а Мавіяэль быў бацькам Матусаэля, а Матусаэль быў бацькам Ламэха. Ламэх узяў дзвюх жонак. Імя адной — Ада, а другой — Сэла. Ада нарадзіла Явэла; гэта ён быў прабацькам тых, якія пражывалі ў палатках, і пастухоў. І імя брата яго Ювал; гэта ад яго вядуцца ўсе, хто гралі на гуслях і на флейце. Сэла таксама нарадзіла Тубалкаіна; ён быў рамеснікам і кавалём, які рабіў усе прылады з медзі і жалеза. Сястрой Тубалкаіна была Наэма. Ламэх сказаў сваім жонкам: «Ада і Сэла, паслухайце, што я скажу! Жонкі Ламэха, зважце на словы мае! Забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалечанне сваё. У сем разоў павінна быць адпомшчана за Каіна. А за Ламэха — у семдзесят сем». І пазнаў зноў Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя яго Сэт, кажучы: «Даў мне Бог нашчадка іншага ў замену за Абэля, якога забіў Каін». У Сэта нарадзіўся сын, якога той назваў Энос. Тады пачалі прызываць імя Госпада.

Вось запіс радаводу Адама. У дзень, калі Бог стварыў чалавека, зрабіў яго на падабенства Божае. Мужчынам і жанчынай стварыў іх, і дабраславіў іх, і даў ім імя «чалавек» тады, калі былі створаны. Пражыў Адам сто трыццаць гадоў, і нарадзіўся ў яго сын, на вобраз і падабенства яго, і ён даў яму імя Сэт. І было дзён Адама па нараджэнні Сэта восемсот гадоў, меў яшчэ сыноў і дачок. І быў увесь прамежак часу, што пражыў Адам, дзевяцьсот трыццаць гадоў, і ён памёр. Таксама Сэт пражыў сто пяць гадоў і меў сына Эноса. Па нараджэнні Эноса пражыў Сэт восемсот сем гадоў і меў яшчэ сыноў і дачок. І было ўсіх дзён Сэта дзевяцьсот дванаццаць гадоў, і ён памёр. А Энос пражыў дзевяноста гадоў і меў сына Кенана. І пражыў Энос па нараджэнні Кенана восемсот пятнаццаць гадоў, і меў сыноў і дачок. І было ўсіх дзён Эноса дзевяцьсот пяць гадоў, і ён памёр. Таксама Кенан пражыў семдзесят гадоў і меў сына Малаліэля. І пражыў Кенан па нараджэнні Малаліэля восемсот сорак гадоў, і меў яшчэ сыноў і дачок. І было ўсіх дзён Кенана дзевяцьсот дзесяць гадоў, і ён памёр. Пражыў вось Малаліэль шэсцьдзесят пяць гадоў і меў сына Ярэда. І пражыў Малаліэль па нараджэнні Ярэда восемсот трыццаць гадоў, і меў сыноў і дачок. І было ўсіх дзён Малаліэля восемсот дзевяноста пяць гадоў, і ён памёр. Пражыў Ярэд сто шэсцьдзесят два гады і меў сына Гэноха. І жыў Ярэд па нараджэнні Гэноха восемсот гадоў, і меў сыноў і дачок. І было ўсіх дзён Ярэда дзевяцьсот шэсцьдзесят два гады, і ён памёр. Гэнох жыў шэсцьдзесят пяць гадоў і меў сына Матусала. І хадзіў Гэнох з Богам па нараджэнні Матусала трыста гадоў, і меў сыноў і дачок. І было ўсіх дзён Гэноха трыста шэсцьдзесят пяць гадоў. І хадзіў ён з Богам, і знік, бо забраў яго Бог. Таксама Матусал пражыў сто восемдзесят сем гадоў і меў сына Ламэха. І жыў Матусал па нараджэнні Ламэха семсот восемдзесят два гады і меў сыноў і дачок. І было ўсіх дзён Матусала дзевяцьсот шэсцьдзесят дзевяць гадоў, і ён памёр. Пражыў жа Ламэх сто восемдзесят два гады і меў сына, і даў яму імя Ной, кажучы: «Ён суцешыць нас у рабоце нашай і ў працы рук нашых на зямлі, якую Госпад пракляў». І жыў Ламэх па нараджэнні Ноя пяцьсот дзевяноста пяць гадоў, і меў яшчэ сыноў і дачок. І было ўсіх дзён Ламэха семсот семдзесят сем гадоў, і ён памёр. А калі Ной меў пяцьсот гадоў, нарадзіліся ў яго Сэм, Хам і Яфэт.

Калі людзі пачалі множыцца на зямлі і радзіліся ім дочкі, сыны Божыя, бачачы, што дочкі чалавечыя прыгожыя, бралі сабе за жонак з усіх тых, якія ім толькі падабаліся. І сказаў Бог: «Не вечна будзе прабываць Дух Мой у чалавеку, бо ён — цела; будзе дзён яго сто дваццаць гадоў». У тыя часы на зямлі жылі велікалюды, а таксама пазней, калі сыны Божыя сталі ўваходзіць да дачок чалавечых і тыя ім нараджалі: былі гэта волаты, якія мелі славу ў тыя даўнія часы. Госпад, бачачы, што разбэшчанасць людзей на зямлі сталася вялікая і што ўсе думкі сэрца іх не накіроўваліся ні на што іншае, акрамя як на зло, пашкадаваў, што стварыў чалавека на зямлі. І, крануты болем сэрца, вырашыў: «Сатру чалавека, якога стварыў, з твару зямлі, ад чалавека да жывёлы, аж да паўзуна, аж да птушкі паднебнай. Шкада Мне, што стварыў іх». Толькі Ной знайшоў ласку ў Госпада. Вось такое паходжанне Ноя. Ной чалавек справядлівы і беззаганны быў у родзе сваім і хадзіў з Богам. І меў ён трох сыноў: Сэма, Хама і Яфэта. І сапсаваная была зямля перад Богам, і перапоўнена ліхотаю. І калі ўбачыў Бог, што зямля сапсаваная, бо вось усякае цела скрывіла дарогу сваю на зямлі, сказаў Ён Ною: «Канец кожнага цела надышоў перада Мной, бо зямля поўная ліхоцця ад аблічча іх, і, вось жа, Я сатру іх з зямлі. Зрабі сабе арку з драўніны гафер; зрабі ў арцы перагародкі і пацягні яе смалой звонку і знутры. Вось так маеш яе зрабіць: трыста локцяў даўжыня аркі, пяцьдзесят локцяў шырыня і трыццаць локцяў вышыня яе. Зрабі акно ў арцы і вышыню яго на локаць падымеш. Уваход у арку зробіш збоку; зрабі ў ёй паверхі: ніжні, сярэдні і вышэйшы. Вось, Я навяду на зямлю патоп, каб знішчыць кожнае цела, у якім ёсць дух жыцця пад небам; усё, што існуе на зямлі, — прападзе. І ўсталюю Мой запавет з табою, дык увайдзі ў арку ты і сыны твае, жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табой; і з усіх жывуноў па пары кожнага цела ўвядзі ў арку, каб жылі з табою, мужчынскага роду і жаночага, каб ацалелі разам з табою ад пагібелі. З птушак па родзе іх, і з жывёлы ў родзе яе, і з усіх паўзуноў зямлі паводле роду іх: з усіх па пары ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывымі. А ты вазьмі з сабой усякай ежы, якою можна наесціся, і збяры да сябе; і будзе яна для цябе, як і для іх, на спажыванне». Дык Ной зрабіў усё, што загадаў яму Госпад; так і зрабіў.

І сказаў Госпад Ною: «Увайдзі ты з усёю сям’ёй тваёй у арку; бо ўбачыў Я, што ты справядлівы ў гэтым пакаленні перада Мною. З усіх звяроў чыстых вазьмі сем на сем — самцоў і самак, са звяроў нячыстых — два на два: самцоў і самак; таксама з птушак паднебных — па сем самцоў і па сем самак, каб зберагчы іх патомства для ўсёй зямлі. Бо вось па сямі днях Я спушчу дождж на зямлю працягам сорак дзён і сорак начэй і знішчу ўсё існае, усё, што Я стварыў, з паверхні зямлі». І споўніў Ной усё, што загадаў яму Госпад. Ной меў шэсцьсот гадоў, калі воды патопу нахлынулі на зямлю. Дык увайшоў Ной з сынамі, з жонкаю і з жонкамі сыноў сваіх у арку, каб ухавацца ад водаў патопу. Са звяроў чыстых і нячыстых, і з птушак, і з усяго, што рухаецца па зямлі, па двое, самец і самка, увайшлі да Ноя ў арку, так, як яму Бог загадаў. Калі мінула сем дзён, воды патопу нахлынулі на зямлю. У шасцісотым годзе жыцця Ноя, у другім месяцы, семнаццатага дня месяца, прарваліся ўсе крыніцы вялікага бяздоння і вокны нябесныя адчыніліся, і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй. У той вось дзень Ной і яго сыны Сэм, Хам і Яфэт, жонка яго і тры жонкі сыноў яго разам з імі ўвайшлі ў арку. Яны, а таксама кожны звер паводле роду свайго, і ўся жывёла ў родзе сваім, і кожны паўзун, які рухаецца па зямлі ў родзе сваім, і сукупнасць летуноў паводле роду іх, усе птушкі і ўсе крылатыя ўвайшлі па пары з кожнага цела, у якім быў дух жыцця, у арку да Ноя. І яны ўвайшлі ў арку, самец і самка з усякага цела, як Бог загадаў яму; і Госпад зачыніў арку звонку. А патоп трываў на зямлі сорак дзён, і памножыліся воды, і паднялі арку высока над зямлёю. Надзвычайна разліліся яны і пакрылі ўсё на паверхні зямлі; а арка плавала па водах. І падняліся воды высока над зямлёю, так што пакрылі ўсе высокія горы пад усім небам. Вада была на пятнаццаць локцяў вышэй за горы, якія яна пакрыла. Загінула кожнае цела, якое рухалася па зямлі: кожная з птушак, жывёл, звяроў і ўсіх паўзуноў, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі. Усё тое, у чым подых духа на зямлі, памерла. І знішчыў Ён усё існае, што было на зямлі, ад чалавека аж да жывёлы, аж да паўзуна і аж да птушак паднебных; усё было вынішчана з зямлі. Застаўся толькі Ной і якія былі з ім у арцы. А воды ахлыналі зямлю сто пяцьдзесят дзён.

І Бог, успомніўшы пра Ноя, і пра ўсіх жывуноў, і пра ўсіх жывёл, якія былі з ім у арцы, прывёў вецер на зямлю, і зменшыліся воды. І закрыліся крыніцы бяздоння і вокны нябесныя, і былі спынены дажджы з неба. І вярнуліся воды з зямлі, сцякаючы і сплываючы, і пачалі памяншацца па ста пяцідзесяці днях. У сёмы месяц, семнаццатага дня месяца, затрымалася арка на гарах Арарат. Але воды плылі і спадалі аж да дзесятага месяца; бо дзесятага месяца, у першы дзень месяца, паказаліся вяршыні гор. Калі мінула сорак дзён, Ной, адчыніўшы акно аркі, якое зрабіў, выпусціў крука, які вылятаў, аддаляючыся і вяртаючыся, пакуль не высахла вада на зямлі. Выпусціў ён таксама галубку ад сябе, каб пераканацца, ці спалі ўжо воды з паверхні зямлі. Яна, паколькі не знайшла, дзе б адпачылі яе ногі, вярнулася да яго ў арку; бо воды пакрывалі яшчэ ўсю зямлю. Тады ён выцягнуў руку і, злавіўшы яе, забраў у арку. Пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў выпусціў галубку з аркі. І вось, яна вярнулася да яго пад вечар, несучы ў дзюбе сваёй аліўную галінку з зялёнымі лісткамі. І зразумеў Ной, што сплылі ўжо воды з зямлі. А ўсё ж такі прачакаў ён сем іншых дзён; і выпусціў галубку, якая не вярнулася болей да яго. У шэсцьсот першым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца, воды на зямлі павысыхалі. І Ной, адкрыўшы дах аркі, глянуў і, вось, убачыў, што ўжо абсохла паверхня зямлі. У другім месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца, зямля зусім высахла. І прамовіў Бог да Ноя, кажучы: «Выходзь з аркі ты і жонка твая, сыны твае і жонкі сыноў тваіх разам з табой. Усіх жывуноў, якія ёсць у цябе ад кожнага цела, як з птушак, так і з жывёл, і з усіх паўзуноў, якія поўзаюць па зямлі, выводзь разам з сабою, каб пладзіліся на зямлі ды каб раслі і размнажаліся на ёй». Дык выйшаў Ной і сыны яго, жонка яго і жонкі сыноў яго разам з ім. Ды таксама і ўсе жывуны, жывёлы, птушкі і паўзуны, якія поўзаюць па зямлі паводле роду свайго, павыходзілі з аркі. І збудаваў Ной ахвярнік Госпаду, і, узяўшы з усіх жывёлін чыстых і птушак чыстых, прынёс ахвяру цэласпалення на ахвярніку. І Госпад пачуў пах найпрыемнейшы, і сказаў Госпад сэрцу Свайму: «Ніколі больш не буду праклінаць зямлю з-за людзей, бо намер сэрца чалавечага схільны да зла ад юнацтва яго. Дык ужо болей не будзе пагібелі на кожную душу жывую, як Я зрабіў. Ва ўсе дні зямлі не спыняцца сяўба і жніво, холад і спякота, лета і зіма, дзень і ноч».

І дабраславіў Бог Ноя і сыноў яго, і сказаў ім: «Расціце, і размнажайцеся, і залюдняйце зямлю. Хай усе жывёлы, звяры зямныя і ўсе птушкі паднебныя з усімі тымі, што рухаюцца па зямлі, баяцца вас і дрыжаць перад вамі; усе рыбы марскія аддадзены ў рукі вашы. Усё, што рухаецца і што жыве, будзе вам на ежу, як расліны зямныя, усё даю вам, за выключэннем таго, што ёсць целам з душою, якая ў крыві, — не ежце. Бо спытаю за кроў душ вашых з усіх жывёл; і з [кожнага] чалавека, і з [кожнага] брата яго спытаю за душу чалавека. Хто праліе кроў чалавечую, чалавекам будзе пралітая і яго кроў; бо чалавек створаны на вобраз Божы. А вы расціце і размнажайцеся, залюдняйце зямлю і валодайце ёю». Вось што яшчэ сказаў Бог Ною і сынам яго разам з ім: «Я, вось, усталёўваю запавет Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі пасля вас ды для кожнай жывой душы, якая разам з вамі: ці з ліку птушак, ці з ліку жывёл і ўсіх звяроў зямлі, якія з вамі, — для ўсіх, якія выйшлі з аркі, для ўсіх звяроў зямлі. Я ўсталёўваю запавет Мой з вамі так, што ўжо болей ніколі не будзе знішчана ніводнае цела водамі патопу ды ўжо ніколі не будзе патопу, што нішчыць зямлю». І сказаў Бог: «А гэта знак пагаднення, які Я даю паміж Мной і вамі і для кожнай душы жывой, якая з вамі, на вечныя пакаленні. Вясёлку Маю пакладу на хмарах, і будзе яна знакам пагаднення паміж Мной і паміж зямлёю. Калі пакрыю аблокамі неба, пакажацца вясёлка Мая на аблоках, і прыгадаю Я пагадненне Маё з вамі і з кожнай душою жывой, з кожным чалавекам: і не будзе болей водаў патопу на пагібель усяго цялеснага. І будзе вясёлка на аблоках, і ўбачу Я яе, і прыгадаю вечнае пагадненне, якое ёсць запаветам паміж Богам і кожнай жывой душою ўсякага цела, якое ёсць на зямлі». І сказаў Бог Ною: «Гэта будзе знак пагаднення, якое Я заключыў між Мною і кожным целам на зямлі». Сынамі ж Ноя, якія выйшлі з аркі, былі Сэм, Хам і Яфэт. І менавіта Хам быў бацькам Ханаана. Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх залюднілася ўся зямля. Ной, які быў земляробам, пачаў садзіць вінаграднік. П’ючы віно, ён ап’янеў і ляжаў, аголены, у сваёй палатцы. Хам, бацька Ханаана, убачыўшы галізну бацькі свайго, сказаў аб гэтым двум сваім братам, якія былі па-за палаткай. Тады Сэм і Яфэт усклалі плашч на плечы свае і, ідучы задам, прыкрылі сорам бацькі свайго; і твары іх былі звернуты назад, і яны не бачылі галізны бацькі свайго. Калі Ной, прачнуўшыся па ап’яненні ад віна, даведаўся, што яму зрабіў яго наймалодшы сын, то сказаў: «Пракляты Ханаан! Будзе ён паслугачом паслугачоў у братоў сваіх». І сказаў: «Дабраславёны Госпад, Бог Сэма! Хай Ханаан будзе яго паслугачом. Хай распаўсюдзіць Бог Яфэта. І хай ён пражывае ў палатках Сэма, і хай Ханаан будзе яго паслугачом». І жыў Ной па патопе трыста пяцьдзесят гадоў. І споўнілася ўсіх дзён яго дзевяцьсот пяцьдзесят гадоў, і ён памёр.

Вось гэтыя нашчадкі сыноў Ноя: Сэма, Хама і Яфэта. Па патопе нарадзіліся ім сыны. Сыны Яфэта: Гамэр, Магог, Мадай, Яван, Тубал, Масок і Тыр. Сыны Гамэра: Аскеназ, і Рыфат, і Тагарма. Сыны ж Явана: Эліса і Тарсіс, Кітым і Раданім. Ад іх паходзяць жыхары ўзбярэжжаў і астравоў, падзеленыя паводле сваіх краёў і сваёй мовы, па плямёнах і паводле сваіх народаў. А сыны Хама: Куш, і Міцраім, і Пут, і Ханаан. Сыны Куша: Саба, і Хавіла, і Сабата, і Рэгма, і Сабатаха. Сыны Рэгмы: Саба і Дэдан. Куш быў бацькам Німрода. Ён быў першым магутным на зямлі, і ён быў дужы паляўнічы перад Госпадам. Адсюль пайшла прыказка: «Як Німрод, дужы паляўнічы перад Госпадам». Пачаткам валадарання яго быў Бабілон, і Эрэх, і Акад, і Хальнэ у зямлі Сэнаар. З гэтай зямлі ён выйшаў у Асірыю і пабудаваў Нініву, Рэхабот-Ір і Калах, таксама Расэн, вялікі горад між Нінівай і Калахам. А Міцраім быў бацькам Луда, і Анама, і Лааба, і Нафтуа, і Патруса, і Каслуха, і Кафтора, ад якіх паходзяць філістынцы. Ханаан жа меў сыноў: першароднага Сідона, Хета, і Евусея, і Амарэя, Гергесея, Гівея і Арацэя, Сінэя і Арадзія, Самарэя і Эматэя; і пасля таго рассеяліся народы хананеяў. І былі межы хананеяў, калі ісці ад Сідона ў напрамку Герара аж да Газы, пакуль не дойдзеш да Садома і Гаморы, і да Адамы і Себаіма, аж да Лесы. Гэта нашчадкі Хама паводле іх плямёнаў і моў, земляў і народаў. Таксама ад Сэма, бацькі ўсіх сыноў Гебэра, старэйшага брата Яфэта, нарадзіліся [нашчадкі]. Сыны Сэма: Элам, і Асур, і Арпаксад, і Луд, і Арам. Сыны Арама: Уц, і Гул, і Гетэр, і Мэс. А Арпаксад быў бацькам Салы, ад якога нарадзіўся Гебэр. Нарадзіліся ж у Гебэра два сыны: першаму імя Пэлег, таму што ў днях яго раздзялілася зямля, а імя брата яго Ектан, Той Ектан быў бацькам Эльмадада, і Салефа, і Асармота, і Ярэ, і Адарама, і Узала, і Дэклы, і Абала, і Абімаэля, і Сабы, і Афіра, і Хавіла, і Ёбаба. Яны ўсе сыны Ектана. Месца іх пражывання было, калі ісці ад Мэшы аж да Сэфара, усходняй гары. Яны сыны Сэма паводле плямёнаў, і моў, і земляў у народах сваіх. Гэта вось плямёны сыноў Ноя паводле сваяцтва і народаў сваіх. Ад іх распаўсюдзіліся народы на зямлі па патопе.

Была на ўсёй зямлі адна мова і аднолькавыя словы. І калі яны вандравалі з усходу, сустрэлі раўніну ў зямлі Сэнаар і там абжыліся. І сказалі яны адзін аднаму: «Хадземце, наробім цэглы і абпалім яе агнём». Дык замест камянёў мелі яны цэглу, а смалу замест цэменту. І вось, сказалі яны: «Хадземце, зробім сабе горад і вежу, якой верх будзе дакранацца да неба, і зробім сабе імя, каб не расцярушыліся мы па ўсёй зямлі». І зышоў Госпад, каб убачыць горад і вежу, якую збудавалі сыны чалавечыя, і сказаў Госпад: «Вось, адзін народ і адна для ўсіх мова. Гэта вось пачатак іх працы, у далейшым нічога не будзе для іх цяжкім, што б ні задумалі яны зрабіць. Хадземце, вось, сыдзем, памяшайма там іх мову, каб не маглі зразумець гаворкі адзін аднаго». Гэтак вось рассеяў іх Госпад з таго месца па ўсёй зямлі, таму перасталі будаваць горад. І дзеля таго быў названы ён Бабель, бо там была памяшана мова ўсяе зямлі, і адтуль рассеяў іх Госпад па ўсёй зямлі. Гэтыя вось нашчадкі Сэма. Сэм меў сто гадоў, калі нарадзіўся яму Арпаксад, праз два гады па патопе. Па нараджэнні Арпаксада Сэм жыў пяцьсот гадоў і меў сыноў і дачок. Арпаксад пражыў трыццаць пяць гадоў, і нарадзіўся яму Сала. А па нараджэнні Салы жыў Арпаксад чатырыста тры гады і меў сыноў і дачок. Сала пражыў трыццаць гадоў, і нарадзіўся яму Гебэр. Па нараджэнні Гебэра жыў Сала чатырыста тры гады і меў сыноў і дачок. Гебэр пражыў трыццаць чатыры гады, і нарадзіўся яму сын Пэлег, а па нараджэнні Пэлега жыў Гебэр чатырыста трыццаць гадоў і меў сыноў і дачок. Пэлег пражыў трыццаць гадоў, і нарадзіўся яму Рэў. Па нараджэнні Рэва Пэлег жыў яшчэ дзвесце дзевяць гадоў і меў сыноў і дачок. Рэў жа пражыў трыццаць два гады, і нарадзіўся яму Сэруг. Па нараджэнні Сэруга пражыў яшчэ Рэў дзвесце сем гадоў і меў сыноў і дачок. Сэруг жа пражыў трыццаць гадоў, і нарадзіўся яму Нахор. Па нараджэнні Нахора Сэруг пражыў дзвесце гадоў і меў яшчэ сыноў і дачок. Нахор пражыў дваццаць дзевяць гадоў, і нарадзіўся яму Тэрах. Па нараджэнні Тэраха Нахор пражыў яшчэ сто дзевятнаццаць гадоў і меў сыноў і дачок. Тэрах пражыў семдзесят гадоў, і нарадзіліся яму Абрам, Нахор і Аран. Такія вось пакаленні Тэраха: Тэрах быў бацькам Абрама, Нахора і Арана, а Аран быў бацькам Лота. Аран памёр яшчэ за жыццём Тэраха, бацькі свайго, у зямлі, у якой нарадзіўся, у Уры Халдэйскім. Абрам і Нахор узялі сабе жонак. Імя жонкі Абрама Сараі, а імя жонкі Нахора Мілка. Яна дачка Арана, які меў яшчэ другую дачку на імя Іска. Сараі была бясплодная і не мела дзяцей. І ўзяў Тэрах Абрама, Лота, сына Арана, свайго ўнука, і Сараі, сваю нявестку, жонку Абрама, сына свайго, і вывеў іх з Ура Халдэйскага, каб пайсці ў зямлю Ханаан. Але дайшлі яны да Харана і абжыліся там. І было дзён Тэраха дзвесце пяць гадоў, і памёр ён у Харане.

