Библия › Чарняўскі-17 › Адкрыццё

Адкрыццё

Адкрыццё Ісуса Хрыста, якое Яму даў Бог, каб аб’явіў рабам Сваім, што павінна стацца ў хуткім часе; і, паслаўшы праз анёла Свайго, Ён даў знак рабу Свайму Яну, які засведчыў слова Божае і сведчанне Ісуса Хрыста пра ўсё, што бачыў. Шчасны той, хто чытае і чуе словы прароцтва ды выконвае тое, што ў ім напісана; бо час блізкі. Ян сямі цэрквам у Азіі: ласка вам і супакой ад Таго, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад пасадам Яго, і ад Ісуса Хрыста, Які ёсць сведка верны, Першародны з памерлых і Валадар валадароў зямных. Яму, Які ўзлюбіў нас, і абмыў нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёй, і зрабіў нас царамі і святарамі Богу і Айцу Свайму, Яму слава і валадарства на векі вечныя. Амін. Вось жа, прыходзіць у аблоках, і ўбачыць Яго ўсякае вока, і тыя, што Яго працялі, і залямантуюць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амін! Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец, — кажа Госпад, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, Усемагутны. Я, Ян, брат ваш і сутрывалец у прыгнёце, і ў Валадарстве і ў вытрываласці Ісуса Хрыста, быў на востраве, які называецца Патмас, дзеля слова Божага і сведчанне Ісуса Хрыста. Я быў у духу ў дзень Госпадаў, і пачуў за сабою зычны голас, быццам трубы, які казаў: «Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, і што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі цэрквам, што ў Азіі: у Эфес, і ў Смірну, і ў Пергам, і ў Тыятыру, і ў Сарды, і ў Філадэльфію, і ў Лаадыцэю». Я павярнуўся, каб зірнуць, чый быў голас, што да мяне гаварыў; і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых светачаў, і паміж сямі светачаў залатых Кагосьці, быццам Сына Чалавечага; Ён апрануты ў доўгія шаты і падперазаны пад грудзі залатым поясам; галава ж Яго і валасы былі белыя, як чыстая воўна, быццам снег, і вочы Яго як полымя агню, і ногі Яго падобныя да бронзы, распаленай у печы, і голас Яго падобны да гуку бурлівых водаў, і Ён трымаў у правай руцэ Сваёй сем зорак, з вуснаў жа Яго вытыркаўся меч двусечны востры, і твар Яго зіхацеў, як сонца ў магутнасці сваёй. І, убачыўшы Яго, паў я да ног Яго, быццам нежывы. А Ён паклаў правую руку Сваю на мяне, кажучы: «Не бойся! Я — Першы, і Апошні, і жывы; і быў мёртвым, і, вось, жывы на векі вечныя, амін; і маю ключы смерці і пекла. Дык напішы, што ты ўбачыў, што ёсць і што павінна стацца пасля гэтага. Таямніца сямі зорак, якія ты ўбачыў у Маёй правай руцэ, і сямі светачаў залатых: сем зорак — гэта сем анёлаў сямі цэркваў, а сем светачаў — гэта сем цэркваў.

Анёлу царквы, што ў Эфесе, напішы: Вось што кажа Той, Які трымае сем зорак у Сваёй правай руцэ, Які ходзіць пасярод сямі залатых светачаў: Я ведаю ўчынкі твае, і працу, і цярплівасць тваю, і што не можаш пераносіць ліхіх, і што выпрабаваў ты тых, якія называюць сябе Апосталамі, а імі не ёсць, і знайшоў іх ашуканцамі. І маеш ты цярплівасць, і перанёс шмат ты дзеля імя Майго, і не знямогся. Але маю Я супраць цябе тое, што пакінуў ты тваю першую любоў. Памятай тады, адкуль ты ўпаў, і навярніся, і выконвай першыя ўчынкі. Інакш бо прыйду да цябе хутка і зрушу твой светач са свайго месца, калі не навернешся. Але маеш тое, што ненавідзіш справы мікалаітаў, якіх і Я ненавіджу. Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам Я спажываць з дрэва жыцця, якое пасярод Божага раю. І анёлу царквы, што ў Смірне, напішы: вось што кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў: Ведаю твае ўчынкі і прыгнёт твой, і ўбоства твае, але ты багаты; і зневажанні тых, якія называюць сябе юдэямі, а імі не ёсць, бо яны — сінагога шатана. Нічога не бойся з таго, што трэба табе перанесці. Вось жа, мае намер укінуць некаторых з вас д’ябал у вязніцу, каб вас выпрабаваць, і будзеце цярпець гора на працягу дзесяці дзён. Будзь верны аж да смерці, і дам табе вянец жыцця. Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам: хто пераможа, не будзе пашкоджаны другой смерцю. І анёлу царквы, што ў Пергаме, напішы: гэта кажа Той, Хто мае меч двусечны востры: Ведаю ўчынкі твае і што жывеш, дзе пасад шатана, і трымаеш імя Маё, і не выракся ты Маёй веры нават у тыя дні, калі ў вас, дзе пражывае шатан, быў забіты Мой верны сведка Антыпа. Аднак трохі маю супраць цябе, бо маеш там тых, якія трымаюцца навукі Балаама, які вучыў Балака пасылаць згаршэнне на сыноў Ізраэлевых, каб елі ахвяраванае балванам і займаліся распустай. І ты маеш таксама такіх, што трымаюцца навукі мікалаітаў, якую Я ненавіджу. Дзеля таго навярніся, бо калі не, дык хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мечам вуснаў Маіх. Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам з’есці Я манну таемную і дам яму белы камень, а на камені напісанае новае імя, якога не ведае ніхто, толькі той, хто атрымлівае. І анёлу царквы, што ў Тыятыры, напішы: гэта, вось, кажа Сын Божы, Які мае вочы быццам полымя агню, а ногі падобныя да бронзы. Ведаю ўчынкі твае, і любоў, і веру тваю, і служэнне, і цярплівасць тваю, і ўчынкі твае апошнія большыя, чым раней. Аднак маю трохі супраць цябе, што дапускаеш жанчыне Езабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучыць і зводзіць паслугачоў Маіх, каб распуснічалі і спажывалі ахвяраванае балванам. І даў Я ёй час навярнуцца, але яна не хоча за сваю распусту пакаяцца. Вось жа, Я кіну яе на ложак, і тых, што з ёй чужаложаць, у вялікае гора, хіба што пакаяліся б за правіны свае. І дзяцей яе пакараю смерцю, і няхай усе цэрквы даведаюцца, што Я — Той, Які даследуе патаемнае і сэрцы, і дам кожнаму паводле ўчынкаў яго. Вам жа кажу ды іншым, што ёсць у Тыятыры, якія не маюць гэтае навукі і якія не спазналі, як кажуць, бяздонняў шатанскіх, што не пашлю на вас іншай цяжкасці; толькі тое, што маеце, утрымайце, пакуль да вас прыйду. А хто перамагае і выконвае аж да канца справы Мае, таму дам уладу над паганамі, і пасвіць будзе іх кіем жалезным, крышачы іх, быццам посуд гліняны, як і Я атрымаў ад Айца Майго, і дам яму раннюю зорку. Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам.

