Библия › Чарняўскі-17 › Выслоўяў

Кніга Выслоўяў

Прыпавесці Саламона, сына Давідава, цара Ізраэльскага, каб спасцігнуць мудрасць і настаўленне, каб зразумець словы мудрасці; каб атрымаць веды ў навучанні: справядлівасць, прыказанне і законнасць; каб простым людзям прыдаць кемлівасці, юнаку — ведаў і развагі. Мудры слухае і павялічвае веды, а разумны прыдбае ўмеласць: зверне ўвагу на прытчу і алегорыю, словы мудрых і іх загадкі. Шанаванне Госпада ёсць аснова ведаў. Мудрасці і навучання адцураюцца бязглуздыя. Сыне мой, слухай перасцярогі бацькі свайго і не адхіляй запавету маці сваёй, бо яны — вянок годнасці на галаве тваёй і каралі на шыі тваёй. Сыне мой, калі цябе будуць прыцягваць грэшнікі, не прыставай да іх. Калі яны скажуць: «Пойдзем з намі! Наладзім засаду дзеля забойства, наставім прыхавана пасткі на бязвіннага; праглынём іх, як пекла: тых, што жывуць, і здаровых, як тых, што сыходзяць у магілу; знойдзем усякую каштоўную маёмасць, запоўнім дамы свае здабыткамі; далучы долю сваю да нашай, хай будзе адна кішэнь для ўсіх нас»; сыне мой, не хадзі з імі, утрымай нагу сваю ад іх сцежак. Бо ногі іх бягуць да злачынства і спяшаюцца, каб праліць кроў. Дарэмна закідваецца сетка перад вачамі мноства птушак. Яны наладжваюць засаду дзеля ўласнага забойства і задумваюць злачынствы супраць сваіх душ. Такі шлях у кожнага, хто імкнецца да нарабаванага: захоплівае яно душу таго, хто валодае ім. Мудрасць гукае па плошчах, на вуліцах падымае голас свой, на важнейшым месцы дарог шматлюдных крычыць, каля ўваходу ў гарадскую браму гучаць яе словы: «Дакуль жа, невукі, будзеце любіць невуцтва, а насмешнікі — жадаць для сябе высмейвання, і недасведчаныя — ненавідзець навукі? Звярніцеся да майго выкрывання: вось, удыхну ў вас дух мой і выкажу вам словы мае. Бо вось, я клікала, а вы адмовіліся, працягнула руку сваю, але не было нікога, хто заўважыў бы яе. Вы пагрэбавалі ўсякаю маёю парадаю і адхілілі мае папрокі. Такім чынам, і я буду смяяцца з вашай пагібелі і кпіць буду, калі прыйдзе да вас трывога. Калі накінецца, як бура, страх, і пагібель узнікне, быццам віхура, калі апануе вас бяда і цесната. Тады прызываць будуць мяне, а не выслухаю, рупліва шукаць мяне будуць, а не знойдуць мяне. З-за таго, што настаўленне ненавідзелі і не выбралі страх Госпадаў, не згадзіліся з маёю парадаю і пагрэбавалі ўсім маім выкрываннем. І вось, хай яны спажываюць плён свайго шляху, насычаюцца сваімі парадамі. Адступніцтва невукаў заб’е іх, а нядбаласць бязглуздых загубіць іх. А той, хто слухае мяне, і прытулак ад страху знойдзе, і спакойны будзе, пазбавіўшыся страху перад ліхімі людзьмі».

Сыне мой, калі прымеш размовы мае і схаваеш у сябе запаветы мае, накіроўваючы вуха сваё да мудрасці, схіляючы сэрца сваё да пазнання разважлівасці, бо калі прызавеш мудрасць і ўручыш голас свой разважлівасці, калі шукаць яе будзеш, як грошы, ды адшукваць яе будзеш, як скарб, — тады зразумееш страх Госпадаў і знойдзеш пазнанне Бога, бо Госпад дае мудрасць, і з вуснаў Яго — веды і разважлівасць. Ён запасе мудрасць для справядлівых і будзе шчытом для тых, хто ходзіць простым шляхам, захоўваючы сцежкі справядлівасці і пільнуючы дарогі святых. Тады зразумееш справядлівасць, прыказанне і закон і ўсякую добрую сцежку, бо ўвойдзе мудрасць у сэрца тваё, і веды спадабаюцца душы тваёй. Сумленне будзе пільнаваць цябе, а растаропнасць уратуе цябе, каб усцярогся ты ад дарогі ліхой і ад чалавека, які хлусіць, [пазбавіць ад тых,] хто пакідае дарогу простую, каб хадзіць па цёмных дарогах, [ад тых,] хто весяліцца, калі робіць злачынства, і радуецца з найгоршых рэчаў: дарогі іх нясталыя, а крокі іх блудныя; каб усцярогся ты ад чужой жонкі і ад чужой, якая змякчае свае размовы і якая пакінула правадыра маладосці сваёй і забылася на запавет Бога свайго. Бо дом яе нахіліўся да смерці, а шляхі яе — да пекла; усе, што ідуць да яе, не вяртаюцца і не знаходзяць сцежак жыцця. Такім чынам, хадзі шляхам добрых людзей і трымайся сцежак справядлівых людзей: бо той, хто справядлівы, будзе жыць на зямлі і сумленныя назаўсёды застануцца на ёй; а бязбожнікі будуць сцёрты з зямлі і тыя, што дзейнічаюць несправядліва, будуць выкаранены з яе.

Сыне мой, не забывайся на закон мой, і хай сэрца тваё беражэ прыказанні мае; бо яны табе прыбавяць працягласць дзён, гады жыцця і супакой. Хай міласэрнасць і праўда не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю сваю і запішы на скрыжалях сэрца свайго, і знойдзеш ты ласку і спагаду ў вачах Бога і людзей. Спадзявайся на Госпада ад усяго сэрца свайго і не спадзявайся на разважлівасць сваю. Думай аб Ім на ўсіх шляхах тваіх, і Ён накіруе крокі твае. Не будзь мудрацом перад самім сабою; шануй Бога і пазбягай ліха, бо гэта будзе здароўем для цела твайго і падсілкоўваннем для касцей тваіх. Ушаноўвай Госпада ад усёй маёмасці тваёй і ад пачаткаў усіх пладоў тваіх, і напоўняцца свірны твае збожжам, а давільні твае будуць багатыя на віно. Не адкідай, сыне мой, настаўленне Госпадава і не пагарджай ім, калі Ён будзе караць цябе, бо каго любіць Госпад — таго карае і, як бацька, спагадае сыну Свайму. Шчасны чалавек, які знайшоў мудрасць і які звярнуўся да разважлівасці: набыццё яе лепш за гандаль срэбрам, а прыбытак — хутчэй, чым ад золата. Яна каштоўнейшая за ўсе самацветы; і не могуць з ёй параўнацца ніякія твае каштоўнасці; працягласць дзён — у яе правай руцэ, а ў яе левай руцэ — багацце і слава. Дарогі яе — дарогі прыгожыя, і ўсе яе сцежкі — мірныя. Яна — дрэва жыцця для тых, хто авалодвае ёю, і шчасны той, хто трымаецца яе. Госпад мудрасцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў разважлівасцю; з Яго мудрасці парасчыніліся бездані і аблокі струменяцца расою. Сыне мой, не ўпускай іх з вачэй сваіх; беражы разважлівасць і розум — і будзе жыццё для душы тваёй і ласка для шыі тваёй; тады пойдзеш упэўнена па дарозе сваёй і нага твая не спатыкнецца. Калі заснеш, не будзеш мець страху, будзеш адпачываць — і сон твой будзе прыемны. Не бойся раптоўнага страху і збянтэжанасці, што ахоплівае цябе з-за бязбожнікаў, калі яна прыйдзе. Бо Госпад будзе на тваім баку і захавае нагу тваю, каб цябе не захапілі. Не адмаўляй у дабрадзействе таму, каму яно патрэбна, калі ва ўладзе рукі тваёй, каб ты зрабіў гэта. Не кажы сябру свайму: «Ідзі і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», — калі можаш даць зараз. Не задумвай ліха супраць сябра свайго, калі ён з даверам сядзіць побач з табою. Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён сам не зрабіў табе нічога благога. Не зайздросці чалавеку несправядліваму і не наследуй шляхам яго, бо агіднасць для Госпада — усякі крывадушны чалавек, а з сумленнымі — сяброўства Яго. Праклён Госпада — на доме бязбожніка, а жыллё справядлівых будзе Ім дабраслаўляцца. Ён Сам пасмяецца з кпліўцаў і дасць ласку пакорлівым; мудрыя будуць мець славу, веліч бязглуздых — ганьба.

Слухайце, дзеці, бацькоўскае настаўленне і слухайце, каб навучыцца разважлівасці; я дам вам добрае навучанне, не пагарджайце запаветам маім. Бо і я быў сынам бацькі майго, пешчаны і адзіны — у маці маёй; вучыў ён мяне і казаў мне: «Хай прымае сэрца тваё словы мае, беражы настаўленні мае — і будзеш жыць. Набывай мудрасць, набывай разважлівасць, не забывайся і не ўхіляйся ад слоў вуснаў маіх. Не пакідай яе, і яна зберажэ цябе, любі яе, а яна выратуе цябе. Пачатак мудрасці: валодай мудрасцю і набывай разважлівасць ва ўсякай тваёй маёмасці. Набывай яе, і яна ўзвысіць цябе, яна праславіць цябе, калі будзеш любіць яе. Ускладзе на галаву тваю вянок ласкі, абароніць цябе ўслаўленым вянцом». Слухай, сыне мой, і ўспрымай словы мае, каб памножыліся гады жыцця твайго. Паказаў я табе шлях мудрасці; вяду цябе сцежкамі справядлівымі, калі ўступіш на іх, не будуць сціснутыя крокі твае, і, калі пабяжыш, не сустрэнеш перашкоду. Трымай настаўленне і не адпускай яго; беражы яго, бо яно — жыццё тваё. Не ўступай на сцежкі бязбожнікаў і не хадзі па дарозе ліхіх людзей. Пазбягай яе і не хадзі па ёй; ухіляйся і адступіся ад яе. Бо не спяць яны, пакуль благога не зробяць, і сон іх не ахоплівае, калі не дадуць камусьці падножку. Бо ядуць яны хлеб бязбожнасці і п’юць віно несправядлівасці. А сцежка справядлівых — быццам святло ззяючае ўзыходзіць і расце аж да поўнага дня. Шлях бязбожнікаў — цёмны, і не ведаюць яны, дзе зваляцца. Сыне мой, слухай уважліва размовы мае і схіляй вуха сваё да размоў маіх; хай не знікаюць яны з вачэй тваіх, беражы іх у глыбіні сэрца свайго; бо яны — жыццё для тых, хто знаходзіць іх, і здароўе — для ўсяго цела. Усялякім наглядам сцеражы сэрца сваё, бо з яго жыццё ўзнікае. Адхілі ад сябе крывадушны язык, і хай будуць далёка ад цябе шкодныя вусны. Вочы твае хай глядзяць прама, а павекі хай накіраваны будуць перад сабой. Сачы за сцежкай ног тваіх, і ўсе дарогі твае будуць цвёрдыя. Не паварочвай ані направа, ані налева, беражы нагу сваю ад ліха.

