Библия › Чарняўскі-17 › Эстэр
У другі год царавання Артаксэркса, вялікага цара, у першы дзень месяца Нісан бачыў сон Мардахэй, сын Яіра, сына Сэмэя, сына Кіса з пакалення Бэньяміна, юдэй, знакаміты чалавек; пражываў ён у горадзе Сузы і спаўняў службу пры царскім двары. І быў у яго сон такі: пачуліся крыкі, гоман і грымоты, і землятрус, і замяшанне страшэннае на зямлі. І вось, два вялікія драконы прыйшлі, гатовыя да бою між сабой; і пачалася страшная бойка іх, і сабраліся народы ў дзень цёмны і ліхі, і паўстала страшэннае замяшанне ў жыхароў зямлі. І забаяліся яны пагібелі, ды прызвалі Бога. І дзеля гэтага іх клічу ўзнікла крыніца невялікая, якая вырасла ў вельмі вялікую раку і расцяклася ў найбагацейшыя воды. З’явілася святло і сонца, і прыніжаныя былі ўзвышаны і знішчылі магутных. Калі Мардахэй убачыў гэты сон, устаўшы з ложка, ён разважаў, што хоча Бог зрабіць; і залегла гэта ў яго душы, пакуль не выявілася. І было гэта ў дні Асуэра, які цараваў ад Індыі аж да Егіпта над ста дваццаццю сямю правінцыямі, калі ён сядзеў на пасадзе свайго царства ў горадзе Сузы, дык вось, ён у трэці год свайго валадарання справіў вялікае застолле для ўсіх сваіх князёў і паслугачоў, для наймужнейшых персаў і мідзян, магнатаў і правіцеляў правінцый, якія разам з ім былі, каб паказаць багацці слаўнага царства свайго, а таксама бляск і веліч магутнасці сваёй на працягу доўгага часу, а менавіта на працягу ста васьмідзесяці дзён. І па заканчэнні дзён застолля запрасіў ён увесь народ, які знаходзіўся ў Сузах, ад найбольшага аж да найменшага; і ён загадаў прыгатаваць сямідзённае застолле на панадворку саду царскага палаца. І з кожнага боку віселі тканіны, якія служылі для будавання палатак: і палатняныя, і гіяцынтавыя, якія падтрымліваліся вісонавымі і пурпуровымі вяроўкамі, што былі прасунуты ў срэбраныя кольцы і падпіраліся мармуровымі калонамі; таксама залатыя і срэбраныя лыжкі стаялі на ізумруднай падлозе, высланай пароскім каменем і іншымі камянямі рознага колеру. А тыя, што запрошаны былі, пілі з залатых і рознакаляровых чар цудоўнае віно, — бо яно было варта царскай велічы, — было яго вельмі шмат ды асабліва падавалася. І да піцця ніхто не змушаў, бо так загадаў цар усім загадчыкам дому свайго, каб кожны дзейнічаў па сваёй волі. Таксама царыца Васці справіла жаночае застолле ў палацы царскім жанчынам, дзе звычайна цар Асуэр прабываў. Такім чынам, на сёмы дзень, калі цар развесяліўся піццём віна, загадаў Маўману, і Базату, і Гарбону, і Багату, і Абгату, і Зэтару, і Хархасу — сямі еўнухам, якія цару Артаксэрксу паслугавалі, каб прывялі царыцу Васці перад цара, узлажыўшы ёй на галаву царскую дыядэму, каб паказаць усім народам і князям яе прыгажосць: бо вызначалася надта вялікай прыгажосцю. Яна не згадзілася і па загадзе цара, які ён перадаў праз еўнухаў, прыйсці не пажадала; дык цар, загневаўшыся ды надта ўзгарэўшыся абурэннем, запытаў у мудрацоў, якія ведалі даўнейшыя часы, бо справы цара разбіраліся перад усімі абазнанымі ў законе і судзе продкаў, — а блізкімі яму былі Харсэна, і Сэтар, і Адмата, і Тарсіс, і Марэс, і Марсана, і Мамухан, — сем князёў персаў і мідзян, якія бачылі аблічча цара ды займалі першыя месцы ў царстве: «Як па законе належыць абысціся з царыцай Васці, якая не захацела споўніць загад Асуэра цара, які быў перададзены праз еўнухаў?» І ў прысутнасці цара і князёў Мамухан адказаў: «Не толькі цара абразіла царыца Васці, але і ўсіх князёў і ўсе народы, якія пражываюць ва ўсіх правінцыях цара Асуэра. Калі бо слова царыцы разыдзецца паміж усіх жанчын, дык яны пагрэбуюць сваімі мужамі ды скажуць ім: “Цар Асуэр загадаў прывесці да яго царыцу Васці, і яна не захацела”. Вось, у гэты самы дзень усе жонкі князёў персаў і мідзян, пачуўшы, што сказала царыца, скажуць тое самае князям царскім; адсюль пагарда і гнеў. Калі табе, валадару, падабаецца, дык няхай выйдзе эдыкт ад цябе ды хай будзе напісана між законаў персаў і мідзян, якія нельга змяніць, што Васці не можа больш уваходзіць да цара Артаксэркса ды няхай яе годнасць царскую аддасць цар яе сяброўцы, больш вартай, чым яна. І гэта хай распаўсюдзяць ва ўсіх правінцыях царства твайго, якое вельмі вялікае, і ўсе жанчыны, ад найбольшай да найменшай, хай аддадуць пашану сваім мужам». Спадабалася яго парада цару і князям, і зрабіў цар па парадзе Мамухана. І паслаў ён лісты ва ўсе правінцыі царства свайго, каб кожны народ мог пачуць і прачытаць на розных мовах з [рознымі] літарамі, што мужы ёсць князі і старэйшыны ў сваіх дамах і што жонкі ўсе, якія з імі, павінны быць ім паслухмянымі.