І анёлу царквы, што ў Сардах, напішы: гэта, вось, кажа Той, Які мае сем духаў Божых і сем зорак: ведаю ўчынкі твае, што маеш імя, што жывы, ды ёсць мёртвы. Чувай і ўзмацняй рэшту, якая мелася загінуць, бо не знаходжу ўчынкаў тваіх выкананымі перад Богам Маім. Дык памятай, як ты атрымаў і чуў, і захавай, і навярніся. Бо калі не будзеш чуваць, прыйду да цябе, як злодзей, і не будзеш ведаць гадзіны, у якую прыйду да цябе. Але, вось, маеш у Сардах некалькі імёнаў, якія не плямілі вопраткі свае, яны будуць хадзіць са Мною ў белі, бо яны дастойныя. Хто пераможа, апранецца ў вопратку белую, і не выкраслю імя яго з кнігі жыцця, і прызнаю імя яго перад Айцом Маім і на віду ў анёлаў Яго. Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам. І анёлу царквы, што ў Філадэльфіі, напішы: гэта кажа Святы і Праўдзівы, Які мае ключ Давідаў, Які адчыніць, і ніхто не замкне, а замкне, і ніхто не адчыніць. Ведаю ўчынкі твае. Вось, адкрыў перад табою дзверы, якія ніхто не можа закрыць, бо ты, хоць маеш мала моцы, але захаваў слова Маё і не выракся імя Майго. Вось, дам табе з сінагогі шатана, з тых, якія сябе называюць юдэямі, а імі не ёсць, але падманваюць; вось, зраблю ім, што прыйдуць і паклоняцца табе ў ногі, і даведаюцца, што Я ўзлюбіў цябе. Бо ўхаваў ты слова стойкасці Маёй, і Я цябе ўхаваю ў гадзіну спакушэння, якая прыйдзе на ўвесь свет зводзіць жыхароў на зямлі. Прыйду хутка. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не скраў вянца твайго. Хто пераможа, таго ўчыню калонай у святыні Бога Майго, і больш з яе не выйдзе, і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерузаліма, які сыходзіць з неба ад Бога Майго, і імя Маё новае. Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам. І анёлу царквы, што ў Лаадыцэі, напішы: гэта кажа Амін, Сведка верны і праўдзівы, Пачатак тварэння Божага. Ведаю ўчынкі твае, што ты ані халодны, ані гарачы. О, каб лепш халодным ты быў або гарачым! Але за тое, што ты цёплы, а не халодны і не гарачы, Я вывергну цябе з вуснаў Маіх. Бо кажаш ты: «Багаты я і забяспечаны, і нічога мне не трэба», і не ведаеш, што ты бедны, і найнешчаслівейшы, і ўбогі, і сляпы, і голы. Раю табе купіць сабе ў Мяне золата, агнём ачышчанага, каб быў забяспечаны, і белую вопратку, каб апрануўся і каб не паказалася нікчэмнасць галізны тваёй, і масць, каб памазаў вочы свае і бачыў. Бо Я тых, якіх люблю, дакараю і караю. Дык будзь руплівым і навярніся. Вось, стаю ў дзвярах і стукаю. Калі хто пачуе голас Мой і адчыніць Мне дзверы, увайду да яго і павячэраю з ім, а ён са Мной. Хто пераможа, таму дам сядзець са Мною на Маім пасадзе, як Я перамог і сеў з Айцом Маім на Яго пасадзе. Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам».

Пасля гэтага ўбачыў я: і вось, дзверы адчыненыя ў небе, і голас першы, які я пачуў, быў як быццам трубы, што размаўляла са мною і казала: «Увайдзі сюды, і Я пакажу табе тое, што павінна стацца пасля». Адразу ж я быў у духу: і вось, пасад стаяў у небе, а на пасадзе Нехта сядзеў. І Той, Хто сядзеў, падобны быў з выгляду да каменя з яспіса і сардыса, і вясёлка вакол пасада была падобная з выгляду да смарагдавай. І вакол пасада ўбачыў дваццаць чатыры пасады, і на пасадах сядзелі дваццаць чатыры старэйшыны, адзетыя ў белыя вопраткі, і на галавах іх — залатыя вянцы. І ад пасада выходзілі маланкі, і галасы, і грымоты; і сем светачаў агністых гараць перад пасадам, якія ёсць сем духаў Божых. І перад пасадам ззяла нібы шкляное мора, падобнае на крышталь. І на сярэдзіне пасада і навокал пасада — чатыры жывёліны, поўныя вачэй спераду і ззаду. І першая жывёліна падобная да льва, і другая жывёліна падобная да маладога быка, і трэцяя жывёліна мела твар быццам чалавечы, і чацвёртая жывёліна мела падабенства да арла, які ляціць. І чатыры жывёліны мелі па шэсць крылаў, і навокал і ў сярэдзіне мелі поўна вачэй; і бесперапынна днём і ўночы яны ўскліквалі: «Святы, святы, святы Госпад Бог Усемагутны, Які быў, і Які ёсць, і Які прыйдзе». І калі аддадуць тыя жывёліны славу і ўшанаванне Таму, Які сядзіць на пасадзе, Таму, Які жывы на векі вечныя, упадуць перад Тым, Які сядзіць на пасадзе, дваццаць чатыры старыя, і паклоняцца Таму, Хто жывы на векі вечныя, і ўскладуць вянцы свае перад пасадам, кажучы: «Дастойны Ты, Госпадзе і Божа наш, прымаць славу, і ўшанаванне, і моц, бо Ты стварыў усё, і ўсё з волі Тваёй існуе і было створана».

І ўбачыў я ў правай руцэ Таго, Які сядзіць на пасадзе, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную на сем пячатак. І ўбачыў магутнага анёла, што абвяшчаў гучным голасам: «Хто дастойны разгарнуць кнігу і зняць яе пячаткі?» І ніхто не мог ані на небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць кнігу і глянуць на яе. І я вельмі плакаў, што ніхто не знайшоўся быць дастойным адкрыць кнігу і глянуць на яе. І адзін са старэйшынаў сказаў мне: «Не плач, вось Леў з пакалення Юды, корань Давідаў перамог, каб разгарнуць кнігу і сем яе пячатак». І ўбачыў я між пасадам і чатырма жывёлінамі сярод старэйшынаў Ягня стаіць, быццам забіты, маючы сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю. І пайшоў, і ўзяў з правай рукі Таго, Які сядзіць на пасадзе. І калі ўзяў кнігу, чатыры жывёліны і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гуслі і залатыя чары, поўныя фіміяму, якія ёсць малітвы святых, і спяваюць новую песню, кажучы: «Дастойны Ты ўзяць кнігу і адкрыць пячаткі яе, бо Ты забіты быў і адкупіў нас Богу Крывёю Тваёй з усякага пакалення, і мовы, і народа, і племя, і ўчыніў нас царамі і святарамі Богу нашаму, і будзем валадарыць на зямлі». І ўбачыў, і пачуў вакол пасада голас безлічы анёлаў, жывёлін і старэйшынаў, і лік іх быў мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч, што казалі гучным голасам: «Дастойны Ты, Ягня, што забіты быў, каб прыняць магутнасць, і багацце, і мудрасць, і сілу, і ўшанаванне, і славу, і дабраславенне». Тады пачуў я, як заспявала ўсё стварэнне, што на небе, і што на зямлі, і што пад зямлёй, і што на моры, і што ў ім ёсць: «Таму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці хай будзе дабраславенне, і ўшанаванне, і слава, і ўлада на векі вечныя». І чатыры жывёліны казалі: «Амін». І дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі і пакланіліся Таму, Хто жывы на векі вечныя.

