Библия › Чарняўскі-17 › Псальмаў
Шчасны чалавек, які не ідзе за парадай бязбожных, і на дарогу грэшнікаў не ступае, і не сядзіць у зборышчы насмешнікаў, але ў законе Божым воля яго, і пра закон Яго разважае ён днём і ноччу. І будзе ён, як дрэва паблізу цячэння вод, якое дае плод у свой час і лістота якога не вяне; і ўсё, што ён робіць, будзе ўдавацца яму. Не гэтак ліхадзеі, не гэтак! Бо яны — як пыл, што вецер разносіць. Таму і не ўстаяць бязбожныя на судзе, ані грэшнікі на сходзе справядлівых, бо Госпад рупіцца пра шлях справядлівых, а дарога бязбожных загіне.
Чаму бунтуюцца плямёны і народы задумваюць марнае? Узнімаюцца цары зямлі і князі збіраюцца супольна супраць Госпада і супраць Намашчэнца Яго: «Парвём кайданы іх, і ярмо іх скінем з сябе!» Той, што жыве ў нябёсах, пасмяецца з іх, Госпад паздзекуецца з іх, а потым скажа ім у гневе Сваім і ярасцю Сваёй узрушыць іх: «Гэта Я паставіў Валадара Свайго на Сіёне, на святой гары Маёй! Абвяшчу прысуд Госпадаў. Бо Ён сказаў мне: “Ты — сын Мой, Я сёння нарадзіў цябе. Прасі Мяне, і Я дам табе ў спадчыну народы і на ўласнасць Табе зямныя прасторы. Валадарыць будзеш імі кіем жалезным, нібы глінянае начынне скрышыш іх”». А цяпер, цары, зразумейце, уцяміце [тыя], што выносіце прысуд на зямлі: Служыце Госпаду са страхам і радуйцеся Яму з дрыжаннем, Ушануйце Сына, каб не загневаўся і каб не папрападалі ў дарозе, калі ўзгарыцца неўзабаве гнеў Яго. Шчасныя ўсе, якія цвёрда спадзяюцца на Яго.
Псальм Давідаў, калі ўцякаў ад свайго сына Абсалома. Божа, як жа многа тых, што непакояць мяне, як шмат бунтуюцца супраць мяне! Многія вось кажуць душы маёй: «Няма яму збаўлення ў Богу». Ты ж, Госпадзе, Божа, шчыт мой, хвала мая Ты, галаву падымаеш мне ўверх. Клічам сваім прызываў я Госпада. І выслухаў Ён мяне з гары Сваёй святой. Я лёг і выспаўся, устаў, бо Госпад ахоўвае мяне. Не збаюся і тысячы людзей, што навокал мяне абступілі. Узніміся, Госпадзе! Ухавай мяне, Божа мой! Бо па шчацэ даў Ты ўсім супраціўнікам маім, павыбіваў Ты зубы грэшнікам. У Бога бо збаўленне, і дабраславенне Тваё Твайму народу!
Кіраўніку хору. На струнах. Псальм Давідаў. Калі я клічу Цябе, выслухай мяне, Божа справядлівасці маёй. У турбоце Ты даваў мне прастору; злітуйся нада мною і выслухай маленне маё. О сыны чалавечыя, дакуль жа будзеце благімі сэрцам? Чаму вы любіце марнасць і шукаеце хлусню? Ведайце, што Госпад цудоўна ўслаўляе святога Свайго. Бог выслухае, калі буду Яго клікаць. Калі гневаецеся, не грашыце; разважце ў сэрцах вашых на ложках вашых і супакойцеся! Складзіце ахвяру праўды і майце надзею ў Богу. Шмат якія кажуць: «Хто паказвае нам даброты?» Узнімі над намі, як знак, святло аблічча Твайго! Надаў Ты большую радасць у сэрца маё, чым калі памнажаюцца ў іх пшаніца ды віно. У спакоі кладуся і засынаю, бо Ты адзіны, Госпадзе, даеш мне жыць ў бяспецы.
Кіраўніку хору. На флейце. Псальм Давідаў. Словы мае пачуй, Госпадзе; зразумей стагнанне маё, узваж на голас клічу майго, Валадару мой і Божа мой! Бо я малю Цябе, Госпадзе: раніцаю выслухай голас мой; раніцаю стану я перад Табою і буду чакаць. Бо Ты не такі Бог, якому падабалася б несправядлівасць, ліхі не паселіцца пры Табе, і несправядлівыя не застаюцца перад вачамі Тваімі. Ненавідзіш Ты ўсіх, што чыняць беззаконнасць, выгубіш усіх, якія гавораць няпраўду; мужам, прагным крыві і крывадушным, брыдзіцца Госпад. А я вось у мностве міласэрнасці Тваёй увайду ў дом Твой; пакланюся святому храму Твайму ў страху Тваім. Вядзі мяне ў справядлівасці Тваёй дзеля ворагаў маіх, выраўняй дарогу Тваю перад маімі вачамі. Бо ў вуснах іх няма праўды, сэрца іх — пастка, горла іх — магіла адкрытая, робяць ліслівымі яны языкі свае. Асудзі іх, Божа; хай прападуць ад задум сваіх; дзеля мноства злачынстваў іх выгані іх, бо яны ўгнявілі Цябе, Госпадзе. Пацешацца ўсе, што спадзяюцца на Цябе, будуць радавацца яны вечна. І ўмацуеш іх, і будуць ганарыцца Табою тыя, якія мілуюць імя Тваё. Бо Ты дабраслаўляеш справядлівага, Госпадзе, і добразычлівасцю, быццам шчытом, асланяеш яго наўкола.
Кіраўніку хору. Для струнных іструментаў. На актаву. Псальм Давідаў. Госпадзе, не выкрывай мяне ў гневе Тваім, і не асуджай мяне ў абурэнні Тваім. Пашкадуй мяне, Божа, бо я кволы; ацалі мяне, Божа, бо трасуцца косці мае. І душа мая надта ўстрывожана, а Ты, Госпадзе, дакуль жа? Павярніся, Госпадзе, вызвалі душу маю; уратуй мяне дзеля міласэрнасці Тваёй. Бо не ёсць у смерці той, хто помніць Цябе, а ў пекле хто ж будзе Цябе славіць? Замучыўся я ў стагнанні маім, штоноч абмываў я ложак свой, слязьмі сваімі пасцель сваю паліваў. Змарнела ў жальбе вока маё, састарэў я сярод усіх непрыяцеляў маіх. Адступіцеся ад мяне ўсе тыя, што чыніце злачынства, бо Госпад пачуў голас плачу майго. Госпад пачуў маленне маё, бо прыняў Госпад малітву маю. Хай жа пасаромяцца і будуць моцна стурбаваныя ўсе непрыяцелі мае; няхай навернуцца і пасаромяцца вокамгненна.
Жальба Давіда, якую выспеваў перад Богам дзеля Куша Бэньямінава. Госпадзе, Божа мой, на Цябе спадзяюся; уратуй мяне ад усіх тых, што чыняць мне пераследы, і вызвалі мяне, каб не схапіў хто, як леў, душы маёй, разрываючы яе, пакуль няма Таго, Хто ўратаваў бы. Госпадзе Божа мой, калі ўчыніў я нешта, калі ёсць няпраўда ў руках маіх, калі вярнуў я [благое] тым, што мне аддавалі назад благое, калі ўшанаваў непрыяцеля свайго марнага, дараваўшы яму, няхай вораг чыніць пераслед душы маёй, і схопіць, і растопча па зямлі жыццё маё і славу маю перакіне ў попел. Паўстань, Госпадзе, у гневе Тваім і ўзнясіся супраць лютасці непрыяцеляў маіх, і паўстань, Божа мой, на судзе, які Ты запавядаў. І хай сход народаў акружыць Цябе, і над ёю вярніся ізноў на вышыню: Госпад судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле справядлівасці маёй і паводле незласлівасці маёй, якая ёсць ўва мне. Хай спыніцца зласлівасць грэшнікаў, а справядлівага ўмацуй, справядлівы Божа, што пранікаеш у сэрцы і ўлонні. Успамога мая — у Бога, Які ратуе шчырых сэрцам. Бог — Суддзя справядлівы і магутны, гневаецца штодня, Ці не агаліў Ён ізноў меч Свой, ці не нацягнуў лук Свой і не падрыхтаваў яго? І падрыхтаваў Ён Сабе смяротную зброю, стрэлы Свае зрабіў агнявымі. Вось [чалавек]: затаіў у сабе несправядлівасць — даў пачатак жалю — спарадзіў няпраўду; пачаў капаць катлаван і выкапаў яго, і ўваліўся ў яму, якую зрабіў. Абернецца жаль яго на галаву яго, а зласлівасць яго спадзе на патыліцу яго. Спавядаюся Госпаду паводле справядлівасці Яго і буду спяваць псальмы імю Госпада Найвышэйшага.
Кіраўніку хору. На мелодыю песні “Выціскальні...” Псальм Давідаў. Госпадзе, Госпад наш, якое ж дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі, бо слава Твая ўзнялася вышэй нябёсаў. Праз вусны дзяцей і немаўлят учыніў Ты хвалу дзеля ворагаў Тваіх, каб утаймаваць ворага і мсціўцу. Калі бачу нябёсы Твае, твор пальцаў Тваіх, месяц і зоркі, якія Ты заснаваў, — то што ж ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго? Мала панізіў Ты яго за анёлаў, славаю і пашанаю ўвянчаў яго, і паставіў яго над стварэннямі рук Тваіх, і ўсё Ты кінуў пад ногі яго, — авечак і быкоў усіх, і ў дадатак звяроў палявых, птушак нябесных ды рыб марскіх, і ўсё, што ходзіць па шляхах марскіх. Госпадзе, Госпад наш, якое ж дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі!
Кіраўніку хору. На мелодыю «Мут лабэн». Псальм Давідаў. АЛЕФ. Буду славіць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, распавядаць пра ўсе цуды Твае. Буду цешыцца і радавацца ў Табе, буду спяваць псальмы імю Твайму, Найвышэйшы! БЭТ. Калі ворагі мае паварочваюць назад, знясільваюцца яны і гінуць перад абліччам Тваім. Бо ўчыніў Ты суд мой і справу маю; сеў Ты на пасадзе, Суддзя справядлівы. ГІМЭЛЬ. Ты ўгнявіўся на паганаў, знішчыў бязбожнага; імя іх зруйнаваў назаўсёды і на векі вечныя. Ворагі знішчаны, сталася спусташэнне вечнае, і гарады зруйнаваў Ты: згінула памяць пра іх з імі разам. ГЭ. Госпад жа вечна трывае, прыгатаваў Ён на суд пасад Свой. І Сам будзе судзіць увесь свет па праўдзе, судзіць будзе народы паводле справядлівасці. ВАЎ. І будзе Госпад прыстанішчам для прыгнеценага, прыстанішчам у час тугі, у трывозе. І будуць спадзявацца на Цябе тыя, што спазналі імя Тваё, бо Ты не пакінуў тых, што шукаюць Цябе, Госпадзе. ДЗАЙН. Спявайце псальмы Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце пра дзейнасць Яго між паганаў. Бо Той, Хто спаганяе за кроў, успомніў пра іх, не забыўся на плач убогіх. ГЭТ. Злітуйся нада мной, Госпадзе, паглядзі на прыгнёт мой ад ворагаў маіх, — Ты ўзносіш мяне ад брамы смерці, ТЭТ. каб абвясціў я ўсю хвалу Тваю пры браме дачкі Сіёна, каб радаваўся з дапамогі Тваёй. Уваліліся пагане ў яму, якую зрабілі, у пастцы, што схавалі, заблыталася нага іх саміх. Госпад даў спазнаць Сябе, учыніўшы суд; у справах рук сваіх заблытаўся грэшнік. ЁД. Няхай сыдуць грэшнікі ў пекла, усе пагане, што на Бога забываюцца. КАФ. Бо не да канца будзе забыты ўбогі; спадзяванне ўбогага не згіне ў вечнасці. Уздыміся, Госпадзе, хай не ўзвышаецца чалавек; хай будуць суджаны пагане перад абліччам Тваім. Пастаў, Госпадзе, жах над імі, хай ведаюць пагане, што яны — людзі.
ЛЯМЭД. Чаму стаіш, Госпадзе, далёка, хаваеш Сябе ў часе смутку? Бязбожны выхваляецца, чыніць убогаму пераслед, заблытвае яго ў хітрыках, якія задумаў. Бязбожны выхваляецца пажаданнямі душы сваёй, і хцівы дабраслаўляе сябе. НУН. Пагарджае Госпадам грэшнік у пыхлівасці сваёй: «Не запатрабуе, няма Бога». Гэткія ўсе думкі яго; спрыяльныя шляхі яго ў любы час. Далёкія суды Твае ад аблічча яго; пагарджае ён усімі ворагамі сваімі. Гаворыць ён у сэрцы сваім: «Не пахіснуся, з роду ў род не будзе мне ліха». ФЭ. Вусны яго поўныя праклёнаў, і маны, і падступнасці, пад языком яго падман і брыдота. САДЭ. Вочы яго сочаць за ўбогім; ён падпільноўвае ў засадзе, быццам леў у логаве сваім. Падпільноўвае, каб схапіць убогага, хапае гаротніка і цягне ў пастку сваю. Туліцца да зямлі і прыгінаецца, і няшчасныя падаюць ад моцы рук яго. І гаворыць ён у сэрцы сваім: «Забыўся Бог, адвярнуў аблічча Сваё, не паглядзіць ніколі». КОФ. Узніміся, Госпадзе Божа, узнімі руку Тваю, не забывайся на ўбогага! Чаму пагарджае нягоднік Богам? Бо ён сказаў у сэрцы сваім: «Ты не запатрабуеш». РЭС. Ты бачыш гэта, Ты зважаеш на пакуты і гора, каб узяць іх у рукі Твае. На Цябе пакінуты ўбогі, Ты зрабіўся апекуном сіраце. СІН. Скрышы руку грэшніка і ліхадзея; будзеш шукаць Ты грэх яго і не знойдзеш. Госпад — валадар навечна і на вечныя вякі: знікнуць пагане з зямлі Яго. ТАУ. Жаданне ўбогіх Ты выслухаў, Госпадзе; Ты ўмацуеш сэрца іх, прыхіліш вуха Тваё, каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, каб чалавек на зямлі болей не наводзіў страх.
Кіраўніку хору. Давідаў. На Госпада спадзяюся, што ж кажаце вы душы маёй: «Перасяляйся на гару, нібы птушка»? Бо вось грэшнікі нацягнулі лук, нарыхтавалі стрэлы свае на цеціве, каб у цемры страляць у справядлівых сэрцам. Калі разбураныя падмуркі, што зробіць справядлівы? Госпад у святым храме Сваім, Госпад, на небе пасад Яго. Вочы Яго звернуты на ўбогага, павекі Яго выпрабоўваюць сыноў чалавечых. Госпад выпрабоўвае справядлівага і бязбожніка; таго ж, хто любіць несправядлівасць, ненавідзіць душа Яго. Дажджом праліе Ён на грэшнікаў вуголле; агонь, і серка, і подых навальніц — доля келіха іх. Бо справядлівы Госпад і любіць справядлівасць; правыя ўбачаць аблічча Яго.
Кіраўніку хору. На актаву. Псальм Давідаў. Выратуй мяне, Госпадзе, бо святы знямогся, бо мала стала верных сярод сыноў чалавечых. Хлусліва прамаўляе кожны да блізкага свайго; падступнымі вуснамі з крывадушным сэрцам гавораць. Вынішчыць Госпад усе вусны падступныя і язык напышлівы [тых], якія кажуць: «Языком сваім сябе ўзвялічым, вусны нашыя — пры нас; хто гаспадар над намі?» «Дзеля ўціскання гаротных ды ўздыхання ўбогіх паўстану цяпер, — кажа Госпад: — выратую таго, кім пагарджаюць». Словы Госпада — словы чыстыя, срэбра, што выпрабавана агнём, ад зямлі ачышчанае, сямікратна ачышчанае. Ты, Госпадзе, абароніш нас і ад гэтага роду навек захаваеш. Бязбожнікі ходзяць навокал, калі нягоднікі ўзвышаюцца сярод сыноў чалавечых.
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. Дакуль, Госпадзе, будзеш зусім на мяне забывацца? Дакуль будзеш адводзіць аблічча Сваё ад мяне? Дакуль складаць мне намеры ў душы маёй, смутак у сэрцы маім кожны дзень? Дакуль жа будзе ўзносіцца вораг мой нада мною? Паглядзі на мяне і выслухай мяне, Госпадзе, Божа мой. Прасвятлі вочы мае, каб не заснуў я ў смерці, каб не сказаў калі вораг мой: «Я адолеў яго!»; хай не радуюцца тыя, што пераследы мне робяць, калі я пахіснуся. Я ж спадзяюся на міласэрнасць Тваю. Радуецца сэрца маё з выратавання Твайго, заспяваю я Госпаду, Які даброты даў мне.
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. Сказаў неразумны ў сэрцы сваім: «Няма Бога». Яны аддаліся распусце і мярзотныя рэчы рабілі; няма нікога, хто робіць дабро. Госпад з неба глядзіць на сыноў чалавечых, каб убачыць, ці ёсць разумны, хто Бога шукае. Усе адхіліліся, аднолькава аддаліся распусце; няма нікога, хто робіць дабро, няма аніводнага. Няўжо не паразумнеюць усе, што чыняць беззаконне, што з’ядаюць народ мой, быццам хлеб ядуць? Госпада яны не прызываюць, дык затрымцяць яны ў страху, бо Бог — з родам справядлівым. Вы намер гаротніка зблытаць збіраецеся, але Бог — спадзяванне яго. Хто дасць з Сіёна збаўленне Ізраэлю? Калі верне Госпад палон народа Свайго, узрадуецца Якуб і цешыцца будзе Ізраэль.
Псальм Давідаў. Госпадзе, хто будзе жыць у палатцы Тваёй? Хто знойдзе спачын на гары Тваёй святой? Той, хто ходзіць беззаганна і робіць справядлівасць; той, хто гаворыць праўду ў сэрцы сваім; хто не падманвае языком сваім, не робіць благога блізкаму свайму і ганьбы не ўзводзіць на блізкага свайго; нікчэмным лічыцца перад ім злачынца, аднак тых, што баяцца Госпада, ён услаўляе; хто прысягае, хоць і не на карысць сваю, і не адмаўляецца; хто грошы свае не дае на ліхвярства і хабару супраць бязвіннага не прымае. Той, хто так робіць, не пахіснецца навек.
Міктам Давіда. Захавай мяне, Божа, бо я на Цябе спадзяюся. Сказаў я Госпаду: «Ты — Госпад мой, няма для мяне дабра без Цябе». Да святых, што ёсць на зямлі, да слаўных Тваіх, — да іх усё памкненне маё. Памнажаюцца смуткі тых, якія спяшаюцца ўслед за чужымі багамі. Не буду складаць ім ахвяры крывавай і не назаву іх імёнаў вуснамі маімі. Госпад — доля спадчыны маёй і келіха майго: Ты той, Хто трымае лёс мой. Межы мае выпалі ў [месцах] прыемных, і спадчына мая — выдатная для мяне. Дабраслаўляю я Госпада, Які надае мне разуменне, звыш таго, і па начах навучае мяне нутро маё. Ставіў я Госпада перад вачамі маімі заўсёды; калі Ён праваруч мяне, нічога не баюся. Дзеля таго ўзрадавалася сэрца маё і ўзвесялілася душа мая; звыш таго, і цела маё супакоіцца ў спадзяванні. Бо не пакінеш душы маёй у пекле ды не дасі святому Твайму ўбачыць парахненне. Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця, Ты напоўніш мяне радасцю ад аблічча Твайго, асалода вечная ў правіцы Тваёй.
Маленне Давіда. Выслухай, Госпадзе, апраўданне маё, зваж на маленне маё. Прыхілі вуха Тваё да малітвы маёй з вуснаў неліслівых. Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае хай убачаць, што справядліва. Выпрабуй сэрца маё і наведай ноччу [мяне]; агнём паспытай мяне, — і не знойдзеш беззаконня ўва мне. Не прыляпляюцца вусны мае да спраў чалавечых, паводле слоў вуснаў Тваіх я захаваў сябе ад шляхоў гвалтаўніка. Утрымай крокі мае на сцяжынах Тваіх, каб не хісталіся стопы мае. Да Цябе клічу, бо Ты, Божа, выслухоўваеш мяне; нахілі да мяне вуха Тваё і выслухай словы мае. З’яві цудоўна міласэрнасць Тваю, Ты, Які ратуеш ад ворагаў тых, што на правіцу Тваю спадзяюцца. Сцеражы мяне, як зрэнку вока, у засені крылаў Тваіх захавай мяне ад аблічча нягоднікаў, якія ўціскаюць мяне. Ворагі мае ў лютасці акружылі мяне, замкнулі [сэрцы] у тлустасці сваёй; вусны іх прамаўляюць напышліва. Наступаючы цяпер, яны акружылі мяне, вочы свае ўтаропілі, каб паваліць на зямлю мяне, выгляд іх — быццам у льва, які гатовы да ловаў, і быццам у львяняці, які сядзіць у засадзе. Устань, Госпадзе, апярэдзь іх, перапыні іх, выратуй душу маю ад рук нягодніка мечам Тваім, ад [людзей] смяротных рукой Тваёй, Госпадзе; ад [людзей] смяротных, доля жыцця якіх змарнела. Са сховішчаў Тваіх напаўняеш жывот іх, насычаюцца сыны і пакідаюць рэшткі дзецям сваім. А я ў справядлівасці буду бачыць твар Твой, калі абуджуся ад сну, насычуся абліччам Тваім.
Кіраўніку хору. Давіда, слугі Госпада, які прамовіў Госпаду словы гэтай песні, калі Госпад яго вызваліў ад моцы ўсіх ворагаў яго і з-пад рукі Саўла. Сказаў ён так: «Люблю Цябе, Госпадзе, магутнасць мая. Госпад — апірышча маё, і прыстанішча маё. Выратавальнік мой; Бог мой — памочнік мой, і я на Яго спадзяюся; абаронца мой і рог збаўлення майго і апякун мой. Паклічу я Госпада, вартага хвалы, і буду збаўлены ад ворагаў маіх. Агарнулі мяне хвалі смерці, і віры Бэліяла ўстрывожылі мяне. Путы пякельныя аплялі мяне, смяротныя петлі душаць мяне. У роспачы маёй клічу я Госпада, і Бога майго прызываю; пачуў Ён кліч мой з храма Свайго, і прызыў мой перад позіркам вачэй Яго ўвайшоў. Здрыганулася і затрымцела зямля; зрушыліся і здрыгануліся падваліны гор, бо Ён запалаў гневам. Узняўся дым з ноздраў Яго і агонь знішчальны з вуснаў Яго выйшаў; вуголле [агністае] пачало расцякацца з Яго. Нахіліў Ён нябёсы, і сышоў, і змрок пад нагамі Яго. І ўзняўся на херубіна, і паляцеў, нёсся на крылах вятроў. І ахінуўся цемрай, як заслонай, пасярод яе — палатка Яго: цёмная вада, паветраныя хмары. Перад бляскам позірку Яго праплывалі хмары, град і агністае вуголле. І загрымеў на нябёсах Госпад, і Найвышэйшы даў пачуць голас Свой: град і агністае вуголле. І пусціў Ён стрэлы Свае і рассыпаў іх, насыпаў маланак і ўстрывожыў іх. І адкрыліся крыніцы вод, і адчыніліся падмуркі сусвету ад ушчування Твайго, Госпадзе, ад подыху гневу Твайго. Даслаў Ён нарэшце [руку], і прыняў мяне, і выцягнуў мяне з водаў многіх; вырваў мяне ў ворагаў маіх вельмі моцных і ў тых, што ненавідзяць мяне, бо яны ўзмацніліся лепш за мяне. Яны напалі на мяне ў дзень смутку майго, і зрабіўся Госпад апораю маёю. І вывеў мяне на прастор, збавіў мяне, бо пажадаў мяне. І адплаці мне, Госпад, паводле праўды маёй і паводле чысціні рук маіх аддай мне. Бо я пільнаваў шляхі Госпада і не адступаўся нягодна ад Бога майго. Бо ўсе прысуды Яго перада мной, і ўсю праўду Яго не адрынуў я ад сябе. І стаў я беззаганны з Ім і высцерагаўся злачыннасці. І адплаціў мне Госпад паводле праўды маёй, і паводле чысціні рук маіх перад позіркам вачэй Яго. Са святым Ты святы будзеш, і з чалавекам беззаганным беззаганны будзеш, і з абраным абраным будзеш, і з заганным падступным будзеш. Бо народ пакорлівы Ты збаўляеш, а вочы пыхлівых прынізіш. Бо Ты, Госпадзе, запальваеш светач мой; Бог мой прасвятляе цемру маю. Бо з Табою я пайду ў наступ на варожыя войскі і з Богам маім пераскочу праз мур. Бог, бязгрэшны шлях Яго, словы Госпада выпрабаваны агнём; шчыт Ён усім тым, хто спадзяецца на Яго. Бо хто ёсць Бог, апрача Госпада? Або якая крэпасць, апрача Бога нашага? Бог, Які падперазаў мяне мужнасцю і ўладкаваў беззаганным шлях мой; Які зрабіў ногі мае, як у аленя, і на вышыні паставіў мяне. Які навучае рукі мае барацьбе, і нацягваюць медны лук плечы мае. І даў Ты мне шчыт збаўлення Твайго, і правіца Твая падтрымала мяне, і Тваё выслухванне ўзвялічвае мяне. Ты пашырыў крокі мае пада мною, і не знясілена ступня мая. Я пераследаваў ворагаў маіх і хапаў іх, і не вяртаўся, пакуль яны не прападалі. Я сцінаў іх, каб не маглі падняцца; яны падалі пад ногі мае. І аперазаў Ты мяне мужнасцю для вайны, і тых, што паўсталі супраць мяне, кінуў пад мяне. І ворагаў маіх прымусіў Ты да ўцёкаў і павынішчыў тых, што ненавідзяць мяне. Яны клікалі, і не было таго, хто збавіў бы; да Госпада, і не выслухаў іх. І расцярушыў іх, як пыл па ветры, як вулічны бруд, патаптаў я іх. Выхапіў мяне ад бунту народа, паставіў мяне на чале плямёнаў. Народ, якога я не ведаў, служыць мне, толькі вухам пачуўшы, слухаецца мяне. Сыны чужыя сталі забягаць перада мною. Сыны чужыя саслабелі, дрыжаць у сховішчах сваіх. Жыве Госпад, і дабраславёны Апякун мой, і хай узвысіцца Бог збаўлення майго! Бог, Які помсціш за мяне і падпарадкоўваеш мне народы, выратавальнік мой ад ворагаў маіх раз’ятраных; і над тымі, што паўсталі супраць мяне, Ты ўзвышаеш мяне, ад чалавека гвалтоўнага выхопліваеш мяне. Дзеля таго будуць славіць Цябе, Госпадзе, паміж паганамі і імю Твайму прагавару псальм. Узвялічыў у збаўленні цара Свайго і аказаў міласэрнасць намашчэнцу Твайму Давіду і нашчадкам яго навекі».
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. Нябёсы абвяшчаюць хвалу Бога, і пра справу рук Яго паведамляе цвярдыня. Дзень перад днём прамаўляе слова, і ноч ночы абвяшчае веды. Няма моў і маўленняў, голас якіх не быў бы чуцён: па ўсёй зямлі загучаў голас іх, і словы іх — аж да ўскрайкаў сусвету. Ён паставіў на іх палатку для сонца, і яно, быццам жаніх, выходзячы з пакоя свайго, цешыцца, як волат перад неабходнасцю прабегчы шлях. Ад ускрайкаў нябёсаў — пачатак шляху яго, і схіл яго — аж да іх ускрайкаў, і няма таго, што ўхілілася б ад цеплыні яго. Закон Госпадаў бязгрэшны, аднаўляе душу, сведчанне Госпада вернае, што надае мудрасць малым. Прысуды Госпада правільныя, пацяшаюць сэрцы, запавет Госпада светлы, прасвятляе вочы. Страх Госпада чысты, трывае на векі вечныя, суды Госпада праўдзівыя і адначасова справядлівыя. Яны больш жаданыя за золата і мноства каштоўных камянёў і саладзейшыя за мёд і струмяністыя соты. Бо слуга Твой удасканальваецца праз іх; у пільнаванні іх — вялікая адплата. Хто ж разумее свае аблуды? Ад патаемнага ачысці мяне і ад пыхі ўпільнуй слугу Твайго, каб не запанавала нада мной. Тады буду я бязгрэшны і ачышчуся ад вялікага злачынства. Няхай жа спадабаюцца словы вуснаў маіх і разважанне сэрца майго перад Табою, Госпадзе, Апякун мой і Збаўца мой!
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. Хай выслухае цябе Госпад у дзень роспачы, хай абароніць цябе імя Бога Якубава. Хай пашле табе ўспамогу ад святыні і з Сіёна хай зберажэ цябе. Хай прыгадае кожную тваю ахвяру, і цэласпаленне тваё хай успрыме шчодрым. Хай аддасць табе паводле сэрца твайго і кожную задуму тваю выканае. Будзем цешыцца з выратавання Твайго і ў імя Бога нашага ўздымем харугвы; хай выканае Госпад усе твае просьбы. Цяпер спазнаў я, што ўратаваў Госпад намашчэнца Свайго: выслухаў яго з неба Свайго святога сіламі выратавання правіцы Яго. Адныя — на калясніцах, іншыя — на конях, а мы імя Госпада нашага сталі клікаць. Тыя сагнуліся і ўпалі, а мы выпрасталіся і былі ўзнятыя. Госпадзе, уратуй цара і выслухай нас у дзень, калі будзем клікаць Цябе!
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. Госпадзе, цар парадуецца з магутнасці Тваёй. О, як вельмі пацешыцца ён і з Тваёй помачы! Выканаў Ты жаданне сэрца яго для яго, і не адмовіў просьбе яго вуснаў. Бо папярэдзіў Ты яго шчодрымі дабраславеннямі, усклаў на галаву яго з найчысцейшага золата вянец. Прасіў ён жыцця ў Цябе, і Ты надзяліў [ім] яго — доўгасцю дзён навечна і на векі вечныя. Вялікая хвала яго ва ўспамозе Тваёй, велічы і гожасці дадасі Ты яму; бо дадасі Ты яму дабраславенне на векі вечныя, усцешыш яго радасцю перад абліччам Сваім. Цар бо здавяраецца Госпаду і ў ласцы Найвышэйшага не пахіснецца. Хай дасягне рука Твая ўсіх непрыяцеляў Тваіх, хай дасягне правіца Твая ўсіх ненавіснікаў Тваіх. Памясці іх нібы ў печ вогненную ў час з’яўлення Твайго: выгубі патомства іх з зямлі і семя іх з ліку сыноў чалавечых. Бо яны задумалі супраць Цябе ліхое, учынілі нараду, — але яны не змогуць нічога. Ты павернеш іх назад, накіруеш лук Твой у іх твар. Падыміся, Госпадзе, у магутнасці Сваёй! Апяём і праславім магутнасць Тваю.
Кіраўніку хору. На спосаб песні «Ласіца на досвітку». Псальм Давідаў. Божа, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў? Далёка ад збавення майго словы клічу майго. Божа мой — клічу ўдзень, і не чуеш, і ноччу, і няма мне супакою. Але ж Ты — святы, Ты жывеш у славе Ізраэля. На Цябе ўсклалі надзею бацькі нашыя, усклалі надзею — і Ты вызваліў іх; і сталіся ўратаванымі; на Цябе ўсклалі надзею — і не пасаромеліся. Але ж я — чарвяк, а не чалавек, зняважаны людзьмі і адрынуты народам. Усе, якія бачылі мяне, блюзнілі на мяне, крывячы вусны, ківалі галавою. «Спадзяваўся ён на Бога, хай жа вызваліць яго, няхай яго ўратуе, калі Ён спагадны да яго». Бо Ты — Той, Які вывеў мяне з улоння, маё спадзяванне на грудзі маці маёй. На Цябе быў я пакінуты ад самага пачацця, ад улоння маці маёй Бог мой — гэта Ты. Не аддаляйся ад мяне, бо пакута ўжо блізка, бо няма таго, хто падтрымае. Абступіла мяне мноства цялят, быкі басанскія акружылі мяне. Разяўляюць яны на мяне свае пашчы, быццам леў драпежны і рыклівы. Нібы вада, я ўвесь выліўся, і рассыпаліся косці мае. Зрабілася сэрца маё, быццам воск, расплаўляючыся ў сярэдзіне ўлоння майго. Ссохлася, як цагліна, горла маё, і язык мой прыстаў да гартані маёй, у парахно смерці звёў Ты мяне. Бо абступіла мяне мноства сабак, банда ненавіснікаў абступіла мяне. Прабілі рукі мае і ногі мае, і палічыў я ўсе косці мае. Яны ж заўважылі і пачалі ўглядацца ў мяне. Адзенне маё падзялілі між сабою і на вопратку маю кінулі жэрабя. Але Ты, Госпадзе, не аддаляйся, цвярдыня мая, паспяшайся мне на дапамогу. Ухавай ад меча душу маю і ад кіпцяў сабачых — адзіную маю. Абарані мяне ад пашчы льва, а пакорлівасць маю — ад рагоў адзінарога. Абвяшчу імя Тваё Маім братам, пасярод святыні буду славіць Цябе. Хваліце Яго, якія жывяце ў страху Госпада, усялякае семя Якубава ўслаўляйце Яго! Хай трымціць перад Ім кожнае семя Ізраэлева. Бо Ён не пагарджаў і не брыдзіўся жальбаю ўбогага і не адвярнуў аблічча Свайго ад яго, а калі той звяртаўся да Яго, выслухаў яго. Дзеля Цябе пахвала мая ў вялікай святыні. Выпаўню абяцанні свае перад тымі, што баяцца Яго. Убогія будуць есці і наядуцца і будуць славіць Госпада тыя, што шукаюць Яго: «Хай жывуць сэрцы іх на векі вечныя!» Апомняцца і навернуцца да Бога ўсе ўскрайкі зямлі, і паклоняцца перад абліччам Яго ўсе плямёны паганскія. Бо царства — Госпадава, і Ён будзе валадарыць над паганамі. Толькі Яму аднаму паклоняцца ўсе тыя, што спачываюць у зямлі. Перад Ім упадуць усе, якія сыдуць у прах. А душа ж мая будзе жыць для Яго, і нашчадкі мае будуць служыць толькі Яму. Будзе расказана пра Госпада пакаленню, якое прыйдзе, і абвесцяць яны справядлівасць Яго народу, які народзіцца: «Гэта ўчыніў Госпад».
