Библия › Чарняўскі-17 › 2 Самуэля
Сталася ж па смерці Саўла, што Давід вярнуўся па перамозе над Амалекам і спыніўся на два дні ў Сікэлазе. А на трэці дзень з’явіўся нейкі чалавек з лагера Саўла ў падзёртым адзенні і з пасыпанай пылам галавой; і ён, калі падышоў да Давіда, упаў на твар свой і пакланіўся да зямлі. І Давід запытаўся ў яго: «Адкуль ты прыйшоў?» Ён адказаў яму: «Я ўцёк з лагера ізраэльскага». І сказаў яму Давід: «Што ж сталася? Скажы мне». Ён кажа: «Людзі паўцякалі з месца бою, і многія з народа, упаўшы, загінулі; таксама Саўл і сын яго Ёнатан загінулі». І спытаўся Давід у юнака, які яму расказваў: «Адкуль ты ведаеш, што памёр Саўл і сын яго, Ёнатан?» І юнак, які прынёс яму гэтыя весткі, сказаў: «Я выпадкова ўзышоў на гару Гэльбоэ, і Саўл ляжаў на сваёй дзідзе. А ўжо коннікі і калясніцы даганялі яго, і ён, аглянуўшыся і ўбачыўшы мяне, паклікаў мяне. Калі я яму адказаў: “Вось я”, ён спытаўся ў мяне: “Хто ты?” І я сказаў яму: “Я з амалекцаў”. І ён сказаў мне: “Падыдзі да мяне і забі мяне, бо туга смяротная ахапіла мяне, але душа мая ўсё яшчэ ўва мне”. І я, падышоўшы да яго, забіў яго; бо ведаў, што не зможа ён жыць па сваім падзенні. І ўзяў я вянец з галавы яго, і бранзалет з рукі яго, і прынёс іх сюды, да цябе, гаспадара майго». Давід, схапіўшыся за шаты свае, раздзёр іх, і ўсе людзі, якія былі з ім; і галасілі яны, і плакалі, і пасцілі аж да вечара дзеля Саўла, і дзеля Ёнатана, сына яго, і дзеля народа Госпада, і дзеля дому Ізраэля, бо яны загінулі ад меча. І сказаў Давід юнаку, які аб гэтым паведаміў яму: «Адкуль ты?» Ён адказаў: «Я — сын чалавека, прыбыльца з Амалека». І сказаў яму Давід: «Як ты адважыўся падняць руку сваю, каб забіць намашчэнца Госпадава?» Дык Давід, паклікаўшы аднаго з юнакоў, загадаў: «Падыдзі і забі яго». І той ударыў яго, і ён памёр. І сказаў яму Давід: «Кроў твая — на галаву тваю; бо сказанае табою сведчыла супраць цябе, калі ты казаў: “Я забіў намашчэнца Госпадавага”». А Давід аплакваў Саўла і сына яго Ёнатана гэтым жалобным галашэннем, і загадаў, каб навучылі сыноў Юды гімну луку, як і было запісана ў Кнізе Справядлівага, і сказаў ён: «Слаўныя твае, Ізраэлю, загінулі на гарах тваіх, як жа маглі загінуць такія мужныя?! Не расказвайце гэтага ў Геце і не абвяшчайце аб гэтым на вуліцах Аскалона, каб часам не ўзвесяліліся з-за гэтага дочкі філістынскія, каб не радаваліся дочкі неабрэзаных. Горы Гэльбоэ! Хай не спадзе на вас ані раса, ані дождж і хай не будзе ў вас палёў урадлівых, бо там апаганены шчыт мужных, шчыт Саўла, быццам не быў ён памазаны алеем. Без крыві забітых, без тлушчу мужных лук Ёнатана ніколі не вяртаўся назад, і меч Саўла не вяртаўся дарма. Саўла і Ёнатана, што любілі адзін аднаго і жылі ў згодзе, смерць таксама не разлучыла іх, хутчэйшых за арлоў і дужэйшых за львоў. Дочкі ізраэльскія, плачце дзеля Саўла, які апранаў вас у раскошныя пурпуровыя шаты, які даваў залатыя аздабленні для ўпрыгожвання вашага. Як жа маглі загінуць у баі такія мужныя! Ёнатан забіты на ўзгорках тваіх. О, як шкадую цябе, брат мой Ёнатан: ты быў мне вельмі дарагі; любоў твая была для мяне даражэй за любоў жаночую. Як палеглі героі і загінула зброя баявая!»
І па тых падзеях раіўся Давід з Госпадам, кажучы: «Ці маю пайсці ў адзін з гарадоў юдэйскіх?» І Госпад яму сказаў: «Ідзі». І Давід запытаўся: «Куды маю ісці?» І Госпад адказаў яму: «У Геброн». І пайшоў туды Давід разам з дзвюма жонкамі сваімі, Ахінаам з Езрагэля і Абігайль, жонкай Набала, з Кармэля; але павёў ён разам людзей сваіх, якія з ім былі, кожнага з сям’ёй сваёй, і абжыліся яны ў гарадах Геброна. І прыйшлі юдэі, і намасцілі там Давіда, каб цараваў ён над домам Юды. І паведамлена было Давіду, што жыхары Явіса ў Галаадзе пахавалі Саўла. Дык паслаў Давід вестуноў да жыхароў Явіса ў Галаад, каб сказалі яны ім: «Будзьце дабраславёны Госпадам, бо аказалі вы гэтую міласэрнасць гаспадару вашаму, Саўлу, і пахавалі яго. І зараз хай Госпад таксама акажа вам міласэрнасць і праўду; але і я аддам вам таксама дабром за тое, што вы гэта ўчынілі. Няхай жа цяпер будуць дужымі рукі вашыя, і вы будзьце адважнымі; бо хаця памёр гаспадар ваш Саўл, аднак мяне дом Юды намасціў на цара сабе». А Абнэр, сын Нэра, кіраўнік войска Саўла, узяў Ісбаала, сына Саўла, і прывёў яго ў Маханаім, і паставіў яго царом над Галаадам, і над Асэрам, і над Езрагэлем, і над Эфраімам, і над Бэньямінам, і над усім Ізраэлем. Ісбаал, сын Саўла, меў сорак гадоў, калі пачаў цараваць над Ізраэлем, і цараваў ён два гады; і толькі дом Юды заставаўся з Давідам. І была колькасць дзён, калі заставаўся Давід у Геброне, царуючы над домам Юды, сем з паловай гадоў. І Абнэр, сын Нэра, і паслугачы Ісбаала, сына Саўла, з Маханаіма выйшлі ў Габаон. Таксама Ёаб, сын Сэруі, і паслугачы Давіда выйшлі і спаткаліся з імі каля вадаёма Габаонскага; і калі яны сышліся з усёй мясцовасці, адны сталі на адным баку вадаёма, а другія — на другім. І сказаў Абнэр Ёабу: «Хай юнакі ўстануць і хай пагуляюць перад намі?» І Ёаб адказаў: «Хай устануць». Дык усталі і пайшлі ў ліку дванаццаці бэньямінцы з боку Ісбаала, сына Саўла, і дванаццаць з юнакоў Давіда. І, схапіўшы свайго супраціўніка за галаву, кожны ўсадзіў меч у бок супраціўніка, і паваліліся разам; і названае было месца тое Хэлкат-Гаццурымa, што ў Габаоне. І пачалася ў той дзень вельмі страшная вайна, і Абнэр і людзі Ізраэля былі пераможаны ваярамі Давіда. А былі там тры сыны Сэруі: Ёаб, Абісай і Асаэль. А Асаэль быў вельмі хуткім скараходам, як сарна ў полі. І пагнаўся Асаэль за Абнэрам, і не зварочваў ані ўправа, ані ўлева, не пакідаючы пераследаваць Абнэра. І аглянуўся Абнэр назад, і спытаўся: «Ці гэта ты, Асаэль?» Ён адказаў: «Я». Дык сказаў яму Абнэр: «Павярніся ўправа ці ўлева і схапі аднаго з юнакоў, і вазьмі сабе здабычу з яго». Але Асаэль не хацеў адступіцца ад яго. І зноў сказаў Асаэлю Абнэр: «Адступіся, бо буду змушаны прыбіць цябе да зямлі і тады не змагу падняць аблічча свайго перад Ёабам, братам тваім». Той не хацеў слухаць яго і не жадаў адступіцца. Тады Абнэр ударыў яго, павярнуўшы дзіду ў жываце, і дзіда прайшла яго наскрозь, і ён памёр там. І ўсе, якія праходзілі праз тое месца, дзе ўпаў Асаэль і памёр, затрымліваліся. А Ёаб і Абісай пераследавалі Абнэра, які ўцякаў; сонца зайшло, і яны прыйшлі да ўзгор’я Ама, што на другім баку Гаяха, пры дарозе ў пустыню Габаонскую. І сабраліся бэньямінцы вакол Абнэра, і, утварыўшы адну дружыну, затрымаліся на вяршыні аднаго ўзгорка. І закрычаў Абнэр да Ёаба, і сказаў: «Ці аж да вынішчэння будзе лютаваць твой меч? Ці ты не ведаеш, што вынікі будуць горкімі? Чаму ты не загадаеш народу, каб ён перастаў пераследаваць братоў сваіх?» Ёаб адказаў: «Хай жыве Бог, каб ты не казаў інакш, то яшчэ зранку перасталі б людзі пераследаваць кожны брата свайго». І Ёаб затрубіў у трубу, і спынілася ўсё войска, і не пераследавалі болей Ізраэль, і больш ужо не ваявалі. А Абнэр і ваяры яго ішлі ўсю тую ноч праз Арабу, і перайшлі Ярдан, і, прайшоўшы ўвесь Бэтарон, прыбылі ў Маханаім. А Ёаб, вярнуўшыся з пагоні за Абнэрам, сабраў увесь народ; і сярод паслугачоў Давіда не хапала дзевятнаццаці чалавек, акрамя Асаэля; а паслугачы Давіда забілі трыста шэсцьдзесят бэньямінцаў і людзей, што былі з Абнэрам, якія і памерлі. І ўзялі яны Асаэля і пахавалі яго ў магіле бацькі яго, што ў Бэтлехэме. І Ёаб і яго ваяры ішлі ўсю ноч, і на самым світанні дайшлі да Геброна.
І адбывалася доўгае спаборніцтва між домам Саўла і домам Давіда: Давід заўсёды заставаўся дужэйшым, а дом Саўла штодзень слабеў. Таксама нарадзіліся ў Давіда сыны ў Геброне. І першародным быў Амнон з Ахінаам з Езрагэля, а другім быў Хэлеб з Абігайль, жонкі Набала з Кармэля, а трэцім — Абсалом, сын Маахі, дачкі Талмая, цара Гэсура; а чацвёртым — Адонія, сын Хагіт, і пятым — Сафація, сын Абіталь; а шостым — Етраам з Эглы, жонкі Давіда: яны нарадзіліся Давіду ў Геброне. І калі працягвалася вайна між домам Саўла і домам Давіда, Абнэр, сын Нэра, цараваў над домам Саўла. А ў Саўла была наложніца на імя Рэспа, дачка Аі. І сказаў Ісбаал Абнэру: «Чаму ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго?» Абнэр, дужа ўзлаваўшыся дзеля слоў Ісбаала, сказаў: «Ці ж я — сабачая галава з Юды? Сёння я аказваю міласэрнасць дому Саўла, бацькі твайго, і братам яго, і блізкім яго, і цябе не аддаў у рукі Давіда. І ты пытаешся ў мяне аб гэтым, бо абвінавачваеш сёння дзеля жанчыны. Хай гэта зробіць Бог з Абнэрам і яшчэ дадасць, калі я не зраблю Давіду так, як Госпад прысягнуў яму, каб забраць царства ад дому Саўла, каб быў пастаўлены пасад Давіда над Ізраэлем і над Юдай, ад Дана да Бээр-Сэбы». І той не мог адказаць Абнэру нічога, бо баяўся яго. І паслаў Абнэр вестуноў ад сябе да Давіда, каб сказалі яны: «Чыя гэта зямля?» і яшчэ сказалі: «Заключы сяброўства са мной, і рука мая будзе з табою, і прывяду я да цябе ўвесь Ізраэль». Давід сказаў: «Вельмі добра, я заключу з табой сяброўства, але толькі прашу цябе аб адной рэчы, а менавіта: ты не ўбачыш аблічча майго, калі найперш не прывядзеш Міхол, дачку Саўла, калі прыйдзеш мяне ўбачыць». А Давід паслаў вестуноў да Ісбаала, сына Саўла, сказаць яму: «Вярні мне жонку маю Міхол, якую набыў я сабе за сто крайніх плоцяў філістынскіх». Дык Ісбаал паслаў пасланцоў, і ўзяў яе ад мужа яе, Палціэля, сына Лаіса. І ішоў за ёй муж яе, плачучы, аж да Бахурыма; і Абнэр сказаў яму: «Ідзі, вяртайся!» І ён вярнуўся. Таксама звярнуўся Абнэр да старэйшын Ізраэля, кажучы: «Як учора, так і заўчора прасілі вы Давіда, каб цараваў ён над вамі; дык здзейсніце гэта цяпер, бо Госпад прамовіў Давіду, кажучы: “Рукою Майго паслугача Давіда Я выратую народ Мой, Ізраэль, з рук філістынцаў і ўсіх ворагаў яго”». Падобна гаварыў Абнэр і бэньямінцам; і пайшоў Абнэр у Геброн, каб пераказаць Давіду ўсё, чаго жадалі Ізраэль і ўвесь дом Бэньяміна. І прыйшоў да Давіда ў Геброн з дваццаццю ваярамі, і Давід справіў баль Абнэру і людзям яго, што прыйшлі з ім. І сказаў Абнэр Давіду: «Я ўстану, каб сабраць у цябе, гаспадара майго, цара, увесь Ізраэль; і ўвойдуць яны з табой у запавет, і будзеш ты валадарыць над усім, як жадае душа твая». І калі адпусціў Давід Абнэра і ён пайшоў у супакоі; паслугачы Давіда і Ёаб вярталіся з паходу з вялікай здабычаю. А Абнэра не было разам з Давідам у Геброне, бо Давід ужо адпусціў яго, і ён пайшоў у супакоі, і Ёаб і ўсё войска, якое было з ім, вярнуліся потым. Дык паведамілі Ёабу, расказваючы: «Абнэр, сын Нэра, прыйшоў да цара, і ён адпусціў яго, і ён пайшоў у супакоі». І прыйшоў Ёаб да цара, і сказаў яму: «Што ты зрабіў? Вось, прыйшоў да цябе Абнэр; чаму ты адпусціў яго і ён адышоў у супакоі? Ці ты не ведаеш Абнэра, сына Нэра? Напэўна, дзеля таго прыйшоў ён, каб падмануць цябе і даведацца пра ўваход твой і выхад твой, і даведацца пра ўсё, што ты робіш». І, выйшаўшы ад Давіда, Ёаб паслаў пасланцоў за Абнэрам, і яны вярнулі яго ад Бор-Гасіра, а Давід не ведаў пра гэта. І калі вярнуўся Абнэр у Геброн, Ёаб адвёў яго асобна да сярэдзіны брамы быццам з ім тайна пагаварыць і ўдарыў яго там у жывот, і памёр ён у адплату за кроў Асаэля, брата Ёаба. Калі пра гэтую справу, што ўжо адбылася, пачуў Давід, ён сказаў: «Не вінаваты ані я, ані царства маё на векі перад Госпадам за кроў Абнэра, сына Нэра; і няхай спадзе яна на галаву Ёаба і на ўвесь дом бацькі яго; хай заўсёды будзе ў доме Ёаба хворы на выцёкі, пракажоны і той, хто ходзіць з кіём, забіты ад меча і той, хто просіць хлеба». Так Ёаб і брат яго Абісай забілі Абнэра за тое, што ён забіў Асаэля, брата іх, у Габаоне ў час бою. А Давід сказаў Ёабу і ўсяму народу, які быў з ім: «Раздзярыце адзенне ваша, і адзеньцеся ў зрэбніцы, і лямантуйце на пахаванні Абнэра». А цар Давід ішоў за пахавальнымі насілкамі. І калі Абнэра хавалі ў Геброне, цар Давід загаласіў і заплакаў над магілай Абнэра; а плакаў таксама і ўвесь народ. І плакаў цар, і галасіў дзеля Абнэра, кажучы: «Няўжо Абнэр павінен быў памерці так, як звычайна паміраюць неразважныя? Рукі твае не былі звязаныя, і ногі твае не былі закутыя ў кайданы; але ты загінуў, як звычайна гінуць ад сыноў злачыннасці». І ўвесь народ пачаў яшчэ болей плакаць над ім. І калі прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі быў яшчэ ясны дзень, пакляўся Давід, кажучы: «Хай гэта зробіць мне Бог, і яшчэ гэта дадасць, калі я перад захадам сонца пакаштую хлеба або чаго іншага». І ўвесь народ чуў гэта; і спадабалася гэта яму, як і ўсё, што рабіў цар, было добрым у вачах усяго народа. І пераканаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраэль у той дзень, што не цар зрабіў так, каб Абнэр, сын Нэра, быў забіты. Таксама сказаў цар паслугачам сваім: «Ці ж вы не ведаеце, што сёння ўпаў кіраўнік і найвялікшы муж у Ізраэлі? А я яшчэ кволы, хоць і памазаны на цара, а гэтыя людзі, сыны Сэруі, мацнейшыя за мяне. Хай адплаціць Госпад злачынцу паводле ліхоты яго».