Сыне мой, звярніся да мудрасці маёй і нахілі вуха сваё да разважлівасці маёй, каб зберагчы думкі і каб вусны твае захавалі настаўленне. Бо вусны распусніцы сочацца мёдам, а горла яе больш бліскучае, чым алей; а ў рэшце рэшт — яно ў яе горкае, быццам палын, і вострае, быццам двусечны меч. Ногі яе сыходзяць да смерці, а крокі яе вядуць да мерцвякоў; паколькі не заўважае яна сцежку жыцця, хісткія крокі яе і сама яна не ведае [іх]. Вось, зараз паслухай, мой сыне, не адступай ад слоў вуснаў маіх. Трымай далёка ад яе шлях твой і не падыходзь блізка да дзвярэй дому яе. Не аддавай гонару свайго чужым і гадоў сваіх — лютаму чалавеку, каб часам з намаганняў тваіх не насычаліся іншыя і каб працы твае не былі ў чужой хаце, а ў рэшце рэшт ты будзеш стагнаць, калі сілы твае і цела тваё будуць растрачаныя, і ты скажаш: «Чаму пагрэбаваў я настаўленнем, і сэрца маё адхіліла папрокі, і не пачуў я голасу тых, хто вучыў мяне, і не нахіляў вуха маё да настаўнікаў? Ледзь не трапіў я ў вялікую бяду сярод сходу і грамадства!» Пі ваду са свайго вадаёма і тую, што цячэ ў тваёй студні, хай не выліваюцца крыніцы твае на двор, а патокі водаў — па вуліцах; валодай імі толькі ты адзін, і хай не будуць саўдзельнікамі тваімі іншыя. Хай выток твой будзе дабраславёны, і весяліся з жонкай маладосці тваёй. Яна — лань найпрыгажэйшая і сарна зграбнейшая, прывабнасці яе ап’яняюць цябе ў кожны час, у каханні яе бесперапынна шукай асалоду. Нашто, сыне мой, ты спакушаешся чужою і грэешся ў абдымках чужой? Бо перад Госпадам — дарогі чалавека і Ён бачыць крокі яго. Бязбожніка захопяць яго ўласныя несправядлівасці, і будзе ўтрыманы ён грахамі сваімі. Памрэ ён, бо не меў настаўлення, і знікне ў безлічы бязглуздасці сваёй.

Калі ты паручыўся, сыне мой, за сябра свайго, ты даў руку тваю за другога; ты аблытаў сябе словамі вуснаў сваіх і злоўлены ты сваімі ўласнымі размовамі. Такім чынам, зрабі, што гавару, сыне мой, вызвалі сябе, бо трапіў ты ў рукі блізкага свайго; бяжы, кінься ў ногі, упрошвай сябра свайго. Не давай сну вачам сваім і дрымоты павекам сваім. Вырывайся, як сарна з сеткі і як птушка з рукі птушкалова. Ідзі да мурашкі, гультай, і паглядзі на рухі яе і вучыся мудрасці. Яна, хоць не мае валадара, ані стоража, ані кіраўніка, улетку загатаўляе ежу сабе і збірае тое, што яна есць, у час жніва. Дакуль, гультай, будзеш спаць? Калі падымешся са сну свайго? Крыху паспіш, крыху падрэмлеш, крыху складзеш рукі, каб паспаць, і прыйдзе да цябе беднасць, як падарожны, і галеча, як узброены чалавек. Чалавек несправядлівы, чалавек небяспечны ходзіць з крывадушнымі вуснамі; міргае вачамі, тупае нагою, пальцам знакі дае. Ліха задумваецца ў сэрцы яго, увесь час сее ён раздоры і бяду. Таму раптам прыйдзе пагібель да яго; мігам будзе ён знішчаны, і не будзе яму ратунку. Шэсць ёсць рэчаў, якія Госпад ненавідзіць, і сем — агідныя для душы Яго: фанабэрыстыя вочы, ілжывы язык, рукі, што праліваюць кроў бязвінных, сэрца, што задумвае ліхія намеры, ногі — хуткія, калі трэба бегчы да злачынства, таго, хто кажа ману, хлуслівага сведку, і таго, хто сее звадкі паміж братамі. Захавай, сыне мой, пастановы бацькі свайго і не адкідай запавету маці сваёй; павяжы іх назаўжды на сэрца сваё і абвяжы імі шыю сваю. Калі ідзеш, хай яны накіроўваюць цябе, калі заснеш — хай берагуць цябе, а калі прабудзішся — хай гавораць з табой, бо загад — светач, а закон — святло, а перасцярога пры настаўленні — дарога ў жыццё, каб бераглі яны цябе ад ліхой жанчыны і ад ліслівага языка чужой; хай не зажадае сэрца тваё яе прыгажосці, і хай не захопяць цябе яе лёгкія рухі, бо цана распусніцы — толькі кавалак хлеба, а замужняя захоплівае дарагую душу. Ці можа чалавек схаваць агонь сабе за пазуху, каб не загарэлася адзенне яго? Альбо ісці па распаленых вуглях, каб не згарэлі ступні яго? Так адбываецца з тым, хто ходзіць да жонкі блізкага свайго; не будзе чыстым той, хто дакранецца да яе. Не будзе паблажкі злодзею, калі ён будзе красці, каб насыціць душу, што прагне; схоплены — сямікратна верне ён, а таксама аддасць ён усю маёмасць дому свайго. Хто ж чужаложыць з жанчынаю, неразумны той; згубіць душу сваю той, хто робіць гэта. Аб’яднае ён у сабе пакуту і ганьбу, і ганьба яго не спыніцца, бо рэўнасць — лютасць мужа, і не пашкадуе ён у дзень помсты, і не прыме ён ніякага водкупу ад цябе, і не прыме і найвялікшых дароў.

Сыне мой, беражы размовы мае і пастановы мае схавай у сабе. Спаўняй настаўленні мае, каб жыў; захоўвай закон мой, як зрэнку вока свайго. Завяжы іх на пальцах сваіх, напішы іх на табліцы сэрца свайго. Кажы мудрасці: «Ты сястра мая» і разважлівасць заві сяброўкай, каб захавала яна цябе ад чужой жонкі і ад чужой жанчыны, што гаворыць свае салодкія словы. Бо праз акно дома свайго, праз краты гляджу я і назіраю за маладымі; бачу я сярод моладзі юнака неразумнага, які ідзе па вуліцы каля яе вугла і ідзе паблізу дарогі да дому яе, упоцемку, калі дзень падыходзіць да вечара, у самай імгле і ў тумане. І вось спяшаецца яму насустрач жанчына ў распусным адзенні і з хітрым сэрцам, гаваркая і нястрыманая, што не выносіць супакой і не можа ўтрымаць ног сваіх у хаце сваёй: то на плошчах, то на вуліцах каля вуглоў расстаўляе яна пасткі. І мілуе яна схопленага і расцалаванага юнака, з юрлівым тварам гаворачы: «Я прынесла ахвяру на здароўе, сёння я выканала зарокі свае, таму выйшла табе насустрач, жадаючы цябе бачыць, — і знайшла цябе. Дыванамі заслала я сваю пасцель, тканінамі рознакаляровымі з Егіпта, Апрыскала я спальню сваю мірай, альясам і карыцаю. Прыходзь, будзем упівацца ўцехамі, да раніцы цешыцца любоўю. Бо няма мужа ў доме маім, пусціўся ў вельмі далёкую дарогу; пояс грошай узяў з сабою, вернецца ён да дому свайго ў дзень поўні». Прывабіла яна яго шматлікімі размовамі і заманіла яго ліслівасцю вуснаў сваіх. Бязглузды, ідзе ён за ёй, як вол, якога вядуць на зарэз; як алень заблытваецца ён ў сіле, пакуль страла не пранзае печань яго; як птушка, што спяшаецца да сіла і не ведае, што рашаецца справа жыцця. Такім чынам, цяпер, сыне мой, слухай мяне і зважай на размовы вуснаў маіх. Хай не ўтрымаецца розум твой на дарогах яе, і хай не падманваюць цябе сцежкі яе, бо многіх зваліла яна параненымі, і нават вельмі моцныя людзі былі загубленыя ёю: дом яе — дарогі ў пекла, што вядуць у глыбіні смерці.

Няўжо гэта не мудрасць усклікае і не разважлівасць падымае голас свой? На найвышэйшых вяршынях і на дарозе, на сярэдзіне сцежак стоячы, ля брам пры ўваходзе ў горад, у саміх дзвярах усклікае: «О людзі, да вас заклікаю, і кліч мой да сыноў чалавечых. Пазнайце, прастакі, мудрасць, а неразумныя — звярніце ўвагу; слухайце, бо буду гаварыць пра справы важныя і расчыняцца вусны мае, каб сказаць праўду. Праўду выкажа горла маё, а вусны мае праклянуць бязбожніка. Усе размовы вуснаў маіх — справядлівыя, няма ў іх ніякай ілжы і крывадушнасці; усе яны ясныя для разумных і справядлівыя для тых, хто здабывае веды. Прыміце настаўленне маё, а не грошы, лепш навучанне, чым адборнае золата. Бо мудрасць лепшая за самацветы, і ўсё, што жадаеш, не можа параўнацца з ёю. Я, Мудрасць, жыву з Разважлівасцю і знаходжу дасканаласць ведаў. Страх Госпадаў — ненавідзець высакамер’е, пыхлівасць, ліхую дарогу, зло, ненавідзець і крывадушныя вусны. Маё — гэта розум і разважлівасць, разважлівасць — мая, мужнасць — мая. Праз мяне цары царуюць і валадары выносяць справядлівыя рашэнні; праз мяне кіраўнікі загадваюць, а магутныя людзі справядлівасць чыняць. Я люблю тых, хто любіць мяне; і тыя, хто зранку пільнуе мяне, знойдуць мяне. Са мною — багацце і слава, незнішчальныя скарбы і справядлівасць. Бо плод мой даражэйшы за золата і золата вышэйшага гатунку, а народжанае мною — за адборнае срэбра. Я хаджу па дарогах справядлівасці і пасярэдзіне сцежак законнасці, каб абагаціць тых, хто любіць мяне, і напоўніць іх скарбніцы. Госпад валодае мною ад пачатку дарог Сваіх, перш чым стварыць што-небудзь, спакон вякоў; ад вечнасці ўзнікла я і ад старадаўніх часоў, перш чым зямля ўзнікла. Яшчэ не існавалі бездані, а я ўжо ўтварылася; яшчэ крыніцы не былі цяжкімі ад водаў; перш, чым узвысіліся горы, раней за ўзгоркі я нарадзілася. Дагэтуль Ён не стварыў зямлю, і палі, і пачатак зямлі ў сусвеце. Калі асноўваў нябёсы, я была там, калі цвёрдым законам і кругам абводзіў бездані, калі воблакі ўстанаўліваў угары, калі ўмацаваліся вытокі бездані, калі мору вызначаў Ён яго мяжу і водам, каб з рубяжоў сваіх не выходзілі, калі паклаў асновы зямлі, я разам з Ім усё рашала ў захапленні, гуляючы перад Ім штодзень, гуляючы па крузе зямлі, і радасці мае — быць з сынамі чалавечымі. Такім чынам, цяпер, сыны, слухайце мяне: шчасныя тыя, хто зберагае дарогі мае, слухайце настаўленне і будзеце мудрымі, і не адкідайце яго. Шчасны чалавек, які слухае мяне, і які штодзень пільнуе пры дзвярах маіх, і хто пільнуе каля вушака дзвярэй маіх. Хто мяне знойдзе, той жыццё знойдзе і атрымае радасць ад Госпада. А хто адносна мяне зграшыць, той пакалечыць душу сваю: усе, хто ненавідзіць мяне, — смерць любяць».

