Библия › Чарняўскі-17 › Эклезіяста
Слова Эклезіяста, сына Давідава, цара ў Ерузаліме. Марнасць з марнасцей, — кажа Эклезіяст, — марнасць з марнасцей і ўсё марнасць. Што за карысць чалавеку ад усёй працы яго, у якой працуе пад сонцам? Пакаленне адыходзіць і пакаленне прыходзіць, а зямля трывае вечна. Узыходзіць сонца, і заходзіць сонца, і спяшаецца на месца сваё, і там ізноў нараджаецца. Кружляе праз поўдзень і паварочвае на поўнач, абыходзячы ўсё навокал, рухаецца вецер і на кругі свае вяртаецца. Усе рэкі цякуць у мора, і мора не перапаўняецца; да месца, адкуль выходзяць, туды і вяртаюцца рэкі ў цячэнні сваім. Усе рэчы цяжкія, не можа выясніць іх чалавек моваю. Не насычаецца вока глядзеннем, ані вуха не напаўняецца слуханнем. Што было, тое і ёсць, тое і будзе. Што сталася, тое і ёсць, тое і станецца: нічога новага пад сонцам. Часам кажуць пра якую-небудзь рэч: «Вось, гэта новае», але [гэта] ужо раней прамінула ў вяках, што былі перад намі. Няма памяці пра тых, што раней жылі, але ж і пра тых, што потым жыць будуць, не будзе ўспаміну ў тых, якія пасля будуць. Я, Эклезіяст, быў царом Ізраэля ў Ерузаліме. І вырашыў у душы сваёй вышукваць і даследаваць мудра ўсё, што дзеецца пад сонцам. Гэты найцяжэйшы занятак даў Бог сынам чалавечым, каб займаліся ім. Убачыў я ўсё, што дзеецца пад сонцам; і, вось жа, усё — марнасць і турбаванне духа. Што крывое — не можа стацца прамым, а чаго не хапае — не можа быць палічана. Прамовіў я ў сэрцы маім, кажучы: «Вось, я ўзвялічыў мудрасць і набыў [яе] больш за ўсіх, што былі да мяне ў Ерузаліме; і розум мой спазнаў вялікую мудрасць і веды». Аддаў я сэрца маё, каб спазнаць мудрасць і веды, неразумнасць і дурноту, і даведаўся я, што ў гэтым — таксама засмучанасць духа, менавіта таму ў вялікай мудрасці — вялікая туга і хто павялічвае веды, павялічвае і пакуты.
Сказаў я ў сэрцы маім: «Прыходзь, я выпрабую цябе радасцю: атрымай асалоду ад даброт»; і вось — гэта таксама марнасць. Пра смех сказаў я: «Вар’яцтва!», і пра весялосць: «Што за карысць?» Вырашыў я ў сэрцы сваім прывабліваць цела сваё віном, хоць сэрца маё кіравалася мудрасцю, і аддацца дурноце, аж пакуль не ўбачу, што ёсць карыснае для сыноў чалавечых, што належыць ім рабіць пад сонцам у нямногія дні жыцця свайго. Уславіў справы мае: набудаваў сабе дамоў і насадзіў вінаграднікі, стварыў агароды і фруктовыя сады, і развёў у іх разнастайныя дрэвы пладовыя, і зрабіў сабе вадаёмы для арашэння гаю, багатага на дрэвы. Набыў я нявольнікаў і нявольніц і меў прыслужнікаў мноства, меў шмат жывёлы і вялікія статкі авечак, большыя за ўсе, што былі ў Ерузаліме да мяне. Назбіраў сабе таксама срэбра і золата, і багацці цароў і краёў; прыдбаў сабе спевакоў і спявачак, і асалоды сыноў чалавечых — розныя музычныя інструменты і прылады. І ўзвысіўся я, пераўзышоў усіх, хто былі да мяне ў Ерузаліме; мудрасць жа мая засталася са мною. Ні ў чым, чаго жадалі вочы мае, не адмаўляў я ім, і не забараняў сэрцу свайму ніякай асалоды, і цешыўся з кожнай працы, і я вырашыў, што гэта — плата мая за ўсе клопаты мае. І калі азірнуўся я на ўсе справы, што ўчынілі рукі мае, і на тыя працы, на якіх я ўлягаў, і вось — ва ўсім марнасць і засмучанасць духа, і ніякай карысці пад сонцам. Абярнуўся я, каб прыгледзецца да мудрасці і безразважнасці, і да глупства: «Што зробіць, кажу, чалавек, які прыйдзе пасля цара? Тое, што і раней рабілі». І ўбачыў я, што мудрасць настолькі перавышае глупства, наколькі святло перавышае цемру. «Мудры мае вочы ў галаве сваёй, а дурны ходзіць у цемры»; і пазнаў я, што адзін і той самы канец у