Библия › Чарняўскі-17 › 1 Самуэля
Быў адзін чалавек у Раматаіме-Цуфіце з гары Эфраіма, на імя Элькана, сын Ерахама, сына Элію, сына Тогу, сына Суфа, эфраімец. І ён меў дзвюх жонак: імя адной Ганна, а імя другой Фанэна. І ў Фанэны былі сыны, а ў Ганны дзяцей не было. І штогод той чалавек хадзіў са свайго горада, каб пакланіцца і ўскласці ахвяру Госпаду Магуццяў у Сіло. Былі ж там два сыны Гэлі: Хофні і Пінхас, святары Госпада. Такім чынам, прыходзіў дзень, і Элькана ўскладаў ахвяру і даваў жонцы сваёй Фанэне і ўсім яе сынам і дочкам па частцы, а Ганне даваў адну найлепшую частку, бо Ганну ён любіў; але Госпад замкнуў улонне яе. Таксама яе суперніца чыніла шкоду і вельмі дакучала ёй, каб яе засмучаць, таму што Госпад замкнуў яе ўлонне. І так яна рабіла многія гады; калі тая прыходзіла ў святыню Госпада, яна, у зручны момант, моцна узрушвала яе. Ганна пасля таго плакала і не прымала ежы. Дык сказаў ёй Элькана, муж яе: «Ганна, чаму ты плачаш і чаму не ясі? І чаму сумуе сэрца тваё? Ці ж я табе не мілейшы, чым дзесяць сыноў?» Ганна ўстала, калі ў Сіло скончылі есці і піць і калі святар Гэлі сядзеў на крэсле перад брамай святыні Госпада. Паколькі Ганна была сумная душою, яна малілася Госпаду, горка плачучы, і давала абяцанне, кажучы: «Госпад Магуццяў, калі Ты, глянуўшы, убачыш смутак паслугачкі Сваёй і прыгадаеш мяне, і не забудзешся на паслугачку Сваю, і паслугачцы Сваёй дасі дзіця мужчынскага полу, то аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцця яго, і лязо не дакранецца да галавы яго». Дык, калі яна памнажала малітвы перад Госпадам, здарылася, што Гэлі прыглядаўся да яе вуснаў. А Ганна гаварыла ў глыбіні сэрца свайго; і толькі варушыліся вусны яе, але голасу не было чуваць, таму Гэлі падумаў, што яна п’яная, і сказаў ёй: «Дакуль будзеш п’яная? Працверазей трохі ад віна, з-за якога ты п’яная!» Ганна, адказваючы, прамовіла: «Не, гаспадару мой, бо я вельмі нешчаслівая жанчына: я не піла ані віна, ані чагосьці, што можа ап’яніць, але выліваю я душу сваю перад Госпадам. Не лічы паслугачку сваю за адну з дачок Бэліяла, бо я з-за вялікага болю і смутку свайго гаварыла да сённяшняга моманту». Гэлі тады сказаў ёй: «Ідзі ў супакоі, а Бог Ізраэля хай споўніць просьбу тваю, пра што маліла Яго». І яна сказала: «О, няхай знойдзе паслугачка твая ласку ў вачах тваіх». І адышла тая жанчына дарогаю сваёй, і ела, і аблічча яе не было ўжо такім, як раней. І падняліся назаўтра рана, і пакланіліся перад Госпадам. І пайшлі ў дарогу зваротную, і прыбылі ў дом свой у Раме. А Элькана пазнаў жонку сваю Ганну, і Госпад прыгадаў яе. І здарылася па нейкім часе, што Ганна пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Самуэль, таму што ад Госпада выпрасіла яго. Муж яе Элькана і ўвесь дом яго пайшоў, каб ускласці гадавую ахвяру Госпаду і споўніць абяцанне сваё. І Ганна не пайшла, бо яна сказала мужу свайму: «Не пайду, пакуль хлапчаня не будзе аднята ад грудзей, і завяду яго, і ён стане перад абліччам Госпада і застанецца там назаўсёды». Адказаў ёй Элькана, муж яе: «Рабі, што табе здаецца добрым, і заставайся, пакуль яго не адымеш ад грудзей; і я малюся, каб Госпад здзейсніў слова Сваё». Дык засталася жанчына і карміла сына свайго, пакуль не адняла яго ад грудзей сваіх. І павяла яго з сабою пасля таго, як адняла, з трохгадовым быком, адной эфай мукі і з бурдзюком віна; і прывяла яго ў дом Госпада ў Сіло. А хлопец быў яшчэ дзіцём. І прынеслі яны ў ахвяру быка, і прадставілі хлопца Гэлі. І сказала тады Ганна: «Прашу, гаспадару мой, хай жыве душа твая, гаспадару; я тая самая жанчына, якая стаяла тут перад табой і маліла Госпада. Маліла я пра гэтае дзіця, і споўніў Госпад просьбу маю, аб якой я прасіла ў Яго. Таму і даручаю яго Госпаду; на ўсе дні, колькі будзе жыць, ён адданы на службу Госпаду». І пакланілася там Госпаду.
І Ганна малілася і казала: «Радуецца сэрца маё ў Госпадзе, узняўся рог мой у Богу маім; адкрыліся вусны мае супраць ворагаў маіх, бо ўзвесялілася я ў збаўленні Тваім. Ніхто не святы так, як Госпад; бо няма нікога іншага, апроч Цябе, ніхто не магутны, як наш Бог. Перастаньце гаварыць, услаўляючы фанабэрыстае. Хай спыніцца пыхлівасць вуснаў вашых, бо Бог ёсць Госпад ведаў і Ім ацэньваюцца ўчынкі. Лук моцных зламаўся, а кволыя набраліся сілы. Раней сытыя наймаюцца за хлеб, а галодныя больш не жывуць у нястачы. Бясплодная нараджае шмат разоў, а тая, што мела многа сыноў, — завяла. Госпад дае смерць і жыццё, укідае ў пекла і з яго выцягвае. Госпад робіць бедным і багатым, робіць пакорлівым і ўзвышае; Ён выцягвае беднага з гною і са смецця падымае няшчаснага, каб пасадзіць яго з князямі і каб атрымаў ён у спадчыну пасад славы. Бо Госпадавы — асновы зямлі, на іх Ён паставіў зямлю. Зберажэ Ён ногі святых Сваіх, бязбожнікі ж у цемры сціхаюць, бо не сваёю сілаю чалавек дужы. Госпад знішчыць супраціўнікаў Сваіх; загрыміць на іх у нябёсах. Госпад будзе судзіць увесь свет, і дасць уладу Валадару Свайму, і ўзвысіць дух Свайго Памазанца». І вярнуўся Элькана ў Раму, у дом свой. А хлопчык быў паслугачом перад абліччам Госпада пад наглядам Гэлі, святара. А сыны Гэлі, сыны Бэліяла, не ведалі Госпада, ані абавязка святарскага адносна народа, але калі хто складаў ахвяру, то прыходзіў паслугач святара з трохзубым відэльцам ў руцэ сваёй і, калі варылася мяса, запускаў яго ў кацёл, або ў гаршчок, або ў патэльню, або ў міску і ўсё, што выцягваў відэльцам, забіраў сабе святар. Так паступалі з усімі ізраэльцамі, што прыходзілі ў Сіло. Нават яшчэ не спалілі яны тлушч, а ўжо прыходзіў паслугач святара і казаў таму, хто складаў ахвяру: «Дай мне мяса, каб я прыгатаваў яго святару; бо ён не прыме ад цябе варанага мяса, але толькі сырое». І казаў яму той, хто складаў ахвяру: «Спачатку хай сёння, згодна звычаю, згарыць тлушч, і тады возьмеш сабе, што душа твая пажадае». Ён, адказваючы, гаварыў яму: «Ніякім чынам; ты аддасі зараз, а калі не, забяру сілай». І грэх тых юнакоў быў вельмі вялікі перад Госпадам, бо зневажалі яны ахвяры Госпадавы. Самуэль жа служыў перад абліччам Госпада, як паслугач, апрануты ў ільняны эфод. І маці яго шыла яму малую туніку, якую прыносіла яму штогод, калі прыходзіла з мужам сваім, каб скласці ахвяру гадавую. І дабраславіў Гэлі Элькану і жонку яго, і казаў: «Хай дасць табе Госпад нашчадкаў ад гэтай жонкі за просьбу, аб якой папрасіла яна Госпада». І яны вярталіся ў свой дом. І наведаў Госпад Ганну, і яна пачала і нарадзіла трох сыноў і дзве дачкі. А юнак Самуэль рос пры Госпадзе. А Гэлі быў надта стары і чуў ён усё, што рабілі сыны яго адносна ўсіх ізраэльцаў і як яны спалі з жанчынамі, якія служылі пры ўваходзе ў палатку сустрэчы, і сказаў ён ім: «Чаму робіце вы такія рэчы, аб якіх я чую, найгоршыя рэчы, ад усяго народа? Перастаньце, сыны мае; не добрая бо гэта слава, пра якую я чую, што разбэшчваеце вы народ перад Госпадам. Калі зграшыць чалавек супраць чалавека, суддзёю яму можа быць Бог; але калі супраць Госпада зграшыць чалавек, то хто заступіцца за яго?» Але яны не слухалі голасу бацькі свайго, бо Госпад вырашыў аддаць іх на смерць. Юнак жа Самуэль рос і вырастаў, і падабаўся як Госпаду, так і людзям. Прыйшоў да Гэлі чалавек Божы і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Ці Я не аб’явіўся адкрыта ў доме бацькі твайго, калі быў ён у Егіпце, у доме фараона? І паміж усіх пакаленняў Ізраэля выбраў яго Сабе ў святары, каб прыходзіў да ахвярніка Майго і спальваў для Мяне ахвяру, і насіў перад абліччам Маім эфод; і Я даў дому бацькі твайго ўсё з ахвяр сыноў Ізраэля. Чаму вы топчаце пятою Маю ахвяру і Мае дары, якія Я ўстанавіў, каб складаць іх у святыні, і ты больш паважаў сыноў сваіх, чым Мяне, каб яны сыцелі на пяршынях ахвярапрынашэнняў Ізраэля, народа Майго?” Акрамя таго, кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Гаворачы, сказаў Я, каб твой дом і дом бацькі твайго служыў перад абліччам Маім у векі. Але цяпер, кажа Госпад, гэтак не будзе ў Мяне. А кожны, хто будзе славіць Мяне, і Я таго праслаўлю; а хто зневажае Мяне, той будзе ў ганьбе. Вось, прыходзяць дні, і Я адсяку руку тваю і руку дому бацькі твайго, каб не было старца ў доме тваім. І ты будзеш бачыць бедства святыні Маёй, пры ўсім тым, што Госпад дабрачыніць Ізраэлю; і ў доме тваім не будзе старога ва ўсе часы. Аднак Я не адкіну цалкам чалавека з цябе ад ахвярніка Майго; каб аслабелі вочы твае, і ссохла душа твая, і загіне вялікая частка дому твайго, калі дажыве да дарослых гадоў. Гэта ж табе знак, што станецца з тваімі абодвума сынамі, з Хофні і Пінхасам: абодва ў адзін дзень памруць. І я пастаўлю Сабе святара вернага, які па волі сэрца Майго і па волі душы Маёй будзе рабіць; і пастаўлю яму дом цвёрды, і ён будзе хадзіць перад Памазанцам Маім усе дні. А будзе, што кожны, хто застанецца ў доме тваім, прыйдзе, каб упакорыцца перад ім дзеля срэбранай манеты і дзеля кавалка хлеба, і будзе казаць: “Даруй мне, прашу, хоць які абавязак святарскі, каб мог я з’есці лусту хлеба”».
А юнак Самуэль служыў Госпаду пад наглядамі Гэлі. І слова Госпада было рэдкім у тыя дні; з’яўленне Бога не было частым. Такім чынам, сталася аднаго дня, што Гэлі спаў на сваім месцы, а вочы яго слабелі і ён не мог бачыць. Лямпа Божая не была яшчэ згаслай, і Самуэль спаў у святыні Госпада, дзе быў каўчэг Госпада. І паклікаў Госпад Самуэля, які ў адказ сказаў: «Вось я». І падбег да Гэлі і сказаў: «Вось я; бо ты клікаў мяне». Ён сказаў: «Не клікаў я цябе. Вяртайся, спі!» І ён пайшоў і лёг спаць. І Госпад зноў паклікаў Самуэля. І Самуэль, устаўшы, пабег да Гэлі і сказаў: «Вось я, бо клікаў ты мяне». Ён адказаў: «Я не клікаў цябе, сын мой. Вяртайся і кладзіся спаць». А Самуэль не пазнаў яшчэ Госпада, і не было яшчэ яму аб’яўлена слова Госпадава. І Госпад зноў паклікаў Самуэля трэці раз, ён, падняўшыся, пабег да Гэлі і сказаў: «Вось я, бо ты клікаў мяне». Тады зразумеў Гэлі, што Госпад кліча юнака. І сказаў ён Самуэлю: «Ідзі і кладзіся спаць; а калі зноў пакліча цябе хто, кажы: “Гавары, Госпадзе, бо слухае паслугач Твой”». Дык вярнуўся Самуэль і лёг спаць на сваім месцы. І прыйшоў Госпад, і стаў, і паклікаў, як клікаў раней: «Самуэль, Самуэль!» А Самуэль адказаў: «Гавары, Госпадзе, бо слухае паслугач твой». І сказаў Госпад Самуэлю: «Вось, Я гавару слова ў Ізраэлі, што, хто пра гэта пачуе, зазвініць у абодвух вушах яго. У дзень той Я споўню над Гэлі ўсё, што прадказаў адносна дому яго, ад пачатку і да канца. Бо Я прадказаў яму, што буду судзіць дом яго навекі дзеля правіннасці, таму што ён ведаў, што сыны яго зневажаюць Бога, а не караў іх. Дзеля таго Я прысягнуў дому Гэлі, што не будзе ачышчана правіннасць дому яго ані ахвярамі, ані дарамі, навечна». А Самуэль спаў да раніцы, а потым адчыніў браму дома Госпада. І баяўся Самуэль сказаць Гэлі аб гэтым з’яўленні. Але Гэлі паклікаў Самуэля і сказаў: «Самуэль, сын мой». Ён, адказваючы, сказаў: «Вось я». І запытаўся ў яго: «Што за слова, якое было сказана табе? Прашу цябе, не ўтойвай ад мяне. Няхай гэта зробіць табе Бог і гэта дадасць, калі будзеш хаваць ад мяне слова з усіх слоў, што сказаны былі табе». Дык выявіў яму Самуэль усе словы і не ўтойваў ад яго. І Гэлі адказаў: «Ён — Госпад! Хай робіць, што добрае ў вачах Яго». І Самуэль вырас, і Госпад быў з ім; і з усіх яго слоў ніводнае не ўпала на зямлю. І даведаўся ўвесь Ізраэль, ад Дана да Бээр-Сэбы, што Самуэль быў пастаўлены прарокам Госпадавым. І працягваў Госпад з’яўляцца ў Сіло; бо адкрыўся Госпад Самуэлю ў Сіло згодна слову Госпадаву.
І было слова Самуэля да ўсяго Ізраэля. І сталася ў тыя дні, што прыйшлі філістынцы ваяваць; і выйшаў Ізраэль на бой з філістынцамі, і расклаўся лагерам каля Абэн-Эзэра. Філістынцы ж прыйшлі ў Афэк і выстраіліся ў баявым парадку супраць Ізраэля. Калі ж пачаўся бой, ізраэльцы сталі адступаць перад філістынцамі; і загінула ў тым баі на палях каля чатырох тысяч ваяроў. І вярнуўся народ у лагер, і старэйшыны Ізраэля казалі: «Чаму ўдарыў сёння нас Госпад перад філістынцамі? Давайце прынясём з Сіло каўчэг запавету Госпада, і хай прабывае сярод нас, каб ратаваў Ён нас ад рук ворагаў нашых». Дык паслаў народ у Сіло, і прынеслі адтуль каўчэг запавету Госпада Магуццяў, Які сядзеў на херубінах. Пры каўчэгу запавету Бога былі два сыны Гэлі: Хофні і Пінхас. І калі прыбыў каўчэг запавету Госпада ў лагер, загаманіў увесь Ізраэль вялікім гоманам і задрыжала зямля. І гук крыку пачулі філістынцы і пыталіся: «Што гэта за гук крыку вялікага ў лагеры гебраяў?» І даведаліся, што каўчэг Госпада прыбыў у лагер. І перапалохаліся філістынцы, кажучы: «Прыбыў Бог у лагер!» І загаманілі ад страху, кажучы: «Гора нам! Бо не было такой радасці ні ўчора, ні заўчора. Гора нам! Хто нас уратуе ад рукі гэтых узвышніх багоў? Гэта тыя самыя багі, якія ўдарылі Егіпет усякай плягай у пустыні. Умацуйцеся і будзьце мужнымі, філістынцы, каб не служылі вы гебраям, як яны служылі вам. Будзьце мужчынамі і ваюйце!» І ваявалі філістынцы, і перамаглі Ізраэль, і кожны ўцёк у сваю палатку; і сталася кара гэтая надта вялікая, і ў Ізраэля палегла трыццаць тысяч пяхоты. І каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Гэлі Хофні і Пінхас, памерлі забітыя. Адзін бэньямінец, што ўцёк з бою, дабраўся ў Сіло ў той дзень у раздзёртым адзенні і з абсыпанай пылам галавою. Калі ён прыбег, Гэлі сядзеў на крэсле каля брамы, гледзячы на дарогу; бо трывожылася сэрца яго дзеля каўчэга Божага. Чалавек жа той, што прыйшоў, паведаміў гораду, і ўвесь горад загаласіў. І пачуў Гэлі гук крыку, і спытаўся: «Што азначае гармідар гэты?» А той чалавек паспяшаўся, і прыйшоў і паведаміў Гэлі. А Гэлі меў дзевяноста восем гадоў, і вочы яго аслабелі, і ён не мог бачыць. І ён сказаў Гэлі: «Я той, што прыбыў з месца бою, і я той, што вырваўся сёння з баявога строю». Ён яму сказаў: «Што сталася, сын мой?» Адказваючы ж, той, хто паведамляў, сказаў: «Ізраэльцы ўцяклі перад філістынцамі, і вялікая пагібель сталася ў народзе; акрамя таго, і абодва сыны твае памерлі, Хофні і Пінхас, і каўчэг Божы ўзяты». І калі сказаў пра каўчэг Божы, Гэлі зваліўся з крэсла назад каля брамы і, зламаўшы сабе карак, памёр; бо ён быў чалавек стары і цяжкі; ён судзіў Ізраэль сорак гадоў. А яго нявестка, жонка Пінхаса, была цяжарнай і мела хутка радзіць. І, калі даведалася, што каўчэг Божы ўзяты і што яе свёкар і яе муж памерлі, скурчылася і нарадзіла; бо прыйшлі на яе родавыя болі. І калі канала, казалі ёй жанчыны, якія стаялі вакол яе: «Не бойся, ты нарадзіла сына». Яна не адказала ім, ані звярнула на іх увагі. І назвала хлапчаня Іхабод, кажучы: «Адышла слава ад Ізраэля!» з прычыны ўзяцця каўчэга Божага, і з-за свёкра свайго, і з-за мужа свайго. І сказала: «Адышла слава ад Ізраэля, бо ўзяты каўчэг Божы».