Мудрасць пабудавала сабе дом і выцесала сем калон; закалола ахвяры свае, развяла віно і прыгатавала свой стол. Паслала служанак сваіх, каб клікалі ў замак з узвышшаў гарадскіх: «Калі ёсць хто просты чалавек, хай прыйдзе да мяне!» А неразумнаму казала: «Прыходзьце, ежце хлеб мой і піце віно, якое я развяла для вас; пакіньце глупства і жывіце, і хадзіце па дарогах разважлівасці». Хто вучыць кпліўца, сам сабе робіць несправядлівасць; а хто ганьбіць бязбожніка, сябе заплямлівае. Не ганьбуй насмешніка, каб ён не зненавідзеў цябе, ганьбуй мудрага — і будзе ён цябе любіць. Кажы мудраму — і ён стане мудрэйшы, вучы справядлівага — і ён павялічыць веды. Пачатак мудрасці — страх Госпадаў, а веданне Святога — разважлівасць. Бо праз мяне дні твае павялічацца і прыбавяцца табе гады жыцця. Калі будзеш мудры — будзеш мудры для самога сябе, кпліўцам будзеш — будзеш сам несці ліха. Жанчына бязглуздая — крыклівая, неразумная і што нічога не ведае, сядзіць яна каля дзвярэй дома свайго на зэдліку і на ўзвышшах горада, каб заклікаць тых, хто праходзіць па дарозе, і тых, хто ідзе шляхам сваім: «Хто бязглузды, хай звернецца да мяне». А неразумнаму сказала яна: «Воды крадзеныя — саладчэйшыя, а схаваны хлеб — смачнейшы». І не ведае яна, што там цемра і што ў глыбінях апраметнай — госці яе.

Прыпавесці Саламонавы. Мудры сын — радасць бацьку, а бязглузды сын — гора для маці сваёй. Ніяк не дапамогуць бязбожныя скарбы, а справядлівасць душу выратуе ад смерці. Не пашкодзіць Госпад голадам справядліваму, а хцівасць бязбожнікаў знішчыць. Лянівая рука ўтварае беднасць, а рука працавітых падрыхтоўвае багацце. Той сын мудры, хто збірае ў жніво, а хто храпе ўлетку — сын шалапутны. Дабраславенні Госпадавы — на галаве справядлівага, а вусны бязбожнікаў хаваюць лютасць. Памяць справядлівага будзе ў дабраславенні, а імя бязбожнікаў сатлее. Мудры сэрцам прымае пастановы, а бязглузды загіне праз вусны. Хто ходзіць прама, той ходзіць вечна; а хто крывіць дарогі свае, будзе выкрыты. Хто міргае вокам, той прынясе боль, а бязглузды вуснамі загубіць. Вусны справядлівага — крыніца жыцця, а вусны бязбожнікаў хаваюць лютасць. Нянавісць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе грахі. У вуснах мудрага знаходзіцца мудрасць, а розгі — на спіне таго, хто не мае сэрца. Мудрыя зберагаюць веды, а вусны бязглуздага — блізкія да пагібелі. Маёмасць багатага — горад крэпасці яго; пагібель бедных — беднасць іх. Праца справядлівага — на жыццё, а плады бязбожніка — на грэх. Хто беражэ настаўленне — ідзе да жыцця, а хто адхіляе папрокі — блукае. Ілжывыя вусны хаваюць нянавісць, а хто зневажае — той неразумны. У шматслоўнасці не будзе недахопу ў грахах, а той, хто ўтрымлівае вусны свае, — самы разважлівы. Мова справядлівага — адборнае срэбра; сэрца ж бязбожнікаў — нічога не вартае. Вусны справядлівага павучаюць вельмі многіх; а той, хто бязглузды, памрэ ад беднасці сэрца. Дабраславенне Госпада робіць людзей багатымі; і не будзе дабаўлена ім ніякага цяжару. Быццам жартам бязглузды робіць злачынства, а мудрасць — для чалавека разважлівага. Чаго баіцца грэшнік, тое і прыйдзе да яго, а жаданне справядлівага здзейсніцца. Як праносіцца віхура — так знікне бязбожнік, а справядлівы — як вечны падмурак. Як укус для зубоў і дым для вачэй, так і гультай для тых, што яго паслалі. Страх Госпадаў дні памножыць, а гады бязбожнікаў скарацяцца. Чаканне справядлівых — радасць, а надзея бязбожнікаў загіне. Шлях Госпадаў — цвярдыня для чыстых сэрцам і пагібель для тых, хто робіць ліха. Справядлівы не пахіснецца да веку, а грэшнікі не выжывуць на зямлі. Вусны справядлівага спараджаюць мудрасць, язык крывадушны будзе вырваны. Вусны справядлівага бачаць прыемнае, а вусны бязбожнікаў — дрэннае.

Агіднасць для Госпада — вага падманная, а дакладная вага — воля Яго. Прыходзіць пыхлівасць — прыйдзе і ганьба; а ў пакорлівых — мудрасць. Чыстасардэчнасць справядлівых будзе накіроўваць іх, а падкопы крывадушных загубяць іх. У дзень гневу не дапаможа багацце, а справядлівасць выратуе ад смерці. Справядлівасць чыстасардэчнага будзе кіраваць яго дарогай, а бязбожнік загіне ў сваёй бязбожнасці. Справядлівасць справядлівых вызваліць іх, а несправядлівыя будуць захоплены ўласнымі падкопамі. Калі памрэ бязбожнік, ніякай надзеі ў яго больш не будзе; а чаканне багацця загіне. Справядлівы будзе вызвалены ад беднасці, а на месца яго трапіць бязбожнік. Крывадушнік вуснамі падманвае сябра свайго, а справядлівыя будуць вызвалены ведамі. У час росквіту справядлівых радуецца горад, а ў час пагібелі бязбожнікаў будзе пахвала. Дабраславеннем справядлівых узвысіцца горад, а вусны бязбожнікаў разбураць яго. Хто пагарджае сябрам сваім, той бедны на разважлівасць, а разважлівы чалавек будзе маўчаць. Хто ходзіць перашэптваючыся, выяўляе таемнае, а верны душою ўтоіць справу. Дзе няма парадку — народ загіне, а збаўленне там, дзе шматлікія парады. Той будзе вынішчаны ліхам, хто за другога ручаецца; хто ненавідзіць паручыцеляў, той будзе агароджаны ад небяспекі. Паслужлівая жанчына знойдзе славу, а дужыя набудуць багацце. Міласэрны чыніць дабро душы сваёй, а бязлітасны мучыць самога сябе. Бязбожнік робіць ілжывую справу, а для таго, хто сее справядлівасць, — пэўная ўзнагарода. Надзейны чалавек рыхтуецца да справядлівасці, а прыхільнік ліха — да смерці. Агіда для Госпада — сэрца крывадушнае, а ласка Яго — да тых, хто ходзіць прама. Вядома, ліхі чалавек не будзе беспакараны, а нашчадкі справядлівых збавяцца. Залатое кольца ў лычы свінні — гэта прыгожая, але неразумная жанчына. Пажаданне справядлівых — толькі дабро, чаканне бязбожнікаў — абурэнне. Адны дзеляцца ўласным і становяцца багацейшымі, а другія, што занадта беражлівыя, заўсёды ў беднасці. Будзе насычана душа, якая дабраслаўляе; і хто напоіць другіх, той сам таксама будзе напоены. Хто хавае сваё збожжа, той праклінаецца ў народзе, а на галаву тых, якія прадаюць збожжа, — дабраславенне. Хто настойліва шукае дабра — шукае ласкі [Божай], а хто шукальнік ліха — да таго яно і прыйдзе. Хто спадзяецца на багацці свае, загіне, і, як зялёны ліст, будуць расці справядлівыя. Хто турбуе дом свой — атрымае вятры, а хто бязглузды — будзе слугою мудрага. Плод справядлівага — дрэва жыцця; і хто мудры — прыцягвае душы. Калі справядліваму адплачваецца на зямлі, тым больш бязбожніку і грэшніку.

Хто любіць настаўленне — любіць веды; а хто ненавідзіць папрокі, той неразумны. Хто добры — знойдзе ласку ад Госпада; а чалавека хітрага Сам Ён асудзіць. Не ўзмацніцца чалавек з бязбожнасці, а корань справядлівых не пахіснецца. Дабрадзейная жонка — вянец для свайго мужа; і быццам гніенне ў касцях яго — тая, што несумленная. Думкі справядлівых — разважлівасць; а парады бязбожнікаў — мана. Словы бязбожнікаў учыняюць засаду дзеля забойства, а вусны справядлівых вызваляюць іх. Знішчаюцца бязбожнікі — і ўжо няма іх, а дом справядлівых застанецца. Пахваляць чалавека за яго веды; а той, хто дрэнны ў сэрцы, будзе занядбаны. Лепей быць бедным, але працаваць на сябе, чым фанабэрыстым і не мець хлеба. Справядлівы рупіцца аб жыцці жывёлы сваёй; а нутро бязбожнікаў — лютае. Хто сваю зямлю апрацоўвае — насыціцца хлебам, а хто ганяецца за прывідамі — неразумны. Бязбожнік жадае пасткі найгоршых, а корань справядлівых палепшыцца. Ліхі чалавек трапляе ў пастку з-за грахоў сваіх вуснаў, а справядлівы пазбегне няшчасця. З плода вуснаў сваіх кожны напоўніцца дабром, і паводле ўчынкаў рук яго адплоціцца яму. Шлях бязглуздага — роўны ў вачах яго, а хто мудры — слухае парады. Неразумны адразу выяўляе гнеў свой, а разумны ўтойвае гнеў. Хто гаворыць праўду, той — вяшчун справядлівасці, а лжэсведка — маны. Ёсць той, што гаворыць неабдумана, і ён, быццам мечам, ударае, а язык мудрых — здароўе. Вусны праўды будуць трывалымі ў вечнасці, а язык хлуслівы — у моманце. Хітрасць у сэрцы тых, хто задумвае ліха; а хто абдумвае мірныя парады, за тымі следам ідзе радасць. Ніякая загуба не здарыцца са справядлівымі, а бязбожнікі напоўняцца ліхам. Агіднасць для Госпада — вусны лжывыя, а тыя, што робяць сумленна, — падабаюцца Яму. Разумны чалавек свае веды хавае, а сэрца неразумных падбухторвае да бязглуздасці. Рука моцных будзе ўладарыць, а тая, што апусцілася, будзе ў паслушэнстве. Сум у сэрцы чалавека будзе прыгнятаць яго, а развесяліць яго добрая размова. Справядлівы вядзе сябра да праўды, а шлях бязбожнікаў падмане іх. Не засмажыць лянота здабычу сваю, а ў чалавека руплівага будзе каштоўная маёмасць. На сцежцы справядлівасці — жыццё, але ёсць таксама шлях, што адкрыты для смерці.

