Библия › Чарняўскі-17 › Ярэміі

Ярэміі

Словы Ярэміі, сына Хэлькіі, з ліку святароў, якія былі ў Анатоце, у зямлі Бэньяміна. Да яго скіраваў Госпад слова ў дні Осіі, сына Амона, цара Юдэйскага, у трынаццатым годзе яго царавання, і было ў дні Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, аж да канца адзінаццатага года Сэдэцыі, сына Осіі, цара Юдэйскага, аж да перасялення Ерузаліма ў пятым месяцы. Госпад скіраваў да мяне слова, кажучы: «Перш, чым Я ўфармаваў цябе ва ўлонні, Я ведаў цябе, і перш, чым выйшаў ты з нутра, Я пасвяціў цябе і паставіў цябе прарокам для народаў». І сказаў я: «О Госпадзе, Божа! Дык жа я не ўмею гаварыць, бо я яшчэ юнак!» І сказаў мне Госпад: «Не кажы: “Я юнак”, бо ты пойдзеш да ўсіх, да каго Я цябе пашлю, і будзеш казаць усё, што Я табе даручу. Не бойся іх, бо Я з табою, каб цябе ратаваць», — кажа Госпад. І працягнуў Госпад руку Сваю, і дакрануўся да вуснаў маіх, і сказаў мне Госпад: «Вось, перадаў Я словы Мае вуснамі тваімі; зірні: Я даю табе сёння ўладу над валадарствамі, каб вырываў і разбураў, каб нішчыў і руйнаваў, каб садзіў і будаваў». І скіраваў Госпад да мяне наступнае слова: «Што ты бачыш, Ярэмія?» І адказаў я: «Бачу я галіну міндальнага дрэва Таго, Хто чувае». Госпад жа сказаў мне: «Добра бачыш, бо Я чуваю над словам Маім, каб скора споўніць яго». Другі раз скіраваў Госпад слова Сваё да мяне: «Што ты бачыш?» І сказаў я: «Бачу я кацёл, што кіпіць, і твар яго з паўночнага боку». І сказаў мне Госпад: «Ад поўначы распрастрэцца ліха на ўсіх жыхароў зямлі, бо вось, Я склічу ўсе валадарствы поўначы, — кажа Госпад, — і прыйдуць яны, і паставяць кожны свой пасад ля ўваходу ў брамы Ерузаліма, і супраць усіх муроў яго навокал, і супраць усіх гарадоў юдэйскіх. І выдам прысуды Мае на іх за ўсю іх ліхоту, што пакінулі Мяне, і палілі кадзіла чужым багам, ды пакланяліся творам рук сваіх. Ты, вось, перапаяшы сцёгны свае, устань і гавары ім усё, што Я табе загадваю. Не бойся іх, каб Я часам не напоўніў цябе страхам перад імі. Вось, сёння Я раблю цябе мураванай цвярдыняй, жалезным слупам і медным мурам супраць усёй зямлі, для цароў юдэйскіх, для кіраўнікоў іх і святароў, і для народа зямлі. І будуць яны ваяваць супраць цябе, але не змогуць цябе перамагчы, бо Я з табою, — кажа Госпад, — каб ратаваць цябе».

Госпад скіраваў да мяне наступнае слова: «Ідзі і крычы ў вушы Ерузаліму, кажучы: гэта кажа Госпад: “Я памятаю цябе, прывабнасць тваёй маладосці і любоў, калі ты была нарачонаю, калі хадзіла ты за Мною па пустыні, у зямлі, якой ніхто не засявае. Святы для Госпада Ізраэль, першыя плады Яго ўраджаю; усе, хто паядалі яго, былі асуджаны; ліха прыходзіла на іх”», — кажа Госпад. Слухайце слова Госпада, дом Якуба ды ўсе роды дому Ізраэля! Гэта кажа Госпад: «Што благога знайшлі ўва Мне бацькі вашы, што аддаліліся ад Мяне, пайшлі следам за марнасцю і самі сталі марнымі? І не пыталіся яны: “Дзе Госпад, Які даў нам выйсці з зямлі Егіпецкай, Які правёў нас праз пустыню, праз зямлю неабжытую і поўную ям, праз зямлю сухую і цёмную, праз зямлю, па якой ніхто не хадзіў і ніводзін чалавек не жыў?” А Я ўвёў вас у зямлю садоў, каб вы спажывалі плады яе і з яе найлепшае; а вы, увайшоўшы, спаганілі зямлю Маю і спадчыну Маю пераўтварылі ў абрыду. Святары не казалі: “Дзе ёсць Госпад?” І заканадаўцы не ведалі Мяне, і пастыры паўсталі супраць Мяне, і прарокі прарочылі на карысць Баала і хадзілі за тым, што не дае дапамогі. Дзеля таго буду далей спрачацца з вамі, — кажа Госпад. — І з дзецьмі дзяцей вашых буду судзіцца. Пайдзіце на астравы кітымскія і паглядзіце ды пашліце ў Кедар і прасачыце старанна, і паглядзіце, ці сталася там штосьці падобнае? Ці народ змяніў сваіх багоў? А яны ж не багі насамрэч! Мой жа народ змяніў сваю славу на тое, што ніяк не дапамагае! Аслупянейце, нябёсы, дзеля гэтага і палохайцеся звыш меры, — кажа Госпад. Два бо ліхоцці зрабіў народ Мой: пакінулі Мяне, крыніцу жывой вады, каб выкапаць сабе вадаёмы, вадаёмы разбітыя, якія не могуць трымаць вады. Ці ж Ізраэль ёсць паслугач, ці нявольнік? Чаму ж ён зрабіўся здабычай? Над ёй рыкаюць ільвы, выяўляючы голас свой; яны змянілі зямлю яе ў пустыню, а гарады яе спалены, няма каму жыць у іх. Нават сыны Мемфіса і Тапнэса абголяць табе галаву. Ці ж не зрабілася гэта табе за тое, што пакінула ты Госпада, Бога твайго, калі вёў Ён цябе дарогаю? А цяпер што за патрэба табе хадзіць у Егіпет, каб піць ваду з Ніла? І навошта ходзіш у Асірыю? Каб піць ваду з ракі? Абвінаваціць цябе ліхота твая, і адступніцтва тваё асудзіць цябе. Ведай таму і глядзі, што ліхім і горкім ёсць тое, што ты пакінула Госпада, Бога твайго, ды не маеш у сабе страху перада Мною. — кажа Госпад, Бог Магуццяў. — Здаўна зламала ты ярмо тваё, парвала путы твае ды сказала: “Не буду служыць!” На кожным бо ўзгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным ты клалася, як блудніца. Я ж пасадзіў цябе як найлепшую вінаградную лазу, як кожнае сапраўднае насенне; дык як жа ты змянілася на парасткі чужой вінаграднай лазы? Нават калі ты памыешся лугам і ўжывеш шмат попелу драўлянага, бруднай застанешся перад абліччам Маім у правіннасці сваёй, — кажа Госпад Бог. — Як жа ты кажаш: “Я не спаганеная, за Баалам я не хадзіла”? Паглядзі на свае паводзіны ў лагчыне, прызнайся, што ты зрабіла, спрытная вярблюдзіца, якая збочвае на шляхах сваіх. Дзікая асліца, прывыкшы да пустыні, у пажаданні душы сваёй уцягвае паветра; жарсць яе хто стрымае? Усе тыя, хто яе шукаюць, не спрацуюцца, у час месячніцы яе знойдуць яе. Беражы нагу сваю, каб не стала босай, і горла сваё, каб не сасмагла. А ты кажаш: “Надарма, ні за што! Я люблю чужых і пайду за імі!” Як саромеецца злодзей, калі яго зловяць, так пакрыўся сорамам дом Ізраэля, яны і цары іх, князі і святары ды прарокі іх. Кажуць яны дрэву: “Ты бацька мой”, і каменю: “Ты мяне нарадзіў”. Павярнуліся да Мяне спінаю, а не тварам, але ў час гора свайго просяць: “Падыміся і вызвалі нас!” Дзе багі твае, якіх ты сабе нарабіла? Хай падымуцца яны і вызваляць цябе ў часіну гора твайго; бо якая колькасць гарадоў тваіх, столькі і багоў тваіх сталася, Юда! Чаму хочаце вы са Мною спрачацца? Усе вы адступіліся ад Мяне, — кажа Госпад. — Надарма караў Я сыноў вашых: навукі яны не прынялі. Прарокаў вашых паглынуў меч ваш, быццам леў-спусташальнік. Што вы за пакаленне? Вы бачыце слова Госпада: ці ж Я зрабіўся пустыняй для Ізраэля або зямлёй цемры? Дык чаму народ Мой кажа: “Мы аддзяліліся! Не прыйдзем ужо болей да Цябе!” Ці ж дзяўчына забудзецца пра аздобы свае, а маладая — пра нагрудную стужку? Мой народ, аднак, забыўся пра Мяне ўжо безліч дзён. Як добра рыхтуеш ты дарогу сваю, каб шукаць кахання! Звыш таго, прывучыла ты дарогі свае да ліхоты! На фрэнзлях шатаў тваіх — кроў бязвінных і ўбогіх душ, якіх ты не злавіла на зладзействе, але сярод гэтага ўсяго кажаш ты: “Я не вінаватая, таму гнеў Яго адвярнуўся ад мяне”. Вось жа, Я буду судзіць цябе, бо ты сказала: “Я не зграшыла”. Як лёгка ты мяняеш дарогі свае! Дык асаромлена будзеш Егіптам, як асаромлена была ты Асірыяй. І ад яго бо адыдзеш ты, і рукі твае будуць на галаве тваёй, бо Госпад адкінуў тых, на якіх ты спадзявалася, і ты не будзеш мець поспеху з імі».

«Калі муж кіне жонку сваю, а яна адыдзе ад яго і пойдзе замуж за іншага мужа, ці ж вернецца ён яшчэ да яе? Ці ж не спаганена жанчына тая? А ты з многімі каханкамі чужаложыла — і вярнешся да Мяне? — кажа Госпад. — Падымі вочы свае на ўзгоркі і паглядзі: дзе месца, на якім бы ты не ляжала ў распусце? Пры дарогах сядзела ты, чакаючы іх, як араб на пустыні, і спаганіла зямлю сваю распустаю сваёй і ліхотай сваёй. Дзеля таго спыніліся дажды зімовыя і вясновыя дажджы перасталі; засталося ў цябе чало жанчыны чужаложніцы, і не мела ты сораму. Але і тады, ці не прызывала ты Мяне: “Айцец мой, Ты — правадыр маладосці маёй! Ці будзе Ён гневацца вечна або крыўдаваць заўсёды?” Так ты казала, а сама дапускалася ліха, і ў гэтым мела поспех». І сказаў мне Госпад у дні цара Осіі: «Ці бачыў ты, што зрабіла ізраэльская адступніца? Аддалялася сабе на кожную высокую гару і пад кожнае зялёнае дрэва і распуснічала там. І сказаў Я: “Калі ўсё гэта зрабіла Ізраэль адступніца, то вернецца да Мяне”. Але яна не вярнулася. І ўгледзела гэта здрадлівая сястра яе, Юда; І ўбачыла, што за ўсе ўчынкі распусныя, якіх дапусцілася Ізраэль адступніца, Я прагнаў яе і даў ёй пасведчанне аб разводзе. Але не спалохалася здрадніца Юда, сястра яе; але сама таксама пайшла чужаложыць. Праз легкадумнасць чужаложніцтва свайго зняславіла яна зямлю і дапусцілася распусты з каменем і дрэвам. “Але і пасля ўсяго гэтага не навярнулася да Мяне здрадлівая сястра яе, Юда, усім сэрцам сваім, але толькі падманна”», — кажа Госпад. Тады Госпад сказаў мне: «Ізраэль адступніца аказалася больш справядлівай, чым здрадлівая Юда. Ідзі і абвяшчай наступныя словы на поўнач, і кажы: “Вярніся, адступніца Ізраэль, — кажа Госпад, — Не адвярну аблічча Свайго ад вас, бо Я міласэрны, — кажа Госпад, — і не буду гневацца вечна”. “Толькі прызнай ты віну сваю, што адступілася ты ад Госпада, Бога свайго, і што псавала ты шляхі свае для чужых пад кожным зялёным дрэвам, а голасу Майго не слухала”, — кажа Госпад. “Навярніцеся, сыны, якія адвярнуліся ад Мяне, — кажа Госпад, — бо Я — Госпад ваш; і Я вазьму вас, аднаго з горада і двух з роду, і завяду вас на Сіён. І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго, і будуць яны пасвіць вас разумна і разважліва. А калі вы размножыцеся і разрасцецеся на зямлі, у тыя дні, — кажа Госпад, — ніхто не скажа больш “каўчэг запавету Госпадавага” і ніхто ўжо яго не прыгадае, ніхто не ўспомніць, не стане ў ім патрэбы, і больш яго не будзе. У той час Ерузалім назавуць Пасадам Госпада. І збяруцца да яго ўсе народы ў імя Госпада ў Ерузалім; ды не будуць ужо ісці следам за сапсаванасцю сэрца свайго ліхотнага. У тыя дні пойдзе дом Юды да дому Ізраэля, і выйдуць разам з зямлі паўночнай у зямлю, якую Я аддаў ва ўласнасць бацькам вашым”. Я ж сказаў: “Як прыняць Мне цябе ў сыны і даць табе пажаданую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну сярод народаў?” І казаў Я: “Айцом будзеце называць Мяне і не адвернецеся ад Мяне. Але як жанчына здраджвае каханаму свайму, так вы здрадзілі Мне, дом Ізраэля”», — кажа Госпад. Пачуўся голас на ўзгорках, плач і маленне сыноў Ізраэля, бо спаганілі яны дарогу сваю, забыліся пра Госпада, Бога свайго. «Навярніцеся, сыны, якія адвярнуліся ад Мяне, і Я вылечу адступніцтва ваша». — «Вось жа, мы прыходзім да Цябе, бо Ты — Госпад, Бог наш». Сапраўды, падманныя тыя ўзгоркі і гоман на гарах. Сапраўды, у Госпадзе, Богу нашым, збаўленне Ізраэля. Баал ад юнацтва нашага з’ядаў працу бацькоў нашых, дробную жывёлу іх і буйную, сыноў іх і дачок іх. Будзем спаць у ганьбе нашай і пакрые нас сорам наш, бо зграшылі мы супраць Госпада, Бога нашага, мы і бацькі нашы, ад юнацтва нашага аж да гэтага дня, і не слухалі мы голасу Госпада, Бога нашага.

«Калі будзеш навяртацца, Ізраэль, — кажа Госпад, — навярніся да Мяне і, калі аддаліш сваіх ідалаў ад аблічча Майго, не ўцякай. І будзеш прысягаць: “Хай жыве Госпад” згодна з праўдай, слушна і справядліва, і народы будуць дабраслаўляцца праз цябе і будуць табою хваліцца. Гэта вось кажа Госпад мужу Юды і Ерузаліма: “Разворвайце сабе новыя палі і не кідайце насення ў церні”. Абрэжцеся дзеля Госпада і адкіньце абрэзкі сэрцаў вашых, мужы Юды і жыхары Ерузаліма, каб часам не ўспыхнуў, як полымя, гнеў Мой ды каб не разгарэўся, і ніхто не зможа яго затушыць дзеля ліхоты ўчынкаў вашых. Абвяшчайце ў Юдэі і дайце пачуць у Ерузаліме; распавядайце і трубіце ў трубы па зямлі, крычыце моцна і кажыце: “Збіраймася і хадземце ў гарады ўмацаваныя!” Падыміце знак у напрамку Сіёна! Уцякайце! Не затрымлівайцеся! Бо Я прыводжу ліха з поўначы ды няшчасце вялікае. Выйшаў леў са свайго логавішча, і нішчыцель народаў узрушыўся. Выйшаў ён з месца свайго, каб перамяніць зямлю тваю ў пустыню; гарады твае будуць спустошаны і застануцца без жыхароў. Дзеля таго апраніцеся ў зрэбніцу, падыміце лямант і галашэнне, бо не адвярнулася ад нас лютасць гневу Госпада. “І будзе ў той дзень, — кажа Госпад, — не хопіць цару адвагі, не хопіць яе і князям, святары аслупянеюць, і прарокі анямеюць”. І сказаў я: “О Госпадзе, Божа! Значыць, ашукаў Ты народ гэты і Ерузалім, калі казаў: “Супакой будзе вам”, а вось, дайшоў меч аж да самай душы”. У той час будуць казаць народу гэтаму і Ерузаліму: “Гарачы вецер з узгоркаў, якія ў пустыні, налятае на дачку народа Майго не для правявання або ачышчэння. Вецер мацнейшы за тыя прыйдзе да Мяне цяпер, і Я абвяшчу прысуд Мой на іх”. Вось, ён падымаецца, нібы хмары, і, як бура, калясніцы яго, шпарчэй за арлоў коні яго. Гора нам, бо мы спустошаны! Ачысці ад ліхоты сэрца сваё, Ерузалім, каб стаўся збаўлены! Дакуль жа будуць у табе ліхія задумы? Бо з боку Дана голас таго, хто абвяшчае, — на знак таго, хто нясе бяду з гары Эфраім. Абвясціце народам: вось яны! Дайце пачуць гэта ў Ерузаліме: “Вартаўнікі прыбываюць з далёкай зямлі і падымаюць гармідар свой над гарадамі Юдэі; быццам вартаўнікі палёў, яны сышліся над ёю навокал, бо была яна непакорнай Мне, — кажа Госпад. — Твой шлях і твае ўчынкі зрабілі гэта табе; гэта ліхота твая, бо яна горкая, бо кранае [нават] тваё сэрца!” “Ой, улонне маё, улонне маё! Я пакутую! Сцены сэрца майго! Турбуецца ўва мне сэрца маё; не буду маўчаць, бо пачуў я гук трубы, гармідар ваенны. Разбурэнне за разбурэннем прызываецца, бо спустошана ўся зямля, раптам спустошаны мае палаткі, у момант — мае шаты. Дакуль жа буду глядзець я на сцяг ваенны і слухаць гук трубы?” “Бо неразумны народ Мой, не ведаюць Мяне; сыны дурныя і безразважныя; мудрыя, каб чыніць ліхоцце, але добрага рабіць не ўмеюць”. Зірнуў я на зямлю — і вось: яна была зусім пустая і бязлюдная; на неба — і не было святла на ім. Зірнуў на горы, — і вось, яны трэсліся, ды ўсе ўзгоркі захісталіся. Зірнуў, — і вось, не было чалавека, і зніклі ўсе птушкі паднебныя. Зірнуў, — і вось, сад стаў пустыняй, і ўсе гарады яго знішчаны перад абліччам Госпада і перад абліччам лютасці гневу Яго. Вось што кажа Госпад: “Спустошана будзе ўся зямля, але загубы поўнай Я не зраблю. Таму зямлю ахопіць смутак, а цемра — цвярдыню неба. Бо Я сказаў так, пастанавіў, і не буду шкадаваць, і ад гэтага не адступлюся”. Ад крыку вершніка і лучніка ўцякае кожны горад; кідаюцца яны ў гушчары лясныя і ўзбіраюцца на скалы; усе гарады пакінуты, і не жыве ў іх аніводны чалавек. А ты, спустошаная, што думаеш рабіць? Хоць апранешся ў пурпур, хоць убярэшся ў залатыя бранзалеты, а вочы свае падмалюеш сурмою, надарма прыбірацца будзеш, бо пагарджаюць табою каханкі твае, цікуюць яны на душу тваю. Чую голас быццам парадзіхі, як бы стогны першы раз нараджаючай жанчыны, — голас дачкі Сіёна, якая канае і выцягвае рукі свае: “О, гора мне, бо млее душа мая паміж забойцаў!”

“Абыдзіце кругом вуліцы Ерузаліма, агледзьце і прасачыце, і пашукайце на плошчах яго, ці знойдзеце чалавека, ці ёсць такі, хто чыніў бы па справядлівасці ды шукаў праўды, і Я буду да яго літасцівы. Нават калі яны скажуць: “Жыве Госпад!”, — пэўна, прысягаюць яны фальшыва”. Госпадзе, ці ж вочы Твае не пазіраюць на праўду? Ты апанаваў іх горам, а яны не бядуюць, знішчыў іх, а яны адмовіліся прыняць павучанне; закамянілі твары свае горш за скалу, не хочуць навярнуцца. Але я сказаў: “Вось, гэта жабракі чыняць неразумна, бо не ведаюць шляхоў Госпада, прысуду Бога свайго. Дык пайду я да людзей заможных ды скажу ім, яны бо ведаюць шлях Госпада і прысуд Бога свайго”». Але яны таксама паламалі ярмо, парвалі путы. Дзеля таго нішчыць іх леў з лесу, воўк пустыні выгубляе іх, пантэра будзе цікаваць каля гарадоў іх, кожны, хто выйдзе з іх, будзе разарваны, бо павялічыліся грахі іх, узмацніліся іх адступніцтвы. «Дзеля чаго змагу быць да цябе літасцівы? Дзеці твае пакінулі Мяне ды прысягнулі тым, якія не ёсць багамі. Насыціў Я іх, а яны чужаложылі, грамадою сцякаліся ў дом распусніцы. Сталіся яны коньмі адкормленымі і неакілзанымі, кожны ржэ на жонку бліжняга свайго. “Ці ж за гэта Я не пакараю, — кажа Госпад, — і ці ж народу такому не адпомсціць душа Мая? Узыдзіце на муры яго і разбурайце, але поўнага знішчэння не рабіце, знішчыце парасткі яго, бо не Госпадавы яны. Бо адхіліліся ад Мяне крывадушна дом Ізраэля і дом Юды”, — кажа Госпад. Выракліся яны Госпада і сказалі: “Няма Яго: не прыйдзе на нас няшчасце, не ўбачым ані меча, ані голаду”». Прарокі будуць, як вецер, і няма ў іх адказу. І гэтак ім станецца. Таму вось што кажа Госпад, Бог Магуццяў: «За тое, што вы сказалі слова гэтае, вось, Я раблю словы Мае ў вуснах тваіх агнём, а народ гэты — дрэвам, і паглыне іх. Вось, Я навяду на вас, дом Ізраэля, народ далёкі, — кажа Госпад, — народ дужы, народ старадаўні, народ, якога мовы ты не будзеш ведаць і не зразумееш, што ён гаворыць. Яго калчан — быццам грабніца адкрытая; усе яны магутныя. І з’есць ён жніво тваё і хлеб твой, паглыне сыноў тваіх і дачок тваіх, з’есць тваю дробную і буйную жывёлу, з’есць твае вінаграднікі і дрэвы фігавыя, знішчыць мечам умацаваныя гарады твае, на якія ты спадзяешся. Аднак у тыя дні, — кажа Госпад, — не зраблю вам поўнае загубы. А калі вы скажаце: “Чаму зрабіў нам усё гэта Госпад, Бог наш?” — ты скажаш ім: “Як вы пакінулі Мяне і служылі чужым багам у сваёй зямлі, так будзеце служыць чужынцам у зямлі не сваёй”. Паведаміце аб гэтым дому Якуба і дайце пачуць у Юдэі, кажыце: “Паслухай, народ без розуму і без сэрца, якія, маючы вочы, не бачаць, маючы вушы, не чуюць. Ці ж вы не будзеце шанаваць Мяне, — кажа Госпад, — і не затрымціце перад абліччам Маім? Я абмежаваў мора пяском на загад вечны, якога яно не абміне; і хвалявацца будуць, але не змогуць, і ўздымацца будуць хвалі, але не пераступяць яго”. Сэрца ў гэтага народа сталася ўпартым і бунтоўным; адступіліся яны і адышліся, ды не сказалі ў сэрцы сваім: “Давайце шанаваць Госпада, Бога нашага, Які дае нам у свой час дождж ранні і позні, захоўвае для нас сталыя тыдні жніва”. Беззаконне ваша ўхіліла гэта, і грахі вашы пазбавілі вас дабра, бо знайшліся ў народзе Маім бязбожнікі, якія цікуюць, як птушкаловы, якія, угнуўшыся, стаўляюць пасткі, каб лавіць людзей. Як клетка поўная птушак, так іх дамы поўныя падману, і так становяцца яны велічнымі і багатымі, сытымі і тлустымі, ды перайшлі яны ўсе меры ліха. Не разбіраюць яны справу, справу сіраты, каб толькі мець сабе поспех, і справы ўбогіх не разглядаюць. Ці ж за гэта Я не пакараю іх, — кажа Госпад, — і ці ж не адпомсціць душа Мая такому народу, як гэты? Дзіўнае і жудаснае дзеецца на зямлі: прарокі праракавалі лжыва, святары пляскалі ў далоні свае, і народ Мой палюбіў гэта. Дык што будзеце рабіць, калі прыйдзе гэтаму канец?»