А філістынцы ўзялі каўчэг Божы і занеслі яго з Абэн-Эзэра ў Азот. Панеслі філістынцы каўчэг Божы і занеслі яго ў храм Дагона, і паставілі яго каля Дагона. І калі на другі дзень азотцы ўсталі, вось, Дагон ляжаў на зямлі, схіліўшыся перад каўчэгам Божым; і паднялі яны Дагона, і паставілі на сваё месца. І зноў на другі дзень, рана ўстаўшы, знайшлі Дагона, што ляжаў тварам сваім уніз перад каўчэгам Бога Ізраэля; галава ж Дагона і дзве далоні рук яго, адсечаныя, ляжалі на парозе: а толькі тулава Дагона засталося пры ім. З-за гэтае прычыны святары Дагона і ўсе, хто ўваходзіць у яго храм, не ступаюць на парог Дагона ў Азоце па сённяшні дзень. І рука Госпада была ў цяжар жыхарам Азота, і Ён напалохаў іх, і пакараў Ён нарывамі: як Азот, так і яго ваколіцы. А людзі Азота, бачачы такую кару, казалі: «Хай не застаецца каўчэг Божы ў нас, бо жорсткая Яго рука на нас і на Дагоне, богу нашым». І праз пасланцоў сабралі яны ў сябе ўсіх кіраўнікоў філістынскіх, і сказалі: «Што маем зрабіць з каўчэгам Бога Ізраэля?» І яны адказалі: «Трэба каўчэг Божы перавезці ў Гет». І перанеслі яны каўчэг Бога Ізраэля. Калі ж перанеслі яго, сталася рука Госпада над горадам, і страх надта вялікі; і ўдарыў Госпад жыхароў горада ад малога да вялікага; і з’явіліся на іх нарывы. Дык адаслалі яны каўчэг Божы ў Акарон. І, калі прыбыў каўчэг Божы ў Акарон, паднялі крык акаронцы, кажучы: «Яны прынеслі да нас каўчэг Божы Ізраэля, каб выгубіць нас і народ наш!» І праз пасланцоў сабралі яны ўсіх кіраўнікоў філістынскіх, і казалі: «Адашліце каўчэг Бога Ізраэля, хай вяртаецца ён на месца сваё і хай не забівае нас з народам нашым». Апанаваў бо страх смерці ўвесь горад, і занадта цяжкая стала рука Божая. Таксама людзі, якія не паўміралі, былі пакрытыя нарывамі, і лямант у горадзе падымаўся ў неба.
І быў каўчэг Госпада ў зямлі філістынскай сем месяцаў. І паклікалі філістынцы святароў і прадказальнікаў, кажучы: «Што маем зрабіць з каўчэгам Госпада? Парайце нам, як маем адаслаць яго на сваё месца». Яны сказалі: «Калі маеце адаслаць каўчэг Бога Ізраэля, не адсылайце яго пустым, але, што належыцца, аддайце Яму за грэх і тады ачысціцеся; даведаецеся, чаму не адступае рука Яго ад вас». Яны спыталіся: «Чым і як маем Яму за грэх аддаць?» І яны адказалі: «Па ліку кіраўнікоў філістынскіх зрабіце пяць нарываў залатых і пяць мышэй залатых, бо адна пляга дакранулася да ўсіх вас і кіраўнікоў вашых. І зрабіце выявы нарываў вашых і выявы мышэй, якія вынішчаюць зямлю, і аддасце хвалу Богу Ізраэля, каб толькі адхіліў руку Сваю ад вас, і ад багоў вашых, і ад зямлі вашай. Чаму вы робіце цвёрдымі сэрцы вашыя, як зацвярдзіў Егіпет і фараон сэрца сваё? Ці не дазволілі ім адысці тады, калі Госпад пакараў іх? Дык цяпер вазьміце і падрыхтуйце адзін новы воз і дзвюх дойных кароў, на якіх не было ярма, запражыце ў воз, а цялят іх замкніце дома. Затым вазьміце каўчэг Госпадаў і пастаўце на воз, а выявы залатыя, якімі адплачваеце Яму за грэх, палажыце ў скрынку на баку яго і пусціце яго ў дарогу, і глядзіце на яго: калі ён накіруецца дарогай да сваіх межаў да Бэтсамэса, ведайце, што гэта Ён навёў на вас гэтае вялікае няшчасце; а калі не, то будзем ведаць, што не Яго рука да нас дакранулася, але гэта было выпадкова». Дык зрабілі яны гэткім спосабам, і ўзялі дзвюх кароў, і запрэглі іх у воз, а цялят іх замкнулі ў доме, і паставілі каўчэг Госпадаў на воз і скрынку з залатымі мышамі і выявамі нарываў. А каровы пайшлі простаю дарогаю ў напрамку Бэтсамэса, ішлі яны па адной дарозе, ступаючы і мыкаючы, і не сыходзілі ані ўправа, ані ўлева. Але і кіраўнікі філістынскія ішлі за імі аж да межаў Бэтсамэса. А ў Бэтсаміце ў даліне жалі пшаніцу, і, падняўшы вочы, убачылі каўчэг і ўзрадаваліся, калі ўбачылі яго. А воз уз’ехаў на поле Ешуа з Бэтсаміта і затрымаўся там. А там ляжаў камень вялікі; і яны пасяклі воз на дровы, а кароў усклалі на іх Госпаду ў ахвяру цэласпалення. А левіты знялі каўчэг Божы і скрынку, што ляжала побач з ім, у якой знаходзіліся выявы залатыя, і паклалі іх на вялікі камень. Усклалі ж у той дзень жыхары Бэтсаміта Госпаду ахвяры цэласпалення і прынеслі ахвяры крывавыя. І пяць кіраўнікоў філістынскіх бачылі гэта, і вярнуліся ў Акарон у той самы дзень. А вось нарывы залатыя, якія аддалі філістынцы Госпаду за грэх: адзін за Азот, адзін за Газу, адзін за Аскалон, адзін за Гет, адзін за Акарон; і залатыя мышы былі паводле ліку гарадоў філістынскіх, пяці кіраўнікоў іх, ад умацаванага горада аж да пасялення, што было без муроў; камень той вялікі, на якім паставілі каўчэг Госпадаў, на полі Ешуа з Бэтсаміта, ёсць сведка гэтаму па сённяшні дзень. І пакараў Госпад жыхароў Бэтсаміта, бо яны заглядвалі ў каўчэг Госпада; і забіў Госпад семдзесят чалавек з народа. І народ быў у жалобе, бо Госпад ударыў народ вялікай караю; і казалі людзі бэтсамітцы: «Хто можа стаць у прысутнасці Госпада, гэтага Святога Бога? І да каго Ён пяройдзе ад нас?» І паслалі яны пасланцоў да жыхароў Карыят-Ярыма, кажучы: «Вярнулі філістынцы каўчэг Госпада. Прыходзьце і забярыце яго наверх да сябе».
І прыбылі жыхары Карыят-Ярыма, і забралі наверх каўчэг Госпада, і прынеслі яго на ўзгорак у дом Абінадаба; а Элеязэра, сына яго, пасвяцілі, каб сцярог каўчэг Госпада. І сталася з таго дня, як застаўся каўчэг Госпада ў Карыят-Ярыме, прайшло шмат часу; бо ішоў ужо дваццаты год, і ўвесь дом Ізраэля затужыў па Госпадзе. А Самуэль сказаў усяму дому Ізраэля, кажучы: «Калі звяртаецеся вы ўсім сэрцам да Госпада, то выдаліце ад сябе багоў чужых і Астарту, і падрыхтуйце сэрцы свае дзеля Госпада, і служыце Яму аднаму, і Ён выратуе вас з рук філістынцаў». Дык павыкідалі сыны Ізраэля Баала і Астарту і служылі аднаму толькі Госпаду. І сказаў Самуэль: «Збярыце ўсіх ізраэльцаў у Міцпе, каб я памаліўся за вас Госпаду». І сабраліся ў Міцпе, і чэрпалі ваду, і вылівалі перад Госпадам, і пасцілі ў той дзень, і казалі там: «Зграшылі мы перад Госпадам». І судзіў Самуэль сыноў Ізраэля ў Міцпе. І пачулі філістынцы аб тым, што сыны Ізраэля сабраліся ў Міцпе, і кіраўнікі філістынцаў пайшлі супраць ізраэльцаў. Калі даведаліся аб гэтым сыны Ізраэля, то напалохаліся філістынцаў і прасілі Самуэля: «Не пераставай за нас клікаць Госпада, Бога нашага, каб Ён выратаваў нас з рук філістынцаў». І ўзяў Самуэль адно ягня-сысунка і склаў усяго яго Госпаду ў ахвяру цэласпалення; і клікаў Самуэль Госпада за ізраэльцаў, і выслухаў яго Госпад. Сталася ж, калі Самуэль складаў ахвяру цэласпалення, філістынцы пайшлі ў бой супраць Ізраэля. У той жа дзень загрымеў Госпад грымотамі вялікімі над філістынцамі і напалохаў іх, і былі яны пабітыя ізраэльцамі. І, выйшаўшы з Міцпы, людзі Ізраэля пераследавалі філістынцаў, і забівалі іх аж да месца, якое было пад Бэткарам. І ўзяў Самуэль адзін камень і паставіў яго між Міцпаю і Сэнам, і назваў тое месца Абэн-Эзэр, і сказаў: «Аж дасюль дапамог нам Госпад». Так упакораны былі філістынцы, і больш не хадзілі яны ў межы Ізраэля. І сталася рука Госпада на філістынцах ва ўсе дні Самуэля. І вярнуліся да Ізраэля гарады, забраныя філістынцамі ад Ізраэля: ад Акарона да Гета. Ізраэльцы забралі свае землі з рук філістынцаў. І запанаваў мір між Ізраэлем і амарэямі. І судзіў Самуэль Ізраэль усе дні свайго жыцця. І штогод падарожнічаў ён у Бэтэль, і Галгал, і Міцпу, і судзіў Ізраэль у названых месцах. І вяртаўся ў Раму, бо там быў яго дом, і там ён судзіў Ізраэль. Пабудаваў там таксама ахвярнік Госпаду.
Калі Самуэль пастарэў, то ўстанавіў суддзямі Ізраэля сваіх сыноў. І першародны яго сын называўся Ёэль, а імя другога было Абія; судзілі яны ў Бээр-Сэбе. І сыны яго не ішлі яго дарогамі, але збочылі з іх з-за хцівасці, і бралі хабары, і псавалі суд. Дык, сабраўшыся, усе старэйшыны Ізраэля пайшлі да Самуэля ў Раму і сказалі яму: «Вось, ты пастарэў, а сыны твае не ідуць па дарогах тваіх; такім чынам, устанаві нам цяпер цара, каб ён судзіў нас, як маюць усе народы». І не спадабалася гэтае слова Самуэлю, бо яны казалі: «Дай нам цара, каб ён нас судзіў». І маліўся Самуэль Госпаду. А Госпад сказаў Самуэлю: «Паслухай голас народа ва ўсім, што гавораць табе; бо не ад цябе адварочваюцца яны, але адварочваюцца ад Мяне, каб Я не валадарыў над імі. Паводле ўсіх спраў сваіх, якія рабілі яны з таго дня, як Я вывеў іх з Егіпта, аж да сённяшняга дня, калі пакінулі Мяне і пачалі служыць багам чужым, таксама так робяць і табе. Дык цяпер выслухай слова іх; толькі ўведамі іх і папярэдзь іх аб праве цара, які мае над імі валадарыць». Такім чынам, Самуэль пераказаў народу ўсе словы Госпада, бо народ дамагаўся ад яго цара, і казаў: «Такое права цара, які мае над вамі валадарыць: ён возьме сыноў вашых і пасадзіць у калясніцы свае, і зробіць сабе коннікаў, і будуць яны бегчы перад яго калясніцай; і ўстановіць сабе тысячнікаў, і сотнікаў, і аратых земляў сваіх, і жняцоў пасеваў, і кавалёў зброі і калясніц сваіх. А дачок вашых зробіць сабе складальніцамі духмянасцей, і кухаркамі, і пекаркамі. І забярэ ён найлепшыя вашыя землі, вінаграднікі і маслінавыя гаі, і падарыць іх паслугачам сваім. Але і пасевы вашыя і прыбыткі з вінаграднікаў абкладзе дзесяцінай, каб аддаць яе сваім еўнухам і паслугачам. Возьме таксама паслугачоў вашых і нявольніц, і найлепшых валоў вашых і аслоў і выкарыстае іх у працы сваёй. Абложыць ён дзесяцінай статкі вашыя, і будзеце вы ў яго паслугачамі. І будзеце наракаць у той дзень на цара вашага, якога выбралі сабе, але Госпад не выслухае вас у той дзень». А народ не хацеў слухаць слова Самуэля, але казалі яны: «Ніякім чынам! Бо няхай цар будзе над намі, і будзем мы жыць так, як жывуць іншыя народы; і цар наш будзе судзіць нас, і будзе выходзіць перад намі, і будзе ён ваяваць за нас». І Самуэль выслухаў усе словы народа, і пераказаў іх Госпаду. А Госпад сказаў Самуэлю: «Выслухай слова іх і ўстанаві над імі цара». І сказаў Самуэль людзям Ізраэля: «Вяртайцеся кожны ў свой горад».
І быў адзін чалавек, магутны чалавек з роду Бэньяміна, на імя Кіс, сын Абіэля, сына Сэрора, сына Бэхарата, сына Апія, сына Бэньяміна. І быў у яго сын імем Саўл, прыгожы і сумленны, і не было сярод сыноў Ізраэля лепшага за яго; ён быў на галаву вышэй за ўвесь народ. А ў Кіса, бацькі Саўла, прапалі асліцы, і сказаў Кіс Саўлу, сыну свайму: «Вазьмі з сабой аднаго з паслугачоў, устань і ідзі, і шукай асліц». Калі ён прайшоў праз гару Эфраім і праз зямлю Саліс і не знайшоў, пайшлі яны таксама праз зямлю Саалім, і не было іх, але і па зямлі Еміні прайшлі, і ўсё адно не знайшлі. Калі ж прыйшлі яны ў зямлю Суф, сказаў Саўл слузе свайму, які быў разам з ім: «Хадзем і вернемся, каб бацька мой, страціўшы асліц, не стаў хвалявацца за нас». Паслугач кажа яму: «У гэтым вось горадзе жыве чалавек Божы, чалавек шаноўны. Усё, што ён кажа, — без двухсэнсоўнасці, спаўняецца. Дык давай зойдзем туды, можа, ён пакажа нам дарогу ў справе нашай, дзеля якой мы пайшлі». І сказаў Саўл слузе свайму: «Вось, зойдзем, але што падаруем мы таму чалавеку? Хлеб скончыўся ў торбах нашых, а падарунка не маем, каб маглі прынесці яго чалавеку Божаму. Што ж мы маем?» Паслугач зноў адказаў Саўлу і сказаў: «Вось, знайшоў я ў руцэ маёй чвэрць сікля срэбра; дадзім гэта чалавеку Божаму, а ён нам дапаможа ў справе нашай». Калісьці ў Ізраэлі кожны, хто ішоў параіцца з Богам, так казаў: «Хадземце і пойдзем да таго, хто бачыць»; бо хто сёння называецца прарокам, калісьці называўся тым, хто бачыць. І сказаў Саўл слузе свайму: «Добра сказаў ты, давай пойдзем». І пайшлі яны ў горад, у якім жыў чалавек Божы. І калі яны падняліся на ўзвышша, на якім стаяў горад, напаткалі дзяўчат, што выходзілі чэрпаць ваду, і спыталіся ў іх: «Ці тут жыве той, хто бачыць?» Яны, адказваючы, сказалі ім: «Тут: вось, перад табой; паспяшайся цяпер, бо сёння прыйшоў ён у горад, бо сёння народ складае ахвяру на ўзгорку. Калі ўвойдзеце ў горад, адразу ж сустрэнеце яго, перш чым ён пойдзе частавацца на ўзгорак; бо народ не есць, пакуль ён не прыйдзе; бо ён дабраслаўляе ахвяру, і тады толькі ядуць запрошаныя. Дык ідзіце, бо зараз жа яго сустрэнеце». І падняліся яны ў горад. І калі ўвайшлі яны ў горад, з’явіўся Самуэль, што ішоў насустрач ім, каб падняцца на ўзгорак. Госпад жа аб’явіў Самуэлю на дзень раней, перад прыбыццём Саўла, кажучы: «Заўтра ў гэтую самую пару, як і зараз, пашлю да цябе чалавека з зямлі Бэньяміна, і ты памажаш яго на цара народа Майго Ізраэля, і ён вызваліць народ Мой з рук філістынцаў, бо ўзглянуў Я на народ мой; бо лямант яго дайшоў да Мяне». І калі Самуэль глянуў на Саўла, Госпад сказаў яму: «Вось, той чалавек, пра якога Я казаў табе; ён будзе валадаром над народам Маім». Саўл жа падышоў да Самуэля ў сярэдзіне брамы і сказаў: «Пакажы мне, прашу, дзе ёсць дом таго, хто бачыць?» І Самуэль адказаў Саўлу, кажучы: «Я той, хто бачыць. Ідзі перада мною на ўзгорак, каб падсілкавацца сёння са мною. І адпушчу цябе раніцай, і скажу табе ўсё, што ў сэрцы тваім; і аб асліцах, якіх ты страціў тры дні таму, не клапаціся, бо яны знайшліся. І каму будзе належаць усё найлепшае ў Ізраэлі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?» Адказваючы ж, Саўл сказаў яму: «Ці ж я не бэньямінец, з найменшага пакалення ізраэльскага? І род мой ці не апошні з усіх родаў пакалення Бэньяміна? Дык чаму ты гаворыш мне гэтае слова?» І Самуэль, узяўшы Саўла і паслугача яго, увёў іх у пакой і даў ім месца на чале запрошаных, бо іх было каля трыццаці чалавек. І сказаў Самуэль кухару: «Падай тую частку, якую я даў табе і загадаў, каб ты адклаў яе асобна ў сябе». А кухар узяў сцягно і хвост, і паклаў перад Саўлам. І сказаў Самуэль: «Вось тое, што засталося; пакладзі перад сабой і еж, бо гэта з прадбачнасці захавана для цябе, калі я паклікаў людзей». І ў той дзень елі Саўл з Самуэлем. І сышлі яны з узгорка ў горад. І паслалі Саўлу на даху, і спаў ён. І калі раніцай яны ўсталі, і ўжо развіднела, паклікаў Самуэль Саўла на даху, кажучы: «Уставай, я цябе правяду». І ўстаў Саўл. І выйшлі яны абодва, значыць ён і Самуэль. І, калі падыходзілі яны да канца горада, Самуэль сказаў Саўлу: «Скажы паслугачу, каб пайшоў перад намі»; і ён пайшоў, — «Ты ж зараз трохі спыніся, каб я сказаў табе слова Госпада».