Мудры сын любіць настаўленне бацькі, насмешнік не слухае, калі яго ганяць. З плода вуснаў сваіх чалавек жывіцца дабром, а душа крывадушніка — гвалтам. Хто вусны свае беражэ — беражэ душу сваю, а хто летуценны ў размове, — таму бяда. Гультай хоча, а не мае, а душа працавітых насыціцца. Справядлівы адмовіцца ад ілжывага слова, а бязбожнік сарамаціць і ганьбіць. Справядлівасць беражэ бязгрэшнага ў дарозе, а бязбожнасць ставіць падножку грэшніку. Ёсць той, хто быццам лічыцца за багача, хаця нічога не мае; і ёсць той, хто быццам лічыцца за беднага, хаця ў яго багацця шмат. Выкуп душы чалавека — яго багацце, а хто бедны — не вытрымлівае папроку. Святло справядлівых весяліць, а каганец бязбожнікаў тухне. Між пыхліўцаў — толькі сваркі, а ў пакорлівых — мудрасць. Маёмасць ад марнасці паменшыцца, а хто збірае ў руку — памнажае. Надзея, што доўга не здзяйсняецца, вынішчае душу, а жаданне, што здзяйсняецца, — дрэва жыцця. Хто пагарднае словам робіць, той сам прычыняе шкоду сабе; а хто паважае пастанову, таму адплаціцца. Закон мудрага — крыніца жыцця, каб пазбегнуць путаў смерці. Добры розум выклікае ласку, а на шляху несумленных — бездань. Кожны разумны чалавек дзейнічае з розумам; а неразумны выяўляе бязглуздасць. Бязбожны вяшчун трапляе ў бяду, а верны пасол — здароўе. Беднасць і ганьба таму, хто пагарджае настаўленнем; а хто верыць таму, хто ганіць, — будзе ў пашане. Жаданне, калі споўніцца, цешыць душу, а бязглуздыя адмаўляюцца бегчы ад ліха. Хто з мудрымі ходзіць — будзе мудрым, а сябар бязглуздых зробіцца ліхім. За грэшнікамі гоніцца ліха, а дабром адплаціцца справядлівым. Добры чалавек пакідае спадкаемцамі сыноў і ўнукаў, а маёмасць грэшніка зберагаецца для справядлівага. Многа хлеба бывае і на нівах бедных, а ёсць і той, хто гіне, бо не хапае законнасці. Ненавідзіць сына свайго той, хто шкадуе розгі, а хто любіць яго, той заўжды выхоўвае яго. Справядлівы насычае і напаўняе душу сваю, а чэрава бязбожнікаў — ненаеднае.

Мудрая жонка будуе дом свой, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі. Таго, хто ідзе вернай дарогай, адцураецца той, хто ідзе ганебным шляхам. У вуснах бязглуздага — дубец пыхлівасці, а вусны мудрых берагуць іх. Дзе няма быкоў, там стойла пустое; і шмат выгод — у моцы быка. Праўдзівы сведка не лжэ, а хітры сведка пашырае хлусню. Насмешнік шукае мудрасці і не знаходзіць, а для разважлівых веды даступныя. Ад бязглуздага чалавека адыдзі, бо не знойдзеш вуснаў разважлівых. Мудрасць разумнага — пазнанне свайго шляху, а неразумнасць бязглуздых — блуканне. Бязглуздыя не звяртаюць увагі на грэх, а сярод справядлівых застанецца ласка. Сэрца ведае гаркоту душы сваёй, і ў радасць яго не ўмяшаецца чужы. Дом бязбожнікаў разваліцца, а хорамы справядлівых будуць расці. Ёсць дарога, што здаецца чалавеку справядлівай, але ўрэшце рэшт вядзе яна да смерці. Сэрца змешваецца з сумам нават у час смеху, а смутак захоплівае канец радасці. Шляхамі сваімі будзе задаволены бязглузды, а чалавек добры будзе вышэй за іх. Легкаверны верыць кожнаму слову, а разважлівы абдумвае крокі свае. Мудры баіцца і пазбягае зла, а бязглузды злоўжывае і разлічвае на сябе. Нецярплівы зробіць бязглуздасць, а чалавек хітры — нявідны. Легкаверныя авалодваюцца бязглуздасцю, а разважлівыя вызначаюцца ведамі. Ліхія схіляюцца перад добрымі, а бязбожнікі — перад дзвярамі справядлівых. Бедны будзе нявідны нават для свайго самага блізкага, а ў багатых — шмат сяброў. Хто адцураецца блізкага свайго — грашыць, а хто шкадуе бедных — шчасны. Ці не блукаюць тыя, што чыняць ліха? Міласэрнасць і праўда — для тых, хто робіць дабро. Ва ўсялякай працы будзе прыбытак, а слова вуснаў накіроўвае толькі да беднасці. Вянок мудрых — іх багацце, а неразумнасць бязглуздых — глупства. Верны сведка вызваляе душы, а крывадушнік — пашырае хлусню. У шанаванні Госпада — цвёрдая ўпэўненасць, і сынам Яго будзе надзея. Шанаванне Госпада — крыніца жыцця, што ўхіляецца ад путаў смерці. У мностве народа — годнасць цара, у невялікай колькасці народа — пагібель валадара. Хто цярплівы, тым кіруе вялікая разважлівасць; хто нецярплівы — павялічвае бязглуздасць. Жыццё для цела — здароўе сэрца, зайздрасць — гніенне касцей. Хто гоніць беднага — той упікае яго Творцу; шануе Яго той, хто шкадуе бедных. Уласнай сапсаванасцю будзе забіты бязбожнік, а справядлівы спадзяецца на несапсаванасць сваю. У сэрцы разважлівага знаходзіцца мудрасць, а сярод бязглуздых яна знойдзецца? Справядлівасць узвышае народ, а несправядлівасць — грэх народаў. Дапушчаны да цара — разумны слуга, а гнеў выклікае той, хто дзейнічае ганебна.

Мяккі адказ уціхамірвае гнеў, а жорсткая размова выклікае лютасць. Язык мудрых лье веды, вусны бязглуздых выкрыкваюць бязглуздасць. Ва ўсялякім месцы вочы Госпада. Яны бачаць ліхіх і добрых. Язык лагодны — дрэва жыцця, а двухсэнсавасць на ім зняважыць дух. Бязглузды кпіць з настаўлення бацькі свайго, а хто беражэ папрокі — будзе разумнейшы. У доме справядлівага вельмі многа багацця, а ў набытках бязбожніка — хваляванне. Вусны мудрых распаўсюдзяць веды; сэрца бязглуздых — не будзе вернае. Ахвяры бязбожнікаў — агідныя для Госпада; абяцанні справядлівых — мілыя Яму. Агіднасць для Госпада — дарога бязбожніка; хто ідзе ўслед за справядлівасцю — будзе любімы Ім. Лютая кара таму, хто пагарджае вернай дарогай; хто ненавідзіць папрокі — памрэ. Пекла і пагібель — перад вачамі Госпада, а тым больш — сэрцы сыноў чалавечых! Насмешнік не любіць таго, хто яго абвінавачвае, і да людзей мудрых не ходзіць. Сэрца радаснае весяліць твар, у смутку душы дух падае. Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны бязглуздых жывяцца бязглуздасцю. Усе дні ў бедных — ліхія, а вясёлы ў сэрцы — быццам заўсёды на застоллі. Лепш трохі са страхам Госпада, чым вялікія скарбы — з трывогай. Лепш мера гародніны з любоўю, чым адкормленае цяля — з нянавісцю. Чалавек запальчывы выклікае сваркі; а той, хто з’яўляецца цярплівым, уціхамірвае спрэчкі. Дарога гультаёў быццам агароджа цярновая, дарога разважлівых — гладкая. Мудры сын радуе бацьку; а бязглузды чалавек адцураецца маці сваёй. Бязглуздасць — радасць для таго, хто не мае розуму; а чалавек разважлівы накіроўвае прама крокі свае. Дзе няма парады — разбягаюцца намеры, а здзяйсняюцца — дзе многа дарадчыкаў. Весяліцца чалавек з адказу вуснаў сваіх, і спрыяльная размова — найлепшая. Сцежка жыцця вядзе ўгару для чалавека вучонага, каб ухіліцца ад пекла ўнізе. Госпад разбурыць дом пыхлівых, а межы ўдавы ўмацуе. Агіднасць для Госпада — намеры ліхія, а чыстая размова — найпрыгажэйшая. Развальвае дом свой той, хто прыслужвае прагнасці, а хто ненавідзіць падарункі — жыць будзе. Розум справядлівага абдумвае, што адказаць; вусны бязбожнікаў зласловяць. Ад бязбожнікаў Госпад далёка, а размовы справядлівых Ён выслухае. Святло вачэй радуе душу, добрая слава ўдобрывае косці. Вуха, якое слухае папрокі жыцця, застанецца сярод мудрых. Хто адкідае настаўленне — адцураецца душы сваёй; а хто слухае папрокі — уладар сэрца [свайго]. Страх Госпадаў — настаўленне мудрасці, а славе папярэднічае пакора.

Чалавечае — гэта рыхтаваць сэрца, а ад Госпада — адказ языка. У вачах чалавека ўсе яго дарогі чыстыя, але Госпад разглядае душы. Даручы Госпаду свае справы — і споўняцца твае намеры. Усё зрабіў Госпад згодна Свайму ўласнаму намеру, таксама і бязбожніка зберагае на ліхі дзень. Агіднасць для Госпада — усякі фанабэрысты чалавек; напэўна, можна паручыцца: ён не будзе беспакараны. Міласэрнасцю і праўдай адкупляецца несправядлівасць, і ў страху Госпада — ухіленне ад ліха. Калі дарогі чалавека падабаюцца Госпаду, таксама і непрыяцеляў яго навяртае Ён да згоды. Лепш малае са справядлівасцю, чым многія набыткі — без справядлівасці. Сэрца чалавека плануе дарогу яго, але Госпад кіруе яго крокамі. На вуснах цара — натхненне, не памыляцца вусны яго ў прыказанні. Груз і вага Госпада — справядлівыя, і справа Яго — усе камяні ў мяшку. Грэбуюць цары дзейнічаць бязбожна, бо трон умацоўваецца справядлівасцю. Ласка цароў — вусны справядлівыя; хто гаворыць праўду, таго будуць любіць. Гнеў цара — вяшчун смерці, і супакоіць гнеў чалавек мудры. У святле аблічча царскага — жыццё, і ласка яго — як дождж доўгачаканы. Валодаць мудрасцю — значна лепш, чым золатам; а набываць разважлівасць — больш каштоўна, чым срэбра. Сцежка справядлівых — ухіляцца ад ліха; хто беражэ шлях свой — вартаўнік душы сваёй. Знішчэнню папярэднічае фанабэрыстасць, а перад пагібеллю — пыхлівасць духа. Лепш скарыцца з пакорлівымі, чым здабычу дзяліць з фанабэрыстымі. Вучоны ў слове знойдзе дабро, і хто ўскладае надзею на Госпада — шчаслівы. Хто сэрцам мудры — будзе звацца разважлівым; а слодыч вуснаў памножыць веды. Крыніца жыцця — вучонасць таго, хто валодае ёю; бязглуздасць — кара для бязглуздых. Сэрца мудрага навучыць вусны яго і памножыць веды ў вуснах яго. Складная мова — соты мядовыя, слодыч для душы і здароўе для цела. Ёсць дарога, якая здаецца чалавеку вернай, а ўрэшце рэшт вядзе да смерці. Душа таго, хто працуе, працуе для сябе, таму што прымушае яго ўласны рот. Чалавек бязбожны падбухторвае да ліха, і ў вуснах яго — быццам агонь, што палымнее. Чалавек ліхі выклікае сваркі, а той, хто наракае, раз’ядноўвае сяброў. Несправядлівы чалавек ашуквае сябра свайго і вядзе яго на нядобрую дарогу. Міргаючы вачамі, ён абдумвае крывадушнае і, сціскаючы вусны свае, рыхтуе ліха. Вянок годнасці — сівізна, якую можна знайсці на шляхах справядлівасці. Той, хто трывае, — лепей за дужага чалавека, а той, хто кіруе душой сваёю, — за заваёўніка гарадоў. Жэрабя кідаецца ў крысо, але рашаецца Госпадам.