Уцякайце з асяродку Ерузаліма, сыны Бэньяміна, і ў Тэкуа трубіце ў трубы, і над Бэт-Харэмам падыміце знак, бо з поўначы паказалася няшчасце ды вялікае спусташэнне. Прыгожую і далікатную дачку Сіёна прымусіў Я змоўкнуць. Да яе прыбудуць пастухі са сваімі статкамі, разаб’юць палаткі навокал яе, і кожны будзе пасвіць сваю частку. «Прыгатуйцеся да святой вайны супраць яе, паўстаньце, і пойдзем апоўдні. Гора нам, бо дзень ужо схіліўся, бо даўжэйшыя сталі цені вечарам! Устаньце ды хадземце ноччу і знішчым яе дамы». Бо вось што кажа Госпад Магуццяў: «Зрэжце дрэвы яе і насыпце вал кругом Ерузаліма, гэта бо горад пакарання, усялякая крывадушнасць пасярод яго. Як студня дае выліцца вадзе сваёй, так ён дае выліцца ліхоце сваёй; чутно ў ім пра гвалт і спусташэнне, прыгнёт і пакуты заўсёды перад абліччам Маім. Вучыся, Ерузалім, каб часам не адступілася душа Мая ад цябе, каб часам Я не перамяніў цябе ў пустыню, зямлю бязлюдную». Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Абяруць старанна, як вінаград, да гронкі, рэшткі Ізраэля. Рухай рукой сваёй, як вінаградар да галінак вінаградных». Каму я маю казаць і каго перасцерагаць, каб паслухаў? Вось жа, неабрэзаныя вушы іх, і не могуць яны чуць, вось жа, слова Госпада сталася для іх у пасмяянне, і яны не прымуць яго. Таму поўны я гневу Госпадава, цяжка мне ўстрымацца. «Вылі яго на дзяцей на вуліцы і на сход юнакоў! Будуць забраны нават муж з жонкаю, таксама стары разам з вельмі састарэлым. І пяройдуць дамы іх да іншых, падобна як палі і жонкі, бо выцягну Я руку Сваю на жыхароў зямлі, — кажа Госпад. — Бо ад найменшага аж да найбольшага ўсе апанаваны сквапнасцю, ад прарока да святара, усе чыняць падман ды не саромеюцца. І легкадумна яны лечаць рану народа Майго, кажучы: “Супакой, супакой”, а супакою няма. Сорам ім, бо чыняць яны брыдоту; ды толькі сораму яны не адчуваюць і не ўмеюць чырванець. Дзеля таго ўпадуць сярод тых, што падаюць; у час, калі Я наведаю іх, пападаюць», — кажа Госпад. Гэта кажа Госпад: «Станьце на дарогах і глядзіце, ды пытайцеся пра даўнейшыя сцежкі, якая дарога добрая, ды ідзіце па ёй, і знойдзеце супакой сэрцам вашым». Але яны сказалі: «Не пойдзем!» «І паставіў Я назіральнікаў над вамі: “Слухайце гукі трубы!” Але яны адказалі: “Не будзем слухаць!” Дык слухайце, народы, і зразумейце супольна, што Я маю ім зрабіць. Слухай, зямля! Вось жа, Я навяду няшчасце на народ гэты, плод іх задумаў, бо не слухалі яны слоў перасцярогі Маёй ды закон Мой адкінулі. Навошта Мне кадзіла, якое прывезена з Сабы, або трыснёг, салодкі і пахкі, з зямлі далёкай? Не прымаю Я вашых цэласпаленняў, і крывавыя ахвяры вашы не падабаюцца Мне». Дзеля таго вось што кажа Госпад: «Вось, Я нашлю на гэты народ перашкоды, і спатыкнуцца аб іх бацькі і дзеці разам, сусед і сваяк прападуць». Гэта кажа Госпад: «Вось, надыходзіць люд з зямлі паўночнай, і народ вялікі падымецца з канцоў зямлі. Лук і меч схопіць ён, жудасны ён і без літасці, гармідар іх будзе шумець, як мора, і сядуць яны на коней, гатовыя ўсе як адзін да бою супраць цябе, дачка Сіёна!» «Пачулі мы вестку аб гэтым, і рукі нашы самлелі, трывога ахапіла нас, пакуты — як у парадзіхі». «Не выходзьце ў палі і не хадзіце па дарозе, бо меч ворага, трывога кругом. Дачка народа Майго, апраніся ў зрэбніцу ды качайся ў попеле; учыні сабе жалобу, горкі плач, як па сыне адзіным, бо знянацку нападзе на нас нішчыцель. Я паставіў цябе даследніцай у народзе Маім, і ты пазнаеш і выспрабуеш дарогу іх. Усе яны — першыя бунтаўнікі, жывуць крывадушна. Яны — медзь і жалеза, псуюць усё. Кавальскі мех раздуўся на агні, волава растапілася; надарма каваль пераплаўляў, шлакі не аддзяліліся. Назавіце іх срэбрам асуджаным, бо адкінуў іх Госпад».

Слова, якое было сказана ад Госпада да Ярэміі: «Стань у браме дома Госпада і прамаўляй там гэтае слова і кажы: “Слухайце слова Госпада, кожны з Юдэі, якія ўваходзіце гэтымі брамамі, каб пакланіцца Госпаду. Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Зрабіце добрымі шляхі вашы і ўчынкі вашы, і Я дам вам жыць на гэтым месцы. Не давярайце падманным словам, якія кажуць: “Святыня Госпада, святыня Госпада, тут святыня Госпада!” Бо калі вы добра накіруеце шляхі вашы і ўчынкі вашы, і калі будзеце чыніць справядлівасць між чалавекам і сваяком яго, калі не будзеце крыўдзіць чужынца, сірату і ўдаву, ды не будзеце праліваць нявіннай крыві на гэтым месцы, ды калі не пойдзеце за чужымі багамі на сваю ўласную загубу, тады Я дам вам жыць на гэтым месцы, на зямлі, якую Я даў бацькам вашым ад веку і да веку. Вось, вы спадзяецеся на фальшывыя словы, якія не дапамогуць. Як гэта? Вы крадзеце, забіваеце, чужаложыце, прысягаеце фальшыва, успальваеце Баалу, ходзіце за чужымі багамі, якіх не ведаеце, а потым прыходзіце і стаіце перада Мною ў гэтым доме, над якім прызывалася імя Маё, і кажаце: “Мы выратаваныя”, каб і далей чыніць усе гэтыя брыдкія рэчы? Можа, пячорай разбойнікаў стаўся ў вачах вашых гэты дом, над якім прызывалася імя Маё? Вось, Я і бачу, — кажа Госпад. — Ідзіце да месца Майго ў Сіло, дзе пасялілася імя Маё ад пачатку, ды паглядзіце, што Я зрабіў яму дзеля ліхоцця народа Майго, Ізраэля. “А цяпер, за тое, што вы ўчынілі ўсе гэтыя справы, — кажа Госпад, — а Я прамаўляў да вас з раніцы і безупынна, але вы не слухалі, і клікаў Я вас, але вы не адказвалі, Я зраблю гэтаму дому, над якім прызывалася імя Маё і на які вы спадзеяцеся, і месцу, якое Я даў вам і бацькам вашым, тое самае, што зрабіў з Сіло; і адкіну вас ад аблічча Свайго, падобна як былі адкінуты ўсе браты вашы, усе нашчадкі Эфраіма”. Дык ты не маліся за гэты народ, не ўзнось за іх маленне і просьбу, і не пярэч Мне, бо Я не выслухаю цябе. Ці не бачыш ты, што яны робяць у гарадах Юдэі і на вуліцах Ерузаліма? Сыны збіраюць дровы, бацькі распальваюць агонь, а жанчыны месяць цеста, каб нарабіць пірагоў для “царыцы неба” і каб выліць ахвяры вадкія для чужых багоў, каб Мяне справакаваць да гневу. “Ці Мяне правакуюць да гневу, — кажа Госпад, — ці сябе саміх, на ўласную ганьбу?”» Таму вось што кажа Госпад Бог: «Вось жа, гнеў Мой і абурэнне Маё выліваецца на гэтае месца, на людзей і на жывёлу, на палявыя дрэвы і на плады зямлі, узгарыцца ён і не затухне». Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Дадавайце вашы ахвяры цэласпалення да вашых ахвяр крывавых і ежце мяса! Бо не гаварыў Я з бацькамі вашымі і не даваў ім загаду ў той дзень, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай, адносна цэласпальных і крывавых ахвяр, але даў ім толькі такі загад: “Слухайце голас Мой, і Я буду вам Богам, а вы будзеце Мне народам. Хадзіце кожнаю дарогаю, якою вам загадаю, каб вам добра вялося”. Але яны не паслухалі Мяне, ды не схілілі вуха свайго, і пайшлі па жаданнях закамянеласці свайго ліхога сэрца; павярнуліся да Мяне спінаю, а не тварам, ад дня, калі бацькі вашы выйшлі з зямлі Егіпецкай, аж да сённяшняга дня. І паслаў Я да вас усіх паслугачоў Сваіх, прарокаў, штодня ўстаючы рана і пасылаючы, але яны не паслухалі Мяне ды не нахілілі вуха свайго, але зрабілі цвёрдым карак свой, і сталіся горшымі, чым бацькі іх». Дык ты скажаш ім усе гэтыя словы, але яны не паслухаюць цябе, і будзеш клікаць іх, але яны не адгукнуцца табе. І ты скажаш ім: «Гэта народ, які не паслухаў голасу Госпада, Бога свайго, ды не прыняў павучання. Знікла праўда, прапала з іх вуснаў!» Абстрыжы валасы свае і адкінь іх, ды падымі лямант на ўзгорках, бо адкінуў Госпад і адпіхнуў пакаленне гневу Яго. «Бо сыны Юды дапускаліся ліхоты на Маіх вачах, — кажа Госпад, — паставілі брыдоту сваю ў доме, над якім прызывалася імя Маё, каб зняважыць яго. І пабудавалі ўзгорак Тафэт у лагчыне Бэн-Гэном, каб паліць агнём сыноў сваіх і дачок сваіх, чаго Я не загадваў ім і што не задумваў Я ў сэрцы Маім». «Таму, вось, прыйдуць дні, — кажа Госпад, — што не будзе гаварыцца больш пра Тафэт або пра лагчыну Бэн-Гэном, але пра лагчыну Забойства, і ў Тафэце будуць хаваць памерлых, бо не будзе [іншага] месца. І будуць трупы гэтага народа пажывай паднебных птушак і дзікіх звяроў зямлі, ды не будзе каму адганяць. І Я зраблю, што сціхне ў гарадах юдэйскіх ды на вуліцах Ерузаліма голас радасці і голас весялосці, голас жаніха і голас нявесты, бо пустыняй станецца зямля гэтая».

«У той час, — кажа Госпад, — выкінуць з магіл іх косці цароў юдэйскіх ды косці князёў іх, косці святароў, косці прарокаў, косці жыхароў Ерузаліма; і раскладуць іх для сонца, месяца ды ўсяго войска нябеснага, якіх яны любілі ды якім служылі, за якімі хадзілі, якіх шукалі і якім пакланяліся. І будуць выбіраць лепш смерць, чым жыццё, усе, хто застанецца з гэтага племені ліхога па ўсіх месцах, у якія Я выганю іх, — кажа Госпад Магуццяў. І ты скажаш ім: гэта кажа Госпад: “Ці ж не падымецца той, хто падае? Або ці не вернецца той, хто адвярнуўся? Чаму тады адвярнуўся гэты народ, Ерузалім, у адступніцтве трывалым? Ухапіліся за падман і не хочуць навярнуцца”. Я зважаў і слухаў. Ніхто не гаворыць тое, што добрае, няма нікога, хто б каяўся дзеля ліхоты сваёй, кажучы: “Што ж я зрабіў?” Усе паварочваюць у сваім напрамку, як конь, які шпарка нясецца ў бітве. Нават бусел у небе ведае свой час, туркаўка, ластаўка і журавель пільнуюць час свайго прылёту, а народ Мой не ведае прысуду Госпадава. Як жа вы кажаце: “Мы — мудрыя, і закон Госпада — з намі”? Сапраўды, падманнае пяро пісараў зрабіла яго хлуснёю. Мудрыя асаромлены, спалоханы і схоплены, бо адкінулі яны слова Госпада і няма ў іх ніякай мудрасці. Дзеля таго жонак іх Я аддам чужаземцам, палі іх — заваёўнікам, бо ад найменшага да найбольшага ўсе яны дбаюць пра карысць; ад прарока да святара ўсе дапускаюцца падману. І лечаць раны дачкі народа Майго легкадумна, кажучы: “Супакой, супакой”, хаця супакою няма. Сорам ім, бо дапусціліся брыдоты, ды нават у сораме яны не саромеюцца і чырванець не ўмеюць, таму ўпадуць яны паміж заняпалых, прападуць у час наведання іх, — кажа Госпад. — Учыню Я збор і буду збіраць іх, — кажа Госпад, — ды няма ні гронкі на галінках, ані фігаў на дрэве фігавым, і лістота звяла». «Чаму ж мы сядзім? Збірайцеся і пойдзем у гарады ўмацаваныя, каб там загінуць, бо Госпад, Бог наш, аддаў нас на загубу, і на піццё даў нам атручаную ваду, бо зграшылі мы перад Госпадам. Чакаем супакою, але няма добрага, часу аздараўлення, ды вось — жах!»! «Ад Дана чуецца хрыпенне коней іх, на голас іржання баявых жарабцоў іх дрыжыць уся зямля. І прыйдуць яны, і паглынуць зямлю ды тое, што поўніць яе, горад і жахароў яго. Бо, вось, пашлю Я супраць вас васіліскаў, супраць якіх няма замовы, і яны будуць вас кусаць, — кажа Госпад, — і не зможаце лячыцца». Весялосць мая зрабілася ўва мне болем, сэрца маё смуткуе. Вось жа голас ляманту дачкі народа Майго з далёкай зямлі: «Ці ж няма Госпада на Сіёне? Ці ж няма на ім цара Яго?» — «Дык чаму яны абудзілі Мяне да гневу сваімі ідаламі ды марнасцямі чужымі?» «Прайшло жніво, скончылася лета, а мы не збаўлены!» Заламаны і сумны я дзеля заламання дачкі народа майго; жах ахапіў мяне. Ці няма бальзаму ў Галаадзе, ці няма там лекара? Дык чаму не зацягнулася рана дачкі народа майго?

Хто дасць ваду галаве маёй ды крыніцу слёз — вачам маім, і буду плакаць я дзеля забітых дачкі народа майго? Хто дасць мне прыстанак для падарожнікаў у пустыні, каб мог пакінуць народ свой і адысці ад яго? Бо ўсе яны чужаложнікі, зборышча крывадушнікаў. «І напружваюць, быццам лук, яны язык свой: хлусня і няпраўда пануе на зямлі, бо ад ліхоты ідуць да ліхоты, а Мяне не ведаюць, — кажа Госпад. — Высцерагаюцца адзін аднаго, і брат да брата не мае даверу, бо кожны брат ашуквае, ды кожны прыяцель чыніць падступна, і чалавек падманвае брата свайго, а праўды не кажа; яны прывучылі язык свой казаць хлусню, ходзяць крывадушна, не хочуць навярнуцца. Крыўда на крыўдзе, падман на падмане, адмаўляюцца яны ведаць Мяне», — кажа Госпад. Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў: «Вось жа, Я ператаплю і выпрабую іх, бо як жа інакш магу ўчыніць адносна дачкі народа Майго? Язык іх, як страла, якая раніць, вуснамі сваімі прамаўляе ён ашуканства; адзін аднаму жадае супакою, а патаемна ставіць пастку на яго. Ці не маю Я іх караць за гэта, — кажа Госпад, — ці народу такому, як гэты, не адпомсціць душа Мая?» У гарах пачну я плач і галашэнне, а на пашах стэпавых — нараканне, бо яны спалены, таму ніводны чалавек не праходзіць і не чутна там голасу статкаў; ад птушкі паднебнай аж да жывёлы разбегліся, зніклі. «Я замяню Ерузалім на кучу камянёў і лежышча шакалаў, а гарады юдэйскія замяню на пустэчу, таму не будзе там жыхароў». Хто ёсць чалавек разумны, каб мог зразумець гэта? Ды каму прызначана слова вуснаў Госпада, каб абвясціць гэта: чаму загінула зямля, спалена яна, як пустыня, так што няма каму хадзіць па ёй? І сказаў Госпад: «Бо яны пакінулі закон Мой, які Я даў ім, і не слухалі голасу Майго, і не жылі паводле яго; але пайшлі за ўпартасцю сэрца свайго і за Баалам, чаму навучыліся ад бацькоў сваіх». Таму вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вось жа, Я накармлю народ гэты палыном, і дам ім піць ваду атручаную, і расцярушу іх сярод народаў, якіх не ведалі яны і бацькі іх, і пашлю ўслед за імі меч, аж пакуль не згінуць». Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Увага! Паклічце плачак, хай яны прыйдуць ды пашліце за тымі, хто наймудрэйшыя, хай прыйдуць хутчэй, хай паспяшаюцца ды пачнуць дзеля нас галасіць: хай з вачэй нашых пацякуць слёзы ды з павек нашых паліецца вада. Бо голас галашэння чуецца з Сіёна: “Як жа знішчаны мы ды спаганены моцна, бо пакідаем зямлю ды пакінуты нашы паселішчы!” Жанчыны! Паслухайце ж слова Госпада, і хай прымуць вушы вашы слова вуснаў Яго, ды навучыце дачок вашых галашэнням, а адна адну — песням жалобным. Бо смерць прабралася праз нашы вокны, увайшла ў дамы нашы, каб знішчыць дзяцей на вуліцах, і юнакоў — на плошчах. Гавары: гэта кажа Госпад: “І будзе ляжаць труп чалавечы, як гной на полі ды як снапы за жняёю, і няма каму збіраць іх”. Гэта кажа Госпад: “Хай не выхваляецца мудры мудрасцю сваёй, і хай не выхваляецца асілак сілаю сваёй, ды хай не ўзносіцца багаты багаццем сваім, але хто хваліцца, хай хваліцца тым, што знае і ведае Мяне, што Я — Госпад, Я чыню міласэрнасць, закон і справядлівасць на зямлі; і гэта вось падабаецца Мне”, — кажа Госпад. “Вось жа, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я правяду суд над кожным, у каго абрэзаны край цела, над Егіптам і над Юдэяй, над Эдомам і над сынамі Амона, над Маабам і над усімі, якія падразаюць валасы і пражываюць у пустыні, бо ўсе народы — неабрэзаныя, а ўвесь дом Ізраэля — з неабрэзаным сэрцам”».

Слухайце слова, якое сказаў Госпад да вас, дом Ізраэля! Гэта кажа Госпад: «Не вучыцеся звычаям паганаў ды не бойцеся знакаў нябесных, якіх баяцца пагане, бо законы паганаў марныя. Бо ўмельства рук майстра апрацоўвае сякерай дрэва з лесу, аздабляе яго срэбрам і золатам, мацуе яго цвікамі і малатком, каб не рухалася. Яны — як пудзіла на агурковішчы, не гавораць яны, іх носяць, бо яны не могуць хадзіць: не бойцеся іх, бо не могуць ані блага рабіць, ані добра». Няма нікога падобнага да Цябе, Госпадзе! Магутны Ты, і вялікае імя Тваё ў магутнасці! Хто не збаіцца Цябе, Валадару народаў? Табе належыцца гэта, бо між усімі мудрацамі народаў і ва ўсіх царствах іх няма нікога падобнага да Цябе! Усе яны аднолькава цёмныя і неразумныя, і пустая іх навука, бо яны з дрэва. Срэбраная бляха, прывезеная з Тарсіса, і золата з Уфаза, твор майстра і рук залатара, адзенне іх з блакіту і пурпуру, усё гэта — тварэнне майстроў. А Госпад — Бог сапраўдны, Ён Бог жывы і Валадар вечны; ад гневу Яго задрыжыць зямля, і народы не змогуць устаяць перад пагрозаю Яго. Вось так кажыце ім: «Багі, якія не стварылі неба і зямлю, прападуць з зямлі і з таго, што пад нябёсамі. Ён стварыў зямлю сілай моцы Сваёй, умацаваў сусвет мудрасцю Сваёй і розумам Сваім раскінуў нябёсы. Голасам Сваім Ён творыць шматлікія воды на небе ды падымае хмары ад небасхілаў зямлі, Ён ператварае маланкі ў дождж і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх. Неразумным стаўся кожны чалавек ды невучоным; пасаромлены кожны майстар ідалам, бо тое, што ён выліў, — фальшывае, і няма духу ў іх. Яны — марнасць, праца, смеху вартая; у час наведання свайго яны загінуць. Не падобная да іх спадчына Якуба, бо Ён — Той, Хто ўфармаваў усё, а Ізраэль — пакаленне спадчыны Яго, Госпад Магуццяў — імя Яму. Пазбірай з зямлі клункі свае, ты, які сядзіш у аблозе!» Бо вось што кажа Госпад: «Вось, Я ў гэты раз выкіну далёка жыхароў зямлі, ды патрывожу іх так, каб адшукалі Мяне». Гора мне дзеля няшчасця майго, рана мая невылечная! Але я сказаў: «Зразумела, гэта хвароба мая, і я перанясу яе». Палатка мая спустошана, усе вяроўкі мае пазрываны, сыны мае адышлі ад мяне і няма іх, няма ўжо нікога, хто б ізноў расцягнуў палатку маю і хто б напяў мае палотны. Бо неразумна паводзілі сябе пастыры і не шукалі Госпада, таму не пашанцавала ім, а ўвесь іх статак рассыпаўся. Голас чуткі, вось, даходзіць і ўзрушэнне вялікае з зямлі паўночнай, каб змяніць гарады юдэйскія ў пустыню і ў паселішча шакалаў. «Ведаю, Госпадзе, што не чалавек вызначае свой шлях, ды не ў моцы чалавека ісці і накіроўваць крокі свае. Пакарай мяне, Госпадзе, але па законе ды не ў гневе Тваім, каб часам не абярнуў Ты мяне ў нішто. Вылі гнеў Свой на народы, якія не прызнаюць Цябе, і на плямёны, якія не прызываюць імя Твайго, бо праглынулі яны Якуба і з’елі яго, і спустошылі выганы яго».

Слова, якое даў Госпад Ярэміі, кажучы: «Выслухайце словы гэтай дамовы і кажыце людзям Юдэі і жыхарам Ерузаліма. І ты скажаш ім: гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Пракляты чалавек, які не слухае слоў гэтай дамовы, якой загады Я даў бацькам вашым у дзень, у які вывеў іх з зямлі Егіпецкай, ад печы жалезнай, кажучы: “Слухайце голасу Майго і рабіце ўсё так, як Я вам загадваю, і будзеце вы тады для Мяне народам, а Я для вас буду Богам, каб Я выканаў прысягу, якою прысягнуў бацькам вашым, што дам ім зямлю, якая ацякае малаком і мёдам, як гэта ёсць сёння”». І прамовіў я ў адказ: «Амін, Госпадзе». І сказаў Госпад мне: «Абвясці ўсе гэтыя словы па гарадах юдэйскіх і па вуліцах Ерузаліма, кажучы: “Паслухайце словы гэтай дамовы і спаўняйце іх. Бо просьбай прасіў Я бацькоў вашых у дзень, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай, аж да гэтага дня, ад рання прасіў іх і казаў: “Слухайце голас Мой!” А яны не слухалі і не нахінулі вуха сваё, але кожны з іх пайшоў паводле ўпартасці ліхога сэрца свайго, дык прывёў Я на іх усе словы гэтай дамовы, як загадаў, каб яны рабілі, а яны не рабілі”». І сказаў Госпад мне: «Выяўлена змова паміж людзьмі Юдэі і жыхарамі Ерузаліма. Вярнуліся яны да даўнейшых беззаконняў бацькоў сваіх, якія не хацелі слухаць словы Мае, і яны пайшлі за багамі чужымі, каб ім служыць; дом Ізраэля і дом Юды зламалі дамову Маю, якую заключыў Я з бацькамі іх». Дзеля таго вось што кажа Госпад: «Вось, Я навяду на іх няшчасці, якіх яны пазбегнуць не змогуць; і будуць яны клікаць Мяне, але Я не выслухаю іх. І пойдуць гарады юдэйскія і жыхары Ерузаліма, і будуць клікаць багоў, якім складалі ахвяры, але не выратуюць яны іх у час бяды іх. Паводле лічбы гарадоў тваіх, Юда, былі і багі твае, ды па ліку вуліц у Ерузаліме пабудавалі вы ахвярнікі ганебныя, ахвярнікі, каб складаць ахвяры Баалу. Дык ты не маліся за народ гэты і не ўзнось за іх прашэнне і маленне, бо Я не выслухаю ў час, калі будуць клікаць Мяне, у час гора іх. Што з каханай Маёй, што ў доме Маім здзяйсняе яна ліхія намеры? Ці ж малітвы і мяса ахвярнае ўхіляць ад цябе твае ліхоты, якімі славішся?» Зялёнай аліўкай, прыгожай, адметнай пладамі, назаве Госпад імя тваё. Але пад гук вялікага шуму запаліў Ён над ёй агонь, і згарэлі яе галіны. І Госпад Магуццяў, Які цябе пасадзіў, прадказаў на цябе бяду дзеля ліхоццяў дому Ізраэля і дому Юды, якія выклікалі гнеў да сябе ў Яго, калі ахвяравалі кадзіла Баалу. Ты вось, Госпадзе, паказаў мне, і я зразумеў, і тады выявіў Ты мне іх учынкі. Вось, я быў, быццам ягня ціхае, якога вядуць на зарэз, і не ведаў, што супраць мяне маюць яны ліхія намеры: «Ссячэм дрэва ў свежасці яго ды вырвем яго з зямлі жывых, хай імя яго не ўспамінаецца болей». Ты ж, Госпадзе Магуццяў, судзіш справядліва ды прасочваеш ныркі і сэрца; хай пабачу я помсту Тваю над імі, Табе бо выявіў я справу сваю. Дзеля таго вось што кажа Госпад адносна людзей з Анатоту, якія цікуюць на душу тваю ды кажуць: «Не праракуй у імя Госпада, і не памрэш у руках нашых». Таму гэта кажа Госпад Магуццяў: «Вось, Я пакараю іх: юнакі іх памруць ад меча, а сыны іх і дочкі іх памруць з голаду. І ніхто з іх не застанецца, бо Я навяду няшчасце на людзей Анатота, год пакарання іх».

