Библия › Чарняўскі-17 › Ёва
У зямлі Уц жыў чалавек на імя Ёў, і быў гэты чалавек шчыры і праўдзівы, які шанаваў Бога і пазбягаў зла. І нарадзілася ў яго сем сыноў і тры дачкі. Маёмасць яго была: сем тысяч авечак і тры тысячы вярблюдаў, а таксама пяцьсот пар валоў, і пяцьсот асліц, і шматлікая паслуга; быў ён славуты сярод усіх жыхароў Усходу. І сыны яго збіраліся і банкетавалі ў дамах — кожны з іх у свой дзень, і пасылалі паклікаць трох сваіх сясцёр, каб яны елі і пілі разам з імі. Калі ж замыкалася кола дзён балявання, пасылаў да іх Ёў і асвячаў іх; і, устаўшы рана, прыносіў цэласпаленні за кожнага з іх. І казаў: «Каб толькі не зграшылі сыны мае і не зняважылі Бога ў сэрцах сваіх». Так чыніў Ёў ва ўсе дні. Але пэўнага дня, калі прыйшлі сыны Божыя, каб стаць перад Богам, быў паміж іх і шатан. Спытаў яго Госпад: «Адкуль ты ідзеш?» Той прамовіў у адказ: «Абышоў я кругом зямлю і прайшоў яе скрозь». І сказаў Госпад яму: «А ці звярнуў ты ўвагу на слугу Майго, Ёва, што няма на зямлі падобнага да яго, — [такі] ён шчыры і справядлівы чалавек, які шануе Бога і пазбягае зла». Прамовіў шатан Яму ў адказ: «Хіба Ёў проста так шануе Бога? Ці не абгарадзіў Ты наўкола яго, і дом яго, і ўсю маёмасць яго, ці не дабраславіў працу рук яго, і ці не павялічваецца яго набытак на зямлі? Але ўздымі крыху руку Сваю і дакраніся да ўсяго, што ў яго ёсць, — напэўна, будзе зневажаць Цябе перад абліччам [Тваім]». Тады сказаў Госпад шатану: «Вось усё, што ён мае, — у руце тваёй; толькі на яго не ўздымай рукі тваёй». І адышоў шатан ад аблічча Госпада. І калі аднаго дня сыны і дочкі яго елі і пілі віно ў доме свайго першароднага брата, прыбыў пасланец да Ёва, які паведаміў: «Валы аралі, а асліцы пасвіліся паблізу іх, і [раптам] напалі сабэйцы і пазабіралі іх, а паслугачоў пазабівалі мечам, і ацалеў толькі я адзін, каб паведаміць табе». І, калі ён яшчэ гаварыў, прыбыў іншы і сказаў: «Агонь Божы сышоў з неба і папаліў авечак і паслугачоў, і я адзін ацалеў, каб паведаміць табе». Але калі і гэты яшчэ гаварыў, прыбыў іншы і сказаў: «Халдэі сабралі тры дружыны і напалі на вярблюдаў і пазабіралі іх, а паслугачоў пазабівалі мечам, і я адзін уцёк, каб паведаміць табе». Яшчэ гаварыў той, — а вось, іншы ўвайшоў і сказаў: «Калі твае сыны і дочкі елі і пілі віно ў доме першароднага брата свайго, раптам паднялася страшэнная бура з боку пустыні і зрушыла чатыры вуглы дома; упаўшы, ён задушыў дзяцей тваіх, і яны памерлі, і ўцёк я адзін, каб паведаміць табе». Тады Ёў устаў, і раздзёр адзенне сваё, і, агаліўшы галаву і ўпаўшы на зямлю, пакланіўся і сказаў: «Голы выйшаў я з улоння маці маёй і голы туды вярнуся. Госпад даў, Госпад забраў; як Госпаду падабалася, так і сталася: хай будзе імя Госпада дабраславёным». І ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў вуснамі сваімі, і нічога неразважнага супраць Бога не прамовіў.
І сталася, калі аднаго дня прыбылі сыны Божыя, каб стаць перад Госпадам, між іх прыбыў і шатан, каб стаць перад абліччам Яго. Спытаў Госпад шатана: «Адкуль ты ідзеш?» Ён у адказ прамовіў: «Абышоў я кругам зямлю і прайшоў яе скрозь». І сказаў Госпад шатану: «А ці звярнуў ты ўвагу на паслугача Майго, Ёва, што на зямлі няма падобнага да яго. Чалавек ён шчыры і праўдзівы, шануе Бога і пазбягае зла, і да таго ж захоўвае бязгрэшнасць сваю. А ты Мяне намаўляў супраць яго, каб пакараў Я яго ні за што». Шатан у адказ сказаў Яму: «Скуру за скуру, а за душу сваю аддасць чалавек усё, што мае. Накіруй толькі руку Сваю і дакраніся да касцей яго і цела, і тады пабачыш, ці не будзе ён зневажаць Цябе перад абліччам Тваім». І сказаў Госпад шатану: «Вось, ён у руцэ тваёй, толькі душу яго захавай». Адышоў тады шатан ад аблічча Госпада, паразіў Ёва самай цяжкай хваробай ад падэшвы нагі аж да цемені яго. Ён зломкам цэглы саскрабаў сукравіцу, седзячы ў гнаі. І сказала яму жонка яго: «Дагэтуль ты трываеш у шчырасці сваёй? Зняваж Бога і памры». Той адказаў ёй: «Ты гаварыла, як адна з неразумных жанчын. Калі мы прынялі добрае з рукі Бога, то як жа нам не прыняць злога?» Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў вуснамі сваімі. Тады трое сяброў Ёва, пачуўшы пра ўсё ліха, што напаткала яго, прыйшлі, кожны са сваёй мясцовасці: Эліфаз Тэманіт, і Балдад Сугіт, і Зафар Нааматыт. І дамовіліся яны, каб разам прыйсці, наведаць яго і суцешыць. І, калі здалёку паднялі яны вочы свае, не пазналі яго, і, ускрыкнуўшы, плакалі, і, раздзёршы адзенне, кідалі парахно над галавою сваёй у неба. І сядзелі з ім на зямлі сем дзён і сем начэй, і ніхто не гаварыў яму ні слова; бо бачылі, што пакуты яго вельмі вялікія.
Потым Ёў расчыніў вусны свае, і наракаў на дзень свой, і казаў ён: «Хай згіне дзень, у які я нарадзіўся, і ноч, у якую было сказана: “Пачаўся чалавек”. Хай дзень той пераменіцца ў цемру; хай не пытаецца пра яго Бог з вышыні, ды хай не будзе ён асветлены святлом. Хай зацемняць яго цемра і засень смерці, хай апануе яго змрок і хай агорнецца ён горыччу. Хай тую ноч падхопіць цёмная віхура, хай не дадасца яна сярод дзён года, хай не залічыцца сярод месяцаў. Хай тая ноч адасобіцца і не будзе годная хвалы; хай наракаюць на яе тыя, што наракаюць на дзень, што гатовыя абудзіць левіятана. Хай сцямнеюць зоркі яе світання; хай чакае святла, і не будзе [яго], ды хай не пабачыць яна веек зараніцы, бо яна не зачыніла ўваходу ўлоння, якое насіла мяне, і не ўхіліла злога ад вачэй маіх. Чаму ж я не памёр ва ўлонні? [Чаму] выйшаўшы з чэрава, не згінуў адразу? Навошта быў прыняты каленямі? І навошта быў кормлены грудзьмі? Цяпер вось маўчаў бы я ў супакоі і адпачываў бы ўва сне сваім з царамі і ўладарамі зямлі, якія ствараюць сабе дамы магілы; або з князямі, якія маюць золата і напаўняюць срэбрам дамы свае. Або хай бы я не існаваў, бы патаемны выкідыш ці тыя, што, пачатыя, не ўбачылі святла. Там бязбожнікі больш не бунтуюцца, і там спачываюць змарнелыя сілай. Там былыя вязні ўсе разам без турбот не чуюць крыку наглядчыка. Там [разам] малы і вялікі, і слуга, вольны ад пана свайго. Навошта беднаму даецца святло і жыццё тым, што жывуць у горычы душы? Яны чакаюць смерці, а яна не прыходзіць, і, шукаючы, здабываюць яе больш рупліва, чым скарбы, і радуюцца вельмі, і цешацца з магілы. [Навошта святло] чалавеку, дарога якога ўтоена і якога Бог акружыў цемраю? Уздыханні мае апярэджваюць хлеб мой, і быццам бурлівыя воды стагнанні мае. Бо страх, якога я баяўся, прыйшоў да мяне, і тое, перад чым я трымцеў, настала. Я не хаваўся, не маўчаў, не адпачываў, але прыйшло да мяне няшчасце».
У адказ Эліфаз Тэманіт сказаў: «Калі пачнём мы размаўляць з табою, можа, прыкра табе будзе, але пачатую размову хто зможа стрымаць? Вось, навучаў ты многіх і спрацаваныя рукі ўмацоўваў, словы твае ўмацавалі тых, што хісталіся, і каленям дрыжачым надаў ты сілы. А цяпер прыйшла да цябе бяда, і ты аслабеў, кранула цябе яна, і ты ўстрывожыўся. Страх твой перад Богам — хіба не надзея твая, дасканаласць шляхоў тваіх — хіба не спадзяванне тваё? Прыгадай, прашу цябе, хто бязгрэшны калі загінуў або калі знішчаны былі праўдзівыя? І нават лепш сказаць: я бачыў, што тыя, хто чыняць несправядлівасць і сеюць пакуты — і пажынаюць іх, загінулі ад подыху Бога і звяліся духам гневу Яго. Рыканне льва, і голас ільвіцы, і зубы львянят патрушчыліся. Леў загінуў, бо не меў здабычы, і львяняты пагубляліся. Потым да мяне таемна данеслася слова, і вуха маё прыняло яго ціхі голас. У жаху начных прывідаў, калі звычайна людзей сон агартае, ахапіў мяне страх і трымценне, так што ўсе косці мае агарнуліся жахам. І, калі дух праходзіў у маёй прысутнасці, дыбам сталі валасы на целе маім. І стаў нехта, але я не пазнаў вобліку яго, — здань перад вачамі маімі, — і пачуў я голас, быццам лёгкага ветру: “Ці можа чалавек быць справядлівейшым за Бога, або ці будзе муж чысцейшым за свайго Творцу? Вось, не мае Ён надзеі ў паслугачах Сваіх і ў анёлах Сваіх знаходзіць сапсаванасць. Наколькі ж болей — тыя, што жывуць у гліняных дамах, падмурак якіх стаіць у парахне. Звядуцца яны, быццам моль! Ад раніцы да вечара яны занепадаюць і, паколькі ніхто не заўважае, згінуць навечна. Ці не выдаляецца ад іх і маёмасць іх, што засталася? Яны памруць, ды не з мудрасцю”.
Дык крычы, калі ёсць той, хто табе адкажа! Да каго са святых звернешся ты? Бо бязглуздага забівае гняўлівасць, а неразумнага губіць зайздрасць. Я бачыў бязглуздага, трывала ўкаранёнага, і пракляў я дом яго ў той жа час. Далёка будуць сыны яго ад збаўлення, і будуць іх штурхаць у браме, і не будзе таго, хто б выбавіў. Ураджай яго з’есць галодны, а самога яго ўзброены схопіць, і прагныя вып’юць багацце яго. Бо не з пылу бярэцца няшчасце, і не з зямлі вырастае пакута, але чалавек спараджае працу, як птушкі ўзнімаюцца ў палёт. З гэтай прычыны я буду прасіць Госпада і ўзнясу прамову сваю да Бога, Які чыніць вялікае, і недаследнае, і дзівоснае без ліку; Які дае дождж на аблічча зямлі і абмывае водамі палеткі; Які пакорлівых ставіць высока, а тужлівых падтрымлівае выратаваннем; Які разбівае намеры ліхадзеяў, каб не змаглі рукі іх выканаць тое, што пачалі; Які ловіць мудрых у хітрасці іх і змову нягоднікаў разбівае. Днём яны забягуць у цемру і, быццам уночы, будуць навобмацак ісці апоўдні. Затое Ён выратуе няшчаснага ад меча вуснаў іх і ад рукі пераследніка — беднага; і будзе спадзяванне няшчаснаму, несправядлівасць жа закрые рот свой. Шчасны чалавек, якога дакарае Бог; дык ушчуваннем Усемагутнага не пагарджай. Бо Ён раніць і лечыць, Ён б’е, і рукі Яго аздараўляюць. Ад шасці бед збавіць цябе, і ў сёмы раз не кране цябе няшчасце. У голад Ён выбавіць цябе ад смерці, а ў час вайны — ад рукі меча. Усцеражэшся ты ад бізуна языка і не збаішся спусташэння, калі яно прыйдзе. У час спусташэння і голаду будзеш ты смяяцца ды не будзеш баяцца звяроў зямных. Але з камянямі палявымі дамова твая і звяры зямныя будуць да цябе прыязныя. І ты даведаешся, што палатка твая ў супакоі, і, наведваючы жытло сваё, не дапусціш памылкі. І даведаешся таксама, што насенне тваё будзе шматлікае і нашчадкі твае — быццам зелле зямное. І ўвойдзеш у магілу ў гадах саспелых, як ставіцца сноп пшаніцы ў час свой. Вось, як мы даследавалі гэта, так і ёсць; паслухай гэта і сам зразумей для сябе».