Так, па гэтых падзеях, калі спыніўся гнеў цара Асуэра, прыгадаў ён Васці і тое, што яна зрабіла і што ёй было прысуджана. Ды сказалі паслугачы цара ды памочнікі яго: «Хай пашукаюць цару маладых і прыгожых дзяўчат і хай будуць вызначаны тыя, хто збярэ ва ўсіх правінцыях дзяўчат прыгажунь і прывядзе іх у горад Сузы, ды хай аддадуць жанчын у дом пад апеку Эгэя, еўнуха, які з’яўляецца кіраўніком і вартаўніком царскіх жонак; і хай атрымаюць яны жаночыя прыборы. І тая сярод усіх, якая спадабаецца цару, будзе царыцай замест Васці». Спадабалася гэта слова цару, і, як раілі, сказаў зрабіць. А ў горадзе Сузы пражываў чалавек, юдэй, на імя Мардахэй, сын Яіра, сына Сямэя, сына Кіса з пакалення Бэньяміна, які быў пераселены з Ерузаліма з палоннымі ў час высялення разам з Ёахінам, царом Юды, якога ўзяў у палон Набукаданосар, цар Бабілона. Ён быў апекуном Эдэсы, якая называлася і іншым імем Эстэр, дачкі дзядзькі свайго, і не мела ні бацькі, ні маці. Была яна прыгожага складу і мілага аблічча. І па смерці бацькі і маці Мардахэй узяў яе сабе за дачку. І сталася, калі разышлася вестка аб загадзе цара і калі па загадзе яго многа прыгожых дзяўчат было прыведзена ў Сузы і перададзена пад апеку Эгэя, таксама Эстэр была ўзята ў дом цара пад апеку Эгэя, вартаўніка жонак. Спадабалася яна яму ды знайшла ласку перад абліччам яго; і хутка пайшоў да яе з жаночым убраннем, і даў ёй яе часткі і самых прыгожых сем дзяўчат з дому цара ў сяброўкі, і перасяліў яе і яе сябровак у самае лепшае месца ў доме жанчын. Яна не выявіла ані яму, ані народу паходжання свайго; бо Мардахэй загадаў ёй, каб аб гэтым яна нікому не казала зусім. Мардахэй хадзіў штодзень каля панадворку дома, у якім пражывалі выбраныя дзяўчаты, рупячыся пра здароўе Эстэр ды жадаючы ведаць, што з ёй адбываецца. А калі прыходзіла пара на кожную па парадку дзяўчыну, каб пайсці ёй да цара, выканаўшы ўсё, што тычыцца жаночага прыбірання, па дванаццаці месяцах, — бо было так, што націраліся яны міравым алеем шэсць месяцаў ды другія шэсць месяцаў карысталіся жаночымі зёлкамі ды духмянасцямі, — тады толькі дзяўчаты ішлі да цара; і ўсё, чаго пажадалі, атрымлівалі яны, каб узяць з сабой з жаночай паловы ў дом цара. І якая вечарам ішла, тая раніцай зноў прыводзілася ў пакой дома жанчын пад апеку Сасагазі, еўнуха, які кіраваў наложніцамі. І не прыходзіла яна больш да цара, хіба што цар пажадаў бы і пазваў бы яе па імі прыйсці. А калі прайшоў час і надышоў дзень, у які Эстэр, дачка Абігайля, дзядзькі Мардахэя, якую ўзяў ён сабе за дачку, па парадку павінна пайсці да цара, не патрабавала яна анічога, адно толькі тое, што паручыў Эгэй, еўнух, вартаўнік жанчын, і яна вачам усіх здавалася прыгожай і мілай. Такім чынам, яна забрана была ў пакой цара Асуэра ў дзесяты месяц, што завецца Тэбэт, у дзесяты год яго царавання. І палюбіў яе цар болей, чым усіх іншых жанчын, і яна знайшла ласку і прыхільнасць у яго больш, чым усе іншыя дзяўчаты, і ён усклаў на галаву ёй царскі вянец і ўстанавіў яе царыцай на месца Васці. І загадаў справіць багатае застолле ўсім князям і ўрадоўцам сваім, застолле для Эстэр; дый вызваліў ад падатку ўсе правінцыі і даў шчодрыя дары з царскай веліччу. Мардахэй жа заставаўся пры браме цара, і Эстэр яшчэ не прызнавалася ў сваім паходжанні і пра народ, так як ёй гэта загадаў Мардахэй, бо Эстэр выконвала, што толькі загадваў ён, як звычайна рабіла ў той час, калі ён гадаваў яе, маленькую. Вось, у той час, у які Мардахэй прабываў пры браме цара, два еўнухі цара, Багата і Тарэс, якія былі прыдзвернымі, разгневаліся за тое і хацелі падняць рукі на цара. Дайшла гэтая вестка да Мардахэя, і ён зараз жа перадаў Эстэр, і яна — цару ад імя Мардахэя. Справа была праверана і выкрыта, і абодва яны былі павешаны на шыбеніцы, і запісана гэта было ў кнізе аналаў у прысутнасці цара.
Па гэтых падзеях цар Асуэр узвысіў Амана, сына Амадата, які быў з роду Агага, і паставіў пасад яго па-над усімі князямі, якіх ён меў. Усе паслугачы цара, якія былі ў брамах палаца, укленчвалі і давалі паклон перад Аманам; бо так загадаў цар адносна яго. Толькі адзін Мардахэй не кленчыў і не кланяўся яму. Сказалі яму паслугачы цара, якія стаялі пры браме палаца: «Чаму не спаўняеш загаду цара?» І паколькі так даволі часта гаварылі і ён не слухаў, дык сказалі Аману, каб пабачыць, ці будзе ён трымацца свайго пераканання; бо ён сказаў ім, што ён юдэй. І калі Аман на справе ўбачыў, што Мардахэй не кленчыць перад ім і не б’е паклону, разгневаўся надта, і ён палічыў гэта за нішто, каб падняць руку сваю толькі на Мардахэя, — бо чуў ён, што ён з народа юдэйскага, — больш таго, хацеў знішчыць усіх юдэяў, што жылі ў царстве Асуэра, як нацыю. У першы месяц, які завецца Нісан, у дваццаты год валадарання цара Асуэра, кінута было ў урну жэрабя, якое называецца пур, у прысутнасці Амана — у гэты дзень і ў гэты месяц народ юдэяў павінен быць знішчаны; і выпаў трынаццаты дзень дванаццатага месяца, што завецца Адар. І сказаў Аман цару Асуэру: «Ёсць народ, раскінуты і адасоблены ад народаў ва ўсіх правінцыях твайго царства; і карыстаецца ён чужымі законамі, якіх іншыя не ведаюць; звыш таго, царскіх пастаноў ён таксама не спаўняе; іх нельга пакідаць у супакоі і цару не належыць [так рабіць]. Калі табе падабаецца, рашы пісьмова, каб іх выгубіць, і я заплачу скарбнікам скарбоўні тваёй дзесяць тысяч талентаў срэбра, каб іх унесці ў скарб царскі». Дык зняў цар пярсцёнак свой з рукі сваёй ды даў яго Аману, сыну Амадата, з роду Агага, ворагу юдэяў. І сказаў цар яму: «Хай срэбра, якое ты абяцаў, тваім будзе; з народам рабі, што табе падабаецца». І скліканы былі пісары царскія трынаццатага дня першага месяца, ды было напісана ўсё, што загадаў Аман усім сатрапам царскім, і кіраўнікам правінцый, і князям паасобных народаў, каб кожны народ мог пачытаць і паслухаць на сваёй мове ад імя цара Асуэра; ды запячаткаваны былі лісты яго царскім пярсцёнкам. Разасланы былі лісты праз вестуноў усім царскім правінцыям, каб выгубіць, і выбіць, і знішчыць усіх юдэяў: ад дзіцяці аж да старца, малых і жанчын у адзін дзень, гэта значыць у дзень трынаццаты дванаццатага месяца, які называецца Адар, і маёмасць іх адабраць.