Сапраўды, справядлівы Ты, Госпадзе, калі б я спрачаўся з Табою; аднак жа, пра законнасць буду гаварыць я з Табою. Чаму шлях бязбожнікаў паспяховы? Добра ўсім крывадушнікам і злачынцам. Ты насадзіў іх, і яны запусцілі карані, узрастаюць і даюць плады; блізка Ты да вуснаў іх, а далёка ад іх нырак. Ты ж, Госпадзе, ведаеш мяне, бачыш мяне і даследуеш сэрца маё, што яно з Табою. Аддзялі іх, як авечак на зарэз, і складзі іх у ахвяру на дзень знішчэння. Дакуль жа будзе смуткаваць зямля і трава ў кожнай мясцовасці будзе высыхаць дзеля злачыннасці жыхароў яе? Пагінулі звяры і птушкі, бо [тыя] казалі: «Бог не ўбачыць, што з намі будзе». Калі, бегучы з пешымі, ты заморваешся, то як жа зможаш спаборнічаць з конямі? І калі ў краіне супакою ты пачуваў сябе бяспечна, дык што будзеш рабіць у гушчары Ярдана? Бо і браты твае, і дом бацькі твайго, нават яны чыняць подступы супраць цябе і крычаць за табою на поўны голас; не вер ім, калі будуць гаварыць табе добрае. «Я пакінуў дом Свой, пакінуў спадчыну Сваю, тое, што любіла душа Мая, аддаў у рукі непрыяцеляў яе. Мая спадчына сталася для Мяне, як леў у лесе; яна падняла супраць Мяне голас свой, таму Я зненавідзеў яе. Ці ж спадчына Мая сталася для Мяне стракатай птушкаю? Ці ж навокал яе птушкі драпежныя? Прыходзьце, збярыцеся, усе звяры палявыя, паспяшайце на жыраванне. Многія пастухі разбурылі вінаграднік Мой, стапталі ўласнасць Маю і зрабілі надзел Мой улюбёны стэпам пустынным. Яны прызначылі яго на спусташэнне, смуткуе перад абліччам Маім апусцелы; спустошана ўся зямля, бо няма нікога, каму б дзеля гэтага балела сэрца». На ўсе ўзгоркі пустыні папрыходзілі нішчыцелі, бо меч Госпадаў паглынае ад краю зямлі да краю яе, і няма супакою ніводнаму жывому. Пасеялі пшаніцу, а зжалі церні, працавалі, ды ім гэта не прыдасца; вы асароміцеся дзеля пладоў сваіх з прычыны бушавання гневу Госпада! Вось што кажа Госпад супраць усіх маіх ліхіх суседзяў, якія чапляюцца да спадчыны, якую Ён прызначыў народу Свайму, Ізраэлю: «Вось жа, вырву Я іх з зямлі іх і дом Юды вырву з асяроддзя іх. І будзе: калі вырву Я іх, то зноў пашкадую іх і вярну іх назад, кожнага да спадчыны сваёй і кожнага — у зямлю сваю. І будзе: калі вывучаць яны дасканала шляхі народа Майго, каб прысягнулі імем Маім: “Жыве Госпад!”, як навучылі яны народ Мой прысягаць Баалам, то будуць будавацца сярод народа Майго. А калі і тады не паслухаюць, то Я вырву народ той, вырву на загубу», — кажа Госпад.

Гэта сказаў мне Госпад: «Ідзі і купі сабе льняны пояс, і падпяраж ім сцёгны свае, але не кладзі яго ў ваду». І купіў я пояс паводле слова Госпада і падпяразаў сцёгны свае. І другі раз было да мяне слова Госпада, якое казала: «Вазьмі пояс, які набыў і які на сцёгнах тваіх, устань і ідзі да Эўфрата і схавай там яго ў шчыліне скалы». І пайшоў я, і схаваў яго каля Эўфрата, як загадаў мне Госпад. І сталася: праз многа дзён сказаў мне Госпад: «Устань і ідзі да Эўфрата ды забяры адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць там». І пайшоў я да Эўфрата, і выкапаў, і забраў пояс з месца, дзе яго схаваў; і вось, пояс збуцвеў і не надаваўся да нічога. І было слова Госпада да мяне, што казала: «Гэта кажа Госпад: “Так вось Я знішчу пыху Юды ды бязмежную пыху Ерузаліма. Разбэшчаны народ гэты — яны не хочуць слухаць слоў Маіх і жывуць у сапсаванасці сэрца свайго. Ды пайшлі яны за чужымі багамі, каб ім служыць і ім пакланяцца, дык будзе ён, як гэты пояс, які ні на што не надаецца. Бо як прылягае пояс да сцёгнаў мужчыны, так Я прытуліў да сябе ўвесь дом Ізраэля і ўвесь дом Юды, — кажа Госпад, — каб былі яны для Мяне народам, і імем, і хвалой, і славай, але яны не паслухаліся”. Дык ты скажаш ім такое слова: гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Кожны збан напоўніцца віном”. І скажуць яны табе: “Ці ж мы не ведаем, што кожны збан напоўніцца віном?” А ты скажаш ім: гэта кажа Госпад: “Вось, Я напоўню п’янствам усіх жыхароў гэтай зямлі, і цароў з роду Давіда, і святароў, і прарокаў, і ўсіх жыхароў Ерузаліма, ды паразбіваю іх аднаго аб аднаго, бацькоў разам з сынамі, — кажа Госпад, — не пашкадую, і не адступлю, і не злітуюся, аж пакуль не знішчу іх”». Слухайце і ўспрымайце вушамі; не ўзносцеся, бо Госпад сказаў гэта: «Аддайце хвалу Госпаду, Богу вашаму, перш чым наступіць цемра і перш чым пачнуць спатыкацца ногі вашы каля цёмных гор; будзеце вы чакаць святла, а Ён заменіць яго на цемру смерці ды туман». Калі ж вы гэтага не паслухаеце, будзе таемна плакаць душа мая дзеля вашай пыхі; будзе плакаць безупынна, і вока маё выпусціць слязу, бо статак Госпада захоплены ў няволю. Скажы цару і царыцы: «Сядзьце на зямлі, бо спаў з галавы вашай вянец славы вашай!» Гарады Нагэба замкнутыя, і няма, хто б адкрыў іх. Увесь Юда адведзены ў няволю, перайшоў цалкам. Падымі вочы свае і паглядзі на прыхадняў з Поўначы, — дзе ёсць статак, даручаны табе, цудоўная жывёла твая? Што скажаш, калі наведаюць яны цябе? Ты бо сам прывучыў іх да сябе, прыяцеляў на галаву сваю. Ці ж не ахопяць цябе пакуты, як жанчыну парадзіху? А калі ты скажаш у сэрцы сваім: «Чаму гэта ўсё напаткала мяне?» — Дзеля многіх правін тваіх былі адкрытыя полы адзення твайго і аголены ступні твае. Ці ж можа этыёп змяніць скуру сваю, а леапард — плямы свае? Таксама і вы, ці можаце добрае рабіць, вы, якія навучыліся паводзіць сябе крывадушна? «Дык Я рассыплю вас, як мякіну, якую разносіць вецер пустынны. Такі твой лёс і доля, адмераная Мною табе, — кажа Госпад, — бо ты забыўся пра Мяне, і паверыў у ашуканства. За гэта і Я раскрыю полы адзення твайго аж да твару твайго, ды выявіцца ганьба твая, твае чужаложніцтвы і ржанне тваё, ліхота распусты тваёй; на ўзгорках і ў полі бачыў Я агіднасці твае. Гора табе, Ерузалім, не ачысцішся! Дакуль жа?»

Вось якое было слова Госпада да Ярэміі пра засуху: «Смутак ахапіў Юдэю, і брамы яе поўныя жалобы, пахіліліся сумна да зямлі, ды падымаецца галашэнне Ерузаліма. Магнаты іх пасылаюць слуг сваіх па ваду; прыходзяць яны да вадаёмаў і не знаходзяць вады. Прыносяць яны назад збаны свае пустыя; асаромленыя і збянтэжаныя, і закрываюць галовы сабе. З прычыны запусцення зямлі, бо не падае дождж на зямлю, сумныя земляробы, пакрылі свае галовы. Нават аленіха родзіць на полі і пакідае свайго малога, бо няма травы. І дзікія аслы стаяць на ўзгорках і хапаюць паветра, як шакалы; вочы іх мутнеюць, бо няма травы». «Калі нават нашы грахі сведчаць супраць нас, Госпадзе, Ты ўчыні дзеля імя Твайго, бо шматлікія нашы праступкі, зграшылі мы супраць Цябе. Надзея Ізраэля, Збаўца яго ў часе трывогі, чаму Ты — быццам чужынец у краіне ды быццам падарожнік, які збочвае на начлег? Чаму Ты — быццам чалавек разгублены, як волат, які не можа ратаваць? Ты ж паміж нас, Госпадзе, і імя Тваё прызываюць у нас, не пакідай нас!» Так кажа Госпад гэтаму народу: «Любяць яны надта вандраваць, ног сваіх не шкадуюць і Госпаду не падабаюцца. Цяпер Ён прыгадаў злачынствы іх і за іх грахі карае». І сказаў Госпад мне: «Не прасі дабра гэтаму народу. Калі б нават посціліся яны, не выслухаю просьбы іх; ды калі б складалі цэласпаленні і ахвяры з ежы, не прыму іх, бо буду вынішчаць іх мечам, голадам і пошасцю». А я сказаў: «О Госпадзе, Божа, вось жа, прарокі кажуць ім: “Не ўгледзіце меча, і голаду не пакаштуеце, але сапраўдны супакой дасць Ён вам на гэтым месцы”». І сказаў Госпад мне: «Прарокі абвяшчаюць ілжыва ў імя Маё. Я не пасылаў іх, і не даваў ім загадаў, і не прамаўляў да іх. Падманнае бачанне і прадказанне, ашуканства ды аблуднасць сэрца свайго прарочаць яны вам». Таму вось што кажа Госпад супраць прарокаў: «Яны праракуюць у імя Маё, але Я іх не пасылаў. Яны кажуць: “Меча і голаду не будзе ў гэтай зямлі”, але ад меча і голаду прападуць прарокі тыя, а людзі, якім яны праракуюць, будуць выкінуты на вуліцы Ерузаліма на голад і на меч, і не будзе каму пахаваць іх; самі яны і жонкі іх, сыны і дочкі іх; — і вылью на іх ліхоту іх. І ты скажаш ім гэтае слова: “Хай вочы мае выліваюць слёзы ноччу і днём без перапынку, бо вялікай пакутай спакутавана дзяўчына, дачка майго народа, няшчасце дужа вялікае. Калі выйду ў палі, — вось, там забітыя мечам! І калі ўвайду ў горад, — вось, там замучаныя голадам! Нават прарок і святар ходзяць па зямлі, нічога не разумеючы”». «Ці сапраўды адпіхнуў Ты Юду, або, можа, Сіёнам абрыдзілася душа Твая? Чаму Ты крануў нас плягаю без магчымасці аздараўлення? Спадзяваліся мы на супакой, але добрага няма; час вылечыцца — і вось, трывога! Прызнаём, Госпадзе, свае злачынствы, злачынствы бацькоў нашых, бо зграшылі мы супраць Цябе! Не аддавай нас на ганьбу дзеля імя Твайго, не чыні абразы пасаду славы Тваёй! Памятай, не разрывай запавету Свайго з намі! Ці ёсць сярод багоў паганскіх такія, што маглі б паслаць дождж? Ці, можа, нябёсы самі могуць даць ліўні? Ці ж не Ты — Госпад, Бог наш, Якога мы чакаем? Ты ж учыніў усё гэта».

І сказаў Госпад мне: «Калі б нават Майсей і Самуэль сталі перада Мною, душа Мая не з гэтым народам! Выгані іх ад аблічча Майго, няхай ідуць прэч! А калі табе скажуць: “Куды пойдзем?”, адкажаш ім: гэта кажа Госпад: “Хто на смерць — на смерць, хто пад меч — пад меч, хто на голад — на голад, хто ў няволю — у няволю”. І Я дапушчу на іх чатыры віды, — кажа Госпад, — меч, каб забіваў; сабак, каб разрывалі; птушак паднебных і звяроў зямных, каб жэрлі і нішчылі. І аддам іх на абурэнне ўсім царствам зямлі дзеля Манасы, сына Эзэкіі, цара Юдэйскага, за ўсё тое, што ён учыніў у Ерузаліме. Хто ж бо злітуецца над табою, Ерузалім? Або хто паспачувае табе? Хто падыдзе, каб запытацца, як табе вядзецца? Ты ж Мяне адкінуў, — кажа Госпад, — адышоў назад. І Я выцягнуў руку Маю над табою ды знішчыў цябе. Стаміўся Я літаваць! Я адвеяў іх веялкай у брамах зямлі; пазбавіў патомства ды выгубіў Свой народ, але яны не вярнуліся са шляхоў сваіх! Удоў іх у Мяне стала больш, чым пяску ў моры. Я прывёў на іх і на мацерак ваяра, нішчыцеля апоўдні; наслаў на іх раптоўна трывогу і жах. Самлела тая, што сямёра нарадзіла, аддала душу сваю. Зайшло яе сонца, хоць яшчэ дзень быў, ахапіў яе сорам і пачырванела. А рэшткі іх Я аддам пад меч на віду ворагаў іх», — кажа Госпад. «Гора мне, маці мая, што мяне нарадзіла, бо нарадзіла ты мяне, чалавека звадкі і чалавека нязгоды на ўсёй зямлі! Не пазычаю і не даю нікому пазыкі, але ўсе мяне праклінаюць. Сапраўды, Госпадзе, я служыў Табе добра, заступаўся перад Табою за ворага ў час бяды і ў час трывогі. Ці ж крышыцца жалезам жалеза з поўначы і медзь?» «Багацце тваё і скарбы твае Я аддам на рабунак без платы, дзеля ўсіх грахоў тваіх па ўсіх межах тваіх. Ды аддам цябе служыць ворагам тваім у зямлю, якой не ведаеш, гнеў бо Мой загарэўся агнём і будзе над вамі гарэць». «Ты ведаеш, Госпадзе, дык памятай пра мяне і наведай мяне і адпомсці за мяне тым, якія пераследуюць мяне; не забірай мяне паводле цярплівасці Сваёй, ведай, што дзеля Цябе цярплю я ганьбу. Адкрыліся словы Твае, і праглынуў я іх, і сталася слова Тваё мне на радасць ды на пацеху сэрца майго, бо прызывана імя Тваё нада мною, Госпадзе, Божа Магуццяў. Не сядзеў я на сходзе кпліўцаў і не хваліўся, а сядзеў я адзін пад рукой Тваёй, бо Ты напоўніў мяне гневам. Чаму боль мой стаўся бязмежным, а рана мая безнадзейная, адмаўляецца лячыцца? Стаўся Ты мне як ручай падманны, як воды ненадзейныя». Таму вось што кажа Госпад: «Калі ты навернешся, Я навярну цябе, і ты станеш перад абліччам Маім; а калі аддзеліш каштоўнае ад нікчэмнага, будзеш, як вусны Мае. Тады яны самі звернуцца да цябе, а ты не будзеш звяртацца да іх. І Я зраблю цябе для гэтага народа моцным медным мурам, і будуць яны ваяваць супраць цябе, і не перамогуць, бо Я з табою, каб збаўляць і ратаваць цябе, — кажа Госпад. — І Я вызвалю цябе з рук ліхотнікаў і збаўлю цябе з рук гвалтаўнікоў».

І было слова Госпада да мяне, і казала: «Не возьмеш ты жонкі і не будзе ў цябе сыноў і дачок у гэтым месцы». Бо вось што кажа Госпад пра сыноў і дачок, якія нараджаюцца на гэтым месцы, ды пра мацерак іх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іх, з пакалення якіх нарадзіліся яны на гэтай зямлі: «Паўміраюць яны ад смяротных хвароб, будуць яны не аплаканыя і не пахаваныя, будуць яны, як гной на полі, ды будуць вынішчаны мечам і голадам, і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і звярам палявым». Бо гэтак сказаў Госпад: «Не ўваходзь у дом смутку, і не ідзі на галашэнне, і не шкадуй іх, бо ўхіліў Я супакой Мой ад гэтага народа, — кажа Госпад, — міласэрнасць і спагаднасць. І паўміраюць вялікія і малыя на гэтай зямлі, не будуць яны пахаваныя, і ніхто не будзе па іх плакаць, ніхто не зробіць дзеля іх нарэзаў і не будзе стрыгчыся. І не будуць ламаць хлеба для таго, хто ў жалобе, каб пацешыць па памерлым, і не пададуць яму чашы пацехі па яго бацьку і маці. Не ўваходзь таксама ў дом банкетавання, каб сесці з імі з’есці і выпіць». Бо вось гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вось, Я спыню на гэтым месцы на вашых вачах ды ў вашых днях голас весялосці і голас радасці, голас жаніха і голас нявесты. А калі абвесціш гэтаму народу ўсе гэтыя словы і скажуць табе: “Чаму Госпад прызначыў на нас усё гэта вялікае ліха? Што за злачыннасць наша і што за грэх наш, у чым зграшылі мы Госпаду, Богу нашаму?”, скажаш ім: “Бо пакінулі Мяне бацькі вашы, — кажа Госпад, — і пайшлі следам за багамі чужымі, ды служылі ім, і пакланяліся ім, а ад Мяне адвярнуліся, ды закон Мой не пільнавалі. Але і вы паводзілі сябе яшчэ горш за бацькоў вашых, бо, вось, кожны з вас жыве па сапсаванасці сэрца свайго ліхога, каб не слухаць Мяне. Дык Я выкіну вас з гэтай зямлі ў зямлю, якой не ведаеце ані вы, ані бацькі вашы, і будзеце вы там служыць багам чужым, днём і ноччу, бо Я не дам вам прабачэння. Вось таму прыйдуць дні, — кажа Госпад, — калі ўжо не будуць казаць: “Жывы Госпад, Які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай”, а толькі: “Жывы Госпад, Які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі паўночнай ды з усіх земляў, па якіх Ён іх расцерушыў”. І Я вярну іх зноў у зямлю іх, якую даў бацькам іх. Вось, Я пашлю многіх рыбакоў, — кажа Госпад, — і будуць лавіць іх, а пасля гэтага пашлю да іх многіх паляўнічых, і будуць паляваць на іх з кожнай гары і з кожнага ўзгорка і са шчылін скальных. Бо вочы Мае — на ўсіх шляхах іх: яны не схаваліся ад Мяне, і не ўтоена ліхота іх ад вачэй Маіх. І Я аддам ім найперш удвая за ліхоту і за грахі іх, за тое, што апаганілі зямлю Маю трупамі ідалаў сваіх і брыдотай сваёю напоўнілі спадчыну Маю». «Госпадзе, цвярдыня мая і абарона мая, і прыстанішча маё ў дзень трывогі; да Цябе прыйдуць народы ад канцоў зямлі і скажуць: “Сапраўды, бацькі нашы атрымалі ў спадчыну няпраўду, марнасць, якая нічым не дапаможа. Ці ж можа чалавек зрабіць сабе багоў? А яны ж зусім не багі!”» «Дзеля таго, вось, Я пакажу ім гэтым разам, пакажу ім руку Сваю і магутнасць Сваю, каб ведалі, што імя Мне — Госпад!»

Грэх Юды запісаны жалезным пяром, высечаны дыяментавым лязом на табліцы сэрцаў іх і на рагах ахвярнікаў іх, каб памяталі сыны іх пра ахвярнікі свае і пра ідалаў сваіх каля дрэў зялёных на высокіх узгорках, на гарах у полі. «Багацце тваё, усе скарбы твае Я аддам на разрабаванне, і вышыні твае — за грахі ва ўсіх межах тваіх. І пакінеш ты спадчыну тваю, якую даў Я табе; і ўчыню, каб служыў ты ворагам сваім, у зямлі, якой не ведаеш, бо вы распалілі агонь у сэрцы Маім, і будзе ён гарэць вечна». Гэта кажа Госпад: «Пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека і які робіць цела апораю сваёй, а ад Госпада адварочваецца сэрца яго! Ён будзе падобны да тамарыска на пустэчы, і не ўбачыць ён, калі прыходзіць дабро. Ён будзе жыць на сухім месцы ў пустыні, на зямлі салёнай і бязлюднай. Дабраславёны чалавек, які спадзяецца на Госпада; і Госпад будзе надзеяй яго; і будзе ён падобны да дрэва, якое пасаджана над вадою, якое пускае карані свае да струменяў, і не будзе баяцца, калі прыйдзе спякота, і лістота яго будзе зялёнай, і ў год засухі не будзе непакоіцца, і не перастане даваць плады». «Сэрца чалавека здрадлівае больш за ўсё астатняе і не даецца вылечыць, хто спазнае яго? Я, Госпад, даследую сэрца і прасочваю ныркі, Я даю кожнаму паводле шляху яго і паводле пладоў учынкаў яго». «Курапатка выседжвае яйкі, якіх не знесла, такі ж самы і той, хто збірае багацце няпраўдаю. У сярэдзіне дзён сваіх ён пакіне яго, і ў апошнія дні свае стане неразумным. Пасад славы, узвышаны спрадвеку, — месца святыні нашай! Надзея Ізраэля, Госпадзе, усе, што Цябе пакідаюць, — асаромяцца, а тыя, што адварочваюцца ад Цябе, будуць запісаныя на зямлі, бо пакінулі Госпада, крыніцу жывое вады. Аздараві мяне, Госпадзе, і стануся здаровым, збаў мяне, і буду збаўлены! Бо Ты — слава мая!» Вось, тыя кажуць мне: «Дзе слова Госпада? Хай яно прыйдзе». Я не спяшаўся быць пастарам у Цябе і не прагнуў дня знішчэння, Ты ведаеш: усё, што выйшла з вуснаў маіх, не было схавана перад Табою. Не будзь для мяне страхам, Ты, прыстанішча маё ў дзень няшчасця! Хай будуць пасаромлены тыя, якія пераследуюць мяне, а я хай не буду пасаромлены; хай яны баяцца, а я хай не буду баяцца, спашлі на іх дзень няшчасця ды падвойным уціскам пакарай іх. Гэта Госпад сказаў мне: «Ідзі і стой у браме сыноў народа, праз якую ўваходзяць цары Юды і выходзяць, ды ва ўсіх брамах Ерузаліма. Ды кажы ім: “Слухайце слова Госпада, цары Юды, і ўся Юдэя, і ўсе жыхары Ерузаліма, якія ўваходзіце праз гэтыя брамы. Гэта кажа Госпад: “Пільнуйце душы вашы і не насіце цяжару ў дзень суботы ды не ўносьце праз брамы Ерузаліма. І не выносьце цяжараў з сваіх дамоў у дзень суботы, і не рабіце ніякай работы: святкуйце дзень суботы, як загадаў Я бацькам вашым”». «Але яны не слухалі, і не прыхілілі вуха сваё, але зрабілі цвёрдым карак свой, каб не слухаць Мяне і не ўспрымаць павучанне. І станецца, калі будзеце слухаць Мяне, — кажа Госпад, — каб не ўносілі цяжараў праз брамы горада гэтага ў дзень суботы, і каб святкавалі дзень суботы, ды не рабілі аніякае работы, будуць уваходзіць праз брамы гэтага горада цары і князі, якія сядзяць на пасадзе Давіда ды ездзяць на падводах і конях, самі і князі іх, мужы Юдэі і жыхары Ерузаліма, а горад гэты будзе абжыты вечна. І будуць прыходзіць з гарадоў Юды ды з ваколіц Ерузаліма, і з зямлі Бэньяміна, і з Сэфэлі, і з гор, і з Нагэба, прыносячы ахвяры цэласпалення, ахвяры крывавыя, ахвяры хлебныя і кадзіла, і прынясуць ахвяру падзякі ў дом Госпада. А калі Мяне не паслухаеце, каб святкаваць дзень суботы, каб устрымацца ад нясення цяжараў, уваходзячы брамамі Ерузаліма ў дзень суботы, Я запалю агонь у яго брамах, і ён праглыне дамы Ерузаліма ды не згасне».

