Библия › Чарняўскі-17 › Эздры

Эздры

Каб збылося слова Госпада, сказанае Ярэміем, узбудзіў Госпад дух Кіра, цара персаў, у першы год царавання яго, які на ўсё царства сваё разаслаў загад, пісьмова абвяшчаючы: «Вось што кажа Кір: “Усе царствы зямлі даў мне Госпад, Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць дом Яму ў Ерузаліме, што ў Юдэі. Калі ёсць хто з вас з народа Яго, дык хай Бог яго будзе з ім, і хай ідзе ён у Ерузалім, які ў Юдэі, і збудуе дом Госпаду, Богу Ізраэля: гэта той Бог, што ў Ерузаліме. І ўсім, хто застаўся ва ўсіх месцах, дзе яны пражываюць, хай дапамогуць ім людзі іх мясцовасці, срэбрам, і золатам, і маёмасцю, і жывёлаю, а таксама добраахвотнымі ахвярамі для святыні Божай, што ў Ерузаліме”». Ды сабраліся кіраўнікі родаў Юды і Бэньяміна, і святары, і левіты дый кожны, чый дух Бог абудзіў, каб ісці на будаванне святыні Госпада, што была ў Ерузаліме. І ўсе тыя, што жылі побач, узмацнілі рукі іх, прыносячы срэбраны і залаты посуд, маёмасць, жывёлу ды каштоўнасці, апрача ахвяраў добраахвотных. А цар Кір вынес посуд святыні Госпадавай, які Набукаданосар вывез з Ерузаліма і які змясціў у храме бога свайго; а аддаў іх Кір, цар персаў, праз руку скарбніка Мітрыдата, які перадаў іх Сасабасару, князю юдэйскаму. І вось лік іх: залатых чараў — трыццаць, срэбраных чараў — тысяча, нажоў — дваццаць дзевяць, келіхаў залатых — трыццаць, таксама келіхаў срэбраных — чатырыста дзесяць і іншага посуду надта многа; усяго пасудзін залатых і срэбраных — пяць тысяч чатырыста. Гэтае ўсё прынёс Сасабасар з тымі, што прыйшлі з перасялення бабілонскага ў Ерузалім.

А гэта сыны той акругі, якія вярнуліся з няволі чужынскай, якіх перасяліў цар Бабілона Набукаданосар у Бабілон, і вярнуліся яны ў Ерузалім і ў Юдэю, кожны ў свой горад. Прыйшлі яны з Зарабабэлем, Ешуа, Нэгэміем, Сараем, Рагэлаем, Мардахэем, Бэльсанам, Мэспарам, Бэгваем, Рэгумам і Баанам. Лік мужоў народа Ізраэльскага: сыноў Пароса — дзве тысячы сто семдзесят два; сыноў Сафаціі — трыста семдзесят два; сыноў Арэ — семсот семдзесят пяць; сыноў Пагатмааба, гэта нашчадкі Ешуа і Ёаба, — дзве тысячы восемсот дванаццаць; сыноў Элама — тысяча дзвесце пяцьдзесят чатыры; сыноў Зэтуа — дзевяцьсот сорак пяць; сыноў Захая — семсот шэсцьдзесят; сыноў Бані — шэсцьсот сорак два; сыноў Бэбая — шэсцьсот дваццаць тры; сыноў Азгада — тысяча дзвесце дваццаць два; сыноў Аданікама — шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць; сыноў Бэгвая — дзве тысячы пяцьдзесят шэсць; сыноў Адзіна — чатырыста пяцьдзесят чатыры, сыноў Атэра, якія былі з дому Эзэкіі, — дзевяноста восем, сыноў Бэсая — трыста дваццаць тры; сыноў Ёры — сто дванаццаць; сыноў Гасума — дзвесце дваццаць тры; сыноў Гэбара — дзевяноста пяць; людзей з Бэтлехэма — сто дваццаць тры; людзей з Нэтофы — пяцьдзесят шэсць; людзей з Анатота — сто дваццаць восем; людзей з Азмавэта — сорак два; людзей з Карыят-Ярыма, Кафіры і Бэрота — семсот сорак тры; людзей з Рамы і Габы — шэсцьсот дваццаць адзін; людзей з Міхмаса — сто дваццаць два; людзей з Бэтэля і Гая — дзвесце дваццаць тры; сыноў Нэбы — пяцьдзесят два; сыноў Мэгбіса — сто пяцьдзесят шэсць; сыноў другога Элама — тысяча дзвесце пяцьдзесят чатыры; сыноў Гарыма — трыста дваццаць; сыноў Лода, Хадыда і Она — семсот дваццаць пяць; сыноў Ерыхона — трыста сорак пяць; сыноў Сэны — тры тысячы шэсцьсот трыццаць. Святароў: сыноў Ядаі, з дому Ешуа — дзевяцьсот семдзесят тры; сыноў Эмэра — тысяча пяцьдзесят два; сыноў Пасура — тысяча дзвесце сорак сем; сыноў Гарыма — тысяча семнаццаць. Левітаў: сыноў Ешуа — гэта сыны Кадмігэля, Бэнуі, Адовіі — семдзесят чатыры. Спевакоў: сыноў Асафа — сто дваццаць восем. Прыдзверных: сыноў Сэлума, сыноў Атэра, сыноў Тэльмона, сыноў Акуба, сыноў Гатыты, сыноў Сабая — усіх разам сто трыццаць дзевяць. Нявольнікаў святыні: сыноў Сігі, сыноў Гасуфы, сыноў Табаота, сыноў Кера, сыноў Сіа, сыноў Падона, сыноў Лебаны, сыноў Хагаба, сыноў Акуба, сыноў Хагаба, сыноў Сэмлі, сыноў Ханана, сыноў Гідэля, сыноў Гахара, сыноў Рааі, сыноў Разіна, сыноў Нэкоды, сыноў Газама, сыноў Озы, сыноў Пасэа, сыноў Бэсы, сыноў Асэны, сыноў