І ўбачыў я, як Ягня зняў першую з сямі пячатак, і пачуў, як адна з чатырох жывёлін сказала быццам гукам грымоты: «Прыйдзі і глядзі!» І ўбачыў я: і вось, белы конь; і той, што сядзеў на ім, трымаў лук, і дадзены яму вянец, і выйшаў ён, перамагаючы і каб перамагчы. І калі адкрыў Ён другую пячатку, пачуў я другую жывёліну, што казала: «Прыйдзі і глядзі!» І выйшаў тады іншы конь, агніста-чырвоны; і таму, што сядзеў на ім, дадзена, каб спыніў супакой на зямлі, каб людзі адны другіх забівалі, і дадзены яму вялікі меч. І калі адкрыў Ён трэцюю пячатку, пачуў я трэцюю жывёліну, што казала: «Прыйдзі і глядзі!» І ўбачыў я: і вось, конь вараны; і той, што сядзеў на ім, трымаў вагу ў руцэ сваёй. І пачуў я голас паміж тых чатырох жывёлін, што казаў: «Хінікс пшаніцы за дынар, і тры хініксы ячменю за дынар; і не марнуй віна і алею». І калі адкрыў Ён чацвёртую пячатку, пачуў я голас чацвёртай жывёліны, што казаў: «Прыйдзі і глядзі!» І ўбачыў я: і вось, конь бледны, і вершніку, які сядзеў на ім, было імя смерць, і пекла ішло следам за ім, і дадзена яму ўлада на чацвёртай частцы зямлі забіваць мечам, голадам, і смерцю, і звярамі зямлі. І калі адкрыў Ён пятую пячатку, убачыў я пад ахвярнікам душы тых, якія былі пазабіваны за слова Божае і за сведчанне, якое яны мелі. І гаманілі яны гучным голасам, кажучы: «Госпадзе, святы і справядлівы, як доўга будзеш марудзіць з судом і помстай за нашу кроў над жыхарамі зямлі?» І кожнаму з іх была дадзена белая вопратка, і сказана было ім, каб яны супакоіліся яшчэ на кароткі час, пакуль не дапоўніцца лік саслужнікаў іх і братоў, якія маюць памерці падобна, як і яны. І калі Ён адкрыў шостую пячатку, убачыў я, як зрабіўся жудасны землятрус, і сонца стала чорнае, як мех валасяны, і месяц зрабіўся, як кроў, і зоркі нябесныя паспадалі на зямлю так, як фігавае дрэва скідае свае недаспелыя плады, калі ім страсяне вялікі вецер, і неба знікла, як быццам звілося ў скрутак, і кожная гара і астравы зрушыліся са сваіх месцаў. І цары зямлі, і магнаты, і тысячнікі, і багацеі, і асілкі, і кожны нявольнік і вольны пахаваліся ў пячорах і горных скалах і кажуць гарам і скалам: «Упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Які сядзіць на пасадзе, і ад гневу Ягняці, бо надышоў вялікі дзень гневу Яго, і хто можа выстаяць?»

І пасля гэтага ўбачыў я чатырох анёлаў, што стаялі на чатырох вуглах зямлі, трымаючы чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва. І ўгледзеў я іншага анёла, які падымаўся з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. І крыкнуў гучным голасам чатыром анёлам, якім даручана было чыніць шкоду зямлі і мору, кажучы: «Не шкодзьце зямлі і мору, ані дрэвам, пакуль не папячатаем паслугачоў Божых на чолах іх». І пачуў я лік папячатаных: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх пакаленняў сыноў Ізраэля: з пакалення Юды дванаццаць тысяч папячатаных, з пакалення Рубэна дванаццаць тысяч, з пакалення Гада дванаццаць тысяч, з пакалення Асэра дванаццаць тысяч, з пакалення Нэфталі дванаццаць тысяч, з пакалення Манасы дванаццаць тысяч, з пакалення Сімяона дванаццаць тысяч, з пакалення Леві дванаццаць тысяч, з пакалення Ісахара дванаццаць тысяч, з пакалення Забулона дванаццаць тысяч, з пакалення Язэпа дванаццаць тысяч, з пакалення Бэньяміна дванаццаць тысяч папячатаных. Пасля ўбачыў я: і, вось, вялікі натоўп, якога пералічыць ніхто не мог, з усіх плямёнаў і пакаленняў, народаў і моў. І стаялі яны перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іх. І ўсклікаюць яны моцным голасам, кажучы: «Збаўленне ў Бога нашага, Які сядзіць на пасадзе, і ў Ягняці!» І ўсе анёлы стаялі вакол пасада, і старэйшынаў, і чатырох жывёлін; і ўпалі перад пасадам на твары свае, і пакланіліся Богу, кажучы: «Амін! Дабраславенне, і слава, і мудрасць, і падзяка, і ўшанаванне, і магутнасць, і сіла Богу нашаму на векі вечныя. Амін!» І адзін са старэйшынаў азваўся да мяне, кажучы: «Хто гэтыя, апранутыя ў белыя шаты, і адкуль яны прыйшлі?» А я сказаў яму: «Гаспадару мой, ты ведаеш». І ён сказаў мне: «Гэта тыя, якія выйшлі з вялікага ўціску, і абмылі свае вопраткі, і выбелілі іх у Крыві Ягняці. Таму стаяць перад пасадам Божым і служаць Яму ўночы і днём у святыні Яго, і Які сядзіць на пасадзе, будзе жыць у іх. Ні голаду, ні смагі больш не будуць цярпець, не будзе пячы іх болей сонца і ніякая спякота, бо Ягня, Які пасярод пасада, пасвіць іх будзе і вадзіць да крыніцы водаў жыцця, і абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх».

І калі Ён зняў сёмую пячатку, настала ў небе маўчанне каля паўгадзіны. І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і дадзена было ім сем труб. І выступіў іншы анёл, і стаў перад ахвярнікам, трымаючы залатую кадзільніцу, і дадзена было яму шмат фіміяму, каб з малітвамі ўсіх святых узнёс іх на залаты ахвярнік, які перад пасадам. І падняўся дым фіміяму разам з малітвамі святых з рукі анёла перад Богам. І ўзяў анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з ахвярніка, і кінуў на зямлю; і сталіся грымоты, і галасы, і маланкі, і землятрус. І сем анёлаў, што мелі сем труб, нарыхтаваліся, каб трубіць. І першы анёл затрубіў. І стаўся град і агонь, змяшаны з крывёй, і былі кінуты на зямлю. І трэцяя частка зямлі згарэла, і трэцяя частка дрэў спалымнела, і ўся трава зялёная згарэла. І другі анёл затрубіў. І тады быццам велізарная гара, што палымнее агнём, кінута была ў мора. І трэцяя частка мора сталася крывёй, і трэцяя частка марскіх істот, што мелі душы, вымерла, і трэцяя частка караблёў загінула. І затрубіў трэці анёл. І зляцела з неба велізарная зорка, якая палымнела, як паходня, і ўпала яна на трэцюю частку рэк і крыніц водных. І назва той зоркі чытаецца Палын. І трэцяя частка водаў ператварылася ў палын, і многа людзей паўмірала ад той вады, бо вельмі была горкая. І чацвёрты анёл затрубіў. І тады была пашкоджана трэцяя частка сонца, і трэцяя частка месяца, і трэцяя частка зорак, каб пацямнела іх трэцяя частка, і ўдзень не яснела трэцяя частка, і таксама ноччу. Потым глянуў я і пачуў аднаго анёла, які ляцеў па сярэдзіне неба, голасна ўскрыкваючы: «Гора, гора, гора тым, хто жыве на зямлі ад гукаў іншых труб трох анёлаў, якія павінны неўзабаве трубіць».