кожнага. Дык сказаў я ў сэрцы маім: «Калі аднолькавы канец будзе для мяне і для дурнога, то якая мне карысць з таго, што я больш дбаў пра мудрасць?» Бо не будзе вечнай памяці па мудрым таксама, як і па дурню, бо ў будучым часе ўсё аднолькава пакрыецца забыццём: вучоны памірае так, як і невук. Дзеля таго абрыдла жыццё маё мне, бо ліхое для мяне ўсё, што адбываецца пад сонцам; бо ўсё марнасць і турбаванне духа. Зненавідзеў я здабытак мой пад сонцам, які я мушу пакінуць чалавеку, які будзе пасля мяне. І хто ведае, ці мудры ён будзе, ці дурны? А ён будзе валодаць плёнам працы маёй, на якой я ўлягаў і заклапочаны быў пад сонцам. І гэта таксама марнасць. Адвярнуўся я, сеючы агіду ў сэрцы маім да ўсёй працы, у якой працаваў я пад сонцам. Бо ёсць той, хто працуе з мудрасцю, з навукаю і з пільнасцю, і аддае ён долю сваю чалавеку, які не будзе працаваць; і гэта, насамрэч, марнасць і вялікае ліха. Бо што за карысць чалавеку з усёй працы яго і турбавання сэрца, у якім ён працаваў пад сонцам? Бо ўсе дні яго — пакуты, а праца яго — турбота, нават ноччу сэрца яго не адпачывае; і гэта таксама марнасць. Няма нічога лепшага для чалавека, як есці і піць і прапаноўваць душы сваёй даброты працы сваёй. А гэта, бачыў я, з рукі Божай паходзіць. Бо хто есць і мае дастаткова асалодаў без Яго? Бо чалавеку добраму перад Ім дае Ён мудрасць, і веданне, і радасць; а грэшніку дае Ён турбаванне: збіраць і накопліваць, каб перадаць таму, які падабаецца Богу; але і гэта марнасць і турбаванне духа.
Усё мае [свой] час, і свая пара кожнай справе пад небам; час нараджацца і час паміраць, час садзіць і час вырываць тое, што пасаджана; час забіваць і час лячыць, час нішчыць і час будаваць; час плакаць і час смяяцца, час галасіць і час скакаць; час кідаць камяні і час збіраць іх, час абдымаць і час пазбягаць абдымкаў; час шукаць і час губляць, час берагчы і час адкідаць; час раздзіраць і час сшываць, час маўчаць і час гаварыць; час любіць і час ненавідзець, час вайны і час міру. Што за карысць мае з працы сваёй той, хто працуе? Паглядзеў я на заняткі, якія даў Бог сынам чалавечым, каб займаліся імі. Усё добрае зрабіў Ён у свой час; і перадаў сусвет разважнасці іх, ды не спасцігне чалавек справы, якую ўчыніў Бог, ад пачатку да канца. Спазнаў я, што няма для іх нічога лепшага, як весяліцца і чыніць дабро ў сваім жыцці. Бо кожны чалавек, які есць і п’е і бачыць дабро ад працы сваёй, — гэта дар Божы. Пераканаўся я, што ўсе справы, якія чыніць Бог, трываюць вечна; мы не можам ані дадаць да гэтага штосьці, ані адняць [ад таго], што ўчыніў Бог, каб шанавалі [Яго]. Тое, што ўжо было, — тое самае і ёсць; і што будзе — ужо было; і Бог даследуе тое, што прамінула. І яшчэ ўбачыў я пад сонцам: на месцы суда там бязбожнасць, і на месцы справядлівасці там несправядлівасць; Дык сказаў я ў сэрцы маім: «Справядлівага і бязбожнага будзе судзіць Бог, бо [прыйдзе] час на кожную рэч і на кожную справу». Сказаў я ў сэрцы маім адносна сыноў чалавечых, што Бог будзе іх выпрабоўваць і пакажа, што яны самі па сабе — падобныя да звяроў. Бо доля сыноў чалавечых і жывёлы такая ж самая: як памірае чалавек, так і яны паміраюць; і тое ж самае дыханне ва ўсіх: нічога не мае чалавек болей за жывёлу, бо ўсё — марнасць. І ўсё ідзе ў адно месца: з зямлі ўсё створана і ў зямлю ўсё падобным чынам вяртаецца. Хто ведае, ці дух сыноў чалавечых падымаецца ўверх і ці дух жывёлін сыходзіць уніз, у зямлю? І ўцяміў я, што нічога няма лепшага для чалавека, як цешыцца працай сваёй; бо такі лёс яго. Бо хто ж прывядзе яго, каб ён даведаўся, што будзе пасля яго?
