Библия › Чарняўскі-17 › Песня з Песняў

Песня з Песняў

Песня з песняў Саламона. «Хай ён пацалуе мяне пацалункам вуснаў сваіх!» «Бо каханне тваё лепшае за віно; за водар тваіх найлепшых алейкаў. Алеек разліты — імя тваё; таму любяць цябе дзяўчаты». «Прываблівай мяне за сабой! Пабяжым! Увядзі мяне, валадар, у пакоі свае»; «Радавацца і цешыцца будзем табою, помніць больш пра каханне тваё, чым пра віно; заслужана кахаюць цябе!» «Чарнявая я, але зграбная, дочкі Ерузаліма, як палаткі Кедара, як заслоны Саламона. Не глядзіце, што я смуглявая, бо апаліла мяне сонца. Сыны маці маёй разгневаліся на мяне, даручылі мне пільнаваць вінаграднік, а я свайго вінаградніку не ўпільнавала. О ты, якога любіць душа мая, пакажы, дзе ты пасеш, дзе адпачываеш апоўдні, каб не блукаць мне між статкаў таварышаў тваіх». «Калі не ведаеш, о найпрыгажэйшая сярод жанчын, то выйдзі і ідзі па слядах статка, ды пасві казлянят сваіх каля палатак пастухоў. Я ўпадобніў цябе, сяброўка мая, да жарабіцы ў калясніцы фараона. Гожыя шчокі твае пад завушніцамі, шыя твая — у каралях. Мы зробім табе залатыя завушніцы са срэбранымі ўкрапінамі». «Пакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой разліваў водар свой. Улюбёны мой для мяне — пучок кіпера, што ляжыць на грудзях маіх. Улюбёны мой для мяне — быццам гронка кіпровая у вінаградніках Эн-Гадзі». «О, якая прыгожая ты, сяброўка мая, о, якая ты прыгожая: вочы твае галубіныя». «О, які прыгожы ты, улюбёны мой, о, які прывабны! Ложак наш у кветках, бэлькі дамоў нашых кедравыя, столь наша — з кіпарысу».

«Я — нарцыс Сарона і лілея далін». «Бы лілея між цернямі, так сяброўка мая між дочкамі». «Як яблыня сярод лясных дрэў, так улюбёны мой сярод сыноў. У засені яго, якой жадала, я прысела, і плод яго салодкі паднябенню майму. Увёў ён мяне ў пакой застолля, а сцяг яго нада мною — любоў. Спасільце мяне пірагамі з разынкамі, назбірайце мне яблыкаў, бо я млею ад кахання. Лявіца яго пад галавою маёй, а правіца яго абдымае мяне». «Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма, сарнамі і палявымі ланямі: не будзіце і не падымайце ад сну ўлюбёнай, аж пакуль сама не захоча». «Голас улюбёнага майго! Вось, ён падыходзіць, скача па гарах, перабягае ўзгоркі. Улюбёны мой падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, стаіць ён за нашаю сцяною, глядзіць праз акно, зазірае праз краты. Вось, мілы мой гаворыць да мяне: “Уставай, сяброўка мая, галубка мая, зграбная мая, і прыходзь. Бо ўжо зіма прайшла, дождж спыніўся і перастаў. З’явіліся ўжо краскі на зямлі, час абразання вінаграду настаў; і ўжо голас туркаўкі чуваць у нашай зямлі. Фігавае дрэўца выдала пупышкі свае, вінаград цвіце і разлівае водар: устань, сяброўка мая, харашуня мая, і прыходзь, галубка мая, у расколіны скалы, у шчыліну цясніны. Пакажы мне аблічча тваё, хай гучыць твой голас у вушах маіх! Бо салодкі мне голас твой і выгляд твой прыемны”». «Злавіце нам лісаў, малых лісянят, якія вінаграднікі нішчаць, бо вінаграднікі нашы цвітуць». «Улюбёны мой для мяне, а я — для яго, які пасвіцца між лілеяў, пакуль дзень набліжаецца і знікаюць цені. Вярніся! Будзь падобны, улюбёны мой, да сарны, да маладога аленя на гарах Бэтэр».

