Библия › Чарняўскі-17 › Нэгэміі

Нэгэміі

Словы Нэгэміі, сына Гахаліі. І сталася ў месяцы Каслеў, у дваццатым годзе, быў я ў крэпасці Сузы, І прыйшоў Ханані, ён і адзін з братоў маіх, некалькі чалавек з Юды; ды я спытаўся ў іх пра юдэяў, якія ўратаваліся і пазбеглі няволі, і пра Ерузалім. І яны сказалі мне: «Тыя засталіся, хто там, у той правінцыі, ухаваўся ад няволі, знаходзяцца яны ў вялікім горы і ганьбе; і мур Ерузаліма развалены, і брамы яго спалены агнём». І, пачуўшы гэтыя словы, я сеў і заплакаў, і смуткаваў многа дзён, і посціў, і маліўся перад абліччам Бога Нябеснага. І казаў я: «Прашу Цябе, Госпадзе, Божа Нябесны, Божа магутны і вельмі страшны, Які пільнуе запавет і аказвае міласэрнасць тым, хто любіць Цябе ды захоўвае Твае прыказанні; хай вуха Тваё будзе чуйным і вочы Твае адкрытымі, каб пачуць маленне паслугача Твайго, якім я малюся перад Табою сёння днём і ноччу за сыноў Ізраэля, паслугачоў Тваіх, ды прызнаюся ў грахах сыноў Ізраэля, якімі мы грашылі супраць Цябе. Я і дом бацькі майго таксама грашылі, мы сталі злачынцамі перад Табою і не захавалі прыказанняў, і пастаноў, і законаў, якія Ты даў Майсею, рабу Твайму. Успомні слова, якое даў Ты рабу Твайму, Майсею, кажучы: “Калі будзеце грашыць, дык Я вас рассею паміж народамі; а калі да Мяне навернецеся і будзеце Мае прыказанні пільнаваць і спаўняць іх, дык хоць будзеце вы на канцы неба, і адтуль збяру вас і вярну ў месца, якое выбраў, каб прабывала там імя Маё”. Бо самі яны — слугі Твае і народ Твой, якіх Ты вызваліў моцай Тваёй вялікай і рукою Тваёй магутнаю. Малю, Госпадзе, хай чуйным будзе вуха Тваё да малітвы раба Твайго і да малення слуг Тваіх, якія хочуць славіць імя Тваё; і зрабі, каб пашчаслівілася сёння рабу Твайму, і дай яму мець у гэтага чалавека ласку». Я бо быў падчарны пры цару.

А сталася ў месяцы Нісан, на дваццаты год царавання цара Артаксэркса, калі ён меў піць, падняў я віно і падаў цару, бо не быў я сумны перад абліччам яго. Цар жа сказаў мне: «Чаму твар твой сумны, хаця я не думаю, што ты хворы? Гэта нішто іншае, як смутак сэрца». І я моцна спалохаўся, і сказаў я цару: «Жыві, цару, навекі! Як жа не будзе сумны твар мой, калі горад магіл бацькоў маіх спустошаны, і брамы яго спалены агнём?» І кажа цар да мяне: «Дык што ты просіш?» І я памаліўся да Бога нябеснага і сказаў цару: «Калі гэта падабаецца цару і калі паслугач твой мае ласку ў цябе, дык пашлі мяне ў Юдэю, у горад магіл бацькоў маіх, і я адбудую яго». Ды сказаў мне цар, і царыца сядзела побач яго: «Як доўга працягнецца падарожжа тваё ды калі ты вернешся?» І захацелася цару паслаць мяне, і я вызначыў яму час. І сказаў я цару: «Калі цару здаецца добрым, то хай будуць дадзены мне лісты да кіраўнікоў за ракою, каб мяне прапускалі, пакуль не дабяруся ў Юдэю; і ліст да Асафа, загадчыка царскага лесу, каб даў ён мне дрэва, каб мог я пабудаваць брамы вежы пры доме, і мура гарадскога, і дома, у якім буду жыць». І даў мне цар, бо добрая рука Бога майго супачывала на мне. І прыбыў я да кіраўнікоў краіны за ракой, і падаў я ім царскія лісты. А цар паслаў са мною кіраўнікоў над ваярамі і коннікаў. І пачулі гэта Санабалат Хараніт і Тобія, паслугач аманіцянскі, ды засумавалі яны вялікім смуткам, што прыбыў чалавек, які турбуецца пра сыноў Ізраэля. І прыйшоў я ў Ерузалім, і быў там тры дні. І ўстаў я ноччу, і некалькі людзей са мной, і нікому я не сказаў, што Бог мой паклаў мне на сэрца зрабіць у Ерузаліме; і не меў я іншае жывёліны, апрача той, на якой ехаў. І праехаў я ноччу праз браму Даліны і перад крыніцай Дракона і да брамы Гнаявой кучы, і даследаваў руіны муроў Ерузаліма, і брамы яго, спаленыя агнём. І даехаў я да брамы Крыніцы і да сажалкі Цара, і не было месца, каб прайсці, для жывёліны, на якой я сядзеў. Дык ноччу прайшоў я праз раку і агледзеў мур; ды зноў праехаў праз браму Даліны, і вярнуўся назад. А кіраўнікі не ведалі, куды я хадзіў і што я рабіў, але аж дасюль я не выяўляў гэтага ані юдэям, ані святарам, ані магнатам, ані кіраўнікам, ані іншым, якія выконвалі работу. І я сказаў ім: «Вы бачыце смутак, у якім мы знаходзімся, бо Ерузалім спустошаны, і брамы яго спалены агнём; хадземце і адбудуем мур Ерузаліма і не будзем больш у ганьбе». І распавёў я ім, што добрая рука Бога майго была нада мной, і словы цара, што ён казаў мне; і яны сказалі: «Возьмемся і адбудуем!» І рукі іх умацаваліся да добрай справы. А пачулі пра гэта Санабалат Хараніт і Тобія, паслугач аманіцянскі, і Гасэм араб, ды кпілі з нас і з пагардаю казалі: «Што гэта за справа, якую вы робіце? Ці не думаеце вы супраць цара ўзбунтавацца?» І я ім даў адказ, кажучы: «Сам Бог Нябесны спрыяе нам, і мы, паслугачы Яго, возьмемся і адбудуем. А вы не маеце ані ўдзелу, ані права, ані памяці ў Ерузаліме».