Псальм Давідаў. Госпад — Пастыр мой, і нічога мне не бракуе. На пашах зялёных Ён мяне ўладкаваў, па-над воды супачыну прывёў Ён мяне. Падмацаваў душу маю, вывеў мяне на шлях справядлівасці дзеля імя Свайго. Бо калі буду ісці і лагчынаю ценю смерці, не збаюся ліха, бо Ты са мною. Жазло Тваё і кій Твой — толькі яны мяне суцяшаюць. Ты накрыў перада мною стол насуперак тым, што ўціскаюць мяне; намасціў алейкам галаву маю, і келіх мой поўны з вярхом. Спагаднасць і міласэрнасць будуць крочыць за мною следам, і пасялюся я ў доме Госпада на доўгія дні.
Давідаў псальм. Госпадава зямля і што яе напаўняе, зямля і ўсе, хто жывуць на ёй. Бо Ён заснаваў яе на марах і ўмацаваў на рэках. Хто падымецца на гару Госпадаву або хто стане на святым месцы Яго? Бязгрэшны рукамі і чысты сэрцам, хто не ўзняў душу сваю да марнасцей і не прысягнуў падступна. Гэтакі атрымае дабраславенне ад Бога і апраўданне ад Бога, свайго Збаўцы. Такі вось ёсць род тых, што шукаюць Бога, тых, што шукаюць аблічча Бога Якубава. Падыміце, брамы, вярхі вашы і расчыніцеся, брамы спрадвечныя, і ўвойдзе Валадар Славы. Хто Ён, гэты Валадар Славы? — Госпад дужы і магутны, Госпад магутны ў бітве. Падыміце, брамы, вярхі вашы і расчыніцеся, брамы спрадвечныя, і ўвойдзе Валадар Славы. Хто Ён, гэты Валадар Славы? — Госпад магуццяў, вось хто такі Валадар Славы.
АЛЕФ. Давідаў. Да Цябе, Госпадзе, узняў я душу маю. БЭТ. Божа мой, на Цябе спадзяюся; хай не сумеюся! Хай не кпяць з мяне непрыяцелі мае. ГІМЭЛЬ. Бо ўсе тыя, што трымаюцца Цябе, не будуць засаромлены. Засаромлены будуць тыя, што чыняць бязвер’е дзеля марнасці. ДАЛЕТ. Пакажы мне, Госпадзе, Свае дарогі і навучы мяне Сваім сцежкам. ГЭ. Вядзі мяне праўдай Тваёй і вучы мяне, бо Ты Бог збавення майго. ВАЎ. На Цябе спадзяюся штодня. ДЗАЙН. Помні, Госпадзе, пра міласці Твае і пра міласэрнасць Тваю, бо яны спрадвечныя! ГЭТ. Не прыпамінай грахоў маладосці маёй і злачынстваў маіх, але помні пра мяне Ты паводле міласэрнасці Тваёй, згодна дабраце Тваёй, Госпадзе. ТЭТ. Спагадны і праведны Госпад, таму наставіць грэшнікаў на шлях; ЁД. пакорлівых накіруе па справядлівасці, наставіць сціплых на шляхі іх. КАФ. Усе шляхі Божыя — міласэрнасць і праўда для тых, што трымаюцца запавету Яго і сведчанняў Яго. ЛЯМЭД. Дзеля імя Твайго, Госпадзе, злітуешся над грахом маім: бо ён так вялікі. МЭМ. Хто той чалавек, які шануе Госпада? Ён наставіць такога на шлях, які [той] выбірае. НУН. Душа яго ў дабротах прабудзе, а семя яго ўспадкаеміць зямлю. САМЭК. Спагадае Госпад тым, што баяцца Яго, каб адкрыць ім Свой запавет. АЙН. Мае вочы заўсёды да Бога, бо Ён вырве ногі мае з пасткі. ФЭ. Глянь на мяне і пашкадуй мяне, бо самотны я і няшчасны. САДЭ. Пашыр цясніны сэрца майго і вырві мяне з засмучэнняў маіх. Прыглядзіся да пакорлівасці маёй і да цяжару працы маёй і адпусці ўсе правіны мае. РЭС. Глянь на ворагаў маіх, бо яны размножыліся, і лютай нянавісцю зненавідзелі мяне. СІН. Пільнуй душу маю і вырві мяне; не пасаромлюся, бо я ўсклаў надзею на Цябе. ТАЎ. Хай бязвіннасць і справядлівасць пільнуюць мяне, бо я трымаўся Цябе. ФЭ. Збаў, Божа, Ізраэль ад усіх няшчасцяў яго.
Давідаў. Прызнай мне, Госпадзе, справядлівасць, бо пачаў я хадзіць у бязвіннасці сваёй і не саслабею, спадзеючыся на Госпада. Выпрабуй мяне, Госпадзе, і ўчыні мне іспыт, растапі [мне] вантробы мае і сэрца маё. Бо міласэрнасць Твая ў мяне перад вачамі, і жыву я ў праўдзе Тваёй. Не сядзеў я разам з мужамі марнымі, і не ўвайду разам з тымі, што дзейнічаюць спадцішка. Узненавідзеў я зборышча злачынцаў і з бязбожнікамі разам не сядаю. У знак нявіннасці абмыю я рукі мае і абыду кругом ахвярнік Твой, Госпадзе, каб адкрыць для вушэй воклічы хвалы і паведаміць пра ўсе дзівосы Твае. Палюбіў я прыстанішча дому Твайго і месца пражывання хвалы Тваёй. Не губі з бязбожнікамі душы маёй і з мужамі крыважэрнымі — жыцця майго. На руках іх ліхадзействы, правіца іх поўная хабараў. Я ж пачаў хадзіць у нявіннасці сваёй, збаў мяне і пашкадуй мяне. На роўнай дарозе стаіць мая нага, славіць буду Госпада ў святынях.
Давідаў. Госпад — светач мой і збаўленне маё — каго я буду баяцца? Госпад — абарона жыцця майго, перад кім я буду трымцець? Калі набліжаюцца да мяне зламыснікі, каб жэрці цела маё; тыя, што прыгнятаюць мяне, і ворагі мае, — дык яны самі саслабеюць і паваляцца. Калі паўстане супраць мяне войска, не збаіцца сэрца маё; калі ўздымецца супраць мяне вайна — на гэта я буду спадзявацца. Аднаго толькі папрасіў я ў Госпада, да гэтага буду імкнуцца, каб пасяліцца ў доме Госпада на ўсе дні жыцця майго, каб бачыць асалоду Госпадаву, каб наведваць святыню Яго. Бо схавае Ён мяне ў ліхі дзень у палатцы Сваёй. Скрые Ён мяне ў патаемнасці шатра Свайго, на скале Ён узвысіў мяне. І цяпер мая галава падымаецца над непрыяцелямі маімі, якія мяне акружаюць. І складу ў палатцы Яго ахвяры гукання, заспяваю і псальм прамоўлю Госпаду. Выслухай, Госпадзе, голас мой, якім усклікаю, пашкадуй мяне ды выслухай мяне. Пра Цябе прамовіла сэрца маё: «Вышуквайце аблічча Маё!» Аблічча тваё, Госпадзе, буду вышукваць. Не адварочвай аблічча Твайго ад мяне, не адцурайся ў гневе ад слугі Твайго. Ты памочнік мой, не адрынь мяне і не пакінь мяне, Божа збавення майго! Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, але Госпад мой прыняў мяне. Пакажы мне, Госпадзе, дарогу Тваю і скіроўвай мяне на простую сцяжыну адносна праціўнікаў маіх. Не выдавай мяне па жаданню пераследнікаў маіх, бо паўсталі супраць мяне фальшывыя сведкі і тыя, што дыхаюць лютасцю. Веру, што пабачу даброты Госпада ў зямлі жывых. Чакай Госпада, паводзь сябе мужна, і няхай гартуецца сэрца тваё, і чакай Госпада.
Давідаў. Да Цябе, Госпадзе, усклікаю; Божа мой, не будзь бязмоўным перада мною, і я ніколі не буду падобны да тых, што сыходзяць у магілу. Выслухай голас малення майго, калі ўсклікаю да Цябе, калі ўздымаю рукі мае да святой святыні Тваёй. Не прыцягвай мяне разам з грэшнікамі і з тымі, што чыняць несправядлівасць. Яны размаўляюць мірна з блізкім сваім, але ж ліха ў сэрцы іх. Дай ім паводле спраў іх і паводле нягоднасці вымыслаў іх. Паводле справы рук іх адплаці ім, аддай ім адплату іх. Паколькі не разумеюць яны спраў Госпада і справу рук Яго, зруйнуй іх і не аднаўляй. Дабраславёны Госпад, бо выслухаў голас малення майго. Госпад — памочнік мой і абаронца мой, у Ім знайшло надзею сэрца маё, і ў песні маёй адкрыюся Яму. Госпад — цвярдыня народа Свайго і збавеннае прыбежышча намашчэнца Свайго. Збаў Твой народ і дай дабраславенне нашчадкам Тваім, і пасві іх і ўзвышай іх на векі вечныя.
Давідаў. Прыносьце Госпаду, сыны Божыя, прыносьце Госпаду хвалу і магутнасць. Прыносьце Госпаду хвалу імя Яго, услаўляйце Госпада ў святым ззянні. Голас Госпада над водамі, загрымеў Бог велічы: Госпад над бязмежнымі водамі. Голас Госпада магутны! Голас Госпада велічны. Голас Госпада, Які ламае кедры; і паламае Госпад кедры Лібана, змушае скакаць Лібан, нібы цялятка, а Сірыён, нібы маладога адзінарога. Голас Госпада, Які выкрасае агністае полымя. Голас Госпада, Які трасе пустыню, і патрасе Госпад пустыню Кадэс. Голас Госпада, Які хутка дасць абрадзініцца аленіхам і аголіць гушчары, і ў святыні Яго ўсе прамовяць: «Хвала!» Госпад трывае па-над патопам, і будзе сядзець Госпад як Валадар вечна. Госпад дасць сілу Свайму народу, Госпад дасць дабраславенне народу Свайму ў супакоі.
Псальм. Песня на ўрачыстасць пасвячэння святыні. Давідаў. Буду ўзвялічваць Цябе, Госпадзе, бо Ты выцягнуў мяне і не даў ворагам маім пацяшацца з мяне. Госпадзе, Божа мой, я ўсклікаў да Цябе, і Ты аздаравіў мяне. Госпадзе, Ты вывеў з пекла душу маю, ажывіў мяне, каб не сышоў я ў магілу. Спявайце псальмы Госпаду, святыя Яго, і падзяку складайце на ўспамін святасці Яго, бо гнеў Яго — на імгненне, і жыццё — у зычлівасці Яго. Увечары трывае плач, а на золаку — радасць. А я сказаў у бестурботнасці маёй: «Не пахіснуся навек». Госпадзе, у зычлівасці Тваёй Ты аздобіў цнотай мяне, Ты схаваў аблічча Тваё, і я ўстрывожыўся. Да Цябе я, Госпадзе, клікаў і да Бога майго звяртаўся. Што за карысць з крыві маёй ды ад сыходу майго ў парахненне? Ці ж пыл будзе вызнаваць Цябе, ці ж будзе праўду Тваю абвяшчаць? Пачуў Госпад і злітаваўся нада мною, Госпад стаўся памочнікам маім. Ты замяніў нараканне маё ў скокі, парваў зрэб’е маё і радасцю падперазаў мяне, каб спявала Табе хвала мая і не маўчала. Госпадзе, Божа мой, вечна буду праслаўляць Цябе.
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. На Цябе, Госпадзе, спадзяюся, не асаромлюся навекі; паводле справядлівасці Тваёй вызвалі мяне. Прыхілі вуха Тваё да мяне, паспяшайся, каб выбавіць мяне. Будзь для мяне скалой абароны і домам прыбежышча, каб збавіць мяне. Бо Ты цвярдыня мая і прыбежышча маё, і дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною. Выведзі мяне з пасткі, якую скрыта паставілі на мяне, бо Ты — цвярдыня мая. У рукі Твае аддаю дух мой. Ты выкупіў мяне, Госпадзе, Божа праўды. Ты зненавідзеў тых, што шануюць марнасці пустыя, а я на Госпада спадзяюся. Буду цешыцца і радавацца ў міласэрнасці Тваёй, бо Ты глянуў на пакорлівасць маю; Ты даведаўся пра патрэбы душы маёй. І не пакінуў Ты мяне ў руках непрыяцеля; на прасторным месцы паставіў ногі мае. Злітуйся нада мною, Госпадзе, бо я прыгнечаны; стурбавалася ў тузе вока маё, душа мая і нутро маё. Бо ў пакутах змарнела жыццё маё і гады мае ў стагнаннях; саслабела ва ўбогасці сіла мая і павысыхалі косці мае. Я зрабіўся пасмешышчам для ўсіх ворагаў маіх, для суседзяў маіх, і страхоццем для знаёмых: тыя, што бачылі вонкі мяне, уцякалі ад мяне. Я забыты ў сэрцах, быццам нябожчык; стаўся падобным я да бітай пасудзіны. Бо я чуў нараканне ад многіх, жудасць наўкола — калі яны сышліся там разам супраць мяне, змовіліся вырваць душу маю. А я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся; кажу: «Ты — мой Бог. У Тваіх руках — лёс мой». Вырві мяне з рук непрыяцеляў маіх і ад тых, што пераследуюць мяне; пралі святло аблічча Твайго над слугою Тваім, збаў мяне ў міласэрнасці Тваёй. Госпадзе, не дай сумецца мне, бо я клічу Цябе; хай асаромяцца бязбожнікі, хай яны ў пекла сыдуць Хай занямеюць вусны ілжывыя, якія нягодныя рэчы гавораць з пыхаю і пагардай супраць справядлівага. Якое вялікае мноства Тваіх даброццяў, Госпадзе, якія Ты прыхаваў для тых, хто спадзяецца на Цябе. Ты ўчыніў [гэта] для тых, якія спадзяюцца на Цябе перад абліччам сыноў чалавечых. Пад заслонай аблічча Твайго Ты захоўваеш ад хвалявання людзей, абараняеш іх у палатцы ад і языкоў звадлівых. Дабраславёны Госпад, бо з’явіў мне міласэрнасць Сваю ў горадзе ўмацаваным. А я казаў у збянтэжанні маім: «Адрынуты я ад вачэй Тваіх». Але Ты выслухаў голас малення майго, калі я ўсклікаў да Цябе. Любіце Госпада, усе святыя Яго! Верных захоўвае Госпад, а тым, што ў пыхлівасці ходзяць, аддае з лішкам. Будзьце мужныя і ўмацоўвайце сэрца вашае, вы ўсе, што спадзеяцеся на Госпада.
Давідаў. Маскіль. Шчасны той, каму адпушчана беззаконне і чые грахі прыкрытыя. Шчасны чалавек, якому Госпад не залічыў граху і ў душы якога няма крывадушша. Калі я маўчаў, састарэлі косці мае ад стагнання майго цэлы дзень. Калі днём і ноччу цяжыла нада мною рука Твая, змянілася жыццёвая сіла мая ў летнюю суш. Дык выявіў я Табе правіну маю і не затаіў несправядлівасці сваёй. Я сказаў: «Вызнаю супраць сябе вінаватасць маю перад Госпадам». І Ты адпусціў бязбожнасць граху майго. Дзеля таго стане кожны святы маліцца Табе ў час адпаведны. Калі нават узнімуцца велічэзныя воды, да яго не наблізяцца яны. Ты мой прытулак, Ты мяне ад бяды захаваеш, радасцю збаўлення будзеш атачаць мяне. Дам разуменне табе і накірую цябе на шлях, па якім ты павінен ісці; умацую вочы Мае над табою. Не будзьце, як конь або мул, якія разумення не маюць; якім сківіцы трэба акілзаць аброццю і цуглямі, каб яны падышлі да цябе. Пакуты бязбожніка шматлікія, а таго, хто на Госпада спадзяецца, Ён атачае міласэрнасцю. Цешцеся ў Госпадзе і весяліцеся, справядлівыя, хвалу спявайце, усе чыстыя сэрцам.
Весяліцеся, справядлівыя, у Госпадзе; справядлівым належыцца пахвала. Вызнавайце Госпада на гуслях, грайце Яму на псалтыры дзесяціструннай. Спявайце Яму новую песню, стройна Яму грайце з ускліканнямі. Бо праўдзівае слова Божае, і ўсе справы Яго верныя. Ён любіць справядлівасць і закон, зямля поўная міласэрнасці Госпада. Словам Госпадавым створаны нябёсы і дыханнем вуснаў Яго кожная сіла іх. Быццам у мяшок, збірае Ён воды марскія, у скарбніцах складае бяздонні. Хай уся зямля баіцца Бога, перад абліччам Яго хай трымцяць усе жыхары свету. Бо Ён сказаў, і сталася; Ён загадаў і стварылася. Госпад разбурае намеры паганаў, пустымі робіць задумы людзей. Намер Госпада трывае павечна, задумы Яго сэрца з роду ў род. Шчасны той народ, для якога Госпад — гэта Бог, і той народ, які Ён выбраў Сабе ў спадчыну. Госпад глядзіць з неба, бачыць усіх сыноў чалавечых. Зірнуў Ён з месца Свайго пражывання на ўсіх тых, што насяляюць зямлю. Ён, Які ўтварыў кожнаму паасобку сэрцы іх, Які разумее ўсе справы іх. Не бывае вызвалены цар вялікай сілай і не вызваліцца волат дзякуючы вялікай сіле сваёй. Ненадзейны конь для выратавання, і вялізнай сілай сваёй не ўратуе. Вось вочы Госпада над тымі, што Яго баяцца, і да тых, якія спадзяюцца на Яго ласку. Каб вырваў Ён у смерці душы іх і каб карміў іх у час голаду. Душа наша мае надзею на Госпада. Ён — наш памочнік і абарона, бо ў Ім узрадуецца наша сэрца, і ў імю Яго мы знайшлі надзею. Дык няхай жыве міласэрнасць Твая, Госпадзе, да нас, як і мы ўскладаем надзею на Цябе.
Давідаў. Калі ўдаваў сябе за змяшанага ў розуме перад Абімэлехам і пайшоў, выгнаны ім. АЛЕФ. Буду дабраслаўляць Госпада ўвесь час, хвала Яго заўсёды ў маіх вуснах. БЭТ. Госпадам будзе выхваляцца душа мая, хай чуюць [гэта] пакорлівыя і хай радуюцца. ГІМЭЛЬ. Узвялічвайце Госпада са мною і давайце ўзнясём імя Яго ўсе разам. ДАЛЕТ. Пачаў я шукаць Госпада, і Ён выслухаў мяне і вырваў Ён мяне з усіх трывог маіх. ГЭ. Зірніце на Яго — і прасвятлееце, і твары вашыя не засаромеюцца. ДЗАЙН. Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад выслухаў яго, і з усіх бед выратаваў яго. ГЭТ. Анёл Госпадаў абароніць усіх тых навокал, што баяцца Яго, і вырве іх. ТЭТ. Пакаштуйце і паглядзіце, які салодкі Госпад; шчасны чалавек, які ўсклаў надзею на Яго. ЁД. Бойцеся Госпада, святыя Яго, бо няма нястачы для тых, што баяцца Яго. КАФ. Багатыя збяднелі і пачалі галадаць, а вось тыя, што шукалі Госпада, не будуць мець нястачы ні ў чым добрым. ЛЯМЭД. Хадзіце, сыны, слухайце мяне: навучу я вас пашане да Бога. МЭМ. Што гэта за чалавек, які хоча жыць, шануе дзень, каб пабачыць добрае? НУН. Утрымлівай язык свой ад ліха і вусны твае хай не гавораць падступна. САМЭК. Адступіся ад ліха і чыні дабро, шукай спакою і імкніся да яго, АЙН. бо вочы Госпада — да справядлівых, і вушы Яго — да просьбаў іх. ФЭ. Але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць ліха, каб сцерці з зямлі і памяць аб іх. САДЭ. [Справядлівыя] паклікалі — і Госпад выслухаў, і вызваліў іх ад усіх бед іх. КОФ. Блізкі Госпад да тых, што спакутаваны сэрцам, і пакораных духам Ён уратуе. РЭС. Многа бед у справядлівых, але з усіх іх уратуе іх Госпад. СІН. Сцеражэ Ён усе косці іх, не зломіцца ні адна з іх. ТАЎ. Крывадушнасць знішчыць грэшніка, і тыя, што ўзненавідзелі справядлівага, будуць пакараныя. ФЭ. Госпад адкупіць душы паслугачоў сваіх, і не будуць пакараныя ўсе тыя, што пакладаюць і Ім надзею.
Давідаў. Асудзі, Госпадзе, тых, што асуджаюць мяне; выйдзі супраць тых, што ідуць супраць мяне. Схапі малы і вялікі шчыт і ўстань на дапамогу мне, выцягні абсечны меч і сякіру супраць тых, што чыняць мне пераслед. Скажы душы маёй: «Ратунак твой — гэта Я». Хай пасаромяцца і збянтэжацца тыя, што шукаюць душу маю. Хай адступяцца назад і пасаромяцца тыя, што задумваюць ліха на мяне. Хай будуць яны, як попел на ветры, і анёл Божы, які праганяе іх. Хай дарога іх будзе цемрай і слізгатой, і Анёл Божы, які чыніць ім пераслед. Без прычыны бо нацягнулі яны на мяне сетку сваю, без прычыны выкапалі воўчую яму супраць душы маёй. Хай на яго прыйдзе загуба, пра якую ён не ведае, і сіло, што ён схаваў, хай захопіць яго, і ў тую самую згубу хай ён уваліцца. Душа ж мая будзе радавацца ў Госпадзе і цешыцца з Яго збавення. Усе косці мае скажуць: «Госпадзе, хто падобны да Цябе? Ты вырываеш няшчаснага з рук дужэйшага за яго, абнядоленага і беднага — ад тых, што рабуюць яго». Падняўшыся, фальшывыя суддзі дапытваліся ў мяне таго, пра што я не ведаю. Адгаджалі яны мне ліхам за дабро: адзінотаю душы маёй. Я ж, калі яны слабелі, апранаўся ў зрэбніцу, праз пост рабіў душу маю пакорлівай, і малітва мая ва ўлонні маім перамянялася. Я паводзіў сябе, як у адносінах да сваяка ці да брата майго, тужлівы, хіліў галаву, быццам па маці смуткуючы. А калі я пахіснуўся, яны ўзрадаваліся і сышліся разам, сышліся супраць мяне, наносячы раны, а я не ведаў. Рабавалі і не спыняліся, спакушалі мяне, здзекаваліся з мяне з пагардаю, скрыгаталі зубамі сваімі супраць мяне. Госпадзе, як доўга будзеш глядзець [на гэта]? Адвядзі назад душу маю ад ліхасці іх, ад ільвоў — адзіную маю. Вызнаваць Цябе буду на вялікім сходзе, пры мностве людзей хваліць Цябе буду. Хай не пацяшаюцца з мяне несправядлівыя ворагі мае, якія зненавідзелі мяне без прычыны і робяць знакі вачамі сваімі. Бо не міралюбна размаўлялі яны і супраць пакорлівых на зямлі ліхое задумваюць. І супраць мяне разявілі раты свае, кажучы: «Добра! Добра! Бачылі вочы нашы!» Ты ўбачыў, Госпадзе, не маўчы; Госпадзе, не адступайся ад мяне! Абудзіся і чувай дзеля суда майго, Божа мой і Госпадзе мой, дзеля справы маёй! Судзі мяне па Сваёй справядлівасці, Госпадзе, Божа мой, хай не пацяшаюцца з мяне. Хай не думаюць у сваіх сэрцах: «Ага! Гэтага і хацелі мы!» Хай не кажуць: «Добра, [гэта] нам па душы», хай не кажуць: «Праглынулі мы яго!» Хай пачырванеюць і збянтэжацца ўсе разам тыя, што цешацца з няшчасцяў маіх. Хай апрануцца ў сорам і ганьбу тыя, што шмат нагаворваюць на мяне. Хай радуюцца і цешацца тыя, што жадаюць справядлівасці маёй і хай заўсёды кажуць: «Хай узвялічаны будзе Госпад, які прагне супакою слугі Свайго». А язык мой апяваць будзе справядлівасць Тваю, цэлы дзень — хвалу Тваю.
Кіраўніку хору. Давіда, слугі Госпада. Нашэптвае несправядлівасць бязбожніку ў самым сэрцы яго; няма страху Божага перад вачамі яго. Бо ён патурае сам сабе перад сабою, каб не шукаць несправядлівасці сваёй і каб не ненавідзець. Словы вуснаў яго — несправядлівасць і хітрасць, перастаў ён разумець, як чыніць дабро. Задумаў ён несправядлівасць у пасцелі сваёй, узыходзіць на любую благую дарогу, да ліхога не адчувае нянавісці. Госпадзе, да неба міласэрнасць Твая і праўда Твая — да аблокаў; Справядлівасць Твая, быццам горы Божыя, суды Твае — вялізная бездань: людзей і жывёл Ты збавіш, Госпадзе. Як жа незлічона міласэрнасць Твая, Божа! Сыны ж чалавечыя будуць мець надзею пад покрывам крылаў Тваіх; нап’юцца яны дастаткам дому Твайго і поіш Ты іх струменем асалоды Тваёй. Бо ў Цябе крыніца жыцця, ды ў Тваім святле ўбачым мы святло. Пашыр міласэрнасць Тваю на тых, што ведаюць Цябе, і справядлівасць Тваю — на тых, што простыя сэрцам. Хай не топча мяне нага пыхлівага і рука грэшніка хай не дакранаецца мяне. Вось жа паваліліся тыя, што чыняць несправядлівасць, — выгналі іх, і не змогуць яны падняцца.
АЛЕФ. Давідаў. Не зайздросць ліхадзеям і не наследуй тым, што робяць несправядлівасць. Бо высахнуць і ападуць яны хутка, як сена і быццам зялёная трава. БЭТ. Спадзявайся на Бога і рабі дабро, і будзеш жыць на зямлі і даглядацца вераю. Знайдзі радасць у Госпадзе, і дасць Ён табе тое, чаго патрабуе сэрца тваё. ГІМЭЛЬ. Даручы Госпаду свой шлях і спадзявайся на Яго, і Ён здзейсніць. І выявіць Ён, быццам зару, справядлівасць тваю, а суд твой — бы поўдзень. ДАЛЕТ. Скарыся ў Госпадзе і ўскладзі на Яго ўсю надзею; не зайздросць таму, хто мае шанец на шляху сваім, чалавеку, які чыніць падкопы. ГЭ. Перастань гневацца і апануй абурэнне, не будзь зайздросны да таго, што вядзе да ліха. бо тыя, што чыняць ліха, будуць знішчаны, а хто спадзяецца на Госпада — зямлю ўспадкаеміць. ВАЎ. Яшчэ нямнога і не будзе грэшніка; глянеш на месца яго — і не знойдзеш яго. А вось пакорныя ўспадкаемяць зямлю і адчуюць асалоду ў бязмежнасці супакою. ДЗАЙН. Настаўляе пастку грэшнік на справядлівага і скрыгоча супраць яго зубамі сваімі. Але Госпад смяецца з яго, бо Ён ведае заўтрашні дзень яго. ГЭТ. Вымаюць грэшнікі меч з похваў, нацягваюць лук свой, каб пасцінаць беднага і няшчаснага, каб знішчыць тых, што ідуць правільным шляхам. Меч іх уваткнецца ў іх жа сэрца, а лукі іх паломяцца. Лепшая дробязь у справядлівага, чым вялікі дастатак у грэшнікаў. Бо рамёны грэшнікаў саслабеюць, а справядлівым Госпад надасць сілу. ЁД. Вызначыў Госпад дні беззаганных, і спадчына іх будзе навечна. Не пасаромеюцца яны ў ліхую часіну і ў дні голаду будуць насычаны. КАФ. Бо грэшнікі згінуць, і ворагі Госпада змарнеюць, бы зяленіва палёў, змарнеюць, нібыта дым. ЛЯМЭД. Грэшнік пазычае, але не вяртае, а справядлівы шкадуе і аддае. Бо дабраславёныя Яго ўспадкаемяць зямлю, а праклятыя Ім будуць знішчаны. МЭМ. Крок чалавека спасіляецца Госпадам, і ахвотна пойдзе той шляхам Яго. Калі ж паваліцца ён, то не паб’ецца, бо Госпад падставіць руку Сваю. НУН. Быў я малады і састарэў, і не бачыў я, каб справядлівы быў пакінуты і каб дзеці яго прасілі хлеба. Цэлы дзень чыніць Ён міласэрнасць і пазычае, і дзеці яго ў дабраславенні будуць. САМЭК. Ухіляйся ад ліха і рабі дабро, і будзеш ты жыць у вяках. Бо Госпад любіць справядлівасць і не пакіне сваіх святых. АЙН. А несправядлівыя загінуць навечна, і нашчадкі бязбожнікаў будуць знішчаны. А справядлівыя ўспадкаемяць зямлю і век будуць жыць на ёй. ФЭ. Вусны справядлівага спяваюць праўду і язык яго гаворыць тое, што правільна. Закон Бога яго ў сэрцы яго, і не хістаюцца яго ногі. САДЭ. Сочыць грэшнік за справядлівым і імкнецца забіць яго. Але Госпад не пакіне яго ў руках таго, не асудзіць яго, калі тыя будуць асуджаны. КОФ. Чакай Госпада і пільнуй шлях Яго, і Ён узвысіць цябе, каб атрымаў ты ў спадчыну зямлю; калі будуць знішчаны грэшнікі, ты ўбачыш. РЭС. Бачыў я бязбожніка, які надзімаўся ад пыхі і ўзвышаўся, быццам кедр зялёны, і я прайшоў міма, і вось не было ўжо яго; і шукаў я яго, а ён не знайшоўся. СІН. Назірай за бязгрэшным і глядзі на справядлівага, бо будучыня належыць чалавеку міратворцу. А несправядлівыя згінуць разам, будучыня бязбожнікаў будзе знішчана. ТАЎ. Збаўленне справядлівых у Госпада; і Ён абаронца ў час бяды. І ўспамагае ім Госпад, і вызваляе іх, і вырывае іх ад бязбожных, і збаўляе іх, бо яны хінуцца да Яго.
Псальм Давідаў. На ўспамін. Госпадзе, не ўшчувай мяне ў абурэнні Тваім і не карай мяне ў гневе Тваім. Бо стрэлы Твае працялі мяне і апусцілася на мяне рука Твая, няма нічога здаровага ў маім целе праз гнеў Твой, няма супакою касцям маім праз грахі мае, бо правіннасці мае вышэй галавы маёй узняліся, прыгнятаюць яны мяне вельмі, быццам вялікі цяжар. Сасмярдзелі і нагнаіліся раны мае праз дурноту маю. Сагнуты і прыгнечаны я надзвычайна, цэлы дзень хадзіў засмучаны. Бо крыжавіна мая напоўнілася ліхаманкай, і няма нічога здаровага ў маім целе. Прыгнечаны і прыніжаны я надзвычайна, роў я ад трымцення сэрца майго. Госпадзе, перад Табою ўся жальба мая, і ўздыханне маё не ўтоена ад Цябе. Затрапяталася сэрца маё, пакінула мяне сіла мая; святло вачэй маіх — і таго няма са мною. Прыяцелі мае і блізкія мае сталі наводдаль ад пакутаў маіх, а сваякі мае сталі здалёк. І расставілі пасткі тыя, што шукалі душу маю, а тыя, што вельмі жадалі мне ліха, прамаўлялі падступнае і цэлы дзень планавалі хітрасці. А я, быццам глухі, не чую і, як нямы, не адкрываю вуснаў сваіх. І зрабіўся я, быццам чалавек, які не чуе і не мае ў вуснах сваіх апраўданняў. У Табе бо, Госпадзе, надзею маю, Ты выслухаеш, Госпадзе, Божа мой. Дык вось я кажу: «Хай не пацяшаюцца з мяне, калі хістаюцца ногі мае, хай не ўзвышаюць сябе перада мной». Я ўжо магу хутка зваліцца, і боль мой заўжды перада мной. Дык і прызнаюся ў сваёй правіннасці і з прычыны граху майго я ўстрывожыўся. Але непрыяцелі мае жывуць, і яны сталі дужэйшымі, і памножыліся тыя, што ненавідзяць мяне несправядліва. І тыя, што ліхам адплачваюць за дабро, нападаюць на мяне, бо іду я следам за дабром. Не пакідай мяне, Госпадзе, Божа мой, не адступайся ад мяне, спяшайся мне на дапамогу, Госпадзе, Збаўца мой.
