Библия › Чарняўскі-17 › Ісаі

Ісаі

Бачанне Ісаі, сына Амоса, якое бачыў ён адносна Юды і Ерузаліма ў дні Озіі, Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, цароў Юдэйскіх. Слухайце, нябёсы, і ты, зямля, настаў вушы, бо Госпад прамаўляе: «Выкарміў сыноў і ўзвысіў, а яны пайшлі супраць Мяне. Вол пазнае гаспадара свайго, і асёл — стойла ўласніка свайго, а Ізраэль не пазнаў, народ Мой не зразумеў. Гора народу грэшнаму, народу, абцяжаранаму беззаконнем, племю разбэшчанаму, дзецям пагібельным! Яны пакінулі Госпада, пагардзілі Святым Ізраэлевым, павярнуліся спіной. Дзе вас яшчэ ўдарыць, калі множыце злачынствы? Уся галава хворая, і ўсё сэрца млоснае; ад ступні нагі аж да чуба галавы няма на ім месца здаровага: раны, і сінякі, і апухлыя шнары, не агледжаныя, не перавязаныя і алеем не злагоджаныя. Зямля ваша спустошана, гарады вашы агнём папалены: чужынцы топчуць палеткі вашы на вачах вашых; і апусцела, як па знішчэнні варожым. Дачка Сіёна пакінута, як палатка ў вінаградніку, як шалаш у агародзе, як горад у аблозе». Калі б Госпад Магуццяў не пакінуў нам семя, сталіся б мы, як Садом, былі б падобныя да Гаморы. Слухайце слова Госпада, князі садомскія, успрыміце вушамі закон Бога нашага, народ Гаморы! «Што Мне безліч ахвяр вашых? — кажа Госпад. — Я здаволены цэласпаленнямі бараноў і тлустасцю адкормленых жывёл; не хачу Я крыві цялячай, ані ягнячай, ані казлінай. Калі прыходзіце ў прысутнасць Маю, хто чакае гэтага з рук вашых і каб вы тапталі панадворак Мой? Не складайце больш ахвяры пустой! Каджэнне абрыдла Мне, свята маладзіка, шабат, урачысты сход; не магу вытрываць злачынства побач са святочным зборышчам; брыдзіцца душа Мая вашымі святамі маладзіка і ўрачыстасцямі. Сталіся яны Мне цяжарам, мучуся, іх пераносячы! Калі выцягнеце рукі вашы, адвярну вочы Мае ад вас, і нават калі вы павялічыце малітвы, не выслухаю. Рукі бо вашы поўныя крыві. Абмыйцеся, будзьце чыстымі! Прыміце ліхасць учынкаў вашых з вачэй Маіх! Перастаньце рабіць зло! Навучыцеся рабіць дабро, рупцеся пра справядлівасць, дапамагайце пакрыўджанаму, заступайцеся за сірот, абараняйце ўдаву! Тады прыходзьце і давайце спрачацца па справядлівасці, — кажа Госпад. — Хоць бы грахі вашы былі, як пурпур — як снег, пабялеюць; хоць бы былі чырвоныя, як кармазын, — стануцца белымі, як воўна. Калі захочаце і будзеце слухаць Мяне, будзеце спажываць даброцці зямлі. А калі не захочаце і Мяне давядзеце да гневу, вынішчыць вас меч, бо так сказалі вусны Гоcпада!» Як жа гэта горад верны, поўны праўды, стаўся распусным? Справядлівасць пражывала ў ім, а цяпер, вось, забойцы. Срэбра тваё стала вугалем, віно тваё змяшалася з вадою. Князі твае няверныя, супольнікі зладзеяў; яны ўсе любяць дарункі і гоняцца за аднагародаю, а не спагадаюць сіраце, справа ўдоў да іх не даходзіць. Дзеля таго кажа Валадар, Госпад Магуццяў, Моцны Ізраэлеў: «О, пацешуся з ворагаў Маіх і буду патрабаваць помсты непрыяцелям Маім. І павярну Я руку Маю на цябе, і выпалю ўсю чыста руду тваю, і аддзялю ўсё волава тваё. І зноў зраблю суддзяў тваіх такімі, як былі раней, і радных тваіх, як былі ў даўнасці. Пасля таго назавуць цябе горадам справядлівасці, сталіцай вернай». Сіён адкупіцца законнасцю, а тыя, хто ў ім навярнуліся, — справядлівасцю; і будзе пагібель злачынцам і грэшнікам разам, і тыя, хто пакінулі Госпада, — будуць знішчаны. Сапраўды, сорамна будзе вам дзеля тэрэбінітаў, на якія любуецеся, і засаромеецеся дзеля садоў, якія сабе выбралі. Бо станецеся, як дуб з завялым лісцем ды як агарод без вады, і станецца сіла ваша, як попел пакулля, і справа — як знічка, і загарацца абое разам, і не будзе каму тушыць».

Слова, якое было ў бачанні Ісаі, сына Амоса, пра Юду і Ерузалім. І будзе ў апошнія дні падрыхтавана гара Госпадава на вяршыні гор, і ўздымецца яна над узгоркамі, і будуць сцякацца да яе ўсе народы. І пойдзе шмат людзей, і скажуць яны: «Ідзіце, і ўзыдзем на гару Госпадаву і ў дом Бога Якубава, і хай навучыць Ён нас дарогам Сваім, і будзем хадзіць па сцежках Яго; бо з Сіёна выйдзе закон і слова Госпадава з Ерузаліма». І будзе Ён судзіць народы і выкрые мноства людзей, і перакуюць яны мечы свае на плугі, а дзіды свае — на сярпы. Не падыме народ на народ меча, і не будуць больш рыхтавацца да бою. Доме Якуба, прыходзьце ды будзем хадзіць у святле Госпадавым. Сапраўды, адкінуў Ты народ Твой, дом Якуба, бо багата стала сярод іх чараўнікоў усходніх, і варажбіты ў іх былі, як у філістынцаў, і падаюць яны рукі чужынцам. Край яго багаты срэбрам і золатам, ды бязмежныя яго скарбы, і багатая зямля яго конямі, ды незлічоныя яго павозкі, і багатая зямля яго ідаламі: пакланяюцца яны творам рук сваіх, што зрабілі пальцы іх. І сагнуўся чалавек, і прынізіўся род людскі; не даруй ім! Увайдзі ў скалу, схавайся ў пыле перад страхам ад аблічча Госпада і славы магутнасці Яго. Высока ўзнятыя вочы чалавека апусцяцца, і сагнецца пыха людская; адзін толькі Госпад узвысіцца ў той дзень. Дзень бо Госпада Магуццяў надыдзе на кожнага пыхлівага і надутага, і на кожнага, хто выхваляецца, і будзе ён упакораны, і на ўсе кедры Лібана, гонкія і высокія, і на ўсе дубы Басана, і на ўсе горы высокія, і на ўсе ўзгоркі паднятыя, і на кожную вежу ўзнесеную, і на кожны мур умацаваны, і на ўсе караблі Тарсіса, і на ўсе судны прыгожыя. Ды прыгнецца велічнасць чалавечая і прынізіцца пыха людская, і адзін толькі Госпад узвысіцца ў той дзень, і ідалы дашчэнту будуць стру-шчаны. Тады ўвойдуць яны ў шчыліны скал і ў пячоры каменныя перад абліччам страху Госпадава і перад славай велічнасці Яго, калі паўстане Ён, каб страсянуць зямлю. У той дзень выкіне чалавек кратам і кажанам ідалаў сваіх срэбраных і балванаў сваіх залатых, якіх зрабіў ён сабе, каб пакланяцца. І ўвойдзе ён у шчыліны скалаў і ў пячоры каменныя перад абліччам страху Госпадава і перад славай велічнасці Яго, калі паўстане Ён, каб страсянуць зямлю. Дык не чапайце чалавека, дух якога ў ноздрах яго. Чаго ён будзе варты?

Вось, Валадар, Госпад Магуццяў адыме ў Ерузаліма і ў Юды моц і апеку: увесь запас хлеба ды ўвесь запас вады, сілача і ваяра, суддзю і прарока, вешчуна і старца, пяцідзесятніка і магната, і раднага, і чараўніка, і разумнага запявалу — і дасць ім за князёў юнакоў, і хлапчукі будуць панаваць над імі. І ўзбурыцца народ, чалавек на чалавека ды кожны на блізкага свайго: хлопчык будзе нахабна крычаць на старога, ды прастак — на радавітага. Схопіць нават мужчына брата свайго ў доме бацькі свайго: «Адзенне маеш — будзь нашым кіраўніком, вазьмі ў рукі гэтую руіну». Усклікне ён у той дзень і скажа: «Я не лекар, у маім доме няма хлеба, няма адзення; не стаўце мяне кіраўніком народа». Бо ўпаў Ерузалім і Юда ў заняпад прыйшоў, бо словы іх і задумы іх — супраць Госпада, а таму правакуюць яны вочы велічнасці Яго. Бо выраз твараў іх абвінавачвае іх; як Садом, абвяшчаюць яны свой грэх і не хаваюць; гора душы іх, бо ліха аддадзена ім назад. Скажыце справядліваму: «Добра!», бо будзе спажываць плод задум сваіх. Гора бязбожніку за ліха: будзе яму адплата. О мой народзе, дзіця яго прыціскае, і жанчыны над ім пануюць. Народзе мой! Тыя, хто кажа, што ты шчаслівы, яны ашукваюць цябе і разбураюць дарогу хады тваёй. Падняўся Госпад, каб абвінаваціць, і стаіць, каб судзіць народы. Госпад прыйдзе на суд са старэйшынамі народа свайго, з князямі сваімі. «Гэта вы спустошылі вінаграднік, і нарабаванае ў беднага — у вашых дамах. Чаму ж вынішчаеце вы народ Мой ды абліччы ўбогіх засмучаеце?» — кажа Госпад, Бог Магуццяў. І сказаў Госпад: «За тое, што ўзняліся дочкі сіёнскія ў пыху і ходзяць, выцягваючы шыю і кідаючы вачамі, ступаюць малымі крокамі ды звоняць бразготкамі на нагах, Госпад дасць, што лысымі стануць чарапы дачок Сіёна, і адыме Госпад у іх валасы. У той час забярэ Госпад аздобу чаравічкаў, і паўмесячыкі, завушніцы, бранзалеты і вэлюмы, дыядэмы і ланцужкі ля ног, і стужкі, і бутэлечкі на духмянасці, і пярсцёнкі, і аздобы для ноздраў, дарагія шаты, і накідкі, і шалі, і торбачкі, і люстэрачкі, і тонкую бялізну, і наміткі ды сукенкі. А будзе: замест паху — смурод, замест пояса — вяроўка, замест прычасанага чуба — лысіна, замест багатай вопраткі — цесны мяшок, замест красы — выпаленая пляма». Мужы твае пагінуць ад меча, і волаты твае — у баях на вайне; загалосяць і жалобай адзенуцца яе брамы, і, спустошаная, сядзе яна на зямлі.

І схопяць сем жанчын аднаго мужчыну, кажучы: «Хлеб свой есці будзем ды сваім адзеннем адзявацца. Дазволь толькі насіць нам тваё імя. Здымі з нас ганьбу». У той дзень парастак Госпадаў зробіцца аздобай і славай, і плод зямлі будзе велічным і зробіцца радасцю для тых, якія будуць збаўлены з [роду] Ізраэля. Ды станецца, што кожны ўцалелы на Сіёне, які асеў у Ерузаліме, будзе названы святым, кожны, хто ўпісаны на жыццё ў Ерузалім. Калі Госпад абмые бруд дачок сіёнскіх і ачысціць Ерузалім ад крыві з нутра Яго подыхам суда і подыхам спалення, тады ўтворыць Госпад на ўсёй прасторы гары Сіён і над скопішчам яе воблака ўдзень, дым і бляск полымя агністага — уначы: над усёю славаю — покрыў, і палатка будзе ценем удзень ад спёкі ды забеспячэннем і сховішчам ад навальніцы і дажджу.

І буду спяваць песню Міламу майму пра вінаграднік Яго: у майго Мілага быў вінаграднік на ўрадлівым узгорку. Ён абкапаў яго, і ачысціў яго ад камянёў, і пасадзіў на ім адборную вінаградную лазу, і на сярэдзіне яго пабудаваў вежу, і выкапаў у ім выціскальню, і спадзяваўся, што народзіць ён вінаград, але ён нарадзіў дзікія ягады. «Дык цяпер, о жыхары Ерузаліма і мужчыны Юды, рассудзіце паміж Мною і Маім вінаграднікам. Што мусіў Я больш зрабіць для вінаградніку майго, а не зрабіў для яго? Чаму чакаў, што народзіць ён вінаград, а ён нарадзіў дзікія ягады? І вось цяпер пакажу вам, што Я зраблю з вінаграднікам Маім. Разбяру агароджу яго, і ён будзе на знішчэнне, зруйную плот яго, і ён будзе на стаптанне. Ды пакіну яго на запусценне: не будзе падразаны і акопваны і парасце асотам і цернем. Хмарам забараню даваць дождж на яго». Вось жа, вінаграднік Госпада Магуццяў — гэта дом Ізраэля, а мужчыны Юды — гэта патомства яго выбранае. Спадзяваўся Я, што будзе ён спаўняць закон, а вось — беззаконне, чакаў справядлівасці, а вось жа — няправасць. Гора тым, што далучаюць дом да дома, а поле яднаюць з полем аж да канца зямельных надзелаў! Ці ж вы адны толькі жывяце на сярэдзіне зямлі? У вушах маіх загучала прысяга Госпада Магуццяў: «Напэўна, многа дамоў будзе знішчана: выгодныя і прыгожыя — без жыхароў!» Бо дзесяць батаў вінаградніку дадуць адзін бат, а трыццаць мер зерня дадуць тры меры. Гора тым, якія рана ўстаюць, каб хутчэй напіцца і трываць у п’янстве аж да вечара, каб віно разагрэла іх. Цытра і ліра, бубен і флейта ды віно на іх балях, пра справу Госпада не дбаюць і не бачаць твораў рук Яго. Дзеля таго народ мой трапіў у няволю, бо не меў розуму: яго вяльможы павыміралі ад голаду, а многія іншыя ад смагі пасохлі. Таму апраметная расшырыла свае глоткі ды разявіла сваю пашчу нарасцяж: падаюць туды волаты Ерузаліма, і народ яго, і пыхлівыя, і тыя, хто весяліцца ў ім. Паніжаны будзе чалавек ды ўпакораны муж, а вочы пыхліўцаў — апушчаны; і ўзвысіцца Госпад Магуццяў на судзе, і Бог святы акажа Сваю святасць па справядлівасці, і пасвіцца будуць ягняты ў сваёй чарадзе, як на сваім выгане, і чужыя будуць харчавацца на руінах багатых. Гора тым, якія на вяроўках марнасці валакуць няправасць, а грэх — быццам лейцы запрэжкі! Яны кажуць: «Хутчэй! Хай неўзабаве настане справа Яго, каб мы пабачылі; хай наблізіцца і надыдзе рада Святога Ізраэлева, і мы спазнаем тое!» Гора тым, што ліха называюць дабром, а дабро — ліхам, якія выдаюць цемру за святло, а святло — за цемру, якія выстаўляюць горкае за салодкае, а салодкае — за горкае! Гора тым, хто мудрыя ў сваіх вачах і разважлівыя ва ўласным уяўленні. Гора тым, якія спрытныя ў піцці віна ды адважныя ў мяшаным п’янстве. Яны апраўдваюць бязбожнага за дарункі, а справядлівага асуджаюць несправядліва. З гэтай прычыны, як язык вогненны з’ядае салому і сена знішчаецца полымем, так корань іх будзе, быццам гніль, і квецень іх падымецца, як плясніна, бо адкінулі яны закон Госпада Магуццяў і словы Святога Ізраэлева зняважылі. Таму ўзгарэлася абурэнне Госпада на народ Яго, і выцягнуў руку Сваю супраць яго, і ўдарыў яго, аж задрыжалі горы, і трупы іх, як гной, запоўнілі плошчы. Але на гэтым усім не спыніўся гнеў Яго, і рука Яго далей выцягнута. І ўздыме Ён сцяг да далёкіх народаў, і свістам пакліча яго нават з ускрайкаў зямлі; і вось, ён прыйдзе спрытна і хутка, няма ў ім кволага або спрацаванага, не задрэмле ён і не засне, не развяжацца пояс на клубах яго, ды не лопне раменьчык на сандалях яго. Стрэлы яго вострыя, і ўсе лукі нацягнуты, капыты коней яго — як крэмень, калёсы яго павозак — як навала буры. Рык яго, быццам ільвіны: рыкае, як ільвяняты, і скрыгіча; і хапае здабычу і хавае ў бяспечным месцы, і няма таго, хто мог бы вырваць. І шум падымецца над ім у той дзень, як шум мора. Гляне ён на зямлю, а там страшэнная цемра; і святло схавалася ў яго тумане.

У год, у якім памёр цар Озія, бачыў я Госпада, Які сядзеў на высокім і паднятым пасадзе, а фрэнзлі Яго шатаў запаўнялі святыню. Серафіны стаялі каля Яго, кожны з іх меў па шэсць крылаў. Двума закрываў аблічча сваё, а двума закрываў ногі свае, а на двух лятаў. І ўсклікаў адзін да аднаго, і гаварыў: «Святы, святы, святы Госпад, Бог Усемагутны, — уся зямля поўная славы Тваёй!» І зварухнуліся верхнія перакладзіны дзвярэй ад голасу гамонячага, і дом напоўніўся дымам. Тады я сказаў: «Гора мне! Я загінуў! Бо я чалавек нячысты вуснамі і жыву я сярод народа, які мае нячыстыя вусны, а вачамі сваімі бачыў Валадара, Госпада Магуццяў!» І падляцеў да мяне адзін з серафінаў, і ў руцэ яго — вугаль, які шчыпцамі ўзяў з ахвярніка, і дакрануўся ім да вуснаў маіх, і сказаў: «Вось жа, дакрануўся ён да вуснаў тваіх, і знікне правіннасць твая і будзе ачышчаны грэх твой». Прытым пачуў я голас Госпадаў, Які казаў: «Каго маю паслаць? Ды хто ад нас пойдзе?» А я адказаў: «Вось я, пашлі мяне». А Ён сказаў: «Ідзі да народа гэтага і скажы ім: “Пільна слухайце, і не зразумееце, пільна ўглядайцеся, і не ўбачыце”. Бо закамянела сэрца народа гэтага, і вушамі слаба чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам не пабачыць вачамі, і не пачуць вушамі, і не зразумець сэрцам, ды не навярнуцца, і каб Я іх не аздаравіў». Тады я спытаў: «Як доўга, Госпадзе?» Ён адказаў: «Пакуль не апусцеюць гарады без жыхароў і дом без чалавека, ды пакуль зямля зусім не апусцее». І далёка адкіне Госпад людзей, і будзе вялікая пустэча пасярод краіны; І, калі нават застанецца у ёй дзесятая частка, яна зноў будзе аддадзена на вынішчэнне; як тэрэбініт або як дуб, ад якіх, калі іх ссякуць, штосьці трывалае застаецца. Святым насеннем будзе тое, што застанецца пасля яго.

І сталася ў дні Ахаза, сына Ёатама, сына Озіі, цара Юдэйскага, пайшоў Разін, цар Сірыйскі, і Фацэй, сын Рамэліі, цар Ізраэльскі, на Ерузалім, каб ваяваць супраць яго; і не змаглі здабыць яго. І паведамілі яны дому Давідаву, кажучы: «Сірыя стаіць лагерам у Эфраіме!» Затрэслася тады сэрца цара і сэрца яго народа, як трасуцца дрэвы ў лесе ад ветру. Госпад жа сказаў Ісаі: «Выйдзі насустрач Ахазу ты і твой сын Сэар-Ясуб на канец канала Верхняй крыніцы, на дарогу Поля Валюшніка, і скажы яму: “Глядзі, каб маўчаў, не палохайся і хай тваё сэрца не трывожыцца дзеля гэтых двух хвастоў дымных галавешак, з прычыны шалёнай злосці Разіна, і Сірыі, і сына Рамэліі, якія, Сірыя і сын Рамэліі, сумесна з Эфраімам уступілі ў падступную змову супраць цябе, кажучы: “Нападзём на Юду, напалохаем яе, далучым яе да сябе і паставім у ёй царом сына Табээля!” Вось што кажа Госпад Бог: “Не станецца і не будзе! Бо сталіца Сірыі — Дамаск, а галава Дамаска — Разін. Яшчэ вось шэсцьдзесят пяць гадоў, і Эфраім перастане быць народам, ды сталіца Эфраіма — Самарыя, а галава Самарыі — сын Рамэліі. Калі не будзеце верыць, не ўцалееце”». І зноў пачаў прамаўляць Госпад да Ахаза, кажучы: «Прасі сабе знака ў Госпада, Бога твайго: ці то ў глыбіні апраметнай, ці высока ўгары». Ды адказаў Ахаз: «Не буду прасіць ды спакушаць Госпада». Тады сказаў Ісая: «Дык слухайце, дом Давідаў: ці ж мала вам, што дакучаеце вы людзям, бо ўжо надакучылі вы і Богу майму. Дзеля таго дасць вам Сам Госпад знак. Вось жа, Дзева панясе ва ўлонні і народзіць Сына, і назавуць імя Яго: Імануэль. Масла і мёд будзе Ён есці, каб умеў адкідаць ліхоцце, а выбіраць дабро. Бо перш чым навучыцца Дзіця адкідаць ліхоцце, а выбіраць дабро, будзе спустошана зямля, двух цароў якой ты збаяўся. Госпад навядзе на цябе, і на народ твой, і на дом бацькі твайго дні, якіх не было ад дзён адлучэння Эфраіма ад Юды, — цара асірыйцаў. І будзе ў той дзень так: свістам пакліча Госпад муху пры вусці рэк Егіпта, і пчалу, якая ў зямлі Асур, і прыляцяць, і сядуць на ўсіх у рачных долах і ў развалінах скал, і на ўсіх калючых кустах ды на ўсіх выганах. У той дзень паголіць Госпад брытваю, пазычанаю з краіны за ракой, — царом асірыйцаў, — галаву і валасы на нагах, а таксама і бараду абголіць. І будзе ў той дзень так: чалавек будзе гадаваць ялаўку і дзвюх авечак, а дзеля вялікага ўдою малака будзе есці масла. Сапраўды, кожны, хто застанецца на зямлі, будзе есці масла і мёд. І будзе ў той дзень так: кожнае месца, дзе будзе тысяча вінаградных лоз вартасцю тысячу срэбранікаў, стане калючкамі і цернем. Увойдуць туды са стрэламі і лукамі, бо ўся зямля будзе калючкамі і цернем. А ў горы ўсе, якія абрабляліся матычкай, ніхто не пойдзе, баючыся калючак і церняў; прыдадуцца яны на выпас валоў ды на таптанне жывёлы».

І сказаў мне Госпад: «Вазьмі сабе вялікую таблічку і напішы на ёй звычайнымі прыладамі: “Магер Салал Гас Бас”». І я ўзяў сабе верных сведкаў: святара Урыю і Захарыю, сына Барахіі, і прыступіўся я да прарочыцы. Яна пачала і нарадзіла сына. Дык сказаў Госпад мне: «Назаві яго імем Магер Салал Гас Бас, бо, перш чым юнак навучыцца выгаворваць “тата” і “мама”, занясуць багацці Дамаска і даніну Самарыі цару асірыйцаў». Зноў Госпад прамовіў да мяне гэтыя словы: «Таму што народ гэты пагардзіў водамі Сіло, якія цякуць спакойна, а падае духам перад Разінам і сынам Рамэліі, таму вось: Госпад навядзе на іх магутныя і шматлікія воды ракі — цара асірыйцаў і ўсю яго славу; і разальецца на ўсе рэчышчы свае, і выльецца з усіх берагоў сваіх, і пацячэ праз Юдэю, перапаўняючыся і разліваючыся, і дасягне аж шыі. І будзе прасцяг крылаў яе на ўсю шырыню зямлі тваёй, о Імануэлю!» Падыміце крык, народы, устрывожцеся і слухайце, усе далёкія землі: узбройвайцеся і трымціце, узбройвайцеся і трымціце! Зрабіце нараду, і яна рассыплецца, скажыце слова, і яно не споўніцца, бо Бог з намі. Гэта вось сказаў Госпад мне, калі схапіў мяне рукою і перасцярог, каб не ішоў дарогаю гэтага народа, кажучы: «Не называйце змовай усяго таго, што народ гэты называе змовай, і пагроз яго не палохайцеся і не трывожцеся. Госпада Магуццяў адзінага ўсвячайце, Ён — ваш страх, і Ён — ваша трымценне. Ён будзе на святасць, каменем спатыкнення і скалой згаршэння абодвум дамам Ізраэля, пасткай і сілом для жыхароў Ерузаліма. Многія з іх спатыкнуцца, упадуць і разаб’юцца, трапяць у сіло ды будуць зняволены. Замацуй сведчанне, запячаткуй закон сярод вучняў маіх». І буду чакаць Госпада, Які хавае аблічча Сваё ад дому Якуба, я буду спадзявацца на Яго. Вось, я і дзеці, якіх даў мне Бог на знак і на прадказанне Ізраэлю ад Госпада Магуццяў, Які пражывае на гары Сіён. А калі вам скажуць: «Пытайцеся ў вешчуноў і варажбітоў, якія свішчуць і мармычуць», — ці ж народ не даведваецца ад Бога свайго? Хіба ад памерлых пра жывых? Да закону [звяртайцеся] і да сведчання! А калі не будуць казаць паводле слова гэтага, не будзе для іх святла зараніцы. А будзе ён бадзяцца па зямлі ў здзеку і галодны: а калі спазнае голад, будзе злавацца, пачне праклінаць цара свайго і Бога свайго. І спагляне ўгару, а потым паглядзіць на зямлю: і вось, тут бяда і змрок, туман прыгнятаючы і цемра непраглядная. Аднак не будзе болей туману там, дзе быў прыгнёт.