Сказаў, вось, Госпад Абраму: «Выйдзі з зямлі тваёй і ад радні тваёй, і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я табе пакажу. І Я зраблю з цябе вялікі народ, і буду цябе дабраслаўляць, і ўзвялічу імя тваё, і ты будзеш дабраславеннем. Я буду дабраслаўляць тых, якія будуць цябе дабраслаўляць, а тых, якія цябе будуць праклінаць, Я пракляну, і ў табе будуць дабраславёныя ўсе народы зямлі». І падаўся Абрам у дарогу, як яму загадаў Госпад, а за ім пайшоў і Лот. Абрам меў семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харана. І забраў Абрам сваю жонку Сараі, і Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасць, якую яны набылі, таксама паслугачоў, якіх набылі ў Харане, ды выйшлі, каб пайсці ў зямлю Ханаан. Потым прыбылі яны ў зямлю Ханаан. І прайшоў Абрам зямлю аж да мясцовасці Сіхэм, аж да дубровы Марэг. А ў той зямлі жылі тады хананеі. І вось, з’явіўся Госпад Абраму і сказаў яму: «Гэтую зямлю Я дам нашчадкам тваім». Дык ён пабудаваў там ахвярнік Госпаду, Які з’явіўся яму. І, перайшоўшы адтуль на гару, якая была на ўсход ад Бэтэля, паставіў ён там палатку сваю, маючы Бэтэль з захаду, а з усходу — Гай. І там таксама пабудаваў ахвярнік Госпаду і прызываў імя Госпада. І расцягнуў Абрам свой шлях ад прыпынку да прыпынку аж да Нагэба. І запанаваў голад у зямлі. Дык Абрам адышоў у Егіпет, каб качаваць там. А калі набліжаўся ён да Егіпта, сказаў ён Сараі, жонцы сваёй: «Ведаю, што ты жанчына прыгожая і што, калі ўбачаць цябе егіпцяне, скажуць: “Гэта жонка яго”. І заб’юць мяне, а цябе пакінуць. Дык кажы, прашу цябе, што ты сястра мая, каб мне было добра дзеля цябе і каб душа мая жыла з ласкі тваёй». І, калі нарэшце Абрам прыйшоў у Егіпет, егіпцяне ўбачылі, што яна вельмі прыгожая жанчына; і ўбачылі яе вяльможы фараона і вельмі хвалілі яе перад ім. І забралі жанчыну ў дом фараона, а з Абрамам добра абышліся дзеля яе; былі ў яго авечкі, і валы, і аслы, і нявольнікі і нявольніцы, і асліцы, і вярблюды. Госпад жа апанаваў фараона і дом яго страшнымі карамі дзеля Сараі, жонкі Абрама. Дык паклікаў фараон Абрама і сказаў яму: «Што ж гэта ты мне зрабіў? Чаму не сказаў мне, што яна жонка твая? З якой прычыны ты сказаў, што яна сястра твая, так што я ўзяў яе сабе за жонку? Дык цяпер вось жонка твая: бяры яе і ідзі!» І даў фараон загад людзям сваім наконт Абрама; і вывелі яго, і жонку яго, і ўсё, што ён меў.

І выйшаў Абрам з Егіпта, сам і жонка яго, і ўсё, што ён меў, і Лот разам з ім, у Нагэб. І стаўся Абрам вельмі багатым жывёлаю, срэбрам і золатам. І вандраваў ён ад прыпынку да прыпынку з Нагэба ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней паставіў палатку між Бэтэлем і Гаем, на месцы ахвярніка, які ўчыніў раней і прызваў там імя Госпада. Але і ў Лота, які качаваў разам з Абрамам, былі статкі авечак, і буйная жывёла, і палаткі, і не магла ўмясціць іх зямля, каб жыць сумесна, бо маёмасць іх была вялікая і не маглі яны жыць супольна. Таму ўзнікла сварка між пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лота. У той жа час хананеі і феразеі пражывалі ў той зямлі. Дык сказаў Абрам Лоту: «Прашу, каб не было сваркі між мной і табой і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, браты ж мы! Хіба не ўся зямля перад табой? Дык прашу, адлучыся ад мяне! Калі пойдзеш налева, то я буду трымацца правага боку, а калі ты выбераш правы бок, то я падамся ўлева». Падняўшы тады вочы, Лот убачыў усю ваколіцу каля Ярдана, якая цалкам арашалася, пакуль не знішчыў Госпад Садома і Гаморы, як рай Госпада і як Егіпет, аж да Сэгора. І выбраў сабе Лот усю мясцовасць каля Ярдана, і адышоў на ўсход. І так аддзяліліся брат ад брата свайго. І абжыўся Абрам у зямлі Ханаан; Лот жа апынуўся ў гарадах, што былі каля Ярдана, і рассунуў палаткі аж да Садома. А садомцы былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад Госпадам. І сказаў Госпад Абраму пасля таго, як аддзяліўся Лот ад яго: «Падымі вочы свае і паглядзі з месца, дзе цяпер стаіш, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад: усю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і нашчадкам тваім навечна. І зраблю нашчадкаў тваіх, як пясок зямлі. Калі хто з людзей можа палічыць пясок зямлі, тады і тваіх нашчадкаў зможа палічыць. Устань і прайдзіся па зямлі ў даўжыню і ў шырыню яе, бо яе Я дам табе». Дык зняў Абрам палатку сваю і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, якая ў Геброне, і пабудаваў там ахвярнік Госпаду.

І сталася ў той час, што Амрафэл, цар Сэнаара, і Арыёх, цар Эласара, і Кедар-Лагамэр, цар Элама, і Тадал, цар паганаў, выйшлі з вайною супраць Бэры, цара Садома, і супраць Біршы, цара Гаморы, і супраць Сенааба, цара Адамы, і супраць Шэмэбэра, цара Себаіма, і супраць цара Бэлы, або Сэгора. Гэтыя цары пагадніліся між сабой у даліне Сідзім, дзе сёння Салёнае мора. Дванаццаць гадоў служылі яны Кедар-Лагамэру, а ў трынаццатым годзе паднялі бунт супраць яго. А ў чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедар-Лагамэр і цары, якія былі з ім разам, і пабілі рэфаімаў у Астарот-Карнаіме, і зузімаў у Хаме, і эмімаў у Савэ-Карыятаіме, і харэяў у гарах Сэір аж да Эль-Парана, што ў пустыні. І, вярнуўшыся адтуль, яны прыйшлі да крыніцы Мішпат, значыць Кадэс, і пабілі амалекцаў на ўсёй іх зямлі, а таксама амарэяў, якія жылі ў Асасон-Тамары. І выступілі цар Садома і цар Гаморы, цар Адамы і цар Себаіма, і цар Бэлы, якая ёсць Сэгор, і ўладкаваліся ў лагчыне Сідзім да бою з Кедар-Лагамэрам, царом Элама, і Тадалам, царом паганаў, і Амрафэлам, царом Сэнаара, і Арыёхам, царом Эласара; чатыры цары супраць пяці. Даліна ж Сідзім мела многа смаляных ям. І вось жа, цары Садома і Гаморы кінуліся ўцякаць і зваліліся туды; а тыя, хто засталіся, уцяклі ў горы. І ўзялі яны ўсю маёмасць Садома і Гаморы, і ўсё, што тычыцца харчоў, і пайшлі. Захапілі яны таксама Лота, сына брата Абрама, які жыў у Садоме, і маёмасць яго. І вось, адзін з тых, хто ўцёк, паведаміў Абраму, гебраю, які жыў каля дубровы амарэя, на імя Мамрэ, брата Эскола і брата Анэра: яны заключылі пагадненне з Абрамам. Калі пачуў Абрам, што яго брат Лот у палоне, сабраў сярод паслугачоў сваіх трыста васемнаццаць найбольш спраўных мужчын і пусціўся ў пагоню аж пад Дан. І, падзяліўшы сваіх людзей, ноччу напаў на іх, і разбіў іх, і гнаў іх аж да Гобы, што налева ад Дамаска. І вярнуў ён усю маёмасць, а таксама брата свайго Лота з яго маёмасцю, жанчын і народ. Калі ж ён вяртаўся па перамозе над Кедар-Лагамэрам і царамі, якія з ім былі, то цар Садома пераняў яго ў лагчыне Савэ, або Царскай. А Мэльхісэдэх, цар Салема, прынёс хлеб і віно, бо быў святаром Бога Найвышэйшага, дабраславіў яго і сказаў: «Дабраславёны Абрам Богам Узвышнім, Які стварыў неба і зямлю, і дабраславёны Бог Узвышні, Які аддаў у рукі твае ворагаў тваіх». І даў яму [Абрам] дзесятую частку з усяго. А цар Садома сказаў Абраму: «Аддай мне людзей, а маёмасць вазьмі сабе». Той адказаў яму: «Падымаю руку сваю да Госпада, Бога Узвышняга, Творцы неба і зямлі, што ані ніткі пражы, ані раменьчыка ад сандаляў, нічога не вазьму з усяго таго, што табе належыць, каб ты пасля не казаў: “Гэта я ўзбагаціў Абрама”, за выключэннем таго, што пайшло на пракармленне юнакоў, ды апроч долі мужоў, якія хадзілі са мною, — Анэра, Эскола і Мамрэ; хай яны возьмуць сваю долю».

Пасля гэтых здарэнняў сталася слова Госпада, прамоўленае да Абрама ў бачанні: «Не бойся, Абраме! Я — абаронца твой, і ўзнагарода твая вельмі вялікая». Абрам сказаў: «О Госпадзе Божа, што Ты дасі мне? Я пайду без дзяцей, і спадкаемцам дома майго будзе Эліязэр з Дамаска». І дадаў Абрам: «Вось жа, не даў Ты мне нашчадка, дык вось, у доме маім паслугач будзе маім спадкаемцам». Але вось, сталася слова Госпада да яго: «Не ён будзе спадкаемцам тваім, але той, які выйдзе з нутра твайго, яго будзеш мець спадкаемцам». І вывеў яго Бог вонкі і сказаў яму: «Глянь на неба і палічы зоркі, калі зможаш». І сказаў яму: «Такім будзе патомства тваё». І паверыў ён Госпаду, і Ён залічыў гэта яму за заслугу. І сказаў яму: «Я — Госпад, Які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе гэтую зямлю ва ўласнасць». А ён сказаў: «Госпадзе Божа, з чаго магу ведаць, што я буду валодаць ёю?» Прамовіў Госпад у адказ: «Вазьмі Мне трацячку ялаўку, і трохгадовую казу, і трохгадовага барана, туркаўку і галуба». Дык узяўшы ўсё гэта, Абрам паперасякаў іх уздоўж на палавіны і абедзве часткі паклаў адну насупраць другой; але птушак не перасякаў. Калі ж да гэтага мяса пачалі злятацца птушкі драпежныя, Абрам адганяў іх. А калі сонца хілілася на захад, моцны сон ахапіў Абрама, і вось, страх вялікі і цёмны апанаваў яго. І было сказана яму: «Ведай гэта наперад, што нашчадкі твае будуць прыхаднямі ў зямлі не сваёй, і аддадуць іх у няволю, і прыгнятаць будуць чатырыста гадоў; але народ, якому будуць яны служыць, Я асуджу, і пасля таго выйдуць яны з вялікай маёмасцю. Ты, вось, пойдзеш да бацькоў сваіх у супакоі, у добрай старасці будзеш пахаваны. Твае нашчадкі вернуцца сюды ў чацвёртым пакаленні, бо мера злачынстваў амарэяў яшчэ не споўнілася аж да цяперашняга часу». І калі ўжо зайшло сонца і сталася непраніцальная цемра, паказаўся дым, як бы з печы, і вогненная лампада, што прайшла між рассечанымі жывёламі. У той дзень, вось, заключыў Госпад з Абрамам пагадненне, кажучы: «Я дам гэтую зямлю нашчадкам тваім, ад ручая Егіпецкага аж да вялікай ракі Эўфрат: разам з кінэямі, і кенэзеямі, і кадманеямі, і хетэямі, і феразеямі, а таксама з рэфаімамі, і амарэямі, і хананеямі, і гергесеямі, і евусеямі».

А Сараі, жонка Абрама, не нарадзіла яму дзяцей, але мела яна нявольніцу егіпцянку на імя Агар. І сказала яна мужу свайму: «Вось, зачыніў Госпад мяне, каб я не нараджала; дык увайдзі да паслугачкі маёй, можа, з яе атрымаю сыноў». І той суцешыўся яе просьбай. І ўзяла яна сваю паслугачку Агар, егіпцянку, і дала яе за жонку мужу свайму Абраму, калі ўжо мінула дзесяць гадоў, як Абрам пасяліўся ў зямлі Ханаан. І ўвайшоў ён да яе. І яна, бачачы, што пачала, стала пагарджаць гаспадыняй сваёй. Тады сказала Сараі Абраму: «Крыўдзіш ты мяне; я табе дала паслугачку сваю на ўлонне тваё, і яна, чуючыся, што пачала, пагарджае мною. Хай Госпад будзе суддзёю між мною і табой». Прамовіў ёй Абрам у адказ: «Вось, паслугачка твая ў руках тваіх, зрабі з ёй, як табе падабаецца». Сараі тады стала прыгнятаць яе, і яна ўцякла ад яе. Калі Анёл Госпадаў знайшоў яе паблізу крыніцы водаў у пустыні, каля крыніцы пры дарозе на Сур, сказаў ёй: «Агар, паслугачка Сараі, адкуль ты ідзеш і куды?» Яна адказала: «Я ўцякаю ад гаспадыні сваёй Сараі». Сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вярніся да гаспадыні сваёй і пакорна падпарадкуйся ёй». І Анёл Госпадаў паведаміў ёй: «Багата размножу нашчадкаў тваіх, і нельга будзе злічыць іх дзеля мноства». І далей сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вось, ты пачала і народзіш сына, і назавеш яго імем Ізмаэль, таму што Госпад пачуе пра гора тваё. Ён будзе чалавекам, падобным да дзікага асла, будзе ён ваяваць супраць усіх і ўсе супраць яго: і будзе ён ставіць палаткі ва ўсіх акругах братоў сваіх». І назвала імя Госпада, Які прамаўляў да яе: «Ты Бог, Які бачыш мяне». І сказала яна: «Напэўна, бачыла я з плячэй Таго, Хто бачыць мяне». Дзеля таго студню гэтую назвалі Бээр-Лахай-Ройa. Яна паміж Кадэсам і Барэдам. І нарадзіла Агар Абраму сына. І Абрам назваў народжанага Агар сына свайго імем Ізмаэль. Абрам меў восемдзесят шэсць гадоў, калі Агар нарадзіла яму Ізмаэля.

А калі Абрам меў дзевяноста дзевяць гадоў, з’явіўся яму Госпад і сказаў яму: «Я — Бог Усемагутны. Хадзі перада Мной і будзь беззаганны. Я ўсталюю пагадненне Маё паміж Мной і табой, і павялічу цябе вельмі-вельмі». Абрам упаў вобліч. І Бог сказаў яму: «Вось запавет Мой з табой. Ты будзеш бацькам многіх народаў. Не будзеш называцца на імя сваё Абрам, але Абрагам будзе імя тваё. Бо ўстанавіў Я цябе бацькам многіх народаў. Я дам табе разрастацца вельмі хутка, і выведу ад цябе народы, і будуць паходзіць ад цябе цары. І Я заключу запавет Мой паміж Мною і табой, і нашчадкамі тваімі па табе ў пакаленнях іх як вечнае пагадненне, каб Я быў Богам тваім і па табе Богам нашчадкаў тваіх. І Я дам табе і нашчадкам тваім па табе зямлю пілігрымавання твайго, усю зямлю Ханаан на ўласнасць вечную; і Я буду іх Богам». І зноў прамовіў Бог да Абрагама: «Ты, вось, беражы запавет Мой, ты і нашчадкі твае па табе з пакалення ў пакаленне. Гэта вось запавет Мой, які вы будзеце захоўваць, паміж Мной і вамі, і нашчадкамі тваімі па табе. Хай будзе ў вас абрэзаны кожны мужчынскага роду. Вы будзеце абразаць крайнюю часць плоці вашай, каб было гэта на знак пагаднення паміж Мною і вамі. У восьмы дзень ад нараджэння хай будзе абрэзана ў вас дзіця: кожны мужчына ў пакаленнях вашых, як народжаны ў вашым доме, так і куплены кожны чужынец, які не з вашага роду. Мае быць абрэзаны народжаны ў доме тваім і куплены за грошы; вось гэтакі будзе запавет Мой на целе вашым на вечнае пагадненне. Што ж да мужчыны, у якога крайняя плоць яго не будзе абрэзана, — хай будзе знішчана душа тая з народа свайго, бо ён парушыў запавет Мой». І сказаў яшчэ Бог Абрагаму: «Сараі, жонку тваю, не будзеш называць імем яе Сараі, але Сара будзе імя яе. І Я дабраслаўлю яе, і дам з яе табе сына. Я буду дабраслаўляць яе, і пойдуць з яе народы; і з яе паўстануць цары народаў». Абрагам упаў вобліч, і ўсміхнуўся, і падумаў у сэрцы сваім: «Ці ж стогадоваму чалавеку можа нарадзіцца сын? Або дзевяностагадовая Сара ці можа радзіць?» І сказаў Богу: «О, каб хоць Ізмаэль жыў перад абліччам Тваім!» А Бог кажа яму: «Сара, жонка твая, народзіць табе сына, і ты назавеш імя яго Ізаак; і Я ўсталюю запавет Мой з ім як вечнае пагадненне і з нашчадкамі яго па табе. Таксама адносна Ізмаэля Я выслухаў цябе: вось жа, Я буду дабраслаўляць яго, і дам расці, і размножу яго вельмі; ад яго народзяцца дваццаць князёў, і Я зраблю з яго вялікі народ. Але ўсталюю запавет Мой з Ізаакам, якога народзіць табе Сара ў гэты час у наступным годзе». І перастаў з ім гаварыць, і адышоў Бог ад Абрагама. Дык узяў Абрагам Ізмаэля, сына свайго, і ўсіх ураджэнцаў дому свайго, і ўсіх купленых, і ўсіх мужчын з ліку ўсіх людзей дому свайго, і яшчэ таго самага дня абрэзаў крайнюю плоць іх, як загадаў яму Бог. Абрагам меў дзевяноста дзевяць гадоў, калі абразаў плоць цела свайго, а Ізмаэль, сын яго, скончыў трынаццаць гадоў, калі была абрэзана плоць яго. Таго самага дня былі абрэзаны Абрагам і сын яго Ізмаэль, а разам з імі былі абрэзаны ўсе мужчыны дому яго, — як народжаныя ў яго доме, так і купленыя, з чужынцаў.

І з’явіўся Госпад Абрагаму паблізу дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў ля ўваходу ў палатку ў самую спякоту дня. Калі ён падняў вочы, з’явіліся перад ім тры чалавекі, якія стаялі каля яго. Калі ён убачыў іх, то паспяшаўся ад дзвярэй палаткі сваёй насустрач, і пакланіўся да зямлі, і сказаў: «О Госпадзе мой, калі знайшоў я ласку ў вачах Тваіх, не мінай паслугача Свайго. Хай прынясуць крыху вады, і абмыйце ногі вашы ды адпачніце пад дрэвам. А я прынясу лусту хлеба, і пасіліце сэрца ваша, а потым пойдзеце далей; бо вось павярнулі вы да паслугача свайго». Яны сказалі: «Зрабі так, як сказаў». І паспяшыў Абрагам у палатку да Сары і сказаў ёй: «Замяшай хутка тры меркі найлепшай мукі і спячы ў попеле хлеб». А сам пабег да статка, і адтуль прынёс найсыцейшае і самае лепшае цяля, і даў яго слузе; той вельмі хутка прыгатаваў яго. І прынёс таксама масла і малака, і цяля, якое прыгатаваў, і паставіў перад імі. Сам жа стаяў паблізу іх пад дрэвам; і яны елі. І спыталі ў яго: «А дзе жонка твая, Сара?» Адказаў ім: «У гэтай вось палатцы». І сказаў яму: «Калі ў гэты час зноў наведаю цябе, Сара, жонка твая, будзе мець сына». Пачуўшы гэта, Сара засмяялася каля ўваходу ў палатку, бо стаяла па-за ёю. Бо былі абое старыя, пажылога ўзросту, і звычайныя жаночыя аб’явы ў Сары спыніліся. Усміхнулася яна патаемна, думаючы: «Калі ўжо я састарэла, і муж мой стары, ці маю мець асалоду?» І сказаў Госпад Абрагаму: «Чаго смяецца Сара і кажа: “Ці сапраўды магу нарадзіць старая?” Ці ж для Госпада ёсць што немагчымае? Калі вярнуся да цябе ў гэты самы час, Сара будзе мець сына». А Сара запярэчыла, кажучы: «Я не смяялася», бо ахапіў яе страх. Але Госпад сказаў: «Не, ты смяялася!» Калі ж тыя людзі падняліся адтуль, то накіравалі вочы свае на Садом, а Абрагам ішоў разам, праводзячы іх. І сказаў Госпад: «Ці ж змагу хаваць перад Абрагамам, што маю зрабіць, калі ён станецца народам вялікім і наймагутнейшым, і ў ім дабраславёныя будуць усе народы зямлі? Бо выбраў Я яго, каб загадваў сынам сваім і радні сваёй па сабе, каб пільнаваліся дарогі Госпадавай і чынілі справядлівасць і суд, каб выканаў Госпад Абрагаму ўсё тое, што сказаў яму». І сказаў Госпад: «Скарга на Садом і на Гамору павялічылася, і грэх іх надта цяжкі. Дык выйду і пагляджу, ці скарга, якая дайшла да Мяне, збываецца на справе, ці не?» І павярнулі людзі адтуль, і накіраваліся ў Садом. А Абрагам усё стаяў перад Госпадам. І, падышоўшы, спытаў: «Ці загубіш справядлівага разам з бязбожным? Калі, выпадкам, у горадзе будзе пяцьдзесят справядлівых, ці сапраўды загубіш і не пашкадуеш таго месца дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі будуць у ім? Не рабі гэткім чынам, каб загубіў Ты справядлівага ды з бязбожным, каб справядліваму было таксама, як і бязбожнаму! Не рабі! Ці ж суддзя ўсёй зямлі ўчыніць несправядлівасць?» Госпад адказаў: «Калі знайду ў Садоме пяцьдзесят справядлівых сярод жыхароў, то дзеля іх прабачу ўсяму гораду». І зноў Абрагам прамовіў у адказ: «Вось жа, пачаў я прамаўляць да Госпада майго, хоць я пыл і парахня. А што, калі б не хапала пяці сярод гэтых пяцідзесяці справядлівых, ці дзеля [нястачы] пяці знішчыш увесь горад?» Ён кажа: «Не знішчу, калі знайду там сорак пяць». Зноў звярнуўся да Яго: «Калі б, выпадкам, было там толькі сорак?» Кажа: «Не зруйную дзеля сарака». «Не гневайся, прашу, — кажа, — Госпадзе мой, што папытаюся. А калі б часам знайшлося там трыццаць?» Адказаў: «Не ўчыню, калі знайду там трыццаць». «Вось, — кажа, — пачаў я прамаўляць да Госпада майго. А калі часам знойдзецца там дваццаць?» Сказаў: «Не заб’ю дзеля дваццаці». «Прашу, кажа, не гневайся, Госпадзе мой, што спытаюся яшчэ раз. Можа, часам, знайшлося б там дзесяць?» Адказаў: «Не знішчу дзеля дзесяці». І, скончыўшы размову з Абрагамам, Госпад пайшоў, а той вярнуўся ў сваё месца.

Увечары, калі Лот сядзеў пры браме горада, прыбылі два анёлы ў Садом. Ён, калі ўбачыў іх, падняўся і пайшоў насустрач ім; і ўшанаваў іх, упаўшы на зямлю, і сказаў: «Малю, валадары мае, збочце ў дом паслугача вашага і пераначуйце. Памыйце ногі вашы і раніцай выберацеся ў дарогу вашу». Яны адказалі: «Не трэба, мы пераначуем на двары». Але ён прасіў іх моцна, і яны павярнулі да яго. І калі павярнулі ў дом яго, ён справіў гасціну і напёк праснакоў, і яны пад’елі. Не ляглі яны яшчэ спаць, як людзі з горада, жыхары Садома, акружылі дом, ад малога да старога, увесь народ разам. І выклікалі яны Лота, і сказалі яму: «Дзе тыя людзі, што ўвайшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, каб мы пазналі іх». Выйшаў да іх Лот, замкнуўшы за сабою дзверы, і кажа: «Прашу, браты мае, не рабіце гэтага ліха. Вось, маю дзвюх дачок, якія не спазналі яшчэ мужчыну; выведу іх да вас, і вы, што вам падабаецца, рабіце з імі, толькі мужчынам гэтым нічога не рабіце, бо яны прыйшлі ў цень даху майго». Але яны сказалі: «Ідзі адсюль». І дадалі: «Ён сам прыхадзень. Каб прыхадзень ды хацеў судзіць? Дык вось, табе самому мы зробім большы гвалт, чым ім». І накінуліся з вялікай сілай на Лота, і ўжо ледзь не выламалі браму. Тады людзі выцягнулі рукі, і ўцягнулі Лота да сябе, і зачынілі ўваход. А тых, што былі на двары, ад найменшага да найбольшага, пакаралі слепатой, так што не маглі яны знайсці дзвярэй. І сказалі людзі Лоту: «Маеш тут яшчэ каго свайго? Зяця, і сыноў, і дачок, словам, усіх, хто з тваіх у горадзе, выведзі з гэтага месца, бо мы знішчым гэты горад, таму што скарга на яго дайшла да Госпада, і Ён паслаў нас, каб мы знішчылі яго». Тады выйшаў Лот і, звярнуўшыся да зяцёў сваіх, якія мелі ажаніцца з яго дочкамі, сказаў: «Уставайце, бяжым з гэтага месца, бо Госпад знішчыць горад». Ім жа здавалася, што ён гаворыць жартам. На світанні анёлы падганялі яго, кажучы: «Уставай, бяры жонку сваю і дзвюх дачок, якіх маеш тут, каб не загінуў ты праз злачыннасць горада». А паколькі ён марудзіў, падхапілі людзі за рукі яго, і жонку, і дзвюх дачок яго, бо Госпад пашкадаваў іх, і вывелі яго, і пакінулі за горадам. Там сказаў: «Ратуйся, ідзе размова пра жыццё тваё; і не азірайся назад, і не затрымлівайся нідзе ў гэтай мясцовасці, але ў гарах шукай ратунку, каб не загінуць!» Лот сказаў ім: «Прашу, Госпадзе, не! Вось жа, паслугач Твой знайшоў ласку ў Цябе, і Ты ўзвялічыў міласэрнасць Сваю, якую аказаў мне, каб уратаваць душу маю; не магу хавацца ў гарах, каб не напаткала мяне гора і не памёр я. Вось жа, горад гэты блізка, у які я магу ўцячы, — хіба ж ён не маленькі? — і будзе жыць душа мая». І сказаў яму: «Вось, Я ў гэтым таксама прыняў просьбу тваю, каб не знішчыць горада, у які ты прасіўся. Спяшайся і ратуйся там, бо не змагу нічога рабіць, пакуль туды не ўвойдзеш». Таму і дадзена імя таму гораду Сэгор. Сонца паднялося ўжо над зямлёю, калі Лот прыбыў у Сэгор. Тады Госпад спусціў на Садом і Гамору дождж серкі і агню ад Госпада з неба, і знішчыў гарады гэтыя і ўсю мясцовасць кругом, усіх жыхароў гарадоў гэтых і ўсю зеляніну зямлі. А жонка яго, аглянуўшыся за сябе, ператварылася ў слуп солі. Абрагам жа, падняўшыся рана, пайшоў на тое месца, дзе стаяў раней з Госпадам, і глянуў на Садом і Гамору, і на ўвесь абшар той мясцовасці. І ўбачыў, што з зямлі ўздымаецца сажа, быццам дым з печы. Так вось Бог, калі нішчыў гарады гэтай мясцовасці, памятаючы пра Абрагама, вызваліў Лота ад пагібелі ў гарадах, у якіх ён пражываў. І выйшаў Лот з Сэгора і абжыўся разам з дзвюмя дочкамі сваімі ў гарах, бо баяўся заставацца ў Сэгоры. І жыў на гары сам і абедзве дачкі яго. І сказала старэйшая малодшай: «Бацька наш стары, а ніводнага з мужчын не засталося на зямлі, які б мог прыйсці да нас па звычаі ўсёй зямлі. Хадзем, напоім бацьку нашага віном і будзем спаць з ім, каб зберагчы маглі патомства ад бацькі нашага». І далі яны ў тую ноч бацьку свайму піць віно; і ўвайшла старэйшая, і спала з бацькам. Ён жа не чуў, ані калі дачка лягла, ані калі ўстала. На другі дзень сказала старэйшая малодшай: «Вось, я ўчора спала з бацькам маім. Дадзім яму піць віно таксама ў гэтую ноч, і ты ўвойдзеш, і будзеш спаць з ім, каб захаваць патомства ад бацькі нашага». І далі яны і ў гэтую ноч бацьку свайму піць віно, і ўвайшла малодшая дачка, і спала з ім. А ён таксама не чуў, ані калі яна лягла, ані калі ўстала. І так абедзве дачкі Лота пачалі ад бацькі свайго. І нарадзіла старэйшая сына, і назвала імя яго Мааб. Ён ёсць бацькам маабцаў аж па сённяшні дзень. Малодшая таксама нарадзіла сына і назвала яго імем Бен-Аміa. Ён ёсць бацькам аманіцян аж да сёння.