маанітаў, сыноў нэфусаў, сыноў Бакбука, сыноў Гакуфы, сыноў Харгура, сыноў Баслута, сыноў Магіды, сыноў Гарсы, сыноў Бэркаса, сыноў Сісары, сыноў Тэмы, сыноў Насіі, сыноў Гатыфы. Сыноў нявольнікаў Саламона: сыноў Сатая, сыноў Сафэрэта, сыноў Пэруды, сыноў Яалы, сыноў Даркона, сыноў Гідэля, сыноў Сафаціі, сыноў Гатыла, сыноў Пахэрэта Гасэбаіма, сыноў Амі — усіх нявольнікаў святыні і сыноў нявольнікаў Саламона — трыста дзевяноста два. І тыя, якія выйшлі з Тэльмэлы, Тэльгарсы, Хэруба, Адона і Эмэра і не змаглі назваць дом бацькоў сваіх і паходжанне сваё, ці былі яны з Ізраэля: сыноў Далаі, сыноў Тобіі, сыноў Нэкоды — шэсцьсот пяцьдзесят два. І з сыноў святароў: сыны Гобіі, сыны Акоса, сыны Барзэлая, які ўзяў за жонку адну з дачок Бэрзэлая з Галаада ды ўзяў яго імя. Яны шукалі запісы свайго радаводу і не знайшлі, і былі яны выключаны з святарства. І намеснік забараніў ім спажываць ежу ахвяраваную, пакуль не з’явіцца святар для ўрыму і туміму. Уся гэта грамада разам налічвала сорак дзве тысячы трыста шэсцьдзесят чалавек, апрача іх нявольнікаў і нявольніц, якіх было сем тысяч трыста трыццаць сем, а таксама спевакоў і спявачак, якіх было дзвесце. Коней мелі яны семсот трыццаць шэсць, мулаў — дзвесце сорак пяць, вярблюдаў іх было — чатырыста трыццаць пяць, аслоў іх было — шэсць тысяч семсот дваццаць. Некаторыя ж з кіраўнікоў родаў пры ўваходзе сваім у святыню Госпада ў Ерузаліме склалі добраахвотна дары для дома Божага, для адбудавання яго на сваім месцы. Па сваіх магчымасцях далі яны ў скарбоўню шэсцьдзесят адну тысячу драхмаў золата, пяць тысяч мін срэбра дый сто святарскіх шатаў. Такім чынам, пасяліліся там святары, і левіты, і частка народа; а спевакі, і прыдзверныя, і нявольнікі святыні — у сваіх гарадах, і ўвесь Ізраэль — у сваіх гарадах.

І ўжо надышоў сёмы месяц, і сыны Ізраэля жылі ў сваіх гарадах. Такім чынам, сабраўся ўвесь народ, як адзін чалавек, у Ерузаліме. І ўстаў Ешуа, сын Ёсэдэка, і браты яго святары, і Зарабабэль, сын Салаціэля, і яго браты, і збудавалі ахвярнік Богу Ізраэля, каб складаць на ім цэласпаленні, як напісана ў законе Майсея, чалавека Божага. А паставілі ахвярнік на яго падножжах, бо адчувалі пагрозу ад суседніх народаў, і на ім складалі цэласпаленні Госпаду зранку і ўвечары. І адсвяткавалі свята палатак, як напісана, і складалі ахвяры штодзень па парадку, адпаведна пастанове на кожны дзень; і, акрамя штодзённага цэласпалення, складалі таксама ахвяры ў дні маладзіка і ва ўсе ўрачыстасці, што былі пасвячоны Госпаду, і заўсёды, калі хто даваў добраахвотную ахвяру для Госпада. З першага дня сёмага месяца пачалі складаць цэласпаленні Госпаду, але для святыні Божай не быў яшчэ пакладзены падмурак. А грошы далі каменябойцам і майстрам, таксама ежу, і пітво, і аліўкавы алей сідонцам і тырцам, каб яны даставілі дрэва кедравае з Лібана да Ёпэ з дазволу Кіра, цара персаў. А на другі год па прыбыцці сваім да святыні Божай у Ерузаліме, у другім месяцы, Зарабабэль, сын Салаціэля, і Ешуа, сын Ёсэдэка, і астатнія браты іх, святары і левіты, і ўсе, што вярнуліся з няволі ў Ерузалім, узяліся за справу і паклікалі левітаў ад дваццаці гадоў і вышэй наглядаць за работай пры будове святыні Госпадавай. І сталі Ешуа, і сыны яго, і браты яго, Кадмігэль, Бэнуй і Адовія, як адзін чалавек, кіраваць тымі, што працавалі пры будове святыні Божай; і таксама сыны Гэнадада, з сынамі сваімі і братамі сваімі — левітамі. Такім чынам, калі заклалі падмурак святыні Госпадавай, сталі святары ў шатах сваіх з трубамі і левіты, сыны Асафа, з цымбаламі, каб славіць Бога па загадзе Давіда, цара Ізраэльскага. І заспявалі гімны і падзякі Госпаду: «Бо добры Ён, бо вечная міласэрнасць Яго для Ізраэля». Таксама ўвесь народ голасна ўсклікаў, славячы Госпада дзеля закладкі падмуркаў святыні Госпадавай. Таксама многія старыя паміж святароў, і левітаў, і кіраўнікоў родаў, якія сваімі вачамі бачылі першую святыню на гэтым месцы, моцна плакалі; і многія галосна ўсклікалі з радасцю. І не мог ніхто адрозніць крык тых, хто радаваўся, ад ляманту народа, бо народ падняў вялікі крык, і шум яго быў чутны далёка.