Лепш сухая луста хлеба з супакоем, чым дом, поўны жывёлы, што заколена, са сваркамі. Мудры слуга будзе кіраваць сынамі несумленнымі і паміж братамі падзеліць спадчыну. Як агнём правяраецца срэбра і горнам золата, так сэрцы правярае Госпад. Ліхі чалавек скараецца несправядлівым вуснам, а хітры чалавек скараецца языку лгуна. Хто адцураецца беднага — упікае яго Творцу; а хто цешыцца з пагібелі іншага — не будзе беспакараны. Вянец старых — сыны сыноў, а слава сыноў — бацькі іх. Не ўпрыгожыць бязглуздага складная мова, а кіраўніка — вусны, што лгуць. Падарунак — найкаштоўнейшы самацвет у вачах гаспадара яго, куды б ні пайшоў ён — будзе мець поспех. Хто ўтойвае злачынства — шукае сяброўства, а хто ў размове нагадвае аб ім — раз’ядноўвае саюзнікаў. Вымова мацней уздзейнічае на разважлівага, чым на бязглуздага сто бізуноў. Ліхі заўсёды шукае толькі сварак, і строгі анёл будзе пасланы супраць яго. Лепш сустрэць мядзведзіцу з адабранымі дзіцянятамі, чым бязглуздага, самаўпэўненага ў сваёй бязглуздасці. Хто ліхам за дабро адплачвае, той не мінуе ліха ў доме сваім. Пачатак сварак — гэта прарыў водаў; і пакінь іх, перш чым спрэчка ўзмацніцца. Хто апраўдвае бязбожніка і хто асуджае справядлівага — і той, і другі агідныя для Госпада. Дзеля чаго каштоўнасць у руцэ бязглуздага? Дзеля таго, каб набыць мудрасць, не хапае яму разважлівасці. Сябар любіць ва ўсякі час, а брат народжаны для няшчасця. Бязглузды чалавек звязвае рукі, калі ручаецца за сябра свайго. Хто любіць злачынства — любіць сваркі, а хто ўзвышае дзверы свае — той шукае ўзлому. Той, у каго крывадушнае сэрца, — не знойдзе дабра; а хто хітруе ў размове — трапіць у бяду. Хто родзіць бязглуздага — смутак сабе родзіць, і бацька не пацешыцца з бязглуздага. Радасны дух робіць жыццё квітнеючым, дух сумны высушвае косці. Бязбожнік прымае падарункі з-за пазухі, каб перавярнуць сцежкі законнасці. На твары разважлівага свеціць мудрасць; вочы бязглуздых — на канцах зямлі. Сын бязглузды — гнеў бацькі і пакута для маці, што нарадзіла яго. Нядобра караць справядлівага і біць кіраўніка за слушнасць. Мае розум, хто ў размовах сваіх стрыманы, і хто з пакорлівым духам — той чалавек разважлівы. Таксама і бязглузды, калі маўчыць, можа здацца мудрым, і разважлівым, калі сціскае вусны свае.

Зручных выпадкаў шукае той, хто жадае пазбавіцца сябра; раздражняе яго ўсякая парада. Бязглузды не адчувае асалоду ад разважлівасці — а толькі ад паказу ўласнага розуму. Калі прыйдзе бязбожнік — прыйдзе і пагарда, а з ганьбай — знявага. Словы з вуснаў чалавека — глыбокая вада, а крыніца мудрасці — багатая плынь. Нядобра прымаць чалавека бязбожнага, каб пахіснуць справядлівага ў законнасці яго. Вусны бязглуздага змешваюцца са сваркамі, а рот яго выклікае пабоі. Рот бязглуздага — яго пагібель, а вусны яго — пастка для душы яго. Словы плеткара — быццам салодкія, і самі даходзяць да глыбіні чэрава. Той, хто ў працы сваёй млявы і нядбайны, той — брат знішчыцеля. Наймацнейшая цытадэль — імя Госпада; да яе спяшаецца справядлівы, і там ён узвысіцца. Маёмасць багатага — трывалы горад яго, яна — быццам мур высокі ў думцы яго. Перад знішчэннем узвышаецца сэрца чалавечае, і перад услаўленнем — уціхамірваецца. Хто спярша гаворыць, а потым слухае, — таму бязглуздасць і ганьба. Дух чалавечы пераносіць немач сваю, але хто зможа падтрымаць зруйнаваны дух? Сэрца разважлівае будзе валодаць ведамі, і вуха мудрых шукае ведаў. Дар чалавека пашырае дарогу яго і да кіраўнікоў даводзіць яго. Хто першы гаворыць у спрэчцы — лічыцца справядлівым, а прыходзіць сябар яго і выкрые яго. Жэрабя спыняе спрэчкі і таксама вырашае паміж магутнымі. Брат, якога абражаюць, мацнейшы за моцны горад, а сваркі — як крэпасці гарадоў. З плода вуснаў чалавека насыціцца чэрава яго, а спараджэнні ўласных вуснаў уволю накормяць яго. Смерць і жыццё ў руцэ языка; хто яго любіць — будзе есці плады яго. Хто знайшоў добрую жонку — знайшоў дабро і атрымаў ласку ад Госпада. Калі бедны гаворыць з маленнямі, то багаты будзе гаварыць жорстка. Чалавек можа быць паранены сябрамі, але ёсць сябар, які бліжэй за брата.

Лепшы бедны, што ходзіць у чыстасардэчнасці сваёй, чым той, хто крывіць вусны, і той, хто неразумны. Дзе няма ведаў, душы няма дабра, і хто паспешлівы ў нагах — памыляецца. Бязглуздасць чалавека дае падножку крокам яго, і душою сваёю ён кіпіць супраць Госпада. Багацце дабаўляе многіх сяброў; а беднага пакідае і сябар яго. Ілжэсведка не будзе беспакараны, а хто гаворыць ману — не пазбегне [кары]. Многія ліслівяць у прысутнасці магутнага чалавека, і ўсе — сябры таму, хто дае падарункі. Усе браты беднага чалавека ненавідзяць яго, звыш таго, і сябры далёка адыходзяць ад яго; хто імкнецца толькі да размоў — не будзе мець нічога. А хто з’яўляецца валадаром разважлівасці — любіць душу сваю, і знойдзе дабро вартаўнік разважлівасці. Ілжэсведка не будзе беспакараны, а хто гаворыць ману — загіне. Не ўпрыгожвае бязглуздага раскоша, і не слузе кіраваць кіраўнікамі. Веды чалавека ўціхамірваюць гнеў яго, а слава яго праходзіць міма несправядлівага. Як рыканне льва — так гнеў цара, і як раса на траве — так і ласка яго. Загуба для бацькі — сын бязглузды, а жонка сварлівая — дах, што няспынна працякае. Дом і багацце — спадчына бацькоў, а жонка разважлівая — ад Госпада. Лянота агортвае моцным сном, і душа нядбайная галадае. Хто беражэ настаўленне — беражэ душу сваю, а хто не клапоціцца аб дарозе сваёй — памрэ. Пазычае Госпаду — хто шкадуе бедных, і ў сваю чаргу вернецца яму. Карай сына свайго, пакуль ёсць надзея, ды не праймайся крыкам яго. Хто нецярплівы — вытрымае кару, а калі жадаеш выратаваць яго — іншае дадасі. Слухайся розуму і прымай настаўленне, каб быць мудрым у канцы жыцця свайго. Многа намераў у сэрцы чалавека, а ласка Госпада застанецца. Жаданае ад чалавека — міласэрнасць яго, і бедны чалавек лепшы за лгуна. Страх Госпадаў вядзе да жыцця, і застанецца чалавек з дастаткам і без з’яўлення ліха. Гультай хавае руку сваю ў місе і не прысоўвае яе да вуснаў сваіх. Калі насмешнік збіты, то і просты чалавек паразумнее; а калі ўпікнеш мудраму, ён зразумее настаўленне. Хто чыніць шкоду бацьку і выганяе маці — сын несумленны і бессаромны. Знайдзі ўцеху ў тым, сыне, каб атрымліваць веды і не праходзь міма разважных размоў. Сведка несправядлівы здзекуецца з законнасці, і вусны бязбожнікаў глытаюць несправядлівасць. Дубцы падрыхтаваны для насмешнікаў, а пабоі — для цел бязглуздых.

Віно — празмерная рэч і сіцэра — неспакойная; ніхто з тых, хто захапляецца імі, не будзе мудрым. Як рыканне льва — так і гнеў цара, хто яго выклікае — грашыць супраць душы сваёй. Гонар для чалавека — аддзяліцца ад спрэчак; бо ўсе бязглуздыя ўмешваюцца ў ганьбу. З-за холаду гультай не хацеў араць; таму ён будзе жабраваць летам, а яму ніхто не дасць. Думкі ў сэрцы чалавека — быццам глыбокія воды, але мудры чалавек вычэрпвае іх. Завуць сябе міласэрнымі многія людзі, а хто знойдзе праўдзівага чалавека? Справядлівы чалавек, які ходзіць у чыстасардэчнасці сваёй, пакіне па сабе шчаслівых дзяцей. Цар, які сядзіць на пасадзе законнасці, разганяе ўсё ліхое сваім позіркам. Хто скажа: «Збярог я чыстае сэрца, я чысты ад граху»? Дваякія шалі і дваякая мера — і тое і другое агідныя Госпаду. Дзіця можна зразумець па занятках яго, ці будуць справы яго чыстымі і вернымі. Вуха, што чуе, і вока, што бачыць, абодва стварыў Госпад. Не любі сон, каб беднасць не апанавала цябе; адкрый вочы свае — і наясіся хлеба. «Дрэнна, дрэнна!» — кажа ўсякі пакупнік, а калі адыдзецца — тады хваліцца. Ёсць золата і мноства самацветаў, а каштоўнейшая пасудзіна — вусны ведаў. Бяры яго вопратку, бо ён выступіў паручыцелем за чужога, за незнаёмых вазьмі ад яго заклад. Салодкі для чалавека хлеб падманны, але потым напоўняцца вусны яго каменнем. Планы ўзмацняюцца нарадамі, і войны трэба рыхтаваць пасля нарады. Не сябруй з тым, хто выяўляе сакрэты, і паклёпнічае, і шырока разяўляе рот свой. Хто сварыцца на бацьку свайго і маці — патухне светач яго ў глыбінях цемры. Спадчына, якую захопліваюць, спяшаючыся, урэшце рэшт будзе пазбаўлена дабраславення. Не кажы: «Я адплачу за ліха», пачакай Госпада, а Ён вызваліць цябе. Агіднасць для Госпада дваякія вагі, і шалі падманныя — нядобрая ў вачах Яго. Госпад кіруе хадою чалавека, а хто з людзей можа зразумець шлях свой? Пастка для чалавека гаварыць неабдумана «святое», а потым выракацца абяцання. Мудры цар разганяе бязбожнікаў і згінае над імі кола. Светач Госпадавы — аддушына для чалавека, ён даведваецца пра ўсе сакрэты нутра яго. Міласэрнасць і праўда берагуць цара, а пасад яго ўмацоўваецца мяккасардэчнасцю. Упрыгажэнне юнакоў — іх моц, а гонар старых — сівізна. Сіняк раны праганяе ліха, і ўдары — у глыбінях нутра.