Адсюль Абрагам перабраўся ў зямлю Нагэб, і абжыўся між Кадэсам і Сурам, і качаваў па Герару. І сказаў ён пра Сару, жонку сваю: «Яна мая сястра». Дык Абімэлех, цар Герара, паслаў [за ёй] і забраў яе. І прыйшоў Бог да Абімэлеха ноччу ўва сне і кажа яму: «Вось, ты памрэш з-за жанчыны, якую ўзяў, бо яна мае мужа». А Абімэлех не дакранаўся да яе, дык адказаў: «Госпадзе, ці ж і народ справядлівы будзеш забіваць? Ці ж ён сам не сказаў мне: “Яна сястра мая”, і яна казала таксама: “Ён брат мой”. У прастаце сэрца свайго і ў чысціні рук маіх я зрабіў гэта». І сказаў яму Бог ува сне: «І Я ведаю, што ў прастаце сэрца ты зрабіў гэта, і таму засцярог цябе, каб ты не зграшыў адносна Мяне, і не дапусціў, каб ты дакрануўся да яе. Цяпер вось вярні жонку мужу яе, бо ён прарок, і будзе маліцца за цябе, і ты будзеш жыць. Калі ж не захочаш вярнуць, то ведай, што памрэш смерцю ты і ўсе, хто твае». І зараз жа раніцай, падняўшыся, склікаў Абімэлех усіх паслугачоў сваіх і пераказаў ім усе гэтыя словы ў вушы іх. І людзі дужа спалохаліся. І паклікаў Абімэлех Абрагама, і сказаў яму: «Што ты зрабіў нам? Чым я зграшыў перад табой, што ты навёў на мяне і на царства маё вялікі грэх? Што ты не павінен быў зрабіць, зрабіў мне». І зноў сказаў: «Што ты думаў, робячы гэта?» Абрагам адказаў: «Я разважаў так: на гэтым месцы, напэўна, няма страху Божага, дык заб’юць мяне з-за жонкі маёй. Дарэчы, яна сапраўды сястра мая, як дачка бацькі майго, але не дачка маці маёй. І я ўзяў яе за жонку. Калі Бог учыніў так, што я пайшоў з дому бацькі майго, я сказаў: “Акажы ты мне гэту ласку: у кожным месцы, куды прыбудзем, ты кажы, што я брат твой”». Дык узяў Абімэлех авечак, і валоў, і паслугачоў, і паслугачак і даў Абрагаму. І вярнуў яму Сару, жонку яго, і сказаў: «Вось, зямля мая перад табой, дзе б табе падабалася — жыві». А Сары сказаў ён: «Вось, даю брату твайму тысячу сікляў срэбра. Вось, хай гэта будзе табе для прыкрыцця вачэй усім тым, хто разам з табой, што ты без віны». І Абрагам памаліўся да Бога, і Бог аздаравіў Абімэлеха, і жонку, і паслугачак яго, і яны маглі нараджаць. Бо Госпад закрануў бясплоднасцю ўсе ўлонні ў доме Абімэлеха за Сару, жонку Абрагама.

Наастатак наведаў Госпад сваёй ласкай Сару, як абяцаў, і споўніў тое, што сказаў. І яна пачала, і нарадзіла Абрагаму сына ў старасці, у час, які Бог прызначыў ёй. І Абрагам даў сыну свайму, якога Сара нарадзіла яму, імя Ізаак. І абрэзаў Абрагам Ізаака, калі той меў восем дзён, як яму Бог загадаў. Абрагам меў сто гадоў, калі яму нарадзіўся сын яго, Ізаак. І Сара сказала: «Прычыну да смеху даў мне Бог, хто ні пачуе, будзе смяяцца з мяне». І зноў сказала: «Хто б паверыў, пачуўшы ад Абрагама, што Сара будзе грудзьмі карміць дзяцей, бо нарадзіла яму сына ўжо старая?» І дзіця вырасла, і было аднятае ад грудзей. І Абрагам справіў вялікі баль у той дзень, у які Ізаак быў адняты ад грудзей. А Сара, бачачы, што сын егіпцянкі Агар, якога яна нарадзіла Абрагаму, насміхаецца з Ізаака, сказала Абрагаму: «Выгані гэтую паслугачку разам з яе сынам, бо сын гэтай паслугачкі не будзе спадкаемцам з сынам маім, Ізаакам». Прыкра прыняў гэта Абрагам дзеля сына свайго. Але, вось, Бог сказаў яму: «Хай табе не здаецца прыкрым тое, што сказала Сара пра хлопца і пра тваю паслугачку. Паслухай голасу яе, бо толькі ад Ізаака будзе названа патомства тваё. Але і з сына паслугачкі Я зраблю вялікі народ, бо ён ёсць тваім нашчадкам». І ўстаў назаўтра Абрагам рана, узяў хлеба і мех вады, і даў Агар, ускладаючы ёй на плечы, і адправіў яе разам з дзіцем. Яна ж пайшла і бадзялася па пустыні Бээр-Сэба. А калі не стала вады ў мяху, яна пакінула дзіця пад адным кустом, потым адышла і села далёка, на адлегласць стрэлу з лука, і сказала: «Няхай не ўбачу смерці дзіцяці». І, седзячы насупраць, узняла лямант, і пачала плакаць. І Бог пачуў крык дзіцяці. І Анёл Госпадаў азваўся з неба да Агар, кажучы: «Што табе, Агар? Не бойся, пачуў вось Бог крык дзіцяці адтуль, дзе знаходзіцца. Устань, падымі дзіця, вазьмі яго рукою сваёй, бо Я з яго зраблю вялікі народ». І адкрыў Бог ёй вочы, і ўбачыла яна студню з вадой. Яна пайшла, напоўніла мех і дала хлопцу напіцца. І Бог быў з ім, і ён рос і жыў на пустыні, і зрабіўся стральцом з лука. І пражываў ён на пустыні Паран, а маці яго ўзяла яму жонку з зямлі Егіпецкай. У той час Абімэлех і Піколь, начальнік яго войска, сказалі Абрагаму: «Бог з табой ва ўсім, што ты робіш. Дык тут, на гэтым месцы, прысягні на Бога, што ты ані адносна мяне, ані адносна маіх нашчадкаў бліжэйшых не зробіш благога, але адпаведна даверу, які я ўчыніў табе, учыніш мне і зямлі, у якой жывеш прыхаднем». Абрагам сказаў: «Я прысягну». І ўпікнуў Абрагам Абімэлеха за студню з вадой, якую паслугачы яго забралі сілай. Адказаў Абімэлех: «Не ведаю, хто гэта зрабіў. Але ані ты мне гэтага не казаў, ані я не чуў аж да сёння». Дык узяў Абрагам авечак і валоў, і даў Абімэлеху, і так абодва заключылі пагадненне. І паставіў Абрагам сем ягнят са статка асобна. І спытаўся Абімэлех у яго: «Што значаць гэтыя сем ягнят, якіх ты паставіў асобна?» А ён адказаў: «Сем ягнят атрымаеш з рукі маёй, каб былі мне сведчаннем, што я выкапаў гэтую студню». Таму месца тое названа Бээр-Сэба, бо тут абодва прысягнулі. Так у Бээр-Сэбе заключылі яны пагадненне. Тады ўзняліся Абімэлех і Піколь, начальнік войска яго, і вярнуліся ў зямлю філістынцаў. А Абрагам пасадзіў лес у Бээр-Сэбе, і прызываў там імя Госпада, Бога Вечнага. І быў Абрагам чужынцам у зямлі філістынцаў многія дні.

Пасля гэтых падзей Бог захацеў выпрабаваць Абрагама і сказаў яму: «Абрагаме!» Ён адказаў: «Вось я». І сказаў: «Вазьмі сына адзінароднага свайго, якога любіш, Ізаака, і ідзі ў зямлю Морыя, і ахвяруй там яго ў цэласпаленне на адной гары, якую Я табе пакажу». Дык Абрагам устаў рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух юнакоў сваіх і Ізаака, сына свайго. І калі нанёс ён дроў на паленне, узняўся, і выбраўся ў мясцовасць, пра якую загадаў яму Бог. Вось, у трэці дзень, падняўшы вочы, убачыў ён у далечыні мясцовасць і сказаў юнакам сваім: «Пачакайце тут з аслом; а мы з сынам пойдзем туды і, пасля таго як паклонімся Богу, вернемся да вас». І ўзяў Абрагам дровы на цэласпаленне, і ўсклаў на сына свайго, Ізаака. А сам нёс у руках агонь і нож. Калі так абодва ішлі разам, сказаў Ізаак Абрагаму, бацьку свайму: «Ойча мой». Той адказаў: «Чаго ты хочаш, сыне?» — «Вось жа, — кажа ён, — агонь і дровы, а дзе ж ягня на спаленне?» Адказаў Абрагам: «Бог угледзіць сабе ахвяру на спаленне, сын мой». Ды ішлі абодва далей. І прыбылі да месца, якое Бог яму паказаў, і на ім Абрагам пабудаваў ахвярнік і паклаў наверх дровы. І, звязаўшы Ізаака, сына свайго, паклаў яго на ахвярніку на дровы, і выцягнуў руку Абрагам, і схапіў нож, каб прынесці сына свайго ў ахвяру. І вось, Анёл Госпадаў паклікаў з неба: «Абрагаме, Абрагаме». Ён адказаў: «Вось я». І сказаў: «Не падымай рукі сваёй на хлопца і не рабі яму нічога! Цяпер пераканаўся Я, што ты шануеш Бога і не пашкадаваў сына свайго адзінароднага дзеля Мяне». І падняў Абрагам вочы свае, і ўбачыў барана нейкага, увязанага за рогі сярод церняў. Узяў ён яго і склаў у цэласпальную ахвяру замест сына. І даў ён імя месцу таму: «Госпад бачыць». Адсюль і да сённяшняга дня кажуць: «На гары Госпада можна ўбачыць». І паклікаў другі раз Анёл Госпадаў Абрагама з неба і сказаў: «Прысягаю Самім Сабою, — слова Госпада, — за тое, што ты ўчыніў гэта і не пашкадаваў сына свайго адзінароднага, буду дабраслаўляць цябе і памнажаць нашчадкаў тваіх, як зоркі на небе і як пясок, што на беразе мора. Патомства тваё завалодае гарадамі ворагаў сваіх; і атрымаюць дабраславенне ў нашчадках тваіх усе народы зямлі, бо ты паслухаўся голасу Майго». І вярнуўся Абрагам да юнакоў сваіх, і ўзняліся яны, і выйшлі ў Бээр-Сэбу разам, і абжыўся Абрагам у Бээр-Сэбе. Пасля гэтых падзей паведамілі Абрагаму, што Мілка таксама нарадзіла яго брату Нахору сыноў: Уца, сына першароднага, і Буза, брата яго, і Кемуэля, бацьку Арама, і Касэда, і Азу, і Пілдаша, і Едлафа, і Бэтуэля, з якога нарадзілася Рэбэка. Восем гэтых сыноў нарадзіла Мілка Нахору, брату Абрагама. А наложніца яго на імя Рэўма нарадзіла таксама Табу і Гахама, Таху і Мааху.

Сара жыла сто дваццаць сем гадоў. І памерла яна ў Карыят-Арбе, значыць Геброне, у зямлі Ханаан; і прыйшоў Абрагам, каб смуткаваць і плакаць па ёй. І калі скончыў ён абрад пахавання, звярнуўся да сыноў Хета, кажучы: «Я ў вас чужынец і пасяленец, дазвольце мне прыдбаць магілу побач з вамі, каб мог я пахаваць сваю памерлую». А сыны Хета адказалі, гаворачы: «Паслухай нас, гаспадару, ты ў нас князь Божы; дык пахавай сваю памерлую ў найлепшай з магіл нашых. Ніхто з нас табе не забароніць, каб ты пахаваў сваю памерлую ў яго магіле». Тады Абрагам устаў і аддаў паклон народу зямлі, значыць сынам Хетавым, і сказаў ім: «Калі вы згаджаецеся, каб я пахаваў памерлую сваю, то паслухайце мяне, папрасіце за мяне Эфрона, сына Сэора, каб даў мне пячору Махпэла, якую мае ён на канцы поля свайго. За адпаведную цану хай мне прадасць яе ў вашай прысутнасці, каб меў я магілу ва ўласнасць». А Эфрон сядзеў сярод сыноў Хета. І Эфрон Хетыт пры ўсіх сынах Хета, якія сышліся пры браме горада таго, адказаў Абрагаму, гаворачы: «Ніколі не будзе так, валадару мой, паслухай мяне. Даю табе поле і пячору, якая на ім, у прысутнасці сыноў народа майго, хавай памерлую сваю». Абрагам пакланіўся перад народам зямлі і сказаў Эфрону ў прысутнасці народа зямлі: «Прашу, паслухай мяне. Я дам грошы за поле, прымі іх, і тады пахаваю памерлую сваю на ім». А Эфрон адказаў Абрагаму, гаворачы: «Гаспадару мой, паслухай мяне. Зямля вартая чатырыста сікляў срэбра, сума невялікая для мяне і цябе, хавай сваю памерлую!» І паслухаў Абрагам Эфрона, і адважыў грошы на суму, якую Эфрон назваў у прысутнасці сыноў Хета, чатырыста сікляў срэбра, як было прынята ў купцоў. Так вось поле Эфрона, якое было ў Махпэле, паблізу Мамрэ, дзе была пячора на ім, ды ўсе дрэвы яго ўздоўж граніцы яго кругом сталіся ўласнасцю Абрагама, у прысутнасці сыноў Хета і ўсіх, якія ўвайшлі ў браму таго горада. Пасля пахаваў Абрагам Сару, жонку сваю, у пячоры на полі Махпэле, паблізу Мамрэ, значыць Геброна, у зямлі Ханаан. Адсюль поле і пячора, што была на ім, перайшлі ад сыноў Хета да Абрагама, каб прыдбаць магілу.

І састарыўся Абрагам, і быў многіх гадоў, і Госпад дабраслаўляў яго ва ўсім. І сказаў Абрагам слузе, загадчыку дому свайго, які распараджаўся ўсім, што ў яго было: «Палажы руку сваю пад сцягно маё, і я папрашу цябе ў імя Госпада, Бога неба і Бога зямлі, каб ты не браў жонку для сына майго з дачок хананейскіх, сярод якіх жыву, але пойдзеш у зямлю маю і да радні маёй і адтуль возьмеш жонку сыну майму, Ізааку». Паслугач адказаў: «Калі б жанчына не хацела са мною прыйсці ў гэту зямлю, ці павінен я тады завесці сына твайго ў зямлю, з якой ты паходзіш?» Абрагам сказаў: «Сцеражыся, каб не завесці туды сына майго. Госпад, Бог неба, Які забраў мяне з дому бацькі майго і з зямлі нараджэння майго, Ён сказаў мне і прысягнуў мне, кажучы: “Гэтую зямлю Я дам нашчадкам тваім”. Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму. Калі б жанчына не хацела ісці з табою, тады ты не будзеш звязаны прысягай. Сына майго толькі не завядзі туды». І паклаў паслугач руку сваю пад сцягно Абрагама, гаспадара свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе. І ўзяў паслугач дзесяць вярблюдаў са статка гаспадара свайго, і выправіўся, і, выйшаўшы, накіраваўся ў Арам-Нагараім, у горад Нахора. І калі пакінуў ён вярблюдаў для адпачынку па-за горадам каля студні пад вечар, у той час, калі жанчыны звычайна выходзяць чэрпаць ваду, то сказаў: «Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, прашу, паспяшайся сёння да мяне і акажы міласэрнасць гаспадару майму Абрагаму. Вось жа, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў гэтага горада прыйдуць чэрпаць ваду. Дык вось, дзяўчына, якой я скажу: “Нахілі збан твой, каб я мог напіцца”, а яна адкажа: “Пі, і вярблюдам тваім я дам напіцца”, — гэта і ёсць тая, якую прызначыў Ты слузе Твайму, Ізааку, і з гэтага зразумею, што Ты аказваеш міласэрнасць гаспадару майму». Яшчэ не вымавіў ён пра сябе гэтых слоў, аж вось Рэбэка, дачка Бэтуэля, сына Мілкі, жонкі Нахора, брата Абрагама, выйшла, маючы збан на плячы. А была яна дзяўчына вельмі прыгожая, дзяўчына, якая не ведала мужа. Яна спусцілася да крыніцы, зачэрпнула поўны збан і хацела вяртацца. І пераняў яе паслугач, і кажа: «Дазволь мне крыху папіць вады з твайго збана». Яна адказала: «Пі, гаспадару мой», і шпарка спусціла збан свой на руку сваю, і дала яму піць. І, калі ён напіўся, дадала: «Я начэрпаю і для вярблюдаў тваіх вады, пакуль яны ўсе не нап’юцца». І, выліўшы ваду са збана ў паіла, пабегла да студні зачэрпнуць вады, і, начэрпаўшы, дала ўсім вярблюдам. Ён жа моўчкі са здзіўленнем глядзеў на яе, жадаючы ведаць, ці ўшчаслівіць Госпад падарожжа яго, ці не. А калі вярблюды напіліся, дастаў той чалавек залаты кольчык у нос, паўсікля вагой, і два залатыя бранзалеты на рукі яе, дзесяць сікляў вагой, і папытаўся: «Чыя ты дачка, скажы мне. Ці ў доме бацькі твайго знойдзецца месца для нас на начлег?» А яна адказала: «Я дачка Бэтуэля, сына Мілкі, якога яна нарадзіла Нахору». І дадала, кажучы: «Шмат у нас саломы і ежы, і ёсць месца на начлег». Тады чалавек той схіліў галаву і пакланіўся Госпаду, кажучы: «Няхай будзе дабраславёны Госпад, Бог гаспадара майго Абрагама, Які не ўхіліў міласэрнасці сваёй і вернасці сваёй ад гаспадара майго і правільным шляхам прывёў мяне да дому брата гаспадара майго». І пабегла дзяўчына, і абвясціла ў доме маці сваёй пра ўсё, што здарылася. А Рэбэка мела брата на імя Лабан, які паспешна пайшоў да чалавека, туды, дзе была крыніца. Калі ўбачыў ён кольчык у носе і бранзалеты на руках сваёй сястры і пачуў, як яна перадала ўсё слова ў слова: «Так сказаў мне [той] чалавек», ён пайшоў да чалавека, які стаяў каля вярблюдаў недалёка ад студні з вадой, і сказаў яму: «Увайдзі, дабраславёны Госпадам, чаго стаіш на двары? Я прыгатаваў дом і месца для вярблюдаў». І ўвёў яго ў святліцу, і рассядлаў вярблюдаў, і даў саломы і корму вярблюдам, і падаў вады на мыццё ног яму і мужчынам, што прыйшлі разам з ім. І паклаў перад ім хлеб. Той гаворыць: «Не буду есці, пакуль не выкажу слоў маіх». Той адказаў: «Гавары». І ён кажа: «Я — паслугач Абрагама. І Госпад дабраславіў асаблівым чынам майго гаспадара, і быў ён узвялічаны. Ён даў яму авечак і валоў, срэбра і золата, паслугачоў і паслугачак, вярблюдаў і аслоў. І нарадзіла Сара, жонка гаспадара майго, сына гаспадару майму ў старасці сваёй; і даў ён яму ўсё, што меў. І гаспадар мой загадаў мне прысягнуць, кажучы: “Не возьмеш сыну майму жонкі з дачок хананейскіх, у зямлі якіх жыву, але падасіся ў дом бацькі майго і з радні маёй возьмеш жонку сыну майму”. Я тады сказаў гаспадару майму: “А калі б жанчына не хацела са мной ісці?” “Госпад, кажа ён, перад абліччам Якога жыву, пашле анёла Свайго з табой, і ён пакіруе дарогай тваёй. І возьмеш сыну майму жонку з радні маёй і з дому бацькі майго. Будзеш вольны ад наракання майго, калі прыбудзеш да сваякоў маіх, і не дадуць табе; тады вольны будзеш ад наракання майго”. Дык прыбыў я сёння да крыніцы і сказаў: “Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, каб жа Ты кіраваў дарогай маёй, па якой я цяпер іду, вось, я стаю каля крыніцы вады; і калі б дзяўчына, якая выйдзе чэрпаць ваду і пачуе ад мяне: “Дай мне крыху вады напіцца са збана твайго”, сказала мне: “І ты пі, і вярблюдам тваім я начэрпаю”, — гэта тая жанчына, якую прызначыў Госпад сыну гаспадара майго”. Пакуль я гэтак моўчкі разважаў сам у сабе, паказалася Рэбэка, прыходзячы са збанам, які несла на плячы. І спусцілася яна да крыніцы, і начэрпала вады. А я кажу ёй: “Дай мне крыху папіць”. Яна хутка зняла збан з пляча і сказала мне: “І ты пі, і вярблюдам тваім дам напіцца”. Папіў я, і напаіла яна вярблюдаў. І спытаўся ў яе і сказаў: “Чыя ты дачка?” Яна адказала: “Я — дачка Бэтуэля, сына Нахора, якога нарадзіла яму Мілка”. Дык павесіў я кольчык у ноздры яе і ўсклаў бранзалеты на рукі яе. І, пакланіўшыся, пачаў маліцца я Госпаду, дабраслаўляючы Госпада, Бога гаспадара майго Абрагама, Які прывёў мяне правільным шляхам, каб узяў дачку брата гаспадара майго сыну яго. Дзеля таго, калі акажаце ласку і вернасць гаспадару майму, паведамце мне, калі ж іншае вам даспадобы, і пра гэта скажыце мне, каб падаўся я направа або налева». Адказалі Лабан і Бэтуэль: «Ад Госпада выйшла слова; мы не можам сказаць па-за воляй Яго што іншае табе. Вось, Рэбэка перад табой. Вазьмі яе і ідзі, і хай будзе яна жонкаю сына гаспадара твайго, як сказаў Госпад». Калі пачуў гэта паслугач Абрагама, то, упаўшы на зямлю, пачаў маліцца Госпаду. Затым, дастаўшы срэбраныя і залатыя рэчы ды шаты, даў іх Рэбэцы, і даў каштоўныя рэчы брату яе і маці. Тады елі і пілі ён сам і мужчыны, якія былі з ім, і там пераначавалі. А ўстаўшы раніцай, сказаў паслугач: «Пусціце мяне, каб вярнуўся я да гаспадара майго». І адказалі брат яе і маці: «Хай застанецца дзяўчына прынамсі дзесяць дзён у нас, а потым выправіцца». «Не затрымлівайце мяне, кажа ён, бо Госпад накіраваў дарогу маю. Адпусціце мяне, каб я паспяшыў да гаспадара майго». Сказалі яны: «Паклічам дзяўчыну і запытаемся яе волі». Калі пакліканая прыйшла, запыталі яе: «Хочаш ісці з гэтым чалавекам?» Яна кажа: «Пайду». Дык адпусцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміліцу яе, і паслугача Абрагама, і спадарожных яго, жадаючы ўсяго найлепшага сястры сваёй і кажучы: «Ты — сястра наша, расці ў тысячы тысяч, і хай патомства тваё здабудзе брамы сваіх ворагаў!» Тады ўзнялася Рэбэка і яе паслугачкі і, сеўшы на вярблюдаў, падаліся ў дарогу за [тым] чалавекам. І паслугач забраў Рэбэку, і выехаў. А Ізаак, які жыў у зямлі Нагэб, акурат вяртаўся ад студні Лахай-Рой. І выйшаў Ізаак на поле надвячоркам памаркоціцца. Калі падняў ён вочы, убачыў вярблюдаў надыходзячых. Рэбэка таксама падняла вочы і ўбачыла Ізаака, і сышла яна з вярблюда. І пытаецца ў паслугача: «Што гэта за чалавек, які ідзе праз поле насустрач нам?» Ён сказаў ёй: «Сам гаспадар мой». Тады яна, хутка ўзяўшы вэлюм, прыкрылася. А паслугач усё, што ўчыніў, расказаў Ізааку. І той увёў яе ў палатку Сары, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку за жонку, і пакахаў яе, і яна была суцяшэннем яму па смерці маці яго.