А ворагі Юды і Бэньяміна пачулі, што сыны няволі будуюць святыню Госпаду, Богу Ізраэля; і, прыйшоўшы да Зарабабэля і да кіраўнікаў родаў, сказалі ім: «Мы будзем будаваць разам з вамі, бо, як і вы, мы звяртаемся да Бога вашага і складаем Яму ахвяры ад дзён Асархадона, цара асірыйцаў, які прывёў нас сюды». І Зарабабэль, і Ешуа, і іншыя кіраўнікі родаў Ізраэля сказалі ім: «Не належыць нам з вамі будаваць дом Богу нашаму, але мы самі пабудуем самастойна дом Госпаду, Богу Ізраэля, як загадаў нам Кір, цар персаў». Такім чынам, сталася, што пачаў народ зямлі той аблытваць рукі народа юдэйскага і перашкаджаць яму ў будаўніцтве. І падкупілі супраць іх дарадчыкаў [цара], каб перашкодзіць намеру іх, ва ўсе дні Кіра, цара персаў, і аж да валадарання Дарыя, цара персаў. А ў цараванне Асуэра, у пачатку яго царавання, напісалі яны абвінавачанне на жыхароў Юдэі і Ерузаліма. І ў дні Артаксэркса напісалі Бэсэлам, Мітрыдат і Табэль ды іншыя, што былі ў нарадзе іх, Артаксэрксу, цару персаў; ліст жа абвінавачвання быў напісаны літарамі сірыйскімі і складзены на сірыйскай мове. Кіраўнік Рэгум і пісар Самсай напісалі цару Артаксэрксу адзін ліст супраць Ерузаліма такога зместу: «Рэгум, кіраўнік, і Самсай, пісар, ды іншыя іх таварышы: суддзі і кіраўнікі, урадоўцы персідскія, эрэкэйцы, бабілонцы, сузанэхэйцы, гэта значыць эламіты, ды з іншых народаў людзі, якіх вялікі і слаўны Асэнапар перасяліў і пасяліў у супакоі ў гарадах Самарыі і ў другіх гарадах за ракою». Вось копія ліста, які паслалі яны да яго: «Цару Артаксэрксу — паслугачы твае, людзі, што жывуць за ракою. Такім чынам, хай ведае цар, што юдэі, якія прыйшлі ад цябе да нас, прыбылі ў Ерузалім, бунтарны і найгоршы горад, які адбудоўваюць, папраўляючы муры яго і ўжо заклалі падмуркі. Цяпер хай цар ведае, што калі той горад будзе адбудаваны і муры яго адноўлены, то яны не дадуць ані падатку, ані даніны, ані харчоў, і гэта ўрэшце прынясе цару шкоду. А як мы, памятаючы пра соль, якую мы елі ў царскім палацы, лічым, што не выпадае нам бачыць знявагу для цара, таму дасылаем цару паведамленне, каб пашукаў ты ў хроніках бацькоў тваіх, і знайшоў у гэтых хроніках, і даведаўся, што гэты горад бунтарны і шкоду прынёс царам і правінцыям, і што падымаюцца ў ім бунты з даўніх часоў; дзеля таго і зруйнаваны быў гэты горад. Таму паведамляем мы цару, што калі гэты горад будзе адбудаваны і муры яго адноўлены, то ты не будзеш мець уладання за ракою». Цар даслаў адказ: «Кіраўніку Рэгуму, і пісару Самсаю, і іншым, што ўваходзілі ў нараду тых, хто жыў у Самарыі і на зямлі за ракою: “Супакой вам! Вось жа, ліст, які прыслалі вы нам, выразна быў прачытаны перада мною. І мною быў выдадзены загад, і шукалі, і знайшлі, што гэты горад ад даўніх часоў паўставаў супраць цароў і што падымаліся ў ім бунты і паўстанні; і цары ў Ерузаліме былі наймагутнейшыя, і яны валадарылі над усёй краінай, што за ракою, і яны бралі падатак, і даніну, і таксама харчы. Ды цяпер загадайце, каб гэтыя людзі спыніліся і каб горад гэты не будаваўся, калі толькі такі загад не будзе дадзены мною. Глядзіце, не занядбайце гэта выканаць, і каб не ўзрасло зло супраць цароў”». Такім чынам, копія загаду цара Артаксэркса была прачытана перад кіраўніком Рэгумам і пісарам Самсаем і іх дарадчыкамі; ды яны спешна выправіліся ў Ерузалім да юдэяў і пад пагрозай сілы забаранілі далейшую працу іх. Тады спынілася праца пры доме Госпада ў Ерузаліме і не праводзілася аж да другога года царавання Дарыя, цара персаў.