І затрубіў пяты анёл. І ўбачыў я зорку, як яна ўпала з неба на зямлю, і дадзены ёй ключ ад калодзежа бяздоння. І адкрыла яна калодзеж бяздоння, і падняўся з калодзежа дым, як дым з вялізнае печы, і сонца і паветра патанулі ў цемры ад дыму з таго калодзежа. І з дыму таго выйшла саранча на зямлю, і дадзена ёй улада, якую маюць скарпіёны зямлі. І сказана ёй не шкодзіць траве зямлі, ані якой зеляніне, ані якім дрэвам, толькі адным людзям, якія не маюць пячаткі Божай на чолах. І нельга было ёй забіваць людзей, але толькі мучыць іх на працягу пяці месяцаў. І мучэнне іх — як боль ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека. І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе, і будуць хацець памерці, але ўцячэ смерць ад іх. І саранча была падобная да коней, падрыхтаваных да бою, і на галавах яна мела быццам залатыя вянцы, і воблік яе быў на падабенства твараў чалавечых, і валасы мела падобныя да валасоў жанчын, і зубы яе падобныя да зубоў ільвоў, і панцыры яе былі нібы з жалеза, і грукат крылаў яе быццам грукат многіх калясніц, запрэжаных коньмі, якія імчацца ў бой. І мела хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і джалы, і ў сваіх хвастах мела ўладу шкодзіць людзям на працягу пяці месяцаў. Маюць яны над сабой валадаром анёла бездані, які па-гебрайску завецца Абадон, а па-грэцку Апаліён. Так прайшло першае гора, а вось, яшчэ два горы наступаюць пасля гэтага. І шосты анёл затрубіў. І пачуў я адзін голас з чатырох рагоў залатога ахвярніка, які перад Богам, што сказаў шостаму анёлу, які меў трубу: «Развяжы чатырох анёлаў, звязаных пры вялікай рацэ Еўфрат». Тады былі развязаны чатыры анёлы, якія былі прыгатаваны на гадзіну, дзень, месяц і год, каб выгубіць трэцюю частку людзей. І лік коннага войска быў дваццаць тысяч па дзесяць тысяч; і пачуў я іх лічбу. І так убачыў я ў з’яве коней і вершнікаў на іх, якія мелі панцыры агністыя, і дымна-сінія, і серкава-жоўтыя. І галовы іх былі як галовы львоў, а з храпаў іх шугаў агонь, дым і серка. Ад гэтых трох бедстваў: агню, дыму і серкі, якія шугалі з іх храпаў, — загінула трэцяя частка ўсіх людзей. Бо сіла коней у іх храпах і ў хвастах, а хвасты іх падобныя да змеяў, маюць галовы і імі шкодзяць. І рэшта людзей, якія не былі выгублены гэтымі бедствамі, не навярнуліся ад спраў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і балванам залатым, і срэбраным, і медным, і каменным, і драўляным, якія не могуць ані бачыць, ані чуць, ані хадзіць, і не навярнуліся ад забойстваў сваіх, не адмовіліся ад чараванняў сваіх, ані ад распусты сваёй, ані ад крадзяжоў сваіх.

Пасля ўбачыў я іншага магутнага анёла, апранутага ў воблака, які сыходзіў з неба, і над галавой у яго вясёлка, і твар яго — быццам сонца, і ногі яго — як слупы вогненныя, і меў ён у руцэ сваёй адкрытую маленькую кніжку. І паставіў ён ногі свае: правую — на мора, а левую — на зямлю, і ўсклікнуў магутным голасам на падабенства рыкаючага льва. І калі ён усклікнуў, прамовілі сем грымот галасамі сваімі. І калі прагучалі гэтыя сем грымот, хацеў я пісаць, але пачуў з неба голас, які казаў мне: «Запячатай тое, што прамовілі сем грымот, і не пішы таго». І анёл, якога я бачыў, што стаяў на моры і на зямлі, падняў правую руку сваю ў неба і прысягнуў Тым, Хто жыве на векі вечныя, Які стварыў неба і ўсё, што на ім ёсць, і зямлю і тое, што на ёй ёсць, і мора і што ў ім ёсць: «Часу ўжо больш не будзе! Але ў тых днях, у час голасу сёмага анёла, калі ён пачне трубіць, збудзецца таямніца Божая, як Ён дабравесціў паслугачам Сваім прарокам». І пачуў я зноў голас з неба, які гаварыў са мной і казаў: «Ідзі і вазьмі адкрытую маленькую кніжку з рукі анёла, што стаіць на моры і на зямлі». І пайшоў я да анёла, кажучы яму: «Дай мне маленькую кніжку». І ён сказаў мне: «Бяры кнігу і з’еж яе; і яна стане горкаю ў жываце тваім, але ў вуснах тваіх будзе яна салодкая, як мёд». І ўзяў я маленькую кніжку з рукі анёла і з’еў яе; і ў вуснах маіх была яна салодкай, як мёд, а, калі яе спажыў, нутро маё напоўнілася горыччу. І кажа мне: «Ты павінен зноў прарочыць пра народы, пра плямёны, пра мовы і пра многіх цароў».

І дадзена была мне трысціна, падобная да жазла, і сказана мне: «Падыміся і памерай святыню Божую, і ахвярнік, і тых, што пакланяюцца ў ёй. А панадворак звонку святыні абміні і не мерай яго, бо ён дадзены паганам, і яны будуць таптаць горад святы на працягу сарака двух месяцаў. І Я дам уладу Маім двум сведкам, і будуць яны прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзесят дзён, адзетыя ў зрэбніцу». Яны — дзве алівы і два светачы, якія стаяць перад Богам зямлі. І калі хто хоча ім шкодзіць, то агонь выходзіць з вуснаў іх і нішчыць іх ворагаў; калі ж хто захоча пакрыўдзіць іх, то гэткі мусіць быць забіты. Яны маюць уладу зачыніць неба, каб не ішоў дождж у час іх праракавання, ды маюць уладу над водамі замяніць іх у кроў, і пляжыць зямлю ўсякай напасцю, калі толькі захочуць. І, калі закончаць яны сведчанне сваё, звер, які паўстане з бяздоння, пачне супраць іх бой, і пераможа іх, і заб’е іх. І трупы іх будуць ляжаць на плошчы вялікага горада, які духоўна завецца Садом і Егіпет, дзе і Госпад наш быў укрыжаваны. І многія з народаў, і пакаленняў, і моў, і плямён будуць аглядаць трупы іх тры дні і паўдня, а целаў іх не дазволяць пакласці ў магілу. І жыхары зямлі будуць радавацца дзеля іх, і весяліцца, і падарункі пасылаць адны адным, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, якія жылі на зямлі. І пасля трох з паловай дзён увайшоў у іх дух жыцця ад Бога. І падняліся яны на свае ногі; і вялікі страх ахапіў тых, якія бачылі іх. І пачулі яны з неба магутны голас, што гаварыў да іх: «Узыдзіце сюды». І падняліся яны ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іх. І ў той час пачаліся страшныя землятрусы, і дзесятая частка горада абрынулася, і загінула ад землятрусу сем тысяч імён чалавечых, а тыя, што засталіся, былі ахоплены жахам і аддалі славу Богу, Які ў небе. Гора другое мінула; вось, трэцяе гора прыйдзе неўзабаве. І затрубіў анёл сёмы. І сталіся моцныя галасы ў небе, кажучы: «Зрабілася валадарства гэтага свету Валадарствам Госпада нашага і Хрыста Яго, і будзе Ён валадарыць на векі вечныя». І дваццаць чатыры старэйшыны, што сядзяць перад Богам на сваіх пасадах, палі на твары свае і пакланіліся Богу, усклікаючы: «Дзякуем Табе, Госпадзе, Божа Усемагутны, Які ёсць, Які быў і Які ідзеш, што Ты узяў сілу Сваю магутную і запанаваў. І ўзбурыліся народы, і прыйшоў гнеў Твой і гадзіна судзіць памерлых, і даць узнагароду слугам Тваім, прарокам і святым, і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і час загубы для тых, што губяць зямлю». І адчынілася Божая святыня ў небе, і бачны стаў каўчэг запавету Яго ў святыні Яго, і зазіхацелі маланкі, і пачуліся галасы і грамы, і былі землятрусы і град вялікі.

І знак вялікі з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе ступнямі, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак, і яна цяжарная, і крычыць ад болю і мук радзільных. І паказаўся іншы знак на небе: і вось, дракон вялізны, агніста-чырвоны, з сямю галовамі і з дзесяццю рагамі, і на галовах яго сем дыядэм, і хвост яго сцягнуў трэцюю частку зорак з неба і кінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынаю, якая павінна нарадзіць, каб, як яна народзіць, зжэрці яе сына. І нарадзіла сына, хлопчыка, які будзе валадарыць над усімі народамі жазлом жалезным. І ўзяты быў яе сын да Бога і да Яго пасада. І жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мела месца, прыгатаванае Богам, каб кармілі яе там тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён. І пачалася вялікая вайна на небе; Міхал і анёлы яго змагаліся з драконам, а дракон і яго анёлы ваявалі супраць іх, і не асілілі, і не знайшлося ўжо больш месца для іх у небе. І скінуты быў дракон той магутны, змей старадаўні, які завецца д’ябал і шатан, які зводзіць цэлы свет, і скінуты быў на зямлю, і анёлы яго былі скінуты разам з ім. І пачуў я голас магутны на небе, які казаў: «Цяпер настала збаўленне і моц, і Валадарства Бога нашага і ўлада Хрыста Яго, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які абвінавачваў іх перад Богам нашым днём і ўночы. І тыя перамаглі яго дзякуючы Крыві Ягняці і словам свайго сведчання, і не шкадавалі жыцця свайго нават да смерці. Дзеля таго цешцеся, нябёсы і жыхары яго. Гора тым, што жывуць на зямлі і ў моры, бо сышоў д’ябал да вас, поўны вялікай лютасці, ведаючы, што мае мала часу!» А калі дракон убачыў, што скінуты ён на зямлю, пачаў пераследаваць жанчыну, што нарадзіла сына. І былі дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ў пустыню на сваё месца, дзе яна будзе карміцца ўдалечыні ад змея праз пару, і поры, ды паўпары. І пусціў тады змей з пашчы сваёй за жанчынай ваду, як раку, каб яе знесла патокам. І дапамагла жанчыне зямля, бо раскрыла зямля вусны свае і праглынула раку, якую выпусціў дракон са сваёй пашчы. І ўзлаваўся дракон на жанчыну, і пайшоў ваяваць з астаткам яе нашчадкаў, якія трымаліся загадаў Божых і мелі сведчанне Ісуса Хрыста.