І ўзяў Самуэль пасудзіну з алеем, і выліў на яго галаву, і, пацалаваўшы яго, сказаў: «Вось, памазаў цябе Госпад на кіраўніка над народам Сваім, над Ізраэлем. І ты будзеш кіраваць народам Госпадавым, і ты вызваліш яго з рук ворагаў яго, якія яго абкружаюць. І гэта табе знак, бо памазаў цябе Бог на кіраўніка над спадчынай Яго: калі пойдзеш сёння ад мяне, сустрэнеш двух чалавек каля магілы Ракелі, у межах Бэньяміна, і яны скажуць табе: “Знайшліся асліцы, якіх ты пайшоў шукаць; і бацька твой, забыўшыся пра асліц, хвалюецца за вас і кажа: “Што зрабіў я з сынам маім?” І калі пойдзеш адтуль, і далей пройдзеш, і прыйдзеш да дуба ў Таборы, там сустрэнуць цябе трое мужчын, што ідуць у Бэтэль да Бога: адзін будзе несці трох казлянят, і другі будзе несці тры круглыя хлябы, і трэці будзе несці бурдзюк віна. І калі прывітаюць яны цябе, дадуць табе два боханы хлеба, і ты возьмеш іх з рук іх. Затым прыйдзеш на ўзгорак Божы, дзе знаходзіцца стаянка філістынцаў. Калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш грамаду прарокаў, што сыходзяць з узгорка, і перад імі арфы, тымпаны, бубны і гуслі, і самі яны будуць прарочыць. І ўвойдзе ў цябе Дух Госпадаў, і ты будзеш прарочыць разам з імі, і ператворышся ў другога чалавека. Такім чынам, калі здзейсняцца для цябе ўсе гэтыя знакі, зрабі, што зможа рука твая, бо Госпад будзе з табою. І пойдзеш ты перада мной у Галгал. А я прыйду да цябе, каб скласці ахвяры цэласпалення і каб прынесці ахвяру прымірэння. Чакай сем дзён, аж пакуль я прыйду да цябе і навучу цябе, што маеш рабіць». І як толькі Саўл павярнуўся, каб адысці ад Самуэля, Бог змяніў сэрца яго на іншае, і ў той дзень здзейсніліся ўсе гэтыя знакі. І прыйшлі яны адтуль у Габу, і вось, грамада прарокаў выйшла насустрач яму; і сышоў на яго Дух Божы, і ён стаў прарарочыць між іх. Калі ж усе, хто яго ведаў учора і заўчора, убачылі, што ён знаходзіцца з прарокамі і прарочыць, пыталіся адзін у аднаго: «Што гэта сталася з сынам Кіса? Няўжо і Саўл між прарокаў?» І адазваўся чалавек тутэйшы, кажучы: «А хто іх бацька?» Таму нарадзілася прымаўка: «Ці і Саўл між прарокамі?» А ён перастаў прарочыць і пайшоў на ўзгорак, і спытаўся дзядзька Саўла ў яго і ў паслугача яго: «Куды вы хадзілі?» Ён адказаў: «Шукаць асліц; калі іх не знайшлі, пайшлі мы да Самуэля». І сказаў яму дзядзька яго: «Скажы мне, што сказаў табе Самуэль?» І адказаў Саўл дзядзьку свайму: «Ён паведаміў нам, што знайшліся асліцы». А адносна размовы аб цараванні, што гаварыў яму Самуэль, не сказаў яму. І склікаў Самуэль народ да Госпада ў Міцпу, і сказаў сынам Ізраэля: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: Я вывеў Ізраэль з Егіпта і Я выратаваў вас з рук егіпцянаў і з рук усіх царстваў, якія чынілі вам шкоду. А вы сёння адкінулі Бога вашага, Які ратаваў вас ад усякіх бед і трывог вашых, і сказалі: “Не трэба, але пастаў над намі цара!” Дык цяпер станьце перад Госпадам па пакаленнях вашых і па родах». І прывёў Самуэль усе пакаленні Ізраэля; і выпала жэрабя пакаленню Бэньяміна. І прывёў ён пакаленне Бэньяміна і роды яго; і жэрабя выпала роду Мэтры, і дайшло аж да Саўла, сына Кіса. І шукалі яго, і не маглі знайсці. І потым пыталіся ў Госпада, ці той чалавек прыбыў сюды. І Госпад адказаў: «Вось, ён хаваецца ў лагеры». Дык пабеглі за ім і прывялі яго адтуль; і стаў ён пасярод народа, і быў вышэйшы за ўвесь народ на галаву. І сказаў Самуэль усяму народу: «Вы бачыце ясна, каго выбраў Госпад. Бо няма яму роўнага ва ўсім народзе». І ўвесь народ усклікнуў і сказаў: «Хай жыве цар!» Самуэль жа абвясціў народу закон царавання, і запісаў гэта ў кнізе, і паклаў яе перад Госпадам; і адпусціў Самуэль увесь народ, кожнага — у дом яго. Але і Саўл пайшоў у дом свой у Габе; і праводзілі яго мужныя ваяры, да сэрцаў якіх дакрануўся Бог. А сыны Бэліяла казалі: «Ці зможа ён нас выратаваць?» І пагардзілі ім, і не прынеслі яму падарункаў, але ён не звяртаў на гэта ўвагі.
І вырушыў Наас Аманеец, і пачаў ваяваць супраць горада Явіс у Галаадзе. І сказалі Наасу ўсе жыхары Явіса: «Заключы з намі саюз, і мы будзем служыць табе». І Наас Аманеец адказаў ім: «Заключу з вамі саюз з гэтаю ўмовай, што кожнаму з вас выкалю правае вока і выстаўлю вас на пасмяянне перад усім Ізраэлем». І адказалі яму старэйшыны Явіса: «Дай нам сем дзён, каб мы маглі разаслаць пасланцоў ва ўсе межы Ізраэля; і калі не будзе нікога, хто абароніць нас, мы выйдзем да цябе». І прыбылі пасланцы ў Габу, горад Саўла, і сказалі прамову перад усім народам; і залямантаваў увесь народ, і заплакаў. І вось, Саўл прыгнаў валоў з поля і сказаў: «Што здарылася, што народ плача?» І расказалі яму словы людзей з Явіса. І сышоў на Саўла Дух Госпадаў, калі пачуў ён гэтыя словы; і ахапіў яго гнеў страшэнны. І, узяўшы пару валоў, ён пасек іх на часткі і паслаў праз рукі пасланцоў ва ўсе межы Ізраэля, кажучы: «Хто не выйдзе і не пойдзе за Саўлам і Самуэлем, так станецца з яго валамі». І ахапіў страх Госпадаў народ, і выйшлі яны ўсе, як адзін чалавек. І ён палічыў іх у Бэзэку: і было трыста тысяч сыноў Ізраэля; а ваяроў Юды было трыццаць тысяч. І сказаў ён пасланцам, якія прыбылі: «Так скажыце жыхарам Явіса ў Галаадзе: “Заўтра, калі сонца прыгрэе, прыйдзем вас ратаваць”». І вярнуліся пасланцы, і расказалі гэта жыхарам Явіса, а тыя вельмі ўсцешыліся і сказалі: «Раніцай мы выйдзем да вас, і вы, што захочаце, зробіце нам». І сталася, калі прыйшоў наступны дзень, што Саўл падзяліў народ на тры часткі, і яны на світанні ўварваліся ў сярэдзіну лагера і забівалі аманіцян да дзённай спякоты. А астатнія рассеяліся так, што не засталося сярод іх двух разам. І казаў народ Самуэлю: «Хто гэта казаў: “Ці можа Саўл цараваць над намі?” Аддайце нам гэтых людзей, і мы заб’ём іх». І Саўл сказаў: «Ніхто не будзе забіты ў гэты дзень, бо сёння Госпад учыніў збаўленне для Ізраэля». А Самуэль сказаў народу: «Хадземце, пойдзем у Галгал і там адновім уладу царскую». І вырушыў увесь народ у Галгал, і ўстанавілі там царом Саўла перад Госпадам у Галгале, і там склалі ахвяры прымірэння перад Госпадам. І ўсцешыўся там вельмі Саўл і ўсе жыхары Ізраэля.
І Самуэль прамовіў да ўсяго Ізраэля: «Вось, выслухаў я прамову вашу адносна ўсяго, што вы мне гаварылі, і паставіў над вамі цара; і цяпер узначальвае вас цар. А я ўжо пастарэў і пасівеў; а сыны мае застаюцца з вамі. Такім чынам, хадзіў я перад вамі ад юнацтва майго аж па гэты дзень. Вось, я стаю перад вамі. Абвінавачвайце мяне перад Госпадам і перад Яго памазаннікам; можа, узяў я ў каго вала або асла, можа, каго пакрыўдзіў або каго прыгнятаў, а можа, з рукі каго ўзяў хабар, каб заплюшчыць вочы свае на яго справу? Калі так, аддам вам». І яны адказалі: «Не прыгнятаў ты нас і не крыўдзіў, і нічога не ўзяў ні з чыёй рукі». І ён казаў ім: «Хай Госпад будзе сведкам супраць вас і памазаннік Яго ў гэты дзень хай будзе сведкам, бо не знайшлі вы ў руцэ маёй нічога». І яны сказалі: «Ён сведка». І сказаў Самуэль народу: «Сведка — Госпад, Які паставіў Майсея і Аарона і вывеў бацькоў нашых з зямлі Егіпецкай. Такім чынам, цяпер падыдзіце, каб я судзіўся з вамі перад Госпадам адносна міласэрнасці Госпада, якою Ён абдарыў вас і бацькоў вашых: як перабраўся Якуб у Егіпет, і прыціскалі іх егіпцяне, і прызывалі бацькі вашыя Госпада, і Госпад паслаў Майсея і Аарона, і вывеў бацькоў вашых з Егіпта і пасяліў іх у гэтым месцы; яны забыліся пра Госпада, Бога свайго, і аддаў Ён іх у рукі Сісары, кіраўніка войска Асора, і ў рукі філістынцаў, і ў рукі цара Мааба, і яны ваявалі супраць іх. А затым прызывалі яны Госпада і казалі: “Зграшылі мы, бо пакінулі Госпада, а служылі Баалу і Астарце; дык цяпер выратуй нас з рук ворагаў нашых, і мы будзем служыць Табе”. І паслаў Госпад Ерабаала, і Барака, і Яфтаха, і Самуэля, і вызваліў вас з рук ворагаў вашых наўкола; і жылі вы спакойна. Бачачы ж, што Наас, цар сыноў Амона, прыйшоў на вас, сказалі вы мне: “Не трэба, але хай цар валодае намі!” — а ўсё ж такі Госпад, Бог ваш, цараваў сярод вас. Дык вы маеце цяпер цара свайго, якога вы выбралі і дамагліся; вось, Госпад даў вам цара. Калі вы будзеце баяцца Госпада, і будзеце служыць Яму, і будзеце слухаць голас Яго, і не пагардзіце словам Госпада, то будзеце і вы, і цар, які валадарыць над вамі, хадзіць за Госпадам, Богам вашым. А калі не будзеце слухаць голас Госпада, але пагардзіце словам Госпадавым, то рука Госпада будзе супраць вас і супраць цара вашага, каб знішчыць вас. Але і цяпер станьце і пабачце гэтую вялікую рэч, якую мае зрабіць Госпад перад вамі. Ці ж не сёння жніво пшаніцы? Я паклічу Госпада, і Ён дасць грымоты і дождж; і вы даведаецеся і пабачыце, якога дапусціліся вы вялікага зла перад Госпадам, дамагаючыся сабе цара». І прызываў Самуэль Госпада, і даў Госпад грымоты і дождж у той дзень. І вельмі спужаўся ўвесь народ Госпада і Самуэля, і прасіў увесь народ Самуэля: «Маліся за паслугачоў сваіх да Госпада, Бога твайго, каб мы не паўміралі: далучылі бо мы да ўсіх грахоў сваіх яшчэ і тое зло, што прасілі сабе цара». І сказаў Самуэль народу: «Не бойцеся! Вы дапусціліся гэтага ліха, але не пакідайце Госпада і служыце Яму ўсім сэрцам сваім. Не адхіляйцеся за марнасцямі, якія не дапамогуць вам і не выратуюць вас, бо яны марнасць; не пакіне Госпад народ Свой дзеля вялікага імя Свайго, бо ўдастоіў Госпад зрабіць вас Сваім народам. Хай жа не будзе ў мяне гэтага граху перад Госпадам, каб кінуць маліцца за вас і вучыць вас добрай і простай дарозе. Такім чынам, бойцеся Госпада і служыце Яму ў праўдзе і ўсім сэрцам вашым; бо вы бачылі вялікія справы, якія Ён зрабіў вам. А калі будзеце трываць у ліхоце, загінеце і вы, і цар ваш разам».
Сын многіх гадоў быў Саўл, калі пачаў цараваць; два гады цараваў над Ізраэлем. І Саўл выбраў сабе тры тысячы ізраэльцаў: і дзве тысячы былі з Саўлам у Міхмасе і на гары Бэтэль, а тысяча з Ёнатанам у Габе Бэньяміна, астатні народ ён адпусціў кожнага ў палатку яго. І Ёнатан пабіў дружыну філістынцаў, якая была ў Габе. Пачулі аб гэтым філістынцы; а Саўл абвясціў аб гэтым гукам трубы ва ўсёй зямлі, гаворачы: «Хай пачуюць гебраі!» І ўвесь Ізраэль пачуў гэтую вестку: «Пабіў Саўл дружыну філістынцаў; і Ізраэль стаўся ненавісным для філістынцаў». І сабраўся народ пры Саўле ў Галгале. І філістынцы сабраліся, каб ваяваць супраць Ізраэля: тры тысячы калясніц і тры тысячы коннікаў ды астатняга народу мноства, як пяску на беразе мора. І, выйшаўшы, сталі яны лагерам у Міхмасе на ўсход ад Бэт-Авэна. Калі гэта заўважылі ваяры ізраэльскія, што яны знаходзяцца на вузкім месцы, — бо народ быў вымучаны, — пахаваліся ў пячорах і шчылінах, таксама ў скалах, і ў гротах, і на вадаёмах. А [некаторыя] гебраі пераправіліся праз Ярдан у зямлю Гада і ў Галаад. І калі Саўл быў яшчэ ў Галгале, увесь народ, які быў пры ім, быў надта напалоханы. І сем дзён чакаў ён адпаведна загаду Самуэля, і Самуэль не прыходзіў у Галгал; і народ стаў адыходзіць ад яго. Такім чынам, сказаў Саўл: «Прынясіце мне ахвяру цэласпалення і ахвяру прымірэння». І склаў ён ахвяру цэласпалення. І калі скончыў складаць ахвяру цэласпалення, вось, прыбыў Самуэль. І выйшаў Саўл яму насустрач, каб яго прывітаць. І Самуэль сказаў яму: «Што ты зрабіў?» Саўл адказаў: «Я вось бачыў, што народ адыходзіць ад мяне, а ты не прыйшоў у вызначаны час, а філістынцы сабраліся ў Міхмасе, я сказаў: філістынцы цяпер нападуць на мяне ў Галгале, і я не здабыў ласкі ў Госпада. Змушаны неабходнасцю, склаў я ахвяру цэласпалення». І сказаў Самуэль Саўлу: «Неразумна ты зрабіў. О, каб ты захоўваў прыказанні Госпада, Бога твайго, якія Ён табе даў! Напэўна цяпер замацаваў бы Госпад цараванне тваё над Ізраэлем навекі. Але цяпер цараванне тваё доўга не патрывае. Госпад знайшоў сабе чалавека паводле сэрца Свайго, і паставіць яго Госпад кіраўніком над народам Сваім, бо ты не выканаў таго, што загадаў табе Госпад». І Самуэль устаў, і пайшоў з Галгала, і падаўся дарогай сваёй. І народ, што застаўся, пайшоў за Саўлам супраць ваяроў, і прыйшоў з Галгала ў Габу Бэньяміна. Саўл палічыў народ, што прыйшоў з ім, і налічыў каля шасцісот чалавек. І Саўл, і сын яго Ёнатан, і народ, які пры іх знаходзіўся, сядзелі ў Габе Бэньяміна. А філістынцы размяшчаліся ў Міхмасе. З лагера філістынцаў выйшлі тры кліны для рабунку: адзін клін накіраваўся на дарогу ў Офру ў зямлю Суал, а другі клін накіраваўся на дарогу ў Бэтарон, а трэці пайшоў дарогаю да мяжы, што ідзе ад даліны Сэбаім да пустыні. А ва ўсёй зямлі Ізраэльскай не было тады аніводнага каваля; бо філістынцы баяліся, каб гебраі не зрабілі часам меча або дзіды. Дык сыходзіліся ўсе ізраэльцы да філістынцаў, каб кожны завастрыў сашнік свой, і матыку, і сякеру, і серп. А цана вастрэння была: за сашнікі і матыкі — дзве часткі сікля, і трэцюю частку сікля — за вастрэнне сякер і за выпраўленне калоў. І калі прыйшоў у Міхмасе час вайны, не знайшлося ані меча, ані дзіды ў руцэ ўсяго народа, які быў з Саўлам і Ёнатанам, за выключэннем Саўла і яго сына Ёнатана. Варта ж філістынская пайшла да перахода каля Міхмаса.