А Агей прарок і Захарыя прарок, сын Адо, абвясцілі юдэям, што былі ў Юдэі і ў Ерузаліме, прароцтва ў імя Бога Ізраэля, Які быў над імі. Тады падняліся Зарабабэль, сын Салаціэля, і Ешуа, сын Ёсэдэка, і пачалі будаваць святыню Божую ў Ерузаліме; а прарокі Божыя дапамагалі ім. А тым часам прыбылі да іх Татанай, які быў кіраўніком за ракою, і Старбузанай, і іх дарадчыкі і так сказалі ім: «Хто даў вам права будаваць дом гэты і дарабляць муры гэтыя? Якія імёны людзей, што кіруюць гэтаю будоўляй?» А вока Бога іх было над старшынамі юдэяў, і яны не перашкодзілі ім, аж пакуль справа не апынулася ў Дарыя, і той не пераслаў рашэнне ў гэтай справе. Копія ліста, які даслаў Татанай, кіраўнік зямлі за ракой, і Старбузанай, і іх дарадчыкі, і кіраўнікі, якія былі за ракой, цару Дарыю. Ліст, які яны паслалі яму, так быў напісаны: «Цару Дарыю — усякі супакой! Хай ведае цар, што мы хадзілі ў Юдэйскую краіну ў дом Вялікага Бога, які будуецца з квадратнага каменя, і дрэва ўкладаецца ў сцены; і праца гэта робіцца старанна ды расце ў іх руках. Дык мы спыталіся ў тых старэйшын і так казалі ім: “Хто даў вам права будаваць дом гэты і гэтыя муры дакончыць?” Але спыталіся мы ў іх і пра імёны іх людзей, каб паведаміць табе, і запісалі мы імёны тых людзей, што з’яўляюцца кіраўнікамі іх. А далі яны нам адказ такімі словамі: “Мы — паслугачы Бога неба і зямлі, і будуем святыню, якая была пабудавана многа гадоў таму, і якую будаваў і скончыў вялікі цар Ізраэля. Калі ж бацькі нашы ўгнявілі Бога неба, аддаў Ён іх у рукі Набукаданосара, цара Бабілона, халдэя, які дом гэты зруйнаваў, і народ яго перасяліў у Бабілон. Але ў першы год Кіра, цара Бабілона, цар Кір выдаў дэкрэт адбудаваць гэты дом Божы. Бо і посуд святыні Божай, залаты і срэбраны, які Набукаданосар узяў з святыні, што была ў Ерузаліме, і перавёз яго ў храм Бабілонскі, цар Кір вынес з храма ў Бабілоне; і аддадзены ён быў аднаму чалавеку на імя Сасабасар, якога ён і паставіў кіраўніком, і сказаў яму: “Вазьмі гэты посуд і ідзі, і дастаў яго ў святыню, што ў Ерузаліме, і дом Божы мае быць пабудаваны на сваім месцы”. Такім чынам, Сасабасар той прыбыў і заклаў падмуркі святыні Божай у Ерузаліме; і ад таго часу аж да цяпер будуецца ён, і яшчэ не закончаны”. Такім чынам, цяпер, калі мае цар на тое добрую волю, хай праверыць у царскай скарбоўні, якая ў Бабілоне, ці дазволіў цар Кір пабудову дома Божага ў Ерузаліме, і рашэнне цара ў гэтай справе хай будзе пераслана нам».

Тады цар Дарый загадаў, і праверылі ў рукапісах скарбоўні, што ў Бабілоне, і знойдзены быў у Экбатане, у рэзідэнцыі Мідыйскай правінцыі, адзін скрутак, і так было ў ім напісана: «На памяць. У першы год цара Кіра цар Кір вырашыў пра дом Божы, што ў Ерузаліме: хай будзе адбудаваны дом, дзе будуць складаць крывавыя ахвяры і цэласпаленні; вышыня яго — шэсцьдзесят локцяў, і шырыня яго — шэсцьдзесят локцяў, з камянёў квадратных хай будзе тры рады, і адзін рад — з дрэва; а выдаткі на гэта хай будуць выдзелены ад царскага дома. Але і посуд святыні Божай, залаты і срэбраны, які Набукаданосар узяў са святыні ў Ерузаліме і прывёз у Бабілон, хай будзе дастаўлены і аддадзены ў святыню, што ў Ерузаліме, і пастаўлены на сваё месца ў святыні Божай». [І Дарый загадаў:] «Дык цяпер Татанай, кіраўнік зямлі за ракой, Старбузанай з дарадчыкамі сваімі, і кіраўнікі, што за ракою, трымайцеся далёка ад гэтага месца, дазвольце ім будаваць гэтую святыню Божую; хай кіраўнік юдэяў і старшыны іх будуюць гэты дом Божы на месцы яго. Але і мною дадзены загад, як вы маеце дзейнічаць з гэтымі старшынамі юдэйскімі, якія будуюць гэты дом Божы: каб з маёмасці царскай, гэта значыць, з падаткаў, якія плацяцца з зямлі за ракою, безадкладна і старанна пакрываліся выдаткі гэтых людзей. І калі ў чым будзе патрэба па патрабаванні святароў у Ерузаліме: ці ў цялятах, і баранах, і ягнятах на цэласпаленне нябеснаму Богу, ці ў пшаніцы, солі, віне і аліўкавым алеі — давайце ім без падману штодзень. І хай складаюць яны ахвяры, прыемныя нябеснаму Богу, і моляцца за жыццё цара ды сыноў яго. Такім чынам, мною даецца загад, каб для кожнага чалавека, які зменіць гэтую пастанову, узялі з яго дома бервяно і каб быў ён падняты і прыбіты да яго; а дом яго хай будзе разбураны. А Бог, Які захацеў, каб імя Яго было там, хай знішчыць усе царствы і народ, які выцягне руку сваю, каб занядбаць і разбурыць гэты дом Божы, што ў Ерузаліме. Я, Дарый, даў загад, я жадаю, каб ён быў дакладна выкананы». Тады Татанай, кіраўнік зямлі за ракой, і кіраўнікі, і дарадчыкі яго дакладна зрабілі паводле таго, што загадаў цар Дарый. А старшыны юдэйскія будавалі і мелі поспех, згодна з прароцтвам Агея прарока і Захарыі, сына Адо, і скончылі яны будаваць па загадзе Бога Ізраэля і па распараджэнні Кіра, і Дарыя, і Артаксэркса, цароў