У адказ Ёў сказаў: «О, каб узважылі гора маё і няшчасце маё паклалі побач на шалях! Цяпер яно, пэўна, цяжэйшае за пясок марскі, таму хістаюся я ў словах маіх. Бо стрэлы Усемагутнага ўва мне, і атруту іх п’е дух мой, і страхі Божыя ваююць супраць мяне. Ці будзе асёл раўці, калі ў яго будзе трава? Або ці ж будзе мыкаць вол, калі будзе стаяць пры поўных яслях? Або ці можна з’есці прэснае — тое, што не пасолена? Або ці ёсць смак у яечным бялку? Тое, да чаго раней не хацела дакрануцца душа мая, цяпер, у бядзе, сталася ежай для мяне. Хто зробіць, каб дайшла просьба мая і каб даў мне Бог тое, чаго чакаю? О, каб жа Бог раструшчыў мяне; хай працягне Ён руку Сваю і заб’е мяне! Хай гэта будзе мне суцяшэннем, і я ўзрадуюся нават у няшчасці, хай яно нават не скончыцца, і не ўхілюся я ад слоў Святога. Што за моц мая, каб вытрываць? Або што за канец мой, каб жыць і цярпець? Хіба моц каменя — гэта моц мая? Хіба цела маё меднае? Няўжо няма мне ўспамогі ўва мне і мужнасць таксама аддалілася ад мяне? Хто пазбаўляе сябра свайго міласэрнасці, той пагарджае павагай да Усемагутнага. Браты мае падманулі мяне, як рэчышчы ручаёў, якія марнеюць, чарнеючы, чарнеюць ад лёду, калі раптам спаў на іх снег. А ў час, калі расцякаюцца, яны перасыхаюць і, калі становіцца цёпла, знікаюць са свайго месца. Збіваюцца са шляхоў сваіх многія вандроўнікі; тыя, што ідуць праз пустыню, гінуць. Караваны Тэмы ўглядаюцца [у іх], вандроўнікі Сабы спадзяюцца на іх, пасаромеліся яны, што спадзяваліся; прыйшлі туды і агарнуліся сорамам. Такія і вы зрабіліся для мяне цяпер, бачачы няшчасце маё, баіцеся. Ці ж я сказаў: “Прынясіце мне і абдаруйце мяне чымсьці з маёмасці вашай” або: “Вызваліце мяне з рукі ворага ды вырвіце мяне з рукі магутных”? Навучыце мяне, а я памаўчу, і, калі чаго не ведаю, растлумачце мне. Чаму вы аддаляецеся ад слоў праўды? Бо няма між вамі нікога, хто б мог дакараць мяне. Вы будуеце прамову толькі дзеля наракання, але словы вашыя безнадзейныя — на вецер. На сірату вы нападаеце і намагаецеся абвергнуць сябра вашага. Цяпер, прашу, павярніцеся да мяне, бо перад абліччам вашым не скажу няпраўды. Зважайце! Не будзе тут няшчырасці. Зважайце! Дагэтуль са мною справядлівасць мая. Хіба ёсць на языку маім няшчырасць? Ці ж пабнябенне маё не распазнае нягоднасці?
Хіба жыццё чалавека на зямлі — гэта не вайна, хіба дні яго — не як дні найміта? Як нявольнік прагне ценю і як найміт чакае платы сваёй, так і я меў месяцы мучэнняў і лічыў цяжкія ночы свае. Калі я засну, то буду гаварыць: “Калі ж я ўстану?” І зноў буду чакаць вечара і напоўнюся пакутамі аж да змяркання. Цела маё пакрыта гніллём і брудам пылу, скура мая лопаецца і цячэ [гноем]. Дні мае прайшлі хутчэй, чым чаўнок ткацкі, і скончыліся, як кароткая нітка. Памятай, што жыццё маё — подых ветру і маё вока не вернецца, каб пабачыць дабро. І не ўгледзіць мяне позірк чалавека; вочы Твае — на мяне, а мяне ўжо не будзе. Як воблака марнее і знікае, так і той, хто сыдзе ў цемру, не падымецца. Ён не вернецца болей у дом свой, і месца яго болей яго не пазнае. Таму і я не буду шкадаваць вуснаў маіх, буду прамаўляць у трывозе духу майго, буду гаварыць з горыччу душы маёй. Ці ж мора я або пачвара марская, што паставіў Ты пры мне варту? Калі скажу я: “Пацешыць мяне ложак мой, і забярэ пасцель мая”, — Ты пачынаеш палохаць мяне снамі і трывожыш жахлівымі прывідамі. З гэтай прычыны душа мая выбірае самагубства, а косці мае — смерць. Я ў роспачы; жыць болей я ўжо не буду. Злітуйся нада мной, бо дні мае — нішто. Што ёсць чалавек, што Ты ўзвялічваеш яго? Або што Ты схіляеш сэрца Сваё да яго? Ты наведваеш яго на світанні і штохвілінна выпрабоўваеш яго. Дакуль жа не адвернеш Ты вачэй ад мяне? Няўжо не дазволіш мне [нават] праглынуць сліну маю? Зграшыў я, дык што маю зрабіць для Цябе, о Вартаўнік над людзьмі? Чаму ўчыніў Ты мяне непрыязным Табе і сам сабе я зрабіўся нязносны? Чаму ж Ты не адпускаеш граху майго і чаму не здымаеш правіннасці маёй? Вось, цяпер я засну ў парахне; і калі назаўтра будзеш шукаць мяне, то не будзе мяне!»
У адказ Балдад Сугіт сказаў: «Як доўга ты будзеш так гаварыць? А словы вуснаў тваіх — вецер навальнічны! Ці ж Бог скажае прысуд або Усемагутны перакручвае тое, што справядліва? І, калі сыны твае зграшылі супраць Яго і пакінуў Ён іх у руцэ правіннасці іх, ты, калі на світанні ўздымешся да Бога і будзеш маліцца Усемагутнаму, калі падыдзеш [да Яго] чысты і справядлівы, зараз устане Ён да цябе і дасць супакойнае жытло справядлівасці тваёй; настолькі, што, калі пачаткі твае былі малыя, то рэшткі твае памножацца значна. Спытай у даўнейшага пакалення і спасцігні глыбока ўспаміны бацькоў. Мы — учарашнія і нічога не ведаем, бо дні нашыя на зямлі, быццам цень. Хіба ж яны не навучаць цябе, не пагавораць з табою і ад шчырага сэрца не прамовяць слова? Ці ж можа зелянець трыснёг без вільгаці або чарот расці без вады? Нават калі ён у квецені і не вырываецца рукою, то засыхае раней за ўсе травы. Такія дарогі ўсіх, што забываюцца пра Бога, і надзея бязбожнага загіне. Спадзяванне яго — тонкая нітка, а надзея яго — быццам павуцінне. Абапрэцца ён на дом свой, але той не ўстаіць, падапрэ яго, але ён не ўздымецца. Здаецца ён вільготным да таго, як узыдзе сонца, і ў садзе яго праб’ецца парастак яго; на кучы камянёў скопяцца карані яго, і застанецца жыць ён сярод камянёў. Калі выкараняць яго з месца яго, яно адмовіцца ад яго і скажа: “Не ведаю цябе”. Гэта вось радасць дарогі яго, каб ізноў з зямлі вырасталі іншыя. Бог не адкіне шчырага і не падасць рукі ліхадзеям, яшчэ напоўняцца вусны твае смехам і рот твой — радасным ускліканнем. Тыя, што ненавідзяць цябе, агорнуцца сорамам, і не выстаіць палатка бязбожных».
І сказаў Ёў у адказ: «Сапраўды, ведаю, што так ёсць, ды як апраўдаецца чалавек, перад Богам? Калі хто захоча спрачацца з Ім, Ён не адкажа яму і на адно [пытанне] з тысячы. Ён мудры сэрцам і магутны сілаю; хто супрацівіўся Яму і застаўся цэлым? Ён пераносіць горы, і не ведаюць яны, якія пераварочвае Ён у гневе Сваім. Ён зрушае зямлю з месца свайго, і слупы яе трасуцца. Ён загадвае сонцу, і тое не ўзыходзіць, і замыкае зоркі, быццам пад пячаткай. Ён адзін расцягвае нябёсы і крочыць па хвалях марскіх. Ён стварае Арктур, і Арыён, і Гіяды, і скрытыя [зоркі] поўдня. Ён стварае вялікае, і недаследнае, і дзівоснае без ліку. Калі Ён прыйдзе да мяне, я не ўбачу Яго; калі адыдзе, не зразумею. Калі Ён раптам схопіць [каго], хто ж Яму перашкодзіць? Або хто можа сказаць: “Што Ты робіш?” Бог не ўстрымлівае гневу Свайго, і пад ім схіляюцца прыхільнікі Рагаба. Дык ці ж я такі вялікі, каб адказваць Яму і гаварыць з Ім падабранымі словамі? Бо, нават калі б я быў справядлівы, я не адказваў бы, а толькі ўпрошваў бы суддзю майго. І калі б Ён пачуў мяне, які прызывае Яго, не паверу, што Ён выслухаў бы голас мой. Бо Ён знішчыць віхурай мяне і павялічыць раны мае нават без прычыны. Ён не дазваляе супакоіцца духу майму і напаўняе мяне горыччу. Калі спытаць пра сілу — Ён магутнейшы; калі пра суд — хто ж асудзіў бы Яго? Калі захачу сябе апраўдаць, то мае ж вусны асудзяць мяне; калі я буду даказваць, што я бязгрэшны, Ён засведчыць, што я заганны. Нават калі я буду шчыры, гэтага не прызнае душа мая і я асуджу жыццё маё. Усё адно, як я сказаў: і бязгрэшнага, і бязбожнага Ён знішчае. Калі раптоўна каго біч [смерці] забівае, з бяды бязгрэшных Ён пасмяецца. Зямля аддадзена ў рукі бязбожнага, твар суддзяў яе Ён закрывае. Калі не Ён гэта, дык хто? Дні мае хутчэйшыя за бегуна: уцяклі і не бачылі дабра, праляцелі, як чаўны трысняговыя, як арол, што ляціць па ежу. Калі скажу я: “Забудуся пра смутак свой, змяню аблічча сваё і стану я вясёлы”, дык дрыжу перад усімі пакутамі маімі, ведаючы, што Ты не апраўдаеш мяне. Калі я такі бязбожны, навошта дарма мардуюся? Калі я буду абмыты, быццам снегавой вадою, і ачышчу лугам рукі мае, то і тады Ты ўвапхнеш мяне ў бруд і будзе брыдзіцца мною адзенне маё. Бо не чалавеку, які падобны да мяне, буду я адказваць; і не чалавек Ён, з якім я буду спрачацца ў судзе. Няма між намі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух. Хай Ён забярэ ад мяне бізун Свой, і страх Яго хай не палохае мяне. І буду я тады гаварыць, і не буду баяцца Яго, бо так я сам не ў сабе.
Абцяжарвае душу маю жыццё маё, распачну я прамову маю супраць сябе і буду гаварыць у горычы душы маёй! Скажу я Богу: “Не асуджай мяне, а пакажы мне, за што Ты мяне так судзіш? Ці добрым Табе здаецца тое, каб прыгнятаць і ганьбіць мяне, стварэнне рук Тваіх, а радзе бязбожнікаў спрыяць? Ці ж і Ты маеш вочы цялесныя або, як чалавек бачыць, так і Ты будзеш бачыць? Ці ж Твае дні, як дні чалавечыя, і гады Твае, як тэрмін чалавека, што Ты шукаеш несправядлівасць маю і выведваеш грахі мае, хоць Ты ведаеш, што я нічога бязбожнага не зрабіў, ды няма нікога, хто б з рукі Тваёй мог вырваць? Рукі Твае зрабілі мяне і ўфармавалі мяне ўсяго цалкам, і так раптоўна Ты губіш мяне? Успомні, прашу, што Ты апрацоўваў мяне, як гліну, і вернеш мяне ў парахно? Ці Ты не выдаіў мяне, як малако, ды, як сыр, не зляпіў мяне? У скуру і цела Ты апрануў мяне, умацаваў мяне касцямі і жыламі; абдарыў Ты мяне жыццём і любоўю, і наведванне Тваё сцерагло дух мой. Хоць хаваеш Ты гэта ў сэрцы Сваім, аднак ведаю я, што гэта было ў душы Тваёй. Ты сочыш за мною, калі я зграшыў, і не паказваешся, каб я быў чысты ад правіннасці маёй. Гора мне, калі я буду бязбожным, але хоць бы і быў справядлівы, дык і тады не падыму галавы, накормлены пакутамі і няшчасцем. Калі б я ўзняўся ў ганарыстасці, Ты схапіў бы мяне, як ільвяня, і зноў пакажашся дзівосным ува мне. Ты ставіш сведкаў Сваіх супраць мяне і павялічваеш гнеў Твой на мяне, і кары Твае будуць ваяваць са мною. Навошта вывеў Ты мяне з улоння? Няхай бы я прапаў, каб вока не бачыла мяне! Хай бы я быццам не быў, з улоння пайшоўшы ў магілу. Ці ж нешматлікасць дзён маіх не скончыцца хутка? Адпусці ж мяне, каб троху суцішылася пакута мая, перш чым я пайду ды не вярнуся ў зямлю цемры і засені смерці, у зямлю змроку і цемры [смяротнай], дзе засень смерці і ніякага ладу, але дзе вечны жах пасяліўся”».