Слова, якое было Ярэміі ад Госпада, якое казала: «Устань і спусціся ў дом ганчара; там пачуеш Мае словы». Дык я спусціўся ў дом ганчара, і вось, ён працаваў пры коле, і пасудзіна, якую рабіў ён з гліны рукамі сваімі, рассыпалася, як гэта здараецца з глінай у руцэ ганчара, і ён ізноў зрабіў з яе іншую пасудзіну, — так, як яму пажадалася. І было слова Госпада да мяне, якое казала: «Ці не магу Я зрабіць з вамі, дом Ізраэля, як гэты ганчар? — кажа Госпад. — Бо вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы, дом Ізраэля, у Маёй руцэ. Часам Я скажу супраць народа і супраць царства, што Я выкараню, развалю ды знішчу яго. Калі раскаецца народ гэты ў ліхоце сваёй, за якую наканаваў Я [пакаранне] на яго, то і Я раскаюся ў ліхоце, якую задумаў учыніць яму. Іншым разам скажу Я адносна якога народа ці царства, каб збудаваць і засяліць яго. Калі б, аднак, ён дапускаўся ліхоты на віду ў Мяне, каб не слухаць голасу Майго, то Я раскаюся ў дабротах, якія абяцаў зрабіць яму. Цяпер жа кажы мужу Юдэі і жыхарам Ерузаліма, кажучы: гэта кажа Госпад: “Вось, Я рыхтую вам бяду і маю намер супраць вас. Дык навярніцеся кожны ад сваёй ліхой дарогі і выпрастуйце дарогі вашы і паводзіны вашы”». А яны сказалі: «Надарма! Мы пойдзем за сваімі ўласнымі задумамі, і кожны будзе паводзіць сябе паводле сапсаванасці ліхога сэрца свайго». Таму вось што кажа Госпад: «Спытайце ў народаў: ці хто чуў пра такія жахі, якія ўчыніла без меры дзяўчына Ізраэля? Ці ж знікне з камянёў даліны снег Лібана або ці высахнуць воды крынічныя, халодныя і цякучыя? А народ Мой забыўся пра Мяне, для марнасці палячы кадзіла ды спатыкаючыся на дарогах сваіх, на даўнейшых шляхах, каб блукаць па сцежках, па дарозе невыхаджанай, каб зямлю сваю ўчыніць пустыняй ды адвечным пасмяяннем. Кожнага, хто будзе праходзіць праз яе, ахопіць здзіўленне, і будзе ён ківаць галавою сваёй. Падобна, як вецер усходні, Я раскідаю іх на віду ворага. Спіну, а не твар, пакажу ім у дзень знішчэння іх». А яны сказалі: «Хадземце і змовімся супраць Ярэміі, не прападзе ж бо закон без святара, ані рада без мудрага, ані слова без прарока. Хадземце, паб’ем яго языком і не звернем зусім увагі на яго словы». Зваж на мяне, Госпадзе, і пачуй голас непрыяцеляў маіх. Ці ж ліхам адгаджаецца за дабро? А яны выкапалі яму для душы маёй! Узгадай, як я стаяў перад Табою, каб прасіць дабра для іх ды каб адвярнуць гнеў Твой ад іх. Дзеля таго аддай іх дзяцей на голад ды завядзі іх пад меч! Хай жонкі іх стануць бяздзетнымі ды ўдовамі, а мужы іх хай папрападаюць ад пошасці, а моладзь іх хай загіне ў баі ад меча. Хай чуецца крык з іх дамоў; навядзі на іх раптам злодзеяў, бо яны выкапалі яму, каб схапіць мяне, а пад ногі мае пасткі паставілі. Ты ж, Госпадзе, ведаеш усе іх хітрыкі супраць мяне, не даруй ім іх злачынства, і хай не аддаліцца з віду Твайго грэх іх. Хай папрападаюць перад Табою, у час гневу Твайго асудзі іх!

Гэта кажа Госпад: «Ідзі і купі ў ганчара гляк гліняны, потым вазьмі з сабою некалькі старэйшын народа ды старэйшых святароў. І выйдзі ў лагчыну Бэн-Гэном, якая пры ўваходзе ў браму Харсіт, і там будзеш абвяшчаць словы, якія Я табе скажу. І скажаш: “Слухайце слова Госпада, цары Юды і жыхары Ерузаліма! Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду няшчасце на гэтае месца, так што кожнаму, хто гэта пачуе, зашуміць у вушах. Бо яны пакінулі Мяне і чужым зрабілі гэтае месца, ды палілі на ім кадзіла чужым багам, якіх не ведалі ані яны, ані бацькі іх, ані цары Юды, і напоўнілі гэтае месца крывёю нявінных. І пабудавалі вышыні Баалу, каб паліць там сваіх сыноў у агні на цэласпаленне Баалу, чаго Я не загадваў і не даручаў і што не прыйшло Мне нават на думку. Таму прыйдуць дні, — кажа Госпад, — што гэтае месца не будзе больш называца Тафэт, ці лагчынай Бэн-Гэном, але далінай Забойства. І Я разганю раду Юды і Ерузаліма на гэтым месцы, і аддам іх пад меч на віду ворагаў іх, ад рукі тых, што цікуюць на іх душы. Целы іх Я дам на ежу птушкам паднебным і звярам зямным. Ды зраблю з гэтага горада прычыну аслупянення і насмешак. Кожны, хто будзе міма яго праходзіць, аслупянее і засвішча дзеля ўсіх яго бед. І Я буду карміць іх целамі сыноў іх і дачок іх; і не адзін з іх будзе спажываць цела прыяцеля свайго з прычыны аблогі і прыгнёту, якім ціснуць іх будуць ворагі іх, якія цікуюць на іх душы”». І ты разбі гляк перад мужчынамі, якія пойдуць з табой, і скажы ім: «Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Я гэтак разаб’ю народ гэты і горад гэты, як таўчэцца посуд ганчара, які не можа быць больш адноўлены. І будуць яны пахаваны ў Тафэце, бо не будзе іншага месца на пахаванне. Я зраблю гэтаму месцу, — кажа Госпад, — і жыхарам яго так, што зраблю гэты горад такім, як Тафэт; і стануцца нячыстымі дамы Ерузаліма і дамы цароў Юды, падобна як месца Тафэт; усе дамы, на дахах якіх палілі кадзіла ўсім сілам нябесным ды складалі ахвяры вадкія чужым багам”». Прыйшоў, вось, Ярэмія з Тафэта, куды яго паслаў Госпад праракаваць, ды стаў на панадворку дома Госпада, і сказаў усяму народу: «Вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду на гэты народ і на ўсе яго паселішчы ўсякія беды, якія на іх прадказаў, бо зрабілі яны карак свой цвёрдым ды не слухаюць слоў Маіх”».

І Пасур, сын Эмэра, святар, які быў пастаўлены кіраўніком у доме Госпада, пачуў, як Ярэмія праракаваў гэтымі словамі; і ўдарыў Пасур прарока Ярэмію ды закаваў яго ў калоду, якая была ў Верхняй браме Бэньяміна, у доме Госпадавым. А назаўтра, як развіднела, вызваліў Пасур Ярэмію з вязніцы. Тады сказаў яму Ярэмія: «Ужо Госпад не называе цябе Пасур, але “Трывога навокал”, бо, вось, гэта кажа Госпад: “Вось, Я зраблю з цябе страхоцце ды з усіх тваіх таварышаў; і ўпадуць яны ад меча ворагаў сваіх, а твае вочы будуць глядзець! І ўсяго Юду Я выдам у рукі цара Бабілонскага, і павядзе ён іх у няволю ў Бабілон, і будзе забіваць іх мечам. І дам усе багацці гэтага горада ды ўвесь плён працы яго, усе яго каштоўнасці, усе скарбы цароў Юды дам у рукі ворагаў іх, каб іх рабавалі, і забралі, і вывезлі ў Бабілон. Ты ж, Пасур, і ўсе твае хатнія пойдзеце ў няволю. І пойдзеш ты ў Бабілон, і там памрэш і будзеш пахаваны ты і ўсе твае таварышы, якім праракаваў ты лжыва”». «Звёў Ты мяне, Госпадзе, і я даўся звесціся, Ты быў дужэйшы за мяне і перамог, стаўся я пасмяяннем на цэлы дзень, усе насміхаюцца з мяне. Бо як толькі пачынаю гаварыць — усклікаю, крычу пра бяду і вынішчэнне; і сталася мне слова Госпада знявагай і кпінамі на цэлы дзень. І сказаў я: “Не буду Яго ўзгадваць і не буду болей гаварыць у імя Яго!” Але тады ўзняўся ў сэрцы маім як бы агонь пякучы, замкнуты ў касцях маіх, дык я змучыўся і не мог вынесці яго. Я чуў паклёпы многіх і жах навокал: “Паведаміце, і мы паведамім пра яго!” Усе спагадныя да мяне чакалі падзення майго: “Можа, ён дасць падмануць сябе, дык мы адолеем яго і будзем спаганяць на ім помсту”. Але Госпад пры мне, як волат магутны; таму тыя, што пераследуюць мяне, упадуць і стануцца слабымі. Раптам пасаромеюцца яны, бо не даб’юцца поспеху, вечная ганьба, якая ніколі не забудзецца. А Ты, Госпад Магуццяў, выпрабоўваеш справядлівага і бачыш ныркі і сэрца. Прашу, хай пабачу я помсту Тваю над імі, Табе бо даручыў я справу сваю. Спявайце Госпаду, хваліце Госпада, бо вызваліў Ён душу беднага з рук злачынцаў. Пракляты той дзень, у якім я нарадзіўся, дзень, у якім нарадзіла мяне маці мая, хай не будзе дабраславёны. Пракляты той чалавек, які паведаміў бацьку майму, кажучы: “Нарадзіўся у цябе сын”, і вельмі ўзрадаваў яго; хай будзе той чалавек, як гарады, якія знішчыў Госпад і не пашкадаваў, хай чуе ён крык раніцай і гармідар апоўдні, ён, які не забіў мяне ва ўлонні маці, каб сталася для мяне маці мая магілай, а ўлонне яе вечна было цяжарным. Навошта я выйшаў з улоння? Каб бачыць пакуту і гора, ды каб дні мае скончыліся ў ганьбе?»

Слова, якое было Ярэміі ад Госпада, калі цар Сэдэцыя паслаў да яго Пасура, сына Мэльхіі, і святара Сафонію, сына Маасіі, каб яму сказалі: «Спытай пра нас Госпада, бо Набукаданосар, цар Бабілона, абвясціў нам вайну. Можа, Госпад учыніць нам штосьці паводле ўсіх цудаў Сваіх, ды той адступіць ад нас». І сказаў ім Ярэмія: «Так адкажыце Сэдэцыі: гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Вось, Я адвярну назад зброю, якая ў вашых руках і з якой вы ваюеце супраць цара Бабілонскага і халдэяў, якія аблягаюць вас звонку муроў, і збяру яе ў сярэдзіне гэтага горада. І буду ваяваць Я супраць вас узнятаю рукою і дужым плячом, з гневам, лютаваннем і вялікім абурэннем. І паб’ю жыхароў гэтага горада, людзей і жывёлу; паўміраюць яны ад вялікай пошасці. А потым, — кажа Госпад, — Я выдам Сэдэцыю, цара Юдэйскага, і слуг яго, і народ яго, якія ацалеюць у гэтым горадзе ад заразы, ад меча і ад голаду, у рукі Набукаданосара, цара Бабілонскага, ды ў рукі ворагаў іх, ды ў рукі тых, якія цікуюць на іх душу. І ён заб’е іх вастрыём меча, і не будзе іх шкадаваць, не будзе мець літасці, ні міласэрнасці”. І скажы гэтаму народу: гэта кажа Госпад: “Вось, Я прапаную вам дарогу жыцця і дарогу смерці. Хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і заразы. Хто ж выйдзе, каб аддацца ў няволю халдэям, якія аблягаюць вас, будзе жыць ды будзе яму душа яго замест здабычы. Накіраваў бо Я Сваё аблічча на гэты горад на ліха, а не на дабро, — кажа Госпад. — Будзе ён выдадзены ў рукі цара Бабілонскага, які спаліць яго агнём”. Адносна дома цара Юдэйскага слухайце слова Госпада: “Дом Давіда! Гэта кажа Госпад: “Судзіце справядліва раніцай, вызваляйце прыгнечанага з рукі крыўдзіцеля, каб часам не ўзняўся гнеў Мой, як агонь, ды не разгарэўся так, што не будзе каму загасіць, з прычыны ліхоты ўчынкаў вашых”. “Вось, Я да цябе, жыхарка даліны, скала на раўніне, — кажа Госпад. — Вы гаворыце: “Хто нападзе на нас? І хто ўвойдзе ў дамы нашы?” А Я пакараю вас паводле плёну ўчынкаў вашых, — кажа Госпад, — і запалю агонь у лесе яе, і паглыне ён усё вакол яе».

Гэта кажа Госпад: «Сыдзі ў дом цара Юдэйскага і абвясці яму гэтае слова. І скажы яму: “Слухай слова Госпада ты, цар Юдэйскі, які сядзіш на пасадзе Давіда, ты, і твае паслугачы, і твой народ, які ўваходзіць праз гэтыя брамы. Гэта кажа Госпад: “Чыніце суд і справядлівасць, вызваляйце прыгнечанага з рук крыўдзіцеля, чужынцу, сіраце і ўдаве не рабіце крыўды ані ўціску несправядлівага, ды крыві бязвіннай не пралівайце ў гэтым месцы. Калі бо дакладна споўніце вы гэтае слова, то будуць уваходзіць праз брамы гэтага дома цары з роду Давіда, якія сядзяць на пасадзе яго ды ўзвышаюцца на калясніцах і на конях, самі, і паслугачы іх, і народ іх. Калі ж не паслухаеце гэтых слоў, прысягаю Самім Сабою, — кажа Госпад, — што дом гэты станецца пустыняй”. Гэта кажа Госпад адносна дому цара Юдэйскага: “Ты для Мяне — Галаад, вяршыня Лібана. Але, сапраўды, Я зраблю з цябе пустыню, гарады бязлюдныя. І прызначу Я на цябе нішчыцеля і зброю яго, і зрэжуць яны найлепшыя твае кедры ды кінуць у агонь. І пройдзе многа народаў праз гэты горад, і скажа кожны блізкаму свайму: “Чаму зрабіў так Госпад гэтаму вялікаму гораду?” І адкажуць: “За тое, што пакінулі запавет Госпада, Бога свайго, і пакланяліся чужым багам, і служылі ім”». Не плачце дзеля памерлага і не галасіце дзеля яго. Плачце горка дзеля таго, хто адыходзіць, бо ён не вернецца ўжо і не пабачыць сваёй роднай зямлі. Бо вось што кажа Госпад пра Сэлума, сына Осіі, цара Юдэйскага, які цараваў замест Осіі, бацькі свайго, і які пакінуў гэтае месца: «Не вернецца больш сюды той, які выйшаў з гэтага месца, але на месцы, у якое завялі яго, памрэ, ды зямлі гэтае болей не ўбачыць». Гора таму, хто будуе дом свой на несправядлівасці, і святліцы свае — на незаконнасці, блізкаму свайму кажа працаваць задарма, і заробку яго не аддае яму. Ён кажа: «Пабудую сабе дом прасторны, і святліцы шырокія», ды прасякае вокны сабе, і будуе столь кедравую, і малюе цынобраю. «Ці будзеш цараваць, таму што выслаўляешся кедрамі? А можа, твой бацька не еў і не піў? Але ён спаўняў закон і чыніў справядлівасць, і добра было яму тады. Ён разбіраў справу беднага і няшчаснага, і добра [было яму] тады. Ці ж не гэта азначае ведаць Мяне? — кажа Госпад. — Твае ж вочы і сэрца — толькі ўласнай карысці, праліцця нявіннай крыві, крыўды і гвалту. Таму вось што кажа Госпад Еліякіму, сыну Осіі, цару Юдэйскаму: “Не будуць плакаць па ім: “О гора, браце мой! О гора, сястра мая!” Не будуць па ім плакаць: “О гора, гаспадару! О гора, ясны!” Будзе ён мець пахаванне, якое спраўляецца аслу. Будуць яго цягнуць і кінуць далёка па-за брамамі Ерузаліма». Узыдзі на Лібан і крычы, і на Басане ўздымі голас твой, і гукай з Абарыма, бо былі панішчаны ўсе палюбоўнікі твае. «Прамаўляў Я да цябе ў час бяспекі тваёй, а ты адказаў: “Не буду слухаць!” Гэткая твая дарога ад юнацтва твайго, бо не слухаў ты голасу Майго. Усіх тваіх пастыраў будзе пасвіць вецер, а твае палюбоўнікі пойдуць у няволю. Вось тады пасаромеешся і пачырванееш з прычыны ўсялякае ліхоты тваёй. Ты, які сядзіш на Лібане і маеш гняздо на кедрах, як ты будзеш стагнаць, калі прыйдуць на цябе пакуты, быццам пакуты парадзіхі! Жыву Я, — кажа Госпад, — бо калі б Ёахін, сын Якіма, цар Юдэйскі, быў пярсцёнкам на Маёй правай руцэ, то і адтуль Я сарву яго; і аддам цябе ў рукі тых, што цікуюць на тваю душу, ды ў рукі тых, якіх ты баішся, у рукі Набукаданосара, цара Бабілонскага, і ў рукі халдэяў. Ды пашлю цябе і маці тваю, якая цябе нарадзіла, у зямлю чужую, у якой вы не нарадзіліся, і там паўміраеце. І ў зямлю, у якую прагнуць яны душой сваёй вярнуцца, не вернуцца». Ці ж чалавек той, Ёахін, — гэта пасудзіна адкінутая і пабітая? Няўжо гэтая пасудзіна зусім непатрэбная? Чаму ж выкінуты яны: ён і нашчадкі яго, ды выкінуты ў зямлю, у якой яны не нарадзіліся і якой не ведалі? О зямля, зямля, зямля! Слухай слова Госпада! Гэта кажа Госпад: «Запішыце гэтага чалавека як пазбаўленага патомства, як чалавека, які не будзе шчаслівым у дні жыцця свайго, бо ніхто з яго нашчадкаў не будзе сядзець на пасадзе Давідавым і не будзе больш мець улады ў Юдэі».

«Гора пастырам, якія губяць і разганяюць статак паствы Маёй», — кажа Госпад. Дзеля таго вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля пастырам, якія пасвяць народ Яго: «Вы расцярушылі статак Мой, і разагналі, і не рупіліся пра іх; вось таму Я пакараю вас за ліхоту ўчынкаў вашых, — кажа Госпад. — І Я збяру рэшткі статка Майго з усіх земляў, у якія выкіну іх, ды вярну іх на пашы іх, і будуць яны расці, і павялічацца. І Я пастаўлю над імі пастыраў, і будуць пасвіць іх; і не будуць яны больш палохацца і баяцца, і не трэба будзе нікога пералічваць, — кажа Госпад. Вось жа прыйдуць дні, — кажа Госпад, — і вырашчу Давіду парастак справядлівы, і будзе валадарыць цар, і ён будзе мудры, і будзе ён спаўняць закон і чыніць справядлівасць на зямлі. У тыя дні будзе збаўлены Юда, а Ізраэль будзе жыць бяспечна, і гэта — імя, якім назавуць яго: “Госпад — справядлівасць наша”. Дзеля таго, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і не будуць казаць больш: “Жыве Госпад, Які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай!”, але: “Жыве Госпад, Які вывеў і прывёў пакаленне дому Ізраэля з зямлі паўночнай ды з усіх земляў, у якія выкінуў іх; і будуць яны жыць у сваёй зямлі”». Аб прароках. Спакутавалася сэрца маё ўва мне, задрыжалі ўсе косці мае, стаўся я, быццам п’яны ды быццам чалавек, які напіўся віна, з прычыны Госпада і святых Яго слоў; бо зямля напоўнена чужаложнікамі, бо дзеля праклёну сумуе зямля, высахлі пашы ў стэпе, накірунак іх стаўся ліхім, і сіла іх — несправядлівасць. «Прарок бо і святар апаганены, і ў доме Маім знайшоў Я ліхоту іх, — кажа Госпад. — Таму дарога іх будзе быццам слізгата, у цемры будуць спатыкацца ды будуць падаць у ёй; бо Я навяду на іх няшчасці, год пакарання іх, — кажа Госпад. — Таксама сярод прарокаў Самарыі бачыў Я недарэчнасць: праракавалі яны ў імя Баала і падманвалі народ Мой, Ізраэля. Ды сярод прарокаў Ерузаліма Я бачыў агідныя рэчы: чужаложніцтва ўчыняюць, жывуць у падмане ды падтрымліваюць ліхадзеяў, і ніхто не навяртаецца ад ліхоты сваёй: сталіся яны ўсе Мне як Садом ды жыхары яго, як Гамора. Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў прарокам: “Вось, Я накармлю іх палыном ды напаю іх жоўцю, бо ад прарокаў з Ерузаліма распаўсюдзілася нячыстасць па ўсёй зямлі”. Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Не слухайце словы прарокаў, якія прарочаць вам і зводзяць вас; распавядаюць яны вам прыдумкі сэрца свайго, а не з вуснаў Госпада. Яны кажуць тым, якія абражаюць Мяне: “Сказаў Госпад: будзе супакой вам”, а кожнаму, хто жыве ў сапсаванасці сэрца свайго, кажуць: “Не спаткае вас няшчасце”». Хто ж бо быў на нарадзе ў Госпада, і бачыў, і чуў словы Яго? Хто звярнуў увагу на слова Яго і пачуў? Вось жа, бура ад Госпада, лютасць узнялася, навальніца разбуральная спадзе на галаву бязбожнікаў. Не спыніцца гнеў Госпадаў, пакуль не здзейсніць ды пакуль не выканае Ён намераў сэрца Свайго; у апошніх днях зразумееце ўсё цалкам. «Не пасылаў Я прарокаў, а яны самі прыбеглі; і Я не гаварыў да іх, а яны самі прарочылі. Калі б былі яны на нарадзе Маёй, паведамілі б яны словы Мае народу Майму і адвярнулі б, напэўна, іх ад ліхой дарогі іх і ад ліхіх учынкаў іх. Думаеш, Я — Бог зблізку, — кажа Госпад, — а не Бог здалёку? Калі чалавек схаваецца ў заканурку, Я не ўбачу яго? — кажа Госпад. — Ці ж Я не напаўняю неба і зямлю? — кажа Госпад. Я чуў, што сказалі прарокі, якія прарочылі ў імя Маё, няпраўду і казалі: “Меў я сон, і сніў я”. Дакуль жа будзе гэта ў сэрцы прарокаў, прадказваючых няпраўду ды прарочачых падман сэрца свайго? Яны хочуць зрабіць, каб праз сны свае, якія адзін аднаму расказваюць, народ Мой забыўся на імя Маё, як забыліся бацькі іх на імя Маё з прычыны Баала. “Прарок, які ўбачыў сон, хай расказвае сон, а хто мае Маё слова, той хай абвяшчае Маё слова праўдзіва! Што мае агульнага салома з зернем?” — кажа Госпад. — “Ці ж Мае словы не ёсць, як агонь, — кажа Госпад, — ды быццам молат, што разбівае скалу? Дзеля таго, вось, Я — супраць прарокаў, — кажа Госпад, — якія крадуць узаемна адзін у аднаго Мае словы. Вось, Я — супраць прарокаў, — кажа Госпад, — якія карыстаюцца сваімі мовамі і кажуць: “Кажа Госпад”. Вось, Я — супраць прарокаў, якія прарочаць фальшывыя сны, — кажа Госпад, — яны расказваюць іх і падманваюць народ Мой сваёй няпраўдаю і крывадушнымі абяцаннямі, хаця Я не пасылаў іх і не даручаў ім нічога; няма ад іх аніякай карысці для гэтага народа, — кажа Госпад. — А калі гэты народ, або прарок, або святар спытае цябе: “Які цяжар ад Госпада?”, адкажаш ім: “Вы — цяжар, і Я адкіну вас”, — кажа Госпад. Калі прарок, або святар, або народ скажа: “Цяжар Госпада”, Я пакараю таго чалавека і дом яго. Гэта будзеце казаць кожны свайму прыяцелю ды кожны свайму брату: “Што адказаў Госпад?” або: “Што казаў Госпад?” Але не ўзгадвайце ўжо больш “цяжар Госпада”, бо інакш для любога станецца цяжарам яго слова, бо перакручваеце вы словы Бога жывога, Госпада Магуццяў, Бога нашага. Так звяртайся да прарока: “Што адказаў табе Госпад?” або: “Што гаварыў Госпад?” Калі ж вы будзеце гаварыць “цяжар Госпада”, то тады так кажа Госпад: “Паколькі ўжываеце вы гэтае слова “цяжар Госпада”, нягледзячы, што Я паслаў вам сказаць: не гаварыце “цяжар Госпада”, дзеля таго, вось, Я падыму вас і выкіну з Майго віду, вас і горад, які Я даў вам і вашым бацькам, ды дам Я вас на пасмяянне вечнае і на вечную ганьбу, якая ніколі не будзе забыта”».