персаў, і скончаны быў гэты дом Божы трэцяга дня месяца Адар, у шосты год царавання цара Дарыя. А сыны Ізраэля, святары, і левіты, і іншыя перасяленцы, святкавалі з радасцю асвячэнне гэтага дома Божага. І на асвячэнне гэтага дома Божага ахвяравалі сто бычкоў, дзвесце бараноў, чатырыста ягнят і дванаццаць казлоў за грэх усяго Ізраэля, па ліку дванаццаці пакаленняў Ізраэля. І паставілі святароў па іх чэргах, і левітаў па іх чэргах на службу Божую ў Ерузаліме, як напісана ў кнізе Майсея. А чатырнаццатага дня першага месяца сыны Ізраэля, перасяленцы, справілі Пасху. Усе левіты ачысціліся; і ўсе яны, ачысціўшыся; зарэзалі пасхальнае ягня для ўсіх перасяленцаў, і для братоў сваіх, і для святароў, і для сябе. І спажылі ягня сыны Ізраэля, якія вярнуліся з перасялення, а таксама ўсе тыя, што ад нячыстасці народаў зямлі перайшлі да іх, каб шукаць Госпада, Бога Ізраэля. І сем дзён з радасцю святкавалі ўрачыстасць праснакоў, бо суцешыў іх Госпад і звярнуў да іх сэрца цара Асірыі, каб дапамагчы іх рукам у пабудове дома Госпада, Бога Ізраэля.

Па гэтых падзеях у цараванне Артаксэркса, цара персаў, Эздра, сын Сараі, сына Азарыі, сына Хэлькіі, сына Сэлума, сына Садока, сына Ахітуба, сына Амарыі, сына Азарыі, сына Мэраёта, сына Зараі, сына Озі, сына Бокцы, сына Абісуэ, сына Пінхаса, сына Элеязэра, сына Аарона, першасвятара, — сам Эздра выйшаў з Бабілона; і ён сам быў адукаваным настаўнікам у законе Майсеевым, які даў яму Госпад, Бог Ізраэля. І як рука Госпада, Бога яго, супачывала над ім, то споўніў цар усякую яго просьбу. І ў сёмым годзе цара Артаксэркса пайшлі з ім у Ерузалім некаторыя з сыноў Ізраэля: і з сыноў святароў, і з сыноў левітаў, і са спевакоў, і з прыдзверных, і з нявольнікаў святыні. І ён вярнуўся ў Ерузалім у пятым месяцы акурат у сёмы год цара. У першы дзень першага месяца ён выйшаў з Бабілона, і ў першы дзень пятага месяца прыбыў у Ерузалім, бо спагадная рука Бога яго супачывала на ім. Бо Эздра схіліў сэрца сваё, каб вывучаць і спаўняць закон Госпадаў, і выконваць, і вучыць у Ізраэлі прыказанню і закону. А вось змест ліста, які даў цар Артаксэркс Эздру, святару, настаўніку, дасведчанаму ў прыказаннях Госпадавых і пастановах Яго для Ізраэля: «Артаксэркс, цар цароў — святару Эздру, дасканаламу настаўніку закону Бога нябеснага, — прывітанне. Мною выдадзена пастанова, што, калі хто ў маім царстве з народа Ізраэля, ці то са святароў яго, ці з левітаў захоча ісці ў Ерузалім, хай ідзе з табой. Бо самім царом і сямю яго дарадчыкамі пасланы ты, каб наведаць Юдэю і Ерузалім паводле закону Бога твайго, які маеш у руцэ сваёй, і каб занесці срэбра і золата, якое цар і дарадчыкі яго добраахвотна ахвяравалі Богу Ізраэля, палатка Якога знаходзіцца ў Ерузаліме, і ўсё срэбра і золата, якое ты знойдзеш ва ўсёй краіне Бабілонскай разам з добраахвотнымі ахвярамі, складзенымі народам і святарамі для дома Бога свайго, што ў Ерузаліме, ты, такім чынам, за гэтыя грошы старанна купляй цялят, бараноў, ягнят, і ахвяры хлебныя, і ахвяры вадкія, і складзі іх на ахвярніку святыні Бога вашага, што ў Ерузаліме. Але калі табе і братам тваім захочацца нешта зрабіць з рэштаю срэбра і золата, дык рабіце паводле волі Бога вашага. Таксама пасудзіны, якія даручаюцца табе для службы ў доме Бога твайго, перадай перад Богам у Ерузаліме. Але і іншае, што спатрэбіцца для дома Бога твайго, выдадуць хай з царскай скарбоўні. І я, Артаксэркс, цар, пастанавіў і загадаў усім вартаўнікам грамадскай казны, якія за ракою, каб усё, аб чым папросіць вас Эздра, святар, настаўнік закону Бога нябеснага, вы далі, не адкладаючы: срэбра — аж да ста талентаў, і пшаніцы — аж да ста кораў, і віна — аж да ста батаў, і аліўкавага алею — аж да ста батаў; а солі — без абмежавання. Усё, што патрабуе Бог нябесны, хай будзе неадкладна дадзена ў дом Бога нябеснага, каб часам не загневаўся Ён на дзяржаву цара і яго сыноў. Таксама паведамляем вам, што не маеце права абкладаць падаткам, і данінаю, і падаткам на харчы ўсіх святароў, і левітаў, і спевакоў, і прыдзверных, нявольнікаў і паслугачоў гэтага дома Божага. А ты, Эздра, паводле мудрасці Бога твайго, якую маеш, пастаў кіраўнікоў і суддзяў, каб судзілі ўвесь народ за Ракою, гэта значыць, тых, што ведаюць закон Бога твайго; але і тых, хто недасведчаны, старанна вучыце. І кожны, хто не спаўняе старанна закону Бога твайго і закону цара, хай будзе асуджаны або на смерць, або на выгнанне, або на грашовае яго пакаранне, або, прынамсі, на вязніцу». Дабраславёны, Госпад, Бог бацькоў нашых, Які ўклаў гэта ў сэрца цара, каб уславіць дом Госпада, што ў Ерузаліме, і Які на мяне накіраваў міласэрнасць цара і яго дарадчыкаў ды ўсіх магутных кіраўнікоў яго. Ды я, узмацаваны рукою Госпада, Бога майго, якая на мне, сабраў кіраўнікоў Ізраэля, каб пайшлі са мною.