У даўнія часы аддаў [Госпад] на занядбанне зямлю Забулона і зямлю Нэфталі; а ў наш час праславіць Ён дарогу да мора праз Ярдан, Галілею паганскую. Народ, які жыў у цемры, святло ўбачыў вялікае: для жыхароў у краіне засені смерці святло заззяла. Памножыў Ты радасць і павялічыў весялосць. Радуюцца яны перад Табою, як радуюцца ў пару жніва, як цешацца, калі дзеляць здабычу. Бо зламаў Ты ярмо цяжару яго, і палку над спіной яго, і жазло ката яго, як у дзень мадыянцаў. Бо кожны бот таго, хто прыходзіць з вайною, і адзенне, залітае кравёю, пойдзе на спаленне, на спажыццё агню. Бо нарадзілася нам Дзіця, дадзены Сын нам, і ўладарніцтва на Яго плячах; і назавуць Яго імем: дзівосны Дарадца, Бог моцны, Айцец вечнасці, Князь міру. Вялікае будзе Яго валадаранне, і не будзе канца супакою на пасадзе Давіда, і над Яго царствам, каб Ён умацаваў яго і ўгрунтаваў на законе і справядлівасці адгэтуль і навечна: руплівае апекаванне Госпада Магуццяў учыніць гэта. Паслаў Госпад слова на Якуба, а ўпала яно на Ізраэль. І даведаецца ўвесь народ: эфраімцы і жыхары Самарыі, якія кажуць з пыхаю і ганарыстасцю сэрца: «Цагліны разваліліся — дык адбудуем з часанага каменя; сікаморы ссечаны — дык заменім кедрамі!» Але Госпад падняў ворагаў на яго ды непрыяцеляў яго абудзіў: сірыйцаў ад усходу, а філістынцаў з захаду, якія жэрлі Ізраэль поўнай пашчай. Па ўсім гэтым не спыніўся гнеў Яго і рука Яго ўсё яшчэ выцягнута. І народ не павярнуўся да Таго, Хто б’е яго, не пачалі яны шукаць Госпада Магуццяў. І адрэзаў Госпад Ізраэлю галаву і хвост, у адзін дзень — пальму і трыснёг. Старэйшына і магнат — гэта галава, а хвост — гэта прарок, які навучае ашуканству. Правадыры гэтага народа — зводнікі, і тыя, кім яны кіравалі, загінулі. Таму Госпад не пашкадуе яго юнакоў, ані злітуецца над яго сіротамі і ўдовамі; бо кожны — бязбожны і ліхі, і кожныя вусны гавораць глупства. Па ўсім гэтым не спыніўся гнеў Яго, а рука Яго аж дагэтуль выцягнута. Разгарэлася бязбожнасць, быццам пажар, які з’ядае калючкі і церні; і ўспыхвае ў гушчары лесу, і круцяцца клубы дыму. Ад гневу Госпада Магуццяў загараецца зямля, і народ — быццам пажыва для агню, чалавек не шкадуе брата свайго. І паглынае ён праваруч, але церпіць голад; з’ядае леваруч — і не наядаецца; кожны жарэ цела блізкага свайго: Манаса — Эфраіма, а Эфраім — Манасу, і разам яны — супраць Юдэі. Па гэтым усім не спыніўся гнеў Яго, але рука Яго аж дагэтуль выцягнута.

Гора тым, хто ўслаўляе законы ліхія і хто піша пастановы несправядлівыя, каб на судзе прыціскаць убогіх ды каб сілу прымяняць у справах простых з народа Майго, каб удовы сталіся здабычай іх і каб сірот абрабоўваць! А што будзеце рабіць у дзень наведвання і няшчасця, якое прыйдзе здалёк? Да каго пабяжыце па дапамогу ды дзе пакінеце вашу славу? Або скурчыцеся паміж палонных, або пападаеце паміж забітых. Па гэтым усім не спыніўся гнеў Яго, але рука Яго аж дагэтуль выцягнута. «Гора — асірыец, дубец гневу Майго ды палка ў руцэ Маёй, абурэнне Маё! Да народа бязбожнага пасылаю яго, прызначаю яго супраць народа гневу Майго, каб забраў ён даніну і вырваў здабычу і каб выставіў яго на патаптанне, быццам бруд на плошчах. Але ён не так думае ды сэрца яго не так разумее; але ў сэрцы яго намер: вымардаванне і вынішчэнне многіх народаў. Скажа вось: “Ці ж і мае князі ўсе не цары? Ці ж і Каркаміс не такі, як Халан, а Арпад ці ж не такі, як Эмат? Ці ж і Дамаск не такі, як Самарыя? Як рука мая захапіла паганскія царствы, у якіх ідалаў больш, чым у Ерузаліме і ў Самарыі, — ці ж не так зрабіў я Самарыі і ідалам яе, ці ж не так зраблю і Ерузаліму і яго ідалам?”» І будзе: калі Госпад споўніць усе справы Свае на гары Сіён і ў Ерузаліме, тады прыйду Я паглядзець на плод пыхі сэрца цара Асірыі і на ганарыстасць узнёсласці вачэй яго. Сказаў бо: «Дзейнічаў сілай маёй рукі ды мудрасцю маёй, бо я — разумны, і перанёс я межы народаў, і абрабаваў скрыні іх, і, быццам волат, сцягнуў тых, хто сядзеў высока; і схапіла рука мая, як гняздо, багацце народаў: і як збіраюць пакінутыя яйкі, так я сабраў усю зямлю; ды не было, хто б трапянуў крылом, ніхто не адчыніў дзюбы, ніхто не піскнуў». Ці ж будзе выхваляцца сякера перад дрывасекам? Або ці ўзносіцца піла над тым, хто цягае яе? Як быццам бы бізун пачне панукаць таго, хто падымае яго, ды палка пачне ўздымацца на таго, хто не дрэва! Дзеля гэтага і Валадар, Госпад Магуццяў, пашле схудненне на тлустых яго; а пад славай яго разгарыцца полымя, быццам пажар. Святло Ізраэля станецца агнём, а Святы яго — полымем: Ён загарыцца і паглыне церні яго і калючкі за адзін дзень. І велічнасць лесу яго і саду яго вынішчыць ад душы аж да цела, і будзе марнець, быццам хворы; і апошнія дрэвы ў яго лесе будуць настолькі нешматлікія, што дзіця іх зможа перапісаць. І будзе ў той дзень: не будзе больш астатак Ізраэля і тыя з дому Якуба, якія ўцяклі, абапірацца на таго, хто іх б’е, але абапірацца будуць на Госпада, Святога Ізраэлева, у праўдзе. Рэшткі вернуцца, рэшткі, кажу, Якуба да Бога Магутнага. Бо хоць бы народ твой, Ізраэль, быў, як пясок марскі, рэшткі з яго вернуцца. Вынішчэнне вызначана, каб здейснілася справядлівасць, бо Госпад, Бог Магуццяў, здзейсніць вынішчэнне, якое пастаноўлена, на ўсёй зямлі. Дзеля таго вось што кажа Госпад, Бог Магуццяў: «Народзе Мой, што жывеш на Сіёне, не бойся Асірыі: дубцом будзе біць яна цябе і палку сваю падыме, як Егіпет. Яшчэ хвілінка малая, і спыніцца абурэнне Маё і гнеў Мой [павернецца] на іх загубу». І ўзбудзіць Бог Магуццяў бічаванне, як тады, калі пакараў мадыянцаў каля скалы Гарэб, або калі ўзнёс палку Сваю над морам ды падняў яе на дарогу егіпцян. І будзе ў той дзень: здымецца бярэмя яго са спіны тваёй ды ярмо яго з шыі тваёй. Вораг з’яўляецца з боку Рэмона. Прыйдзе ён у Аят, пройдзе праз Магрон, пры Міхмасе пакідае свае пажыткі; пераходзіць брод хутка: у Габе мы пераначуем, дрыжыць Рама, Габа Саўлава ўцякае. Бэт-Галім, крычы на ўвесь голас! Лаіс, паслухай! Анатот, адкажы ёй! Медемена ўцякае, жыхары Габіма ўцякаюць. Сёння стане ў Нобе: патрасе рукою сваёй на гару дачкі Сіёна, на ўзгорак Ерузалім. Вось жа, Валадар, Госпад Магуццяў, са страшэннай моцай абразае вярхі дрэў: найвышэйшыя вяршкі абразаюцца, высокія — згінаюцца. Гушчары лясныя ссякаюцца сякераю. Валіцца Лібан са сваёю пышнасцю.

І праб’ецца парастак з пня Ясэя, і квецень з яго кораня з’явіцца. І супачыне на Ім Дух Госпадаў: дух мудрасці і розуму, дух рады і мужнасці, дух ведання і страху Госпада; і ўпадабанне Яго ў страху Госпада. Судзіць Ён будзе не па поглядзе вачэй і не па чуткасці вушэй выносіць рашэнні, але судзіць будзе бедных па справядлівасці і будзе прымаць рашэнне па справядлівасці адносна ўпакораных на зямлі; і ўдарыць Ён зямлю дубцом вуснаў Сваіх, і заб’е духам вуснаў Сваіх бязбожніка. І стане справядлівасць поясам на клубах Яго, а вера — перапаяскай сцёгнаў Яго. Воўк будзе жыць сумесна з ягняткам, а пантэра з казлянём разам ляжаць будуць; цяля і леў разам пражываць будуць, а малы хлапчук паганяць іх будзе. Карова і мядзведзіца разам пасвіцца будуць, а іх маладняк сумесна спачываць будзе; і леў і вол салому будуць есці. Немаўлятка гуляць будзе па-над ямаю гадзіны, і ўсуне руку сваю ў нару гадзіны дзіця, якое будзе аднята ад грудзей. На ўсёй Маёй гары святой не будзе крыўды і забойстваў, бо зямля будзе перапоўнена веданнем Госпада, як воды перапаўняюць мора. У той дзень корань Ясэя стане знакам для народаў; народы будуць імкнуцца да Яго, і Яго месцазнаходжанне будзе слаўным. І будзе ў той дзень: ізноў выцягне Госпад руку Сваю, каб завалодаць рэштаю народа Свайго, якая застанецца з Асірыі і Егіпта, з Патроса і Куша, з Элама і з Сэнаара, з Эмата ды з астравоў на моры. І падыме знак для паганаў, і збярэ выгнаннікаў Ізраэля ды пазбірае расцярушаных з Юды з чатырох бакоў свету. Тады спыніцца зайздрасць Эфраіма ды праціўнікі Юды будуць выгублены. Эфраім не будзе больш зайздросціць Юдзе, а Юда не будзе больш ваяваць супраць Эфраіма. І паляцяць ззаду на філістынцаў, каля мора, і разам абрабуюць жыхароў на ўсходзе: на Эдом і Мааб расцягнуць рукі свае ды сыны Амона будуць ім падуладнымі. А Госпад асушыць заліў мора Егіпецкага ды падыме руку Сваю супраць ракі ў магутнасці подыху Свайго, і разаб’е яе на сем рукавоў так, што можна перайсці іх у сандалях. І будзе дарога для рэшты народа Майго, якая застанецца ад Асірыі, як было ў той дзень для Ізраэля, калі ён выходзіў з зямлі Егіпецкай.

І ты скажаш у той дзень: «Услаўлю Цябе, Госпадзе, бо хаця разгневаўся Ты на мяне, але гнеў Твой супакоіўся і пацешыў Ты мяне. Вось жа, Бог збаўлення майго! Буду мець давер і не буду баяцца, мужнасць бо мая і хвала мая — Госпад, і стаўся для мяне збаўленнем!» Вы ж з радасцю чэрпаць будзеце ваду з крыніц збаўлення. І скажаце вы ў той дзень: «Слаўце Госпада! Прызывайце імя Яго! Дайце пазнаць сярод народаў творы Яго, прыпамінайце, якое высакароднае імя Яго! Спявайце Госпаду, бо велікадушна паступіў, хай гэта будзе вядома ва ўсім свеце. Весяліся і спявай, што жывеш на Сіёне, бо вялікі пасярод цябе Святы Ізраэлеў!»

Прадказанне Бабілону, якое бачыў Ісая, сын Амоса. На лысай гары ўзнясіце знак, падыміце гоман; падыміце руку, каб увайшлі ў брамы князёў. «Я загадаў Маім пасвячоным; у гневе Сваім пазваў ваяроў Сваіх, якія радуюцца ў славе Маёй». Гоман натоўпу ў гарах быццам вялікіх грамадаў. Гоман гучны дзяржаў сабраных разам народаў. Госпад Магуццяў аглядае войска перад бітвай; прыходзяць з далёкіх краін, ад небасхілу, Госпад і сродкі Яго гневу, каб спустошыць усю зямлю. Гаманіце! Бо блізкі дзень Госпадаў, быццам спусташэнне прыйдзе ад Госпада. Таму ва ўсіх рукі апусцяцца ды сэрца кожнага чалавека самлее. Трупянеюць. Хапаюць іх пакуты і боль, будуць яны пакутаваць, як тая, што нараджае; кожны ў аслупяненні глядзець будзе на блізкага свайго, выразы твараў іх распаленыя. Вось жа, дзень Госпадаў надыходзіць, жудасны і поўны ўзбурэння, гневу і лютавання, каб зямля зрабілася пустыняй ды каб сцёр Ён грэшнікаў з яе. Бо зоркі нябесныя і свяцілы яго не разальюць святла свайго; сонца зацемрыцца пры ўзыходзе сваім, і месяц не дасць святла свайго. І наведаю Я свет дзеля ліха ды бязбожнікаў дзеля злачынстваў іх; і спыню Я пыху ганарыстых ды задзірыстасць моцных упакору. Муж будзе радчэйшым за золата, і чалавек — за самае чыстае золата. Таму страсяну нябёсы, і зямля зрушыцца з месца свайго ў абурэнні Госпада Магуццяў ды ў дзень лютавання гневу Яго. І будзе [кожны], як газэль, якая ўцякае, і як авечка, і не будзе каму сабраць, — і кожны вернецца да свайго народа ды кожны ўцячэ да свайго краю. Кожны, хто будзе злоўлены, — будзе забіты, і кожны, хто будзе схоплены, — падзе ад меча. Дзеці іх на іх вачах будуць пабітыя, дамы іх будуць абрабаваныя, а жонкі — згвалтаваныя. А Я падбуру супраць іх мідзян, якія не сквапяцца на срэбра ды золата не хочуць, але лукі пасцінаюць юнакоў, і не пашкадуюць яны плода ўлоння. Тады будзе Бабілон, перл валадарстваў, высокі гонар халдэяў, такім, як калі перавярнуў Госпад Садом і Гамору. Не будзе ніколі больш абжытая, ані заселена з патомства ў патомства, не паставіць там араб палаткі, ані пастухі не зробяць там лежбішча. Але там будуць вылежвацца дзікія звяры і напоўняць дом іх совы, а абжывуцца там страусы ды казлы гарцаваць там будуць. І будуць перагуквацца ў яго палацах гіены, і ў раскошных пакоях — шакалы. Блізкі ўжо час яго, і дні яго не прадоўжацца.

Але пашкадуе Госпад Якуба і зноў абярэ Сабе з Ізраэля, ды ўчыніць, каб яны спачывалі на зямлі сваёй; далучыцца да іх чужынец ды прыстане да дому Якуба. І прымуць іх народы, і завядуць іх на месца іх; і атрымае іх ва ўласнасць дом Ізраэля на зямлі Госпада як слуг і служанак; і будуць яны паднявольваць тых, хто іх паднявольвалі, і падначаляць прыгнятальнікаў сваіх. І будзе гэта ў той дзень, калі Госпад дасць табе супакой па служэнні тваім, па прыгнёце тваім ды па няволі цяжкай, у якой ты раней служыў, прамовіш ты гэтую прыпавесць супраць цара Бабілона і скажаш: «Як жа гэта знік прыгнятальнік, скончыўся ўціск?» Паламаў Госпад палку бязбожнікаў, жазло валадароў, што калаціла людзей ударамі несупынна, [жазло,] што ў шаленстве падначальвала народы ў бясконцых пераследах. Супакоілася і маўчыць уся зямля, цешыцца і скача. Нават елкі цешацца дзеля цябе і кедры лібанскія: «З таго часу, як заснуў ты, ніхто не прыходзіць секчы нас». Апраметная ўстрывожылася з нізоў, сустракаючы прыход твой; абуджае дзеля цябе цені памерлых, усім князям зямным загадала ўзняцца з іх пасадаў, усім валадарам народаў. Усе разам адгукнуцца яны і скажуць табе: «І ты скалечаны, як і мы, падобным стаўся ты да нас». Укінута ў пекла пыха твая, і гукі арфаў тваіх. Чарвяк сцелецца пад табою, і покрыва тваё — чэрві. Як жа гэта зваліўся ты з неба, святланосны, сыне заранкі? Зрынуты на зямлю ты, які скідваў народы, ты, які казаў у сваім сэрцы: «Узнясуся на неба, вышэй за зоры Божыя ўзвышу пасад мой, сядзець буду на гары сходу, на схіле поўначы. Узыду на вышыню воблакаў, падобны буду да Найвышэйшага». Ды аднак жа скінуты ты ў пекла, на самае дно ямы! Тыя, хто ўбачаць цябе, звернуць на цябе ўвагу і пачнуць прыглядацца да цябе: «Ці не той гэта чалавек, які ўстрывожыў зямлю, які страсянуў царствы, які ўвесь свет зрабіў пустыняю, а гарады яго зруйнаваў, не адкрыў турму для вязняў яго?» Усе валадары народаў, усе адпачываюць у славе, кожны ў сваёй грабніцы. А ты выкінуты з сваёй магілы, як абрыдлы парастак, загорнуты разам з тымі, якія забіты мечам і сышлі да каменняў магілы, [ты] — быццам труп патаптаны! Ты не будзеш мець удзелу з імі ў пахаванні, бо ты спустошыў сваю зямлю, ты загубіў свой народ; не азавецца ў вяках семя ліхадзеяў. «Падрыхтуйце сыноў яго на зарэзанне праз злачыннасць іх бацькоў; хай не падымуцца, каб не ўспадкаемілі зямлю ды не напоўнілі сусвету людскога». «І паўстану Я супраць іх, — кажа Госпад Магуццяў, — і выгублю імя Бабілона і рэшту, а таксама род і нашчадкаў, — кажа Госпад, — і аддам яго ва ўласнасць вожыкаў і на дрыгву, ды вымету яго венікам знішчэння», — кажа Госпад Магуццяў. Прысягнуў Госпад Магуццяў, кажучы: «Сапраўды, як задумаў, так станецца, ды як вырашыў, так здзейсніцца. Сатру Асірыю на Маёй зямлі і стапчу яе на Маіх гарах. Тады будзе скінута з іх ярмо яе ды цяжар яе будзе зняты з іх спіны». Вось рашэнне, якое было прынята адносна ўсёй зямлі, і вось рука, выцягнутая над усімі народамі. Бо Госпад Магуццяў так вырашыў, дык хто ж зможа адмяніць? І рука Яго выцягнута, — дык хто ж яе адверне? У годзе, у якім памёр цар Ахаз, было зроблена такое прадказанне: «Не цешся ты, уся Філістэя, што зламанае жазло карніка твайго, бо з зародка змяі выйдзе васіліск, і семя яго — лятучы дракон. І будуць пасвіцца першародныя ўбогіх, і бедныя здаверана адпачнуць; і ўчыню Я, што корань твой памрэ ад голаду, і рэшткі твае павынішчу. Галасі, брама! Крычы, горад! Дрыжы, уся Філістэя! Бо з поўначы нахлынае дым; няма ўцекачоў у дружынах яго. І што адкажуць пасланцам паганаў? Гэта Госпад заснаваў Сіён, і ў яго ўцяклі бедныя з Яго народа».

Прадказанне Маабу. Замоўк Ар-Мааб, бо ноччу быў спустошаны. Замоўк Кір-Мааб, бо ноччу быў спустошаны. Дачка Дыбона ўзышла на вышыні, каб плакаць: над Нэба і над Мэдабай Мааб галосіць; на ўсіх галовах яго — лысіна, кожная барада паголена. На шляхах яго апярэзаныя зрэбніцай; на дахах яго і на плошчах яго ўсе галосяць, заліваюцца слязьмі. Крычыць Хесебон і Элеале, аж у Ясе чутны іх голас. Дзеля таго вызваленыя Мааба галосяць, душа яго галосіць у ім. Сэрца маё над Маабам плача, бежанцы яго — аж да Сэгора, Эглатсэліцыі; дарогаю ўгору на Луіт з плачам узыходзяць ды на шляху ў Аранаім падымаюць лямант роспачы! Воды бо Нэмры стануць пустэчай, бо трава высахла, знікла мурава, прапала ўсё зяленіва. Дзеля таго робяць запасы, а сваю маёмасць пераносяць за ручай Вярбовы. Бо атачае навокал крык мяжу Мааба, аж да Эглаіма бедаванне яго ды аж да Бээр-Эліма галашэнне яго. Вось жа, воды Дымона поўныя крыві, бо ссылаю на Дымон дапаўняльныя беды: льва на ўцалелых з Мааба і на тых, хто застаўся ў краі.

Пашліце ягня валадару краіны, з Петры ў пустыні на гару дачкі Сіёна! І будзе: як птушка, якая аддаляецца, і птушаняты, што вылятаюць з гнязда, такімі будуць дочкі Мааба каля броду Арнон. Дай раду, разваж, пакладзі цень твой апоўдні, як бы ноччу, схавай выгнаннікаў, не выдай вандроўнікаў. Хай абжывуцца ў цябе выгнаннікі Мааба, будзь ім сховішчам перад спусташальнікам; бо скончыўся прыгнятальнік, спыніўся грабёж, знік прыцясняльнік з краю. І ўмацаваны будзе пасад міласэрнасцю; і сядзе на ім у справядлівасці, у палатцы Давіда, той, хто судзіць і шукае суда ды хутка аддае тое, што справядлівае. Чулі мы пра пыхлівасць Мааба, што надта напышлівы, — пра ганарыстасць яго, нахабства яго, ды злоснасць яго, ды пра выхваленні яго незаслужаныя. Таму залямантуюць маабцы дзеля Мааба, усе залямантуюць; над пірагамі Кірхарэса заплачуць, утрапёныя. Бо апусцелі нівы Хесебона і вінаграднікі Сабамы; гаспадароў паганаў вынішчылі іх вінаградныя гронкі; аж да Язэра дайшлі яны, качавалі па пустыні: парасткі яго рассеяліся, перайшлі праз мора. Таму заплачу плачам Язэра дзеля вінаграднікаў Сабамы. Заллю цябе слязьмі сваімі — о Хесебон і Элеале, бо на плады твае і збіранне вінаграду паў крык [ваяроў]. Спынілася радасць і весялосць з садоў, і ў вінаградніках не весяляцца і не спяваюць. Віна ў выціскальні не выцісне той, хто звычайна выціскаў, заціх гоман. Дзеля таго нутро маё стогне дзеля Мааба, як цытра, і ўлонне маё — дзеля Кірхарэса. І будзе: калі з’явіцца і будзе ўзлягаць на вышынях, прыйдзе да святыні сваёй, каб памаліцца, і не здолее. І гэта слова, якое сказаў тады Госпад да Мааба: «Цяпер жа так прамаўляе Госпад, кажучы: “За тры гады, як гады найміта, аднята будзе слава ад Мааба разам з усім шматлікім народам, а рэшткі яго будуць малымі, без ніякага значэння”».

Прадказанне Дамаску. «Вось жа, Дамаск перастане быць горадам і станецца кучай руінаў. Пакінутыя гарады Араэра стануцца для статкаў; і будуць яны там спачываць, і не будзе нікога, хто б спалохаў [іх]. І адбяруць умацаванні ад Эфраіма і ўладанне ад Дамаска, і рэшткі Сірыі стануцца, як слова сыноў Ізраэля, — кажа Госпад Магуццяў. — І будзе ў той дзень: зменшыцца слава Якуба і тлустасць цела яго схуднее; і будзе, як калі жнец забірае сцябліны і рука яго збірае каласы; і будзе, як калі хто шукае каласы ў лагчыне Рэфаім. І застанецца на ёй калоссе, як калі абтрасаюць аліўкавае дрэва: дзве або тры аліўкі [застаюцца] на верхніх галінах, ці чатыры або пяць — на вершаліне садавіннага дрэва», — кажа Госпад Бог, Бог Ізраэля. У той дзень будзе глядзець чалавек на Творцу свайго, і вочы яго звернуцца да Святога Ізраэлева; і не будзе ён глядзець на ахвярнікі, якія зрабілі яго рукі, і на тое, што стварылі пальцы яго, не будзе глядзець на гаі [балванам пасвячоныя] ды кадзільніцы. У той дзень гарады будуць пазбаўлены моцы сваёй, як гарады, якія пакінулі гевеі і амарэйцы перад абліччам сыноў Ізраэля, і будзе пустыня, бо забыўся ты Бога збаўлення свайго і не ўспомніў пра скалу моцы сваёй: дзеля таго пасадзіш ты расліны прыемныя ды парастак чужы пасееш. У самы дзень пасадкі тваёй ты будзеш клапаціцца пра іх, а назаўтра будзеш рупіцца, каб насенне тваё зацвіло; ў дзень нястачы прападзе жатва, і боль несуцешны будзе. О! Гоман многіх народаў! Гамоняць, быццам гоман мора, і віраванні натоўпаў будуць шумець, быццам шум водаў. Будуць шумець народы, як шум хвалістых водаў, і пасварыцца на яго Госпад, і ўцячэ далёка, і панясецца ён, як пыл горны ад ветру ды як віхура ў час навальніцы. Вечар — і вось жа, замяшанне, а золак — і яго няма, гэткая ёсць дзейнасць тых, якія нас падаўлялі, ды такі лёс тых, якія рабавалі нас.

Гора зямлі бразгатлівых крылляў, што за рэкамі Этыёпіі! Яна выпраўляе паслоў праз мора і ў чаўнах папірусавых па вадзе: «Ідзіце, пасланцы хуткія, да народа рослага і бліскучага, да народа страшнага раней і цяпер, да народа дужага і пераможнага, хто падаўляе, рэкі якога раздзяляюць зямлю». Вы, усе жыхары свету, якія насяляеце зямлю, убачыце, як будзе падняты знак на гарах, і пачуеце, як затрубіць труба! Бо гэта сказаў Госпад мне: «Адпачну і назіраць буду з месца Свайго, як цяпло гарачае па з’яўленні святла ды як воблака роснае ў гарачае жніво. Бо перад зборам вінаграду, калі квецень ападзе і плодная гронка даспее, абрэжа сучкі вінаградныя нажніцамі, а атожылкі адрэжа і выкіне; будуць разам пакінуты для горных птушак і зямных звяроў; і летам будуць імі жывіцца драпежныя птушкі, а ўсе дзікія звяры зямныя будуць імі жыравацца зімой». У той час будзе складзена ахвяра Госпаду Магуццяў народам рослым і бліскучым, народам страшным раней і цяпер, народам дужым і пераможным, хто падаўляе, рэкі якога раздзяляюць зямлю, да месца імя Госпада Магуццяў, да гары Сіён.