Кіраўніку хору. Ідытун. Псальм Давідаў. Я буду пільнаваць дарогі мае, каб не правініцца языком маім; пастаўлю я ахову вуснам маім, пакуль грэшнік стаіць перада мной. Я знямеў у маўчанні і не гаварыў нават пра дабро, і пакута мая аднавілася. Разгарэлася ўва мне сэрца маё; і ў роздумах маіх запалаў агонь. Загаварыў я языком сваім: «О, Госпадзе, дай мне пазнаць канец свой і які лік дзён маіх, каб усвядоміць, наколькі кароткае жыццё маё». Вось жа вызначыў Ты дні мае на некалькі корхаў, і прамежак жыцця майго — нішто прад Табою. Бо кожны чалавек — як суцэльная марнасць. Бо быццам цень праходзіць чалавек. Бо марна мітусіцца ён; збірае скарб і не ведае, хто атрымае яго. А цяпер чаго я чакаю, Госпадзе? Надзея мая — у Табе. Вырві мяне ад усіх правіннасцей маіх, не выстаўляй мяне на пасмешышча неразумнаму. Анямеў я і не адкрыю вуснаў маіх, бо Ты так учыніў. Здымі з мяне пакаранне Тваё, гіну я ад удару рукі Тваёй. Ушчуваннем за правіннасць пакараў Ты чалавека і ўчыніў так, што змарнелі, быццам ад молі, усе памкненні яго. Бо марнасць — кожны чалавек. Выслухай маленне маё, Госпадзе, лямантаванне маё ўспрымі вушамі. Не будзь глухім да слёз маіх, бо я — прыхадзень у Цябе, вандроўнік, як усе продкі мае. Адступі ад мяне, каб я перадыхнуў перад тым, як адыду і больш мяне не будзе.
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. Чакаючы, дачакаўся я Госпада, і Ён схіліўся да мяне. І выслухаў лямантаванне маё, і вывеў мяне з долу пакуты і з балоцістай багны; і паставіў Ён на камень ногі мае і ўмацаваў хаду маю. У вусны мае ўклаў Ён песню новую, песню Богу нашаму. Убачаць многія і спалохаюцца, і будуць мець надзею ў Богу. Шчасны чалавек, які спадзяванне сваё ўсклаў на Госпада і не зважае на ганарыстых ды тых, што схіляюцца да маны. Безліч учыніў Ты, Госпадзе, Божа мой, цудаў Тваіх, што ж да Тваіх задум аб нас — то няма таго, хто б быў падобны да Цябе. Калі захачу я абвясціць і ўчыніць прамову, яны памножацца звыш меры. Ахвяры і прынашэння не захацеў Ты, але цела мне прыгатаваў. Цэласпалення нават за грэх не патрабаваў Ты, тады сказаў я: «Вось, іду; на пачатку кнігі напісана пра мяне. Захацеў я, Божа мой, выканаць волю Тваю; і закон Твой — у сэрцы маім». Расказаў я пра справядлівасць Тваю ў вялікай святыні; вось, вусны мае не буду стрымліваць я; Госпадзе, Ты зведаў. Справядлівасці Тваёй не хаваў я ў сэрцы маім, расказаў пра праўду Тваю і збавенне Тваё. Не хаваў я міласэрнасці Тваёй і праўды Тваёй у вялікай святыні. Ты ж, Госпадзе, не аддаляў літасцей Тваіх ад мяне; міласэрнасць Твая і праўда Твая заўсёды падтрымліваюць мяне, бо ліха з усіх бакоў абступіла мяне, і няма яму вылічэння; аблыталі мяне правіннасці мае, і не здолеў я ўбачыць [іх]. Сталася іх больш, чым валасоў на галаве маёй, і сэрца маё пакінула мяне. Зрабі ласку, Госпадзе, каб вырваць мяне; Госпадзе, паспяшайся, каб падтрымаць мяне. Хай пасаромяцца і збянтэжацца ўсе тыя, хто шукаюць душу маю, каб забраць яе. Хай павернуцца назад і хай пачырванеюць тыя, што жадаюць мне ліха. Хай аслупянеюць ад сораму свайго тыя, што кажуць мне: «Добра, добра!» Хай жа радуюцца і весяляцца ў Табе ўсе тыя, што шукаюць Цябе і кажуць заўсёды: «Хай узвялічыцца Госпад», — тыя, што любяць збаўленне Тваё. А вось я няшчасны і бедны; але Бог рупіцца пра мяне. Ты — Успаможца мой і Вызваліцель. Божа мой, не марудзь.
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. Шчасны той, хто спачувае няшчаснаму. У дзень ліхі вызваліць яго Госпад. Госпад ухавае яго і ажывіць яго, і шчасным зробіць яго на зямлі, не аддасць яго на волю непрыяцеляў яго. Госпад прынясе яму ўспамогу на ложа пакуты яго; Ты перавернеш яго пасцель у немачы яго. Кажу я: «Госпадзе, пашкадуй мяне, ацалі душу маю, бо зграшыў я Табе!» Непрыяцелі мае ліха кажуць пра мяне: «Калі ж памрэ ён і калі прападзе імя яго?» І калі хто прыходзіць наведаць мяне, то кажа ўсякія недарэчнасці. Сэрца яго збірае сабе правіннасці, і, выйшаўшы вонкі, ён пачынае плявузгаць. Поруч усе непрыяцелі мае шэпчуць супраць мяне, яны задумваюць усякае ліха супраць мяне: «Сурокі прычапілася да яго», або: «Той, хто хворы залёг, той не здолее падняцца». Але нават чалавек, з якім я жыў у супакоі, якому я давяраў, які есць хлеб мой, пяту падняў супраць мяне. Ты ж, Госпадзе, злітуйся з мяне і абудзі мяне, і аддам я ім. Па тым пазнаю я, што Ты спагадаеш мне, калі не будзе смяяцца непрыяцель мой з мяне. Ты падтрымаў мяне дзеля бязвіннасці і паставіў мяне перад Табою навек. Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, ад веку і аж да веку. Хай жа будзе, хай будзе.
Кіраўніку хору. Маскіль. Сыноў Корэ. Як алень імкнецца да водаў крынічных, так імкнецца душа мая да Цябе, Божа. Адчула смагу душа мая да Бога моцнага, жывога: калі ж пайду я і з’яўлюся перад Богам? Сталі хлебам слёзы мае днём і ноччу, калі кажуць мне штодня: «Дзе ж Бог твой?» Прыпамінаю я гэта, і хвалююся ў душы маёй, бо я прыйшоў у грамадзе, у самы дом Божы, з голасам радасці і вызнання ў святкаванні ўслаўляючай працэсіі. Чаму ты смутная, душа мая, і чаго трывожышся ўва мне? Май надзею ў Богу, бо я ўсё роўна буду вызнаваць Яго: «Збаўленне аблічча майго» і «Бог мой». Ува мне самім душа мая маркотная, таму ўспамінаю Цябе з зямлі Ярдана і Гэрмону, з гары Мізар. Бездань заклікае бездань пад шум вадаспадаў Тваіх. Усе віры Твае і хвалі Твае на мяне нахлынулі. Калі ўдзень надзеліць мяне Госпад ласкаю Сваёю, то і ноччу песня для Яго ёсць у мяне: малітва да Бога жыцця майго. Кажу я Богу: «Ты — мая скала. Чаму забываешся Ты пра мяне? Чаму я крочу засмучаны, а вораг чыніць мне пераслед?» Уздрыгваюць косці мае, а тыя, што прыцясняюць мяне, зняважылі мяне і кажуць мне штодзень: «Дзе Бог твой?» Чаму ты смутная, душа мая, і чаго трывожышся ўва мне? Май надзею ў Богу, бо я ўсё роўна буду вызнаваць Яго: «Збаўленне аблічча майго» і «Бог мой».
Судзі мяне, Божа, і аддзялі справу маю ад народа несвятога; вырві мяне ад чалавека несправядлівага і хітрага. Бо Ты — Бог прыстанішча майго; чаму ж Ты мяне адкінуў і чаму крочу я сумны, а вораг чыніць мне пераслед? Пашлі святло Тваё і праўду Тваю, хай яны вядуць мяне і хай завядуць мяне на святую гару Тваю і ў шаты Твае. І пайду я да ахвярніка Божага, да Бога весялосці ў радасці маёй. І буду вызнаваць Цябе на гуслях, Божа, Божа мой! Чаму ты смутная, душа мая, і чаго трывожышся ўва мне? Май надзею ў Богу, бо я ўсё роўна буду вызнаваць Яго: «Збаўленне аблічча майго» і «Бог мой».
Кіраўніку хору. Сыноў Корэ. Маскіль. Божа, на свае вушы мы пачулі; нашы бацькі нам расказалі пра справу, якую ўчыніў Ты ў дні іх, у дні даўнейшыя. Ты рукой Тваёю прагнаў паганаў і насадзіў іх, вынішчыў народы і памножыў іх. Бо яны не сваім мячом завалодалі зямлёю і не іх плячо збавіла іх, а Твая правіца, і плячо Тваё, і святло аблічча Твайго, бо Ты іх узлюбіў. Ты — Валадар мой і Бог мой, Які даруеш збаўленне Якубу. З Табою мы праганялі непрыяцеляў нашых і ў імя Тваё стапталі паўстаючых супраць нас. Бо не ў сваім луку я ўпэўнены быў, і не меч мой збаўляў мяне. Але Ты збавіў нас ад нападнікаў нашых і тых, што ненавідзелі нас, Ты пасарамаціў. Цэлы дзень мы будзем пахваляцца Богам і будзем вызнаваць імя Тваё вечна. Цяпер жа адпіхнуў Ты нас і пасарамаціў нас і не будзеш выступаць, Божа, побач з дабрадзейнасцямі нашымі. Павярнуў Ты нас на ўцёкі перад непрыяцелямі нашымі; і тыя, што ўзненавідзелі нас, разрабавалі для сябе. На ўбой выдаў Ты нас, быццам авечак, ды між народаў расцерушыў Ты нас. Народ Свой прадаў Ты за марную плату і не шмат здабыў Ты, прадаўшы яго. Ты выставіў нас на ганьбу нашым суседзям, на пагарджанне і на пасмешышча тым, што жывуць навокал нас. Ты выставіў нас, як прыказку між паганамі, на пагардлівае ківанне галавою між народамі. Няслава мая цэлы дзень перада мною, і сорам твару майго агарнуў мяне ад голасу таго, хто ўпікае мне і ўзводзіць паклёп на мяне, ад аблічча непрыяцеля і ката. Усё гэта найшло на нас, мы, аднак, не забыліся пра Цябе і не ўчынілі несправядлівасці ў адносінах да запавету Твайго. Усё ж не адступілася назад сэрца наша і ногі нашыя не збочылі са сцежкі Тваёй; але Ты ўпакорыў нас у месцы лісіным і прыкрыў нас ценем смерці. Калі б мы забыліся імя Бога нашага і калі б працягнулі рукі да боства чужога, ці ж бы Бог не спытаў бы з нас за гэта? Ён жа пазведаў таямніцы сэрца. Бо дзеля Цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі на зарэз. Прабудзіся, чаму дрэмлеш, Госпадзе? Прачніся і не пакідай [нас] да канца! Чаму адварочваеш аблічча Сваё, забываешся пра гора наша і бяду нашую? Бо ўпакорана ў попеле душа наша, цесна звязана з зямлёю чэрава наша. Паўстань, Госпадзе, падтрымай нас і адкупі нас дзеля міласэрнасці Тваёй.
Кіраўніку хору. На мелодыю “Лілія”. Сыноў Корэ. Маскіль, вясельная. Песня кахання. Вымавіла сэрца маё добрае слова, распавядаю я пра творы мае цару; язык мой — пяро пісара, які спрытна піша. Прыгажэйшы ты выглядам між сыноў людскіх, разлілася ласка на тваіх вуснах, таму дабраславіў цябе Бог павечна. Прыперажы меч твой да паясніцы тваёй, о наймагутнейшы, — гонар твой і красу! У красе тваёй выйдзі наперад, узыдзі на калясніцу дзеля праўды, літасцівасці і справядлівасці, і хай кіруе табою мужная твая правіца, народы падаюць перад табою. Стрэлы твае вострыя — у сэрцы ворагаў цара. Пасад Твой, Божа, на векі вечныя, і жазло справядлівасці — жазло валадарства Твайго. Узлюбіў Ты справядлівасць і ўзненавідзеў беззаконне, таму намасціў цябе, Божа, Бог твой алеем радасці больш за супольнікаў тваіх. Міра, алой і касія — на ўсёй адзежы тваёй, з дамоў слановай косці лютні весяляць цябе. Царскія дочкі — сярод скарбаў тваіх; стаіць царыца праваруч цябе, прыбраная ў золата з Афіра. Слухай, дачка, глянь і нахілі вуха тваё, і забудзься пра народ твой і пра дом бацькоў тваіх, цар прагне прыгажосці тваёй. Паколькі ён — валадар твой, пакланіся яму. Дачка Тыру — з падарункамі, багацеі з народа шукаюць у цябе ласкавасці. Надзвычайна славутая дачка цара — унутры, агорнутая залатымі тканінамі. У шматколернай вопратцы прыводзяць яе да цара; дзевы, яе сяброўкі, следам за ёй ідуць да цябе. Ідуць яны ў весялосці і радасці, прыводзяць іх у дом цара. Месца тваіх бацькоў зоймуць твае сыны, установіш ты іх князямі над усёй зямлёй. Я зраблю памятным імя Тваё з роду ў род, і дзеля таго вызнаваць Цябе будуць народы вечна і на векі вечныя.
Кіраўніку хору. Сыноў Корэ. Паводле «Аламот...» Песня. Бог — наша прыстанішча і магуцце, хуткі памочнік у нягодах. Таму не пабаімся, калі б зямля захісталася і горы перанесліся ў сэрца мора. Хай шумяць і ўздымаюцца яго воды, дрыжаць горы, здрыгануцца горы ў хваляванні Яго. Воды ракі радуюць горад Божы, святы прыпынак Найвышэйшага. Бог знаходзіцца ў ім, і ён не пахіснецца. Бог дапаможа яму на світанні. Узбурыліся народы, захісталіся царствы; падаў Ён голас Свой — расцяклася зямля. Госпад магуццяў з намі, прыстанішча наша — Бог Якубаў. Прыходзьце і пабачце справы Божыя, якія дзівосы чыніць Ён на зямлі. Ён спыняе войны аж па край зямлі. Ён трэ лукі і ламае зброю, а шчыты паліць агнём. Спачніце і паглядзіце, што Я — Бог: буду ўзнесены Я між народамі і буду ўзнесены Я на зямлі. Госпад магуццяў з намі, прыстанішча наша — Бог Якубаў.
Кіраўніку хору. Сыноў Корэ. Псальм. Усе народы пляскайце ў далоні, слаўце Бога голасам радасці. Бо Госпад — найвышэйшы, страшны, магутны Валадар над усёй зямлёй. Ён падначальвае нам народы і плямёны пад нашы ногі. Выбраў Ён для нас спадчыну нашу, хвалу Якуба, якога палюбіў. Уваходзіць Бог між радасці і Госпад пры гуку трубы. Спявайце Богу, спявайце. Спявайце Валадару нашаму псальмы. Бо Валадар усёй зямлі — Бог, спявайце ж з мудрасцю. Бог валадарыць над народамі, Бог сядзіць на пасадзе Сваім святым. Князі народаў сышліся з народам Бога Абрагамава, бо шчыты зямныя — у Бога: Ён узвысіўся вельмі высока.
Песня. Псальм. Сыноў Корэ. Вялікі Госпад і праслаўлены вельмі ў горадзе нашага Бога. Святая гара Яго, прыгожы ўзгорак — радасць усёй зямлі. Гара Сіён, скрай поўначы, горад вялікага Валадара. Бог у дамах яго вядомы зрабіўся як прыстанішча. Бо сышліся цары, сабраліся, як адзін. Калі ж самі ўбачылі, так здзівіліся, што стрывожыліся і ўцяклі. Страх напаў там на іх і боль, быццам у парадзіхі. Ветрам усходнім скрышыў Ты караблі Тарсіскія. Так, як мы спачулі, так і пабачылі ў горадзе Бога Магуццяў, у горадзе нашага Бога, Бог заснаваў яго навек. Мы разважаем, Божа, пра Тваю міласэрнасць пасярод святыні Тваёй. Як імя Тваё, Божа, так і хвала Твая — да ўскрайкаў зямлі. Правіца Твая поўная справядлівасці. Хай весяліцца гара Сіён, хай радуюцца дочкі Юды з прычыны Тваіх судоў. Абыдзіце Сіён наўкола і абдыміце яго, палічыце яго вежы. Адчуйце сэрцам вашым магуцце яго і прабяжыцеся ўздоўж дамоў яго, каб расказаць іншаму пакаленню. Бо гэта і ёсць Бог, Бог наш навечна і на векі вечныя; Ён павядзе нас праз вякі.
Кіраўніку хору. Сыноў Корэ. Псальм. Паслухайце пра гэта, усе народы, настаўце вушы, усе жыхары свету, усе простыя людзі, як і вяльможы, разам, як адзін, — багаты і бедны. Мае вусны выкажуць мудрасць, а развага сэрца майго — разважнасць. Нахілю я вуха маё на прыпавесць, пры звоне псалтыры адкрыю маю загадку. Чаго мне баяцца ў дні ліхія, калі несправядлівасць падступных акружыць мяне? Яны ўпэўнены ў сваім магуцці і мноствам багацця свайго хваляцца. Але ж сам сябе чалавек не адкупіць, не дасць ён Богу ахвяры адкуплення свайго. Збаўленне душы яго вельмі каштоўнае, так што ніколі не хопіць, каб хто дажыў да самага канца і не бачыў загубы. Бо ўбачыць ён, што памруць мудрыя і аднолькава гінуць неразумны і дурань, пакідаючы свае багацці чужым людзям. Магілы іх — дамы іх навечна, калі нават назавуць яны імёнамі сваімі свае землі. І чалавек, калі ён у пашане, не век трывае ў ёй; прыпадобнены ён да быдла, якое прападае; і стаўся ён падобны да іх. Такая дарога тых, у якіх спадзяванне на саміх сябе, і такі канец тых, якія сваёй гаворкай захапляюцца. Як авечкі, і яны ў пекле кладуцца, смерць пасе іх; а справядлівыя гаспадараць над імі, хутка знікне іх воблік: апраметная — іх жытло. Ды ўсё ж Бог адкупіць душу маю, з рук апраметнай сапраўды прыме мяне. Не бойся, калі чалавек зробіцца багатым, калі памножана будзе заможнасць яго дома. Бо калі памрэ ён, то нічога з сабой не забярэ, і яго заможнасць разам з ім не пойдзе. Хаця супакойваў ён сам сябе пры жыцці ў душы сваёй: «Будуць хваліць цябе за тое, што ты добра ўчыніў сабе», аднак пойдзе ён да роду бацькоў сваіх, якія ўжо ніколі не ўбачаць святла. Чалавек, які жыве ў пашане і не разумее; прыпадобнены ён да быдла, якое прападае бясследна; і ёсць ён падобны да іх.
Псальм. Асафа. Бог багоў Госпад прамовіў і паклікаў зямлю ад усходу сонца аж на захад. З Сіёна, поўнага красы, заззяў Бог. Бог наш прыйшоў і не маўчыць: агонь паглынаючы перад Ім, а вакол Яго магутная навальніца. Кліча Ён зверху неба і зямлю, каб судзіць народ Свой: «Збярыце да мяне святых Маіх, якія ўпарадкавалі запавет Мой праз ахвяру». І абвяшчаюць нябёсы Яго справядлівасць, бо Бог ёсць Суддзя. Паслухай, народзе Мой, Я буду прамаўляць! Ізраэль, Я буду сведчыць супраць цябе: «Я Бог, Я твой Бог. Не буду вініць цябе за твае ахвяры, твае цэласпаленні заўсёды перада Мною. Не прыму з дому твайго цялятаў ані казлоў са статкаў тваіх. Бо маімі з’яўляюцца ўсе лясныя звяры, [кожная] жывёла на тысячах гор. Знаю Я ўсіх паднебных птушак, і тое, што на полі варушыцца, вядома Мне. Калі захачу есці, не скажу табе, бо мой увесь свет і ўсё, што яго запаўняе. Ці ж буду Я есці мяса валовае або піць кроў казліную? Складай ахвяру Богу на хвалу і перадавай твае малітвы з абяцаннямі Найвышэйшаму». А тады пакліч Мяне ў дзень бяды, і Я ўратую цябе, і ты будзеш ганараваць Мяне. Грэшніку ж кажа Бог: «Чаму ты распавядаеш прыказанні Мае і прымаеш запавет Мой у вусны? Ты ж ненавідзіш павучанне і адкідаеш словы Мае назад. Убачыўшы злодзея, ты бяжыш разам з ім і з распуснікамі ты дружыш. Вусны свае распускаеш ты на непрыстойнасці, і язык твой пляце хітрыкі. Седзячы, гаварыў ты супраць брата твайго і зневажаў сына маці тваёй. Гэтак ты чыніш, а Я маўчу. Ці не думаеш ты, што Я быў падобны да цябе? Я буду абвінавачваць цябе, і адкрыю гэта [ўсё] перад табою. Зразумейце гэта вы, што забываеце пра Бога; калі схаплю вас Я, то не будзе каму вас ратаваць. Хто складзе ахвяру хвалы, уславіць Мяне; таму, хто беззаганны на шляху [сваім], пакажу Я збаўленне Божае».
Кіраўніку хору. Псальм. Давідаў. Калі прыбыў да яго прарок Натан, пасля таго як учыніў ён грэх з Бэтсэбай. Злітуйся нада мною, Божа, паводле міласэрнасці Тваёй; і паводле мноства літасцівасці Тваёй зруйнуй правіннасць маю. Яшчэ больш абмый мяне ад правіннасці маёй і ад граху майго ачысці мяне. Бо я прызнаю правіннасць маю, і грэх мой заўсёды перада мною. Перад Табой, перад Табой адзіным зграшыў я і тое, што ліхім ёсць перад Табою, дапусціў я. Ты справядлівы у прысудзе Тваім і пераможаш на судзе Тваім. Вось жа нарадзіўся я ў правіннасці, і ў граху пачала мяне маці мая. Вось жа палюбіў Ты праўду ў сэрцы і патаемна адкрыў Ты мне мудрасць. Пакрапі мяне гізопам — і стану чыстым, памый мяне — і стану бялейшы за снег. Дай мне пачуць пацеху і весялосць, і ўзрадуюцца косці, якія Ты паламаў. Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх, і зруйнуй усе мае правіннасці. Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і моцны дух аднаві ва ўлонні маім. Не адганяй мяне ад Твайго аблічча і Духа Святога Твайго не адбірай у мяне. Вярні мне пацеху збаўлення Твайго і самым руплівым духам узмацуй мяне. Буду вучыць я збачэнцаў з Тваіх дарог, і тады бязбожнікі вернуцца да Цябе. Вызваль мяне ад [віны пралітай] крыві, Божа, Божа збаўлення майго. Хай славіць радасна язык мой справядлівасць Тваю. Госпадзе, адчыні вусны мае, і вусны мае стануць апавяшчаць Тваю хвалу. Але ж не пацяшае Цябе ахвяра, цэласпаленне, калі прынясу яго, Табе не спадабаецца. Ахвяра Богу — дух спакутаваны; сэрца стурбаванага і пакорлівага, Божа, Ты не адцураешся. Будзь спагадлівым, Госпадзе, у Сваёй добразычлівасці да Сіёна, каб збудаваліся муры Ерузаліма. Тады прымеш Ты ахвяру справядлівасці, прынашэнні і цэласпаленні; тады буду складаць на ахвяру Табе цялят.
Кіраўніку хору. Маскіль. Давідаў. Пасля таго, як Даэг эдаміт прыйшоў да Саўла і паведаміў яму, кажучы: «Давід увайшоў у дом Ахімэлеха». Чаго фанабэрышся злосцю, ты, магутны [сваёй] несправядлівасцю? Увесь дзень думаеш пра загубу; язык твой, як вострая брытва, ты, крывадушнік. Любіш ты ліхое больш за добрае, хлусню больш, чым казаць справядлівае. Любіш ты розныя пагібельныя словы, хітры язык! Таму знішчыць цябе Бог да канца, адпіхне цябе, і выкіне цябе з палаткі, а корань твой — з зямлі жывых. Убачаць справядлівыя і спалохаюцца, і будуць смяяцца з яго: «Вось жа чалавек, які не прызнаў Бога сваім прыстанішчам, але надзею сваю паклаў у вялікім багацці сваім, і ўздужэў у злачынствах сваіх». А я вось, як аліўка зялёная ў доме Божым. Я паклаў надзею ў міласэрнасці Божай навечна і на векі вечныя. Буду Цябе славіць на векі заўсё, што ўчыніў Ты, і буду чакаць імя Твайго, бо яно добрае, перад святымі Тваімі.
Кіраўніку хору. Паводле «Махалат». Маскіль. Давідаў. Неразумны кажа ў сэрцы сваім: «Няма Бога». Разбэсціліся яны і ўчынілі гнюсныя злачынствы; няма нікога, хто б чыніў дабро. Бог з неба зірнуў на сыноў чалавечых, каб паглядзець, ці ёсць такі, хто разумее або шукае Бога. Усе адвярнуліся, як адзін, разбэсціліся, няма нікога, хто б чыніў дабро, няма аніводнага. Ці не зразумеюць усе тыя, што чыняць несправядлівасць, тыя, што пажыраюць народ Мой, быццам лусту хлеба? Бога не паклікалі яны; там трымцелі яны ад страху, дзе страху не было. Бо Бог рассыпаў косці тых, якія цябе прыгняталі; пасаромлены яны, бо Бог адцураўся іх. Хто дасць з Сіёна збаўленне для Ізраэля? Калі адменіць Бог долю народа свайго, тады ўзрадуецца Якуб і ўзвесяліцца Ізраэль.
Кіраўніку хору. На струнах. Маскіль. Давідаў. Пасля таго, як зіфейцы прыйшлі да Саўла, кажучы: «Вось, Давід у нас хаваецца». Божа, збаў мяне ў імя Тваё і ў магуцці Тваім судзі мяне. Божа, выслухай маё маленне, вушамі ўспрымі словы маіх вуснаў. Бо пыхліўцы падняліся супраць мяне і моцныя шукалі душу маю, і не паставілі яны Бога перад сабою. А вось Бог падтрымлівае мяне, Госпад — абаронца душы маёй. Павярні ліха на непрыяцеляў маіх і ў праўдзе Тваёй павынішчай іх. Добраахвотна складу я ахвяру Табе, вызнаваць буду імя Тваё, Госпадзе, бо яно добрае; бо ўратаваў Ён мяне ад усіх бед, і на непрыяцеляў маіх глядзела з пагардай вока маё.
Кіраўніку хору. На струнах. Маскіль. Давідаў. Успрымі вушамі, Божа, малітву маю і не ўхіляйся ад малення майго. Звярні ўвагу на мяне і выслухай мяне! Я стрывожаны ў розуме маім і стурбаваны ад голасу непрыяцеля і ад уціску грэшніка. Бо яны ўзвальваюць на мяне несправядлівасць і ў гневе назалялі мне. Пакутуе ўва мне маё сэрца, і смяротны жах напаў на мяне. Страх і трымценне апанавалі мяне, і ахапіў мяне сполах. І кажу: «О, каб меў я крылы, як галубка, — і паляцеў бы і спачыў бы? Вось, кінуся я наўцёкі і застануся ў пустыні. Буду шукаць я Таго, Хто збавіць мяне ад подыху буры і навальніцы». Расцерушы, Госпадзе, раздзялі мовы іх, бо ўбачыў я раз’ятранасць і гвалт у горадзе. Днём і ноччу ходзяць яны наўкол па мурах яго, несправядлівасць, прыгнёт і злачынства пасярод яго; і не сыходзяць з плошчаў яго круцельства і ашуканства. Бо калі б вораг зневажаў мяне, то, як бы ні было, я вытрываў бы; ці калі б той, што ненавідзіць мяне, паўстаў супраць мяне, я, магчыма, схаваўся б ад яго. Але ты, чалавеча, аднагодак мой, сваяк і прыяцель мой, з якім мелі мы калісьці мілыя зносіны: у доме Божым хадзілі мы ва ўрачыстай працэсіі. Хай сыдзе на іх смерць, хай жывымі сыдуць яны ў пекла, бо злачынства [пануе] у дамах іх, паміж імі. А я паклічу Бога, і Бог збавіць мяне. Вечарам, раніцай і апоўдзень буду я разважаць і ўздыхаць, і Ён пачуе голас мой. Адкупіць Ён у супакоі душу маю ў тых, якія нападаюць на мяне, бо яны сярод многіх — супраць мяне. Пачуе Бог і ўпакорыць іх, бо Ён — спакон вякоў. А яны не мяняюцца і не баяцца Бога. Уздымае ён руку сваю на блізкіх; парушылі яны дамоўленасць сваю. Вусны яго лягчэйшыя за масла, а ў сэрцы іх — вайна, прамовы яго пяшчотнейшыя за алей, але яны — голыя мячы. Ускінь на Госпада клопаты твае, і Ён цябе падтрымае, не дасць Ён ніколі пахіснуцца справядліваму. А Ты, Божа, укінеш іх у студню згубы; людзі крыважэрныя і падступныя не дажывуць да палавіны дзён сваіх, а я вось спадзяюся на Цябе, Госпадзе.
Кіраўніку хору. Паводле «Галубка далёкіх тэрэбінітаў». Давідаў. Міктам. Калі яго філістынцы затрымалі ў Геце. Пашкадуй мяне, Божа, бо растаптаў мяне чалавек, цэлы дзень нападаючы, апанаваў мяне. Тапталі мяне непрыяцелі мае цэлы дзень, бо шмат іх ваюе проці мяне, о Найвышэйшы! У які дзень нападзе на мяне страх, я ў Табе, Усемагутны, маю надзею. У Богу, слова Якога я слаўлю, у Богу паклаў я надзею: не баюся: што можа зрабіць мне чалавек? Цэлы дзень перашкаджалі яны маім справам, усе задумы іх адносна мяне — на ліха. Усчынялі яны лаянку, строілі падкопы, самі сачылі за крокамі маімі. Так, як шукалі яны душу маю, так аддай ім за несправядлівасць, выгубі ў гневе народы, Божа. Ты палічыў вандраванні мае: пакладзі слёзы мае ў бурдзюку Тваім; ці не палічаны яны Табою? Тады павернуцца непрыяцелі мае назад, у які б дзень ні паклікаў я Цябе: вось, спазнаў, што Ты — мой Бог. У Богу, слова Якога буду хваліць, у Госпадзе, слова Якога буду хваліць, у Богу маю я надзею, не буду баяцца: што зробіць мне чалавек? На мне, Божа, абяцанні Твае; аддам я ўхваленні Табе, бо Ты ўратаваў душу маю ад смерці і ногі мае ад падзення, каб хадзіў я перад Богам у святле жывых.
Кіраўніку хору. Паводле «Не руйнуй». Давідаў. Міктам. Калі ён уцёк ад Саўла ў пячору. Злітуйся нада мною, Божа, злітуйся нада мной, бо ў Цябе шукае абароны душа мая. У засені крылаў Тваіх буду шукаць прытулку, пакуль не міне нядоля. Клічу Бога Найвышэйшага, Бога, Які спагадае мне. Ён сашле з неба і вызваліць мяне, Ён аддасць на ганьбу тых, што тапталі мяне. Сашле Бог міласэрнасць Сваю і праўду Сваю. Душа мая ляжыць сярод ільвятаў, што зжыраюць сыноў чалавечых. Зубы іх — зброя і стрэлы, а язык іх — востры меч. Уздыміся, Божа, па-над нябёсы, а слава Твая па ўсёй зямлі. Наставілі пасткі на ногі мае, і надламілася душа мая; выкапалі дол перада мною, і самі ўваліліся ў яго. Прыгатавана сэрца маё, Божа, прыгатавана сэрца маё; буду спяваць і граць псальмы. Прачніся, слава мая, прачніцеся, гуслі і кіфара, я абуджу світанне. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, між народамі, буду спяваць Табе псальмы сярод плямёнаў. Бо ўзвысілася да самых нябёсаў міласэрнасць Твая і да самых аблокаў — праўда Твая. Уздыміся, Божа, па-над нябёсы, па ўсёй зямлі — слава Твая.
Кіраўніку хору. Паводле «Не руйнуй». Давідаў. Міктам. Ці на самай справе, о магутныя, прамаўляеце вы справядліва, ці па праўдзе судзіце вы сыноў чалавечых? Між іншым, чыніце вы ў сэрцы несправядлівасці, на зямлі рукі вашыя спараджаюць раз’ятранасць. Адлучаны грэшнікі ад улоння, зблукалі ад [самага] чэрава тыя, што прамаўляюць фальшыва. Атрута іх падобная да змяінай, быццам у глухой гадзюкі, што закрывае вушы свае, якая не пачуе голасу заклінальнікаў і чараўніка, спрактыкаванага ў заклінанні. Божа, скрышы ім зубы ў іх роце, выламі клыкі ў ільвятаў, Госпадзе. Хай сплывуць яны, як вада імклівая, бы трава стаптаная, хай ссохнуць. Быццам слімак, што знікае, марнеючы, быццам выкідыш жанчыны, які не бачыць сонца. Перш чым катлы вашыя адчуюць крушыннік, [што гарыць], быццам жывы, — так, быццам полымя гневу паглыне іх. Весяліцца справядлівы, калі ўбачыць пакаранне, ён мые свае ногі ў крыві грэшніка. І скажа чалавек: «Ёсць плён для справядлівага, усё ж такі ёсць Бог, Які судзіць іх на зямлі».