Абрагам узяў яшчэ іншую жонку на імя Кетура. Яна нарадзіла яму Замрана, і Ексана, і Мадана, і Мадыяна, і Ісбака, і Суэ. А Ексан быў бацькам Сабы і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Асурым, і Летусім, і Леўмім. А з Мадыяна нарадзіліся Эфа, і Эфэр, і Гэнох, і Абіда, і Эльдаа. Усё гэта сыны Кетуры. І аддаў Абрагам усё, што меў, Ізааку. Сыноў жа наложніц сваіх шчодра абдарыў і аддзяліў іх ад Ізаака, сына свайго, яшчэ пры жыцці сваім, ва ўсходнім накірунку. І было дзён жыцця Абрагама сто семдзесят пяць гадоў. І, саслабеўшы, памёр Абрагам у добрай старасці і ў шаноўным узросце, і, насычаны жыццём, далучыўся ён да народа свайго. І пахавалі яго Ізаак і Ізмаэль, сыны яго, у пячоры Махпэла, на полі Эфрона, сына Сэора Хетыта з мясцовасці Мамрэ, якую Абрагам купіў у сыноў Хета. Там пахаваны сам ён і Сара, жонка яго. А па смерці яго дабраславіў Бог Ізаака, сына яго, які жыў каля студні Лахай-Рой. А вось нашчадкі Ізмаэля, сына Абрагама, якога нарадзіла яму егіпцянка Агар, паслугачка Сары. Вось імёны сыноў Ізмаэля паводле іх імёнаў і радаводу: Набаёт, першародны сын Ізмаэля, далей Кедар, і Адбээль, і Мабсам, таксама Масма, і Дума, і Маса, Хадад і Тэма, Етур, і Нафіс, і Цэдма. Вось сыны Ізмаэля, і такія імёны іх па мясцовасцях, у якіх яны прабывалі або пасяліліся, — дванаццаць князёў іх плямёнаў. І споўнілася гадоў жыцця Ізмаэля сто трыццаць сем гадоў; саслабеўшы, памёр ён і далучыўся да народа свайго. Яны ж пражывалі ад Хавілы аж да Сура, што насупраць Егіпта па дарозе ў Асірыю. І памёр ён у прысутнасці ўсіх братоў сваіх. Гэта радавод Ізаака, сына Абрагама: Абрагам быў бацькам Ізаака. Ізаак, калі меў сорак гадоў, узяў сабе жонку Рэбэку, дачку Бэтуэля, арамейца з Падан-Арама, сястру Лабана арамейца. І маліўся Ізаак за сваю жонку да Госпада, бо была яна няплоднай. І Госпад выслухаў яго, і дазволіў, каб Рэбэка, жонка Ізаака, пачала. Калі немаўляты біліся ва ўлонні яе, яна падумала: «Калі так ёсць, то чаму ў мяне?» І пайшла папытацца Госпада. Ён прамовіў у адказ: «Два народы ў тваім улонні, і два народы раздзеляцца з нутра твайго: і адзін народ пераможа другі, і старэйшы будзе служыць малодшаму». Надышоў ужо час родаў, і вось: ва ўлонні яе двайняты. Той, які выйшаў першы, быў чырвоны і ўвесь, як плашч, валасаты; і далі яму імя Эзаў. Потым брат яго, выходзячы, трымаў Эзава за пятку, і таму далі яму імя Якуб. Ізаак меў шэсцьдзесят гадоў, калі дзеці нарадзіліся. А калі яны выраслі, Эзаў стаўся спрытным паляўнічым і чалавекам палёў; а Якуб быў чалавекам ціхім і пражываў у палатках. Ізаак любіў Эзава, таму што любіў ласавацца яго дзічынай, а Рэбэка любіла Якуба. Калі Якуб зварыў нейкую страву, падышоў з поля Эзаў надта змучаны і кажа: «Дай мне гэтай чырвонай стравы, бо я надта стомлены». Дзеля гэтай прычыны дадзена яму імя Эдом. Якуб сказаў яму: «Прадай мне перш сваё першародства». Ён адказаў: «Калі я ўміраю, што мне паможа першародства?» Якуб кажа: «Дык прысягні мне». І прысягнуў ён, і прадаў першародства. І так, атрымаўшы хлеб і страву з сачэвіцы, пад’еў ён і напіўся, і ўстаў і пайшоў, мала зважаючы, што прадаў першародства.

Калі настаў голад на зямлі, пасля таго неўраджаю, які здарыўся ў дні Абрагама, Ізаак падаўся да Абімэлеха, цара філістынскага, у Герар. І з’явіўся яму Госпад, і кажа: «Не ідзі ў Егіпет, але жыві ў той зямлі, якую Я пакажу табе, вандруй па ёй, а Я буду з табой і буду дабраслаўляць цябе. Бо табе і твайму патомству Я дам усю гэтую зямлю, выконваючы прысягу, якую даў твайму бацьку Абрагаму, і размножу нашчадкаў тваіх, як зоркі на небе, і дам тваім нашчадкам усе гэтыя землі. І ў тваім патомстве будуць дабраславёныя ўсе народы зямлі, таму што Абрагам паслухаў голасу Майго і выконваў прыказанні і загады Мае, і даручэнні, і законы». І так абжыўся Ізаак у Герары. А калі людзі таго месца пыталіся ў яго пра жонку яго, ён адказваў: «Гэта сястра мая». Бо баяўся прызнацца, што яна звязана з ім сужонствам, асцерагаючыся, каб дзеля прыгажосці яе не забілі яго часам. І калі ўжо прамінула шмат дзён, ён жыў там жа, аднойчы Абімэлех, цар філістынскі, гледзячы праз акно, убачыў, што той жартуе з Рэбэкай, жонкай сваёй, і, падышоўшы да яго, кажа: «Відавочна, што яна жонка твая! Чаму ты схлусіў, што яна — сястра твая?» Адказаў: «Бо баяўся, што памру дзеля яе». І сказаў Абімэлех: «Чаму ты зрабіў гэта нам? Мог бы хто з народа ўвайсці да жонкі тваёй, і гэтым навёў бы вялікі грэх на нас». І загадаў ён усяму народу, кажучы: «Хто дакранецца да гэтага чалавека і жонкі яго, будзе пакараны смерцю». І вось, сеяў Ізаак у той зямлі, і сабраў у тым годзе стакротны плён, і дабраславіў яго Госпад. І разбагацеў [той] чалавек, і ўсё ўзвялічваўся ды рос, аж пакуль не зрабіўся надзвычай вялікі. І меў ён ва ўласнасці авечак і валоў, і мноства паслугачоў. Дзеля таго філістынцы, зайздросцячы яму, завалілі, засыпаўшы зямлёй, усе студні, якія выкапалі паслугачы бацькі яго ў дні Абрагама; да таго, што сам Абімэлех сказаў Ізааку: «Ідзі ад нас, бо ты стаўся намнога багацейшы за нас!» Дык ён адышоў, і паставіў палаткі каля ракі ў Герары, і там абжыўся. І зноў выкапаў студні, якія капалі ў дні бацькі яго, Абрагама, і якія па смерці яго засыпалі філістынцы. І даў ён ім тыя ж назвы, якімі раней назваў бацька. І капалі паслугачы Ізаака ў ручаі, і натрапілі там на крыніцу жывой вады. Але і там паднялі звадку пастухі герарскія супраць пастухоў Ізаака, кажучы: «Гэта наша вада!» Таму і студню тую назвалі Эсэкa, бо вадзіліся з-за яе. І выкапалі яны іншую студню, і за яе таксама спрачаліся, і назвалі яе Сітнаb. І выбраўся Ізаак адтуль, і выкапаў іншую студню, пра якую ўжо не спрачаліся, і назваў яе Рэхаботc, кажучы: «Цяпер расшырыў нас Госпад, і мы разрасцёмся на зямлі». І перасяліўся ён з таго месца ў Бээр-Сэбу, дзе аб’явіўся яму Госпад у тую самую ноч і сказаў: «Я — Бог Абрагама, бацькі твайго. Не бойся, бо Я з табой, Я буду дабраслаўляць цябе і размножу нашчадкаў тваіх дзеля паслугача Майго, Абрагама». І ён пабудаваў там ахвярнік, і, прызваўшы імя Госпада, паставіў палатку, а паслугачы Ізаака выкапалі там студню. І прыйшоў да яго з Герара Абімэлех, і Ахузат, прыяцель яго, таксама Піколь, начальнік войска, і сказаў ім Ізаак: «Чаго вы прыйшлі да мяне, чалавека, якога зненавідзелі і выгналі ад сябе?» Яны адказалі: «Бачылі мы, што з табой Госпад, і таму сказалі: “Хай будзе паміж намі і табой прысяга, і мы ўвойдзем з табой у пагадненне, каб ты нам нічога не зрабіў благога, як і мы не кранулі цябе і нічога табе не зрабілі, апрача дабра, і ў супакоі адпусцілі цябе. Бо ты дабраславёны Госпадам”». І ён зрабіў ім банкет, і яны елі і пілі. І, устаўшы раніцай, прысягнулі ўзаемна. Адпусціў іх Ізаак, і яны пайшлі ад яго ў супакоі. І вось, у той самы дзень прыйшлі паслугачы Ізаакавы і паведамілі яму пра студню, што выкапалі, кажучы: «Знайшлі мы ваду». Адсюль назвалі яе Сабэаd, і гэта назва дадзена гораду Бээр-Сэба аж па сённяшні дзень. Калі Эзаў меў сорак гадоў, узяў за жонку Юдыт, дачку Бээры Хетыта, і Басэмат, дачку Элона Хетыта. Яны абедзве не падабаліся Ізааку і Рэбэцы.

Вось, Ізаак састарэў, і падслеплі вочы яго, і ён не мог бачыць. І паклікаў ён сына свайго старэйшага, Эзава, і сказаў яму: «Сыне мой!» Ён адказаў: «Вось я». Бацька кажа яму: «Бачыш, што я састарэў і не ведаю дня смерці сваёй. Дык вазьмі рыштаванне сваё, сагайдак і лук, і ідзі ў поле. Калі на паляванні што здабудзеш, прыгатуй мне з таго страву, сам ведаеш, якую хачу, і прынясі, каб я паеў, і дабраславіць цябе душа мая, перш чым памру». А Рэбэка чула, як Ізаак гаварыў з сынам сваім, Эзавам. І пайшоў Эзаў у поле, каб упаляваць штосьці і прынесці, а Рэбэка сказала сыну свайму, Якубу: «Я, вось, чула, як бацька твой гаварыў з Эзавам, братам тваім, і казаў яму: “Прынясі мне дзічыны з палявання твайго і зрабі мне ежу, каб я паеў, і я дабраслаўлю цябе перад Госпадам, перш чым памру”. Дык цяпер, сыне мой, слухай, што я табе скажу і што загадаю табе. Паспяшы да статка і прынясі мне двух найлепшых казлянят, а я зраблю з іх бацьку твайму ежу, якой ён вельмі любіць ласавацца. Як прынясеш яе бацьку твайму, ён з’есць і дабраславіць цябе, перш чым памрэ». Ён ёй адказаў: «Ведаеш жа, што брат мой, Эзаў, валасаты чалавек, а я гладкі. Калі памацае мяне бацька і пазнае, баюся, каб не падумаў ён, што я захацеў ашукаць яго, і навяду на сябе праклён, а не дабраславенне». Кажа яму маці: «Хай на мяне спадзе гэты праклён, сыне мой, толькі паслухай, што я кажу, і паспяшы прынесці, што я загадала». І ён пайшоў, і прынёс, і аддаў маці. І прыгатавала яна ежу, якую, як ведала, хацеў бацька яго, і апранула яго ў самае добрае адзенне Эзава, якое мела ў сябе дома. Рукі яго абкруціла шкуркамі казлінымі і таксама шыю закрыла. І дала яна найлепшую страву і хлябы, якія спякла, у рукі сына свайго, Якуба. І ён, увайшоўшы да бацькі свайго, сказаў: «Бацьку мой!» А той адказаў: «Слухаю. Хто ты, сыне мой?» Сказаў Якуб бацьку свайму: «Я Эзаў, першародны твой. Зрабіў я, як ты мне загадаў; уставай, сядзь і еж з упалявання майго, каб дабраславіла душа твая мяне». І зноў азваўся Ізаак да сына свайго: «Як гэта так скора мог ты знайсці дзічыну, сыне мой?» Ён адказаў: «Воля Госпада, Бога твайго, што трапілася мне». І сказаў Ізаак Якубу: «Ідзі сюды, каб дакрануцца да цябе, сыне мой, і праверыць, ці ты — сын мой Эзаў, ці не?» І падышоў ён да бацькі, а той, намацаўшы яго, сказаў: «Голас быццам Якуба, але рукі, рукі Эзава». І не апазнаў яго, бо касматыя рукі яго надавалі падабенства да старэйшага, і дабраславіў яго. І кажа: «Ці ты сын мой, Эзаў?» Той адказаў: «Я». А ён кажа: «Прынясі мне з’есці, што ты ўпаляваў, сыне мой, каб дабраславіла цябе душа мая». І калі з’еў ён прынесенае, ён паднёс яму таксама віно. Пакаштаваўшы яго, сказаў яму Ізаак, бацька яго: «Хадзі да мяне і пацалуй мяне, сыне мой». Ён падышоў і пацалаваў яго. Адразу, як пачуў Ізаак пах адзення яго, дабраславіўшы яго, сказаў: «Вось жа, пах сына майго, як водар поля запоўненага, якое дабраславіў Госпад. Хай дасць табе Бог расы з неба і шчодрасці зямлі, і ўраджайнасці збожжа, і віна. Хай служаць табе народы і пакланяюцца табе плямёны. Будзь гаспадаром над братамі сваімі, і хай аддаюць табе паклон сыны маці тваёй! Кожны, хто будзе праклінаць цябе, хай будзе пракляты; і хто будзе дабраслаўляць, хай будзе дабраславёны». Толькі Ізаак скончыў дабраслаўляць Якуба і Якуб выйшаў ад бацькі свайго, Ізаака, прыйшоў Эзаў, брат яго, і прынёс звараную ежу з упалявання, і сказаў бацьку: «Устань, бацьку мой, і еж з упалявання сына твайго, каб дабраславіла мяне душа твая». І сказаў яму Ізаак, бацька яго: «Хто ты?» Ён адказаў: «Я — сын твой першародны, Эзаў». Ізаак устрывожыўся надта і спытаўся: «Дык хто гэта быў, хто толькі што прынёс мне ўпаляваную дзічыну, і я еў яе перш, чым ты прыйшоў? І я дабраславіў яго, і ён будзе дабраславёны!» Калі Эзаў пачуў словы бацькі, залямантаваў ён моцна і надзвычай горка і казаў бацьку: «Дай і мне дабраславенне, мой тата!» Той сказаў: «Прыйшоў падступна брат твой і забраў тваё дабраславенне!» Тады дадаў Эзаў: «Справядліва назвалі яго на імя Якуб; ці не з прычыны таго, што ашукаў ён мяне і ў другі раз: раней забраў у мяне першародства, а цяпер выкраў ад мяне дабраславенне!» І сказаў ён: «Ці не захаваў ты мне дабраславенне?» Ізаак адказаў: «Устанавіў, вось, я яго гаспадаром тваім і ўсіх братоў яго падпарадкаваў яму; абдарыў яго збожжам і віном, дык што мне зрабіць для цябе, мой сыне?» І сказаў Эзаў бацьку свайму: «Ці ж ты маеш толькі адно дабраславенне, мой тата? Дабраславі таксама і мяне!» І калі Эзаў расплакаўся ўголас, Ізаак, узрушаны, сказаў яму: «Вось, пазбаўленая шчодрасці зямлі будзе месцам жыхарства твайго, а да таго ж пазбаўленая расы з неба, з меча Твайго жыць будзеш і будзеш паслугачом твайго брата! А прыйдзе час, калі супрацівішся і скінеш ярмо яго са сваіх плячэй». Дык зненавідзеў Эзаў Якуба дзеля дабраславення, якім дабраславіў яго бацька, і сказаў у сваім сэрцы: «Калі пройдуць дні жалобы па бацьку маім, заб’ю Якуба, брата свайго». Калі Рэбэцы паведамілі пра тое, што казаў Эзаў, старэйшы сын яе, паслала яна паклікаць Якуба, сына свайго малодшага, і сказала яму: «Вось, Эзаў, брат твой, пагражае забіць цябе. Дык вось, сыне мой, паслухай, што я скажу, і, рана ўстаўшы, уцякай да Лабана, брата майго, у Харан. Пажывеш з ім нейкі час, пакуль не суцішыцца абурэнне брата твайго, а калі праміне абурэнне яго, ён забудзе пра тое, што ты зрабіў яму. Потым я пашлю і забяру цябе адтуль сюды. Нашто мне ў адзін дзень губляць аднаго і другога сына?» І сказала Рэбэка Ізааку: «Не мілае мне жыццё праз дачок Хета. Калі Якуб возьме сабе жонку з дачок Хета, як і з дачок гэтай зямлі, то няма чаго мне жыць!»

Тады паклікаў Ізаак Якуба, і дабраславіў яго, і загадаў яму, кажучы: «Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаана. Устань, ідзі ў Падан-Арам, да сям’і Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе там за жонку адну з дачок Лабана, дзядзькі твайго. А Бог Усемагутны хай цябе дабраславіць і зробіць цябе плодным, і дасць табе шматлікіх нашчадкаў, каб стаўся ты мноствам народаў. І хай дасць Ён табе дабраславенні Абрагама табе і патомству твайму разам, каб валодаў ты зямлёю вандравання твайго, якую паабяцаў Бог дзеду твайму». І выправіў Ізаак яго ў дарогу, і ён пайшоў у Падан-Арам да Лабана, сына Бэтуэля, арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава. А Эзаў, бачачы, што бацька яго дабраславіў Якуба і паслаў яго ў Падан-Арам, каб адтуль узяў жонку, ды што пасля дабраславення загадаў яму, кажучы: «Не бяры жонкі з дачок Ханаана», і што Якуб, паслухмяны бацькам сваім, пайшоў у Падан-Арам, і, пераканаўшыся таксама, што яго бацька не любіць дачок Ханаана, пайшоў да Ізмаэля і ўзяў жонку — апрача тых, што меў, — Махалат, дачку Ізмаэля, сына Абрагама, сястру Набаёта. А Якуб выйшаў з Бээр-Сэбы і накіраваўся далей у Харан. І калі прыйшоў ён да нейкага месца і захацеў там заначаваць, бо ўжо сонца зайшло, падняў ён [адзін] з камянёў, што ляжалі, і, падклаўшы сабе пад галаву, заснуў на гэтым месцы. І ўбачыў ён ува сне лесвіцу, што абапіралася на зямлю, а верхам дакраналася да неба, і таксама анёлаў Божых, якія ўзнімаліся і спускаліся па ёй. І Госпада, Які абапіраўся на лесвіцу і гаварыў яму: «Я — Госпад, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ізаака. Зямлю, на якой спіш, Я дам табе і нашчадкам тваім. І будзе патомства тваё, як пыл зямлі, і ты распаўсюдзішся на захад і на ўсход, на поўнач і на поўдзень. У табе і ў нашчадках тваіх усе пакаленні зямлі будуць дабраславёныя. І вось, Я з табою, і буду берагчы цябе, куды б ты ні пайшоў, і прывяду цябе ў гэтую зямлю, і не пакіну цябе, пакуль не споўню, што табе абяцаю». Калі Якуб прабудзіўся ад сну, сказаў: «Сапраўды, Госпад прабывае на гэтым месцы, а я не ведаў». І, праняты трывогай, сказаў: «Як страшным ёсць гэтае месца! Не што іншае тут, як хіба дом Божы і брама нябесная». Дык, устаўшы раніцай, Якуб узяў камень, які падклаў сабе пад галаву, і паставіў як памятны знак, паліўшы зверху алеем. І даў імя месцу гэтаму Бэтэль, а раней горад называўся Луз. І даў Якуб такую прысягу: «Калі Бог будзе са мной і будзе мяне берагчы ў гэтай дарозе, якою я вандрую, і дасць мне хлеб есці і адзенне апранацца, і калі шчасліва вярнуся ў дом бацькі свайго, і Госпад будзе і мне Богам, то гэты камень, які я паставіў як памятны знак, будзе домам Бога. І з усяго, што Ты дасі мне, я ахвярую Табе дзесятую частку».

І, выправіўшыся, прыйшоў Якуб у зямлю сыноў Усходу. І ўбачыў там студню ў полі, а таксама тры статкі авечак, якія ляжалі каля яе, бо з яе паілі жывёлу, а вусце студні было прыкрыта вялікім каменем. І быў звычай, што калі збіраліся ўсе авечкі, то адпіхвалі камень і, па напаенні статкаў, зноў ускладалі на вусце студні. І звярнуўся ён да пастухоў: «Браты, адкуль вы?» Яны адказалі: «З Харана». Запытаўся ён іх: «А ці ведаеце Лабана, сына Нахора?» Яны адказалі: «Ведаем». «Ці здаровы ён?» — пытаецца. — «Здаровы, — адказваюць, — а вось і дачка яго Ракель прыйшла са статкам». І сказаў ён: «Яшчэ многа дня застаецца, і не час зганяць статкі, дайце піць авечкам і зноў завядзіце іх на выган». Яны ж сказалі: «Не можам, пакуль не збярэцца ўся жывёла, і тады адсунем камень ад вусця студні, каб напаіць статкі». Калі так Якуб з імі размаўляў, вось, Ракель падышла з авечкамі бацькі свайго; бо яна сама пасвіла статак. І калі Якуб убачыў Ракель, дачку Лабана, брата маці сваёй, а таксама авечак Лабана, брата маці сваёй, падышоў, адсунуў камень ад вусця студні і напаіў статак Лабана, брата маці сваёй. Потым Якуб пацалаваў Ракель і расплакаўся ўголас; і сказаў ёй, што ён сваяк бацькі яе, сын Рэбэкі. А яна пабегла і паведаміла бацьку свайму. Той, калі пачуў, што прыйшоў Якуб, сын сястры яго, выбег яму насустрач, абняў яго і пацалаваў, і ўвёў у дом свой. І, пачуўшы пра ўсё, што адбылося, сказаў: «Ты сапраўды косць мая і цела маё!» І пасля таго, як Якуб пражыў у яго цэлы месяц, сказаў яму Лабан: «Ці за тое, што ты брат мой, ты мне задарма будзеш служыць? Скажы, якую плату прымеш?» А меў ён дзве дачкі: імя старэйшай Лія, а малодшая называлася Ракель. Лія на вочы была слабая, а Ракель была складная і мілага выгляду. Якуб, паколькі яе пакахаў, сказаў: «Буду табе служыць за Ракель, дачку тваю малодшую, сем гадоў». Лабан адказаў: «Лепш табе яе аддам, чым другому чалавеку, заставайся ў мяне». І служыў Якуб за Ракель сем гадоў, і здаваліся яму кароткімі дні дзеля вялікай любові. І сказаў ён Лабану: «Прамінуў ужо час, дай мне жонку маю, каб я ўвайшоў да яе». Той, склікаўшы ўсіх людзей мясцовасці на баль, зрабіў вяселле. А вечарам узяў Лію, дачку сваю, і ўвёў да яго, і ён увайшоў да яе. І даў Лабан паслугачку на імя Зільпа для дачкі. Калі развіднела, агледзеўся, што гэта была Лія. І сказаў ён цесцю свайму: «Што ты гэта мне зрабіў? Ці ж не за Ракель я служыў табе? Чаму ты мяне ашукаў?» Лабан адказаў: «У нашай мясцовасці няма звычаю, каб малодшую выдаваць замуж перад старэйшай. Будзь тыдзень з гэтаю, а потым дам табе і другую, за якую, аднак, адслужыш у мяне сем іншых гадоў». Той пагадзіўся, і, калі прайшоў тыдзень, даў яму Лабан дачку сваю Ракель за жонку. Ён даў ёй паслугачкаю Більгу. І Якуб увайшоў таксама да Ракелі і кахаў яе болей, чым Лію. І служыў ён у яго яшчэ сем гадоў. А Госпад, бачачы, што пагарджаў Ліяй, адкрыў яе ўлонне, а Ракель была няплоднай. І Лія пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Рубэн, кажучы: «Убачыў Госпад маё ўпакарэнне, цяпер муж мой будзе мяне любіць». А калі зноў пачала і нарадзіла сына, сказала: «Паколькі Госпад пачуў, што я занядбана, то даў мне і гэтага», і назвала яго імем Сімяон. Пачала ў трэці раз, і нарадзіла яшчэ сына, і сказала: «Ужо цяпер муж мой прытуліцца да мяне за тое, што я нарадзіла яму трох сыноў», і таму назвала яго імем Леві. Чацвёрты раз пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Цяпер я буду славіць Госпада», і дзеля таго назвала яго Юда, і перастала нараджаць.