Сэрца цара ў руцэ Госпада — як ручаі водаў: Ён паверне яго, куды пажадае. Усякая дарога чалавека здаецца яму вернай, але Госпад узважвае сэрцы. Тварыць міласэрнасць і законнасць больш падабаецца Госпаду, чым крывая ахвяра. Гордасць вачэй і фанабэрыстасць сэрца — светач бязбожнікаў — грэх. Намеры кемлівага — заўсёды для прыбытку, а ўсякі паспешлівы — заўсёды ў галечы. Хто збірае скарбы падманным языком, той будзе кінуты ў пасткі смерці. Раз’ятранасць бязбожнікаў скіне іх, бо не пажадалі яны тварыць законнасць. Нясталы шлях — чужы для чалавека; а хто чысты, таго справа верная. Лепей сядзець у кутку гарышча, чым са сварлівай [жонкай] — у агульным доме. Душа бязбожніка жадае ліха; над ім не злітуецца блізкі яго. Калі пакараюць насмешніка, просты чалавек паразумнее; а калі вучаць мудрага — ён набудзе веды. Справядлівы назірае за домам бязбожніка: як упадаюць бязбожныя у няшчасце. Хто вуха сваё затыкае на лямант беднага, той і сам будзе лямантаваць, але не будзе выслуханы. Падарунак патаемны спыняе гнеў, а падарунак за пазухай — найвялікшае абурэнне. Тварыць законнасць — гэта радасць для справядлівага і пагібель для тых, хто чыніць несправядлівасць. Чалавек, які сыдзе з дарогі разважлівасці, прабудзе на сходзе мёртвых. Хто любіць балі — будзе ў галечы, не ўзбагаціцца, хто любіць віно і тлустую ежу. Збаўленне за справядлівага — бязбожнік, а за прастадушных — несправядлівы. Лепей жыць на пустыннай зямлі, чым з жонкай сварлівай і запальчывай. Жаданы скарб і тлушч у жыллі мудрага, а неразважлівы чалавек прамантачыць яго. Хто ідзе ўслед за справядлівасцю і міласэрнасцю, той знойдзе жыццё, і справядлівасць, і славу. Уваходзіць мудры ў горад дужых і знішчае цытадэль іх упэўненасці. Хто беражэ вусны свае і язык свой, той беражэ душу сваю ад бед. Пыхлівы і фанабэрысты завецца насмешнікам, што дзейнічае ў пыхлівым гневе. Жаданні гультая забіваюць, бо рукі яго не жадаюць нічога рабіць: увесь дзень ён жадае і прагне; а справядлівы — той, хто раздае і не шкадуе. Ахвяры бязбожнікаў — агідныя, тым болей, што прапаноўваюцца яны са злачынства. Ілжэсведка загіне, чалавек пакорлівы будзе гаварыць на перамогу. Бязбожны чалавек упарціцца ў поглядзе сваім; а той, хто верны, — выпраўляе дарогу сваю. Няма мудрасці, ані разважлівасці, ані законнасці супраць Госпада. Каня рыхтуюць на дзень вайны, але выратоўвае Госпад.

Лепш імя добрае, чым вялікае багацце, лепш ласка добрая, чым срэбра і золата. Сустракаюцца багаты і бедны: абодвух іх Творца — Госпад. Разважлівы бачыць ліха і хаваецца; легкаверныя ідуць туды, і ім чыніцца шкода. Узнагарода пакорлівасці — страх Госпадаў, багацце і слава, і жыццё. Калючкі і пасткі на дарозе нясталага; а хто вартаўнік душы сваёй — далёка адыходзіць ад іх. Настаўляй юнака ў пачатку дарогі яго; нават калі састарэе, ён не сыдзе з яе. Багаты распараджаецца беднымі; а хто прымае пазычанае — раб таго, хто пазычае. Хто сее несправядлівасць, той збярэ ліха, і розга гневу яго скончыцца. Будзе дабраславёны той, хто мае добрае вока, бо з хлеба свайго дае беднаму. Прагані насмешніка — і знікне разам з ім сварка; спыняцца спрэчкі і ганьба. Хто любіць чысціню сэрца, той будзе мець сябрам цара з-за ласкі вуснаў сваіх. Вочы Госпадавы берагуць веды, а словы несправядлівага скідваюць. Гультай кажа: «Леў знадворку, прападу я на сярэдзіне вуліцы». Глыбокая яма — вусны жонкі чужой; на каго загневаецца Госпад, той упадзе ў іх. У сэрцы юнака змяшчаецца бязглуздасць, і розга настаўлення прагоніць яе. Ты прыгнятаеш беднага? Сам ён павялічыць сваё багацце. Ты дарыш багацейшаму? Сам збяднееш. Нахілі вуха сваё і слухай словы мудрых; а сэрца сваё прыкладзі да маіх ведаў, бо будуць яны вельмі прыгожыя, калі зберажэш іх у чэраве тваім, і разальюцца яны на вуснах тваіх. Каб была ў Госпадзе надзея твая, я гавару табе сёння аб гэтым. Ці не апісваў я табе гэта заўчора ў намерах і ведах, каб паказаць табе трываласць слоў праўды, каб адказаў ты таму, хто паслаў цябе? Не чыні гвалту беднаму, таму што ён бедны, і не зневажай таго, хто жыве ў галечы, бо Госпад будзе разбіраць справу іх і пазбавіць Ён жыцця рабаўнікоў. Не будзь сябрам чалавеку гняўліваму і не хадзі з чалавекам нястрыманым, каб выпадкова не навучыцца сцежкам яго і не атрымаць спакусы для душы сваёй. Не будзь з тымі, што даюць сваю заруку і што прапануюць сябе паручыцелямі за даўгі. Бо калі не маеш адкуль пакрываць [доўг], то ў чым прычына таго, каб узялі ложак твой з-пад цябе? Не перанось межы старадаўнія, якія вызначылі бацькі твае. Бачыш чалавека, руплівага ў сваёй справе: будзе ён стаяць перад царамі, а не перад людзьмі простымі.

Калі ты ўсеўся, каб есці з кіраўніком, назірай уважліва, што пастаўлена перад тварам тваім, і прыстаў нож да свайго горла, калі ты прагны. Не жадай ад ежы яго, бо гэта хлеб падманны. Не клапаціся пра багацце, але адпачывай у разважлівасці сваёй. Калі павернеш вочы свае да багацця — яго ўжо няма, бо крылы сабе прыправіць; бо зробіць яно сабе крылы, як у арла, і паляціць у неба. Не снедай з чалавекам зайздросным і не жадай ежы яго; бо, як лічыць ён у душы сваёй, — такі і сам ён. «Снедай і пі», — кажа ён табе, а розум яго — не з табою. Лусту, што ты з’еў, — вырыгнеш, і дарэмна растраціш прыгожыя размовы свае. Не гавары ў вушы неразумных, бо пагрэбуюць яны ведамі языка твайго. Не перанось даўнейшай мяжы, на ніву сірот не ўваходзь: бо ў іх ёсць магутны Збавіцель, і Ён Сам будзе супраць цябе разбіраць справу іх. Прывядзі сэрца сваё да ведаў, а вушы свае — да слоў ведаў. Не пазбаўляй юнака настаўлення; бо калі ўдарыш яго розгаю — не памрэ: ты ўдарыш яго дубцом і душу яго вызваліш ад пекла. Сыне мой, калі мудрым будзе сэрца тваё, будзе цешыцца з табою і маё сэрца, і паясніца мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць вернае. Хай не зайздросціць сэрца тваё грэшнікам, але ўвесь дзень жыві ў страху Госпадавым; бо ёсць будучыня ў цябе, і не аднімецца твая надзея. Слухай, мой сыне, і будзь мудры, і роўна па дарозе накіроўвай душу тваю. Не будзь на балях п’яніцаў ані на баляваннях цела, бо п’яніца і гуляка збяднеюць, а дрымотны апранецца ў лахманы. Слухай бацьку свайго, які парадзіў цябе, і не будзь пагардлівы, калі састарэе маці твая. Купляй праўду і не прадавай; купляй мудрасць, і веды, і розум. Узрадуецца радасцю бацька справядлівага; а хто парадзіў мудрага — узвесяліцца ў ім; хай радуюцца твой бацька і маці твая, хай радуецца тая, што нарадзіла цябе. Сыне мой, дай мне сваё сэрца, хай вочы твае зберагуць шляхі мае. Бо яма глыбокая — распусніца, а чужая жанчына — цеснае падзямелле. бо расстаўляе яна пасткі на дарозе, быццам разбойнік, і памнажае несправядлівых сярод людзей. У каго: «Гора»? У каго: «Ах»? У каго сваркі? У каго скарга? У каго раны без прычыны? У каго памутненне вачэй? У тых, хто прабывае ў віне і ідзе, каб пакаштаваць змяшанага [віна]. Не глядзі на віно, як яно чырванее, як гожа блішчыць у кубку, як лёгка цячэ праз горла, бо ўрэшце рэшт — укусіць, як гадзюка, свой яд, як вужака, запусціць. Вочы твае ўбачаць рэчы дзіўныя, а сэрца тваё будзе гаварыць нясталае; і будзеш ты, як той, што спіць сярод мора, і быццам той, што заснуў на мачце карабля: «Пабілі мяне, а мне не было балюча, ударылі мяне, а я нічога не адчуў; калі прачнуся — ізноў буду шукаць гэта».

Не зайздросці людзям ліхім, не жадай іх таварыства; бо думаюць яны пра гвалт, іх вусны гавораць зласліва. Мудрасцю будзе пабудаваны дом, а разважлівасцю — умацуецца. З ведамі запоўняцца кладоўкі ўсякаю каштоўнаю і найпрыгажэйшаю маёмасцю. Чалавек мудры — моцны, а вучоны чалавек узмацняе моц [сваю]. Бо ты будзеш рыхтаваць для сябе вайну ў адпаведнасці з планамі — і будзе перамога, дзе многія парады. Завысокая мудрасць — для бязглуздага, у браме вуснаў сваіх не адчыніць. Хто думае зрабіць ліха, таго назавуць зламыснікам. Думка бязглуздага — грэх, і агіднасць для людзей — паклёпнік. Калі ты ў дзень няшчасця кволы — паменшыцца твая моц. Ратуй тых, каго вядуць на смерць, і затрымай тых, каго цягнуць на пагібель. Ці скажаш: «Я не ведаў гэтага»? Ці ж Той, Хто праглядае сэрца, Сам не разумее? Ведае Той, Хто сочыць за душамі, Ён адплачвае кожнаму за справы яго. Сыне мой, ты ясі мёд, бо ён добры, бо соты — найсаладзейшыя для горла твайго. Так, ведай, ёсць мудрасць для душы тваёй: калі ты знойдзеш яе — будзе ў цябе будучыня і надзея твая не загіне. Не строй падкопы, о нягоднік, дому справядлівага, і не парушай спакою яго. Бо справядлівы сем разоў упадзе і ўзнімецца; а бязбожнікі ўпадуць у ліха. Калі гіне непрыяцель твой — не радуйся; і хай не ўзрадуецца ў пагібелі яго сэрца тваё, каб падчас не ўбачыў Госпад і не спадабаўся ён Яму, і каб не адхіліў Ён гневу Свайго ад яго. Не абурайся на ліхадзеяў і бязбожнікам не зайздросці, бо не будзе будучыні ў ліхога і светач бязбожнікаў патухне. Бойся, сыне мой, Госпада і цара, і не далучайся да тых, хто думае інакш, бо раптам надыдзе пагібель на іх, а пагібель ад іх абаіх хто прадбачыць? І гэта таксама ёсць у мудрых: вылучаць чалавека на судзе — нядобра. Хто кажа бязбожніку: «Ты справядлівы», таго будуць праклінаць народы, таго адхіляць плямёны. А хто выкрывае яго — будзе праслаўлены, і прыйдзе на іх дабраславенне дабра. У вусны цалуе той, хто адказвае вернымі словамі. Рыхтуй справу сваю знадворку і старанна выконвай яе на сваёй ніве, каб потым пабудаваць дом свой. Не будзь сведкам супраць блізкага твайго беспадстаўна і не падманвай нікога вуснамі сваімі. Не кажы: «Як ён мне зрабіў, так і я адплачу чалавеку за справу яго». Праходзіў я праз поле лянівага чалавека і праз вінаграднік чалавека, пазбаўленага розуму: і вось — усё запаланіла крапіва, і цярноўнік пакрыў паверхню яго, і агароджа каменная была разбурана; калі я гэта ўбачыў, захаваў у сэрцы сваім, я ўбачыў — і вывучыў настаўленне: «Крыху паспіш, у меру падрэмлеш, крыху рукі зложыш, каб адпачыць, і прыйдзе да цябе беднасць, як скараход, і галеча — як чалавек узброены».