Госпад паказаў мне: вось жа два кашы, поўныя фігаў, пастаўлены перад святыняй Госпада, пасля таго, як Набукаданосар, цар Бабілонскі, вывеў з Ерузаліма Ёахіна, сына Ёакіма, цара Юды, а таксама князёў яго, таксама каваля і залатара, ды прывёў іх у Бабілон. Адзін кош змяшчаў вельмі добрыя фігі, якімі звычайна бываюць раннія фігі, другі ж кош змяшчаў фігі благія, такія нядобрыя, што немагчыма было іх есці. І сказаў мне Госпад: «Што ты бачыш, Ярэмія?» Я адказаў: «Фігі. Фігі адборныя, вельмі добрыя, і благія, вельмі нядобрыя, якія немагчыма есці, бо яны благія». І было слова Госпада да мяне, якое казала: «Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Як гэтыя фігі — добрыя, такімі ж Я прызнаю перасяленцаў Юдэі, якіх выслаў Я з гэтага месца ў зямлю халдэяў, на дабро. І Я скірую вочы Свае на іх спагадна, і вярну іх у гэтую зямлю, і адбудую іх — і не буду руйнаваць, і насаджу іх — і не буду выкараняць. І дам ім сэрца, каб ведалі, што Я — Госпад; і будуць яны Мне народам, а Я ім буду Богам, бо яны навернуцца да Мяне ўсім сэрцам сваім. А як з благімі фігамі, якіх есці не можна, таму што ліхія, — гэта кажа Госпад, — так Я зраблю з Сэдэцыем, царом Юдэйскім, і князямі яго ды з рэштаю Ерузаліма, якая засталася на гэтай зямлі і якая жыве на зямлі Егіпецкай. Я зраблю з іх страхоцце і няшчасце для ўсіх царстваў зямлі, на ганьбу і ў прыказку, на пасмяянне і праклён на ўсіх месцах, куды Я выкідваю іх. І пашлю на іх меч, голад і заразу, пакуль не прападуць з аблічча зямлі, якую даў Я ім і бацькам іх”».

Слова, якое было да Ярэміі аб усім народзе Юды ў чацвёртым годзе Ёахіна, сына Осіі, цара Юдэйскага, — а быў гэта першы год Набукаданосара, цара Бабілона, — якое прамовіў прарок Ярэмія ўсяму народу Юдэйскаму ды ўсім жыхарам Ерузаліма: «Пачаўшы ад трынаццатага года Осіі, сына Амона, цара Юдэйскага, аж да гэтага дня, — а гэты год ужо дваццаць трэці, — было слова Госпада да мяне, і я гаварыў яго вам, нават ноччу ўстаючы і гаворачы, а вы не слухалі. І пасылаў Госпад да вас усіх сваіх паслугачоў-прарокаў, без перапынку, але вы не слухалі і не нахілялі вушэй вашых, каб паслухаць, калі гаварыў: “Навярніцеся кожны з ліхога свайго шляху ды ад найгоршых намераў вашых, і будзеце жыць у зямлі, якую даў Госпад вам і бацькам вашым спрадвеку і навечна. І не хадзіце за чужымі багамі, каб служыць ім і пакланяцца ім і каб Мяне не даводзіць да гневу дзеяннямі рук вашых, і Я не прывяду на вас няшчасце. Але вы не паслухалі Мяне, — кажа Госпад, — каб давесці Мяне да гневу праз дзейнасць рук вашых, на ваша ліха”. Таму вось што кажа Госпад Магуццяў: “Дзеля таго, што вы не паслухалі слоў Маіх, вось, Я пашлю і збяру ўсе плямёны і ўсе пакаленні Поўначы, — кажа Госпад, — і Набукаданосара, цара Бабілона, Майго паслугача. Я прывяду іх супраць гэтай зямлі, супраць яе жыхароў ды супраць усіх народаў, якія вакол яе; — і заб’ю іх, і выстаўлю іх як страхоцце на пасмяянне і на вечную пагібель. І забяру Я ад іх голас радасці і голас весялосці, голас жаніха і голас нявесты, голас жорнаў і святло лямпы, і будзе ўся гэтая зямля пустыняю і аслупяненнем, а народы гэтыя ўсе будуць служыць цару Бабілона семдзесят гадоў. А па сямідзесяці гадах Я пакараю цара Бабілона і гэты народ, — кажа Госпад, — за іх грахі, і зямлю халдэйскую, і зраблю яе вечнай пустыняй. Я споўню на гэтай зямлі ўсе Свае словы, якія сказаў супраць яе; усё, што напісана ў гэтай кнізе, што праракаваў Ярэмія супраць усіх народаў. Бо будуць служыць ім таксама і тыя вялікія народы, і вялікія цары; і Я аддам ім паводле ўчынкаў іх ды паводле дзейнасці рук іх”». Бо, вось, так кажа Госпад, Бог Ізраэля, да мяне: «Вазьмі з Маёй рукі келіх віна гэтага гневу ды дай з яго піць усім народам, да якіх Я пашлю цябе. Хай п’юць, і хістаюцца, і шалеюць ад віда меча, які пашлю Я на іх». Дык узяў я келіх з рукі Госпада і даў піць усім народам, да якіх паслаў мяне Госпад: Ерузаліму і гарадам юдэйскім, іх царам і князям, каб зрабіць з іх пустэчу і аслупяненне, пасмешышча і праклён, як гэта ёсць сёння, фараону, цару Егіпецкаму, яго паслугачам, яго князям ды ўсяму яго народу; ды наогул цэламу народу і ўсім царам зямлі Уц, ды ўсім царам зямлі Філістынскай, Аскалону, Газе, Акарону і тым, што засталіся з Азота; Эдому, Маабу і сынам Амона, і ўсім царам Тыра, і ўсім царам Сідона, разам усім царам заморскіх астравоў; Дэдану і Тэме, Бузу ды ўсім, якія стрыгуць валасы на скронях; ды ўсім царам арабскім, усім царам шматлікіх народаў, якія пражываюць на пустыні; усім царам Зімры, усім царам Элама і ўсім царам мідзянскім; Таксама ўсім царам Поўначы, блізкім і далёкім, аднаму за другім; усім царствам зямлі, якія ёсць на паверхні яе, а цар Сэсаха будзе піць пасля іх». «І ты скажаш ім: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Піце, і напівайцеся, і ванітуйце, і падайце, і не падымайцеся на віду меча, які Я пашлю паміж вас”. Калі не будуць хацець узяць келіх з тваёй рукі, каб піць, скажы ім: гэта кажа Госпад Магуццяў: “Мусіце выпіць! Бо, вось, у горадзе, над якім прызывана імя Маё, пачынаю Я чыніць няшчасце, а вы ці будзеце бяспечнымі? Не будзеце бяспечнымі, бо Я клічу меч на ўсіх жыхароў зямлі”, — кажа Госпад Магуццяў. А ты праракуй ім усе гэтыя словы і скажы ім: “Госпад прагрыміць з нябёсаў, ды з сядзібы Сваёй святой падасць голас Свой; прагрыміць магутна над выганамі Сваімі, загучыць, быццам бы вокліч выціскальнікаў, на ўсіх жыхароў зямлі. Даходзіць гармідар аж да канцоў зямлі, бо ў Госпада — суд з народамі; ідзе Ён на суд з кожным целам; бязбожнікаў аддае мечу”, — кажа Госпад. Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Вось, няшчасце ахоплівае народ за народам, уздымаецца страшэнная бура з канцоў зямлі. І будуць забітыя Госпадам у гэты дзень ад аднаго канца зямлі да другога яе канца; ніхто не будзе па іх плакаць, ані іх збіраць, ані іх хаваць: і застануцца яны, як гной, на паверхні зямлі”. Падыміце лямант, пастыры, і галасіце! Качайцеся вы ў пыле, правадыры статку, бо вось, споўніліся дні вашы для зарэзу і для раскідання вашага, і вы ўпадзеце, як тлустыя авечкі. І не будзе дзе схавацца пастырам, і не будзе ратунку для правадыроў статку. Уздымаецца крык пастыраў і лямант правадыроў статку, бо Госпад пустошыць іх выганы. І нішчэюць спакойныя пашы перад лютасцю гневу Госпада. Ён пакінуў, быццам леў, сховішча Сваё, бо зямля іх сталася пустыняю перад знішчальным мечам ды перад лютасцю гневу Госпада».

На пачатку валадарання Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, было такое слова ад Госпада, што казала: «Гэта кажа Госпад: “Стань на панадворку дома Госпада і гавары да ўсіх гарадоў юдэйскіх, з якіх прыходзяць, каб пакланіцца ў доме Госпада, усе словы, якія Я даручыў табе казаць ім, не скарачай слова! Можа, паслухаюць і адвернуцца кожны ад сваёй ліхой дарогі, і Я пашкадую аб няшчасці, якое думаю ўчыніць ім дзеля ліхоты ўчынкаў іх”. І скажы ім: гэта кажа Госпад: “Калі вы не паслухаеце Мяне, каб паводзіць сябе паводле закону Майго, які Я даў вам, каб слухаць словы паслугачоў Маіх, прарокаў, якіх Я пасылаў да вас, падымаючыся ноччу і накіроўваючы, а вы не слухалі, Я зраблю з домам гэтым, як з Сіло, і горад гэты дам на праклён усім народам зямлі”». І пачулі святары, і прарокі, ды ўвесь народ Ярэмію, што гаварыў гэтыя словы ў доме Госпада. І калі Ярэмія скончыў гаварыць усё тое, што яму Госпад загадаў аб’явіць усяму народу, схапілі яго святары, і прарокі, і ўвесь народ, кажучы: «Ты мусіш памерці! Чаму праракаваў ты ў імя Госпада, кажучы: “Будзе дом гэты такі ж, як Сіло, і горад гэты апусцее, і не будзе ў ім жыхара”?» І ўвесь народ сабраўся вакол Ярэміі ў доме Госпада. І князі Юды пачулі гэтыя словы, і выйшлі з палаца царскага ў дом Госпада ды селі ля ўваходу Новай брамы ў доме Госпадавым. Тады святары і прарокі звярнуліся да князёў ды ўсяго народа, кажучы: «Чалавек гэты заслугоўвае прысуду смерці, бо праракаваў супраць гэтага горада, як гэта чулі вы на ўласныя вушы». І сказаў Ярэмія ўсім князям і ўсяму народу, кажучы: «Госпад паслаў мяне, каб праракаваў я наконт гэтага дому ды наконт гэтага горада ўсімі тымі словамі, якія вы пачулі. Цяпер, вось, зрабіце добрымі свае шляхі і свае ўчынкі і слухайце голас Госпада, Бога вашага, тады пашкадуе Госпад аб няшчасці, якое прызначыў Ён на вас. Я ж, вось, у вашых руках, рабіце са мной, што вам здаецца добрым і справядлівым. Ведайце, аднак, і ўсвядомце, што калі мяне заб’еце, то кроў нявінную ўскладзеце на саміх сябе, на гэты горад і на яго жыхароў. Бо сапраўды паслаў мяне Госпад да вас, каб абвясціць у вушы вашы ўсе гэтыя словы». Тады князі і ўвесь народ сказалі святарам і прарокам: «Гэты чалавек не заслугоўвае прысуду смерці, бо прамаўляў да нас у імя Госпада, Бога нашага». І падняліся некаторыя паміж старэйшын зямлі, і сказалі ўсяму сходу народа, кажучы: «Міхей з Марэсэта быў прарокам у дні Эзэкіі, цара Юдэйскага, і ён прамаўляў да ўсяго народа юдэйскага, кажучы: “Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Сіён будзе заараны, быццам поле, Ерузалім будзе заменены ў кучу камянёў, а гара святыні — у лясныя пагоркі”. Ці ж пакараў яго смерцю Эзэкія, цар Юдэйскі, і ўся Юдэя? Ці ж не спалохаліся яны Госпада і ці не маліліся перад абліччам Госпада, і Госпад пашкадаваў аб няшчасці, якое прызначыў на іх? А мы чынілі вялізнае ліха супраць душ нашых!» Быў таксама прарок, які праракаваў у імя Госпада, Урыя, сын Сямэі з Карыят-Ярыма. Ён праракаваў супраць гэтага горада і супраць гэтай зямлі паводле ўсіх слоў Ярэміі. І пачуў цар Ёакім і ўсе магнаты ды князі яго гэтыя словы; і цар імкнуўся забіць яго; і пачуў пра гэта Урыя, і спалохаўся, і кінуўся наўцёкі, і прыйшоў у Егіпет. І паслаў цар Ёакім Эльнатана, сына Ахабора, і разам з ім людзей у Егіпет. І вывелі яны Урыю з Егіпта, і прывялі яго да цара Ёакіма, і той ударыў яго мечам ды кінуў труп яго ў магілу прасталюдзінаў. Аднак абарона Ахікама, сына Сафана, была з Ярэміем, каб яго не аддалі ў рукі народа на смерць.

На пачатку валадарання Сэдэцыі, сына Осіі, цара Юдэйскага, было слова гэтае ад Госпада Ярэміі, што казала: «Гэта сказаў Госпад: “Зрабі сабе путы і ярмо і ўскладзі іх сабе на шыю. Потым пашлі іх цару Эдома і цару Мааба, і цару аманіцян, і цару Тыра, і цару Сідона праз іх пасланцоў, якія прыбылі ў Ерузалім да Сэдэцыі, цара Юдэйскага”. І загадай ім, каб перадалі сваім уладарам: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Так маеце сказаць сваім уладарам: “Гэта Я стварыў зямлю, чалавека і жывёлу, якія ёсць на паверхні зямлі, Сваёй вялікай сілай і Сваёй узнятай рукой; і Я даю яе таму, каму Мне спадабаецца. І вось цяпер даў Я ўсе гэтыя землі ў рукі Набукаданосара, цара Бабілона, Майго паслугача, аддаю яму нават палявых звяроў, каб яму служылі. І будуць служыць яму ўсе народы, і сыну яго, і сыну яго сына, пакуль не прыйдзе час таксама і на саму яго зямлю; і будуць служыць яму вялікія народы і вялікія цары. Народ і царства, якія не хацелі б служыць Набукаданосару, цару Бабілона, і якія не схілілі шыі сваёй пад ярмо цара Бабілона, Я наведаю голадам і мечам, і заразай, — кажа Госпад, — пакуль не аддам іх у яго рукі. Вы ж не слухайце вашых прарокаў, ані чараўнікоў, ані варажбітоў, ані шаптуноў, ані вешчуноў, якія гавораць вам: “Не будзеце вы служыць цару Бабілона”, бо прадказваюць яны вам няпраўду, каб вас выдаліць з вашай зямлі, і каб Я вас выгнаў, і каб вы загінулі. Што ж да народа, які схіліць шыю сваю пад ярмо цара Бабілона і будзе яму служыць, то Я пакіну яго ў сваёй зямлі, — кажа Госпад, — і будзе ён абрабляць яе і на ёй пражываць”». Да Сэдэцыі, цара Юдэйскага, прамаўляў я згодна з гэтымі ўсімі словамі, так кажучы: «Скарыце шыі свае пад ярмо цара Бабілона, служыце яму і народу яго, і будзеце жыць. Нашто паміраць вам, табе і народу твайму, ад меча, голада і заразы, як гэта прадказаў Госпад аб народзе, які не хацеў бы служыць цару Бабілона? Не слухайце слоў прарокаў, якія кажуць вам: “Не будзеце служыць цару Бабілона”, бо яны гавораць вам хлусню. “Не пасылаў Я іх, — кажа Госпад, — і яны праракуюць у імя Маё няпраўду, каб Я выкінуў вас і каб вы пагінулі там, як тыя прарокі, што прадказваюць вам”. А да святароў і да гэтага народа я прамаўляў, кажучы: “Гэта кажа Госпад: “Не слухайце слоў вашых прарокаў, якія праракуюць вам, кажучы: “Вось, пасудзіны дома Госпада вернуцца хутка цяпер з Бабілона”. Бо праракуюць яны вам няпраўду. Не слухайце ж іх, і будзьце пакорныя цару Бабілона, і будзеце жыць. Навошта пераўтвараць гэты горад у пустыню? І калі яны сапраўды прарокі і ў іх ёсць слова Госпада, хай бы яны прыйшлі да Госпада, каб посуд, які застаўся ў доме Госпада, у палацы цара Юды і ў Ерузаліме, не адышоў у Бабілон”». Гэта вось кажа Госпад Магуццяў аб слупах, аб моры і аб падножжах і аб рэшце посуду, якія пакінуты былі ў гэтым горадзе, якія не забраў Набукаданосар, цар Бабілона, калі павёў з Ерузаліма ў Бабілон Ёахіна, сына Ёакіма, цара Юдэйскага, разам з усімі вяльможамі Юдэі і Ерузаліма. Бо гэта вось кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, пра посуд, што застаўся ў доме Божым і ў палацы цара Юдэйскага ў Ерузаліме: «Будзе ён перанесены ў Бабілон і там застанецца аж да дня наведання яго, у якім Я паруплюся аб ім, — кажа Госпад. — І Я зраблю так, што яно з’явіцца, і Я вярну на гэтае месца».

І сталася ў той год, на пачатку валадарання Сэдэцыі, цара Юдэйскага, на чацвёрты год у пятым месяцы, сказаў мне Хананія, сын Азура, прарок з Габаона, у доме Госпада ў прысутнасці святароў ды ўсяго народа: «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Я зламлю ярмо цара Бабілона. Яшчэ праз два гады Я зраблю так, што вернецца на гэтае месца ўвесь посуд дома Госпада, які забраў Набукаданосар, цар Бабілона, з гэтага месца, вывозячы ў Бабілон. І Ёахіна, сына Ёакіма, цара Юдэйскага, ды ўсіх перасяленцаў з Юдэі, якія прыйшлі ў Бабілон, Я прывяду на гэта месца, — кажа Госпад, — бо зламлю ярмо цара Бабілона”». І сказаў Ярэмія прарок Хананію прароку ў прысутнасці святароў і ў прысутнасці ўсяго народа, які стаяў у доме Госпада. І сказаў Ярэмія прарок: «Хай станецца! Хай так Госпад зробіць! Хай Госпад здзейсніць твае словы, якія праракаваў ты, каб вярнуліся пасудзіны ў дом Госпада ды ўсе перасяленцы з Бабілона на гэтае месца! Паслухай, аднак, гэтае слова, якое я прамаўляю ў вушы твае ды ў вушы ўсяго народа. Прарокі, якія былі перада мной і перад табой ад пачатку, праракавалі супраць многіх земляў і супраць вялікіх царстваў пра вайну, няшчасце і заразу. Прарок, які прадказвае супакой, толькі калі споўніцца слова яго, будзе прызнаны прарокам праўдзівым, якога сапраўды паслаў Бог, калі споўніцца прадказанне прарочае». І ўзяў Хананія прарок ярмо з шыі Ярэміі прарока і паламаў яго. Ды сказаў Хананія ў прысутнасці ўсяго народа, кажучы: «Гэта кажа Госпад: “Вось так Я зламлю ярмо Набукаданосара, цара Бабілона, з шыі усіх народаў праз два гады”». А Ярэмія прарок адышоў сваёй дарогай. І пасля таго, як паламаў Хананія прарок ярмо на шыі Ярэміі прарока, было слова Госпада да Ярэміі, што казала: «Ідзі і скажы Хананію: гэта кажа Госпад: “Ты паламаў ярмо драўлянае, але зробіш замест яго ярмо жалезнае”. Бо гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Я ўсклаў ярмо жалезнае на шыі ўсіх гэтых народаў, каб служылі Набукаданосару, цару Бабілона, і яны будуць служыць яму; звыш таго, нават звяроў палявых Я аддаў яму”». І сказаў прарок Ярэмія прароку Хананію: «Слухай, Хананія! Госпад не паслаў цябе, а ты дазволіў гэтаму народу цешыцца падманам. Дзеля гэтага кажа Госпад: “Вось жа, Я скіну цябе з аблічча зямлі; памрэш у гэтым годзе, бо абвясціў ты крывадушную здраду Госпаду”». І памёр Хананія прарок у тым годзе, у сёмым месяцы.

Такімі вось былі словы ліста, які Ярэмія прарок з Ерузаліма паслаў да застаўшыхся старэйшын перасяленцаў, да святароў, да прарокаў і да ўсяго народа, які Набукаданосар вывеў з Ерузаліма ў Бабілон, пасля таго, як цар Ёахін, і царыцы, і еўнухі, і князі Юды ды Ерузаліма, а таксама каваль і залатар выйшлі з Ерузаліма, паслаў праз Эласу, сына Сафана, і праз Гамарыю, сына Хэлькіі, якіх паслаў Сэдэцыя, цар Юдэйскі, да Набукаданосара, цара Бабілона, у Бабілон, кажучы: «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, да ўсіх перасяленцаў, якіх Я перасяліў з Ерузаліма ў Бабілон: “Будуйце дамы і жывіце, разводзьце сады і спажывайце іх плады. Бярыце сабе жонак ды нараджайце сыноў і дачок, і давайце жонак для сваіх сыноў, і аддавайце дачок вашых замуж, каб нараджалі сыноў і дачок; і памнажайцеся там, ды хай вас не меншае! І дбайце пра супакой для горада, у які Я вас выслаў, і маліцеся за яго да Госпада, бо ў супакоі яго будзе і вам супакой”. Вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Не дайце сябе звесці прарокам вашым, якія сярод вас, і праз вашых варажбітоў; не звяртайце ўвагі на вашы сны, якія сніце, бо яны вам праракуюць фальшыва ў імя Маё, а Я не пасылаў іх”, — кажа Госпад. Гэта вось кажа Госпад: “Калі ў Бабілоне споўніцца семдзесят гадоў, Я наведаю вас і здзейсню для вас Сваё спагаднае слова, каб зноў вас вярнуць на гэтае месца. Я бо ведаю намеры, якія маю адносна вас, — кажа Госпад, — намеры супакою, а не гора, каб даць вам будучыню і надзею. І вы будзеце прызываць Мяне, і пойдзеце, і будзеце маліцца Мне, і Я выслухаю вас. І будзеце шукаць Мяне, і знойдзеце, калі будзеце шукаць Мяне ўсім сэрцам вашым. І Я зраблю, што вы знойдзеце Мяне, — кажа Госпад, — і адмяню няволю вашу ды збяру вас з асяроддзя ўсіх народаў ды з усіх месцаў, у якія Я выгнаў вас, — кажа Госпад, — і дазволю вам вярнуцца ў месца, з якога Я перасяліў вас”. Бо вы кажаце: “Паставіў нам Госпад прарокаў у Бабілоне!” Бо гэта кажа Госпад да цара, які сядзіць на пасадзе Давіда, і да ўсяго народа, які жыве ў гэтым горадзе, да братоў вашых, якія не выйшлі з вамі на выгнанне; вось што кажа Госпад Магуццяў: “Вось, Я пашлю на іх меч, голад і пошасць, і зраблю з імі так, як з ліхімі фігамі, якія не надаюцца да ежы. І Я буду пераследаваць іх мечам, голадам і пошасцю, і дам іх усім царствам зямлі на застрашванне, і на праклён, на здзіўленне, на пасмяянне, і на ганьбу ўсім народам, да якіх Я выгнаў іх, за тое, што яны не слухалі слоў Маіх, — кажа Госпад, — якія Я пасылаў ім праз паслугачоў Маіх, прарокаў, падымаючыся ноччу і пасылаючы, а вы не слухалі, — кажа Госпад. — Дык слухайце слова Госпада, усе перасяленцы, якіх Я выправіў з Ерузаліма ў Бабілон”. Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, пра Ахаба, сына Калая, і Сэдэцыю, сына Маасіі, якія праракавалі вам падманна ў імя Маё: “Вось, Я выдам іх у рукі Набукаданосара, цара Бабілона, і ён заб’е іх на вашых вачах. І з іх будзе ўзяты прыклад праклёну для ўсіх перасяленцаў з Юды, што знаходзяцца ў Бабілоне і якія будуць казаць: “Хай зробіць табе Госпад, як Сэдэцыі і як Ахабу, якіх цар Бабілона падсмажыў на агні!” Яны бо паводзілі сябе ганебна ў Ізраэлі, і чужаложылі з жонкамі блізкіх сваіх, і абвяшчалі ў імя Маё слова падманнае, чаго Я ім не даручаў. Я ведаю аб гэтым, і Я сведка”, — кажа Госпад. А Сямэі з Нагэлама скажаш: “Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “За тое, што ты паслаў у сваё імя да ўсяго народа, які ёсць у Ерузаліме, і да Сафоніі, сына Маасіі, святара, і да ўсіх святароў ліст такога зместу: “Госпад паставіў цябе святаром замест Ёяды святара, каб ты быў наглядчыкам у доме Госпада над кожным шалёным і праракуючым, каб яго закаваў у калодкі і кайданы”. А цяпер чаму не забараняеш Ярэміі з Анатота, які вам праракуе? Бо ён наконт гэтага прыслаў да нас, у Бабілон, вестку, кажучы: “Надоўга гэта. Будуйце дамы і жывіце, разводзьце сады, і спажывайце плады іх!”» Святар Сафонія прачытаў гэты ліст у прысутнасці прарока Ярэміі. І было слова Госпада да Ярэміі, кажучы: «Пашлі да кожнага перасяленца, кажучы: “Гэта кажа Госпад аб Сямэі з Нагэлама: “За тое, што праракаваў вам Сямэя, а Я не пасылаў яго, і ён умацоўваў ваша спадзяванне на няпраўду, за гэта, — так кажа Госпад, — вось, Я наведаю Сямэю з Нагэлама і патомства яго. Не будзе ў яго нікога, хто б жыў сярод гэтага народа, і не ўбачыць ён дабра, якое Я зраблю народу Майму, — кажа Госпад, — бо ён абвяшчаў, крывадушна здрадзіўшы Госпаду”».