І ўсталі першасвятар Эліясіб і браты яго, святары, і пабудавалі браму Авечую, і пакрылі яе бярвеннем, і паставілі дзверы ў ёй аж ад вежы Меа і вежы Хананээль. І побач іх пабудавалі ерыхонцы, а побач з імі пабудаваў Закхур, сын Імры. Браму ж Рыбную адбудавалі сыны Аснаа; яны пакрылі яе бярвеннем, і паставілі дзверы ў яе, і завалы, і засаўкі. І каля іх аднавіў Мэрамот, сын Урыі, сына Акоса, і каля яго адбудоўваў Масала, сын Барахіі, сына Мэсазабэля, і побач яго аднавіў Садок, сын Бааны; і каля яго адбудавалі тэкуэнцы, магнаты ж іх не схілілі свае каркі ў працы для Госпада свайго. І старую браму аднаўлялі Ёяда, сын Пасэа, і Масала, сын Бэсодыі; яны пакрылі яе бярвеннем, і паставілі ў ёй дзверы, і завалы, і засаўкі. І побач іх аднаўляў Мэльцыя з Габаона і Ядон Мэранатыт з жыхарамі Габаона і Міцпы, падуладнымі зарэчнаму кіраўніку; побач іх аднавіў Азіэль, сын Араі з залатароў, і каля яго гандляр фарбамі і мазямі Хананія, і ўмацавалі Ерузалім аж да Шырокага мура. І побач іх адбудаваў Рафая, сын Гура, кіраўнік паловы акругі Ерузаліма; і побач яго, насупраць свайго дома, аднавіў Ядая, сын Гарамафа, і каля яго аднавіў Гат, сын Гасабніі. Другую частку аднавіў Мэльхія, сын Гарыма, і Гасуб, сын Пагатмааба, аж да вежы Печаў. І побач іх аднавіў Сэлум, сын Алогаса, кіраўнік паловы акругі Ерузаліма, разам з дочкамі сваімі. Браму Даліны аднавіў Ганун і жыхары Заноэ; яны адбудавалі яе, і паставілі ў ёй дзверы, і завалы, і засаўкі, ды яшчэ накіравалі яны тысячу локцяў мура аж да Гнаявой кучы. І браму Гнаявой кучы аднавіў Мэльхія, сын Рэхаба, кіраўнік акругі Бэтхарэм; ён пабудаваў яе, і паставіў у ёй дзверы, і завалы, і засаўкі. І браму Крыніцы аднавіў Сэлум, сын Хальгозы, кіраўнік акругі Міцпа; ён пабудаваў яе, і пакрыў, і паставіў у ёй дзверы, і завалы, і засаўкі, ён жа пабудаваў мур крыніцы Сіло супраць царскага саду і аж да прыступак, якія вядуць з горада Давідавага. За ім аднавіў Нэгэмія, сын Азбока, кіраўнік паловы акругі Бэтсур, аж да магіл роду Давідавага, і аж да вадаёмаў штучных, і аж да дома ваяроў. За ім аднавілі левіты: Рэгум, сын Бані; побач яго аднавіў Гасабія, кіраўнік паловы акругі Кэйла, для сваёй акругі; за ім адбудавалі іх браты: Бавай, сын Гэнадада, кіраўнік паловы акругі Кэйла, і каля яго Эзэр, сын Ешуа, кіраўнік Міцпы, аднавіў іншы ўчастак насупраць уваходу ў збройню на рагу. За ім аднавіў Барух, сын Захая, іншую частку, ад рога аж да дзвярэй дома першасвятара Эліясіба. За ім Мэрамот, сын Урыі, сына Акоса, аднавіў іншы ўчастак, ад дзвярэй дома Эліясіба аж да канца дома Эліясіба. І за ім адбудавалі святары з наваколляў. За імі адбудавалі Бэньямін і Гасуб супраць дома свайго; за імі аднавіў Азарыя, сын Маасіі, сына Ананіі, каля дома свайго. За ім адбудаваў Бэнуй, сын Гэнадада, іншы ўчастак, ад дома Азарыі аж да рога і завароту. Палэль, сын Озі — супраць вугла вежы, што выступае ад верхняга царскага дома, што ў панадворку астрога; па ім Падая, сын Пароса, аднавіў да месца насупраць брамы Воднай на ўсход і вежы, якая выступала. За ім тэкуэнцы аднавілі далейшы ўчастак, ад месца насупраць вялікай выступаючай вежы аж да мура святыні. Далей жа за брамай Коней аднавілі святары, кожны насупраць свайго дома. За імі аднавіў Садок, сын Эмэра, насупраць дома свайго; і за ім аднавіў Сямэя, сын Сахэніі, вартаўнік усходняй брамы. За ім аднавіў Хананія, сын Сэлеміі, і Ганун, шосты сын Сэлефа, іншы ўчастак. За ім аднавіў Масала, сын Барахіі, насупраць свайго пакоя. За ім аднавіў Мэльхія, з залатароў, аж да дома нявольнікаў святыні і гандляроў, насупраць брамы Судовай і аж да кутняй сталовай; і паміж кутняй сталовай і брамай Авечай аднавілі залатары і гандляры.

Сталася ж, калі Санабалат пачуў, што мы адбудоўваем мур, ён раззлаваўся і меў вельмі вялікую прыкрасць, і кпіў з юдэяў, і казаў у прысутнасці сваіх братоў і пры вяльможах Самарыі: «Што гэтыя недарэчныя юдэі вырабляюць? Няўжо ім гэта дазваляюць? Няўжо, скончыўшы аднойчы, будуць яны ўскладаць ахвяры? Няўжо гэта калі-небудзь скончыцца? Няўжо змогуць яны ажывіць камяні з руінаў, якія спалены агнём?» Але і Тобія Аманеец, які стаяў каля яго, сказаў: «Хай будуюць; калі ўскочыць ліса, разваліць іх мур каменны». Пачуй, Божа наш, як сталіся мы ў пасмяянне! Павярні ганьбу іх на іх галаву, ды аддай іх на пасмяянне ў зямлі няволі! Не ўтойвай несправядлівасць іх, і грэх іх хай не знішчыцца перад абліччам Тваім, бо зняважылі яны Цябе перад тымі, хто будуе! Такім чынам, мы пабудавалі мур, і складзены быў увесь мур аж да паловы, і народ меў вялікую ахвоту да работы. Сталася ж, калі Санабалат, і Тобія, і арабы, і аманіцяне ды азотцы пачулі, што мур ерузалімскі паспяхова адбудоўваецца і што пашкоджанні пачалі выпраўляцца, то ўзлаваліся дужа; і змовіліся яны ўсе разам пайсці, і ваяваць супраць Ерузаліма, і асароміць яго. І малілі мы Бога нашага, і паставілі варту супраць іх і ўдзень, і ўначы. Але юдэі сказалі: «Не стала моцы ў нясучага, і зямлі вельмі шмат; і мы не зможам адбудаваць мур». І ворагі нашы казалі: «Не даведаюцца яны і не ўбачаць, як уварвёмся мы між іх, і знішчым іх, і спынім работу іх». Сталася ж, калі прыходзілі юдэі, якія пражывалі ў суседстве з імі, і гаварылі нам аб гэтым дзесяць разоў з розных мясцовасцей, з якіх яны прыйшлі да нас, тады за мурам у нізінах, на адкрытай мясцовасці, сталі мы, і паставіў я людзей паводле родаў з мечамі іх, і дзідамі іх, і лукамі іх. І ўбачыў я, і падняўся, і сказаў магнатам, і кіраўнікам, і іншаму народу: «Не бойцеся перад абліччам іх: памятайце пра Госпада, магутнага і страшнага, ды ваюйце за братоў вашых, за сыноў вашых і дачок вашых, і за жонак вашых, і за дамы вашы». Сталася ж, калі нашы ворагі пачулі, што нам вядомы намер іх, тады Бог перашкодзіў задуме іх, і мы ўсе вярнуліся да мура, кожны да свайго занятку. І сталася з гэтага дня, што палова юнакоў маіх займалася работай, і палова трымала дзіды, і шчыты, і лукі, і кальчугі; і кіраўнікі знаходзіліся ззаду ўсяго дома Юды. Тыя, хто будаваў мур, і насіў цяжары, і накладваў іх, адной рукой працавалі, і другой трымалі меч; бо кожны з будаўнікоў таксама быў падпяразаны мечам і так яны працавалі; і каля мяне стаяў трубач. І казаў я князям, кіраўнікам ды іншаму народу: «Праца вялікая і разнастайная, і мы рассеяны на муры, і далёка адзін ад аднаго; у якім-колечы месцы пачуеце гук трубы — туды збягайцеся да нас. Бог наш будзе змагацца за нас». І так працавалі мы; і палова з нас трымала дзіду ад світання аж да з’яўлення зорак. Таксама ў гэты час я загадаў народу: «Хай кожны з паслугачом сваім начуе ў Ерузаліме, і будзе ў нас варта ноччу, і днём — праца». А я, і браты мае, і паслугачы мае, і вартаўнікі, якія былі са мною, не здымалі адзення свайго; кожны трымаў у сваёй правай руцэ меч.