Аднаго дня сын Саўла Ёнатан сказаў свайму паслугачу: «Хадзем, падыдзем да варты філістынцаў, якая там, насупраць». А бацьку свайму не сказаў аб гэтым. Саўл тады сядзеў каля мяжы Габы пад дрэвам граната, што было ў Магроне, а пры ім быў народ, каля шасцісот чалавек. І Ахія, сын Ахітуба, брата Іхабода, сына Пінхаса, які нарадзіўся ад Гэлі, святара Госпада ў Сіло, насіў тады эфод. Але і народ не ведаў, што Ёнатан пайшоў. А паміж узвышшамі, якія хацеў прайсці Ёнатан, каб дабрацца да варты філістынцаў, тут і там, на адным і другім баку былі грабяні скал, адна называлася Басэс, а другая — Сэнэ; адна скала ўзнімалася на поўначы насупраць Міхмаса, а другая — на поўдні насупраць Габы. А Ёнатан сказаў свайму маладому збраяносцу: «Хадзем, падыдзем да варты гэтых неабрэзаных, можа, Госпад дапаможа нам: бо Госпаду не цяжка ратаваць праз многіх ці праз некалькіх». І збраяносец яго сказаў яму: «Рабі ўсё, што падабаецца душы тваёй. Ідзі, куды хочаш; я буду з табою, дзе пажадаеш». І кажа Ёнатан: «Вось, мы падыдзем да гэтых людзей. І калі пакажамся ім, то, калі яны скажуць нам вось так: “Стойце, пакуль мы падыдзем да вас” — будзем стаяць на сваім месцы і не будзем падыходзіць да іх, а калі яны скажуць: “Хадзіце да нас”, — то пойдзем, бо выдаў іх Госпад у нашы рукі; гэта будзе нам знакам». І паказаліся яны абодва варце філістынцаў. І сказалі філістынцы: «Бач, гебраі выходзяць з пячор, у якіх яны хаваліся». І людзі з варты звярнуліся да Ёнатана і да збраяносца яго, і казалі: «Хадзіце да нас, скажам вам нешта». І сказаў Ёнатан збраяносцу свайму: «Ідзі за мною, бо Госпад аддаў іх у рукі Ізраэля». А ўзлазіў Ёнатан, чапляючыся рукамі і нагамі, і збраяносец яго — за ім; падалі філістынцы перад Ёнатанам, і збраяносец яго забіваў іх, ідучы за ім. І быў гэта першы ўдар, калі Ёнатан і збраяносец яго забілі каля дваццаці чалавек амаль на палове палетка, які пара валоў за дзень узарэ. Тады ахапіў страх лагер у палях; але і ўвесь народ варты іх, і тыя, хто ішоў, каб рабаваць, аслупянелі; і задрыжэла зямля, і страх быў учынены Богам. І вартаўнікі Саўла, якія былі ў Габе Бэньяміна, назіралі; і вось, мноства людзей кідаліся туды і сюды, разбягаючыся. І Саўл загадаў людзям, што з ім былі: «Праверце і паглядзіце, каго ў нас не хапае?» І калі праверылі, убачылі, што няма Ёнатана і яго збраяносца. І сказаў Саўл Ахіі: «Прынясі эфод». Бо ён насіў эфод у той дзень перад абліччам сыноў Ізраэля. І калі Саўл размаўляў са святаром, у лагеры філістынцаў замяшанне яшчэ больш узрастала; і патроху павялічвалася, і давала больш ясны водгук. І сказаў Саўл святару: «Апусці руку сваю». І сабраліся Саўл і ўсе людзі, якія былі з ім, і пайшлі аж да месца бою. І вось, там меч кожнага быў звернуты супраць блізкага свайго; замяшанне было вельмі вялікае. Але і гебраі, якія былі з філістынцамі і ўчора, і заўчора і прыйшлі з імі ў лагер, папераходзілі і яны да ізраэльцаў, якія былі з Саўлам і Ёнатанам. Таксама ўсе ізраэльцы, якія хаваліся на гары Эфраіма, чуючы, што філістынцы ўцякаюць, самі далучыліся да сваіх у баі. І збавіў Госпад у той дзень Ізраэль, а бой ішоў аж да Бэт-Авэна. І былі ізраэльцы надта змучаныя ў той дзень; а Саўл прывёў народ да прысягі, кажучы: «Хай будзе пракляты той чалавек, які будзе есці хлеб перад вечарам, пакуль я не адпомшчу сваім ворагам!» І ўвесь народ не спажываў ежы. І ўвесь народ зямлі ўвайшоў у лес, у якім быў мёд на паляне. І народ увайшоў у лес, і з’явіўся цякучы мёд. І ніхто не паднёс яго рукой да вуснаў сваіх; бо баяўся народ прысягі. Ёнатан жа не чуў, як бацька яго звязаў народ прысягай, і працягнуў ён канец палкі, якую меў у руцэ, і абмакнуў у пласце мёду, і паднёс да вуснаў рукою сваёю, і вочы яго праяснелі. І сказаў яму тады адзін з народа, адказваючы: «Бацька твой звязаў прысягаю народ, кажучы: “Пракляты, хто сёння пакаштуе хлеба! Хоць народ быў вельмі змучаны”». І Ёнатан сказаў: «Замучыў бацька мой зямлю! Бачыце, як праяснелі вочы мае, калі я крыху пакаштаваў гэтага мёду; тым больш, калі б народ падсілкаваўся сёння са здабычы ворагаў сваіх, якую здабыў, напэўна, большым быў бы ўдар па філістынцах». Такім чынам, у той дзень білі яны філістынцаў ад Міхмаса аж да Аялона, а народ быў вельмі змучаны. І кінуўся народ на здабычу, і набраў авечак, валоў і цялят, і рэзалі іх на зямлі, і елі разам з крывёю. І паведамілі аб гэтым Саўлу: «Народ грашыць перад Госпадам, ядучы з крывёю». Ён адказаў: «Дапусціліся вы ліхоты. Прыкаціце сюды да мяне вялікі камень». І сказаў Саўл: «Разыдзіцеся між людзей і скажыце ім: хай прывядзе да мяне кожны вала свайго і барана, і забіце яго на гэтым камені і ежце; і не грашыце перад Госпадам, ядучы разам з крывёю». Такім чынам, увесь народ прыводзіў, што меў у сваёй руцэ ў тую ноч, і забівалі там. А потым Саўл збудаваў ахвярнік Госпаду; гэта быў першы ахвярнік, які ён збудаваў Госпаду. І сказаў Саўл: «Нападзём на філістынцаў ноччу, і, пакуль развіднее, знішчым іх, і не пакінем з іх аніводнага чалавека». І народ сказаў: «Усё, што добрым здаецца ў вачах тваіх, рабі». І святар сказаў: «Прыступім тут да Бога». Тады Саўл пытаўся ў Бога: «Ці ісці ў пагоню за філістынцамі? Ці аддасі Ты іх у рукі Ізраэля?» Але Ён не адказаў яму ў той дзень. І сказаў Саўл: «Збярыцеся сюды ўсе кіраўнікі народа і заўважце, праз каго здарыўся грэх гэты сёння. Бо — жыве Госпад, Збаўца Ізраэля, — калі і праз Ёнатана, сына майго, сталася гэта, хай памрэ». На гэта ніхто з усяго народа не запярэчыў яму. І сказаў ён усяму Ізраэлю: «Вы станьце на адзін бок, а я з Ёнатанам, сынам маім, — на другі». Адказаў народ Саўлу: «Што добрым здаецца ў вачах тваіх — рабі». І запытаўся Саўл у Госпада, Бога Ізраэля: «Чаму не адказаў Ты паслугачу свайму сёння? Госпадзе, Божа Ізраэля, дай сведчанне: калі ёсць гэтая правіннасць у народзе Тваім Ізраэлі, дай урым». І выкрыты былі Ёнатан і Саўл, а народ выйшаў збаўлены. І Саўл загадаў: «Кідайце жэрабя паміж мною і паміж сынам маім Ёнатанам». І жэрабя выпала на Ёнатана. А Саўл спытаўся ў Ёнатана: «Скажы мне, што ты зрабіў?» І Ёнатан адказаў яму і сказаў: «Я пакаштаваў, каштуючы канцом палкі, якую трымаў у руцэ, крыху мёду, і за гэта я мушу памерці». І Саўл сказаў: «Хай гэта зробіць мне Бог і гэта дадасць, калі ты не памрэш, Ёнатан». І народ звярнуўся да Саўла: «Ці ж мусіць памерці Ёнатан, які даў такое вялікае збаўленне Ізраэлю? Гэта несправядліва; жыве Госпад, не ўпадзе на зямлю волас з яго галавы, бо ён сёння дзейнічаў з Богам». Так народ вызваліў Ёнатана ад смерці. І не гнаўся Саўл за філістынцамі, і не пераследаваў іх; філістынцы вярнуліся ў свае сядзібы. А Саўл, умацаваўшы сваё цараванне над Ізраэлем, ваяваў наўкола з усімі сваімі ворагамі: з Маабам, і з сынамі Амона, і з Эдомам, і з царамі Собы і з філістынцамі; і куды б толькі ён ні павяртаўся, усюды перамагаў. Ён мужна змагаўся, і пабіў Амалека, і выратаваў Ізраэль з рук тых, што нішчылі яго. А Саўл меў сыноў: Ёнатана, Ішві і Мэльхісуа. Імёны дзвюх дачок яго: імя старэйшай Мэраб, а імя малодшай Міхол. А імя жонкі Саўла — Ахінаам, яна была дачкою Ахімааса. Імя ж кіраўніка войска яго — Абнэр, ён быў сынам Нэра, дзядзькі Саўла. А Кіс быў бацькам Саўла, а Нэр быў бацькам Абнэра, і былі яны сынамі Абіэля. І ва ўсе дні Саўла ішла зацятая вайна з філістынцамі; калі бачыў Саўл якога-небудзь мужнага чалавека і здатнага да бою, забіраў яго да сябе.
І сказаў Самуэль Саўлу: «Госпад паслаў мяне, каб я памазаў цябе царом над народам Яго, Ізраэлем. Дык цяпер паслухай голас Госпада. Вось што кажа Госпад Магуццяў: “Узважыў Я, што зрабіў Амалек Ізраэлю, як перашкаджаў яму ў дарозе, калі ён качаваў з Егіпта, дык цяпер ідзі і пабі Амалека, і пакладзі праклён на ўсё, што ён мае; не шкадуй яго, але забівай, ад мужчыны аж да жанчыны, ад малога аж да немаўляці, таксама валоў і авечак, вярблюдаў і аслоў”». І склікаў Саўл народ, і палічыў яго ў Тэлеме: дзвесце тысяч пяхоты і дзесяць тысяч ваяроў Юды. І калі пайшоў Саўл да горада Амалека, зрабіў ён засаду на бурнай рэчцы, і паведаміў Саўл кінэям: «Адыдзіце, аддзяліцеся і выйдзіце ад Амалека, каб часам разам з ім я не загубіў і вас: бо вы выявілі міласэрнасць усім сынам Ізраэля, калі ішлі яны з Егіпта». І выйшлі кінэі з грамады Амалека. І пабіў Саўл Амалека ад Хавілы аж да Сура, што перад Егіптам. І захапіў ён Агага, цара амалекскага, жывым, а ўвесь народ забіў вастрыём меча, паклаўшы праклён. І пашкадавалі Саўл з народам Агага, і статкі найлепшых авечак, і валоў, і, канешне, адкормленай жывёлы і авечак, і ўсяго адборнага, і не захацелі нішчыць гэта; пазабівалі ж яны ўсё, што марным было і хворым, на яго паклалі яны праклён. А Госпад прамовіў да Самуэля, кажучы: «Шкадую, што Я паставіў Саўла царом, бо адступіўся ён ад Мяне і не спаўняе словы Мае». І засмуціўся Самуэль, і ўсю ноч маліўся да Госпада. І калі ўстаў Самуэль ноччу, каб наведаць Саўла раніцай, паведамілі Самуэлю, што Саўл выбраўся ў Кармэль і там паставіў сабе помнік, і, вяртаючыся, ён накіраваўся ў Галгал. І калі Самуэль прыбыў да Саўла, сказаў яму Саўл: «Хай дабраславіць цябе Госпад; я выканаў слова Госпада». І спытаў у яго Самуэль: «А што гэта за мыканне статкаў, што гучыць у вушах маіх, і мыканне валоў, што чую я?» А Саўл кажа: «Мы прывялі іх ад Амалека; бо пашкадаваў народ лепшых авечак і валоў, каб скласці іх у ахвяру Госпаду, Богу твайму, а астатніх мы знішчылі». А Самуэль сказаў Саўлу: «Хопіць, і я табе скажу, што мне сказаў Госпад у гэтую ноч». І сказаў яму Саўл: «Гавары!» І сказаў Самуэль: «Ці не малым ты быў у вачах сваіх, а стаўся ты галавой пакаленняў Ізраэля? І памазаў цябе Госпад на цара над Ізраэлем, і выслаў цябе Госпад у дарогу, і сказаў: “Ідзі і пакладзі праклён на Амалека, і ваюй з імі аж да поўнага вынішчэння іх”. Дык чаму не паслухаў ты голасу Госпада, але кінуўся на здабычу і дапусціўся зла ў вачах Госпада?» І сказаў Саўл Самуэлю: «А я паслухаў голас Госпада, і хадзіў дарогаю, па якой паслаў мяне Госпад; і прывёў я Агага, цара амалекскага, і Амалека вынішчыў. Народ жа ўзяў са здабычы авечак і валоў, як пяршыні іх, каб скласці ў ахвяру Госпаду, Богу твайму, у Галгале». Кажа яму Самуэль: «Ці ж Госпад хоча цэласпаленняў і крывавых ахвяр больш, чым паслушэнства голасу Госпада? Бо лепш паслухмянасць, чым крывавыя ахвяры, і пакорлівасць лепш, чым ахвяра з тлушчу бараноў. Бо непакорнасць — такі самы грэх, як варажба, а свавольства — як злачынства балванахвальства: з-за таго, што ты зняважыў слова Госпада, Ён адкінуў цябе, каб ты не быў царом». І сказаў Саўл Самуэлю: «Зграшыў я, бо ўхіліўся ад слова Госпадава і слоў тваіх, баючыся народа і слухаючы яго голасу; ты ж цяпер здымі, прашу, з мяне грэх мой і вярніся са мной, каб я пакланіўся Госпаду». І Самуэль адказаў Саўлу: «Не вярнуся з табой, бо ты пагардзіў словам Госпада; і адкінуў цябе Госпад, каб ты не быў царом над Ізраэлем». І павярнуўся Самуэль, каб ісці; а Саўл схапіў за крысо яго плашча, і яно падзёрлася. І сказаў яму Самуэль: «Аддзярэ Госпад царства Ізраэля ад цябе сёння і перадасць яго блізкаму твайму, лепшаму за цябе. А Слава Ізраэля не хлусіць і не раскайваецца; бо гэта не чалавек, каб раскайвацца». І Саўл адказаў: «Зграшыў я, але ўшануй мяне цяпер перад старэйшынамі народа майго і перад Ізраэлем, і вярніся са мной, каб пакланіўся я Госпаду, Богу твайму». І вярнуўся Самуэль, і пайшоў з Саўлам, і Саўл пакланіўся Госпаду. І сказаў Самуэль: «Прывядзіце да мяне Агага, цара амалекскага». І падышоў да яго Агаг, дрыжучы. І Агаг сказаў: «Сапраўды, адступіла ад мяне горыч смерці!» І Самуэль сказаў: «Як меч твой пазбавіў маці дзяцей іх, так між жанчынамі маці твая застанецца таксама без дзяцей». І загадаў Самуэль забіць Агага перад Госпадам у Галгале. І Самуэль накіраваўся ў Раму; а Саўл вярнуўся ў сваю сядзібу ў Габу Саўлаву. І ад гэтага часу Самуэль не бачыў больш Саўла аж да дня сваёй смерці; і Самуэль сумаваў дзеля Саўла, бо Госпад шкадаваў, што паставіў Саўла царом над Ізраэлем.
І сказаў Госпад Самуэлю: «Дакуль ты будзеш сумаваць дзеля Саўла, якога Я адкінуў, каб ён не быў царом над Ізраэлем? Напоўні рог свой алеем і ідзі, бо Я пасылаю цябе да Ясэя з Бэтлехэма: бо паміж яго сыноў убачыў Я Сабе цара». І Самуэль кажа: «Як жа я пайду? Бо пачуе пра гэта Саўл і заб’е мяне». І кажа яму Госпад: «Возьмеш з сабою цялушку са статка ў рукі свае і скажаш: “Пайшоў я скласці ахвяру Госпаду”. І запросіш Ясэя на ахвяру; і Я табе падкажу, што маеш рабіць, і каго маеш памазаць, пакажу табе». І зрабіў Самуэль так, як Госпад яму загадаў, і прыбыў ён у Бэтлехэм. І сустрэлі яго перапалоханыя старэйшыны горада, і пыталіся: «Ці супакойны прыход твой?» І ён сказаў: «Супакойны; прыбыў я, каб скласці ахвяру Госпаду. Асвяціцеся і хадзіце са мною, каб скласці ахвяру». Такім чынам, асвяціў Ясэя і сыноў яго і паклікаў іх на ахвяру. Калі прыйшлі яны, убачыў Самуэль Эліяба і сказаў: «Без сумнення, перад Госпадам намашчэнец Яго!» І Госпад сказаў Самуэлю: «Не глядзі на твар яго, ані на высокі рост яго, бо Я яго не выбраў; Я не вырашаю так, як чалавек: бо чалавек бачыць яўнае, а Госпад бачыць сэрца». І паклікаў Ясэй Абінадаба, і прывёў яго да Самуэля, які сказаў: «І не гэтага выбраў Госпад». Потым прывёў Ясэй Саму, але і яму сказаў Самуэль: «І гэтага не выбраў Госпад». Так прыводзіў Ясэй сем сыноў сваіх да Самуэля, і Самуэль казаў Ясэю: «Не выбраў Госпад нікога з іх». І запытаў Самуэль Ясэя: «Ці гэта ўсе сыны твае?» Ён адказаў: «Застаўся яшчэ адзін, найменшы, ён пасвіць авечак». І кажа Ясэю Самуэль: «Адпусці яго і прывядзі сюды; бо не пачнём застолля, пакуль ён сюды не прыйдзе». Дык паслаў ён па яго і прывеў яго; а быў ён руды і меў прыгожы твар і зграбную постаць. І сказаў Госпад: «Устань, памаж яго: бо гэта той». І ўзяў Самуэль рог з алеем, і памазаў яго ў прысутнасці братоў яго; і ад таго дня сышоў на Давіда Дух Госпадаў. І Самуэль падняўся і вярнуўся ў Раму. А пакінуў Саўла Дух Госпада, і авалодаў ім дух ліхі ад Госпада. І сказалі яму паслугачы Саўлавы: «Вось, мучыць цябе ліхі дух ад Бога. Гаспадару наш, дай загад, і паслугачы твае, якія пры табе, адшукаюць чалавека, што ўмее граць на гуслях, каб ён, калі будзе цябе мучыць дух ліхі, спасланы Госпадам, граў рукою сваёю і супакойваў цябе». І сказаў Саўл паслугачам сваім: «Знайдзіце мне кагосьці, хто грае добра, і прывядзіце яго да мяне». І адзін з паслугачоў прамовіў у адказ: «Вось, я бачыў сына Ясэя з Бэтлехэма, які ўмее граць, і ён чалавек мужны і вельмі дужы, і разважны ў словах, і разам чалавек прыгожы; і Госпад ёсць з ім». Дык паслаў Саўл пасланцоў да Ясэя, кажучы: «Прышлі да мяне Давіда, сына свайго, які пасвіць статак». І ўзяў Ясэй асла з хлебам, і бурдзюк віна, і адно казляня, і паслаў праз Давіда, сына свайго, Саўлу. І прыйшоў Давід да Саўла, і стаў перад ім; і Саўл палюбіў яго вельмі, і стаў ён у яго збраяносцам. І паслаў Саўл да Ясэя, кажучы: «Давід застанецца ў мяне, бо знайшоў ласку ў маіх вачах». Такім чынам, калі толькі ліхі дух, спасланы Богам, нападаў на Саўла, Давід браў гуслі і граў рукою сваёю; і Саўлу была палёгка, і ён чуўся лепей: бо адступаўся ад яго ліхі дух.