Кіраўніку хору. Паводле «Не руйнуй». Давідаў. Міктам. Калі Саўл паслаў мужоў, каб сцерагчы дом і забіць яго. Уратуй мяне, Божа мой, ад непрыяцеляў маіх і ад тых, што паўстаюць на мяне, абарані мяне. Уратуй мяне ад тых, што чыняць несправядлівасць, і ад мужоў, крывёю спэцканых, збаў мяне. Бо вось, паставілі пастку на душу маю, кідаюцца на мяне моцныя. Ані злачынства, ані граху на мне няма, Госпадзе; без правіннасці маёй налятаюць і рыхтуюцца [да нападу]. Прабудзіся, выйдзі мне насустрач і паглядзі. І Ты, Госпадзе Божа магуццяў, Бог Ізраэля, абудзіся, каб наведаць усе народы; не будзь літасцівы да ўсіх, што ўчыняюць па-здрадніцку. Яны вяртаюцца ўвечары, і брэшуць, як сабакі, і абягаюць наўкол горад. Вось, яны выпусцяць голас з вуснаў сваіх, і меч — у вуснах іх: «Хто, — маўляў, — нас пачуе?» Але Ты, Госпадзе, пасмяешся з іх; учыніш ганьбу ўсім народам. Цвярдыня мая, на Цябе зважаю, бо Ты, Божа, — абарона мая. Бог мой, міласэрнасць Яго апярэдзіць мяне. Бог учыніць, што буду я з пагардаю глядзець на непрыяцеляў маіх. Не забівай іх, каб ніколі не забыўся народ мой; расцерушы іх магуццем Тваім і зруйнуй іх, Госпадзе, абаронца мой! Грэх вуснаў іх — слова саміх вуснаў, няхай заблытаюцца яны ў пыхлівасці сваёй. З-за праклёну і хлусні, якія прамаўляюць яны. вынішчы іх у гневе, вынішчы, і не будзе іх; і хай ведаюць, што Бог будзе валадарыць над Якубам да ўскрайкаў зямлі. Яны вяртаюцца увечары, і брэшуць, як сабакі, і абягаюць наўкол горад. Бадзяюцца яны ў пошуках пажывы; калі ж яны не насыцяцца, дык выюць. А я вось буду спяваць пра Тваю магутнасць і ад рання радавацца Тваёй міласэрнасці, бо стаўся Ты мне абаронай і прыстанішчам у дзень бяды маёй. Цвярдыня мая, Табе буду псальмы спяваць, бо Ты, Божа, — абарона мая, Бог мой, міласэрнасць мая.
Кіраўніку хору. Паводле «Лілея закону». Міктам. Давідаў. Дзеля павучання. Калі ён выступіў супраць Арам-Нагараім і Арам-Соба, і калі Ёас, вярнуўшыся, перамог Эдом у Саляным лагу: дванаццаць тысяч [чалавек]. Адпіхнуў Ты нас, Божа, зруйнаваў нас. Ты раззлаваны. Павярніся да нас. Ты страсянуў зямлёю, расшчапіў яе; загаі шчыліны яе, бо хістаецца. Паказаў Ты народу Твайму цяжкасці, напаіў нас віном зменлівасці. Тым, хто баіцца Цябе, Ты даў знак, каб уцякалі яны ад лука. Каб уцалелі, успамажы нам правіцаю Тваёй і выслухай нас. Прамовіў Бог у святыні Сваёй: «Узвесялюся і парозню Сіхэм і памераю лагчыну Сукот. Мой Галаад і мой Манаса, а Эфраім — цвярдыня галавы маёй. Юда — жазло маё. Мааб — посуд мой для мыцця, на Эдом пастаўлю чаравік мой, па-над Філістэяй узнясу покліч мой». Хто завядзе мяне ў горад абаронны? Хто адвядзе мяне аж да Эдома? Ці ж не Ты, Божа, Які адрынуў нас, ці ж не ўзвысішся Ты, Божа, сярод магуццяў нашых? Дай нам успамогу ў бядзе, бо марнае збаўленне людское. З Богам учынім мы магутнасць, і Ён стопча пераследнікаў нашых.
Кіраўніку хору. На струнах. Давідаў. Выслухай, Божа, маленне маё, зваж на малітву маю. З канцоў зямлі ўсклікаў я да Цябе, бо трывожыцца сэрца маё. На скалу непрыступную завядзі мяне! Бо стаўся Ты надзеяй маёй, моцнай вежай перад непрыяцелем. Буду жыць я вечна ў палатцы Тваёй, схаваюся пад покрывам крылаў Тваіх, бо ты, Божа мой, выслухаў абяцанні мае, даў спадчыну тым, што шануюць імя Тваё. Ты дадасі дні да днёў цара, гады ж яго — праз пакаленні і пакаленні. Хай сядзіць ён вечна перад Богам; міласэрнасць і ласка хай захоўваюць яго. Так буду я спяваць псальмы імю Твайму на векі вечныя, каб спаўняць мне абяцанні мае ад дня да дня.
Кіраўніку хору. Паводле Ідытун. Псальм. Давідаў. Толькі ў Богу спачні, душа мая, бо ад Яго — збаўленне маё. Сапраўды, Ён — прыстанішча маё і збаўленне маё, абарона мая — не пахіснуся больш. Што вы кідаецеся на чалавека, быццам на сцяну пахілую або плот павалены, што вы ўсе руйнуеце [яго]? Вось, задумваюць яны спіхнуць мяне з вышыні маёй, захапляюцца маной. Вуснамі сваімі дабраслаўляюць, а сэрцам праклінаюць. Толькі ў Богу спачывае душа мая, бо ад Яго — цярплівасць мая. Сапраўды, Ён — Бог мой і збаўленне маё, абарона мая — не пахіснуся. У Богу — збаўленне маё і слава мая; Бог моцы маёй, і прыстанішча маё — ў Богу. Майце надзею ў Ім, уся грамада людская, адчыніце перад Ім сэрцы вашыя; Бог — прыстанішча для нас. Сапраўды, марнасць — сыны Адамавы, мана — сыны чалавечыя. Калі на шалях яны ўздымаюцца, то ўсе — лягчэйшыя за дым. Не спадзявайцеся на гвалт і не падманвайце сябе крадзяжом, хоць бы багацце і павялічвалася — не прыкладайце [да яго] сэрца. Раз прамовіў Бог, гэтыя дзве рэчы пачуў я: бо сіла — у Бога, і ў Цябе, Госпадзе, — міласэрнасць; бо Ты аддаеш кожнаму па справах яго.
Псальм Давідаў. Калі быў ён у пустыні Юдэйскай. Божа, Ты — мой Бог, перад Табою я чуваю ад світання. Сасмягла па Табе душа мая, Цябе запатрабавала цела маё ў зямлі пустыннай, ссохлай і бязводнай. У святыні адкрыў я Цябе, каб убачыць магуцце Тваё і славу Тваю. Бо міласэрнасць Твая лепшая за жыццё. Вусны мае будуць хваліць Цябе. У жыцці маім дабраслаўляю Цябе, у імя Тваё падымаю я рукі мае. Быццам тукам і маслам алівы, насыціцца душа мая, і голасам радасці хваліць будуць вусны мае. Буду помніць я Цябе на пасцелі маёй, і на золку буду разважаць пра Цябе. бо Ты — Успаможца мой, і пад покрывам крылаў Тваіх я радуюся. Прытулілася да Цябе душа мая, правіца Твая падтрымлівае мяне. А тыя, што будуць шукаць пагібелі для душы маёй, сыдуць у апраметныя зямлі, хай загінуць яны ад мяча, пажывай лісаў будуць. А цар узвесяліцца ў Богу; праслаўлены будуць усе, хто прысягнуў Яму, бо закрыліся вусны тых, хто прамаўляе несправядліва.
Кіраўніку хору. Псальм. Давідаў. Выслухай, Божа, голас мой у роздуме маім; ад страху непрыяцеля ўсцеражы душу маю. Захавай мяне ад зборышча ліхадзеяў, ад мноства тых, што чыняць несправядлівасць. Яны востраць, быццам меч, языкі свае, накіравалі стрэлы свае, атрутныя словы, каб употай працяць стралой беззаганнага. Знянацку стрэляць яны ў яго і не пабаяцца. Умацавалі яны ў сабе нягодны намер. Змовіліся яны, каб патаемна наставіць сеці, сказалі: «Хто ўбачыць іх?» Выдумляюць яны злачынствы, ажыццяўляюць прыдуманыя намеры. Унутранае чалавека і сэрца яго — бездань. І Бог паб’е іх стрэламі; знянацку з’явяцца раны Яго. І зрабіў Ён бяссільнымі языкі іх. Адвернуць галовы ўсе, хто ўбачыць іх. І кожны чалавек будзе баяцца; і будуць абвяшчаць справы Божыя і будуць асэнсоўваць учынкі Яго. Узвесяліцца справядлівы ў Госпадзе і будзе мець у Ім надзею, і ўслаўлены будуць усе праўдзівыя сэрцам.
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. Песня. Божа, Ты варты гімна на Сіёне; і перад Табой хай споўніцца абяцанне ў Ерузаліме. Ты выслухоўваеш малітвы; да Цябе прыходзіць кожнае цела з-за грахоў, і нават пры цяжары бязвер’я нашага Ты спагадаеш нам. Шчасны той, каго Ты абярэш і прымеш; будзе жыць ён у палацах Тваіх. Мы напоўнімся дабротамі дому Твайго, святасцю святыні Тваёй. Дзівосным чынам у справядлівасці Ты пачуеш нас, Божа збаўлення нашага, надзея ўсіх канцоў зямлі і далёкага мора. Ты — што ўмацоўваеш горы магуццем Тваім, апярэзаны сілаю. Ты — што глушыш шум мора, шум хваль яго і бунт народаў. І будуць баяцца тыя, што насяляюць межы зямлі, знакаў Тваіх; ускрайкі ўсходу і захаду Ты пацешыш. Наведаў Ты зямлю і навадніў яе, узбагаціў Ты яе разнастайна. Ручай Бога поўны водамі; уладкаваў Ты хлеб іх, бо так уладкаваў Ты яе. Ты — што барозны яе вадою поіш, Ты — што глебу яе раўняеш; Ты змягчаеш яе дажджамі, дабраслаўляеш яе пладамі. Ты ўвянчаў год дабром Тваім, і сляды Твае будуць струменіцца тлушчам. Будуць струменіцца пустынныя выганы, і ўзгоркі апяражуцца радасцю. Лугі апрануліся ў авечак, і лагчыны напоўняцца хлебам; будуць усклікаць яны і гімн [Табе] заспяваюць.
Кіраўніку хору. Песня. Псальм. Усклікайце радасна да Бога, кожная зямля, псальм спявайце славе імя Яго, услаўляйце славу Яго. Кажыце Богу: «Якія ж [неспасцігальна] страшныя справы Твае!» Дзеля велічнасці моцы Тваёй будуць падлашчвацца да Цябе непрыяцелі Твае. Кожная зямля паклоніцца Табе і будзе спяваць псальмы Табе, праспявае псальм імю Твайму. Прыйдзіце і паглядзіце на справы Божыя, [неспасцігальна] страшны Ён у вынаходніцтвах над сынамі чалавечымі! Пераўтварыў Ён мора ў сушу, і па рацэ перайдуць пехатою; там узвесялімся мы ў Ім. Ён валадарыць у магуцці Сваім вечна, вочы Яго пазіраюць на народы, бунтаўнікі хай не ўзвышаюцца самі ў сабе. Дабраславіце, народы, Бога нашага, і ўчыніце, каб пачуты быў голас хвалы Яго; Ён прыклаў душу нашу да жыцця і не выдаў на хістанне ногі нашы. Бо Ты праверыў нас, Божа наш, агнём нас выпрабаваў, як выпрабоўваюць срэбра. Увёў Ты нас у пастку, усклаў беды на спіну нашу. Насадзіў Ты людзей на галовы нашы, прайшлі мы праз агонь і ваду, і вывеў Ты нас да палёгкі. Увайду я ў дом Твой з цэласпаленнямі; аддам Табе абяцанні мае, якія прараклі вусны мае і прамовіў язык мой у бядзе маёй. Тлустыя цэласпаленні прынясу я Табе з ахвяраваннем бараноў, прынясу Табе быкоў з казламі. Прыйдзіце, паслухайце, што я распавяду, вы ўсе, што шануеце Бога, — што ўчыніў Ён для душы маёй. Да Яго паклікаў я вуснамі маімі і ўзвялічыў языком маім. Калі ж схіліўся б я да несправядлівасці ў сэрцы сваім, то не выслухае Госпад. Таму выслухаў Бог, звярнуў увагу на маленне маё. малітвы маёй і [не аддаліў] міласэрнасці Сваёй ад мяне.
Кіраўніку хору. На струнах. Псальм. Песня. Хай злітуецца Бог над намі і падабраславіць нас; хай пралье святло аблічча Свайго над намі, каб пазналі на зямлі шлях Твой, між усіх народаў — збаўленне Тваё. Хай вызнаюць Цябе народы, Божа; хай вызнаюць Цябе народы ўсе. Хай весяляцца і радуюцца народы, бо Ты судзіш народы ў справядлівасці і кіруеш людам на зямлі. Хай вызнаюць Цябе народы, Божа, хай вызнаюць Цябе народы ўсе. Зямля дала плод свой; хай дабраславіць нас Бог, Бог наш, хай дабраславіць нас Бог, і няхай баяцца Яго ўсе канцы зямлі.
Кіраўніку хору. Давідаў. Псальм. Песня. Паўстае Бог, і рассейваюцца непрыяцелі Яго; і ўцякаюць ад аблічча Яго тыя, што ненавідзяць Яго. Як рассейваецца дым, Ты рассееш іх; як плавіцца воск ад агню, так згінуць грэшнікі ад Бога. Справядлівыя ж будуць весяліцца і радавацца перад Богам і адчуюць асалоду ў весялосці. Спявайце Богу, спявайце псальм імю Яго; учыніце дарогу Таму, Які ўзносіцца над аблокамі: імя Яму — Госпад. Усклікайце радасна перад Ім; бацька сірот і суддзя ўдоў, Бог у доме Сваім святым. Бог, Які селіць пакінутых у доме, Які выводзіць вязняў да дабрабыту; між тым бунтаўнікі будуць жыць на няплоднай зямлі. Божа, калі ішоў Ты перад народам Тваім, калі праходзіў Ты па пустыні, зямля здрыганулася, нават нябёсы струмяніліся перад Богам Сіная, перад Богам Ізраэля. Выпусціў Ты, Божа, дождж самаўладна; спадчына Твая саслабела — Ты ж аднавіў яе. Жывыя стварэнні Твае жылі там, падрыхтаваў Ты [усё] для беднага ў дабраце Сваёй. Госпад дае слова і абвяшчаюць добрае, вялікае мноства: «Цары войскаў уцякаюць, уцякаюць, а краса дому дзеліць здабычу. А вы спіце ў агароджах сваіх: крылы галубіцы ззяюць срэбрам, а пер’е іх — яснасцю золата. Калі разганяе па ёй цароў Усемагутны, снегам бялеецца Сэлмон». Гара Божая — гара Басан, гара крутая — гара Басан. Што глядзіце вы з пагардаю, горы крутыя, на гару, дзе спадабалася пасяліцца Богу? Бо Госпад паселіцца навечна. Калясніц Божых дзесяць тысяч тысяч: Госпад прыходзіць з Сіная ў святое месца. Узышоў ты на вышыню, палоннага прывёў у палон; атрымаў людзей у падарунак, каб нават бунтаўнікі пасяліліся ў Госпада Бога. Дабраславёны Госпад штодня; панясе нас Бог збавенняў нашых. Бог наш, Бог дзеля збаўлення; і ў Госпада, у Госпада — брама смерці. Але ж Бог знясе галовы Сваім непрыяцелям, валасатую чупрыну — тым, хто трывае ў сваіх злачынствах. Госпад сказаў: «Ад Басана прывяду назад, выведу назад з глыбіні марской, каб намачылася нага твая ў крыві, каб язык тваіх сабак атрымаў кавалак ад непрыяцеляў». Убачылі яны шэсце Тваё, Божа, шэсце Бога майго, Цара майго, у святое месца. Наперадзе ішлі спевакі, апошнімі ідуць гусляры, у цэнтры — дзяўчаты з бубнамі. У святынях дабраслаўляйце Бога, Госпада, вы, ад вытокаў Ізраэля. Там маладзенькі Бэньямін, што ўладарыць імі, князі Юды з харугвай сваёю, князі Забулона, князі Нэфталі. Даручы, Божа, магуццю Твайму; умацуй тое, Божа, што ты стварыў у нас! У святыні Тваёй, у Ерузаліме, цары прынясуць Табе дары! Напалохай звера ў трыснягу, статак быкоў сярод цялят народаў, якія хваляцца зліткамі срэбра. Разгані народы, якія імкнуцца да войнаў. Хай прыйдуць магнаты з Егіпта, хай Этыёпія працягне рукі свае да Бога. Валадарствы зямныя, спявайце Богу, грайце Госпаду, грайце Богу. Які імкнецца паўздоўж неба нябёсаў на ўсход; вось, падасць Ён голас Свой, голас магуцця. Прызнайце магуцце за Богам. Вышэй за Ізраэль веліч Яго, і магуцце Яго — у аблоках. Дзівосны Ты, Божа, ад святога месца Твайго! Бог Ізраэля Сам надасць магуцце і моц Свайму люду. Дабраславёны Бог!
Кіраўніку хору. Паводле «Лілея...» Давідаў. Збаў мяне, Божа, бо падступіліся воды аж да горла майго. Заграз я глыбока ў балоце і няма дна; увайшоў я ў глыбокія воды, і цячэнне цягне мяне. Знямогся я, крычучы, ахрыплым сталася горла маё; стаміліся вочы мае, так чакаю я Бога майго. Больш чым валасоў на маёй галаве тых, што зненавідзелі мяне без прычыны. Падужэлі тыя, што чыняць мне пераслед, ворагі мае лжывыя; чаго не забіраў, аддаваў я тады. Божа, Ты ведаеш неразумнасць маю, і злачынствы мае ад Цябе не ўтоены. Хай не пачырванеюць за мяне тыя, што чакаюць Цябе, Госпадзе, Госпадзе магуццяў. Хай не пасаромеюцца з-за мяне тыя, што шукаюць Цябе, Божа Ізраэля! Бо з-за Цябе цярплю я ганьбу, сорам пакрывае твар мой; чужым стаўся я для братоў маіх, і іншаземцам для сыноў маці маёй. Бо руплівасць па доме Тваім згрызае мяне, і знявагі тых, што зневажалі Цябе, звалілася на мяне. І аплакаў я ў посце душу маю, і залічылі яны гэта ганьбаю для мяне. Валасяніца на мне замест адзення майго, і стаўся я пасмешышчам для іх. Нагаворваюць супраць мяне тыя, што сядзяць пры браме, і спяваюць пра мяне тыя, што п’юць віно. А я — малітву маю да Цябе, Госпадзе, у час спагаднасці Тваёй, Божа. У бязмежжы міласэрнасці Тваёй выслухай мяне, у праўдзе збаўлення Твайго. Уратуй мяне з багны, каб я не заграз, уратуй, калі ласка, ад тых, што ненавідзяць мяне, і ад водных глыбіняў. Хай не зацягне мяне цячэнне водаў, хай не праглыне мяне вір, хай не самкне нада мною бездань пашчы сваёй, хай не закрые нада мной студня ўваходу свайго. Выслухай мяне, Госпадзе, бо спагадная міласэрнасць Твая; у бязмежжы міласэрнасці Тваёй зірні на мяне. І не адварочвай аблічча Твайго ад слугі Твайго; бо перапалоханы я, хутчэй выслухай мяне. Прыхініся да душы маёй, абарані яе, барані мяне ад непрыяцеляў маіх. Ты ведаеш ганьбу маю, і сорам мой, і знявагу маю. Перад Табою — усе тыя, што прыгнятаюць мяне; ганьба знявечыла сэрца маё, і я змогся. І чакаў я таго, хто б падзяліў са мною смутак — і не было нікога, і таго, хто б суцешыў, — і не знайшоў. І далі яны для ежы мне жоўць, і ў смазе маёй напаілі мяне воцатам. Хай стол іх станецца ім сілом, і адплатаю, і згаршэннем. Хай вочы іх зацемрацца, каб не бачылі, і сцёгны іх абнясіль назаўсёды. Вылій на іх гнеў Твой, і лютасць гневу Твайго хай ахопіць іх. Хай будзе пустым іх панадворак, і ў палатках іх не будзе таго, хто б жыў у іх. Бо таму, каго Ты пакараў, яны пераслед чынілі і павялічылі пакуту таго, каго Ты параніў. Прыкладзі несправядлівасць да несправядлівасці іх, і хай яны не прыйдуць да справядлівасці Тваёй. Хай выкрасляць іх з кнігі жывых і са справядлівымі хай не будуць упісаны. А я — бедны і спакутаваны; збаўленне Тваё, Божа, падтрымлівае мяне. Буду хваліць я імя Бога з песняю і ўзвялічваць буду Яго ў пахвале. І спадабаецца Госпаду [гэта] больш за валоў, больш за цяля, у якога рогі і капыты падрастаюць. Хай убачаць пакорлівыя і хай узвесяляцца; шукайце Бога і ажыве сэрца вашае, бо выслухаў бедных Госпад і вязняў Сваіх не адцураўся. Хай хваляць Яго нябёсы і зямля, моры і ўсе рэптыліі ў іх. Бо Бог збавіць Сіён і пабудуе гарады Юды; і паселяцца яны там і будуць ім валодаць. І нашчадкі слуг Яго атрымаюць яго ў спадчыну, і тыя, што любяць імя Яго, будуць жыць у ім.
Кіраўніку хору. Давідаў. На ўспамін. Божа, на ўспамогу мне накіруйся; Госпадзе, паспяшайся, каб падтрымаць мяне. Хай пасаромяцца і збянтэжацца тыя, што шукаюць душу маю. Хай павернуцца назад і пачырванеюць тыя, што жадаюць мне ліха. Хай аслупянеюць ад сораму свайго тыя, што кажуць мне: «Добра, добра». Хай узрадуюцца і ўзвесяляцца ў Табе ўсе тыя, што шукаюць Цябе, і тыя, што любяць збаўленне Тваё, хай гавораць заўсёды: «Узвялічаны будзь, Божа». А я — няшчасны і бедны; Божа, паспяшы да мяне. Ты — Успаможца мой і Збаўца мой! Госпадзе, не марудзь!
У Табе, Госпадзе, маю надзею: не пасаромлюся навек. У Сваёй справядлівасці вызваляй мяне і ратуй мяне, нахілі да мяне сваё вуха і збаў мяне. Будзь для мяне скалой абароны і ўмацаваным домам, каб збавіў Ты мяне, бо Ты цвярдыня мая і прыстанішча маё. Божа мой, вырві мяне з рукі грэшніка і з рукі беззаконнага і несправядлівага. Бо Ты — чаканне маё, Госпадзе; Госпадзе, надзея мая ад юнацтва майго. На Табе я ўгрунтаваўся ад нараджэння, з улоння маці маёй Ты апякун мой, для Цябе хвала мая заўсёды. Мо дзіўным паказаўся я для многіх, а Ты — магутны Успаможца. Хай напоўняцца вусны мае хвалою Тваёй, цэлы дзень — веліччу Тваёй. Не адпіхай мяне ў часіну старасці; калі саслабее магуцце маё, не пакідай мяне. Бо намаўлялі непрыяцелі мае на мяне і тыя, што падпільноўвалі душу маю, учынілі змову, кажучы: «Бог пакінуў яго! Даганіце і схапіце яго, бо няма Таго, Хто ўратуе». Божа, не аддаляйся ад мяне, Божа мой, паспяшы мне на дапамогу. Хай пасаромяцца і знікнуць тыя, што варожа ставяцца да душы маёй; хай пакрыюцца сорамам і ганьбаю тыя, што шукаюць для мяне ліха. А я вось буду заўсёды спадзявацца і памнажаць буду кожную хвалу Тваю. Вусны мае абвясцяць справядлівасць Тваю, цэлы дзень — збаўленне Тваё, бо не ведаю ёй межаў. Прыйду я да сіл Госпада; буду ўспамінаць я толькі пра Тваю справядлівасць. Божа, Ты вучыў мяне ад юнацтва майго, а я аж дасюль абвяшчаю цуды Твае. І да самай старасці і нямогласці, Божа, не пакідай мяне, аж пакуль абвяшчаць буду пра магутную руку Тваю кожнаму пакаленню, якое прыйдзе ў будучым. Сіла Твая і справядлівасць Твая, Божа, аж да вышыняў, учыніў Ты вялікія справы: Божа, хто ж падобны да Цябе? Ты паказаў мне шматлікія і ліхія беды; ды зноў ажывіў Ты мяне і з бездані зямной ізноў вывеў. Ты памнож велічнасць маю і, вярнуўшыся, суцеш мяне. Я таксама буду вызнаваць Цябе, у псалтыры — праўду Тваю, Божа мой, спяваць псальмы Табе буду на гуслях, о Святы Ізраэльскі. Радавацца будуць мае вусны, калі буду спяваць Табе, і мая душа, якую Ты адкупіў; але і язык мой цэлы дзень разважаць будзе пра справядлівасць Тваю, бо пасаромяцца і баяцца будуць тыя, што шукаюць ліха на мяне.
Пра Саламона. Давідаў. Божа, суд Твой перадай цару і справядлівасць Тваю сыну царскаму. Хай валадарыць па справядлівасці над народам Тваім, а над убогімі Тваімі па законе. Хай горы прынясуць мір для народа, а ўзгоркі — справядлівасць. Ён судзіць будзе жабракоў народа і збавіць сыноў убогага і ўпакорыць паклёпніка. Будзе жыць ён разам з сонцам і пакуль свеціць месяц у пакаленні і пакаленні. Сыдзе ён, быццам дождж на траву і быццам залева, што абвадняе зямлю. У днях яго зацвіце справядлівасць і паўната спакою, пакуль не пагасне месяц. будзе валадарыць ад мора аж да мора і ад ракі аж да ўскрайкаў сусвету. Перад ім будуць падаць жыхары пустыні, і непрыяцелі яго лізаць будуць зямлю. Цары Тарсіса і вострава прынясуць дары, цары Арабаў і Сабы дашлюць яму падарункі. І паклоняцца яму ўсе цары, і ўсе народы служыць яму будуць. Бо ён вызваліць убогага, які прызывае яго, і беднага, у якога не было ўспаможцы. Пашкадуе ён беднага і ўбогага, і душы бедных ён уратуе. Уратуе ён душы іх ад прыгнёту і гвалту, і кроў іх дарагая будзе для яго. Дык будзе жыць ён, і дадуць яму ад золата Арабіі, і будуць маліцца за яго заўсёды; цэлы дзень дабраслаўляць будуць яго. І будзе дастатак хлеба на зямлі, закалышацца ён на вяршынях гор; быццам Лібан, плод яго, і расквітнее [насельніцтва] гарадоў, быццам трава зямлі. Хай будзе дабраславёна імя яго вечна, пакуль [свеціць] сонца, будзе жыць імя яго. І будуць дабраславёныя ў ім усе пакаленні зямныя, усе народы ўзвялічаць яго. Дабраславёны Госпад Бог, Бог Ізраэля, Які сам адзін творыць цуды. І дабраславёнае імя велічнасці Яго навечна; і напоўніцца велічнасцю Яго ўся зямля. Хай будзе так, хай будзе! Скончыліся малітвы Давіда, сына Ясэева.
Псальм Асафа. Які ж добры Бог для прастадушных! Ён Госпад тым, хто чысты сэрцам. А мае ногі ледзь не спаткнуліся, ледзь не абарваліся крокі мае, бо пазайздросціў я бязбожным, гледзячы на спакойнае жыццё грэшнікаў. Бо няма для іх ніякіх перашкод, здаровае і сытае чэрава іх. На працы чалавечай няма іх і не церпяць яны бічаванняў разам з людзьмі. Таму пыха ў іх — як каралі, і імкненне да гвалту, як адзенне, пакрыла іх. Выступае, быццам з тлустай глебы, несправядлівасць іх, вырываюцца вонкі задумы сэрца. Здзекуюцца яны і прамаўляюць благое, з высокай пасады несправядліва прамаўляюць. Размясцілі яны на небе вусны свае, а язык іх прайшоў па зямлі. Таму і сядзяць яны на вышыні, і поўныя воды не дойдуць да іх. І сказалі яны: «Адкуль ведае Бог, і ці ёсць веданне ва Узвышняга? Вось, тыя самыя грэшнікі і тыя, што жывуць багата ў свеце, атрымалі яшчэ большае багацце». І сказаў я: «Значыць не дарэмна ачысціў я сэрца сваё і ў беззаганнасці вымыў рукі мае; і цярпеў я бічаванні цэлы дзень, і пакаранне маё — раніцаю». Калі б сказаў я: «Я буду гаварыць, як тыя», то здрадзіў бы роду Тваіх сыноў. І я разважаў, як жа зразумець гэта; напружанне было ў вачах маіх, пакуль не паглыбіўся ў святую справу Божую і не асэнсаваў іхняга канца. Памясціў Ты іх сапраўды на коўзкай дарозе, скінуў іх у бездань. Якімі ж спустошанымі засталіся яны! Нечакана збяднелі яны, загінулі ад жаху. Быццам сну пасля абуджэння, Ты адцураешся іх, узняўшыся. Паколькі раздражнялася сэрца маё і нутро маё кіпела, і я быў неразумны і нічога не ведаў: як жывёла, быў я перад Табою. Але я заўсёды з Табою, Ты трымаеш правую маю руку. Вядзеш мяне сваёю парадаю і ў канцы прымеш мяне ў хвалу. Каго, апроч Цябе, маю я ў небе? І калі я з Табою, зямля мяне не захапляе. Знемаглося цела маё і сэрца маё. Скалой-апорай сэрца майго і доляй маёй вечнай — Бог. Бо вось, тыя, што адступаюць ад Цябе, пагінуць. Выгубіш усіх, што адкінуліся ад Цябе на распусту. Мне ж добра быць блізка да Бога, мець у Госпадзе Богу прытулак сабе. Абвяшчу пра ўсе справы Твае ў брамах Сіёна.
Маскіль. Асафа. Чаму, Божа, Ты адпіхнуў нас да скону, няўжо ўзгарэўся гнеў Твой на авечак пашы Тваёй? Успомні пра сход Твой, якім Ты завалодаў ад пачатку. Ты адкупіў жазло спадчыны Тваёй, гару Сіён, на якой Ты пасяліўся. Узнясі крокі Твае да вечных руін: усё знішчыў непрыяцель у святыні. Равуць тыя, што ненавідзяць Цябе, пасярод сходу Твайго; усклалі яны знакі свае як знакі [перамогі]. Яны прыпадобнілі сябе да тых, што высока ўзносяць сякеру ў лясным гушчары. Разбілі яны дзверы яе ўшчэнт; зруйнавалі бердышамі і сякерамі. Падпалілі яны агнём свяцілішча Тваё, ганебна скінулі на зямлю хорам імя Твайго; прамовілі яны ў сэрцы сваім: «Знішчым іх усіх разам». Спалілі яны ўсе святыні Божыя на зямлі. Знакаў нашых мы не бачым, ужо няма прарока, і няма ў нас таго, які б ведаў, як доўга гэта будзе. Дакуль жа, Божа, будзе здзекавацца непрыяцель? Ці ж вечна будзе знеслаўляць праціўнік імя Тваё? Чаму ж Ты адводзіш руку Тваю і трымаеш правіцу Тваю за пазухай Тваёй? Але ж Бог — наш цар спрадвеку, учыніў Ён збаўленні пасярод зямлі. Ты рассек мора магуццем Тваім, сцёр галовы драконаў у водах. Ты растаптаў галовы Левіятана, аддаў яго на ежу марскім страшыдлам. Ты прабіў крыніцы і ручаі; Ты высушыў велічныя рэкі. Твой дзень і Твая ноч; Ты змайстраваў свяцілы і сонца. Ты ўсталяваў усе межы зямлі, лета і зіму — Ты стварыў гэта. Помні пра гэта: непрыяцель зняважыў Госпада, і народ неразумны зняславіў імя Тваё. Не аддавай звярам душы тых, што вызнаюць Цябе, і не забудзь навечна пра душы бедных Тваіх. Зірні на запавет, бо сховы зямныя поўныя прыбежышчаў гвалту. Хай пакорлівы не вяртаецца пасаромленым; бедны і ўбогі хай хваляць імя Тваё. Уздыміся, Божа, будзь суддзёю ў справе Тваёй; памятай пра ганьбаванні Твае, якія цэлы дзень спараджае неразумны. Не забывайся на галасы непрыяцеляў Тваіх; заўсёды ўздымаецца гоман праціўнікаў Тваіх.