Прадказанне Егіпту. Вось, Госпад едзе на лёгкім воблаку і ўваходзіць у Егіпет; і задрыжаць ідалы егіпецкія перад абліччам Яго, і сэрца Егіпта самлее пасярод яго. «І ўчыню Я, што егіпцяне кінуцца на егіпцян; і кожны будзе ваяваць супраць брата свайго, кожны — супраць сябра свайго, горад з горадам, валадарства з валадарствам. І змарнее дух Егіпта ўнутры яго, і зблытаю раду яго; і будуць яны задаваць пытанні балванам і чараўнікам, варажбітам і вешчунам. І аддам егіпцян у рукі гаспадара жорсткага, і цар магутны будзе валадарыць над імі, — кажа Госпад, Бог Магуццяў. — І высахне вада ў моры, і рака спадзе ды перасохне, і гнілымі стануцца рэкі, і абязводняцца рэкі; змялеюць і высахнуць ручаі егіпецкія; трыснёг і чарот павянуць. Голымі стануць берагі Ніла, ды кожная раслінка Ніла засохне: прападзе і болей не будзе. І загаруюць рыбакі, і будуць усе наракаць, закідваючы вуду ў раку; і, расцягваючы сетку на паверхні вады, засумуюць. Засаромеюцца тыя, якія апрацоўваюць лён, якія расчэсваюць і ткуць палатно. І майстры-ткачы збянтэжацца, а ўсе найміты — зусім засумуюць. Якія ж неразумныя князі танейскія! Мудрыя дараднікі фараона далі раду дурную, як жа скажаце фараону: “Я — сын мудрацоў, сын даўніх цароў?”» Дзе ж цяпер мудрацы твае? Хай яны скажуць табе і пакажуць, што вырашыў Госпад Магуццяў адносна Егіпта. Здурнелі князі танейскія, падмануты князі Мемфіса, ашукалі Егіпет кіраўнікі родаў яго. Госпад змясціў у іх нутро дух аблуднасці, і яны ўчынілі, што Егіпет блудзіць у кожнай справе сваёй, як блудзіць п’яніца сярод ванітаў сваіх, і не будзе ў Егіпта справы, якую ўчынілі б хоць галава, хоць хвост, хоць пальма, хоць чарот. У той дзень будуць егіпцяне, як жанчыны; будуць дрыжаць і будуць палохацца перад абліччам працягнення рукі Госпада Магуццяў, якую ўздыме Ён тады. І будзе зямля Юдэйская жахам для Егіпта: кожны, хто яе прыгадае, жахнецца ад рашэння Госпада Магуццяў, якое прыняў Ён наконт яе. У той дзень будзе пяць гарадоў у краі Егіпецкім, якія загавораць моваю хананейскаю, якія прысягнуць Госпадам Магуццяў; адзін з іх будзе называцца горадам сонца. У той дзень будзе ахвярнік Госпада пасярэдзіне краю Егіпта, а пры яго мяжы стэла для Госпада. І будзе гэта на знак і на сведчанне Госпаду Магуццяў у зямлі Егіпецкай. Будуць прызываць Госпада перад крыўдзіцелямі, і пашле ім збаўцу і абаронцу, які вызваліць іх. Тады Госпад будзе пазнаны Егіптам, і егіпцяне пазнаюць Госпада ў той дзень, і будуць ушаноўваць Яго ахвярамі і дарункамі, і складуць прысягі Госпаду і споўняць. Ударыць тады Госпад Егіпет караю, і павернуцца да Госпада, а Ён улагодзіцца да іх і аздаровіць іх. У той дзень будзе дарога з Егіпта ў Асірыю; і увойдзе асірыец у Егіпет, а егіпцянін — у Асірыю, і будуць служыць егіпцяне разам з асірыйцамі. У той дзень Ізраэль будзе трэці побач з Егіптам і Асірыяй; дабраславенства [будзе] пасярод зямлі, Госпад Магуццяў дабраславіць яго, кажучы: «Дабраславёны народ Мой егіпецкі, і твор рук Маіх [народ] асірыйскі, і спадчына Мая, Ізраэль».

У год, у які ўвайшоў Тартан у Азот, калі паслаў яго Саргон, цар асірыйцаў, і ваяваў ён супраць Азота, і здабыў яго, а ў гэты самы час прамовіў Госпад да Ісаі, сына Амоса, кажучы: «Ідзі, развяжы зрэбніцу са сцёгнаў тваіх, здымі таксама сандалі з ног тваіх!» І зрабіў ён так, ходзячы голы і босы. І сказаў Госпад: «Як слуга Мой, Ісая, хадзіў голы і босы тры гады на знак і дзіўны сімвал адносна Егіпта і Этыёпіі, так цар асірыйцаў павядзе палонных з Егіпта і бежанцаў з Этыёпіі: маладых і старых, голых і босых, і з голымі сцёгнамі — на ганьбу Егіпта. І спалохаюцца і засаромеюцца дзеля Этыёпіі, надзеі сваёй, ды дзеля Егіпта, славы сваёй. І скажа ў той дзень жыхар гэтага марскога ўзбярэжжа: “Вось, гэта была надзея наша, да якой мы звярталіся па дапамогу, каб вызваліцца ад цара асірыйцаў! Як жа зможам мы ўратавацца?”»

Прадказанне пра пустыню надморскую. Як віхуры, што пралятаюць праз поўдзень, так ён прыходзіць з пустыні, з зямлі жахлівай. Страшнае бачанне аб’яўлена мне: рабаўнік рабуе, нішчыць нішчыцель. Эламе, выходзь! Мідыя, асаджай! Любому стогну яго пакладу канец. Таму сцёгны мае ахоплены дрыжаннем, апанавала мяне пакута, як пакута парадзіхі; я здранцвеў ад таго, што чуў, збянтэжыўся тым, што бачыў. Трасецца сэрца маё, страх напаў на мяне; прыцемкі, мною жаданыя, ператварыліся для мяне ў жахі. Накрываюць стол, засцілаюць абрусам, ядуць, п’юць. Падыміцеся, князі! Намасціце шчыт! Бо так сказаў мне Госпад: «Ідзі, пастаў вартаўніка, хай паведаміць, што пабачыць. Калі пабачыць калясніцу, пару коннікаў, вершніка на асле або вершніка на вярблюдзе, хай сочыць пільна, з вялікаю ўвагаю!» І закрычаў вартаўнік: «На вежы вартавой, Госпадзе, стаю заўжды ўдзень, і на варце сваёй я стаю па ўсіх начах; вось прыбыў гэты вершнік з парамі коннікаў, азваўся і кажа: “Упаў, упаў Бабілон, і ўсе статуі багоў яго пасыпаліся на зямлю”». О абмалот мой і сыны току майго! Што пачуў я ад Госпада Магуццяў, Бога Ізраэля, гэта вам паведаміў! Прадказанне для Эдома. Нехта крычыць да мяне з Сэіра: «Вартаўніку, якая гадзіна ночы? Вартаўніку, якая гадзіна ночы?» Вартаўнік адказаў: «Прыходзіць раніцца, але таксама і ноч. Калі пытаецеся, то пытайцеся, навярніцеся, прыходзьце!» Прадказанне ў пустыні. На лясным выгане, у пустыні начуйце, караваны дэданітаў. Засмагламу ваду выносьце паспешна вы, жыхары зямлі Тэма; з хлябамі сустракайце ўцекачоў! Бо ад мечаў уцяклі, ад меча аголенага, ад лука нацягнутага, ад страшнай бітвы. Бо вось гэта кажа Госпад мне: «Яшчэ год такі, як год найміта, і знікне ўся слава Кедара; і колькасць лукаў, што засталіся ў магутных сыноў Кедара, паменшыцца; бо Госпад, Бог Ізраэля, сказаў!»

Прадказанне лагчыне Бачання. Што з табою, што ты ўвесь узняўся на дахі, поўны крыку, горад шумлівы, горад разгуляны? Забітыя твае не палі ад меча і не памерлі на вайне. Важакі твае ўсе разам уцяклі, узятыя ў палон без лука; усе, хто былі знойдзены, захоплены разам, хоць уцяклі далёка. Дзеля таго сказаў я: «Адыдзіцеся ад мяне, буду горка плакаць: не старайцеся мяне пацешыць дзеля знішчэння дачкі майго народа». Бо гэта дзень тлуму, стаптання і плачу ў Госпада, Бога Магуццяў, у лагчыне Бачання, зруйнавання муроў і гоману аж да гары. І Элам узняў калчан, і натоўпы вершнікаў, і Кір агаліў шчыт. Твае найпрыгажэйшыя лугі поўныя калясніц, а коннікі займаюць свае месцы ў браме. І адкрылася заслона Юды, і ты ў той дзень звярнуў увагу на зброю ў доме з кедра. І расколіны [у мурах] горада Давіда ўбачылі вы, бо іх стала многа, і сабралі вы воды Ніжняй крыніцы; і пералічылі вы дамы ў Ерузаліме, і разбурылі дамы, каб умацаваць [гарадскі] мур; і ўчынілі вадазборнік між двума мурамі на ваду старога вадаёма; але не зірнулі на Таго, Хто стварыў гэта, ды на Таго, Хто даўно ўфармаваў гэта, не паглядзелі. Госпад жа, Бог Магуццяў, паклікаў у той дзень да плачу і жалобы, да пастрыжэння і да адзявання зрэбніцы; але вось — весялосць і радасць, забіваюць валоў і рэжуць авечак, ядуць мяса і п’юць віно: «Давайце есці і піць, бо заўтра памром». І было адкрыта мне ў вушы Госпадам Магуццяў: «Не будзе, пэўна, адпушчана вам гэтая правіннасць, пакуль не паўміраеце», — кажа Госпад, Бог Магуццяў. Гэта кажа Госпад, Бог Магуццяў: «Ідзі, увайдзі да гэтага намесніка, і да Собны, загадчыка палаца: “Што табе тут? Або хто табе гэты, што ты высек сабе тут грабніцу?” Высякаючы высока грабніцу сваю, у скале ён выдзеўб сабе жытло. Вось жа Госпад рашуча выкіне цябе, чалавеча, магутна хапаючы цябе, і, калыхаючы, скруціць цябе ў клубок, і кіне цябе, як мяч, на зямлю прасторную і шырокую: там памрэш, і там будуць калясніцы славы тваёй, ганьба дому гаспадара твайго». «І выганю цябе з месца твайго і здыму цябе з тваёй пасады. І будзе ў гэты дзень: паклічу слугу майго Эліякіма, сына Хэлькіі, ды адзену яго ў туніку тваю і падпяражу яго поясам тваім, і ўладу тваю перадам у рукі яго; і ён будзе бацькам для жыхароў ерузалімскіх і для дому Юды. І ўскладу ключ дому Давідава на плячо яго: і адкрые, ды не будзе каму замкнуць, і замкне, ды не будзе каму адкрыць. І ўмацую яго, як калок на пэўным месцы: і будзе ён пасадам славы для дому бацькі свайго. І навесяць на яго ўсю славу дому бацькі яго, усіх нашчадкаў, увесь дробны посуд, ад чар да збаноў. У той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — калок, які быў умацаваны на пэўным месцы, не вытрымае, але зломіцца і зваліцца, а ўсё, што на ім вісела, прападзе, — бо гэта сказаў Госпад».

Прадказанне Тыру. Галасіце, караблі Тарсіса, бо знішчана прыстанішча ваша. Калі вярталіся яны з краю Кітым, аб’яўлена ім гэта. Дзівіцеся, жыхары вострава, купцы з Сідона, якія, перапраўляючыся праз мора, запоўнілі цябе. На вялікіх водах насенне Ніла, жніво ракі — плод яго; і зрабіўся ён прадметам гандлю народаў. Засаромейся, Сідоне, бо прамовіла мора, крэпасць марская, кажучы: «Не пакутавала я родамі і не нарадзіла, і не ўзгадавала юнакоў ані выхавала дзяўчат». Калі пачуюць пра гэта ў Егіпце, гараваць будуць, калі пачуюць пра Тыр. Перапраўцеся ў Тарсіс, галасіце, жыхары вострава. Ці не ваш гэты горад, які радуецца? Пачаткі яго — з даўніх часоў. Ногі яго неслі яго далёка, на вандраванне. Хто ж задумаў гэта для Тыра, увянчанага калісьці, купцы якога — князі, а дробныя гандляры яго — знакамітыя зямлі? Госпад Магуццяў задумаў гэта, каб прынізіць пыху любой славы і зрабіць сціплымі ўсіх знакамітых зямлі. Абрабляй зямлю сваю, як бераг Ніла, дачка Тарсіса, порта ўжо няма. Руку сваю працягнуў над морам, затрос валадарствамі. Госпад загадаў адносна Ханаана, каб разбурыць яго ўмацаванні. Ён сказаў: «Не будзеш ты болей выхваляцца, зганьбаваная дзяўчына, дачка Сідона; падыміся, перапраўся ў Кітым: там таксама не будзе табе супакою». Вось, зямля халдэяў. Такога народа не было. Асірыя заснавала яго сярод дзікіх звяроў. Яны збудавалі вежы свае; падкапалі іх дамы, ператварылі яго ў руіны. Галасіце, караблі Тарсіса, бо цвярдыня ваша спустошана. І будзе ў той дзень: у забыцці будзе Тыр семдзесят гадоў, як дні аднаго цара. Пасля сямідзесяці гадоў станецца Тыру, як распусніцы ў песні: «Вазьмі цытру, абыдзі горад кругом, распусніца, аддадзеная забыццю; зайграй гожа, памнажай песні, каб успомнілі пра цябе!» І будзе: праз семдзесят гадоў Госпад наведае Тыр, ён жа вернецца да сваіх заробкаў і зноў кінецца ў распусту з усімі валадарствамі свету на зямлі. Але яго заробак і яго нажытак пасвячоны Госпаду, і не збяруць іх і не адкладуць, бо яго заробак будзе для тых, якія з’яўляюцца ў прысутнасць Госпада, каб яны елі дасыта і апраналіся пышна.

Вось жа, Госпад пустошыць зямлю, нішчыць яе і бурыць яе паверхню, а жыхароў яе разганяе. І будзе караны як народ, так і духоўнік, як слуга, так і гаспадар яго, як паслугачка, так і яе гаспадыня, як пакупнік, так і той, хто прадае, як пазычальнік, так і той, хто пазыку прымае, як той, хто спаганяе пазыку, так і той, хто вінен. Дашчэнту будзе спустошана зямля і аддадзена на разрабаванне, бо Госпад гэта рашыў. Сумуе, марнее зямля; нішчэе, марнее сусвет, нішчэе вышыня разам з зямлёю. І зямля спаганена пад жыхарамі яе, бо пераступілі закон, пагардзілі прыказаннем, парушылі вечную дамову. Дзеля таго праклён паглынае зямлю, а жыхары яе адбываюць пакаранне; з гэтай прычыны жыхароў яе стала менш і людзей засталося нямнога. Сумуе маладое віно, вінаграднік звяў, уздыхаюць усе, якія весяліліся ад сэрца. Спынілася радаснае біццё ў бубны, сціх гармідар гулякаў, заціхла радаснае гранне цытры. Не будуць піць са спевам віна, горкім будзе і пітво для тых, хто п’е яго. Разбураны горад пустэчы, зачынены кожны дом, і не ўвойдзе ніхто; крык на вуліцах дзеля віна, знікла ўсякая радасць, прайшла весялосць зямлі. Адна пустэча засталася ў горадзе, брама зруйнаваная. Гэтак станецца на сярэдзіне зямлі паміж народаў, як пры атрасанні аліўкі і як калі напрыканцы збору вінаграду абіраюць лозы. Яны ўзнясуць голас свой, будуць славіць веліч Госпада, будуць гаманіць з мора. Дзеля гэтага хваліце Госпада ў краінах усходу, на астравах марскіх — імя Госпада, Бога Ізраэлева. З канцоў зямлі чулі мы хвалебныя спевы: «Слава Справядліваму!» Але я сказаў: «Таямніца мая ў мяне, таямніца мая ў мяне. Гора мне!» Крывадушнікі крывадушнічаюць, і крывадушнічаюць крывадушнасцю крывадушнікаў. Страх, яма і пастка на цябе, жыхару зямлі! І будзе: хто ўцячэ ад голасу страху, уваліцца ў яму, а хто вылезе з ямы, будзе схоплены пасткай, бо вадаспады з вышыняў адкрыліся і затрэсліся падмуркі зямлі. На кавалкі разбіта зямля, дашчэнту сцёрта зямля, да глыбіняў стрэсена зямля, пахіснецца моцна зямля, як п’яны, ды, як палатка, закалышацца, ды зацяжарыць на ёй няпраўда яе, і абрынецца яна, і не ўзрушыцца, каб падняцца. І будзе ў той дзень: наведае Госпад войска нябеснае на вышынях і валадароў зямных на зямлі; будуць сабраны і ўвязнены ў падзямеллі ды будуць замкнуты ў цямніцы, а па многіх гадах — пакаранне. Месяц пачырванее і засаромеецца сонца, бо заваладарыў Госпад Магуццяў на гары Сіён ды ў Ерузаліме, і будзе Ён услаўлены перад абліччам старцаў Сваіх.

«Госпадзе, Ты — Бог мой! Славіць Цябе буду і хваліць імя Тваё, бо ўчыніў Ты цудоўныя справы, задумы даўнія, надзейныя, праўдзівыя. Бо ператварыў Ты месца ў разваліны, умацаваны горад у руіны, крэпасць пыхліўцаў, каб не была больш горадам, і не будзе адбудаваная вечна. Таму народ моцны славіць Цябе будзе, горад народаў моцных баяцца Цябе будзе. Бо стаўся Ты абаронай для беднага, абаронай убогаму ў бядзе яго: аховай ад буры, засенню ад спякоты, бо дух дужых — як зімовы дождж. Як спякоту на пустэчы, гармідар пыхліўцаў упакорыш; як спёку засенню хмары, песню моцных спыніш». І ўчыніць Госпад Магуццяў на гэтай гары для ўсіх народаў тлусты пачастунак, банкет з віном ачышчаным, з тлустасцю касцей. І знішчыць Ён на гары той путы, што сцягнулі ўсе народы, ды покрыва, што распрасцёрта над усімі плямёнамі. «Паглынецца смерць перамогаю навечна, ды асушыць Госпад Бог слязу з усякага твару, і ганьбу Свайго народа здыме Ён з усяе зямлі, бо Госпад сказаў гэта. І скажуць у той дзень: “Вось Ён, Той Самы Бог наш, мы чакалі Яго, каб Ён збавіў нас; Той Самы Госпад, мы трымаліся Яго: будзем цешыцца і радавацца са збаўлення Яго”». Бо супачыне рука Госпадава на той гары. Мааб жа будзе стаптаны на сваім месцы, як топчуць абмалоткі на салому, і выцягне пасярод яго Свае рукі, як выцягвае плывец дзеля плавання; так будзе ўпакорана яго пыха разам з намаганнямі рук яго. І моцную крэпасць муроў тваіх Ён пераверне, зруйнуе і скіне на зямлю ў самы пыл.

У той дзень у зямлі Юдэйскай будзе спявана гэта песня: «Горад магутны — нам на збаўленне; паставіў Ён муры і вал. Адчыніце брамы! І хай увойдзе народ справядлівы, які беражэ вернасць. Намер яго — трывалы, захаваеш дзеля яго супакой, бо ў Табе мае надзею. Спадзявайцеся на Госпада ў векі вечныя; Госпад — скала вечная. Бо Ён скінуў тых, якія пражывалі на вышынях, упакорыць горад высокі, упакорыць яго аж да зямлі, сцягне яго ў самы пыл. Стопча яго нага, ногі беднага, ногі няшчасных. Сцежка справядлівага — правільная, Ты раўняеш правільную сцежку справядлівага. Таксама на сцежцы прысудаў Тваіх, Госпадзе, спадзяёмся на Цябе. Да імя Твайго і да памяці пра Цябе — прагненне душы! Душа мая прагне Цябе ноччу, але духам маім шукаю Цябе ў сэрцы маім. Калі заяснеюць прысуды Твае на зямлі, вучыцца будуць справядлівасці жыхары свету. Аказаць міласэрнасць злачынцу — ён не навучыцца справядлівасці, на зямлі будзе чыніць ліхое ды не ўбачыць велічнасці Госпада. Госпадзе, Твая рука паднятая! Але не бачаць; хай, засаромленыя, убачаць руплівасць Тваю пра народ, ды агонь на ворагаў Тваіх праглыне іх. Госпадзе, Ты дасі нам супакой; бо ўсе нашы справы Ты ўчыніў для нас. Госпадзе, Божа наш, не Ты, а іншыя гаспадары нас апанавалі, але мы толькі з Табой успамінаць будзем імя Тваё. Памерлыя не ажывуць, пахаваныя не ўваскрэснуць. Таму наведаў Ты іх, і знішчыў, і сцёр усякі ўспамін пра іх. Павялічыў Ты народ, Госпадзе, павялічыў народ, праславіўся; пашырыў усе межы зямлі. Госпадзе, у нядолі шукалі яны Цябе, складалі малітвы, калі кара Твая засцігала іх. Як тая, якая пачала, калі набліжаецца да родаў, балесна крычыць у пакутах сваіх, і падобнымі мы сталіся перад абліччам Тваім, Госпадзе! Пачалі і пакутавалі родамі, нарадзілі ж быццам вецер. Не ўчынілі мы збаўлення на зямлі, таму і не нарадзіліся жыхары зямлі. Ажывуць Твае памерлыя, забітыя мае ўваскрэснуць. Абудзіцеся і спявайце хвалебна вы, якія жывяце ў парахне, бо раса святла — раса Твая, і зямля выдасць на святло пахаваных сваіх. Ідзі, народзе мой, увайдзі ў святліцы свае, зачыні дзверы свае за сабой! Схавайся на малую хвілінку, пакуль не праміне гнеў [Яго]. Бо, вось жа, Госпад выйдзе са Свайго месца, каб караць разбэшчанасць жыхара зямлі супраць Яго. Тады зямля выявіць кроў сваю і не схавае больш забітых сваіх».

У той дзень Госпад пакарае Сваім мечам, цвёрдым, магутным і вялікім, Левіятана, змея страхатлівага, Левіятана, змея выкрутлівага, ды заб’е дракона, які ёсць у моры. У той дзень вінаграднік будзе прыгожы! Спявайце аб ім! «Я — Госпад, сцерагу вінаграднік, буду паліваць яго штохвіліны. Каб часам што не шкодзіла яму, днём і ноччу [сцерагу] яго. Гневу няма ўва Мне. Ды, можа, які выдасць Мне калючкі і церне? Уздыму на яго меч у вайне, спалю яго адначасна, хіба толькі часам будзе трымацца Маёй абароны, учыніць супакой са Мною, мір учыніць са Мною. У будучыя дні Якуб укараніцца, Ізраэль зацвіце і разрасцецца, ды напоўняць яны сусвет плёнам». Ці ж не паводле кары прыгнятальніка яго пакараў Ён яго? Ці не забіты быў ён так, як забіваліся забітыя ім? Той самай меркай карае яго, адкідаючы яго, выганяе яго подыхам Сваім магутным у час, калі вее ўсходні вецер. Дзеля таго будзе адпушчана правіннасць Якуба, і гэта будзе поўны вынік адпушчэння граху яго, што ён менавіта аддасць усе камяні ахвярнікавыя на парасціранне, як камяні вапнавыя, каб не стаялі больш святыя гаі і ідалы. Горад умацаваны будзе спустошаны; пасяленне бязлюднае і пакінутае — быццам пустыня; там будзе пасвіцца цяля, там будзе спачываць і аб’ядаць галінкі яго. Галіны яго, павысыхаўшы, адломяцца, прыдуць жанчыны і папаляць іх. Бо гэты народ неразумны, таму не пашкадуе яго Той, Хто стварыў яго, і Хто ўфармаваў яго, не пашкадуе яго. І станецца: у той дзень вымалаціць Госпад каласы ад ракі аж да ручая Егіпецкага, а вы, сыны Ізраэля, усе, адзін пры адным будзеце сабраныя. І станецца: у той дзень затрубяць у вялікую трубу, і тады прыбудуць якія былі загублены ў зямлі Асірыі і якія былі рассыпаны па зямлі Егіпта і будуць славіць Госпада на святой гары ў Ерузаліме.