А Ракель, бачачы, што яна бясплодная, пазайздросціла сваёй сястры, і сказала мужу свайму: «Дай мне дзяцей, інакш памру». Раззлаваны, адказаў ёй Якуб: «Хіба ж я Бог, Які пазбавіў цябе плода ўлоння?» А яна сказала: «Вось, нявольніца мая, Більга. Дык увайдзі да яе, каб нарадзіла яна на маіх каленях, дык буду і я мець дзяцей з яе». І дала яна яму сваю нявольніцу Більгу за жонку, якая па тым, як увайшоў да яе Якуб, пачала і нарадзіла сына. І сказала Ракель: «Судзіў мяне Бог, і выслухаў усё ж такі просьбу маю, даючы мне сына». І таму дала яму імя Дан. І зноў Більга, нявольніца Ракелі, пачала, і нарадзіла Якубу другога сына, і сказала Ракель: «Ваяваннем Божым ваявала я з сястрою сваёй і перамагла». І назвала яго Нэфталі. А Лія, чуючы, што перастала нараджаць, узяла паслугачку сваю, Зільпу, і дала яе за жонку Якубу. Тая нарадзіла Якубу сына. І сказала Лія: «Шанец!» І дзеля таго дала яму імя Гад. Нарадзіла таксама Зільпа, паслугачка Ліі, другога сына Якубу. І сказала Лія: «На шчасце маё! Шчаслівай, бясспрэчна, мяне назавуць жанчыны». Таму назвала яго Асэр. І выйшаў аднойчы Рубэн у час жніва пшаніцы, і знайшоў на полі мандрагоры, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. І сказала Ракель: «Дай мне некалькі мандрагор твайго сына». Тая адказала: «Не досыць табе, што ты ў мяне мужа выкрала, дык яшчэ хочаш забраць мандрагоры майго сына?» Ракель кажа: «Тады хай ён спіць з табой гэтай ноччу за мандрагоры твайго сына». І калі Якуб вяртаўся з поля вечарам, Лія выйшла насустрач яму і сказала: «Увайдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры майго сына». І ён спаў з ёй у гэтую ноч. І выслухаў Бог Лію, і яна пачала, і нарадзіла Якубу пятага сына, і сказала: «Даў мне Бог плату, бо я дала мужу свайму паслугачку сваю». І назвала яго імем Ісахар. І зноў Лія пачала, і нарадзіла Якубу шостага сына, і сказала: «Надарыў мяне Бог добрым падарункам, цяпер будзе шанаваць мяне муж мой за тое, што я нарадзіла яму шасцёра сыноў». І таму назвала яго імем Забулон. Пасля таго нарадзіла дачку імем Дзіна. І прыпомніў Бог таксама Ракель, і выслухаў яе Бог, і адкрыў улонне яе. І яна пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Зняў Бог ганьбу маю». І дала імя яму Язэп, і сказала: «Хай дасць мне Госпад яшчэ аднаго сына!» Калі нарадзіўся Язэп, Якуб сказаў Лабану: «Адпусці мяне, каб я мог вярнуцца на бацькаўшчыну, у зямлю сваю. Дай мне жонак і дзяцей маіх, за якіх я адслужыў табе, каб я сышоў. Ты ведаеш добра, як я табе служыў». Кажа яму Лабан: «О, каб я знайшоў ласку перад абліччам тваім! Я пераканаўся, што Госпад дабраславіў мяне дзеля цябе. Устанаві плату сваю, якую мушу даць табе». А ён адказаў: «Ты ведаеш, як верна я служыў табе і якімі вялікімі сталіся статкі твае ў руках маіх. Не многа ты меў перад тым, як я прыбыў да цябе, а цяпер стала намнога больш, і дабраславіў цябе Госпад з прыходам маім. І вось, цяпер калі ж я паклапачуся нарэшце пра дом мой?» І сказаў Лабан: «Што маю табе даць?» А ён адказаў: «Нічога мне не давай! Калі споўніш, пра што цябе прашу, то зноў буду пасвіць і берагчы тваю жывёлу. Я прайду сёння па ўсіх статках авечак тваіх; аддзялі з іх усякую жывёліну крапкаваную і плямістую, кожная чорная авечка, а таксама кожная плямістая і крапкаваная каза будзе маёй платай. І праявіцца для мяне заўтра справядлівасць мая; калі ты прыйдзеш, каб паглядзець на плату маю: кожная каза, якая не будзе крапкаваная і плямістая, ды кожная авечка, якая не будзе чорная, хай будуць доказам украдзенага мною». Сказаў Лабан: «Згаджаюся на тое, чаго просіш!» І аддзяліў ён у той самы дзень пярэстых і плямістых казлоў ды ўсіх коз крапкаваных і плямістых, усіх, якія мелі крыху воўны белай, а таксама ўсіх чорных авечак, і перадаў іх у рукі сыноў сваіх. І вызначыў ён адлегласць у тры дні шляху паміж сабой і Якубам, які пасвіў астатнія статкі Лабана. А Якуб, назбіраўшы зялёных прутоў тапалёвых, міндалёвых і з платанаў, часткова абадраў з іх кару, так што на тых, што былі абадраныя, праступіла бель. І паклаў ён пруты, якія часткова абадраў, у карытах, дзе збіралася вада, каб жывёла, калі збіралася на вадапой, глядзела на пруты і, гледзячы на іх, спарвалася. І сталася так, што ў самым запале апладнення жывёла глядзела на пруты, і нараджала пярэстых, крапкаваных і плямістых. І аддзяляў Якуб ягнят, і паставіў статак насупраць пярэстых і чорных у статка Лабана, а для сябе паставіў статкі асобна і не ставіў іх разам са статкам Лабана. І кожны раз, калі апладняліся моцныя асобіны, Якуб клаў пруты ў карытах з вадою перад вачамі жывёлы, каб пачыналі, гледзячы на іх. Калі ж жывёлы былі слабыя, не клаў іх. У Лабана [жывёла] сталася слабой, а Якубава — моцнай. І так Якуб стаўся чалавекам дужа багатым; і меў ён многа статкаў, паслугачак і паслугачоў, вярблюдаў і аслоў.

І чуў, як сыны Лабана гаварылі: «Якуб забраў усё, што было ў нашага бацькі, і з маёмасці нашага бацькі набыў такія багацці». Пасля таго звярнуў Якуб увагу на твар Лабана, што стаўся ён адносна яго, не як учора і заўчора. І сказаў Госпад Якубу: «Вяртайся ў зямлю бацькоў сваіх і да радні сваёй, а Я буду з табой». І паслаў Якуб паклікаць Ракель і Лію на поле, дзе ён пасвіў статкі, і сказаў ім: «Бачу па выразе твару вашага бацькі, што ён не такі для мяне, як учора і заўчора, але Бог майго бацькі быў са мною і вы самі ведаеце, што з усіх намаганняў маіх я служыў бацьку вашаму. Але бацька ваш усё падманвае мяне і дзесяць разоў мяняе маю плату; ды, аднак, Бог не даў яму пакрыўдзіць мяне. Калі вось сказаў: “Крапкаваныя будуць тваёй платай”, — нараджалі ўсе авечкі крапкаваных ягнят. Калі ж сказаў ён наадварот: “Тых, што пярэстыя, атрымаеш як плату”, — усе жывёлы ў статку нараджалі пярэстых. Так забраў Бог маёмасць бацькі вашага і даў мне. Пасля таго як надышоў час апладнення статка, узнёс я вочы мае і ўбачыў у сне, што самцы, якія пакрываюць самак, — пярэстыя, крапкаваныя і плямістыя. І сказаў мне ўва сне анёл Божы: “Якуб!” Я адказаў: “Вось я”. Ён сказаў: “Падымі вочы свае і паглядзі на ўсіх самцоў, што пакрываюць самак: яны пярэстыя, крапкаваныя і ў плямах. Я ж бачу ўсё, што зрабіў табе Лабан. Я — Бог з Бэтэля, дзе намасціў ты камень і дзе прынёс Мне прысягу. Дык цяпер падыміся, выйдзі з гэтай зямлі, каб вярнуцца ў зямлю, дзе ты нарадзіўся”». Адказалі яму Ракель і Лія: «Ці маем мы яшчэ частку і спадчыну ў доме бацькі нашага? Ці ж не лічыў ён нас за чужых, бо прадаў нас і з’еў плату за нас? Але ўсё багацце, якое Бог забраў у бацькі нашага, нам аддаў і дзецям нашым. Таму ўсё, што Бог загадаў табе, рабі». Дык устаў Якуб, і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў, і ўзяў з сабой усе статкі свае і ўсю маёмасць сваю, што здабыў у Падан-Араме, каб ісці да Ізаака, бацькі свайго, у зямлю Ханаан. У той час Лабан выбраўся стрыгчы авечак, і Ракель скрала балванаў хатніх бацькі свайго. А Якуб ашукаў сэрца Лабана, не папярэджваючы яго, што мае ўцячы. І калі ўцёк ён з усім, што меў, то, перайшоўшы рэчку, накіраваўся на гару Галаад. Трэцяга дня паведамілі Лабану, што Якуб уцёк. Той, сабраўшы братоў сваіх, сем дзён даганяў яго і дагнаў яго на гары Галаад. І прыйшоў Бог да Лабана арамейца ноччу ўва сне, і сказаў яму: «Сцеражыся, не гавары нічога благога супраць Якуба!» Якуб на гары ўжо расцягваў палатку, калі Лабан, дагнаўшы яго з братамі сваімі, на той жа гары Галаад паставіў палатку. І сказаў ён Якубу: «Чаму ты так зрабіў і ашукаў сэрца маё, вывеўшы дачок маіх, як паланянак? Чаму ты патаемна ўцёк і ашукаў мяне, не паведаміўшы мне, каб я мог правесці цябе з радасцю і спевамі, з бубнамі і цытрамі? Ты не даў мне пацалаваць маіх унукаў і дачок, неразумна зрабіў ты! А цяпер магла рука мая адгадзіць табе ліхам, але Бог бацькі твайго ўчора сказаў мне: “Сцеражыся, не гавары нічога ліхога супраць Якуба!” Добра, ты выправіўся, бо цягнула цябе да дому бацькі твайго, але чаму ты скраў багоў маіх?» Якуб адказаў: «Бо я баяўся. Бо я думаў, каб ты часам сілай не адабраў дачок сваіх у мяне. А ў каго знойдзеш багоў сваіх, хай той не жыве! У прысутнасці братоў нашых абшукай, і што знойдзеш свайго ў мяне — забірай!» А не ведаў Якуб, што Ракель скрала балванаў. І Лабан, увайшоўшы ў палаткі Якуба і Ліі, і абедзвюх паслугачак, не знайшоў, і, выйшаўшы з палаткі Ліі, увайшоў у палатку Ракель. А яна схавала балванаў пад вярблюдавае сядло і села зверху. А калі абшукаў Лабан усю палатку і не знайшоў нічога, сказала: «Хай не гневаецца гаспадар мой, што перад табою ўстаць не магу, бо дзеля звычайнага жаночага не магу». Дык абшукаў ён, але балванаў не знайшоў. І, раззлаваўшыся, сказаў Якуб з лаянкай: «Дзеля якой віны маёй і дзеля якога граху майго ты так пераследуеш мяне, што абшукваеш усе рэчы мае? Што ты знайшоў з усёй маёмасці дому твайго? Пакладзі тут, у прысутнасці братоў маіх і братоў сваіх, і хай яны рассудзяць між мной і табой. Вось, дваццаць гадоў я жыў з табой. Твае авечкі і козы не скідалі, і бараноў са статка твайго я не еў. Раздзёртага дзікім зверам не прыносіў табе, я сам аддаваў за ўсякую страту. Калі што было скрадзена ці ўдзень, ці ўначы — ты вымагаў ад мяне. Днём мучыла мяне спякота, а ноччу холад, сон уцякаў ад вачэй маіх. Так праз дваццаць гадоў у доме тваім я служыў табе: чатырнаццаць за дачок, а шэсць за статкі твае. Дзесяць разоў таксама змяняў ты плату маю. Каб Бог бацькі майго, Бог Абрагама, і Той, Каго з бояззю славіць Ізаак, не ўспамагаў мне, то ты, несумненна, пусціў бы мяне з нічым; няшчасце маё і цяжкую працу рук маіх убачыў Бог і вынес прысуд учора». Лабан адказаў яму: «Дочкі — мае дочкі, дзеці — мае дзеці, статкі — мае статкі ды ўсё, што бачыш, — маё. Але што я магу зрабіць сёння маім дочкам або іх дзецям, якіх яны нарадзілі? Дык хадзем, заключым пагадненне, я і ты, каб было яно сведчаннем між мною і табой». Тады вось Якуб прынёс камень, і паставіў як памятны знак, і сказаў братам сваім: «Назбірайце камянёў!» Яны назбіралі і зрабілі курган. І елі там на ім. І Лабан назваў яго: Егар-Сагадутаa, а Якуб — Галедамb. І Лабан сказаў: «Хай курган гэты будзе сведкам згоды сёння між мной і табой». І таму ён быў названы Галед, а таксама Міцпаc, бо ён сказаў: «Хай наглядае Госпад за мной і табой, калі разыдземся між сабой. Калі б ты крыўдзіў дачок маіх і калі б узяў сабе акрамя іх іншых жонак, то хоць не будзе нікога з людзей між намі — глядзі: Бог — сведка між мной і табой!» І сказаў Лабан Якубу: «Вось, курган і камень, якія я паставіў між мною і табой. Гэты курган і камень будуць сведкамі, што я не перайду за гэты курган, ідучы да цябе, і што ты не пяройдзеш за гэты курган і гэты камень дзеля ліхога. Бог Абрагама і Бог Нахора хай рассудзіць паміж намі». І Якуб прысягнуў Тым, Каго з бояззю славіў Ізаак, яго бацька. А потым забіў на гары жывёлін на ахвяру і запрасіў сваіх братоў, каб паелі хлеба. А калі паелі, ляглі спаць на гары. І Лабан, узняўшыся рана, пацалаваў унукаў сваіх і дачок сваіх, дабраславіў іх і вярнуўся ў сваё месца.

Якуб таксама адышоў дарогаю, якую распачаў, — і перанялі яго анёлы Божыя. Калі ён убачыў іх, сказаў: «Гэта лагер Божы», і гэтае месца назваў Маханаімa. І выправіў ён перад сабой пасланцоў да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, у мясцовасць Эдом. І загадаў ён ім, кажучы: «Так скажыце гаспадару майму Эзаву: “Гэта кажа паслугач твой Якуб: “Як вандроўнік, заставаўся я аж да сённяшняга дня ў Лабана. Маю валоў і аслоў, авечак, паслугачоў і паслугачак. І выпраўляю цяпер пасольства да гаспадара майго, каб знайсці ласку перад абліччам тваім”». І вярнуліся пасланцы да Якуба, і сказалі: «Прыбылі мы да Эзава, брата твайго, а вось жа ён спяшаецца насустрач табе з чатырмастамі людзьмі». Спалохаўся вельмі Якуб і, напужаны, падзяліў народ, які з ім быў, і статкі таксама, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два лагеры. І казаў: «Калі Эзаў прыйдзе да аднаго лагера і паб’е яго, то другі лагер, які застанецца, будзе ўратаваны». І сказаў Якуб: «Бог бацькі майго Абрагама і Бог бацькі майго Ізаака, Госпад, Які сказаў мне: “Вярніся ў зямлю сваю і ў месца нараджэння свайго, і Я буду апекавацца табою!” Я не настолькі варты ўсякай міласцівасці і вернасці ўсякай, якою забяспечваеш Ты паслугача Свайго. З палкаю сваёй я перайшоў Ярдан гэты, а цяпер вяртаюся з двума лагерамі. Вырві мяне ад рукі брата майго, ад рукі Эзава, бо я вельмі баюся яго; каб часам, прыйшоўшы, не забіў ён маці з дзецьмі. А Ты казаў, што будзеш аказваць мне дабро і пашырыш патомства маё, як пясок марскі, які дзеля вялікасці не можа быць палічаны». І прачакаў ён там тую ноч, і ўзяў з таго, што меў, падарункі Эзаву, брату свайму: дзвесце коз, дваццаць казлоў, дзвесце авечак і дваццаць бараноў, трыццаць вярблюдзіц дойных разам з вярблюдзянятамі, сорак кароў і дзесяць быкоў, дваццаць асліц і дзесяць іх аслянят, і перадаў у рукі паслугачоў сваіх кожны статак паасобку, і сказаў рабам сваім: «Ідзіце перада мною, і хай будзе прамежак паміж кожным статкам». І загадаў ён тым, што ішлі наперадзе, кажучы: «Калі спаткаеш брата майго Эзава, і ён запытае цябе: “Чый ты і куды ідзеш?” і “Чыё гэта, за якім ты ідзеш?”, то ты адкажаш: “Паслугача твайго Якуба. Ён паслаў дары гаспадару свайму Эзаву. І сам ён ідзе за намі”». Падобны загад даў ён другому, і трэцяму, ды ўсім, якія ішлі са статкамі, кажучы: «Падобнымі словамі кажыце Эзаву, калі спаткаеце яго, і дадасцё: “І ён, паслугач твой Якуб, ідзе дарогаю за намі”». І сказаў ён: «Улагоджу яго дарамі, якія мне папярэднічаюць, а потым убачу аблічча яго; можа, будзе ласкавы да мяне». Так вось папярэдзілі яго дары, а ён сам застаўся ў тую ноч у лагеры. А калі ўстаў раніцай, узяў дзвюх жонак сваіх і дзвюх іх нявольніц з адзінаццаццю дзецьмі і перайшоў бродам Ябок. І, узяўшы і пераправіўшы іх і ўсё, што яму належала, праз ручай, застаўся ён сам адзін. І вось, Нехта дужаўся з ім аж да раніцы. І калі Той убачыў, што не можа яго перамагчы, дакрануўся да сустава сцягна яго, і тут жа быў вывіхнуты сустаў сцягна ў Якуба, калі ён дужаўся з Ім. І сказаў Той: «Пусці Мяне, бо ўжо ўзышла зараніца». Адказаў: «Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне». Той кажа яму: «Якое імя тваё?» Адказаў: «Якуб». А Той кажа: «Ніколі ўжо больш не будзе называцца імя тваё Якуб, але Ізраэль, бо змагаўся ты з Богам і людзей перамагаць будзеш!» І запытаўся ў Яго Якуб: «Скажы мне, якім імем называешся?» Адказаў: «Чаму пытаешся пра імя Маё?» І дабраславіў яго ў тым самым месцы. І Якуб назваў тое месца імем Пэнуэль, кажучы: «Бачыў я Бога тварам у твар, і збераглася душа мая». І паднялося над ім сонца, калі ён праходзіў Пэнуэль. А ён накульгваў на сцягно сваё. З гэтае прычыны сыны Ізраэля не ядуць жылу, якая на сцягне, аж да сённяшняга дня, таму што закрануў [Ён] жылу сцягна Якуба.

І Якуб, падняўшы вочы свае, убачыў, што набліжаецца Эзаў, а з ім чатырыста мужчын. І падзяліў дзяцей Ліі, Ракелі і абедзвюх нявольніц, і памясціў адну і другую нявольніц з іх дзецьмі наперадзе, Лію з яе дзецьмі крыху за імі, а Ракель і Язэпа — самымі апошнімі. А сам, ідучы перад усімі, сем разоў пакланіўся да зямлі, пакуль падышоў да брата свайго. І Эзаў падбег насустрач брату свайму, абняў яго; і, абхапіўшы шыю яго, пацалаваў яго, і расплакаліся абодва. І, падняўшы вочы, убачыў жанчын і дзяцей іх, і спытаўся: «Хто яны табе?» Ён адказаў: «Гэта дзеці, якіх падараваў Бог мне, слузе твайму». Тады падышлі нявольніцы з сваімі дзецьмі і пакланіліся. Падышла потым Лія са сваімі дзецьмі, і калі яны таксама пакланіліся, апошнімі аддалі паклон Язэп і Ракель. І спытаўся Эзаў: «Чые гэта статкі, якія я напаткаў?» Якуб адказаў: «Каб знайшоў я ласку перад гаспадаром маім». А той кажа: «Маю я многа, браце мой, хай тваё будзе табе». Якуб адказаў: «Але ж не, прашу. Калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, прымі маленькі дар з рук маіх. Бо калі я ўбачыў аблічча тваё, як быццам бачыў аблічча Бога, і ты быў да мяне спагадны. Прымі ж, прашу, дабраславенне, якое прыбыло да цябе, бо Бог міласцівы для мяне, маю ўсё». І так заахвочваў яго, што той прыняў і сказаў: «Хадзем разам, буду спадарожнікам тваім». Якуб адказаў: «Ведаеш, мой гаспадару, што са мною малыя дзеці, а таксама авечкі з акотам і каровы; калі буду абцяжарваць іх падарожжам хоць бы адзін дзень, то прападуць усе мае статкі. Дык ідзі, гаспадару мой, перад паслугачом тваім, а я буду ісці памалу, так, як пойдзе мой статак перада мною і як будуць ісці дзеці, пакуль не прыйду да гаспадара майго ў Сэір». Эзаў адказаў: «Прашу цябе, хай застануцца спадарожнікамі табе хаця б некалькі людзей маіх, якія са мною». «Няма, — кажа, — патрэбы; аднаго мне толькі трэба, каб знайшоў я ласку ў вачах гаспадара майго». І Эзаў вярнуўся ў той дзень дарогай сваёй у Сэір. А Якуб прыбыў у Сукот, дзе збудаваў сабе дом, а для сваіх статкаў паставіў буданы. Дзеля таго тую мясцовасць назваў ён Сукотa. Калі прыйшоў з Падан-Арама, пераправіўся Якуб бяспечна ў горад Сіхэм, які ў зямлі Ханаан, і абжыўся каля горада. І купіў ён частку поля, на якой паставіў палатку сваю, ад сыноў Гамора, бацькі Сіхэма, за сто срэбранікаў. І ўзнёс там ахвярнік, і назваў яго: «Бог ёсць Богам Ізраэля».

І выйшла аднойчы Дзіна, дачка, якую нарадзіла Лія Якубу, каб паглядзець на дачок таго краю. А калі яе ўбачыў Сіхэм, сын Гамора Гівея, князя той зямлі, закахаўся ў яе, і выкраў, і спаў з ёй, учыніўшы ёй гвалт. І зраслася душа яго з ёю, пакахаў ён дзяўчыну, і прамаўляў да яе міла. І прасіў ён бацьку свайго Гамора: «Вазьмі гэту дзяўчыну для мяне за жонку!» Калі Якуб пачуў, што Сіхэм зганьбіў яго дачку Дзіну, а сыны яго былі занятыя пры статку на выгане, ён нічога не сказаў, пакуль яны не вярнуліся. І калі Гамор, бацька Сіхэма, выбраўся да Якуба, каб з ім пагаварыць, вось, сыны Якуба вярталіся з поля і, пачуўшы, што здарылася, засмуціліся і ўзлаваліся моцна, бо ганьбу зрабіў Ізраэлю і, згвалтаваўшы дачку Якуба, учыніў недазволенае. А Гамор сказаў ім: «Душа Сіхэма, сына майго, прыгарнулася да дачкі вашай. Дайце яму яе за жонку. Пасваячцеся з намі: дачок вашых выдавайце за нас, а дачок нашых вазьміце сабе. І будзеце жыць разам з намі, зямля будзе для вас. Можаце на ёй жыць, рухацца вольна і купляць зямлю ва ўласнасць». Але Сіхэм сказаў таксама да бацькі і братоў яе: «Атрымаць бы мне толькі вашу згоду, і дам, што запатрабуеце. Прызначце мне хоць бы найбольшы пасаг і дарунак, і я гатовы даць столькі, колькі скажаце. Толькі дайце мне дзяўчыну гэтую за жонку». Сыны Якуба адказвалі Сіхэму і яго бацьку Гамору падступна з прычыны зганьбавання іх сястры: «Не можам мы зрабіць таго, што вы просіце: аддаць сястру нашу за чалавека неабрэзанага, бо гэта было б нам ганьбай. У гэтым зможам мы пагадзіцца з вамі толькі тады, калі вы захочаце быць падобнымі да нас, калі кожны з мужчынскага полу ў вас будзе абрэзаны. Тады толькі аддадзім вам дачок нашых, а дачок вашых будзем браць сабе за жонак, і будзем жыць разам з вамі, і станемся адным народам. Калі не захочаце быць абрэзанымі, возьмем дачку нашу і пойдзем далей». Прапанова іх спадабалася Гамору і Сіхэму, сыну яго, і юнак не адклаў, каб адразу споўніць, што патрабавалася, бо моцна любіў дачку Якуба, а быў ён найбольш паважаны ў цэлым доме бацькі свайго. Дык, увайшоўшы ў браму горада, Гамор і Сіхэм, сын яго, так прамовілі да мужоў свайго горада: «Людзі гэтыя міралюбныя ў адносінах да нас; хай жывуць на гэтай зямлі і вандруюць па ёй; яна прасторная і шырокая для іх. Дачок іх будзем браць за жонак, а нашых ім будзем аддаваць. Пры той, аднак, умове тыя мужы змогуць прыйсці да пагаднення з намі, каб жыць разам і стацца адным народам, калі мы абрэжам нашых мужчын, пераймаючы звычай гэтага народа; тады іх дробная і буйная жывёла і маёмасць будуць нашымі. Давайце толькі пагадзімся на гэта, і яны будуць жыць разам з намі». І згадзіліся ўсе, і абрэзаліся ўсе мужчыны, што выйшлі з брамы горада свайго. І вось, на трэці дзень, калі пакутвалі яны ад вялікага болю, два сыны Якуба, Сімяон і Леві, браты Дзіны, схапіўшы мечы, упэўнена ўварваліся ў горад і вымардавалі ўсіх мужчын. І забілі таксама Гамора і сына яго Сіхэма, і забралі Дзіну, сястру сваю, з дому Сіхэма. Сыны Якуба кінуліся да забітых і абрабавалі горад, каб адпомсціць за ганьбу. Забралі яны дробную і буйную жывёлу іх, і аслоў, ды ўсё, што ў горадзе і на палях было. І ўсю маёмасць, усіх дзяцей і жанчын забралі ў палон, разрабаваўшы ўсё, што было ў дамах. Тады Якуб сказаў Сімяону і Леві: «Устрывожылі вы мяне і зрабілі мяне ненавісным для хананеяў і феразеяў, жыхароў гэтай зямлі. Нас жа нямнога, а яны, сабраўшыся, нападуць на мяне, і буду знішчаны я і дом мой». Яны адказалі: «А ці ж можна паводзіць сябе з сястрою нашай, як з блудніцаю?»