Павярнуўся я да іншага і ўбачыў вераломнасць, якая ўчыняецца пад сонцам, і вось, слёзы прыгнечаных — і няма суцяшальніка, і бязлітаснасць з боку прыгнятальнікаў — і няма суцяшальніка. Вось жа, пахваліў я больш памерлых, якія ўжо спачылі, чым жывых, якія яшчэ жывуць, і вырашыў, што шчаслівейшы за абодвух — той, хто яшчэ не нарадзіўся і не бачыць ліхіх спраў, што адбываюцца пад сонцам. Ізноў прыгледзеўся я да ўсіх намаганняў і да любога поспеху працы, і гэта — на зайздрасць бліжняму свайму. Таму і ў гэтым — марнасць і турбаванне духа. Неразумны складае рукі свае і з’ядае сваё цела. Лепшая жменя з супакоем, чым поўныя абедзве рукі з працай і турбаваннем духа. І яшчэ іншую бачыў я марнасць пад сонцам: [чалавек] самотны і другога не мае, ані сына, ані брата, а ўсё ж такі не перастае працаваць, і вочы яго не насычаюцца багаццем і не думае ён, кажучы: «Для каго я працую і пазбаўляю душу маю даброт?» У гэтым таксама марнасць і найгоршы занятак. Лепей дваім быць разам, чым аднаму: яны маюць поспех у працы сваёй, бо калі адзін упадзе, то будзе падтрыманы другім. Гора аднаму! Калі ўпадзе, то не мае, хто б падняў яго. Да таго ж, калі спяць удвух, то ўзаемна будуць грэцца; [а] адзін як жа сагрэецца? І, калі хто-небудзь мае перавагу [у барацьбе] супраць аднаго, то ўдвух яны супрацьстаяць яму. І шнур трайны хутка не разарвецца. Юнак бедны і мудры лепшы за цара старога і неразумнага, які ўжо не можа быць перасцярожаны. Бо той выходзіць з вязніцы, каб цараваць, хаця нарадзіўся бедным у яго царстве. Убачыў я ўсіх жывых, якія ходзяць пад сонцам, з тым другім юнаком, які ўзвышаўся над ім. Не было ліку ўсяму народу, усім, якіх ён узначальваў; але тыя, што будуць потым, не ўзрадуюцца яму. І гэта марнасць і турбаванне духа. Зважай на крок твой, уваходзячы ў Дом Божы, бо прыступацца, каб паслухаць, — лепш, чым калі неразумныя прыносяць ахвяры: бо намнога лепшае паслушэнства, чым ахвяры неразумных, якія не разумеюць, што чыняць благое.