І філістынцы сабралі войскі свае на вайну, і размясціліся ў Соха, што ў Юдэі, ды расклалі лагер між Соха і Азэкаю ў Афэсдаміме. Тым часам Саўл і ваяры ізраэльскія сабраліся, і прыйшлі ў даліну Тэрэбінітаў, і выстраіліся на бой супраць філістынцаў. Філістынцы стаялі на схіле гары з аднаго боку, а ізраэльцы — на схіле гары з другога боку; і раздзяляла іх даліна. І з лагера філістынцаў выйшаў асілак на імя Галіят з Гета, вышынёю ў шэсць локцяў і адну пядзь. І на галаве ён меў медны шлем, і адзеты быў у лускаваты медны панцыр; а вага панцыра яго — пяць тысяч сікляў медзі. І на нагах меў ён медныя накаленнікі і медную дзіду за плячамі сваімі. А дрэўка дзіды яго было як навой ткацкі, а вастрыё дзіды яго важыла шэсцьсот сікляў жалеза; і перад ім ішоў яго збраяносец. І стаў ён насупраць войска Ізраэля, і крычаў, і казаў ім: «Чаго вы прыйшлі, падрыхтаваўшыся да бою? Ці ж я не філістынец, а вы ці не паслугачы Саўла? Выберыце з вас некага, і хай ён уступіць у бой са мной! Калі зможа ён ваяваць са мной і заб’е мяне, мы будзем нявольнікамі вашымі; а калі я перамагу і заб’ю яго, вы будзеце нявольнікамі і будзеце нам служыць». І паўтараў філістынец: «Я зневажаю сёння дружыны ізраэльцаў: дайце мне чалавека, і хай ён уступіць у бой са мною!» Чуючы ж такія словы філістынца, Саўл і ўсе ізраэльцы аслупянелі і моцна напалохаліся. А Давід быў сынам эфратца, аб якім гаварылася раней, з Бэтлехэма юдэйскага, імя якога было Ясэй; ён меў восем сыноў і ў часы Саўла быў ужо чалавекам старым і ўмудроным гадамі сярод людзей. А тры старэйшыя яго сыны пайшлі з Саўлам ваяваць; і імёны трох сыноў яго, што пайшлі ваяваць, былі: найстарэйшы Эліяб, а другі — Абінадаб і трэці — Сама. Давід жа быў найменшым; дык, калі тры старэйшыя пайшлі за Саўлам, Давід прыходзіў да Саўла і адыходзіў, каб пасвіць статак бацькі свайго ў Бэтлехэме. Філістынец жа выходзіў раніцай і вечарам і выступаў гэтак сорак дзён. Ясэй жа сказаў сыну свайму Давіду: «Вазьмі для братоў сваіх эфу пражаных зярнят і дзесяць гэтых хлябоў і занясі хутка братам сваім у лагер! Занясі таксама гэтых дзесяць кавалкаў сыру для тысячніка, і наведай братоў сваіх, ці добра ім там, і даведайся пра патрэбы іх». А Саўл, і яны, і ўсе сыны Ізраэля змагаліся супраць філістынцаў у даліне Тэрэбінітаў. Такім чынам, устаў Давід рана, і статак даручыў вартаўніку, і, нагружаны, пайшоў, як загадаў яму Ясэй. І прыйшоў ён да ўмацавання, калі войска выходзіла на бой з баявым крыкам. І выстраіліся ізраэльцы і філістынцы адны супраць другіх. А Давід, пакінуўшы ношу, якую прынёс, у руках варты ў абозе, пабег да месца бою і запытаўся, ці ўсё добра ў братоў яго. І ў час размовы з імі выйшаў з лагера той асілак на імя Галіят, філістынец з Гета, і пачуў Давід, калі ён гаварыў тыя самыя словы. А ўсе ваяры ізраэльскія, убачыўшы гэтага чалавека, уцякалі з вачэй яго з вельмі вялікім страхам. І сказаў адзін з ізраэльцаў: «Ці бачыце вы чалавека гэтага, які выходзіць? Ён выходзіць, каб зневажаць Ізраэль. Дык чалавека, які б забіў яго, цар узнагародзіў бы вялікімі багаццямі, і дачку сваю даў бы яму за жонку, і дом бацькі яго вызваліў бы ад падатку ў Ізраэлі». І спытаўся Давід у людзей, што стаялі з ім, кажучы: «Што дадуць чалавеку, які заб’е гэтага філістынца і здыме ганьбу з Ізраэля? Бо хто ён, гэты неабрэзаны філістынец, што так зняважыў войска Бога жывога?» А людзі паўтарылі тыя самыя словы, кажучы: «Гэта і гэта дадуць таму чалавеку, які заб’е яго». Калі пачуў Эліяб, старэйшы брат яго, як ён гаварыў аб гэтым з іншымі, загневаўся на Давіда і сказаў: «Чаго ты прыйшоў і каму пакінуў тых нешматлікіх авечак у пустыні? Я ведаю пыху тваю і ліхоту сэрца твайго, бо прыйшоў ты, каб паглядзець на вайну». І Давід сказаў яму: «Што я зрабіў? Ці ж няможна пра гэта гаварыць?» І адышоў трохі ад яго да іншага і зноў спытаў тое самае; і людзі адказалі яму, як раней. Пачулі ж тыя словы, што гаварыў Давід, і пераказалі Саўлу. Калі Давіда прывялі да яго, ён сказаў яму: «Хай ніхто не падае духам дзеля яго; я, паслугач твой, пайду і буду ваяваць супраць гэтага філістынца». І сказаў Саўл Давіду: «Не можаш ты ісці супраць гэтага філістынца і ваяваць супраць яго, бо ты юнак; а ён — ваяр з маладосці сваёй». І сказаў Давід Саўлу: «Паслугач твой пасвіў статак бацькі свайго, і прыходзіў леў ці мядзведзь і хапаў барана са статка. І я даганяў іх, і ўдараў, і вырываў з пашчаў іх; і яны выходзілі на мяне, і я хапаў іх за загрывак, і ўдараў, і забіваў іх. Бо і льва, і мядзведзя забіваў паслугач твой; дык і гэты неабрэзаны філістынец як адзін з іх, бо ён асмеліўся ганьбіць войска Бога жывога!» І сказаў Давід: «Госпад, Які выратаваў мяне з кіпцюроў ільва і з кіпцюроў мядзведзя, Сам ухавае мяне і ад рук філістынца гэтага». Дык сказаў Саўл Давіду: «Ідзі, і хай Госпад будзе з табою». І апрануў Саўл Давіда ў адзенне сваё, і даў медны шлем яму на галаву, і апрануў яго ў панцыр. І, падперазаўшыся мечам яго паверх адзення, Давід пачаў спрабаваць, ці можа ён хадзіць, узброены, бо не быў яшчэ спрактыкаваны. І сказаў Давід Саўлу: «Не магу я так хадзіць, бо звычкі не маю». І скінуў Давід усё з сябе, і ўзяў ён у руку сваю палку сваю; і выбраў сабе пяць гладкіх камянёў з ручая, і ўклаў іх у торбу пастухоўскую, якую выкарыстоўваў замест мяшочкаў для камянёў, і ўзяў прашчу ў руку, і накіраваўся да філістынца. А філістынец, ідучы, ішоў і набліжаўся да Давіда, і збраяносец яго перад ім. І, калі глянуў філістынец і ўбачыў Давіда, ён пагардзіў ім; бо быў ён яшчэ хлопец, руды і прыгожы абліччам. І сказаў філістынец Давіду: «Ці ж я сабака, што ты ідзеш да мяне з кіем?» І пракляў філістынец Давіда сваімі багамі, і сказаў ён Давіду: «Хадзі да мяне, а я аддам цела тваё птушкам паднебным і звярам зямным». А Давід сказаў філістынцу: «Ты ідзеш на мяне з мечам, і дзідай, і шчытом; а я іду на цябе ў імя Госпада Магуццяў, Бога войскаў Ізраэля, Якога ты зневажаў. Сёння аддасць цябе Госпад у рукі мае, і я заб’ю цябе, і адсяку табе галаву; і аддам труп твой і трупы лагера філістынцаў сёння птушкам паднебным і звярам зямным, каб ведала ўся зямля, што ёсць Бог у Ізраэля і каб ведала ўся гэтая грамада, што Госпад не мечам і дзідай ратуе: бо гэта вайна Госпада, і Ён выдасць вас у рукі нашы». І калі філістынец устаў, і пайшоў, і наблізіўся да Давіда, Давід паспяшаўся і пабег на бой супраць філістынца. І ўсунуў ён руку сваю ў торбу, і выняў адзін камень, і пусціў яго прашчай; і ўдарыў ім філістынца ў лоб, і засеў той камень у лбе яго, і ён упаў тварам на зямлю. І перамог Давід філістынца прашчай і каменем, і, паколькі меча не было ў руцэ Давіда, падбег ён і стаў каля філістынца; і ўзяў меч яго, і выцягнуў яго з ножан яго, і забіў яго, і адсек галаву яго. А філістынцы, бачачы, што найдужэйшы з іх мёртвы, кінуліся ўцякаць. І ваяры Ізраэля і Юды падняліся, і закрычалі, і кінуліся ў пагоню за філістынцамі, і гналі іх аж да Гета і да брамы Акарона. І параненыя філістынцы ляжалі па дарозе ад Саарыма аж да Гета і да Акарона. І, вяртаючыся пасля пагоні за філістынцамі, сыны Ізраэля абрабавалі лагер іх. А Давід, узяўшы галаву філістынца, занёс яе ў Ерузалім; а зброю яго склаў у сваёй палатцы. У той жа час, калі Саўл убачыў Давіда, які выходзіць супраць філістынца, спытаў Абнэра, кіраўніка войска: «Абнэр, з якога роду паходзіць гэты юнак?» І сказаў Абнэр: «Жыве душа твая, валадару, не ведаю». І сказаў цар: «Запытайся, чый ён сын, юнак гэты». І калі па забойстве філістынца Давід вярнуўся, несучы галаву філістынца ў руцэ, узяў яго Абнэр і прывёў да Саўла. І спытаўся ў яго Саўл: «З якога ты роду, юнача?» І Давід адказаў: «Я сын паслугача твайго Ясэя з Бэтлехэма».
І сталася, калі Давід скончыў размову з Саўлам, што душа Ёнатана прыхілілася да душы Давіда, і палюбіў яго Ёнатан, як душу сваю. І з таго дня ўзяў яго Саўл да сябе і не адпускаў яго, каб ён вярнуўся ў дом бацькі свайго. Завязалася ж у Ёнатана з Давідам сяброўства; бо палюбіў ён яго, як сваю душу. І зняў з сябе Ёнатан шаты, у якія быў апрануты, і аддаў іх Давіду, і астатняе адзенне сваё, і нават меч і лук свой, і нават пояс. І хадзіў Давід па ўсё, па што пасылаў яго Саўл, і ўсюды меў поспех; і паставіў яго Саўл над ваярамі, і падабаўся ён усім людзям, а таксама паслугачам Саўла. Затым, калі вярталіся ваяры, калі вяртаўся Давід, ударыўшы філістынца, выйшлі жанчыны з песнямі і танцамі насустрач цару Саўлу, з тымпанамі, і песнямі радаснымі, і з трашчоткамі. І спявалі жанчыны, радуючыся і кажучы: «Пабіў Саўл свае тысячы, а Давід свае дзесяткі тысяч». Дык Саўл надта ўзлаваўся, і не падабаліся яму гэтыя словы, і сказаў ён: «Давіду даюць дзесяткі тысяч, а мне даюць толькі тысячы; чаго яму не хапае, акрамя царавання?» Ад таго дня і далей глядзеў Саўл на Давіда крывым вокам. А на другі дзень апанаваў Саўла ліхі дух, спасланы Богам, і ён шалеў у доме сваім; а Давід, як штодзень, граў рукою сваёю, а Саўл трымаў дзіду ў руцэ. І кінуў ён дзіду, думаючы, што можа прыбіць Давіда да сцяны; але Давід ухіліўся, і было так двойчы. І баяўся Саўл Давіда, бо Госпад быў з ім, а ад яго адвярнуўся. Дык адсунуў Саўл яго ад сябе і прызначыў яго кіраўніком над тысячай чалавек; і ён хадзіў і вяртаўся на вачах у народа. Таксама на ўсіх шляхах сваіх дзейнічаў Давід паспяхова, і Госпад быў з ім. І ўбачыў Саўл, што дзейнічае ён вельмі паспяхова, і стаў дрыжаць перад ім; увесь жа народ Ізраэля і Юды любіў Давіда, бо ён хадзіў і вяртаўся на вачах іх. А Саўл сказаў Давіду: «Вось, маю я старэйшую дачку Мэраб, дам яе табе за жонку; але будзь у мяне мужным чалавекам і вядзі войны Госпада». А Саўл думаў, кажучы: «Калі не мая рука на яго ляжа, то хай будзе на ім рука філістынцаў». А Давід сказаў Саўлу: «Хто я, або якое жыццё маё, або які род бацькі майго ў Ізраэлі, каб быць мне зяцем цара?» Але калі наблізіўся час аддаць Мэраб, дачку Саўла, Давіду, аддадзена была яна за жонку Гадрыэлю з Мэхолы. Але другая дачка Саўла, Міхол, пакахала Давіда, і было пра гэта сказана Саўлу, і спадабалася гэта яму; і сказаў Саўл: «Аддам яму яе, каб была яна яму на загубу і каб была на ім рука філістынцаў». Такім чынам, другі раз сказаў Саўл Давіду: «Сёння будзеш маім зяцем». І загадаў Саўл паслугачам сваім: «Пагаварыце з Давідам таемна, кажучы яму: “Вось, ты падабаешся цару, і ўсе яго паслугачы любяць цябе; дык будзь зараз зяцем цара”». І гаварылі ўсе гэтыя словы паслугачы Саўла ў вушы Давіда, і Давід сказаў: «Ці ж вам здаецца, што я раўня быць зяцем цара? Я ж чалавек бедны і нязначны». І паведамілі паслугачы Саўлу: «Вось гэтак сказаў Давід». А Саўл сказаў: «Вось, кажучы, так скажыце Давіду: “Цар не патрабуе ніякай платы за нявесту, але толькі сто крайніх плоцяў філістынскіх, каб адпомсціць ворагам цара”». Саўл бо думаў выдаць Давіда ў рукі філістынцаў. Калі паслугачы цара пераказалі Давіду словы, якія сказаў Саўл, спадабалася гэтая прамова Давіду, каб стацца зяцем цара. І яшчэ не скончыліся прызначаныя дні, калі Давід пайшоў з ваярамі сваімі і забіў дзвесце філістынцаў, і прынёс крайнія плоці іх, і адлічыў іх цару, каб быць яго зяцем. І аддаў Саўл дачку сваю Міхол за жонку яму. І ўбачыў Саўл, і зразумеў, што Госпад ёсць з Давідам, а Міхол, дачка Саўла, кахала яго. І тым больш пачаў Саўл баяцца Давіда; і стаўся Саўл ворагам Давіду на ўсё жыццё. А кіраўнікі філістынцаў выходзілі ваяваць; але колькі разоў нападалі яны, Давід з поспехам перамагаў іх лепш, чым усе паслугачы Саўла, і вельмі слаўным сталася імя яго.
І намаўляў Саўл Ёнатана, сына свайго, і ўсіх паслугачоў сваіх, каб забілі Давіда; але Ёнатан, сын Саўла, вельмі любіў Давіда. І перасцерагаў Ёнатан Давіда, кажучы: «Саўл, бацька мой, хоча забіць цябе; таму сцеражыся, прашу, раніцою, і схавайся, і не паказвайся. А я пайду і стану каля бацькі майго ў полі, дзе ты будзеш; і буду гаварыць пра цябе бацьку майму, і, што ўбачу, раскажу табе». І гаварыў Ёнатан добрае бацьку свайму, Саўлу, пра Давіда, і казаў яму: «Хай не грашыць цар на Давіда, паслугача свайго, бо нічым ён не зграшыў перад табою і ўчынкі яго для цябе вельмі добрыя. І ён выстаўляў на смерць жыццё сваё, і забіў філістынца, і Госпад даў вялікую перамогу ўсяму Ізраэлю; ты сам бачыў гэта і цешыўся: такім чынам, чаму ты грашыш супраць нявіннай крыві, хочучы забіць Давіда, які не мае віны?» Калі гэта Саўл выслухаў, ён, улагоджаны словамі Ёнатана, пакляўся: «Госпад жыве, не будзе ён забіты». І паклікаў Ёнатан Давіда, і пераказаў яму ўсе гэтыя словы; і прывёў Ёнатан Давіда да Саўла, і застаўся ён у яго, як было ўчора і заўчора. Зноў жа пачалася вайна, і пайшоў Давід ваяваць супраць філістынцаў, і ўдарыў іх вялікай плягаю; і яны ўцякалі ад яго. І сышоў на Саўла ліхі дух, спасланы Госпадам; а сядзеў ён у доме сваім і трымаў дзіду, Давід жа граў рукою сваёю. І задумаў Саўл прыбіць Давіда дзідаю да сцяны; і Давід ухіліўся ад Саўла, а дзіда, не скалечыўшы яго, убілася ў сцяну. І Давід уцёк і ўратаваўся ў тую ноч. Тады паслаў Саўл паслугачоў сваіх у дом Давіда, каб сачылі за ім і забілі раніцай. І калі паведаміла аб гэтым Давіду Міхол, жонка яго, кажучы: «Калі не ўсцеражэшся ў гэтую ноч, заўтра будзеш забіты», — спусціла яна яго праз акно. А ён пайшоў, і ўцёк, і быў уратаваны. А Міхол узяла хатняга балвана, і паклала яго на ложак; і пад галаву яго падклала шарсцістую казіную поўсць; і накрыла яго плашчом. Саўл жа паслаў паслугачоў, каб узялі Давіда, і ім сказала, што ён хворы. І паслаў Саўл зноў паслугачоў, каб наведалі Давіда, кажучы ім: «Прынясіце да мяне яго ў ложку, каб я забіў яго». І калі прыйшлі паслугачы, яны знайшлі балвана на ложку і скуру казіную на месцы галавы яго. Дык сказаў Саўл Міхол: «Чаму ты так падманула мяне і выпусціла ворага майго, каб ён мог уцячы?» Міхол адказала Саўлу: «Бо ён сказаў мне: “Пусці мяне, бо інакш заб’ю цябе”». А Давід уратаваўся ўцёкамі, і дабраўся да Самуэля ў Раме, і расказаў яму ўсё, што зрабіў яму Саўл. І пайшлі адтуль ён і Самуэль, і затрымаліся ў Наёце. А Саўлу паведамілі, кажучы: «Вось, Давід у Наёце ў Раме». Такім чынам, паслаў Саўл паслугачоў, каб схапілі Давіда. Калі яны ўбачылі грамаду прарокаў, якія прарочылі, і Самуэля на чале іх, сышоў на іх Дух Божы, і яны таксама пачалі прарочыць. Калі паведамілі пра гэта Саўлу, зноў паслаў ён іншых пасланцоў, але і яны прарочылі. І зноў паслаў Саўл трэціх пасланцоў, але яны таксама прарочылі І нават ён сам выбраўся ў Раму і дайшоў аж да вялікага вадаёма, які ў Соха; і пытаўся ён і сказаў: «Дзе Самуэль і Давід?» Сказалі яму: «Яны ў Наёце ў Раме». І пайшоў ён адтуль у Наёт у Раме; і Дух Божы сышоў на яго таксама, і ён ішоў, пачынаючы прарочыць, пакуль не дайшоў у Наёт у Раме. І нават зняў ён з сябе адзенне сваё і разам з іншымі прарочыў перад Самуэлем; і ўпаў, і ляжаў голы ўвесь дзень і ноч, адтуль і пайшла прымаўка: «Ці ж і Саўл між прарокаў?»