І падняўся крык вялікі ў народзе і сярод жонак яго супраць братоў сваіх юдэяў. І былі такія, што гаварылі: «Сыноў нашых і дачок нашых пазакладвалі мы, каб атрымаць збожжа і мець што есці і жыць!» А іншыя казалі: «Палі нашы і вінаграднікі, і дамы нашы мы пазакладвалі, каб атрымаць збожжа ў час голаду!» І былі тыя, што казалі: «Пазычылі срэбра на падаткі цару пад заклад нашых палёў і нашых вінаграднікаў. І цяпер, як цела братоў нашых, так і наша цела, як іх сыны, так і нашы сыны; вось, аддаём сыноў нашых і нашых дачок у няволю, і некаторыя з дачок нашых ужо зняволеныя, і мы не маем сродкаў, каб выкупіць іх, бо палі нашы і вінаграднікі нашы ва ўладанні ў іншых». І калі пачуў я лямант іх і гэтыя словы, то дужа разгневаўся. І я разважыў у сваім сэрцы і строгую вымову зрабіў магнатам і кіраўнікам, і казаў ім: «Усе вы бераце з братоў сваіх ліхву!» І я склікаў супраць іх вялікі сход і сказаў ім: «Мы, як ведаеце, па магчымасці нашай выкуплівалі нашых братоў юдэяў, якія былі прададзены паганам, а вы прадаяце вашых братоў, каб яны прадаваліся нам?» І яны маўчалі, і не маглі нічога адказаць. І сказаў я ім: «Нядобрая тая справа, што вы робіце. Чаму вы не ходзіце ў страху Бога нашага, каб не ўпікалі нам пагане, ворагі нашы? І я, і мае браты, і мае паслугачы пазычылі вельмі многім грошы і збожжа; мы даруем ім гэтыя працэнты. Вярніце і вы ім зараз іх палі, і вінаграднікі іх, і аліўкавыя гаі іх, і дамы іх, і працэнт ад грошай, збожжа, віно і аліўкавы алей, які вы звычайна бераце ад іх». І яны адказалі: «Вернем і не будзем нічога ад іх дамагацца; і зробім так, як ты кажаш». І я паклікаў святароў і заклікаў іх да прысягі, каб зрабілі яны так, як было сказана. Акрамя таго, вытрас я адзенне сваё і сказаў: «Так хай Бог вытрасе кожнага чалавека з дома яго і з працы яго, калі ён не стрымае гэтага абяцання; так хай ён будзе вытрасены і хай будзе ён пусты». І ўвесь сход сказаў: «Амін!» Ды ўславілі Бога. І ўчыніў народ так, як было сказана. А ад таго дня, у які загадаў мне цар быць кіраўніком на зямлі Юдэі, ад дваццатага года аж да трыццаць другога года цара Артаксэркса, на працягу дванаццаці гадоў, ані я не еў хлеба, які належаў намеснікам, ані мае браты. Ранейшыя ж кіраўнікі, якія былі перада мною, накладалі на народ цяжары і бралі ад іх штодзень замест хлеба сорак сікляў срэбра; але і паслугачы іх прыгняталі народ. Я ж не рабіў гэтага дзеля страху Божага, і нават я [за свой кошт] займаўся аднаўленнем мура; і зямлі не купляў; і ўсе паслугачы мае збіраліся туды на працу. Таксама юдэі і кіраўнікі, сто пяцьдзесят чалавек, і тыя, што прыходзілі да нас з плямён навакольных мясцін, былі на маім сталаванні. Гатаваўся для мяне штодзень адзін вол, шэсць бараноў адборных, за выключэннем птушак; і на працягу дзесяці дзён — мноства ўсякага віна. Акрамя таго, і хлеба намесніцтва майго я не патрабаваў; бо цяжкай была няволя гэтага народа. Памятай пра мяне, Божа мой, на карысць паводле ўсяго таго, што я зрабіў для гэтага народа.

Сталася ж, калі Санабалат, і Тобія, і Гасэм араб ды іншыя нашы ворагі пачулі, што я адбудаваў мур і не засталося на ім выломаў, — але аж да гэтага часу не паставіў яшчэ дзвярэй у брамах, — тады Санабалат і Гасэм паслалі да мяне, кажучы: «Прыйдзі, і сустрэнемся ў Цэпірыме, у даліне Она». Яны ж надумалі зрабіць мне ліха. Але я паслаў да іх вестуноў сказаць: «Раблю я вялікую работу і не магу пайсці; навошта спыняцца працы, калі я спынюся і пайду да вас?» А пасылалі яны да мяне чатыры разы з гэтым запрашэннем, і я адмаўляў ім, як і раней. І прыслаў да мяне Санабалат тое ж самае запрашэнне ў пяты раз праз паслугача свайго, і ў руцэ яго быў ліст незапячаткаваны, у якім было напісана: «Чуецца між народамі і Гасэм казаў, што ты і юдэі маніцеся зноў ваяваць і таму ты будуеш мур і хочаш стаць царом над імі; паводле гэтае весткі паставіў ты і прарокаў, якія прадказваюць пра цябе ў Ерузаліме, кажучы: “Цар ёсць у Юдэі!” Вось жа, цар пачуе гэтыя словы; таму зараз прыйдзі, каб параіліся мы разам». І я паслаў яму адказ: «Нічога такога не было, што кажаш; выдумляеш ты гэта ў сваім сэрцы». Бо ўсе яны нас страшылі, думаючы: «Змучаюцца іх рукі ад работы, і не скончаць». З гэтае прычыны тым больш умацаваў я рукі свае. І ўвайшоў я ў дом Сямэі, сына Далаі, сына Мээтабэля, дзе ён затрымаўся. Ён сказаў: «Пойдзем з намі ў дом Божы, у сярэдзіну святыні, і замкнём браму будынка, бо прыйдуць, каб забіць цябе; абавязкова ноччу прыйдуць, каб забіць цябе». І я сказаў: «Ці можа хтосьці, падобны да мяне, уцякаць? І хто, падобны да мяне, увойдзе ў святыню, каб захаваць жыццё? Не ўвайду». І я зразумеў, што не Бог прыслаў яго, але сказаў ён гэта прароцтва пра мяне, бо яго перакупілі Тобія і Санабалат. Бо ён быў куплены, каб я спалохаўся і зграшыў, і каб меў няславу, а яны маглі мяне за гэта зневажаць. Памятай, Божа мой, пра Тобію і Санабалата паводле такіх іх учынкаў, а таксама пра прарока Наадзію і іншых прарокаў, якія хацелі мяне напалохаць! А ў дваццаць пяты дзень месяца Элул мур быў адноўлены, па пяцідзесяці двух днях. Такім чынам, сталася: калі пра гэта пачулі ўсе ворагі нашы і калі ўсе пагане, што былі вакол нас, убачылі, тады ўпалі яны ў вачах сваіх і пазналі, што гэта праца выканана Богам. Але і ў тыя дні многа лістоў было паслана магнатамі юдэйскімі да Тобіі, і ад Тобіі прыходзілі да іх. Бо многія ў Юдэі звязаліся прысягай з ім, бо быў ён зяцем Сахэніі, сына Арэ, і Ёганан, сын яго, узяў дачку Масалы, сына Барахіі. Але і яны хвалілі яго перада мной, і словы мае перадавалі яму; і Тобія пасылаў лісты, каб застрашыць мяне.