І пачуў Ісбаал, сын Саўла, што памёр Абнэр у Геброне, і самлелі рукі ў яго, і ўвесь Ізраэль устрывожыўся. А сын Саўла меў двух кіраўнікоў войска: адзін меў імя Баана, а імя другога — Рэхаб, сыны Рэмона з Бэрота, з сыноў Бэньяміна; бо і Бэрот прылічалі да Бэньяміна; жыхары Бэрота ўцяклі ў Гет-Таім і жылі там чужынцамі аж па сённяшні дзень. А Ёнатан, сын Саўла, меў кульгавага сына. Бо ён меў пяць гадоў, калі надышла вестка пра Саўла і Ёнатана з Езрагэля, і нянька яго, схапіўшы яго, уцякла; і калі яна паспешна ўцякала, ён упаў і скалечыўся, і называўся ён Мэрыбаал. І пайшлі сыны Рэмона з Бэрота: Рэхаб і Баана, і ўвайшлі ў спякоту дня ў дом Ісбаала, які спаў на сваім ложку апоўдні. І ўвайшлі Рэхаб і Баана, брат яго, у сярэдзіну дома, і ўдарылі яго ў жывот, і ўцяклі. А калі яны ўвайшлі ў дом, ён спаў на ложку сваім у спальні; і яны ўдарылі яго, і забілі, і, адрэзаўшы галаву яго, ішлі ўсю ноч дарогай Арабы. І прынеслі яны галаву Ісбаала Давіду ў Геброн і сказалі цару: «Вось галава Ісбаала, сына Саўла, ворага твайго, які цікаваў на жыццё тваё, і даў Госпад сёння гаспадару нашаму, цару, адпомсціць Саўлу і нашчадкам яго». А ў адказ Рэхабу і Баане, брату яго, сынам Рэмона з Бэрота, сказаў Давід: «Жыве Госпад, Які вызваліў душу маю ад усякае бяды, бо таго, хто паведаміў мне і сказаў: “Саўл памёр”, думаючы, што гаворыць мне радасную вестку, я схапіў і забіў у Сікэлазе, замест таго, каб даць яму ўзнагароду за вестку; тым больш цяпер, калі ліхія людзі забілі нявіннага чалавека ў доме яго на яго ложку, няўжо не павінен я спагнаць за кроў яго з рук вашых і знішчыць вас з зямлі?» І даў загад Давід паслугачам, і яны забілі іх; і, адсекшы іх рукі і ногі, павесілі іх каля вадаёма ў Геброне. А галаву Ісбаала занеслі і пахавалі ў магіле Абнэра ў Геброне.
І прыйшлі ўсе пакаленні Ізраэля да Давіда ў Геброн, кажучы: «Вось, мы — косць твая і цела тваё. Але і ўчора, і заўчора, калі Саўл быў царом над намі, ты выводзіў і прыводзіў назад Ізраэль. І Госпад сказаў табе: “Ты будзеш пасвіць народ Мой, Ізраэль, і ты будзеш кіраўніком над Ізраэлем”». І сабраліся таксама да цара ў Геброн ўсе старэйшыны Ізраэля, і цар Давід заключыў з імі запавет перад Госпадам у Геброне; і намасцілі Давіда на цара над Ізраэлем. Трыццаць гадоў меў Давід, калі пачаў цараваць, і сорак гадоў быў царом; у Геброне над Юдай цараваў ён сем гадоў і шэсць месяцаў, а ў Ерузаліме цараваў трыццаць тры гады над усім Ізраэлем і над Юдай. Цар і ўсе людзі, якія былі з ім, вырушылі ў Ерузалім супраць евусеяў, жыхароў той зямлі. Тыя сказалі Давіду: «Не ўвойдзеш ты сюды, бо выганяць цябе сляпыя і кульгавыя», гэта значыла: «Не ўвойдзе сюды Давід». Давід, аднак, здабыў крэпасць Сіён: ён стаў горадам Давідавым. Бо сказаў Давід у той дзень: «Кожны, хто забівае евусеяў, хай кідае ў рачны канал кульгавых і сляпых, ненавісных для душы Давіда». Таму гаворыцца ў прыказцы: «Сляпы і кульгавы не ўвойдуць у дом». І Давід абжыўся ў крэпасці, і назваў яе горадам Давідавым; і адбудаваў яго кругом ад Мэло і ў сярэдзіне. І Давід станавіўся штораз магутнейшы, бо Госпад, Бог Магуццяў, быў з ім. Таксама паслаў Гірам, цар Тыра, веснікаў да Давіда, і дрэвы кедравыя, і цесляў, і мастакоў па камені, і яны пабудавалі дом Давіду. І пераканаўся Давід, што Госпад паставіў яго царом над Ізраэлем і што Ён узвысіў цараванне яго над народам Сваім, Ізраэлем. І калі Давід перасяліўся з Геброна, ён узяў сабе яшчэ наложніц і жонак з Ерузаліма; і нарадзіліся Давіду яшчэ сыны і дочкі. І вось імёны тых, якія нарадзіліся ў Ерузаліме: Самуа, і Сабаб, і Натан, і Саламон, і Ебагар, і Элішуа, і Напэг, і Яфія, і Элісама, і Эліяда, і Эліпалет. А філістынцы пачулі, што Давіда намасцілі на цара над Ізраэлем, і сабраліся ўсе, каб шукаць Давіда. Калі Давід пачуў аб гэтым, ён увайшоў у крэпасць, а філістынцы па прыходзе разышліся па даліне Рэфаім. І раіўся Давід з Госпадам, пытаючыся: «Ці пайсці мне на філістынцаў? І ці аддасі Ты іх у мае рукі?» Госпад сказаў Давіду: «Ідзі, бо Я, аддаўшы філістынцаў, перадам іх у рукі твае». Дык пайшоў Давід у Баал-Парацым, і разбіў іх там, і сказаў: «Раздзяліў Госпад ворагаў маіх перада мною, як раздзяляюцца воды». Таму тое месца і названа Баал-Парацым. І пакінулі яны там сваіх ідалаў, якіх захапілі Давід і людзі яго. І прыйшлі зноў філістынцы, і разышліся па даліне Рэфаім. А Давід раіўся з Госпадам, Які даў такі адказ: «Не выходзь, але абыдзі іх кругом і выйдзі да іх з боку тутавых дрэў; і калі пачуеш стукат крокаў як бы ідучага па вершалінах дрэў тутавых, тады спяшайся, бо тады выйдзе Госпад перад абліччам тваім, каб разбіць лагер філістынскі». І зрабіў Давід так, як загадаў яму Госпад; і перамог філістынцаў ад Габаона аж да Газэра.
А Давід сабраў зноў усіх выбраннікаў з Ізраэля ў ліку трыццаці тысяч. І падняўся Давід, і пайшоў з усім народам, які пры ім быў, да Баала юдэйскага, каб адтуль прывезці каўчэг Божы, над якім было прызывана імя Госпада Магуццяў, Які сядзіць на херубінах, што над ім. І паставілі яны каўчэг Божы на новы воз, і вынеслі яго з дому Абінадаба, які стаяў на ўзгорку. А Оза і Ахія, сыны Абінадаба, вялі воз: Оза ішоў побач з каўчэгам, а Ахія апераджаў яго. А Давід і ўвесь Ізраэль скакалі перад Госпадам з усёй сілы пры гуках песень, і цытраў, і псалтэрыёнаў, і тымпанаў, і труб, і цымбалаў. А калі прыбылі яны на ток Нахона, Оза выцягнуў руку ў бок каўчэга Божага і прытрымаў яго, бо валы тузануліся і нахілілі яго. І ўзгарэўся гневам Госпад супраць Озы, і ўдарыў яго за правіну; ён памёр там пры каўчэгу Божым. А Давід засмуціўся, што Госпад караю пакараў Озу; і было названа тое месца Пэрэс Оза, і так яно завецца аж па гэты дзень. І ў той дзень Давід спалохаўся Госпада, кажучы: «Як да мяне прыйдзе каўчэг Госпада?» І не хацеў Давід везці каўчэг Госпада да сябе ў горад Давідаў, але накіраваў яго ў дом Абэдэдома з Гета. І прабыў каўчэг Госпада ў доме Абэдэдома з Гета тры месяцы, і дабраславіў Госпад Абэдэдома і ўвесь дом яго. І паведамілі цару Давіду: «Дабраславіў Госпад Абэдэдома ды ўсё яго дзеля каўчэга Божага». Дык пайшоў Давід, і перанёс каўчэг Божы з дома Абэдэдома ў горад Давідаў з радасцю. І калі тыя, што неслі каўчэг Госпадаў, праходзілі шэсць крокаў, ён складаў у ахвяру вала і тлустае цяля, і скакаў Давід з усёй сілы перад Госпадам. А быў апрануты Давід у льняны эфод. І Давід і ўвесь дом Ізраэля неслі каўчэг Госпада з радасцю і пры гуку трубы. Калі каўчэг Госпада быў унесены ў горад Давіда, вось Міхол, дачка Саўла, гледзячы ў акно, убачыла цара Давіда, што падскокваў і радаваўся перад Госпадам, і пагардзіла ім у сваім сэрцы. І прынеслі каўчэг Госпада, і паставілі яго на месцы яго, у сярэдзіне палаткі, якую паставіў для яго Давід; і склаў Давід перад Госпадам ахвяры цэласпалення і ахвяры прымірэння. І, калі скончыў Давід складаць ахвяры цэласпалення і прымірэння, ён дабраславіў народ у імя Госпада Магуццяў. І раздаў ён усяму мноству Ізраэля, кожнаму асобна, як мужчыне, так і жанчыне, па бохану хлеба, і па ляпёшцы фінікаў, і фігі. І ўсе людзі разышліся, кожны ў свой дом. І вярнуўся Давід, каб дабраславіць дом свой, і выйшла насустрач Давіду Міхол, дачка Саўла, і сказала: «О, як праславіўся сёння цар Ізраэля, агаліўшыся на вачах нявольніц паслугачоў сваіх, быццам агаляецца адзін з блазнаў!» І сказаў Давід Міхол: «Перад Госпадам я скачу. Дабраславёны Госпад, Які выбраў мяне замест бацькі твайго і ўсяго дому яго, каб паставіць мяне кіраўніком над народам Госпада, над Ізраэлем! Перад Госпадам буду радавацца, стану больш нязначным, чым я ёсць, і паніжуся ў вачах тваіх, але ў вачах нявольніц, аб якіх ты гаворыш, яшчэ болей буду ўслаўлены». Таму Міхол, дачка Саўла, не мела дзяцей да дня смерці сваёй.
Сталася ж, калі цар абжыўся ў доме сваім і Госпад даў яму супакой ад усіх ворагаў яго навокал, сказаў цар прароку Натану: «Ці не бачыш, што я жыву ў кедравым палацы, а каўчэг Божы знаходзіцца ў сярэдзіне палаткі?» І Натан сказаў цару: «Ідзі, зрабі ўсё, што маеш у сэрцы сваім, бо Госпад з табою». І сталася, што ў тую самую ноч Госпад прамовіў да Натана гэтыя словы, кажучы: «Ідзі і скажы паслугачу Майму Давіду: вось што кажа Госпад: “Ці ты збудуеш Мне дом на пражыванне? Бо ніколі не жыў Я ў доме з дня, у які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай, аж да гэтага дня, але прабываў Я ў свяцілішчы або ў палатцы. Ці ў час вандроўкі па тых мясцінах, якія прайшоў Я з усімі сынамі Ізраэля, казаў Я, кажучы хоць аднаму з суддзяў Ізраэля, якому даручыў Я пасвіць народ Мой, Ізраэль, кажучы: “Чаму не пабудавалі вы Мне кедравага дома?” І цяпер вось што скажаш слузе Майму Давіду: “Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Я ўзяў цябе з пашаў, калі ты пасвіў статкі, каб быў ты кіраўніком народа Майго, Ізраэля, і Я быў усюды з табою, дзе ты хадзіў, і Я забіваў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім; і ўславіў імя тваё, як аднаго з вялікіх, што жывуць на зямлі. І Я вызначу месца народу Майму, Ізраэлю, і пасаджу яго, і будзе ён жыць там, і не будзе ён болей трывожыцца; і Я не аддам яго на здзек людзям нягодным, як раней і ад дня, калі Я паставіў суддзяў для народа Майго ізраэльскага, Я дам табе супакой ад усіх ворагаў тваіх. І Госпад табе аб’яўляе, што Госпад пабудуе табе дом. І калі споўняцца дні твае і ты супакоішся з бацькамі тваімі, Я ўзбуджу семя тваё па табе, што выйдзе з нутра твайго; і ўмацую царства яго. Ён пабудуе дом імю Майму, і Я ўмацую пасад валадарства яго навек. Я буду яму бацькам, і ён будзе Мне сынам; калі ён зробіць што-небудзь злачыннае, Я буду караць яго дубцом людзей і карамі сыноў чалавечых. А міласэрнасці Сваёй не спыню да яго, як спыніў адносна Саўла, якога Я адкінуў перад абліччам тваім; і трывалым будзе дом твой, і царства тваё будзе перад абліччам маім вечна, і пасад твой будзе моцным заўсёды”». Згодна з усімі гэтымі словамі і паводле ўсяго гэтага бачання прамаўляў Натан да Давіда. А цар Давід пайшоў і сеў перад абліччам Госпада, і сказаў: «Хто я ёсць, Госпадзе Божа, і што ёсць мой дом, што Ты прывёў мяне аж сюды? Але і гэта здалося малым у вачах Тваіх, Госпадзе, Божа; і Ты казаў таксама пра род паслугача Твайго на будучыню, і гэта — закон чалавечы, Госпадзе Божа! Дык што яшчэ можа дадаць Давід, каб сказаць Табе? Ты ведаеш паслугача Свайго, Госпадзе Божа. Дзеля слова Твайго і паводле сэрца Твайго выканаў Ты гэтыя вялікія рэчы, так што Ты зрабіў іх зразумелымі паслугачу Свайму. Таму магутны Ты, Госпадзе Божа, бо нікога няма падобнага да Цябе; і няма Бога, апрача Цябе, паводле ўсяго таго, што чулі мы вушамі нашымі. Ці ёсць хоць яшчэ адзін народ на зямлі, як народ Твой, Ізраэль, дзеля якога Бог прыйшоў, каб адкупіць яго Сабе за народ і праславіць імя Сваё, і выканаць для яго вялікія і страшныя рэчы так, каб выгнаць перад абліччам народа Твайго, які Ты адкупіў Сабе з Егіпта, народы і багоў іх? Ты ўмацаваў Сабе народ Твой, Ізраэль, як народ вечны; і Ты, Госпадзе, стаў яму Богам. Дык цяпер, Госпадзе Божа, умацуй на векі слова, што сказаў Ты адносна паслугача Свайго і роду яго, і выканай тое, што прадказаў! І хай услаўлена будзе навек імя Тваё, і хай кажуць: “Госпад Магуццяў ёсць Бог над Ізраэлем”. І дом паслугача Твайго, Давіда, будзе моцна стаяць перад Табою, і Ты, Госпадзе Магуццяў, Божа Ізраэля, аб’явіў паслугачу Твайму, кажучы: “Я пабудую табе дом”. Таму раб Твой знайшоў у сабе мужнасць, каб прасіць Цябе ў гэтай малітве. А цяпер, Госпадзе Божа, Ты — Бог, і Твае словы будуць праўдзівыя, і, такім чынам, калі Ты абяцаў паслугачу Твайму гэтае дабро, значыць, будзь ласкавы і дабраславі дом паслугача Твайго, каб быў ён вечна перад Табою, бо Ты, Госпадзе Божа, абяцаў, і хай дабраславеннем Тваім будзе дабраславёны дом паслугача Твайго навечна».