Гора ганарыстаму вянцу п’яніцаў Эфраіма ды звялай кветцы славы яго велічнасці, якія жылі на версе вельмі ўрадлівай даліны, ап’янеўшы віном! Вось жа, нехта ў Госпада, дужы і магутны, як буралом градавы, як ураган знішчальны, як навадненне хвалістых вялікіх водаў, — і ён паваліць [іх] раптоўна на зямлю. Нагамі патаптаны будзе вянец пыхі п’яніцаў Эфраіма; а звялая кветка славы велічнасці яго, якая расце на версе ўрадлівай даліны, — як ранняя фіга перад жнівом, якую, хто ўбачыць, — зрывае рукою і зараз жа з’ядае. У той дзень Госпад Магуццяў будзе вянцом славы і дыядэмай велічнасці для рэшты Свайго народа; і духам справядлівасці для таго, хто сеў судзіць, ды мужнасцю для тых, хто адкідае бітву аж да брамы. Насамрэч і гэтыя таксама хістаюцца ад віна і ад ап’янення ківаюцца: святар і прарок хістаюцца ад ап’янення, яны насмакталіся віна, ківаюцца ў ап’яненні, памыляюцца ў бачанні, цяляпаюцца ў час суда. Бо ўсе сталы поўныя ванітаў і бруду, так што нават месца больш няма. Каго [такі] будзе вучыць мудрасці? І каму дасць разумець пачутае? Дзецям, аднятым ад грудзей? Немаўлятам, аднятым ад малака? Бо прыказанне за прыказаннем, прыказанне за прыказаннем, правіла за правілам, правіла за правілам, крыху там, крыху там. Сапраўды, вуснамі шапялявымі ды языком чужым прамаўляць будзе да гэтага народа, якому гаварыў: «Гэта — адпачынак, дайце супакой спрацаванаму!» Ды не хацелі яны слухаць. І будзе для іх словам Госпада «прыказанне за прыказаннем, прыказанне за прыказаннем, правіла за правілам, правіла за правілам, крыху там, крыху там», каб ішлі, і валіліся назад, і разбіваліся, і каб трапілі ў пастку, і каб былі схоплены. Дзеля таго паслухайце слова Госпада, вы, ашуканцы, якія валадарыце над Маім народам, які жыве ў Ерузаліме. Вы сказалі: «Заключылі мы прымірэнне са смерцю і з апраметнай учынілі дамову. Калі ж надыдзе біч навалы, ён не дойдзе да нас, бо на ашуканства ўсклалі мы спадзяванне наша, ды ў мане схаваліся мы». Таму вось што кажа Госпад Бог: «Вось, Я кладу на Сіёне вуглавы камень, выбраны і дарагі, угрунтаваны; і хто ўверыць у Яго — не спатыкнецца. І ўстанаўлю закон за норму і справядлівасць за вагу, і град зруйнуе надзею ашуканства, а сховішча затопяць воды. Ваша прымірэнне са смерцю будзе знішчана, ды дамова ваша з апраметнай не ўтрымаецца; калі надыдзе біч навалы, будзеце вы яму на стаптанне». Колькі раз пройдзе, будзе зносіць вас, бо будзе праходзіць кожную раніцу, і днём, і ноччу, і будзе толькі жахліва ўсвядоміць гэтую вестку. Бо завузкім будзе ложак, каб мог хто выцягнуцца, і надта кароткай накідка, каб мог хто прыкрыцца. Бо як на гары Паразім стане Госпад, як на лагчыне, што ў Габаоне, будзе гневацца, каб здзейсніць Сваю справу, Сваю справу новую, каб здзейсніць Сваё дзеянне, Сваё таямнічае дзеянне. А цяпер перастаньце кпіць, каб часам тужэй не зацягнуліся кандалы вашы; чуў я рашэнне Госпада, Бога Магуццяў, знішчыць усю зямлю. Пачуйце вушамі і паслухайце голас мой, будзьце ўважнымі і паслухайце аповесць маю! Ці ўвесь дзень араты арэ, каб пасеяць, барануе і праполвае сваю раллю? Ці ж, калі зраўняе яе паверхню, не сее чарнушку і не рассыпае кмен? Ці не сее пшаніцу і ячмень, а полбу — на ўзбоччы іх? Бо правільна настаўляюць яго, Сам Бог яго вучыць яго. Бо не малоцяць чарнушкі піламі, ані па кмене не качаюць колам ад возу, але цэпам выбіваецца чарнушка, а кмен — палкаю. А ці ж мелецца пшаніца? Пэўна, не вечна будзе яе малаціць малацьбіт, ані будзе цягаць па ёй колам ад воза, ані капытамі [коней] сваіх будзе таптаць яе. Але гэта выйшла ад Госпада, Бога Магуццяў, — даў Ён цудоўную параду, павялічыў мудрасць.

Гора табе, Арыэлю, Арыэлю, горад, які аперазаў мурам Давід! Дадайце год да года, урачыстасці хай бягуць! А Я вазьму ў аблогу Арыэль, і будзе смутак і жаль, і будзе ён мне, як Арыэль. І атачу цябе наўкола, быццам шар, і насыплю перад табою вал, і пастаўлю ўмацаванні для тваёй аблогі. Упакорышся, з зямлі гаварыць будзеш, і з пылу будуць ледзьве чутныя словы твае, і будзе голас твой, як бы піск з зямлі, і з бруду словы твае будуць гучаць мармытаннем. І будзе, як пыл сыпкі, мноства тваіх ворагаў і, як рассыпаная мякіна, мноства крыўдзіцеляў. Станецца гэта раптам, неспадзявана, будзеш наведаны Госпадам Магуццяў, грымотамі, землятрусам, страшэнным грукатам, віхурай і навальніцай, і полымем агню знішчальнага. І будзе, як сон аб’яўлення начнога, мноства ўсіх народаў, якія супраць Арыэля выступаюць, ды ўсе, хто супраць яго ваююць, супраць умацаванняў яго, — і ёсць яго прыгнятальнікі. І, як галоднаму сніцца, што ён есць, але калі абудзіцца, то нутро яго пустое, ды як сніцца засмагламу, што п’е, а як толькі абудзіцца, гэтак сама пакутуе ад смагі, — так будзе з мноствам усялякіх народаў, якія выступаюць супраць гары Сіён. Аслупянейце і задзівіцеся, аслепніце ды будзьце сляпымі, ап’янейце, але не ад віна, хістайцеся, але не ад ап’янення. Бо напусціў на вас Госпад духа сну, заплюшчыў вочы вашы, а галовы вашы накрыў. І будзе вам кожнае аб’яўленне, як словы запячаткаванай кнігі, якую далі б умеючаму чытаць, кажучы: «Чытай яе», адкажа: «Не магу, бо яна запячатана». І дадуць кнігу таму, хто не ўмее чытаць і скажуць яму: «Чытай!», а ён адкажа: «Не ўмею чытаць». І сказаў Госпад: «Таму, што народ гэты шануе Мяне толькі вуснамі ды славіць Мяне толькі языком, але сэрца іх далёка ад Мяне і страх іх адносна Мяне — як завучанае правіла людзей, таму, вось, Я яшчэ раз учыню здзіўленне гэтаму народу — цудам вялікім і дзівосным: загублю мудрасць мудрых, і кемлівасць разумных знішчу». Гора тым, якія глыбока хаваюць намеры свае перад Госпадам, якіх справы схаваныя ў цемры, і якія кажуць: «Хто бачыць нас ды хто знае нас?» Пераваротнае вашае думанне! Ці ж можа быць ганчар зраўняны з глінай, ці ж можа твор сказаць творцы свайму: «Не зрабіў ты мяне», а гаршок, можа, скажа ганчару свайму: «Не ўмееш»? Ці ж ужо не ў кароткім і хуткім часе Лібан абернецца садам, а сад будуць лічыць пералескам? І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, а вочы сляпых з туману і цемры стануць бачыць. І акажуць пакорныя радасць у Госпадзе, а найбяднейшыя з людзей будуць цешыцца ў Святым Ізраэлі; бо знік той, хто быў мацнейшы, звёўся насмешнік ды вынішчаны ўсе, хто ганяліся за ліхоццем, якія прымушалі людзей грашыць словам і ставілі падножку таму, хто патрабаваў суда ў браме, і справядлівага абкідвалі неадпаведнымі словамі. Таму вось што кажа Госпад да дому Якуба, які адкупіў Абрагама: «А цяпер не засаромеецца Якуб і не зарумяніцца твар яго, але, калі ўбачыць творы рук Маіх, то ў асяроддзі сваім усвяціць імя Маё і ўсвяцяць Святога Якубава, і баяцца будуць Бога Ізраэля, і збачэнцы духоўныя пазнаюць мудрасць, а непакорныя спазнаюць навуку».

«Гора вам, сыны бунтаўнікі, — кажа Госпад, — таму што спаўняеце намеры, ды не ад Мяне, і заключаеце пагадненне, але не ў Маім духу, каб далучыць грэх да граху! І выбіраецеся ў дарогу ў Егіпет, ды вуснаў Маіх не пытаецеся, спадзеючыся на падтрымку сілы фараона і надзеючыся на засень Егіпта. Сіла фараона будзе вам на канфуз, а надзея на засень Егіпта будзе вам на ганьбу. Бо хоць князі твае былі ў Танеі, а паслы твае дайшлі аж да Ханэса, усе яны будуць пасаромлены народам, які не можа быць карысным для іх, не будзе ён ані на ўспамогу, ані на карысць, але на канфуз і на ганьбу». Прысуд на жывёлу Нагэбу. Праз зямлю гора і прыгнёту, ільвіцы і рыкаючага льва, гадзіны ды лятучага дракона — нясуць на плячах жывёлін багацці свае ды на хрыбтах вярблюдаў скарбы свае да народа, які ім ніяк не зможа быць карысны. Егіпет бо надарма і напуста будзе падаваць успамогу; таму называю яго Рагаб — бяздзейсны. Цяпер пайдзі, напішы на табліцы і ў прысутнасці іх і старанна апішы гэта ў кніжцы, каб было на будучыню, на вечнае сведчанне. Бо народ — бунтаўнічы, ды сыны — лгуны, сыны, якія не хочуць слухаць закон Госпада. Яны кажуць яснавідцам: «Не глядзіце!» А прадбачлівым прарокам: «Не прадказвайце нам тых рэчаў, якія праўдзівыя, але кажыце нам тое, што падабаецца, праракуйце нам падманныя рэчы. Сыдзіце з дарогі, збочце са сцежкі, прыміце з віду нашага Святога Ізраэлева». Таму вось што кажа Святы Ізраэлеў: «Дзеля таго, што вы пагардзілі словам гэтым, а надзею ўсклалі на крывадушнасць і пераваротнасць, ды на іх вы абаперліся, таму злачынства гэтае будзе для вас, як шчыліна, што ідзе зверху, месца разлому ў высокай сцяне, якой раскол нечаканы, неспадзяваны, адбываецца вокамгненна. І растаўчэцца, як разбіваецца гляк ганчарскі разбіццём без ніякага шкадавання, і не знойдзецца ў яго частках чарапка, у які можна было б узяць вугалёк з вогнішча або зачэрпнуць вады з ямы». Бо гэта сказаў Госпад Бог, Святы Ізраэлеў: «У навяртанні і супакоі будзеце збаўлены, у зацішшы і ў надзеі будзе сіла ваша». Але вы не хацелі, аднак сказалі: «Ніякім чынам, але на конях уцячом», — дык уцячыце; ды: «На хуткіх памчымся», — таму будуць хуткія і тыя, што за вамі пагоняцца. Тысяча спалохаецца перад пагрозаю аднаго, а ад пагрозы пецярых будзеце ўцякаць, пакуль не застанецца вас [мала], як жэрдка на версе гары ды як след на ўзгорку. Таму чакае Госпад, каб злітавацца над вамі, і з той прычыны будзе ўзвялічвацца, шкадуючы вас, што Госпад — Бог справядлівасці, шчасныя ўсе, якія чакаюць Яго. Бо ты, народзе на Сіёне, які жывеш у Ерузаліме, плачаш [цяпер], ды не будзеш плакаць [заўсёды]; [як цяпер] літуецца, [так] і будзе літавацца над табою, на голас просьбы тваёй, як толькі пачуе, адкажа табе. І дасць вам Госпад хлеб прыгнёту і ваду бяды, але ўжо больш не аддаліцца ад цябе твой вучыцель, і вочы твае будуць бачыць настаўніка свайго. А вушы твае будуць чуць за сабой слова Таго, Хто нагадвае: «Вось, гэта дарога, ідзіце па ёй», калі б часам збочылі ўправа ці ўлева. Тады брыдзіцца будзеш аббіццём тваіх срэбраных балванаў ды адзеннем тваёй залатой статуі; выкінеш гэта, як брудны падклад. «Выйдзі прэч», — скажаш яму. І дасць Ён дождж на пасеў твой, які засееш на зямлі, а хлеб пладоў зямлі будзе вельмі багаты і тлусты, будзе пасвіцца ў той дзень жывёла твая, ягня, на шырокіх выганах, і валы твае, і аслы, што абрабляюць зямлю, будуць карміцца сачыстай мяшанкай, што правеяна лапатай і веялкай. Па кожнай высокай гары і па кожным узнятым узгорку пацякуць ручаі імклівых водаў у дзень разні вялікай, калі будуць падаць вежы. І будзе святло месяца як святло сонца, а святло сонечнае будзе сямікратным, быццам святло сямі дзён — у дзень, калі Госпад перавяжа раны Свайго народа і залечыць сінякі ад удараў. Вось жа, імя Госпада прыходзіць здалёк, абуральны гнеў Яго і страшны Яго гром, вусны Яго перапоўнены абурэннем, і язык Яго — як агонь паглынальны. Дыханне Яго — як ручай паводкавы, якога вір дасягае шыі, — на прасейванне народаў праз пагібельнае сіта, акілзы гаротныя ў сківіцах народаў. Песня будзе ў вас, як пры святкаванні начной урачыстасці, і радасць сэрца — як у таго, хто спяшаецца да гукаў флейты на гару Госпада, да Скалы Ізраэля. І дасць пачуць Госпад веліч Свайго голасу, і моц пляча Свайго акажа ва ўзрыве гневу і ў полымі агню пажыраючага, у віхуры, у навальніцы ды ў каменяпадзе. Голасу Госпадава напалохаецца асірыец, дубцом адлупцаваны. І будзе кожны ўдар палкі пабівання, які Госпад спусціць на яго, пад тымпан і цытру; і ў войнах узнятых будзе з імі змагацца. Бо ад учора прыгатавана Тафэт, прыгатавана, глыбокая і шырокая, у кастры яе агонь і шмат дрэва; дыханне Госпада, як ручай серы, яе распаліць.

Гора тым, якія сыходзяць у Егіпет за дапамогай, спадзеючыся на коней, маючы надзею на павозкі, што іх многа, ды на коннікаў, што яны вельмі магутныя, ды не зважаюць на Святога Ізраэлева і Госпада не шукаюць. Аднак жа Ён Сам, мудры, выклікае ліхоту, а слова Свайго не адменіць. Паўстане супраць дому ліхотнікаў ды супраць тых, хто чыняць дапамогу злачынству. Егіпцянін — чалавек, а не Бог: іх ногі — гэта цела, а не дух! І калі Госпад працягне руку, упадзе ўспаможца, і падзе той, каму даюць успамогу, і прападуць усе яны разам. Бо вось што кажа Госпад да мяне: «Падобна як леў або львянятка мурчыць над сваёй здабычай, калі да яго збіраецца мноства пастухоў, ён не напалохаецца іх крыкаў, ані спужаецца іх мноства, так Госпад Магуццяў сыдзе да бою на гары Сіён і на яе ўзгорку. Як птушкі, што лятаюць, так Госпад Магуццяў заслоніць Ерузалім, засланяючы і вызваляючы, шкадуючы і збаўляючы». Дзеці Ізраэля, навярніцеся да Таго, ад Каго далёка адышліся! Сапраўды, у той дзень кожны адкіне сваіх ідалаў срэбраных і балванаў сваіх залатых, якіх зрабілі вам рукі вашы на грэх; і падзе Асірыя не ад меча людскога; і меч не чалавечы праглыне яе, і ўцячэ яна ад меча, і юнакі яе стануцца прыгоннымі. І крэпасць яе падасца ад страху, а важакі яе спалохаюцца знака, сказаў Госпад, Які мае агонь на Сіёне, а печ Сваю ў Ерузаліме.

І, вось жа, валадар будзе валадарыць па законе, а князі кіраваць будуць па законе. І будзе чалавек, як сховішча ад ветру ды прыпынак перад бурай, як ручаі водаў на засохлай зямлі або засень вялікай скалы на сухой зямлі. Вочы тых, хто глядзяць, не будуць прыслеплены, а вушы тых, хто слухаюць, будуць пільна прыслухоўвацца. І сэрца неразумных спасцігне мудрасць, а язык шапялявых скора будзе гаварыць і выразна. Не будзе больш той, хто безразважны, называцца высакародным, ані ашуканец не будзе званы вяльможным. Бо неразумны гаворыць недарэчнасці, сэрца ж яго плануе ліхоту, каб дапусціцца бязбожнасці ды гаварыць блюзнерствы супраць Бога, ды каб душу таго, хто прагне, пакінуць пустой і адабраць пітво ў сасмаглага. У ашуканца ашуканствы — найгоршыя: ён бо перадумвае спосабы, каб загубіць пакорлівых словамі хлусні, хоць нават калі бедны дакажа справядлівасць. Высакародны ж дасць парады высакародныя, ды сам да высакародных рэчаў імкнецца. Жанчыны пустыя, устаньце, паслухайце голасу Майго. Даверлівыя дочкі, вазьміце ў вушы слова Маё! За год і некалькі дзён задрыжыце, здавераныя ў сабе! Скончыўся ўжо збор віна, другі збор не прыйдзе. Аслупянейце, пустыя; бойцеся, здавераныя ў сабе! Распраніцеся і станьце голымі, аперазайце клубы вашы. Біце сябе ў грудзі дзеля пажаданай краіны, дзеля пладаноснага вінаградніку. На зямлі народа Майго ўзыходзяць церні і калючкі, над усімі дамамі радасці, над вясёлым горадам: дом бо пакінуты, мнагалюдны горад абязлюдзеў; Афэл і Баган сталіся пячорамі навек: радасцю для дзікіх аслоў, выганам для статкаў, аж пакуль не будзе выліты на нас Дух з вышыні. І пустыня станецца садам, а сад за лес будзе лічыцца. Тады на пустыні зажыве законнасць, а справядлівасць асядзе ў садзе. Вынікам справядлівасці будзе супакой, а плодам закону — цішыня, ды бяспека — у спакон вякоў. Ды жыць будзе народ Мой жыццём спакойным, і ў палатках надзейнасці, і ў месцах бяспекі. І лес увесь паваліцца, а горад будзе моцна прыгнечаны. Шчасныя, што сееце над усімі водамі, прыводзячы [туды] вала і асла.

Гора табе, разбойнік, якога ніхто не абрабаваў; і табе, грабежнік, бо цябе ніхто не аграбіў! Калі скончыш спусташаць, тады цябе аграбяць, калі скончыш рабаваць, тады цябе абрабуюць. Госпадзе, злітуйся над намі, у Табе бо маем надзею: будзь жа нашым плячом ад рання і збаўленнем нашым у час бяды. Ад голасу пагрозы ўцякаюць народы, ад Твайго ўзвышэння рассыпаюцца народы. І будуць збіраць здабычу, як збіраецца вусень, як разбягаецца саранча, так на яе збягаюцца. Госпад над усімі, бо пражывае на вышынях, запоўніць Сіён законам і справядлівасцю. І будзе трываласць у тваіх часах; багацце збаўлення — мудрасць і веды. Страх Божы ёсць найбольшы скарб Яго. Вось жа, вестуны закрычаць з надворку, анёлы супакою заплачуць горка; апусцелі дарогі, не стала вандроўнага на сцяжыне, сарваў пагадненне, адкінуў сведкаў, не лічыцца з людзьмі. Сумуе зямля, вяне, Лібан збянтэжаны змарнеў, Сарон стаўся, як пустыня, а Басан і Кармэль павысыхалі. «Цяпер паўстану, — кажа Госпад, — цяпер узнясуся, цяпер падымуся. Зацяжарыце вы сенам, народзіце салому; дух Мой, як агонь, паглыне вас. І стануцца народы выпаленай вапнай, як зжатыя церні пагараць у агні. Паслухайце, найдалейшыя, што Я зрабіў, ды пазнайце, найбліжэйшыя, Маю моц!» Грэшнікі на Сіёне спалохаліся, ахапіў жах бязбожнікаў. Хто з вас зможа вытрываць пры пажыраючым агні? Хто з вас вытрымае ў вечным полымі? Той, хто робіць па справядлівасці і гаворыць сумленна, хто адкідае здабыткі з рабавання, хто атрасае рукі свае ад прыняцця хабару, хто затыкае вушы свае, каб не чуць крыві, і заплюшчвае вочы, каб не бачыць ліхоцця, той будзе жыць на вышынях, умацаванні на скалах — сховішча яго, будзе задаволены хлебам, і вады яму хопіць. Вочы твае ўбачаць цара ў яго аздобе, убачаць краіну вельмі абшырную. Сэрца тваё са страхам будзе пытацца: «Дзе той, што пісаў? Дзе той, што важыў? Дзе той, што лічыў крэпасці?» Не ўбачыш ужо народа бессаромнага, народа патаемных невытлумачальных слоў, мовы дзікуноў незразумелай. Глянь на Сіён, горад нашых святаў! Вочы твае аглядаць будуць Ерузалім, пасяленне бяспечнае, палатку, якую ніхто не зможа перанесці, яе слупы не будуць вынуты вечна, і ўсе вяроўкі яе не парвуцца. Бо там Магутны Госпад стаіць за нас замест рэк і ручаёў, шырока раскінутых, не даплыве туды карабель веславаны, ані вялізны карабель не пройдзе праз яго. Бо Госпад наш суддзя. Госпад заканадаўца наш, Госпад валадар наш; Ён збавіць нас. Расцягнуліся вяроўкі твае, не вытрымаюць зла свайго, каб расшырыць ветразі не маглі; тады Ніводзін жыхар не скажа: «Я хворы». Народ, які жыве ў ім, атрымае дараванне правін сваіх.

Прыступіце, народы, каб паслухаць! І вы, людзі, зважце! Няхай слухае зямля ды ўсё, што яе запаўняе, сусвет і ўсё, што ў ім расце! Бо Госпад гарыць гневам супраць усіх паганаў і абураны на ўсё войска іх; прызначыў Ён іх на вынішчэнне і аддаў іх на загубу. Забітыя іх будуць ляжаць параскіданыя, і ад трупаў іх будзе ўздымацца смурод; размокнуць горы ад крыві іх. І змарнее ўсё войска нябеснае, і згорнуцца нябёсы, як кніга, і ўсё войска іх спадзе, як спадае ліст з вінаграднай лазы ды сухая лістота з фігавага дрэва. «Бо ап’янеў Мой меч на небе, вось жа, спадзе ён на Эдом і на народ, які асудзіў Я на вынішчэнне». Меч Госпадаў увесь скрываўлены, пакрыты тлушчам, крывёй ягнят і казлоў, тлустасцю нырак барановых, бо ахвяра Госпада ў Босры і разня вялікая ў зямлі Эдом. Падаюць быкі разам з імі, цяляты разам з валамі, зямля напітаецца іх крывёю, а глеба — тлушчам іх сытасці; бо дзень помсты — у Госпада, год адплаты дзеля абароны Сіёна. І ператворацца ручаі яго ў смалу, а глеба яго — у серу, і будзе зямля яго смалою гаручаю. Не згасне ані ўдзень, ані ўночы яго дым, падымацца будзе вечна, пуставаць будзе з пакалення ў пакаленне, на векі вякоў ніхто праз яго не пройдзе. Пелікан і вожык будуць валодаць ім, пугач і крук паселяцца ў ім, і расцягне [Госпад] над ім шнур пустэчы і адвес спусташэння. Вяльможаў яго не застанецца, і не абвесцяць яны царства, ды ўсе князі яго будуць ні на што. На дамах яго вырастуць церні, на ўмацаваннях яго — крапіва і асот, і будзе лежбішча драконаў і выган страусаў. І збягуцца гіены ды суслікі, і касматае страшыдла будзе прызываць сябра свайго; там лямія прыляжа і знойдзе сабе адпачынак. Там гняздуецца змяя і кладзе яйкі, акопвае іх наўкола і выседжвае ў засені іх; туды злятаюцца каршуны адзін да аднаго. Пашукайце ў кнізе Госпада і чытайце! — аніводнага з іх не будзе бракаваць, адзін аднаго не павінен чакаць; бо вусны Госпада загадалі ды дух Яго — Ён іх сабраў. І Ён кінуў ім лёс, ды рука Яго падзяліла зямлю іх меркаю; вечна будуць валодаць ёю, з пакалення ў пакаленне будуць жыць на ёй.

Хай цешацца пустыня і бездарожжа, хай радуецца стэп і хай цвіце, як лілея! Хай квітнее і скача, поўная радасці і хвалы. Слава Лібана ёй дадзена, гожасць Кармэля і Сарона; яны ўбачаць славу Госпада, велічнасць Бога нашага. Зрабіце дужымі рукі аслабелыя і калені самлелыя. Кажыце маладушным: «Трымайцеся, не бойцеся! Вось, Бог ваш, помста надыдзе, адплата Божая; Ён сам прыйдзе і збавіць вас». Тады вочы сляпых адплюшчацца і вушы глухіх адкрыюцца. Тады заскача, як алень, кульгавы, і загамоніць радасна язык нямых, бо праб’юцца воды ў пустыні і ручаі ў стэпе. І зямля сухая заменіцца ў возера, а сасмаглая — у крыніцы водаў, а ў логавішчах, дзе жылі драконы, вырастуць трыснёг і чарот. І будзе там сцежка і дарога; і назавуць яе святой дарогай: не будзе ісці ёю нячысты; будзе ім дарога роўная, так што па ёй не будуць хадзіць неразумныя. Не будзе там ільва, ды драпежны звер не ўзыдзе на яе, і не будзе знаходзіцца там, а будуць ісці ёю тыя, хто будуць вызвалены, і адкупленыя Госпадам вернуцца. І прыйдуць яны з хвалою на Сіён, і радасць вечная — над іх галавою: весялосць і радасць яны здабудуць, а смутак і стогны сыдуць.