І сказаў у адказ Зафар Нааматыт: «Ці ж таму, хто шмат гаворыць, нельга адказаць? Або ці чалавек гаваркі апраўдаецца? Ці ж твая пустая гаворка прымусіць людзей маўчаць і не будзе каму спыніць цябе, калі ты пасміхаешся з іншымі? Бо ты сказаў: “Шчырае слова маё, і чысты я ў вачах Тваіх”. Няхай бы Сам Бог пагаварыў з табою і адкрыў вусны Свае для цябе; каб паказаў Ён табе таямніцы мудрасці і патаемныя рады Яго, — ты б зразумеў, што многа менш Ён патрабуе ад цябе, чым заслугоўвае правіннасць твая. Хіба заўважыш ты сляды Божыя і хіба спасцігнеш дасканала Усемагутнага? Ён вышэй за неба, і што ты зробіш? Ён глыбей за пекла, і што ты спасцігнеш? Даўжэйшая за зямлю мерка Яго і шырэйшая за мора. Калі Ён руйнуе або закрывае і сціскае, хто запярэчыць Яму? Бо Ён ведае марнасць чалавечую; і няўжо ж не заўважае правіннасць, бачачы яе? Але і чалавек пусты робіцца разважлівым; а нараджаецца ён, як дзікае асляня. Ты ж, калі сэрца сваё ўмацуеш і да Яго ўзнімеш свае рукі, калі несправядлівасць, што ў руцэ тваёй, ты адкінеш ад сябе і не застанецца няпраўды ў тваёй палатцы, тады ты зможаш падняць аблічча тваё без заганы, і будзеш сталы, і не будзеш баяцца. Бо забудзешся ты на сваё гора і ўзгадаеш яго, як воды, што сплылі. І быццам бы святло паўдзённае ўзыдзе для цябе пад вечар, і, калі ты падумаеш, што цябе пакрыла цемра, заззяеш, як зараніца. І будзеш ты мець надзею, паклаўшы перад сабою спадзяванне, і, пахаваны, будзеш спаць спакойна. Будзеш адпачываць, і не будзе каму цябе палохаць, і многія будуць запабягаць перад тваім абліччам. А вочы бязбожных аслепнуць, і прыбежышча знікне ад іх, і надзея іх — знікненне».
І сказаў Ёў у адказ: «Сапраўды: вы толькі людзі, і з вамі памрэ мудрасць. І ў мяне ёсць сэрца, як і ў вас, і не ніжэйшы я за вас; хто ж не ведае таго, што вы ведаеце? Той, хто высмейваецца сваім сябрам, як я, будзе прызываць Бога, і Ён выслухае яго; але будзе высмейвацца беззаганнасць справядлівага. Свяцільнік занядбаны ў думках тых, якія жывуць бяспечна, прыгатаваны для тых, хто хістаецца ў хадзе. Спакойныя палаткі рабаўнікоў і бяспечныя для тых, што гнявяць Бога, быццам Бог вядзе іх за руку. Аднак жа, запытайся ў жывёлы, і яна навучыць цябе, і птушак паднебных, і яны пакажуць табе. Пагавары з зямлёю, і яна навучыць цябе; і раскажуць рыбы марскія. Хто з іх усіх не ведае, што рука Божая стварыла ўсё гэта? У Яго руцэ — душа кожнай жывой істоты і дух усяго цела чалавечага. Ці ж не вуха адрознівае словы, і ці не паднябенне каштуе сваю ежу? У старых ёсць мудрасць, а ў даўгавечных — разважнасць. У Яго ёсць мудрасць і сіла, Ён мае раду і разуменне. Калі Ён разбурыць, то няма таго, хто адбудуе; калі Ён замкне чалавека, няма таго, хто б адчыніў. Калі Ён затрымае воды, яны перасохнуць; і калі выпусціць іх, яны зруйнуюць зямлю. У Яго ёсць сіла і мудрасць, Ён ведае і ашуканца, і таго, каго падманваюць. Ён выводзіць радцаў пазбаўленымі багацця, а суддзяў — спустошанымі. Ён развязвае пояс цароў і вяроўкай абвязвае іх сцёгны. Ён даводзіць святароў да спустошанасці і скідае магнатаў, змяняючы вусны праўдзівых і забіраючы вучонасць старых. Вылівае пагарду на князёў і аслабляе пояс магутных. Ён выяўляе глыбіннае з цемры і выводзіць да святла цень смерці. Ён памнажае народы і нішчыць іх, і людзей пашырае і губіць, а знішчаных ізноў аднаўляе. Ён змяняе ход думак зямных валадароў народа і падманвае іх; і ўчыніць Ён, каб яны блукалі па забытых шляхах. Яны будуць хадзіць навобмацак, быццам у цемры, а не ў святле, і ўчыніць Ён, каб яны блукалі, як п’яныя.
Вось, усё гэта бачыла маё вока і чула маё вуха, і зразумеў я ўсё. Паводле вашага ведання і я ведаю; не ніжэйшы я за вас. Але ж, аднак, я буду прамаўляць да Усемагутнага, і прагну я паразважаць з Богам; а вас буду выкрываць, як завадатараў хлусні, вас усіх — як марных лекараў. Хоць бы вы памаўчалі, каб было гэта вам [залічана] за мудрасць! Дык паслухайце скаргу маю і зважце на дамаганні маіх вуснаў. Няўжо дзеля Бога вы гаворыце няпраўду і дзеля Яго прамаўляеце хітрыя словы? Няўжо вы запабягаеце перад Ім і спрабуеце замест Бога выступаць у судзе? Ці добра, калі Ён вас адкіне? Ці пакпіце вы з Яго, як кпяць з чалавека? Ён вас будзе выкрываць, калі будзеце патаемна глядзець на аблічча. Няўжо веліч Яго не ўсхвалюе вас і павага да Яго не агорне вас? Меркаванні вашы — гэта выслоўі з попелу; браня ваша — браня гліняная. Памаўчыце крыху, каб я гаварыў, і хай што-колечы на мяне прыйдзе. Навошта мне кусаць цела сваё зубамі сваімі і душу сваю трымаць рукамі сваімі? Нават калі Ён заб’е мяне, я буду ўскладаць надзею на Яго; аднак жа сцверджу перад абліччам Яго шляхі мае. І гэта будзе збаўленне маё, бо ніводзін бязбожнік не з’явіцца перад абліччам Яго. Слухайце словы мае і ўспрымайце вушамі сваімі тлумачэнне маё. Вось, наладзіў я суд; ведаю, што мяне знойдуць справядлівым. Хто ёсць, хто б паспрачаўся са мной? Тады я замаўчу і скончу жыццё. Дзвюх толькі рэчаў не рабі мне, і тады я не буду хавацца ад Твайго аблічча: прымі руку Сваю далей ад мяне і жах Твой хай мяне не палохае. Пакліч мяне, і я адкажу Табе; або я буду гаварыць, а Ты мне адкажаш. Якія правіннасці і грахі я маю? Пакажы мне мае ліхадзействы і злачынствы. Чаму Ты хаваеш Сваё аблічча і лічыш мяне ворагам Сваім? Ты сурова абыходзішся з лістком, што сарваны ветрам, і пераследуеш сухую саломінку. Бо Ты пішаш на мяне ўсякія горычы і хочаш апанаваць мяне грахамі маладосці маёй. Ты закаваў у кайданы ногі мае, і пільна сочыш за ўсімі сцежкамі маімі, і прыглядаешся да слядоў ног маіх. І я спарахнею, як бурдзюк і як адзенне, што паточана моллю.
Чалавек, што народжаны з жанчыны, мае век кароткі і поўны трывог; ён расце, быццам кветка, і вяне, і мінае, як цень, і не застаецца. І Ты лічыш вартым на такога адкрываць вочы Свае і весці яго на суд з Сабою? Хто ж можа нячыстага зрабіць чыстым? Хіба ніхто! Калі дні яму вызначаны, і лік месяцаў яго вядомы Табе, і Ты вызначыў яму межы, якіх нельга яму перайсці, дык адвярні вочы Свае ад яго, хай ён супачыне, хай пацешыцца днём, як той найміт. Бо нават дрэва мае надзею: калі б было ссечанае, дык зноў адрасце і парасткі свае пускаць не пакіне, і калі састарэе ў зямлі яго корань і пень яго ў пяску спарахнее, ад вільгаці вады яно зазелянее і зацвіце як маладая расліна. А чалавек, які слабее і памірае, адыходзіць, і я пытаюся: “Дзе ён?” Знікаюць воды з мора, і рэкі высыхаюць да дна. Так і чалавек: калі засне, не прачнецца, пакуль неба не знікне, не ўстане, і ад сну свайго не прачнецца. О, каб Ты схаваў мяне ў апраметнай і захаваў мяне, пакуль не міне абурэнне Тваё, і вызначыў мне час, у які зноў мяне ўзгадаеш! Ці памерлы чалавек зноў будзе жыць? Усе дні маёй службы чакаю, калі прыйдзе мая замена. Ты паклічаш, і я адкажу Табе, і Ты засумуеш дзеля стварэння рук Тваіх. Ты пералічыў бы нават крокі мае, але будзеш ласкавы адносна грахоў маіх. Ты запячаткуеш, як у мяшку, злачынствы мае і выбеліш правіны мае. Але як гара, падаючы, развальваецца і скала сыходзіць з месца свайго, як вада сцірае камень і плынь падмывае глебу, так і Ты нішчыш надзею ў чалавеку. Ты сціскаеш яго, і ён адыходзіць у вечнасць, змяняеш твар яго і адсылаеш. Ці годна жывуць яго дзеці, ён не ведае, ці ў ганьбе — ён не разумее. Адчувае ён боль свайго цела, і душа яго ў ім самім ные».
У адказ сказаў Эліфаз Тэманіт: «Ці ж будзе мудры адказваць на словы пустыя і ці напоўніць жывот свой гарачым ветрам? Ці будзе спрачацца словамі пустымі, і словамі, якія нічым не дапамогуць? Ты адкідаеш страх Божы і перашкаджаеш у малітве да Бога. Твая сапсаванасць вучыць твае вусны, і ты карыстаешся мовай хітруноў. Асуджаюць цябе вусны твае, але не я, і язык твой сведчыць супраць цябе. Ці ты першы чалавек, які нарадзіўся, і ці ты створаны раней за ўзгоркі? Ці ты раіўся з Богам і ўзяў сабе мудрасць? Ці ты нешта ведаеш, чаго мы не ведаем? Або нешта разумееш, чаго мы не разумеем? Паміж нас ёсць і старыя, і сівыя, шмат старэйшыя, чым твой бацька. Ці табе мала Божых суцяшэнняў і лагоднага слова, учыненага з табою? Чаму так уздымаецца сэрца тваё, ды чаму так устрывожаны вочы твае? Што ты кіруеш супраць Бога дух твой і прамаўляеш з вуснаў тваіх такія словы? Што ёсць чалавек, каб быў ён беззаганным, і каб аказаўся справядлівым народжаны ад жанчыны? Вось, святым Сваім не давярае, і нябёсы не чыстыя перад абліччам Яго. Тым больш сапсаваны і брыдкі чалавек, які, як ваду, п’е несправядлівасць. Я пакажу табе, паслухай мяне: што бачыў, раскажу табе, пра што мудрыя сведчаць і чаго не ўтаілі ад іх бацькі іх: ім толькі была дадзена зямля, і паміж іх не праходзіў чужынец. Бязбожнік мучаецца праз усе дні свае, і няпэўны лік гадоў для гвалтаўніка. Шум страху заўсёды ў вушах яго, быццам, нават калі супакой, на яго нападае нішчыцель. Ён не верыць, што можа вярнуцца назад з цемры, бо яму наканаваны меч. Калі намагаецца ён прасіць хлеба, — дык дзе ж? Ён ведае, што ў руцэ яго прыгатаваны дзень цемры. Будзе баяцца ён бяды і нястачы, яны паваляць яго, як цара, які рыхтуецца да бітвы. Бо ён выцягнуў руку сваю супраць Бога і ўздужаўся супраць Усемагутнага, ён рынуўся на Яго з выцягнутай шыяй, узброены магутным шчытом. Тлустасць пакрыла аблічча яго, а з бакоў яго сала звісае. Ён пасяліўся ў гарадах апусцелых, і ў дамах пустых, што ў курганы ператварыліся. Ён не будзе багаты, і не захаваецца маёмасць яго; і на зямлі ён не пусціць кораня свайго. Не выйдзе ён з цемры; спёка спаліць парасткі яго, і вецер знясе квецень яго. Хай не верыць марнасці ўведзены ў аблуду, бо марнасць будзе яго ўзнагародай. Дні яго адымуцца перш, чым споўняцца, і парастак яго не зазелянее. Сапсаваная будзе, як вінаграднік у першай квецені, гронка яго, ці, як аліўка, што страсае кветкі свае. Бо сям’я бязбожніка няплодная, і агонь паглыне палаткі тых, якія ахвотна хабар прымаюць. Бо ён пачаў пакуту і нарадзіў несправядлівасць, і нутро яго хітрасці рыхтуе».