Сталася ж па гэтых падзеях, што Давід разбіў філістынцаў і змусіў іх падпарадкавацца яму; і ўзяў Давід з рук філістынцаў Гет і гарады яго. І разбіў ён маабцаў, і змераў іх вяроўкаю, паклаўшы іх на зямлю; дзве вяроўкі адмяраў для тых, што мелі быць забітыя, а адну вяроўку для тых, якія мелі застацца жывымі; і сталася, што маабцы зрабіліся нявольнікамі Давіда, і прыносілі яму даніну. І пабіў таксама Давід Ададэзэра, сына Рагоба, цара Собы, калі той пайшоў, каб аднавіць валадаранне сваё над ракой Эўфрат. І Давід, узяўшы ў яго тысячу семсот коннікаў і дваццаць тысяч пяхоты, падрэзаў сухажыллі ва ўсіх коней калясніц; а сабе пакінуў з іх сто калясніц. А калі Арам з Дамаска прыйшоў, каб прынесці дапамогу Ададэзэру, цару Собы, Давід пабіў у Арама дваццаць дзве тысячы чалавек, і паставіў Давід гарнізоны ў Араме Дамаска; і Арам быў падпарадкаваны Давіду і прыносіў яму даніну. І Госпад дапамагаў Давіду ва ўсім, што ён рабіў. І ўзяў Давід залатую зброю, якую мелі паслугачы Ададэзэра, і прынёс яе ў Ерузалім; і з гарадоў Ададэзэра Тэбаха і Бэратая ўзяў цар Давід вельмі шмат медзі. А пачуў цар Эмата Той, што Давід перамог усё войска Ададэзэра, і паслаў Той сына свайго Адарама да цара Давіда, каб прывітаць Яго, прыносячы віншаванні, і падзякаваць яму, што ваяваў з Ададэзэрам і пабіў яго; бо ворагам быў Той Ададэзэру. І прывёз падарункі Адарам: посуд срэбраны і посуд залаты, а таксама посуд медны, якія цар Давід асвяціў для Госпада разам са срэбрам і золатам, якое забраў ён ва ўсіх упакораных народаў: у Арама, маабцаў, сыноў Амона, філістынцаў, амалекцаў, і з рук Ададэзэра, сына Рагоба, цара Собы. Таксама праславіў Давід імя сваё, калі, вяртаючыся, пабіў эдомцаў у Саляным лагу, забіўшы васемнаццаць тысяч чалавек. І паставіў ён у Эдоме гарнізоны, і ўвесь Эдом стаў нявольнікам Давіда. І Госпад дапамагаў Давіду ва ўсім, што ён рабіў. І Давід цараваў над усім Ізраэлем, таксама Давід спраўляў суд і справядлівасць над усім сваім народам. А Ёаб, сын Сэруі, быў над войскам, а Язафат, сын Ахілуда, быў загадчыкам, і Садок, сын Ахітуба, і Абіятар, сын Ахімэлеха, былі святарамі, і Сарая быў пісарам. А Баная, сын Ёяды, быў над херэтамі і фелетамі; а сыны Давіда былі падручнымі цара.
І запытаўся Давід: «Ці застаўся яшчэ хто з дому Саўла, каб я аказаў міласэрнасць яму дзеля Ёнатана?» А з дому Саўла застаўся адзін паслугач на імя Сіба; калі паклікаў яго цар да сябе, то спытаўся ў яго: «Ці ты Сіба?» І ён адказаў: «Я — паслугач твой». Дык спытаўся цар: «Ці застаўся хто з сям’і Саўла, каб я аказаў яму міласэрнасць Божую?» І Сіба адказаў цару: «Застаўся сын Ёнатана, хворы на ногі». Спытаў ён: «Дзе ён?» І Сіба кажа цару: «Вось, ён у доме Махіра, сына Аміэля, ў Ладабары». Такім чынам, цар Давід паслаў па яго і ўзяў яго з дому Махіра, сына Аміэля, з Ладабара. А калі прыбыў Мэрыбаал, сын Ёнатана, сына Саўла, да Давіда, упаў ён на твар свой і пакланіўся. І сказаў Давід: «Мэрыбаал». Ён адказаў: «Тут я, паслугач твой». І кажа яму Давід: «Не бойся, бо хачу аказаць табе міласэрнасць дзеля Ёнатана, бацькі твайго; і я вярну табе ўсе палі Саўла, бацькі твайго, і ты будзеш есці хлеб за сталом маім заўсёды». Ён, пакланіўшыся яму, сказаў: «Хто я ёсць, паслугач твой, што ты звярнуў увагу на здохлага сабаку, такога, як я?» І паклікаў цар Сібу, паслугача Саўла, і сказаў яму: «Усё тое, што належала Саўлу і ўсёй яго сям’і, я перадаю сыну гаспадара твайго. Дык абрабляй яму зямлю ты, і сыны твае, і нявольнікі твае, і тое, што здабудзеш, хай будзе ежаю сям’і гаспадара твайго, якою яна будзе харчавацца; а Мэрыбаал, сын гаспадара твайго, будзе есці заўсёды хлеб з майго стала». А Сіба меў пятнаццаць сыноў і дваццаць нявольнікаў. І сказаў Сіба цару: «Як загадаў, гаспадар мой, цар, паслугачу твайму, так і зробіць паслугач твой». А Мэрыбаал еў са стала яго, як адзін з сыноў цара. Мэрыбаал меў сына малога на імя Міха; а ўсе, хто жыў у доме Сібы, былі нявольнікамі Мэрыбаала. І жыў Мэрыбаал у Ерузаліме, бо ён заўсёды еў з царскага стала; і быў ён кульгавы на абедзве нагі.
У гэты час памёр цар Амона, і зацараваў на яго месцы Ханон, сын яго. І сказаў Давід: «Акажу міласэрнасць Ханону, сыну Нааса, як аказаў мне міласэрнасць бацька яго». Такім чынам, паслаў Давід паслугачоў сваіх, каб суцешыць яго дзеля смерці бацькі. Калі ж паслугачы Давіда прыбылі ў зямлю сыноў Амона, дык кіраўнікі сыноў Амона сказалі Ханону, гаспадару свайму: «Ці ты думаеш, што дзеля ўшанавання бацькі твайго Давід прыслаў суцяшальнікаў да цябе, каб паспачуваць табе, а не таму, каб дакладна прасачыць і выведаць горад і зруйнаваць яго, паслаў Давід паслугачоў сваіх да цябе?» Дык схапіў Ханон паслугачоў Давіда, і згаліў ім палову барады, і абрэзаў ім адзенне да паловы, аж да клубоў, і выправіў іх. Калі аб гэтым паведамілі Давіду, паслаў ён пасланцоў насустрач ім, — бо мужчыны былі вельмі ганебна зняважаныя, — і загадаў ім Давід: «Затрымайцеся ў Ерыхоне, пакуль не адрастуць бароды вашы, і тады вернецеся». І сыны Амона, убачыўшы, што сталі яны ненавіснымі Давіду, паслалі пасланцоў і нанялі сірыйцаў з Бэт-Рагоба і сірыйцаў з Собы, дваццаць тысяч пешых і тысячу ваяроў ад цара Маахі, і ад людзей Тоба дванаццаць тысяч чалавек. Пачуўшы пра гэта, Давід выправіў Ёаба разам з усім войскам. І выйшлі сыны Амона, і паставілі баявы строй перад самым уваходам у браму; а сірыйцы з Собы і Рагоба і людзі Тоба і Маахі асобна стаялі на полі. Такім чынам, Ёаб, бачачы, што бой падрыхтаваны супраць яго і спераду, і ззаду, адабраў людзей з усіх выбраннікаў Ізраэля і паставіў баявы строй супраць сірыйцаў; а астатнюю частку людзей даручыў брату свайму Абісаю, які паставіў баявы строй супраць сыноў Амона. І сказаў Ёаб: «Калі сірыйцы будуць мець супраць мяне перавагу, то ты прыйдзеш мне на дапамогу; а калі сыны Амона будуць мець перавагу супраць цябе, я дапамагу табе. Будзь ваяром адважным, і будзем моцна змагацца за народ наш і за гарады Бога нашага; а Госпад хай зробіць, што добрае ў вачах Яго». Тады Ёаб і народ, які быў з ім, распачалі бой супраць сірыйцаў, але тыя ўцяклі перад імі. А сыны Амона, бачачы, што сірыйцы ўцяклі, таксама ўцяклі перад Абісаем і ўвайшлі ў горад. І вярнуўся Ёаб ад аманіцян, і прыйшоў у Ерузалім. Такім чынам, сірыйцы, бачачы, што яны пабіты ізраэльцамі, сабраліся разам, а Ададэзэр праз пасланцоў прывёў сірыйцаў, якія былі на другім баку ракі, і прыбылі яны ў Элам; а Сабах, настаўнік войска Ададэзэра, быў кіраўніком іх. Калі аб гэтым было паведамлена Давіду, ён сабраў увесь Ізраэль, і пераправіўся праз Ярдан, і прыбыў у Элам. І сірыйцы паставілі баявы строй супраць Давіда, і ваявалі з ім. І ўцяклі сірыйцы перад Ізраэлем; і Давід знішчыў у сірыйцаў семсот калясніц і сорак тысяч вершнікаў. І забіў ён таксама Сабаха, кіраўніка войска, які там і памёр. А ўсе цары, якія прыйшлі на дапамогу Ададэзэру, убачыўшы, што яны пераможаны Ізраэлем, заключылі саюз з Ізраэлем і служылі яму. І надалей сірыйцы баяліся дапамагаць сынам Амона.
А сталася праз год, у той час, калі цары звычайна выходзяць на вайну, што Давід выправіў Ёаба і паслугачоў сваіх і з ім разам увесь Ізраэль, і яны разграмілі сыноў Амона і аблажылі Рабу; а Давід у той час застаўся ў Ерузаліме. І здарылася вечарам, што Давід падняўся з ложка свайго і праходжваўся на даху царскага дома. І ўбачыў ён з даху жанчыну, якая мылася; а яна была вельмі прыгожая. Дык цар паслаў выведаць, што гэта за жанчына; і паведамілі яму, што гэта Бэтсэба, дачка Эліяма, жонка Урыі Хетэя. І Давід, паслаўшы вестуноў, узяў яе; калі яна ўвайшла да яго, ён спаў з ёю, а яна, ачысціўшыся ад сваёй нячыстасці, вярнулася ў дом свой; калі ж яна пачала, паслала яна паведаміць цару і сказала: «Я пачала». А Давід выправіў пасланца да Ёаба, кажучы: «Пашлі да мяне Урыю Хетэя». І паслаў Ёаб Урыю Хетэя да Давіда, і прыйшоў Урыя да Давіда. І Давід пытаўся пра становішча Ёаба і народа, і пра падзеі вайны, і сказаў Давід Урыі: «Ідзі ў дом свой і памый свае ногі». І выйшаў Урыя з дома цара; і за ім панеслі стравы царскія. А Урыя спаў перад брамаю дома царскага з іншымі паслугачамі гаспадара свайго і не пайшоў у дом свой. І паведамілі Давіду, кажучы: «Урыя не пайшоў у дом свой». І спытаў Давід у Урыі: «Ці ж ты не прыйшоў з дарогі? Чаму ж не заходзіш у дом свой?» І Урыя сказаў Давіду: «Каўчэг, і Ізраэль, і Юда жывуць у палатках, і гаспадар мой Ёаб, і паслугачы гаспадара майго прабываюць у полі; а я маю пайсці ў дом свой, каб есці, і піць, і спаць з жонкай сваёю? Дзеля збаўлення твайго і дзеля збаўлення душы тваёй, — гэтага я не зраблю!» Дык сказаў Давід Урыі: «Застанься тут таксама і сёння, і заўтра я адпушчу цябе». Застаўся Урыя ў Ерузаліме на той дзень і на другі. І паклікаў яго Давід, каб ён еў перад ім і піў, і напаіў яго. Выйшаўшы вечарам, ён спаў на пасцілцы сваёй між паслугачоў гаспадара свайго і ў дом свой не пайшоў. Сталася раніцай, што напісаў Давід ліст да Ёаба, і паслаў яго праз Урыю, у лісце напісаўшы: «Пастаўце Урыю ў першым страі, дзе будзе найцяжэйшы бой, і адыдзіце ад яго, каб ён, паранены, загінуў». Дык, калі Ёаб асадзіў горад, ён паставіў Урыю ў месцы, аб якім ведаў, што ваявалі там наймужнейшыя ваяры. І выйшлі з горада людзі, і ваявалі супраць Ёаба; і былі забітыя ў народзе паслугачы Давідавы, і памёр таксама Урыя Хетэй. І паведаміў Ёаб праз вестуноў Давіду ўсе падзеі бою; і загадаў ён вестуну, кажучы: «Калі ты раскажаш цару пра ўсе падзеі бою і ўбачыш, што цар разгневаўся, і калі ён скажа табе: “Чаму вы так блізка пад горад падыходзілі, каб ваяваць? Ці вы не ведалі, што з муроў будуць кідаць у вас дзіды? Хто забіў Абімэлеха, сына Ерабаала? Ці ж не жанчына, якая скінула на яго з мура камень млынавы, так што ён памёр у Тэбэце? Чаму вы падыходзілі пад мур?” Тады ты скажы: “Таксама паслугач твой Урыя Хетэй загінуў”». І пайшоў пасланец, і прыйшоў і расказаў Давіду ўсё, што яму загадаў Ёаб. І сказаў вястун Давіду: «Паколькі яны мелі перавагу над намі, ваяры іх выйшлі супраць нас на поле, але мы, здзейсніўшы напад, перамаглі іх і пераследавалі іх аж да брамы горада. І лучнікі пускалі ў паслугачоў тваіх стрэлы зверху з мура; і загінулі паслугачы цара, а таксама паслугач твой Урыя Хетэй загінуў». І сказаў Давід вестуну: «Скажы гэта Ёабу: “Не перажывай дзеля гэтага выпадку; бо рознай бывае ваенная доля, і меч дасягае раз таго, другі раз іншага; будзь мужны ў вайне тваёй супраць горада, каб знішчыць яго. І ты падбадзёр яго”». А жонка Урыі пачула, што загінуў муж яе, Урыя, і плакала дзеля яго. І па заканчэнні жалобы паслаў за ёй Давід, і ўвёў яе ў дом свой, і стала яна жонкай яго, і нарадзіла яму сына. І Госпаду не спадабалася тое, што зрабіў Давід.