«На ложку маім уначы шукала я таго, якога мілуе душа мая; шукала яго і не знайшла. Устану і пайду ў горадзе па вуліцах і па плошчах. Буду шукаць таго, якога любіць душа мая. Шукала яго і не знайшла. Напаткалі мяне вартаўнікі, якія абходзяць кругом горад: “Ці не бачылі вы таго, якога мілуе душа мая?” Ледзь мінула іх, спаткала таго, якога любіць душа мая; схапіла яго, не пушчу, пакуль не завяду яго ў дом маці маёй і ў пакой радзіцелькі маёй». «Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма, сарнамі і палявымі ланямі: не будзіце і не падымайце ад сну ўлюбёнай, аж пакуль сама не захоча». Што гэта, што надыходзіць пустыняю, як слуп дыму, выдаючы водар фіміяму і міры, і разнастайных масцей міраварніка? Вось ложа Саламона. Шэсцьдзесят моцных акружаюць яго з наймацнейшых Ізраэля, усе яны носяць мечы і спрактыкаваныя ў войнах, кожны носіць меч пры боку дзеля страхаў начных. Насілкі сабе зрабіў цар Саламон з дрэва лібанскага; слупкі іх зрабіў срэбраныя, узгалоўе — залатое, сядзенне — пурпуровае; сярэдзіна іх выслана эбэнавым дрэвам. «Дочкі Ерузаліма, выйдзіце і паглядзіце, дочкі Сіёна, на цара Саламона ў дыядэме, якой увянчала яго маці яго ў дзень яго заручын, у дзень радасці яго сэрца».

«О, якая прыгожая ты, сяброўка мая, о якая прыгожая: вочы твае галубіныя пад вэлюмам тваім. Валасы твае — як статак коз, што спускаюцца з гары Галаад. Зубы твае — як статак стрыжаных авечак, якія выходзяць з купальні: у кожнай пара ягнят, і няплоднай між іх няма. Быццам стужка чырвоная — вусны твае, і мова твая салодкая; як паловы гранатавага яблыка — шчокі твае пад вэлюмам тваім. Як вежа Давідава — шыя твая, пабудаваная з умацаваннямі, тысяча шчытоў павешана на ёй, усё зброя моцных. Грудзі твае — як двое казлянят, блізнят сарны, якія пасвяцца ў лілеях. Пакуль дзень набліжаецца і знікаюць цені, пайду на гару міры і на ўзгорак фіміяму. Уся ты гожая, сяброўка мая, і заганы ў табе няма. Прыйдзі з Лібана, нявеста, прыйдзі з Лібана, падыдзі: спяшайся з вяршыні Амана, з верхавін Сэніра і Гэрмона, з логавішчаў львоў, з гор леапардаў. Параніла ты сэрца маё, сястра мая, нявеста, параніла ты сэрца маё адным позіркам вачэй тваіх і аднымі каралямі на шыі тваёй. Якое цудоўнае каханне тваё, сястра мая, нявеста, лепшае каханне тваё, чым віно. Ды пах алейкаў тваіх лепшы за ўсе водары. Сотавы мёд сцякае з вуснаў тваіх, о нявеста, мёд і малако пад тваім языком, а водар шатаў тваіх — як духмянасць Лібана. Замкнуты сад — сястра мая, нявеста, замкнуты сад, калодзезь запячатаны. Парасткі твае — гай яблыкаў гранатавых з адборнымі пладамі, кіпер з нардам. Нард і шафран, пахкі трыснёг і карыца з усімі пахкімі дрэвамі, міра і алоэ ды з усімі лепшымі алейкамі. Садовая крыніца, студня жывых водаў, што сцякаюць імкліва з Лібана. Падыміся, вецер паўночны, наляці, вецер паўднёвы; павей на сад мой, і хай паплывуць пахі яго».