І сказаў Бог Якубу: «Устань і ідзі ў Бэтэль, і там жыві. І зрабі ахвярнік Богу, Які з’явіўся табе, калі ўцякаў ты ад Эзава, брата твайго». І Якуб, склікаўшы ўсіх хатніх сваіх, сказаў: «Кіньце багоў чужых, якія знаходзяцца пасярод вас, і ачысціцеся, і змяніце адзенне вашае. Устанем і ўвойдзем у Бэтэль, каб зрабіць там ахвярнік Богу, Які выслухаў мяне ў дзень гора майго і спадарожнікам быў у дарозе маёй». І аддалі яму ўсіх багоў чужых, якіх мелі, і завушніцы, якія былі ў вушах іх, і ён закапаў тое пад дубам, недалёка ад якога — горад Сіхэм. А калі выбраліся яны ў дарогу, страх Божы ахапіў усе навакольныя гарады, і не адважыліся яны нападаць на сыноў Якуба. І так Якуб прыбыў у Луз, які ў зямлі Ханаан, значыць у Бэтэль, ён сам ды ўвесь народ з ім. І пабудаваў ён там ахвярнік, і назваў тое месца Эль-Бэтэль. Там, вось, з’явіўся яму Бог, калі ўцякаў ён ад брата свайго. У той час памерла Дэбора, карміцелька Рэбэкі, і пахавана была пад дубам каля падножжа Бэтэля, і месца тое назвалі Дуб Плачу. І другі раз з’явіўся Бог Якубу, калі ён вярнуўся з Падан-Арама, і дабраславіў яго, кажучы: «Не будзеш больш называцца Якуб, але Ізраэль будзе імя тваё», і назваў яго Ізраэлем. І сказаў яму: «Я — Бог Усемагутны. Расці і размнажайся. Народ і мноства народаў з цябе будзе, валадары са сцёгнаў тваіх выйдуць. І зямлю, якую Я даў Абрагаму і Ізааку, дам табе, і нашчадкам тваім па табе дам гэтую зямлю». І адышоў ад яго Бог. Ён жа паставіў слуп каменны на тым месцы, дзе Бог да яго прамаўляў, складаючы ахвяру вадкую і выліваючы алей. І назваў Якуб тое месца Бэтэль. І выйшлі яны з Бэтэля. І адсюль быў яшчэ кавалак дарогі да Эфраты, як раптам Ракель пачала нараджаць. А калі нараджала ў вялікіх болях і жыццю яе пагражала небяспека, павітуха сказала ёй: «Не бойся, бо і на гэты раз ты будзеш мець сына!» І яна, паколькі душа выходзіла з яе і набліжалася смерць, назвала сына свайго Бэноніa. А бацька назваў яго Бэньямінb. І памерла Ракель, і пахавана была ля дарогі, якая вядзе ў Эфрату, гэта Бэтлехэм. І Якуб паставіў помнік на яе магіле. Помнік гэты стаіць на магіле Ракель па сённяшні дзень. І выбраўся Ізраэль адтуль, і паставіў палатку за Магдал-Эдэрамс. І калі яны жылі ў той мясцовасці, Рубэн пайшоў і спаў з Більгаю, наложніцай бацькі свайго, і ён пра гэта даведаўся. Сыноў Якуба было дванаццаць. Сыны Ліі: першародны сын Якуба Рубэн, і Сімяон, і Леві, і Юда, і Ісахар, і Забулон. Сыны Ракелі: Язэп і Бэньямін. Сыны Більгі, паслугачкі Ракелі: Дан і Нэфталі. Сыны Зільпы, нявольніцы Ліі: Гад і Асэр. Гэта сыны Якуба, якія яму нарадзіліся ў Падан-Араме. Прыбыў Якуб да Ізаака, бацькі свайго, у Мамрэ, у Карыят-Арбу, значыць у Геброн, дзе калісьці качавалі Абрагам і Ізаак. І споўнілася дзён Ізаака сто восемдзесят гадоў. І, скончыўшы свой век, Ізаак памёр, і далучаны быў да народа свайго, стары і насычаны жыццём. І пахавалі яго Эзаў і Якуб, сыны яго.

Вось нашчадкі Эзава, ён жа — Эдом. Эзаў узяў сабе жонак паміж дачок Ханаана: Аду, дачку Элона Хетыта, і Агалібаму, дачку Аны, сына Сібэона Харэя, і Басэмат, дачку Ізмаэля, сястру Набаёта. Ада нарадзіла Эліфаза; Басэмат нарадзіла Рагуэля, Агалібама нарадзіла Ягуса, і Ялама, і Корэ. Гэта сыны Эзава, якія нарадзіліся яму ў зямлі Ханаан. І ўзяў Эзаў сваіх жонак, і сыноў, і дачок, і ўсіх людзей дому свайго, дробную і буйную жывёлу, ды ўсё, што нажыў ён у зямлі Ханаан, і падаўся ў зямлю Сэір, і адышоў ад брата свайго Якуба. Былі яны вельмі багатыя, і разам не маглі яны жыць. Не змяшчала іх зямля качавання іх дзеля мноства статкаў. І пражываў Эзаў на гары Сэір, [ён жа] — Эдом. Вось нашчадкі Эзава, бацькі Эдома, на гары Сэір, і вось імёны сыноў яго: Эліфаз, сын Ады, жонкі Эзава, Рагуэль, сын Басэмат, жонкі яго. Сынамі Эліфаза былі: Тэман, Амар, Сэфо, і Гатам, і Кенэз. А Тамна, што была наложніцай Эліфаза, сына Эзава, нарадзіла яму Амалека. Гэта сыны Ады, жонкі Эзава. А сыны Рагуэля: Нагат і Зара, Сама і Міза. Гэта сыны Басэмат, жонкі Эзава. Вось сыны жонкі Эзава Агалібамы, дачкі Аны, сына Цыбэона, якіх яна нарадзіла яму: Ягус, і Ялам, і Корэ. Вось князі сыноў Эзава. Сыны Эліфаза, першароднага сына Эзава: князь Тэман, князь Амар, князь Сэфо, князь Кенэз, князь Корэ, князь Гатам, князь Амалек. Гэта князі Эліфазавы ў зямлі Эдом, яны — сыны Ады. Вось сыны Рагуэля, сына Эзава: князь Нагат, князь Зара, князь Сама і князь Міза. Гэта князі Рагуэлявы ў зямлі Эдом, сыны Басэмат, жонкі Эзава. Вось сыны Агалібамы, жонкі Эзава: князь Ягус, князь Ялам і князь Корэ. Гэта князі Агалібамавы, жонкі Эзава, дачкі Аны. Гэта нашчадкі Эзава, і яны — князі іх. Ён жа — Эдом. Вось сыны Сэіра Харэя, жыхары зямлі: Лотан, і Сабал, і Цыбэон, і Ана, і Дышон, і Эцэр, і Дышан. Гэта князі Харэявы, сына Сэіра, у зямлі Эдом. Сынамі Лотана былі: Горы і Гемам, а сястра Лотана — Тамна. А гэта сыны Сабала: Алван, і Манагат, і Эбал, Сэфо і Анам. А вось сыны Цыбэона: Ая і Ана. Гэта той Ана, які знайшоў гарачую крыніцу ў пустыні, калі пасвіў аслоў Цыбэона, бацькі свайго. Ён меў сына Дышона і дачку Агалібаму. А гэта сыны Дышона: Гемдан, і Эсбан, і Етра, і Харан. А вось сыны Эцэра: Більган, і Заван, і Якан. А Дышан меў сыноў Уца і Арана. Вось князі харэяў: князь Лотан, князь Сабал, князь Сібэон, князь Ана, князь Дышон, князь Эцэр і князь Дышан; яны — князі харэяў паводле саслоўяў іх у зямлі Сэір. А вось якія былі цары, якія валадарылі ў зямлі Эдом, перш чым сыны Ізраэля мелі цара. У Эдоме царом быў Бэла, сын Бэора, а назва горада яго — Дэнаба. І памёр Бэла, і па ім валадарыў Ёбаб, сын Зары з Босры. Калі памёр Ёбаб, замест яго валадарыў Гусам з зямлі Тэман. А калі ён памёр, па ім валадарыў сын Бэдада, Адад, які пабіў мадыянцаў на раўніне Мааб. Назва горада яго — Авіт. А калі памёр Адад, па ім валадарыў Сэмля з Масрэкі. А пасля яго смерці валадарыў па ім Саўл з Рэхабота, што каля ракі. Калі ж і ён пайшоў, валадарства атрымаў Баал-Ханан, сын Ахабора. А калі ён памёр, па ім валадарыў Адад, назва горада якога Паў, а імя жонкі было Мээтабэль, дачка Матрэд, дачкі Мэзагаба. Вось імёны князёў Эзава паводле іх плямёнаў і мясцовасцей, названых іх імёнамі: князь Тамна, князь Алва, князь Етэт, князь Агалібама, князь Эла, князь Пінон, князь Кенэз, князь Тэман, князь Мабцар, князь Магдыэль, князь Ірам. Гэта князі Эдома, якія жывуць на зямлі валадарства свайго. І менавіта Эзаў — бацька ідумейцаў.

І пражываў Якуб у зямлі Ханаан, па якой вандраваў бацька яго. Вось радавод Якуба. Язэп, калі меў семнаццаць гадоў, яшчэ юнаком пасвіў статак разам з братамі сваімі; і быў ён разам з сынамі Більгі і Зільпы, жонак бацькі свайго; і паведамляў ён бацьку благія чуткі пра іх. А Ізраэль любіў Язэпа болей за ўсіх сыноў сваіх, таму што нарадзіўся ён у яго старасці, і справіў яму доўгую кашулю. І браты яго, бачачы, што бацька любіць яго болей за ўсіх сыноў, зненавідзелі яго і не маглі з ім спакойна гаварыць. І здарылася таксама, што ён расказаў братам сваім убачаны сон, і было гэта прычынай яшчэ большай нянавісці да яго. Ён казаў ім: «Паслухайце сон мой, што я бачыў: снілася мне, што мы вязалі снапы на полі, і быццам бы сноп мой падняўся і стаў, а вашыя снапы акружылі мой сноп і пакланіліся яму». І сказалі яму браты: «Няўжо ты будзеш нашым царом? І няўжо будзеш валадарыць над намі, і будзем у тваёй уладзе?» І яшчэ горш яго зненавідзелі з прычыны яго сноў і слоў. А потым убачыў ён яшчэ іншы сон і, распавядаючы яго, так сказаў братам сваім: «Снілася мне, быццам сонца, і месяц, і адзінаццаць зорак кланяліся мне». А калі гэта расказваў свайму бацьку і братам, бацька яго пасварыўся на яго і сказаў: «Што можа значыць гэты сон, які ты ўбачыў? Ці ж я і маці твая, і браты твае будзем кланяцца табе аж да зямлі?» Дык браты яго зайздросцілі яму, а бацька абдумваў гэта моўчкі. І калі яго браты, пасвячы бацькавы статкі, прабывалі ў Сіхэме, сказаў Ізраэль Язэпу: «Браты твае пасвяць авечак у Сіхэме, ідзі, пашлю цябе да іх». Калі ж ён адказаў: «Я гатовы», той гаворыць яму: «Схадзі і паглядзі, ці ўсё ў парадку з братамі тваімі і з жывёлай, і раскажы мне, як справы». І паслаў яго з даліны Геброна, і прыбыў ён у Сіхэм. І вось, напаткаў яго, калі ён блукаў па полі, адзін чалавек, і запытаў яго, што шукае. А ён адказаў: «Братоў сваіх шукаю. Скажы мне, дзе яны пасвяць статак?» І сказаў яму чалавек: «Пайшлі яны з гэтага месца. Чуў, як казалі яны: “Хадзем у Датайн”». І падаўся Язэп следам за братамі сваімі, і знайшоў іх у Датайне. Калі яны яго ўбачылі яшчэ здалёку, перш, чым падышоў ён да іх, надумаліся яго забіць. І гаварылі адзін аднаму: «Вось, сненнік ідзе, хадзем, заб’ём яго і ўкінем у адну са студняў, і скажам, што дзікі звер яго з’еў. І тады пабачым, ці дапамогуць яму сны яго». Чуючы гэта, Рубэн стараўся вызваліць яго з рук іх і сказаў: «Не будзем забіваць яго. Не пралівайце крыві, але ўкіньце яго ў гэтую студню, якая ёсць на пустыні, і рукі свае захаваеце нявіннымі». Гэтак казаў, хочучы вырваць яго з рук іх і вярнуць бацьку яго. І калі прыйшоў Язэп да братоў сваіх, зараз жа знялі з яго доўгую кашулю і ўкінулі яго ў студню, якая была без вады. І селі яны, каб з’есці хлеба, а калі паднялі вочы, убачылі падарожнікаў ізмаэліцкіх, што ехалі з Галаада, і іх вярблюдаў, якія неслі жывіцу, трагакант, масціку і ладан у Егіпет. Тады Юда сказаў сваім братам: «Што нам за карысць, калі заб’ём брата нашага і схаваем кроў яго? Лепш прадаць яго ізмаэльцам, і рукі нашы не спаганім. Ён усё ж брат наш і цела наша». І згадзіліся браты на яго прапанову. І калі купцы мадыянскія ішлі паўз іх, яны выцягнулі Язэпа са студні і прадалі яго ізмаэльцам за дваццаць срэбранікаў, а тыя павялі яго ў Егіпет. А калі Рубэн вярнуўся да студні і не знайшоў хлопца, дык разарваў на сабе адзенне, і прыбег да братоў сваіх, і закрычаў: «Хлопца няма, а я, куды я пайду?» І ўзялі яны тады адзенне яго, і памачылі ў кроў казла, якога забілі, і паслалі да бацькі, каб прынеслі і сказалі: «Вось што мы знайшлі. Паглядзі, ці гэта доўгая кашуля сына твайго, ці не?» І калі пазнаў бацька яе, залямантаваў: «Гэта ж кашуля сына майго, драпежнік з’еў яго; дзікі звер разарваў Язэпа». І разадраў ён адзенне, і надзеў зрэбніцу, і аплакваў сына свайго доўгі час. І калі сабраліся ўсе дзеці яго, каб суцішыць боль бацькі, не хацеў ён слухаць суцяшэнняў і казаў: «Са смуткам пайду за сынам маім у апраметную». І плакаў па ім бацька яго. А мадыянцы прадалі Язэпа ў Егіпце Патыфару, урадоўцу фараона, начальніку варты.

У той час Юда пакінуў братоў сваіх і накіраваўся да чалавека адаламіта на імя Хіра. І ўбачыў там дачку аднаго хананея на імя Шуа, і, узяўшы яе за жонку, увайшоў да яе. Яна пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Гэр. І зноў яна пачала, і народжанага сына назвала Анан. І трэцяга нарадзіла таксама, і назвала яго Шэла. Яна прабывала ў Кезібе, калі яго нарадзіла. Юда даў свайму першароднаму сыну Гэру жонку на імя Тамар. І першародны сын Юды Гэр быў нягодны ў вачах Госпада, і Ён паслаў на яго смерць. Тады Юда сказаў Анану: «Увайдзі да жонкі брата свайго і жыві з ёй, каб вырасціць брату свайму нашчадкаў». А той, ведаючы, што нашчадкі не будуць яго, уваходзячы да жонкі брата свайго, семя зліваў на зямлю, каб не нарадзіліся нашчадкі з імем брата. Дзеля таго і на яго паслаў Госпад смерць, бо гнюсную справу чыніў ён. З гэтай прычыны Юда сказаў Тамар, нявестцы сваёй: «Будзь удавой у доме бацькі свайго, пакуль не вырасце Шэла, сын мой». Баяўся бо, каб і той не памёр, як браты яго. А яна пайшла і жыла ў доме бацькі свайго. І прайшло многа гадоў, і памерла дачка Шуа, жонка Юды. Ён па жалобе суцешыўся і выбраўся ў Тамну да стрыгуноў авечак сваіх, ён сам і прыяцель яго Хіра адаламіт. І нехта паведаміў Тамар, што свёкар яе выбіраецца ў Тамну стрыгчы авечак. І яна, скінуўшы шаты ўдоўскія, пакрыла сябе вэлюмам і, змяніўшы выгляд, села ў браме Энайм каля дарогі, якая ідзе ў Тамну. Шэла вырас, а яна не атрымала яго за мужа. І калі ўбачыў яе Юда, ён падумаў, што яна блудніца, бо прыкрыла твар свой. Павярнуўшы да яе на дарозе, ён сказаў: «Хадзем, хачу з табой пагуляць», а не ведаў ён, што гэта яго нявестка. А калі яна запыталася: «Што мне дасі за тое, што са мною пагуляеш?» — ён сказаў: «Пашлю табе казляня са статка». Яна зноў сказала: «А ці дасі мне заруку, пакуль прышлеш яго?» Юда кажа: «Якую даць табе заруку?» Адказала: «Пячатку тваю, і пасак, і кій, які трымаеш у руцэ». І ён даў ёй, і ад сувязі з ім жанчына пачала. Потым паднялася яна, і пайшла, і, зняўшы вэлюм, апранулася зноў ва ўдоўскія шаты. А Юда паслаў казляня праз сябра свайго адаламіта, каб вярнуў заруку, якую ён даў жанчыне. Той жа, калі не знайшоў яе, распытваўся ў людзей таго месца: «Дзе блудніца, якая сядзела пры дарозе ў Энайм?» А многія адказвалі: «Не было на гэтым месцы блудніцы». Тады той, вярнуўшыся да Юды, сказаў яму: «Не знайшоў яе, і людзі таго месца казалі мне, што там ніколі не сядзела блудніца». І кажа Юда: «Хай сабе мае. Каб толькі з нас не смяяліся. Я паслаў казляня, якое абяцаў, але ты яе не знайшоў». І вось, па трох месяцах паведамілі Юду: «Твая нявестка Тамар аддалася распусце і зацяжарала з распусты». І сказаў Юда: «Прывядзіце яе, каб была спалена». А калі яе выводзілі на пакаранне, яна паслала да свайго свёкра сказаць яму: «Я пачала ад таго мужчыны, якога гэтыя рэчы. Пазнавай, чыя пячатка, пасак і кій». І ён, пазнаўшы заруку, сказаў: «Яна справядлівейшая за мяне, бо я не аддаў яе Шэлу, сыну майму!» І болей да яе не ўваходзіў. І калі настаў час нараджаць, выявілася, што мае ва ўлонні двайнятаў. У час родаў адно з дзяцей высунула ручку, на якую павітуха завязала чырвоную стужку, кажучы: «Гэты выйшаў першы». Але яно ўцягнула ручку, і выйшаў брат яго. І сказала жанчына: «Як ты зламаў сабе перагароду?» І з той прычыны было дадзена імя яму Пэрэсa. А па ім выйшаў брат яго, у якога на руцэ была стужка; і ён названы Зараb.

А Язэп быў завезены ў Егіпет. І купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, егіпцянін, з рук ізмаэльцаў, якімі быў ён прыведзены. І Госпад быў з ім, і ён быў чалавекам, якому добра вялося ва ўсім, і ён жыў у доме гаспадара свайго. І той добра разумеў, што Госпад з ім, і ва ўсім, што ён рабіў, рука Яго ім кіравала. І Язэп знайшоў ласку ў гаспадара свайго, і паслугаваў яму. І сталася, пасля таго, як той паставіў яго над домам сваім і ўсё, што меў, даручыў яму, дабраславіў Госпад дом егіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславенне Госпада на ўсёй маёмасці яго: як у доме, так і на полі. І той аддаў усё, што меў, у рукі Язэпа, і не ведаў з ім ніякага іншага клопату, акрамя як пра хлеб, якім пасіляўся. А быў Язэп прыгожы тварам і прывабны знешне. Дык звярнула вочы свае на Язэпа жонка гаспадара яго і кажа: «Спі са мною». Але ён не згадзіўся і сказаў ёй: «Вось жа, гаспадар мой усё мне даручыў і не рупіцца ні пра што ў доме сваім, і не можа ніхто быць важнейшым у доме гэтым, чым я; і нічога мне не забараніў, апроч цябе, ты ж жонка яго. Дык як я магу дапусціцца гэтага вялікага злачынства і грашыць супраць Бога?» І падобнымі словамі штодзень дакучала жанчына юнаку, але ён адмаўляўся ад чужаложства. Здарылася аднаго дня, што ўвайшоў Язэп у дом і займаўся сваёй справай без сведкаў, а яна, схапіўшы яго за полы адзення, сказала: «Паспі са мной». А ён, пакінуўшы плашч у яе руках, уцёк і выйшаў вонкі. Калі жанчына ўбачыла, што ён пакінуў плашч у яе руках і ўцёк вонкі, паклікала дамоўнікаў сваіх і сказала ім: «Вось, прывёў ён мужчыну гебрая, каб ён здзекаваўся з нас; ён увайшоў да мяне, каб быць са мною. Калі я закрычала і пачуў ён голас мой, пакінуў ён плашч, які трымала, а сам уцёк вонкі». І затрыманы плашч паказала мужу, які вярнуўся дамоў, і сказала падобныя гэтым словы: «Увайшоў да мяне паслугач гебрай, якога ты прыняў, каб ён насмяяўся з мяне; а калі пачуў крык мой, пакінуў плашч, які трымала, і ўцёк вонкі». Гаспадар, выслухаўшы гэтыя словы жонкі, моцна раззлаваўся і пасадзіў Язэпа ў вязніцу, дзе знаходзіліся вязні фараона. І там яго зняволілі. А Госпад быў з Язэпам і, пашкадаваўшы яго, даў яму ласку ў вачах начальніка вязніцы. І ён аддаў у рукі Язэпа ўсіх вязняў, якіх трымалі пад вартай, і што толькі трэба было там зрабіць — ён рабіў. А начальнік вязніцы не сачыў ужо за тым, што ў яго руцэ было, бо Госпад быў з ім і кіраваў усімі яго справамі.

Па ўсіх гэтых падзеях здарылася, што чарнік цара егіпецкага і пекар правініліся перад гаспадаром сваім. І фараон, разгневаўшыся на двух еўнухаў: на загадчыка чарнікаў і на загадчыка пекараў, адправіў іх пад варту ў дом начальніка целаахоўнікаў, ў вязніцу, дзе ўвязнены быў Язэп. І вось, начальнік варты перадаў іх Язэпу, які прыслугоўваў ім. І прабылі яны пад вартай нейкі час. Аднойчы ноччу яны абодва бачылі сон з адпаведным сэнсам для сябе. І калі да іх раніцай прыйшоў Язэп і ўбачыў іх сумнымі, то спытаўся ў іх: «Чаму сёння сумнейшы твар ваш, чым звычайна?» Яны адказалі: «Бачылі мы сон, і няма каму нам растлумачыць яго». І сказаў ім Язэп: «Ці не ў Бога вытлумачэнне? Скажыце мне, што вы бачылі». Начальнік чарнікаў расказаў свой сон: «Бачыў я перад сабою вінаградны куст, на якім былі тры галінкі. Ён рос паволі ў пупышкі, а па квецені наспелі ягады. І келіх фараона ў руцэ маёй. Я ўзяў гронкі і выціснуў у келіх, які я трымаў, і падаў келіх фараону». Язэп сказаў: «Такое тлумачэнне сну: тры галінкі — гэта яшчэ тры дні, па якіх фараон падыме галаву табе і верне цябе на ранейшае месца. Падаваць будзеш яму келіх паводле свайго абавязку, як гэта звычайна раней рабіў. Толькі памятай пра мяне, калі табе будзе добра, ды зрабі мне ласку і падкажы фараону, каб выпусціў ён мяне з гэтай вязніцы. Бо я ўкрадзены з зямлі гебраяў, і тут нявінна ўкінуты ў яму». А загадчык пекараў, бачачы, што ён разгадаў сон на добрае, сказаў: «І я бачыў сон, што трымаў я на галаве тры кашы мукі і што ў адным кашы, які быў вышэйшы, розная ежа фараона, якая вырабляецца ўмельствам пекара, і птушкі клявалі яе». Язэп адказаў: «Вось такое тлумачэнне сну: тры кошыкі значаць яшчэ тры дні. Па іх здыме табе фараон галаву і павесіць цябе на шыбеніцы, і птушкі будуць дзяўбсці цела тваё». Праз тры дні пасля гэтага быў дзень нараджэння фараона. І ён справіў для сваіх паслугачоў вялікі баль. І тады ў прысутнасці паслугачоў сваіх прыпомніў галоўнага чарніка і загадчыка пекараў. І галоўнага чарніка вярнуў на сваё месца, каб падаваў яму чару, а другога павесіў на шыбеніцы, як растлумачыў ім Язэп. Аднак загадчык чарнікаў не прыпомніў Язэпа і забыўся пра вытлумачальніка свайго.