Не гавары спехам, і сэрца тваё хай не будзе паспешным у прамаўленні слова перад Богам; бо Бог у небе, а ты на зямлі: таму хай слоў тваіх будзе нямнога. За вялікімі турботамі ідуць сны, і па многіх словах пазнаецца глупства. Калі ў чым прысягнуў Богу, не марудзь споўніць: не падабаецца Яму неразумнае абяцанне; дык, калі ў чым прысягнуў — выканай. Шмат лепш не прысягаць, чым, прысягнуўшы, — не выканаць. Не дазваляй вуснам сваім, каб падштурхнулі да граху цела тваё, і не гавары перад пасланцам: «Была памылка»; каб часам Бог, разгневаны на твае словы, не знішчыў справу рук тваіх. Дзе ёсць шмат сноў, там многа марнасці і слоў незлічона; а ты бойся Бога! Калі ты ўбачыш прыцясненні няшчасных, а таксама скажэнне суда і справядлівасці ў краі, не дзівіся з гэтай справы, бо над высокім чувае больш высокі, і над імі таксама ёсць іншыя, больш высокія; а набытак зямлі — перадусім цар, палі якога ўзараныя. Хто любіць грошы, грашамі не здаволіцца, а хто мілуе багацце, не будзе мець з яго плёну; дык і гэта марнасць. Дзе ёсць вялікая маёмасць, там многа і тых, што яе спажываюць; і што за карысць з гэтага ўласніку: хіба што глядзець на багацце сваімі вачамі? Салодкі сон працаўніка, ці ён мала, ці многа пад’еў, але сытасць багатага не дае яму спаць. Ёсць і найгоршая немач, якую ўбачыў я пад сонцам, — багацце, што захоўваецца на шкоду гаспадара свайго. Бо прападае яно ў найгоршым выпадку; калі нарадзіў сына, то будзе ён у поўнай нястачы. Як выйшаў з улоння маці сваёй голы, так зноў адыдзе, як прыйшоў, і нічога не вынесе з працы сваёй, што мог бы забраць рукою сваёй. І гэта таксама балючая немач: як прыйшоў, так і адыдзе. Дык што яму за карысць, што працаваў на вецер? Ва ўсе дні жыцця свайго еў ён упоцемку, у клопатах вялікіх, у пакутах і смутку. Вось што ўбачыў я добрае: што прыгожа, каб кожны еў і піў і меў асалоду ў радасці ад працы сваёй, у якой працаваў ён пад сонцам, у ліку дзён жыцця свайго, якія даў яму Бог; бо гэта — доля яго. І так кожнаму чалавеку, якому Бог даў багацце і маёмасць і даў яму магчымасць, каб ён спажываў іх, і браў частку сваю, і радаваўся з працы сваёй — гэта ёсць дар Божы. Не доўга будзе ён прыгадваць дні жыцця свайго, бо Бог напоўніць асалодамі сэрца яго.
Ёсць і іншае ліха, якое я бачыў пад сонцам, сапраўды пашыранае ў людзей: чалавек, якому даў Бог багацце, і маёмасць, і гонар, і няма нястачы душы яго ні ў чым, чаго ён жадае; не даў яму Бог магчымасць, каб ён спажываў гэта, але чужы чалавек будзе паглынаць тое: гэта — марнасць і ліхое няшчасце. Калі б хто нарадзіў сто дзяцей, і жыў шмат гадоў, і дні яго гадоў памножыліся, а душа яго не насыцілася дабром маёмасці сваёй, і нават не меў бы пахавання, аб такім я кажу, што шчаслівейшы за яго выкідыш. Бо прыйшоў ён дарэмна і адыходзіць у цемру, ды цемраю пакрыта імя яго. Хоць ён і не бачыў святла, і не ведае нічога, большы супакой у гэтага, чым у таго. Калі б нават пражыў ён дзве тысячы гадоў і не атрымліваў асалоды ад дабра, ці не ў адно месца імкнуцца ўсе? Кожная праца чалавека — дзеля вуснаў яго, але душа яго не насыціцца. Якую перавагу мае мудры над неразумным? І якую — бедны, хто ўмее хадзіць перад жывымі? Лепш бачыць вачамі, чым марна імкнуцца за жаданнямі; але і гэта марнасць і турбаванне духа. Для таго, што існуе, ужо названа імя яго; і вядома, што ёсць чалавек і што не можа ён выступаць у судзе супраць таго, хто мацнейшы за яго. Дзе шмат слоў, там яны памнажаюць марнасць, і што за карысць мае [з гэтага] чалавек? Бо хто ведае, што добра для чалавека ў жыцці, у нямногіх днях марнасці сваёй, якія пражывае, як цень? Або хто зможа выявіць яму, што будзе пасля яго пад сонцам?