Кіраўніку хору. Паводле «Не знішчай» Псальм. Асафа. Песня. Будзем вызнаваць Цябе, Божа; будзем вызнаваць і прызываць імя Тваё: будзем распавядаць пра цуды Твае. Калі ўстанаўлю час, буду судзіць Я па справядлівасці. Калі расцяклася зямля і ўсе, што жылі на ёй, Я ўмацаваў апоры яе. Я сказаў тым, што выхваляюцца: «Не выхваляйцеся!» і тым, што ўчыняюць злачынствы: «Не ўздымайце рог! Не ўздымайце дагары рог ваш; не прамаўляйце нахабстваў супраць Бога». Бо пыха — ані з усходу, ані з захаду, ані з пустыні. Бо Бог — суддзя: аднаго прынізіць, а другога ўзвялічыць. Бо ў руцэ Госпада — келіх чыстага віна, поўны сумесі. І Ён пераліў з аднаго ў другое; і ўсё ж будуць выпіваць аж да асадку, будуць піць усе грэшнікі зямлі. А я буду абвяшчаць у вяках, буду спяваць Богу Якубаву. І патрушчу я ўсе рогі грэшнікаў; і ўзвысяцца рогі справядлівага.
Кіраўніку хору. На струнах. Псальм. Асафа. Песня. Вядомы ў Юдэі Бог, у Ізраэлі вялікае імя Яго. І ёсць у Салеме хорам Яго, і паселішча Яго ў Сіёне. Там знішчыў Ён прывабнасць лука, шчыт, меч і вайну. Ты Дзівосны, што нясеш святло ад гор крадзяжу. Абрабаваныя магутныя сэрцам, паснулі яны сваім сном, і не знайшлі ўсе моцныя мужы рук сваіх. Ад папрокаў Тваіх, Божа Якуба, пазаміралі вознік і конь. Ты — пагрозлівы, і хто супрацівіцца Табе? З таго часу і гнеў Твой. З неба дазволіў Ты пачуць прысуд; зямля здрыганулася і суцішылася, калі ўзняўся Бог на суд, каб збавіць усіх пакорлівых на зямлі. Бо гнеў чалавека будзе вызнаваць Цябе, і рэшткі гневу ўчыняць для Цябе дзень святочны. Прыносьце прысягі і выконвайце [іх] перад Госпадам Богам вашым; усе навокал Яго хай прыносяць дарункі Найвялебнаму. Таму, Які адымае дух князёў, Найвялебнаму сярод цароў зямных.
Кіраўніку хору. Паводле Ідытун. Асафа. Псальм. Голасам маім усклікнуў я да Госпада; голасам маім — да Бога, і схіліўся Ён да мяне. У дзень бяды маёй шукаў я Бога, рукі мае ўначы працягнуты і не стамляюцца. Не захацела суцешыцца душа мая; успамінаю я Бога і ўздыхаю скрушна, хвалююся, і слабее дух мой. Ты пазбавіў сну павекі вока майго; быў я стурбаваны і не гаварыў нічога. Падумаў я пра былыя дні і аднавіў у думках гады спрадвечныя. Пачаў я разважаць уначы з сэрцам сваім, і практыкаваўся і даследаваў дух мой: няўжо Бог адкіне навечна, няўжо не вырашыць, каб дагэтуль быць больш спагадным? Ці ж спыніўся Ён канчаткова ў міласэрнасці Сваёй, перапыніў слова ад пакалення да пакалення? Ці ж Бог забыўся мілаваць, ці ж затрымае ў гневе Сваім міласэрныя справы Свае? І сказаў я: «Гэта — рана мая, перамяненне правіцы Узвышняга». Буду памятаць я пра справы Госпада, буду памятаць ад пачатку пра дзівосы Твае. І буду я разважаць пра ўсе справы Твае і буду практыкавацца ў вынаходніцтвах Тваіх. У святасці, Божа, дарога Твая; які бог такі вялікі, як Бог наш? Ты — Бог, што чыніш цуды, даў спазнаць сярод народаў магуцце Сваё. Адкупіў Ты рукою Тваёй народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. Пабачылі Цябе воды, Божа, пабачылі Цябе воды і засмуціліся; між тым здрыгануліся і бездані. Хмары палілі ваду, аблокі падалі голас, між тым стрэлы Твае пралятаюць. Голас грому Твайго наўкола; асвяцілі маланкі Твае ўвесь свет, здрыганулася і затрэслася зямля. У моры дарога Твая, і сцежкі Твае — па шматлікіх водах; і сляды Твае не пазнаюцца. Ты правёў народ Твой, бы авечак, рукою Майсея і Аарона.
Маскіль. Асафа. Звярні ўвагу, народзе мой, на навуку маю; схіліце вуха вашае на словы вуснаў маіх. Адкрыю вусны мае ў прыпавесцях, выказваць буду тое, што было скрыта ад стварэння свету. Колькі ж мы пачулі і спазналі пра гэта, і продкі нашыя расказалі нам. Не ўтоім і мы ад сыноў іх, расказваючы наступнаму пакаленню пра хвалу Госпада, і пра магуцці Яго, і пра цуды Яго, якія ўчыніў. Усталяваў Ён сведчанне ў Якубе і паклаў закон для Ізраэля; як многа ўсяго загадаў Ён продкам нашым паведаміць і сынам сваім, каб спазнала наступнае пакаленне, сыны, якія народзяцца. Уздымуцца яны і раскажуць сынам сваім, каб на Бога ўскладалі надзею сваю і каб не забываліся пра справы Божыя і каб выконвалі Яго загады. Хай не стануцца яны, як продкі іх, пакаленне непакорлівае і няўрымслівае; пакаленне, якое не ўмацавала сэрца свайго і не быў верны Богу дух яго. Сыны Эфраіма, што нацягваюць і спускаюць лук, былі павернуты назад у дзень вайны. Не трымаліся яны запавету Божага і не згаджаліся жыць па законе Яго. І забыліся яны пра справы Яго і пра цуды Яго, якія паказаў ім. Уваччу продкаў іх учыніў Ён цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі танейскім. Рассек Ён мора і правёў іх, і паставіў воды, быццам у бурдзюку. І правёў іх у воблаку на працягу дня, а на працягу ўсёй ночы ў асвятленні агню. Рассек Ён скалу ў пустыні і наводніў іх, быццам глыбокая бездань. І вывеў ручаіны са скалы і выпусціў воды, быццам рэкі. Але ўсё яшчэ працягвалі яны грашыць супраць Яго, да гневу ўзрушылі Узвышняга ў бязводдзі. І спакушалі яны Бога ў сэрцах сваіх, дамагаючыся ежы для душ сваіх. І супраць Бога прамаўлялі яны, казалі: «Няўжо зможа Бог нарыхтаваць стол у пустыні?» Вось, ударыў Ён у скалу, і пацяклі воды, і ручаі разліліся. «Няўжо зможа Ён таксама даць хлеб і нарыхтаваць мяса народу Свайму?» Гэта пачуў Госпад і абурыўся, і запаліў агонь супраць Якуба, і гнеў падняўся на Ізраэля. Бо не паверылі яны ў Бога, не мелі надзеі ў збавенні Яго. І вось загадаў Ён хмарам зверху і адчыніў дзверы неба, і паслаў ім дажджом манну для ежы, і хлеб нябесны даў ім; хлеб анёльскі спажыў чалавек; паслаў Ён ежы ім у дастатку. Узняў Ён усходні вецер на небе і навёў магуццем Сваім вецер паўднёвы; і паслаў на іх дажджом мяса, быццам пыл, і, быццам пясок марскі, — птушак крылатых: І ўпалі яны пасярод іх лагера, вакол палатак іх. І сталі яны спажываць, і наеліся добра, і па патрэбе іх даў Ён ім. Ды яшчэ не задаволіліся яны ў патрэбе сваёй, а ежа іх была яшчэ ў вуснах іх, як загарэўся на іх гнеў Божы, і забіў Ён тлустасць іх, унівеч зрынуў абраных ізраэльцаў. Ва ўсім гэтым грашылі яны далей, не паверылі Яго цудам. і загубіў дні іх ў марнасці і гады іх у страху. Калі забіваў Ён іх, пачыналі шукаць Яго і, навернутыя, прыходзілі да Яго на досвітку. І прыпаміналі сабе, што Бог — іх Успаможца, і Бог Узвышні — іх Адкупіцель. І ўгаворвалі Яго вуснамі сваімі і хлусілі Яму сваім языком. Бо сэрца іх не было праўдзівым з Ім, і не былі яны вернымі ў запавеце Яго. Ён, аднак, быў міласэрны і спагадны да несправядлівасці і не губіў іх. Часта адводзіў Ён Свой гнеў і не палаў на поўню ў Сваім абурэнні. І прыпамінаў сабе, што яны — толькі цела, подых імклівы і незваротны. Колькі разоў раздражнялі Яго ў пустыні, да гневу ўзбуджалі Яго ў бязводдзі! І зноў спакушалі Бога і раздражнялі Святога Ізраэлева. Не ўспаміналі яны пра руку Яго, пра дзень, калі адкупіў Ён іх з рукі пераследніка. Калі падаў Ён у Егіпце знакі Свае і цуды Свае ў полі танейскім. Ператварыў Ён у кроў рэкі іх і ручаі іх, каб не пілі. Наслаў на іх мух, і тыя кусалі іх, і жабаў, і тыя губілі іх. На ўраджай іх напусціў вусеняў, а плады працы іх аддаў саранчы. Градам знішчыў вінаграднікі іх, а морвы іх — маразамі. І аддаў граду жывёлу іх, а статкі іх — полымю агністаму. Наслаў на іх полымя гневу Свайго; раз’ятранасць, пагрозлівасць і прыцясненне — насланне ліхіх анёлаў. Даў вольны шлях гневу Свайму, не ўхаваў ад смерці душы іх і жыццё іх спыніў. І выгубіў Ён усё першароднае ў зямлі Егіпецкай, парасткі ствалоў іх у палатках Хама. Ён правёў, як авечак, народ Свой, і правёў іх, быццам статак, па пустыні. І вывеў іх у спадзяванні, і яны не баяліся, а непрыяцеляў іх пакрыла мора. І ўвёў іх у межы пасвячэння Свайго, на гару, якую здабыла правіца Яго. І адрынуў перад імі паганаў, і падзяліў ім зямлю шнуром спадчыны, і даў пакаленням ізраэльскім жыць у палатках іх. Ды спакушалі і раздражнялі яны Бога Узвышняга і сведчанняў Яго не захоўвалі. І адступалі, і крывадушнічалі, як і бацькі іх, пераварочваліся назад, як крывы лук, да гневу ўзбуджалі Яго ўзгоркамі сваімі, і балванамі сваімі справакавалі Яго да рэўнасці. Пачуў Бог і ўзгарэўся гневам, і рэзка адцураўся Ізраэля. І адкінуў Ён паселішча Сіло, палатку, дзе пасяліўся сярод людзей. І аддаў у палон магуцце Сваё і аздобу Сваю — у рукі непрыяцеля. І замкнуў Ён мячом народ Свой, і на спадчыну Сваю абурыўся. Юнакоў іх зжор агонь, а дзяўчаты іх — не замужам. Святары іх палеглі ад меча, і ўдовы іх не былі аплаканыя. І падняўся Госпад, як быццам ад сну, нібы волат, закамянелы ад віна. І ўдарыў на ворагаў сваіх з заплечча і справіў ім вечную ганьбу. І пакінуў Ён палатку Язэпа, і не абраў сабе пакалення Эфраіма. Але абраў сабе пакаленне Юды, гару Сіён, якую ўзлюбіў. І збудаваў, як найвышэйшае свяцілішча Сваё, так і зямлю, якую ўстанавіў навечна. І выбраў Давіда слугою Сваім, і выставіў яго ад статкаў авечых, ад акочаных [авечак] прыняў яго, пасвіць Якубаў народ Свой і Ізраэлеву спадчыну Сваю. І пасвіў іх у бязвіннасці сэрца свайго і ў мудрасці рук сваіх вадзіў іх.
Псальм. Асафа. Божа, увайшлі паганы ў Тваю спадчыну, зганьбілі месца святое Тваё, Ерузалім пераўтварылі ў руіны. Трупы слуг Тваіх аддалі на ежу птушкам нябесным, целы святых Тваіх — звярам зямным. Разлілі іх кроў, нібы ваду, вакол Ерузаліма, не было каму заняцца пахаваннем. Сталі мы ганьбаю суседзям нашым, здзекам і пасмешышчам для тых, што нас акружаюць. Дакуль жа, Госпадзе? Ці вечна будзеш гневацца? Няўжо ўспыхне, як агонь, рэўнасць Твая? Вылі гнеў Твой на паганаў, якія Цябе не прызналі, і на царствы, якія не прызывалі імя Твайго. Бо яны зжэрлі Якуба, і сталец яго кінулі. Не ўспамінай правіннасці продкаў нашых, няхай апярэдзіць нас міласэрнасць Твая, бо сталіся мы вельмі беднымі. Падтрымай нас, Божа збаўлення нашага дзеля славы імя Твайго і вызвалі нас; і будзь міласцівы да грахоў нашых дзеля імя Твайго. Чаму гавораць між паганамі: «Дзе іх Бог?» Хай стане вядомай між народаў перад вачамі нашымі помста крыві слуг Тваіх, якая вылілася. Хай дойдзе да Цябе стогн вязняў, згодна з магуццем рукі Тваёй пакінь жывымі сыноў смерці. І адгадзі суседзям нашым у сем разоў у нутро іх знявагу, якою зняважылі Цябе, Госпадзе. Мы ж, Твой народ і авечкі Тваёй пашы, вызнаваць будзем Цябе век, з пакалення ў пакаленне будзем апавяшчаць Тваю хвалу.
Кіраўніку хору. Паводле «Лілея навучання». Асафа. Псальм. Ты, што пасвіш Ізраэля, зважай! Ты, што вядзеш, бы авечку, род Язэпа; Ты, што сядзіш на херубіне, заззяй перад Эфраімам, Бэньямінам, Манасам. Узруш сілу Тваю і прыйдзі, каб збавіць нас. Божа, навярні нас, прасвятлі аблічча Тваё, і мы будзем збаўлены. Госпадзе Божа магуццяў, як доўга будзеш гневацца на малітву народа Твайго? Накарміў Ты нас хлебам слёз і напаіў нас багата слязамі. Зрабіў Ты нас прадметам спрэчак суседзяў нашых, і ворагі нашыя кпілі з нас. Божа магуццяў, навярні нас, прасвятлі аблічча Тваё, і мы будзем збаўлены. Перанёс Ты вінаград з Егіпта, выгнаў паганаў, а яго пасадзіў. Ты ачысціў для яго месца, укараніў яго і ён напоўніў зямлю. Пакрыліся горы ценем яго, а галінамі яго — кедры Божыя. Працягнуў ён парасткі свае аж да мора, і аж да ракі — атожылкі свае. Чаму ж разбурыў Ты агароджу яго, і абіраюць яго ўсе, што міма ідуць дарогай? Падкапаў яго дзік з лесу, і адзінокі звер пааб’ядаў яго. Божа магуццяў, навярніся, глянь з неба і пабач, і наведай гэты вінаграднік. І заапякуйся тым, што насадзіла Твая правіца, і над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для Сябе. Яго спалілі агнём і перакапалі; ад вымовы Тваёй яны загінуць. Хай будзе рука Твая над чалавекам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для Сябе. Ужо больш не адступімся ад Цябе, Ты ажывіш нас, і імю Твайму будзем усклікаць. Госпадзе, Божа магуццяў, навярні нас і акажы нам спагаднасць, і будзем збаўлены.
Кіраўніку хору. Паводле «Выціскальняў». Асафа. Радуйцеся Богу, Успаможцу нашаму, гучна ўслаўляйце Бога Якубава. Вазьміце псалтыр і дайце бубен, мілагучныя гуслі з цытрай. Трубіце ў трубы на маладзік, у поўню, у дзень свята нашага. Бо ёсць пастанова ў Ізраэлі, прыказанне ў Бога Якубава. Ён пастанавіў гэта, як сведчанне для Язэпа, калі ён выходзіў з зямлі Егіпецкай; мову, якой не ведаў, пачуў ён: Я вызваліў ад цяжару спіну яго, рукі яго пазбыліся каша. Прызываў ты Мяне ў бядзе, і Я выратаваў цябе, пачуў цябе ў сховах навальніцы, выпрабаваў цябе пры вадзе Мэрыбы. Слухай, Мой народзе, буду клікаць цябе ў сведкі: «Ізраэль, каб толькі ты паслухаў Мяне!» Не будзе ў цябе бога чужога, і не будзеш ты пакланяцца богу іншаземнаму: Але Я — Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай! Адкрый вусны свае, і Я напоўню іх. Але не паслухаў Мой народ голасу Майго, і Ізраэль не звярнуўся да Мяне. Таму пакінуў Я іх паводле закамянеласці сэрца іх, будуць хадзіць яны ў сваіх намерах. О, каб народ Мой Мяне паслухаў, каб Ізраэль хадзіў па Маіх дарогах! Неўзабаве Я ўпакорыў бы непрыяцеляў яго і накіраваў бы руку Маю супраць прыгнятальнікаў яго. Непрыяцелі Госпадавы ліслівілі б перад ім, і доля іх была б навечна. І карміў бы Я іх адборнай пшаніцай і насычаў бы іх мёдам са скалы.
Псальм. Асафа. Бог падымаецца на божым сходзе, пасярод багоў праводзіць суд. «Дакуль будзеце судзіць несправядліва і прымаць аблічча грэшнікаў? Справядліва судзіце няшчаснага і сірату, апраўдвайце прыгнечанага і беднага. Вырывайце беднага і вызваляйце няшчаснага з рукі грэшніка». Яны не ведаюць, не разумеюць, ходзяць у цемры; захістаюцца ўсе асновы зямныя. Я сказаў: «Вы ўсе — багі і сыны Узвышняга». Але ж вы памраце, як людзі, і прыйдзеце ў заняпад, як адзін з князёў. Паўстань, Божа, судзі зямлю, бо Ты маеш права над усімі народамі.
Песня. Псальм. Асафа. Божа, не суцішвайся, не маўчы, не супакойвайся, Божа. Бо вось, загаманілі Твае непрыяцелі, і тыя, што ненавідзяць Цябе, паднялі галовы. Учыняюць яны ліхую нараду супраць Твайго народа, радзяцца супраць тых, каго Ты ўхаваў. Кажуць: «Ідземце і вынішчым іх з-паміж народаў і хай не ўпамінаецца больш імя Ізраэля». Бо надумляюць яны адзінадушна, супраць Цябе ўсталёўваюць пагадненне; у паселішчы ідумеяў і ізмаэльцаў, маабіцян і агарэяў, Гэбал і Амон ды Амалек, край Філістэя, з жыхарамі Тыра. Таксама і асірыйцы здружыліся з імі і сталі паплечнікамі Лотавых сыноў. Зрабі і гэтым, як зрабіў Мадыяну ці Сісару або Явіну над ручаём Кісон. Яны загінулі каля Эн-Дора і сталіся гноем для зямлі. З князямі іх учыні падобна, як з Арэбам і Зэбам, як з Зэбахам і Салманам і з усімі іх князямі, якія сказалі: «Успадкаемім сабе пашу Божую». Божа мой, зрабі іх падобнымі да кола і быццам саломінку на ветры. Як агонь, што паліць лес, і як полымя, што абсмальвае горы, так пераследуй іх грымотамі Сваімі і бураю Сваёй стурбуй іх. Напоўні твары іх сорамам, і няхай прызываюць імя Тваё, Госпадзе. Хай пачырванеюць і збянтэжацца на векі вечныя, і пасаромеюцца, і загінуць, і хай спазнаюць, што імя Табе — Госпад: Ты адзін — Найвышэйшы над усёй зямлёй.
Кіраўніку хору. Паводле «Выціскальняў». Сыноў Корэ. Псальм. Якія ж мілыя паселішчы Твае, Госпадзе магуццяў! Тужыць і рвецца душа мая ў палац Госпада, сэрца маё і цела маё ўзрадаваліся Богу жывому. Нават верабей знаходзіць сабе дом і ластаўка гняздо сабе, каб уладкаваць птушанят сваіх: ахвярнікі Твае, Госпадзе магуццяў, Валадару мой і Божа мой! Шчасныя тыя, што жывуць у доме Тваім: век будуць яны славіць Цябе. Шчасны той чалавек, у якога ёсць успамога ад Цябе; размясціў ён у душы нябесныя шляхі: Праходзячы сухой лагчынаю, яны робяць яе крыніцаю, бо ранні дождж дабраславеннем зросіць яе. Пойдуць яны з сілы ў сілу, убачыцца [імі] Бог багоў на Сіёне. Госпадзе, Божа магуццяў, выслухай малітву маю; прыхіні вуха, Божа Якубаў. Глянь, Божа, наш абаронца, ды глянь на аблічча намашчэнца Твайго! Бо мілейшы адзін дзень у палатцы Тваёй за тысячу! Хачу лепш стаяць на парозе дома Бога майго, чым жыць у палатках грэшнікаў. Бо Госпад Бог ёсць сонца і шчыт; ласку і славу дасць Госпад; Ён не забярэ дабра ў тых, што жывуць у бязвіннасці. Госпадзе магуццяў, шчасны той чалавек, які ўскладае надзею на Цябе!
Кіраўніку хору. Сыноў Корэ. Псальм. Спагадным быў Ты, Госпадзе, у Тваёй зямлі, перавярнуў Ты паланенне Якубава. Адпусціў Ты несправядлівасць народа Твайго, дараваў усе грахі іх. Спыніў Ты ўвесь гнеў Твой, адступіўся ад абурэння раздражнёнасці Тваёй. Навярні нас, Божа, збаўленне наша, і адвядзі гнеў Твой ад нас. Ці ж вечна будзеш гневацца на нас, ці ж прадоўжыш гнеў Твой з пакалення ў пакаленне? Няўжо Ты, навярнуўшы, не ажывіш нас і народ Твой не ўзвесяліцца з Табою? Госпадзе, пакажы нам Тваю міласэрнасць і дай нам Тваё збаўленне. Паслухаю, што кажа Госпад Бог, бо, напэўна, вясціць Ён мір народу Свайму, і святым Сваім, і тым, якія ўсім сэрцам навяртаюцца да Яго. Сапраўды блізкае збаўленне Яго для тых, што шануюць Яго, каб пасялілася слава на зямлі нашай. Міласэрнасць і праўда спаткаюцца паміж сабою, справядлівасць і мір пацалуюцца. Вернасць узнікне з зямлі, а справядлівасць прагляне з неба. Бо Госпад дасць добразычлівасць, а зямля наша дасць плод свой. Справядлівасць пойдзе перад Ім, і паставіць на дарозе крокі свае.
Просьба. Давідаў. Нахіні, Госпадзе, вуха Тваё і выслухай мяне, бо ўбогі я і бедны. Сцеражы душу маю, бо я цнатлівы, збаў слугу Твайго, Божа мой, які ўскладае надзею на Цябе. Злітуйся нада мной, Госпадзе, бо да Цябе ўсклікаў я цэлы дзень. Узвесялі душу Твайго слугі, бо да Цябе, Госпадзе, узвысіў я душу маю. Бо Ты ж, Госпадзе, добры і ласкавы, і вялікая міласэрнасць [Твая] да ўсіх, што прызываюць Цябе. Успрымі вушамі, Госпадзе, малітву маю і звярні ўвагу на голас малення майго. У дзень бяды маёй клічу я Цябе, бо ведаю, што Ты выслухаеш мяне. Няма Табе, Госпадзе, роўнага між багоў і няма нічога [такога ж], як справы Твае. Прыйдуць усе народы, якія Ты стварыў, і паклоняцца Табе, Госпадзе, і славіць будуць яны Тваё імя. Бо вялікі Ты і творыш цуды. Ты толькі адзін Бог. Навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, і буду хадзіць я ў праўдзе Тваёй; зрабі шчырым сэрца маё, каб шанавала яно імя Тваё. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім і буду вечна праслаўляць імя Тваё, бо міласэрнасць Твая да мяне вялікая і вырваў Ты душу маю з пекла апраметнага. Божа, пыхліўцы паўсталі супраць мяне, і зграя моцных шукае душу маю; і не паставілі яны Цябе перад сабою. А Ты, Госпадзе, Бог міласэрны і літасцівы, і цярплівы, вялікай спагаднасці і праўды, глянь на мяне і злітуйся нада мною, дай сілу Тваю слузе Твайму і збаў сына служанкі Сваёй. Учыні са мною знак на дабро, каб убачылі тыя, што ненавідзяць мяне, і пасаромеліся, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і пацешыў мяне.
Сыноў Корэ. Псальм. Песня. Асновы яго — на святых гарах; любіць Госпад брамы Сіёна больш за ўсе палаткі Якубавы. Слаўнае гавораць пра Цябе, горад Божы! Успомню я Рагаб і Бабілон сярод тых, што ведаюць мяне; вось Філістэя і Тыр з Этыёпіяй: яны нарадзіліся там. А пра Сіён будуць казаць: «Той і гэты нарадзіўся ў ім; і Сам Найвышэйшы ўмацоўвае яго». Госпад занясе ў кнігу народаў: «Яны нарадзіліся там». І будуць спяваць, быццам у карагодзе: «Усе крыніцы мае ў Табе».
Песня. Псальм сыноў Корэ. Кіраўніку хору. Паводле «Магалат». Для спеваў. Маскіль. Гемана Эзрахіта. Госпадзе, Божа збаўлення майго, на працягу дня клічу, уночы малюся Табе. Няхай дойдзе да Цябе малітва мая; нахілі вуха Тваё да просьбы маёй. Бо напоўнілася ліхам душа мая, і жыццё маё наблізілася да апраметнай. Прыпадобнены я да тых, што сыходзяць у яму, стаўся я, як чалавек без успамогі. Паміж мёртвымі кінутыя, — быццам забітыя, што спачываюць у магілах; пра іх Ты больш не ўспамінаеш, і яны адсечаны ад рукі Тваёй. Ты паклаў мяне ў яме глыбейшай, у цемры і ў цені смерці абцяжарыў мяне гнеў Твой, і ўсе навалы Твае ўзводзіш Ты на мяне. Аддаліў Ты знаёмых маіх ад мяне, закрыты я і не выйду; патухлі мае вочы ад тугі. Клікаў я Цябе, Божа, цэлы дзень, выцягваў да Цябе мае рукі. Ці для мёртвых учыніш цуды? Ці ж паўстануць прывіды і ці ж будуць вызнаваць Цябе? Ці ў магіле будзе хто распавядаць пра міласэрнасць і пра праўду Тваю — у месцы пагібелі? Ці ж будуць пазнаныя ў цемры цуды Твае, а справядлівасць Твая — у зямлі забыцця? А я клікаў Цябе, Госпадзе, і раніцай малітва мая апярэдзіць Цябе. Чаму, Госпадзе, адпіхваеш душу маю і хаваеш аблічча Сваё ад мяне? Бедны я, набліжаюся да смерці ад юнацтва майго, перанёс я жахі Твае і стурбаваўся. Нада мною пранесліся гневы Твае, і страхі Твае забілі мяне. Пачалі кружыць яны каля мяне цэлы дзень, як вада, агарнулі мяне разам. Аддаліў Ты ад мяне прыяцеля і блізкага, і знаёмыя мае — у цемры.
Паэма. Этана Эзрахіта. Міласэрнасць Госпада вечна буду апяваць, з пакалення ў пакаленне абвяшчаць буду праўду Тваю вуснамі маімі. Бо Ты сказаў: навечна збудавана міласэрнасць, у нябёсах зацвярдзіў Ты вернасць Тваю. Пастанавіў Ты запавет выбранніку Твайму, прысягнуў Давіду, слузе Твайму: «Навечна зацверджу Я патомства Тваё і збудую сталец Твой з пакалення ў пакаленне». Нябёсы будуць вызнаваць цуды Твае, Госпадзе, і праўду Тваю на сходзе святых. Бо хто на воблаках зраўняецца з Госпадам, хто стане падобны Госпаду паміж сыноў Божых? Бог, годны ўшанавання на нарадзе святых, вялікі і жахлівы Ён над усімі, хто навокал Яго. Госпадзе, Божа магуццяў, хто падобны да Цябе? Магутны Ты, Госпадзе, і праўда Твая — навокал Цябе. Ты валодаеш гордым морам, Ты суцішваеш узбураныя хвалі яго. Ты стаптаў прабітага Рагаба, рукою магутнай Тваёю разагнаў непрыяцеляў Тваіх. Твае нябёсы і Твая зямля, Ты заснаваў сусвет і ўсё, што яго напаўняе. Ты стварыў поўнач і поўдзень, Табор і Гэрмон радуюцца з Твайго імя. Ты маеш моцнае плячо, моцная Твая правіца ўзнята. Падмурак пасада Твайго — справядлівасць і закон. Міласэрнасць і праўда крочаць перад абліччам Тваім. Шчасны той народ, што ведае кліч радасці. Ходзяць яны, Госпадзе, у святле аблічча Твайго. І з імя Твайго будуць радавацца цэлы дзень, і справядлівасцю Тваёй будуць узвышаны. Бо Ты — аздоба магуцця іх; і ў спагаднасці Тваёй узвысіцца рог наш. Бо Госпад — шчыт наш, і ад святога Ізраэля — Валадар наш. Калісьці ў бачанні гаварыў Ты сваім святым і сказаў: «Паклаў Я ўспамогу на моцным і ўзвысіў выбранніка з народа. Выбраў Я Давіда, слугу Свайго, намасціў Я яго святым алейкам Маім, і рука Мая моцная з ім, і плячо Маё ўмацоўвае яго. Нічога не дасягне на ім непрыяцель, і сын несправядлівасці не прыцісне яго. І знішчу перад абліччам яго непрыяцеляў яго, і тых, што ненавідзяць яго, змяту. І праўда Мая, і міласэрнасць Мая — з ім, і ў імя Маё ўзрасце сіла яго. І выцягну Я руку яго над морам, і над рэкамі — правіцу яго». Ён пакліча мяне: «Ты — Бацька мой, Бог мой і прыстанішча збаўлення майго». І Я яго ўстанаўляю першародным, найвышэйшым за каралёў зямлі. Навечна захаваю ласку Сваю для яго, і запавет Мой верны для яго. І ўстанаўлю на векі вечныя патомства яго, і пасад яго, як дні неба. Калі б сыны яго занядбалі закон Мой і не жылі паводле Маіх прыказанняў, калі б зневажалі пастановы Мае і не трымаліся загадаў Маіх, — наведаю Я з палкай злачынства іх, і з бічамі — несправядлівасць іх, але міласэрнасці Маёй не адвярну ад яго і не падману ў праўдзе Маёй. Не парушу запавету Майго і таго, што выходзіць з вуснаў Маіх, — не змарную. Аднойчы прысягнуў Я святасцю Маёй: не падману Давіда. Патомства яго будзе трываць вечна, а пасад яго на віду ў Мяне, як сонца і як месяц моцны, стаяць будзе вечна; і сведка верны на небе. Ты, аднак, адпіхнуў яго і адкінуў, вельмі разгневаўся на Свайго намашчэнца; парушыў запавет слугі Твайго, на знявагу аддаў яго вянец. Зруйнаваў Ты ўсе муры яго, у разваліны абярнуў усе яго ўмацаванні. Абрабавалі яго ўсе, што праходзілі дарогай, стаўся ён пасмешышчам для сваіх суседзяў. Узвысіў Ты правіцу прыгнятальнікаў яго, напоўніў радасцю ўсіх яго ворагаў. Ты адвёў назад лязо меча яго і не падтрымаў яго на вайне. Ты паклаў канец ззянню яго, і сталец яго паваліў на зямлю. Скараціў Ты дні яго маладосці, пакрыў яго няславай. Як доўга, Госпадзе, ці вечна будзеш хавацца? [Як доўга,] быццам агонь, будзе палымнець Твой гнеў? Памятай, якое кароткае маё жыццё. Дзеля якой марнасці стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых? Ці ёсць хто такі, хто будзе жыць і не ўбачыць смерці, хто вырве душу сваю з рукі апраметнай? Дзе ж былая міласэрнасць Твая, Госпадзе, як прысягнуў Ты Давіду ў праўдзе Тваёй? Успомні, Госпадзе, знявагі Тваіх паслугачоў; я захаваў гэта ў сэрцы маім, ад усіх паганаў, гэтым наракалі непрыяцелі Твае, Госпадзе, гэтым наракалі яны на сляды намашчэнца, якою паганяць сляды Твайго намашчэнца. Дабраславёны Госпад навечна. Хай будзе [так], хай будзе!
Маленне Майсея, чалавека Божага. Госпадзе, Ты стаўся нам прыстанішчам з пакалення ў пакаленне. Перш чым паўсталі горы і нарадзілася зямля і сусвет, і спакон вякоў, і на век Ты — Бог. Ты вяртаеш чалавека ў парахно і Ты сказаў: «Сыны чалавечыя, вярніцеся». Бо тысяча гадоў перад вачамі Тваімі, як учарашні дзень, які прамінуў, і начная варта. Ты аддаляеш іх, і стануць яны сном: зранку — як трава, што прабіваецца, зранку цвіце і вырастае, вечарам вяне і ссыхае. Бо мы марнеем ад гневу Твайго і ў абурэнні Тваім стурбаваліся. Ты паставіў несправядлівасці нашыя перад вачамі Тваімі, цёмныя справы нашыя — у святле аблічча Твайго. Бо ўсе нашы дні прамінаюць у гневе Тваім, спыняюцца гады нашыя, быццам дыханне. Колькасць нашых гадоў — семдзесят або, у здароўі, восемдзесят, а большая частка іх — праца і марнасць, бо хутка праходзяць, а мы адлятаем. Хто зразумеў вялікасць Твайго гневу і сілу абурэння Твайго? Навучы нас лічыць дні нашы так, каб прывялі мы сэрца да мудрасці. Павярніся, Госпадзе, дакуль жа яшчэ? І будзь жа спагадны для сваіх паслугачоў. Напоўні нас уранку міласэрнасцю Тваёй, і мы ўзрадуемся і пацешымся праз усе дні нашы. Павесялі нас за тыя дні, у якія прыніжаў нас, за гады, калі мы бачылі ліха. Хай адкрыецца слугам Тваім учынак Твой, а аздоба Твая — сынам іх. Хай будзе велічнасць Госпада Бога нашага над намі, і справы рук нашых умацуй над намі, і справу рук нашых умацуй.