13а А копія ліста была такая: «Вялікі цар Артаксэркс піша гэта князям і правіцелям ста дваццаці сямі правінцый ад Індыі аж да Этыёпіі, якія падначалены яго ўладзе:
13б “Калі авалодаў я вельмі многімі народамі ды калі падначаліў сваёй уладзе ўвесь свет, зусім не хацеў я карыстацца моцаю ўлады сваёй, але заўсёды справядліва і спагадна дзейнічаў я, спраўляючы сваю ўладу над жыццём падначаленых без аніякага запалохвання і захоўваючы царства мірным і адкрытым аж да межаў яго, каб вярнуць усім смяротным жаданы супакой.
13в Калі пытаўся я ў сваіх дарадчыкаў, як можна гэта спакойна ажыццявіць, адзін з іх, Аман, які адрозніваўся ад іншых разважлівасцю, і добрай воляй, і пастаяннай вернасцю, і займае пасля цара другое месца,
13г выявіў мне, што паміж плямёнаў усяго свету рассеяны адзін народ, варожа настроены, які сваімі законамі працівіцца ўсім народам, не дбае ніколі пра распараджэнні цароў, каб не было згоды між народамі, намі змацаванай.
13д Калі мы пра гэта даведаліся, бачачы, што адзін гэты народ, бунтуючы супраць усіх родаў чалавечых, карыстаецца нясталымі законамі і працівіцца нашым справам, робіць найгоршае і парушае супакой у царстве,
13е дык мы загадалі, каб асобы, якіх вызначыць у лістах Аман, — які з’яўляецца загадчыкам дзяржаўных спраў ды каго мы лічым другім бацькам, — разам з жонкамі і дзецьмі згінулі цалкам ад мечаў супраціўнікаў і каб нікога з іх не пашкадавалі — чатырнаццатага дня дванаццатага месяца Адар гэтага года;
13ё каб тыя людзі, якія ўжо даўно з’яўляюцца ліхімі, у адзін дзень сілаю былі сасланы ў вечную цемру і каб на будучыню забяспечылі нам назаўсёды і цалкам спакой дзяржавы.
13ж Калі ж хто скрые род іх, той не будзе мець жыцця не толькі між людзей, але і між птушак, і будзе спалены святым агнём, і маёмасць яго будзе аддадзена дзяржаве. Бывайце!”» А копія лістоў, як закон, абвешчана была ва ўсіх правінцыях, каб ведалі ўсе народы ды прыгатаваліся на вызначаны дзень. Вестуны, якіх паслалі, спяшаліся выканаць загад цара; калі цар і Аман спраўлялі застолле — хутка і ў Сузах быў вывешаны эдыкт, чым выклікаў у самім горадзе замяшанне.
15а І застоллі справілі ўсе пагане; цар жа і Аман, калі ён увайшоў у царскі палац, з прыяцелямі частаваліся.
15б Дык усюды разыходзілася копія ліста, плач і вялікая жалоба была ва ўсіх юдэяў.
15в Юдэі прызывалі Бога бацькоў сваіх і маліліся:
15г «Госпадзе, Божа, Ты адзіны Бог над намі ў небе, і няма іншага Бога, акрамя Цябе.
15д Калі б бо спаўнялі закон Твой і прыказанні, жылі б бяспечна і спакойна ўвесь час жыцця нашага.
15дж Цяпер жа за тое, што не споўнілі прыказанні Твае, нахлынула на нас уся гэта бяда.
15дз Справядлівы Ты, і міласцівы, і ўзвышні, і магутны, Госпадзе, і ўсе дарогі Твае справядлівыя.
15е Ды цяпер, Госпадзе, не аддавай дзяцей сваіх у няволю, ані жонак нашых на ганьбу і загубу, — Ты, Які быў да нас літасцівым ад Егіпта аж дасюль.
15ё Злітуйся над галоўнай часткай Тваёй і не аддавай на ганьбу Тваю спадчыну, каб ворагі нашы не ўладарылі».
Калі Мардахэй даведаўся пра ўсё, што здарылася, раздзёр адзенне сваё, апрануўся ў зрэбніцу, пасыпаючы попелам галаву. Ды на плошчы ў цэнтры горада галасіў моцна ды горка плакаў, падышоў аж пад браму палаца; бо нельга было ўвайсці на царскі панадворак апранутаму ў зрэбніцу. Таксама ва ўсіх правінцыях, куды дайшоў эдыкт і закон цара, паўстаў у юдэяў вялікі смутак, пост, лямант і плач, так што для многіх зрэбніца і попел сталі ложкам. Прыйшлі ж паслугачкі Эстэр і еўнухі і расказалі ёй аб гэтым. Царыца спалохалася надта, пачуўшы гэта, і паслала адзенне, каб, скінуўшы зрэбніцу, апрануўся ў яго; ён не захацеў прыняць яго. І Эстэр, паклікаўшы Атаха, еўнуха, якога цар даў ёй за паслугача, загадала яму, каб ішоў да Мардахэя і выведаў ад яго, чаму ён гэта робіць. Ды пайшоў Атах да Мардахэя, які стаяў на плошчы горада перад брамай. Ён расказаў яму ўсё, што з ім здарылася, пра тое, колькі срэбра Аман паабяцаў заплаціць у скарбоўню цара за забойства юдэяў, калі іх знішчыць. Таксама копію эдыкта, які быў вывешаны ў Сузах на знішчэнне іх, даў яму, каб паказаў царыцы і пераканаў яе, каб схадзіла да цара і маліла яго, і заступілася за народ свой.