Такім чынам, вось кіраўнікі пакаленняў і радаводы тых, хто ў валадаранне цара Артаксэркса выйшаў са мною з Бабілона: З сыноў Пінхаса: Гэрсом. З сыноў Ітамара: Даніэль. З сыноў Давіда — Гатус, сын Сэхэніі. З сыноў Пароса: Захарыя, і з ім палічана было сто пяцьдзесят чалавек. З сыноў Пагатмааба: Эліёэнай, сын Зараі, і з ім дзвесце чалавек. З сыноў Зэта: Сахэнія, сын Яхазіэля, і з ім трыста чалавек. З сыноў Адзіна: Абэд, сын Ёнатана, і з ім пяцьдзесят чалавек. З сыноў Элама: Есая, сын Аталіі, і з ім семдзесят чалавек. З сыноў Сафаціі: Забадзія, сын Міхаэля, і з ім восемдзесят чалавек. З сыноў Ёаба: Абдзія, сын Ягіэля, і з ім дзвесце васемнаццаць чалавек. З сыноў Бані: Сэламіт, сын Ёсфіі, і з ім сто шэсцьдзесят чалавек. З сыноў Бэбая: Захарыя, сын Бэбая, і з ім дваццаць восем чалавек. З сыноў Азгада: Ёханан, сын Экцэтана, і з ім сто дзесяць чалавек. З сыноў Аданікама прыйшлі малодшыя, і вось іх імёны: Эліпалет, і Егіэль, і Сямэя, і з імі шэсцьдзесят чалавек. З сыноў Бэгвая: Утай, сын Закхура, і з ім семдзесят чалавек. Сабраў жа я іх каля ракі, што ўпадае ў Агаву, і мы там затрымаліся на тры дні. Я агледзеў народ і святароў; і не знайшоў там сыноў Леві. Дзеля таго выправіў я Эліязэра, і Арыэля, і Сямэю, і Ёярыба, і Эльнатана, і Натана, і Захарыю, і Масалу, — мудрых кіраўнікоў. І паслаў іх затым да Эда, кіраўніка ў мясцовасці Хасфіі, і праз іх вусны загадаў, што маюць сказаць Эду і братам яго, каб прывялі яны нам паслугачоў для дома Бога нашага. І прывялі яны нам праз руку Бога нашага, добрага да нас, мужа самага мудрага спаміж сыноў Махалі, сына Леві, сына Ізраэля, на імя Сэрэбія, ды сыноў яго і братоў яго лікам васемнаццаць, і Гасабію, і з ім Есая з сыноў Мэрары, ды сыноў яго і братоў яго лікам дваццаць, і паміж нявольнікаў, якіх Давід і князі далі на службу левітам, — дзвесце дваццаць чалавек; усе яны запісаны па імёнах. І там, каля ракі Агавы, абвясціў я пост, каб упакорыліся мы перад Богам нашым і папрасілі ў Яго шчаслівую дарогу нам, і дзецям нашым, і ўсёй уласнасці нашай. Пасаромеўся бо я прасіць у цара войска і конніцу, каб баранілі яны нас у дарозе ад непрыяцеля, бо мы сказалі цару: «Рука Бога нашага будзе сцерагчы ўсіх, хто просіць Яго ласкавасці, і моц Яго, і сіла Яго — супраць усіх, хто ад Яго адварочваецца». І пасцілі мы, і прасілі Бога нашага пра гэта, і Ён пачуў нас. І выбраў я паміж кіраўнікоў святароў дванаццаць: Сэрэбію, Гасабію, і з імі дзесяць братоў іх, і адважыў я ім срэбра, і золата, і пасудзіны — ахвяры для дома Бога нашага, што прынёс цар, і дарадчыкі яго, і кіраўнікі яго, і ўсе з Ізраэля тыя, хто быў там. І адважыў у рукі іх шэсцьсот пяцьдзесят талентаў срэбра і сто срэбраных пасудзін, якія каштавалі сто талентаў золата і дваццаць залатых келіхаў, якія каштавалі па тысячы драхм, і дзве пасудзіны з найлепшай бліскучай медзі цаною, як золата. І сказаў я ім: «Вы пасвячоны Госпаду, і пасудзіны гэтыя святыя: і срэбра, і золата пасвячоны Госпаду, Богу бацькоў вашых; пільнуйце і сцеражыце гэта, аж пакуль не адважыце гэта перад кіраўнікамі святароў і левітаў, а таксама перад галовамі пакаленняў Ізраэля ў Ерузаліме, у сховішчах дома Госпадава». А святары і левіты ўзялі адважаныя срэбра, і золата, і пасудзіны, каб занесці іх у Ерузалім, у дом Бога нашага. І выправіліся мы ад ракі Агавы ў дванаццаты дзень першага месяца, каб дабрацца ў Ерузалім; і рука Бога нашага супачыла на нас, і Ён вызваліў нас у дарозе ад рукі ворага і таго, хто схаваўся ў падкопах, і прыбылі мы ў Ерузалім, і затрымаліся там на тры дні. А на чацвёрты дзень у доме Бога нашага адважылі мы ўсё па ліку і вазе: срэбра, і золата, і пасудзіны — на рукі Мэрамота, сына Урыі, святара, і з ім быў Элеязэр, сын Пінхаса, і з імі былі Ёзабад, сын Ешуа, і Наадзія, сын Бэнуя, — левіты; і была запісана вага ўсяго адважанага. У той час тыя, хто прыйшоў з няволі, сыны перасялення, прынеслі Богу Ізраэля ахвяры цэласпалення: дванаццаць цялят за ўвесь народ Ізраэля, дзевяноста шэсць бараноў, семдзесят два ягняці, дванаццаць казлоў за грэх, — усё гэта ў цэласпаленне Госпаду. А аддалі царскія распараджэнні сатрапам цара і кіраўнікам за ракою, і тыя дапамаглі народу і дому Божаму.