Лепш добрае імя, чым пахкія алейкі, і дзень смерці [лепшы] за дзень нараджэння. Лепш ісці ў дом жалобы, чым у дом банкету; бо ў гэтым канец кожнага чалавека і жывы збярэ гэта ў сэрцы. Лепшы смутак за смех, бо праз засмучанасць твару выпраўляецца душа. Сэрца мудрых — у доме жалобы, а сэрца неразумных — у доме весялосці. Лепш цярпець нападкі мудрага, чым радавацца спевам неразумнага, бо як трэскат гаручых церняў пад катлом, так і смех неразумнага. Але і гэта марнасць. Бо паклёп робіць разумнага дурным, а падарунак адурняе сэрца. Лепшы канец справы, чым [яе] пачатак, лепшы цярплівы за самаўпэўненага. Не будзь скоры ў душы да гневу, бо гнеў спачывае ў душы неразумнага. Не кажы: «Якая, ты думаеш, прычына таго, што ранейшыя часы былі лепшымі, чым цяпер?» Бо не з мудрасці ты пытаешся пра гэта. Добрая мудрасць разам з багаццямі і карысная тым, якія бачаць сонца. Бо як дапамагае мудрасць, так дапамагаюць грошы; але адукаванасць мае тую перавагу, што мудрасць дае жыццё свайму ўладальніку. Прыгледзься да спраў Божых: бо ніхто не змог бы выпрастаць тое, што крывым Ён зрабіў. У добры дзень пацяшайся з дабра, а ў дзень ліхі падумай: як тое, так і гэтае стварыў Бог, каб чалавек не даведаўся нічога пра будучыню. Усё я бачыў у дні марнасці маёй: ёсць справядлівы, які гіне ў справядлівасці сваёй, ёсць і бязбожнік, які доўгі час жыве ў нягоднасці сваёй. Не будзь занадта справядлівым і мудрым звыш меры! Нашто ты хочаш пагубіць сябе? Не чыні занадта бязбожна і не будзь неразумным! Нашто табе паміраць не ў свой час? Добра, каб ты трымаў тое, што маеш, але добра, каб і ад іншага не адводзіў рукі тваёй, бо хто шануе Бога, таго і другога пазбегне. Мудрасць робіць мудрага дужэйшым за дзесяць князёў горада. Бо няма на зямлі чалавека справядлівага, які чыніў бы дабро і не грашыў. Але і да ўсіх слоў, што гавораць, не прыкладай сэрца свайго, каб не пачуў часам, як твой слуга абгаворвае цябе; бо сумленне тваё ведае, што і ты часта абгаворваў другіх. Усё гэта я спазнаў праз мудрасць, сказаў: «Зраблюся мудрым». А яна далей адступілася ад мяне. Далёка тое, што было, і глыбокая бездань. Хто даследуе яе? Разгледзеў я ўсё душой маёй, каб пазнаць, разгледзець і адшукаць мудрасць і розум і пераканацца, што бязбожнасць — гэта неразумнасць, а аблуда — безразважнасць. І выявіў я, што гарчэйшая за смерць жанчына, яна — пастка паляўнічых, і сіло — сэрца яе, путы — рукі яе. Той, хто падабаецца Богу, пазбегне яе; той жа, хто грэшнік, будзе зняволены ёю. «Вось што я высветліў, — сказаў Эклезіяст, — адно за другім, каб здабыць праўду, якую дагэтуль шукае душа мая, і я не знайшоў: адшукаў я аднаго чалавека з тысячы, а жанчыны сярод усіх ні адной не знайшоў. Вось толькі што знайшоў я: што Бог стварыў чалавека праўдзівым, а людзі кінуліся ў бясконцыя росшукі».