«Хай увойдзе ўлюбёны мой у сад свой і хай пакаштуе найлепшыя плады яго». «Увайшоў я у сад мой, сястра мая, нявеста; збіраў міру маю з пахамі маімі, спажываў соты з мёдам, піў віно з малаком маім. Ежце, сябры, і піце, і насычайцеся, найдаражэйшыя!» «Я сплю, а сэрца маё чувае, [вось,] голас майго ўлюбёнага, які стукае: “Адчыні мне, сястра мая, сяброўка мая, галубка мая, беззаганная мая, бо галава мая ўся ў расе, кучары мае — у кроплях начных!” Сукню маю скінула з сябе, як жа зноў мне надзяваць яе? Памыла ногі мае, як жа зноў брудзіць іх? Улюбёны мой працягнуў руку сваю праз дзірку [у дзвярах], і задрыжэла імгненна нутро маё. Устала, каб адчыніць міламу майму; з рук маіх капала міра, а пальцы мае поўныя міры найкаштоўнейшай над ручкаю засаўкі. Адчыніла ўлюбёнаму майму, але ён павярнуўся і сышоў. Душа мая абамлела, калі ён адышоў. Шукала — і не знайшла яго, гукала — і не адазваўся ён мне. Напаткалі мяне вартаўнікі, якія абыходзяць кругом горад; збілі мяне і пакалечылі мяне, здзёрлі плашч мой з мяне вартаўнікі муроў. Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма: “Калі спаткаеце ўлюбёнага майго, што скажаце вы яму?” — “Што знемаглася ад кахання”». «Што ёсць у мілага твайго ў параўнанні з іншымі, о найпрыгажэйшая з жанчын? Што ёсць у мілага твайго ў параўнанні з іншымі, што так нас заклінаеш?» «Мой любы белы ды румяны, вылучаецца сярод тысяч. Галава яго — найчысцейшае золата, кучары яго — як галіны пальмаў, чорныя, як крук. Вочы яго — як галубы над струменем водаў, што, памытыя ў малацэ, над струменем паўнаводным сядаюць. Шчокі яго — як кветнікі водараў, грудкі пахаў паблізу раўнюткіх ручаёў; вусны яго — лілеі, з якіх сцякае найлепшая міра. Рукі яго — вальцы залатыя, поўныя гіяцынтаў; жывот яго — разьба з косці слановай, што выкладзена сапфірамі. Ногі яго — мармуровыя калоны, якія пастаўлены на залатых падножжах; выгляд яго падобны да Лібана, узнёслы, нібы кедры. Вусны яго салодкія, і ўвесь ён прывабны. Такі вось улюбёны мой, і такі вось сябар мой, дочкі Ерузаліма».

«Куды пайшоў улюбёны твой, о найпрыгажэйшая з жанчын? Куды збочыў твой любы, мы пашукаем яго з табою!» «Улюбёны мой увайшоў у сад свой, да кветнікаў водараў, каб пасвіцца ў садах і збіраць лілеі. Я — для ўлюбёнага майго, а ўлюбёны мой — для мяне, ён пасвіцца сярод лілеяў». «Гожая ты, сяброўка мая, як Тэрса, прывабная, як Ерузалім, грозная, як добра ўзброеныя баявыя дружыны. Адвярні вочы свае ад мяне, бо яны мяне бянтэжаць. Валасы твае — як статак коз, што спускаюцца з Галаада. Зубы твае — як статкі авечак, што выходзяць з купальні: усе з параю ягнят, і няплоднай між іх няма. Як палова яблыка гранатавага — шчокі твае пад вэлюмам тваім. Ёсць шэсцьдзесят царыц, і наложніц восемдзесят, і дзяўчат без ліку. Але адзіная ты, галубка мая, дасканалая мая, адзіная ў маці сваёй, выбраная радзіцелькі сваёй. Убачылі яе дочкі — і найшчаслівейшай назвалі; царыцы і наложніцы — і ўславілі яе: “Хто ж гэта, што выходзіць, як яснеючая заранка, прыгожая, як месяц, светлая, як сонца, грозная, як баявыя дружыны?”» «Спусцілася я ў арэхавы сад, каб паглядзець на плады далін, каб зірнуць, ці квітнее вінаград, ці зелянеюць дрэвы гранатавыя. Не адчула душа мая, як пасадзіла мяне ў калясніцу князя народа майго».