І паслаў Госпад Натана да Давіда. Ён, калі прыбыў да яго, сказаў яму: «У адным горадзе жылі два чалавекі, адзін быў багаты, а другі — бедны; багаты меў вельмі многа авечак і валоў. А бедны не меў зусім нічога, апрача аднае малой авечкі, якую купіў і карміў яе і якая расла пры ім разам з яго дзецьмі, ела хлеб яго і піла з яго кубка, спала каля яго; і яна была яму быццам дачка. А калі прыйшоў нейкі госць да багатага, той, шкадуючы браць з авечак сваіх і з валоў сваіх, каб прыгатаваць ежу таму падарожніку, які прыбыў да яго, узяў авечку беднага чалавека і прыгатаваў страву чалавеку, які прыйшоў да яго». Тады Давід, надта запалаўшы гневам на таго чалавека, сказаў Натану: «Жыве Госпад, бо варты смерці чалавек, які так зрабіў; за авечку хай аддасць у чатыры разы: за тое, што так зрабіў і што не пашкадаваў яго». А Натан сказаў Давіду: «Ты той чалавек! Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Я намасціў цябе на цара над Ізраэлем, і Я выратаваў цябе з рукі Саўла; і даў табе дом гаспадара твайго і жонак гаспадара твайго на грудзях тваіх, і аддаў табе дом Ізраэля і Юды, а калі гэтага табе мала, Я дадам табе яшчэ болей. Дык чаму ты пагардзіў словам Госпада, так што дапусціўся злачынства перад Ім? Урыю Хетэя ты забіў мечам, і жонку яго ўзяў сабе за жонку, і забіў яго мечам сыноў Амона. Таму меч не адступіць ад дому твайго навек за тое, што ты пагардзіў Мною і ўзяў жонку Урыі Хетэя, каб была тваёй жонкай”. Таму вось што кажа Госпад: “Вось, Я навяду на цябе бяду, якая выйдзе з дому твайго, і вазьму жонак тваіх на вачах тваіх, і перадам іх блізкаму твайму, і будзе ён спаць з жонкамі тваімі на віду сонца гэтага. Бо ты зрабіў гэта патаемна, а Я зраблю гэта на віду ўсяго Ізраэля і на віду сонца”». І сказаў Давід Натану: «Зграшыў я перад Госпадам!» І сказаў Натан Давіду: «Госпад жа зняў з цябе грэх; ты не будзеш пакараны смерцю. Але, паколькі ты даў праз гэта магчымасць плявузгаць ворагам Госпада, сын, які народзіцца ў цябе, памрэ». І Натан вярнуўся ў дом свой. І Госпад паразіў дзіця, якое нарадзіла жонка Урыі Давіду, і яно цяжка захварэла; і прасіў Давід Госпада за дзіця, і пасціў, і ўваходзіў у дом, і начаваў, лежачы на зямлі. А прыйшлі старэйшыны дому яго да яго, прымушаючы яго, каб ён устаў з зямлі; ён не хацеў і не еў хлеб з імі. А ў сёмы дзень сталася, што памерла дзіця. І паслугачы Давіда баяліся паведаміць яму, што дзіця памерла; бо гаварылі яны: «Вось, калі яшчэ дзіця жыло, гаварылі мы яму, і ён не слухаў голасу нашага. Цяпер як можам сказаць: “Дзіця памерла”? Можа зрабіць ён што благое!» Калі, аднак, Давід убачыў паслугачоў сваіх, якія шапталіся, ён зразумеў, што дзіця памерла, і спытаўся ў паслугачоў сваіх: «Ці дзіця памерла?» Тыя яму адказалі: «Памерла». Тады падняўся Давід з зямлі, і памыўся, і намасціўся, і, калі змяніў адзенне, увайшоў у дом Госпада і пакланіўся, і пасля вярнуўся у дом свой, і запатрабаваў, каб далі яму хлеб, і еў. І сказалі яму паслугачы яго: «Што ты робіш? Пакуль яшчэ дзіця жыло, дзеля дзіцяці пасціў ты і плакаў; а калі дзіця памерла, ты ўстаў і еў хлеб». Цар адказаў: «Пакуль дзіця яшчэ жыло, я дзеля дзіцяці пасціў і плакаў. Бо я казаў сабе: “Хто ведае, можа, Госпад злітуецца нада мной, і дзіця будзе жыць?” А цяпер, калі дзіця памерла, навошта маю пасціць? Ці ж я змагу яго вярнуць? Хутчэй я пайду да яго, яно ж да мяне не вернецца». І спачуваў Давід сваёй жонцы Бэтсэбе, і, увайшоўшы да яе, спаў з ёю, і яна нарадзіла яму сына, і ён даў яму імя Саламон. І Госпад палюбіў яго, і паслаў да яго, і праз прарока Натана даў яму імя Едыдыя па загадзе Госпада. Такім чынам, Ёаб працягваў ваяваць супраць Рабы сыноў Амона і здабыў царскі горад. І паслаў Ёаб вестуноў да Давіда, паведамляючы: «Я ваяваў супраць Рабы і здабыў горад Вады; дык ты цяпер збяры рэшту народа, і акружы горад, і вазьмі яго, каб не быў ён маім імем названы з-за таго, што я здабыў яго». І Давід сабраў увесь народ, і пайшоў на Рабу, і, калі ваяваў супраць яе, здабыў яе. І зняў ён дыядэму Мэлькома з галавы яго, вагой у талент золата, маючую вельмі каштоўны камень, які аздобіў галаву Давіда. І вынес ён з горада вельмі вялікую здабычу, таксама народ яго ён вывеў і прысудзіў да каменяломняў, і да жалезных кірак, і да сякер, таксама загнаў іх у печы цагельныя; так учыніў ён з усімі гарадамі сыноў Амона. І вярнуўся Давід з усім войскам у Ерузалім.
І здарылася пасля таго, што Абсалом, сын Давіда, меў вельмі прыгожую сястру на імя Тамар, у якую закахаўся Амнон, сын Давіда. І так мучыўся гэтым Амнон, што аж захварэў з-за кахання да сваёй сястры Тамар, бо, паколькі была яна яшчэ дзяўчынай, Амнону здавалася цяжкім учыніць з ёю штосьці непрыстойнае. А Амнон меў прыяцеля на імя Ёнадаб, сына Самы, брата Давіда, чалавека вельмі хітрага. Ён запытаўся ў яго: «Царэвічу, чаму ты так худзееш з дня на дзень? Чаму не хочаш мне расказаць пра гэта?» І Амнон сказаў яму: «Я кахаю Тамар, сястру Абсалома, брата майго». Адказаў яму Ёнадаб: «Ляж на ложак свой і прыкінься хворым. І, калі прыйдзе бацька твой, каб наведаць цябе, ты скажы яму: “Дазволь, каб прыйшла сястра мая Тамар і падала мне есці, ды каб на маіх вачах зрабіла смачную страву, каб я бачыў і еў з яе рук”». Дык Амнон лёг і прыкінуўся хворым. І, калі прыйшоў цар, каб наведаць яго, Амнон сказаў цару: «Хай прыйдзе, прашу, Тамар, сястра мая, хай на вачах маіх спячэ дзве аладкі, каб мог я прыняць ежу з яе рук». І паслаў Давід у дом да Тамар, кажучы: «Схадзі ў дом Амнона, брата твайго, і спячы яму смачную страву». І пайшла Тамар у дом брата свайго Амнона; а ён ляжаў. Узяўшы муку, яна замясіла цеста і, зрабіўшы аладкі на яго вачах, яна спякла іх. І, узяўшы патэльню, яна выклала тое, што спякла, і паставіла перад ім, але ён не хацеў есці; і сказаў Амнон: «Хай усе выйдуць ад мяне». І, калі ўсе выйшлі, Амнон сказаў Тамар: «Прынясі ежу ў спальню». Такім чынам, узяла Тамар аладкі, што спякла, і прынесла іх Амнону, брату свайму, у спальню. І калі яна перад ім паклала ежу, ён схапіў яе і казаў: «Хадзі, ляж са мной, сястра мая». Яна адказала яму: «Не, брат мой, не гвалтуй мяне! Бо так у Ізраэлі не робіцца; не рабі гэтай бязглуздасці. І куды я пайду са сваёю знявагай? А ты станеш адным з бязглуздых у Ізраэлі; ты лепш пагавары з царом, і ён не адмовіць табе адносна мяне». Ён, аднак, не пажадаў паслухацца ўпрошванняў яе, але, пераўзыходзячы яе сілаю, ён апаганіў яе і ляжаў з ёю. І адчуў Амнон яе ненавіснай вельмі, так што нянавісць гэтая, якою ён зненавідзеў яе, была большай, чым каханне, якім раней яе кахаў. І сказаў ёй Амнон: «Уставай, ідзі адсюль». Яна адказала яму: «Хай не будзе гэтага, браце мой, бо большае ліха тое, што зараз робіш мне, выганяючы мяне, чым тое, што зрабіў ты раней». Ён, аднак, не хацеў яе слухаць, але, паклікаўшы паслугача, што служыў яму, сказаў: «Выгані гэтую ад мяне на вуліцу і зачыні за ёю дзверы». Яна была апранутая ў туніку, што спускалася да пят; бо так апраналіся дочкі царскія, дзяўчыны. І вывеў яе паслугач яго на вуліцу, і замкнуў за ёю дзверы. Яна, пасыпаўшы сабе галаву попелам, разадраўшы сваю туніку, што спускалася да пят, і паклаўшы рукі на галаву сваю, пайшла, ідучы і галосячы. Спытаўся ж у яе Абсалом, брат яе: «Ці Амнон, брат твой, быў з табою? Але цяпер, сястра мая, маўчы, бо ён твой брат; не бяры гэтага да сэрца свайго». Такім чынам, засталася пакінутая Тамар у доме свайго брата Абсалома. Калі ж пачуў пра ўсё гэта цар Давід, ён вельмі ўзлаваўся. А Абсалом не гаварыў Амнону ані добрага, ані ліхога; бо зненавідзеў яго за тое, што ён згвалтаваў яго сястру Тамар. А сталася праз два гады па гэтых падзеях, што стрыглі авечак Абсалома ў Баал-Асоры, недалёка ад Эфраіма; і запрасіў Абсалом усіх сыноў цара. І прыйшоў Абсалом таксама да цара, і сказаў яму: «Вось, стрыгуць авечак у паслугача твайго; няхай, прашу, прыйдзе цар з паслугачамі да паслугача свайго». І сказаў цар Абсалому: «Не, не запрашай, сыне мой, каб мы ўсе прыйшлі і нарабілі табе турбот». Паколькі ён дужа прасіў яго, і той не хацеў ісці, ён дабраславіў яго. І сказаў Абсалом: «Калі не хочаш сам прыйсці, то з намі хай пойдзе, прашу, прынамсі Амнон, брат мой». І сказаў яму цар: «Чаму ён мае ісці з табой?» Але Абсалом вельмі прасіў яго, дык ён пусціў з ім Амнона і ўсіх сыноў цара. І загадаў Абсалом паслугачам сваім, кажучы: «Глядзіце: калі Амнон павесялее ад віна, я загадаю вам: “Ударце Амнона!” — і вы забіце яго! Не бойцеся; бо гэта я загадваю вам. Набярыцеся сілы і будзьце адважнымі людзьмі». І зрабілі паслугачы Абсалома адносна Амнона, як ім загадаў Абсалом; і ўсе сыны цара, ускочыўшы, селі кожны на мула свайго і ўцяклі. І, калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла да Давіда вестка, што казала: «Абсалом забіў усіх сыноў цара, і з іх не засталося ніводнага». І ўстаў тады цар, і раздзёр адзенне сваё, і кінуўся на зямлю, і ўсе паслугачы яго, якія паслугавалі яму, раздзёрлі адзенне сваё. І Ёнадаб, сын Самы, брата Давіда, сказаў, адказваючы: «Хай не думае гаспадар мой, што ўсе юнакі, сыны цара, пазабіваны; толькі Амнон забіты, бо ў Абсалома быў гэты намер з таго дня, як Амнон згвалтаваў сястру яго Тамар. Цяпер хай не бярэ сабе гаспадар мой, цар, гэтае весткі да сэрца, што кажа: “Усе сыны цара загінулі”, — бо загінуў толькі Амнон». А Абсалом уцёк. І юнак вартавы падняў свае вочы, і, вось, заўважыў мноства людзей, сыходзячых са збочча гары дарогай ад Гаранаіма. І сказаў Ёнадаб цару: «Вось ідуць сыны цара! Так сталася, як паслугач твой гаварыў». І, як скончыў ён гаварыць, паказаліся сыны цара, і ішлі яны з галашэннем і плачам; але і цар і ўсе паслугачы яго плакалі ва ўвесь голас. А Абсалом, уцякаючы, пайшоў да Талмая, сына Аміюда, цара Гэсура. Такім чынам, Давід сумаваў па сыне ўвесь час. А Абсалом, калі ўцёк і пайшоў у Гэсур, прабыў там тры гады. І перастаў дух цара гневацца на Абсалома, бо ўжо супакоіўся па смерці Амнона.