А па заканчэнні гэтага падышлі да мяне князі і сказалі: «Народ Ізраэля, святары і левіты, не аддзяліліся ад народаў гэтых земляў і ад агіднасцей іх, гэта значыць ад хананеяў, і хетэяў, і феразеяў, і евусеяў, і аманіцян, і маабцаў, і егіпцян, і амарэяў. Бо ўзялі яны іх дачок сабе і сынам сваім і змяшалі насенне святое з народамі тых земляў; таксама рука кіраўнікоў і старэйшын была першай у гэтым беззаконні». І калі пачуў я гэтую вестку, то раздзёр адзенне сваё і плашч, і вырваў валасы сабе з галавы сваёй і барады, і сядзеў сумны. А сышліся да мяне ўсе, хто баяўся слоў Бога Ізраэля дзеля злачынстваў тых, хто прыйшоў з няволі; і сядзеў я сумны аж да вячэрняй ахвяры. І ў час вячэрняй ахвяры ўстаў я з месца смутку свайго ў раздзёртых шатах і плашчы, упаў на калені свае і выцягнуў рукі свае да Госпада, Бога майго. І я маліўся: «Божа мой, саромлюся і не адважваюся падняць твар мой да Цябе, бо правіннасці нашы падняліся вышэй за галовы нашы і злачынствы нашы ўзраслі аж да неба ад часоў бацькоў нашых. Грашылі мы цяжка аж да гэтага дня, і дзеля праступкаў нашых мы самі, і цары нашы, і святары нашы аддадзены ў рукі цароў гэтых земляў, і на меч, і ў няволю, і на рабунак, і на сорам, як і сёння. І цяпер на хвіліну знайшлі мы ласку ў Госпада, Бога нашага, і Ён захаваў нам рэшту, ды так, што ў святым месцы Яго паставіў нам палатку, і прасвяціў Бог наш вочы нашы, і ў няволі нашай крыху нас суцешыў. Бо мы — нявольнікі, і ў няволі нашай не пакінуў нас Бог наш, але скіраваў на нас міласэрнасць цароў персаў, каб суцешыць нас і каб пабудаваць дом Бога нашага, і адбудаваць яго руіны, і даў Ён нам прытулак у Юдэі і ў Ерузаліме. І цяпер, Божа наш, што можам мы сказаць пасля гэтага? Занядбалі мы прыказанні Твае, якія Ты загадаў праз паслугачоў Тваіх, прарокаў, гэтымі словамі: “Зямля, у якую вы ўваходзіце, каб авалодаць ёю, ёсць зямля нячыстая дзеля нячыстасці народаў гэтай зямлі і дзеля агіднасці тых, якія напоўнілі яе ад краю да краю распуснасцю сваёй. Дык цяпер не давайце дачок сваіх за жонак сынам іх, і дачок іх не бярыце за жонак сынам вашым; і не шукайце запавету з імі і дабрабыту іх аж навек, каб вы сталі моцнымі і спажывалі тое, што добрае на гэтай зямлі, і пакінулі ў спадчыну сынам вашым навекі”. І па ўсім гэтым, што прыйшло на нас дзеля найгоршых нашых учынкаў і дзеля злачынства нашага вялікага, бо Ты, Божа наш, не асудзіў нас паводле правіннасцей нашых, і даў нам збаўленне, як маем сёння, ці і далей маем парушаць прыказанні Твае і сваячыцца з народамі агіднасцей гэтых? Ці ж Ты не разгневаўся на нас аж да вынішчэння, каб не засталося рэшты і збаўлення? Госпадзе, Божа Ізраэля, дзякуючы літасці Тваёй мы дажылі да гэтага дня! Вось стаім перад Табой у злачынстве нашым; бо не належала нам стаяць перад Табою пасля гэтага».