8а «Памятай, — казаў ён, — дні пакорнасці тваёй, калі ты гадавалася на руках маіх, бо Аман, другі па цару, асудзіў нас на смерць. І прызывай Госпада, і гавары цару пра нас, ды вызвалі нас ад смерці». Атах, вярнуўшыся, расказаў Эстэр пра ўсё, што яму сказаў Мардахэй. Яна яму ў адказ загадала сказаць Мардахэю: «Усе паслугачы цара і ўсе правінцыі, што знаходзяцца пад уладаю яго, ведаюць, што для ўсіх адзін закон: ці то для мужчыны, ці то для жанчыны; хто ўвойдзе на ўнутраны царскі панадворак не запрошаны, — будзе ён пакараны смерцю адразу ж; хіба што часам цар працягне да яго свой залаты скіпетр, каб ён мог жыць; а я ўжо трыццаць дзён не была клікана да цара». Калі Мардахэй гэта пачуў, зноў загадаў Эстэр, кажучы: «Не думай, што гэтым толькі жыццё сваё вызваліш, што знаходзішся ў доме цара, адна з усіх юдэяў. Калі бо ты будзеш цяпер маўчаць, аднекуль прыйдзе ратунак і вызваленне, а ты і дом бацькі твайго — прападзяце; і хто ведае, ці не дзеля гэтага ты стала царыцай у такі час?» І зноў Эстэр перадала Мардахэю гэтыя словы: «Ідзі і збяры ўсіх юдэяў, якія знаходзяцца ў Сузах; і посціце за мяне. Не ежце і не піце тры дні і тры ночы, і я з паслугачкамі сваімі таксама буду посціць; і затым пайду да цара, нягледзячы на закон: калі загіну — загіну». Дык пайшоў Мардахэй ды зрабіў усё, што загадала яму Эстэр.
17а Мардахэй жа раздзёр адзенне сваё, і разаслаў зрэбніцу, і ўпаў тварам сваім на зямлю перад старэйшынамі народа з ранку аж да вечара,
17б і сказаў: «Дабраславёны Ты, Божа Абрагама, і Божа Ізаака, і Божа Якуба,
17в Госпадзе, Госпадзе Усемагутны, Уладару, бо ўсё ва ўладзе Тваёй, і няма нікога, хто б волі Тваёй мог супрацівіцца, калі б рашыў Ты збавіць Ізраэль.
17г Ты бо стварыў неба і зямлю і ўсё, што ёсць цудоўнага ў прасторы неба,
17д Ты — Госпад усяго; і няма нікога, хто супрацівіўся б Тваёй магутнасці.
17дж Ты ведаеш, Госпадзе, што я ахвотна ўпаў бы да ступняў ног Амана, каб выратаваць Ізраэль,
17дз але гэтага я не ўчыніў, каб не падняць славы чалавека вышэй славы Бога майго, і не буду пакланяцца нікому іншаму, але толькі Табе, Госпадзе, Божа мой.
17е І не раблю гэтага ані з пыхі, ані з пажадання славы, Госпадзе. Пакажыся, Госпадзе; аб’явіся, Госпадзе!
17ё І цяпер, Госпадзе Валадару, Божа Абрагама, Божа Ізаака і Божа Якуба, пашкадуй Свой народ, бо ворагі нашыя хочуць знішчыць нас і загубіць Тваю спадчыну.
17ж Не пагарджай спадчынай Тваёй, якую выкупіў Сабе з зямлі Егіпецкай.
17з Выслухай маё маленне і міласцівы будзь да спадчыны Тваёй; і перамяні смутак наш у радасць, каб, будучы пры жыцці, славілі мы імя Тваё, Госпадзе, і каб не закрываў Ты вуснаў, што хваляць Цябе».
17і Таксама ўвесь Ізраэль з усіх сіл сваіх прызываў Госпада, таму што немінучая смерць стаяла перад вачамі яго.
17й Эстэр царыца таксама ўцякала да Госпада, пранятая страхам смерці, бо пагражала яна і ёй.
17к І калі зняла шаты славы, то апранулася ў адзенне жалобнае, і замест духмянасцей пасыпала галаву сваю попелам і цела сваё ўпакорыла дужа, радасныя аздобы замяняючы распушчанымі валасамі і пастамі.
17л І пала на зямлю з паслугачкамі сваімі, і праляжала ад раніцы аж да вечара, молячыся:
17м «Божа Абрагама, і Божа Ізаака, і Божа Якуба, — дабраславёны Ты. Заступіся за мяне, адзінокую і не маючую абаронцы, акрамя Цябе, Госпадзе,
17н бо небяспека ў маёй ёсць руцэ.
17о Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты збярог Ноя ў вадзе патопу.
17п Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Абрагаму з трымастамі васемнаццаццю людзьмі аддаў дзевяць цароў.
17р Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Ёну з нутра рыбы вызваліў.
17с Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Ананію, Азарыю і Місаэля ад печы вогненнай вызваліў.
17т Я пачула з кніг продкаў маіх, што, Госпадзе, Ты Даніэля з ямы львоў вызваліў.
17у Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты злітаваўся над Эзэхіем, царом юдэяў, на смерць асуджаным, калі ён Цябе аб жыцці прасіў, і Ты яму даў жыцця на пятнаццаць гадоў.
17ў Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Ганне, якая прасіла ў жаданні душы, даў нарадзіць сына. Госпадзе, што Ты ўсіх, хто Табе падабаецца, вызваляеш назаўсёды.
17х І цяпер дапамажы мне, адзінокай і не маючай анікога, акрамя Цябе, Госпадзе, Божа мой!
17ц Ты ведаеш, што паслугачка Твая брыдзіцца ложкам неабрэзаных.
17ч Божа, Ты ведаеш, што я не ела са стала ідалаў і не піла віна з ахвяр іх вадкіх.
17ш Ты ведаеш, што ад дня майго перамяшчэння не цешылася я, Госпадзе; адно толькі Табою.
17ы Ты ведаеш, Божа, што ад таго часу, калі нашу ўбор гэты на галаве сваёй, брыджуся ім, як лахманом, які забруджаны кроўю [звычайнага ў жанчын], і не апранаю яго ў шчаслівы час.
17ь І цяпер прыйдзі да мяне, сіраты, і ўкладзі ў вусны мае слова мілае на віду льва ды зрабі мяне прывабнай перад ім; і абярні сэрца яго ў нянавісць да таго, хто нападае на нас, на загубу яму і тым, што спрыяюць яму.
17э А нас вызвалі з рукі нашых ворагаў; перамяні наш плач у радасць і смутак наш — у супакой.
17ю Цікуючых жа на спадчыну Тваю, Божа, пастаў, як узор.
17я Аб’явіся, Госпадзе; пакажыся, Госпадзе!»
І сталася на трэці дзень, што Эстэр, апрануўшыся ў царскія шаты, стала на панадворку царскага дома і затрымалася перад царскім палацам. Цар жа сядзеў на сваім троне ў пярэднім пакоі палаца, насупраць брамы дома. І сталася, калі цар убачыў Эстэр, калі царыца стаяла, спадабалася яна вачам яго, ды выцягнуў ён да яе залаты скіпетр, які меў у руцэ; яна падышла і дакранулася да канца скіпетра яго.