Тады Ёаб, сын Сэруі, разумеючы, што сэрца цара прыхілілася да Абсалома, паслаў у Тэкуа, і прывёў адтуль разумную жанчыну, і сказаў ёй: «Прыкінься, што ты ў жалобе, і апраніся ў жалобнае адзенне, і не намашчайся алеем, каб быць, як жанчына, якая ўжо вельмі доўга смуткуе па памерлым. І пойдзеш ты да цара, і скажаш яму гэтыя словы». І Ёаб уклаў словы ў вусны яе. І жанчына з Тэкуа прыйшла да цара, упала перад ім на зямлю, і пакланілася, і сказала: «Выратуй мяне, цар». І кажа ёй цар: «Што за справу маеш?» Яна адказала: «Я, на жаль, удава, муж мой памёр. І паслугачка твая мела двух сыноў, якія пасварыліся адзін з адным на полі, і не было нікога, хто б мог, умяшаўшыся, развесці іх; і адзін з іх ударыў другога і забіў яго. І вось, увесь род, падняўшыся супраць паслугачкі тваёй, кажа: “Аддай таго, хто забіў брата свайго, каб мы забілі яго за душу брата яго, якога ён забіў, і каб мы знішчылі спадкаемцу”. І намагаюцца яны затушыць апошнюю іскру маю, каб не засталося па мужу маім ані імя, ані нашчадкаў на зямлі». І сказаў цар жанчыне: «Вяртайся да дому свайго, і я выдам загад адносна цябе». І жанчына з Тэкуа сказала цару: «Гаспадару мой, цар, хай гэтая правіннасць спадзе на мяне і на дом бацькі майго; цар жа і пасад яго хай будуць бязгрэшнымі». І сказаў цар: «Калі хто будзе гаварыць супраць цябе, прывядзі яго да мяне і ён ужо не будзе больш шкодзіць табе». Сказала яна: «Згадай, цар, на Госпада, Бога свайго, каб мсціўца за кроў не павялічваў бяды і каб не загубілі яны сына майго». Ён сказаў: «Жыве Госпад, бо не ўпадзе нават волас з галавы сына твайго на зямлю». І сказала жанчына: «Ці можа паслугачка твая сказаць гаспадару майму цару яшчэ слоўца?» І ён сказаў: «Кажы». І сказала жанчына: «Чаму ты так думаеш супраць народа Божага? Бо калі цар сказаў гэтае слова, то гэта быццам злачынства, таму што цар не жадае вярнуць выгнанніка свайго. Усе мы памром, і мы — быццам вада, разлітая на зямлі, якую немагчыма сабраць; аднак Бог не хоча загубіць душу, але, разважаючы, Ён думае аб тым, каб зусім не загінуў той, хто быў адкінуты. І вось сёння прыбыла я, каб сказаць цару, гаспадару майму, гэтае слова, бо народ палохае мяне. І сказала паслугачка твая: “Скажу я цару, ці можа цар споўніць просьбу паслугачкі сваёй? Можа, цар выслухае, каб вызваліць паслугачку сваю з рукі таго, хто хоча знішчыць мяне і сына майго разам са спадчыны Божай”. Дык вырашыла паслугачка твая: “Хай слова гаспадара майго, цара, супакоіць мяне. Бо як анёл Божы, так гаспадар мой, цар, каб выслухаў і адрозніў добрае ад благога. І хай Госпад, Бог твой, будзе з табою!”» І ў адказ сказаў цар жанчыне: «Не хавай ад мяне таго, аб чым я цябе запытаю». І жанчына сказала: «Хай пытаецца ў мяне гаспадар мой, цар». І спытаўся цар: «Ці не рука Ёаба з табой ува ўсім гэтым?» І ў адказ прамовіла жанчына: «Жыве душа твая, гаспадару мой, цар; і нельга ўхіліцца ані ўправа, ані ўлева ад усяго таго, пра што пытае гаспадар мой, цар; бо паслугач твой, Ёаб, сам загадаў мне і ўклаў у вусны мае ўсе гэтыя словы; каб змяніць выгляд гэтае справы, паслугач твой Ёаб зрабіў гэта. А ты, гаспадар мой, мудры, як мудры анёл Божы, каб ведаць усё, што на зямлі адбываецца». І звярнуўся цар да Ёаба: «Вось, я раблю наступнае. Дык ідзі і прывядзі юнака Абсалома». І Ёаб, упаўшы тварам сваім на зямлю, пакланіўся і дабраславіў цара. І сказаў Ёаб: «Сёння даведаўся паслугач твой, што мае ласку ў вачах тваіх, гаспадар мой, цар; бо споўніў ты просьбу паслугача свайго». І ўстаў Ёаб, і пайшоў у Гэсур, і прывёў Абсалома ў Ерузалім. І сказаў цар: «Няхай вернецца ён у дом свой, і хай аблічча майго ён не ўбачыць». І вярнуўся Абсалом у дом свой, а аблічча цара не бачыў. А прыгажэйшага за Абсалома не было мужчыны ва ўсім Ізраэлі, якога б так услаўлялі: ад ступняў ног аж да галавы не было ў ім ніякай заганы. І калі стрыглі яму валасы, — а стрыглі іх штогод, бо былі цяжкія, — то валасы з галавы яго важылі дзвесце сікляў царскай вагі. А нарадзілася Абсалому трое сыноў і адна дачка, на імя Тамар. І была яна вельмі прыгожая. І заставаўся Абсалом у Ерузаліме два гады, і аблічча цара не бачыў. І паслаў Абсалом да Ёаба з просьбай, каб паслаў яго да цара; ён не захацеў прыйсці да яго. І, калі паслаў ён другі раз і той не захацеў прыйсці, сказаў ён паслугачам сваім: «Паглядзіце на поле, якое мае Ёаб побач з маім полем, на якім ураджай ячменю; дык ідзіце і спаліце яго агнём». І паслугачы Ёаба, прыйшоўшы ў раздзёртым адзенні, сказалі: «Паслугачы Абсалома спалілі поле агнём!» І сабраўся Ёаб і прыйшоў да Абсалома ў дом яго, і спытаў: «Чаму паслугачы твае спалілі ніву маю агнём?» І Абсалом адказаў Ёабу: «Я пасылаў да цябе, просячы, каб ты прыйшоў да мяне і каб паслаць цябе да цара, каб ты сказаў яму: “Навошта я вярнуўся з Гэсура? Лепш было мне яшчэ там прабываць”. Дык прашу цябе, дапамажы мне ўбачыць аблічча цара; калі ёсць яшчэ правіннасць, хай ён заб’е мяне». Ёаб пайшоў да цара і сказаў яму. І паклікаў ён Абсалома, і той увайшоў да цара і ўпаў тварам на зямлю перад ім, і пацалаваў цар Абсалома.
Пасля таго Абсалом справіў сабе калясніцы, і коней, і пяцьдзесят мужчын, якія хадзілі перад ім. І, устаўшы рана, Абсалом станавіўся каля дарогі, што вяла да брамы; і кожнага чалавека, хто з якой справай звяртаўся да цара на суд, клікаў Абсалом да сябе і пытаў: «З якога ты горада?» Той, адказваючы, гаварыў: «Паслугач твой з такога і такога пакалення Ізраэля». І Абсалом казаў яму: «Глядзі, размовы твае добрыя і справядлівыя, але ў цара ты не знойдзеш нікога, хто б цябе выслухаў». І казаў Абсалом: «Калі б хто мяне паставіў суддзёю зямлі, каб прыходзілі да мяне ўсе, што маюць вырашаць справы, і каб я судзіў іх па справядлівасці?» Але і калі падыходзіў да яго чалавек, каб пакланіцца яму, ён працягваў сваю руку і, беручы яго, цалаваў яго. І рабіў ён так з кожным ізраэльцам, які прыходзіў на суд, каб выслухаў яго цар, і здабываў сэрцы ізраэльцаў. Па чатырох гадах сказаў Абсалом цару: «Пайду, прашу цябе, я ў Геброн і споўню мае абяцанні, што я абяцаў Госпаду. Бо калі паслугач твой быў у Гэсуры Сірыйскім, ён даў абяцанне, кажучы: “Калі верне мяне Госпад назад у Ерузалім, складу Госпаду ахвяру”». І сказаў яму цар: «Ідзі ў супакоі». І той устаў, і пайшоў у Геброн. І паслаў Абсалом тайных вестуноў ва ўсе пакаленні Ізраэля, кажучы: «Адразу ж, як пачуеце гук трубы, гаманіце: “Абсалом абраны царом у Геброне”». А з Абсаломам выбралася з Ерузаліма дзвесце прызваных чалавек, што ішлі з чыстым сэрцам і зусім не ведалі справы. У час ускладання ахвяр Абсалом таксама паклікаў Ахітатэла з Гіло, дарадчыка Давіда, з горада яго Гіло. І адбылася змова моцная, і народ сыходзіўся і павялічваўся вакол Абсалома. І прыбыў вястун да Давіда, паведамляючы: «Сэрца ўсяго Ізраэля прыстала да Абсалома». І сказаў Давід сваім паслугачам, што былі разам з ім у Ерузаліме: «Збірайцеся, уцякайма; бо не будзе нам ратунку ад Абсалома. Спяшайцеся ўцячы, каб ён, спяшаючыся, не дагнаў нас раптам, і каб не загубіў нас, і каб вастрыём меча не знішчыў горад». І паслугачы цара сказалі яму: «Ва ўсім, што загадае гаспадар наш, цар, вось, мы, паслугачы твае». І выйшаў цар, і за ім увесь дом яго, і пакінуў цар дзесяць жанчын наложніц сцерагчы дом. І, выйшаўшы, цар і ўвесь народ з ім затрымаліся пры апошнім доме. І праходзілі перад ім усе паслугачы яго; усе херэты, і фелеты і ўсе хетэі, шэсцьсот чалавек, якія пайшлі за ім з Гета, прайшлі перад царом. І спытаўся цар у Этая з Гета: «Чаму і ты ідзеш разам з намі? Вярніся і застанься з царом, бо ты чужынец і нават выгнаннік са сваёй бацькаўшчыны. Учора прыбыў ты, і сёння я змушаю цябе ісці блукаць разам з намі, бо я сам не ведаю, куды іду. Вярніся і забяры з сабой братоў сваіх, і хай Госпад акажа табе міласэрнасць і праўду». І ў адказ сказаў Этай цару: «Жыве Госпад, і жыве гаспадар мой, цар; у любым месцы, дзе будзе гаспадар мой, цар, ці на смерць, ці на жыццё, там будзе і паслугач твой». І сказаў Давід Этаю: «Ідзі і праходзь!» І прайшоў Этай з Гета, і ўсе яго людзі, і ўсе дзеці, якія былі з ім. І ўся ваколіца ва ўвесь голас плакала, і ўвесь народ праходзіў. Цар таксама перайшоў ручай Цэдрон, і ўвесь народ накіраваўся па дарозе ў пустыню. І прыйшоў Садок, і з ім усе левіты, якія неслі каўчэг запавету Божага, і паставілі яны каўчэг Божы. І Абіятар склаў ахвяру, пакуль увесь народ не выйшаў з горада. І сказаў цар Садоку: «Занясі каўчэг Божы ў горад. Калі я знайду ласку ў вачах Госпада, то Ён верне мяне і пакажа мне Яго і жыллё Яго. А калі Ён скажа: “Не падабаешся ты Мне”, я тут: хай Ён робіць, што падабаецца Яму». І сказаў цар Садоку святару: «Ці бачыш ты? Вяртайся ў горад у супакоі; і Ахімаас, сын твой, і Ёнатан, сын Абіятара, абодва сыны вашы хай застануцца з вамі. Вось, я буду вандраваць на раўнінах пустыні, пакуль не прыйдзе да мяне паведамленне ад вас». І вярнулі Садок і Абіятар каўчэг Божы ў Ерузалім, і засталіся там. А Давід узыходзіў на гару Аліўную, ішоў і плакаў, ішоў ён з пакрытай галавой і босымі нагамі; але і ўсе людзі, што былі з ім, ішлі з пакрытымі галовамі і плакалі. І паведамілі Давіду, што і Ахітатэл быў у змове з Абсаломам; і сказаў Давід: «Госпадзе, прашу, пазбаў сілы параду Ахітатэла». І калі Давід узышоў на вяршыню гары, дзе пакланяліся Богу, тады падбег да яго Хусай арахеец у раздзёртым адзенні і з пасыпанай зямлёй галавой. І сказаў яму Давід: «Калі ты пойдзеш са мною, будзеш мне цяжарам; А калі вернешся ў горад і скажаш Абсалому: “Я, цар, буду паслугачом тваім; раней я быў паслугачом бацькі твайго, дык цяпер буду тваім паслугачом!”, — то ты пазбавіш сілы параду Ахітатэла адносна мяне. А будзеш мець пры сабе Садока і Абіятара, святароў; і ўсё, што пачуеш у доме цара, перакажаш Садоку і Абіятару, святарам. А з імі засталіся два сыны іх: Ахімаас у Садока і Ёнатан у Абіятара; і праз іх мне перакажаш усё, што пачуеш». І ўвайшоў Хусай, сябар Давіда, у горад, і Абсалом таксама ўвайшоў у Ерузалім.
І калі Давід сышоў крыху з вяршыні гары, пераняў яго Сіба, паслугач Мэрыбаала, з наладаванымі двума асламі, на якіх нагрузілі дзвесце хлябоў, і сто звязак разынак, і сто пучкоў летніх пладоў, і бурдзюк віна. І спытаўся цар у Сібы: «Што яны жадаюць сабе за гэта?» І Сіба адказаў: «Гэтыя аслы — для дома цара; і хлябы, і плады летнія — на ежу паслугачам тваім; а віно — каб піў той, хто зняможацца ў пустыні!» І пытаўся цар: «Дзе сын гаспадара твайго?» І Сіба адказаў цару: «Ён застаўся ў Ерузаліме, кажучы: “Сёння верне мне дом Ізраэля царства бацькі майго”». І сказаў цар Сібе: «Вось, тваё ўсё, што належала Мэрыбаалу». І Сіба сказаў: «Прашу, хай знайду я ласку ў цябе, гаспадар мой, цар». І прыйшоў цар Давід у Бахурым, і, вось, выйшаў адтуль чалавек з роду дому Саўлава, на імя Сямэй, сын Гэра, і ішоў, на хаду праклінаючы яго, і кідаў камяні ў Давіда і ва ўсіх паслугачоў цара Давіда. А ўвесь народ і ўсе ваяры наймагутнейшыя ішлі побач з царом з правага і з левага боку. А Сямэй, калі праклінаў цара, гаварыў так: «Ідзі, ідзі прэч, крывавы чалавек і чалавек Бэліяла! Аддаў табе Госпад усю кроў дому Саўла, бо забраў ты царства ў яго. Таму аддаў Госпад царства ў рукі Абсалома, сына твайго; і вось, прыціскаюць цябе ліхоты твае, бо ты — крывавы чалавек». І сказаў Абісай, сын Сэруі, цару: «Чаму праклінае гэты здохлы сабака гаспадара майго, цара? Пайду і адсяку яму галаву». І цар сказаў: «Што мне і вам, сыны Сэруі? Калі ён праклінае і калі яму Госпад загадаў, каб праклінаў Давіда, хто асмеліцца сказаць: “Чаму ты так зрабіў?”» І сказаў цар Абісаю і ўсім сваім паслугачам: «Вось, сын мой, які выйшаў з нутра майго, цікуе на жыццё маё; тым больш зараз гэты сын Бэньяміна. Не перашкаджайце яму праклінаць па загадзе Госпадавым. Можа, Госпад гляне на смутак мой і аддасць мне дабром за сённяшні праклён». І ішоў Давід і людзі яго дарогаю далей; а Сямэй ішоў па горнай градзе збоку, праклінаючы, і кідаючы камяні ў яго, і абсыпаючы зямлёй. І прыйшоў цар і ўвесь народ яго, змучаныя, аж да водаў, і там адпачылі. А Абсалом і ўвесь народ яго, людзі Ізраэля, увайшлі ў Ерузалім, і Ахітатэл быў разам з ім. А калі Хусай, арахеец, сябар Давіда, прыйшоў да Абсалома, то сказаў яму: «Хай жыве цар! Хай жыве цар!» Сказаў яму Абсалом: «Ці такая твая ласка да сябра твайго? Чаму ты не пайшоў з сябрам тваім?» Адказаў Хусай Абсалому: «Ніякім чынам; бо каго выбраў Госпад, і гэты народ, і ўвесь Ізраэль, таму чалавеку я і належу і з тым я застануся. А да таго ж, каму я маю служыць? Ці ж не сыну царскаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду паслухмяны і табе». І сказаў Абсалом Ахітатэлу: «Дайце параду: што маем рабіць?» І сказаў Ахітатэл Абсалому: «Увайдзі да наложніц бацькі свайго, якіх ён пакінуў пільнаваць дом; каб, калі пачуе ўвесь Ізраэль, што ты абняславіў бацьку свайго, умацаваліся рукі ўсіх прыхільнікаў тваіх». І паставілі палатку Абсалому на даху; і ён на вачах усяго Ізраэля ўвайшоў да наложніц бацькі свайго. А парада Ахітатэла, якую ён даваў у гэты час, была быццам слова Бога; такая была ўсякая парада Ахітатэла, і калі быў ён з Давідам, так і калі быў з Абсаломам.