Праз два гады фараон бачыў сон. Здавалася яму, што стаіць ён над ракой, з якой выйшла сем кароў прыгожых і сытых, і яны пасвіліся на балоцістым поплаве. Таксама іншых сем кароў, брыдкіх і худых, выйшлі за імі з ракі і сталі на самым беразе ракі. І пажэрлі яны сем прыгожых і сытых кароў. І прачнуўся фараон, ды зноў задрамаў і ўбачыў другі сон. На адным сцябле вырасла сем каласоў поўных і прыгожых. І столькі ж з’явілася іншых каласоў, пустых і знішчаных сухім ветрам, і яны знішчылі ўсю папярэднюю прыгажосць. Фараон абудзіўся і [зразумеў, што гэта] сон. І, з надыходам раніцы, устрывожаны, паслаў ён па ўсіх варажбітоў егіпецкіх і па ўсіх мудрацоў сваіх. І калі яны сабраліся, расказаў сон, але не было нікога, хто б вытлумачыў. Тады нарэшце загадчык чарнікаў прыпомніў і сказаў: «Прызнаюся ў граху сваім. Цар, разгневаны на паслугачоў сваіх, загадаў пасадзіць пад варту ў дом начальніка целаахоўнікаў мяне і загадчыка пекараў. Там у адну з начэй мы абодва бачылі сон, прадказанне будучыні. І быў там юнак гебрай, раб таго самага начальніка варты, якому мы расказалі сны. Тое, што мы пачулі, пацвердзіў пазнейшы зыход падзей. Я вернуты да свайго абавязку, а ён павешаны на шыбеніцы». Хутка па загадзе цара быў з вязніцы прыведзены Язэп. Яго падстрыглі, змянілі адзежу і прадставілі яму. Той кажа Язэпу: «Бачыў я сон, і няма нікога, хто б яго разгадаў. Чуў, што ты іх тлумачыш вельмі мудра». Язэп адказаў: «Не я, але Бог дасць адказ фараону на дабро!» І фараон расказаў, што бачыў: «Здавалася мне, што я стаю на беразе ракі, і выйшлі з ракі сем кароў прыгожых з выгляду і сытых целам, і на балотным поплаве шчыпалі зеляніну. І вось жа, па гэтых выйшлі іншыя сем кароў, і настолькі агідных і худых, што я ў зямлі Егіпецкай такіх ніколі не бачыў, і яны, зжэршы і паглынуўшы першых, ніколькі не пасыцелі, але заставаліся гэткімі ж самымі худымі і брыдкімі. Я прабудзіўся і, зноў сном замораны, бачыў сон: вырасла сем каласоў на адным сцябле, поўных і вельмі прыгожых. Але іншыя, таксама сем, пустых і знішчаных сухім ветрам, з’явіліся са сцябла. Яны праглынулі прыгажосць тых першых. Расказаў я сон варажбітам, і няма нікога, хто б разгадаў». Язэп сказаў: «Сон цара адзін. Што мае стацца, — Бог аб’явіў фараону. Сем кароў прыгожых і сем каласоў поўных — гэта сем гадоў ураджайных: адно і тое ж значэнне сну выражаюць. А сем кароў худых і брыдкіх, якія выйшлі за тымі, і сем каласоў пустых і знішчаных сухім ветрам — гэта сем гадоў будучага голаду, якія ў такім парадку надыдуць. Вось жа, пачынаецца сем гадоў надзвычай ураджайных ва ўсёй зямлі Егіпта, па якіх наступяць сем гадоў такога голаду страшнага, што ў няпамяць пойдзе ўся папярэдняя шчодрасць. І ахопіць голад усю зямлю, і вялікая ўраджайнасць заменіцца вялікай нястачай. А калі ты бачыў другі раз сон, які датычыўся той самай справы, гэта ёсць моцным доказам, што тое, што Бог сказаў, у хуткім часе Богам будзе споўнена. Дык хай цяпер прадбачыць валадар разумнага і мудрага чалавека і паставіць яго над зямлёй Егіпецкай. І хай паставіць ён наглядчыкаў на ўсе правінцыі, і пятую частку ўраджаю на працягу сямі гадоў урадлівасці, якія ўжо цяпер надыдуць, збірае ў гумны. Хай усё збожжа пад уладай фараона збіраецца і захоўваецца ў гарадах. І хай прыгатуюцца гэтыя запасы для будучых сямі гадоў голаду, які прыцісне Егіпет, і не загіне зямля ў нястачы». І спадабалася парада фараону і ўсім яго паслугачам. І ён сказаў ім: «Ці ж зможам мы знайсці такога чалавека, які быў бы поўны Духу Божага?» І сказаў ён Язэпу: «Калі табе Бог аб’явіў усё, што ты сказаў, то ці змагу знайсці мудрэйшага, падобнага да цябе? Ты будзеш над маім домам, і загаду вуснаў тваіх паслухаецца ўвесь мой народ. Адно толькі: дастойнасцю царскай буду перавышаць цябе». І сказаў яшчэ фараон Язэпу: «Вось, я ўстанаўляю цябе над усёй зямлёй Егіпта». І зняў фараон свой пярсцёнак з пальца і ўздзеў яго на палец Язэпа, і загадаў апрануць яго ў шаты з найчысцейшага лёну, і павесіў яму на шыю залаты ланцуг. І загадаў вазіць яго на другой сваёй павозцы і клікаць перад ім: «Абрэк!», і каб усе перад ім укленчвалі і ведалі, што ён правіцель над усёй Егіпецкай зямлёй. І сказаў цар Язэпу: «Я — фараон. Без твайго загаду ніхто не паварухне рукой або нагой ва ўсёй зямлі Егіпта». І змяніў імя яго, і назваў яго на мове егіпецкай: Сапанэт-Панэкa, і даў яму за жонку Асэнат, дачку Патыфэра, святара Геліяпольскага. І так Язэп узвысіўся над усёй зямлёй Егіпецкай — а меў ён трыццаць гадоў, калі стаў перад абліччам цара-фараона, і аб’ехаў ён усе правінцыі Егіпта. І надышла ўрадлівасць на працягу сямі гадоў, і сабраў ён хлеб у гумны ў Егіпце, назапашваючы ў кожным горадзе збожжа з навакольных палёў. І быў такі дастатак пшаніцы, што можна было прыпадобніць да пяску марскога, так што ён перавышаў меру. І нарадзіліся Язэпу два сыны перад тым, як настаў голад, якіх яму нарадзіла Асэнат, дачка Патыфэра, святара Геліяпольскага. І даў ён першароднаму імя Манаса, кажучы: «Даў мне Бог забыцца пра ўсе цяжкасці мае і пра дом бацькі майго». А другога назваў імем Эфраім, бо казаў: «Даў мне Бог расці ў зямлі нядолі маёй». Вось, калі прайшлі сем гадоў ураджайных, якія былі ў Егіпце, пачалі надыходзіць сем гадоў нястачы, якія прадказаў Язэп, і на ўсім свеце запанаваў голад. Ва ўсёй жа зямлі Егіпецкай быў хлеб. Калі ж і ў ёй настаў голад, увесь народ звярнуўся да фараона, просячы ежы. Ён жа ім адказаў: «Ідзіце да Язэпа і, што вам скажа, рабіце». І запанаваў голад ва ўсёй зямлі Егіпта; Язэп адкрыў усе гумны і прадаваў [хлеб] егіпцянам, бо і іх прыціскаў голад. І ўсе жыхары прылеглых земляў прыбывалі ў Егіпет, каб купіць харчоў у Язэпа, бо голад лютаваў па ўсёй зямлі.

Калі пачуў Якуб, што харчаванне прадаецца ў Егіпце, сказаў сынам сваім: «Чаму вы аглядаецеся адзін на аднаго? Я чуў, што ў Егіпце прадаюць пшаніцу. Схадзіце і купіце для нас, што патрэбна, каб мы маглі пражыць і не памерлі з нястачы». І дзесяць братоў Язэпа выбраліся, каб купіць збожжа ў Егіпце, а Бэньяміна, брата Язэпа, Якуб утрымаў дома, кажучы яго братам: «Каб у дарозе не здарылася чаго нядобрага». І сыны Ізраэля прыбылі ў зямлю Егіпецкую з іншымі, якія ішлі, каб купіць збожжа, бо голад быў у зямлі Ханаан. І Язэп быў правіцелем у зямлі Егіпецкай, і за яго згодай прадавалася збожжа народам. І калі прыбылі браты Язэпа і пакланіліся яму нізка да зямлі, ён пазнаў іх і, як бы ў чужых, строга запытаўся ў іх: «Адкуль прыбылі вы?» Яны адказалі: «З зямлі Ханаан, каб купіць харчоў для пражыцця». І ён сам пазнаў братоў, але імі не быў пазнаны. І, прыпомніўшы сны, якія калісьці бачыў, сказаў ім: «Шпіёны вы, прыйшлі вы, каб агледзець месцы неўмацаваныя!» Яны адказалі: «Не, гаспадару, гэта — паслугачы твае, прыбылі, каб купіць харчоў. Усе мы — сыны аднаго чалавека, шчырыя мы, і нічога рабы твае не надумваюць благога». Ён ім адказаў: «Не, прыбылі вы, каб агледзець неўмацаваныя месцы гэтай зямлі!» А яны сказалі: «Нас дванаццаць братоў, паслугачоў тваіх, сыноў аднаго чалавека ў Ханаане. Наймалодшы застаўся з бацькам нашым, а аднаго ўжо няма». Сказаў: «Так ёсць, як я вам сказаў: вы шпіёны! Таму праверу вас. Прысягаю жыццём фараона, не выйдзеце адсюль, пакуль не прыбудзе наймалодшы брат ваш! Пашліце з вас аднаго, і хай ён прывядзе яго. Вы ж застанецеся ў вязніцы, пакуль не высветліцца, што вы сказалі: ці праўдзіва, ці фальшыва. Інакш, прысягаю жыццём фараона, шпіёны вы!» І аддаў іх пад варту на тры дні. На трэці дзень, вывеўшы іх з вязніцы, сказаў: «Рабіце, што загадаў, і будзеце жыць, бо я баюся Бога. Калі шчырыя вы, адзін брат ваш застанецца ў вязніцы, а вы ідзіце і вязіце збожжа, якое купілі, да дамоў вашых, ды брата вашага наймалодшага да мяне прывядзіце, каб я мог праверыць вашыя словы, і вы не памраце» І яны зрабілі, як ён загадаў, і гаварылі паміж сабою: «Заслужана гэта церпім, бо правініліся мы адносна брата нашага. Бачылі мы гора душы яго, як прасіўся ў нас, а мы не выслухалі. Таму і на нас прыйшла гэтая бяда». А Рубэн гаворыць: «Ці не казаў я вам: “Не грашыце супраць хлопца?” І не паслухалі мяне. Кроў яго спаганяецца». І не ведалі яны, што Язэп разумее, бо з імі размаўляў праз перакладчыка. І адышоў ён хутчэй, і заплакаў, і, вярнуўшыся, гаварыў з імі. І адлучыў ад іх Сімона, і ў іх прысутнасці загадаў яго звязаць. І загадаў напоўніць мяхі іх збожжам, і каб ў кожным мяху былі ўложаны дадзеныя імі грошы, і каб далі ім яшчэ харчоў на дарогу. Так і было зроблена. І яны, усклаўшы збожжа на аслоў сваіх, падаліся ў дарогу. Калі адзін з іх адкрыў мех свой, каб пакарміць асла ў заездзе, убачыў грошы наверсе ў мяху, і сказаў братам сваім: «Вярнулі мне грошы, вось, яны ляжаць у мяху!» Яны здзівіліся і ўстрывожыліся разам, і казалі: «Што гэта такое, што нам гэтак Бог зрабіў?» І прыйшлі яны да Якуба, бацькі свайго, у зямлю Ханаан, і расказалі яму ўсё, што здарылася з імі, кажучы: «Гаварыў з намі правіцель зямлі строга і думаў, што мы — шпіёны у гэтай правінцыі. Мы яму адказалі: “Мы шчырыя і не надумваем ніякіх подступаў, нарадзіліся мы дванаццаць братоў у аднаго бацькі, аднаго ўжо няма, наймалодшы з бацькам нашым у зямлі Ханаан”. І сказаў нам [той] чалавек, правіцель зямлі: “Вось як праверу, ці вы шчырыя: аднаго брата вашага пакіньце ў мяне, а харчы, неабходныя ў дамах вашых, вазьміце і ідзіце; брата вашага найменшага прывядзіце да мяне, каб я пераканаўся, што вы не шпіёны. А таго, што ў путах, зможаце забраць назад і далей будзеце мець дазваленне хадзіць па гэтай зямлі”». Па гэтай размове, калі высыпалі яны збожжа, кожны знайшоў наверсе меха капшук з грашамі. І ўсе разам надта спалохаліся. І сказаў бацька Якуб: «Зрабілі вы, што я застаюся без дзяцей: Язэпа няма, Сімяон у вязніцы, Бэньяміна забярэце. На мяне ўсе гэтыя беды нахлынулі». А Рубэн сказаў яму: «Калі не вярну яго табе, забі двух сыноў маіх. Аддай яго ў рукі мае, а я яго вярну табе». А той адказаў: «Не пойдзе сын мой з вамі. Брат яго памёр, ён толькі адзін застаўся: калі яму што нядобрае здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю з болем у апраметную».

Тым часам голад страшэнна прыціскаў усю зямлю. Па спажыцці харчоў, якія прывезлі з Егіпта, Якуб сказаў сваім сынам: «Вярніцеся і купіце для нас крыху харчоў». Адказаў Юда: «Заявіў нам чалавек той пад прысягаю: “Не ўбачыце аблічча майго, калі не прывядзеце з сабой наймалодшага брата вашага”. Дык калі згаджаешся паслаць яго з намі, пойдзем адначасна і купім табе неабходнае. Калі не згаджаешся, не пойдзем, бо чалавек той, як часта табе казалі, выразна нам заявіў: “Не ўбачыце аблічча майго без малодшага брата вашага”». І сказаў ім Ізраэль: «Чаму на маю бяду вы гэта зрабілі, што прызналіся яму, паведаміўшы, што вы маеце іншага брата?» А яны адказалі: «Распытваў нас чалавек той пра радню нашую па парадку: ці жывы бацька, ці ёсць у нас брат, — і мы адказвалі яму паслядоўна паводле таго, пра што пытаўся. Ці ж маглі здагадацца, што скажа: “Прывядзіце брата вашага з сабой”?» І сказаў Юда бацьку свайму, Ізраэлю: «Пусці хлопца са мною, каб мы выправіліся і каб маглі жыць, каб не памерлі мы, і ты, і малыя нашыя. Я адказваю за хлопца, з маёй рукі запатрабуй яго. Калі не вярну і не аддам табе яго, буду вінаваты ў граху перад табой назаўсёды. Калі б не было адтэрміноўкі, другі раз ужо, напэўна, схадзілі б». Тады бацька іх, Ізраэль, сказаў ім: «Калі так трэба, рабіце, што хочаце; вазьміце найлепшых пладоў зямлі ў посудах сваіх і занясіце як дары таму чалавеку крыху пахкай жывіцы, мёду, трагаканту і ладану, тэрэбінітавых фісташак і міндальных арэхаў. А грошай вазьміце з сабой удвайне, ды тыя, што знайшлі ў мяшках, занясіце назад, каб часам не было памылкі; таксама вазьміце вашага брата і ідзіце да таго чалавека. Хай Усемагутны Бог мой дасць, каб ён пашкадаваў вас і адпусціў вашага брата, якога трымае, ды і гэтага Бэньяміна. А я, быццам сірата, застануся без дзяцей». І ўзялі яны падарункі, і падвоеныя грошы, і Бэньяміна, і накіраваліся ў Егіпет, і прадсталі перад Язэпам. Калі ён убачыў іх і Бэньяміна разам, загадаў аканому дому свайго, кажучы: «Завядзі людзей у дом, і забі найлепшую жывёліну, і спраў баль, бо будуць яны са мною есці апоўдні». І той зрабіў, што яму было загадана, і ўвёў гэтых людзей у дом Язэпа. Там, напалоханыя, яны казалі адзін аднаму: «Дзеля грошай, якія раней прынеслі мы ў мяхах сваіх, увялі нас, каб напасці раптам на нас, і зрабіць нас гвалтоўна нявольнікамі, і аслоў нашых забраць». Дзеля таго ў самых дзвярах падышлі яны да аканома дому і сказалі: «Просім, гаспадару, паслухай нас. Ужо мы прыходзілі, каб купіць харчоў, І, купіўшы іх, калі прыбылі ў заезд, то адкрылі мяхі свае і знайшлі наверсе мяхоў грошы, якія цяпер у той самай вазе прывезлі назад. Але мы прывезлі таксама срэбра, каб купіць тое, што нам неабходна. Мы не ведаем, хто паклаў срэбра ў нашы мяхі». Але ён адказаў: «Будзьце спакойныя, не бойцеся. Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам скарб у вашы мяхі. Бо грошы, якія далі вы мне, мною пацверджаны». І прывёў да іх Сімяона. І, увёўшы іх у дом, прынёс вады, і яны памылі ногі свае, і даў таксама корм для аслоў іх. А яны падрыхтавалі дары, перш чым прыйшоў Язэп апоўдні. Бо дачуліся, што там будуць палуднаваць. І калі ў дом свой увайшоў Язэп, прынеслі яму дары, трымаючы ў руках сваіх, і пакланіліся яму да зямлі. А ён, ласкава прывітаўшы ў адказ, запытаўся ў іх, кажучы: «Ці здаровы бацька ваш, стары, пра якога расказвалі вы мне? Ці яшчэ жыве?» Яны адказалі: «Здаровы паслугач твой, бацька наш, яшчэ жыве». І яны ўкленчылі, і пакланіліся яму. І, падняўшы вочы свае, Язэп убачыў Бэньяміна, брата свайго, сына сваёй маці, і спытаўся: «Гэта брат ваш малодшы, пра якога гаварылі вы мне?» І сказаў далей: «Хай Бог мае ў ласцы цябе, сын мой». І хуценька выйшаў ён, бо ўзварушылася сэрца яго дзеля брата яго і вырываліся слёзы. І, увайшоўшы ў пакой, ён расплакаўся. Пасля, абмыўшы твар, вярнуўся; і трымаў сябе, і загадаў: «Падайце ежу». І калі падалі ім, асобна Язэпу і асобна братам, і таксама асобна егіпцянам, якія елі разам, — бо недапушчальна егіпцянам есці разам з гебраямі, і гэткі абед лічаць ганебным, — то селі яны перад ім; першародны паводле першародства свайго, а малодшы — паводле ўзросту свайго. І здзіўляліся вельмі, прымаючы порцыі, якія атрымлівалі ад яго; і большая порцыя дасталася Бэньяміну; яна ўпяцёра пераўзыходзіла іншыя порцыі. І пілі яны, і захмялелі разам з ім.

І загадаў Язэп аканому дому свайго, кажучы: «Напоўні збожжам іх мяхі, колькі могуць змясціць, і пакладзі грошы кожнага наверсе меха. А ў адтуліну меха малодшага пакладзі чару маю срэбраную і плату, якую ён даў за пшаніцу». Так і было зроблена. І назаўтра, калі развіднела, яны былі адпушчаны з асламі сваімі. Ледзь, аднак, выбраліся яны з горада і крыху прайшлі, Язэп, паклікаўшы аканома дому, сказаў яму: «Уставай, і дагані людзей, і, затрымаўшы, скажы: “Чаму адгадзілі вы ліхам за дабро? Чаму ўкралі ў мяне срэбраную чару? Хіба ж гэта не тая, з якой п’е гаспадар мой і на якой ён звычайна варожыць? Вялікае ліха вы ўчынілі!”» І зрабіў той, як ён загадаў, і, затрымаўшы іх, па парадку сказаў [усё гэта]. Яны адказалі: «Чаму так кажа гаспадар наш? Немагчыма, каб паслугачы твае ўчынілі гэткую ганебную справу. Грошы, якія мы знайшлі наверсе мяхоў, мы прынеслі табе назад з зямлі Ханаан. І як маглі мы ўкрасці золата ці срэбра з дому гаспадара твайго? У якога з паслугачоў тваіх знойдзецца, што шукаеш, той хай памрэ, а мы будзем паслугачамі гаспадара нашага». Ён сказаў ім: «Хай станецца па вашым рашэнні: у каго будзе знойдзена, ён будзе паслугачом маім. Вы ж будзеце невінаватыя». І так паспяшаліся, зняўшы мяхі на зямлю, і паадкрывалі кожны. І ён, абшукваючы іх, пачынаючы ад старэйшага да наймалодшага, знайшоў чару ў мяху Бэньяміна. І яны, з жалю раздзёршы адзенне і ўсклаўшы зноў мяхі на аслоў, вярнуліся ў горад. І Юда з братамі ўвайшоў да Язэпа — а ён быў яшчэ дома, — і ўсе разам укленчылі перад ім. І ён сказаў ім: «Чаму вы надумалі так зрабіць? Ці вы не ведаеце, што няма падобнага мне чалавека ў майстэрстве варажбы?» Юда адказаў яму: «Што адказаць нам гаспадару нашаму? Што прамовіць? Чым можна апраўдацца? Бог выявіў несправядлівасць паслугачоў тваіх. Што ж, мы ўсе — паслугачы гаспадара майго: і мы, і той, у каго знойдзена чара». Язэп адказаў: «Я гэтага не зраблю! Хто ўкраў чару, хай той будзе паслугачом маім, вы ж ідзіце свабодна да бацькі свайго». Тады Юда, падышоўшы бліжэй, сказаў даверліва: «Малю, гаспадару мой, хай скажа паслугач твой словы ў вушы твае, ды не гневайся на паслугача твайго, бо ты — як фараон! Гаспадар мой спытаў перш паслугачоў сваіх: “Ці маеце бацьку або брата?” А мы адказалі гаспадару майму: “Ёсць у нас бацька стары і хлопец малады, які ў старасці яго нарадзіўся, якога родны брат памёр, і ён адзін застаўся ад маці сваёй, бацька таму пяшчотна любіць яго”. І сказаў ты паслугачам тваім: “Прывядзіце яго да мяне, я ўзніму вочы мае на яго”. Мы даказвалі гаспадару майму: “Не можа хлопец пакінуць бацькі свайго, бо, калі яго пакіне, той памрэ”. Тады сказаў ты паслугачам тваім: “Калі не прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, вы больш не ўбачыце аблічча майго”. Дык калі мы прыйшлі да паслугача твайго, бацькі нашага, і расказалі яму ўсё, што сказаў гаспадар мой, то сказаў бацька наш: “Вярніцеся і купіце для нас крыху пшаніцы”. Яму мы сказалі: “Пайсці мы не можам. Калі брат наш наймалодшы пойдзе разам з намі, то пойдзем і мы, інакш, без яго, не зможам мы ўбачыць аблічча таго чалавека”. На гэта паслугач твой, бацька мой, адказаў: “Вы ведаеце, што жонка мая нарадзіла мне дваіх. Аднойчы адзін ад мяне пайшоў, і я сказаў: “Дзікі звер з’еў яго!” І дасюль не аб’явіўся. Калі возьмеце і гэтага ад мяне, ды яму што здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю са смуткам у апраметную”. Дык, калі ўвайду я да паслугача твайго, бацькі майго, і хлопца не будзе, — бо жыццё бацькі залежыць ад яго жыцця і ўбачыць, што яго з намі няма, — то ён памрэ; і звядуць паслугачы твае сівізну яго з жалем у апраметную. Паслугач твой даў прысягу бацьку свайму за хлопца: калі не вярну яго, цяжка зграшу адносна бацькі свайго на ўсё жыццё. Дык застануся я, паслугач твой, за хлопца ў службе гаспадару майму, а хлопец хай ідзе з братамі сваімі. Бо не магу вярнуцца да бацькі майго без хлопца, каб не быць сведкам няшчасця, якое нахлыне на бацьку майго».