У адказ сказаў Ёў: «Часта я чуў такія рэчы! Усе вы нікчэмныя пацяшыцелі. Ці ж будзе канец пустым словам, або што так раздражняе цябе, што ты [так] адказваеш? Мог і я гаварыць падобна, як вы, ды няхай бы душа ваша была на месцы маёй душы. Распачаў бы я да вас прамову і ківаў бы на вас галавою сваёй, падбадзёрваў бы вас вуснамі сваімі і не стрымліваў бы руху вуснаў маіх. Калі гаварыць буду, не суцішыцца боль мой; і калі замаўчу, не адыдзе ён ад мяне; а цяпер змардаваў мяне боль мой і Ты спустошыў усю сям’ю маю. Маршчыны мае сведчаць супраць мяне, і паўстае змардаванасць перад абліччам маім, пярэчачы мне. Гнеў Яго разрывае мяне, і супрацівіцца мне, і скрыгоча зубамі сваімі на мяне. Вораг мой утаропіў вочы свае на мяне. Яны разявілі на мяне пашчы свае, і, наракаючы, б’юць мяне ў сківіцу, і, сабраўшыся разам, — супраць мяне. Замыкае мяне Бог у несправядлівага і перадае мяне ў рукі бязбожнікаў. Я, той самы задаволены калісьці, знянацку раструшчаны стаўся. Схапіў Ён мяне за шыю, зламаў мяне і паставіў мяне перад Сабою, быццам на знак. Акружыў Ён мяне дзідамі Сваімі, разарваў клубы мае, не пашкадаваў; ды расцярушыў па зямлі печань маю. Ён раздзірае мяне, рвучы і катуючы, абрушыўся на мяне, быццам волат. Пашыў я радно сабе на скуру і схіліў да зямлі рог мой. Твар мой пачырванеў ад плачу, а павекі мае пацямнелі, хоць без правіннасці рукі мае, бо малітвы мае былі чыстыя. О зямля! Не закрый крыві маёй, і хай крык мой не знойдзе ў табе месца, дзе б сціх. Бо вось на небе Сведка мой і Той, Хто ведае мяне, — на вышынях. Вешчуны мае — думкі мае: да Бога струменіцца вока маё. О, каб чалавек мог так судзіцца з Богам, як судзіцца сын чалавечы са сваім прыяцелем, бо вось, прамінуць кароткія гады, і я пайду шляхам, з якога не вярнуся!
Дух мой саслабеў, дні мае пагаслыя, і застаецца мне толькі магіла. Хіба не кпіны акружаюць мяне, і не ў горычы хіба патанае вока маё? Дай заклад за мяне перад Табою, і хто ж [іншы] у знак парукі стукне мяне па руцэ? Сэрца іх аддаліў Ты ад разумення, таму яны не ўзвысяцца. Абяцае блізкіх як здабычу, але вочы сыноў яго змарнеюць. Ён паставіў мяне ў прымаўку народа і каб плявалі [мне] ў твар. Пацямнела ад горычы вока маё, і члены цела майго сталіся, нібы цень. Справядлівыя аслупянеюць, бачачы гэта, і бязгрэшны раззлуецца на бязбожніка. І справядлівы будзе трымацца дарогі сваёй, а чысты дадасць моцы рукам. Дык навярніцеся ўсе вы і прыходзьце, але я не знайду між вамі нікога разумнага. Дні мае прамінулі, думкі мае і памкненні сэрца майго расцерушыліся. Ператварылі яны ноч у дзень; ды зноў пасля цемры спяшаецца святло. Калі і датрываю, то апраметная — дом мой; у цемры паслаў я ложак мой. Сказаў я гнілізне: “Ты — бацька мой!”, “Маці мая і сястра мая!” — чарвям. Дык дзе ж цяпер мая надзея і хто бачыць цярплівасць маю? У апраметную найглыбейшую сыдуць усе справы мае, і ці будзе мне адразу супачынак у парахне?»
У адказ сказаў Балдад Сугіт: «Дакуль жа будзеце вы кідаць гэтыя словы? Перш зразумейце, а потым будзем гаварыць. Чаму мы лічым сябе за жывёлу, і чаму мы ў пагардзе перад вамі? Ты, што губіш душу сваю ў гневе сваім, ці ж праз цябе апусцее зямля ды з месца свайго скалы перамесцяцца? Бо святло бязбожніка згасне і не заззяе полымя ад агню яго. Пацямнее святло ў палатцы яго, і свяцільнік, які над ім, згасне. Абмежаваныя будуць крокі моцы яго, і намер яго здрадзіць яму. Ублыталіся ў сетку ногі яго, і ходзіць ён у путах. Пятля трымае нагу яго, і сіло закрываецца над ім. Схаваная на зямлі пастка [для] яго, а сіло [для] яго — на сцежцы. Адусюль палохаюць яго жахі і агортваюць ногі яго. Памяншаецца ад голаду дужасць яго, і загуба падрыхтаваная рэбрам яго. Загуба з’ядае кавалкі скуры яго, а першародны смерці мардуе члены яго. Выдаляецца надзея яго з палаткі яго, і Ты штурхаеш яго да цара жахаў. Ты жывеш у палатцы, якой ужо няма ў яго, у жытле яго рассыпаецца серка. Знізу падсыхаюць карані яго, а зверху вянуць галінкі яго. Памяць аб ім знікне з зямлі, і не будзе ўслаўляцца імя яго на плошчах. Прагоняць яго са святла ў цемру і прагоняць яго са свету. Не будзе ані нашчадка яго, ані пакалення ў народзе яго, і не застанецца нічога ў месцы, дзе ён жыў. У дзень яго аслупянеюць апошнія [нашчадкі], а першых апануе страх. Дык вось што такое прытулкі несправядлівага, і гэткае месца таго, хто не ведае Бога».
У адказ сказаў Ёў: «Што вы ўсе кроіце душу маю і мучыце мяне словамі? Вунь, дзесяцікратна асуджаеце мяне, ды не чырванееце, прыгнятаючы мяне. Відавочна, калі я сапраўды зграшыў, дык грэх мой застанецца са мною. Калі вы ўздымаецеся супраць мяне і папракаеце мяне ганьбамі маімі, дык, прынамсі, цяпер зразумейце, што Бог пакараў мяне неадпаведным судом і сеццю Сваёй аблытаў мяне. Бо калі я крычу: “Гвалт цярплю я!”, мяне не чуюць; калі ўзношу голас, няма Таго, Хто б судзіў. Ён загарадзіў дарогу мне, і не магу я прайсці, і на сцежцы маёй Ён раскінуў цемру. Ён сцягнуў з мяне славу маю і забраў вянец з галавы маёй. Ён зруйнаваў мяне з усіх бакоў, і я гіну, і зваліў Ён, як дрэва, спадзяванне маё. Разгневалася на мяне абурэнне Яго, і так пачаў Ён лічыць мяне ворагам Сваім. І прыбылі разам дружыны Яго, і праклалі сабе дарогу супраць мяне, і акружылі аблогаю палатку маю. Аддаліў Ён братоў маіх ад мяне, і знаёмыя мае, быццам чужыя, адышліся ад мяне. Пакінулі мяне мае сваякі і тыя, што ведалі мяне, забыліся пра мяне. Хатнія ў доме маім і служанкі мае за чужога пачалі лічыць мяне, і быццам прыхадзень стаўся я ў вачах іх. Паклікаў я слугу свайго, а ён не адгукнуўся; я вуснамі ўласнымі ўпрошваў яго. Дыханнем маім брыдзілася жонка мая, і смярдзючы я для дзяцей улоння майго. Пагарджалі мною дзеці малыя, і, калі я ўставаў, яны здзекаваліся з мяне. Пагарджаць пачалі мною колішнія суразмоўцы мае, і той, каго я больш за ўсіх любіў, адвярнуўся ад мяне. Да скуры маёй у змардаваным целе прысохла косць мая, і змарнелі дзёсны мае вакол зубоў маіх. Злітуйцеся нада мною, злітуйцеся нада мною хоць вы, прыяцелі мае; бо рука Госпадава дакранулася да мяне. Чаму вы, як Бог, пераследуеце мяне і чаму не насычаецеся целам маім? Хто прадставіць мне [магчымасць], каб былі запісаны словы мае? Хто дасць мне, каб былі яны зазначаны ў кнізе разцом жалезным і алавяным, каб навечна былі высечаны на камені? Ведаю вось я, што Адкупіцель мой жыве і што ў апошні дзень падымецца Ён над парахном; і пасля таго, як сцягнуць з мяне гэтую скуру, з цела свайго ўбачу я Бога. Яго сам я ўбачыць мушу, і вочы мае павінны аглядаць [Яго], і нішто іншае. Змарнелі ныркі мае ва ўлонні маім. Калі вы кажаце цяпер: “Як жа мы будзем пераследаваць яго і корань слова знойдзем супраць яго?” — дык бойцеся вастрыя ляза, бо мсціўца за несправядлівасці — меч; ды ведайце, што ёсць суд».
У адказ сказаў Зафар Нааматыт: «Таму разважанні мае зноў абуджаюць мяне, што разуменне заззяла ўва мне. Павучанне, якім ты мяне папракнуў, я выслухаю, а дух разумення майго адкажа мне. Ці не ведаеш ты гэтага ад пачатку, з часу, калі з’явіўся чалавек на зямлі, што радасць несправядлівых кароткая і весялосць бязбожнікаў — быццам імгненне. Калі пыха яго падымецца да неба, і галава яго дакранецца да хмар, як гной, канчаткова прападзе ён, і якія бачылі яго, спытаюцца: “Дзе ён?” Як сон, што адлятае, ён не знойдзецца, праміне ён, як начное марыва. Вока, якое бачыла яго, ужо не ўбачыць, і яго месца больш не будзе глядзець на яго. Сыны яго будуць імкнуцца спадабацца ўбогім, і рукі іх аддадуць яму маёмасць яго. Косці яго, што былі поўныя [сілы] маладосці, разам з ім будуць спаць у парахне. Калі салодкае будзе ў вуснах яго зло, ён схавае яго пад языком сваім, будзе ён шкадаваць яго, ды не кіне яго і будзе трымаць у горле сваім, хлеб яго ва ўлонні яго пераменіцца ў жоўць змяіную знутры. Багацці, якія ён праглынуў, званітуе, і выцягне іх Бог з жывата яго. Піў ён атруту змяіную — і заб’е яго язык гадзюкі. Не ўбачыць ён ручаёў алею, рэк мёду і масла. Верне ён здабытак свой; не праглыне [яго], не будзе цешыцца з багаццяў ад продажу. Бо, выдаткуючы, ён пакрыўдзіў убогіх, абрабаваў дом, а не збудаваў яго. Ніколі не насычаўся жывот яго і ў жаданнях сваіх не мог ён здаволіцца. Нічога не заставалася ад спажывання яго, і таму не застанецца нічога з маёмасці яго. Калі ён наесца, цесна яму будзе, і ўсякая пакута будзе нападаць на яго. Хай напоўніць ён жывот свой: спашле на яго Бог гнеў абурэння Свайго і вылье на яго вайну Сваю. Будзе ўцякаць ён ад жалезнай зброі ды патрапіць пад медны лук. Страла праб’е цела яго, а маланка — печань яго; прыйдуць да яго і апануюць яго жахі, уся цемра, скрытая ў сховішчах яго; паглыне яго агонь, якога не запальваюць; будзе знішчаны ён, калі застанецца ў палатцы сваёй. Нябёсы абвесцяць несправядлівасць яго, і зямля паўстане супраць яго. Будзе знішчаны род дому яго, будзе зрынуты ён у дзень гневу Божага. Такая доля чалавека бязбожнага ад Бога і спадчына, вызначаная яму Госпадам».
У адказ сказаў Ёў: «Паслухайце, прашу, словы мае, і хай будуць яны вам на пацеху. Цярпліва выслухайце мяне, а я буду гаварыць; і пасля слоў маіх будзеце смяяцца. Ці ж мая прамова — супраць чалавека, што я заслужана не павінен быць нецярплівы? Звярніце ўвагу на мяне і аслупянейце, і пакладзіце на вусны свае палец. І я, калі ўзгадаю, палохаюся, і трымценне калоціць цела маё. Чаму ж жывуць бязбожнікі, дажываюць да старасці і ўмацаваны багаццем? Нашчадкі іх заўсёды перад імі, і дзеці іх — перад абліччам іх. Дамы ў іх — бестурботныя і мірныя, і няма біча Божага над імі. Цёлка ў іх пачынае ва ўлонні і не скідае, карова нараджае і не пазбаўляецца цяляці свайго. Дзеці іх, як статак, выходзяць, і малыя іх радуюцца, гуляючы. Яны трымаюць тымпан і цытру і весяляцца пры гуках труб, праводзяць яны ў дабротах дні свае і ў адно імгненне сыходзяць у апраметную. Яны казалі Богу: “Адыдзіся ад нас! Не хочам ведаць шляхоў Тваіх. Хто такі Усемагутны, каб мы служылі Яму, і што нам за карысць, калі б мы памаліліся Яму?” Няхай даброты іх у іх руках, але рада бязбожніка няхай будзе далёка ад мяне. Ці часта згасае свяцільнік бязбожнікаў, і ці прыйдзе на іх згуба, і ці надасць Ён пакут [ім] у гневе Сваім? Ці будуць яны, быццам саломінка перад ветрам і быццам попел, які разносіць віхура? Ці захавае Бог для сыноў яго несправядлівасць яго? Хай аддасць Ён яму, каб ён ведаў. Убачаць вочы яго пагібель сваю, і нап’ецца ён гневу Усемагутнага. Бо што з дому яго патрэбна яму пасля яго, калі лік месяцаў яго спыніцца? Ці ж хто навучыць Бога мудрасці, Таго, Хто судзіць нябёсы? Адзін памірае ў сіле і здаровы, багаты і шчаслівы; нутро яго поўнае тлушчу, а косці яго багатыя мозгам. А іншы памірае ў горычы душы, без аніякага набытку; ды аднак разам будуць яны спаць у парахне, і абодвух апануюць чэрві. Добра зразумеў я думкі вашыя і ліхія намеры вашыя адносна мяне. Бо вы кажаце: “Дзе дом князя, а дзе палаткі бязбожнікаў?” Ці вы не пыталіся каго з падарожнікаў і ці не спазналі довадаў іх, што ў дзень пагібелі ашчаджаецца ліхі і ў дзень гневу адводзіцца ўбок. Хто пакажа яму з дакорам дарогу яго, і за тое, што ён зрабіў, хто аддасць яму? Яго прывядуць да магілы і пры надгробку яго паставяць варту. Салодкімі яму будуць груды зямлі, і за сабой ён цягне кожнага чалавека, і перад ім безліч. Дык чаму ж вы надарма пацяшаеце мяне, калі ў адказе вашым застаецца падман?»