2а І калі яна апранулася ў пышныя царскія шаты і прызвала Збаўцу і Валадара ўсіх, Бога, узяла дзвюх паслугачак,
2б і на адну яна нават апіралася, як бы ў раскошы,
2в а другая ішла за гаспадыняю, падтрымліваючы ападаючыя на зямлю шаты.
2г Сама яна, пафарбаваўшы твар ружовай фарбай і з бліскучымі вачамі, хавала смутак душы і страх смерці.
2д Такім чынам, яна, увайшоўшы праз чарговыя дзверы, стала ва ўнутраным пакоі насупраць цара, дзе ён сядзеў на пасадзе царства свайго, апрануты ў царскія шаты і свецячыся каштоўнымі камянямі: і выгляду ён быў страшнага, і трымаў залаты скіпетр.
2дж І калі падняў ён твар, убачыў яе, як вол у разгары злосці сваёй, і, думаючы яе забіць, закрычаў непрыхільна: «Хто, не пакліканы, асмеліўся ўвайсці ў пакой?» І царыца схілілася, і з пабялелым тварам самлела, і абаперлася на галаву паслугачкі, якая яе апярэджвала.
2дз І Бог юдэяў, Госпад усяго стварэння, змяніў дух цара ў ласкавасць, і ён паспешна і са страхам сышоў з пасада; і, падтрымліваючы яе рукамі сваімі, аж пакуль яна апрытомнела, спакойнымі словамі шаптаў ёй:
2е «Што табе, Эстэр, царыца, сястра мая, суправіцелька? Я брат твой, не бойся.
2ё Не памрэш; бо гэты закон устаноўлены для ўсіх, а не для цябе.
2ж Хадзем!»
2з І, падняўшы залаты скіпетр, паклаў яго ёй на шыю, і пацалаваў яе, і сказаў: «Кажы мне, што маеш!»
2і Яна адказала: «Убачыла цябе, гаспадару, як анёла Божага, ды ўзварушылася маё сэрца ад страху тваёй славы;
2й бо ты надта дзіўны, гаспадару, і твар твой поўны ласкавасці».
2к А калі гэта казала, зноў самлела і чуць не памерла.
2л А цар спалохаўся, і ўсе яго паслугачы. І сказаў ёй цар: «Што хочаш, царыца Эстэр? Якая твая просьба? Хоць палову царства прасі — будзе дадзена табе». Яна ж адказала: «Калі гэта падабаецца цару, прашу прыйсці да мяне сёння разам з Аманам на застолле, якое я прыгатавала». І цар адразу ж: «Паклічце, — кажа, — хутчэй Амана, нешта Эстэр хоча сказаць». Такім чынам, цар і Аман прыбылі на застолле, якое ім справіла царыца. І калі выпіў цар віна, сказаў ёй: «Чаго просіш, каб даць табе, і чаго патрабуеш? Хоць палову царства майго папросіш — атрымаеш». Эстэр адказала яму: «Патрабаванне маё і просьба: Калі маю ласку перад абліччам цара і калі цару падабаецца, каб даць мне, што прашу, і каб споўніць маю просьбу, то хай цар і Аман прыйдуць на застолле, якое я спраўлю ім, і заўтра я зраблю паводле слова цара». Дык у той дзень выйшаў Аман вясёлы і з лёгкім сэрцам. І калі ўбачыў ён Мардахэя, які сядзеў у браме палаца і не толькі не ўстаў перад ім, але і нават не варухнуўся з месца свайго, дзе сядзеў, то ён надта ўзлаваўся. І, апанаваны злосцю, вярнуўся ў свой дом, склікаў да сябе сваіх прыяцеляў і сваю жонку Зарэс, і казаў ім пра мноства багацця свайго, і пра шматлікіх сыноў сваіх, і што цар узвысіў яго вялікай славай над усімі князямі і сваімі паслугачамі. І пасля гэтага сказаў ён: «Ды і царыца Эстэр нікога іншага не запрасіла на застолле з царом, апрача мяне; у яе разам з царом таксама і заўтра буду частавацца. І хаця ўсё гэта ў мяне будзе, я лічу, што ў мяне нічога няма, пакуль буду бачыць Мардахэя юдэя, які сядзіць пры царскай браме». І сказала яму жонка яго Зарэс ды іншыя прыяцелі: «Загадай прыгатаваць высокі слуп вышынёю ў пяцьдзесят локцяў і раніцай скажы цару, каб павесілі на ім Мардахэя; і тады пойдзеш з царом вясёлы на застолле». Спадабалася яму парада, і загадаў паставіць высокі слуп.
У тую ноч цар не мог заснуць, дык загадаў прынесці яму памятную кнігу — аналы мінулага часу. Калі іх чыталі ў прысутнасці цара, знойдзена было тое месца, у якім было напісана, як Мардахэй данёс пра падкопы двух прыдзверных еўнухаў, Багату і Тарэса, якія хацелі накласці рукі на цара Асуэра. Калі гэта цар пачуў, спытаўся: «Што за гэту вернасць атрымаў Мардахэй, якую пашану і ўзнагароду?» І сказалі яму паслугачы яго і памочнікі: «Ён не атрымаў зусім ніякай узнагароды». І раптам спытаўся цар: «Хто там на панадворку?» А гэта прыйшоў Аман на знешні панадворак царскага дома параіць цару, каб ён загадаў павесіць на шыбеніцы, якую [Аман] яму падрыхтаваў, Мардахэя. Паслугачы адказалі: «Гэта Аман стаіць на панадворку». І цар загадаў: «Хай увойдзе!» І, калі ён увайшоў, сказаў яму: «Што належыць зрабіць таму чалавеку, якога цар хоча ўшанаваць?» Аман жа, думаючы ў сваім сэрцы і разумеючы, што нікога іншага, але яго цар ушанаваць хоча, адказаў: «Чалавек, якога цар прагне ўшанаваць, павінен апрануцца ў царскія шаты, у якія цар апрануты, і павінен быць пасаджаны на каня з-пад сядла царскага, і хай возьме на галаву сваю вянец царскі; ды хай першы з найбольш знатных князёў царскіх апране яго, і трымае каня яго, і, ідучы вуліцамі горада, выкрывае і кажа: “Так будзе ўшанаваны кожны, каго захоча цар ушанаваць”». Дык сказаў яму цар: «Паспяшайся, узяўшы шаты і каня, як ты сказаў — зрабі Мардахэю, юдэю, які сядзіць у браме палаца; глядзі, каб не прапусціць нічога з таго, што ты сказаў». Такім чынам, Аман узяў шаты і каня; і ўбраў Мардахэя, і, пасадзіўшы на каня, ішоў наперадзе па гарадской плошчы, выкрыкваючы: «Такою пашанаю ўшаноўваецца той, каго захоча цар ушанаваць». І вярнуўся Мардахэй да брамы палаца; і Аман паспешна пайшоў, сумны, у дом свой з закрытай галавой. І Аман расказаў жонцы сваёй Зарэс і прыяцелям пра ўсё, што спаткала яго; адказалі яму мудрацы, якіх меў для парады, і жонка яго: «Калі Мардахэй з народа юдэйскага, а ты перад ім пачаў падаць, дык не зможаш перамагчы яго, але падзеш перад ім». Калі яны яшчэ з ім размаўлялі, прыйшлі еўнухі цара і прымусілі яго хутка ісці на застолле, якое справіла царыца Эстэр.