І сталася: у чатырнаццатым годзе валадарання цара Эзэкіі, наехаў Санхэрыб, цар асірыйцаў, на ўсе ўмацаваныя гарады юдэйскія і захапіў іх. І паслаў цар асірыйскі Рабсака з вялікім войскам у Ерузалім супраць цара Эзэкіі, і спыніўся ён пры канале Верхняй крыніцы, на дарозе Поля Валюшніка. І выйшлі да яго Эліякім, сын Хэлькіі, загадчык палаца, Собна, пісар, і Ёах, сын Асафа, дзееапісальнік. Рабсак пачаў гаварыць: «Скажыце Эзэкіі: так кажа вялікі цар, цар асірыйцаў: “Што ж гэта за надзея, на якую ты спадзяешся? Ты казаў пустыя словы: да бою патрэбны рада і сіла. На каго цяпер ты спадзяешся, бо ўзбунтаваўся ты супраць мяне? Вось, ты спадзяешся на гэтую надламаную палку трысняговую, на Егіпет; калі абапрэцца на яе чалавек, яна ўваб’ецца ў руку яго і праб’е яе: гэткі фараон, цар Егіпта, да ўсіх, хто на яго спадзяецца. А калі мне адкажаш: “У Госпадзе, Богу нашым, паклалі надзею”, — то ці ж Ён не ёсць Той, Якога вышыні і ахвярнікі пазносіў Эзэкія ды сказаў Юдзе і Ерузаліму: “Перад гэтым ахвярнікам будзеце пакланяцца”? А цяпер прысягні гаспадару майму, цару асірыйцаў, і я дам табе дзве тысячы коней, калі зможаш падабраць для іх вершнікаў з ліку тваіх. А якім чынам ты адвернеш аблічча хоць аднаго з найменшых слуг гаспадара майго? Але ты спадзяешся на Егіпет, на калясніцы і конніцу! Дык вось, ці ж не без волі Госпада пайшоў я на зямлю гэтую, каб спустошыць яе? Госпад сказаў мне: “Узыдзі на зямлю гэтую і спустош яе”». І сказалі Рабсаку Эліякім, Собна і Ёах: «Гавары слугам тваім па-арамейску, бо разумеем, не гавары да нас па-гебрайску ў прысутнасці людзей, якія ёсць на мурах». Але Рабсак адказаў: «Ці ж да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб мне сказаць усе гэтыя словы? Ці ж найперш не да людзей, якія сядзяць на мурах, каб есці свой кал і піць сваю мачу разам з вамі?» І ўзняўся Рабсак, і закрычаў моцным голасам па-гебрайску, і сказаў: «Слухайце словы вялікага цара, цара асірыйцаў! Гэта кажа цар: “Хай вас не зводзіць Эзэкія, бо ён не зможа вас уратаваць. Хай не надае вам Эзэкія надзею на Госпада, завяраючы: “Ратуючы, Госпад вызваліць нас; не будзе выдадзены гэты горад у рукі цара асірыйцаў!” Не слухайце Эзэкію, бо так кажа цар асірыйцаў: “Заключыце са мною пагадненне і выйдзіце да мяне; і будзеце есці кожны з свайго вінаградніку і кожны з свайго дрэва фігавага, ды будзеце піць ваду кожны з сваёй студні, пакуль не прыйду і не забяру вас у зямлю такую ж, як і ваша зямля, зямлю збожжа і віна, зямлю хлеба і вінаграднікаў”. Толькі Эзэкія хай вас не падманвае, кажучы: “Госпад нас выратуе”. Ці ж багі народаў выратавалі кожны сваю зямлю ад рукі цара асірыйцаў? Дзе ж багі Эмата і Арпада? Дзе ж багі Сэпарваіма? Ці ж уратавалі Самарыю з рукі маёй? Якія ж з усіх багоў гэтых земляў уратавалі зямлю сваю ад рукі маёй? Ці ж і Ерузалім уратуе Госпад ад рукі маёй?» І маўчалі яны, і не адказалі яму ані слова; бо загадаў ім цар, кажучы: «Не адказвайце яму!» Дык прыйшлі Эліякім, сын Хэлькіі, які быў загадчыкам палаца, і Собна, пісар, і сын Асафа, Ёах, з ліку ўпаўнаважаных, — да Эзэкіі, раздзёршы адзенне і перадалі яму словы Рабсака.

Калі гэта пачуў цар Эзэкія, раздзёр сваё адзенне, ахінуўся зрэбніцай і ўвайшоў у дом Госпада. Потым паслаў Эліякіма, загадчыка палаца, і Собну, пісара, і старэйшых святароў, ахутаных у зрэбніцы, да прарока Ісаі, сына Амоса, і сказалі яму: «Гэта кажа Эзэкія: “Дзень гэты ёсць днём смутку, і кары, і ганьбы, бо дайшлі дзеці да народзін, ды няма сілы нарадзіць. Можа, твой Госпад Бог пачуе словы Рабсака, якога паслаў гаспадар яго, цар асірыйцаў, каб блюзніць на Бога жывога, ды пакарае за словы, якія чуў Госпад, Бог твой; дык уздымі малітву за астатніх”». І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі. І сказаў ім: «Скажыце гэта гаспадару вашаму: вось што кажа Госпад: “Не палохайцеся слоў, якія вы чулі, якімі слугі цара асірыйцаў блюзнілі на Мяне. Вось, Я дам яму дух і пачуе ён вестку, вернецца ў сваю зямлю, ды зраблю, што ў зямлі сваёй прападзе ад меча”». Вярнуўся Рабсак і знайшоў цара асірыйцаў, здабываючага Лебну: пачуў бо, што цар адступіў з-пад Лахіса. І пачуў [Санхэрыб], як казалі пра Тарака, цара Этыёпіі: «Ён выйшаў ваяваць супраць цябе». Калі гэта пачуў, выправіў пасланцоў да Эзэкіі сказаць: «Вось што скажаце Эзэкіі, цару Юды: “Хай цябе не падманвае Бог твой, на Якога ты спадзяешся, кажучы: “Не будзе выдадзен Ерузалім у рукі цара асірыйцаў”. Дык жа чуў ты пра ўсё, што зрабілі цары асірыйцаў усім землям, якія прызначылі яны на загубу, а ты зможаш ухавацца? Ці ж збавілі іх багі народаў, якіх знішчылі бацькі мае? Газан, і Харан, і Рэзэф, ды сыноў Эдэна, якія жылі ў Тэласары? Дзе ж цар Эмата, і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Аны і Авы?”» Эзэкія ўзяў пісьмо з рукі пасланцоў і перачытаў яго. І пайшоў у дом Госпада, і развярнуў яго Эзэкія перад Госпадам. І маліўся Эзэкія да Госпада, кажучы: «О Госпадзе Магуццяў, Божа Ізраэля, Які сядзіш над херубінамі, Ты — адзіны Бог над усімі валадарствамі зямлі; Ты стварыў неба і зямлю. Схілі, Госпадзе, вуха сваё і пачуй, адкрый, Госпадзе, вочы свае і пабач ды выслухай усе словы Санхэрыба, якія перадаў ён, каб зняважыць Бога жывога! Праўда вось, Госпадзе, што цары асірыйскія знішчылі народы і іх краіны і аддалі агню іх багоў, бо яны не былі багі, але творы рук чалавечых, дрэва і камень, дык іх паразбівалі. Дык вось, Госпадзе, Божа наш, ухавай нас ад рукі яго, і хай даведаюцца ўсе валадарствы зямлі, што Ты, Госпадзе, адзіны Бог!» Дык паслаў Ісая, сын Амоса, да Эзэкіі сказаць: «Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля, адносна таго, што прасіў ты мяне ў справе Санхэрыба, цара асірыйскага; гэта вось слова, якое сказаў Госпад наконт яго: “Брыдзіцца табою, кпіць з цябе дзева, дачка Сіёна: за табою ківае галавой дачка Ерузаліма. Каго ты зневажаў і на Каго блюзніў? Ды супраць Каго падняў ты голас? І супраць Каго ўзняў вочы свае ўгору? Супраць Святога Ізраэлева! Праз сваіх вестуноў папракнуў ты Госпада і сказаў: “З мноствам маіх калясніц узышоў я на горныя узвышшы, на вяршыні Лібана; ды ссек вершаліны кедраў яго і найпрыгажэйшыя яліны яго, і дайшоў аж да межаў яго, у нетры густыя. Я капаў і піў ваду чужую і высушыў слядамі ног сваіх усе ручаі егіпецкія”. Ці не чуў? З даўнасці ўчыніў Я гэта, з дзён старажытнасці Я задумаў гэта, а цяпер здзейсніў, каб было на выкараненне, каб гарады ўмацаваныя абярнуліся каменнем. Жыхары іх, страціўшы сілу, задрыжалі і пакрыліся сорамам; сталіся, як сена на полі, і трава зялёная, і трава на стрэхах, што высахла ад ветру ўсходняга. Ведаю, калі ты сядаеш, калі выходзіш і ўваходзіш, неразумнасць тваю адносна Мяне. За тое, што бунтуеш ты супраць Мяне і пыха твая дайшла да вушэй Маіх, удзену кальцо ў ноздры твае ды цуглі ў вусны твае і адвяду цябе на дарогу, якою ты прыйшоў. А гэта будзе табе знакам: у гэтым годзе хай спажываюць тое, што змагло быць сабрана, і на наступны год — што само нарадзілася, а на трэці год сейце і жніце, закладайце вінаграднікі і ежце іх плады. А тое, што ўцалее з дому Юды, што засталося, хай зноў пусціць корань у глыб зямлі і выдасць плод наверх. Бо, вось, з Ерузаліма выйдзе рэшта і з гары Сіён — што ўцалее. Руплівасць Госпада Магуццяў здзейсніць гэта”». Таму вось гэта кажа Госпад пра цара асірыйцаў: «Не ўвойдзе ён у гэты горад, не выпусціць ён там стралы; не паставіць супраць яго шчыта, ані насыпле супраць яго валу. Дарогай, якою прыйшоў, тою вернецца, ды ў горад гэты не ўвойдзе, — кажа Госпад. — І Я абараню гэты горад, каб уратаваць яго, дзеля Мяне ды дзеля паслугача Майго Давіда». І выйшаў анёл Госпадаў, і забіў у лагеры асірыйцаў сто восемдзесят пяць тысяч; і абудзіліся раніцай, і вось, усе яны — мёртвыя трупы. І выйшаў ён, і адышоў; і вярнуўся Санхэрыб, цар асірыйцаў, і абжыўся ў Нініве. Ды сталася, калі ён маліўся ў храме Нэсроха, бога свайго, сыны яго, Адрамэлех і Сарасар, забілі яго і ўцяклі ў зямлю Арарат. І сын яго, Асархадон, стаў цараваць замест яго.

У тыя дні Эзэкія захварэў смяротна. І прыйшоў да яго Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Так кажа Госпад: “Распарадзіся домам сваім, бо памрэш ды не будзеш жыць”». Тады павярнуўся Эзэкія тварам сваім да сцяны і маліўся да Госпада, і сказаў так: «Госпадзе, прашу, успомні, малю, як вёў я сябе адносна Цябе верна і са шчырым сэрцам і, што добрае ў вачах Тваіх, тое рабіў». І плакаў Эзэкія плачам вялікім. І прамовіў Госпад да Ісаі, кажучы: «Ідзі і скажы Эзэкіі: гэта кажа Госпад, Бог Давіда, бацькі твайго: “Чуў Я маленне тваё, бачыў слёзы твае, вось жа, дакіну да дзён тваіх пятнаццаць гадоў, і ўратую з рукі цара асірыйцаў цябе і горад гэты, ды абараню гэты горад”. Такі вось будзе табе знак ад Госпада, што Госпад споўніць слова гэтае, што прамовіў: “Вось жа, Я адвяду цень на ступенях, па якіх [цень] прайшоў ужо з сонцам на сонечным гадзінніку Ахаза, на дзесяць ступеняў назад”». І вярнулася назад сонца на дзесяць ступеняў па ступенях, па якіх ужо прайшло. Пісанне Эзэкіі, цара Юдэйскага, калі ўпаў у хваробу, але быў аздароўлены ад немачы сваёй. Казаў я: «У палавіне дзён маіх пайду я да брамы пекла; прасіў я рэшту гадоў маіх». Казаў я: «Ужо не буду бачыць Госпада Бога на зямлі жывых, не ўбачу чалавека больш між жыхароў свету. Жытло маё прынята і перанесена далёка ад мяне, як палатка пастухоў; звіў Ён, як ткач, жыццё маё, ад кроснаў адарваў мяне. Ад рання да вечара мяне марнуеш. Павалены, ляжу я аж да раніцы, быццам леў, так сцёр усе косці мае; ад раніцы да вечара марнуеш мяне. Як птушанё ластаўкі, так запішчу, буду вуркатаць, як галубка; стаміліся вочы мае, углядаючыся ў вышыню. Госпадзе, цярплю прыгнёт, паручыся за мяне! Што скажу я, або што Ён мне адкажа? Ён гэта ўчыніў! Буду гэтак ісці праз усе гады мае ў горычы душы маёй. Госпадзе, на Цябе спадзяецца сэрца маё, хай жыве дух мой, аздараві мяне і ажыві мяне! Вось жа, на супакой замянілася горыч мая. Ты вось вырваў душу маю з ямы загубы, кінуў за спіну Сваю ўсе грахі мае. Бо не пекла хваліць Цябе будзе, ані смерць славіць Цябе будзе, не аглядаюцца на праўду Тваю тыя, якія сыходзяць у балота. Жывы, толькі жывы будзе славіць Цябе, як і я сёння: бацька абвесціць дзецям праўду Тваю. Госпадзе, аздараві мяне! І пад гук цытры будзем спяваць усе дні жыцця нашага ў доме Госпада». Дык загадаў Ісая, каб узялі кавалак пладоў дрэва фігавага і паклалі на рану, і паздаравеў. Ды сказаў Эзэкія: «Што будзе за знак, што я пайду ў дом Госпада?»

У той час Мэрадахбаладан, сын Баладана, цар Бабілона, паслаў лісты і падарункі Эзэкіі, бо ён чуў, што быў хворы і акрыяў. Узрадаваўся ім Эзэкія і паказаў ім сваю скарбніцу: срэбра, золата, духмянасці, шматкаштоўнае намашчэнне і ўсе склады дабра свайго ды ўсё, што знаходзілася ў скарбніцы яго. Нічога не засталося, чаго б не паказаў ім Эзэкія ў палацы сваім і ва ўсёй маёмасці сваёй. Тады вось прыйшоў да Эзэкіі, цара, Ісая, прарок, і сказаў яму: «Што сказалі гэтыя людзі ды адкуль прыбылі яны да цябе?» І сказаў Эзэкія: «З далёкай зямлі прыбылі яны да мяне, з Бабілона». Дык сказаў ён: «Што бачылі яны ў тваім доме?» Эзэкія адказаў: «Усё, што ёсць у доме маім, бачылі: не было аніводнай рэчы, якой не паказаў бы ім з сваіх каштоўнасцей». Дык сказаў Ісая Эзэкіі: «Паслухай слова Госпада Магуццяў: “Вось жа прыйдуць дні, і возьмуць ад цябе ўсё, што ёсць у доме тваім і што назбіралі бацькі твае аж да сённяшняга дня, — у Бабілон, і не пакінуць нічога, — кажа Госпад. Нават некаторых з сыноў тваіх, якія выйдуць з цябе, якіх ты нарадзіў, возьмуць, і яны будуць еўнухамі — слугамі ў палацы цара Бабілонскага”». Дык сказаў Эзэкія Ісаі: «Добрае слова Госпада, якое ты сказаў». І дадаў: «Каб толькі былі супакой і бяспека ў дні мае».

«Пацяшайце, пацяшайце народ Мой, — кажа Бог ваш. — Прамаўляйце да сэрца Ерузаліма і крычыце да яго, бо скончылася ліхота яго, адпакутавана правіннасць яго; атрымала з рукі Госпада падвоеную кару за ўсе грахі свае». Голас таго, хто кліча ў пустыні: «Рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі на пустыні Богу нашаму. Хай усякая яма будзе засыпана, і кожная гара і ўзгорак хай будуць паніжаны, і крывізны хай стануць роўнымі, а церні — гладкімі дарогамі. І аб’явіцца ласка Госпада, ды таксама ўбачыць кожнае цела, што сказалі вусны Госпада». Голас кажучага: «Крычы!» А я сказаў: «Што маю крычаць?» Кожнае цела — трава, і ўся яго слава — як кветка палявая. Высахла трава, і завяла кветка, бо дух — вецер Госпадаў — падуў на яе; сапраўды, народ ёсць сена. Высахла трава, і завяла кветка, слова, аднак, Бога нашага трывае вечна. Узыдзі на высокую гару, ты, што абвяшчаеш добрую навіну на Сіёне; падымі мужна голас твой, ты, якая абвяшчаеш добрую навіну ў Ерузаліме, падымі голас, не бойся, кажы гарадам Юды: «Вось Бог ваш! Вось, Госпад Бог прыходзіць з моцай, і плячо Яго заваладарыць: вось, адплата Яго з Ім разам і перад абліччам Яго ўзнагарода Яго. Як пастыр, пасе статак Свой, зганяе рукою Сваёй ягнят ды прыціскае іх да грудзей Сваіх; Сам носіць матак». Хто змераў жменяй воды, ды хто далонню змераў нябёсы? Хто меркаю ахапіў глебу зямную? Хто зважыў на вагах горы і на шалях узгоркі? Хто пакіраваў духам Госпада? Або хто быў дарадчыкам Яго? З кім Ён раіўся, і хто вучыў Яго, і хто Яго настаўляў на шлях справядлівасці і перадаваў Яму веды ды паказаў Яму дарогу разважлівасці? Вось жа, народы — як кропля ў пасудзіне, і ўважаюцца як дробка парахна на шалях; і астравы — як пылінка малая. І Лібана не хопіць для падпалу, і жывёл яго не хопіць на цэласпаленні. Усе народы перад Ім — як быццам іх няма; за нішто і за марнасць уважаюцца Ім. Дык каму падобным зробіце Бога? Або які абраз прымяркуеце Яму? Скульптуру адлівае рамеснік, залатых спраў майстра пацягвае яе золатам, і бляшкамі срэбранымі — срабрыцель. Вельмі бедны, каб пасвяціць дрэва негніючае, падбірае сабе мудрага мастака, каб паставіў статую, якая не пахіснулася б. Ці вы не ведаеце? Ці вы не чулі? Ці вам не было абвешчана ад пачатку? Ці ж вы не зразумелі асновы зямлі? Ён ёсць Той, Хто сядзіць над колам зямлі, і жыхары яе — як саранча перад Ім; хто расцягнуў, як парус, нябёсы, і раскінуў іх, як палатку для жытла? Ён князёў зводзіць на нішто, суддзяў зямлі робіць марнасцю. Ды вось нават не пасаджаны, нават не засеяны, нават не закараніўся іх камель у зямлі; раптам дыхнуў на іх — і павысыхалі, і віхор, як салому, панясе іх. «Дык да каго ж вы прыпадобніце Мяне, каб быў Я яму быццам роўны?» — кажа Святы. Падыміце вочы вашы да вышыняў і паглядзіце: Хто стварыў гэта? Той, Хто парадкам вядзе іх войска і заве іх па імені; дзеля такой вялікасці моцы і магутнасці і дужасці Яго аніводнага не бракуе. Чаму кажаш, Якубе, і ты гаворыш, Ізраэлю: «Схавалася дарога мая перад Госпадам. І суд мой прайшоў міма Бога майго»? Ці не ведаеш? Або ці не чуў? Бог, спрадвечны Госпад, Які стварыў межы зямлі, Ён не спыніцца, і не стоміцца, і не зняможацца; немагчыма спасцігнуць мудрасць Яго! Ён дае знямогламу сілу, а кволаму моц павялічвае. Хлапчукі аслабнуць і знямогуцца, ды юнакі паваляцца ў стоме. Тыя ж, што даверыліся Госпаду, адновяць сілу, атрымаюць, як арлы, крылы, пабягуць і не стомяцца, пойдуць і не саслабеюць.

«Хай маўчаць астравы перада Мною, няхай народы адновяць сілы; хай прыходзяць і тады гавораць, паспяшым разам да суда!» Хто падняў з усходу таго, за крокамі якога ідзе справядлівасць? Дасць перад абліччам яго народы і падпарадкуе яму валадароў, меч яго зробіць іх, быццам парахно, лук яго — як салому, падхопленую ветрам. Ён будзе пераследаваць іх і ісці будзе ў супакоі; сцяжыны не будзе бачна пад яго нагамі. «Хто дзейнічаў і здзейсніў, паклікаючы пакаленні спакон вякоў? Я, Госпад, першы, і з апошнімі таксама Я. Убачылі астравы і спалохаліся, канцы свету аслупянелі, наблізіліся і адышлі. Кожны будзе дапамагаць блізкаму свайму і скажа брату свайму: “Мацуйся!” Узмацуе майстар залатара, а малатабоец таго, які куе, кажучы пра склейку: “Яна добрая”; і ўмацоўвае яе цвікамі, каб не рухалася. Ты вось, Ізраэлю, слуга Мой, Якубе, якога Я выбраў, патомства Абрагама, сябра Майго, якога спахваціў Я з канца зямлі, і з далёкіх ускрайкаў яе паклікаў цябе і сказаў табе: “Ты мой паслугач: Я выбраў цябе і не адкінуў цябе. Не бойся, бо Я з табою: не збочвай, бо Я — Бог твой! Прыдам табе сілы і дапамагу табе, ды буду трымаць цябе Маёй правіцай справядлівай”. Вось жа, засаромеюцца і пачырванеюць усе, якія злуюцца на цябе; будуць, як бы іх не было, і папрападаюць усе, хто гавораць насуперак табе. Будзеш шукаць іх, і не знойдзеш людзей, якія спрачаюцца з табой; будуць, як бы іх не было, і быццам яны нішто, — людзі, якія ваююць супраць цябе. Бо Я — Госпад, Бог твой, Які трымае цябе за руку і кажа табе: “Не бойся, чарвяк Якубе, Я дапамагу табе. Не бойся, чарвяк Якубе, — людзі з Ізраэля, — Я дапамагу табе”, — кажа Госпад і Збаўца твой, Святы Ізраэлеў. Я перамяню цябе, як бы малацільную цялежку новую, якая мае падвоеныя рады зубоў. Будзеш малаціць горы — і сатрэш іх, і ўзгоркі зробіш, быццам парахно. Правееш іх, і вецер разгоніць іх, і бура рассыпле іх: а ты будзеш радавацца ў Госпадзе і цешыцца ў Святым Ізраэлевым. Бедныя і ўбогія шукаюць вады — і няма! Язык іх высах ад смагі. Я, Госпад, выслухаю іх, не пакіну іх, — Бог Ізраэля! Адрыю з голых скал рэкі, а на сярэдзіне лугоў — крыніцы; замяню пустыню на азёры, а сухую зямлю — на вадзяныя ручаі. Пасаджу ў пустыні кедр, касію, мірт і аліўкавае дрэва; развяду на пустыні елку, вяз і разам кіпарысы, каб бачылі і ведалі, разважалі і адначасна разумелі, што рука Госпадава зрабіла гэта ды Святы Ізраэлеў стварыў гэта». «Прадстаўце справу вашу», — кажа Госпад, — і «Прывядзіце, калі маеце, доказы», — сказаў Валадар Якуба. Хай прыйдуць і паведамяць нам, якая будучыня; паведаміце, што было раней, каб прыклалі мы сэрца наша і каб ведалі, што цяпер, ды, што будзе, выявіце нам. Абвясціце, што мае стацца ў будучыні, каб пазналі мы, што вы багі. Зрабіце хоць што добрага або ліхога, каб разгледзелі мы і ўбачылі разам. Вось жа вы — нішто, і праца ваша нічога не значыць, абрыда — той, хто вас выбірае. «Узбудзіў Я з поўначы, і ён прыйшоў з усходу сонца; пазваў яго па імені; і ён стопча магнатаў, як балота, падобна, як ганчар топча гліну». Хто абвясціў ад пачатку, каб мы ведалі, і намнога раней, каб сказалі мы: «Справядліва». Ніхто не аб’яўляў, ніхто не абвяшчаў, ніхто таксама не чуў слоў вашых. «Першы [абвяшчаю] Сіёну: “Вось, прысутныя; і для Ерузаліма даю вестуна радасці”. І глядзеў Я, і не было нікога, нікога з іх, здатнага да рады, каб адказалі слова, калі іх запытаю. Вось, усе яны — брыдота, марныя справы іх; вецер і нішчымнасць — статуі іх.

Вось жа слуга Мой, якога падтрымаю, выбраннік мой, у якім мае ўпадабанне душа Мая; спаслаў Я Духа Майго на яго, ён надасць закон народам. Не будзе крычаць і не падыме голасу, не пачуецца голас яго на двары. Трысціны надламанай не зломіць і кнота тлеючага не стушыць; надасць ён закон па праўдзе. Не знеахвоціцца, ані заломіцца, пакуль не ўстановіць на зямлі закон, Яго закону чакаюць астравы». Вось што кажа Госпад Бог, Які стварыў нябёсы і распасцёр іх, умацаваў зямлю і тое, што вырастае з яе, даў подых [жыцця] людзям, якія жывуць на ёй, і дух тым, якія ходзяць па ёй: «Я, Госпад, паклікаў цябе ў справядлівасці, і ўхапіў цябе за руку; і ўфармаваў цябе, і ўстанавіў цябе, як пагадненне людзям, як святло для паганаў, каб адкрыў ты вочы сляпым ды вывеў з заключэння вязня, з вязніцы — тых, якія сядзяць у цемры. Я — Госпад: гэта імя Маё; і славы сваёй не аддам іншаму, і хвалы сваёй — ідалам. Першыя падзеі, якія былі, — вось, збыліся, новыя ж — аб’яўляю таксама: перш, чым здзейсняцца, — дам вам пачуць». Спявайце Госпаду песню новую, хвала Яго — з канцоў зямлі; вы, якія сыходзіце ў мора, і тое, што поўніць яго, астравы і іх жыхары. Хай радуецца пустыня і яе гарады, пасяленні, якія абжывае Кедар! Жыхары Петры хай гамоняць радасна, з вяршыняў гор хай усклікаюць. Хай аддаюць хвалу Госпаду і славу Яго абвяшчаюць на астравах! Госпад выйдзе, як асілак, і, як ваяр, падтрымае запал; падасць Ён голас і пачне склікаць, перавысіць моцай ворагаў сваіх. «Маўчаў заўсёды, трымаўся ціха, быў цярплівы; цяпер, як парадзіха, загаманю, буду стагнаць і крычаць разам. Пустымі зраблю горы і ўзгоркі ды высушу ўсю зелень іх. Змяню рэкі ў астравы, а азёры асушу. І павяду сляпых па дарозе, якой не ведаюць, ды па сцежках, якіх не спазналі, дам ім хадзіць, замяню цемру перад імі на святло, а крывое — на роўнае. Гэтыя словы споўню для іх ды не пакіну іх». Павярнуліся яны назад; хай пасаромеюцца ад ганьбы тыя, хто вераць у ідалаў, якія кажуць літому балвану: «Вы — нашы багі». «Глухія — слухайце! А сляпыя — углядайцеся, каб бачыць! Хто сляпы, як слуга Мой, а глухі, як пасланец, якога выпраўлю? Хто сляпы, як той, хто збаўлены? І хто сляпы, як слуга Госпада? Многа бачыў ты, а не беражэш; вушы адкрыў ты, а не чуеш». Дзеля Сваёй справядлівасці Госпад захацеў узвялічыць закон і ўзвысіць. Гэты ж народ абрабаваны і спустошаны, у падзямеллі замкнуты ўсе ды запёрты ў вязніцах. Зрабіліся здабычаю, і няма таго, хто ўратуе [аддадзеных] на рабункі, і няма таго, хто скажа: «Аддай!» Хто з вас, калі пачуе гэта, узважыць і прыслухаецца да будучыні? Хто выдаў Якуба на рабунак, а Ізраэля — на спусташэнне? Ці ж не Сам Госпад, перад Якім награшылі? І не хацелі хадзіць Яго дарогамі, ды не слухалі закону Яго. Дык выліў на яго абурэнне гневу Свайго і моцную бітву і спаліў яго наўкола — і той не ўцяміў, і падпаліў яго, а ён не зразумеў.