А Давід уцёк з Наёта ў Раме, і дабраўся да Ёнатана, і сказаў яму: «Што я зрабіў, у чым мая віна і чым я зграшыў адносна бацькі твайго, што цікуе ён на маё жыццё?» Ёнатан адказаў яму: «Не будзе гэтага, ты не памрэш; бо бацька мой не вырашае анічога важнага або няважнага, калі перш не параіцца са мною: такім чынам, навошта гэта ўтойваў бы ён ад мяне? Ніколі не будзе гэтага». І зноў Давід адказаў і казаў: «Напэўна, ведае бацька твой, што ты да мяне спагадны, і сказаў: “Хай не даведаецца пра гэта Ёнатан, каб не сумаваў ён”. Але жыве Госпад, і жыве твая душа, бо толькі адзін крок аддзяляе мяне ад смерці». І сказаў Ёнатан Давіду: «Што хоча душа твая, каб я зрабіў табе?» А Давід сказаў Ёнатану: «Вось, заўтра маладзік, і я звычайна павінен сядзець каля цара на банкеце; такім чынам, дазволь мне, каб я схаваўся на полі аж да вечара трэцяга дня. Калі запытаецца бацька твой пра мяне, адкажы яму: “Прасіў мяне Давід, каб хутка пайсці ў Бэтлехэм, у горад свой, бо там уся сям’я яго складае гадавыя ахвяры”. Калі ён скажа: “Добра”, — будзе тады супакой паслугачу твайму; а калі разгневаецца, ведай, што нешта ліхое ён вырашыў зрабіць. Такім чынам, акажы міласэрнасць паслугачу свайму, бо ты ўвёў паслугача свайго ў сяброўства з табою; калі ж я ў чым вінаваты, ты забі мяне, але да бацькі свайго не вядзі мяне». І сказаў Ёнатан: «Ніякім чынам! Бо, калі сапраўды даведаюся, што бацька мой вырашыў зрабіць табе крыўду, не можа так стацца, каб табе аб гэтым не паведаміў». І Давід адказаў Ёнатану: «Хто паведаміць мне, калі бацька твой часам жорстка адкажа табе?» І Ёнатан сказаў Давіду: «Хадзі, выйдзем вонкі, у поле». І калі выйшлі яны ў поле абодва, кажа Ёнатан Давіду: «Жыве Госпад, Бог Ізраэля, заўтра або паслязаўтра я вызнаю намер бацькі свайго амаль у гэты час, і калі што добрае будзе адносна Давіда, і я не пашлю да цябе адразу ж і не паведамлю табе, то хай Ёнатану Госпад гэта зробіць і гэта павялічыць. А калі не спыніцца лютасць бацькі майго супраць цябе, то аб гэтым таксама паведамлю табе; адпушчу цябе, каб ты пайшоў у супакоі, і хай Госпад будзе з табою, як Ён быў з бацькам маім. І калі я яшчэ буду жыць, ты акажаш мне міласэрнасць Госпада; а калі я памру, ты не спыняй міласэрнасці сваёй адносна дому майго навечна; нават тады, калі Госпад выкарчуе ўсіх ворагаў Давіда з зямлі». Заключыў Ёнатан сяброўства з домам Давіда, кажучы: «Хай Госпад будзе паведамлены аб справах ворагаў Давіда!» І яшчэ раз Ёнатан прысягнуў Давіду любоўю сваёю; бо ён так палюбіў яго, як сваю душу. І казаў яму Ёнатан: «Заўтра маладзік, і ты звернеш на сябе ўвагу: бо месца тваё будзе пустым. На трэці дзень ты хутка сыдзі і прыйдзі на тое месца, дзе ты хаваўся раней; і затрымайся каля каменя Эзэл. А я пушчу ў яго бок тры стралы і пушчу іх, як быццам страляючы ў метку. Таксама пашлю і паслугача, даючы яму загад: “Ідзі і прынясі мне стрэлы”. Калі скажу паслугачу: “Вось, стрэлы перад табою, вазьмі іх”, — ты прыходзь да мяне, бо супакой табе, і няма нічога благога, жыве Госпад. А калі скажу паслугачу так: “Вось, стрэлы за табой”, — ты ўцякай, бо Госпад пасылае цябе. Вось, аб дамоўленасці, якую мы зрабілі, я і ты, хай Госпад будзе між мною і табой навекі». Такім чынам, схаваўся Давід на полі; і надышоў маладзік, і цар учыніў застолле. І калі, як звычайна, сядзеў цар на сваім пасадзе каля сцяны, Ёнатан заняў месца насупраць, і Абнэр сядзеў з боку Саўла, і месца Давіда было пустым. І ў той дзень Саўл нават не ўзгадаў аб ім; думаў бо ён, што, можа, яму што здарылася, што ён нячысты і не ачысціўся. І калі назаўтра, на другі дзень маладзіка, месца Давіда зноў было пустым, сказаў Саўл сыну свайму, Ёнатану: «Чаму сын Ясэя не прыйшоў на застолле ані ўчора, ані сёння?» І Ёнатан адказаў Саўлу: «Давід вельмі прасіў мяне адпусціць яго ў Бэтлехэм, і ён казаў: “Адпусці мяне, бо ў тым горадзе складаюць ахвяру сямейную і мой брат сам запрасіў мяне, такім чынам, цяпер, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, я хутка пайду і ўбачу братоў маіх”. З гэтай прычыны не прыйшоў ён да царскага стала». А Саўл, узлаваўшыся на Ёнатана, сказаў яму: «Ты, сын жанчыны нясталай, ці ж я не ведаю, што ты любіш сына Ясэя на ганьбу сваю і на ганьбу галізны маці сваёй? Бо ва ўсе дні, калі будзе жыць на зямлі сын Ясэя, не ўтрымаешся ты і цараванне тваё; такім чынам, зараз жа пашлі пасланцоў і прывядзі яго да мяне, бо ён сын смерці». Адказваючы ж Саўлу, бацьку свайму, Ёнатан сказаў: «Чаму ён мусіць памерці? Што ён зрабіў?» І Саўл схапіў дзіду, каб забіць яго, і пераканаўся Ёнатан, што бацька яго вырашыў забіць Давіда. Такім чынам, падняўся Ёнатан ад стала вельмі разгневаны і не еў хлеба ў другі дзень маладзіка, бо трывожыўся дзеля Давіда, таму што бацька яго засмуціў яго. І калі развіднела, пайшоў Ёнатан на поле, на месца, вызначанае Давідам, а разам з ім малады паслугач. І сказаў ён паслугачу свайму: «Ідзі і прынясі мне стрэлы, якія я пушчу». І калі паслугач пабег, ён пусціў стралу цераз паслугача. Такім чынам, пайшоў паслугач да месца стралы, якую пусціў Ёнатан, і Ёнатан крыкнуў за спіною паслугача, і сказаў: «Страла далей за табою!» І закрычаў Ёнатан ззаду за паслугачом: «Хутчэй, паспяшайся, не стой!» Падняў тады паслугач Ёнатана стралу і прынёс да гаспадара свайго, і, што адбывалася, ён зусім не ведаў: бо толькі Ёнатан і Давід разумелі справу. І аддаў Ёнатан зброю сваю паслугачу, і сказаў яму: «Ідзі, занясі ў горад». І калі адышоў паслугач, устаў Давід з паўднёвага боку і, упаўшы тварам на зямлю, тры разы пакланіўся; і пацалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, а Давід плакаў уголас. Такім чынам, сказаў Ёнатан Давіду: «Ідзі ў супакоі; бо мы прысягнулі абодва ў імя Госпада, кажучы: “Госпад будзе між мною і табой, і паміж нашчадкамі маімі і нашчадкамі тваімі адгэтуль і навечна”». Потым Давід устаў і пайшоў, а Ёнатан вярнуўся ў горад.
І накіраваўся Давід у Ноб, да святара Ахімэлеха, і Ахімэлех аслупянеў, бо Давід прыбыў да яго, і спытаў у яго: «Чаму ты толькі адзін і нікога няма з табой?» І сказаў Давід святару Ахімэлеху: «Цар даручыў мне адну справу і сказаў: “Хай ніхто не ведае аб тым, з-за чаго я цябе пасылаю і што я табе даручаю”. Таму я вызначыў паслугачам тое і тое месца. Дык вось цяпер, калі маеш пад рукой пяць хлябоў, дай мне іх або тое, што знойдзеш». І, адказваючы Давіду, святар казаў яму: «Звычайнага хлеба пад рукой не маю, а ёсць толькі пасвячоны хлеб; ці чыстыя паслугачы твае хаця б адносна жанчын?» І адказаў Давід святару, і сказаў яму: «Сапраўды, што датычыць жанчын, не было іх з намі ані ўчора, ані заўчора. Калі выбіраліся ў дарогу, целы паслугачоў былі чыстыя, хоць гэтая выправа звычайная. Тым больш сёння чыстыя целы іх». Дык даў яму святар пасвячоны хлеб; бо не было больш там іншага хлеба, апрача хлябоў пакладных, якія былі паднесены перад аблічча Госпада, так што хлябы былі яшчэ цёплыя. А быў там адзін паслугач Саўла, які ў той дзень затрымаўся перад абліччам Госпада; ён называўся Даэг, ідумеец, наймацнейшы з пастухоў Саўла. А Давід сказаў Ахімэлеху: «Можа, маеш тут пад рукой дзіду або меч? Бо меча свайго і зброі сваёй я не ўзяў з сабой, бо справа цара вымушала». І святар сказаў: «Вось, тут толькі меч Галіята, філістынца, якога ты забіў у даліне Тэрэбінітаў; ён закручаны ў плашч і ляжыць па-за эфодам. Калі хочаш яго ўзяць, бяры, бо, апрача яго, няма тут іншага». І сказаў Давід: «Няма тут другога такога; дай яго мне». Такім чынам, устаў Давід, і ў той дзень уцёк ад Саўла, і прыбыў да Ахіса, цара Гета. І сказалі яму паслугачы Ахіса: «Ці ж гэта не Давід, цар той зямлі? Ці ж не яму спявалі карагоды, кажучы: “Саўл пабіў свае тысячы, а Давід — свае дзесяткі тысяч?”» І Давід занепакоіўся ў сэрцы сваім дзеля слоў гэтых і дужа баяўся Ахіса, цара Гета. І пачаў ён прыкідвацца шалёным перад імі; і біў у брамы, і цякла сліна на бараду яго. І Ахіс сказаў паслугачам сваім: «Ці ж не бачыце, што ён вар’ят? Навошта прывялі яго да мяне? Ці ж не хапае нам шалёных, што вы прывялі гэтага, каб ён вар’яцеў перада мною? Ці ж такога трэба ўводзіць у дом мой?»
І пайшоў Давід адтуль, і ўцёк у пячору Адалам; калі аб гэтым даведаліся браты яго і ўвесь дом бацькі яго, яны пайшлі за ім туды. І сабраліся да яго ўсе тыя, хто цярпеў нястачы і меў даўгі, і засмучаныя духам; і ён стаўся іх кіраўніком, і было з ім каля чатырох сотняў чалавек. І адтуль накіраваўся Давід у Міцпу, што ў Маабе, і сказаў цару Мааба: «Ці маглі б прабываць у вас бацька мой і маці мая, пакуль выявіцца, што хоча Бог зрабіць са мною?» І ён пакінуў іх у цара Мааба; і яны заставаліся ў яго ўвесь час, калі Давід хаваўся ў недасяжным месцы. А прарок Гад раіў Давіду: «Не заставайся ў сховішчы. Збярыся і ідзі ў зямлю Юды». І, вырушыўшы, Давід прыбыў у лес Гарэт. І пачуў Саўл, што выяўлены Давід і людзі, якія былі з ім. А Саўл, калі быў у Габе і сядзеў пад дубам на гары, трымаючы дзіду ў руцэ, і калі ўсе паслугачы яго акружалі яго, сказаў паслугачам сваім, што былі з ім: «Слухайце, сыны Бэньяміна! Сын Ясэя дасць таксама і вам усім палі і вінаграднікі, і вас усіх ён зробіць тысячнікамі і сотнікамі, бо вы ўсе пакляліся супраць мяне. І ніхто не перасцярог мяне, што сын мой заключыў саюз з сынам Ясэя; ніхто з вас не спачуваў мне і не паведаміў мне, што сын мой падгаварыў паслугача майго супраць мяне, каб ён рабіў засаду на мяне, як сёння». На гэта адказаў Даэг ідумеец, які быў з паслугачамі Саўла: «Я ўбачыў сына Ясэя ў Нобе ў Ахімэлеха, сына Ахітуба; ён раіўся з Госпадам наконт яго, і даў яму ежу, але даў яму і меч Галіята філістынца». Тады цар паслаў паклікаць святара Ахімэлеха, сына Ахітуба, і ўвесь дом бацькі яго, значыць святароў, якія былі ў Нобе; усе яны прыбылі да цара. І сказаў Саўл: «Слухай, сын Ахітуба!» Ён адказаў: «Вось я, гаспадару мой». І сказаў яму Саўл: «Чаму пакляліся вы супраць мяне, ты і сын Ясэя, і даў ты яму хлябы і меч, і раіўся наконт яго з Госпадам, каб ён, знаходзячыся ў засадзе, паўстаў супраць мяне, як гэта адбываецца сёння?» І ў адказ цару сказаў Ахімэлех: «І хто з усіх паслугачоў тваіх такі верны, як Давід: і зяць цара, і кіраўнік варты тваёй, і шанаваны ў доме тваім? Ці ж толькі сёння раіўся я наконт яго з Богам? Ніякім чынам, хай цар не падазрае ў гэтай справе паслугача свайго і ўсю сям’ю бацькі майго; бо паслугач твой нічога не ведае ў гэтай справе, ані малога, ані вялікага». Але цар сказаў: «Ты мусіш памерці, Ахімэлех, ты і ўвесь дом бацькі твайго». І загадаў цар паслугачам, якія акружалі яго: «Ідзіце і забіце святароў Госпада, бо рука іх з Давідам; ведаючы, што ён уцёк, яны не паведамілі мне». Паслугачы ж цара не хацелі падняць руку сваю на святароў Госпада. І сказаў цар Даэгу: «Ты ідзі і ўдар святароў». І Даэг ідумеец, пайшоўшы, ударыў святароў; і знішчыў у той дзень восемдзесят пяць чалавек, апранутых у льняны эфод. А святарскі горад Ноб ударыў ён вастрыём меча, пазабіваў мужчын і жанчын, дзяцей і немаўлят, валоў, аслоў і авечак. Уратаваўся ж толькі адзін сын Ахімэлеха, сына Ахітуба, на імя Абіятар, які ўцёк да Давіда і паведаміў яму, што Саўл забіў святароў Госпада. І Давід сказаў Абіятару: «Я ведаў ужо тады, калі быў там Даэг ідумеец, што ён напэўна паведаміць аб гэтым Саўлу. Я адказчык за ўсе душы дому бацькі твайго. Заставайся са мною, не бойся! Бо хто шукае жыцця майго, той шукае і твайго жыцця, і са мною ты будзеш уратаваны».
Аднойчы паведамілі Давіду, кажучы: «Вось, філістынцы нападаюць на Кэйлу і рабуюць гумны». Такім чынам, раіўся Давід з Госпадам, кажучы: «Ці ісці і ўдарыць мне філістынцаў гэтых?» І сказаў Госпад Давіду: «Ідзі і ўдар філістынцаў гэтых, і вызвалі Кэйлу». І сказалі яму ваяры, якія былі з Давідам: «Вось, мы тут, у Юдэі, жывём у страху; як жа пойдзем у Кэйлу на войскі філістынскія?» Дык Давід ізноў раіўся з Госпадам, Які адказаў яму: «Уставай і ідзі на Кэйлу, бо Я аддам філістынцаў у рукі твае». Тады ізноў пайшоў Давід і ваяры яго на Кэйлу, і ваявалі супраць філістынцаў, і забралі іх жывёлу, і ўдарылі іх вялікаю плягаю; і вызваліў Давід жыхароў Кэйлы. А калі Абіятар, сын Ахімэлеха, уцёк да Давіда, ён разам з Давідам выбраўся ў Кэйлу, несучы з сабою эфод. А Саўлу паведамілі, што Давід прыбыў ў Кэйлу, і сказаў Саўл: «Аддаў яго Бог у рукі мае: бо, уваходзячы ў горад, які мае брамы і запоры, ён сам замкнуў сябе». І склікаў Саўл увесь народ, каб ісці на вайну ў Кэйлу і абкладваць Давіда і ваяроў яго. Калі даведаўся Давід аб тым, што Саўл патаемна рыхтуе яму зло, сказаў Абіятару святару: «Прынясі сюды эфод». І сказаў Давід: «Госпадзе, Божа Ізраэля, паслугач твой чуў вестку, што Саўл мае намер прыбыць у Кэйлу, каб зруйнаваць горад з-за мяне. Ці аддадуць мяне жыхары Кэйлы ў рукі яго? І ці прыйдзе Саўл, як чуў паслугач твой? Госпадзе, Божа Ізраэля, адкажы слузе Твайму». І сказаў Госпад: «Прыйдзе». І спытаўся далей Давід: «Ці выдадуць мяне і ваяроў маіх жыхары Кэйлы ў рукі Саўла?» І Госпад сказаў: «Выдадуць». Дык устаў Давід і людзі яго, лікам каля шасцісот, і выйшлі з Кэйлы, і хадзілі, дзе маглі. І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк з Кэйлы, з-за чаго ён адклікаў выправу. А Давід прабываў у пустыні ў самых недасягальных месцах, і затрымаўся на гары, у пустыні Зіф, і Саўл шукаў яго ўвесь час, але Бог не выдаў Давіда ў рукі яго. І даведаўся Давід, што Саўл вырушыў, каб цікаваць на яго жыццё, а Давід быў у пустыні Зіф у Харэсе. І ўстаў Ёнатан, сын Саўла, і прыйшоў да Давіда ў Харэс; і ўмацаваў рукі яго ў Богу, і сказаў яму: «Не бойся, бо не знойдзе цябе рука Саўла, бацькі майго; і ты будзеш цараваць над народам Ізраэля, і я буду другім па табе: але і Саўл, бацька мой, ведае гэта». І абодва яны звязалі сябе сяброўствам перад Госпадам; і Давід застаўся ў Харэсе, а Ёнатан вярнуўся ў дом свой. А жыхары Зіфа пайшлі да Саўла ў Габу, кажучы: «Ці не Давід хаваецца каля нас у самых недасягальных мясцінах у Харэсе, на ўзгор’і Гахіла, на паўднёвым баку пустыні? Дык цяпер, цар, калі душа твая прыйсці пажадае, прыходзь; а нашай справай будзе выдаць яго ў рукі цара». Адказаў Саўл: «Хай дабраславіць вас Госпад, бо вы спачуваеце мне. Прашу, ідзіце, і спраўней прыгатуйцеся, і дзейнічайце старанней, і агледзьце месца, дзе ён ходзіць або дзе хто-небудзь яго там бачыў: бо казалі мне, што ён надта хітры. Выведайце і агледзьце ўсе яго схованкі, у якіх ён хаваецца, і вярніцеся да мяне ў пэўнае месца, каб і я пайшоў з вамі; бо, калі будзе ён у зямлі гэтай, я перашукаю яго ва ўсіх мясцовасцях Юды». І яны, падняўшыся, пайшлі ў Зіф, апераджаючы Саўла. А Давід і людзі яго былі ў пустыні Маон, у Арабе на поўдні пустыні. І вось, Саўл з людзьмі сваімі пайшоў шукаць Давіда, і паведамілі Давіду аб гэтым; і ён накіраваўся да скалы, і пайшоў у пустыню Маон. Калі Саўл пачуў пра гэта, ён пагнаўся за Давідам у пустыні Маон. І ішоў Саўл па адным баку гары, а Давід са сваімі людзьмі былі па другім баку гары; а Давід паспешна ўцякаў ад Саўла. А Саўл і яго людзі акружалі Давіда і яго людзей, як быццам вянком, каб злавіць іх. І прыбыў вястун да Саўла, кажучы: «Спяшайся і вяртайся, бо філістынцы нахлынулі на зямлю». І Саўл вярнуўся, перастаўшы пераследаваць Давіда; і выбраўся супраць філістынцаў. Дзеля таго назвалі месца тое Села-Гамахлекот.