І стаў я на пяску марскім. І ўбачыў звера, які падымаўся з мора, з сямю галовамі і дзесяццю рагамі. На рагах у яго было дзесяць дыядэм, і на галовах яго надпісы блюзнячыя. І звер, якога я бачыў, быў падобны да барса, а ступні яго як у мядзведзя, а пашча ў яго як у льва. І даў яму дракон сілу сваю, і пасад свой, і вялікую ўладу. І адна з яго галоў быццам смяротна паранена, і тая яе смяротная рана была залечана. І дзівілася ўся зямля са звера, і пакланіліся ўсе перад драконам, які даў уладу зверу, і кланяліся зверу, кажучы: «Хто ж зраўняецца са зверам і хто зможа супраць яго ваяваць?» І дадзены былі яму вусны, што гаварылі пыхлівае і блюзнячае, і дадзена была яму ўлада дзейнічаць на працягу сарака двух месяцаў. І адчыніў ён пашчу сваю ў блюзненнях на Бога, каб блюзніць на імя Яго, і палатку Яго, і на тых, што жывуць у небе. І пры тым дадзена было яму ваяваць супраць святых і перамагчы іх, і дадзена была яму моц над усякім пакаленнем, народам, моваю і племем. І паклоняцца яму ўсе, хто жыве на зямлі і чыё імя не запісана ў кнізе жыцця Ягняці, Які быў забіты ад заснавання свету. Хто мае вуха, хай слухае: «Каму ў палон, той ідзе ў палон. Хто на забіванне мечам, належыць таму прапасці ад меча. Тут, вось, цярплівасць і вера святых». І ўбачыў я іншага звера, што падымаўся з зямлі, і меў ён двое рагоў, якія падобны да Ягнячых, і гаварыў як дракон. І здзяйсняе ён поўную ўладу першага звера на вачах у яго, і прынукае зямлю і яе жыхароў пакланяцца першаму зверу, якога смяротная рана была залечана. І чыніць ён вялікія знакі, нават агонь зводзіць з неба на зямлю на вачах у людзей. І зводзіць жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зверам, кажучы жыхарам зямлі, каб рабілі вобраз звера, што меў рану ад меча, але жывы. І дадзена яму надаць дух вобразу звера, каб гаварыў вобраз звера і каб таго, хто не пакланяўся вобразу звера, забіваць. І робіць ён, што малыя і вялікія, багатыя і бедныя, вольныя і нявольнікі атрымліваюць меціну на правай руцэ сваёй або на чале сваім, і ніхто не зможа купляць або прадаваць, хто не будзе мець меціны, або імя звера, або лічбы імя яго. Тут трэба мудрасць; хто мае розум, няхай палічыць лічбу звера, бо гэта лічба чалавека, і лічба гэтая — шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць.

І глянуў я: і вось, Ягня стаіць на гары Сіён, і пры ім стаяць сто сорак чатыры тысячы, якія маюць на чолах сваіх напісанае імя Айца Яго. І пачуў я голас з неба, быццам шум многіх водаў і быццам гук магутных грымот; і голас, які чуў я, гучаў як голас гусляроў, што граюць на гуслях сваіх. І яны спяваюць быццам новую песню перад пасадам, і перад чатырмя жывёлінамі, і перад старэйшынамі. І ніхто не мог спяваць гэтай песні, апроч гэтых ста сарака чатырох тысяч, якія былі выкуплены з зямлі. Гэта тыя, што не апаганіліся з жанчынамі: бо яны цнатлівыя. Гэта тыя, што ідуць за Ягнём, куды б Ён не ішоў. Гэта тыя, якія выкуплены з людзей як першынцы Богу і Ягняці, і ў вуснах іх не знойдзена хлусні; без заганы яны перад пасадам Божым. І бачыў я іншага анёла, які пралятаў праз сярэдзіну неба. Ён меў спрадвечнае Евангелле, каб абвяшчаць жыхарам зямлі, усякаму племю, і роду, і мове, і народу, усклікваючы гучным голасам: «Бойцеся Бога і аддайце Яму славу, бо надыходзіць час суда Яго, і пакланіцеся Таму, Які стварыў неба і зямлю, мора і крыніцы водныя». І другі анёл ляцеў за ім, кажучы: «Паў, паў Бабілон, горад вялікі, які паіў усе народы віном гневу распусты сваёй». І трэці анёл ляцеў за ім, гамонячы зычным голасам: «Калі хто паклоніцца зверу і абразу яго і атрымае меціну на чале сваім або на руцэ сваёй, той будзе піць віно гневу Божага, якое падрыхтавана неразведзеным у келіху гневу Яго. Агнём і серкай будзе мучаны той перад святымі анёламі і перад Ягнём. І дым пакут іх узнімаецца на векі вечныя. Ані днём, ані ўночы не маюць супакою тыя, якія пакланяюцца зверу і абразу яго і калі хто будзе насіць меціну імя яго». Тут вось цярплівасць святых, якія захоўваюць прыказанні Божыя і веру Ісуса. І пачуў я голас з неба, які казаў мне: «Напішы: “З гэтага часу шчасныя памерлыя, якія ў Госпадзе паміраюць. Сапраўды, кажа Дух, яны супачынуць ад працы сваёй, бо ўчынкі іх ідуць за імі”». І ўбачыў я: і вось, воблака яснае, і на воблаку сядзеў Нехта, падобны да Сына Чалавечага, і на галаве меў Ён залаты вянец, а ў руцэ трымаў востры серп. І іншы анёл выйшаў са святыні, усклікаючы гучным голасам да Таго, Хто сядзіць на воблаку: «Пашлі серп Твой і пажні, бо прыйшоў час, каб жаць, бо даспела жніво зямлі». І Той, што сядзеў на воблаку, пусціў серп Свой на зямлю, і зжата была зямля. І выйшаў іншы анёл са святыні нябеснай, трымаючы таксама серп востры. І яшчэ іншы анёл, маючы ўладу над агнём, выйшаў ад ахвярніка і ўсклікнуў зычным голасам да таго, які трымаў востры серп, кажучы: «Пашлі серп твой востры і абрэж гронкі вінаграду зямлі, бо даспелі ягады яго». І кінуў анёл серп свой на зямлю, і абрэзаў вінаград зямлі, і кінуў у вялікую выціскальню гневу Божага. І патапталі выціскальню за горадам, і пацякла кроў з выціскальні аж да цугляў коней на тысячу шэсцьсот стадый.