Хто такі, як мудрэц, і хто пазнаў тлумачэнне рэчаў? Мудрасць чалавечая прасвятляе яго воблік ды змяняе суровасць яго твару. Загады цара слухай; і дзеля прысягі, [складзенай] перад Богам, не спяшайся адыходзіць ад аблічча яго, не трывай у ліхасці, бо ўсё, што толькі захоча, зробіць ён. Бо слова яго поўнае моцы, ніхто не можа сказаць яму: «Чаму так робіш?» Хто выконвае загад, не зведае аніякага ліха. Сэрца мудрага разумее час і суд. Для кожнай справы — час і суд, і турбаванне чалавека — вялікае; бо не ведае ён, што станецца потым, бо хто ж яму абвесціць, што адбудзецца? Няма ў чалавека моцы ані панаваць над духам, ані паўстрымаць дух, і не мае ён моцы над днём смерці, ды аніякага вызвалення ад надыходу вайны, і не ўратуе бязбожніка бязбожнасць. Усё гэта я абдумаў і аддаў сэрца маё ўсім справам, якія адбываюцца пад сонцам, у часе, калі чалавек пануе над чалавекам на сваё няшчасце. І так я ўбачыў, як хавалі бязбожнікаў, як сыходзілі са святога месца; як забываліся пра іх у горадзе, што яны так чынілі: але і гэта — марнасць. Бо, паколькі не выносіцца хутка прысуд супраць ліхіх спраў, сэрца сыноў чалавечых натхняецца, каб чыніць зло. Бо грэшнік вось сторазова робіць ліха, а доўжыць дні свае. Але я пазнаў, што добра будзе тым, якія шануюць Бога, якія саромеюцца аблічча Яго. Не будзе добра бязбожніку, не падоўжыць дзён сваіх, быццам цень, той, хто не шануе аблічча Госпада. Ёсць марнасць, якая бывае на зямлі: ёсць справядлівыя, з якімі здараецца ліхое, як быццам бы яны зрабілі так, як бязбожнікі, і ёсць бязбожнікі, з якімі здараецца добрае, як быццам бы яны выконваюць учынкі справядлівых; але і гэта я лічу наймарнейшым. Дык пахваліў я радасць, бо нічога добрага няма чалавеку пад сонцам, — толькі каб есці, піць і радавацца, і хай атрымлівае ён толькі гэта ад працы сваёй у дні жыцця свайго, якія даў яму Бог пад сонцам. Калі прыклаў я сэрца маё, каб пазнаць мудрасць і зразумець падзеі, якія адбываюцца на зямлі, бо днём і ноччу сон не апаноўвае вачэй, тады зразумеў я, што адносна ўсіх спраў Божых чалавек не можа знайсці аніякай прычыны таго, што адбываецца пад сонцам; і чым больш чалавек будзе намагацца высветліць гэта, тым менш спасцігне; і нават калі мудрэц скажа, што ён зразумеў, ён не можа спасцігнуць.
Усё гэта сабраў я ў сэрцы маім, каб дэталёва асэнсаваць, што справядлівыя і мудрыя і іх учынкі — у руцэ Божай. Што любоў, а што нянавісць, — чалавек зусім не ведае: усё — перад ім. Быццам бы для ўсіх — адна доля: для справядлівага і бязбожнага, для добрага і ліхога, для чыстага і нячыстага, для таго, хто складае ахвяры, і для таго, хто не складае. Быццам бы добры — такі ж, як грэшнік; як той, хто прысягае, — такі ж і той, хто баіцца прысягі. І гэта — найгоршае сярод усяго, што адбываецца пад сонцам, бо аднолькавая доля — для ўсіх; таму і сэрцы сыноў чалавечых напаўняюцца ліхам і неразумнасцю ў іх жыцці, і самыя апошнія іх [справы] — у мёртвых. Той, хто знаходзіцца між усімі жывымі, мае надзею: лепшы жывы сабака, чым здохлы леў. Тыя, якія жывуць, ведаюць, што памруць; мёртвыя ж нічога больш не даведаюцца, і не маюць больш [ніякай] заплаты, бо памяць аб іх аддадзена забыццю. Таксама любоў іх, і нянавісць, і зайздрасць адначасова згінулі, і не маюць ужо яны ўдзелу ў гэтым свеце і ў дзеях, што адбываюцца пад сонцам. Дык ідзі і ў радасці