«Агляніся, агляніся, Суламітка, агляніся, агляніся, каб нам прыгледзецца да цябе». «Чаго пазіраеце вы на Суламітку, калі яна танчыць між двух карагодаў?» «Якія прыгожыя ногі твае ў сандалях, дачка князя! Выгін клубоў тваіх — як каралі, што зроблены рукою майстра. Улонне тваё — круглая чаша: ніколі не бракуе ў ёй віна мяшанага; жывот твой — як сноп пшаніцы, абстаўлены лілеямі. Грудзі твае — як двое казлят, двайнят сарны. Шыя твая — як вежа з косці слановай. Вочы твае — як ставы ў Хесебоне, што каля брамы Бат-Рабім. Нос твой — як вежа Лібана, што звернута супраць Дамаска. Галава твая — як Кармэль, а валасы твае на галаве — як пурпур; валадар ублытаўся ў кучарах. Як ты прыгожа і як прывабна, найдаражэйшая, у харастве! Стан твой прыпадобніўся да пальмы, а грудзі твае — вінаградныя гронкі. Я сказаў: “Узлезу на пальму і авалодаю пладамі яе”, і будуць грудзі твае — як гронкі вінаградныя, і пах вуснаў тваіх — як ад яблыкаў. Вусны твае — як найлепшае віно, годнае, каб яго піў улюбёны, каб арашаў вусны і зубы свае». «Я — для ўлюбёнага свайго, і да мяне — пажаданне яго. Прыйдзі, улюбёны мой, пройдзем на поле, пабудзем за горадам. Раніцаю паспяшаемся да вінаграднікаў і паглядзім, ці цвіце вінаград, ці распусціліся кветкі, ці цвітуць яблыні гранатавыя; там дам я табе сваё каханне. Мандрагоры разліваюць водар, у брамах нашых усе найлепшыя плады, новыя і старыя, для цябе, мілы мой, захавала я [іх]».

«О, каб ты быў братам маім, які смактаў з грудзей маці маёй; каб сустрэла цябе на вуліцы і пацалавала цябе, і ніхто тады не пагардзіў бы мной. Схапіла б я цябе і павяла б у дом маці сваёй; там бы ты вучыў мяне, і дала б я табе чару пахкага віна і хмельнага напою гранатавых яблыкаў маіх. Лявіца яго ў мяне пад галавой, а правіцай ён абдымае мяне». «Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма, не будзіце, не падымайце ад сну ўлюбёную, пакуль сама не захоча». «Хто тая, якая надыходзіць з пустыні, абапіраючыся на ўлюбёнага свайго?» «Пад яблыняй абудзіла я цябе; там пачала цябе маці твая, там пачала цябе радзіцелька твая. Пакладзі мяне як пячатку на сэрцы тваім, як пячатку на плячы тваім, бо магутнае, як смерць, каханне, і няўмольная, як пекла, рэўнасць, паходні яе — як паходні агню і Боскага полымя. Вялікія воды не змогуць патушыць каханне, не затопяць яго рэкі; калі б чалавек аддаў усю маёмасць дому свайго за каханне, то быў бы адрынуты з пагардай». «Сястра наша малая і грудзей яшчэ не мае. Што зробім для сястры нашай у дзень, калі трэба будзе гаварыць пра яе? Калі яна мур, то мы пабудуем на ім срэбраныя ўмацаванні, калі яна — дзверы, выкладзем іх дошкамі кедравымі». «Я — мур, і грудзі мае — як вежы, таму я буду ў вачах яго тою, што знайшла супакой. У Саламона быў вінаграднік у Баалхамоне; аддаў ён яго арандатарам, кожны меў плаціць за плод яго тысячу срэбранікаў. Вось жа, перада мною вінаграднік мой; тысячу табе, Саламон, а дзвесце тым, якія вартуюць плады яго». «О ты, якая жывеш у садах, сябры слухаюць, дай і мне пачуць голас твой». «Уцякай, улюбёны мой, будзь падобны да сарны, да маладога аленя на гарах пахкіх зёлак!»


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.