Дык прыйшоў цар і Аман на застолле да царыцы Эстэр. І ў другі дзень па выпіцці віна таксама цар спытаўся ў яе: «Што за просьба твая, Эстэр? І будзе табе дадзена, што просіш. Хоць палову царства майго папросіш — выпрасіш». Яна адказала яму: «Калі знайшла я ласку ў вачах тваіх, о цар, і калі табе гэта падабаецца, то хай будзе даравана жыццё маё мне, аб якім прашу, і народу майму — за яго малю. Бо прададзены мы: я і народ мой, каб нас знішчыць, вымардаваць і загубіць. І калі б нас прадалі толькі як нявольнікаў і нявольніц, маўчала б, бо гэта бяда не вартая, каб трывожыць цара». І ў адказ цар Асуэр спытаўся ў яе: «Хто ён і дзе ён, каб адважыўся гэта зрабіць?» Эстэр сказала: «Аман — гэты вораг і найгоршы наш непрыяцель». Чуючы гэта, ён затрывожыўся адразу ж перад абліччам цара і царыцы. А цар устаў у злосці і з месца застолля ўвайшоў у сад палацавы. Аман жа стаў, каб прасіць царыцу Эстэр аб дараванні жыцця яму; ён бо зразумеў, што цар рашыў зрабіць яму ліхое. Калі ён вярнуўся з саду ды ўвайшоў на месца застолля, то знайшоў Амана, які ляжаў на ложку, на якім ляжала Эстэр, і ён сказаў: «Яшчэ і царыцу хоча згвалтаваць у маёй прысутнасці і ў маім доме?» І яшчэ не скончыў цар гаварыць, як закрылі твар Аману. Дык сказаў адзін з еўнухаў, Гарбона, які быў на службе ў цара: «Вось нават слуп, які паставіў Аман для Мардахэя, які раіў дабро для цара, стаіць у доме Амана, маючы вышыню ў пяцьдзесят локцяў». Сказаў яму цар: «Павесьце яго на ім». Такім чынам, павесілі Амана на шыбеніцы, якую ён прыгатаваў для Мардахэя; і так супакоілася абурэнне цара.
У той дзень цар Асуэр даў царыцы Эстэр дом Амана, ворага юдэяў, і Мардахэй увайшоў перад аблічча цара, бо Эстэр сказала яму, кім быў ён для яе. Цар зняў пярсцёнак свой, які прыказаў узяць ад Амана, і даў Мардахэю; Эстэр жа паставіла Мардахэя загадчыкам дому Амана. І зноў Эстэр прамовіла да цара і ўпала да ног яго, і плакала, і маліла яго, сказаўшы, каб ухіліўся ён ад змовы Амана Агагіта і падкопаў яго найгоршых, скіраваных супраць юдэяў. А цар выцягнуў у руцэ залаты скіпетр паводле звычаю, і яна, падняўшыся, стала перад ім і сказала: «Калі падабаецца цару, ды калі знайшла я ласку перад ім, і калі мая просьба не здаецца яму супраціўнай, і калі прынята была я ў вачах яго, дык малю, каб новымі лістамі былі скасаваны ранейшыя лісты Амана, сына Амадата, Агагіта, інтрыгана і ворага юдэяў, у якіх загадаў ён загубіць юдэяў ва ўсіх царскіх правінцыях. Бо як я змагу перанесці гора, якое будзе цярпець народ мой, і загубу роду майго?» І тады адказаў цар Асуэр царыцы Эстэр і юдэю Мардахэю: «Перадаў я Эстэр дом Амана і яго загадаў я павесіць на шыбеніцы, бо асмеліўся ён падняць руку на юдэяў. Дык вы, калі вам падабаецца, напішыце юдэям ад імя цара, запячаткаваўшы лісты пярсцёнкам маім, бо лісты, напісаныя ад імя цара і пярсцёнкам яго запячаткаваныя, не могуць быць зменены». І калі былі скліканы пісары цара — бо гэта быў час трэцяга месяца, які завецца Сібан, яго дзень дваццаць трэці, — напісаны былі лісты, як загадаў Мардахэй: юдэям, і сатрапам, і намеснікам, і князям, якія кіравалі ад Індыі аж да Этыёпіі, значыць ста дваццаццю сямю правінцыямі: паасобным правінцыям паасобным народам паводле іх моў і пісьма, і юдэям паводле іх пісьма і іх мовы. І гэтыя лісты пасылаліся ад імя цара і запячаткаваны былі пярсцёнкам яго, і былі пасланыя праз вестуноў — коннікаў царскіх, якія скакалі на адборных жарабцах царскіх. У гэтых лістах цар дазволіў юдэям у паасобных гарадах збірацца ў адно, і стаяць, абараняючы сваё жыццё, забіваць і знішчаць усіх сваіх ворагаў разам з іх жонкамі і дзецьмі, а таксама забіраць іх маёмасць. І быў вызначаны адзін дзень помсты ва ўсіх правінцыях, гэта значыць трынаццаты дзень дванаццатага месяца, які завецца Адар.
12а Як загадаў ён ім карыстацца сваімі законамі ў кожным горадзе, і дапамагаць ім, і абыходзіцца з іх ворагамі і праціўнікамі, як яны жадаюць, у адзін дзень
12б ва ўсім царстве Артаксэркса, у чатырнаццаты дзень дванаццатага месяца, гэта значыць Адара.
12в Гэта копія ліста:
12г «Вялікі цар Артаксэркс перасылае прывітанне ста дваццаці сямі правінцыям ад Індыі да Этыёпіі, сатрапам ды ўсім, хто падначальваецца нашаму загаду.
12д Многія з-за надзвычайнай ласкавасці князёў і пашаны, якая была на іх ускладзена, падняліся ў пыху;
12дж і не толькі спрабуюць яны ўціскаць царскіх падданых, але і чыняць падкопы, узнёсшыся ў дадзенай ім славе, тым, хто даў яе.