А калі адбудаваны быў мур, і калі паставіў я дзверы, і паставіў прыдзверных, спевакоў і левітаў, над Ерузалімам паставіў я брата свайго Ханані, і кіраўніком у крэпасці Хананію, — бо здаваўся ён, як быццам, чалавекам праўдзівым і больш за іншых баяўся Бога, — і сказаў я ім: «Не адчыняйце брамы Ерузаліма, пакуль не прыпячэ сонца, і, яшчэ пакуль спякотна, замкніце браму і так трымайце; і пастаўце вартаўнікоў з жыхароў Ерузаліма: кожнага па сваёй чарзе, і кожнага насупраць дома яго». Але горад быў вельмі абшырны і вялікі, і народа ў ім было мала, і не было адбудаваных дамоў. А Бог мой даў у сэрца маё, і сабраў я князёў, і кіраўнікоў, і народ з мэтаю перапісаць іх; і знайшоў я кнігу перапісу тых, хто прыйшоў спачатку, і ў ёй было напісана: «Гэта сыны краіны, якія вярнуліся з няволі перасялення, каго вывеў Набукаданосар, цар Бабілона, і вярнуліся яны ў Ерузалім і ў Юдэю, кожны ў свой горад. Прыйшлі яны з Зарабабэлем, Ешуа, Нэгэміем, Азарыем, Рааміем, Нагамані, Мардахэем, Бэльсанам, Мэспарам, Бэгваем, Навумам, Баанам. Лік мужоў народа ізраэльскага: сыноў Пароса — дзве тысячы сто семдзесят два; сыноў Сафаціі — трыста семдзесят два; сыноў Арэ — шэсцьсот пяцьдзесят два; сыноў Пагатмааба, гэта сыны Ешуа і Ёаба — дзве тысячы восемсот васемнаццаць; сыноў Элама — тысяча дзвесце пяцьдзесят чатыры; сыноў Зэтуа — восемсот сорак пяць; сыноў Захая — семсот шэсцьдзесят; сыноў Бэнуі — шэсцьсот сорак восем; сыноў Бэбая — шэсцьсот дваццаць восем; сыноў Азгада — дзве тысячы трыста дваццаць два; сыноў Аданікама — шэсцьсот шэсцьдзесят сем; сыноў Бэгвая — дзве тысячы шэсцьсот сем; сыноў Адзіна — шэсцьсот пяцьдзесят пяць; сыноў Атэра, што былі з сыноў Эзэкіі — дзевяноста восем; сыноў Гасума — трыста дваццаць восем; сыноў Бэсая — трыста дваццаць чатыры; сыноў Гарэфа — сто дванаццаць; сыноў Габаона — дзевяноста пяць; сыноў Бэтлехэма і Нэтофы — сто восемдзесят восем; мужчын з Анатота — сто дваццаць восем; мужчын з Бэтазмавэта — сорак два; мужчын з Карыят-Ярыма, Кафіры і Бэрота —семсот сорак тры; мужчын з Рамы і Габы — шэсцьсот дваццаць адзін; мужчын з Міхмаса — сто дваццаць два; мужчын з Бэтэля і Гая — сто дваццаць тры; мужчын з Нэбы другога — пяцьдзесят два; мужчын з Элама другога — тысяча дзвесце пяцьдзесят чатыры; сыноў з Гарыма — трыста дваццаць; сыноў з Ерыхона — трыста сорак пяць; сыноў з Лода, Хадыда і Она — семсот дваццаць адзін; сыноў з Сэны — тры тысячы дзевяцьсот трыццаць. Святароў: сыноў Ядаі з дому Ешуа — дзевяцьсот семдзесят тры; сыноў Эмэра — тысяча пяцьдзесят два; сыноў Пасура — тысяча дзвесце сорак сем; сыноў Гарыма — тысяча семнаццаць. Левітаў: сыноў Ешуа, гэта значыць, сыноў з дома Кадмігэля, Бэнуі і Адовіі — семдзесят чатыры. Спевакоў: сыноў Асафа — сто сорак восем. Прыдзверных: сыноў Сэлума, сыноў Атэра, сыноў Тэльмона, сыноў Акуба, сыноў Гатыты, сыноў Сабая — сто трыццаць восем. Нявольнікаў: сыноў Сігі, сыноў Гасуфы, сыноў Табаота, сыноў Кера, сыноў Сіа, сыноў Падона, сыны Лебаны, сыны Хагаба, сыны Сэмлі, сыны Ханана, сыны Гідэля, сыны Гахара, сыны Рааі, сыны Разіна, сыны Нэкоды, сыны Газама, сыны Озы, сыны Пасэа, сыны Бэсы, сыны маанітаў, сыны нэфусаў, сыны Бакбука, сыны Гакуфы, сыны Харгура, сыны Баслута, сыны Магіды, сыны Гарсы, сыны Бэркаса, сыны Сісары, сыны Тэмы, сыны Насіі, сыны Гатыфы. Сыноў нявольнікаў Саламона: сыны Сатая, сыны Сафэрэта, сыны Пэруды, сыны Яалы, сыны Даркона, сыны Гідэля, сыны Сафаціі, сыны Гатыла, сыны Пахэрэта Гасэбаіма, сыны Амона. Усіх нявольнікаў і сыноў нявольнікаў Саламона — трыста дзевяноста два». А вось тыя, што выйшлі з Тэльмэлы, Тэльгарсы, Хэруба, Адона і Эмэра і не змаглі давесці, што род бацькоў іх і паходжанне іх выводзіцца з Ізарэля: сыны Далаі, сыны Тобіі, сыны Нэкоды — шэсцьсот сорак два; і са святароў: сыны Гобіі, сыны Акоса, сыны Барзэлая, які ўзяў жонку з дачок Бэрзэлая з Галаада і быў названы іх імем. Яны шукалі спісы свайго радаслоўя і не знайшлі; і яны былі выключаны са святарства, і намеснік забараніў ім есці з пасвячонага святыні, пакуль не з’явіцца святар для ўрыму і туміму. Уся супольнасць разам налічвала сорак дзве тысячы трыста шэсцьдзесят асоб, апроч нявольнікаў і нявольніц іх, якіх было сем тысяч трыста трыццаць сем; ды яшчэ спевакоў і спявачак — дзвесце сорак пяць. Коней мелі яны семсот трыццаць шэсць, мулаў — дзвесце сорак пяць; вярблюдаў — чатырыста трыццаць пяць, аслоў — шэсць тысяч семсот дваццаць. Некаторыя ж кіраўнікі родаў далі на правядзенне работы: намеснік даў у скарбоўню тысячу драхмаў золата, пяцьдзесят чараў, пяцьсот трыццаць святарскіх шатаў. А некаторыя кіраўнікі родаў далі ў скарбоўню на правядзенне работы дваццаць тысяч драхмаў золата і дзве тысячы дзвесце мінаў срэбра. І астатні народ даў дваццаць тысяч драхмаў золата, ды дзве тысячы мінаў срэбра і шэсцьдзесят сем святарскіх шатаў. А пасяліліся там святары і левіты; прыдзверныя ж, і спевакі, і іншыя людзі, і нявольнікі ды ўсе ізраэльцы жылі ў сваіх гарадах; і надышоў сёмы месяц; а сыны Ізраэля жылі ў сваіх гарадах.