І ўбачыў я іншы вялікі і дзіўны знак на небе: сем анёлаў з сямю апошнімі плягамі, на якіх завершаны гнеў Божы. І ўбачыў я нібы шкляное мора, змяшанае з агнём, і тых, што перамаглі звера, і абраз яго, і кляймо яго, і лічбу імя яго, якія стаялі на шкляным моры, трымаючы гуслі Божыя. І спявалі яны песню Майсея, паслугача Божага, і песню Ягняці, кажучы: «Вялікія і цудоўныя дзеянні Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны; справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару народаў! Хто не забаіцца Цябе, Госпадзе, і не стане славіць імя Тваё? Бо Ты адзін святы, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо яўнымі сталіся справядлівыя суды Твае!» І потым убачыў я вось што: і адчынілася на небе святыня палаткі сведчання, і выйшлі са святымі сем анёлаў з сямю плягамі, апранутыя ў чыстае палатно ззяючае, і грудзі мелі падпяразаныя залатымі паясамі. І адна з чатырох жывёлін дала сямі анёлам сем залатых чар, поўных гневу Бога, Які жыве на векі вечныя. І напоўнілася святыня дымам славы Божай і магутнасці Яго, і ніхто не мог увайсці ў святыню, пакуль не былі скончаны сем плягаў сямі анёлаў.

І пачуў я магутны голас са святыні, які казаў сямі анёлам: «Ідзіце і выліце сем чар гневу Божага на зямлю». І пайшоў першы анёл, і выліў сваю чару на зямлю; і сталіся балючыя і страшныя скулы на людзях, якія маюць меціну звера, і на тых, якія пакланяліся абразу яго. І другі анёл выліў сваю чару ў мора; і сталася мора як кроў памерлага, і кожная жывая душа, што была ў моры, памерла. І трэці анёл выліў сваю чару на рэкі і крыніцы водаў, і сталіся яны крывёй. І пачуў я, як казаў анёл водаў: «Справядлівы Ты, Які ёсць, Які быў, Святы, што такі прысуд выдаў, бо яны пралівалі кроў святых і прарокаў, дзеля таго Ты даў ім кроў для пітва. Заслужылі яны». І пачуў я голас іншы з ахвярніка, які казаў: «Сапраўды праўдзівыя і справядлівыя прысуды Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны». І чацвёрты анёл выліў сваю чару на сонца; і дадзена яму паліць людзей агнём. І апалены былі людзі вялікаю спёкай, і зняважылі імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, каб уздаць Яму хвалу. І пяты анёл выліў сваю чару на пасад звера; і тады цемрай ахуталася яго валадарства, і кусалі сабе людзі языкі ад болю, і блюзнілі на Бога нябёсаў за пакуты свае і скулы свае, але не навярнуліся ад спраў сваіх. І шосты анёл выліў чару сваю на раку вялікую, што завецца Еўфрат; і высахла яе вада, каб гэтым была падрыхтавана дарога царам з усходу. І ўбачыў я, як выходзілі тры нячыстыя духі, падобныя да жаб, з пашчы дракона, з пашчы звера і з пашчы фальшывага прарока. Гэта ўсё духі дэманаў, якія робяць знакі і падступаюць да валадароў зямлі і ўсяго свету, каб сабраць іх на бой у дзень вялікі Усемагутнага Бога. Вось, іду як злодзей. Шчасны той, хто чувае і сцеражэ адзежу сваю, каб не хадзіць голым і каб не паказаць сораму свайго. І сабраў іх у месцы, якое па-гебрайску завецца Гармагедон. І сёмы анёл выліў сваю чару ў паветра; і пачуўся магутны голас са святыні нябеснай ад пасада, які казаў: «Споўнілася!» І сталіся маланкі, і галасы, і грымоты, і пачалося страшнае трасенне зямлі, якога яшчэ ніколі не было з таго часу, калі людзі з’явіліся на зямлі. Такі землятрус, такі вялікі! І распаўся вялізны горад на тры часткі, і гарады паганаў былі знішчаны. І ўспомнены быў перад Богам вялікі Бабілон, і даў яму піць келіх віна лютасці гневу Яго. І кожны востраў знік, і ніводнай гары не знайшлося. І вялікі град, велічынёю з талент, спаў з неба на людзей; і людзі зневажалі Бога за плягу ад гэтага града, бо вельмі вялікай была пляга ад яго.

І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чар, і прамовіў да мяне, кажучы: «Падыдзі, пакажу табе знішчэнне вялікай распусніцы, што сядзіць над водамі многімі, з якой чужаложылі многія цары зямлі, і жыхары зямлі ўпіваліся віном распуснасці яе». І перанёс мяне ў духу ў пустыню. І ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на чырвоным зверы, поўным імён блюзнячых, які меў сем галоў і дзесяць рагоў. Жанчына ж была ўбраная ў пурпур і багата ўпрыгожаная золатам, дарагімі камянямі і перламі, і ў руцэ сваёй трымала залатую чару, поўную брыдоты і нечыстотаў сваёй распусты, і на сваім чале мела напісанае імя: «Таямніца: Вялікі Бабілон, маці распусты і агіды зямлі». І бачыў я гэтую жанчыну п’янаю крывёй святых і крывёй мучанікаў Ісусавых. І здзівіўся, калі ўбачыў яе, вялікім здзіўленнем. І анёл сказаў мне: «Чаго дзівішся? Я табе выкажу таямніцу жанчыны і звера, што яе носіць, які мае сем галоў і дзесяць рагоў. Звер, якога ты бачыў, быў, і няма ўжо яго, і зноў выйдзе з бяздоння і пойдзе на загубу. На від звера, які быў, і якога ўжо няма, і які зноў з’явіцца, задзівяцца ўсе жыхары зямлі, імёны якіх ад заснавання свету не запісаны ў кнізе жыцця. Вось, тут розум, які мае мудрасць. Сем галоў — гэта сем узгоркаў, на якіх сядзіць жанчына, і сем цароў. Пяць упала, адзін трывае, а іншы яшчэ не прыйшоў і, калі прыйдзе, належыць яму кароткі час прабыць. І звер, які быў і якога ўжо няма, ёсць восьмы, і з сямі паходзіць, і ідзе на загубу. І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, гэта дзесяць цароў, якія яшчэ не атрымалі ўлады, але атрымаюць царскую ўладу ў адзін час са зверам. У іх адзін намер; і моц і ўладу сваю аддадуць зверу. Яны будуць ваяваць супраць Ягняці, і Ягня пераможа іх, бо Ён — Госпад пануючых і Валадар валадароў; і разам з Ім пакліканыя, і выбраныя, і верныя». І кажа ён мне: «Воды, што ты бачыў, дзе сядзіць распусніца, — гэта народы, і натоўпы, і плямёны, і мовы. Дзесяць жа рагоў, што ты бачыў у звера, гэта тыя, што будуць мець у нянавісці распусніцу, і знішчаць яе, і аголяць яе, і цела яе з’ядуць, і спаляць яе агнём. Бог бо даў ім у сэрцы іх, каб выканалі яны тое, што ім наканавана, і выканалі аднадумна, і аддалі царства сваё зверу, аж пакуль не споўняцца словы Божыя. І жанчына, якую ты бачыў, — гэта вялікі горад, які мае панаванне над царамі зямлі».