А цяпер гэтак кажа Госпад, Які стварыў цябе, Якубе, і ўфармаваў цябе, Ізраэлю: «Не бойся, бо адкупіў Я цябе і назваў цябе імем тваім; ты — Мой. Калі пойдзеш праз ваду, з табой буду, і рэкі не затопяць цябе; калі будзеш ісці праз агонь, не згарыш, і полымя не спаліць цябе, бо Я — Госпад, Бог твой, Святы Ізраэля, твой Збаўца: Я даў Егіпет на адкупленне цябе, Этыёпію і Сабу — за цябе, бо дарагім стаўся ў вачах Маіх і слаўным, Я люблю цябе і дам людзей за цябе і народы — за душу тваю. Не бойся, бо Я з табою, ад усходу прывяду патомства тваё і з захаду збяру цябе. Скажу поўначы: “Аддай!” і поўдню: “Не забараняй! Прывядзі сыноў Маіх здалёк і дачок Маіх з канцоў зямлі”. Кожнага, хто завецца Маім імем, Таго стварыў Я на Сваю славу, уфармаваў яго і зрабіў яго». Выведзі вонкі народ сляпы, хоць маюць яны вочы, глухіх, хоць ёсць у іх вушы. Хай усе народы збяруцца разам і аб’яднаюцца плямёны: хто з іх абвесціць гэта і папярэднія дзеі дасць нам пачуць? Хай дадуць сведкаў сваіх, і хай апраўдваюцца, і хай слухаюць і кажуць: «Гэта праўда!» «Вы сведкі мае, — кажа Госпад, — ды паслугач мой, якога Я выбраў, каб ведалі і верылі Мне і зразумелі, што Я той самы; перада Мною бог не быў утвораны і па Мне — не будзе. Я, Я — Госпад, і па-за Мной няма збаўцы. Я гэта абвясціў і збавіў; даў чуць, і не было ў вас чужога; а вы — сведкі Мае, — кажа Госпад, — і Я — Бог. Я ад самага пачатку Той Самы. І няма нікога, хто б вырваў з Маёй рукі; Я ўчыню, і хто зменіць гэта?» Гэта кажа Госпад, Адкупіцель ваш, Святы Ізраэлеў: «Дзеля вас паслаў у Бабілон і вывеў усіх бежанцаў і халдэяў, якія выхваляюцца сваімі караблямі. Я — Госпад, ваш Святы, Творца Ізраэля, ваш Валадар». Гэта кажа Госпад, Які праклаў дарогу праз мора і сцежку праз бурныя воды, Які вывеў калясніцу і каня, дружыну і асілка; усе разам паляглі і не падняліся, былі сцёртыя і, як кнот, патушаныя: «Не ўспамінайце мінулага і не прыглядайцеся да старадаўняга: вось, Я чыню новае, і цяпер збудзецца; ці ж вы не пазнаеце гэтага? Вось жа, пакладу дарогу праз пустыню, а на бездарожжы — рэкі. Будуць славіць Мяне палявы звер, драконы і страусы, бо вывеў Я на пустыні воды, а рэкі на бездарожжы, каб даць пітво народу Майму, выбранаму Майму. Народ гэты Я сфармаваў для Сябе, будуць яны распавядаць Маю хвалу. Ты, Якубе, не прызываў Мяне, а ты, Ізраэлю, быў апанаваны нават непрыязнасцю да Мяне. Не ахвяраваў ты Мне ягнят цэласпалення твайго, ні сваімі ахвярамі падзякі не ўславіў Мяне. Не абцяжарыў Я цябе ахвярай добраахвотнай, не зрабіў Я табе прыкрасці з кадзілам. Не купіў ты Мне трыснягу за грошы і тлустасцю тваіх ахвяр падзякі не насыціў Мяне; наадварот, прымусіў Мяне цярпець цяжар тваіх грахоў, зрабіў Мне прыкрасць правіннасцямі тваімі. Я, Я — Той Самы, Які нішчу правіннасці твае адносна Мяне і не ўспомню грахоў тваіх. Дай Мне прыпомніць, судзіць будзем разам, расказвай, каб апраўдацца. Зграшыў твой першы бацька, і пасрэднікі твае спракудзіліся перада Мною. Дык спаганіў Я князёў свяцілішча, аддаў Якуба на вынішчэнне, а Ізраэля — на пасмяянне.

Вось жа цяпер, слухай, Якубе, паслугач Мой, і ты, Ізраэлю, якога Я выбраў». Гэта кажа Госпад, Які стварыў цябе і ўфармаваў цябе ад улоння, Успаможца твой: «Не бойся, паслугач Мой Якубе, і ўмілаваны, якога Я выбраў. Бо разалью воды на зямлю сасмаглую ды рэкі на сухую, вылью ад Духа Майго на патомства тваё і дабраславенне Маё на нашчадкаў тваіх. І будуць расці паміж травы, як таполі паблізу цякучых водаў. Той скажа: “Я — Госпадаў”, а другі назавецца імем Якуба. А гэты напіша сваёю рукой: “Госпадаў”; і запішацца імем Ізраэль. Гэта кажа Госпад, Валадар Ізраэля і Збаўца яго, Госпад Магуццяў: “Я — першы і Я — апошні, і, апроч Мяне, няма Бога. Хто падобны да Мяне? Хай пакліча і абвесціць, ды хай прадставіць Мне, з чаго ўсталяваў Я старадаўні народ; будучыню і тое, што мае быць, хай абвесціць нам. Не бойся, не трывожся. Ці ж не даў Я табе пачуць з тых часоў і ці не абвясціў? Вы — сведкі мае. Ці ж ёсць Бог, апроч Мяне, або якая скала, якой Я не ведаў бы?”» Усе разьбяры балванаў — нішто, і каштоўнасці іх не прыдадуцца ім. Спахвальнікі іх самі не бачаць, і не разумеюць, каб пачулі стыд. Хто ж зрабіў бога і выліў статую, што не прыносіць ніякай карысці? Вось, усе ўдзельнікі гэтага засаромеюцца; бо творцы іх самі з’яўляюцца людзьмі. Хай сыдуцца ўсе і стаяць. Разам усе спалохаюцца і засаромеюцца. Рамеснік па жалезе вырабляе на вуглях сякеру ды молатам надае ёй форму, і апрацоўвае яе сілай рукі сваёй; адчувае смагу, знясільваецца, не п’е вады і стамляецца. Разьбяр робіць памеры, расчэрчвае яго палачкай, выдзёўбвае долатам і крэсліць цыркулем па ім на падабенства мужа, прыгожага чалавека, і ён застанецца ў доме. Насякае ён сабе кедраў і бярэ дрэва кіпарысавае і дубовае, якое стаяла паміж дрэў лесу; пасадзіў ён ясень, які дождж корміць. Усё гэта пайшло чалавеку на паліва; бярэ яго, каб сагрэцца, і запальвае, і пячэ хлеб. А з таго, што засталося, ён робіць бога, перад якім падае на твар; робіць статую і схіляецца перад ёю. Адну палавіну яго спальвае на агні, на другой пячэ мяса; з’ядае смажанае мяса і наядаецца, саграваецца і кажа: «Ага! Але і нагрэўся і бачыў вогнішча». З рэшты яго робіць бога, статую сабе, кідаецца на твар перад ёй і кланяецца ёй, і моліцца, кажучы: «Вызвалі мяне, бо ты — бог мой!» Не ведаюць яны і не разумеюць, бо заплюшчыў Ён вочы іх, каб не бачылі і не разумелі ў сэрцы сваім. Не разважаюць яны ў сваім сэрцы, не хапае ім навукі і разумення, каб сказаць: «Палавіну яго спаліў агнём ды спёк на распаленых вуглях яго хлеб, спёк мяса і з’еў, а з рэшты яго зраблю агіду! Ці ўпасці мне ніцма перад кавалкам дрэва?» Такі вось жывіцца попелам; неразумнае сэрца звяло яго, ды не вызваліць ён душы сваёй і не скажа: «Ці ж не падман у правіцы маёй?» «Помні, Якубе, пра гэтыя рэчы, і ты, Ізраэлю, бо ты слуга Мой; Я ўфармаваў цябе, ты слуга Мой, Ізраэлю, не забывай Мяне! Зняў, як хмару, няправасці твае і грахі твае, быццам воблака; вярніся да Мяне, бо Я адкупіў Цябе!» Гаманіце, нябёсы, бо гэта ўчыніў Госпад; усклікайце, падмуркі зямлі! Рэхам хвалы разлягайцеся, горы, лес і кожнае дрэва яго, бо Госпад адкупіў Якуба ды праславіцца ў Ізраэлі. Гэта кажа Госпад, Адкупіцель твой і Творца твой ад улоння: «Я — Госпад, Які стварыў усё, распасцёр нябёсы адзін, расцягнуў зямлю; а хто са Мною? Я той, што неістотнымі раблю знакі варажбітоў і выяўляю неразумнасць прадказальнікаў, назад адкідаю мудрых і мудрасць іх раблю марнай. Выклікаю слова слугі Свайго і дапаўняю раду пасланцаў Сваіх. Я той, Які кажу Ерузаліму: “Будзеш абжыты!” — і гарадам Юды: “Будзеце адбудаваныя!” — і пустэчу яго аднаўлю! Я Той, Які кажу бездані: “Высахні, і рэкі твае высушу!” Я — Які кажу аб Кіры: “Ён — пастыр Мой і споўніць усю волю Маю”, Які кажу Ерузаліму: “Будзеш адбудаваны!”, а святыні: “Будзеш заснаваная”».

Вось што кажа Госпад аб намашчэнцы сваім Кіры: «Я моцна ўхапіў яго за правіцу, каб падначаліць народы перад абліччам яго, і каб павярнуць спіны цароў, ды каб адчыніць перад ім дзверы; і брама не замкнецца. Я пайду перад табою і паніжу горы, брамы медныя разаб’ю і запоры жалезныя паламаю. І перадам табе схаваныя скарбы і багацці скрытыя, каб ведаў ты, што Я — Госпад, Які паклікаў цябе імем тваім, Бог Ізраэля, дзеля паслугача Майго Якуба і Ізраэля, выбранніка Майго, Я назваў цябе тваім імем, вызначыў цябе, а ты Мяне не пазнаў. Я — Госпад, і няма іншага. Па-за Мною няма бога. Апаясаў Я цябе, а ты не пазнаў Мяне, каб ведалі ад усходу сонца і ад захаду, што без Мяне няма нічога. Я — Госпад, і няма іншага. Я твару святло і твару цемру, спраўляю супакой і ствараю ліхоту: Я, Госпад, чыню ўсё гэта. Зросьце, нябёсы, зверху, і хмары хай здажджаць справядлівасць, хай раскрыецца зямля і вырасціць збаўленне; і хай разам з’явіцца справядлівасць. Я, Госпад, стварыў яе. Гора таму, хто працівіцца свайму Творцу, чарапок сярод гліняных гаршкоў зямлі! Ці ж скажа гліна ганчару свайму: “Што робіш?” або: “Твая работа бязрукая”? Гора таму, хто кажа бацьку: “Навошта родзіш?”, або маці: “Навошта нарадзіла?” Гэта кажа Госпад, Святы Ізраэлеў, і Скульптар яго: “Ці ж пытаеце вы Мяне пра будучыню для сыноў Маіх і ці загадваеце Мне адносна працы рук Маіх? Я стварыў зямлю, і чалавека на ёй стварыў Я; рукі Мае дакрануліся да нябёсаў, і даю загады ўсяму іх войску. Я выгадаваў яго ў справядлівасці і кірую ўсімі яго дарогамі; ён адбудуе горад Мой і адашле Маіх палонных без выкупу і аднагараджэння”, — кажа Госпад Магуццяў. Гэта кажа Госпад: “Праца Егіпта і гандаль Этыёпіі, і сабэйцы, людзі рослыя, пяройдуць да цябе і тваімі будуць; за табой будуць хадзіць, прыйдуць у путах і паклоняцца табе, і будуць прасіць цябе малітоўна: “Толькі ў табе — Бог”, і “Апроч Цябе няма бога”». Сапраўды, Ты ёсць Богам схаваным, Божа Ізраэлеў, Збаўца! Майстры ідалаў засаромеліся і пачырванелі ўсе, адышлі яны ўсе разам на ганьбу. Ізраэль збаўлены збаўленнем вечным у Госпадзе; не будзеце засаромлены ды не пачырванееце аж на векі вечныя. Бо гэта кажа Госпад, Які стварыў нябёсы, Сам Бог, Які ўфармаваў зямлю і стварыў яе, і ўгрунтаваў яе. Стварыў яе, каб не была пустой, але ўфармаваў яе для пражывання: «Я — Госпад, і няма іншага. Не прамаўляў Я патаемна, у цёмным закутку зямлі, не казаў я патомству Якуба: “Дарэмна шукаеце Мяне”. Я — Госпад, прамаўляю справядлівасць, абвяшчаю тое, што правільна. Збярыцеся і прыходзьце і прыступайце разам, якія ўратаваліся з народаў. Не ведаюць [праўды] тыя, якія носяць дрэва разьбы сваёй і просяць бога, які не можа збавіць. Абвясціце і прыходзьце, і параімся разам. Хто даў пачуць пра гэта ад пачатку і гэта прадказаў даўно? Ці ж не Я — Госпад, і няма другога Бога, апроч Мяне? Бога справядлівага, Які збаўляе, апрача Мяне, няма. Павярніцеся да Мяне і будзеце збаўлены, усе канцы зямлі, бо я — Бог, а іншага няма. Прысягнуў Я Самім Сабою: з вуснаў Маіх выйшла справядлівасць, слова, якое не вернецца; бо перада Мною сагнецца кожнае калена ды кожны язык будзе вызнаваць Бога». «Толькі ў Госпадзе, — скажуць, — справядлівасць і сіла!» Да Яго прыйдуць, і будуць засаромлены ўсе, якія працівяцца Яму. У Госпадзе апраўдаецца і ўславіцца кожны нашчадак Ізраэля.

Упаў Бэл, сагнуўся Нэба; ідалы іх — на звярах і жывёле. Статуі вашы сталі цяжкай ношаю для змучаных. Пазгіналіся і пападалі разам, не маглі вытрымаць цяжару, і самі пойдуць у палон. «Паслухай Мяне, доме Якуба, і ўся рэшта дому Ізраэля, якога Я нашу ад улоння, якога Я гадую ад пачацця. Я — Той Самы аж да старасці, ды аж да сівізны буду падтрымліваць вас. Я стварыў, і Я вазьму, Я панясу і збаўлю. Каму Мяне падобным і роўным зробіце? І з кім Мяне параўнаеце, каб мы былі падобнымі? Тыя — выкідаюць золата з капшука і срэбра важаць на вазе, наймаюць залатых спраў майстра, каб змайстраваў бога, а потым пакланяюцца і славяць. Падымаюць яго на плечы і носяць, потым ставяць на сваім месцы; і будзе стаяць, і з месца свайго не зрушыцца, але, калі хто прызывае яго, не адказвае, ды ад бяды яго не збавіць яго. Помніце пра гэта і саромейцеся! Крывадушнікі, навярніцеся сэрцамі! Прыпомніце век мінулы, бо Я — Бог, і больш няма Бога, няма падобнага да Мяне. Я абвяшчаю ад пачатку тое, што ў канцы, ды ад даўніх часоў тое, што яшчэ не адбылося, кажучы: “Намер Мой усталюецца, і здзейсню Я ўсю волю Сваю”. Прызаву з усходу драпежную птушку, і з далёкай зямлі чалавека намеру Майго; дык Я сказаў, і выканаю гэта; вырашыў, і здзейсню тое. Слухайце Мяне, жорсткія сэрцам, якім далёка да справядлівасці! Прыблізіў Я справядлівасць Маю, не будзе далёка; не замарудзіць і Маё збаўленне: і дам на Сіёне збаўленне, а Ізраэлю — славу Маю».

«Сыдзі ды сядзь у попеле, дзева, дачка Бабілона! Сядзь на зямлі, не на пасадзе, дачка халдэйская! Бо болей не будзеш называцца прывабнай і пяшчотнай. Вазьмі жорны і мялі муку, здымі вэлюм свой, прыпадымі сукенку, адкрый голені, перайдзі па вадзе! Адкрыецца галізна твая, і ўбачаць няславу тваю. Учыню Я помсту, нікога не пашкадую, — кажа Адкупіцель наш, імя Яго — Госпад Магуццяў, Святы Ізраэлеў. — Сядзь моўчкі і ўвайдзі ў цемру, дачка халдэйская! Бо не назавуць цябе больш валадаркай царстваў. Раззлаваўся Я на народ Мой, апаганіў спадчыну Маю і аддаў іх у руку тваю, не аказала ты ім міласэрнасці, на старца ўсклала вельмі цяжкае ярмо тваё. Ты казала: “Вечна буду я валадаркай”. Не паклала ты гэтага на сэрца сваё і не прыгадала таго, што будзе потым. А цяпер паслухай вось што, прыгажуня, ты жывеш самаўпэўнена і кажаш у сэрцы сваім: “Я, і апрача мяне — ніякай іншай, не застануся ўдавой і не зазнаю бяздзетнасці!” Прыйдуць да цябе абедзьве гэтыя: раптам, у адзін дзень, і бяздзетнасць, і ўдоўства; нечакана зваляцца яны на цябе дзеля мноства чараўніцтваў тваіх, дзеля шматлікасці закляццяў тваіх. І давер мела ты ў ліхоце сваёй, і казала: “Няма нікога, хто ўбачыць мяне”. Мудрасць твая і веды твае, — падманулі яны цябе. І сказала ты ў сэрцы сваім: “Я, і апрача мяне, — ніякай іншай”. Прыйдзе на цябе няшчасце, і ты не будзеш ведаць, адкуль яно падымецца, і спадзе на цябе бяда, якой не зможаш адвярнуць; прыйдзе на цябе раптам гора, якога не ведаеш. Трымайся сваіх закляццяў і мноства злачынстваў сваіх, у якіх практыкавалася ад юнацтва свайго; можа, дапаможаш сабе, а можа, утрымаешся. Змарнела ты ад мноства дараднікаў сваіх, хай стаяць і ратуюць цябе, якія разглядаюць неба і абвяшчаюць пры кожным маладзіку, што з табой будзе. Вось жа, сталіся яны, як саломіны, агонь спаліў іх. Не вызваляць яны саміх сябе ад моцы агню; гэта не вуглі, якімі сагрэюцца, і гэта не вогнішча, каб сядзець пры ім. Такімі робяцца для цябе твае чараўнікі, з якімі ты займалася ад юнацтва свайго; кожны блудзіць на дарозе сваёй, няма нікога, хто цябе ўратуе.

Слухайце гэта, доме Якуба, якія называецеся імем Ізраэля і якія паходзіце з вытокаў Юды; вы, што прысягаеце ў імя Госпада і Бога Ізраэля прызываеце, ды не ў праўдзе і не ў справядлівасці. З горада Святога пакліканы яны, і апіраюцца на Бога Ізраэля; імя Яго — Госпад Магуццяў. «Падзеі ранейшыя даўно вам абвясціў, і з вуснаў Маіх яны выйшлі, і Я даў пачуць іх; раптам стаў дзейнічаць, і збыліся. Ведаў вось Я, што ўпорысты ты і што карак твой — жалезная жыла, а чало тваё меднае. Прадказаў я табе даўно, перш, чым збыліся, паказаў табе, каб часам не сказаў ты: “Ідал мой гэта зрабіў, ды скульптура мая і статуя загадалі пра гэта”. Ты чуў і пабачыў усё гэта, ці ж цяпер гэтага не абвесціш? Даю цяпер табе пачуць новае і схаванае, чаго не ведаеш. Толькі што створаны, а не даўно, ды перад днём іх, а ты не чуў пра іх, каб часам не сказаў: “Вось, я ведаў пра іх”. Ані ты чуў, ані ведаў, ані тады адкрылася вуха тваё; бо ведаю, што ты пераваротна крывіш душою і завуць цябе парушальнікам ад улоння. Дзеля імя Майго аддалю абурэнне Сваё і дзеля славы Сваёй стрымаю Сябе адносна цябе, каб цябе не знішчыць. Вось жа, пераплавіў Я цябе, але не як срэбра, выпрабаваў цябе ў печы ўбогасці. Дзеля Мяне, дзеля Мяне так учыню, каб не быў зняважаны; і славы Сваёй не аддам іншаму. Слухай Мяне, Якубе, ды Ізраэлю, якога Я паклікаў; Я, Я — першы, і Я — апошні. Рука Мая заснавала зямлю, і Мая правіца распасцёрла неба. Я клічу іх, і яны становяцца разам. Збярыцеся вы ўсе і слухайце: хто з іх абвясціў гэтыя рэчы? Госпад узлюбіў Яго; ён споўніць волю Яго над Бабілонам і руку Яго [уздыме] над халдэямі. Я, Я сказаў і паклікаў яго; прывёў яго, і паспяховым быў шлях яго. Ідзіце да Мяне і паслухайце вось што: не ў скрытасці гаварыў Я ад пачатку, з таго часу, як гэта споўнілася, Я быў там; а цяпер паслаў Мяне Госпад Бог разам з Духам Сваім». Вось што кажа Госпад, Адкупіцель твой, Святы Ізраэлеў: «Я — Госпад, Бог твой, вучу цябе карысным рэчам, кіруючы табой у дарозе, якою ідзеш. О, каб зважаў ты на Мае прыказанні! Стаўся б твой супакой, як рака, а справядлівасць твая, як марскія хвалі, і былі б твае нашчадкі, як пясок, а парасткі ўлоння твайго, як яго зярняты, ніколі б не было знішчана і сцёрта імя тваё перад абліччам Маім». Выходзьце з Бабілона, уцякайце ад халдэяў, гоманам радасці абвяшчайце; дайце пачуць пра гэта, разносце [навіну] пра тое аж на ўскрай зямлі, кажыце: «Госпад выкупіў слугу свайго Якуба». Не чулі смагі, калі вёў іх праз пустыню; вывеў ім ваду са скалы, і рассек скалу, і паліліся воды. «Бязбожнікам жа няма супакою», — кажа Госпад.

«Астравы, паслухайце мяне, далёкія народы, зважце. Госпад паклікаў мяне з улоння, з жывата маці маёй успомніў імя маё. І зрабіў вусны мае, як востры меч; у засені рукі Сваёй прыкрыў мяне і ўчыніў мяне выдатнаю стралою, у калчане Сваім схаваў мяне і сказаў мне: “Ты слуга Мой, Ізраэлю, у якім Я праслаўлюся”. А я сказаў: “Надарма працаваў я без патрэбы і марна траціў свае сілы. А сапраўды, прысуд мой — з Госпадам і плата мая — з Богам маім”. І цяпер кажа Госпад, Які ўфармаваў мяне з улоння маці на слугу Сабе, каб прывёў я Якуба да Яго і каб Ізраэль сабраўся да Яго: так праславіўся я ў вачах Госпада, і Бог мой стаўся крэпасцю маёй. І сказаў Ён: “Замала, каб быў ты Мне слугою, каб уздымаць пакаленні Якуба і прыводзіць рэшткі Ізраэля: устанаўлю Я цябе святлом для ўсіх народаў, каб быў Ты збаўленнем аж па край зямлі”. Гэта кажа Госпад, Адкупіцель Ізраэля, яго Святы да спаганенага ў душы, да абрыдлага ў паганаў, да слугі магнатаў: “Цары ўбачаць цябе і ўстануць, а князі яшчэ і паклоняцца дзеля Госпада, бо Ён верны, дзеля Святога Ізраэлева, Які выбраў цябе”. Гэта кажа Госпад: “У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўлення ўспамог табе; і захаваў Я цябе, і ўстанавіў цябе заветам для народа, каб ты аднавіў зямлю ды каб раздзяліў спустошаную спадчыну; каб сказаў тым, якія ўвязнены: “Выходзьце!” А тым, што ў цемры: “Пакажыцеся!” Яны будуць пасвіцца на дарогах, ды па ўсіх голых узгорках іх выган, не будуць ужо галадаць ані смагнуць, і не ўдарыць іх спякота або сонца, бо кіраваць імі будзе Літасцівец іх ды павядзе іх да крыніц водаў. І замяню Я горы на дарогу, а сцежкі Мае будуць паднятыя. Вось жа, тыя прыходзяць здалёк, а вось гэтыя — з поўначы і ад мора, а іншыя — з краіны Сінім. Слаўце, нябёсы, і радуйся, зямля! Весяліцеся з песняю, горы! Бо цешыць Госпад народ Свой і бедных Сваіх шкадуе”. І сказаў Сіён: “Пакінуў мяне Госпад, і забыўся пра мяне Госпад!” Ці ж можа забыцца жанчына пра дзіця сваё, каб не пашкадавала дзіцяці ўлоння свайго? Ды каб нават яна забылася, Я не забудуся пра цябе! Вось, Я запісаў цябе на далонях Маіх, муры твае заўсёды перада Мною. Спяшаюцца сыны твае; якія цябе бурылі і рассыпалі, выйдуць з цябе. Падымі вочы свае і паглядзі навокал: усе тыя сабраліся, прыбылі да цябе. “Я жывы, — кажа Госпад, — бо ва ўсё іх ты апранешся, як бы ў каштоўнасці, і, як сужэнка, акружышся імі”. Бо руіны ў цябе і пустыні ў цябе, і зямля спустошаная: цяпер ты будзеш цеснай для жыхароў; і далёка будуць тыя, хто паглыналі цябе. Зноў будуць казаць у вушы твае сыны, пазбаўленыя цябе: “Завузкім ёсць для мяне месца, дай мне прастор, каб мог абжыцца”. Ты скажаш у сэрцы тваім: “Хто нарадзіў Мне гэтых? Была бяздзетная і няплодная, выгнана ды ў няволю заведзена, дык хто іх выгадаваў? Вось жа, заставалася сама, а тыя дзе былі?” Гэта кажа Госпад Бог: “Вось жа, падыму Я руку Сваю на паганаў ды да народаў узнясу сцяг Мой; і панясуць сыноў тваіх на руках, а дочкі твае будуць несены на плячах. І цары будуць тваімі карміцелямі, а царыцы — нянькамі тваімі; пакланяцца будуць табе тварам да зямлі ды лізаць будуць пыл ля ног тваіх. Тады будзеш ведаць, што Я — Госпад: не будуць засаромлены, якія спадзяюцца на Мяне”. Ці ж можна адабраць дабычу ў дужага, або тое, што захоплена, ці зможа выратавацца ад асілка? Вось што кажа Госпад: “Нават і палонны ў дужага будзе адабраны, і тое, што будзе аднята ў асілка, будзе выратавана, з тымі, якія спаборнічалі з табой, Я буду спаборнічаць, і сыноў тваіх Я выратую. І накармлю ворагаў тваіх іх целам, ды ўласнаю крывёю будуць упівацца, быццам маладым віном. Тады пераканаецца кожны чалавек, што Я — Госпад, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Усемагутны Якуба”».