еж хлеб свой і пі з весялосцю віно сваё; бо ўжо даўно спадабаліся Богу ўчынкі твае. Хай увесь час будуць белымі шаты твае, ды хай алеек з галавы тваёй не знікае! Цешся жыццём з жонкаю, якую кахаеш, ва ўсе дні жыцця няўстойлівасці тваёй, якія дадзены табе пад сонцам на ўвесь час марнасці тваёй: бо гэта ёсць доля ў жыцці і працы тваёй, якою займаешся пад сонцам. Што толькі можа рабіць рука твая, выконвай несупынна, бо ў пекле, куды ты спяшаешся, не будзе ані працы, ані розуму, ані мудрасці, ані ведаў. Звярнуў я ўвагу на што іншае; і ўбачыў пад сонцам, што не шпаркім удаецца бег і не моцным — перамога ў баі, ані вучоным — багацце, ані мудрым — хлеб, ані разважлівым — ласка, але для ўсяго — час і нагода. Акрамя гэтага, чалавек не ведае канца свайго, але як рыбы трапляюцца ў згубную сетку або як птушкі захопліваюцца ў сіло, так і людзі апаноўваюцца ліхім часам, калі ён нечакана для іх надыходзіць. Вось яшчэ якую ўбачыў я мудрасць пад сонцам і прызнаў яе найвышэйшай: малы горад, і мужчын у ім няшмат; выступіў супраць яго вялікі цар, і зрабіў аблогу, і збудаваў навокал вялікія ўмацаванні. Але знайшоўся ў ім чалавек бедны і мудры, і вызваліў горад мудрасцю сваёю; і ніхто потым не прыпомніў гэтага беднага чалавека. І я казаў, што мудрасць лепшая за сілу, але мудрасць беднага бывае ў пагардзе, і слоў яго не слухаюць. Спакойныя словы мудрых выслухоўваюць лепш, чым крык начальнікаў сярод неразумных. Лепшая мудрасць, чым зброя ваенная, але адзін, калі ўчыніў грэх, шмат добрага знішчае.
Мёртвыя мухі псуюць і нішчаць алеек у слоіку. Малая безразважнасць больш важыць за мудрасць і славу. Сэрца мудрага [звяртаецца] у правы бок, а сэрца неразумнага — у левы. Нават ідучы дарогаю, дурань, паколькі ён безразважны, кожнаму паказвае, што ен дурны. Калі гнеў таго, хто мае ўладу, узгарыцца супраць цябе, не пакідай свайго месца, бо захаванне супакою спыніць найгоршыя грахі. Ёсць ліха, якое ўбачыў я пад сонцам, гэта быццам бы аблуда, што паходзіць ад начальніка: пастаўлены на высокае становішча неразумны, а багатыя сядзяць нізка. Убачыў слугаў на конях, а князёў, якія ішлі пешшу, быццам слугі. Хто капае дол, той упадзе ў яго, а таго, хто руйнуе мур, укусіць гадзюка. Хто разбівае камяні, будзе скалечаны імі, а хто сячэ дровы, выставіць сябе праз іх на небяспеку. Калі ступіцца сякера і ляза яе не навострыш, больш становіцца працы, але плёнам стараннасці будзе мудрасць. Калі ўкусіць змяя, а замову занядбаюць, то шаптун не будзе мець аніякага плёну. Словы ў вуснах мудрага — ласка, але вусны безразважнага пагубяць яго самога. Пачатак слоў яго — глупства, а канец яго размовы — вялікая бязглуздзіца. Неразумны шмат гаворыць: «Не ведае чалавек, што будзе потым, і, што па ім станецца, хто можа яму паказаць?» Праца неразумных будзе абцяжарваць тых, хто не ведае, як ісці ў горад. Бяда табе, зямля, калі твой цар — юнак і калі твае князі рана частаванне ядуць. Шчасная зямля, у якой цар дастойны, ды ў якой князі банкет ядуць у свой час для сілкавання, а не для раскошы. Праз лянівыя рукі правісне столь, і праз апушчаныя — працячэ дом. Баль ладзяць дзеля забавы, а віно развесяляе жыццё, і грошы даюць усё. У думцы сваёй не зневажай цара, і ў сховах спальні сваёй не праклінай багатага, бо нават птушкі нябесныя занясуць голас твой і хто мае крылы — абвесціць сказанае.