І сабраўся ўвесь Ізраэль, як адзін чалавек, на плошчы перад Воднаю брамаю, і сказалі яны кніжніку Эздру, каб прынёс кнігу Майсеева закону, якую Госпад даў для Ізраэля. Такім чынам, у першы дзень сёмага месяца святар Эздра прынёс кнігу закону да сходу мужчын, і жанчын, і да ўсіх, хто мог зразумець. І прачытаў ён з кнігі на плошчы перад Воднаю брамай ад раніцы аж да паўдня перад мужчынамі, і жанчынамі, ды тымі, што маглі зразумець; і вушы ўсяго народа былі звернуты да кнігі закону. А кніжнік Эздра стаў на драўляным узвышэнні, якое было зроблена для гэтае мэты; і побач з ім стаялі Матація, і Сэма, і Аная, і Урыя, і Хэлькія і Маасія, з правага боку яго, а з левага боку — Падая, Місаэль, і Мэльхія, і Гасум, і Гасбадана, і Захарыя, і Масала. І Эздра разгарнуў кнігу на віду ўсяго народа — бо ён узвышаўся над усім народам, — і, калі ён разгарнуў кнігу, падняўся ўвесь народ. І Эздра дабраславіў Госпада, Бога магутнага; і ўвесь народ, падымаючы свае рукі, адказаў: «Амін, амін». І пакланіліся, і ўпалі, тварам дакранаючыся да зямлі, перад Богам Затым левіты: Ешуа, і Бані, і Сэрэбія, Ямін, Акуб, Сабэтай, Годыя, Маасія, Келіта, Азарыя, Ёзабад, Ханан, Палая і левіты тлумачылі народу закон; а народ стаяў на сваім месцы. І прачыталі з кнігі закону Божага выразна, і адкрылі сэнс, і высветлілі чытанае. А Нэгэмія, значыць намеснік, і Эздра, святар і кніжнік, і левіты, якія навучалі народ, сказалі ўсяму народу: «Дзень гэты асвячоны для Госпада, Бога нашага! Не сумуйце і не плачце!» Бо ўвесь народ плакаў, калі пачуў словы закону. І сказаў ім Нэгэмія: «Ідзіце і спажывайце тлустыя стравы ды піце мёд, ды пасылайце частку тым, якія не прыгатавалі сабе, бо святы ёсць гэты дзень для Госпада нашага; і не сумуйце, бо радасць у Госпадзе — гэта сіла ваша». А левіты супакойвалі ўвесь народ, кажучы: «Супакойцеся, бо гэты дзень святы; і не сумуйце!» Такім чынам, увесь народ пайшоў есці, і піць, і пасылаць часткі ежы, і ўзбуджаць вялікую радасць, бо зразумелі словы, якім іх вучылі. І на другі дзень сабраліся кіраўнікі родаў ад усяго народу, святары і левіты ў пісара Эздры, каб зразумець словы закону. І напісанае ў законе, які даў Госпад праз Майсея, знайшлі, каб ізраэльцы ў час свята ў сёмым месяцы жылі ў палатках і каб аб’яўлялі і абвяшчалі па ўсіх гарадах сваіх і ў Ерузаліме, заклікаючы: «Ідзіце ў горы і прыносьце аліўкавыя галінкі, і галінкі дзікай масліны, і галінкі мірта, і галінкі пальмавыя, і галінкі іншых дрэў з густым лісцем, каб зрабіць палаткі, як было напісана». І выйшлі людзі, і прынеслі тое, і справілі сабе палаткі, кожны на сваім даху, і на сваіх панадворках, і на панадворку дома Божага, і на плошчы Воднае брамы, і на плошчы Эфраімавай брамы. Такім чынам, уся супольнасць тых, якія вярнуліся з няволі, зрабіла палаткі і жыла ў палатках. Бо не рабілі гэтак ад часоў Ешуа, сына Нуна, а таксама сына Ізраэля, аж да гэтага дня; і валадарыла вельмі вялікая радасць. А чыталі з кнігі закону Божага кожны дзень, ад першага дня аж да апошняга; і сем дзён святкавалі свята, і ў восьмы дзень сабралі сход па распараджэнні.

А ў дваццаць чацвёрты дзень гэтага месяца сабраліся ізраэльцы ў час посту і ў зрэбніцах, і з пасыпанымі попелам галовамі. І аддзялілася пакаленне Ізраэля ад усякага чужынца; і падняліся, і вызналі ўсе грахі свае і правіннасці бацькоў сваіх. І падняліся, каб стаяць, і чвэрць дня чыталі з кнігі закону Госпада, Бога іх; і чвэрць вызнавалі свае грахі і пакланяліся Госпаду, Богу свайму. А на ўзвышэнне для левітаў сталі: Ешуа, і Бані, і Кадмігэль, і Сэбанія, Буні, Сэрэбія, Бані, і Ханані, і закрычалі ўголас да Госпада, Бога свайго. І левіты: Ешуа, і Кадмігэль, Бані, Гасабнія, Сэрэбія, Годыя, Сэбанія, Пэтагія сказалі: «Устаньце і дабраславіце Госпада, Бога вашага, спакон веку і навек, ды дабраславіце велічнае імя славы Яго, вышэй за ўсякае дабраславенне і хвалу! Ты, Госпадзе, адзіны; Ты стварыў неба і нябёсы нябёсаў, ды ўсё войска іх, зямлю і ўсё, што на ёй, мора і ўсё, што ў ім; і Ты ажыўляеш усё гэта, і нябеснае войска Табе пакланяецца. Ты Той, Госпадзе, Божа, Які выбраў Абрама і вывеў яго з Ура Халдэйскага, і даў яму імя Абрагам. І Ты знайшоў у ім сэрца, вернае Табе, і заключыў Ты з ім запавет, каб даць нашчадкам яго зямлю хананея, хетэя, амарэя і феразея, евусея і гергесея; і Ты споўніў словы Свае, бо Ты — справядлівы. І Ты ўбачыў смутак бацькоў нашых у Егіпце, і пачуў лямант іх каля Чырвонага мора. І Ты паказаў знакі і цуды на фараоне, і на ўсіх паслугачах яго, і на ўсім народзе яго зямлі; бо ведаў Ты, што яны пагардліва ставіліся да іх, і ўславіў Ты імя Сваё па сённяшні дзень. І Ты раздзяліў мора перад імі, і перайшлі яны сярэдзінай мора, па сухому; а тых, хто гнаўся за імі, укінуў Ты ў глыбіні мора, як камень у бурлівыя воды. І слупам воблачным павёў Ты іх удзень, і слупам агню быў для іх ноччу, каб асвятляць ім дарогу, якой ішлі. Таксама Ты сышоў на гару Сінай, і гаварыў з імі з неба; і даў Ты ім суд справядлівы, і закон верны, пастановы і прыказанні добрыя. І паказаў Ты ім асвячоную Тваю суботу, і прыказанні, і пастановы, і закон даў ім праз рукі раба Твайго Майсея. Таксама хлеб з неба даў Ты ім у час голаду іх, і ваду вывеў Ты ім са скалы ў час смагі іх; і сказаў ім, каб увайшлі і валодалі зямлёю, над якой падняў Ты руку Сваю, каб даць яе ім. Але яны, бацькі нашыя, трымалі сябе пагардліва, і зацвярдзелі каркі іх, і не слухалі прыказанняў Тваіх. І не захацелі яны слухаць, і не памяталі цудаў Тваіх, якія чыніў Ты ім, і зацвярдзелі каркі іх, і нахілілі галаву сваю, каб вярнуцца ў Егіпет, у сваю няволю. Але Ты — Бог ласкавы, спагадлівы і міласэрны, цярплівы ды вялікай літасці, Ты не адвярнуўся ад іх. І нават тады, калі зрабілі сабе цяля літое, і гаварылі: “Гэта бог твой, які вывеў цябе з Егіпта”, і дапусціліся вялікіх блюзненняў, Ты, у бязмежнай міласэрнасці Сваёй, не пакінуў іх у пустыні: слуп воблака не адступіў ад іх удзень, каб весці іх дарогаю; і слуп агню — ноччу, каб асвятляць ім дарогу, па якой мелі ісці. І даў Ты ім Свайго добрага Духа, каб ён вучыў іх, і манны Сваёй не забраў ад іх вуснаў, і ваду даў Ты ім у час іх смагі. Сорак гадоў карміў Ты іх у пустыні, і ні ў чым не мелі яны патрэбы; адзенне іх не