У адказ Эліфаз Тэманіт сказаў: «Ці можа чалавек быць карысным Богу, калі ён ледзь разумее, як самому сабе быць карысным? Што за карысць Усемагутнаму, калі ты будзеш справядлівы, або што ты даеш Яму, калі б учыніў беззаганнай дарогу тваю? Ці ж за тваю пабожнасць будзе Ён дакараць цябе і пойдзе на суд з табою? Ды ці ж не праз ліхадзейнасць тваю шматлікую і бясконцую несправядлівасць тваю? Бо ты ўзяў заклад ад братоў тваіх ні за што і з голых здымаў адзенне. Ты не падаў вады спрацаванаму і галоднаму адмаўляўся даць хлеба. Хіба заможнаму чалавеку ўспамогаю будзе зямля і, завалодаўшы, ён будзе жыць на ёй? Удоў адпускаў ты з пустымі рукамі, і плечы сірот абцяжарваў. Дзеля таго акружаны ты пасткамі і трывожыць цябе страх неспадзяваны. І ў цемры ты не бачыш, і напор вады прыціскае цябе. Ці ж Бог не вышэйшы за неба? Паглядзі ўгару на зоркі, як яны высока! А ты кажаш: “Што там ведае Бог? Быццам бы Ён можа судзіць праз імглу. Хмары — покрыва Яго, і не бачыць Ён нашых спраў, і ходзіць [толькі] па крузе нябесным”. Ці ты прагнеш трымацца шляху спрадвечнага, па якім крочылі злачынцы, якія заўчасна былі знішчаны, і рака падмыла іх грунт? Яны казалі Богу: “Адыдзіся ад нас!” і “Што можа зрабіць нам Усемагутны?” Калі Ён багаццем напоўніў дамы іх, іх думкі далёка былі ад Яго. Справядлівыя будуць бачыць і цешыцца, і чалавек беззаганны будзе смяяцца з іх: “Сапраўды прапала маёмасць іх, а рэшту іх паглынуў агонь”. Дык пагадзіся з Ім, і будзь спакойны, і праз гэта будзеш мець найлепшы плён. Прымі з вуснаў Яго закон і пакладзі словы Яго ў сэрцы сваім. Калі навернешся да Усемагутнага, адновішся і адкінеш далёка несправядлівасць ад палаткі сваёй. Прыпадобніш золата да парахна, а камяні Афіра — да рачнога пяску, Усемагутны будзе тваёй крыніцай каштоўных металаў і накопіцца срэбрам для цябе. Тады будзеш мець дастаткова асалод ва Усемагутным і падымеш аблічча сваё да Бога. З пакораю будзеш прасіць Яго, і Ён выслухае цябе, і ты споўніш абяцанні свае. Што пастановіш, прыйдзе да цябе, і на дарогах тваіх будзе свяціць святло. Бо Ён паніжае таго, хто гаворыць пыхліва, а хто апускае вочы, той будзе збаўлены. Ён уратуе нявіннага, і будзеш ты ўратаваны ў чысціні рук сваіх».
У адказ Ёў сказаў: «І сёння з горыччу жальба мая, бо рука Яго ўзнеслася цяжарам над стогнам маім. О, каб я спазнаў, дзе знайсці Яго, і каб падышоў да пасада Яго! Пакладу я перад Ім суд і напоўню вусны свае нараканнямі, каб ведаў я словы, якімі Ён адкажа мне, і каб зразумеў, што Ён будзе гаварыць мне. Ці ж з вялікім запалам будзе Ён спрачацца са мною? Не! Ён будзе толькі слухаць! Тады справядлівы будзе судзіцца з Ім, і ад Суддзі свайго пайшоў бы я ў цэласці. Калі пайду я на ўсход — Ён не з’явіцца, і калі пайду на захад — не здагадаюся, дзе Ён. Калі далей пайду налева, не знайду Яго; калі павярну направа, не ўбачу Яго. А Ён ведае дарогу маю, і калі выпрабуе мяне, я выйду [чысты], як золата. Нага мая трымаецца слядоў Яго, я пільную дарогу Яго і не збочваю з яе. Ад загадаў вуснаў Яго не адступаюся, і ў сэрцы сваім захоўваю словы вуснаў Яго. Бо Ён адзіны, і хто адштурхне Яго? І што толькі хоча душа Яго, тое робіць. Калі Ён на мне споўніў волю Сваю, то і іншых падобных рэчаў ёсць у Яго багата. Таму я хвалююся ў прысутнасці Яго і, калі гляджу на Яго, ахоплены страхам. Бог улагодзіў сэрца маё, і Усемагутны ўстрывожыў мяне, бо не загінуў я ад надыходу цемры і змрок не агарнуў аблічча майго.
Чаму не ўтоены час ад Усемагутнага і тыя, што пазналі Яго, не ведаюць дзён Яго? Адны пераносяць межы, рабуюць статкі і пасвяць іх, у сірот адбіраюць асла, бяруць у заклад вала ўдавы, убогіх збіваюць са шляху, і ўсе пакорлівыя зямлі змушаны хавацца. Другія, як аслы на пустыні, выходзяць яны на працу сваю, чуваючы дзеля здабычы, дзеля хлеба для дзяцей на пустыннай зямлі. Жнуць яны не на сваім полі і збіраюць вінаград у бязбожніка. Начуюць яны голыя, без адзення, і не маюць чым накрыцца ў холад. Мокнуць яны пад горным дажджом і, не маючы прыстанішча, туляцца да скал. Адрываюць сірот ад грудзей і ўбогага бяруць у заклад. Голыя ходзяць яны, без адзення, і галодныя зносяць снапы. Сярод муроў выціскаюць алей і, тупаючы ў выціскальнях, смагнуць. У гарадах, паміраючы, стогнуць; і душа зраненых крычыць, ды Бог не забараняе гэтага. Яны былі супраць святла, і не ведалі шляхоў Яго, і не затрымліваюцца на сцежках Яго. На світанні ўстае забойца, забівае ён няшчаснага і беднага, а ноччу ён будзе, быццам злодзей. Вока чужаложніка чакае цемры, кажучы: “Не ўбачыць мяне вока”, і хавае ён твар свой. У поцемках падкопваюцца яны пад дамы, а днём яны хаваюцца і не ведаюць святла. Калі ж нечакана заззяе зараніца, яны лічаць яе ценем смерці; калі нават развіднее — [для іх] гэта страхі ценю смяротнага. Лёгкі такі на паверхні вады, і праклятая доля яго на зямлі, і няма нікога, хто б накіраваў яго да вінаграднікаў. Суш і спякота занадта высушылі воды, і гэтак пекла — тых, што зграшылі. Хай забудзецца пра яго ўлонне маці, хай станецца ён асалодай чарвям, хай не застаецца аб ім успаміну, але, як дрэва, хай зломіцца злачыннасць. Ліха ўчыніў ён бясплоднай, якая не нараджае, і ўдаве не ўчыніў ён дабра. Ён здужвае сілай сваёю магутных, і калі ён падымецца, то не будзе верыць жыццю свайму. Але Бог даў яму месца бяспечнае, на якое ён абапёрся, але вочы Яго на шляхах яго. Падняліся яны невысока і не ўтрымаюцца, і паніжаны будуць, як усе, і прападуць, і, як вярхі каласоў, будуць зрэзаны. Калі гэта не так, хто можа мяне аспрэчыць, што я схлусіў, і нікчэмнасцю палічыць мае словы?»
У адказ сказаў Балдад Сугіт: «Улада і страх у Яго, Які чыніць супакой на вышынях Сваіх! Ці ёсць лік войскам Яго? І над кім не ўзыдзе святло Яго? Ці можа апраўдацца чалавек, які прыпадобніўся да Бога, або стацца чыстым той, хто нарадзіўся ад жанчыны? Вось, нават месяц не свеціць і зоркі не чыстыя ў вачах Яго; тым больш чалавек — гнілізна і сын чалавечы — чарвяк».
І сказаў у адказ Ёў: «Як жа выслухаў ты кволага? І [так] ты падтрымліваеш плячо таго, хто нядужы? Якую параду даў ты таму, хто не мае мудрасці? І разважнасць сваю паказаў ты вялікую. Каго ты захацеў павучыць? І чый гэта дух, што выходзіць з цябе? Вось жа цені дрыжаць пад водамі і тыя, што жывуць разам з імі. Пекла аголена перад Ім, і няма ніякай заслоны для Абадону. Ён расцягвае поўнач над пусткаю і павесіў зямлю на нічым. Ён закрывае воды ў хмарах Сваіх, каб не зліваліся яны адначасна на зямлю. Ён закрывае выгляд пасада Свайго, расцягваючы над ім хмару Сваю. Ён акрэсліў наўкола мяжу водам, аж пакуль скончацца святло і цемра. Слупы нябесныя дрыжаць і баяцца гневу Яго. Магутнасцю Сваёю Ён прыстрашыў мора і мудрасцю Сваёй перамог Рагаба. Дух Яго распагодзіў нябёсы, і рука Яго знішчыла ўцякаючага скарпіёна. Вось такія межы шляхоў Яго; і, паколькі мы чулі хіба што малую кроплю слоў Яго, то хто змог бы адчуваць грымоты велічы Яго?»
І дадаў Ёў, прцягваючы прыпавесць сваю, і сказаў: «Жыве Бог, Які пазбавіў мяне суда, і Усемагутны, Які прывёў да горычы душу маю, бо, пакуль яшчэ трывае дыханне ўва мне і [пакуль] Дух Божы — у ноздрах маіх, не скажуць вусны мае несправядлівасці і язык мой не будзе гаварыць хлусні! Барані, Божа, каб я лічыў вас справядлівымі; пакуль не памру, не адступлюся ад сваёй невінаватасці. Апраўдання свайго, якога пачаў я трымацца, не адкіну, не асуджае мяне сэрца маё за цэлае жыццё маё. Непрыяцель мой хай будзе, як бязбожнік, і праціўнік мой — як злачынца. Якая ж надзея бязбожніка, калі сцінае, калі забірае Бог душу яго? Ці выслухае Бог крык яго, калі прыйдзе да яго бяда? Ці зможа ён цешыцца Усемагутным і прызываць Бога ўвесь час? Я апавяшчу вам пра руку Божую, нічога не буду ўтойваць з таго, што мае Усемагутны. Вось жа, вы ўсё гэта бачылі, дык нашто пустая гаворка без прычыны? Такая вось доля грэшнага чалавека ў Бога і спадчына крыўдзіцеляў, якую атрымаюць ад Усемагутнага. Калі размножацца сыны яго, пад мечам будуць, і нашчадкі яго не насыцяцца хлебам. Тыя, што застануцца ад яго, будуць пахаваныя ў згубе, і ўдовы яго не будуць плакаць. Калі наносіць ён срэбра, як пяску, і нарыхтуе адзення, як гліны, ён, сапраўды, прыгатуе, але апранецца ў іх справядлівы, і срэбра падзеліць бязгрэшны. Пабудаваў ён, як павук, дом сабе і, як вартаўнік, зрабіў сабе шалаш. Багаты, калі засне, нічога з сабой не забярэ; расплюшчыць ён вочы свае і нічога не знойдзе. Ахопіць яго нястача, як вада, ноччу прыцісне яго навальніца. Падхопіць яго вецер гарачы і панясе, ды, быццам віхура, сарве яго з месца яго. Ён нашле ўсё гэта на яго і не пашкадуе; і будзе ўцякаць, каб уцячы з рукі Яго. Будзе пляскаць над ім Сваімі рукамі і асвішча яго са Свайго месца.
Срэбра мае пачаткі жылаў, і ў золата ёсць месца, дзе яго плавяць. Жалеза здабываецца з зямлі, і камень, растоплены жарам, у медзь ператвараецца. Усталяваў [чалавек] мяжу цемры, і даследуе ўсё сам да канца, нават камень змроку і ценю. Вандроўны люд адкрыў падземныя праходы, якія забыты нагою; вісяць яны, хістаючыся больш за вандроўніка. Зямля, з якой хлеб вырастаў, у глыбіні перавернута, як агнём. Камяні яе — месца сапфіра, і глеба яе — золата. Драпежная птушка не ведае сцежкі туды, і не бачыць яе вока арла. Не тапталі яе сыны пыхі, і не праходзіла па ёй ільвіца. Выцягвае ён руку сваю на крэмень, да падножжа пераварочвае горы. У скалах высякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока яго. Выведаў ён глыбіні рачныя і вывеў на свет утоенае. Але дзе знайсці мудрасць? І дзе месца розуму? Чалавек не ведае яе сутнасці, і не знайсці [яе] на зямлі жывых. Бездань кажа: “Няма яе ўва мне”, і мора гаворыць: “Няма яе ўва мне”. Нельга даць за яе чыстага золата, і не ўзважыць срэбра ў абмен на яе. Нельга заплаціць золатам Афіру, ані найкаштоўнейшым сарданіксам, ані сапфірам. Не зраўняецца з ёю золата або шкло, не прамяняць яе на залаты посуд. Пра каралі і крышталь не ўспомняць у параўнанні з ёй, і валоданне мудрасцю лепшае за перлы. Не зраўняецца з ёю тапаз з Этыёпіі, і не прыпадобніш яе да найчысцейшага золата. Дык адкуль паходзіць мудрасць і дзе месца розуму? Схаваная яна ад вачэй усіх жывых і нябесным птушкам невядомая. Абадон і смерць кажуць: “Вушамі нашымі мы чулі пра славу яе”. Бог ведае дарогу яе, і Ён ведае месца яе. Ён бачыць ускрайкі зямлі і заўважае ўсё, што пад небам. Ён надаў вятрам вагу і воды адмераў меркаю. Калі даваў закон дажджам і шлях навальніцам грымотным, тады ўбачыў Ён яе і расказаў, і прыгатаваў, і даследаваў яе. І сказаў Ён чалавеку: “Вось, страх Госпадаў — гэта і ёсць мудрасць; а пазбягаць зла — гэта розум”».