І сказаў Ахітатэл Абсалому: «Я выберу сабе дванаццаць тысяч ваяроў, і, устаўшы, у гэтую ноч пайду на Давіда, і нападу на яго, бо ён змучаны і са знясіленымі рукамі, я напалохаю яго. І, калі ўцячэ ўвесь народ, які з ім, я заб’ю пакінутага цара, і прывяду ўвесь народ да цябе, як вяртаецца нявеста да жаніха свайго; ты ж цікуеш на жыццё толькі аднаго чалавека, і ўвесь народ будзе жыць у супакоі». І спадабалася гэта парада Абсалому і ўсім старэйшынам Ізраэля. А Абсалом сказаў: «Паклічце і Хусая арахейца і паслухаем, што ён яшчэ скажа». І калі прыйшоў Хусай да Абсалома, Абсалом спытаўся ў яго: «Вось такую параду даў Ахітатэл; ці маем споўніць параду яго, ці не? Ты скажы!» І сказаў Хусай Абсалому: «Нядобрая парада, якую даў табе ў гэты раз Ахітатэл». І працягваў Хусай: «Ты ведаеш, што бацька твой і ваяры, якія з ім, — людзі наймужнейшыя і з жорсткаю душою, як дзікая мядзведзіца, пазбаўленая дзяцей сваіх у лесе; але бацька твой — ваяр спраўны, і ён не спіць са сваімі людзьмі: вось і цяпер ён хаваецца ў якой-небудзь пячоры або ў якім іншым месцы. І, калі хто загіне пры першым нападзе на іх, напэўна, пачуюць і скажуць: “Стаўся вялікі ўдар народу, які стаіць за Абсалома”. І спалохаецца таксама наймужнейшы, які мае сэрца льва: бо ўвесь Ізраэль ведае, які мужны бацька твой і якія мужныя ўсе, хто з ім. Але мне здаецца, што такая парада слушная: хай збярэцца да цябе ўвесь Ізраэль ад Дана да Бээр-Сэбы, шматлікі, як марскі пясок, і ты сам пойдзеш у бой; і мы прыйдзем да яго, дзе б ён ні знаходзіўся, і нападзём на яго, як звычайна раса падае на зямлю, і не пакінем нікога з усіх людзей, якія пры ім. Бо калі ён увойдзе ў які-небудзь горад, тады ўсе ізраэльцы прынясуць пад той горад вяроўкі, і мы сцягнем яго ў раку, так што не застанецца ад яго ані каменя». І Абсалом і ўсе ізраэльцы сказалі: «Лепшая парада Хусая арахейца, чым парада Ахітатэла». Бо Госпад вырашыў адхіліць лепшую параду Ахітатэла, каб навёў Госпад на Абсалома няшчасце. І сказаў Хусай святарам Садоку і Абіятару: «Такую вось параду даў Ахітатэл Абсалому і старэйшынам Ізраэля, і я гэткую вось даў параду; дык цяпер пашліце хутка і паведаміце Давіду, кажучы: “Не заставайся ў гэтую ноч на раўніне ў пустыні, але не марудзь і ідзі далей, каб не загінуў цар і ўсе людзі, якія пры ім”». А Ёнатан і Ахімаас стаялі ў Эн-Рагелі; прыйшла паслугачка і пераказала ім весткі, і яны пайшлі, каб пераказаць вестку цару Давіду; і не маглі яны заходзіць у горад, каб не ўбачылі іх. Але ўбачыў іх нейкі юнак і паведаміў Абсалому; а яны хутка пайшлі далей і прыбылі ў дом нейкага чалавека ў Бахурыме, які меў студню на сваім панадворку, і яны спусціліся ў яе. А жанчына ўзяла і расцягнула посцілку над адтулінай студні, і насыпала зерня на яе, і так схавала іх. І, калі прыбылі паслугачы Абсалома ў дом да жанчыны, яны спыталіся ў яе: «Дзе Ахімаас і Ёнатан?» І адказала ім жанчына: «Пайшлі адсюль да вады». І тыя, якія шукалі іх, калі не знайшлі, вярнуліся ў Ерузалім. І, калі яны адышлі, выйшлі яны са студні, і, прыбыўшы да цара Давіда, паведамілі і сказалі: «Устаньце і хутка перапраўцеся праз раку, бо такую параду дае Ахітатэл супраць вас». І ўстаў Давід і ўвесь яго народ, што быў з ім, і пераправіліся праз Ярдан да світання, і не застаўся ніводны, хто не паспеў бы пераправіцца праз раку. Тым часам Ахітатэл, бачачы, што не была выканана парада яго, асядлаў асла свайго, і ўскочыў на яго, і вярнуўся ў горад свой, у дом свой, і, даўшы загад адносна дома свайго, павесіўся і памёр, і быў пахаваны ў магіле бацькі свайго. А Давід прыбыў у Маханаім, і Абсалом пераправіўся праз Ярдан, ён і ўсе ізраэльцы з ім. А на месца Ёаба Абсалом паставіў над войскам Амасу; а Амаса быў сынам чалавека, які называўся Етэр, ізмаэлец, які ўвайшоў да Абігайль, дачкі Ясэя, сястры Сэруі, якая была маці Ёаба. І сталі Ізраэль і Абсалом лагерам у зямлі Галаад. І, калі Давід прыбыў у Маханаім, Собі, сын Нааса з Рабы сыноў Амона, і Махір, сын Аміэля з Ладабара, і Барзэлай, галаадзец з Рагэліма, прынеслі яму ложак, і дываны, і тазы, і гаршкі гліняныя, і пшаніцу, і ячмень, і муку, і пражаны гарох, і фасоль, і сачавіцу, і мёд, і масла, і авечак, і тлустых цялят; і прынеслі гэта Давіду і людзям яго, якія былі з ім, на ежу, бо меркавалі, што народ быў змучаны голадам і смагаю ў пустыні.
Такім чынам, Давід, агледзеўшы людзей сваіх, паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў. І падзяліў Давід людзей на тры часткі: адну частку даручыў Ёабу, і другую — Абісаю, сыну Сэруі, брату Ёаба, трэцюю — Этаю з Гета. І сказаў цар народу: «Пайду і я з вамі». І народ адказаў: «Не, ты не пойдзеш. Бо калі мы адступім, на нас не звернуць увагі; і хоць бы загінула палова з нас, не лічылася б гэта, а ты адзін лічышся за дзесяць тысяч. Дык лепш, калі ты будзеш дапамагаць нам з горада». Сказаў ім цар: «Я зраблю тое, што вам здаецца правільным». І стаў цар у браме; а ўсё войска праходзіла па частках сваіх сотнямі і тысячамі. І загадаў цар Ёабу, Абісаю і Этаю: «Лагодна абыходзьцеся з юнаком Абсаломам». І ўвесь народ чуў загад цара, дадзены ўсім кіраўнікам адносна Абсалома. І выйшла войска на раўніну супраць Ізраэля, і пачаўся бой у лесе Эфраіма. І войска Давіда пабіла там народ Ізраэля; і была ў той дзень вялікая страта ў дваццаць тысяч чалавек. А бой там пашырыўся на ўсю ваколіцу; і лес у той дзень загубіў народу значна больш, чым меч. І здарылася, што Абсалом, едучы на муле, сутыкнуўся з паслугачамі Давіда; і калі мул пабег пад вялікі і сукаваты дуб, і заблыталася галава Абсалома ў дубе і павіснуў ён між небам і зямлёй; а мул, на якім ён сядзеў, пабег далей. А хтосьці ўбачыў гэта і паведаміў Ёабу, кажучы: «Бачыў я, што Абсалом вісіць на дубе». І Ёаб сказаў чалавеку, які аб гэтым паведаміў яму: «Калі ты бачыў яго, чаму ты не забіў яго на зямлі? А я даў бы табе дзесяць срэбраных сікляў і адзін пояс». Ён адказаў Ёабу: «Нават калі б на рукі мае ты палажыў і тысячу срэбранікаў, я ніколі не падняў бы рукі сваёй на сына цара. Бо чулі мы, як цар загадаў табе, Абісаю і Этаю: “Кожны з вас павінен ахоўваць юнака Абсалома!” А калі б я супраць сумлення свайго ўчыніў несправядліва, — а ніякая справа не можа быць утоенай ад цара, — ты сам выступіў бы супраць мяне». І сказаў Ёаб: «Не хачу так марудзіць з табою». І ўзяў ён у руку сваю тры стралы, і ўбіў іх у сэрца Абсалома, калі ён яшчэ жывы вісеў на дубе; і падбеглі дзесяць юнакоў, збраяносцы Ёаба, і, б’ючы, забілі яго. А Ёаб затрубіў у трубу, і народ пакінуў пераследаваць Ізраэль, які ўцякаў, бо Ёаб стрымаў людзей. І яны прынеслі Абсалома, і кінулі яго ў лесе ў вялікую яму, і накідалі на яго вялікую кучу камянёў; а ізраэльцы ўцяклі ў свае палаткі. А Абсалом, калі яшчэ жыў, паставіў сабе магільны камень у даліне царскай; бо казаў ён: «Я не маю сына, які б збярог памяць імя майго». І назваў ён помнік імем сваім, і аж да гэтага дня называецца ён Яд-Абсалом. А Ахімаас, сын Садока, сказаў: «Пабягу і паведамлю цару, што Госпад аказаў яму законнасць, вызваляючы яго ад рукі ворагаў яго». На гэта сказаў яму Ёаб: «Не будзеш ты ў гэты дзень вестуном добрай весткі, але паведаміш іншым разам; бо сёння нядобрае прынясеш, таму што сын цара забіты». І сказаў Ёаб кушыту: «Ідзі і скажы цару, што ты бачыў». Кушыт пакланіўся Ёабу і пабег. У другі раз Ахімаас, сын Садока, сказаў Ёабу: «Што б ні было, я таксама пабягу за кушытам!» І Ёаб сказаў: «Чаму хочаш бегчы, сын мой? Не будзе табе ўзнагароды за добрую вестку». Ён адказаў: «Што б ні сталася, пабягу». І Ёаб сказаў яму: «Бяжы!» І Ахімаас, бегучы напрасткі, апярэдзіў кушыта. А Давід сядзеў паміж дзвюма брамамі; і вартаўнік, які хадзіў па даху брамы над мурам, падняўшы вочы, заўважыў, што нейкі мужчына бяжыць, і ён, крыкнуўшы, паведаміў цару. І цар сказаў: «Калі адзін, то прыносіць добрую вестку». А калі той бег і набліжаўся, убачыў вартаўнік другога чалавека, які бег, дык закрычаў вартаўнік прыдзвернаму: «Нейкага чалавека я бачу, што бяжыць адзін». І цар сказаў: «Гэты таксама з добраю весткай». І паведаміў вартаўнік: «Пазнаю, што хада першага — як бег Ахімааса, сына Садока». І кажа цар: «Ён чалавек добры, прыбывае з добраю весткай». І, закрычаўшы, Ахімаас сказаў цару: «Супакой». І, пакланіўшыся цару да зямлі, сказаў: «Дабраславёны Госпад, Бог твой, Які аддаў людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго, цара!» І цар спытаўся: «Ці добра з юнаком Абсаломам?» І Ахімаас адказаў: «Бачыў я вялікае замяшанне, калі паслугач цара Ёаб пасылаў паслугача цара і мяне, паслугача твайго, але не ведаю, што там было». Загадаў яму цар: «Адыдзі і стань там». І, калі той адышоў і стаў збоку, прыйшоў кушыт і, падышоўшы, сказаў: «Добрую прыношу вестку, гаспадару мой, цар, бо рассудзіў на тваю карысць сёння твой Госпад, выбаўляючы цябе з рук усіх тых, якія ўзбунтаваліся супраць цябе». І спытаўся цар у кушыта: «Ці добра з юнаком Абсаломам?» Адказаў яму кушыт: «Хай будзе ворагам гаспадара майго, цара, і ўсім, якія зламысна паўсталі супраць цябе, тое самае, што і юнаку гэтаму». І задрыжэў цар, і пайшоў у верхняе памяшканне брамы, і плакаў. І, калі ішоў, так гаварыў: «Сыне мой, Абсаломе! Абсаломе, сыне мой, сыне мой! Лепш бы я памёр, чым ты! Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»
І паведамілі Ёабу, што цар плача і ў жалобе дзеля сына свайго. Так вось перамога ператварылася ў той дзень у жалобу для ўсяго народа; бо пачуў народ у той дзень вестку: «Цар сумуе дзеля сына свайго». І ў той дзень уваходзіў народ у горад цішком, як звычайна ўваходзяць людзі асаромленыя, якія ў час бою кінуліся ўцякаць. А цар закрыў твар свой і галасіў моцным голасам: «Сыне мой Абсаломе, Абсаломе, сыне мой, сыне мой!» І Ёаб, увайшоўшы да цара ў дом, сказаў: «Ты асароміў сёння аблічча ўсіх паслугачоў сваіх, якія збераглі жыццё тваё, і жыццё тваіх сыноў і тваіх дачок, і жыццё жонак тваіх, і жыццё наложніц тваіх. Ты любіш ненавідзячых цябе і ў нянавісці маеш тых, што любяць цябе. Ты сёння паказаў, што не дбаеш пра кіраўнікоў сваіх і пра паслугачоў сваіх; і пераканаўся я сёння, што, калі б Абсалом застаўся пры жыцці, а мы ўсе памерлі, гэта было б добрым у вачах тваіх. Дык цяпер падыміся, і выйдзі, і гавары да сэрца паслугачоў тваіх; бо прысягаю табе Госпадам, што, калі не выйдзеш, ніхто не застанецца ў гэтую ноч пры табе і гэта будзе горш табе, чым усе беды, што нахлынулі на цябе ад юнацтва твайго аж да цяперашніх дзён». Дык цар устаў, і сеў у браме, і ўсяму народу было паведамлена, што цар сядзіць у браме; і сабралася вялікае мноства людзей перад царом. А Ізраэль уцёк у палаткі свае. І спрачаўся ўвесь народ ва ўсіх пакаленнях Ізраэля, кажучы: «Цар вызваліў нас з рук ворагаў нашых, і ён вызваліў нас з рук філістынцаў; і цяпер уцёк з зямлі перад Абсаломам. А Абсалом, якога мы намасцілі, каб ён валодаў намі, загінуў у баі. Чаму цяпер маўчыце і не вяртаеце цара?» А словы ўсяго Ізраэля дайшлі да цара ў дом яго. І паслаў цар па Садока і Абіятара, святароў, кажучы: «Прамаўляйце да старэйшын Юды, кажучы ім: “Чаму вы марудзіце, каб вярнуць цара ў свой дом? Вы — браты мае, косць мая і цела маё; чаму вы марудзіце, каб вярнуць цара?” І Амасу скажыце: “Ці ты не косць мая і не цела маё? Хай гэта зробіць мне Госпад і гэта дадасць, калі ты ў мяне не будзеш заўсёды настаўнікам войска на месцы Ёаба”». І схіліў ён сэрцы ўсіх людзей Юды, быццам сэрца аднаго чалавека. І