Хто жыве ў апецы Найвышэйшага і прабывае ў засені Усемагутнага, кажа ён Госпаду: «Ты прыпынак мой і цвярдыня мая, Божа мой; я маю надзею на Яго». Бо Ён Сам вызваліць цябе з пасткі паляўнічых, ад нягоднага слова. Агорне Ён цябе Сваімі крыламі, і пад пер’ем Яго схаваешся; шчыт і заслона — праўда Яго. Не будзеш баяцца жахаў начных, ані стралы, што ляціць удзень. Ані заразы, што бадзяецца ў цемры, ані пошасці, што пустошыць апоўдні. Хоць падзе пры баку тваім тысяча, а дзесяць тысяч праваруч, ты ўсцеражэшся. Сапраўды, пабачыш на ўласныя вочы, і паглядзіш на адплату грэшнікам. Бо Ты, Госпадзе, прыстанішча маё, учыніў ты Найвышэйшага паселішчам тваім. Не падступіцца да цябе ліха і бізун не наблізіцца да палаткі тваёй, бо загадаў Ён анёлам Сваім наконт цябе, каб сцераглі цябе на ўсіх тваіх дарогах. На руках будуць насіць цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі сваёй. На змяю і яшчарку наступіш, ды растопчаш ільва і дракона. Паколькі прытуліўся ён да Мяне, вызвалю яго; падтрымаю яго, бо спазнаў ён імя Маё. Будзе клікаць мяне, і Я выслухаю яго, у бядзе Я разам з ім, вырву яго і ўслаўлю яго. Напоўню яго доўгасцю дзён і пакажу яму збаўленне Маё.
Псальм. Песня. На дзень шабату. Як жа добра вызнаваць Госпада і спяваць псальмы імю Твайму, Найвышэйшы! Раніцай абвяшчаць Тваю міласэрнасць, і праўду Тваю — уначы. На дзесяціструнным, і на гуслях, са спевам пад цытру. Бо пацешыў Ты мяне, Госпадзе, Сваім стварэннем, і я буду радавацца справам рук Тваіх. Якія ж велічныя справы Твае, Госпадзе: надзвычай глыбокімі сталіся задумы Твае! Неразумны чалавек не спазнае і бязглузды не зразумее гэтага. Няхай грэшныя разрастуцца, як трава, і будуць квітнець усе тыя, што чыняць несправядлівасць, аднак гэта будзе [ім] на згубу на векі вечныя; а Ты, Госпадзе, вечна Найвышэйшы. Бо вось, непрыяцелі Твае, Госпадзе, бо вось, непрыяцелі Твае загінуць і расцярушацца ўсе, што чыняць несправядлівасць. Ты ўзвысіш рог мой, як у адзінарога, атрымаў я багатае намашчэнне алейкам. Вока маё з пагардаю глядзела на непрыяцеляў маіх, ды пра загубу ліхотнікаў, што паўстаюць на мяне, пра ліхадзеяў радасна слухала вуха маё. Справядлівы будзе квітнець, як пальма; быццам кедр лібанскі, узрасце. Пасаджаныя ў Госпадавым доме, у дзядзінцы Бога нашага заквітнеюць. Будуць прыносіць плады ў старасці, сакавітыя будуць і поўныя свежасці, Каб вясціць, што Госпад справядлівы, прыстанішча маё, і няма несправядлівасці ў Ім.
Госпад заваладарыў! Адзеўся Ён у аздобу; адзеўся Госпад, моцаю падперазаўся, бо ўмацаваў Ён сусвет, які не пахіснецца. Умацаваны пасад Твой з таго часу, спакон вякоў — Ты. Уздымаюцца рэкі, Госпадзе, уверх, падымаюць рэкі голас свой, падымаюцца рэкі з шумам уверх. Па-над галасамі многіх водаў, па-над магутнымі наваламі марскімі, магутны на вышынях Госпад. Сведчанні Твае вельмі годныя веры, дому Твайму, Госпадзе, належыць святасць у векі вечныя.
Бог помстаў, Госпадзе! Божа, Бог помстаў, заззяй! Узвысся Ты, што судзіш зямлю, аддай заплату пыхлівым. Дакуль жа бязбожнікі, Госпадзе, дакуль жа бязбожнікі будуць задавацца? Будуць вымаўляць і прамаўляць нахабствы, будуць выхваляцца ўсе тыя, што чыняць несправядлівасць? Прыніжаюць яны, Госпадзе, народ Твой, прыгнятаюць спадчыну Тваю. Удаву і прыхадня забіваюць і сірот мардуюць. І кажуць яны: «Не бачыць Госпад, не разумее Бог Якубаў». Зразумейце, неразумныя ў народзе, бязглуздыя, калі паразумнееце? Ці ж Той, Хто насадзіў вуха, не пачуе? Або Той, што сфармаваў вока, не ўбачыць? Ці ж Той, Хто спасцігае народы, не выкрые, Той, Хто вучыць чалавека разуменню? Госпад ведае думкі людзей, што яны марныя. Шчасны той чалавек, якога ўдасканальваеш Ты, Госпадзе, і паводле закону Твайго навучаеш яго, каб даць адпачыць яму ад ліхіх дзён, пакуль выкапаюць магілу для грэшніка. Бо не адкіне Госпад свайго народа і не пакіне спадчыны сваёй. Бо суд вернецца да справядлівасці, і пойдуць за ёю ўсе, хто праўдзівага сэрца. Хто стане за мяне супраць ліхадзеяў або хто стане разам са мною супраць тых, што чыняць несправядлівасць? Каб Госпад не ўспамог, хутка душа мая апынулася б у краіне маўклівасці. Калі гавару я: «Нага мая хістаецца», міласэрнасць Твая, Госпадзе, падтрымлівае мяне. Калі мноства турбот маіх у сэрцы маім, Твае суцяшэнні ўзвесяляюць маю душу. Ці ж будзе з Табою сябраваць пасад несправядлівасці, які пад выглядам прыказання творыць пакуту? Яны накідваюцца на душу справядлівага і асуджаюць кроў бязвінную. І стаўся мне Госпад абаронаю і Бог мой — скалою прыстанішча майго; і аддасць Ён ім іх несправядлівасць і ў ліхадзейнасці іх знішчыць іх. Знішчыць іх Госпад Бог наш.
Прыходзьце, узрадуемся Госпаду; уславім гучна Бога збаўлення нашага. Успрымем загадзя аблічча Яго, у вызнанні і ў псальмах гучна ўславім Яго. Бо вялікі Госпад і вялікі валадар над усімі багамі. Бо ў руцэ Яго глыбіні зямныя і вышыні горныя — у Яго. Бо ў Яго — мора, і Ён стварыў яго, і сушу яго рукі сфармавалі. Прыходзьце, паклонімся, і ўкленчым, схілім калені перад Госпадам, Які стварыў нас, бо Ён ёсць Бог наш, мы ж народ пашы Яго і авечкі рукі Яго. О, каб вам сёння паслухаць голас Яго: не закамяняйце сэрцаў вашых, як у Мэрыбе, як у дзень спакушэння ў Масе ў пустыні, дзе спакушалі Мяне бацькі вашы: выпрабоўвалі Мяне, хоць і бачылі справы Мае. Сорак гадоў надакучала Мне гэтае пакаленне, і сказаў Я: «Яны — народ аблудных сэрцам. І яны не пазналі шляхоў Маіх; дык пакляўся Я ў гневе Маім; не ўвойдуць яны ў супачынак Мой».
Спявайце Госпаду новую песню, спявай Госпаду, уся зямля. Спявайце Госпаду, дабраслаўляйце імя Яго, абвяшчайце з дня ў дзень Яго збаўленне. Абвяшчайце між паганамі хвалу Яго, сярод усіх народаў — цуды Яго. Бо вялікі ёсць Госпад, і годны хвалы бязмежнай, варты ўшанавання больш за ўсіх багоў. Бо ўсе паганскія багі — марнасць, Госпад жа стварыў нябёсы. Велічнасць і прыгажосць перад абліччам Яго, магутнасць і аздоба — у свяцілішчы Яго. Прыносьце Госпаду, сем’і народаў, прыносьце Госпаду хвалу і магутнасць, Прыносьце Госпаду хвалу імя Яго. Прыносьце ахвяры і ўваходзьце ў дзядзінец Яго. Пакланіцеся Госпаду са святой урачыстасцю. Трымці перад абліччам Яго, уся зямля. Кажыце сярод народаў: Госпад заваладарыў, бо Ён выправіў сусвет, які не пахіснецца; будзе судзіць Ён народы па справядлівасці. Хай весяляцца нябёсы і радуецца зямля, хай шуміць мора і ўсё, што яго запаўняе. Хай цешацца палі і ўсё, што на іх. Тады ўзрадуюцца ўсе лясныя дрэвы, перад абліччам Госпада, бо Ён прыходзіць, бо Ён прыходзіць судзіць зямлю. Будзе Ён судзіць сусвет справядліва і народы паводле Сваёй праўды.
Госпад заваладарыў! Хай радуецца зямля, хай весяляцца шматлікія астравы. Аблокі і туман — навокал Яго; справядлівасць і закон — гэта падмурак Яго пасаду. Агонь ідзе перад Ім і паліць наўкола Яго непрыяцеляў. Маланкі Яго асвятляюць сусвет: бачыць і трымціць зямля. Горы, як воск, растапляюцца перад Госпадам, перад Госпадам сусвету. Нябёсы вяшчаюць справядлівасць Яго, а ўсе народы бачаць Яго хвалу. Хай пасаромяцца ўсе, што пакланяюцца ідалам і што выхваляюцца балванамі сваімі. Пакланіцеся Яму, усе анёлы Яго. Чуе гэта і весяліцца Сіён, і радуюцца гарады Юды дзеля прысудаў Тваіх, Госпадзе. Бо ты, Госпадзе, праслаўлены на ўвесь свет, надзвычайна ўзвышаешся Ты над усімі багамі. Любіць Госпад тых, што ненавідзяць ліха; сцеражэ Ён душы святых, — з рукі грэшніка вызваліць іх. Для справядлівага ззяе святло, і для праўдзівых сэрцам — радасць. Цешцеся, справядлівыя, у Госпадзе, і вызнавайце памяць святасці Яго.
Псальм. Спявайце Госпаду новую песню, бо ўчыніў Ён цуды. Паратунак у правіцы Яго і ў руцэ святой Яго. Госпад абвясціў Сваё збаўленне, на віду паганаў аб’явіў Ён Сваю справядлівасць. Успомніў Ён пра міласэрнасць Сваю і пра праўду Сваю для дома Ізраэля. Убачаць усе канцы свету збаўленне Бога нашага. Услаўляй гучна Бога, уся зямля, выбягайце, радуйцеся і грайце псальмы. Грайце Госпаду на цытры, на цытры і з гукамі псальма. На срэбных трубах і пад гукі рога спявайце гучна славу перад абліччам Госпада Валадара. Хай шуміць мора і ўсё, што яго запаўняе, увесь сусвет і тыя, што ў ім пражываюць. Хай рэкі плешчуць у далоні і разам радуюцца горы перад Госпадам, бо прыходзіць Ён судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусвет па справядлівасці і народы — па праўдзе.
Госпад валадарыць — трымцяць народы, сядзіць Ён на херубінах, — трасецца зямля. Вялікі Госпад на Сіёне і Узвышні над усімі народамі. Хай вызнаюць імя Тваё вялікае і шаноўнае, бо яно святое. Валадар Магутны любіць суд. Ты ўстанавіў тое, што справядлівае, суд і законнасць учыніў Ты праз Якуба. Узвышайце Госпада Бога нашага, аддавайце паклон Яму ля падножжа ног Яго, бо Ён святы. Майсей і Аарон — сярод святароў Яго, і Самуэль між тымі, што прызывалі імя Яго. Прызывалі Госпада, і Ён выслухаў. Прамаўляў да іх у слупе воблака. Яны выконвалі загады Яго і прыказанні, якія даў Ён ім. Госпадзе, Божа наш, Ты выслухоўваў іх; Божа, Ты быў да іх ласкавы, але помсціў за [ліхія] задумы іх. Узвышайце Госпада Бога нашага і пакланіцеся святой гары Яго, бо святы Госпад Бог наш.
Псальм. На падзяку. Услаўляйце гучна Госпада, уся зямля, служыце Госпаду ў весялосці; станавіцеся перад абліччам Яго ў радасці. Ведайце, што Сам Госпад — гэта Бог; Ён стварыў нас, дык мы Яго, мы — народ Яго і авечкі пашы Яго. Уваходзьце ў брамы Яго з вызнаннем, у дзядзінец Яго — з гімнамі, вызнавайце Яго, дабраслаўляйце імя Яго. Бо добры Госпад; міласэрнасць Яго — навечна, і праўда Яго — з пакалення ў пакаленне.
Давідаў. Псальм. Буду спяваць пра міласэрнасць і суд. Буду Табе, Госпадзе, псальмы спяваць. Буду асэнсоўваць на шляху бязгрэшным, калі Ты прыйдзеш да мяне? Буду я хадзіць у беззаганнасці сэрца майго, пасярод дома майго. Не стаўлю перад вачамі маімі ўчынак нячысты, ненавіджу я таго, хто ўчыняе крывадушныя справы; не дакранаецца да мяне. Сэрца заганнае аддаліцца ад мяне, не спазнаю я ліхадзейнага. Хто за вочы абгаворвае бліжняга свайго, — такога праганю; ганарыстага вокам і пыхлівага сэрцам, — такога не пацярплю. Вочы мае — да верных зямлі, каб сядзелі яны побач са мной. Хто ходзіць шляхам беззаганным, той будзе мне служыць. Не будзе жыць у доме маім той, хто праяўляе пыху; хто гаворыць зманліва, не будзе стаяць перад вачамі маімі. На досвітку буду праганяць усіх грэшнікаў зямлі, каб выкараніць з горада Госпадава ўсіх тых, што чыняць несправядлівасць.
Маленне гаротніка, які, спакутаваны, вылівае тугу сваю перад Богам. Госпадзе, выслухай маю малітву, і хай кліч мой дойдзе да Цябе. Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у які б дзень ні бедаваў я, нахіні да мяне вуха Тваё. У які б дзень ні прызваў Цябе, хутка выслухай мяне. Бо дні мае зніклі, як дым, і косці мае згарэлі, як вецце. Звяла, як сена, і высахла сэрца маё, бо забыўся я спажыць хлеб мой. Ад голасу стогну майго прысохла шкура мая да касцей. Стаўся я падобным да пустыннага пелікана, стаўся я, як сава ў руінах. Страціў я сон і стаўся, быццам самотны верабей на страсе. Цэлы дзень зневажалі мяне мае непрыяцелі, якія, распаляючыся супраць мяне, пракліналі мяне. Бо еў я попел, як хлеб, а пітво маё мяшаў са слязамі з прычыны гневу і раздражнёнасці Тваёй, бо, узнёсшы, Ты скінуў мяне. Дні мае, як цень, сышлі, і я, як трава, высах. Але Ты, Госпадзе, трываеш век, і памяць Твая — на ўсе пакаленні. Ты, паўстаўшы, злітуешся над Сіёнам, бо час злітавацца над ім, бо надышоў час, бо спадабаліся слугам Тваім каменні яго, і шкада ім парахна яго. І паганы будуць шанаваць імя Тваё, Госпадзе, а ўсе цары зямлі — славу Тваю. Бо збудаваў Госпад Сіён і з’явіўся ў славе Сваёй. Звярнуў увагу Ён на малітву ўбогага, і не выказаў пагарды да просьбаў іх. Трэба гэта спісаць для наступнага пакалення, і народ, які будзе сабраны, будзе хваліць Госпада. Бо паглядзеў з высокага свяцілішча Свайго, Госпад з неба зірнуў на зямлю, каб пачуць стогны ўвязненых, каб развязаць сыноў смерці, каб абвяшчалі на Сіёне імя Госпада, а хвалу Яго — у Ерузаліме, калі будуць сабраныя разам народы і каралеўствы, каб служыць Госпаду. Прынізіў Ён на шляху магуцце маё, скараціў дні мае. Я скажу: «Божа мой, не прымай мяне ў палавіне дзён маіх; Твае гады трываюць праз усе пакаленні. Напачатку заснаваў Ты зямлю; і неба — стварэнне рук Тваіх. Яны загінуць, а Ты застанешся, і ўсе яны, як вопратка, састарэюць, і Ты скруціш іх, і яны пераменяцца, а Ты Той самы, і гады Твае не скончацца. Сыны Тваіх слуг будуць жыць, і патомства іх перад абліччам Тваім будзе ўмацоўвацца».
Давідаў. Дабраславі, душа мая, Госпада, і ўсё, што ёсць ува мне, — імя святое Яго. Дабраславі, душа мая, Госпада ды не забывай пра ўсе даброцці Яго. Ён адпускае ўсе твае правіннасці, Ён лечыць усе кволасці твае. Ён адкупае душу тваю ад загубы, Ён вянчае цябе міласэрнасцю і літасцю; Ён напаўняе дабротамі пры жыцці цябе, аднаўляецца, як у арла, маладосць твая. Госпад, што чыніць справядлівасць і суд для ўсіх, хто церпіць крыўду, Ён даў Майсею спазнаць шляхі Свае, сынам Ізраэля — справы Свае. Літасцівы і спагадны Госпад, доўгацярплівы і вельмі міласэрны. Не бясконца Ён сварыцца ды не вечна будзе гневацца. Не адгаджае нам паводле грахоў нашых і не помсціць нам за правіннасці нашыя. Бо, наколькі ўзвышаецца неба над зямлёю, настолькі перавышае міласэрнасць Яго страх Яго. Як далёкі ўсход ад захаду, так аддаляе Ён ад нас грахі нашы. Як бацька літуецца над сынамі, так Госпад злітаваўся над тымі, што шануюць Яго. Бо Ён спазнаў стварэнне наша, успомніў, што мы — пыл. Быццам трава дні людскія, чалавек цвіце, як краска палявая, ледзь павее на яе вецер, і ўжо няма яе, і месца яе невядомае. А міласэрнасць жа Госпадава спрадвеку па век над тымі, што шануюць Яго, а справядлівасць Яго — для сыноў сынавых. Для тых, якія трымаюцца запавету Яго і памятаюць прыказанні Яго, каб спаўняць іх. Госпад у небе падрыхтаваў пасад Свой, і валадарыць Ён над усім светам. Дабраслаўляйце Госпада, усе анёлы Яго, моцныя магуццем, робячы па слове Яго на паслухмянасць голасу мовы Яго. Дабраслаўляйце Госпада, усе магуцці Яго, слугі Яго, якія выконваеце волю Яго. Дабраслаўляйце Госпада, усе справы Яго, і ў кожным месцы Яго валадарання дабраславі, душа мая, Госпада!
Дабраславі, душа мая, Госпада. Госпадзе Божа мой, Ты ўзвялічыўся надзвычайна! Апрануўся Ты ў велічнасць і аздобу, Адзеты ў святло, быццам у шаты, расцягваючы неба, як ветразі, Ты будуеш на водах святліцы Твае. Ты ўчыняеш воблака возам Сабе, Ты носішся на крылах ветру. Ты творыш анёламі Тваімі духаў, і слугамі Тваімі — полымя агню. Ты заснаваў зямлю на трывалую апору Сваю, не пахіліцца яна на векі вечныя. Безданню, як шатамі, прыкрыў Ён яе, над гарамі стаялі воды. Ад наракання Твайго ўцяклі яны, гучання грымотаў Тваіх палохаліся. Падняліся яны на горы, і апалі ў лагчыны, на месца, якое Ты ім прызначыў. Паклаў Ты ім канец, якога не пяройдуць і не вернуцца пакрыць зямлю. Ты загадваеш крыніцам сплываць у ручаіны; пасярод гор праходзяць яны, становяцца вадапоем усіх звяроў на полі, спатоляць аслы смагу сваю. Каля іх пасяляюцца паднебныя птушкі, пасярод галін падаюць галасы свае. Ты абвадняеш горы са святліц Тваіх, з плёну спраў Тваіх насычаеш зямлю. Ты гадуеш траву для жывёлы і зеляніну на пажытак людзей, выводзячы хлеб з зямлі і віно, якое развесяляе сэрца чалавека; Ты ажыўляеш аблічча алеем, а хлеб умацоўвае чалавечае сэрца. Насыцяцца дрэвы Госпада і кедры лібанскія, якія Ён пасадзіў. Там будуць гнездавацца вераб’і, хата бусла — на верхавіне іх. Высокія горы для аленяў, скалы — прыбежышча для барсукоў. Учыніў Ён месяц для вызначэння часу, сонца спазнала захад свой. Ты рассцяліў цемру, і сталася ноч, у ёй будуць рухацца звяры лясныя: ільвяняты, што рыкаюць, каб схапіць [здабычу] і просяць у Бога ежы сабе. Уздымаецца сонца, і хаваюцца і залягаюць яны ў сваіх логавах. Чалавек выходзіць да працы сваёй, і пры справе сваёй ён да самага вечара. Як шмат створана Табой, Госпадзе! Усё з мудрасцю ўтварыў Ты, поўная зямля створанага Табой. Вось мора вялікае, і прасторнае, і шырокае: там — гады, якім няма падліку, жывёлы маленькія побач з вялікімі; там будуць плаваць караблі, Левіятан, якога Ты стварыў, каб гуляць з ім. Усё гэта чакае Цябе, каб у свой час даў Ты ім ежу. Калі Ты дасі ім, яны збяруць, калі раскрыеш Ты руку Тваю — яны напоўняцца дабротамі. Калі ж Ты адвернеш аблічча Тваё, яны ўстрывожацца; адымеш дыханне ў іх, і яны загінуць, і абернуцца ў парахно сваё. Калі пашлеш Духа Твайго — творацца, і аднаўляеш Ты выгляд зямлі. Будзь хвала Госпаду на век, хай узвесяліцца Госпад з тварэнняў Сваіх. Ён зірне на зямлю і яна дрыжыць, Ён дакранецца да гор — і яны дымяць. Буду спяваць Госпаду пры жыцці маім, буду граць псальмы Богу майму, дакуль я ёсць. Мілай хай будзе Яму прамова мая; сапраўды адчую асалоду ў Госпадзе. Хай згінуць грэшнікі з зямлі, і несправядлівыя так, каб іх не было. Дабраславі, душа мая, Госпада.
Вызнавайце Госпада і прызывайце імя Яго, абвяшчайце між народамі пра справы Яго. Спявайце Яму і грайце псальмы Яму, апавядайце пра ўсе Яго цуды. Пахваляйцеся іменем святым, хай цешыцца сэрца тых, што шукаюць Госпада. Шукайце Госпада і магутнасці Яго, аблічча Яго шукайце заўсёды. Памятайце пра цуды Яго, якія ўчыніў, знакі Яго і прысуды Яго вуснаў. Патомства Абрагамава, слугі Яго, сыны Якубавы, выбраннікі Яго. Ён, Госпад Бог наш; па ўсёй зямлі суды Яго. Памятае Ён вечна пра Свой запавет, пра абяцанне, якое даў Ён на тысячу пакаленняў, на прымірэнне, якое ўсталяваў Ён з Абрагамам, і пра прысягу Сваю Ізааку. Устанавіў Ён гэта для Якуба, як закон для Ізраэля, як вечнае прымірэнне, кажучы: «Табе дам зямлю Ханаан, як шнур спадчыны вашай», калі былі лікам малымі, вельмі нешматлікімі і прыхаднямі ў ёй і вандравалі ад племя да племя і ад валадарства да другога народа, не дазволіў Ён, каб [які] чалавек крыўдзіў іх і пакараў за іх цароў: «Не чапайце намашчэнцаў Маіх і прарокам Маім не рабіце зла». А потым наклікаў голад на зямлю, і змарнаваў увесь запас хлеба. Паслаў перад імі чалавека; у няволю быў прададзены Язэп. Сціснулі кайданамі ногі яму, у жалеза ўвайшла шыя яго, пакуль не надышло слова Яго, пакуль прамова Госпада не ачысціла яго. Паслаў цар і вызваліў яго, валадар народаў даў яму волю; устанавіў яго гаспадаром над сваім домам і князем над ўсёй сваёй маёмасцю, каб вучыў ён князёў яго паводле волі сваёй і каб яго старцаў навучаў мудрасці. І ўвайшоў Ізраэль у Егіпет, і Якуб стаў прыхаднем у зямлі Хама. І Ён размножыў вельмі народ Свой і зрабіў яго мацнейшым за яго непрыяцеляў. І павярнуў Бог іх сэрца, каб у нянавісці мелі народ Яго і каб хітрасць чынілі супраць слуг Яго. Паслаў Ён Майсея, слугу Свайго, Аарона, якога абраў. Паклаў Ён на іх словы знакаў Сваіх і цудаў у зямлі Хама. Наслаў цемру і зрабіў цёмна, але яны працівіліся словам Яго. Перамяніў воды іх у кроў і вынішчыў іх рыбаў. Спарадзіла іх зямля жабаў аж да пакояў цароў іх. Сказаў Ён, і прыляцела хмара мух, і скініфы — па ўсіх межах іх. Учыніў Ён ім град замест дажджу і агонь палымяны ў зямлі іх. Пабіў вінаград іх і фігі іх і панішчыў дрэвы ў іх межах. Сказаў, і нахлынула саранча і вусені, якім не было падліку. І пажэрла яно ўсю траву ў іх зямлі, і пажэрла яно плод зямлі іх. І пабіў усіх першародных у зямлі іх, пачаткі ўсёй сілы іх. І вывеў іх з серабром і золатам, і не было ў іх пакаленні хворага. Узвесяліўся Егіпет з выхаду іх, бо паў на іх страх дзеля Ізраэльцаў. Расцягнуў Ён хмару, нібы покрыва, і агонь, каб свяціў ім уночы. Прасілі, і прыляцела перапёлак, і хлебам з неба карміў іх. Рассек скалу, і паплылі воды, і пацяклі рэкі ў пустыню. Бо помніў Ён Сваё святое слова да Абрагама, слугі Свайго. І вывеў Свой народ у радасці, выбраннікаў Сваіх — з весялосцю. І даў ім землі паганаў, і авалодалі яны працаю народаў, каб захоўвалі прыказанні Яго і законы Яго выконвалі. Алілуя.
Алілуя. Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо навек міласэрнасць Яго. Хто раскажа пра магутнасці Госпада, хто дасць пачуць усе хвалы Яго? Шчасныя тыя, што выконваюць прыказанні, якія чыняць справядлівасць увесь час. Помні пра нас, Госпадзе, у спагаднасці да Твайго народа наведай нас збаўленнем Тваім, каб убачылі мы даброты выбраннікаў Тваіх, каб узвесяліліся мы весялосцю народа Твайго, каб ганарыліся Тваёй спадчынай. Награшылі мы разам з продкамі нашымі, жылі не па праўдзе, учынілі несправядлівасць. Нашы бацькі ў Егіпце не зразумелі Тваіх цудаў, не помнілі вялікай міласэрнасці Тваёй і злосна кпілі, выходзячы ў мора, мора Чырвонае, але захаваў Ён іх дзеля Свайго імя, каб даць спазнаць моц Сваю. Пагразіў Ён Чырвонаму мору, і высахла, і павёў іх між хваль, як па пустыні. І збавіў іх ад рукі нахабніка; і вызваліў іх ад ворага. І пакрыла вада іх праціўнікаў, ані адзін з іх не застаўся. І паверылі словам Яго, і спявалі на хвалу Яго. Але тут жа забыліся пра справы Яго і не прынялі парады Яго. І разгарэліся пажаднасцю ў пустыні, і спакушалі Бога на бязводдзі. І даў Ён ім паводле просьбы іх, і паслаў насычанасць у душы іх. І зайздросцілі Майсею ў лагеры, Аарону, святому Госпада. Расступілася зямля і праглынула Датана і пакрыла зборышча Абірама. І ўспыхнуў агонь у скопішчы іх, полымя спаліла грэшнікаў. І зрабілі яны цялё пры Гарэбе і пакланяліся перад ідалам. І замянілі хвалу сваю падабенствам быка, што паядае сена. Забыліся пра Бога, Які збавіў іх, Які чыніў нязвыкласці ў Егіпце, цуды на зямлі Хама, страшныя дзівосы каля Чырвонога мора. І сказаў Ён, што вынішчыць іх, каб не Майсей, выбраннік Яго: ён стаў перад Ім у расколіне, каб адвёў гнеў Свой, не губіў іх. І за нішто палічылі яны зямлю пажаданую, не паверылі слову Яго, І марматалі ў сваіх палатках, не слухалі голасу Госпада. І ўзняў Ён руку Сваю на іх, каб пакласці іх ніцма ў пустыні і каб раскідаць патомства іх між народамі, і рассыпаць іх па ўсёй зямлі. І прыгарнуліся яны да Баал-Пэгора, і з’елі ахвяры мёртвых. І ўгнявілі Яго сваімі [ліхімі] задумамі, і спала на іх пляга. Тады паўстаў Пінхас і ўчыніў суд, і спынілася пляга. І залічана яму гэта за справядлівасць на ўсе пакаленні аж на век. І ўгнявілі Яго каля водаў Мэрыбы, і праз іх прыйшла бяда на Майсея, бо яны раз’ятрылі дух яго, і пачаў прамаўляць ён неабдуманае вуснамі сваімі. Не вынішчылі паганаў, пра якіх сказаў ім Госпад, а памяшаліся яны з паганамі і навучыліся справам іх. І пачалі служыць іх балванам, і сталася [гэта] пасткай для іх. Ды складалі ў ахвяру сыноў сваіх і дочак сваіх дэманам. І пралілі нявінную кроў, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх ахвяравалі балванам ханаанскім, і зямля спаганена была кроўю, і спракудзіліся сваімі справамі, і сваімі паводзінамі парушылі прымірэнне. І ўзгарэўся гнеў Госпадаў на народ Яго, і ўзненавідзеў Ён спадчыну Сваю. І выдаў іх у рукі паганам, і запанавалі над імі тыя, што іх ненавідзелі. І прыгняталі іх непрыяцелі іх, і прыніжаны былі іх рукой. Часта вызваляў Ён іх, але яны гнявілі Яго сваімі намерамі і гінулі дзеля несправядлівасцей сваіх. Але глянуў Ён на іх бяду, калі пачуў лямант іх. І ўспомніў на шчасце іх пра запавет Свой і пашкадаваў іх паводле бязмежнай міласэрнасці Сваёй. І будзіў Ён літасць да іх ва ўсіх, якія іх няволілі. Збаў нас, Госпадзе Божа наш, і забяры нас з-паміж народаў, каб мы вызнавалі святое імя Тваё і ўслаўляліся славай Тваёю. Дабраславёны Госпад Бог Ізраэля ад веку і да веку! І скажа ўвесь народ: «Амін, амін!»
Алілуя. Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо на векі міласэрнасць Яго. Хай скажуць тыя, якія былі адкуплены Госпадам, якіх Ён адкупіў з рукі праціўніка. і сабраў іх з [розных] краін, з усходу і з захаду, з поўначы і ад мора. Яны блудзілі па пустыні, па бязлюддзі, не знаходзілі дарогі да горада абжытага. Адчувалі голад і смагу, душа іх змарнела ў іх. І пачалі яны ўсклікаць да Госпада, калі прыцяснялі іх, і Ён вызваліў іх з няшчасцяў іх. І вывеў іх простай дарогай, каб дайшлі да горада абжытага. Хай вызнаюць Госпада за Яго міласэрнасць і за Яго цуды для сыноў чалавечых, бо насыціў Ён душу таго, хто адчуваў смагу, і напоўніў дабротамі душу, што моцна прагне. Сядзелі яны ў цемры і ў цені смерці, звязаныя галечай і жалезам, бо паднялі яны бунт супраць слоў Бога і пагардзілі парадай Найвышэйшага. І ўпакорыў Ён сэрца іх пакутамі, саслабелі яны і не было нікога, хто ўспамог бы. І пачалі яны ўсклікаць да Бога, калі прыцяснялі іх, і Ён вызваліў іх з няшчасцяў іх. І вывеў іх з цемры і з ценю смерці ды паламаў іх путы. Хай вызнаюць Госпада за Яго міласэрнасць і за Яго цуды для сыноў чалавечых, бо разбіў Ён бронзавыя брамы і выламаў жалезныя запоры. Сталіся яны бязглуздымі на шляху несправядлівасці сваёй і за беззаконнасці свае былі прыніжаны; ад любой ежы адмовілася душа іх і наблізіліся яны да самых брамаў смерці. І пачалі яны ўсклікаць да Бога, калі прыцяснялі іх, і Ён вызваліў іх з няшчасцяў іх. Паслаў Сваё слова і аздаравіў іх і вырваў іх з пагібелі іх. Хай вызнаюць Госпада за Яго міласэрнасць і за Яго цуды для сыноў чалавечых, хай складаюць ахвяру падзякі і хай абвяшчаюць справы Яго з радасцю. Тыя, што на караблях пусціліся ў мора, тыя, што займаюцца працай на вялікіх водах, самі бачылі справы Госпада і цуды Яго ў глыбінях. Сказаў Ён і ўзняў віхуру навальніцы, і пачалі ўздымацца хвалі Яго. Уздымаліся аж пад неба і ападалі зноў на ніз, душа іх млела ў ліхой прыгодзе. Устрывожыліся яны і захісталіся, як п’яны, і паглынута была ўся іх мудрасць. І пачалі яны ўсклікаць да Бога, калі прыцяснялі іх, і Ён вывеў іх з няшчасцяў іх. І асадзіў Ён навальніцу Яго ў лёгкі ветрык, і суцішыліся хвалі Яго. І ўзвесяліліся, што яны сціхлі, і вывеў Ён іх у гавань іх жадання. Хай вызнаюць Госпада за Яго міласэрнасць і за Яго цуды для сыноў чалавечых. І хай узносяць Яго на сходзе народа ды на пасяджэнні старшынаў хай хваляць Яго. Рэкі змяніў Ён у пустыню, а аазісы — у пустую зямлю, урадлівую зямлю — у салёны стэп дзеля ліхасці жыхароў яе. Змяніў Ён пустыню ў вадаёмы, а зямлю сухую — у аазіс. І сабраў там прагнучых, і заснавалі яны горад абжыты. Засеялі палі і насадзілі вінаграднікі, і здабылі яны плады для пажытку свайго. І дабраславіў Ён іх, і памножыліся яны надзвычайна, і жывёлы іх не паменшыў. І засталося іх мала, і змарнелі яны ад прыгнёту ліхіх і ад пакуты. Праліў Ён пагарду на князёў і прымусіў іх блудзіць па пустыні бездарожнай. І падняў беднага з убогасці, і разрасціў сем’і, як стада. Убачаць справядлівыя і ўзвесяляцца, і ўсякая несправядлівасць зацісне вусны. Хто ж мудры і будзе трымацца гэтага, зразумее міласэрнасць Божую.