Гэта кажа Госпад: «Дзе ёсць пасведчанне разводу вашай маці, сілай якога Я яе адпусціў? Або хто ёсць Маім крэдыторам, каму Я вас прадаў? Вось жа, за свае правіны былі вы прададзены, ды за вашы злачынствы адпушчана ваша маці. Чаму прыйшоў Я, і не было нікога? Клікаў, і не было каму адказаць? Ці ж бы закароткай была рука Мая, каб не мог Я адкупіць? Або няма ў Мяне сілы, каб збаўляць? Вось жа, на знак папроку Свайго высушу мора, змяню рэкі ў пустыню, згніюць рыбы без вады і здохнуць са смагі. Апрану ў жалобу нябёсы і зраблю мешкавіну іх покрывам». Госпад Бог надзяліў мяне языком вымоўным, каб здолеў я падтрымаць таго, хто знямогся ў слове; кожную раніцу Ён абуджае, абуджае вуха маё, каб слухаў я Яго, як вучань. Госпад Бог адкрыў мне вуха. Я ж не праціўлюся, не адступаюся. Спіну сваю падставіў я бічуючым і шчокі свае трэплючым. Твару свайго не адвярнуў ад абразаў і плявання. Госпад Бог — Успаможца мой, таму не сумеўся я, таму выставіў аблічча маё, як найцвярдзейшую скалу, і ведаю, што не пасаромлюся. Побач ёсць Той, Які мяне апраўдае, і хто запярэчыць мне? Станьма разам! Хто супраць мяне? Хай падыдзе да мяне! Вось жа, Госпад Бог — Успаможца мой, ці ёсць такі, хто б асудзіў мяне? Усе, вось, яны сатруцца, быццам адзенне, моль сточыць іх. Хто з вас баіцца Госпада, слухаючы голас паслугача Яго, хто ходзіць у цемры і няма яму святла — хай спадзяецца на імя Госпада і хай абапіраецца на Бога свайго. «Вось жа, вы ўсе, што распальваеце агонь, узброены стрэламі, ходзіце ў святле агню свайго і са стрэламі, якія запальваеце. З рукі Маёй зрабілася гэта вам, будзеце качацца ў болях.

Слухайце Мяне вы, якія ідзяце следам за справядлівасцю, якія шукаеце Госпада. Зважце на скалу, з якой вы высечаны, і на бяздонне ямы, з якой вы выцягнуты. Зважце на Абрагама, бацьку вашага, ды на Сару, якая нарадзіла вас, бо паклікаў Я яго аднаго, і дабраславіў яго, і павялічыў яго. Бо суцяшае Госпад Сіён, суцяшае ўсе руіны яго, робіць пустыню яго — быццам Эдэн, а пустэчу яго — быццам сад Госпада. Знойдуцца ў ім радасць і весялосць, падзяка і гучанне спеваў. Звярні ўвагу, людзе Мой, і, народы, паслухайце Мяне, бо закон выйдзе ад Мяне і прысуд Мой пастаўлю як святло для народаў. Блізка справядлівасць Мая, наблізілася збаўленне Маё, і рукі Мае будуць судзіць народы, на Мяне астравы будуць ускладаць надзею і лічыцца будуць з Маёй рукою. Падыміце ўверх вочы свае і гляньце на зямлю зверху, бо нябёсы, як дым, разыдуцца, а зямля, як вопратка, сатрэцца, а жыхары яе загінуць, як і яна. Збаўленне ж Маё будзе вечным, а справядлівасць Мая не спыніцца. Слухайце Мяне тыя, якія знаеце справядлівасць, народзе, у сэрцы якога — Мой закон: не бойцеся знявагі ад людзей ды не палохайцеся блюзнення іх. Бо, як вопратку, так іх з’есць чарвяк, і, як воўну, так зжарэ іх моль, справядлівасць жа Мая будзе вечная ды збаўленне Маё — з пакалення ў пакаленне». Прабудзіся, прабудзіся! Адзенься ў магутнасць, рука Госпада! Прабудзіся, як у мінулыя дні, у пакаленнях вякоў. Ці ж не ты паразіла Рагаба, пакалечыла дракона? Ці ж не ты высушыла мора, ваду страшэннага бяздоння, зрабіла дарогу з дна марскога, каб прайшлі вызваленыя? І адкупленыя Госпадам вернуцца ды прыйдуць на Сіён з песнямі; і радасць вечная над іх галовамі, весялосць і радасць атрымаюць яны; уцячэ смутак і ўздыханне. «Я, Я сам — Пацяшальнік ваш. Хто ты, што баішся чалавека смяротнага і сына чалавечага, які, як трава, высахне? А забыўся ты на Госпада, Творцу свайго, Які распасцёр нябёсы і аснаваў зямлю; а ты ўсцяж баішся ўвесь дзень запальчывасці таго, хто цябе крыўдзіць, калі рыхтаваўся на загубу. Дзе ж тая цяпер запальчывасць крыўдзіцеля? Палонны будзе хутка вызвалены, і не памрэ ў яме, і нястачы хлеба не адчуе. Я ж Госпад, Бог твой, Які турбуе мора, так што ўздымаюцца хвалі яго; Госпад Магуццяў — імя Маё. Уклаў Я словы Мае ў вусны твае і ў засені рукі Сваёй схаваў цябе, перад тым як расцягваў нябёсы і асноўваў зямлю і калі казаў Сіёну: “Ты — мой народ!”» Прабудзіся, прабудзіся, устань, Ерузалім, які піў з рукі Госпада келіх гневу Яго; выпіў ты чару слабасці, напіўся, і няма нікога, хто б падтрымаў яго з ліку ўсіх сыноў, якіх нарадзіў, ды няма ніводнага, хто б узяў за руку яго з усіх сыноў, якіх ён выгадаваў. Дзве рэчы спаткалі цябе, хто пашкадуе цябе? Спусташэнне і загуба, голад і меч, а хто пацешыць цябе? Сыны твае ляжаць непрытомныя, ляжаць на рагу ўсіх вуліц, як газэль у пастцы, поўныя гневу Госпадава, пагрозы Бога твайго. Таму паслухай вось гэтага, бедненькая і п’яная, але не ад віна. Гэта кажа Валадар твой, Госпад і Бог твой, Які заступаецца за народ Свой: «Вось жа выняў з рукі тваёй келіх слабасці, чару абурэння Майго; не наважышся болей, каб піць з яго. А ўкладу яго ў рукі тых, якія паніжалі цябе і казалі табе: “Нахіліся, каб мы прайшлі!” І падстаўляў ты спіну сваю як зямлю і як дарогу для тых, хто праходзіць».

Прабудзіся, прабудзіся! Апраніся ў мужнасць сваю, Сіёне; апраніся ў шаты славы сваёй, Ерузалім, горад святасці! Бо не наважыцца болей неабрэзаны ды нячысты, каб прайсці праз цябе. Абтрасіся ад пылу, устань, о паланянка ерузалімская! Развяжы сабе вяроўкі на шыі, паланянка, дачка Сіёна! Бо вось што кажа Госпад: «Задарма былі вы прададзеныя і без срэбра адкуплены». Бо вось гэта кажа Госпад: «Народ Мой калісьці перабраўся ў Егіпет, каб зрабіцца там пасяленцам, а Асірыя без прычыны прыгнятала яго. А цяпер, што мне з гэтага, — кажа Госпад, — бо народ Мой забраны задарма. Валадары яго з радасці крычаць, — кажа Госпад, — і ўсцяж, штодзень блюзнераць на імя Маё. Дзеля таго народ Мой пазнае імя Маё ў той дзень, бо Я Той Самы, Які гаварыў: “Вось, гэта Я!”» О, як прыгожыя ногі таго, хто абвяшчае на гарах і прадказвае супакой, таго, хто абвяшчае дабро і прадказвае збаўленне, таго, хто кажа Сіёну: «Заваладарыў Бог твой». Гоман вартаўнікоў тваіх: узнялі голас, разам будуць цешыцца, бо ўвачавідкі бачаць, як вяртаецца Госпад на Сіён. Радуйцеся і цешцеся ўсе разам, апусцелы Ерузалім, бо суцешыў Госпад народ Свой, адкупіў Ерузалім! Агаліў вось Госпад руку Сваю святую перад абліччам усіх народаў, і пабачаць збаўленне Бога нашага ўсе канцы зямлі. Выйдзіце, выйдзіце, адлучыцеся ад гэтага! Не дакранайцеся ні да чаго нячыстага! Выйдзіце з сярэдзіны яго! Ачысціцеся вы, якія несяце посуд Госпада! Бо выйдзеце не ў паспешнасці і не кінецеся наўцёкі; бо Госпад пойдзе наперадзе вас, і злучыць вас Бог Ізраэля. «Вось жа, пашчаслівіцца Слузе Майму; узвысіцца і ўзнясецца, і будзе вельмі вялікі». Як многа аслупянела перад Ім, — гэткі агідны Ён быў, быццам выгляд Яго — не чалавечы, постаць — не як у сыноў чалавечых, так здзівіць Ён многія народы, цары зашчымяць вусны свае перад Ім, бо тыя, якім аб Ім не было абвешчана, убачаць і тыя, што не чулі, даведаюцца.

Хто ўверыў пачутаму ад нас, ды рука Госпада каму была аб’яўлена? І вырас Ён, быццам парастак перад Ім, і як бы корань з сухой зямлі. Не было ў Ім віду ані красы, каб мы падзівіліся на Яго, і не было выгляду ў Ім, каб нам падабаўся. Пагарджаны быў Ён, апошні з людзей, чалавек пакутаў, які спазнаў немач, і быццам мы закрывалі твар перад Ім; пагарджаны так, што мелі мы Яго за нішто. Сапраўды, Ён узяў на Сябе немачы нашы, Ён Сам перанёс хваробы нашы; а мы думалі, што Ён пабіты, пакараны Богам і прыніжаны. Дык Ён быў пакалечаны за грахі нашы, пабіты за нашы злачынствы; кара супакою нашага была на Ім, і ранамі Яго мы аздароўлены. Усе мы, як авечкі, заблукалі, кожны з нас павярнуўся на дарогу сваю, а Госпад усклаў на Яго ўсю нашу несправядлівасць. Здзекаваліся з Яго, але Ён Сам паддаўся і не адкрыў вуснаў Сваіх; як ягня, на зарэз ведзенае, ды як авечка маўчыць перад стрыгалямі, — не адкрыў Ён вуснаў Сваіх! На прыніжэнне і суд Ён быў аддадзены. І паходжаннем Яго хто пацікавіцца? Бо з зямлі ўзята жыццё Яго, за грахі Майго народа забіты быў насмерць. І прызначылі Яму паграбенне разам з бязбожнікамі, ды разам з багатымі магіла Яго, бо нікому не зрабіў крыўды і не было падману на вуснах Яго. І захацеў Госпад сцерці Яго немаччу. Калі складзе Ён Сваю душу ў ахвяру, убачыць Ён даўгавечнае патомства, і воля Госпада рукою Яго споўніцца. На подзвіг душы Сваёй Ён будзе глядзець з задавальненнем, насыціцца веданнем Сваім. «Слуга Мой справядлівы апраўдае многіх, і несправядлівасці іх Сам Ён будзе несці. Таму аддам Яму многіх, і з моцным падзеліць Ён здабытак, за тое, што душу Сваю выдаў на смерць і ў злачынцы быў залічаны; а Ён узяў на Сябе грэх многіх, таму заступаецца за праступных».

«Узвесяліся, няплодная, якая не нарадзіла, усклікай і крычы, якая не пакутуеш родамі, бо ў кінутай многа дзяцей, больш, чым у той, якая мае мужа, — кажа Госпад. — Расшыр прасторы шатра свайго, расцягні сцены сваіх палатак, не шкадуй; папусці даўжэй шнуры свае і калы свае ўмацуй. Бо пашырышся ты направа і налева, і патомства тваё возьме ў спадчыну народы, якія абжывуць пакінутыя гарады. Не бойся, бо не зазнаеш сораму і не пачырванееш, бо не будзе цябе сароміць. Бо забудзешся пра ганьбу маладосці тваёй ды не будзеш больш памятаць пра ганьбу ўдаўства твайго. Бо Хто стварыў цябе, будзе жаніхом тваім, імя Яго — Госпад Магуццяў, Адкупіцель твой — Святы Ізраэлеў! Называюць Яго Богам усяе зямлі. Бо вось, як жанчыну, кінутую і прыніжаную духам, паклікаў цябе Госпад, ды як да жонкі, у маладосці адпіхнутай, прамаўляе Бог твой. На хвіліну пакінуў Я цябе, ды з вялікай ласкавасцю прытулю цябе. У момант гневу адвярнуў Я на хвіліну аблічча Сваё ад цябе, але ў адвечнай міласэрнасці Сваёй пашкадаваў цябе, — кажа Адкупіцель твой, Госпад. — Гэта ў Мяне, як у дні Ноя, якому Я пакляўся, што не ўспушчу больш водаў Ноя на зямлю; так прысягаю, што не буду гневацца на цябе і сварыцца на цябе. Горы бо адступяцца ды ўзгоркі трэсціся будуць, але міласэрнасць Мая не адступіцца ад цябе і не захістаецца прымірэнне Маё, — кажа Госпад, Літасцівец твой. — О няшчасны, бурамі кіданы і без аніякай пацехі! Вось, Я пакладу каменні твае на карбункулах; пакладу падмуркі твае на сапфірах; зраблю ўмацаванні твае з рубінаў, а брамы твае — з каштоўных камянёў, а ўсю агароджу тваю — з самацветаў. Твае дзеці будуць усе вучнямі Госпада, і вялікая згода будзе ў дзяцей тваіх; у справядлівасці будзеш угрунтаваны. Будзеш ухаваны ад здзеку, бо не будзеш баяцца, і ад жаху, бо ён не наблізіцца да цябе. Вось, калі адбудзецца напад, не будзе гэта ад Мяне; хто на цябе нападзе, упадзе насупраць цябе. Вось жа, Я стварыў каваля, які раздувае вуглі ў агні ды выцягвае прыладу для сваёй работы; і Я стварыў таксама нішчыцеля на знішчэнне. Любая прылада, якая выліта супраць цябе, не будзе карыснай. І кожны язык, які спрачаецца з табою, асудзіш: такая спадчына слугаў Госпада і справядлівасць іх ад Мяне», — кажа Госпад.

«Гэй! Усе сасмаглыя, прыходзьце да вады, і вы, хто не маеце срэбра, паспяшайце, купляйце і спажывайце: прыходзьце, купляйце, без срэбра і без аніякай платы віно і малако! Навошта вы адважваеце срэбра на тое, што не ёсць хлебам? І працу сваю на тое, што не накорміць? Слухайце, хто слухае Мяне, і спажывайце добрае, каб адчула асалоду душа ваша ў тлустым. Нахіліце вуха ваша і прыходзьце да Мяне; слухайце, каб жыла душа ваша, і выканаю для вас вечную дамову; святыя абяцанні Давіду». Вось, яго ўстанавіў сведкам для народаў і правадыром і настаўнікам для плямёнаў. Вось, пазавеш народ, якога не ведаў, і вось, народы, якія цябе не ведалі, прыбягуць да цябе дзеля Госпада, Бога твайго, і дзеля Святога Ізраэлева, бо Ён уславіў цябе. Шукайце Госпада, пакуль можна знайсці, прызывайце Яго, пакуль блізка! Хай бязбожны пакіне дарогу сваю, а нягоднік — намеры свае; і хай навернецца да Госпада, і Ён злітуецца над ім, і да Бога нашага, бо Ён шчодры на прабачэнне. «Бо Мае намеры — не вашы намеры, і вашы дарогі — не Мае дарогі, — кажа Госпад. Бо як нябёсы высока над зямлёю, так высока дарогі Мае над дарогамі вашымі і намеры Мае — над намерамі вашымі. І як дождж або снег спадае з неба і туды больш не вяртаецца, але поіць зямлю і корміць яе, і дае, каб яна радзіла, і дае насенне сейбіту і хлеб едаку, так будзе са словам Маім, якое выходзіць з вуснаў Маіх: і не вяртаецца да Мяне пустым, але зробіць, што толькі Я захачу, і будзе мець поспех у тых, да якіх яго Я паслаў. Бо з радасцю выйдзеце і ў супакоі вас выведуць; горы і ўзгоркі перад вамі спяваць будуць песні, а ўсе дрэвы навакольныя пляскаць будуць у далоні. Замест церняў вырасце кіпарыс, замест жыгучкі вырасце мірт, і будзе гэта на хвалу Госпаду, як знак вечны, які не знішчыцца».

Гэта кажа Госпад: «Захавайце закон і чыніце справядлівасць, бо Маё збаўленне хутка надыдзе і Мая справядлівасць хутка аб’явіцца». Шчасны чалавек, які так робіць, і сын чалавечы, які гэтага трымаецца, пільнуючы шабат, каб не спаганіць яго, пільнуючы руку сваю, каб не ўчыніць аніякага ліха. Хай жа сын чужаземца, які прытуліўся да Госпада, не гаворыць, кажучы: «Аддзеліць мяне Госпад ад народа Свайго». Ды хай не кажа абрэзаны: «Вось, я — дрэва сухое». Бо вось што кажа Госпад абрэзаным: «Хто пільнуе шабаты Мае і выбірае, што Я хачу, і трымаецца прымірэння Майго, дам ім у доме Маім ды ў мурах Маіх месца і імя лепшае ад сыноў і дачок: дам ім імя вечнае і незнішчальнае. І сыноў чужаземца, якія туляцца да Госпада, каб Яго хваліць і каб любіць імя Госпада і быць Яго слугамі, ды ўсіх, хто пільнуе шабат, каб не спаганіць яго, і якія трымаюцца прымірэння Майго, завяду іх на гару Маю святую ды пацешу іх у доме малітвы Маёй: цэласпаленні іх і ахвяры іх будуць мілымі на Маім ахвярніку, бо дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў, — кажа Госпад Бог, Які збірае раскіданых ізраэльцаў. — Яшчэ іншых збяру, апрача тых, якія ўжо сабраны». Усе звяры палявыя прыходзьце, каб наесціся, усе звяры лясныя. Вартаўнікі яго — усе сляпыя, нічога не ведаюць. Усе яны нямыя сабакі, што не могуць брахаць, звар’яцелыя, вылежваюцца, любяць падрамаць; і сабакі ненажэрныя, не ведаюць сытасці, самі пастыры не маюць разумення: усе яны на сваю дарогу схіляюцца, кожны да сваёй карысці, ад найвышэйшага аж да найніжэйшага: «Хадземце, і я вазьму віна, нап’ёмся да ап’янення, заўтра будзе падобна, як сёння, ды яшчэ больш».

«Справядлівы гіне, і няма нікога, хто б прыняў да сэрца; і міласэрныя людзі знікаюць, але няма нікога, хто б гэта зразумеў: бо перад абліччам ліхоты спыняецца і справядлівы. Ён выбірае мір, адпачывае ў сваім пакоі, ідзе ў сваім напрамку. Вы ж прыступіцеся сюды, сыны вядзьмаркі, патомства чужаложніцы і распусніцы. З каго кпіце? На каго раскрываеце вусны ды вывешваеце язык? Ці ж вы не дзеці злачынныя, патомства лжывае? Вы, што палаеце сярод тэрэбінітаў пад кожным зялёным дрэвам, мардуеце дзяцей на ахвяру па ярах, у пячорах скальных? У ваколіцах яра — удзельнічанне тваё, яны — доля твая; для іх выліваў вадкасці, складаў ахвяру. Ці ж з іх буду мець пацеху? На гары вялікай і высокай расклала ты ляжанку сваю і туды ўзлезла, каб складаць ахвяры. І паставіла свой знак памятны за ўваходам і за бэлькамі дзвярэй, бо далёка ад Мяне адкрывалася і ўзыходзіла, ды расшырыла ляжанку сваю, і заключыла дамову з тымі, ложак якіх узлюбіла і бачыць іх галізну. І пайшла ты да цара з алейкам, ды павялічыла намашчэнні свае, паслала далёка сваіх пасланцоў, аж да пекла панізілася. Змучылася многімі падарожжамі сваімі. А не сказала: “Дарэмна гэта!” Знайшла жыццёвую бадзёрасць, таму не аслабела. Каго, хвалюючыся, баішся, што Мяне пачала падманваць ды забылася пра Мяне? Не помніш пра Мяне ў сэрцы сваім? Няўжо таму, што Я маўчу ад даўнейшага часу, ты Мяне не баішся? Я абвяшчу справядлівасць тваю і ўчынкі твае, яны не дапамогуць табе. Калі будзеш крычаць, хай вызваляць цябе круцельствы твае! Усе іх развее вецер, падыме паветра. А хто будзе мець надзею ўва Мне — у спадчыну возьме зямлю, і валодаць будзе гарою Маёй Святой». І скажуць: «Прастуйце, прастуйце, рыхтуйце дарогу, прыміце перашкоды з дарогі “народа Майго”». Бо гэта кажа Высокі і Узвышні, Які пражывае ў вечнасці, а імя Яго — святое: «На вышіні і ў святым месцы, жыву Я, ды разам з засмучанымі ды пакорнымі духам, каб ажывіць дух пакорных і ажывіць сэрца засмучанае. Бо не буду вечна спрэчку весці і аж да канца гневацца, бо дух знікаў бы з-прад аблічча Майго істот жывых, якіх Я стварыў. Загарэўся Я гневам і паразіў яго дзеля подлай хцівасці яго, адвярнуў аблічча Сваё і разгневаўся, ён, аднак, адышоў, блудлівы, дарогай сэрца свайго. Дарогі яго бачу і вылечу яго, і вярну яго, і вярну пацеху яму і плакальшчыкам яго. Ствараю Я супакой плодам вуснаў; супакой таму, хто далёка, і таму, хто блізка, — кажа Госпад, — і аздараўлю яго». Бязбожнікі ж — быццам узбуранае мора, якое не можа супакоіцца, і хвалі яго выкідаюць іл і балота. «Бязбожным няма супакою», — кажа Бог мой.

«Крычы моцна, не пераставай! Як трубу, падымі голас свой і абвясці народу майму злачынствы іх і дому Якуба — грахі іх. Мяне шукаюць з дня на дзень і хочуць ведаць дарогі Мае, быццам народ, які справядлівасць чыніць і не пакідае закону Бога свайго. Просяць Мяне аб справядлівым судзе, хочуць наблізіцца да Бога. “Чаго посцілі мы, а Ты не бачыў? Упакорвалі душу нашу, а Ты не ведаеш?” Вось жа, у дзень посту вашага вы робіце [свае] справы, і прыціскаеце ўсіх працаўнікоў вашых. Вось, вы посціце для звадак і спрэчак ды чыніце бязбожную бойку. Не посціце, як сёння, каб чуўся на вышыні голас ваш. Ці ж гэта такі пост, які Я выбраў, дзень, калі чалавек прыгнятае душу сваю? Ці хіліць галаву сваю, як трысціна, або ў мех адзяваецца і попелам пасыпаецца? Ці ж гэта назавеш ты постам і днём мілым Госпаду? Ці ж не гэта сапраўдны пост, што Я выбраў, каб зняць путы правіннасці, развязаць вяроўкі ярма, адпусціць на свабоду тых, якія прыгнечаны, і зламаць усякае ярмо? Ці ж не тое, каб падзяліцца хлебам тваім з галодным ды ўбогіх і бяздомных прыняць у дом свой? Калі пабачыш голага — адзень яго, а родным сваім не пагарджай. Тады зазіхаціць святло тваё, быццам зара, і аздараўленне тваё хутчэй пачнецца, а справядлівасць твая пойдзе перад абліччам тваім, а слава Госпада наблізіцца да цябе. Тады будзеш прасіць — і Госпад выслухае, будзеш прызываць — і скажа: “Вось, Я тут!” Калі прымеш спаміж сябе ярмо і перастанеш пагражаць пальцам і гаварыць пераваротна, калі адкрыеш душу сваю перад галодным, а душу засмучаную ўмацуеш, тады зазіхаціць святло тваё ў цемры і цемра твая стане поўднем. І будзе весці цябе Госпад заўсёды, і насыціць душу тваю ў месцах засушлівых, і косці твае ўмацуе; і будзеш ты, як сад паліваны і як крыніца, воды якой не высыхаюць. Ды адбудуе народ твой старажытныя руіны, адновіш ты падмуркі многіх пакаленняў: і назавуць цябе аднавіцелем руінаў, выправіцелем дарог, каб можна было жыць. Калі адвядзеш нагу сваю ў шабат, каб не рабіць працы ў дзень Мой святы, і назавеш шабат асалодаю і слаўным святым днём для Госпада, і калі ўшануеш яго, адклаўшы падарожжы свае, справы свае і размовы свае, тады будзеш захапляцца Госпадам, і зраблю так, што ты ўздымешся на вышыні зямныя, і карміць буду цябе спадчынай Якуба, бацькі твайго», — вусны Госпада сказалі гэта.