Гэта таксама прыслоўі Саламона, якія перапісалі людзі Эзэкіі — цара Юдэі. Слава Божая — таіць слова, а слава цароў — даследаваць размову. Як неба ў вышыні і зямля ў глыбіні — так сэрца цароў невызнана. Аддзялі шлакі ад срэбра, і выйдзе ў срэбраніка посуд. Выведзі ад вачэй цара бязбожніка — і справядлівасць умацуе пасад яго. Не паказвайся фанабэрыстым перад царом і не стой на месцы вялікіх. Лепш, калі табе скажуць: «Узніміся сюды», чым каб зняважылі цябе перад кіраўніком. Што вочы твае бачылі, не адкрывай гэта хутка ў судзе, бо што зробіш потым, калі абняславіць цябе сябар твой? Справу сваю вырашай з сябрам тваім і не выяўляй сакрэт чужога чалавека, каб ён часам не пакпіў з цябе, калі пачуе, і ганьба твая не зможа быць адклікана. Залатыя яблыкі на срэбраным посудзе — слова, сказанае ў свой час. Залаты пярсцёнак з лепшага золата — мудры, які гаворыць на вуха таму, хто слухае. Як холад снегу ў дзень жніва, так пасланец верны таму, хто паслаў яго; ён ацверажае яго душу. Хмары і вецер без дажджу — гэтак вядомы чалавек фанабэрысты і які не выконвае абяцанняў. Цярплівасць кіраўніка зробіць падатлівым, а мяккі язык зломіць косці. Ты знайшоў мёд? З’еш, колькі табе трэба, каб часам, наеўшыся, не вырыгнуць яго. Утрымай нагу тваю ад дому блізкага твайго, каб, усім задаволены, ён не ўзненавідзеў цябе. Молат, і меч, і вострая страла — гэта чалавек, які гаворыць ілжывае сведчанне супраць блізкага свайго. Гнілы зуб і хісткая нага — гэта той, хто ў дзень бяды спадзяецца на ненадзейнага. Як плашч здымаць у халодны дзень, як выліваць воцат у соду — так спяваць песні сумнаму сэрцу. Калі непрыяцель твой галодны, накармі яго; калі смагне — напаі яго: бо вуголле пякучае збярэш ты на галаву яго, а Госпад адплаціць табе. Паўночны вецер спараджае дажджы, а язык, што паклёпнічае, — сумны твар. Лепш сядзець у кутку на гарышчы, чым з жонкай сварлівай у агульным доме. Як халодная вада для душы, што смагне, так добры вястун — з далёкай краіны. Крыніца, патурбаваная нагою, і ручай сапсаваны — гэта справядлівы, што падае перад бязбожнікам. Нядобра есці занадта мёду, і здабыццё славы не ёсць слава. Горад разбураны і без муроў — гэта чалавек, які не можа валодаць духам сваім.

Як снег улетку, а дажджы ў жніво, так слава непрыстойная для бязглуздага. Як птушка, што пералятае да іншага, і ластаўка, што пырхае, так не здзейсніцца праклён, што казалі дарэмна. Бізун для каня, і для асла аброць, а розга — для спіны бязглуздых. Не адказвай бязглуздаму па яго бязглуздасці, каб ты не стаў да яго падобны; бязглуздаму адказвай на яго бязглуздасць, каб не здавалася яму, што ён мудры. Ногі сабе адсякае і робіць шкоду сабе той, хто пасылае вестку з дапамогай бязглуздага. Як нямоцныя косці ў кульгавага, так прыслоўе — у вуснах бязглуздага. Як той, хто хавае камень у кучу, — так той, хто аддае пашану нямудраму. Церні, што растуць у руцэ п’янага, — гэта прыслоўі ў вуснах бязглуздых. Стралок, які цаляе ва ўсё, — гэта той, хто наймае бязглуздага, і той, хто наймае валацугаў. Як сабака, які вяртаецца да сваёй ірвоты, — бязглузды, што паўтарае бязглуздасць сваю. Бачыў ты чалавека, што самому сабе мудрым здаецца? Больш бязглузды будзе спадзявацца на гэта. Гультай кажа: «Львіца на дарозе, і леў на плошчах». Верцяцца дзверы на круку сваім, а гультай — у ложку сваім. Апускае гультай руку ў місу сваю, ды цяжка яму паднесці яе да вуснаў сваіх. Гультай здаецца сабе мудрэйшым за сем чалавек, што выказваюць меркаванні. Хапае сабаку, праходзячы міма, за вушы той, хто ўблытваецца ў сварку іншага. Як шалее той, хто пускае стрэлы і дзіды ў смерць, — так чалавек, што падманвае сябра свайго і кажа: «Ці не жартам зрабіў я гэта?» Калі не хапае дроў, тухне агонь; і, калі прагнаны пляткар, сваркі ўціхаюць. Як вугалі — для жару, а дровы — для агню, так сварлівы чалавек — для таго, каб распаляць сваркі. Словы паклёпніка — як салодкае, і самі прасочваюцца ўглыб нутра. Як срэбра, што ўпрыгожвае брудную пасудзіну з гліны, — так пяшчотныя вусны і ліхое сэрца. За вуснамі сваімі непрыяцель схаваецца, калі ў сэрцы задумвае хітрасці: не давярай яму, калі змякчае ён голас свой, бо сем агіднасцей — у сэрцы яго; вераломна затоіць ён нянавісць, а каварства яго выявіцца ў сходцы. Хто капае яму, той упадзе ў яе; і хто скідвае камень, да таго ён вернецца. Ілжывы язык не любіць праўду, і вусны няпэўныя рыхтуюць пагібель.

Не хваліся заўтрашнім днём, не ведаючы, што прынясе дзень, што надыходзіць. Хай іншы цябе хваліць — не твой уласны рот, чужы — не твае ўласныя вусны. Цяжкі камень і цяжкаваты пясок, але гнеў бязглуздага цяжэйшы за абаіх. Шалёны нораў і абурэнне, што прарываецца наверх, — а хто можа ўстаяць перад зайздрасцю? Лепш адкрытае абвінавачванне, чым схаваная любоў. Раны ад таго, хто любіць, вярнейшыя, чым ілжывыя пацалункі таго, хто ненавідзіць. Душа, што насыцілася, будзе таптаць мёд, а душа, што прагне, нават горкае будзе лічыць за салодкае. Як птушка, што ўцякае з гнязда свайго, так чалавек, што блукае далёка ад радзімы сваёй. Маззю і фіміямам цешыцца сэрца і прывабнасцю сябра ў парадзе ад душы. Не адмаўляйся ад сябра свайго і сябра бацькі свайго, і ў дзень смутку не ўваходзь у дом брата свайго. Лепш сусед паблізу, чым брат далёка. Імкніся да мудрасці, сыне мой, парадуй сэрца маё, каб мог адказаць таму, хто мне ўпікае. Хітры, што бачыць ліха, — хаваецца; а легкаверныя, што ідуць да яго, — караюцца. Здымі вопратку з таго, хто паручыўся за іншага, а за незнаёмых — вазьмі ад яго заклад. Хто, уздымаючыся раніцай, хваліць блізкага свайго гучным голасам, залічаць яму гэта за праклён. Дах, што працякае ў халодны дзень, і сварлівая жонка — роўныя; хто стрымлівае яе — той быццам вецер стрымлівае і прымудраецца, каб трымаць масць у правай руцэ. Жалеза жалезам вастрыцца, а чалавек завастрае позірк сябра свайго. Хто сцеражэ дрэва фігавае — будзе есці плады яго, а хто вартаўнік гаспадара свайго — праславіцца. Як у вадзе твар глядзіць на твар, так сэрца чалавека — у чалавеку. Пекла і пагібель ніколі не насычаюцца, падобна ім ненасытныя і вочы чалавечыя. Як срэбра — у горане, а золата — у печы, так правяраецца чалавек вуснамі таго, хто хваліць [яго]. Калі стаўчэш бязглуздага ў ступцы таўкачом разам з зярнятамі, не выйдзе з яго бязглуздасць. Пільна даглядай за жывёлай тваёй, звяртай увагу на статкі, бо не будзеш мець багацце заўсёды. Няўжо з пакалення ў пакаленне будзе перадавацца вянец? Агаліліся лугі — і з’явіліся травы зялёныя, і сабралі сена з узгоркаў; авечкі — на вопратку тваю, а казлы — на выкуп нівы. Хопіць табе казінага малака на снеданне тваё, і на снеданне дому твайго, і на пражытак слугам тваім.

Бяжыць бязбожнік, калі ніхто не гоніца за ім, а справядлівы — як леў адважны. Адыдзе ад закону зямля, тады многа кіраўнікоў у ёй, а пры разумным і мудрым чалавеку справядлівы лад працягнецца. Чалавек бедны і які ганіць бедных падобны да дажджу праліўнога, у якім рыхтуецца голад. Адступнікі ад закона — хваляць бязбожнікаў; а хто трымаецца закона — абураецца імі. Ліхія людзі не разумеюць законнасці; а хто імкнецца да Госпада, — разумее ўсё. Лепш бедны, які ходзіць у чыстасардэчнасці сваёй, чым крывадушны на дарогах сваіх, хоць і багаты. Хто беражэ законнасць — той мудры сын; а хто падтрымлівае гуляк — асаромлівае бацьку свайго. Хто накоплівае багацце сваё пазыкамі і ліхвярствам, той збірае яго для шчодрага да бедных. Хто адхіляе вуха сваё, каб не чуць закон, — малітва таго таксама будзе брыдотай. Хто падманвае справядлівых на ліхой дарозе, сам упадзе ў пагібель, а беззаганныя атрымаюць у спадчыну добрае. Разумным здаецца сабе чалавек багаты, але разгневаны бядняк даследуе яго. У радасці справядлівых — вялікая слава, а калі ўзнімаюцца бязбожнікі — хаваецца чалавек. Хто ўтойвае злачынствы свае — не будзе жыць у шчасці; хто прызнаецца і пакіне гэта, даб’ецца міласэрнасці. Шчасны чалавек, які мае страх [Божы], а хто сэрца сваё зацвярджае — трапіць у бяду. Леў, што рыкае, і галодны мядзведзь — гэта бязбожны кіраўнік над бедным народам. Кіраўнік, што пазбаўлены разважлівасці, прыгнятае многіх; а хто ненавідзіць хцівасць — дні таго стануць доўгімі. Чалавека, што заліты крывёй чыйгосьці жыцця, калі ён будзе бегаць да самай магілы, ніхто не падтрымае. Хто ходзіць прама — будзе збаўлены; хто ходзіць нясталымі шляхамі — той раптам загіне. Хто зямлю сваю апрацоўвае — насыціцца хлебам, а хто шукае адпачынку — напоўніцца галечай. Чалавек верны багаты ў дабраславенствы, а хто жадае хутка ўзбагаціцца — не застанецца без пакарання. Хто распазнае аблічча ў судзе — не чыніць дабро, і чалавек за лусту хлеба крывіць душою. Спяшаецца ўзбагаціцца зайздрослівы чалавек, не ведае ён, што беднасць спасцігне яго. Хто дакарае чалавека, потым знойдзе ласку, больш чым той, хто ліслівіць языком. Хто крадзе што-небудзь у бацькі свайго або маці і кажа: «Гэта не грэх», той — саўдзельнік рабаўніка. Хто павялічвае жаданні — распаляе сваркі, а хто ўскладае надзею на Госпада — пашырыцца. Хто спадзяецца на сэрца сваё — той бязглузды, а хто ходзіць мудра — сам будзе збаўлены. Хто дае беднаму — не будзе ў галечы, а хто хавае вочы — напоўніцца праклёнамі. Калі бязбожнікі ўздымуцца — хаваюцца людзі; калі яны загінуць — памножацца справядлівыя.