Песня. Псальм. Давідаў. Прыгатавана сэрца маё, Божа, прыгатавана сэрца маё, буду спяваць і граць псальмы. Добра, хвала мая! Прабудзіся, гуслі і цытра, абуджу я зараніцу. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, між народамі, буду Табе граць псальмы сярод людзей, бо міласэрнасць Твая вялікая аж да нябёсаў і аж да воблакаў праўда Твая. Падыміся над нябёсамі, Божа, і над ўсёй зямлёю — слава Твая. Каб вызваліліся ўмілаваныя Твае, дай збаўленне правіцай Тваёй і выслухай мяне. Прамовіў Бог у святыні Сваёй: «Узрадуюся і падзялю Сіхэм і памераю лагчыну Сукот; мой Галаад і мой Манасэс, і Эфраім — цвярдыня галавы маёй, Юда — скіпетр мой. Моаб — конаўка для абмывання Майго, над Ідумеяй узнясу чаравік мой, над Філістэяй усклікаць буду». Хто давядзе мяне ў абаронны горад? Хто давядзе мяне аж да Ідумеі? Хіба Ты, Божа, Які адпіхнуў нас? Ці ўжо не выйдзеш, Божа, з нашымі сіламі? Дай нам успамогу ад прыгнёту, бо марны ратунак людскі. З Богам праявім магуцце, і Ён стопча нашых непрыяцеляў.
Кіраўніку хору. Давідаў. Псальм. Божа хвалы маёй, не маўчы; бо вусны грэшніка і вусны падступнага разяўлены на мяне. Прамаўляюць супраць мяне языкі падступныя. І словам нянавісці акружылі мяне, і напалі на мяне без прычыны. За любоў маю яны варагавалі са мною; а я маліўся, І адплацілі мне ліхам за дабро і нянавісцю за любоў. Проці яго пастаў грэшніка, а праціўнік хай стане праваруч яго. Калі будуць яго судзіць, хай выйдзе асуджаным, і малітва яго хай залічыцца яму за грэх. Хай дні яго будуць нямногія, і пасаду яго атрымае хто іншы. Хай сыны яго стануць сіротамі, а жонка яго — удавой. Хай дзеці яго бадзяюцца непрыкаяныя, і хай жабруюць, і хай будуць гнаныя з руін сваіх. Хай ліхвяр захопіць усю маёмасць яго, і хай чужынцы разрабуюць [плён] працы яго. Хай не будзе нікога, хто б праявіў міласэрнасць да яго, хай не будзе нікога, хто б злітаваўся над сіротамі яго. Хай дзеці яго пойдуць на пагібель і хай у адзіным пакаленні знішчыцца імя яго. Хай прыйдзе на памяць правіннасць продкаў яго перад Госпадам, і грэх маці яго хай не будзе адпушчаны. Хай будуць яны заўсёды на вачах Госпада ды хай Ён сатрэ з зямлі памяць пра іх. За тое, што не ўспамінаў ён чыніць міласэрнасць, што пераследаваў чалавека ўбогага і жабрака, і параненага сэрцам, каб замардаваць яго. І ўзлюбіў ён паклёп, дык хай спадзе на яго; не хацеў дабраславення, дык хай яно аддаліцца ад яго. І адзеўся ён у паклёп, як у вопратку: і няхай прасочыцца ён у нутро яго, як вада ды, быццам алей, у яго косці. Хай ён будзе яму, як адзенне, што адкрывае яго, і як пояс, якім ён падпяразваецца. Гэта адплата тым, якія прыцясняюць мяне ў Госпадзе і якія прамаўляюць ліхое супраць душы маёй. Але Ты, Госпадзе, Госпадзе, чыні разам са мной дзеля імя Твайго, вызвалі мяне, бо спагадная міласэрнасць Твая; бо я няшчасны і бедны, і сэрца маё скалечана ўва мне. Як цень, калі схіляецца, прамінуў я, трасуць мяне, як саранчу. Калені мае саслабелі ад посту, а цела маё схуднела без алею. І я стаў для іх пасмешышчам: убачылі яны мяне і сталі ківаць галовамі сваімі. Успамажы, Госпадзе, Божа мой, ратуй мяне дзеля Сваёй міласэрнасці. І хай знаюць, што гэта Твая рука: Ты, Госпадзе, гэта ўчыніў. Хай яны праклінаюць, але Ты дабраслаўляй; хай тыя, што паўстаюць супраць мяне, хай пасаромеюцца, а слуга Твой будзе весяліцца. Тыя, што шкодзяць мне, хай пакрыюцца ганьбай ды хай ахінуцца сорамам, быццам плашчом. Ад душы буду вызнаваць Госпада вуснамі маімі ды сярод многіх буду славіць Яго, бо стаў Ён праваруч беднага, каб збавіць яго ад тых, што судзяць душу яго.
Давідаў. Псальм. Сказаў Госпад Госпаду майму: «Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае». Жазло магуцця Твайго вышле Госпад з Сіёна: «Валадар Ты сярод непрыяцеляў Тваіх! За Табою першынства ў дзень магуцця Твайго, у ззянні святым, з улоння на досвітку нарадзіў я Цябе». Прысягнуў Госпад і не пашкадуе: «Ты святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха». Госпад праваруч Цябе: у дзень гневу Свайго зрыне Ён цароў. Ён будзе судзіць народы: будзе поўна трупаў, зрыне Ён галовы на зямной прасторы. Па дарозе нап’ецца з ручая і дзеля таго падыме галаву.
Алілуя. АЛЕФ. Буду вызнаваць я Госпада ўсім сэрцам маім, БЭТ. на сабранні справядлівых і на сходзе. ГІМЭЛЬ. Вялікія ёсць справы Госпадавы, ДАЛЕТ. вартыя вывучэння ўсімі, каму яны падабаюцца. ГЕ. Аздоба і велічнасць — справа Яго, ВАЎ. а справядлівасць Яго трывае на векі вечныя. ДЗАЙН. Памятнымі зрабіў Ён цуды Свае, ГЭТ. міласэрны і спагадны Госпад. ТЭТ. Даў есці тым, якія шануюць Яго; ЁД. памятаць будзе век пра Свой запавет. КАФ. Магуцце спраў Сваіх абвясціў Ён Свайму народу, ЛАМЭД каб даць ім спадчыну паганаў. МЭМ. Справы рук Яго — праўда і суд, НУН. верныя ўсе Яго прыказанні, САМЭХ. замацаваныя на векі вечныя, АЙН. учыненыя ў праўдзе і справядлівасці. ФЭ. Паслаў Ён адкупленне народу Свайму, САДЭ. пастанавіў навечна запавет Свой, КОФ. святое і шаноўнае імя Яго. РЭС. Пачатак мудрасці — пашана да Госпада, СІН. добры розум ва ўсіх, хто гэта чыніць; ТАУ. Хвала Яго трывае на векі вечныя.
Алілуя. АЛЕФ. Шчасны чалавек, які шануе Госпада, БЭТ. які вельмі любіць прыказанні Яго. ГІМЭЛЬ. Магутным будзе на зямлі патомства яго. ДАЛЕТ. Дабраславёным будзе пакаленне справядлівых. ГЕ. Слава і багацце ў яго доме, ВАЎ. і справядлівасць яго трывае на векі вечныя. ДЗАЙН. Узышло ў цемры святло для справядлівых, ГЭТ. Ён спагадны, і міласэрны, і справядлівы. Мілы той чалавек, ТЭТ. які літуецца і пазычае, ЁД. які кіруе справамі сваімі справядліва, КАФ. бо не пахіснецца ён вечна; ЛАМЭД. справядлівы будзе ў вечнай памяці. МЭМ. Не будзе ён баяцца ліхой чуткі, НУН. сэрца яго гатовае, мае надзею ў Богу. САМЭК. Умацована сэрца яго, не будзе баяцца, АЙН. калі з пагардаю гляне на непрыяцеляў сваіх. ФЭ. Падзяліў ён, даў бедным; САДЭ. справядлівасць яго трывае ў векі вечныя, КОФ. рог яго ўзвысіцца ў славе. РЭС. Убачыць грэшнік і разгневаецца, СІН. будзе скрыгатаць зубамі сваімі і марнець. ТАУ. Жаданне грэшнікаў не здзейсніцца.
Алілуя. Хваліце, слугі Госпадавы, хваліце імя Госпада. Хай будзе імя Госпада дабраслаўлёна з [гэтага] часу, цяпер і вечна. Ад усходу сонца і да захаду яго хай будзе ўслаўлена імя Госпада. Госпад узвышаны над усімі народамі, слава Яго над нябёсамі. Хто ж, як Госпад Бог наш, Які жыве на вышынях? І схіляецца, каб пазіраць на неба і на зямлю? Падымае Ён з зямлі ўбогага, з гною выцягвае беднага, каб памясціць яго з князямі, з князямі народа Свайго. Ён робіць так, што няплодная пасяляецца ў доме як маці, што радуецца сынам.
Алілуя. Пры выхадзе Ізраэля з Егіпта, дома Якуба — з чужога народа. Сталася Юда свяцілішчам яго, Ізраэль — сілай яго. Мора бачыць і ўцякае, Ярдан вяртаецца назад; Горы заскакалі, як бараны, і ўзгоркі — быццам ягняткі. Што з табой, мора, чаму ты ўцякаеш? І ты, Ярдан, што вяртаешся назад? Горы, чаму скачаце, як бараны, і ўзгоркі, як ягняткі? Трымці, зямля, перад абліччам Госпада, перад абліччам Бога Якубава, Які скалу ператварае ў вадаём, а каменную гару — у крыніцу.
Не нам, Госпадзе, не нам, але імю Свайму дай хвалу за Тваю міласэрнасць і за Тваю праўду. Чаму мелі б казаць паганы: «Дзе ж Бог іх?» Бог наш на небе, усё, што захацеў, зрабіў. Ідалы іх срэбра і золата, стварэнне людскіх рук. Вусны маюць, ды не гавораць, вочы маюць, ды не бачаць. Вушы маюць, ды не чуюць, ноздры маюць, ды не адчуваюць паху. Рукі маюць, ды не ўспрымаюць на дотык, ногі маюць, ды не ходзяць; горлам сваім не пададуць голасу. Будуць падобныя да іх тыя, што майструюць іх [балванаў], і ўсе, што вераць у іх. Дом Ізраэля мае надзею ў Госпадзе: Ён іх успамога і абарона. Дом Аарона мае надзею ў Госпадзе: Ён іх успамога і абарона. Тыя, што шануюць Госпада, ускладаюць надзею на Госпада: Ён іх успамога і абарона. Госпад памятаў пра нас і будзе дабраслаўляць нас: будзе дабраслаўляць Ён дом Ізраэля, будзе дабраслаўляць Ён дом Аарона, будзе дабраслаўляць Ён усіх, хто шануюць Госпада, — як малых, так і вялікіх. Хай Госпад памнажае вас, вас і сыноў вашых. Дабраславёныя вы Богам, Які стварыў неба і зямлю. Нябёсы, нябёсы — у Бога, зямлю ж даў для сыноў чалавечых. Не мёртвыя хваліць будуць Цябе, Госпадзе, ані ўсе тыя, што сыходзяць у маўчанне, а мы, жывыя, дабраслаўляем Госпада з гэтага [часу], цяпер і вечна.
Алілуя. Палюбіў я, бо выслухаў Госпад голас малення майго. Бо нахіліў вуха Сваё да мяне, калі прызываў я ў дні мае. Ахуталі мяне путы смерці і пакуты пякельныя нахлынулі на мяне. Натрапіў я на бяду і пакуту. І стаў я прызываць імя Госпада: «О Божа, вызвалі душу маю». Міласэрны Бог і справядлівы, і Бог наш літасцівы. Сцеражэ Госпад малых; быў я прыніжаны, а Ён даў мне збаўленне. Вярніся, душа мая, да спачынку твайго, бо Госпад дабро ўчыніў табе; бо вырваў Ён душу маю ад смерці, вочы мае — ад слёз, ногі мае — ад падзення. Буду хадзіць перад Госпадам у краіне жывых. Паверыў я, і таму прамовіў: «Прыніжаны я вельмі». Я ў страху сваім сказаў: «Кожны чалавек ашуканец». Чым жа я аддам Госпаду за ўсё, што Ён аддаў мне? Вазьму келіх збаўлення і прызаву імя Госпада. Аддам абяцанні мае Госпаду перад усім народам Яго. Дарагая ў вачах Госпада смерць Яго святых. Госпадзе, я слуга Твой, і сын служанкі Тваёй. Ты разарваў путы мае. Злажу я Табе пахвальную ахвяру і прызаву імя Госпада. Аддам абяцанні мае Госпаду перад усім народам Яго на панадворку дому Госпада, пасярод цябе, Ерузалім.
Алілуя. Хваліце Госпада, усе пагане, і слаўце Яго, усе народы. Бо ўмацавалася над намі міласэрнасць Яго і праўда Госпада — вечна. Алілуя.
Алілуя. Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо вечная міласэрнасць Яго. Хай кажа цяпер дом Ізраэля, што Ён добры, што вечная міласэрнасць Яго. Хай кажа цяпер дом Аарона, што вечная міласэрнасць Яго. Хай кажуць цяпер тыя, што шануюць Госпада, што вечная міласэрнасць Яго. У бядзе я звярнуўся да Госпада, і выслухаў мяне Госпад, Які выводзіць на прастору. Госпад — Успаможца мой; не збаюся, бо што зробіць мне чалавек? Госпад са мною, і я з пагардаю зірну на непрыяцеляў маіх. Лепш бегчы да Госпада, чым спадзявацца на чалавека. Лепш бегчы да Госпада, чым давярацца князям. Усе паганы абступілі мяне кругом, і вынішчыў я іх у імя Госпада. Абступаючы, акружаюць яны мяне, і вынішчыў я іх у імя Госпада. Акружылі мяне, як пчолы, і ўзгарэліся, як агонь у цернях; і вынішчыў я іх у імя Госпада. Піхаючы, штурхалі мяне, каб я паваліўся, і Госпад успамог мне. Цвярдыня мая і хвала мая — Госпад, і стаўся Ён збаўленнем для мяне. Гоман услаўлення і збаўлення чуецца ў палатках справядлівых: «Правіца Госпада стварае магутнасць, правіца Госпада ўзвышае мяне, правіца Госпада стварае магутнасць!» Не памру я, але буду жыць і раскажу пра справы Госпада. Караючы, пакараў мяне Госпад, але смерці мяне не аддаў. Адчыніце мне брамы справядлівасці; увайшоўшы праз іх, вызнаваць буду Госпада. Гэта брама Госпада, справядлівыя ўвойдуць праз яе. Буду вызнаваць Цябе, бо Ты выслухаў мяне і стаўся збаўленнем для мяне. Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых. Вось жа дзень, які ўчыніў Госпад: давайце радавацца і весяліцца ў ім. О, Госпадзе, збаў мяне, о, Госпадзе, дай шчаслівае жыццё! Дабраславёны, хто прыходзіць у імя Госпада. Дабраслаўляем вас з дому Госпада. Бог — Госпад, і Ён асвятліў нас. Падрыхтуйце ахвяру з густым веццем аж да рагоў ахвярніка. Ты — мой Бог, і я буду вызнаваць Цябе, Божа мой, і буду ўзвышаць Цябе. Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо вечная міласэрнасць Яго.
Алілуя.
АЛЕФ
Шчасныя беззаганныя ў дарозе, якія ходзяць у законе Госпада. Шчасныя, што пільнуюцца сведчанняў Яго і ўсім сэрцам імкнуцца да Яго. Яны не ўчыняюць несправядлівасці, і ідуць Яго шляхамі. Ты загадаў ім, каб моцна пільнаваліся загадаў Тваіх. О, каб трывалымі былі мае дарогі для захавання сведчанняў Тваіх. Тады я не пасаромлюся, калі буду зважаць на ўсе Твае загады. Буду вызнаваць Цябе ў шчырасці сэрца, у тым, што я навучыўся судам справядлівасці Тваёй. Буду захоўваць я пастановы Твае, не пакідай мяне ніколі.
БЭТ
Якім чынам юнак захавае чыстай дарогу сваю? Пільнуючыся слоў Тваіх. Усім сэрцам маім шукаю я Цябе, зрабі так, каб я не адступіўся ад пастановаў Тваіх. У сэрцы сваім берагу словы Твае, каб не грашыць супраць Цябе. Дабраславёны Ты, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім. Вуснамі маімі палічыў я ўсе прысуды вуснаў Тваіх. Адчуў я асалоду на дарозе сведчанняў Тваіх, як Тваіх найвялікшых багаццяў. Спасцігаю прыказанні Твае і аглядаю шляхі Твае. Буду захапляцца пастановамі Тваімі, не забуду словы Твае.
ГІМЭЛЬ
Рабі дабро слузе Твайму, і я буду жыць і пільнавацца слоў Тваіх. Раскрый вочы мае, і я буду аглядаць цуды закону Твайго. Госць я на зямлі, не хавай ад мяне загадаў Тваіх. Змарнела душа мая ў імкненні да судоў Тваіх у любы час. Паўшчуваў я пыхлівых, праклятыя, што адступаюцца ад загадаў Тваіх. Аддалі ад мяне ганьбу і пагарду, бо пільнуюся я сведчанняў Тваіх. Калі нават князі сядзяць і гавораць супраць мяне, слуга Твой будзе спасцігаць пастановы Твае. Бо і сведчанні Твае — асалода мая, і парада мая — пастановы Твае.
ДАЛЕТ
Прынікла да пылу душа мая, ажыві мяне паводле слова Твайго. Дарогі мае абвясціў я, і Ты выслухаў мяне, навучы мяне пастановам Тваім. Дарогу прыказанняў Тваіх дай мне зразумець, і я буду спасцігаць цуды Твае. Душа мая ў смутку роніць слёзы, хай кіруе мною слова Тваё. Дарогу маны павярні ад мяне, а закон Твой дай мне прыхільна. Дарогу праўды выбраў я, прысуды Твае паставіў я перад сабою. Прынік я да сведчанняў Тваіх, Госпадзе; не пасарамаці мяне. Дарогаю прыказанняў Тваіх пабягу, бо пашырыў Ты сэрца маё.
ГЭ
Усталюй закон мне, Госпадзе, дарогу пастановаў Тваіх, і я трымацца буду яе заўсёды. Дай мне разуменне, і я буду выконваць закон Твой і пільнавацца яго ад усяго сэрца майго. Вядзі мяне сцежкай загадаў Тваіх, бо я жадаю яе. Нахіні сэрца маё да сведчанняў Тваіх, а не да нажывы. Адвярні вочы мае, каб не глядзелі на марнасць; на дарозе Тваёй ажыві мяне. Узнаві для слугі Твайго прырачэнне Тваё; яно — дзеля ўшанавання Твайго. Ухілі ганьбу маю, якой я напалоханы, бо прысуды Твае спагадныя. Вось жа жадаю я Тваіх пастаноў: па законнасці Тваёй ажыві мяне.
ВАЎ
Дык хай сыдзе на мяне міласэрнасць Твая, Госпадзе, збаўленне Тваё паводле Твайго прырачэння. І дам я слова ў адказ тым, якія мяне зневажаюць, бо ўскладаю я надзею на словы Твае. Не ўхіляй ніколі ад вуснаў маіх слова праўды, бо маю надзею ў рашэннях Тваіх. І буду пільнавацца закону Твайго заўсёды, павечна і ў векі вечныя. Ды буду хадзіць прасторнай [дарогай]; бо шукаю я прыказанняў Тваіх. Буду гаварыць пра прыказанні Твае перад царамі і не пасаромеюся. І буду захапляцца загадамі Тваімі, бо люблю іх. Падымаю рукі мае да загадаў Тваіх, якія люблю; і буду спасцігаць пастанаўленні Твае.
ДЗАЙН
Помні пра слова Тваё слузе Твайму, якім Ты даў мне надзею. Яно пацешыла мяне ў прыніжэнні маім, бо слова Тваё ажывіла мяне. Пыхліўцы кпяць з мяне нахабна, але я ад закону Твайго не адступаю. Помню і пра адвечныя суды Твае, Госпадзе, і яны цешаць мяне. Абурэнне апанавала мяне праз грэшнікаў, што пакідаюць закон Твой. Песнямі сталіся для мяне пастановы Твае ў месцы падарожжа майго. І ноччу помню я імя Тваё, Госпадзе, і буду пільнавацца закону Твайго. Гэта сталася са мною, што стаў выконваць я прыказанні Твае.
ГЭТ
Доля мая — Госпад: паабяцаў я пільнавацца слоў Тваіх. Звярнуўся я малітоўна да аблічча Твайго ад усяго сэрца майго; злітуйся нада мной паводле Твайго прырачэння. Абдумваю я шляхі свае і павяртаю ногі свае да Тваіх сведчанняў. Паспяшаўся і не замарудзіў, каб пільнавацца загадаў Тваіх. Аплялі мяне кругом путы грэшнікаў, а закону Твайго я не забыўся. Устаю апоўначы, дзякаваць Табе за прысуды справядлівасці Тваёй. Я саўдзельнік усіх тых, што шануюць Цябе і пільнуюцца прыказанняў Тваіх. Поўная зямля міласэрнасці Тваёй, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.
ТЭТ
Дабрадзейства даў Ты слузе Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго. Дабрачыннасці, разважнасці і веданню навучы мяне, бо паверыў я загадам Тваім. Перш чым быў прыніжаны, блудзіў я, цяпер жа буду трымацца прырачэння Твайго. Добры Ты і дабрачынны, навучы мяне пастановам Тваім. Пыхліўцы плануюць подступы на мяне, а я ўсім сэрцам выконваю прыказанні Твае. Атлусцела сэрца іх, быццам тук, а я захапляюся законам Тваім. Добра для мяне, што быў я прыніжаны, каб навучыўся пастановам Тваім. Лепш для мяне закон вуснаў Тваіх, чым тысячы золата і срэбра. Рукі Твае стварылі мяне і аформілі мяне; дай мне разуменне, і я навучуся загадам Тваім. Тыя, што шануюць Цябе, убачаць мяне і ўзвесяляцца, бо трывала ўсклаў я надзею на словы Твае.
ЁД
Спазнаў я, Госпадзе, што прысуды Твае — справядлівасць, і па справядлівасці прынізіў Ты мяне. Калі будзе міласэрнасць Твая, каб суцешыць мяне, паводле прырачэння Твайго слузе Твайму. Спашлі на мяне ласкі Твае, каб я мог жыць, бо закон Твой — асалода мая. Хай пасаромеюцца пыхліўцы, бо падступна прыгняталі яны мяне, я буду спасцігаць прыказанні Твае. Хай павернуцца да мяне тыя, што шануюць Цябе, і тыя, што пазналі сведчанні Твае. Хай будзе сэрца маё беззаганнае ў пастановах Тваіх, і не пасаромлюся.
КАФ
Марнее, [прагнучы] збаўлення, душа мая, і трывала ўскладаю я надзею на слова Тваё. Тупеюць вочы мае, [шукаючы] прырачэння Твайго, кажучы: «Калі Ты суцешыш мяне?» Бо стаў я, як мех [скураны] у дыме, пастановаў жа Тваіх не забыўся. Колькі дзён слугі Твайго? Калі ўчыніш суд над пераследнікамі маімі? Накапалі для мяне ям пыхліўцы, і яны — не паводле закону Твайго. Усе загады Твае — справядлівасць; падступна яны пераследы мне чынілі: успамажы мне. Ледзь не забілі яны мяне на зямлі, але я не пакінуў прыказанняў Тваіх. Паводле міласэрнасці Тваёй ухавай мяне жывым, а я захаваю напамінанні Твае.
ЛАМЕД
Навечна, Госпадзе, слова Тваё ўсталявана на небе. На ўсе пакаленні — праўда Твая; умацаваў Ты зямлю, і яна трывае. Паводле прысудаў Тваіх трывае яна сёння, бо ўсё служыць Табе. Каб закон Твой не быў мне асалодай, тады я адразу прапаў бы ў прыніжанасці маёй. Век не забуду прыказанні Твае, бо праз іх ажывіў Ты мяне. Я Твой, збаў мяне, бо адшукаў я прыказанні Твае. Цікуюць на мяне грэшнікі, каб загубіць мяне, я зразумеў сведчанні Твае. Я ўбачыў абмежаванасць любой дасканаласці; загад Твой — бязмежна шырокі.
МЭМ
Як жа палюбіў я закон Твой, Госпадзе; цэлы дзень — роздум мой [пра яго]. Закон Твай зрабіў мяне разумнейшым за непрыяцеляў маіх, бо ён са мною навечна. Стаўся я мудрэйшым за ўсіх тых, што вучылі мяне, бо сведчанні Твае — роздум мой. Разумею я лепш за старцаў, бо выконваю прыказанні Твае. Ад усякай ліхой дарогі ўстрымліваю я ногі мае, каб упільнавацца слова Твайго. Ад прысудаў Тваіх я не ўхіляюся, бо Ты навучыў мяне. Якія ж салодкія для паднябення майго прырачэнні Твае, лепш за мёд — для вуснаў маіх! Праз прыказанні Твае атрымаў я разуменне; таму ненавіджу любую дарогу маны.
НУН
Паходня для ног маіх — слова Тваё і святло сцежкі маёй. Даю я прысягу і пастанаўляю пільнавацца прысудаў справядлівасці Тваёй. Прыніжаны я вельмі, Госпадзе; ажыві мяне паводле слова Твайго. Хай будуць пажаданымі добразычлівасці вуснаў маіх, Госпадзе, і прысудам Тваім навучы мяне. Жыццё маё заўсёды ў небяспецы, а законаў Тваіх я не забываюся. Грэшнікі паставілі пастку на мяне, а я не зблудзіў ад прыказанняў Тваіх. Сведчанні Твае — спадчына мая навечна, бо яны — радасць сэрца майго. Схіліў я сэрца маё, каб чыніць пастановы Твае вечна, да канца.
САМЭК
Ненавіджу я двудушных, а люблю закон Твой. Ты покрыва і шчыт мой, трывала ўсклаў я надзею на слова Тваё. Адхіліцеся ад мяне ліхадзеі, і буду я выконваць загады Бога майго. Падтрымай мяне паводле прырачэння Твайго, і я буду жыць; і не пасарамаці мяне ў чаканні маім. Падмацуй мяне, і буду збаўлены, і буду захапляцца пастановамі Тваімі заўсёды. Адцураешся Ты ўсіх адступнікаў ад пастановаў, бо задума іх — мана. За шлак лічыш Ты ўсіх грэшнікаў зямлі; таму палюбіў я сведчанні Твае. Трымціць ад страху Твайго цела маё; баюся я судоў Тваіх.
АЙН
Учыніў я суд і справядлівасць; не выдавай мяне тым, што ўзводзяць паклёп на мяне. Забяспеч слугу свайго дабром, каб не ўзводзілі паклёп на мяне пыхліўцы. Вочы мае стамляюцца ад чакання дапамогі Тваёй і справядлівых прырачэнняў Тваіх. Учыні са слугой Сваім паводле міласэрнасці Тваёй і навучы мяне пастановам Тваім. Слуга Твой я; дай мне разуменне, каб ведаў я сведчанні Твае. Пара дзейнічаць, Госпадзе, бо расцерушылі закон Твой. Дзеля таго люблю я загады Твае больш за чыстае золата, таму кіраваўся я ва ўсім прыказаннямі Тваімі, узненавідзеў любую дарогу маны.
ФЭ
Дзівосныя сведчанні Твае, трымалася іх душа мая. Абвяшчэнне слоў Тваіх прасвятляе і дае разуменне малым. Раскрываю вусны мае і ўцягваю паветра, бо прагну загадаў Тваіх. Павярніся да мяне і злітуйся нада мной паводле прысуду Твайго для тых, што любяць імя Тваё. Накіроўвай крокі мае паводле прырачэння Твайго, і не запануе нада мною аніякая несправядлівасць. Адкупі мяне ад паклёпаў людскіх, каб пільнаваўся я прыказанняў Тваіх. Прасвятлі аблічча Тваё на слугу Твайго і навучы мяне пастановам Тваім. Ручаі слёз выцякаюць з вачэй маіх, бо не пільнуюцца яны закону Твайго.
САДЭ
Справядлівы Ты, Госпадзе, і праўдзівы суд Твой. Перадаў Ты ў справядлівасці сведчанні Твае ў чыстай праўдзе. Марнуе мяне руплівасць мая, бо забываюцца пра словы Твае непрыяцелі мае. Прырачэнне Тваё надзвычай агністае, і слуга Твой палюбіў яго. Малюсенькі я і занядбаны, прыказанняў Тваіх не забыўся. Твая справядлівасць — вечная справядлівасць, і закон Твой — праўда. Бяда і ўціск наваліліся на мяне, загады Твае — асалода мая. Сведчанні Твае — вечная справядлівасць; дай мне разуменне, і я буду жыць.
КОФ
Крычу я ад усяго сэрца майго: выслухай мяне, Госпадзе; выканаць хачу пастановы Твае. Крычу я да Цябе: збаў мяне, і буду выконваць загады Твае. Апярэджваю я раніцу і клікаю, трывала ўскладаю надзею на словы Твае. Апярэдзяць вочы мае світанне, каб абдумаць мне прырачэнні Твае. Пачуй голас мой паводле міласэрнасці Тваёй, Госпадзе, паводле прысуду Твайго ажыві мяне. Наблізіліся тыя, што пераследуюць мяне ў ліхасці, але ад закону Твайго аддаліліся яны. Блізка Ты, Госпадзе, і ўсе загады Твае — праўда. Ад пачатку даведаўся я пра сведчанні Твае, што заснаваў Ты іх навечна.
РЭС
Паглядзі на прыніжэнне маё і вырві мяне; бо закону Твайго я не забыўся. Рассудзі справу маю і адкупі мяне, пры дапамозе прырачэння Твайго ажыві мяне. Далёка збаўленне ад грэшнікаў, бо яны не адшукалі пастановаў Тваіх. Вялікая Твая, Госпадзе, міласэрнасць, паводле прысуду Твайго ажыві мяне. Многа пераследуючых мяне і засмучаючых мяне; ад напамінаў Тваіх я не ўхіляюся. Бачу я адступнікаў і брыджуся, бо прырачэнняў Тваіх яны не берагуць. Госпадзе, люблю Твае прыказанні, з міласэрнасці ўхавай мяне жывым. Аснова слоў Тваіх — праўда, і вечныя ўсе прысуды справядлівасці Тваёй.
СІН
Князі чыняць пераслед мне без прычыны, а сэрца маё шануе слова Тваё. Весялюся з прырачэнняў Тваіх, як тыя, што натрапілі на вялікую здабычу. Ненавіджу я ману і брыджуся; але Твой закон люблю. Сем разоў на дзень хвалю Цябе за справядлівыя прысуды Твае. Шчодры супакой тым, што любяць закон Твой, і няма для іх спакушэння. Маю надзею на дапамогу Тваю, Госпадзе, і выконваю загады Твае. Дапільнавалася душа мая сведчанняў Тваіх, і палюбіў я іх надзвычайна. Выконваю прыказанні Твае і сведчанні Твае, бо ўсе дарогі мае на віду ў Цябе.
ТАЎ
Хай наблізіцца маленне маё да Цябе, Госпадзе; згодна з словам Тваім дай мне разуменне. Хай дойдзе да Цябе маленне маё; паводле прырачэння Твайго вызвалі мяне. Выпусцяць гімн вусны мае, калі навучыш мяне пастановам Тваім. Хай апявае язык мой прырачэнне Тваё, бо ўсе загады Твае — справядлівасць. Хай рука Твая станецца такой, каб успамагала мне, бо выбраў я прыказанні Твае. Запрагнуў я збаўлення Твайго, Госпадзе, і закон Твой — асалода мая. Хай жыве душа мая і хваліць Цябе, і прысуды Твае ўспамагаюць мне. Блукаю я, як авечка, што прапала; шукай слугу Твайго, бо загадаў Тваіх я не забываюся.