12дз І не задавольваюцца яны атрыманнем ад людзей падзякі, але з-за пахвальбы сваёй не ведаюць дабра, фанабэрыстыя, а таксама думаюць, што могуць ухіліцца ад волі Бога, Які ўсё ведае і ненавідзіць ліха.
12е Часта ж і многія, надзеленыя ўладаю, з-за парады прыяцеляў, якім даручаны справы, становяцца ўдзельнікамі праліцця нявіннае крыві і ўцягваюцца ў непапраўныя беды,
12ё калі яны лжывымі і пераваротнымі падкопамі падманваюць шчырую спагадлівасць кіраўнікоў.
12ж Гэта можна бачыць як на даўніх гісторыях, так і на тых, якія на вачах паказваюць, што адбываецца з-за пошасці тых, хто ўладарыць ганебна.
12з Адсюль у далейшым трэба забяспечыць супакой ува ўсіх правінцыях.
12і Калі рашаем справы супярэчныя, якія перад вачамі, рашаем заўсёды з найспагаднейшаю ўвагаю.
12й Бо Аман, сын Амадата, мацэдонец, і чужы персам па крыві, і вельмі далёкі ад нашае дабраты, быў прыняты намі як госць.
12к І ўдастоіўся ён такой зычлівасці, якую адносна ўсяго маем народа, што бацькам нашым быў ён публічна называны, ды паважалі яго ўсе заўсёды, як другую асобу па цару.
12л Ён падняўся да такой пыхлівасці і нахабнасці, што меў намер пазбавіць нас і царства, і жыцця.
12м Бо жадаў нашага захавальніка і заўсёднага дабрадзея Мардахэя і беззаганную суправіцельніцу нашага царства Эстэр з усім іх народам нейкімі хітрымі і лжывымі махінацыямі давесці да загубы;
12н гэтак думаючы, спадзяваўся ён, што, забіўшы іх, наладзіць засаду ў час нашай бездапаможнасці і дзяржаву персаў перадаць мацэдонцам.
12о Мы ж знайшлі юдэяў сярод людзей, асуджаных на найгоршую смерць, без аніякай віны, наадварот, народам, які кіруецца найбольш справядлівымі законамі,
12п і сынамі найвышэйшага, і найвялікшага, і жывога заўсёды Бога, спагаднасць Якога да нас і да нашых продкаў — гэта царства, пабудаванае ў найлепшым парадку.
12р І добра зробіце, калі не будзеце глядзець на лісты, прысланыя Аманам, сынам Амадата,
12с ён за гэтае злачынства быў павешаны на шыбеніцы перад брамай гэтага горада, гэта значыць Сузаў, ён, які чыніў падкопы разам з усім родам сваім, бо Бог, Які ўсім валодае, неўзабаве аддаў яму за тое, што ён заслужыў.
12т А копію гэтага эдыкта, які цяпер пасылаем, памясціце ва ўсіх гарадах, каб дазволена было юдэям карыстацца сваімі законамі.
12у Маеце ім дапамагчы супраць тых, якія ў час бяды на іх нападуць, каб яны маглі абараніцца чатырнаццатага дня дванаццатага месяца, які завецца Адар.
12ў Гэты бо дзень, прызначаны на загубу выбранага народа, абярнуў Бог Усемагутны ў радасць ім.
12ф Дык і вы між вашых святаў гэты дзень майце за асаблівы ды святкуйце яго з вялікай радасцю,
12х каб цяпер і ў будучым быў ён для нас і прыхільных персаў збаўленнем, а для тых, якія наладжваюць засаду на нас, — памяткай загубы.
12ц Кожны ж горад і правінцыя, якая не захоча быць удзельнікам гэтае ўрачыстасці, згіне няхай ад меча ды агню; ды так хай будзе знішчана, каб быць недаступнай не толькі людзям, але каб таксама звярам і птушкам навек застацца агіднай. Бывайце». Копія ліста ў форме закону была абвешчана ва ўсіх правінцыях, каб усе народы ведалі, што юдэі прыгатаваліся ў той дзень спагнаць помсту на ворагах сваіх. І вырушылі вестуны на конях, спяшаючыся абвясціць, ды эдыкт царскі быў павешаны ў Сузах. Мардахэй жа выйшаў ад цара з палаца ў бліскучым адзенні царскім, гэта значыць у гіяцынтавым і белым, несучы вялікі залаты вянец на галаве, і апрануты ў плашч шаўковы і пурпуровы: і ўвесь горад цешыўся і весяліўся. У юдэяў жа, здалося, узышло новае святло: радасць, гонар і слава. Ва ўсіх народах, гарадах і правінцыях, куды загады цара даходзілі, у юдэяў была радасць, застоллі і частаванні, і дзень святочны да таго, што вельмі многія іншага роду і веравання пераходзілі да іх рэлігіі і рытуалаў; бо напаў на ўсіх страх вялікі перад юдэямі.