нішчэла, ды ногі іх не пухлі. І даў Ты ім царствы і народы, і выдзеліў ім часткі; і яны авалодалі зямлёй Сэгона, цара Хесебона, і зямлёй Ога, цара Басана. І памножыў Ты сыноў іх, як зоркі на небе; ды ўвёў іх у зямлю, якую абяцаў бацькам іх, што ўвойдуць і будуць валодаць ёю. І ўвайшлі сыны, і авалодалі зямлёю, і Ты ўпакорыў перад імі жыхароў зямлі Ханаанскай; ды аддаў іх у іх рукі, і цароў іх, і народы зямлі, каб зрабілі з імі, як ім падабаецца. Такім чынам, занялі яны гарады ўмацаваныя і зямлю ўраджайную; і завалодалі дамамі, напоўненымі ўсякім дабром, студнямі, зробленымі іншымі людзьмі, вінаграднікамі і гаямі аліўкавымі ды мноствам дрэў пладовых. І елі яны, і насычаліся, і растлусцелі дзеля вялікай дабраты Тваёй. Але ўгнявілі яны Цябе, і ўзбунтаваліся супраць Цябе, і пакінулі закон Твой; і пазабівалі прарокаў Тваіх, якія ім нагадвалі, каб вярнуліся да Цябе: ды дапусціліся вялікіх блюзненняў. І аддаў Ты іх у рукі ворагаў іх, каб здзекаваліся над імі; і яны ў час гора свайго прызвалі Цябе, і Ты пачуў іх з нябёсаў, і ў бязмежнай літасці Тваёй даў Ты ім збаўцаў, каб збаўлялі яны іх з рук ворагаў іх. І, пажыўшы ў супакоі, зноў вярнуліся яны, каб чыніць ліхоту перад абліччам Тваім; ды Ты аддаў іх у рукі ворагаў іх, і яны валадарылі над імі. І яны зноў навярнуліся і прызвалі Цябе; Ты ж выслухоўваў іх з неба і шмат разоў вызваляў іх у Сваёй вялікай міласэрнасці. І заклінаў Ты іх, каб навярнуць да закону Твайго; але яны трымаліся пагардліва, і не паслухалі прыказанняў Тваіх, і грашылі адносна законаў Тваіх, якія, калі споўніць чалавек, то будзе жыць у іх, і зрабілі яны бунтарскім плячо сваё, і зацвярдзеў іх карак, і не выслухалі яны. І шкадаваў Ты іх многа гадоў, і заклінаў іх Духам Тваім і праз рукі прарокаў Тваіх, і не выслухалі яны; і аддаў Ты іх у рукі народаў чужых земляў. Але ў міласэрнасці найвялікшай Сваёй не вынішчыў іх і не пакінуў Ты іх; бо Ты — Бог міласэрны і міласцівы. Дык цяпер, Божа наш, вялікі, магутны і страшны, захоўваючы запавет і міласэрнасць, хай не будуць малымі ў Цябе ўсе беды, што наведалі нас, цароў нашых, і князёў нашых, і святароў нашых, і прарокаў нашых, і бацькоў нашых ды ўвесь народ Твой, ад дзён цароў асірыйскіх аж па гэты дзень. І Ты справядлівы ва ўсім, што прыйшло на нас, бо Ты справядліва зрабіў, а мы бязбожна паводзілі сябе. Цары нашы, князі нашы, святары нашы і бацькі нашы не споўнілі закону Твайго ды не зважалі на прыказанні Твае і на сведчанні Твае, якімі сведчыў перад імі. І яны ў царствах сваіх і ў дабраце Тваёй вялікай, якую Ты даў ім, і ў зямлі надта абшырнай і ўрадлівай, якую Ты ім даў, не служылі Табе ды не адвярнуліся ад учынкаў сваіх найгоршых. І вось, мы самі сёння сталі нявольнікамі ў зямлі, якую Ты даў бацькам нашым, каб спажывалі плады яе і багацце яе, мы самі сталі нявольнікамі. І плады яе памнажаюцца для цароў, якіх ты паставіў над намі дзеля нашых грахоў, і яны валодаюць целамі нашымі і жывёлай нашай па сваёй волі, і мы знаходзімся ў вялікім прыгнёце. Такім чынам, дзеля ўсяго гэтага мы заключаем і падпісваем дагавор, і паставяць на ім пячатку князі нашы, левіты нашы і нашы святары».

А паставілі пячаткі: Нэгэмія намеснік, сын Гахаліі, і Сэдэцыя, Сарая, Азарыя, Ярэмія, Пасур, Амарыя, Мэльхія, Гат, Сэбанія, Мэлух, Гарым, Мэрамот, Абдзія, Даніэль, Гэнтан, Барух, Масалам, Абія, Міямін, Маазія, Бэльгай, Сямэя — гэта святары. Затым левіты: Ешуа, сын Азаніі, Бэнуй, адзін з сыноў Гэнадада, Кадмігэль і браты іх: Сэбанія, Годыя, Келіта, Палая, Ханан, Міха, Рагоб, Гасабія, Закхур, Сэрэбія, Сэбанія, Годыя, Бані, Баніну. Кіраўнікі народа: Парос, Пагатмааб, Элам, Зэтуа, Бані, Буні, Азгад, Бэбай, Адонія, Бэгвай, Адзін, Атэр, Эзэкія, Азур, Годыя, Гасум, Бэсай, Гарэф, Анатот, Нэбай, Мэгпія, Масала, Гэзір, Мэсазабэль, Садок, Едуа, Пэлція, Ханан, Аная, Осія, Хананія, Гасуб, Алогас, Палея, Сабэк, Рэгум, Хасабна, Маасія, Ахія, Ханан, Анан, Мэлух, Гарым, Баана. І астатнія з народа, святары, левіты, прыдзверныя і спевакі, нявольнікі ды ўсе, якія аддзяліліся ад чужых народаў дзеля закону Божага; жонкі іх, сыны іх і дочкі іх, — усе, хто мог зразумець, далучыліся да выдатнейшых братоў сваіх, прысягаючы і абяцаючы, што будуць хадзіць паводле закону Божага, які дадзены праз руку Майсея, паслугача Божага, і што будуць спаўняць і пільнаваць усе прыказанні Госпада, Бога нашага, і пастановы Яго, і законы Яго, і што не будзем аддаваць дачок сваіх за чужынцаў, і не будзем браць дачок іх за жонак для сыноў сваіх. І калі ў дзень суботні чужынцы выставяць тавары і ўсякія харчы на продаж, дык не будзем браць ад іх у суботу і ў дзень асвячоны; а ў сёмы год мы даруем усякі доўг. І ўстанаўліваем сабе законы, каб штогод даваць трэцюю частку сікля на патрэбу дома Бога нашага, на пакладныя хлябы і на заўсёдную ахвяру з ежы, на заўсёднае цэласпаленне на суботы, на дні маладзіка, на святы і на асвячонае, і на ахвяру за грэх, каб атрымаць ачышчэнне для Ізраэля, ды на ўсякую патрэбу дома Бога нашага. Такім чынам, кінулі мы жэрабя пра ахвяру з дроў сярод святароў, і левітаў, і народа, каб па пакаленнях бацькоў нашых у вызначаны час, з года ў год дастаўляць дровы ў дом Бога нашага, каб яны гарэлі на ахвярніку Госпада, Бога нашага, як напісана было ў законе, і каб з года ў год мы прыносілі першароднае зямлі нашай і першыя плады з кожнага дрэва ў дом Госпада, і, як напісана было ў законе, каб першароднае з сыноў нашых, і з жывёлы нашай, і з валоў нашых, і з авечак нашых прыносіць у дом Бога нашага для святароў, якія служаць у доме Бога нашага; і пяршыні харчоў нашых, і ўзліванняў нашых, і плады з кожнага дрэва, таксама пяршыні вінаграду і аліўкавага алею мы будзем прыносіць святарам у камору дома Бога нашага, і дзесяціну з нашай зямлі — левітам. Самі левіты атрымоўваюць дзесяціны з усіх гарадоў гаспадаркі нашай. А святар, сын Аарона, хай будзе разам з левітамі, калі яны будуць збіраць дзесяціны, і хай левіты прынясуць дзесятую частку дзесяціны ў камору скарбоўні ў доме Бога нашага. Бо ў камору павінны прыносіць сыны Ізраэля і сыны Леві пяршыні збожжа, віна і аліўкавага алею; і там хай будуць пасвечаныя пасудзіны, і святары, якія служаць, і прыдзверныя, і спевакі. І мы не пакінем дом Бога нашага.