І дадаў яшчэ Ёў, пачынаючы прыпавесць сваю, і сказаў: «Хто мне дасць, каб стаўся я, як у даўнія месяцы, у тыя дні, калі Бог ахоўваў мяне, калі светач Яго свяціў над галавой маёй і пры святле Яго хадзіў я ў цемры, калі яшчэ жыў у днях юнацтва майго, калі Бог быў спагадным у палатцы маёй, калі са мною быў Усемагутны і дзеці мае — вакол мяне, калі малаком я мыў ногі свае і скала выдавала для мяне ручаі алею. Калі я выходзіў да гарадской брамы і на плошчы рыхтаваў сабе сядзенне, бачылі мяне юнакі і хаваліся, а старыя, падняўшыся, стаялі. Князі пераставалі гаварыць і клалі палец на вусны свае. Правадыры спынялі голас свой, і язык іх прыліпаў да іх паднябення. Вуха, што чула мяне, дабраслаўляла мяне, і вока, якое бачыла, сведчыла за мяне, бо я вызваляў гаротніка, які лямантаваў, і сірату, які не меў апекуна. Дабраславенства таго, каму была наканавана смерць, сыходзіла на мяне, і сэрца ўдавы рабіў я радасным. Я апрануўся ў справядлівасць і прыбраўся, як плашчом і вянцом, судом сваім. Вокам быў я сляпому і нагой — кульгаваму. Бацькам быў для беднага і справу незнаёмага чалавека пільна разбіраў. Я раздзіраў пашчу злачынцу і вырываў з зубоў яго здабычу. І гаварыў я: “У гняздзе сваім памру я і, як пальма, памножу дні. Корань мой адкрыты каля вады, і раса будзе ляжаць на галінах маіх. Слава мая заўсёды будзе аднаўляцца, і лук мой у руцэ маёй умацуецца”. Тыя, хто мяне слухалі, захапляліся і з павагаю маўчалі на параду маю. Да слоў маіх не асмельваліся нічога дадаць, і мова мая акроплівала іх. Чакалі мяне, як дажджу, і адкрывалі вусны свае, як на дождж позні. Калі часам усміхаўся я да іх, не верылі, і святло твару майго не падала на зямлю. Калі хацеў прыйсці да іх, сядзеў першы і, хаця сядзеў, як кароль у атачэнні войска, аднак жа быў суцяшальнікам засмучаных.
Цяпер жа смяюцца з мяне маладзейшыя за мяне гадамі, бацькоў якіх не лічыў я годнымі паставіць побач з сабакамі стада майго; сіла рук іх мне была не патрэбная, і сіла іх юнацкая ўся звялася. Бядой і голадам спустошаныя, яны марнелі ў пустыні, у позні час былі віхура і спусташэнне [для іх]; і жывіліся яны травой і карою дрэў, ежай іх быў корань ядлоўцу. Са свайго асяродка іх выкідалі, крычалі на іх, як на злодзеяў. І пражывалі яны на берагах рэк ды ў пячорах зямных і каменных. Раўлі яны між кустоў і збіраліся пад цернямі. Сыны неразумных і подлых, і выгнаныя прэч з зямлі. Цяпер абярнуўся я песенькай іх і зрабіўся ім у прыказку. Ненавідзяць яны мяне, і ўцякаюць далёка ад мяне, і не саромяцца пляваць мне ў твар, бо Ён раскрыў калчан Свой, і паразіў мяне, і акілзаў вусны мае. З правага боку паўсталі яны, збілі мяне з ног і нарыхтавалі супраць мяне сцежкі згубы. Заблыталі яны дарогі мае, паставілі пасткі на мяне і адужалі, не было ніводнага, хто б прынёс дапамогу. Як праз вылам і адтуліну мура, напалі на мяне і з-пад руінаў рынуліся. Жахі павярнуліся да мяне; як вецер, прамінае веліч мая; і шчасце маё праляцела, як воблака. І цяпер выліваецца ўва мне душа мая і дні гора апанавалі мяне. Ноччу косці мае свідруюцца пакутамі, і тыя, што ядуць мяне, не спяць. З сілаю дуба трымаецца адзенне маё, і, быццам карсетам, кашуляй аперазалі мяне. Кінуў Ён мяне ў балота, і стаўся я падобны да пылу і попелу. Я клічу Цябе, але Ты не чуеш мяне; стаю, але Ты не глядзіш на мяне. І перамяніўся Ты для мяне ў жорсткага, і ў апантанасці рукі Сваёй варагуеш са мною. Ты падняў мяне і, пусціўшы, быццам вецер, спустошыў мяне. Ведаю, што Ты выдасі мяне на смерць, дзе ўсталяваны дом кожнаму жывому. Ды ўсё ж не на знішчэнне Ён працягвае руку, і ў Яго зыходзе будзе збаўленне. Ці не плакаў я калісьці над тым, хто пакрыўджаны быў, і ці душа мая не спагадала ўбогаму? Чакаў я дабра, а прыйшло ліха, і чакаў святла, але прыйшла цемра. Нутро маё кіпіць несупынна; нахлынулі на мяне дні пакуты. Хадзіў я з агідным абліччам, без суцяшэння, падымаючыся ў грамадзе, крычаў. Стаўся я братам драконам і сябрам страусам. Мая скура пачарнела на мне, і косці мае высахлі ад спякоты. Перамянілася ў жалобны лямант цытра мая, і дуда мая — у голас плачлівага.
Заключыў я дамову з вачамі сваімі, каб не глядзець мне на дзяўчыну. Якая ж доля мая ў Бога ў небе, ды якая спадчына ад Усемагутнага на вышынях? Ці ж ліхотніку няма загубы і адчужэння тым, хто чыняць несправядлівасць? Ці ж Ён не бачыў шляхоў маіх і не лічыў усе крокі мае, калі хадзіў я ў марнасці і нага мая спяшалася ў падступнасці? Хай узважыць Ён мяне справядлівымі шалямі і хай ведае Бог маю беззаганнасць. Ці саступаў крок мой з дарогі, і ці пайшло за вокам маім маё сэрца, і ці запляміла рукі мае што нячыстае? Сеяў я, а есць іншы, і патомства маё вырванае з каранямі. Калі сэрца маё звяла жанчына і калі цікаваў я пры дзвярах таварыша майго, хай мая жонка меле для другога і хай іншыя схіляюцца над ёю. Бо гэта — недазволенае, злачынства, якое падлягае суду. Гэта агонь, што паглынае аж да загубы і што выкараняе ўсё народжанае. Хіба не зважаў я ў судзе на правы паслугача свайго і паслугачкі сваёй, калі яны спрачаліся са мною? Што ж тады буду рабіць, калі паўстане Бог судзіць? І калі будзе пытацца ў мяне, што я Яму адкажу? Ці ж не ва ўлонні ўчыніў мяне Той, Хто і яго стварыў, і адзін сфармаваў мяне ва ўлонні? Калі адмовіў я бедным у тым, чаго яны хацелі, і калі прымусіў вочы ўдавы засмуціцца, калі з’еў я кавалак свой адзін, а сірата не з’еў ад яго? Бо ад маленства гадаваў я яго, як бацька, і кіраваў [удавой] ад улоння маці. Калі пагардзіў я гаротнікам за тое, што не меў ён адзення, а таксама бедным без вопраткі; калі не дабраславіла мяне цела яго і не сагрэўся ён ад воўны авечак маіх; калі падняў я руку сваю на сірату, калі бачыў у браме дапамогу сабе, — то хай выпадзе плячо маё з сустава свайго і хай патрушчыцца рука мая разам з касцямі локцевымі, бо страх для мяне — няшчасце ад Бога і супраць велічы Яго ніяк мне не здужаць! Калі лічыў я золата бяспекай маёй і гаварыў чыстаму золату: “Надзея мая!”; калі цешыўся я дзеля мноства багаццяў сваіх і што рука мая столькі прыдбала; калі бачыў я, як ззяе сонца і як ясна ўзыходзіць месяц, і спакусілася патаемна сэрца маё, і пацалавалі вусны мае руку маю, а гэта — злачыннасць, што падлягае суду, бо я адрокся б ад Бога Узвышняга; калі радаваўся я з падзення таго, хто мяне ненавідзеў, і весяліўся, што яго напаткала няшчасце, бо не дазволіў я грашыць языку майму, каб насылаць праклёны на душу яго; калі не гаварылі людзі палаткі маёй: “О, ці ёсць той, хто б не насыціўся мясам яго!”; на двары не заставаўся прыхадзень, брама мая адкрытая была для вандроўніка; калі ўтойваў я грэх свой, як чалавек, і калі хаваў за пазухай злачыннасць сваю; калі б баяўся я грамады вялікай і пагарда блізкіх палохала б мяне, — то маўчаў бы я больш і не выходзіў з дзвярэй. Хто мне дасць слухача? Вось жа подпіс мой! Хай Усемагутны адкажа мне! Вось кніга, якую напісаў супраціўнік мой, каб насіў яе на плячах сваіх і ўсклаў яе на сябе, як вянец. Я паведамлю яму лік крокаў маіх і пайду да яго, як да князя. Калі жаліцца на мяне зямля мая, і з ёй плачуць барозны яе, калі плады яе я еў без грошай і крыўдзіў яе земляробаў, — то хай замест пшаніцы родзіцца мне церне, а замест ячменю — пустазелле!» Скончыліся словы Ёва.
І тыя тры чалавекі перасталі адказваць Ёву, бо ён выглядаў справядлівым у вачах сваіх. Тады ўзгарэўся гневам Элію, сын Барахэля Бузіта, з роду Рамы. І загневаўся ён на Ёва, бо той казаў перад Богам, што ён справядлівы. І загневаўся таксама на прыяцеляў яго, бо не знайшлі адказу [яму], але толькі вінавацілі Ёва. Дык Элію перачакаў, калі Ёў гаварыў, бо тыя, што гаварылі, былі старэйшымі за яго. Калі, аднак, Элію ўбачыў, што тыя тры не змаглі адказаць, тады дужа разгневаўся. І прамовіў у адказ Элію, сын Барахэля Бузіта: «Я малодшы за вас гадамі, вы ж старэйшыя, дзеля таго я саромеўся і баяўся выказваць вам сваю думку. Я сказаў сам сабе: “Хай шаноўны ўзрост гаворыць, і хай доўгі век вучыць мудрасці”. Але, як бачу, дух ёсць у чалавеку і подых Усемагутнага дае разуменне. Не шматгадовыя — мудрыя, і не старыя разумеюць праўду. Таму я скажу: “Паслухайце мяне, і нават я выкажу вам сваё разуменне. Перачакаў я словы вашы, наставіў вушы на вашу мудрасць, пакуль вы шукалі [слоў], і стараўся, каб мне зразумець вас. Але, як бачу, няма такога, хто б мог аспрэчыць Ёва і хто б з вас мог адказаць на яго словы. Каб часам вы не казалі: “Знайшлі мы мудрасць, Бог пакінуў яго, а не чалавек. Не буду я рыхтаваць словы сабе, і я не паводле слоў вашых буду адказваць яму”. Яны спалохаліся, і не адказвалі болей, і адганялі ад сябе прамовы. І паколькі я пачакаў, а яны не гаварылі, стаялі і болей не адказвалі, то і я адкажу ў сваю чаргу і выкажу сваю думку. “Поўны я слоў, і сціскае мяне дух сэрца майго, і нутро маё, як брага без адтуліны, якая разрывае новыя бутэлькі. Няхай я скажу і крыху выпушчу дух, адкрыю вусны свае і дам адказ. Не буду звяртаць увагі на асобу, і ні перад адным чалавекам ліслівіць не буду. Ды я і не ўмею ліслівіць, бо зараз жа ўзяў бы мяне Творца мой.