Такім чынам, калі Эздра, плачучы і кленчучы перад святыняй Божай, маліўся і прасіў, сабралася каля яго вельмі вялікая грамада Ізраэля з мужчын, і жанчын, і дзяцей; і народ плакаў вялікім плачам. І адазваўся Сахэнія, сын Ягіэля з сыноў Элама ды сказаў Эздру: «Мы правініліся перад Богам нашым і ўзялі за жонак чужынак з народаў гэтай зямлі. Але ёсць цяпер надзея ў справе гэтай для Ізраэля: заключым запавет з Госпадам, Богам нашым, што адправім усіх жонак і тых, хто ад іх нарадзіўся, паводле волі Госпада і тых, хто пільнуе прыказанне Госпада, Бога нашага, і хай усё будзе па законе! Устань, гэта твая справа, і мы будзем з табой; набярыся сілы і дзейнічай!» Тады Эздра ўстаў і прывёў да прысягі кіраўнікоў святароў, і левітаў ды ўвесь Ізраэль, каб учынілі паводле слова гэтага, і яны прысягнулі. І ўстаў Эздра перад домам Божым, і накіраваўся ў пакой Ёганана, сына Эліясіба, і там пераначаваў; не еў ён хлеба і не піў вады, бо смуткаваў дзеля правіннасці тых, якія вярнуліся з няволі. І абвешчана было ў Юдэі і Ерузаліме ўсім, хто прыйшоў з няволі, каб сабраліся ў Ерузаліме; і ва ўсякага, хто не прыйдзе ў тры дні па рашэнні кіраўнікоў і старэйшын, уся маёмасць будзе адабрана і ён сам будзе адлучаны ад супольнасці перасяленцаў. І сабраліся ўсе жыхары Юды і Бэньяміна ў Ерузалім у тры дні, дваццатага дня месяца, а быў гэта дзевяты месяц, і сеў увесь народ на плошчы ля дома Божага, дрыжучы дзеля граху і дажджу. І ўстаў Эздра, святар, і сказаў ім: «Вы дапусцілі злачынства і ўзялі за жонак чужынак, павялічыўшы злачынства Ізраэля. Ды цяпер пакайцеся перад Госпадам, Богам бацькоў вашых, і споўніце волю Яго, і адступіцеся ад народаў гэтай зямлі і ад жонак чужынак». І ўвесь сход адказаў і казаў уголас: «Паводле слова твайго да нас, хай так станецца. Але дзеля таго, што многа народа, і час дажджоў, і не вытрываем мы стаяць на двары, і справа гэтая не аднаго і не двух дзён — бо многа з нас у гэтай справе зграшыла, — хай нашы кіраўнікі застануцца замест усёй супольнасці; і ўсе ў гарадах нашых, што ўзялі чужынак за жонак, хай у вызначаны тэрмін прыйдуць, і з імі старшыны паасобных гарадоў разам з іх суддзямі, пакуль не адвернецца гнеў Бога нашага ад нас дзеля гэтага граху». Толькі Ёнатан, сын Асаэля, і Яасія, сын Тэквы, супрацівіліся гэтаму, і Масала і Сабэтай, левіты, падтрымалі іх. І сыны перасялення зрабілі гэтак. І Эздра, святар, выбраў кіраўнікоў пакаленняў па доме бацькоў іх, а ўсіх — па імёнах іх; і яны селі ў першы дзень дзесятага месяца, каб разабрацца ў гэтай справе. І ў першы дзень першага месяца вырашылі справу ўсіх, якія ўзялі за жонак чужынак. І знайшліся сярод сыноў святароў тыя, якія ўзялі за жонак чужынак: з сыноў Ешуа, сына Ёсэдэка ды яго братоў: Маасія, і Эліязэр, і Ярыб, і Гадалія; і яны далі рукі свае ў доказ, што адправяць жонак сваіх; і за грэх свой ахвяруюць барана. І з сыноў Эмэра: Ханані і Забадзія. І з сыноў Гарыма: Маасія, і Элія, і Сямэя, і Ягіэль, і Озія. І з сыноў Пасура: Эліёэнай, Маасія, Ізмаэль, Натанаэль, Ёзабад і Эласа. І спаміж сыноў левітаў: Ёзабад, і Сямэй, і Келая, або Келіта, Пэтагія, Юда і Эліязэр. А са спевакоў: Эліясіб. І з прыдзверных: Сэлум, і Тэлем, і Ур. І з Ізраэля з сыноў Пароса: Рэмія, і Езія, і Мэльхія, і Міямін, і Элеязэр, і Мэльхія, і Баная. І з сыноў Элама: Матанія, Захарыя, і Ягіэль, і Абдзі, і Ярмут, і Элія. І з сыноў Зэтуа: Эліёэнай, Эліясіб, Матанія, і Ярмут, і Забад, і Азіза. І з сыноў Бэбая: Ёганан, Хананія, Забай, Аталай. І з сыноў Бэгвая: Масала, і Мэлух, і Адая, і Ясуб, і Саэль, і Рамот. І з сыноў Пагатмааба: Эдна і Халаль, Баная і Маасія, Матанія, Бесэлеэль, Бэнуй і Манаса. І з сыноў Гарыма: Эліязэр, Ясія, Мэльхія, Сямэя, Сімяон, Бэньямін, Мэлух, Самарыя. І з сыноў Гасума: Матанай, Матата, Забад, Эліпалет, Ермі, Манаса, Сямэй. З сыноў Бані: Маадзі, Амрам і Ёэль, Баная, Бадая, Хэліяў, Ванія, Мэрамот і Эліясіб, Матанія, Матанай і Ясі. З сыноў Бэнуі: Сямэй, Сэлемія, і Натан, і Адая, І Махнэдэбай, і Сісай, Сарай, Азарыэль, і Сэлемія, Самарыя, Сэлум, Амарыя, Язэп. З сыноў Нэбы: Егіэль, Матація, Забад, Забіна, Еду, і Ёэль, і Баная. Усе яны ўзялі за жонак чужынак, і адправілі яны жонак і сыноў.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.