Слова, якое было Ярэміі ад Госпада, што казала: «Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля, кажучы: “Запішы для сябе ў кнізе ўсе словы, якія Я сказаў табе. Бо вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я змяню лёс народа Майго, Ізраэля і Юды, — кажа Госпад, — і вярну іх зноў у зямлю, якую Я даў бацькам іх, і возьмуць яны яе ва ўласнасць”». А гэта словы, якія сказаў Госпад Ізраэлю і Юдзе: Бо гэта кажа Госпад: «Пачулі вы голас страху, трывога, няма супакою. Распытайце і паглядзіце: ці можа нараджаць мужчына? Чаму ж бачу руку кожнага мужчыны на клубах яго, быццам парадзіхі, ды змяніліся ўсе твары, як ад жаўтачкі? О які вялікі той дзень, няма падобнага яму! Гэта час прыгнёту Якуба, але ён будзе вызвалены з яго. І будзе: у той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — Я скрышу ярмо з шыі тваёй і путы твае разарву, і не будуць больш валадарыць над ім чужынцы. Але будуць служыць яны Госпаду, Богу свайму, і Давіду, цару свайму, якога Я пастаўлю ім. Дык не бойся, слуга Мой, Якуб, — кажа Госпад, — не палохайся, Ізраэль, бо вось, Я вызвалю цябе з зямлі далёкай і патомства тваё з зямлі палону іх, і вернецца Якуб, і адпачне, і бяспечны будзе, і не будзе каго яму баяцца, бо Я з табою, — кажа Госпад, — каб збавіць цябе. Бо Я прыгатую знішчэнне ўсім народам, па якіх Я рассеяў цябе; але цябе не аддам на знішчэнне, пакараю, аднак, цябе па законе і не пашкадую цябе, быццам бязгрэшнага». Бо гэта кажа Госпад: «Невылечнае калецтва тваё, страшэнная рана твая; ніхто не рупіцца пра тваю справу; няма лекаў, каб цябе вылечыць. Усе палюбоўнікі твае забыліся пра цябе і не звяртаюцца да цябе, бо Я нанёс табе паразу, як ворагу, жорсткім пакараннем дзеля мноства правін тваіх, бо цяжкімі сталіся твае грахі. Чаго ты крычыш дзеля раны тваёй? Невылечны боль твой. Дзеля мноства правін тваіх і дзеля цяжкіх грахоў тваіх зрабіў Я гэта табе. Дзеля таго ўсе, што праглынаюць цябе, самі будуць з’едзены, а ўсіх ворагаў тваіх павядуць у няволю, і тыя, што нішчылі цябе, самі будуць знішчаны, а ўсіх рабаўнікоў тваіх Я аддам на рабунак. Я вылечу калецтва тваё і аздараўлю цябе ад ранаў тваіх, — кажа Госпад, — бо “адкінутым” назвалі цябе, гэтым Сіёнам, пра якога не было каму рупіцца. Гэта кажа Госпад: “Вось, Я зноў вярну лёс палатак Якуба і з’яўлю міласэрнасць для паселішчаў яго, і адбудуецца горад з руін яго, і палац будзе стаяць на сваім месцы. І загучыць адтуль хвала і галасы, поўныя радасці, і Я памножу іх, і не паменшаюць, і праслаўлю іх, і не будуць у пагардзе. І будуць сыны яго, як на пачатку, і сход яго будзе стаяць перада Мною, і Я пакараю ўсіх, што трывожаць яго. І князь яго выйдзе з яго, і валадар паўстане спасярод яго. І Я прыгарну яго, і ён наблізіцца да Мяне, бо хто ёсць той, хто дасць у заклад сэрца сваё, каб наблізіцца да Мяне? — кажа Госпад. — І будзеце вы Мне народам, а Я буду вам Богам”». Вось віхура ад Госпада, гнеў падымаецца, шалёная бура; спадзе яна на галовы бязбожнікаў. Не спыніцца абурэнне гневу Госпадава, пакуль Ён не здзейсніць і не споўніць намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта.

«У той час, — кажа Госпад, — Я буду Богам для ўсіх плямёнаў Ізраэля, а яны будуць Мне народам». Гэта кажа Госпад: «Знайшоў ласку ў пустыні народ, які ўратаваўся ад меча. Ізраэль пойдзе да месца супачынку свайго». Госпад аб’явіўся мне здалёк: «Я ўзлюбіў цябе любоўю вечнаю, дзеля таго прыгарнуў цябе з міласэрнасцю. Я зноў адбудую цябе, і будзеш ты адбудаваная, дзева Ізраэля. Ты зноў аздобішся бубнамі сваімі і выйдзеш у карагодзе вясёлым. Ты зноў будзеш садзіць вінаграднікі на ўзгорках Самарыі, і будуць садзіць іх і збіраць вінаград земляробы. Надыдзе бо дзень, калі вартаўнікі закрычаць на гары Эфраіма: “Уставайце, узыдзем на Сіён да Госпада, Бога нашага”. Бо вось што кажа Госпад: “Спявайце радасна ў гонар Якуба, усклікайце перад першым між народамі! Абвяшчайце, спявайце і кажыце: “Збаў, Госпадзе, народ Твой, рэшту Ізраэля!” Вось, Я прывяду іх з зямлі паўночнай і збяру іх з канцоў зямлі, між імі будуць сляпы і кульгавы, жанчына цяжарная і парадзіха разам: вялікая грамада тых, што вяртаюцца сюды. Яны выйшлі плачучы, але Я прывяду іх з радасцю, Я павяду іх праз ручаі водныя, дарогай прамой, і не будуць яны спатыкацца на ёй, бо Я стаўся для Ізраэля бацькам, а Эфраім — першародны Мой”». Народы, паслухайце слова Госпада, і абвясціце на астравах, што воддаль, і скажыце: «Той, Хто расцярушыў Ізраэля, збярэ яго; і будзе берагчы яго, як пастух статак свой». Адкупіў бо Госпад Якуба і вызваліў яго з рукі дужэйшага за яго. І прыйдуць яны, і будуць спяваць хвалу на гары Сіён, і прыгарнуцца да даброццяў Госпада: збожжа, і віна, і аліўкавага алею, ягнят і цялят; і душа іх станецца, як сад абводнены, і не будуць яны больш прагнуць. «Тады будзе радавацца дзяўчына ў карагодзе, і юнакі, і старыя ўсе разам. І замяню Я смутак іх на радасць, і пацешу іх, і ўзвесялю па іх пакутах. І насычу душу святароў тлустасцю, а народ Мой будзе напоўнены дабротамі Маімі», — кажа Госпад. Гэта кажа Госпад: «Чуецца ў Раме голас ляманту, плач і галашэнне Ракелі, якая аплаквае сыноў сваіх і не хоча супакоіцца дзеля іх, бо няма іх». Гэта кажа Госпад: «Хай супакоіцца твой голас ад плачу і вочы твае ад слёз, бо ёсць узнагарода за працу тваю, — кажа Госпад, — і яны вернуцца з зямлі варожай. І ёсць надзея дзеля будучыні тваёй, — кажа Госпад, — і вернуцца сыны ў межы свае». Слухаў Я і пачуў перасяленца Эфраіма: «Пакараў Ты мяне, і я навучаны, як нерахманае цяля. Навярні мяне, і я навярнуся, бо Ты — Госпад, Бог мой! Як бо навярнуў Ты мяне, я пакаяўся, а калі паказаў Ты мяне, я ўдарыў па сцёгнах сабе, засаромеўся і пачырванеў, бо атрымаў я за ганьбу маладосці сваёй». «Ці ты, Эфраім, не дарагі сын Мой і ці не мілае дзіця? Бо колькі разоў гаварыў Я пра яго, а ён усё прыгадваецца Мне? Таму знемаглося нутро Маё дзеля яго, і, шкадуючы, пашкадую яго», — кажа Госпад. Пастаў сабе камяні, парасстаўляй сабе знакі на дарогах, звярні сэрца сваё на дарогу, на шлях, якім ішла; вярніся, дзева Ізраэля, вярніся да гэтых гарадоў сваіх! Дакуль будзеш бадзяцца, дачка непакорлівая? Госпад бо стварыў навіну на зямлі: жанчына збавіць мужа. Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Дагэтуль будуць гаварыць гэтае слова ў зямлі Юдэйскай і ў гарадах яе, калі Я перамяню лёс іх: “Хай дабраславіць цябе Госпад, жытло справядлівасці, гара святая”. І абжывуцца ў ёй Юда, і ўсе разам гарады яе, земляробы і тыя, што за статкам ходзяць. Бо напаю Я душу знямоглую, і кожную душу згаладнелую накармлю». На гэтым як бы ад сну я прачнуўся і глянуў, і сон мой быў мне прыемны. «Вось жа, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я засею дом Ізраэля і дом Юды семем людзей і семем жывёлы. І як рупіўся Я пра іх, каб вырываць і нішчыць, раскідваць, губіць і пераследаваць, так буду рупіцца пра іх, каб адбудаваць іх і засадзіць — кажа Госпад. У тыя дні не будуць яны ўжо казаць: “Бацькі елі горкія ягады, а зубы сыноў здранцвелі”, але кожны памрэ за сваю злачыннасць, і ў кожнага чалавека, які будзе есці горкія ягады, здранцвеюць зубы яго. Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет. Не такі запавет, які заключыў Я з бацькамі іх, у дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай, запавет, які яны парушылі, а Я ж валадарыў над імі, — кажа Госпад. Але вось якім будзе запавет, які Я заключу з домам Ізраэля па тых днях, — кажа Госпад, — Я размяшчу закон Мой у нутры іх ды ў сэрцы іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Мне народам. І не будзе вучыць болей чалавек блізкага свайго і брат брата свайго, кажучы: “Спазнай Госпада”, бо ўсе ад найменшага з іх аж да найбольшага будуць ведаць Мяне, — кажа Госпад, — бо Я прабачу злачынствы ім і пра грахі іх не буду больш узгадваць». Гэта кажа Госпад, Які дае сонца, як свяціла дня, парадак месяцу і зоркам, як свяцілам ночы, Які хвалюе мора, што шумяць хвалі яго, імя Яму — Госпад Магуццяў: «Калі б зніклі гэтыя законы перад абліччам Маім, — кажа Госпад, — тады б знікла і насенне Ізраэля і не было б перада Мною народам на ўсе дні. Гэта кажа Госпад: “Калі магчыма будзе змерыць неба ўгары і даследаваць падваліны зямлі ўнізе, тады і Я адкіну ўсё семя Ізраэля за ўсё тое, што яны зрабілі”, — кажа Госпад. “Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі будзе адбудаваны горад Госпада ад вежы Хананээль аж да вонкавай брамы. І будзе цягнуцца далей шнур для мерання наўпрост, аж да ўзгорка Гарэб, ды зверне на Гоа. І ўся лагчына трупаў і попелу, ды ўсё наваколле аж да ручая Цэдрон, да рога брамы Конскай на ўсход — святыня Госпада, і не будуць яны ўжо больш знішчаныя і зруйнаваныя навекі”».

Слова, якое было Ярэміі ад Госпада ў дзесятым годзе Сэдэцыі, цара Юдэйскага, ён жа — васемнаццаты год Набукаданосара. Тады войска цара Бабілона трымала ў аблозе Ерузалім, а прарок Ярэмія быў увязнены на вартавым падворку, які быў у палацы цара Юдэйскага. Памясціў яго туды пад варту Сэдэцыя, цар Юдэйскі, кажучы яму: «Чаму прадказваеш ты, кажучы: “Гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам гэты горад у рукі цара Бабілона, і ён здабудзе яго. А Сэдэцыя, цар Юдэйскі, не ўцячэ з рук халдэяў, але будзе выдадзены ў рукі цара Бабілона, і будзе гаварыць вусны ў вусны з ім, ды вочы яго ўбачаць вочы яго. І павядзе ён Сэдэцыю ў Бабілон, і ён будзе там, пакуль Я не наведаю яго, — кажа Госпад. — Калі ж будзеце ваяваць з халдэямі, не пашчасціць вам”»? І сказаў Ярэмія: «Было слова Госпада мне, што казала: “Вось жа, Ханамээль, сын Сэлума, дзядзькі твайго, прыйдзе да цябе, кажучы: “Купі сабе маё поле, якое ў Анатоце, бо ты маеш сямейнае права купіць”». І прыйшоў да мяне, на вартавы падворак, Ханамээль, сын дзядзькі майго, згодна са словам Госпада, і сказаў мне: «Прымі ва ўласнасць маё поле, якое ў Анатоце ў зямлі Бэньяміна, бо ты маеш права спадчыны, а да таго ж ты сваяк, так што можаш завалодаць!» Зразумеў я тады, што гэта было слова Госпада. Дык купіў я поле ад Ханамээля, сына дзядзькі майго, у Анатоце, і адважыў яму срэбра: семнаццаць сікляў срэбранікаў, і напісаў у кнізе, і запячаткаваў, і ўзяў сведкаў, і ўзважыў срэбра на шалях. Потым узяў я дамову аб уласнасці, запячаткаваную, якая ўтрымлівала пагадненне і пастанову, а таксама [дамову] адкрытую; і даў я дамову аб уласнасці Баруху, сыну Нэрыі, сына Маасіі, на вачах Ханамээля, сына дзядзькі майго, ды ў прысутнасці сведкаў, якія падпісаліся ў дамове куплі, і на віду ўсіх жыхароў Юдэі, што сядзелі ў вартавым падворку. І даў я даручэнне Баруху ў іх прысутнасці, кажучы: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вазьмі гэтыя дакументы, гэтую дамову куплі запячаткаваную і гэтую дамову, што адкрыта, ды памясці іх у гліняную пасудзіну, каб маглі яны захоўвацца шмат дзён». Бо гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Будуць яшчэ ў гэтай зямлі набываць дамы, палі і вінаграднікі». І маліўся я да Госпада пасля таго, як аддаў дамову аб уласнасці Баруху, сыну Нэрыі, кажучы: «О Госпадзе Божа, вось, Ты стварыў неба і зямлю вялікаю сілаю Тваёю і плячом узнятым Тваім. Нічога няма для Цябе немагчымага! Ты чыніш міласэрнасць тысячам і аддаеш за грахі бацькоў ва ўлонне сыноў іх пасля іх; Божа вялікі і магутны, імя Якога — Госпад Магуццяў! Вялікі ў рашэннях і магутны ў справах, вочы Твае адкрыты на ўсе шляхі сыноў Адама, каб аддаць кожнаму паводле шляхоў яго і паводле пладоў учынкаў яго. Ты чыніў знакі і цуды ў зямлі Егіпецкай і аж да сёння ў Ізраэлі ды сярод людзей і зрабіў Сабе імя, якое маеш сёння. І вывеў Ты народ Свой, Ізраэль, з зямлі Егіпецкай знакамі і цудамі, і рукою магутнаю, і плячом узнятым між трывогі вялікай. І даў Ты ім гэту зямлю, якою прысягнуў бацькам іх, што дасі ім яе, зямлю, што ацякае мёдам і малаком. І прыйшлі яны, і ўзялі яе ва ўласнасць, але не слухаліся голасу Твайго, не жылі паводле закону Твайго і не спаўнялі ўсяго таго, што Ты ім загадаў, каб спаўнялі. І навёў Ты на іх усе гэтыя беды. Вось жа, валы нагрувашчаны перад горадам, каб яго здабыць, і горад аддадзены ў рукі халдэяў, якія ваююць супраць яго, на пажыву меча, голаду і пошасці. І тое, што Ты казаў, здзяйсняецца, як Ты Сам гэта бачыш! А Ты, Госпадзе Божа, кажаш мне: “Купі поле за срэбра і пакліч сведкаў, у той час як горад будзе аддадзены ў рукі халдэяў!”» І было слова Госпада да Ярэміі, што казала: «Вось, Я — Госпад, Бог кожнага цела; ці ж можа быць для Мяне штосьці цяжкім? Таму гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам гэты горад у рукі халдэяў ды ў рукі цара Бабілона, і ён здабудзе яго. І ўвойдуць халдэі, што ваююць супраць гэтага горада, і падкладуць агонь пад яго, і спаляць яго дамы, на дахах якіх складалі ахвяры Баалу і лілі вадкасці ў ахвяру іншым багам, каб Мяне зняважыць”. Бо ад сваёй маладосці сыны Ізраэля і сыны Юды рабілі толькі ліхоту на віду ў Мяне, сыны Ізраэля, якія аж да сёння раздражнялі Мяне ўчынкамі рук сваіх, — кажа Госпад. — “Бо прычынай гневу і абурэння Майго стаўся для Мяне гэты горад ад дня, калі пабудавалі яго, аж да гэтага дня, калі забіраецца ён з-пад аблічча Майго, дзеля ўсёй злачыннасці сыноў Ізраэля і сыноў Юды, якой дапускаліся яны, каб выклікаць Мой гнеў, яны, цары іх, князі іх, святары іх і прарокі іх, жыхары Юдэі і жыхары Ерузаліма. І павярнуліся яны да Мяне спінаю, а не тварам, хаця Я вучыў іх, падымаючыся на досвітку і навучаючы, ды яны не хацелі слухаць, каб успрыняць навучанне. І паставілі сваіх ідалаў у доме, над якім прызывана імя Маё, каб зневажаць яго. І збудавалі ўзгоркі Баала, якія ў лагчыне Бэн-Гэном, каб прысвячаць сваіх сыноў і сваіх дачок Малоху. Не загадваў Я ім гэтага, ані на думку Мне гэта не прыйшло, каб рабіць такую брыдоту ды давесці Юду да граху”. І цяпер дзеля гэтага вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля, аб гэтым горадзе, аб якім вы кажаце, што будзе ён выдадзены ў рукі цара Бабілона праз меч, голад ды пошасць: “Вось, Я збяру іх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх у час лютавання Свайго, і гневу свайго, і вялікага абурэння, і вярну іх на гэтае месца, і дазволю ім жыць спакойна. І будуць яны Мне народам, а Я буду ім Богам. І дам ім адно сэрца і шлях адзін, каб шанавалі Мяне ва ўсе дні, каб добра было ім і дзецям іх пасля іх. І заключу з імі запавет вечны, і не спынюся рабіць дабро ім, і страх Мой ушчаплю ў сэрца іх, каб не адварочваліся ад Мяне. І буду цешыцца з іх, калі буду спагадаць ім, і насялю іх на гэтай зямлі стала, ад усяго сэрца Майго і ад усёй душы Маёй”. Бо гэта кажа Госпад: “Як навёў Я на гэты народ усё гэта няшчасце вялікае, так спашлю на іх усё дабро, якое выказваю ім. І будуць набываць палі ў гэтай зямлі, пра якую вы кажаце, што яна апусцела, бо не засталося людзей і жывёлы, і аддадзена яна ў рукі халдэяў. І будуць купляць палі за грошы, і будуць пісаць дамовы, і будуць прыкладаць пячатку, і клікаць сведкаў з зямлі Бэньяміна, у ваколіцах Ерузаліма, у гарадах юдэйскіх, у гарадах горных, у гарадах лагчынных і ў гарадах паўднёвых, бо Я змяню лёс іх,” — кажа Госпад».

І другі раз было слова Госпада да Ярэміі, калі ён быў яшчэ ўвязнены на вартавым падворку, што казала: «Гэта кажа Госпад, Які задумаў стварыць гэта, Госпад, Які задумаў уфармаваць тое і ўмацаваць, імя Яму — Госпад: “Пакліч Мяне, і Я выслухаю цябе і абвяшчу табе справы вялікія і недасяжныя, якіх ты не ведаеш”. Бо вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля, пра дамы гэтага горада і пра дамы цара Юдэйскага, якія знішчаныя дзеля ўмацаванняў і дзеля бітвы тых, якія ідуць, каб ваяваць з халдэямі і каб напоўніць іх трупамі людзей, якіх Я забіў у лютасці Сваёй і ў гневе Сваім, бо Я схаваў аблічча Сваё перад гэтым горадам дзеля ўсякае ліхоты іх: “Вось, Я загаю яму рану і вылечу ды аздараўлю іх, поруч выяўлю ім шчодрасць супакою і праўды. І змяню долю Юды і долю Ізраэля, і адбудую іх як на пачатку. І ачышчу іх ад усіх іх злачынстваў, якімі яны грашылі супраць Мяне, і спагадны буду дзеля ўсіх іх злачынстваў і правін, якіх дапусціліся яны перада Мною, пагардзіўшы Мною. І будзе ён Мне імем, і радасцю, і хвалою, і весялосцю перад усімі народамі зямлі, якія пачуюць пра ўсе дабрадзействы, якія ім задумаў зрабіць. І будуць яны баяцца і дрыжаць дзеля ўсяго дабра і ўсялякага супакою, які Я ўчыню ім”. Гэта кажа Госпад: “На гэтым месцы, аб якім вы кажаце, што гэта пустэча, бо няма людзей і жывёлы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерузаліма, якія апусцелі ды абязлюдзелі, без жыхароў і без жывёлы, будзе чутны яшчэ голас радасці і голас весялосці, голас жаніха і голас нявесты, голас тых, што кажуць, складаючы ахвяры падзякі ў доме Госпада: “Хваліце Госпада Магуццяў, бо добры Госпад, бо на векі міласэрнасць Яго!”, бо Я вярну, як раней, долю гэтае зямлі”, — кажа Госпад. Гэта кажа Госпад Магуццяў: “На месцы гэтым спустошаным, без людзей і без жывёлы, і ва ўсіх гарадах яго будзе зноў прыстанішча для пастухоў, якія гоняць статак на адпачынак. У гарадах горных ды ў гарадах Сэфэлі, у гарадах паўднёвых і ў зямлі Бэньяміна, у ваколіцах Ерузаліма і ў гарадах Юды зноў будуць пераходзіць статкі праз рукі таго, хто іх лічыць”, — кажа Госпад. “Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я споўню добрае слова, якое абвясціў Я дому Ізраэля і дому Юды. У тых днях і ў тым часе Я вырашчу Давіду патомства справядлівае, і будзе яно чыніць закон і справядлівасць на зямлі. У тыя дні Юда будзе збаўлена і Ерузалім будзе жыць бяспечна. І вось імя, якім назаве яго: “Госпад — справядлівасць наша”. Бо вось што кажа Госпад: “Не забракуе Давіду мужа, які сядзе на пасадзе дому Ізраэля. І святарам-левітам не забракуе мужа перад абліччам Маім, які будзе складаць цэласпаленні, паліць ахвяры з ежы і прыносіць ахвяру ва ўсе дні”. І было слова Госпада да Ярэміі, якое казала: гэта кажа Госпад: “Калі можа быць парушаны запавет Мой з днём і запавет Мой з ноччу, так што не будзе дня і ночы ў свой час, то можа быць парушаны Мой запавет з Маім паслугачом Давідам, каб не было ад яго сына, які валадарыў бы на пасадзе яго, і з святарамі-левітамі, паслугачамі Маімі. Як незлічоныя ёсць зоркі нябесныя і як без ліку пяску марскога, так Я памножу патомства паслугача Майго Давіда і паслугачоў Маіх, левітаў”. І было слова Госпада да Ярэміі, што казала: “Ці не заўважыў ты, што гэты народ прамовіў, кажучы: “Два роды, якія выбраў Госпад, адкінуты!”, і пагарджаюць народам Маім, як быццам ён ужо не народ для іх. Гэта кажа Госпад: “Калі не ўсталяваў Я Майго запавету між днём і ноччу, калі не ўсталяваў Я закону для неба і зямлі, тады Я адкіну патомства Якуба і Давіда, паслугача Майго, і не вазьму з семя яго валадароў для семя Абрагама, Ізаака і Якуба. Але Я змяню лёс іх і пашкадую іх”.