паслалі яны да цара, кажучы: «Вярніся ты і ўсе паслугачы твае». І вярнуўся цар, і прыйшоў аж да Ярдана; і Юда прыйшоў у Галгал, каб сустрэць цара і перавесці яго праз Ярдан. А Сямэй, сын Гэра, бэньямінец з Бахурыма, паспяшаўся і выйшаў з людзьмі Юды насустрач цару Давіду; з ім была тысяча бэньямінцаў, і Сіба, паслугач сям’і Саўла, і пятнаццаць сыноў яго, і дваццаць паслугачоў. А пераправіліся яны праз Ярдан ужо перад царом, і перайшлі яны брод, каб пераправіць дом цара і зрабіць так, як падабаецца яму. А Сямэй, сын Гэра, упаў на твар перад царом, калі той меў пераправіцца праз Ярдан, і сказаў яму: «Не лічы гэта маёй правіннасцю, гаспадару мой, і не прыгадвай крыўду паслугача твайго ў той дзень, калі гаспадар мой, цар, выходзіў з Ерузаліма; не бяры гэтага, цар, да сэрца свайго. Бо я, паслугач твой, прызнаю грэх мой і дзеля таго сёння першы з усёй сям’і Язэпа выходжу я і іду насустрач гаспадару майму, цару». А Абісай, сын Сэруі, у адказ сказаў: «Ці ж не будзе забіты Сямэй за тое, што праклінаў намашчэнца Госпадава?» І Давід сказаў: «Што мне і вам, сыны Сэруі, што вы становіцеся для мяне сёння супраціўнікамі? Ці, такім чынам, сёння павінен хто-небудзь паміраць у Ізраэлі? Ці я не ведаю сёння, што я стаў царом над Ізраэлем?» Дык сказаў цар Сямэю: «Не памрэш!» І прысягнуў яму. І Мэрыбаал, сын Саўла, таксама выйшаў насустрач цару; не мыў ён ног, і не стрыг пазногцяў, і не стрыг барады, і не мыў адзення свайго з таго дня, у які цар выехаў, аж да дня вяртання яго. І калі ён прыйшоў насустрач цару ў Ерузалім, сказаў яму цар: «Чаму не пайшоў ты са мною, Мэрыбаал?» Ён у адказ сказаў: «Гаспадару мой, цар, ашукаў мяне паслугач мой! Бо я, паслугач твой, сказаў яму: “Вазьму сабе асла і, сеўшы на яго, паеду з царом” — бо кульгавы паслугач твой. Звыш таго, ён яшчэ і абвінаваціў вераломна мяне, паслугача твайго, перад табою, гаспадаром маім, царом. Ты ж, гаспадару мой, цар, як анёл Божы; таму рабі, што табе падабаецца. Увесь дом бацькі майго варты быў смерці перад гаспадаром маім, царом; а ты пасадзіў мяне, паслугача свайго, між сатрапезнікаў стала твайго. Што яшчэ ёсць у мяне да справядлівасці, каб клікаць цара?» І сказаў яму цар: «Што яшчэ ты гаворыш? Я сказаў: ты і Сіба падзяліце паміж сабою ўладанні». І Мэрыбаал адказаў цару: «Хай ён бярэ нават усё, калі гаспадар мой, цар, вярнуўся ў супакоі ў дом свой!» Таксама Барзэлай галаадзец прыйшоў з Рагэліма і праводзіў цара праз Ярдан, каб развітацца з ім за Ярданам. А Барзэлай быў вельмі стары, гэта значыць, меў ён восемдзесят гадоў; і ён забяспечыў цара харчам, калі ён быў у Маханаіме; бо быў чалавекам вельмі багатым. І сказаў цар Барзэлаю: «Хадзі са мною, і я буду апекавацца над табою ў Ерузаліме». Барзэлай сказаў цару: «Колькі засталося дзён жыцця майго, каб ісці з царом у Ерузалім? Маю сёння восемдзесят гадоў; ці хопіць мне розуму, каб разабраўся я, што салодкае, а што горкае? Ці можа пацешыць паслугача твайго ежа і пітво? Або ці магу я яшчэ слухаць голас спевакоў і спявачак? Пашто паслугач твой мае быць лішнім цяжарам гаспадару майму, цару? Крыху пройдзе паслугач твой з табой ад Ярдана. І за што ўзнагароджваць цару мяне такою ласкаю? Але дазволь паслугачу твайму вярнуцца і памерці ў сваім горадзе, побач з магілай бацькі свайго і маці сваёй. Але вось, паслугач твой, Хамаам: хай пойдзе з табою, гаспадару мой, цар, і ты зрабі яму, што табе здаецца добрым». І сказаў цар: «Хамаам хай ідзе са мною, і я зраблю яму, што добрае ў вачах тваіх, і ўсё, аб чым будзеш мяне прасіць, ты атрымаеш». І калі ўвесь народ і цар пераправіліся праз Ярдан, цар пацалаваў Барзэлая і дабраславіў яго; і ён вярнуўся да сябе. І вырушыў цар у Галгал, і разам з ім Хамаам. А праводзіў цара ўвесь народ Юды і таксама палова народа Ізраэля. І вось, вакол цара сышліся ўсе ізраэльцы і казалі яму: «Чаму браты нашы, сыны Юды, укралі цябе і пераправілі цара і дом яго праз Ярдан і ўсіх людзей Давіда разам з ім?» І адказалі ўсе юдэі людзям Ізраэля: «Бо цар нам бліжэйшы. Чаму гневаецеся на нас з гэтае прычыны? Ці мы з’елі што ў цара? Ці, можа, даў ён нам дары?» І адказалі ізраэльцы людзям Юды, і казалі: «Дзесяць частак маем мы ў цара, і таму таксама і ў Давіда. Мы лепшыя за вас; чаму вы пагарджаеце намі? Хіба не мы першыя сказалі слова, каб вярнуць цара нашага?» Але слова юдэйцаў было мацнейшым, чым слова ізраэльцаў.
Сталася таксама, што быў там нейкі чалавек Бэліяла на імя Сэба, сын Бохры, бэньямінец; і ён затрубіў у трубу і крыкнуў: «Не маем мы часткі з Давідам, ані спадчыны з сынам Ясэя! Ізраэльцы, у палаткі свае!» Дык усе ізраэльцы аддзяліліся ад Давіда і пайшлі за Сэбам, сынам Бохры; а юдэі засталіся пры цару сваім, пачынаючы ад Ярдана аж да Ерузаліма. І, калі вярнуўся цар у дом свой у Ерузаліме, узяў ён дзесяць жанчын наложніц, якіх пакідаў пільнаваць дом, і памясціў іх у дом пад вартай, даўшы ім харч. І больш да іх не прыходзіў, але былі яны замкнёныя аж да дня смерці сваёй, жывучы, быццам удовы. А цар сказаў Амасе: «Збяры да мяне ўсіх мужчын Юды да трэцяга дня, і ты стань тут, прысутнічай». Дык пайшоў Амаса, каб склікаць юдэяў, і не паспеў да вызначанага часу, які быў яму прызначаны. А Давід сказаў Абісаю: «Сэба, сын Бохры, зробіць нам большае зло, чым Абсалом; дык збяры паслугачоў гаспадара свайго і дагані яго, каб не знайшоў ён умацаваных гарадоў і не ўцёк ад нас». І пайшлі з ім людзі Ёаба, херэты, таксама фелеты і ўсе людзі наймужнейшыя; і выйшлі яны з Ерузаліма даганяць Сэбу, сына Бохры. І, калі яны былі каля вялікага каменя, які ў Габаоне, з’явіўся перад імі Амаса. А Ёаб быў узброены, і на клубах яго на поясе быў схаваны меч, які лёгкім рухам трапляў у яго руку з ножан. І сказаў Ёаб Амасе: «Як здароўе, братка мой?» І ўзяў Ёаб Амасу правай рукой за бараду, каб пацалаваць яго. А Амаса не заўважыў меча ў руцэ Ёаба, які ўдарыў яго ў жывот і выпусціў нутро яго на зямлю, і не нанёс другую рану, і той памёр. А Ёаб і брат яго Абісай кінуліся ў пагоню за Сэбам, сынам Бохры. Між тым, адзін з паслугачоў Ёаба затрымаўся каля цела Амасы і закрычаў: «Хто прыхільны да Ёаба і хто стаіць за Давіда, хай ідзе за Ёабам!» А Амаса ляжаў, скрываўлены, сярод дарогі. Заўважыў той чалавек, што ўсе людзі затрымліваюцца, каб паглядзець на яго, і перацягнуў Амасу з дарогі на поле, і накрыў яго вопраткаю, бо бачыў, што ўсе праходзячыя спыняюцца каля яго. І калі ён прыняў Амасу з дарогі, кожны чалавек пайшоў за Ёабам у пагоню за Сэбам, сынам Бохры. І прайшоў Ёаб праз усе пакаленні Ізраэля аж да Абэл-Бэт-Маахі; і сабраліся ўсе сыны Бохры, і пайшлі за ім таксама. І, вось, прыйшлі яны, і акружылі яго ў Абэл-Бэт-Маасе, і насыпалі вал насупраць горада, які стаў насупраць вонкавага крапаснога вала; і ўсе людзі, якія былі з Ёабам, стараліся разбурыць муры. Тады з горада закрычала нейкая разумная жанчына: «Слухайце, слухайце! Скажыце Ёабу: “Падыдзі сюды, і я пагавару з табою”». Калі ён падышоў да яе, яна сказала яму: «Ці ты Ёаб?» І ён адказаў ёй: «Я». Яна так сказала яму: «Паслухай, што скажа паслугачка твая». Ён адказаў: «Слухаю». І зноў сказала яна: «Такія словы гаварыліся ў даўняй прыказцы: “Няхай спытаюцца ў Абэлі, і так скончаць справу”. Я — мірны горад з [гарадоў], верных Ізраэлю. І ты хочаш разваліць горад і зруйнаваць маці [гарадоў] Ізраэля? Навошта ты нішчыш спадчыну Госпада?» І ў адказ Ёаб сказаў: «Ніякім чынам, ніякім чынам; я не разбураю і не нішчу. Не ў гэтым справа, але чалавек з гары Эфраіма, на імя Сэба, сын Бохры, падняў руку сваю на цара Давіда; выдайце яго аднаго, і я адступлю ад горада». І жанчына кажа Ёабу: «Вось, галава яго будзе скінута табе з мура». І выйшла яна перад усім народам і сказала яму разумна. Яны адсеклі галаву Сэбы, сына Бохры, і кінулі праз мур Ёабу. І ён затрубіў у трубу, і адышлі ад горада кожны ў сваю палатку. А Ёаб вярнуўся ў Ерузалім да цара. І стаў Ёаб над усім войскам Ізраэля; а Баная, сын Ёяды, — над херэтамі і фелетамі; а Аданірам — над зборам даніны; а Язафат, сын Ахілуда, — канцлерам, над запісамі. А Сіва — пісарам, а Садок і Абіятар — святарамі; таксама Хіра з Яіра быў святаром у Давіда.
Панаваў жа голад на зямлі ў дні Давіда тры гады, год за годам. І раіўся Давід з Госпадам, і Госпад сказаў: «Над Саўлам і над яго домам — кроў, бо ён забіў габаонцаў». Дык, сабраўшы габаонцаў, сказаў ім цар — габаонцы не былі з сыноў Ізраэля, але з астаткаў амарэяў; а сыны Ізраэля прысягнулі ім, але Саўл пажадаў знішчыць іх з рэўнасці сваёй дзеля сыноў Ізраэля і Юды, — сказаў Давід габаонцам: «Што я павінен вам зрабіць? І чым вас уласкавіць, каб вы дабраславілі спадчыну Госпада?» І габаонцы сказалі яму: «Не трэба нам ні срэбра, ні золата ад Саўла або ад дому яго; і не трэба нам, каб быў забіты чалавек з Ізраэля». Сказаў ім цар: «Што вы толькі скажаце, я зраблю вам». Сказалі яны цару: «З сыноў таго чалавека, які нас нішчыў і меў намер загубіць нас так, каб не засталося нікога з нас ва ўсіх межах Ізраэля, хай будуць дадзены нам сем чалавек, і мы іх павесім на шыбеніцах перад Госпадам у Габаоне на гары Госпада». І цар сказаў: «Я дам». Але пашкадаваў цар Мэрыбаала, сына Ёнатана, сына Саўла, дзеля прысягі Госпаду, што была між Давідам і сынам Саўла Ёнатанам. Дык узяў цар двух сыноў Рэспы, дачкі Аі, якіх бацькам быў Саўл, Армона і Мэрыбаала, і пяць сыноў Мэраб, дачкі Саўла, якіх бацькам быў Гадрыэль, сын Барзэлая з Малаці, і аддаў іх Давід у рукі габаонцаў, якія павесілі іх на гары перад Госпадам. І загінулі гэтыя сямёра разам, забітыя ў першыя дні жніва, на пачатку жніва ячменю. А Рэспа, дачка Аі, узяўшы зрэбніцу, разаслала яе на камені, і сядзела там ад пачатку жніва аж пакуль не пайшоў на яе дождж з неба, і не дазваляла нападаць на іх птушкам паднебным удзень і звярам палявым ноччу. І было паведамлена Давіду аб тым, што рабіла Рэспа, дачка Аі, наложніца Саўла. І выправіўся Давід, і забраў ад жыхароў Явіса ў Галаадзе косці Саўла і косці Ёнатана, сына яго, якія здабылі іх патаемна з плошчы ў Бэтсане, дзе іх павесілі філістынцы, калі забілі Саўла ў Гэльбоэ. І перанёс ён адтуль косці Саўла і косці Ёнатана, сына яго; і, сабраўшы косці павешаных, яны пахавалі іх, і косці Саўла і Ёнатана, сына яго, у зямлі Бэньяміна ў Сэлі, у магіле Кіса, бацькі яго. І зрабілі ўсё, што загадаў цар; і быў праслаўлены Бог на той зямлі па гэтым. А зноў пачалася вайна філістынцаў супраць ізраэльцаў, і пайшлі Давід і паслугачы яго з ім, і ваявалі з філістынцамі, і Давід адчуў сябе змучаным. І Есбібэноб, які быў з нашчадкаў Рэфы, — жалеза дзіды якога важыла трыста сікляў і падперазаны ён быў новым мечам, — хацеў забіць Давіда. Але Абісай, сын Сэруі, прыйшоў яму на дапамогу, і ўдарыў філістынца, і забіў яго. Тады людзі Давіда пакляліся, кажучы: «Ужо больш не пойдзеш з намі ваяваць, каб не патушыць светач Ізраэля». І зноў пачалася вайна ў Гобе супраць філістынцаў; тады Сабахай з Гусы забіў Сапу з роду Рэфы. І яшчэ была вайна супраць філістынцаў у Гобе, у якой Эльханан, сын Яіра з Бэтлехэма, забіў брата Галіята з Гета, у якога цаўё дзіды было быццам навой ткацкі. І была яшчэ вайна ў Геце, у якой велізарны чалавек, які меў па шэсць пальцаў на кожнай руцэ і на кожнай назе, гэта значыць дваццаць чатыры пальцы, — і ён таксама быў з роду Рэфы — зневажаў Ізраэль; а забіў яго Ёнатан, сын Самы, брата Давіда. Гэтыя чатыры чалавекі былі з роду Рэфы з Гета, і яны загінулі ад рукі Давіда і паслугачоў яго.