Пасля гэтага ўбачыў я іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, і зямля зазіхацела ад славы яго. І ўсклікнуў ён магутным голасам: «Паў, паў Бабілон, вялікая распусніца, і стаўся паселішчам дэманаў і турмой усякіх духаў нячыстых, і турмой нячыстай птушкі, і ўсякага нячыстага і ненавіснага звера. Бо віном шаленства распусты сваёй яна напаіла ўсе народы, і ўсе цары зямлі з ёю чужаложнічалі, і купцы зямлі ўзбагачаліся з яе вялікага багацця». І пачуў я яшчэ іншы голас з неба, які казаў: «Выйдзі з яе, народ Мой, каб не стаўся ты ўдзельнікам яе грахоў і каб не прыняў плягаў яе. Бо падняліся грахі яе аж да неба, і прыпомніў Бог яе нягоднасць. Адгадзіце ёй, як і яна вам давала, і падвойце ёй удвая за яе ўчынкі; у чары, у якой яна змешвала напой, змяшайце ёй удвая. Колькі ўзносілася яна і раскашавала, столькі дайце ёй і мукаў, і гора, бо кажа ў сваім сэрцы: “Сяджу, як царыца, і не ўдава я, і не пабачу гора”. Дзеля таго зваляцца на яе ў адзін дзень плягі яе, смерць, і гора, і голад, і агнём будзе спалена, бо магутны Госпад Бог, Які асудзіў яе. І плакаць будуць і галасіць дзеля яе цары зямлі, якія з ёй чужаложнічалі і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым пажару яе, і, стоячы здалёк, дзеля страху яе мучэнняў будуць казаць: “Гора, гора, вялікі той горад, Бабілон, магутны той горад, у адну хвіліну прыйшоў суд твой”. І гандляры зямлі будуць плакаць і лямантаваць дзеля таго, што іх тавараў ніхто ўжо не купіць, тавараў залатых і срэбраных, і дарагіх каменняў, і перлаў, і вісону, і пурпуру, і шоўку, і парфіры, і рознага пахкага дрэва ды вырабаў са слановай косці, і ўсякіх рэчаў з найдаражэйшага дрэва, і медзі, і жалеза, і мармуру, і карыцы, і духмянасцей, і фіміяму, і міра, і ладану, і віна, і алею, і чыстай мукі, і пшаніцы, і жывёлы, і авечак, і коней, і вазоў, і нявольнікаў, і душ людскіх. І плады твае, пажаданне душы, прапалі для цябе, і ўсё тлустае і бліскучае знікла перад табою, і больш ужо яго не знайсці. Гандляры гэтага, якія праз яе ўзбагаціліся, будуць стаяць здалёк з-за страху перад яе мукамі, плачучы і лямантуючы, і кажучы: “Гора, гора табе, вялікі гэты горад, што апрануты ў вісон і пурпур, і парфіру, і багаты золатам, дарагімі камянямі і перламі, бо ў адну гадзіну пагінулі такія багацці!” І ўсе стырнавыя, і перавозчыкі прыбярэжныя, і маракі разам з тымі, што на моры працавалі, здалёк стаялі, уздыхалі і лямантавалі, гледзячы на дым пажару і кажучы: “Хто ж падобны да гэтага горада, такога вялікага?” І пасыпалі пылам галовы сабе, і крычалі, плачучы і галосячы, і казалі: “Гора, гора табе, вялікі горад, у якім усе сталіся багатымі, хто меў караблі на моры, са скарбаў яго. У адзін момант ён быў спустошаны! Цешцеся з гэтага, неба і святыя, і Апосталы, і прарокі, бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго”». Тады адзін магутны анёл падняў вялікі, як млынавы, камень і кінуў яго ў мора, кажучы: «З такой сілаю будзе скінуты гэты горад Бабілон, і больш не паўстане. І голасу гусляроў, і музыкаў, і жалейнікаў, і дудароў, і труб не пачуецца больш у табе; і не знойдзецца больш ніводнага мастака і ніякага мастацтва, і не будзе чутна голасу жорнаў, і не зазіхаціць у табе больш святло светача, і галасоў жаніха і нявесты больш у табе не пачуеш, бо купцы твае былі магнатамі зямлі, бо ўсе народы былі падмануты тваімі чарамі, і знойдзена ў ім кроў прарокаў і святых ды ўсіх тых, што закатаваны былі на зямлі».

Пасля гэтага пачуў я голас гучны на небе як быццам многіх натоўпаў, што казалі: «Алілуя! Збаўленне, і слава, і пашана, і магутнасць Богу нашаму, бо праўдзівыя і справядлівыя суды Яго. Бо Ён асудзіў распусніцу вялікую, якая разбэшчвала зямлю сваёй распустаю, і адпомсціў за кроў паслугачоў Сваіх ад рук яе». І зноў усклікнулі: «Алілуя! І дым з яе падымаецца на векі вечныя». І палі дваццаць чатыры старэйшыны і чатыры жывёліны, і аддалі паклон Богу, Які сядзіць на пасадзе, і ўсклікнулі: «Амін! Алілуя!». І голас зышоў ад пасада, кажучы: «Слаўце Бога нашага, усе паслугачы Яго, якія Яго баяцца, малыя і вялікія». І пачуў я быццам голас незлічонай грамады, як шум многіх водаў і як гук вялікіх грымот, якія кажуць: «Алілуя, бо ўзяў уладу Госпад, Бог наш Усемагутны. Узрадуемся і ўсцешымся, і аддадзім славу Яму, бо надышоў час шлюбу Ягняці і жонка Яго падрыхтавала сябе. І дадзена ёй прыбрацца ў вісон чысты і ззяючы, вісон жа ёсць учынкі праведнасці святых». І кажа мне: «Напішы: “Шчасныя пакліканыя на вячэру шлюбную Ягняці”». І кажа мне: «Гэта сапраўды словы Божыя». І я паў яму да ног, каб ушанаваць яго. А ён кажа мне: «Глядзі, не рабі гэтага! Бо я саслужнік твой і братоў тваіх, якія маюць сведчанне Ісуса. Богу пакланіся. Бо сведчанне Ісуса ёсць дух прароцтва». І ўбачыў я адкрытае неба; і вось, белы конь; і на ім сядзеў Вершнік, называны Верны і Праўдзівы, і Ён справядліва судзіць і змагаецца. Вочы Яго як полымя агністае, і на галаве ў Яго шмат дыядэм, імя Яго напісанае, якога ніхто не ведае, апрача Яго Самога, і адзеты Ён у вопратку акрываўленую, і завецца імя Яго — Слова Божае. І войска нябеснае, апранутае ў вісон чысты і белы, на белых конях ідзе за Ім. І з вуснаў Яго выходзіць меч востры, каб ім пабіць народы, і Ён будзе пасвіць іх жалезным кіем і Ён стопча ступу віна лютасці гневу Бога Усемагутнага. І мае на вопратцы і на сцягне Сваім напісанае імя: Валадар валадароў і Госпад пануючых. І ўбачыў я аднаго анёла, які стаў на сонцы і закрычаў вялікім голасам да ўсіх птушак, якія ляталі праз сярэдзіну неба, кажучы: «Хадзіце і збярыцеся на вялікую вячэру Божую, каб паесці целы цароў, і целы тысячнікаў, і целы асілкаў, і целы коней і іх вершнікаў, і целы ўсіх вольных і нявольнікаў, малых і вялікіх». І пабачыў я звера і цароў зямлі, а поруч войска іх, падрыхтаванае да бою з Тым, Які сядзеў на кані, і з войскам Яго. І схоплены быў звер, а з ім фальшывы прарок, які чыніў знакі перад ім, і знакамі тымі зводзіў тых, што атрымалі меціну звера і што пакланяліся перад яго абразом. Абодва яны былі жывымі кінуты ў возера вогненнае, палаючае серкай. А іншыя былі забіты мячом Таго, Які сядзеў на кані, што выходзіў з вуснаў Яго. І ўсе птушкі нажыраваліся целамі іх.