Слова, якое было Ярэміі ад Госпада, што казала, калі Набукаданосар, цар Бабілона, з усім сваім войскам, і ўсе царствы зямлі, якія былі пад яго рукою, поруч усе народы ваявалі супраць Ерузаліма і супраць усіх гарадоў яго: гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Ідзі і гавары цару Юдэйскаму Сэдэцыі, і скажы яму: гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам гэты горад у рукі цара Бабілона, і той спаліць яго агнём. І ты не ўцячэш ад рукі яго, але будзеш схоплены і выдадзены ў рукі яго, і вочы твае ўбачаць вочы цара Бабілона, і вусны яго будуць гаварыць тваім вуснам, і пойдзеш ты ў Бабілон. Паслухай, аднак, слова Госпадава, Сэдэцыя, цар Юдэйскі. Гэта кажа Госпад аб табе: “Ты не памрэш ад меча, але памрэш ты у супакоі, і падобна, як палілі духмянасці для бацькоў тваіх, папярэдніх цароў, якія былі перад табою, так будуць паліць і табе. І будуць таксама галасіць па табе “О гора, валадару”, бо Я сказаў слова”, — кажа Госпад». І сказаў прарок Ярэмія усе гэтыя словы Сэдэцыі, цару Юдэйскаму, у Ерузаліме. А войска цара Бабілона ваявала супраць Ерузаліма ды супраць усіх гарадоў юдэйскіх, якія яшчэ былі супраць Лахіса і Азэкі, бо толькі гэтыя ўмацаваныя гарады трымаліся спаміж усіх гарадоў юдэйскіх. Слова, якое было Ярэміі ад Госпада па заключэнні царом Сэдэцыем пагаднення з усім народам у Ерузаліме, абвяшчаючы ім свабоду, каб кожны адпусціў на свабоду нявольніка свайго ды кожны нявольніцу сваю, гебрая і гебрайку, і каб ніхто не трымаў у няволі іх, — гэта значыць юдэя, брата свайго. Усе магнаты і ўвесь народ, які заключыў запавет, згадзіліся выпусціць на свабоду кожны свайго нявольніка і кожны сваю нявольніцу і больш не трымаць іх у няволі, — паслухаліся і адпусцілі іх на волю. Потым, аднак, змянілі рашэнне і вярнулі назад нявольнікаў і нявольніц сваіх, якіх ужо адпусцілі на свабоду, і прымусілі, каб і далей былі нявольнікамі і нявольніцамі. І было слова Госпада да Ярэміі, ад Госпада кажучы: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “З вашымі бацькамі ў дзень, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай, з дому няволі, Я заключыў запавет, які гаварыў: “Калі спаўняецца сем гадоў, хай кожны адпусціць на волю брата свайго, гебрая, які запрадаўся яму ў няволю і служыў шэсць гадоў, тады адпусці яго ад сябе як чалавека свабоднага!” Ды бацькі вашы не паслухалі Мяне і не нахілілі вуха свайго. А вы навярнуліся сёння і зрабілі тое, што справядліва на віду ў Мяне, абвяшчаючы вызваленне кожны блізкаму свайму, і заключылі запавет перад абліччам Маім у доме, над якім прызывана імя Маё. Вы, аднак, змянілі меркаванне і зняважылі імя Маё, і вярнулі кожны свайго нявольніка ды кожны — сваю нявольніцу, якіх адпусцілі, каб былі яны свабоднымі і дзеяздольнымі, і вы прымусілі іх, каб былі яны вам нявольнікамі і нявольніцамі”. Таму вось што кажа Госпад: “Вы не паслухалі Мяне, каб абвясціць волю кожны брату свайму і кожны блізкаму свайму; вось, Я абвяшчаю вам свабоду, — кажа Госпад, на меч, пошасці і голад і зраблю вас страхоццем для ўсіх царстваў зямных. А з людзьмі, якія парушылі запавет Мой, якія не пільнаваліся слоў запавету, з якім яны згадзіліся на віду ў Мяне, Я зраблю, як з цялём [ахвярным], якое разрэзалі на дзве часткі і прайшлі між паловамі яго. Князі юдэйскія і князі Ерузаліма, еўнухі, святары і ўвесь народ зямлі, — тыя, хто прайшлі між паловамі цяляці; дык аддам Я іх у рукі ворагаў іх ды ў рукі тых, што цікуюць на іх душы. І будуць трупы іх пажываю для птушак паднебных і звяроў зямных. А Сэдэцыю, цара Юдэйскага, і князёў яго аддам у рукі ворагаў іх ды ў рукі тых, што цікуюць на душы іх, у рукі войска цара Бабілона, якое цяпер адступіла ад вас. Вось, Я даю загад, — кажа Госпад, — і прывяду іх зноў у гэты горад, і будуць яны ваяваць супраць яго, і здабудуць яго, і спаляць агнём, і гарады юдэйскія зраблю пустыняй, бо не будзе жыхара”».

Слова, якое было да Ярэміі ад Госпада ў дні Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, што казала: «Ідзі да сям’і рэхабітаў, і размаўляй з імі, і прывядзі іх у дом Госпада ў адну з залаў ды дай ім піць віно». Дык узяў я Язанію, сына Ярэміі, сына Хабсаніі, і братоў яго, і ўсіх сыноў яго, і ўсю сям’ю Рэхабітаў і ўвёў іх у дом Госпада, у залу сыноў Ханана, сына Ігдаліі, чалавека Божага, якая была блізка ад залы князёў, над залай Маасіі, сына Сэлума, прыдзверніка. І паставіў я перад сынамі дому рэхабітаў пасудзіны, напоўненыя віном, і келіхі, і сказаў ім: «Піце віно!» Яны адказалі: «Не будзем піць віна, бо Ёнадаб, сын Рэхаба, наш бацька, загадаў нам, кажучы: “Не піце віна навек ані вы, ані сыны вашы. І не будзеце вы будаваць дамоў, не будзеце сеяць ніякае насенне, не будзеце садзіць вінаградніку ані мець яго, але будзеце жыць у палатках па ўсіх днях вашых, каб жылі многія дні на зямлі, на якой вы вандроўнікі”. І мы паслухаліся голасу Ёнадаба, сына Рэхаба, бацькі нашага, ува ўсім, што ён загадаў нам, так што не п’ём віна па ўсіх днях нашых мы, жанчыны нашы, сыны і дочкі нашы і не будуем дамоў на пражыванне, не маем ані вінаградніку, ані палёў, ані насення, але жывем мы ў палатках і, будучы паслухмянымі, чынім паводле ўсяго таго, што загадаў нам Ёнадаб, бацька наш. Калі ж Набукаданосар, цар Бабілона, напаў на зямлю, мы сказалі: “Хадзем, схаваемся ў Ерузаліме перад войскам халдэйскім і перад войскам сірыйскім”! І засталіся мы ў Ерузаліме». І было слова Госпада да Ярэміі, што казала: «Вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Ідзі і скажы мужам юдэйскім і жыхарам Ерузаліма: “Няўжо вы не прымеце навучання, каб слухацца слоў Маіх?” — кажа Госпад. — Выкананы словы Ёнадаба, сына Рэхаба, у якіх загадаў ён сынам сваім не піць віна, і не пілі яны да гэтага дня, бо паслухаліся загаду бацькі свайго, а Я, падымаючыся зранку і прамаўляючы, гаварыў вам, але вы не паслухалі Мяне! І пасылаў Я да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, падымаючыся на досвітку, пасылаючы і кажучы: “Навярніцеся кожны ад дарогі сваёй ліхой і выпраўце ўчынкі вашыя і не хадзіце за іншымі багамі, не пакланяйцеся ім, і будзеце жыць у зямлі, якую Я даў вам і бацькам вашым”. Але вы не прыхілілі вуха свайго і не паслухаліся Мяне. Выканалі, вось, сыны Ёнадаба, сына Рэхаба, загад бацькі свайго, што загадаў ім, а гэты народ не паслухаўся Мяне!” Таму вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерузаліма ўсё тое няшчасце, якое Я пастанавіў супраць іх. Бо Я гаварыў ім, а яны не слухалі, і клікаў іх, а яны не адказвалі Мне”». А да сям’і рэхабітаў сказаў Ярэмія: «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “За тое, што вы былі паслухмянымі загаду Ёнадаба, бацькі вашага, і спаўнялі ўсе яго прыказанні, і чынілі ўсё, што ён вам загадаў, дзеля таго кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: не забракуе чалавека з роду Ёнадаба, сына Рэхаба, які будзе стаяць перада Мною па ўсіх днях”».

І было ў чацвёрты год Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, слова гэтае да Ярэміі ад Госпада, кажучы: «Вазьмі скрутак для пісьма і запішы на ім усе словы, якія Я сказаў табе супраць Ізраэля ды Юды і супраць усіх народаў ад дня, калі Я пачаў гаварыць да цябе, ад дзён Осіі аж да гэтага дня. Калі часам дом Юды, чуючы пра ўсе няшчасці, якія Я думаю ўчыніць ім, навернуцца кожны ад свайго ліхога шляху, то Я прабачу злачынствы і грэх іх». Дык паклікаў Ярэмія Баруха, сына Нэрыі, і запісаў Барух з вуснаў Ярэміі на скрутку для пісьма ўсе словы Госпада, якія Ён яму казаў. І загадаў Ярэмія Баруху, кажучы: «Мне забаронена, і не магу ўваходзіць у дом Госпада. Ідзі, вось, ты і прачытай, каб чуў народ у доме Госпада, у дзень посту, словы Госпада са скрутку, на якім запісаў ты з вуснаў маіх. Ды каб пачулі таксама ўсе юдэі, якія прыходзяць з гарадоў сваіх, прачытай ім. Можа, трапіць іх малітва да Госпада, і кожны з іх навернецца ад свайго ліхога шляху, бо вялікі гнеў і лютасць, якімі пагражае Госпад гэтаму народу». І Барух, сын Нэрыі, зрабіў паводле ўсяго таго, што загадаў яму Ярэмія прарок, чытаючы са скрутку словы Госпада ў доме Госпадавым. А ў пятым годзе Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, у дзевятым месяцы аб’явілі пост перад Госпадам для ўсяго народа ерузалімскага ды ўсяго мноства народа, які сцякаўся з гарадоў юдэйскіх у Ерузалім. І прачытаў Барух са скрутку, каб чуў увесь народ словы Ярэміі ў доме Госпада, у зале Гамары, сына Сафана, пісара, на верхнім панадворку, ля ўваходу ў Новую браму дома Госпадава. Калі пачуў Міхей, сын Гамары, сына Сафана, усе словы Госпадавы са скрутку, сышоў у дом цара, у пакой пісара, і вось, там сядзелі ўсе князі: Элісама, пісар, і Далаі, сын Сямэі, і Эльнатан, сын Ахабора, і Гамары, сын Сафана, і Сэдэцыя, сын Хананіі, і іншыя князі. І паведаміў ім Міхей усе словы, якія чуў, калі Барух чытаў са скрутку ўголас перад народам. Дык усе князі паслалі да Баруха Егудыя, сына Натаніі, сына Сэлеміі, сына Кусі, каб яму сказаць: «Вазьмі ў рукі свае скрутак, з якога чытаў людзям, і прыходзь!» І ўзяў Барух, сын Нэрыі, скрутак у рукі свае, і прыйшоў да іх. А яны сказалі яму: «Сядзь і прачытай гэта нам уголас». І чытаў Барух у прысутнасці іх. І калі пачулі яны ўсе гэтыя словы, то паглядзелі з жахам адзін на аднаго і сказалі яны Баруху: «Мы мусім паведаміць цару ўсе гэтыя словы». І запыталі яны Баруха, кажучы: «Скажы нам, як напісаў ты ўсе гэтыя словы з вуснаў яго?» Барух адказаў ім: «Сваімі вуснамі прамаўляў ён мне ўсе гэтыя словы, а я запісваў атрамантам у скрутку». І сказалі князі Баруху: «Ідзі, схавайся, ты і Ярэмія, і хай ніхто не ведае, дзе вы». Пасля пайшлі яны на панадворак да цара, а скрутак пакінулі ў пакоі пісара Элісамы; і пераказалі ў прысутнасці цара ўсе словы. І паслаў цар Егудыя, каб прынёс скрутак. Той, узяўшы яго з пакоя пісара Элісамы, чытаў у прысутнасці цара і ў прысутнасці ўсіх князёў, якія стаялі вакол цара. А цар сядзеў у зімовым палацы ў дзевятым месяцы, і перад ім стаяла пасудзіна з распаленымі вуглямі. І калі Егудый прачытваў тры ці чатыры слупкі, адразаў іх цар ножыкам пісара і кідаў у агонь, які быў у пасудзіне, пакуль увесь скрутак не згарэў у агні, які быў у пасудзіне. І цар і ўсе паслугачы яго, якія чулі ўсе гэтыя словы, не спалохаліся і не раздзёрлі свайго адзення. І хоць Эльнатан, і Далая, і Гамары настойліва прасілі цара, каб не паліў кнігі, ён іх не паслухаў. І загадаў цар Ерамээлю, сыну царскаму, і Сараі, сыну Азрыэля, і Сэлеміі, сыну Абдээля, схапіць Баруха, пісара, і прарока Ярэмію, але Госпад схаваў іх. І было наступнае слова Госпада да Ярэміі пасля таго, як спаліў цар скрутак і словы, якія Барух запісаў з вуснаў Ярэміі: «Вазьмі сабе зноў іншы скрутак і напішы на ім усе папярэднія словы, якія былі ў першым скрутку, які спаліў Ёакім, цар Юдэйскі. А пра Ёакіма, цара Юдэйскага, скажаш: гэта кажа Госпад: “Ты спаліў гэты скрутак, кажучы: “Чаму напісаў ты ў ім абвестку: напэўна, прыйдзе цар Бабілона, і знішчыць гэтую зямлю, і вынішчыць з яе людзей і жывёлу?” Таму вось што кажа Госпад супраць Ёакіма, цара Юдэйскага: “Не будзе ад яго нікога, хто б сядзеў на пасадзе Давіда. Труп яго будзе выстаўлены на спёку дня і на холад ночы. І Я пакараю яго і семя яго, поруч і паслугачоў яго за іх правіны; і навяду на іх, і на жыхароў Ерузаліма, і на жыхароў Юды ўсякае няшчасце, якое прадказаў ім, а яны не слухалі”». І ўзяў Ярэмія іншы скрутак, і даў яго Баруху, сыну пісара Нэрыі, які напісаў на ім з вуснаў Ярэміі ўсе словы кнігі, якую ў агні спаліў Ёакім, цар Юды. І было дадана да іх яшчэ шмат падобных слоў.

І пачаў валадарыць цар Сэдэцыя, сын Осіі, замест Ёахіна, сына Якіма; яго паставіў царом Набукаданосар, цар Бабілона, у зямлі Юдэйскай. Але ані ён, ані яго паслугачы, ані народ зямлі не слухалі слоў Госпада, якія Ён казаў ім праз прарока Ярэмію. І паслаў цар Сэдэцыя Юхала, сына Сэлеміі, і Сафонію, сына Маасіі, святара, да прарока Ярэміі, каб сказалі яму: «Памаліся за нас да Госпада, Бога нашага!» А Ярэмія хадзіў свабодна паміж людзей, бо яго яшчэ не кінулі пад ахову ў вязніцу. Войска фараона выйшла ў той час з Егіпта. І халдэі, якія аблягалі Ерузалім, пачуўшы такую навіну, адступілі ад Ерузаліма. І было такое слова Госпада да Ярэміі прарока: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Так скажаце цару Юдэйскаму, які паслаў вас да Мяне па раду: “Вось, войска фараона, якое выйшла вам на дапамогу, вернецца ў сваю зямлю, у Егіпет. А халдэі зноў прыйдуць, і будуць ваяваць супраць гэтага горада, і здабудуць яго, і спаляць яго агнём”. Гэта кажа Госпад: “Не ашуквайце душы свае, паўтараючы: “Напэўна, пойдуць проч і адступяць ад нас халдэі!”, бо не адыдуць яны. Нават калі б вы пабілі ўсё войска халдэяў, якія ваююць з вамі, так што засталіся б з іх адно параненыя, то і тады кожны з іх падняўся б са сваёй палаткі і падпалілі б гэты горад агнём”». І калі адступіла войска халдэяў ад Ерузаліма дзеля войска фараона, Ярэмія выйшаў з Ерузаліма, каб ісці ў зямлю Бэньяміна і там падзяліць маёмасць перад народам. Калі ён прыбыў да брамы Бэньяміна, быў там вартавы брамы на імя Ярыя, сын Сэлеміі, сына Хананіі, і затрымаў ён прарока Ярэмію, кажучы: «Ты перабягаеш да халдэяў». І адказаў Ярэмія: «Няпраўда! Не бягу я да халдэяў!» Але Ярыя яго не слухаў, але схапіў Ярэмію і завёў яго да князёў. І разгневаліся князі на Ярэмію, і білі яго, а потым укінулі ў вязніцу, якая была ў доме Ёнатана, пісара, з якога зрабілі астрог. І Ярэмія апынуўся ў лёхах са столлю, і сядзеў там Ярэмія шмат дзён. І паслаў цар Сэдэцыя, каб прывялі яго, і пытаўся ў яго таемна, у сваім доме, і казаў: «Ці маеш ты слова ад Госпада?» І адказаў Ярэмія: «Маю». І сказаў: «Ты будзеш выдадзены ў рукі цара Бабілона». І сказаў Ярэмія цару Сэдэцыю: «Чым правініўся я перад табою, і перад слугамі тваімі, і гэтым народам, што ўкінулі мяне ў вязніцу? Дзе вашы прарокі, якія прадказвалі вам і гаварылі: “Не прыйдзе цар Бабілона супраць вас і супраць гэтай зямлі”? Цяпер жа паслухай, калі ласка, гаспадару мой, цар! Хай маленне маё цябе кране! Не адсылай мяне ў дом Ёнатана, пісара, каб я не памёр там». І цар Сэдэцыя загадаў трымаць Ярэмію на вартавым панадворку і даваць яму штодзень па булачцы хлеба з вуліцы пекараў, пакуль не скончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І заставаўся Ярэмія на вартавым панадворку.

І пачулі Сафація, сын Матана, Гадалія, сын Пасура, і Юкал, сын Сэлеміі, і Пасур, сын Мэльхіі, словы, якія прамаўляў Ярэмія да ўсяго народа, кажучы: «Гэта кажа Госпад: “Хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і пошасці, хто ж пяройдзе да халдэяў, застанецца жыць, і душа яго будзе здабычаю яму, і будзе жыць”. Гэта кажа Госпад: “Дакладна, горад гэты будзе выдадзены ў рукі войска цара Бабілона, і ён здабудзе яго”». Дык князі сказалі цару: «Мы прасілі забіць гэтага чалавека, бо ён наўмысна аслабляе рукі ваяроў, якія засталіся ў гэтым горадзе, і рукі ўсяго народа, калі да іх гаворыць падобныя словы. Чалавек гэты не шукае спакою для гэтага народа, але няшчасця!» І сказаў цар Сэдэцыя: «Вось, ён у вашых руках! Не можа бо цар ні ў чым вам запярэчыць». І ўзялі яны Ярэмію, і ўкінулі яго ў яму Мэльхія, сына цара, якая знаходзілася на вартавым панадворку. І спусцілі Ярэмію на вяроўках. І не было ў яме вады, адно балота; і, такім чынам, трапіў Ярэмія ў бруд. І пачуў Абэд-Мэлек з Этыёпіі, адзін з еўнухаў, што быў у доме цара, што Ярэмію кінулі ў яму, а цар сядзеў акурат у браме Бэньяміна, і выйшаў Абэд-Мэлек з дома цара, і прамовіў цару, кажучы: «Валадару мой, цар! Гэтыя людзі зрабілі благое ўва ўсім, што ўчынілі прароку Ярэмію, укідваючы яго ў яму. Бо памрэ ж ён з голаду там, тым больш што няма ўжо хлеба ў горадзе!» І загадаў цар Абэд-Мэлеку з Этыёпіі, кажучы: «Вазьмі сабе адсюль трыццаць чалавек і выцягні прарока Ярэмію з ямы перш, чым ён памрэ». І Абэд-Мэлек, узяўшы з сабою людзей, пайшоў у дом цара, у пакой, што быў пад скарбніцай, узяў адтуль анучы са старога адзення ды лахманы і спусціў іх на вяроўках Ярэмію ў яму. І сказаў Абэд-Мэлек з Этыёпіі Ярэмію: «Падкладзі сабе гэтыя старыя анучы пад пахі і пад вяроўкі». І Ярэмія зрабіў гэтак. І выцягнулі Ярэмію на вяроўках, і дасталі яго з ямы. І сядзеў Ярэмія на панадворку варты. Тады цар Сэдэцыя паслаў прывесці прарока Ярэмію да яго, да трэцяга ўваходу, які быў у доме Госпада. І сказаў цар Ярэмію: «Папытаюся ў цябе пра адну рэч, і ты не ўтойвай нічога ад мяне!» І сказаў Ярэмія Сэдэцыі: «Калі прадкажу табе, хіба не заб’еш мяне? А калі дам табе раду, не паслухаеш мяне». І прысягнуў цар Сэдэцыя патаемна Ярэмію гэтымі словамі: «Жывы Госпад, Які даў нам гэтую душу, не заб’ю цябе і не выдам цябе ў рукі людзей, тых, якія цікуюць на тваю душу!» Тады Ярэмія сказаў Сэдэцыі: «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля. Калі ты добраахвотна выйдзеш да князёў цара Бабілона, то будзе жыць душа твая, і горад гэты не будзе спалены агнём, і ты будзеш жыць, і дом твой. Калі ж не выйдзеш да князёў цара Бабілона, то горад гэты трапіць у рукі халдэяў, і спаляць яго агнём, і сам ты не ўхаваешся ад рукі іх». І сказаў цар Сэдэцыя Ярэміі: «Я баюся жыхароў Юдэі, якія перайшлі да халдэяў, каб яны часам не выдалі мяне ў іх рукі і каб не здзекаваліся з мяне». Ярэмія адказаў: «Не выдадуць яны цябе. Паслухай, калі ласка, голасу Госпада ў справе, аб якой я табе кажу, і выйдзе табе гэта на добрае, і будзе жыць душа твая. Калі ж адмовішся выйсці, вось слова, якое паказаў мне Госпад: “Вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме цара Юды, вядуцца да князёў цара Бабілона і крычаць: “Падманулі цябе і ашукалі цябе сябры твае; ногі твае ўгразлі ў балоце, а яны ўцяклі ад цябе. І ўсе жонкі твае, і сыны твае будуць заведзены да халдэяў, і ты не ўцячэш ад рук іх, але будзеш схоплены рукою цара Бабілона; і горад гэты будзе спалены агнём”». І сказаў Сэдэцыя Ярэміі: «Хай ніхто не ведае гэтых слоў, і ты не памрэш! Калі ж пачуюць князі, што я гаварыў з табой, прыйдуць яны да цябе і скажуць табе: “Скажы нам, аб чым гаварыў ты з царом? Нічога не хавай перад намі, тады не заб’ём цябе! Дык што табе казаў цар?” Тады ты скажаш ім: “Я ўзносіў свае маленні да цара, каб ён не загадаў зноў вярнуцца мне ў дом Ёнатана, бо там я памру”». І сапраўды прыйшлі да Ярэміі ўсе князі і запыталіся ў яго. І ён адказаў ім згодна з усім тым, што загадаў яму цар, і пакінулі яго ў супакоі, бо ніхто нічога не пачуў, пра што яны гаварылі. І сядзеў Ярэмія далей на панадворку варты аж да дня, калі быў здабыты Ерузалім.