Кіраўнікі ж народа жылі ў Ерузаліме; а астатні народ кідаў жэрабя, каб адна дзесятая частка з іх ішла жыць у святы горад Ерузалім, а дзевяць дзесятых — у іншыя гарады. А народ дабраславіў усіх людзей, якія добраахвотна вырашылі жыць у Ерузаліме. Такім чынам, гэта кіраўнікі краю, якія жылі ў Ерузаліме і ў гарадах Юдэі. Кожны жыў на зямлі сваёй, у гарадах сваіх: ізраэльцы, святары, левіты, нявольнікі і сыны нявольнікаў Саламона. У Ерузаліме жылі сыны Юды і сыны Бэньяміна. Спаміж сыноў Юды: Атая, сын Озіі, сына Захарыі, сына Амарыі, сына Сафаціі, сына Малаліэля з сыноў Пэрэса; і Маасія, сын Баруха, сына Хальгозы, сына Хазіі, сына Адаі, сына Ёярыба, сына Захарыі, з сыноў сіланітаў. Усіх сыноў Пэрэса, пражываючых у Ерузаліме, было чатырыста шэсцьдзесят восем чалавек, здатных да бою. А вось сыны Бэньяміна: Салу, сын Масалы, сына Ёэда, сына Падаі, сына Калаі, сына Маасіі, сына Этгээля, сына Есаі; і таксама братоў гэтых мужоў, усіх разам — дзевяцьсот дваццаць восем. І Ёэль, сын Зэхры, быў кіраўніком, і Юда, сын Асаны, быў другім над горадам. І паміж святароў: Ядая, сын Ёярыба, сына Сараі, сына Хэлькіі, сына Масалы, сына Садока, сына Мэраёта, сына Ахітуба, кіраўнік у доме Божым; ды браты іх, што выконваюць работы ў святыні — восемсот дваццаць два чалавекі. І Адая, сын Ерахама, сына Пэлеліі, сына Амсі, сына Захарыі, сына Пасура, сына Мэльхіі; і браты яго, галовы сем’яў, — дзвесце сорак дзве асобы. І Амасай, сын Азарыэля, сына Ахазі, сына Масаламота, сына Эмэра; і браты іх, здатныя да бою, — сто дваццаць восем; і кіраўнік над імі — Забдзіэль, муж высакародны. І з левітаў: Сямэй, сын Гасуба, сына Эзрыкі, сына Гасабіі, сына Буні, і Сабэтай, і Ёзабад, якія былі даглядчыкамі над усімі работамі, якія вяліся звонку ў доме Божым, — з кіраўнікоў левітаў; і Матанія, сын Міхі, сына Зэбэдэя, сына Асафа, кіраўнік хору, пачынаў малітву; і Бэкбэцыя, другі паміж сваіх братоў, і Абда, сын Самуа, сына Галала, сына Ідытуна. Усе левіты ў святым горадзе налічвалі дзвесце восемдзесят чатыры чалавекі. І прыдзверныя: Акуб, Тэльмон ды браты іх, якія пільнавалі брамы — сто семдзесят два чалавекі. І іншыя ізраэльцы, святары і левіты, жылі ва ўсіх гарадах Юдэі, кожны ў сваім уладанні. І нявольнікі жылі ў Афэлі; і Сіга і Гаспа былі над нявольнікамі. І кіраўніком над левітамі ў Ерузаліме быў Озі, сын Бані, сына Гасабіі, сына Матаніі, сына Міхі, з сыноў Асафа, якія былі спевакамі ў час службы ў доме Божым. Было бо адносна іх царскае распараджэнне, хто ў які дзень мае спяваць. А Пэтагія, сын Мэсазабэля з сыноў Зары, сына Юды, быў царскім паслом ва ўсякай справе [адносна] народа. Што да жыўшых у вёсках, ва ўсіх мясцовасцях іх, дык некаторыя сыны Юды жылі ў Карыят-Арбе і ў яго ваколіцах, і ў Дыбоне і ў яго вёсках, і ў Кабсээлі ды ў яго вёсках, і ў Ешуа, і ў Маладзе, і ў Бэтпэлеце, і ў Асарсуалі, і ў Бээр-Сэбе, і ў яго вёсках, і ў Сікэлазе, і ў Махоне, і ў яго вёсках, і ў Рэмоне, і ў Цоры, і ў Ярымоце, у Заноэ, у Адаламе і іх вёсках, у Лахісе і ў яго ваколіцах, у Азэцы і яго мястэчках. І абжыліся яны ад Бээр-Сэбы аж да лагчыны Гэном. Сыны ж Бэньяміна жылі ў Габе, Міхмасе, і Гаі, і Бэтэлі і ў яго вёсках, у Анатоце, Нобе, Ананіі, у Асоры, Раме, Гет-Таіме, Хадыдзе, Сэбаіме і Нэбалаце, Лодзе і Оне, і на раўніне Харашым. І левіты мелі паселішчы свае ў ваколіцах Юды і Бэньяміна.

А гэта святары і левіты, якія прыйшлі з Зарабабэлем, сынам Салаціэля, і Ешуа: Сарая, Ярэмія, Эздра, Амарыя, Мэлух, Гат, Сахэнія, Рэгум, Мэрамот, Адо, Гэнтан, Абія, Міямін, Маадзія, Бэльга, Сямэя і Ёярыб, Ядая, Салу, Амок, Хэлькія, Ядая. Гэта кіраўнікі святароў і братоў іх у дні Ешуа. Затым левіты: Ешуа, Бэнуй, Кадмігэль, Сэрэбія, Юда і Матанія — ён і браты яго кіравалі спевам гімнаў; а Бэкбэцыя, і Хані, і браты іх стаялі насупраць іх па чэргах сваіх. А Ешуа быў бацькам Ёакіма, і Ёакім быў бацькам Эліясіба, а Эліясіб быў бацькам Ёяды, і Ёяда быў бацькам Ёнатана, і Ёнатан быў бацькам Едуа. А ў дні Ёакіма галовамі родаў былі святары: з роду Сараі — Марая, з роду Ярэміі — Хананія, з роду Эздры — Масала, з роду Амарыі — Ёганан, з роду Міліхо — Ёнатан, з роду Сэбаніі — Язэп, з роду Гарыма — Эдна, з роду Мэраёта — Хэлькі, з роду Адаі — Захарыя, з роду Гэнтана — Масала, з роду Абіі — Зэхры, з роду Міяміна і Маадыі — Пэльцы, з роду Бэльгі — Самуа, з роду Сямэі — Ёнатан, з роду Ёярыба — Матанай, з роду Ядаі — Озі, з роду Сэлая — Келай, з роду Амока — Гебэр, з роду Хэлькіі — Гасабія, з роду Ядаі — Натанаэль. У дні Эліясіба, і Ёяды, і Ёханана, і Едуа былі запісаны левіты, кіраўнікі родаў, і святары аж да валадарання Дарыя, перса. Сыны Леві: кіраўнікі родаў, былі запісаны ў Кнізе Хронікаў аж да дней Ёнатана, сына Эліясіба. Кіраўнікамі левітаў былі: Гасабія, Сэрэбія, Ешуа, Бэнуй, і Кадмігэль, і браты іх стаялі перад імі, каб па загадзе Давіда, чалавека Божага, славіць і дзякаваць паводле сваіх чэргаў: Матанія і Бэкбэцыя, Абдзія, Масала, Тэльмон, Акуб — прыдзверныя, каб вартаваць пры кладоўках каля брам. Яны жылі ў дні Ёакіма, сына Ешуа, сына Ёсэдэка, і ў дні Нэгэміі, намесніка, і Эздры, святара і кніжніка. І на пасвячэнне мура Ерузаліма сабралі левітаў з усіх іх месцаў, каб прывесці іх у Ерузалім і зрабіць пасвячэнне з радасцю ды з падзякаю, і са спевам, і з цымбаламі, псалтэрыёнамі і гуслямі. А сабраліся спевакі з ваколіц Ерузаліма і з сёл Нэтафатытаў, і з Бэтгалгала, ды з ваколіц Габы, і Азмавэта, бо пабудавалі сабе спевакі паселішчы вакол Ерузаліма. І святары і левіты ачысцілі самі сябе, і ачысцілі народ, і брамы, і мур. А я павёў кіраўнікоў юдэйскіх на мур і паставіў два вялікія хоры, каб спявалі хвалу; адзін з іх ішоў уздоўж мура ўправа, у бок брамы Гнаявой кучы. І за імі ішоў Асая з паловай князёў Юды, і Азарыя, Эздра, і Масала, і Юда, і Бэньямін, і Сямэя, і Ярэмія. І паміж святароў з трубамі ішлі і Захарыя, сын Ёнатана, сына Сямэі, сына Матаніі, сына Міхея, сына Закхура, сына Асафа; ды браты яго: Сямэя, і Азарыэль, Малалай, Галалай, Маай, Натанаэль, і Юда, і Ханані з інструментамі музычнымі Давіда, чалавека Божага; і кніжнік Эздра — перад імі і ў браме Крыніцы. Яны ўзышлі па прыступках горада Давідава, па дарозе ўверх на мур, вышэй дома Давідава і аж да брамы Воднай на ўсход. І другі хор тых, хто ўзносіў падзякі, ішоў насустрач, і за ім я з паловай народа на мур за вежу Печаў і аж да самага Шырокага мура, і за браму Эфраіма і за Старую браму ды за Рыбную браму, і за вежу Хананээль, і за вежу Мэаг, і аж да брамы Авечай; і спыніліся яны пры браме Вартаўнічай. І абодва хоры хвалы сталі ў доме Божым, таксама і я з паловай старэйшын пры мне. І святары: Эліякім, Маасія, Міямін, Міхей, Эліёэнай, Захарыя, Хананія з трубамі, і Маасія, і Сямэя, і Элеязэр, і Озі, і Ёганан, і Мэльхія, і Элам, і Эзэр. І гучна заспявалі спевакі пад кіраўніцтвам Ізрахіі. І ў той дзень усклалі вялікія ахвяры, і ўсцешыліся; бо Бог даў ім вялікую радасць; але і жонкі іх, і дзеці ўзрадаваліся, і гоман радасці быў чутны далёка ад Ерузаліма. У той жа дзень паставілі людзей над кладоўкамі для скарбоўні, для ўзліванняў, і для пяршынь, і дзесяцін, каб збіраць у іх з палёў пры гарадах часткі, законам прызначаныя, для святароў і левітаў, бо юдэі ўсцешыліся з-за святароў і левітаў, якія прысутнічалі і спаўнялі службу Богу свайму і службу ачышчэння разам са спевакамі і прыдзвернымі паводле загаду Давіда і Саламона, сына яго. Бо ў дні Давіда і Асафа з самага пачатку былі хоры спевакоў і спевы хвалы і падзякі Богу. І ўвесь Ізраэль у дні Зарабабэля і ў дні Нэгэміі даваў часткі ахвяр спевакам і прыдзверным кожны дзень, сваю частку ахвяр пасвячалі левітам, і левіты пасвячалі часткі ахвяр сынам Аарона.