Такім чынам, Давід адышоў адтуль і абжыўся ў месцах самых недасягальных у Эн-Гадзі. І калі вярнуўся Саўл з пагоні за філістынцамі, паведамілі яму, кажучы: «Вось, Давід у пустыні Эн-Гадзі». Дык Саўл, узяўшы тры тысячы ваяроў, адабраных з усяго Ізраэля, пайшоў, каб шукаць Давіда і яго людзей ля скал Дзікіх Коз. І прыйшоў ён да загародкаў авечых пры дарозе. І была там пячора, у якую ўвайшоў Саўл для сваёй патрэбы; а тым часам Давід і яго людзі хаваліся ў глыбіні пячоры. І казалі ваяры Давіда яму: «Вось дзень, аб якім казаў табе Госпад: “Я выдам табе ворага твайго, і ты зробіш яму, як спадабаецца табе”». Устаў, такім чынам, Давід і адрэзаў цішком крысо плашча Саўлавага. Потым задрыжэла сэрца Давіда, што адрэзаў крысо плашча Саўлавага, і сказаў ён сваім людзям: «Хай Госпад будзе міласэрны да мяне, каб я не зрабіў такую рэч гаспадару майму, намашчэнцу Госпадаваму, каб не выцягнуў руку маю на яго, ён бо намашчэнец Госпадаў». І стрымаў Давід ваяроў сваіх гэтымі словамі, і не дапусціў іх, каб яны напалі на Саўла. Тым часам Саўл, падняўшыся, выйшаў з пячоры і працягваў свой шлях. Устаў таксама і Давід за ім і, выйшаўшы з пячоры, закрычаў ззаду за Саўлам, кажучы: «Гаспадару мой, цар!» І глянуў Саўл назад, і Давід, упаўшы тварам на зямлю, пакланіўся яму, і сказаў Саўлу: «Навошта ты слухаеш словы людзей, якія кажуць: “Давід шукае зла для цябе”? Вось, бачаць вочы твае, што Госпад выдаў цябе сёння ў пячоры ў рукі мае; і гаварылі мне, каб я забіў цябе, але пашкадавала цябе вока маё, бо я казаў: “Не падыму рукі маёй на гаспадара майго, бо ён — намашчэнец Госпадаў і бацька мой”. А лепш пабач і пазнай крысо плашча твайго ў маёй руцэ, бо, калі я адрэзаў крысо плашча твайго, я не хацеў забіць цябе. Звярні ўвагу і пераканайся, што ў руцэ маёй няма зла і несправядлівасці і не зграшыў я супраць цябе; а ты цікуеш на жыццё маё, каб забраць яго. Госпад будзе суддзёю паміж мной і табою, і хай адпомсціць Госпад табе за мяне; а я не выцягну рукі сваёй на цябе. Як і ў старадаўняй прыказцы гаворыцца: “Ад бязбожнікаў бязбожнасць паходзіць” — а рука мая не звернецца супраць цябе. Каго гоніць цар Ізраэля? Каго ты пераследуеш? Сабаку здохлага і адну блыху. Хай Госпад будзе суддзёю і рассудзіць мяне і цябе, і хай убачыць і разбярэ справу маю, і вырве мяне з рукі тваёй». Калі ж Давід скончыў гаварыць гэтыя словы Саўлу, Саўл сказаў: «Ці ж гэта твой голас, сын мой Давід?» І пачаў Саўл голасна плакаць. І сказаў ён Давіду: «Ты за мяне справядлівейшы, бо ты аказваеш мне дабро, а я адплачваю табе ліхам. І ты засведчыў сёння, што ставішся да мяне добра, бо калі Госпад выдаў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне. Бо хто, спаткаўшы ворага свайго, пусціў бы яго ў добрую дарогу? Але хай Госпад аддасць табе за гэты выпадак, за тое, што ты сёння зрабіў адносна мяне. І цяпер, бо я ведаю, што ты напэўна будзеш царом і будзеш мець у руцэ сваёй царства Ізраэльскае, прысягні мне Госпадам, што не знішчыш нашчадкаў маіх пасля мяне і не сатрэш імя майго з роду бацькі майго». І Давід прысягнуў Саўлу. Такім чынам, вярнуўся Саўл у дом свой, і Давід і людзі яго пайшлі ў горы, у месца недасяжнае.
У гэты час памёр Самуэль; і сабраліся ўсе ізраэльцы, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме яго ў Раме. І Давід, устаўшы, пайшоў у пустыню Паран. І быў нейкі чалавек у пустыні Маон, які меў сваё ўладанне ў Кармэлі; і быў той чалавек дужа багаты, і было ў яго авечак тры тысячы і тысяча коз. І здарылася, што ён стрыг статак свой у Кармэлі. Імя таго чалавека было Набал, і імя жонкі яго — Абігайль. І жанчына тая была найразважнейшая і прыгожая; а муж яе быў жорсткі і з ліхім норавам, з роду Калеба. І вось, калі Давід пачуў у пустыні, што Набал стрыжэ статак свой, паслаў ён дзесяць юнакоў і сказаў ім: «Ідзіце ў Кармэль і зайдзіце да Набала, і прывітайце яго ад майго імя з супакоем, і скажыце брату майму: “Супакой і табе, і дому твайму, і ўсяму, што маеш, хай будзе супакой! І цяпер пачуў я, што стрыгуць авечак у цябе. Пастухі ж твае былі разам з намі ў пустыні, і мы не зрабілі ім ніякай прыкрасці, і не прапала ў іх ніколі за ўвесь час нічога са статка, калі былі яны з намі ў Кармэлі. Запытайся ў паслугачоў сваіх, і скажуць яны табе. Такім чынам, цяпер няхай юнакі гэтыя маюць ласку ў вачах тваіх; бо ў добры дзень прыходзім; што знойдзе рука твая, дай паслугачам тваім і сыну твайму Давіду”». І, калі прыйшлі паслугачы Давіда, сказалі яны Набалу ўсе словы гэтыя ад імя Давіда, і замаўчалі. І ў адказ сказаў Набал паслугачам Давіда: «Хто такі Давід і хто сын Ясэя? Сёння памножылася колькасць паслугачоў, якія пакідаюць гаспадароў сваіх. Дык я маю ўзяць хлеб свой, і сваю ваду, і мяса жывёлы, якую я забіў для сваіх стрыгалёў, і даць іх людзям, аб якіх я не ведаю, адкуль яны?» І выбраліся юнакі Давіда ў дарогу адваротную, і, прыбыўшы, пайшлі і пераказалі ўсе гэтыя словы Давіду. Тады Давід сказаў ваярам сваім: «Хай кожны падперажацца мечам сваім!» І падперазаўся кожны мечам сваім, і таксама Давід падперазаўся сваім мечам; і вырушылі з Давідам каля чатырохсот чалавек, а дзвесце засталіся ў лагеры. А адзін з паслугачоў паведаміў Абігайль, жонцы Набала, кажучы: «Вось, Давід прыслаў вестуноў з пустыні, каб прывіталі гаспадара нашага, а ён дрэнна абышоўся з імі. Людзі тыя былі для нас даволі добрымі і не крыўдзілі нас; і ніколі за ўвесь час, калі з імі мы хадзілі ў пустыні, нічога не прапала. Былі яны нам мурам як уночы, так і ўдзень ва ўсе дні, калі мы з імі пасвілі свае статкі. Дзеля таго разваж і падумай, што зрабіць, бо ліхая пастанова прынятая супраць гаспадара нашага і супраць усяго дому яго. Ён жа сын Бэліяла, так што з ім ніхто не можа дамовіцца». Тады Абігайль паспяшалася і ўзяла дзвесце хлябоў, і два бурдзюкі віна, і пяць печаных бараноў, і пяць мерак пражаных зярнят, і сто мерак разынак, і дзвесце кавалкаў карыйскіх сушаных фіг, і паставіла на аслоў. І сказала яна паслугачам сваім: «Вы ідзіце наперадзе, а я буду ісці за вамі». А мужу свайму, Набалу, не сказала нічога. І калі яна села на асла і сыходзіла па схіле з гары, Давід і яго людзі ішлі насустрач ёй; і яна спаткала іх. І Давід казаў сабе: «Дарма, сапраўды, я бярог у пустыні ўсю маёмасць гэтага чалавека і нішто не прапала з усяго, што яму належала; і ён аддаў мне ліхам за дабро. Хай гэта зробіць Бог з ворагамі Давіда і тое дадасць, калі я да раніцы пакіну з усяго, што яму належыць, хоць бы хлопца». Калі Абігайль убачыла Давіда, яна паспяшалася, і злезла з асла, і ўпала на твар свой перад Давідам, і пакланілася яму да зямлі. І кінулася яна да ног яго, і сказала: «Гаспадару мой, мая гэта правіннасць; дазволь, прашу, паслугачцы тваёй гаварыць у вушы твае і выслухай словы паслугачкі тваёй. Прашу, хай гаспадар мой не звяртае ўвагі сваёй на чалавека гэтага, ліхога Набала, бо ён такі бязглузды, якое імя яго: Набал імя яго, і ёсць бязглуздасць у ім; а я, паслугачка твая, не бачыла юнакоў гаспадара майго, якіх ты паслаў. Дык цяпер, гаспадару мой, жыве Госпад і жыве душа твая, бо Госпад устрымаў цябе, каб ты не апынуўся ў крыві і ўласнай рукою ўратаваў сябе; і цяпер хай твае ворагі і ўсе, хто хоча няшчасця гаспадару майму, падобнымі стануцца да Набала. Дзеля таго прымі падарунак гэты, які прынесла паслугачка твая гаспадару свайму, і дай яго юнакам сваім, якія ходзяць разам з гаспадаром маім. І даруй правіннасць паслугачкі тваёй, бо Госпад, будуючы, хай збудуе дом надзейны гаспадару майму, які будзе трываць, бо гаспадар мой вядзе войны Госпадавы: і хай не сустрэнецца табе няшчасце ва ўсе дні жыцця твайго. Бо калі часам паўстане хто, каб пераследаваць цябе і цікаваць на жыццё тваё, хай душа гаспадара майго будзе захавана ў вузле жыцця ў Госпада, Бога твайго; а душу ворагаў тваіх хай выкіне Ён адразу ж, як з прашчы. А калі споўніць Госпад гаспадару майму ўсё добрае, што табе абяцаў, і паставіць цябе кіраўніком над Ізраэлем, хай не будзе сэрцу гаспадара майго рыданне і непакой, бо не праліў ты кроў нявінную і сам захаваў сябе ад помсты; і калі Госпад паспагадае гаспадару майму, ты ўзгадаеш тады пра паслугачку сваю». І сказаў Давід Абігайль: «Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які паслаў цябе сёння насустрач мне. І хай будзе дабраславёнай разважнасць твая, і дабраславёна таксама ты, бо ўтрымала ты мяне сёння, каб я не праліў кроў і не пакараў сябе ўласнай рукою. Бо інакш, жыве Госпад, Бог Ізраэля, Які стрымаў мяне, каб я не зрабіў табе зла, каб ты не выйшла хутка насустрач мне, не засталося б у Набала нікога мужчынскага роду да світання». І прыняў Давід з рук яе ўсё, што яна яму прынесла, і сказаў ёй: «Ідзі ў супакоі да дому свайго. Вось, я выслухаў просьбу тваю і ўшанаваў аблічча тваё». А Абігайль вярнулася да Набала; і вось, ён спраўляў баль у доме сваім, як баль царскі. І сэрца Набала было вясёлае, бо быў ён надта п’яны. І яна не сказала яму ані малога, ані вялікага слова пра гэтае да раніцы. А раніцай, калі Набал працверазіўся ад віна, жонка яго расказала яму пра гэтую справу; і замерла сэрца яго ўнутры, і ён зрабіўся, як камень. А праз дзесяць дзён Госпад ударыў Набала, і ён памёр. Калі пачуў Давід аб тым, што Набал памёр, сказаў: «Дабраславёны Госпад, Які рассудзіў справу знявагі маёй ад рукі Набала і захаваў паслугача свайго ад зла, і злачыннасць Набала звярнуў Госпад на яго галаву». І паслаў Давід сказаць Абігайль, што ён бярэ яе сабе за жонку. І прыбылі паслугачы Давіда да Абігайль у Кармэль, і сказалі ёй, кажучы: «Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе сабе за жонку». Яна, устаўшы, пакланілася тварам да зямлі і сказала: «Вось, паслугачка твая ёсць нявольніца, каб мыць ногі паслугачоў гаспадара майго». І паспяшалася і ўстала Абігайль, і села на асла, і пяць дзяўчын, паслугачак яе, ішлі з ёю; і паехала яна за пасланцамі Давіда, і стала жонкаю яму. Але і Ахінаам з Езрагэля ўзяў Давід за жонку, і яны абедзве сталі яго жонкамі. А Саўл аддаў дачку сваю Міхол, жонку Давіда, Палці, сыну Лаіса, які паходзіў з Галіма.
І прыбылі зіфейцы ў Габу да Саўла, кажучы: «Вось, Давід хаваецца на ўзгор’і Гахіла, што на супрацьлеглым баку пустыні». І ўстаў Саўл, і вырушыў у пустыню Зіф, і з ім тры тысячы мужчын, з адабраных у Ізраэлі, каб адшукаць Давіда ў пустыні Зіф. І размясціўся лагерам Саўл на ўзгор’і Гахіла, што знаходзілася на дарозе на супрацьлеглым баку пустыні. А Давід знаходзіўся ў пустыні; і, убачыўшы, што выйшаў Саўл за ім у пустыню, паслаў ён разведчыкаў, і ўпэўніўся, што Саўл сапраўды туды прыйшоў. І ўстаў Давід, і прыбыў да месца, дзе быў Саўл. І ўбачыў ён месца, дзе спаў Саўл і Абнэр, сын Нэра, кіраўнік войска яго. А Саўл спаў у палатцы, і астатні народ вакол яго. І сказаў Давід Ахімэлеху, хетэю, і Абісаю, сыну Сэруі, брату Ёаба, кажучы: «Хто пойдзе са мною ў лагер да Саўла?» І сказаў Абісай: «Я пайду з табой». Дык Давід і Абісай дабраліся цішком ноччу да людзей і знайшлі Саўла, які ляжаў і спаў у палатцы, і дзіду, убітую ў зямлю каля галавы яго, а Абнэр і народ спалі вакол яго. І сказаў Абісай Давіду: «Сёння Бог аддае ворага твайго ў рукі твае. Дык дазволь, я прыб’ю яго дзідаю да зямлі раз, і другі ўжо раз не будзе патрэбы». І сказаў Давід Абісаю: «Не забівай яго, бо ці ж можа быць не вінаваты той, хто падняў руку сваю на намашчэнца Госпадавага?» І сказаў Давід: «Жыве Госпад, бо толькі Госпад пакарае яго, або прыйдзе дзень яго, каб ён памёр, або ён загіне, пайшоўшы на вайну. Хай будзе ласкавы да мяне Госпад, каб я не падняў руку сваю на намашчэнца Госпадавага. А цяпер вазьмі дзіду, што каля галавы яго, і чару з вадой, і пойдзем». І ўзяў Давід дзіду і чару з вадою, якая была каля галавы Саўла, і яны пайшлі, і ніхто іх не бачыў, і ніхто не ведаў, і ніхто не прачнуўся, але ўсе спалі, бо сон ад Госпада сышоў на іх. І калі перайшоў Давід на другі бок і стаў на вяршыні гары здалёку і быў вялікі прастор між імі, закрычаў Давід да людзей і да Абнэра, сына Нэра: «Абнэр, ці не адкажаш мне?» І Абнэр у адказ сказаў: «Хто ты? Чаму ты звяртаешся да цара?» І Давід сказаў Абнэру: «Ці ты не мужчына? І хто іншы параўнаецца з табой у Ізраэлі? Дык чаму ты не пільнаваў гаспадара свайго, цара? Бо ўваходзіў нехта з народа, каб забіць цара, гаспадара твайго. Нядобра тое, што ты зрабіў. Жыве Госпад, бо вы — сыны смерці, якія не пільнавалі гаспадара свайго, намашчэнца Госпадавага. Такім чынам, цяпер паглядзі, дзе дзіда цара і дзе чара з вадою, што стаяла каля галавы яго». А Саўл пазнаў голас Давіда і сказаў: «Ці гэта твой голас, сын мой Давід?» І Давід сказаў: «Гэта мой голас, гаспадару мой, цар». І гаварыў: «Чаму гаспадар мой пераследуе паслугача свайго? Што я зрабіў? Ці ёсць што благое ў руцэ маёй? Дык вось, цяпер хай паслухае, прашу, гаспадар мой, цар, словы паслугача свайго: “Калі Госпад падгаварыў цябе супраць мяне, хай будзе Яму прыемная пахкая ахвяра; калі ж сыны чалавечыя — хай будуць яны праклятыя перад Госпадам, бо выгналі яны мяне сёння, каб я не жыў у спадчыне Госпада, кажучы: “Ідзі, служы чужым багам”. І зараз хай кроў мая не будзе вылітая на зямлю далёка ад аблічча Госпада; бо цар Ізраэля выбраўся, каб цікаваць на адну блыху, як быццам пераследуе хтосьці ў гарах курапатку». І сказаў Саўл: «Зграшыў я. Вярніся, сын мой Давід; бо ўжо ніколі больш не зраблю табе крыўды за тое, што дарагая была сёння ў вачах тваіх душа мая; відаць, што я дзейнічаў бязглузда і шмат разоў памыляўся». І ў адказ сказаў яму Давід: «Вось дзіда цара; хай пяройдзе адзін з паслугачоў і возьме яе. А Госпад адплаціць кожнаму паводле яго справядлівасці і вернасці; бо аддаў цябе сёння Госпад у рукі мае, і я не хацеў падымаць рукі сваёй на намашчэнца Госпадавага. І як каштоўным было жыццё тваё ў вачах маіх, так няхай каштоўным будзе жыццё маё ў вачах Госпада, і хай вызваліць Ён мяне ад усякага няшчасця». І сказаў Саўл Давіду: «Дабраславёны ты, сын мой Давід; і ўсё, што будзеш рабіць, зробіш, і чым пажадаеш авалодаць, тым будзеш валодаць». А Давід пайшоў сваёй дарогай, і Саўл вярнуўся на сваё месца.