І заспяваў Давід словы гэтае песні Госпаду ў дзень, калі вызваліў яго Госпад з рук усіх ворагаў яго і з рукі Саўла, і ён казаў: «Госпад — скала мая, і крэпасць мая, і Збаўца мой; Божа мой, скала мая, у якой хаваюся, шчыт мой і рог збаўлення майго! Ты абарона мая і прыстанак мой. Збаўца мой, ад гвалту вызваліш Ты мяне. Паклічу я Госпада, вартага хвалы, і ад ворагаў маіх уратаваны буду. Бо агарнулі мяне хвалі смерці, віры Бэліяла ўстрывожылі мяне; путы смерці ахапілі мяне, і смяротныя петлі душаць мяне. У роспачы маёй клічу я Госпада і прызываю Бога майго; выслухаў Ён з храма Свайго голас мой, і вокліч мой дайшоў да вушэй Яго. І здрыганулася і затрымцела зямля, і падваліны нябесныя зварухнуліся і захісталіся, бо запалаў Ён гневам. Узняўся дым з ноздраў Яго і агонь знішчальны з вуснаў Яго; вуглі агністыя сыпаліся ад Яго. І нахіліў Ён нябёсы, і сышоў, і змрок пад нагамі Яго. І сеў на херубіна, і паляцеў, і ўзняўся на крылах ветру. І ахінуўся ў цемру, як заслону, цёмнымі водамі ды густымі хмарамі ахутаў Сябе. Перад бляскам позірку Яго загарэлася вуголле агністае. Загрымеў на нябёсах Госпад, і Найвышэйшы даў пачуць голас Свой. Ён пусціў стрэлы Свае і рассыпаў іх, мноствам маланак напалохаў іх. І адкрыліся глыбіні мора, і адчыніліся фундаменты сусвету ад ушчування Госпада, ад подыху духу гневу Яго. Даслаў Ён [руку] з вышыні і схапіў мяне, выцягнуў мяне з глыбокіх водаў. Выратаваў Ён мяне ад ворага майго наймагутнейшага, ад тых, якія ненавідзяць мяне, якія дужэйшыя за мяне. Яны нахлынулі на мяне ў дзень смутку майго, і Госпад стаў для мяне апораю. І вывеў Ён мяне на прастор: уратаваў Ён мяне, бо спадабаўся я Яму. І адплаціў мне Госпад паводле праўды маёй, і за чысціню рук маіх аддаў Ён мне, бо я пільнаваў шляхі Госпада і не адступаўся нягодна ад Бога майго. Усе прысуды Яго перада мной, і ад загадаў Яго я не адступіў, і стаў я беззаганны з Ім, і высцерагаўся асабістай злачыннасці. І адплаціў мне Госпад паводле праўды маёй і паводле чысціні рук маіх перад вачамі Яго. Са святым Ты святы будзеш, і з чалавекам беззаганным беззаганны будзеш, і з абраным абраны будзеш, і з заганным падступны будзеш. І людзей бедных Ты ратуеш, а вочы ганарыстыя прыніжаеш. Бо Ты, Госпадзе, светач мой, і Бог мой прасвятляе цемру маю. З Табою я пайду ў наступ на варожыя войскі і з Богам маім пераскочу праз мур. Божа, бязгрэшны шлях Яго, слова Госпадава агнём выпрабавана, Ён — шчыт для ўсіх, хто на Яго спадзяецца. Бо хто бог, апрача Госпада? І хто скала, апрача Бога нашага? Бог, Які падперазаў мяне сілаю і зрабіў дарогу маю беззаганнай, зрабіўшы ногі мае такімі, як у аленя, і на вышыні падняўшы мяне; навучыў рукі мае барацьбе, і рукі мае нацягваюць медны лук. Ты даў мне шчыт збаўлення Твайго, і тое, што Ты слухаеш мяне, узвялічвае мяне. Ты пашырыў крокі мае пада мною, і не хістаюцца ногі мае. Я пераследаваў ворагаў маіх, і таптаў іх, і не вяртаўся, пакуль не знішчаў іх. Я нішчыў іх і знішчаў так, каб яны не маглі падняцца: гінулі яны пад нагамі маімі. Ты падперазаў мяне сілай да бою, тых, хто паўстаў супраць мяне, падпарадкаваў мне. Ты прымушаў уцякаць ворагаў маіх, і я знішчаю ненавіснікаў маіх. Крычалі яны, і не было нікога, хто б выратаваў іх, клікалі Госпада, і Ён не паслухаў іх. Я расцярушыў іх, як пыл зямлі, як гразь вуліц таптаў я іх. Ты выратаваў мяне ад бунтаў народа майго, паставіў мяне на чале плямёнаў. Народ, якога я не ведаў, служыць мне, чужыя сыны ліслівяць перада мною, слухаюць мяне слухам вушэй сваіх. Чужыя сыны адступаюць і дрыжаць ва ўмацаваннях сваіх. Жыве Госпад, і дабраславёны будзь, скала мая, і будзь узвялічаны Бог, скала збаўлення майго. Бог, Які дае мне збаўленне і Які падпарадкоўвае народы мне. Ён вызваліў мяне ад ворагаў маіх і ўзнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне; ад чалавека гвалтоўнага Ты ўхаваў. Таму буду славіць Цябе між народамі, Госпадзе, і буду спяваць на славу імя Твайго: услаўляе Ён збаўленнем цара Свайго і аказвае міласэрнасць намашчэнцу Свайму Давіду і нашчадкам яго навекі».
А гэта апошнія словы Давіда: «Сказаў Давід, сын Ясэя, сказаў чалавек, высока пастаўлены, намашчэнец Бога Якубава, прыемны спявак псальмаў Ізраэля: “Дух Госпадаў гаворыць праз мяне, і слова Яго — у вуснах маіх. Сказаў Бог Ізраэля, гаварыў мне Скала Ізраэля: “Валадар справядлівы над людзьмі, які пануе ў страху Божым, — як свет заранкі пры ўзыходзе сонца, як раніца без хмурынак; як трава расце з зямлі ў бляску пасля дажджу”. Ці не так і дом мой перад Богам? Бо заключыў Ён са мною запавет вечны, устаноўлены ва ўсім і пэўны. Бо ўсё збаўленне маё і ўсё, што я жадаю, ці не Ён нараджае на свет? А ўсе крывадушнікі будуць выкінуты, як церні, якія не бяруць рукамі; і, калі хто хоча да іх дакрануцца, хай узброіцца жалезам або цаўём з наканечнікам дзіды, і хай гараць яны, агнём падпаленыя». Вось імёны слаўных ваяроў Давіда: Есбаал Гахаманіт, кіраўнік між трох, ён падняў дзіду сваю на восемсот чалавек, якіх забіў адным разам. Па ім Элеязэр, сын Дадо, сына Агога, між трох адважных. Быў ён з Давідам у Афэсдаміме, калі сабраліся там дзеля бою філістынцы. І, калі ізраэльцы пабеглі, ён адзін стаяў і біў філістынцаў, пакуль не самлела яго рука і не прыліпла да меча; і Госпад даў вялікае збаўленне ў той дзень, і народ вярнуўся, толькі каб вынесці здабычу. І па ім Сэма, сын Агэ з Арара. І сабраліся філістынцы ў Леху; а быў там палетак, поўны сачавіцы. І, калі людзі ўцяклі перад філістынцамі, ён стаў адзін сярод поля, і выратаваў іх, і філістынцаў пабіў, і Госпад даў вялікае збаўленне. І гэтыя трое з трыццаці прыйшлі ў час жніва і прыбылі да Давіда ў пячору Адалам; а лагер філістынцаў размясціўся ў лагчыне Рэфаім. І Давід быў тады ў крэпасці, а войска філістынцаў тады было ў Бэтлехэме. І захацеў Давід піць, і сказаў: «О, хто б даў мне вады напіцца са студні, што ў Бэтлехэме каля брамы!» Дык трое гэтых адважных напалі на лагер філістынцаў, і зачэрпнулі вады са студні ў Бэтлехэме, што была каля брамы, і прынеслі Давіду. А ён не захацеў яе піць, але выліў яе ў ахвяру Госпаду, кажучы: «Хай ласкавы да мяне будзе Госпад, каб не зрабіць гэта. Ці ж буду я піць кроў гэтых людзей, якія пайшлі, разыкуючы жыццём?» І адмовіўся піць. Гэта выканалі трое наймацнейшых. А Абісай, брат Ёаба, сын Сэруі, быў кіраўніком трыццаці. Ён вось падняў на дзіду сваю трыста, якіх забіў. Быў ён слаўным сярод тых трыццаці, і быў ён даволі вядомы паміж трыццаці, і быў іх кіраўніком; але не зраўняўся з трыма папярэднімі. І Бэная, сын Ёяды з Кабсээля, быў ваяром наймужнейшым у вялікіх справах. Ён забіў двух сыноў Арыэля з Мааба, і ён сам пайшоў і забіў льва ў сярэдзіне вадаёма ў час завірухі. Забіў ён таксама егіпцяніна, чалавека высокага росту, які трымаў у руцэ дзіду; а ён пайшоў на яго з кіем, сілай вырваў з рукі егіпцяніна дзіду і забіў яго ўласнаю дзідаю яго. Гэта выканаў Баная, сын Ёяды, і быў ён у славе між трыццаццю наймужнейшымі. А быў ён даволі вядомы з тых трыццаці; але з тымі трыма не зраўняўся. І Давід паставіў яго ў сябе на чале світы сваёй. Сярод тых трыццаці быў Асаэль, брат Ёаба, Эльханан, сын Дадо, з Бэтлехэма, Сама з Харода і Эліка з Харода, Гэлес з Палці і Хіра, сын Акеса, з Тэкуа, Абіязэр з Анатота, і Сабахай з Гусы, Сэлмон з Агога, Магарай Нэтафатыт, Хэлед, сын Бааны, Нэтафатыт, і Ітай, сын Рэбая, з Габы сыноў Бэньяміна. Баная з Паратона, Гэдай з Нагале-Гааса, Абібаал Арбатыт, Азмавэт з Бахурыма, Эліяба з Саалбона, Ясэн з Гуна, Ёнатан, сын Самы, з Арара, Агіям, сын Сарара, з Арара, Эліпалет, сын Аасбая, Маахатыта, Эліям, сын Ахітатэла, з Гіло, Гэсра з Кармэля, Парай з Араба, Ігал, сын Натана, з Собы, Бані з Гада, Сэлек з Амона, Нагарай з Бэрота, збраяносец Ёаба, сына Сэруі, Хіра Ятрэй, таксама Гарэб Ятрэй, Урыя Хетэй. Усіх трыццаць сем.
І зноў узгарэўся гнеў Госпада на Ізраэль; і намовіў Давіда супраць Ізраэля, кажучы: «Ідзі і палічы Ізраэля і Юду». І сказаў цар Ёабу і кіраўнікам войска свайго, якія былі пры ім: «Абыдзі ўсе пакаленні Ізраэля ад Дана аж да Бээр-Сэбы, і палічы народ, каб я ведаў колькасць яго». І Ёаб сказаў цару: «Хай Госпад, Бог твой, павялічыць у сто разоў народ, колькі ёсць цяпер, перад вачамі гаспадара майго, цара! Але навошта, гаспадар мой, цар, захацеў зрабіць гэта?» Але загад цара Ёабу і кіраўнікам войска перамог; і выйшлі Ёаб і кіраўнікі войска ад цара, каб палічыць народ Ізраэля. І, калі пераправіліся яны праз Ярдан, пачалі свой шлях ад Араэра і ад горада, які знаходзіцца ў сярэдзіне лагчыны, ідучы ад Гада і Язэра. І пайшлі яны ў Галаад і ў зямлю хетэйцаў у Кадэс, і прыйшлі ў Дан. І з Дана павярнулі ў Сідон, і прыбылі яны ў крэпасць Тыр, і ва ўсе гарады гівеяў і хананеяў, і накіраваліся ў Нагэб юдэйскі ў Бээр-Сэбу. І, абышоўшы ўсю зямлю, праз дзевяць месяцаў і дваццаць дзён вярнуліся ў Ерузалім. І Ёаб перадаў цару лік перапісанага народа; і Ізраэль налічыў восемсот тысяч ваяроў, здатных да бою, і Юда — пяцьсот тысяч ваяроў. А сэрца Давіда ўдарыла яго пасля таго, як палічаны быў народ, і сказаў Давід Госпаду: «Цяжка зграшыў я гэтым учынкам; а цяпер прашу, Госпадзе, каб дараваў Ты правіннасць паслугача твайго, бо вельмі я неразумна зрабіў». Такім чынам, назаўтра ўстаў Давід рана, і скіраваў Госпад слова да прарока Давіда Гада, «які бачыць», кажучы: «Ідзі і скажы Давіду: гэта кажа Госпад: “Тры пакаранні Я кладу табе; выберы адно, што пажадаеш, з іх, каб гэта Я зрабіў табе”». І, калі прыйшоў Гад да Давіда, ён паведаміў яму, кажучы: «Або хай пануе голад тры гады ў цябе, у тваёй зямлі, або хай тры месяцы ўцякаеш ты перад тваімі ворагамі і хай яны пераследуюць цябе, або хай на працягу трох дзён будзе панаваць пошасць на тваёй зямлі. Дык вось цяпер рассудзі і вырашы, што мне адказаць Таму, Які мяне паслаў». А Давід адказаў Гаду: «Гора мне; але лепш, каб мы трапілі ў рукі Госпада, чым у рукі людзей, бо ў Яго шмат міласэрнасці!» І выбраў сабе Давід пошасць; і былі дні жніва пшаніцы. І напусціў Госпад пошасць на Ізраэль ад раніцы аж да ўмоўленага часу. І памерла тады, пачынаючы ад Дана да Бээр-Сэбы, семдзесят тысяч чалавек. І, калі выцягнуў анёл руку сваю на Ерузалім, каб яго знішчыць, Госпад злітаваўся дзеля смутку і сказаў анёлу, што нішчыў людзей: «Хопіць, цяпер спыні руку сваю!» А быў анёл Госпадаў каля тока Арнана Евусея. І Давід, калі бачыў анёла, які забіваў людзей, маліў Госпада: «Я зграшыў, я дзейнічаў бязбожна; а яны, гэтыя авечкі, што яны зрабілі? Прашу, хай рука Твая павернецца на мяне і на дом бацькі майго!» А ў той дзень прыйшоў Гад да Давіда і сказаў яму: «Ідзі, пастаў ахвярнік Госпаду на таку Арнана Евусея». І пайшоў Давід па слове Гада, як загадаў яму Госпад. І, глянуўшы, Арнан ўбачыў цара і паслугачоў яго, якія ішлі да яго; і, выйшаўшы, ён пакланіўся цару тварам да зямлі і сказаў: «Што за прычына, што прыходзіць цар, гаспадар мой, да паслугача свайго?» Кажа яму Давід: «Купіць у цябе ток і паставіць на ім ахвярнік Госпаду, каб спынілася пагібель, якая пануе паміж людзьмі». І сказаў Арнан Давіду: «Хай бярэ гаспадар мой, цар, і складае ахвяру, як яму падабаецца. Вось валы на цэласпаленне, і павозка, і ярмы валоў на дровы. О цар, усё аддае Арнан цару!» І працягваў гаварыць Арнан цару: «Хай Госпад, Бог твой, прыме тваё абяцанне!» Цар у адказ яму сказаў: «Ніякім чынам; я куплю за грошы ад цябе і не складу дармавое цэласпаленне Госпаду, Богу майму». І купіў Давід ток і валоў за пяцьдзесят сікляў срэбра. І пабудаваў Давід там ахвярнік Госпаду, і склаў ахвяры цэласпалення і прымірэння. І злітаваўся Госпад над зямлёю, і спынілася кара Ізраэля.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017