Кідай свой хлеб на бягучую ваду, бо праз доўгі час знойдзеш яго. Давай частку сямі або нават васьмі, бо не ведаеш, якая бяда будзе на зямлі. Калі хмары будуць перапоўнены, то яны выльюць на зямлю дождж; а калі дрэва ўпадзе на поўдзень або на поўнач, то на якім месцы ўпадзе, там і ляжыць. Хто назірае за ветрам, той не сее, а хто глядзіць на хмары, не будзе збіраць. Як не ведаеш, якая дарога ветру і якім чынам фармуюцца косці ва ўлонні цяжарнай, так не ведаеш спраў Божых, Які ёсць Творца ўсяго. Раніцаю сей сваё зерне, і да вечара хай не спыніцца твая рука, бо не ведаеш, што лепш атрымаецца: адно ці другое, а можа, аднолькава будуць добрымі. Салодкае святло, і прыемна вачам бачыць сонца. Калі многа гадоў пражыве чалавек і з усіх іх будзе цешыцца, то павінен памятаць пра цёмны час, бо будзе яго шмат: усё, што прыйдзе, — марнасць. Дык цешся, юнача, з сваёй маладосці, і сэрца тваё хай будзе з дабром у днях юнацтва твайго, і хадзі па шляхах сэрца свайго і за позіркам вачэй тваіх; а ведай, што за ўсё гэта павядзе цябе Бог на суд. Дык прымі клопат з сэрца свайго і ўхілі ліха ад цела свайго; бо дзяцінства і юнацтва — марныя.
Памятай пра Творцу свайго ў дні юнацтва свайго, пакуль не надыдзе час турбавання, і пакуль не наблізяцца часы, пра якія скажаш: «Не падабаюцца мне яны»; пакуль не зацямніцца сонца, і святло, і месяц, і зоркі, пакуль не вернуцца пасля дажджу хмары; калі будуць дрыжаць вартаўнікі дома і хістацца мужы найдужэйшыя, і спыняць працу тыя, што мелюць, бо іх стала мала лікам, і пацямнеюць тыя, што глядзяць праз вокны, і зачыняць дзверы на вуліцу, калі змоўкне гук жорнаў, і будуць падымацца на голас птушкі, і спыняцца ўсе дочкі спеваў; таксама баяцца будуць узвышша і напалохаюцца ў дарозе. Зацвіце міндалевае дрэва, ацяжэе саранча, і асыплецца каперсавы куст, бо будзе ісці чалавек у дом вечнасці сваёй, і па вуліцах кружыць будуць плакальшчыцы; перш, чым парвецца срэбраны ланцужок, і паб’ецца залаты келіх, і збан разаб’ецца пры крыніцы, і зламаецца кола над студняю, і вернецца парахно ў зямлю сваю, адкуль было [узята], а дух вернецца да Бога, Які яго даў. Марнасць з марнасцей, — кажа Эклезіяст, — ды ўсё марнасць. Паколькі быў Эклезіяст наймудрэйшы, даў ён яшчэ народу веды; разважыў і, даследуючы, склаў шматлікія выслоўі. Знайшоў Эклезіяст вытанчаныя словы і запісаў найпраўдзівейшыя і поўныя праўды выказванні. Словы мудрых — як джалы і, як цвікі, умацаваныя парадамі настаўніка; усе яны дадзены адным пастырам. А што па-за гэтым, сыне мой, таго не шукай: пісанню многіх кніг няма канца, а частыя разважанні — гэта турбаванне цела. Калі ўсё выслухана, канец прамовы [такі]: шануй Бога і спаўняй Яго запаветы, бо ў гэтым — усё для чалавека. І ўсё, што адбываецца, Бог прывядзе на суд; усё ўтоенае: і добрае, і ліхое.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017