Чалавек, які з цвёрдай шыяй пагарджае абвінавачваннямі, — раптам будзе знішчаны, і без вылячэння. З памнажэння справядлівых узвесяліцца народ; а ў валадаранне бязбожніка народ будзе стагнаць. Чалавек, які любіць мудрасць, радуе бацьку свайго; а хто корміць распуснікаў — згубіць маёмасць. Цар у справядлівасці ўзвышае дзяржаву; чалавек, што прымае падарункі, разбурыць яе. Хто ліслівіць падманна блізкаму, ставіць сіло на ногі яго. У граху несправядлівы чалавек захопліваецца пасткай, а справядлівы ўзрадуецца і ўзвесяліцца. Справядлівы ведае справу бедных, а бязбожнік не мае ведаў. Людзі небяспечныя горад раз’ядноўваюць, а мудрыя — утаймоўваюць абурэнне. Мудры чалавек, калі паспрачаецца ў судзе з бязглуздым, — хай гневаецца ён, хай смяецца, — не знойдзе супакою. Крыважэрныя ненавідзяць чыстасардэчнага; а справядлівыя рупяцца пра жыццё яго. Бязглузды выяўляе ўвесь свой гнеў, а мудры ўціхамірвае яго. Кіраўнік, калі ахвотна слухае словы маны, мае ўсіх слуг — бязбожнікаў. Бедны сустракаецца з прыгнятальнікам, але Госпад дае святло для вачэй абаіх. Цар, што па праўдзе судзіць бедных, — пасад яго будзе ўмацаваны назаўсёды. Дубец і выкрыванне даюць мудрасць; а юнак, які пакідаецца на сваю волю, асаромлівае маці сваю. У мностве бязбожнікаў будуць множыцца злачынствы, і справядлівыя ўбачаць іх пагібель. Навучай свайго сына: ён і супакоіць цябе, і дасць асалоду душы тваёй. Калі не хапае зроку, народ будзе раз’яднаны; шчасны, хто беражэ законнасць. Словамі не можа быць навучаны слуга, бо разумее і пагарджае адказам. Бачыў ты чалавека спрытнага ў размове? Неразумны будзе мець надзею больш за яго. Хто гадуе з дзяцінства слугу свайго ў раскошы, той потым зведае яго жаданне стаць і сынам. Гняўлівы чалавек узбуджае сваркі, а той, хто ахвочы на гнеў, будзе болей схільны да граху. Пыхлівасць чалавека панізіць яго, а пакорлівы духам здабудзе славу. Хто дзеліцца са злодзеем — ненавідзіць душу сваю; чуе ён праклён, але і не выказвае гэтага. Страх перад чалавекам ставіць пастку, а хто ўскладае надзею на Госпада — будзе падтрыманы. Многія шукаюць прыхільнасці кіраўніка, а суд для кожнага паходзіць ад Госпада. Справядлівыя грэбуюць бязбожным чалавекам; а бязбожнікі грэбуюць тымі, хто на вернай дарозе.

Словы Агура, сына Яка з Масы. Выказванне гэтага чалавека да Ітыэля, да Ітыэля і Укала. Вось, я найбольшы невук з людзей і мудрасці чалавечай няма ў мяне; і не навучыўся я мудрасці, і не пазнаў ведаў святых. Хто ўзыходзіць на неба і сыходзіць? Хто збірае вецер у руках сваіх? Хто сабраў воды, быццам у вопратку? Хто паставіў усе межы зямлі? Якое імя Яго і якое імя Яго сына, ці ведаеш ты? Кожнае слова Бога — гэта надзейны шчыт для тых, хто ўскладае на яго надзею. Не дадавай нічога да слоў Яго, каб Ён не выкрыў цябе і каб не стаўся ты лгуном. Прашу ад цябе дзвюх рэчаў, не адмаўляй мне, раней, чым памру: надоўга адхілі ад мяне марнасць і хлуслівыя словы, не давай мне беднасці і багацця, толькі ўдзяляй мне штораз на пражыццё хлебны паёк, каб, наеўшыся, не быў я спакушаны адрачэннем і не сказаў: «Хто гэта — Госпад?», або, беднасцю прымушаны, каб не краў я і каб не лгаў я імем Бога майго. Не дакарай паслугача перад яго гаспадаром, каб часам не пракляў ён цябе і каб не быў ты пакараны. Ёсць род, што бацьку свайго праклінае і што не дабраслаўляе маці сваю. Ёсць род, які здаецца сабе чыстым, але не адмыты ад бруду свайго. Ёсць род — як узвысіліся вочы яго і ўзняліся ўгару павекі яго! Ёсць род, які мае мечы замест зубоў, а сківіцы яго — нажы, каб пажэрці бедных з зямлі і ўбогіх — з людзей. П’яўка мае дзве дачкі: «Прынясі, прынясі». Тры рэчы ёсць ненасытныя, і чатыры, што ніколі не кажуць: «Досыць!»: пекла і бясплоднае чэрава, зямля, што не насычаецца вадою, агонь, што ніколі не кажа: «Даволі!» Вока, што кпіць з бацькі і што адцураецца паслушэнства маці — хай крумкачы з-за ракі выдзеўбаюць яго і хай з’ядуць яго дзеці арла. Тры рэчы занадта складаныя для мяне, а чатыры я зусім не ведаю: дарогу арла па небе, дарогу змяі па скале, дарогу карабля ў сярэдзіне мора, дарогу мужчыны да маладзенькай дзяўчыны. Так паступае жанчына-чужаложніца, што з’ела, абцёрла вусны і кажа: «Я нічога благога на зрабіла». Пад трыма рэчамі дрыжыць зямля, а чатырох перанесці не можа: пад слугою, калі ён будзе правіць; пад бязглуздым, калі ён будзе насычаны ежай; пад пагарджанай жанчынай, калі яе возьмуць за жонку; і пад служанкай, калі яна будзе спадчынніцай гаспадыні сваёй. Ёсць на зямлі чатыры самыя малыя істоты, але яны мудрэйшыя за мудрых: мурашкі — народ не моцны, які рыхтуе сабе ежу ў жніво; горныя мышы — народ слабы, які ставіць жыллё сваё на скале; саранча — не мае цара і выступае ўся яна чарадою; яшчарка — караскаецца на лапках, а спыняецца ў пакоях цара. Ёсць тры рэчы, што ходзяць добра, і чатыры, што крочаць шчасліва: леў, самы моцны са звяроў, не пабаіцца сустрэчы ні з кім; певень, што падперазаўся, і баран, і цар, які мае з сабою войска. Калі ты зрабіў глупства, ды ўзнёсся сам над сабой; ці падумаў ліхое — ускладзі руку на вусны свае! Бо хто добра ўзбівае малако — атрымлівае масла, а хто моцна высмарквае ноздры — выклікае кроў, а хто выклікае гнеў — выклікае сваркі.

Словы Ламуэля, цара Масы, якім яго навучыла ўласная маці. Што, сыне мой? Што, сыне ўлоння майго? Што, сыне абяцанняў маіх? Не аддавай жанчынам маёмасць сваю, ані шляхоў сваіх тым, што губяць цароў. Не да твару царам, о Ламуэль, не да твару царам піць віно, ані кіраўнікам — прагнуць сіцэры, каб не выпілі яны аднойчы і не забыліся на законы, і каб не спынілі яны справу ўсіх сыноў беднага. Дай сіцэры таму, хто гіне, а віна тым, хто з горкай душою: хай п’юць і хай забудуцца на беднасць сваю, і хай больш не ўспамінаюць пра смутак свой. Ты вусны свае адкрый для нямога і для спраў усіх сыноў, што прападаюць; адкрый вусны свае, вырашай, што справядлівае, і судзі ўбогага і беднага. АЛЕФ. Хто знойдзе дабрадзейную жанчыну? Цана яе — значна вышэй за самацветы. БЭТ. Упэўнена ў ёй сэрца мужа яе, і ён не застанецца без прыбыткаў. ГІМЭЛЬ. Верне яму дабро, а не ліха ва ўсе дні жыцця свайго. ДАЛЕТ. Набыла яна воўны і льну і зрабіла іх радасцю рук сваіх. ГЭ. Зрабілася яна — быццам караблём купецкім, што здалёк вязе хлеб свой. ВАЎ. І ўстае яна ўначы, і раздае ежу дамачадцам сваім і харч — служанкам сваім. ДЗАЙН. Аглядае яна зямлю — і купляе яе, з плода сваіх рук высаджвае яна вінаграднік. ГЭТ. Падперазалася моцай і ўзмацняе руку сваю. ТЭТ. Адчувае і бачыць, што справа яе — добрая; не патухне ўначы светач яе. ЁД. Руку сваю працягвае яна да калаўрота, а пальцы яе хапаюць верацяно. КАФ. Далоні свае адкрывае ўбогаму, і руку сваю працягвае да беднага. ЛЯМЭД. Не баіцца яна снежных халадоў для дому свайго: бо ўсе яе дамачадцы апранутыя ў падвоеную вопратку. МЭМ. Зрабіла яна сабе пакрывала; вісон і парфіра — убранне яе. НУН. У брамах муж яе вядомы, калі сядзіць са старэйшынамі зямлі. САМЭК. Яна вырабляе муслін і прадае, і паясы прадае Ханаану. АЙН. Стойкасць і прыгажосць — убранне яе, і будзе смяяцца яна ў самы апошні дзень. ФЭ. Адкрывае вусны свае для мудрасці, і на языку яе — запавет лагоднасці. САДЭ. Аглядае яна сцежкі дому свайго, і не есць яна хлеб свой бяздзейная. КОФ. Устаюць дзеці яе і называюць яе самай шчаслівай, і муж яе хваліць яе: РЭС. «Шмат жанчын было дабрадзейных, але ты пераўзышла ўсіх на свеце». СІН. Прывабнасць — падманная, а прыгажосць — пустая: тая жанчына праславіцца, што баіцца Госпада. ТАЎ. Дайце ёй ад плода рук яе, і хай уславяць яе ў брамах справы яе.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.