І сказаў Давід у сэрцы сваім: «Аднойчы, у нейкі дзень, траплю я ў рукі Саўла; ці не лепш мне ўцячы і ўратавацца ў зямлі філістынцаў, каб адчаяўся Саўл і перастаў ва ўсіх межах Ізраэля цікаваць на мяне. Так я ўхілюся ад рук яго». І сабраўся Давід, і пайшоў сам і шэсцьсот чалавек разам з ім да Ахіса, сына Маоха, цара Гета. І абжыўся Давід з Ахісам у Геце, сам і ваяры яго, кожны са сваёй сям’ёй: Давід з дзвюма жонкамі сваімі, Ахінаам з Езрагэля і з Абігайль, якая была жонкай Набала з Кармэля. І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк у Гет, і ён перастаў шукаць яго. А Давід сказаў Ахісу: «Калі знайшоў я ласку ў вачах тваіх, дай мне месца ў адным з гарадоў зямлі гэтай, каб я мог абжыцца там. Бо навошта паслугач твой мае жыць з табою ў горадзе цара?» Такім чынам, даў яму Ахіс у той дзень Сікэлаг; таму Сікэлаг стаўся горадам цароў юдэйскіх аж да гэтага дня. А тэрмін, які пражыў Давід у зямлі філістынцаў, быў год і чатыры месяцы. І выходзіў Давід з людзьмі сваімі, і меў здабычу з гэсурцаў, і з гергесеяў, і з Амалека; бо гэтыя народы жылі на зямлі Тэлем пры дарозе на Сур і аж да зямлі Егіпта. І пустошыў Давід усю зямлю, і не пакідаў жывымі ані мужчыны, ані жанчыны; і забіраў авечак, і валоў, і аслоў, і вярблюдаў, і адзенне, і вяртаўся, і прыходзіў да Ахіса. Пытаўся ж у яго Ахіс: «На каго нападалі вы сёння?» І Давід адказваў: «На Нагэб Юды, і на Нагэб Ерамээля, і на Нагэб кінэйскі». Ані мужчыны, ані жанчыны не шкадаваў Давід і не прыводзіў іх у Гет, кажучы: «Каб часам не сказалі на нас: “Гэта зрабіў Давід”». І гэта было галоўнае правіла яго ва ўсе дні, калі ён жыў у краіне філістынцаў. Такім чынам, давяраў Ахіс Давіду, кажучы: «Стаўся ён ненавісным народу свайму, Ізраэлю; таму будзе ён мне паслугачом вечным».
А ў тыя дні сталася, што сабралі філістынцы дружыны свае, каб падрыхтаваць іх да вайны супраць Ізраэля. І Ахіс сказаў Давіду: «Ведаючы, ведай цяпер, што ты пойдзеш са мною ў лагер, ты і людзі твае». І сказаў Давід Ахісу: «Таму і ты даведаешся, што будзе рабіць паслугач твой». І Ахіс сказаў Давіду: «Таму стаўлю я цябе ахоўнікам галавы маёй на ўсе дні». А Самуэль памёр; і плакаў па ім увесь Ізраэль, і пахавалі яго ў горадзе яго, у Раме. І Саўл прагнаў варажбітоў і чараўнікоў з краіны. І філістынцы сабраліся і прыйшлі, і сталі лагерам у Сунаме. А Саўл таксама сабраў увесь Ізраэль і расклаўся лагерам у Гэльбоэ. І паглядзеў Саўл на лагер філістынцаў, і спалохаўся, і надта задрыжэла ў ім сэрца. І пытаўся ён у Госпада, і Ён яму не адказаў, ані праз сон, ані праз урым, ані праз прарокаў. І сказаў Саўл паслугачам сваім: «Пашукайце мне жанчыну, якая выклікае духаў; і я пайду да яе, і запытаюся праз яе». І паведамілі яму паслугачы яго: «Ёсць жанчына, якая выклікае духі, у Эн-Доры». І змяніў Саўл адзенне сваё, і апрануўся ў іншае адзенне, і пайшоў сам, а разам з ім двое мужчын; і прыйшлі яны да той жанчыны ноччу, і кажа ёй Саўл: «Паваражы мне і выкліч мне таго, каго я табе скажу». І жанчына кажа яму: «Вось, ты ведаеш, што зрабіў Саўл і як ён выгнаў варажбітоў і чараўнікоў з краіны; дык чаму цікуеш ты на маё жыццё, каб забіць мяне?» І Саўл прысягнуў ёй Госпадам, кажучы: «Жыве Госпад, бо не будзе табе нічога благога з-за гэтай справы». І запыталася ў яго жанчына: «Каго выклікаць табе?» Ён сказаў: «Выкліч мне Самуэля». Калі жанчына ўбачыла Самуэля, усклікнула моцным голасам і сказала Саўлу: «Чаму ты мяне падмануў? Бо ты — Саўл!» І сказаў ёй цар: «Не бойся. Што ты бачыш?» І жанчына кажа Саўлу: «Бачу чалавека Божага, што выходзіць з зямлі». І ён сказаў ёй: «Як ён выглядае?» Сказала яна: «Стары чалавек выходзіць, і апрануты ён у плашч». Зразумеў Саўл, што гэта Самуэль, і ўпаў перад ім тварам сваім да зямлі, і пакланіўся. А Самуэль сказаў Саўлу: «Чаму ты не даеш мне супакою і турбуеш мяне?» І Саўл сказаў: «Я знаходжуся ў вялікім горы. Бо філістынцы ваююць супраць мяне, і Бог адступіўся ад мяне і не жадае слухаць мяне, ані праз прарокаў, ані праз сон; дык я паклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што я маю рабіць». І кажа Самуэль: «Навошта ты пытаешся ў мяне, калі Госпад адступіўся ад цябе і стаўся ворагам тваім? Бо зрабіў Госпад так, як казаў праз мяне; і Ён забраў царства з рукі тваёй і аддаў яго блізкаму твайму, Давіду, бо ты не слухаў голас Госпада і не споўніў лютага гневу Яго ў адносінах да Амалека. Таму ты церпіш тое, што ўчыніў табе Госпад сёння. І аддасць Госпад таксама Ізраэль разам з табою ў рукі філістынцаў; заўтра ж ты і сыны твае будзеце са мною, але і лагер Ізраэля аддасць Госпад у рукі філістынцаў». І адразу ж Саўл упаў усім целам на зямлю; бо ахапіў яго жах з-за слоў Самуэля, і пакінула яго сіла, бо не еў ён хлеба ўвесь дзень той і ўсю тую ноч. І падышла тая жанчына да Саўла, і ўбачыла, што ён надта перапалоханы; і сказала яму: «Вось, паслугачка твая паслухала размову тваю, і паклала душу сваю ў руку тваю, і паслухалася загаду твайго, які ты мне даў. Дык цяпер і ты паслухай голасу паслугачкі сваёй, каб я паклала перад табою лусту хлеба і каб ты, з’еўшы яе, паздаравеў і змог выбрацца ў дарогу». Ён адмовіўся і казаў: «Не буду есці». А паслугачы яго і жанчына тая ўпрошвалі яго; і ён, нарэшце, паслухаўшы слоў іх, падняўся з зямлі і сеў на ложку. Жанчына ж тая мела кормнае цяля ў доме, і яна паспяшалася і зарэзала яго, і, узяўшы муку, яна рашчыніла яе і напякла праснакоў. І палажыла ўсё гэта перад Саўлам і перад паслугачамі яго. Калі яны пад’елі, яны сабраліся і адышлі ў тую ж самую ноч.
І сабралі філістынцы ўсе дружыны каля Афэка; але і ізраэльцы расклаліся лагерам каля крыніцы, якая была ў Езрагэлі. Да таго ж князі філістынскія стаялі на чале сотняў і тысяч; а Давід са сваімі ваярамі ішоў у апошняй дружыне з Ахісам. І казалі князі філістынскія: «Што гэта за гебраі?» А Ахіс тлумачыў князям філістынскім: «Ці ж гэта не Давід, які быў паслугачом Саўла, цара Ізраэля, і які ўжо шмат дзён і нават гадоў быў у мяне, і я не знайшоў у ім нічога ад дня, у які прыйшоў ён да мяне, аж да гэтага дня?» Але загневаліся на яго князі філістынскія і казалі яму: «Хай вернецца гэты чалавек і сядзіць на сваім месцы, дзе пасадзіў ты яго, і хай не ідзе з намі ў бой, каб не стаўся ён нашым ворагам, калі пачнём біцца. Бо якім чынам інакш мог бы ён вярнуць ласку валадара свайго, калі не галовамі гэтых людзей? Ці ж гэта не той самы Давід, якому спявалі пры танцах, кажучы: “Пабіў Саўл свае тысячы, а Давід — свае дзесяткі тысяч?”» І паклікаў Ахіс Давіда, і сказаў яму: «Жыве Госпад: бо ты праўдзівы, і добры ў маіх вачах твой выхад і тваё вяртанне разам са мною ў лагер, і я не знайшоў у табе нічога благога ад дня, у які ты прыбыў да мяне, аж да гэтага дня. Але князям ты не падабаешся. Такім чынам, вярніся і ідзі ў супакоі, і не зневажай вачэй князёў філістынскіх». І сказаў Давід Ахісу: «Што ж я зрабіў, і што знайшоў ты ў паслугачы тваім ад дня, калі я прыйшоў да цябе, аж да гэтага дня, каб не мог я ісці і ваяваць супраць ворагаў гаспадара майго, цара?» У адказ Ахіс сказаў Давіду: «Ведаю я, што ты добры ў вачах маіх, як анёл Божы; але князі філістынскія сказалі: “Хай не ідзе ён з намі ў бой”. Такім чынам, устань раніцай ты і паслугачы гаспадара твайго, якія прыйшлі з табой, і, калі ўстанеце ўночы і пачне днець, адыдзіце адсюль». Дык ноччу ўстаў сам Давід і людзі яго, каб выбрацца ў дарогу раніцай і вярнуцца ў зямлю Філістынскую. А філістынцы пайшлі ў Езрагэль.
І калі Давід разам са сваімі ваярамі прыйшоў ў Сікэлаг, амалекцы напалі на Нагэб і Сікэлаг, і здабылі Сікэлаг і спалілі яго агнём; і забралі яны ў палон жанчын і ўсіх у ім, ад найменшага да найбольшага, і не забілі нікога, але павялі з сабою і вярталіся дарогай сваёй. Дык калі Давід са сваімі людзьмі вярнуўся ў горад і ўбачыў, што ён падпалены агнём і што жонкі іх, і сыны іх, і дочкі забраныя ў няволю, загаласілі Давід і народ, які з ім быў, і плакалі яны, аж пакуль ім хапала слёз. А ўзялі ў палон таксама абодвух жонак Давіда, Ахінаам з Езрагэля і Абігайль, жонку Набала з Кармэля. І Давід адчуваў вялікае гора; бо хацеў народ яго ўкаменаваць, бо засмучаная была душа кожнага чалавека дзеля сыноў іх і дачок. Але Давід набраў сілы ў Госпадзе, Богу сваім, і сказаў святару Абіятару, сыну Ахімэлеха: «Прынясі мне эфод!» І Абіятар прынёс эфод Давіду. І раіўся Давід з Госпадам, пытаючыся: «Ці гнацца мне за гэтымі рабаўнікамі, ці не?» І сказаў яму Госпад: «Ганіся, бо, без сумнення, дагоніш іх і адбярэш здабычу». Такім чынам, пайшоў Давід сам і шэсцьсот ваяроў, якія былі пры ім, і дайшлі аж да ручая Бэзор, і тыя, што змучыліся, крыху затрымаліся. А гнаўся сам Давід і чатырыста ваяроў; і астатнія спыніліся: дзвесце чалавек, якія, стомленыя, не маглі перайсці праз ручай Бэзор. І знайшлі яны ў полі чалавека егіпцяніна, і прывялі яго да Давіда; і далі яму хлеба, і ён з’еў, і далі яму вады напіцца, але далі яму таксама карыйскіх сушаных фіг і дзве гронкі разынак. Калі ён гэта з’еў, вярнуўся да яго дух яго, бо ён ужо тры дні і тры ночы не еў хлеба і не піў вады. Тады запытаў у яго Давід: «Чый ты і адкуль?» Ён сказаў яму: «Я малады егіпцянін, нявольнік амалекца, але кінуў мяне гаспадар мой, бо я захварэў тры дні таму. А мы напалі на Нагэб херэтаў, і на Нагэб Юды, і на Нагэб Калеба, і Сікэлаг спалілі агнём». І спытаў у яго Давід: «Ці можаш ты нас завесці да той арды?» Ён адказаў: «Прысягні мне Богам, што не заб’еш мяне і не аддасі мяне ў рукі гаспадара майго, і тады я завяду цябе да той арды». Калі ён павёў яго, тыя разышліся, вось, па ўсёй краіне, елі і пілі, і святкавалі дзеля вялікай здабычы і нарабаванага, якое сабралі яны ў філістынскай і Юдэйскай зямлі. І забіваў іх Давід ад раніцы аж да вечара наступнага дня, і ніхто з іх не застаўся, акрамя чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюдаў і ўцяклі. І забраў Давід усё, што нарабаваў Амалек, і вызваліў таксама абедзвюх сваіх жонак. І ніхто з іх не загінуў, ад найменшага да найбольшага, ані сыны, ані дочкі, і ўсё, што тыя нарабавалі, усё забраў Давід назад. І ўзяў Давід усе статкі і табуны, і гналі гэтую маёмасць перад ім, і крычалі: «Вось здабыча Давіда!» Давід жа дайшоў да тых двухсот чалавек, што, стомленыя, спыніліся і не маглі ісці з Давідам і засталіся па яго загадзе каля ручая Бэзор. І перанялі яны Давіда і людзей яго, а Давід, падышоўшы да іх, прывітаў іх мірна. І ў адказ адзін чалавек, найгоршы і несправядлівейшы з людзей, што хадзілі з Давідам, сказаў ім: «Яны не пайшлі разам з намі, і мы не аддадзім ім нічога са здабычы, якую мы забралі; але дастаткова кожнаму яго жонкі і дзяцей; калі яны іх забяруць, хай ідуць». Сказаў жа Давід: «Нельга рабіць так, браты мае, з тым, што даў нам Госпад, і Ён захаваў нас, і аддаў гэтую арду, якая на нас напала, у нашы рукі; ніхто не паслухае вас у гэтай размове: бо будуць мець аднолькавую частку і тыя, што ваявалі, і тыя, што заставаліся ў лагеры, і хай яны дзеляць роўна». І ад гэтага дня і надалей сталася гэта як пастанова і як закон для ізраэльцаў, і пратрывала аж па сённяшні дзень. Такім чынам, Давід вярнуўся ў Сікэлаг, і паслаў ён падарункі са здабычы старэйшынам Юды, блізкім сваім, кажучы: «Прыміце дабраславенне са здабычы на ворагах Госпада». І паслаў ён тым, што ў Бэтэлі, і тым, што ў Рамот-Нагэбе, і тым, што ў Ятэры, і тым, што ў Арары, і тым, што ў Сэфамоце, і тым, што ў Эстэмо, і тым, што ў Кармэлі, і ў гарадах Ерамээля, і ў гарадах кінэяў, і тым, што ў Хорме, і тым, што ў Барасане, і тым, што ў Атаху, і тым, што ў Геброне, і ў астатніх месцах, дзе праходзіў сам Давід са сваімі ваярамі.
А філістынцы ваявалі з ізраэльцамі; і ваяры Ізраэля пабеглі ад філістынцаў, і падалі забітыя на гары Гэльбоэ. І дагналі філістынцы Саўла і сыноў яго, і забілі Ёнатана, і Абінадаба, і Мэльхісуа, сыноў Саўла. І ўрэшце бой ішоў толькі каля Саўла; сталі страляць у яго лучнікі, і быў ён моцна паранены лучнікамі. І сказаў Саўл свайму збраяносцу: «Вазьмі меч свой і забі мяне, каб часам не надышлі гэтыя неабрэзаныя, і не забілі мяне, і не здзекаваліся з мяне». І збраяносец яго не хацеў гэтага зрабіць, бо вельмі баяўся. Тады Саўл дастаў меч, і кінуўся на яго. Калі збраяносец яго ўбачыў, што Саўл памёр, тады сам таксама кінуўся на свой меч і разам з ім памёр. Дык у той дзень загінулі разам Саўл і тры яго сыны, і збраяносец яго, і ўсе людзі яго. А ізраэльцы, што жылі на другім баку раўніны і на тым баку Ярдана, убачыўшы, што войска Ізраэля ўцякло і што загінулі Саўл і сыны яго, пакінулі свае гарады і паўцякалі. І прыйшлі філістынцы, і абжыліся там. Назаўтра ж сталася, што прыйшлі філістынцы, каб рабаваць забітых, і знайшлі Саўла і трох яго сыноў, што ляжалі на гары Гэльбоэ. І адрэзалі яны Саўлу галаву, і забралі зброю яго, якую паслалі па ўсёй зямлі філістынскай, каб разнесці вестку ў храмах багоў сваіх і сярод людзей. І паклалі яны зброю ў святыні Астарты, а цела яго павесілі на муры Бэтсана. Калі даведаліся жыхары Явіса ў Галаадзе пра тое, што філістынцы ўчынілі з Саўлам, падняліся ўсе наймужнейшыя людзі і ішлі ўсю ноч, і знялі цела Саўла і целы сыноў яго з мура Бэтсана, і прынеслі іх у Явіс, і спалілі іх там. І ўзялі яны косці іх, і пахавалі пад тамарыскам у Явісе, і пасцілі там сем дзён.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017