Песня ўзыходжання. Паколькі я ў бядзе, то паклікаў Госпада, і Ён выслухаў мяне. Божа, вызвалі душу маю ад вуснаў маны, ад языка падступнага. Што яшчэ даць табе ці што яшчэ дадаць да цябе, язык падступны? Вострыя стрэлы волата з вуглямі ядлаўцовымі. Гора мне, што я чужы ў Масоку, пасяліўся ля палатак Кедара! Доўга пражыла душа мая з тымі, што ненавідзяць супакой. Я быў супакоетворцам; але калі прамаўляў, яны нападалі на мяне.
Песня ўзыходжання. Падымаю свае вочы на горы: адкуль мае прыйсці мне дапамога? Дапамога мая ў Госпада, Які стварыў неба і зямлю. Не дасць Ён пахіснуцца тваёй назе, не задрэмле Той, Хто пільнуе цябе. Вось жа не задрэмле і не заспіць Той, Хто пільнуе Ізраэль. Госпад пільнуе цябе, Госпад — шаты твае праваруч цябе. Сонца не зашкодзіць табе днём, ані ноччу месяц. Госпад будзе пільнаваць цябе ад усялякага ліха; пільнаваць будзе душу тваю Госпад. Госпад будзе пільнаваць выхад твой і ўваход твой ад гэтага часу і навечна.
Песня ўзыходжання. Давідава. Узвесяліўся я тым, што сказалі мне: «Пойдзем у дом Госпадаў». Ужо стаяць ногі нашы ў тваіх брамах, Ерузалім. Ерузалім, што быў пабудаваны як горад увесь заключаны ў адно цэлае. Туды прыходзяць пакаленні, пакаленні Госпада, па законе Ізраэля, каб праслаўляць імя Госпада. Бо там пастаўлены пасады суду, пасады дому Давідава. Прасіце таго, што [прыносіць] супакой Ерузаліму: «Хай жывуць у супакоі тыя, што любяць Цябе! Хай будзе супакой у Тваіх мурах, бяспека ў палацах Тваіх!» Дзеля братоў маіх і блізкіх маіх прамоўлю: «Супакой Табе!» Дзеля дому Госпада Бога нашага буду прасіць табе дабра.
Песня ўзыходжання. Да Цябе падняў я свае вочы, да Цябе, Які пражываеш на небе. Вось, як вочы слуг [звернуты] на рукі гаспадароў сваіх, як вочы служанкі — на рукі гаспадыні сваёй, так вочы нашы — на Госпада Бога нашага, пакуль Ён не злітуецца над намі. Злітуйся над намі, Госпадзе, злітуйся над намі, бо мы перапоўнены пагардай, бо перапоўнена душа наша кпінамі багатых і пагардаю пыхлівых.
Песня ўзыходжання. Давідава. Калі б не Госпад быў з намі, хай скажа цяпер Ізраэль, Калі б не Госпад быў з намі, калі людзі паўсталі супраць нас: адразу праглынулі б яны нас жывымі, калі б разгарэлася іх абурэнне на нас, Напэўна, вада затапіла б нас, ручай праплыў бы праз душу нашу; напэўна, праплылі б праз душу нашу бурлівыя воды. Дабраславёны Госпад, Які не даў нас на здабычу ў зубы іх. Душа наша, як верабей, вырвалася з сіла птушкаловаў: сіло парвалася, а мы вызваліліся. Успамога наша ў імю Госпада, Які стварыў неба і зямлю.
Песня ўзыходжання. Тыя, што здавераны ў Госпадзе, падобныя да гары Сіён: яна не зварухнецца, трывае на век. Ерузалім, горы каля яго, а Госпад — каля народа Свайго ад гэтага часу і навечна. Бо не затрымаецца жазло несправядлівасці над доляй справядлівых, каб справядлівыя не працягвалі рук сваіх да несправядлівасці. Спагадай, Госпадзе, добрым і шчырым сэрцам. А тых, што ўхіляюцца на свае крывыя дарогі, хай прагоніць Госпад разам з ліхадзеямі. Супакой над Ізраэлем!
Песня ўзыходжання. Калі Госпад адмяняў няволю Сіёна, сталіся мы быццам ува сне. Тады вусны нашыя былі поўныя смеху, а язык наш — радасці. Тады гаварылі між паганаў: «Вялікае ўчыніў з імі Госпад». Вялікае ўчыніў Госпад з намі: сталіся мы радаснымі. Адмяні, Госпадзе, няволю нашу, як ручаі ў паўднёвай зямлі. Тыя, што сеюць са слязамі, з радасцю жаць будуць. Ідучы ідуць і плачуць, несучы зерне на пасеў. Вяртаючыся ж, ідуць з радасцю, несучы свае снапы.
Песня ўзыходжання. Саламонава. Калі Госпад не збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго. Калі Госпад не дапільнуе горада, надарма чувае той, хто пільнуе яго. Не варта ўставаць вам на світанні і сядзець да позняй ночы, вам, што ясце хлеб [натужнай] працы, бо ўмілаваным Сваім Ён дае сон. Вось спадчына Госпада — сыны, заплата — плод улоння. Як стрэлы ў руцэ волата, так сыны ў маладосці [сваёй]. Шчасны чалавек, які напоўніў імі свой калчан; не пасаромеюцца яны, калі будуць размаўляць з непрыяцелямі сваімі пры браме.
Песня ўзыходжання. Шчасны кожны, хто шануе Госпада, хто ходзіць па Яго дарогах. Бо з працы рук тваіх будзеш харчавацца, шчасны будзеш і добра будзе табе. Жонка твая, як плодная галінка вінаграду ў пакоях дому твайго; сыны твае, як парасткі аліўныя вакол твайго стала. Вось, так дабраславёны будзе чалавек, які шануе Госпада. Хай дабраслаўляе цябе Госпад з Сіёна, а ты глядзі на даброты Ерузаліма ва ўсе дні жыцця твайго, і глядзі на сыноў тваіх сыноў. Супакой над Ізраэлем!
Песня ўзыходжання. Часта нападалі на мяне з маладосці маёй; хай кажа цяпер Ізраэль, часта нападалі на мяне з маладосці маёй, але не перамаглі мяне. На маёй спіне аратаі аралі, праклалі яны доўгія барозны свае. Справядлівы ж Госпад разбіў каркі грэшнікаў. Хай пасаромяцца і абернуцца назад ўсе тыя, што ненавідзяць Сіён. Хай стануцца яны падобныя да травы на страсе, якая высахла раней, чым яе вырвуць, не напоўніць ёю рукі сваёй касец, ані пазухі той, хто збірае снапы. І не скажуць праходзячыя міма: «Дабраславенне Госпада вам! Дабраслаўляем вас у імя Госпада!»
Песня ўзыходжання. З глыбіняў прызываю я Цябе, Госпадзе; Госпадзе, выслухай голас мой. Хай будуць вушы Твае нахілены да голасу малення майго. Калі будзеш аглядаць несправядлівасці, Госпадзе, хто ж вытрымае? Бо ў Цябе — адпушчэнне [грахоў], каб мы шанавалі Цябе. Пакладаюся на Госпада; трымалася душа мая слова Яго; усклала надзею душа мая ў Госпадзе больш, чым вартаўнікі світання. Хай ускладзе надзею Ізраэль у Госпадзе, бо ў Госпада — міласэрнасць і шчодрае адкупленне — у Яго. І Ён адкупіць Ізраэль ад усіх несправядлівасцей яго.
Песня ўзыходжання. Госпадзе, не ўзвышаецца сэрца маё ў пыху і не ганарыстыя вочы мае, не ганяюся я за вялікім ані за дзівосным для мяне. Сапраўды, спакойнай і ціхай зрабіў я душу маю; як немаўля пры грудзях маці сваёй, Хай Ізраэль ускладзе надзею ў Госпадзе ад гэтага часу і навечна.
Песня ўзыходжання. Госпадзе, памятай пра Давіда і пра ўсю пакорлівасць яго: бо прысягнуў ён Госпаду, даў абяцанне Магутнаму Якубаву: «Не ўвайду ў шаты дому свайго, не ўздымуся на ложа пасцелі маёй, не дам сну вачам маім і павекам маім, пакуль не знайду месца для Госпада, палаткі для Магутнага Якубава». Вось, пачулі мы пра той самы [каўчэг], вось, у Эфраце, знайшлі мы яго на палях Яар. Увойдзем у палатку Яго, аддадзім паклон ля падножжа ног Яго. Уздыміся, Госпадзе, да месца супачынку Твайго, Ты і каўчэг Тваёй моцы. Хай святары Твае адзенуцца ў справядлівасць, а святыя Твае радуюцца. Дзеля Давіда, паслугача Твайго, не адварочвай аблічча ад намашчэнца Твайго. Прысягнуў Госпад Давіду праўду, і не адступіць ад яе: «Ад плода сцёгнаў Тваіх пасаджу на пасад Твой. Калі сыны твае захаваюць запавет Мой і сведчанні Мае, якім навучу Я цябе, то і сыны іх вечна будуць сядзець на пасадзе тваім». Бо Госпад выбраў Сіён і пажадаў яго Сабе на паселішча: «Гэта спачынак Мой на векі вечныя; тут буду жыць, бо пажадаў яго. Дабраслаўляючы, дабраслаўлю ежу яго, бедных яго накармлю хлебам. Святароў яго адзену ў збаўленне, і святыя яго будуць вельмі радавацца. Тут вырашчу рог Давіда, прыгатую светач для Майго Намашчэнца. Непрыяцеляў яго пакрыю сорамам, а над ім будзе зіхацець вянец яго».
Песня ўзыходжання. Давідава. Вось, як добра і як прыемна жыць братам у згодзе: як алеек найдаражэйшы на галаве, які сцякае на бараду, на бараду Ааронаву, які сцякае на край шаты яго; як раса Гэрмонская, што кладзецца расой на гару Сіён, бо там Госпад ссылае дабраславенне, жыццё вечнае.
Песня ўзыходжання. Вось, дабраслаўляйце Госпада, усе слугі Госпадавы, што стаіце начамі ў доме Госпадавым. Падыміце рукі вашы да святыні і дабраслаўляйце Госпада. Хай дабраслаўляе цябе Госпад з Сіёна, Які стварыў неба і зямлю.
Алілуя. Хваліце імя Госпада, хваліце, слугі Госпадавы, вы, што стаіце ў доме Госпадавым, на дзядзінцы дому Бога нашага. Хваліце Госпада, бо Госпад добры; спявайце псальмы імю Яго, бо яно мілае. Бо Госпад выбраў сабе Якуба, Ізраэля на ўласнасць Сваю. Бо я спазнаў, што вялікі Госпад, і Бог наш [вышэйшы] за ўсіх багоў. Усё, што толькі захоча Госпад, здзейсніць Ён на небе і на зямлі, на моры і ва ўсіх глыбінях вадзяных. Прыганяе хмары з канца зямлі, выклікае дождж маланкамі; выводзіць Ён вятры з клецяў Сваіх. Ён перабіў першынцаў у Егіпце, так людзей, як і жывёлу. Паказаў знакі і цуды пасярод цябе, Егіпет, для фараона і для ўсіх слуг яго. Ён перабіў многа народаў паганскіх і забіў цароў дужых: Сэгона, цара амарэяў, і Ога, цара Басана і ўсе царствы Ханаанскія. А зямлю іх перадаў на пасяленне, на пасяленне Ізраэлю, Свайму народу. Госпадзе, вечнае імя Тваё; памяць пра Цябе — на ўсе пакаленні. Бо Госпад апякуецца над народам Сваім і злітуецца над слугамі Сваімі. Ідалы паганаў — гэта срэбра і золата, творы рук людскіх: маюць вусны, а не гавораць; маюць вочы, а не бачаць; маюць вушы, а не чуюць, і няма подыху ў вуснах іх. Падобнымі да іх ёсць тыя, што іх робяць, кожны, што спадзяюцца на іх. Доме Ізраэля, дабраслаўляйце Госпада; доме Аарона, дабраслаўляйце Госпада; доме Леві, дабраслаўляйце Госпада; вы, што шануеце Госпада, дабраслаўляйце Госпада! Дабраславёны Госпад з Сіёна, Які жыве ў Ерузаліме. Алілуя.
Алілуя. Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо Яго міласэрнасць вечная. Вызнавайце Бога над багамі, бо Яго міласэрнасць вечная. Вызнавайце Госпада над валадарамі, бо Яго міласэрнасць вечная. Ён адзін учыніў цуды вялікія, бо Яго міласэрнасць вечная. Ён стварыў нябёсы прамудра, бо Яго міласэрнасць вечная Ён распасцёр зямлю над водамі, бо Яго міласэрнасць вечная. Ён стварыў свяцілы вялікія, бо Яго міласэрнасць вечная; сонца, каб днём кіравала, бо Яго міласэрнасць вечная. месяц і зоры, каб кіравалі ноччу, бо Яго міласэрнасць вечная. Ён пабіў Егіпет у першародных яго, бо Яго міласэрнасць вечная. Ён вывеў Ізраэля з асяроддзя іх, бо Яго міласэрнасць вечная; магутнай далонню і шырокай рукою, бо Яго міласэрнасць вечная. Ён Чырвонае мора падзяліў на часткі, бо Яго міласэрнасць вечная. І правёў Ізраэля пасярод яго, бо Яго міласэрнасць вечная. Ён скінуў фараона і сілу яго ў мора, бо Яго міласэрнасць вечная. Ён правёў народ Свой праз пустыню, бо Яго міласэрнасць вечная. Ён пабіў цароў вялікіх, бо Яго міласэрнасць вечная. Ён пабіў цароў магутных, бо Яго міласэрнасць вечная. Сэгона, цара амарэяў, бо Яго міласэрнасць вечная. І Ога, цара Басана, бо Яго міласэрнасць вечная. І аддаў зямлю іх у спадчыну, бо Яго міласэрнасць вечная. У спадчыну Ізраэлю, слузе Свайму, бо Яго міласэрнасць вечная. Ён помніў пра нас у паніжэнні нашым, бо Яго міласэрнасць вечная; і адкупіў нас ад непрыяцеляў нашых, бо Яго міласэрнасць вечная. Ён дае ежу кожнаму целу, бо Яго міласэрнасць вечная. Вызнавайце Бога нябеснага, бо Яго міласэрнасць вечная.
Над рэкамі Бабілона, там сядзелі мы і плакалі, калі ўспаміналі Сіён. На вербах пасярод яго павесілі мы свае цытры. Бо там тыя, што завялі нас у палон, прасілі песень у нас і тыя, што крыўдзілі нас, — радасці: «Паспявайце нам якую песню Сіёнскую!» Як жа мы будзем спяваць песню Госпадаву ў чужой зямлі? Калі б забыўся я пра цябе, Ерузалім, хай забудуся пра правіцу маю. Хай прысохне язык мой да глоткі маёй, калі я не ўспомню пра цябе, калі я не пастаўлю Ерузалім на чале весялосці маёй. Нагадай, Госпадзе, сынам Эдомавым дні Ерузаліма; яны гаварылі: «Спусташыце, спусташыце яго аж да падмурка». Дачка Бабілона — спусташальніца, шчасны той, хто аддасць табе адплату тваю, якую ты нам заплаціла; шчасны, хто схопіць і паб’е дзяцей тваіх аб камень.
Давідаў. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, бо пачуў Ты словы вуснаў маіх. На віду ў анёлаў спяваць псальмы Табе буду, Пакланюся Табе ў хораме Тваім святым; буду вызнаваць імя Тваё за міласэрнасць Тваю і праўду Тваю, бо ўзвялічыў Ты вышэй за ўсё імя прырачэння Твайго. Калі прызываў я Цябе, выслухаў Ты мяне; памножыў Ты магуцце душы маёй. Будуць дзякаваць Табе ўсе цары зямныя, калі пачуюць яны прырачэнні вуснаў Тваіх. І апяваць будуць дарогі Госпада, бо вялікая слава Госпада; бо высокі Госпад і спагадае пакорнаму, а ганарыстага пазнае здалёк. Калі апынуся я ў вялікай бядзе, Ты ажывіш мяне; і супраць гневу непрыяцеляў маіх працягнеш руку Тваю, і збавіць мяне правіца Твая. Госпад зробіць за мяне. Госпадзе, міласэрнасць Твая вечная: не пагарджай творамі рук Тваіх.
Кіраўніку хору. Давідаў. Псальм. Госпадзе, Ты выпрабаваў і ведаеш мяне, Ты ведаеш мяне, калі сяджу і калі падымаюся. Ты разумееш думкі мае здалёк, Ты бачыш, калі я хаджу і калі кладуся. І ўсе дарогі мае Ты праглядаеш, бо няма яшчэ слова на языку маім — і вось, Госпадзе, Ты пра ўсё ведаеш. Абхапляеш Ты мяне ззаду і спераду, і кладзеш на мяне руку Тваю. Вельмі дзівосным сталася Тваё веданне адносна мяне, узнёслае, і не спасцігну яго. Куды пайду я ад Духа Твайго, і куды ўцяку ад аблічча Твайго? Калі пайду ў неба, Ты там; калі спушчуся ў цемру, Ты там прабываеш. Хоць бы ўзяў крылы зараніцы, хоць бы апынуўся на ўскрайках мора, нават там вяла б мяне рука Твая, і трымала б мяне правіца Твая. Калі скажу: «Можа, цемра пакрые мяне і ноч будзе святлом вакол мяне», нават цемра не будзе скрытай ад Цябе, і ноч, як дзень, не асвятліцца — як цемра Яго, так і святло Яго. Бо Ты сфармаваў мае ныркі, заснаваў Ты мяне ў жываце маці маёй. Буду вызнаваць Цябе, што так дзівосна створаны я; дзівосныя справы Твае, і душа мая добра ведае [гэта]. Не былі ўхаваныя ад Цябе косці мае, хаця я створаны быў таемна, сфармаваны ў глыбінях зямлі. Зародак мой бачылі, вочы Твае, і ў кнізе Тваёй былі запісаны ўсе дні: яны былі ўпарадкаваны, ды яшчэ аніводнага з іх не было. Для мяне ж незвычайна каштоўныя задумы Твае, Божа; надзвычай вялікая колькасць іх. Калі б пералічыў, дык болей іх, чым пяску, калі б дабраўся да канца, я ўсё яшчэ з Табою. Хаця б Ты, Божа, знішчыў грэшнікаў; ухіліцеся ад мяне, прагныя крыві. Яны прамаўляюць ліхое супраць Цябе: узносяцца дарэмна супраць Цябе Ці ж мне не ўзненавідзець тых, што зненавідзелі Цябе, і ці не адцурацца мне тых, што бунтуюць супраць Цябе? Страшнаю нянавісцю ненавіджу я іх, непрыяцелямі сталі яны для мяне. Правер мяне, Госпадзе, і ўведай сэрца маё, выпрабуй мяне, пазнай сцежкі мае і пабач, ці ёсць ува мне дарога марнасці, і выведзі мяне дарогай вечнай.
Кіраўніку хору. Псальм. Давідаў. Вырві мяне, Госпадзе, ад ліхога чалавека, сцеражы мяне ад гвалтаўніка. Яны задумваюць у сэрцы ліхое, цэлы дзень узнімаюцца на бойкі. Востраць языкі свае, як змяя, яд змяіны — у вуснах іх. Усцеражы мяне, Госпадзе, ад рукі грэшніка, ухавай мяне ад гвалтаўніка. Пыхліўцы хаваюць пятлю на мяне і шнуры расцягваюць, як сетку. Кажу Госпаду: Ты мой Бог, Госпадзе, выслухай голас малення майго. Госпадзе, Божа, магуцце збаўлення майго, Ты ўхавай галаву маю ў дзень бою. Не спаўняй, Госпадзе, жадання бязбожніка і не выконвай намераў яго. Хай не падымаюць галавы тыя, што акружаюць мяне, хай злоснасць іх вуснаў пакрые іх. Хай спадуць на іх вуглі агністыя, укінь іх у яму, і няхай не падымуцца. Балбатун хай не застанецца на зямлі, ліха апануе гвалтаўніка на пагібель. Уведаў я, што Госпад учыніць суд над убогім і адпомсціць за беднага.
Псальм. Давідаў. Госпадзе, клічу я Цябе, хутка памажы мне; паслухай голасу майго, калі прызываю Цябе. Хай малітва мая накіруецца да Цябе, як кадзіла, а паднятыя рукі мае, як вячэрняя ахвяра. Пастаў варту, Госпадзе, для вуснаў маіх, сторажаў ля дзвярэй вуснаў маіх. Не схілі сэрца майго да слова злачыннага дзеля прыдумлення бязбожных задумаў з людзьмі, якія чыняць несправядлівасць; і не буду есці прыватных страў іх. Хай мяне ўдарыць Справядлівы ў міласэрнасці і паўшчувае мяне; алей жа грэшніка хай не намасціць галавы маёй, бо нават малітва мая супраць ліхадзействаў іх. Кінутыя ў ліхія рукі суддзяў сваіх пачуюць словы мае, бо яны былі лагоднымі. Як кавалкі ад рассякання і ўзорвання на зямлі, рассыпаны косці іх па цяснінах пекла. Бо да Цябе, Госпадзе, Госпадзе, [звяртаю] вочы мае; да Цябе прыбег я; не губі душы маёй. Сцеражы мяне ад сіла, якое наставілі на мяне, і ад спакусаў тых, што чыняць несправядлівасць. Хай грэшнікі ўсе разам паўпадаюць у свае петлі і дай, каб я выйшаў цэлы.
Паэма. Давідава, калі быў ён у пячоры. Маленне. Голасам маім усклікаю я да Госпада, голасам маім малю я Госпада; Перад Ім выліваю я лямантаванне маё, і бяду маю перад Ім абвяшчаю. Калі дух мой ува мне марнее, Ты ведаеш маю дарогу. На дарозе, па якой я іду, крадком схавалі пятлю на мяне. Гляджу направа і бачу, і няма нікога, хто б пазнаў мяне, хто паклапаціўся б пра жыццё маё. Клічу я да Цябе, Госпадзе; кажу: «Ты — прыбежышча маё; удзел мой на зямлі жывых». Пачуй маленне маё, бо прыніжаны я надзвычайна. Вызвалі мяне ад пераследнікаў маіх, бо сталі яны дужэйшымі за мяне. Выведзі душу маю з вязніцы, каб вызнаваць мне імя Тваё; акружаць мяне справядлівыя, калі Ты дасі мне адплату.
Псальм. Давідаў. Госпадзе, выслухай малітву маю, успрымі вушамі просьбу маю ў праўдзе Тваёй, выслухай мяне ў справядлівасці Тваёй. І не ўступай у суд са слугою Тваім, бо не апраўдаецца аніякае цела перад Табою. Бо непрыяцель пераследуе душу маю, паваліў на зямлю жыццё маё, зачыніў мяне ў цемры, як даўно памёршага. І ўстрывожыўся ўва мне дух мой, здранцвела ўнутры мяне сэрца маё. Успамінаў я мінулыя дні, разважаў пра ўсе Твае справы, разбіраў усе творы рук Тваіх. Прасцёр я рукі мае да Цябе; душа мая — як зямля без вады ў Цябе. Хутчэй выслухай мяне, Госпадзе; змарнеў дух мой. Не хавай аблічча Твайго ад мяне, каб не стаў я падобным да сыходзячых у магілу. Дай мне пачуць на світанні міласэрнасць Тваю, бо ўсклаў я надзею на Цябе. Дай мне спазнаць дарогу, па якой я пайду, бо да Цябе ўзвысіў я душу маю. Вырві мяне ад непрыяцеляў маіх, Госпадзе, на Цябе ўсклаў я спадзяванне. Навучы мяне спаўняць волю Тваю, бо Ты мой Бог. Дух Твой хай вядзе мяне па роўнай зямлі; дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай мяне жывым. У справядлівасці Тваёй выведзі з бед душу маю і ў міласэрнасці Тваёй расцярушы Ты непрыяцеляў маіх; і выгубі ўсіх, што прыгнятаюць душу маю, бо я слуга Твой.
Давідаў. Дабраславёны Госпад, Успаможца мой; Ён навучыць бітве рукі мае, і пальцы мае — вайне. Міласэрнасць мая і цвярдыня мая, прыбежышча маё і вызваліцель мой; шчыт мой, і на Яго ўсклаў я надзею, Ён падпарадкаваў мне народ мой. Госпадзе, што ёсць чалавек, што Ты ведаеш пра яго, або што ёсць сын чалавечы, што Ты пра яго думаеш? Чалавек стаўся падобны да марнасці, дні яго мінаюць, як цень. Госпадзе, нахіні нябёсы Твае і сыдзі; дакраніся да гор, і яны задымяцца. Заззяй маланкамі і рассып іх, выпусці стрэлы Твае і перамяшай іх. Падай руку Тваю з вышыняў, вырві мяне і вызвалі мяне ад вялікіх водаў, ад рукі сыноў іншаземных, вусны якіх прамаўляюць марнае, і правіца іх — правіца ашуканца. Божа, спяваць буду Табе песню новую, граць буду псальмы на дзесяціструнных гуслях. Даеш Ты царам збаўленне, адкупаеш Ты Давіда, слугу Твайго, ад мяча ліхадзейнага. Вырві мяне і вызвалі мяне ад рукі сыноў іншаземных, вусны якіх прамаўляюць марнае, і правіца іх — правіца ашуканца. Сыны нашыя — быццам новыя парасткі ў маладосці сваёй; дочкі нашыя — як слупы гранёныя, высечаныя, як пабудова святыні. Каморы нашыя поўныя, мноства ўсялякага дабра, авечак нашых — тысячы, незлічона [іх] на палях нашых, валы нашы тлустыя. Няма абрушаных агароджаў і праходаў, няма голасу на вуліцах нашых. Шчасны народ, у якога гэта ёсць; шчасны народ, у якога Госпад — Бог яго.
Хваленні. Давіда. АЛЕФ. Буду ўзвышаць Цябе, Божа мой, Валадару, і дабраслаўлю імя Тваё вечна і на векі вечныя. БЭТ. Кожны дзень буду дабраслаўляць Цябе і хваліць імя Тваё вечна і ў векі вечныя. ГІМЭЛЬ. Вялікі Госпад і вельмі варты хвалы, і няма спасціжэння велічы Яго. ДАЛЕТ. Пакаленне пакаленню хваліць справы Твае, і апавяшчае моц Тваю. ГЭ. Гавораць пра ўзвышнасць славы велічнасці Тваёй і абвяшчаюць цуды Твае. ВАЎ. І кажуць пра магуцце пострахаў Тваіх і расказваюць пра вялікасць Тваю. ДЗАЙН. Успаміны пра невычэрпнасць лагоднасці Тваёй будуць разносіць і справядлівасці Тваёй узрадуюцца. ГЭТ. Літасцівы і спагадны Госпад, доўгацярплівы і вялікай міласэрнасці. ТЭТ. Ласкавы Госпад да ўсіх, і літасць Яго — над усімі справамі Яго. ЁД. Хай вызнаюць Цябе, Госпадзе, усе тварэнні Твае; і святыя Твае дабраслаўляць будуць Цябе. КАФ. Хай кажуць пра славу Валадарства Твайго і хай гавораць пра моц Тваю, ЛЯМЭД. каб даць спазнаць сынам чалавечым моц Тваю і славу велічнасці Валадарства Твайго. НУН. Верны Госпад ва ўсіх словах Сваіх і святы ва ўсіх справах Сваіх. САМЭК. Госпад падымае ўсіх, што падаюць, і падтрымлівае ўсіх зняможаных. АІН. Вочы ўсіх з надзеяй глядзяць на Цябе, і Ты дасі ім ежу ў час належны. ФЭ. Ты адкрываеш руку Тваю і напаўняеш кожную жывёлу. САДЭ. Госпад справядлівы на ўсіх дарогах Сваіх і святы ва ўсіх справах Сваіх. КОФ. Госпад блізкі тым, што прызываюць Яго, усім, якія прызываюць Яго ў праўдзе. РЭС. Спаўняе ён просьбу тых, што шануюць Яго, і пачуе іх кліканне, і збавіць іх. СІН. Госпад апякуецца над усімі, хто любіць Яго, а ўсіх грэшнікаў нішчыць. ТАЎ. Хай хваляць Госпада вусны мае, і хай усякае стварэнне дабраслаўляе святое імя Яго ў векі вечныя.
Алілуя. Хвалі, душа мая, Госпада, буду хваліць Госпада пры жыцці маім, буду спяваць псальмы Богу майму, колькі жыць буду. Не ўскладайце надзею на князёў, на сына чалавечага, у якіх няма збаўлення. Выйдзе дух яго і вернецца ён у сваю зямлю, у гэты дзень загінуць усе намеры яго. Шчасны той, каму Бог Якубаў успаможца, чыя надзея ў Госпадзе Богу сваім, Які стварыў неба і зямлю, і мора ды ўсё, што ў іх ёсць; Які пільнуецца праўды вечна, чыніць суд прыгнечаным, дае ежу тым, што прагнуць. Госпад вызваляе вязняў. Госпад прасвятляе сляпых, Госпад выпрастоўвае сагнутых, Госпад любіць справядлівых. Госпад апякуецца прыхаднямі, падтрымлівае сірату і ўдаву і знішчае дарогу грэшнікаў. Госпад валадарыць вечна, Бог твой, Сіёне, з пакалення ў пакаленне.
Алілуя. Хваліце Госпада, бо Ён добры, спявайце псальмы Богу нашаму, бо Ён мілы, Яму належыць хвала. Госпад будуе Ерузалім, збірае расцярушаных з Ізраэля. Ён лечыць зламаных духам і перавязвае іх раны; Ён вызначае лік зорак і ўсім ім дае імёны. Вялікі Госпад наш і вялікі магуццем, няма ліку мудрасці Яго. Госпад падтрымлівае пакорлівых, а грэшнікаў прыніжае аж да зямлі. Спявайце Госпаду песню падзякі, грайце псальмы Госпаду нашаму на цытры. Ён закрывае неба хмарамі і ўдабрае зямлю дажджом, Ён вырошчвае траву на гарах і траву, карысную людзям. Ён дае ежу жывёле Сваёй і вараняткам, якія прызываюць Яго. Не захапляе Яго сіла каня, ані сіла ног чалавечых. Падабаюцца Госпаду тыя, што Яго шануюць, і тыя, што ўсклалі надзею на міласэрнасць Яго. Хвалі, Ерузалім, Госпада, выслаўляй Бога твайго, Сіён. Бо Ён умацаваў засаўкі брамаў тваіх, дабраславіў сыноў тваіх у табе. Ён усталёўвае супакой як межы твае і да сытасці корміць цябе пшаніцаю. Пускае прырачэнне Сваё на зямлю, хутка ляціць Яго слова. Ён дае снег, быццам воўну, іней, быццам попел, рассыпае. Кідае градам Сваім, як крошкамі [хлеба]; хто ўтрывае перад сцюжаю Яго? Пашле Ён слова Сваё, і растопіць іх; павее вецер Яго, і пацякуць воды. Ён абвяшчае слова сваё Якубу, справядлівасці і загады Свае — Ізраэлю. Ніводнаму народу не зрабіў так, і не аб’явіў ім сваіх прысудаў. Алілуя.
Алілуя. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Хваліце Яго, усе анёлы Яго, хваліце Яго, усе магуцці Яго. Хваліце Яго, сонца і месяц, хваліце Яго, усе зоркі бліскучыя. Хваліце Яго, нябёсы нябёсаў, і ўсе воды, якія над небам. Хваліце імя Госпада, бо загадаў Ён, і ўсё было створана; устанавіў Ён гэта навечна і на векі вечныя, паклаў загад, і не зменіць [яго]. Хваліце Госпада з зямлі, марскія драконы і ўсе бяздонні, агонь, град, снег, імгла, вецер навальнічны, які спаўняе слова Яго, горы і ўсе ўзгоркі, дрэвы пладовыя і ўсе кедры, дзікія звяры і ўсякая жывёла, паўзуны і птушкі крылатыя. Цары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе суддзі зямлі, юнакі і дзяўчаты, старыя з падлеткамі хай славяць імя Госпада, бо ўзвысілася імя аднаго Яго. Веліч Яго вышэй за неба і зямлю, і ўзвысіў Ён рог народа Свайго. Песнь хвалы ўсім святым Яго, сынам Ізраэля, народа, які Яму блізкі. Алілуя.
Алілуя. Спявайце Госпаду песню новую, хвала Яму [гучыць] на зборы святых. Хай узвесяліцца Ізраэль з Тым, Хто стварыў яго, і сыны Сіёна хай узрадуюцца з Валадарствам сваім. Хай хваляць імя Яго ў хоры, з бубнам і цытрай спяваюць псальмы Яму, бо Госпад спагадны да народа Свайго і ўганаруе Ён пакорных збаўленнем. Хай цешацца святыя славаю, хай весяляцца на ложах сваіх [застольных]. Праслаўленні Бога — у глотках іх, і мячы абасечныя — у руках іх, каб учыніць помсту над паганамі, пакаранне над народамі, каб у путы вязаць цароў, а князёў іх [вязаць] жалезнымі ланцугамі, каб споўніўся на іх напісаны прысуд: гэта хвала ўсім святым Яго. Алілуя.
Алілуя! Хваліце Госпада ў свяцілішчы Яго, хваліце Яго на апоры магуцця Яго. Хваліце Яго ў магутнасцях Яго, хваліце Яго паводле мноства велічнасці Яго. Хваліце Яго гукам трубы, хваліце Яго гуслямі і цытрай, хваліце Яго бубнам і хорам, хваліце Яго на струнах і арганамі, хваліце Яго на мілагучных цымбалах і на цымбалах грукатлівых: усё, што дыхае, хай хваліць Госпада! Алілуя!
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017