Дык пачуй, Ёве, прамову маю і выслухай усе словы мае. Вось, я адкрыў вусны свае, і язык мой гаворыць у горле маім. Ад шчырага сэрца мае словы, і чыстую праўду кажуць вусны мае. Дух Божы ўчыніў мяне, і подых Усемагутнага ажывіў мяне. Калі можаш, адкажы мне, падрыхтуйся перада мною і падыміся. Вось жа, я, як і ты, перад Богам, ды з таго ж самага бруду аддзелены і я. Так што страх, які я наганяю, хай цябе не палохае, і цяжар мой хай не будзе цяжкі для цябе. Тое, што ты сказаў, было ў вушах маіх, і голас слоў тваіх пачуў я: “Чысты я, без граху, беззаганны; і няма правіннасці ўва мне. Паколькі ж Ён знайшоў падставы для скаргаў на мяне, то лічыць мяне Сваім ворагам; ногі мае закаваў у кайданы, пільнуе ўсе шляхі мае”. Вось, ты ў гэтым несправядлівы, адкажу табе, бо Бог большы за чалавека. Чаму ты спрачаешся з Ім, што Ён не адказвае табе на ўсе словы? Раз кажа Бог і другі раз таго самага не паўтарае. Праз сон і ў бачанні начным, калі агортвае сон людзей і калі дрэмлюць яны на ложку, тады адкрывае Ён вушы людзям і ўкладвае Сваё настаўленне, каб адвярнуць чалавека ад таго, што ён чыніць, і вызваліць яго ад пыхлівасці, вырываючы душу яго ад магілы і жыццё яго, каб не трапіў ён у яму смерці. Дакарае яго таксама хваробаю на ложку яго, або болем безупынным у касцях яго. І хлеб агідным становіцца яму ў жыцці яго, і раней прыемная страва — душы яго. Цела яго высыхае на вачах, і косці, якіх не было відаць, адкрываюцца. Набліжаецца Ён да знішчэння ў магіле, і жыццё яго — да сядзібы памерлых. Калі будзе ў яго анёл-звястун, адзін з тысячы, каб абвясціць чалавеку справядлівасць, то злітуецца Бог над ім і скажа: “Вызвалі яго, каб не ішоў ён у магілу, бо Я знайшоў тое, у чым яму можа быць літасць”. Расквітнее цела яго лепш, чым у маладосці, і вернецца ён у дні юнацтва свайго. Ён будзе маліць Бога, і Бог будзе спагадны да яго, і ўбачыць твар яго радасным, і верне чалавеку яго справядлівасць. Спявае ён людзям і кажа: “Я зграшыў і парушыў справядлівасць, але я не адплачана мне. Ён вызваліў душу маю, каб не трапіла ў магілу, але, жывучы, бачыла святло”. Вось, усё гэта робіць Бог два і тры разы з чалавекам, каб адвесці душы іх ад магілы і прасвятліць святлом жывых. Зважай, Ёве, і паслухай мяне, і памаўчы, пакуль я гавару. Калі ж маеш, што сказаць, адкажы мне, гавары, бо хачу, каб ты аказаўся справядлівым. Калі ж не маеш, то паслухай мяне; маўчы, і я навучу цябе мудрасці».
І, працягваючы далей, сказаў Элію таксама наступнае: «Мудрыя, выслухайце словы мае і, адукаваныя, прыхіліце вушы, бо вуха выпрабоўвае словы, як горла страву на смак распазнае. Разбяромся для сябе, што справядлівае, і разгледзім паміж сабою, што лепшае. Ёў вось сказаў: “Я справядлівы, а Бог пазбавіў мяне суда. У судзе ж маім — падман. Вялікая рана мая, а я без ніякага граху”. Хто такі чалавек, як Ёў, які п’е знявагу, як ваду, які крочыць разам з тымі, што чыняць несправядлівасць, і ходзіць нават з людзьмі бязбожнымі? Бо ён сказаў: “Няма карысці чалавеку, калі ён чыніць прыязнае Богу”. Дык паслухайце мяне, людзі разумныя! Будзь далёкі ад Бога, о грэх, і беззаконне — ад Усемагутнага. Бо за справу чалавека Ён аддасць яму, і паводле шляхоў кожнага верне назад яму. Сапраўды, Бог не чыніць ліха і Усемагутны не парушыць суд. Хто даручыў яму зямлю сваю, або хто заснаваў увесь сусвет? Калі б Ён накіраваў да Сябе сэрца яго ды ўзяў да Сябе дух яго і дыханне, то прапала б адразу кожнае цела, і чалавек перамяніўся б у парахно. Дык калі маеш ты розум, чуў гэта і ўслухаўся ў голас слоў маіх. Няўжо той, хто не любіць праўды, будзе мець уладу? Ці асудзіш ты Найсправядлівейшага, Які скажа цару: “Нягоднік!”, Які можа назваць князёў: “Бязбожныя!”, Які не глядзіць на асобы князёў і не зважае на багатага, калі ён судзіцца з бедным? Бо ўсе яны — справа рук Яго. Неспадзявана паміраюць яны; і сярод ночы ўзрушацца народы, і яны пройдуць, і моцнага выганяць без цяжкасці. Бо вочы Яго — над дарогамі людзей, і Ён бачыць усе крокі іх. Няма цемры, ані ценю смерці, каб там маглі схавацца тыя, што чыняць несправядлівасць. Не вызначае Ён больш для чалавека часу, каб той ішоў да Бога на суд. Ён сатрэ магутных без даследавання і замест іх паставіць іншых. Паколькі ведае Ён учынкі іх, то прывядзе ноч, — і быць ім знішчанымі. Ён паражае іх, як бязбожнікаў, перад вачамі іншых, тых, якія быццам бы знарок адвярнуліся ад Яго і не захацелі разумець усіх шляхоў Яго, бо ўспрыняў Ён крык няшчаснага і пачуў голас бедных. Бо калі Ён будзе ў супакоі, хто асудзіць; а калі Ён схавае аблічча Сваё, хто можа Яго ўбачыць? Будзе гэта для народа і для аднаго чалавека; хай не валадарыць чалавек бязбожны і не будзе ён пасткай для народа. Калі хто кажа Богу: “Я змушаны быў учыняць, не буду больш грашыць. Пакуль мне бачыць, Ты вучы мяне; калі я зрабіў злачынства, болей не буду”. Няўжо табе не будзе адплачана за тое, што ты пагарджаў Ім? Ты ж выбіраць будзеш, а не я; і, калі ты ведаеш штосьці — гавары. Людзі разумныя скажуць мне, і мудры чалавек, які паслухае мяне: “А Ёў неразумна кажа, і словы яго не выяўляюць разважнасці”. Ва ўсякім разе, хай будзе Ёў правераны да канца, паводле адказаў людзей няцноты. Бо ён дадае да грахоў сваіх злачынства, сярод нас пляскае ў далоні, ды яшчэ больш павялічвае свае прамовы супраць Бога».
Тады Элію вось што сказаў: «Ці справядлівай здаецца табе твая думка, што ты сказаў: “Апраўданне маё — перад Богам”? Бо сказаў ты: “Што карысці табе? Які прыбытак будзе табе, калі б я ўчыніў грэх?” Дык я адкажу на твае прамовы і прыяцелям тваім разам з табой. Глянь на неба і прыгледзься; і паглядзі на хмары, што яны вышэйшыя за цябе. Калі ты ўчыніш грэх, што зробіш ты Яму? А калі злачыннасці твае будуць памнажацца, што зробіш ты супраць Яго? А калі будзеш чыніць справядліва, што падаруеш Яму? Або што атрымае Ён з тваёй рукі? Чалавеку, падобнаму да цябе, бязбожнасць твая пашкодзіць, а справядлівасць твая дапаможа сыну чалавечаму. Ад мноства крыўдзіцеляў будуць крычаць, і стагнаць будуць праз сілу рукі прыгнятальнікаў. Але ніхто не сказаў: “Дзе ж Бог, Які мяне стварыў, Які даў спевы ноччу, Які вучыць нас болей за зямных жывёл, і больш за птушак паднебных дае нам мудрасць?” Там яны лямантуюць, але Ён не выслухае з прычыны пыхлівасці злачынцаў. Канешне, марна: не пачуе Бог і не ўбачыць Усемагутны. Хоць ты сказаў: “Ня бачу Яго”, але суд перад Ім — чакай яго. І цяпер, калі ты гаворыш: “Гнеў Яго не прыносіць пакаранняў, і Ён не помсціць моцна за злачынства”; надарма Ёў адчыніў вусны свае і бяздумна словы памнажае».
І ў дадатак Элію вось што сказаў: «Пачакай мяне хвілінку, і я пакажу табе: бо я маю яшчэ нешта сказаць пра Бога. Паўтару навуку маю здалёк і Творцу майму аддам справядлівасць. Бо праўдзівыя і без падману словы мае, і перад табой [я] дасканалы ў веданні. Не дасць Бог магутны і не адкідае Магутны моцаю сэрца, не дасць Ён жыць бязбожніку, але чыніць суд для бедных. Не адверне Ён ад справядлівага вачэй сваіх і цароў на пасадзе размяшчае на векі, і яны ўзвышаюцца. І, калі яны будуць закаваныя ў кайданы і звязаныя путамі бядоты, Ён пакажа ім справы іх і злачынствы іх, што яны былі гвалтоўныя. І адкрые Ён вуха іх, каб навучыць іх з дакорам, і будзе гаварыць ім, каб адвярнуліся ад злачыннасці. Калі паслухаюцца і будуць шанаваць Яго, то пражывуць свае дні ў дабрабыце і свае гады ў шчасці. А калі не паслухаюцца, то пройдуць праз раку смерці і загінуць у безразважнасці. А бязбожнікі складаць будуць гнеў Божы ў сваім сэрцы і не прызавуць Яго, калі будуць скаваныя. Памрэ ў маладосці дух іх, і жыццё іх — у юнацтве. Ён уратуе беднага ад нястачы яго і адкрые вуха ў бядзе яго. Дык выбавіць Ён цябе з уціску, і будзе прастора, а не цяснота перад табою, і будзе поўнае тлушчу ўсё на стале тваім. Справа твая асуджана, быццам бязбожніка; яны атрымаюць суд і справядлівасць. Сцеражыся, каб не звяло цябе багацце і мноства дароў не скрывіла цябе. Ці будзеш ты крычаць і выкарыстоўваць усе намаганні сілы тваёй, пакуль ты не ў цясноце? Не чакай прагна той ночы, каб узняўся натоўп дзеля іх. Сцеражыся, каб не звярнуўся да злачынства, бо праз яго спазнаеш ты гора. Вось жа, Бог высокі ў моцы Сваёй, які настаўнік падобны да Яго? Хто зможа прасачыць дарогі Яго, або хто можа Яму сказаць: “Ты ўчыніў несправядлівасць”? Памятай, каб услаўляць справу Яго, пра якую спяваюць мужы. Усе людзі бачаць Яго, кожны прыглядаецца здалёк. Вось жа, Бог вялікі і пераўзыходзіць веданне наша; лік гадоў Яго невызначальны. Ён збірае кроплі дажджу і вылівае ліўні ракою, іх праліваюць хмары, скропліваючы многіх людзей. Хто, сапраўды, можа зразумець разлегласць хмар, грымоты палаткі Яго? Вось, Ён расцягнуў вакол Сябе маланкі Свае і накрыў глыбіні мора. Праз іх Ён судзіць народы і шчодра корміць іх. У руках сваіх Ён трымае маланку і загадвае ёй, каб біла. Грукат яе паведамляе аб ёй, палаючы гневам супраць злачыннасці.
Гэтага спалохалася маё сэрца, і зрушылася яно са свайго месца. Слухайце гук голасу Яго і грымоты, якія выходзяць з Яго вуснаў. Праз усе нябёсы Ён коціць яго, і бляск яго аж да краю зямлі. За ім прагрыміць гром, загучыць голасам велічы сваёй; і не затрымае яго, пакуль не будзе пачуты голас Яго. Будзе грымець дзівосна голасам Сваім Бог, Які чыніць вялікае і непазнавальнае. Ён загадвае снегу, каб сышоў на зямлю, і дажджам зімовым, і ліўню, каб яны ўзмацняліся. Ён кладзе пячатку на руку ўсіх людзей, каб кожны ведаў справы свае. Увойдзе звер у логавішча і будзе жыць у пячоры сваёй. З поўдня прыйдзе навальніца, а з поўначы — холад. З подыхам Божым з’яўляецца лёд, і паверхня вады сціскаецца. Маланка вылятае з хмары, і хмары распускаюць святло сваё; яны асвятляюць усё наўкола, куды б ні накіравала іх воля Стырнавога, да ўсяго, пра што б ні загадваў Ён ім на абліччы зямнога свету, ці то на пакаранне зямлі сваёй, ці то з міласэрнасці Ён загадвае, каб яны з’явіліся. Выслухай гэта, Ёве, і ўстань і паразважай пра Божыя цуды. Ці ты ведаеш, калі загадаў Бог, каб хмары Яго заяснелі святлом? Ці зведаў ты вялікія шляхі хмар і пра цуды Таго, Хто ў мудрасці дасканалы? Ці не цёплае тваё адзенне, калі зямля супачыла ад паўднёвага ветру? Ты, можа, з Ім расцягнуў нябёсы, надзвычай цвёрдыя, быццам вылітыя з медзі? Навучы нас, што маем сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры не можам выбраць слоў. Хто раскажа Яму, што я гавару? А калі б і сказаў, чалавек будзе паглынуты. А цяпер яны не бачаць святла: паветра закрыта хмарамі, але пройдзе вецер і разгоніць іх. З поўначы прыходзіць залатое надвор’е, а вакол Бога — велічнасць страшлівая. Спасцігнуць Усемагутнага мы не можам: Ён магутны ў сіле; і ўсё ж такі і суд, і вялікую справядлівасць не прыціскае. Дзеля таго хай шануюць Яго людзі, бо не паглядзіць Ён на ўсіх тых, што здаюцца сабе мудрымі сэрцам».