Вось жа, рука Госпада не скарацілася, каб не магла зберагаць, ані вуха Яго не пагоршылася, каб не чула. Але правіннасці вашы аддзялілі вас ад Бога вашага і грахі вашы засланілі аблічча Яго ад вас, каб вас не чуў. Рукі бо вашы сплямлены крывёю, а пальцы вашы — злачынствам, вусны вашы кажуць няпраўду, а язык ваш дапускаецца злачынства. Няма нікога, хто б заклікаў да справядлівасці, няма нікога, хто б судзіў праўдзіва. Ні на што не абапіраюцца і гавораць марна, і нараджаюць злачынства, і плодзяць ліхоту. Выседжваюць яйкі змеяў ды ткуць павуцінне; хто з’есць іх яйкі, памрэ, а з разбітага [яйка] праб’ецца васіліск. Тканіны іх не прыдадуцца на адзенне, і не апрануцца яны ў вырабы свае; учынкі іх — гэта ўчынкі збродныя, і злачынствы гвалту — на іх руках. Ногі іх бягуць да ліхоты і скорыя да праліцця бязвіннай крыві; намеры іх — намеры збродныя, знішчэнне ды няшчасце на іх шляхах. Не спазналі яны шляху супакою, і няма законнасці на іх шляхах; сцежкі іх скрывіліся для іх; кожны, хто ходзіць па іх, не знойдзе супакою. Таму аддалілася ад нас законнасць і не даходзіць да нас правасуддзе; чакаем святла, і, вось, цемра, яснасці, а ходзім у тумане. Як сляпыя, вобмацкам шукаем сцяну і, як бы без вачэй, ідзём усляпую; спатыкаемся апоўдні, быццам на змярканні, сярод здаровых — быццам мёртвыя. Усе рыкаем, быццам мядзведзі, і, як галубы, гуркочам. Чакаем законнасці, а яе няма, збаўлення, але яно ад нас далёка. Размножыліся, вось, беззаконні нашы перад Табою, і грахі нашы адкажуць за нас; бо злачынствы нашы — з намі ды пазнаём мы сваю заганнасць. Грашым і хлусім супраць Госпада, і адступаемся ад Бога нашага; нараджаем і мармычам з сэрца словы хлусні. Перавярнулі дагары нагамі закон, а дзе там справядлівасць; захісталася праўда на плошчы, і законнасць увайсці туды не можа. І так праўда пайшла ў забыццё, мала хто сцеражэцца ліхоцця. І бачыць Госпад — зло паказалася Яму на вочы: няма закону. І бачыць Госпад — няма чалавека, і засумняваўся, што няма каму прыйсці на дапамогу. Тады рука Яго прынесла Яму перамогу, а справядлівасць сама дапамагла Яму. Адзеўся ў справядлівасць, як у панцыр, і шалом збаўлення на галаве яго, адзеўся ў вопратку помсты. Ды ўбраўся ў руплівасць, быццам у плашч. Паводле заслуг адплаціць кожнаму: ворагам Сваім — гневам, астравам — узаемнай адплатай. Якія ад захаду — будуць баяцца імя Госпада, а тыя, што ад усходу сонца, — славы Яго, калі прыйдзе, як ручай у разліве, гнаны духам Госпада. І прыйдзе з Сіёна Збаўца, і да тых, якія вярнуліся назад ад правіннасці ў Якубе, звернецца Госпад. «І гэта ім ад Мяне запавет, — кажа Госпад: — Дух Мой, Які на табе, і словы Мае, якія ўклаў Я ў вусны твае, не сыдуць з вуснаў тваіх ды з вуснаў патомства твайго, — кажа Госпад, — адсюль і навечна».

Устань, заззяй, бо прыйшло святло тваё і заяснела слава Госпада над табою. Бо, вось жа, цемра ахутае зямлю і туман — народы. А над табою заяснее Госпад і слава Яго з’явіцца над табою. І будуць хадзіць народы ў святле тваім, а цары — у яснасці твайго ўсходу. Падымі вочы свае навакол і паглядзі: усе гэтыя сабраныя ідуць да цябе. Твае сыны здалёку прыходзяць, а дочкі твае несены на руках. Тады ўбачыш і заяснееш, і затрасецца сэрца тваё, і расшырыцца, бо да цябе наплыве многа багацця марскога, моц народаў прыйдзе да цябе. Мноства вярблюдаў агорне цябе, драмадэры з Мадыяна і з Эфы, усе з Сабы прыбудуць, несучы золата і кадзіла ды абвяшчаючы славу Госпада. Уся жывёла Кедара збярэцца пры табе, бараны Набаёта будуць служыць табе, будуць ахвяраваны яны на Маім ахвярніку перамалення, і дом славы Маёй услаўлю. Хто гэта яны, што лятуць, як хмары ды як галубкі, да вокнаў сваіх? Бо Мяне чакаюць астравы, а ў першую чаргу — караблі Тарсіса, каб прывезці сыноў тваіх здалёку, срэбра іх і золата іх разам з імі; дзеля імя Госпада Бога твайго і Святога Ізраэлева, бо Ён уславіў цябе. І адбудуюць сыны чужаземцаў муры твае, а іх цары служыць будуць табе, бо ўдарыў Я цябе ў гневе Сваім, але ў Сваёй дабраце пашкадаваў цябе. І адчынены будуць твае брамы заўсёды, днём і ноччу не будуць замыкацца, каб прыносілі да цябе магутнасць народаў і каб прывялі цароў іх. Народ бо і царства, якія не служылі б табе, прападуць, а народы будуць вынішчаны дашчэнту. Слава Лібану прыйдзе да цябе, разам кіпарысы, вязы і елкі, каб упрыгожыць месца свяцілішча Майго, ды месца, дзе стаяць Мае ногі, праслаўлю. І прыйдуць да цябе з паклонам сыны тых, якія прыніжалі цябе, і падуць да стоп ног тваіх усе, якія пагарджалі табой, і назавуць цябе Горадам Госпадавым, Сіёнам Святога Ізраэля. За тое, што была пакінута, зненавіджана і не было нікога, хто б наведаў цябе, зраблю цябе гонарам вякоў, радасцю з пакалення ў пакаленне. І будзеш карміцца малаком з грудзей царскіх, і будзеш ведаць, што Я — Госпад, Збаўца твой ды Адкупіцель твой — Усемагутны Якубаў. Замест медзі дастаўлю золата, а замест жалеза дастаўлю срэбра, замест дрэва — медзь, а замест камянёў — жалеза; і ўстанаўлю супакой тваім вартаўніком, а справядлівасць — тваім кіраўніком. Не пачуецца больш у тваім краі пра гвалт, пра спусташэнні і загубу — у тваіх межах; і назавеш муры твае збаўленнем, а брамы твае — хвалою. Ужо сонца не будзе больш свяціць табе днём, ані яснасць месяца не засвеціць табе, але Госпад будзе табе вечным святлом і Бог твой — славай тваёй. Тваё сонца не будзе заходзіць ужо больш, ані месяц твой не знікне, бо Госпад будзе табе вечным святлом, і скончацца дні тваёй жалобы. А ўвесь твой народ будзе народам справядлівых, якія атрымаюць у спадчыну навечна зямлю, парастак насаджэння Майго, твор рукі Маёй на ўслаўленне. З найменшага станецца тысячай, з малога — народам магутным. Я, Госпад, учыню гэта скора ў свой час.

Дух Госпада Бога нада мною, таму Госпад мяне намасціў, каб прапаведаваў добрую вестку ўбогім; паслаў мяне лячыць раны зламаным сэрцам, абвяшчаць палонным свабоду, а вязням — вызваленне, абвяшчаць год спагадлівасці Госпада і дзень помсты для Бога нашага, каб пацешыць усіх засмучаных, каб прызначыць [радасць] тым, хто плача на Сіёне, і даць ім вянок замест попелу і намашчэнне радасці замест смутку, плашч хвалы замест тужлівага духу. І назавуць іх тэрэбінітамі справядлівасці, насаджэннем Госпада дзеля ўслаўлення. І забудуюць адвечныя пустэчы, і руіны старадаўнія адновяць, і адбудуюць спустошаныя гарады, зруйнаваныя многімі пакаленнямі. І стануць чужынцы, і будуць пасвіць вашу жывёлу, і сыны чужаземцаў стануць вашымі земляробамі і вінаградарамі. Вы ж будзеце называцца святарамі Госпада, зваць вас будуць слугамі Бога нашага. Скарыстайцеся з магутнасці народаў, і будзеце ганарыцца славай іх. За падвоены іх сорам і знявагу пахваляць яны долю сваю; таму ў сваёй зямлі пяроймуць у спадчыну ўсё ўдвайне, і вечная радасць будзе ім. «Бо Я, Госпад, люблю законнасць, ненавіджу рабункі і беззаконне; і дам вынік іх па праўдзе, ды заключу з імі павяковае прымірэнне». І будзе вядомым племя іх між народамі, і патомства іх — між людзьмі. Усе, хто іх убачаць, прызнаюць, што яны — племя, якое дабраславіў Госпад. Буду радавацца радасцю ў Госпадзе, і ўзвесяліцца душа мая ў Богу маім, бо апрануў Ён мяне ў шаты збаўлення і агарнуў Ён мяне вопраткаю справядлівасці, як сужэнца, аздобленага вянцом, і як сужэнку, упрыгожаную каштоўнасцямі яе. Як бо зямля прыносіць сваю расліннасць ды як сад родзіць свае пасевы, так Госпад Бог народзіць справядлівасць і хвалу перад абліччам усіх народаў.

Адносна Сіёна не буду маўчаць і адносна Ерузаліма не спачну, пакуль не ўзыдзе, як святло, справядлівасць Яго і збаўленне Яго не засвеціць, як светач. Тады народы ўбачаць справядлівасць тваю, і ўсе цары — хвалу тваю; і будуць клікаць цябе імем новым, якім назавуць цябе вусны Госпадавы. І ты станеш вянцом славы ў руцэ Госпада і вянцом валадарства ў руцэ Бога твайго. І не будзеш болей называцца «пакінутай», а зямлі тваёй не назавуць болей «спустошанай», але назавуць цябе «маё ўпадабанне ў ёй», а зямлю тваю — «замужняя». Бо ўпадабаў цябе Госпад, і зямля твая будзе ў шлюбе. Бо як юнак жэніцца з дзяўчынаю, так возьмуць цябе [у шлюб] сыны твае, і як сужэнец цешыцца з сужэнкі, так будзе цешыцца з цябе Бог твой. «На мурах тваіх, Ерузалім, паставіў Я варту, увесь дзень і ўсю ноч, ніколі маўчаць не будуць». Вы, што прыпамінаеце Госпада, не маўчыце, і яму не давайце супакою, пакуль не адновіць і не зробіць Ерузалім хвалою на зямлі. Прысягнуў Госпад правіцай сваёю, ды рукой Магутнасці сваёй: «Не дам больш пшаніцы тваёй на ежу непрыяцелям тваім, і не будуць піць сыны чужынца віна твайго, над якім ты працаваў. Бо тыя, што сабралі яе, будуць есці і будуць хваліць Госпада, а тыя, хто сабраў вінаград, піць будуць віно на панадворку Маёй святыні. Праходзьце, праходзьце праз браму! Рыхтуйце дарогу народу! Прастуйце, прастуйце гасцінец, прыміце каменні! Падыміце знак для народаў!» Вось што даў Госпад пачуць на граніцах зямлі: «Скажыце дачцы сіёнскай: “Вось жа, прыходзіць збаўленне тваё, вось плата Яго разам з Ім і ўзнагарода Яго перад ёю”». І называць іх будуць «народам святым», «адкупленымі Госпадам». А табе дадуць імя «Шуканая», «Горад непакінуты».

Хто гэта такі, што прыбывае з Эдома, з Босры ў пурпуровых шатах? Гэты прыгожы ў Сваёй вопратцы, Які крочыць з вялікаю Сваёю магутнасцю? «Гэта Я, Які абвяшчаю справядлівасць, магутны ў збаўленні». Дык чаму чырвонае адзенне тваё і вопратка твая, як у таго, хто топча вінаград у выціскальні? «Я Сам таптаў у выціскальні, і не было з народаў аніводнага чалавека; тоўк іх у злосці Сваёй, таптаў іх у гневе Сваім. І кроў іх пырснула на адзенне Маё, ды папляміў Я Сабе ўсю вопратку. Бо дзень помсты ў сэрцы Маім, надышоў год Маёй адплаты. Азірнуўся Я, і не было памагатага, здзівіўся, і не было нікога, хто б памог; і рука Мая збавіла Мяне, ды падтрымала Мяне Мая запальчывасць. І стаптаў Я народы ў гневе Сваім і сцёр іх у Сваім абурэнні, ды выліў кроў іх на зямлю». Прыгадаю я літасці Госпада, хвалу Госпада, за ўсё, што нам Госпад аддаў, і за мноства даброццяў для дому Ізраэля, якія ім дараваў паводле міласэрнасці Сваёй і паводле мноства літасці Сваёй. І сказаў Ён: «Напэўна, гэта Мой народ, сыны, якія Мяне не падмануць! І стаў Я ім Збаўцам». У кожнай іх бядзе не нейкі пасланец, ані анёл, але Сам Ён іх выбавіў. У любові Сваёй і ў ласкавасці Сваёй Сам адкупіў іх, і ўзяў іх, і насіў іх усе дні спрадвечныя. Але яны справакавалі да гневу і засмуцілі Духа святасці Яго, дык змяніўся Ён для іх у непрыяцеля і пачаў з імі ваяваць. І ўспомніў Ён пра дні мінулыя, пра Майсея і народ Свой. Дзе Той, Хто вывеў іх з мора з пастырам статка Яго? Дзе ж Той, Хто змясціў унутры яго Духа святасці Сваёй? Той, Хто ўзяў за правіцу Майсея рукою велічнасці Сваёй, Які раздзяліў воды перад імі, каб зрабіць Сабе імя вечнае, Які вывеў іх праз глыбіні, як каня праз пустэчу, і яны не спатыкаліся. Як жывёле, якая сыходзіць на лагчыну, Дух Госпада даў ім адпачываць; так вёў Ты Свой народ, каб зрабіць Сабе імя славы. Глянь з неба і пабач з жытла святога Свайго ды славы Сваёй: дзе руплівая апека Твая і Твая магутнасць? Хваляванне нутра Твайго і ласкавасць Твая затрымаліся нада мной, прашу: Ты ж Айцец наш! Абрагам жа не ведае нас, і Ізраэль нас не ведае; Ты ж, Госпадзе, Айцец наш, Адкупіцель наш: імя Тваё адвечнае. Чаму, о Госпадзе, даеш нам збочваць з дарог Тваіх, знячуліў сэрца наша, каб не шанавалі мы Цябе? Адмяніся адносна слуг Сваіх, пакаленняў спадчыны Тваёй. На кароткі час успадкаемілі яны народ Твой святы, ворагі нашы патапталі святыню Тваю. Сталіся мы ад вякоў такімі, як калі Ты не валадарыў намі і калі не прызывалася імя Тваё над намі.

О, каб разарваў Ты нябёсы і сышоў! Перад абліччам Тваім горы абрушыліся б! Як агонь паліць вецце і агонь выклікае кіпенне вады, каб даў пазнаць імя Тваё ворагам Сваім. Перад Табою ўзрушыліся б народы, калі ўчыніш цуды, на якія мы не спадзяваліся. Сышоў Ты, і перад Табою абрушыліся горы. Ад вякоў не дайшло, і вуха не чула, ані вока не аглядала па-за Табой Бога, Які б зрабіў [столькі] для тых, што спадзяюцца на Яго. Выходзіш насустрач таму, хто радуецца, хто чыніць справядлівасць, і тым, якія ў дарогах Тваіх памятаюць пра Цябе. Вось жа, Ты загневаўся, а мы зграшылі; не ўратуемся з імі ад веку. І мы сталіся, як нячысты, — усе мы; ды, як брудная ануча, — усе справядлівасці нашы; мы ўсе павялі, як ліст, а нашы няправасці панеслі нас, як вецер. Няма нікога, хто прызываў бы імя Тваё, хто падняўся б і прыхінуўся да Цябе, бо Ты схаваў аблічча Сваё ад нас і папусціў нас у рукі правіннасці нашай. А цяпер, Госпадзе, Ты — Айцец наш, мы ж — гліна; Ты — Творца наш, мы ўсе — творы рук Тваіх! Не гневайся залішне, Госпадзе, і не май больш у памяці правіннасці. Глянь, вось, мы ўсе — народ Твой! Гарады святасці Тваёй зрабіліся пустыняй, Сіён зрабіўся пустыняй, Ерузалім абязлюдзеў. Дом святасці Тваёй і славы нашай, дзе хвалілі Цябе бацькі нашы, пайшоў на спаленне агнём, бо ўсе нашы спадзяванні абярнуліся ў руіны. Ці ж дзеля гэтага ўсяго Ты будзеш стрымлівацца, Госпадзе? Ці ж будзеш маўчаць і прыгнятаць нас празмерна?

«Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне; адшукалі Мяне тыя, якія не пыталіся пра Мяне. Я сказаў: “Вось жа Я, вось жа Я!” да народа, які не прызываў імя Маё. Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народа бунтоўнага, які ішоў па нядобрай дарозе ўслед за сваімі задумамі; народ, які правакуе Мяне да гневу перад абліччам Маім заўсёды, яны прыносяць ахвяры ў садах ды складаюць іх на цэгле. Яны прабываюць у грабніцах, начуюць у патаемных месцах, яны ядуць свіное мяса і нячыстыя стравы ў сваім посудзе, яны кажуць: “Адыдзіся! Не набліжайся да мяне, бо магу [незнарок] пасвяціць цябе”. Яны — дым у Маіх ноздрах, агонь, які гарыць увесь дзень. Вось, напісана перада Мной; не буду маўчаць, але аддам, ды аддам у [самае] нутро за вашы ліхоцці і за ліхоцці бацькоў вашых разам, — кажа Госпад; яны складалі ахвяры на гарах ды зневажалі Мяне на ўзгорках. Дык адмераю найперш іх справу ў нутры іх». Гэта кажа Госпад: «Як, калі сок знаходзяць у вінаграднай гронцы і кажуць: “Не знішчай яго, бо ў ім — дабраславенне”, — падобна зраблю дзеля Маіх паслугачоў, каб не знішчыць усяго. Я з Якуба выведу патомства, з Юды — уладальніка гор Маіх, і выбраннікі Мае успадкаемяць зямлю, а слугі Мае будуць там пражываць. І стане Сарон выганам для статкаў, а лагчына Ахор — месцам спачынку для валоў, на карысць народу Майму, якія шукалі Мяне. А вам, якія пакінулі Госпада, якія забыліся пра святую Гару Маю, і накрываеце сталы ў гонар Гада, і амфару запаўняеце ў гонар Мэні, вас прызначу пад меч; і ўсе папрападаеце ў разні за тое, што клікаў вас, а вы не адказвалі, гаварыў, а вы не чулі, а дапускаліся ліхоцця ў Мяне на вачах ды выбралі тое, што Мне не падабалася». Вось чаму гэта кажа Госпад Бог: «Вось жа, паслугачы Мае будуць есці, а вы будзеце галадаць; вось, паслугачы Мае будуць піць, а вы будзеце цярпець смагу; вось, паслугачы Мае будуць цешыцца, а вы будзеце саромецца; вось жа, паслугачы Мае спяваць будуць хвалебна, у радасці сэрца, а вы крычаць будзеце з болю сэрца і будзеце галасіць, прыгнечаныя духам. І пакінеце імя сваё Маім выбраным на пракляцце: “Хай заб’е цябе Госпад Бог”, і слуг Сваіх назаве Ён іншым імем: калі хто ім будзе дабраслаўляць сябе на зямлі, будзе дабраслаўляцца Богам праўды. А калі хто будзе прысягаць на зямлі, будзе прысягаць Богам праўды, бо ранейшыя прыгнёты аддадуцца на забыццё і будуць закрытымі ад вачэй Маіх. Бо Я, вось, ствару новыя нябёсы і новую зямлю, не будуць успамінацца ранейшыя падзеі, нават на думку яны не прыйдуць. Але будуць радавацца і весяліцца назаўсёды з таго, што Я ствараю: бо, вось, Я ствараю з Ерузаліма весялосць і з яго народа — радасць. Буду радавацца з Ерузаліма і буду цешыцца з Майго народа і не пачуецца ў ім больш голас плачу і голас наракання. Не будзе ўжо там немаўляці некалькіх дзён, і старога, які б не споўніў сваіх дзён, бо наймалодшы памрэ як стогадовы, а хто не дасягне ста гадоў, будзе знакам праклёну. І пабудуюць дамы, і жыць будуць, і развядуць вінаграднікі, і будуць есці іх плады. Не будуць будаваць, каб хто іншы ў іх пражываў, не будуць садзіць, каб хто іншы спажываў. Бо на ўзор даўгавечнасці дрэва будзе даўгавечнасць Майго народа і Мае выбраннікі доўга карыстацца будуць з плёну рук сваіх. Не будуць працаваць надарма, ані радзіць дзяцей на заўчасную загубу, бо патомствам, дабраславёным Госпадам, ёсць яны самі і патомкі іх разам з імі. Ды будзе так: перш чым паклічуць, Я адкажу; калі яшчэ гаварыць будуць, Я выслухаю. Воўк і ягнятка будуць пасвіцца разам, ды леў, як і вол, будзе салому есці, а ежаю змяі будзе парахно; не будуць шкодзіць, ані забіваць па ўсёй Маёй святой гары», — кажа Госпад.

Гэта кажа Госпад: «Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом пабудуеце Мне, — кажа Госпад, або якое месца для супачынку Майго? Ці ж не рука Мая ўчыніла ўсё гэта, ды ўсё гэта Маё, — кажа Госпад. — Але вось да каго Я буду прыглядацца: да беднага і прыгнечанага духам, і да таго, хто трымціць перад словамі Маімі. Ёсць такі, што забівае на ахвяру вала і забівае чалавека; што забівае на ахвяру авечку і скручвае галаву сабаку; складае ахвяру з ежы і поруч з крыві парсюка, паліць кадзіла і дабраслаўляе ідала. Падобна, як тыя выбралі сабе дарогі і душы іх адчуваюць асалоду ад агіднасцей іх, так і Я выберу ім долю іх ліхую, і тое, чаго яны баяцца, напушчу на іх, бо Я клікаў — і не было каму адказаць, гаварыў — а не слухалі, і дапускаліся ліхоты на вачах Маіх, ды, што Мне не падабалася, выбралі». Слухайце слова Госпада, якія трымціце перад словам Яго. Сказалі браты вашы, якія ненавідзяць вас і якія вас адганяюць дзеля Майго імя: «Хай Госпад пакажа Сваю славу, каб мы аглядалі вашу радасць», але яны пасаромеюцца. Голас крыку з горада, голас са святыні, голас Госпада, Які дае адплату непрыяцелям Сваім. Перш чым пакутавала родамі, нарадзіла дзіця, перш чым прыйшлі роды яе, нарадзіла хлопца. Хто калі чуў такія рэчы? Ды хто бачыў штосьці падобнае? Ці ж родзіцца зямля ў адзін дзень, ці ж народ родзіцца імгненна? Бо Сіён толькі пачаў пакутаваць родамі, ужо нарадзіў сваіх сыноў. «Няўжо ж Я адчыняю ўлонне і не дам нарадзіць?» — кажа Госпад. «Ці ж Я, Які даю нарадзіць, зачыню ўлонне?» — кажа твой Бог. Цешцеся разам з Ерузалімам, весяліцеся ў ім усе, якія шануеце яго; радуйцеся з ім радасцю ўсе, якія смуткавалі над ім, каб ссаць маглі вы і насыціліся з грудзей яго пацехі, каб даілі і ў раскошы выплывалі з грудзей яго пахвалы. Бо гэта кажа Госпад: «Вось жа, Я накірую да яго супакой, як раку, і славу народаў, як паводкавы ручай. Будзеце ссаць, і будуць насіць вас на руках і на каленях будуць песціць вас. Як каго калі маці пацяшае, так Я пацешу вас, і ў Ерузаліме будзеце пацешаны». Убачыце, і будзе радавацца сэрца ваша, і косці вашы набяруць свежасці, як мурог, ды рука Госпадава аб’явіцца на паслугачах Яго, а гнеў — на Яго ворагах. Бо, вось, Госпад прыйдзе ў агні і калясніцы Яго — быццам віхор, каб аддаць у абурэнні гневу Свайго, і пагрозай Сваёй у полымі агню; бо агнём Госпад судзіць будзе і мечам Сваім кожнае цела, і шмат будзе забітых Госпадам. «Тыя, якія пасвячаюцца і ачышчаюцца, каб увайсці ў сады за іншым, які стаіць у сярэдзіне, якія ядуць свіное мяса, і мярзоту, і мышэй, прападуць разам, — кажа Госпад. — Я, вось, ведаючы дзейнасць іх і намеры іх, прыйду, каб сабраць усе народы і мовы; і прыйдуць і ўбачаць славу Маю. І пастаўлю ў іх знак, і пашлю некаторых з іх, якія будуць збаўлены, да народаў у Тарсіс, Пут, Луд, Масок, Рос, Тубал і Яван, да астравоў далёкіх, да тых, якія не чулі пра Мяне і не бачылі Маёй славы. Яны абвясцяць Маю славу народам і прывядуць з усякіх народаў у ахвяру для Госпада ўсіх вашых братоў на конях, на калясніцах, на насілках, на мулах і на драмадэрах на святую Маю гару ў Ерузаліме, — кажа Госпад, — падобна, як сыны Ізраэля прыносяць ахвяры ў чыстым посудзе да дома Госпада. І Я вазьму з іх некаторых у святары і ў левіты, — кажа Госпад. Бо як нябёсы новыя і зямля новая, якія Я зраблю, будуць трываць перада Мною, — кажа Госпад, — так трываць будзе ваша патомства і ваша імя. І будзе: пры кожным маладзіку і ў кожны шабат прыйдзе кожная жывая істота, каб пакланіцца перад абліччам Маім, — кажа Госпад. — І выйдуць, і ўбачаць трупы людзей, якія ўзбунтаваліся супраць Мяне. Бо чарвяк іх не памрэ і агонь іх не згасне, і будуць яны агіднасцю для кожнай жывой істоты».


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.