І не мог Язэп больш стрымаць сябе ў прысутнасці ўсіх, хто стаяў побач, і закрычаў: «Выйдзіце ўсе адсюль!» І нікога не было з ім, калі ён выявіў сябе братам сваім. І ўзнёс ён голас з плачам, які чулі егіпцяне ды ўвесь дом фараона. І сказаў Язэп братам сваім: «Я — Язэп! Ці жыве яшчэ бацька мой?» І не маглі адказаць яму браты, ахопленыя вялікім страхам. Ён жа сказаў ім ласкава: «Падыдзіце да мяне!» І, калі падышлі блізка, сказаў: «Я — Язэп, брат ваш, якога прадалі вы ў Егіпет. Не шкадуйце, і хай не здаецца ганебным, што мяне прадалі ў гэтую мясцовасць. Для паратунку вашага паслаў мяне Бог перад вамі ў Егіпет. Два гады, як пачаўся голад на зямлі, а яшчэ застаецца пяць гадоў, у якіх нельга будзе ані араць, ані жаць. Раней паслаў мяне Бог, каб былі вы захаваныя на зямлі і каб выратаваць жыццё вашае збаўленнем вялікім. Не па вашым рашэнні, але па волі Божай пасланы я сюды Тым, Хто зрабіў мяне, як бы бацькам фараона і гаспадаром усяго дому яго, і князем на ўсёй зямлі Егіпецкай. Спяшайцеся і ідзіце да бацькі майго, і скажыце яму: “Гэта загадвае сын твой Язэп: “Бог учыніў мяне гаспадаром усёй зямлі Егіпецкай. Прыходзь да мяне, не марудзь. І будзеш жыць у зямлі Гашэн. Будзеш блізка да мяне ты, і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, авечкі твае і статак твой, і ўсё, што маеш. Там буду цябе карміць, бо застаецца яшчэ пяць гадоў голаду, каб не прапаў і ты, і дом твой ды ўсё, што маеш”. Вось жа вочы вашыя і вочы брата майго Бэньяміна бачаць, што вусны, якія прамаўляюць да вас, — мае. Раскажыце бацьку майму пра ўсю славу маю ў Егіпце і пра ўсё, што вы бачылі. Спяшайцеся і прывядзіце яго да мяне». І кінуўся ён на шыю брату свайму Бэньяміну, і абняў яго, і заплакаў, а ён таксама плакаў на яго шыі. І цалаваў Язэп усіх братоў сваіх, і плакаў над кожным. Тады толькі адважыліся яны гаварыць да яго. І разышлася добрая чутка ў палацы фараона: «Прыбылі браты Язэпа». І радаваўся фараон і ўся яго сям’я. І сказаў ён Язэпу: «Загадай братам сваім, кажучы: “Наўючце жывёлу вашу і ідзіце ў зямлю Ханаан, і вазьміце адтуль бацьку вашага і радню, і прыходзьце да мяне, і я дам вам усё дабро Егіпта, каб спажывалі вы лепшае ад зямлі”. Загадай таксама: “Вазьміце вазы з зямлі Егіпецкай для перавозкі дзяцей вашых і жонак. І вазьміце бацьку вашага і спяшайцеся як найхутчэй прыбыць. Не турбуйцеся з-за маёмасці вашай, бо ўсе багацці Егіпта будуць вашы”». І сыны Ізраэля зрабілі ўсё, што ім было загадана. І даў ім Язэп вазы па загадзе фараона і харчы, патрэбныя ў дарозе. Таксама загадаў ён прынесці для кожнага з іх вопратку на змену, Бэньяміну ж даў трыста срэбранікаў і пяць пар вопраткі на змену. А свайму бацьку таксама паслаў дзесяць аслоў, якія мелі даставіць усялякія багацці Егіпта, ды столькі ж асліц, што неслі пшаніцу, і хлеб, і харчы на дарогу. І адпусціў братоў сваіх, і сказаў, калі яны выпраўляліся: «Не сварыцеся ў дарозе!» І яны, выбраўшыся з Егіпта, прыбылі ў зямлю Ханаан да бацькі свайго Якуба, і паведамілі яму, кажучы: «Язэп жывы, і ён валадарыць над усёй Егіпецкай зямлёю!» Але сэрца яго засталося халодным, бо ён не верыў ім. Тады пераказалі ўсе словы, якія сказаў ім Язэп. І калі ўбачыў ён вазы і ўсё, што прыслаў Язэп дзеля таго, каб прывезці яго, аджыў дух яго, і ён сказаў: «Хопіць мне, калі яшчэ жыве Язэп, сын мой. Пайду і пабачу яго, перш чым памру».

І выбраўся Ізраэль з усім, што меў, і прыбыў у Бээр-Сэбу, і, склаўшы там ахвяру Богу бацькі свайго Ізаака, пачуў, як Ён клікаў яго ў начной з’яве: «Якубе, Якубе!» Той адказаў Яму: «Вось я!» І сказаў Ён яму: «Я — Бог, Бог бацькі твайго. Не бойся перабірацца ў Егіпет, бо вялікім народам зраблю Я цябе там. Я пайду разам з табой туды і адтуль выведу цябе назад, а Язэп ускладзе рукі свае на вочы твае». І рушыў далей Якуб з Бээр-Сэбы. І павезлі яго сыны з дзецьмі і жонкамі сваімі на вазах, якія прыслаў фараон, каб прывезці старога, а таксама ўзялі яны ўсё, што мелі ў зямлі Ханаан. І прыбылі яны ў Егіпет, Якуб і ўсе нашчадкі яго, сыны яго і ўнукі, дочкі і ўвесь род. Такія вось імёны сыноў Ізраэля, якія прыйшлі ў Егіпет, ён з дзецьмі сваімі: першародны Рубэн. Сыны Рубэна: Гэнох, і Паллю, і Хэцрон, і Хармі. Сыны Сімяона: Ямуэль, і Ямін, і Огад, і Яхін, і Цахар і Саўл, сын хананейкі. Сыны Леві: Гэрсон, Кагат і Мэрары. Сыны Юды: Гэр, і Анан, і Шэла, і Пэрэс, і Зара. Але Гэр і Анан памерлі ў зямлі Ханаан. Сыны Пэрэса былі: Эсром і Гамул. Сыны Ісахара: Тола, і Пува, і Ясуб, і Сэмрон. Сыны Забулона: Сарэд, і Элон, і Яхэлэль. Гэта сыны Ліі, якіх нарадзіла яна яму ў Падан-Араме, а таксама Дзіну, дачку сваю. Усіх душ сыноў яго і дачок трыццаць тры. Сыны Гада: Сэфон і Хагі, Шуні і Эцбон, Эры і Арод, і Арэлі. Сыны Асэра: Емна, і Ешуа, і Ішві, і Бэрыя і іх сястра Сараі. А сыны Бэрыі: Гебэр і Мэлхіэль. Гэта сыны Зільпы, якую даў Лабан дачцэ сваёй Ліі, а яна нарадзіла іх Якубу, усяго шаснаццаць душ. Сыны Ракелі, жонкі Якуба: Язэп і Бэньямін. Язэпу нарадзіліся ў Егіпце сыны, якіх нарадзіла яму Асэнат, дачка Патыфэра, святара Геліяпольскага: Манаса і Эфраім. і Сыны Бэньяміна: Бэла і Бахор, і Асбэл, Гэра і Нааман, і Эхі, і Рош, Мапім і Хупім, і Арэд. Гэта сыны Ракелі, і яна нарадзіла іх Якубу. Усіх чатырнаццаць душ. Сын Дана: Хусім. Сыны Нэфталі: Ясіэль, і Гуні, і Язэр, і Шылем. Гэта сыны Більгі, якую даў Лабан Ракель, сваёй дачцэ, і яна нарадзіла іх Якубу. Усіх сем душ. Усіх душ, якія прыбылі з Якубам у Егіпет і выйшлі з яго сцёгнаў, было агулам, апроч жонак сыноў яго, шэсцьдзесят шэсць. Сыноў жа Язэпа, якія яму нарадзіліся ў зямлі Егіпта, было дзве душы. Усіх душ дому Якуба, якія прыбылі ў Егіпет, было семдзесят. І выслаў ён Юду перад сабой да Язэпа, каб той паведаміў і прыйшоў у Гашэн. І прыйшлі яны ў зямлю Гашэн. Язэп, запрэгшы сваю калясніцу, выехаў насустрач бацьку свайму ў Гашэн; і, убачыўшы яго, кінуўся яму на шыю, і, абняўшы, доўга плакаў. І сказаў Ізраэль Язэпу: «Цяпер я спакойна памру, бо ўбачыў аблічча тваё і ведаю, што ты жывы!» А той сказаў братам сваім і ўсёй сям’і бацькі свайго: «Пайду і паведамлю фараону, і скажу яму: “Браты мае і сям’я бацькі майго, якія пражывалі ў зямлі Ханаан, прыбылі да мяне. Яны пастухі авечак і займаюцца гадаваннем жывёлы; жывёлу дробную, буйную і ўсё, што маглі мець, прывялі яны з сабою”. Калі пакліча ён вас і запытае: “Чым вы займаецеся?” — вы адкажаце: “Мы, паслугачы твае, — пастухі ад дзяцінства нашага і аж да цяперашняга часу, і мы, і бацькі нашы”. Гэта вось скажаце, каб маглі жыць у зямлі Гашэн, бо брыдзяцца ўсе егіпцяне пастухамі авечак».

І Язэп, увайшоўшы да фараона, абвясціў, сказаўшы: «Бацька мой і браты, авечкі іх і жывёла ды ўсё, што маюць, прыбылі з зямлі Ханаан, і вось, яны знаходзяцца ў зямлі Гашэн». І з усіх братоў сваіх пяць мужчын паставіў перад царом. Той іх запытаў: «Чым займаецеся?» Яны адказалі: «Мы, паслугачы твае, — пастухі авечак, і мы, і бацькі нашы». І сказалі фараону: «Мы прыйшлі, каб качаваць па зямлі, бо ў нас няма травы для статка паслугачоў тваіх, бо павялічыўся голад у зямлі Ханаан. Просім, каб прызначыў нам, паслугачам тваім, пасяліцца ў зямлі Гашэн». І сказаў цар Язэпу: «Бацька твой і браты твае прыбылі да цябе. Зямля Егіпецкая перад табою. Пасялі іх на найлепшым месцы і аддай ім зямлю Гашэн. А калі ведаеш між імі людзей здольных, устанаві іх наглядчыкамі над маёй жывёлай». Пасля таго прывёў Язэп бацьку свайго да цара і паставіў яго перад ім. І дабраславіў Якуб фараона. Фараон спытаўся ў яго: «Колькі гадоў жыцця твайго?» Ён адказаў: «Дзён пілігрымавання майго — сто трыццаць гадоў, кароткіх і ліхіх; не дасягнулі яны нават дзён бацькоў маіх, на працягу якіх яны пілігрымавалі». І, дабраславіўшы цара, выйшаў вонкі. А Язэп, па загадзе фараона, бацьку і братам сваім даў уладанне ў Егіпце ў найлепшым месцы — у зямлі Рамэсас, і карміў ён іх ды ўвесь дом бацькі свайго, забяспечваючы харчамі кожнага. А на ўсёй зямлі не хапала хлеба, і зямлю ўціскаў страшны голад. І прападала зямля Егіпта і Ханаана з-за голаду. А ён праз продаж збожжа сабраў з гэтых земляў усе грошы і занёс іх у скарбніцу цара. І калі ў пакупнікоў не засталося грошай, усе жыхары Егіпта прыйшлі да Язэпа і казалі: «Дай нам хлеба! Нашто паміраць нам на вачах у цябе, бо не маем ужо грошай!» Ён ім адказваў: «Прыводзьце жывёлу сваю, і за яе дам вам ежы, калі не маеце платы». Калі яны прыводзілі, Язэп даваў ім харчы за коней, і авечак, і валоў, і аслоў. І карміў іх у той год у замену за жывёлу. На другі год таксама прыйшлі да яго і сказалі яму: «Не хаваем перад гаспадаром нашым, што не маем грошай, жывёла перайшла да гаспадара нашага, і не сакрэт для цябе, што, акрамя целаў і зямлі, нічога болей не маем. Дык нашто нам паміраць на вачах тваіх, і нам, і зямлі нашай? Купі нас і зямлю нашу ў паднявольнасць цару ды забяспеч нас насеннем, каб разам з пагібеллю аратая не ператварылася зямля ў пустыню». І Язэп купіў усю зямлю Егіпецкую, бо кожны прадаў уладанне сваё дзеля вялікага голаду. І так падпарадкаваў яе фараону, а ўсе народы яе аддаў яму ў няволю, ад найбліжэйшых межаў Егіпта да самых далёкіх яго ўскрайкаў. Святарскай жа зямлі не купляў, бо яны карысталіся харчамі па фараонавым распараджэнні, таму не былі вымушаны прадаваць свае ўладанні. І сказаў Язэп людзям: «Вось, бачыце, што і вы, і зямля ваша належыце фараону. Вазьміце насенне і засейце палі, каб маглі мець ураджай. Пятую частку аддасце фараону, а чатыры астатнія аддаю вам на насенне і на ежу сем’ям і дзецям вашым». Яны адказвалі: «Ты ўратаваў нас! Спагадным толькі будзь да нас, гаспадару наш, а мы з радасцю будзем служыць цару». З таго часу аж па сённяшні дзень даецца пятая частка з усёй зямлі Егіпецкай фараонам; і было [гэта] ўсталявана Язэпам, як закон, за выключэннем зямлі святарскай, якая вольная ад гэтай умовы. І абжыўся Ізраэль у Егіпце, гэта значыць, у зямлі Гашэн, і ўзяў яе на ўласнасць, і разрастаўся, і вельмі размножыўся. І пражыў Якуб у зямлі Егіпецкай семнаццаць гадоў, і споўнілася ўсіх дзён жыцця яго сто сорак сем гадоў. А калі заўважыў, што набліжаецца дзень смерці яго, паклікаў сына свайго Язэпа і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў цябе, пакладзі руку сваю пад сцягно маё, ды праяві міласэрнасць і вернасць мне, ды не хавай мяне ў Егіпце! Але, калі засну з бацькамі маімі, вывезеш мяне з гэтай зямлі і пакладзеш у магілу продкаў маіх». Адказаў яму Язэп: «Зраблю я, як ты загадаў». Тады ён сказаў: «Прысягні мне!» А калі ён прысягнуў, Ізраэль, адвярнуўшыся, схіліў галаву на ложак.

Па гэтых падзеях было паведамлена Язэпу, што захварэў бацька яго. І ён узяў з сабой двух сыноў, Манасу і Эфраіма. І сказалі старому: «Вось жа, сын твой Язэп прыйшоў да цябе». Ён, сабраўшы сілы, сеў на ложку і, калі той увайшоў да яго, сказаў: «Усемагутны Бог аб’явіўся мне ў Лузе, які ёсць у зямлі Ханаан, і дабраславіў мяне, і сказаў: “Я пашыру цябе і размножу, і зраблю цябе мноствам народаў. Дам табе і нашчадкам тваім па табе гэтую зямлю на вечную ўласнасць”. Дык два твае сыны, якія нарадзіліся табе ў зямлі Егіпецкай, перш чым я прыйшоў да цябе сюды, мае будуць: Эфраім і Манаса будуць лічыцца маімі, як Рубэн і Сімяон. Астатнія ж, якія народзяцца табе пасля іх, будуць тваімі і імем братоў сваіх назавуцца ва ўладаннях сваіх. У мяне, вось, калі я вяртаўся з Падан-Арама, памерла Ракель, маці твая, у зямлі Ханаан, у той жа дарозе, калі заставаўся яшчэ нейкі кавалак да Эфраты, і я пахаваў яе ля дарогі ў Эфрату, якая іншым імем называецца Бэтлехэм». Бачачы ж сыноў яго, спытаўся ў яго: «Хто гэта?» [Язэп] адказваў: «Сыны мае, якіх даў мне Бог у гэтым месцы». «Падвядзі, — кажа, — іх да мяне, каб я іх дабраславіў!» А вочы Ізраэля дзеля вялікай старасці былі зацмёныя і не маглі выразна бачыць. Дык калі падвёў іх да яго, абняў іх і пацалаваў, і сказаў сыну свайму: «Не быў я пазбаўлены таго, каб убачыць цябе, звыш таго, паказаў мне Бог нашчадкаў тваіх». Язэп, адсунуўшы дзяцей ад грудзей бацькі, пакланіўся яму тварам аж да зямлі. І паставіў Эфраіма праваруч сябе, гэта значыць леваруч Ізраэля, а Манасу лявіцай сваёй, значыць, праваруч бацькі; і падвёў абодвух да яго. Той, выцягнуўшы правую руку, паклаў яе на галаву Эфраіма, малодшага брата, а левую руку — на галаву Манасы, старэйшага гадамі, змяняючы рукі. І дабраславіў Якуб Язэпа, і сказаў: «Бог, у прысутнасці Якога хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ізаак, Бог, Які пасвіў мяне ад юнацтва майго аж па сённяшні дзень, Анёл, які вырываў мяне з усякіх бед, хай дабраславіць гэтых хлопцаў! Хай імя маё, а таксама імёны бацькоў маіх, Абрагама і Ізаака, прызываюцца над імі, і хай яны растуць у вялікае мноства на зямлі!» Калі Язэп убачыў, што бацька яго паклаў правую руку на галаву Эфраіма, не спадабалася гэта яму. І, схапіўшы бацькаву руку, паспрабаваў перакласці з галавы Эфраіма на галаву Манасы. І сказаў бацьку: «Не выпадае так, ойча, бо гэты першародны: пакладзі правіцу сваю на яго галаву!» Але бацька, пярэчачы, сказаў: «Ведаю, сын мой, ведаю, і гэты таксама стане народам і памножыцца, але брат яго меншы большым будзе за яго, і патомства яго разрасцецца ў мноства плямёнаў». І дабраславіў іх у той дзень, кажучы: «Табою будзе дабраслаўляць Ізраэль, і скажа: “Хай учыніць табе Бог, як Эфраіму і як Манасе!”» І даў ён пяршынства Эфраіму перад Манасам. І сказаў ён Язэпу, сыну свайму: «Вось, я паміраю, але Бог будзе з вамі і верне вас у зямлю бацькоў вашых. І я даю табе болей, чым братам тваім, на адну частку, якую здабыў я з рукі амарэя мечам і лукам сваім».

І паклікаў Якуб сыноў сваіх, і сказаў ім: «Збярыцеся, каб мне абвясціць, што чакае вас у пазнейшых часах. Збярыцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце бацькі вашага, Ізраэля! Рубэн, першародны мой, ты — моц мая і пачатак сілы маёй; першы па дастойнасці, старэйшы па сіле! Пенячыся, як вада, не будзеш пяршынстваваць, бо ты ўвайшоў у ложак бацькі свайго і апаганіў пасцель маю. Сімяон і Леві — браты, начынне гвалту зброя іх. У іх нараду не ўвойдзе душа мая, і ў сходзе іх хай не будзе славы маёй, бо ў шале сваім забілі яны чалавека і ў сваволлі сваім падрэзалі жылы быкоў. Праклятая лютасць іх, бо ўпорыстая, і заядласць іх, бо тупая! Падзялю іх у Якубе і раскіну іх у Ізраэлю. Юда, цябе будуць хваліць браты твае, твая рука на карках ворагаў тваіх; будуць пакланяцца табе сыны бацькі твайго. Юда — малады леў, сын мой, ад здабычы падняўся ты; адпачыць лёг ён, як леў і быццам львіца, і хто пабудзіць яго? Не будзе аднятае жазло ад Юды, і кій князя — з-пад ног яго, пакуль не прыйдзе той, чыім яно ёсць і каму скорацца народы. Прывязваючы да вінаградніку аслянятка сваё і да ўшчэпу вінаграднага сына асліцы сваёй, памые ў віне адзенне сваё ды ў крыві вінаграду плашч свой. Вочы яго цямнейшыя за віно, і зубы яго бялейшыя за малако. Забулон на беразе мора будзе жыць і ў прыстані караблёў, пашыраючыся аж да Сідона. Ісахар — асёл дужы, што ляжыць паміж загонаў. Ён убачыў, што супачынак — гэта добра і што зямля — гэта найлепш; і падставіў ён плячо сваё да нашэння, і пачаў служыць за плату. Дан будзе судзіць народ свой як адно з пакаленняў Ізраэля. Дан станецца змяёю на дарозе, гадзінай на сцежцы, што кусае ногі каня, каб коннік яго падаў назад. Чакаць буду, Госпадзе, збаўлення Твайго! Гад — разбойнікі будуць нападаць на яго, а ён будзе наступаць ім на пяты. Асэр — сыты хлеб яго, і ён будзе дзяліць раскошы царскія. Нэфталі — адпушчаная лань, што дае прыгожыя рогі. Язэп — урадлівае дрэва, урадлівае дрэва над крыніцаю: галінкі яго выступаюць па-за мурам. Але дражнілі яго і сварыліся, і варожымі яму былі тыя, якія маюць дроцікі. Ды зламаўся лук іх, і аслаблі мышцы плечаў іх дзякуючы рукам Усемагутнага Якуба, дзякуючы імю Пастыра, Каменя Ізраэля. Бог бацькі твайго будзе Успаможцам тваім, і Усемагутны будзе дабраслаўляць цябе дабраславеннямі нябеснымі з гары, дабраславеннем бездані, што ляжыць унізе, дабраславеннем грудзей і ўлоння. Дабраславенні бацькі твайго ўзмацніліся па-над дабраславеннямі гораў адвечных і па-над пажаданнямі ўзгоркаў спрадвечных; хай будуць яны на галаве Язэпа і на цемені выбранца між братоў сваіх. Бэньямін — воўк драпежны, шторання будзе есці здабычу, а вечарам дзяліць здабытак». Усе яны — гэта дванаццаць пакаленняў Ізраэля. Вось, гэта сказаў ім бацька іх і дабраславіў кожнага паасобку асабістымі дабраславеннямі. А потым даў ім загад, кажучы: «Я далучаюся да народа свайго; дык пахавайце мяне з бацькамі маімі ў пячоры Махпэла, якая знаходзіцца на полі Эфрона Хетыта, насупраць Мамрэ, у зямлі Ханаан, якую купіў Абрагам з полем ад Эфрона Хетыта як магілу ва ўласнасць для пахавання. Там пахавалі яго і жонку яго, Сару, там пахаваны Ізаак з Рэбэкай, жонкай сваёй, там і Лія ляжыць пахаваная; Сгэта поле і пячора, якая на ім, куплена ў сыноў Хетытавых». Скончыўшы даручэнні сынам сваім, паклаў ён ногі свае на ложку і сканаў, і быў далучаны да народа свайго.

І Язэп прыпаў да твару бацькі, і плакаў, і цалаваў яго. І загадаў паслугачам сваім, лекарам, каб забальзамавалі яго бацьку. І прайшло сорак дзён, пакуль яны споўнілі загад, бо такі быў звычай бальзамавання памерлых. І аплаквалі яго жыхары Егіпта семдзесят дзён. Па заканчэнні часу жалобы Язэп прамовіў да сям’і фараона: «Калі я знайшоў ласку ў вас, скажыце фараону, што бацька узяў з мяне прысягу, кажучы: “Вось, я паміраю; у магіле маёй, якую я выкапаў сабе ў зямлі Ханаан, пахавай мяне”. Дык я вось цяпер пайду, пахаваю бацьку свайго і вярнуся». Фараон сказаў яму: «Ідзі і пахавай бацьку свайго, як прысягнуў яму». І калі Язэп выправіўся, пайшлі з ім усе паслугачы фараона, старцы дому яго, і ўсе старэйшыя гадамі зямлі Егіпецкай, сям’я Язэпа з яго братамі, за выключэннем дзяцей і статкаў, якія засталіся ў зямлі Гашэн. Меў ён таксама пры сабе калясніцы і коннікаў, і сабраўся немалы натоўп. І прыбылі яны ў Гарэнатадa, месца, што знаходзіцца за Ярданам, там справілі пахаванне з лямантам вялікім і плакалі несупынна сем дзён. Калі гэта ўбачылі жыхары зямлі Ханаан, казалі: «Гэта вялікая жалоба егіпцян», і дзеля таго названа тое месца Абэл-Міцраімb. І зрабілі сыны Якуба так, як ім ён загадаў. І занеслі яго ў зямлю Ханаан, і пахавалі яго ў пячоры Махпэла, якую купіў Абрагам разам з полем на ўласнасць для пахавання ад Эфрона Хетыта, насупраць Мамрэ. Пахаваўшы бацьку, вярнуўся Язэп у Егіпет з братамі сваімі і з усёй дружынай. Па смерці бацькі Якуба браты Язэпа баяліся і казалі паміж сабой: «Каб часам не ўспомніў ён пра несправядлівасць, ад якой пацярпеў, ды не адпомсціў нам за ўсё ліха, што мы ўчынілі». І перадалі яму, кажучы: «Бацька твой загадаў нам перад смерцю, каб мы табе яго словамі сказалі: “Прашу, забудзь пра злачынства братоў сваіх, і грэх, і ліха, якога дапусціліся адносна цябе”. Мы таксама просім, каб паслугачам Бога бацькі твайго дараваў ты гэтую несправядлівасць». Выслухаўшы іх, Язэп заплакаў. І прыйшлі да яго браты яго і, упаўшы перад ім, казалі: «слугі мы твае». Ён ім адказаў: «Не бойцеся. Ці ж можам працівіцца волі Божай! Вы задумалі для мяне благое, а Бог перамяніў яго на дабро, каб узвысіць мяне, як цяпер бачыце, і каб уратаваць многія народы. Не бойцеся: я буду карміць вас і дзяцей вашых». І суцешыў ён іх, ласкава і зычліва гаворачы з імі. І жыў ён у Егіпце з усёй сям’ёй бацькі свайго, і пражыў сто дзесяць гадоў, і бачыў сыноў Эфраіма аж да трэцяга пакалення. Таксама дзеці Махіра, сына Манасы, нарадзіліся на калені Язэпа. Калі ж гэта прамінула, сказаў ён братам сваім: «Пасля смерці маёй Бог адведае вас і выведзе з гэтай зямлі ў зямлю, якую паабяцаў Абрагаму, Ізааку і Якубу». І калі ўзяў ён прысягу з іх і сказаў: «Бог адведае вас; забярэце з сабой мае косці з гэтага месца», то памёр Язэп, маючы сто дзесяць гадоў. І забальзамавалі цела яго, і паклалі ў скрыню ў Егіпце.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.