Тады Госпад з віхуры сказаў Ёву ў адказ: «Хто гэта, што неразумнымі словамі зацямняе задуму? Перапаяшы, як мужчына, сцёгны свае, і Я буду пытацца ў цябе, і ты тлумач Мне. Дзе ты быў, калі Я закладваў падмурак зямлі? Адкажы Мне, калі маеш розум. Хто даў меру ёй, ці ты ведаеш? Або хто працягнуў над ёй вяроўку мерную? На чым замацавана апірышча яе? Або хто залажыў кутні камень яе, калі гаманілі разам зоркі раннія і калі радасна цешыліся ўсе сыны Божыя? Хто зачыніў мора брамамі, калі вырывалася яно, нібы з улоння выходзячы, калі апранаў у хмары яго і ў імглу яго, як у пялёнкі, спавіваў? Я акрэсліў яго сваімі межамі і паставіў загарадку і брамы, і сказаў: “Дасюль дойдзеш, а далей не пяройдзеш, і тут разаб’еш узбураныя хвалі твае”. Ці загадваў ты па днях сваіх світанню і ці вызначаў зараніцы месца яе, і, калі б ты трымаў за канцы зямлю, ці выкалачаны былі б бязбожнікі з яе? Той, хто пад пячаткай, зменіцца, як гліна, і стане, як адзенне каляровае. Будзе забранае ў бязбожных святло іх, і зламаецца рука ўзнесеная. Ці даходзіў ты да крыніц мора, і ці хадзіў па дне бяздоння? Ці адкрытыя былі табе брамы смерці, і ці бачыў ты дзверы цемры? Ці аглядаў ты абшары зямлі? Раскажы Мне, калі ведаеш усё. Пры якой дарозе святло жыве, і дзе месца цемрадзі, каб давёў ты кожнае паасобку да межаў сваіх і зразумеў шляхі дому яго? Ты ведаеш, бо тады ты быў ужо народжаны, і лічба дзён тваіх вельмі вялікая! Ці даходзіў ты да сховішча снегу і ці бачыў ты сховішчы граду, якія падрыхтаваў Я на час гора і на дзень бою і вайны. Па якім шляху разліваецца святло, разыходзіцца палючы вецер па зямлі? Хто вызначыў накірунак самай гвалтоўнай навальніцы і шлях для грымотнай маланкі, каб ліў дождж на зямлю бязлюдную, у пустыні, дзе няма ніводнага са смяротных, каб насыціць бездарожжа і пустэчу і каб вырасціць траву на засохлай зямлі? Хто ёсць бацька дажджу? Або хто нарадзіў кроплі расы? З чыйго нутра нарадзіўся лёд, і хто нарадзіў іней на небе? Як камень, вада цвярдзее, і паверхня бяздоння сціскаецца. Ці здолееш злучыць шэраг зорак Пляядаў або ці зможаш развязаць пояс Арктура? Ці выведзеш Паўночную Карону ў свой час, і Мядзведзіцу з сынамі ты павядзеш? Ці ведаеш ты законы неба і ці можаш напісаць іх на зямлі? Ці ўздымеш свой голас да хмар, і каб хвалі вады накрылі цябе? Ці пашлеш ты бліскавіцы, і ці пойдуць яны і скажуць табе: “Мы тут”? Хто ўклаў у нутро ібіса мудрасць, і хто пеўню даў розум? Хто з мудрасцю размяркуе хмары, і хто зрушыць бурдзюкі нябесныя, калі пыл становіцца цвёрдай зямлёй, а глеба зліпаецца? Ці львіцы ты наловіш здабычы і душы львянят яе задаволіш, калі яны вылежваюцца ў логавах або ў гушчары пільнуюць у засадзе? Хто гатуе крумкачу страву яго, калі дзеці яго, туляючыся, клічуць да Бога, бо не маюць ежы?
Ці ведаеш ты час народзін дзікіх коз у скалах, або сачыў за родамі ланей? Ці лічыш ты месяцы цяжарнасці іх або ведаеш час іх нараджэння? Выгінаюцца яны дзеля плода і выпускаюць плод свой на святло. Іх дзеці набіраюць сілы і растуць у полі, і выходзяць, і не вяртаюцца да іх. Хто пусціў дзікага асла на свабоду, і хто развязаў путы яго? Я даў яму дом на пустыні, і на салёнай зямлі — жытло яго. Ён пагарджае гармідарам горада і не чуе крыку паганятага, выведвае ён горы выгану свайго і шукае ўсякую зеляніну. Ці захоча дзікі бык служыць табе або ці пераначуе ён пры яслях тваіх? Ці можаш прывязаць дзікага быка вяроўкаю сваёй дзеля ўзорвання або ці стане ён рассякаць глебу лагчын за табою? Ці ты паверыш у вялікую сілу яго і даручыш яму работу сваю? Ці паверыш яму, што ён вернецца і збярэ зерне тваё на ток? Ці ты даў прывабныя крылы паўліну ды пер’я і пух страусу? Калі ён пакідае яйкі свае на зямлі, яны грэюцца ў пяску, забываецца ён, што можа нага іх стаптаць або дзікі звер струшчыць. Не чулы ён да дзяцей сваіх, быццам яны не яго, і не трывожыцца аніякім страхам, дарэмна працуючы, бо пазбавіў яго Бог мудрасці і не даў яму розуму. А калі прыйдзе час і падыме ён крылы дагары, тады смяяцца будзе з каня ды яго вершніка. Ці ты даў каню сілу або ці ты ахінуў шыю яго грывай? Ці ты ўзрушыш яго, як саранчу? Іржанне яго — страх. Рые ён зямлю капытом, скача смела насустрач зброі. Пагарджае ён страхам, не палохаецца, і не саступае мечу. Загучыць над ім калчан, заблішчыць дзіда і шчыт, палаючы, з фырканнем глытае ён зямлю і не спыняецца, калі загучыць гранне трубы. Калі пачуе ён трубу, іржэ: “І-га-га!”, і здалёк чуе ён бой, воклічы ваяводаў і голас. Ці па тваёй мудрасці лётае ястраб і накіроўвае крылы свае на поўдзень? Ці па тваім загадзе падымецца арол і на недасяжных месцах будзе ладзіць гняздо сваё? Ён жыве на скалах і начуе на скрытых камянях і на непрыступных скалах. Адтуль выследжвае ён сабе пажыву і вочы яго бачаць здалёк. Птушаняты яго будуць піць кроў, і дзе толькі з’явіцца труп, там і ён». І прамовіў Госпад Ёву ў адказ: «Ці спрачаецца супраціўнік з Усемагутным? Хто вінаваціць Бога, павінен адказаць на гэтыя пытанні». Ёў жа адказаў Госпаду: «Вось, я неразумна гаварыў, што магу Табе адказаць? Я кладу руку сваю на вусны свае. Раз я гаварыў — і гэтага не паўтару, і другі раз, але да гэтага нічога не дадам».
І адказваючы, Госпад з віхуры сказаў Ёву: «Як мужчына, падпаяшы сцёгны свае. Я буду ў цябе пытацца, а ты тлумач Мне. Ці хочаш ты абвергнуць суд Мой і асудзіш Мяне, каб сябе апраўдаць? І ці ты маеш плячо, як Бог, і калі ты падобным голасам грыміш, як Ён, атачы сябе прыгажосцю і веліччу і адзенься ў славу і прыгажосць. Пралі абурэнне гневу Свайго і, паглядзеўшы на кожнага ганарлівага, упакор [яго]. Глянь на ўсіх пыхліўцаў, і асаром іх, і выгубі бязбожных на іх месцах. Схавай іх разам у пыле і твары іх закрый цемраю. Тады Я прызнаю, што правая рука твая можа збавіць цябе. Вось бегемот, якога Я стварыў разам з табою; і есць ён сена, як вол. Сіла яго ў сцёгнах яго, а дужасць яго ў пупку жывата яго. Круціць хвастом сваім, як кедрам, жылы сцёгнаў яго моцна сплецены. Косці яго — як медныя трубы, і храшчы яго — як пруты жалезныя. Ён ёсць пачаткам шляхоў Божых. Той, Хто стварыў яго, можа паднесці да яго меч. Горы прыносяць яму ежу, усе звяры дзікія там гуляюць. Ён спіць у рошчах лотасу, у сховах трыснягу і ў балоцістых мясцінах. Рошчы лотасаў распасціраюць над ім цень, атачаюць яго вербы пры ручаю. Калі рака ўздымаецца, ён не баіцца; ён бяспечны, нават калі вада даходзіць да пашчы. Хто можа захапіць яго на вачах яго ці пракалоць яму ноздры калом? Ці зможаш ты Левіятана выцягнуць кручком і вяроўкаю ці схопіш яго за язык? Ці ўкладзеш ты трысціну ў яго ноздры або ці праколеш сківіцу яго цярнінаю? Ці будзе ён дужа прасіць цябе або гаварыць да цябе ласкава? Ці заключыць ён з табою запавет і ты возьмеш яго на вечную службу? Ці пагуляеш ты з ім, як з птушкаю, або прывяжаш яго для сваіх дачок? Ці загледзяцца на яго сябры, ці падзеляць яго купцы? Ці праб’еш ты скуру яго стрэламі, а галаву яго — рыбацкай астрогаю? Пакладзі на яго сваю руку, і памятай пра бітву: і больш не будзеш.
Вось жа, надзея яго падмане яго: ён згіне ад аднаго выгляду яго. Няма такіх смелых, каб патрывожыць яго, дык хто тады можа ўстаяць перад абліччам Маім? Хто прыступіўся да яго і застаўся цэлым? Ну хто ж пад усім небам? Не буду маўчаць пра члены яго і раскажу пра сілу і прыгажосць іх. Хто адхіне верх адзення яго, і хто падойдзе да падвойных сківіц яго? Хто адчыніць браму аблічча яго? Навокал зубоў яго — жах! Цела яго, як літыя шчыты, скрэпленыя краменнай пячаткай. Адзін з адным злучаюцца, нават паветра праз іх не пройдзе. Адзін да аднаго шчыльна прылягае, і трымаюцца моцна, што не разлучацца. Як чхне ён — святло блісне, а вочы ў яго — як павекі зараніцы. З пашчы яго выходзіць полымя, быццам іскры агню вылятаюць. З ноздраў яго выходзіць дым, як з гаршка нагрэтага і кіпячага. Дыханне яго распальвае вуглі, і з пашчы яго выходзіць полымя. У шыі яго заўсёды сіла, і перад абліччам яго крочыць трывога. Мясістыя члены яго звязаны паміж сабою; сціснутыя, яны не здрыгануцца. Сэрца яго зацвярдзела, як камень, і стала цвёрдым, як ніжні камень млынавы. Калі ён устае, дрыжаць асілкі, паварочваюць назад са страху. Хто кінецца на яго, меч яго не ўстаіць, ані дзіда, ані страла, ані панцыр, бо жалеза лічыць ён за салому, а медзь — за гнілое дрэва. Не палохае яго стралок, у сухую сцябліну ператварыліся для яго пушчаныя камяні. Доўбня яму, як салома, і смяецца ён з посвісту шаблі. Пад ім вострыя зломкі, і ён нібы гусенічны інструмент для ўціскання балота. Ён глыбіню вод кіпяціць, як кацёл, і мора ператварае ў гаршчок намашчэнняў. За сабой пакідае светлую сцежку, і бездань будзе здавацца сівізною. Няма на зямлі сілы, якая прыраўнялася б да яго, ён створаны бясстрашным. Ён глядзіць на ўсё высокае без страху: ён сам — валадар над усімі сынамі пыхлівасці».
У адказ Госпаду сказаў Ёў: «Ведаю, што Ты усё можаш, і што ніякій намер Твой ня можа быць спынены. Хто той, што хавае параду нямудрую? Вось чаму я гаварыў неразумна, дый пра дзівосныя рэчы, якія перавышалі веданне маё. Паслухай, і я буду гаварыць. Запытаюся ў цябе, а Ты адкажы мне. Раней чуў я пра Цябе толькі вухам, цяпер жа вока маё бачыць Цябе. Дзеля таго я сам сябе абвінавачваю і адбываю пакуту ў пыле і попеле». Пасля таго як сказаў Госпад гэтыя словы Ёву, Ён сказаў Эліфазу Тэманіту: «Узгарэўся гнеў мой на цябе і на двух тваіх прыяцеляў, бо не гаварылі вы перада Мною праўдзіва, як паслугач Мой, Ёў. Вазьміце таму сем цялят і сем бараноў, і пайдзіце да Майго слугі Ёва, і складзіце за сябе ахвяру цэласпалення. А слуга Мой, Ёў, памоліцца за вас. Прыму яго аблічча, каб глупства не залічылася вам; бо вы не гаварылі да Мяне праўдзіва, як слуга Мой Ёў». Дык пайшлі Эліфаз Тэманіт, Балдад Сугіт і Зафар Нааматыт і зрабілі так, як было сказана ім Госпадам. І прыняў Госпад аблічча Ёва. І вярнуў Госпад страту Ёву, калі ён памаліўся за сваіх прыяцеляў. І даў Госпад Ёву ўдвая болей таго, што ён меў раней. І прыйшлі да яго ўсе браты яго, і ўсе сёстры яго, і ўсе, хто раней яго ведаў, і елі з ім хлеб у яго доме, і ківалі над ім галавою, і пацяшалі яго з прычыны няшчасця, якое на яго саслаў Госпад. І кожны даў яму па аднаму срэбраніку і па адной залатой завушніцы. І дабраславіў Госпад апошнія дні Ёва больш, чым папярэднія. І было ў яго чатырнаццаць тысяч авечак і шэсць тысяч вярблюдаў, тысяча пар валоў і тысяча асліц. І было ў яго сем сыноў і тры дачкі. І назваў ён першую Галубка, а другую Касія, а трэцюю — Сурмяны Рог. І не знайсці было па ўсёй зямлі такіх прыгожых жанчын, як дочкі Ёва. І даў ім бацька іх спадчыну між братамі іх. І жыў Ёў пасля таго сто сорак гадоў, і бачыў сваіх сыноў і сыноў сваіх сыноў аж да чацвёртага пакалення. І памёр Ёў стары і насычаны днямі.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017