У той жа дзень чытана было з кнігі Майсея перад народам, і адшукалі ў ёй, што аманіцяне і маабцы ніколі не павінны ўваходзіць у супольнасць Божую, за тое, што яны не спаткалі ізраэльцаў з хлебам і вадой, і падкупілі супраць іх Балаама, каб іх праклясці, а Бог наш перамяніў праклён на дабраславенне. Сталася ж, калі пачулі яны закон, то аддзялілі ад Ізраэля ўсё змяшанае. А нейкі час перад тым быў святар Эліясіб, кіраўнік над камораю дома Бога нашага і сваяк Тобіі; і ўладкаваў для яго вялікі пакой, дзе раней складвалі дары з ежы, і кадзіла, і пасудзіны, і дзесяціну збожжа, віна, і аліўкавага алею, часткі для левітаў, і спевакоў, і прыдзверных, і дары для святароў. А ў час усяго гэтага не быў я ў Ерузаліме, бо ў трыццаць другім годзе валадарання Артаксэркса, цара Бабілонскага, прыйшоў я да цара, і ў канцы дзён я папрасіў аб тым, каб пайсці ад цара, і прыйшоў я ў Ерузалім. І даведаўся пра злачынства, якога дапусціўся Эліясіб адносна Тобіі: бо аддаў ён яму скарбоўню на панадворку дома Божага. І гэтае злачынства выглядала для мяне вельмі ліхім, ды выкінуў я пасудзіны Тобіі на двор каморы; і загадаў, і ачысцілі гэту камору, ды вярнуў я туды пасудзіны дома Божага: ахвяры з ежы і кадзіла. І даведаўся я, што належныя часткі ахвяр не далі левітам і ўсе спевакі і левіты, якія спаўнялі службу, уцяклі ў свае землі. І зрабіў я вымову кіраўнікам, і сказаў: «Чаму пакінулі вы дом Божы?» І сабраў я іх, і паставіў іх на свае месцы. І ўся Юдэя прынесла ў кладоўкі дзесяціну збожжа, віна і аліўкавага алею. Ды паставіў я над кладоўкамі Сэлемію святара і Садока пісара і Падаю з левітаў, і каля іх Ханана, сына Закхура, сына Матаніі, бо пацвердзілі яны, што верныя; і ім было даручана даваць належныя часткі сваім братам. Памятай дзеля гэтага пра мяне, Божа мой; ды не забывайся пра мае добрыя ўчынкі, якія зрабіў я ў доме Бога майго і ў службах Яго! У тыя дні ўбачыў я, як у Юдэі тапталі ў давільнях у суботу, насілі снапы і клалі на аслоў іх, а таксама і віно, і вінаград, і фігі, і ўсякі цяжар, і прывозілі ў Ерузалім у дзень суботні; і заклінаў я іх, калі яны у гэты дзень прадавалі харчы. А жыхары Тыра жылі там, у Юдэі, прывозілі рыбу і ўсе тавары, і прадавалі ў суботу сынам Юды ў Ерузаліме. І я дакараў кіраўнікоў Юды, кажучы ім: «Навошта вы робіце такое зло і паганіце дзень суботні? Ці ж не гэтак зрабілі бацькі вашыя, і Бог наш навёў на нас і на гэты горад усякія няшчасці? І вы павялічваеце гнеў Яго на Ізраэль, зневажаючы суботу!» Сталася ж, калі перад днём суботы цемра схавала брамы Ерузаліма, я сказаў і закрылі брамы; я загадаў, каб не адкрывалі іх, аж пакуль не скончыцца субота. І паставіў я паслугачоў сваіх пры брамах, каб ніхто нічога не насіў у дзень суботы. І заначавалі гандляры і прадаўцы раз і другі з усякімі таварамі па-за Ерузалімам. І я іх заклінаў, і сказаў ім: «Чаму начуеце па-за мурам? Калі зноў гэтак зробіце, дык падыму руку на вас». Такім чынам, ад таго часу не прыходзілі ў суботу. Таксама я загадаў левітам, каб ачысціліся і пайшлі пільнаваць брамы і святкаваць дзень суботні. І за гэта, такім чынам, памятай пра мяне, Божа мой, і будзь да мяне міласцівы паводле бязмежнай літасці Тваёй! Але і ў тыя дні бачыў я юдэяў, якія бралі за жонак азотак, аманіцянак і маабак. І дзеці іх часткова гаварылі па-азоцку і не ўмелі гаварыць па-юдэйску, але гаварылі на мове таго, або другога народа. Ды я дакараў іх, і пракляў, і некаторых з іх пабіў і вырваў у іх валасы; і закляў іх Богам, каб не аддавалі дачок сваіх за сыноў іх і не бралі дачок іх для сыноў сваіх ані для саміх сябе за жонак, кажучы: «Ці ж не такім чынам грашыў Саламон, цар Ізраэля? І, канешне, многія народы не мелі такога цара, як ён, і ён быў даспадобы Богу свайму, і паставіў яго Бог царом над усім Ізраэлем; і, такім чынам, яго звялі да граху чужыя жанчыны. Ці ж і мы, слухаючы вас, будзем рабіць усякае вялікае злачынства тым, што будзем грашыць перад Богам нашым і браць за жонак чужаземак?» А адзін з сыноў Ёяды, сына першасвятара Эліясіба, быў зяцем Санабалата з Харона, якога я выгнаў ад сябе. Памятай, Госпадзе, Божа мой, аб тых, што паганяць святарства і запавет святарскі і левіцкі! Вось так ачысціў я іх ад усяго чужога і паставіў чэргі для святароў і левітаў, кожнага ў яго службе і для ахвяры з дроў у вызначаным часе і для пяршынь. Памятай пра мяне, Божа мой, на дабро.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.