І ўбачыў я анёла, што сыходзіў з неба і меў у руцэ ключ ад бяздоння і вялікі ланцуг. І схапіў ён дракона, змея старадаўняга, які ёсць д’ябал і шатан, і звязаў яго на тысячу гадоў, і кінуў яго ў бяздонне, і замкнуў яго, і запячатаў яго, каб не зводзіў больш народы, пакуль не міне тысяча гадоў. А пасля ён мае быць вызвалены на кароткі час. І ўбачыў я пасады, і паселі на іх тыя, якім дадзена права судзіць, і душы тых, якім сцялі галовы за сведчанне аб Ісусе і за слова Божае, і тых, якія не пакланіліся зверу і вобразу яго, якія не мелі меціны на чолах і руках сваіх. І ажылі яны, і валадарылі разам з Хрыстом тысячу гадоў. Рэшта памерлых не ажыла, пакуль не скончылася тысяча гадоў. Гэта ёсць першае ўваскрэсенне. Шчасны і святы той, хто мае ўдзел у першым уваскрэсенні! Над імі другая смерць не мае ўлады, але яны будуць святарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў. І, калі міне тысяча гадоў, будзе вызвалены шатан са сваёй вязніцы, і выйдзе ўводзіць у зман народы, якія на чатырох канцах зямлі, Гога і Магога, і збіраць іх на бой, а лік іх, як пяску марскога. І яны ўзышлі на прастор зямлі і акружылі лагер святых і іх умілаваны горад. Але зляцеў ад Бога агонь і знішчыў іх. І д’ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера агню і серкі, дзе і звер, і фальшывы прарок, і мучыцца будуць яны днём і ўночы на векі вечныя. І ўбачыў я пасад вялікі белы і Таго, Які сядзеў на ім, перад абліччам Якога ўцяклі зямля і неба, і не знайшлося ім месца. І ўбачыў я перад пасадам памерлых, вялікіх і малых, што стаяць перад Богам. І былі адкрыты кнігі. І была адкрыта іншая кніга, кніга жыцця. І быў суд над памерлымі за тое, што напісана было ў кнігах, паводле іх ўчынкаў. І аддала мора памерлых, якія ў ім былі. Падобным спосабам аддалі смерць і пекла сваіх памерлых, якія ў іх былі. І кожны быў суджаны паводле сваіх учынкаў. І смерць і пекла былі ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта — другая смерць. І хто не знайшоўся запісаны ў кнізе жыцця, той быў укінуты ў возера вогненнае.

І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля зніклі і мора ўжо няма. І я, Ян, убачыў святы горад, новы Ерузалім, які сыходзіць з неба ад Бога, прыгатаваны, быццам нявеста на сустрэчу свайго мужа. І пачуў я голас з пасаду магутны, які кажа: «Вось палатка Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі, і яны будуць народам Яму, і Сам Бог з імі будзе іх Богам, і абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх, і смерці ўжо не будзе, ані плачу, ані галашэння, ані болю больш не будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула». І сказаў Той, Які сядзеў на пасадзе: «Вось, Я ствараю ўсё новае». І кажа: «Напішы: словы гэтыя верныя і праўдзівыя». І сказаў мне: «Сталася! Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Прагнучаму дам Я піць дарма з крыніцы жыцця. Хто пераможа, атрымае гэта як спадчыну, і буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам. Удзелам жа палахлівых, няверных, нягоднікаў, забойцаў, распуснікаў, чараўнікоў, балванапаклоннікаў і ўсіх хлуслівых будзе палымнеючае возера агню і серкі, што ёсць другая смерць». І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чар, поўных сямю плягамі апошнімі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзі, пакажу табе жонку, нявесту Ягняці». І падняў ён мяне ў духу на гару вялікую і высокую, і паказаў мне вялікі, святы горад Ерузалім, які сыходзіў з неба ад Бога і меў славу Божую. Бляск яго быў падобны да бляску каштоўных камянёў, быццам яспіса ці нават крышталю. І меў ён вялікі і высокі мур, і меў дванаццаць брам, на брамах стаяла дванаццаць анёлаў ды выпісаны былі імёны, якія ёсць імёны дванаццаці пакаленняў сыноў Ізраэля. Ад усходу тры брамы, і ад поўначы тры брамы, і ад поўдня тры брамы, і ад захаду тры брамы. І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, і на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Ягняці. І той, што размаўляў са мною, меў мерку, залатую трысціну, каб змерыць горад, брамы яго і мур яго. І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня яго роўная шырыні. І абмераў ён горад залатой трысцінай на дванаццаць тысяч стадый; і даўжыня яго, шырыня і вышыня — аднолькавыя. І змераў мур яго ста сарака чатырма локцямі меры чалавечай, такая ж і анёльская. І мур яго быў збудаваны з яспісу, а сам горад быў з чыстага золата, чыстага, як шкло. Падмуркі муру горада ўпрыгожаны былі дарагімі камянямі: падмурак першы — яспісам, другі — сапфірам, трэці — халцэдонам, чацвёрты — смарагдам, пяты — сардоніксам, шосты — сердалікам, сёмы — хрызалітам, восьмы — берылам, дзевяты — тапазам, дзесяты — хрызапразам, адзінаццаты — гіяцынтам, дванаццаты — аметыстам. І дванаццаць брам — дванаццаць перлаў; кожная брама была з аднаго перла. І вуліца горада з чыстага золата, нібы з празрыстага шкла. І святыні я ў ім не ўбачыў, бо Госпад, Бог Усемагутны, быў яго святыняй, і Ягня. І горад не патрабуе ўжо ані сонца, ані месяца, каб асвятлялі яго, бо слава Божая асвятляе яго і Ягня ёсць свяцільняй яго. І будуць хадзіць народы збаўленых у святле яго, і цары зямныя прынясуць у яго славу сваю і гонар. І брамы яго не будуць зачыняцца ўдзень, а ночы не будзе ўжо там. І ўнясуць у яго славу і гонар народаў. І нішто заганнае не ўвойдзе ў яго, і ніводзін, хто чыніць агіду і хлусню, а толькі тыя, што запісаны ў кнізе жыцця Ягняці.

І паказаў мне чыстую раку вады жыцця, светлую, як быццам крышталь, якая выцякае з пасада Бога і Ягняці. На сярэдзіне вуліцы яго і паабапал ракі дрэва жыцця, што прыносіць плады дванаццаць разоў, даючы штомесяц плод свой, і лісце дрэва — для ацалення народаў. І не будзе ўжо больш нічога праклятага. І пасад Бога і Ягняці ў ім будзе, і паслугачы Яго Яму служыць будуць, і ўбачаць аблічча Яго, і імя Яго на чолах сваіх. І ночы ўжо не будзе, і не трэба будзе ўжо святла лямпы, ані святла сонца, бо Госпад Бог асвятляе іх, і будуць яны валадарыць на векі вечныя. І сказаў мне: «Словы гэтыя самыя верныя і праўдзівыя, і Госпад, Бог святых прарокаў, паслаў Свайго анёла, каб паказаць паслугачам Сваім, што павінна стацца неўзабаве. І вось, прыходжу хутка. Шчасны, хто захоўвае словы прарочыя гэтай кнігі». І я, Ян, чуў гэта і бачыў. І, калі гэта пачуў і ўгледзеў, паў да ног анёла, што мне гэта паказаў, каб пакланіцца яму. І ён кажа мне: «Глядзі, не рабі! Бо я толькі саслужнік твой і братоў тваіх прарокаў разам з тымі, якія захоўваюць словы гэтай кнігі. Богу пакланіся». І кажа мне: «Не запячатвай прарочых слоў гэтай кнігі, бо час ужо блізкі. Хто ліхі, няхай больш ліхадзейнічае, хто апаганены, няхай больш апаганьваецца, і справядлівы няхай яшчэ павялічвае справядлівасць, і святы няхай яшчэ больш усвячаецца. Вось, прыходжу хутка, і адплата Мая разам са Мною, каб аддаць кожнаму паводле ўчынкаў яго. Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец. Шчасныя, што выконваюць прыказанні Яго, яны будуць мець уладу над дрэвам жыцця і ўвойдуць у горад праз брамы. За мурам застануцца сабакі, чараўнікі, распуснікі, забойцы, балванапаклоннікі і ўсе тыя, што любяць і чыняць няпраўду. Я, Ісус, паслаў Майго анёла, каб даў вам гэтае сведчанне ў цэрквах. Я — Корань і Род Давідаў, Зорка светлая і ранішняя». І Дух і нявеста клічуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І хто смагне, няхай прыйдзе; хто жадае, хай бярэ ваду жыцця дарма. Вось, сведчу кожнаму, хто слухае словы прароцтва гэтай кнігі: калі хто да іх дадасць нешта, таго Бог пакарае адной з тых плягаў, што запісаны ў гэтай кнізе, і, калі хто адыме ад слоў прароцтва гэтай кнігі, у таго Бог адыме долю яго з кнігі жыцця, і з горада святога, і з таго, што ў гэтай кнізе напісана. Той, Хто пра гэта сведчыць, кажа: «Так, прыйду неўзабаве!» Амін! Прыйдзі, Госпадзе Ісусе! Ласка Госпада Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін!


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.