Дык у дванаццатым месяцы, гэта значыць у Адары, у трынаццаты дзень, калі распаўсюдзілася слова цара і эдыкт яго і калі ворагі юдэяў спадзяваліся, што яны будуць валадарыць над імі, усё роўна юдэі перамаглі ворагаў сваіх. І сабраліся юдэі ў паасобных гарадах, каб падняць руку на ворагаў і пераследавальнікаў сваіх; ніхто з іх не асмеліўся працівіцца, таму што напаў страх перад імі на ўсе народы. Бо і ўсе князі правінцый, і сатрапы, і намеснікі, і ўся ўлада, што была над мясцовасцямі і справамі, з-за страху перад Мардахэем падтрымала юдэяў, бо ведалі яны, што Мардахэй — загадчык палаца і можа зрабіць вельмі многае; слава яго імя таксама расла штодзень і праз вусны ўсіх разыходзілася. І так юдэі забілі ўсіх ворагаў сваіх мечам, і забойствам, і загубаю, аддаючы ім за тое, што яны рыхтаваліся ім зрабіць. У Сузах юдэі забілі пяцьсот мужчын, прытым дзесяць сыноў Амана Агагіта, ворага юдэяў, іх імёны такія: Парсандата, і Дэльфон, і Эсфата, і Парата, і Адалія, і Арыдата, і Пэрмэста, і Арысай, і Арыдай, і Езата. Калі іх забілі, здабычы з іх маёмасці ўзяць не пажадалі. І адразу ж лік тых, што былі забіты ў Сузах, быў прадстаўлены цару. Ён сказаў царыцы: «У горадзе Сузах забіта і знішчана юдэямі пяцьсот мужчын і дзесяць сыноў Амана. Колькіх, як думаеш, аддалі на смерць яны ва ўсіх правінцыях? Чаго больш дамагаешся ды чаго хочаш, каб загадаў я зрабіць?» Царыца адказала яму: «Калі цару падабаецца, хай дадзена будзе такая магчымасць юдэям, што знаходзяцца ў Сузане, як сёння зрабілі, хай так і заўтра зробяць і хай дзесяць сыноў Амана на шыбеніцы павесяць». І цар загадаў, каб так сталася. І неўзабаве ў Сузах быў вывешаны эдыкт, і дзесяць сыноў Амана былі павешаны. Такім чынам, калі юдэі, якія былі ў Сузах, сабраліся ў дзень чатырнаццаты месяца Адар, яны забілі ў Сузах трыста мужчын, але на іх маёмасць рукі не працягнулі. А астатнія юдэі, якія пражывалі ва ўсіх правінцыях, падначаленых загаду цара, сабраліся і сталі ў абарону жыцця свайго, каб знайсці супакой ад ворагаў; і забілі з сваіх пераследнікаў семдзесят пяць тысяч, але і да іх маёмасці ніхто нават не дакрануўся. А трынаццаты дзень месяца Адар быў ва ўсіх днём забойства, і ў чатырнаццаты дзень адпачывалі. І ўстанавілі яго днём застолляў і радасці. А тыя, хто сабраўся ў горадзе Сузах ў трынаццаты і чатырнаццаты дзень таго ж месяца Адар, удзельнічалі ў разні, а ў пятнаццаты дзень адпачывалі; і таму гэты дзень зрабілі яны святочным днём застолляў і радасці. А тыя юдэі, якія жылі ў вёсках і адкрытых гарадах, адзначалі чатырнаццаты дзень месяца Адар як дзень застолляў і радасці; так што радуюцца яны ў той дзень і пасылаюць між сабой узаемна падарункі з ежы. Тыя ж, хто жыве ў гарадах, адзначаюць таксама пятнаццаты дзень месяца Адар з радасцю і частаваннем і як святочны дзень, у які пасылаюць між сабой узаемна часткі з застольнай ежы. і пісары цара аддавалі пашану Богу, бо напаў страх на іх дзеля Мардахэя, бо быў такі загад цара на ўсё царства. А Мардахэй апісаў усе гэтыя падзеі і разаслаў лісты аб убачаным усім юдэям, якія пражывалі ва ўсіх правінцыях цара Асуэра, блізка і далёка, каб яны адзначылі як свята чатырнаццаты і пятнаццаты дзень месяца Адар, і з году ў год святкавалі ўрачыста, як свята, як дні, у якія юдэі адпачывалі ад непрыяцеляў сваіх, ды як месяц, у які смутак і журба іх змяніліся радасцю і весялосцю, і каб былі гэтыя дні днямі застолля і радасці, ды каб пасылалі між сабой узаемна часткі ежы і ўбогім каб падносілі падарункі. І юдэі прынялі як урачысты абрад усё, што ў той час пачалі рабіць ды што Мардахэй у лістах загадаў рабіць. Бо Аман, сын Амадата з роду Агага, праціўнік усіх юдэяў, задумаў супраць іх ліха, каб знішчыць іх, і кінуў пур, гэта значыць жэрабя, каб іх патрывожыць і знішчыць. Але калі Эстэр пайшла да цара, то ён загадаў у лістах адразу, каб тое ліха, якое задумаў ён супраць юдэяў, павярнулася на яго галаву і каб былі павешаны ён і сыны яго на шыбеніцы. І з таго часу дні тыя пачалі называць Пурым, дзеля імя пур. Дзеля ўсяго таго, што ў гэтым лісце змяшчалася, і дзеля таго, што яны тады пабачылі ды што ім выпала, юдэі ўстанавілі гэты дзень як урачысты абрад, які ніколі не падлягае змене, і прынялі яны на сябе, і на сваіх нашчадкаў, і на ўсіх, хто захоча далучыцца да іх веры, каб гэтыя два дні па загадзе і ў свой час штогод святкаваліся. Хай гэтыя дні будуць памятныя і святкаваныя ва ўсіх пакаленнях з сям’і ў сям’ю, у правінцыях і дзяржавах, і не можа быць ніякай дзяржавы, у якой не адзначаўся б дзень Пурым юдэямі і іх нашчадкамі. Напісалі таксама царыца Эстэр, дачка Абігайля, і Мардахэй юдэй з вялікай настойлівасцю, каб спаўнялі гэты новы ліст аб Пурыме. І паслалі ўсім юдэям, пражываючым у ста дваццаці сямі правінцыях цара Асуэра, са словам супакою і праўды, устанаўляючы дні Пурыма ў свой час, як устанавілі Мардахэй і Эстэр, і як устанавілі яны для сябе і для нашчадкаў сваіх, загады посту і галашэння. І прыказанне Эстэр пацвердзіла загады Пурыма, і запісана было яно ў кнізе.
А цар Асуэр наклаў падатак на зямлю і марскія астравы. Яго мужнасць, і ўлада, і годнасць, і высакароднасць, якою ўзвялічыў Мардахэя, — запісана ў Кнізе аналаў цароў мідзян і персаў, і як Мардахэй, юдэйскага роду, стаў другім па цару Асуэру і вялікім у юдэяў і мілым народу братоў сваіх, стараючыся пра дабро для народа свайго і кажучы тое, што служыла дзеля супакою яго пакалення.
3а І сказаў Мардахэй усім: «Богам зроблена гэта!»
3б Прыпомніў Мардахэй сон, які бачыў, у гэтым сэнсе; і нічога з таго не было марным:
3в «Малая бо крынічка зрабілася ракой, і было святло, і сонца, і надта багатая вада: крыніца і вада — гэта Эстэр, якую цар узяў за жонку і захацеў, каб была царыцай;
3г два ж драконы — гэта я і Аман;
3д народы, што сабраліся, — гэта тыя, хто паспрабаваў, каб сцерці імя юдэяў; гэта тыя, што прызывалі Госпада; і збавіў Госпад народ Свой, і вызваліў нас ад усякіх бед, і чыніў вялікія знакі і дзівы, якія не бываюць сярод плямёнаў.
3дз І ўстанавіў два жэрабі: адзін для народа Божага, і другі для ўсіх плямёнаў.
3е І абодва жэрабі паступілі на вызначаны час і на дзень суда ўсіх народаў перад абліччам Бога.
3ё Бог успомніў пра народ Свой ды прызнаў справядлівасць Сваёй спадчыны.
3ж І будуць захоўвацца тыя дні ў месяцы Адар, у чатырнаццаты і пятнаццаты дзень гэтага месяца, днямі сходу, і радасці, і весялосці перад Богам паводле пакаленняў вашых вечна ў народзе Ізраэля».
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017