На дзевяты год Сэдэцыі, цара Юдэйскага, у дзесятым месяцы прыбыў Набукаданосар, цар Бабілона, і ўсё войска яго супраць Ерузаліма, і абклалі яго. На адзінаццаты год Сэдэцыі, у чацвёртым месяцы, дзевятага дня горад быў адчынены. І ўвайшлі тады ўсе князі цара Бабілона і селі ў Сярэдняй браме: Нэргал-Сарэцэр з Самегар-Нэба, Сарсахім, кіраўнік еўнухаў, Нэргал-Сарэцэр, кіраўнік магаў, і ўсе астатнія князі цара Бабілона. І калі ўбачыў іх Сэдэцыя, цар Юдэйскі, і ўсе ваяры, — то кінуліся наўцёкі, і выйшлі ноччу з горада па дарозе праз царскі сад і праз браму, якая была паміж двух муроў, ды выйшлі яны дарогай у кірунку да Арабы. Але войска халдэйскае пагналася за імі і дагнала Сэдэцыю ў лагчыне Ерыхона. І, схапіўшы, прывялі ў Рэблу, што ў зямлі Эмат, да Набукаданосара, цара Бабілона, і той абвясціў на яго прысуд. І цар Бабілона забіў сыноў Сэдэцыі ў Рэблі на яго вачах, таксама ўсіх магнатаў юдэйскіх забіў цар Бабілона. А пасля вырваў вочы Сэдэцыі, закаваў яго ў падвоеныя кайданы, каб завесці яго ў Бабілон. І спалілі халдэі дом цара, таксама дамы народа, а муры Ерузаліма зруйнавалі. А рэшту народа, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да яго, і ўсіх, хто застаўся з майстроў, Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, павёў у няволю ў Бабілон. А частку ўбогіх людзей, у якіх не было аніякай маёмасці, пакінуў Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, у зямлі Юды, і даў ім вінаграднікі і палі ў той дзень. Адносна ж Ярэміі загадаў Набукаданосар, цар Бабілона, Набузардану, кіраўніку целаахоўнікаў, кажучы: «Вазьмі яго, і ўскладзі на яго вочы свае, і не рабі яму нічога благога, і выконвай тое, што ён захоча». І Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, і Набусазбан, кіраўнік еўнухаў, і Нэргал-Сарэцэр, кіраўнік магаў, і ўсе князі цара Бабілона, паслалі прывесці Ярэмію з панадворку варты і перадалі яго Гадаліі, сыну Ахікама, сына Сафана, каб той адпусціў яго дадому. Такім чынам абжыўся ён сярод народа. А да Ярэміі, калі быў ён яшчэ ўвязнены на панадворку варты, было слова Госпада наступнае: «Ідзі, так скажы Абэд-Мэлеку з Этыёпіі: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я здзейсню Свае словы супраць гэтага горада на ліха, а не на дабро; у гэты ж дзень, калі збудзецца гэта на тваіх вачах, Я вызвалю цябе, — кажа Госпад, — і ты не будзеш выдадзены ў рукі людзей, якіх ты баішся. Але, вырваўшы, вызвалю цябе, і не ўпадзеш ты ад меча, але будзе ў цябе душа твая за здабычу, бо на Мяне ты ўсклаў спадзяванне,”» — кажа Госпад.

Слова, якое было Ярэміі ад Госпада па вызваленні яго з Рамы Набузарданам, кіраўніком целаахоўнікаў, калі ён вызваў яго, скаванага ланцугамі сярод усіх тых, што выходзілі з Ерузаліма і Юды ды мелі быць выведзеныя ў Бабілон. І ўзяў кіраўнік целаахоўнікаў Ярэмію, і сказаў яму: «Госпад, Бог твой, прадказаў такое няшчасце гэтаму месцу; і здзейсніў, і зрабіў Госпад, як прадказваў. Саграшылі бо вы супраць Госпада і не паслухаліся Яго голасу, і таму здзейснілася на вас слова гэтае. Цяпер, вось, я вызваляю цябе з путаў, якія на руках тваіх. Калі здаецца табе добрым ісці са мною ў Бабілон, то ідзі; тады я ўскладу вочы свае на цябе; калі табе здаецца нядобрым ісці са мною ў Бабілон, то заставайся. Вось, уся зямля — перад табою: што выбраў ты і куды табе ісці даспадобы — туды і накіруйся. Вярніся да Гадаліі, сына Ахікама, сына Сафана, якога цар Бабілона зрабіў кіраўніком над гарадамі юдэйскімі, і жыві з ім сярод народа, або ідзі туды, куды табе захочацца пайсці». І даў яму кіраўнік целаахоўнікаў харчоў і падарункі і адпусціў яго. І прыйшоў Ярэмія да Гадаліі, сына Ахікама, у Міцпу, і абжыўся з ім сярод народа, які застаўся ў краіне. Калі пачулі ўсе кіраўнікі войскаў, якія былі раскінуты па ваколіцах, яны самі і іх людзі, што цар Бабілона зрабіў кіраўніком над краінаю Гадалію, сына Ахікама, і што даручыў яму мужчын і жанчын, дзяцей і тых з убогіх зямлі, якія не былі пераселены ў Бабілон, то прыйшлі да Гадаліі ў Міцпу: Ізмаэль, сын Натаніі, Ёханан і Ёнатан, сыны Карэя, Сарая, сын Тангумэта, ды сыны Опі, якія былі з Нэтофы, Езанія, сын Мааха, яны самі і людзі іх. І Гадалія, сын Ахікама, сына Сафана, склаў ім і людзям іх прысягу, кажучы: «Не бойцеся служыць халдэям! Заставайцеся ў краіне і служыце цару Бабілона, і будзе вам добра. Я, вось, застаюся ў Міцпе, каб заступацца перад халдэямі, якія прыходзяць да нас, а вы збірайце віно, плады і алей, і складайце ў свае пасудзіны, і жывіце ў гарадах сваіх, якія займаеце». Таксама ўсе жыхары Юды, якія былі ў зямлі Маабскай і сярод сыноў Амона, і ў Эдоме, і ва ўсіх краях, пачулі, што цар Бабілона пакінуў частку людзей у Юдэі і паставіў над імі начальнікам Гадалію, сына Ахікама, сына Сафана. Дык вярнуліся ўсе жыхары Юдэі з усіх месцаў, у якія былі выгнаныя, і прыйшлі ў зямлю Юдэйскую да Гадаліі ў Міцпу, і сабралі віна і пладоў вельмі многа. А Ёханан, сын Карэя, і ўсе кіраўнікі войскаў, якія былі раскінуты па ваколіцах, прыбылі да Гадаліі ў Міцпу і сказалі яму: «Ведай, што Бааліс, цар сыноў Амона, паслаў Ізмаэля, сына Натаніі, знішчыць душу тваю». Але не паверыў ім Гадалія, сын Ахікама. А Ёханан, сын Карэя, сказаў патаемна Гадаліі ў Міцпе так: «Я пайду і заб’ю Ізмаэля, сына Натаніі, так што ніхто не даведаецца. Навошта мае ён душу тваю знішчыць? Бо ўсе жыхары Юды, якія зараз сабраны пры табе, разбягуцца, і гэтак прападзе рэшта Юды». І сказаў Гадалія, сын Ахікама, Ёханану, сыну Карэя: «Не рабі гэтак; бо фальшыва гаворыш ты пра Ізмаэля».

І было ў сёмы месяц: Ізмаэль, сын Натаніі, сына Элісамы, з роду царскага, і магнаты цара, і дзесяць чалавек з ім прыйшлі да Гадаліі, сына Ахікама, у Міцпу, і там яны елі сумесна хлеб, у Міцпе. І падняўся Ізмаэль, сын Натаніі, і дзесяць чалавек, якія былі пры ім, і забілі мечам Гадалію, сына Ахікама, сына Сафана. І забіў ён таго, якога цар Бабілона ўстанавіў кіраўніком зямлі. І забіў Ізмаэль усіх жыхароў Юды, якія былі з Гадаліем у Міцпе, і халдэяў, якія там знаходзіліся, і ваяроў забіў Ізмаэль. Наступнага дня па забіцці Гадаліі, калі яшчэ ніхто не ведаў, прыйшлі людзі з Сіхэма, з Сіло і з Самарыі восемдзесят чалавек з аголенымі бародамі, раздзёртымі шатамі і нарэзамі на целе. І неслі яны ў руках дарункі і кадзіла, каб скласці ў ахвяру ў доме Госпада. І выйшаў Ізмаэль, сын Натаніі, ім насустрач з Міцпы, крочыў і плакаў, ідучы. І калі сустрэў іх, сказаў ім: «Хадзіце да Гадаліі, сына Ахікама!» І калі ўвайшлі яны ў сярэдзіну горада, пазабіваў іх Ізмаэль, сын Натаніі, і ўкінуў іх у яму, ён і людзі, якія былі з ім. І знайшліся паміж іх дзесяцёра мужоў, якія сказалі Ізмаэлю: «Не забівай нас, бо маем у полі схаваныя запасы: пшаніцу, ячмень, алей і мёд». Дык стрымаўся ён і не забіў іх разам з братамі іх. А яма ж, у якую кідаў Ізмаэль усе трупы людзей, якіх забіў, была тою вялікаю ямаю, якую зрабіў цар Аса супраць Баасы, цара Ізраэльскага; вось яе Ізмаэль, сын Натаніі, запоўніў забітымі. І павёў Ізмаэль рэшту людзей, якія былі ў Міцпе, таксама дачок царскіх, якіх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, даручыў Гадаліі, сыну Ахікама. І забраў іх Ізмаэль, сын Натаніі, і адышоў, каб перайсці да сыноў Амона. І пачуў Ёханан, сын Карэя, і іншыя кіраўнікі войскаў, якія з ім былі, пра ўсё ліха, якое ўчыніў Ізмаэль, сын Натаніі, і, сабраўшы ўсіх людзей, пайшлі яны ваяваць з Ізмаэлем, сынам Натаніі. І сустрэлі яны яго пры вялікіх водах у Габаоне. І калі народ, які быў з Ізмаэлэм, убачыў Ёханана, сына Карэя, ды ўсіх кіраўнікоў войскаў, якія былі з ім, то ўсіх ахапіла радасць. І адвярнуўся ўвесь народ, які ўзяў у палон Ізмаэль у Міцпе, і перайшоў да Ёханана, сына Карэя. А Ізмаэль, сын Натаніі, уцёк з васьмю людзьмі ад Ёханана і адышоў да сыноў Амона. А Ёханан, сын Карэя, і іншыя кіраўнікі войска, якія былі з ім, забралі ўсю рэшту людзей, якіх ён забраў у Ізмаэля, сын Натаніі, якія прыйшлі з Міцпы пасля таго, як ён забіў Гадалію, сына Ахікама, мужчын, здатных да бітвы, жанчын і дзяцей, і еўнухаў, якіх вывеў з Габаона. І пайшлі яны, і затрымаліся ў Герут-Хамааме, які блізка да Бэтлехэма, каб сабрацца і пайсці ў Егіпет, далей ад халдэяў, бо баяліся іх, бо Ізмаэль, сын Натаніі, забіў Гадалію, сына Ахікама, якога цар Бабілона прызначыў кіраўніком у краіне.

І прыступілі ўсе кіраўнікі войскаў, гэта значыць Ёханан, сын Карэя, і Езанія, сын Асаі, ды ўвесь народ, ад малога да вялікага, і сказалі прароку Ярэміі: «Хай спадзе наша маленне перад абліччам тваім! Маліся за нас да Госпада, Бога твайго, за ўсю гэтую рэшту, бо засталося нас нямнога з вялікае лічбы, як ты бачыш на ўласныя вочы, і няхай Госпад, Бог твой, пакажа нам дарогу, якою маем ісці, і што мы маем рабіць». І прарок Ярэмія адказаў ім: «Я чую. Вось, я памалюся да Госпада, Бога вашага, паводле слоў вашых, і кожнае слова, якім Ён адкажа вам, перакажу вам, і не схаваю ад вас нічога». А яны сказалі Ярэміі: «Няхай Госпад будзе нам сведкам верным і праўдамоўным, калі мы не будзем рабіць паводле кожнага слова, з якім паслаў цябе да нас Госпад, Бог твой. Ці будзе гэта добра, ці блага, паслухаемся голасу Госпада, Бога нашага, да Якога цябе пасылаем, каб нам было добра, калі мы паслухаемся голасу Госпада, Бога нашага». Калі ж мінула дзесяць дзён, было слова Госпада да Ярэміі. І паклікаў ён Ёханана, сына Карэя, і ўсіх кіраўнікоў войска, якія былі з ім, а таксама ўвесь народ, ад малога да вялікага, і сказаў ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля, да Якога вы паслалі мяне, каб распасцёр я перад Ім вашу просьбу: “Калі застанецеся стала жыць у гэтай зямлі, Я адбудую вас і не зруйную, насаджу вас, а не вырву, бо цяпер ахапіў Мяне жаль за тое ліха, якое зрабіў вам. Не бойцеся цара Бабілона, перад якім вы, нясмелыя, дрыжыце, не палохайцеся яго, — кажа Госпад, — бо Я з вамі, каб вас збавіць і вырваць з рукі яго. Я дам вам атрымаць міласэрнасць, і ён злітуецца над вамі і дазволіць вам жыць у сваёй зямлі. А калі вы скажаце: “Не будзем жыць у гэтай зямлі”, ды не паслухаеце голасу Госпада, Бога вашага, і скажаце: “Не! Мы накіруемся ў зямлю Егіпецкую, дзе не будзем бачыць вайны, і чуць поклічу трубы, і не будзем цярпець голаду, і там будзем жыць”, — дзеля гэтага цяпер паслухайце слова Госпада, рэшта Юды. Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Калі вы звярнулі абліччы свае, каб пайсці ў Егіпет, і пойдзеце, каб там качаваць, дасягне вас там, у зямлі Егіпецкай, меч, якога баіцеся, а таксама голад, якога палохаецеся, будзе спадарожнічаць вам у Егіпце, і там вы паўміраеце. І людзі, якія звярнулі абліччы свае, каб пайсці ў Егіпет і там качаваць, памруць ад меча, голаду і пошасці, і ніводзін з іх не застанецца і не ўсцеражэцца ад няшчасця, якое Я навяду на іх”». Гэта, вось, кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Як ўзгарэўся Мой гнеў і абурэнне Маё на жыхароў Ерузаліма, так узгарыцца Маё абурэнне на вас, калі вы пойдзеце ў Егіпет. І станецеся вы праклёнам, страхоццем, знявагаю і здзекам, і месца гэтага болей не пабачыце». Слова Госпада да вас, рэшта Юды: «Не ідзіце ў Егіпет». Ведайце добра, што я перасцярог вас сёння, вы легкадумна наклікалі ліха на сябе, калі пасылалі мяне да Госпада, Бога нашага, кажучы: «Маліся за нас да Госпада, Бога нашага, і паведамі нам усё, што скажа табе Госпад, Бог наш, а мы гэта выканаем». Дык я пераказаў вам сёння, але вы не слухаеце голасу Госпада, Бога вашага, аб усім тым, з чым Ён мяне паслаў да вас. Цяпер жа ведайце добра, што паўміраеце ад меча, голаду і пошасці ў месцы, да якога хочаце ісці ды там качаваць.

І сталася, калі Ярэмія скончыў абвяшчаць народу ўсе словы Госпада, Бога іх, дзеля якіх пасылаў яго Госпад, Бог іх, сказалі Азарыя, сын Асаі, і Ёханан, сын Карэя, і ўсе людзі дзёрзкія Ярэміі так: «Няпраўду ты гаворыш! Не паслаў цябе Госпад, Бог наш, каб ты казаў: “Не ідзіце ў Егіпет, каб там качаваць!” Але Барух, сын Нэрыі, падгаворвае цябе супраць нас, каб выдаць нас у рукі халдэяў, каб яны павялі ў Бабілон». І Ёханан, сын Карэя, і ўсе кіраўнікі войска ды ўвесь народ не паслухалі голасу Госпада, каб заставацца ў зямлі Юдэйскай. І Ёханан, сын Карэя, і ўсе кіраўнікі войска сабралі ўсе рэшткі Юды, якія вярнуліся з усіх народаў, да якіх раней былі выгнаныя, каб жыць у зямлі Юдэйскай, мужчын, жанчын, дзяцей, дачок царскіх ды ўсіх людзей, якіх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, пакінуў разам з Гадаліяй, сынам Ахікама, сынам Сафана, і прарока Ярэмію, а таксама Баруха, сына Нэрыі. І пайшлі яны ў зямлю Егіпецкую, бо не паслухаліся голасу Госпада, і дайшлі аж да Тапнэса. І было слова Госпада да Ярэміі ў Тапнэсе такое: «Вазьмі ў рукі свае вялікія камяні і ў прысутнасці людзей з Юды схавай іх ў гліне цагельнай пры ўваходзе, які ёсць ля брамы Фараона ў Тапнэсе. І скажы ім: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я пашлю і вазьму Набукаданосара, цара Бабілона, слугу Майго. І пастаўлю Я яго пасад на гэтых камянях, якія Я схаваў, і паставіць ён свой пасад над імі. І прыйдзе, і ўдарыць зямлю Егіпецкую, і каго асудзіць на смерць, той пойдзе на смерць, каго на няволю, той пойдзе ў няволю, каго пад меч, той пойдзе пад меч. І запаліць ён агонь у капішчах багоў егіпецкіх, і спаліць іх, а тых забярэ ў палон, і ачысціць зямлю Егіпецкую, як ачышчае пастух ад вашэй адзенне сваё і выходзіць адтуль у супакоі. І паломіць ён таксама слупы Бэтсамэса, якія знаходзяцца ў зямлі Егіпецкай, ды капішчы багоў егіпецкіх спаліць агнём”».

Слова, што было праз Ярэмію ўсім юдэям, якія жылі ў зямлі Егіпецкай ды якія жылі ў Магдоле, і ў Тапнэсе, у Мемфісе і ў зямлі Патрос: «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Бачылі вы ўсё тое няшчасце, якое навёў Я на Ерузалім і на ўсе гарады Юды. І вось, сёння яны зруйнаваны і няма ў іх жыхароў, за іх злачыннасць, якой дапускаліся яны, каб правакаваць Мяне да гневу, ды хадзілі складаць ахвяры і служыць іншым багам, якіх не ведалі ані яны, ані вы, ані бацькі вашы. І пасылаў Я да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, падымаючыся ноччу і пасылаючы, каб казалі: “Не рабіце гэтых паганых рэчаў, якія Я ненавіджу!” Але яны не слухалі, і не прыхілілі вуха свайго, каб адвярнуцца ад сваёй ліхоты і каб не складаць ахвяр чужым багам. І пралілося абурэнне Маё і гнеў Мой, і разгарэліся ў гарадах Юды ды на вуліцах Ерузаліма, і абярнуліся яны руінамі і пусткаю, як і па гэты дзень”. А цяпер вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Чаму вы наводзіце на душы свае вялікае ліха, каб быў забіты спаміж вас мужчына і жанчына, дзіця і немаўля з асяроддзя Юды ды каб не засталося ў вас аніякай рэшты? Чаму вы правакуеце Мяне ўчынкамі рук вашых, складаючы ахвяры чужым багам у зямлі Егіпецкай, каб вас рассыпала і каб былі вы на праклён і на здзек для ўсіх народаў зямлі? Ці забыліся вы пра злачынствы бацькоў вашых і злачынствы цароў Юдэйскіх, злачынствы жонак іх, пра злачынствы вашы і пра злачынствы жонак вашых, якіх дапускаліся ў зямлі Юдэйскай і на вуліцах Ерузаліма? Да сёння не ўпакорыліся яны, і не баяцца, і не ходзяць паводле закону Майго і прыказанняў Маіх, якія Я даў перад вамі і перад бацькамі вашымі”. Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я звярну аблічча Сваё супраць вас на няшчасце і знішчу ўсю Юду. І вазьму Я рэшту Юды, якія звярнулі абліччы свае, каб пайсці ў зямлю Егіпецкую і качаваць там, і яны ўсе папрападаюць у зямлі Егіпецкай: упадуць ад меча ды ад голаду, прападуць ад малога да вялікага, ад меча і ад голаду памруць; і стануцца яны праклёнам, страхоццем, знявагаю і здзекам. І пакараю Я тых жыхароў зямлі Егіпецкай, як пакараў Ерузалім: мечам, голадам і пошасцю. І не будзе нікога, хто б уцёк і хто б ацалеў з рэшты юдэяў, якія прыйшлі, каб качаваць у зямлі Егіпецкай ды каб вярнуцца ў зямлю Юды, у якую яны прагнуць душамі сваімі, каб вярнуцца і жыць там; але не вернуцца, апроч тых, якія ўцякуць”». І адказалі Ярэміі ўсе мужчыны, якія ведалі, што іх жонкі складаюць ахвяры чужым багам, і ўсе жанчыны, якія стаялі ў вялікай грамадзе, і ўся супольнасць тых, хто пражывалі ў зямлі Егіпецкай у Патросе, кажучы: «Не паслухаем ад цябе слоў, якія ты перадаў нам ад імя Госпада. Але здзейснім рашуча кожнае слова, якое выйшла з нашых вуснаў, і будзем складаць ахвяры кадзільныя царыцы неба і складаць на ўшанаванне яе ахвяры вадкія, як рабілі мы і бацькі нашы, цары нашы і князі нашы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерузаліма. Тады мелі мы ўдосталь хлеба, і добра было нам, і не спатыкала нас нішто благое. А вось з таго часу, як перасталі мы складаць ахвяры царыцы неба і складаць ёй ахвяры вадкія, церпім нястачу ва ўсім і прападаем ад меча і голаду. А калі мы і складаем ахвяры царыцы неба ды выліваем ёй ахвяры вадкія, то хіба мы без мужоў нашых робім для яе пірагі, падобныя формай да яе, або выліваем ёй ахвяры вадкія?» І вось што сказаў Ярэмія ўсяму народу, мужчынам, жанчынам ды ўсім людзям, якія яму далі гэты адказ: «Ці ж не тую ахвяру, якую складалі вы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерузаліма, вы і бацькі вашы, цары вашы і князі вашы, і народ зямлі, — ці не пра іх памятае Госпад, ці не яна ўзышла на сэрца Яго? І не мог ужо Госпад пераносіць ліхоту ўчынкаў вашых і агіднасцей, якіх вы дапускаліся. Дзеля таго зямля ваша сталася пустэчаю, страхоццем і знявагаю, бо не стала ў ёй жыхароў, як і да гэтага дня. За тое, што складалі вы ахвяры і грашылі супраць Госпада, што не слухалі голасу Госпада і не хадзілі паводле Яго закону, паводле прыказанняў Яго і пастаноў, прыйшло на вас гэткае няшчасце, якое трывае і сёння». І сказаў Ярэмія ўсяму народу і ўсім жынчынам: «Слухайце слова Госпада, Юда, што ў зямлі Егіпецкай! Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вы і жонкі вашы прамаўляеце сваімі вуснамі і выконваеце сваімі рукамі, кажучы: “Споўнім нашы прысягі, якія склалі, каб ахвяроўваць кадзіла царыцы неба і выліваць ёй ахвяры вадкія”. Выконвайце свае прысягі і спаўняйце іх насамрэч! Дзеля таго паслухайце слова Госпада, ты, увесь Юда, які пражываеш у зямлі Егіпецкай. “Вось, Я прысягаю вялікім імем Сваім, — кажа Госпад, — што ва ўсёй зямлі Егіпецкай ніколі не будзе прызывана імя Маё вуснамі любога чалавека з Юды, які б казаў: “Жыве Госпад Бог”. Вось, Я буду чуваць над вамі на няшчасце, а не на дабро. Усе людзі з Юды, якія ў зямлі Егіпецкай, загінуць ад меча і голаду, аж пакуль да рэшты не звядуцца. Тыя, што ўхаваюцца ад меча, вернуцца з зямлі Егіпецкай у зямлю Юды ў вельмі малой лічбе, каб пазнала ўся рэшта Юды, якая прыбыла ў зямлю Егіпецкую з намерам качаваць там, чыё слова здзейсніцца: Маё ці іх?” “І гэта вам знак, — кажа Госпад, — што Я пакараю вас у гэтым месцы, каб вы пазналі, што Мае словы споўняцца па праўдзе цалкам на ваша няшчасце”. Гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам фараона Хофру, цара Егіпецкага, у рукі яго ворагаў ды ў рукі тых, што цікуюць на яго душу, падобна як аддаў Сэдэцыю, цара Юдэйскага, у рукі Набукаданосара, цара Бабілона, яго ворага, які цікаваў на яго душу”».

Слова, якое сказаў прарок Ярэмія Баруху, сыну Нэрыі, калі запісаў ён у кнізе гэтыя словы з вуснаў Ярэміі ў чацвёртым годзе цара Юдэйскага Ёакіма, сына Осіі. «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля, да цябе, Барух: Ты кажаш: “Гора мне, беднаму, бо Госпад дадае смутку да майго болю. Я змучыўся ад уздыханняў сваіх, не знахожду супакою!” Скажы яму так: “Гэта кажа Госпад: Вось, Я руйную, што пабудаваў, а што пасадзіў, тое вырываю, і так ва ўсёй зямлі гэтай. Ты, вось, шукаеш вялікага для сябе? Не шукай! Бо вось, навяду Я няшчасце на кожнае цела, — кажа Госпад, — але табе дам тваю душу, як здабычу, па ўсіх месцах, дзе колечы пойдзеш”».

Вось якое было слова Госпада да Ярэміі прарока супраць народаў. Супраць Егіпта, супраць войска фараона Нэкао, цара Егіпецкага, якое было каля ракі Эўфрат у Каркамісе, і якое пабіў Набукаданосар, цар Бабілона, у чацвёртым годзе Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага: «Прыгатуйце шчыты і дзіды, ды ідзіце ў бой! Запрагайце коней і сядайце на коней, вершнікі; станьце ў строй у шаломах, навастрыце дзіды і адзеньце панцыры! Што такое? Бачу іх напалоханых, адыходзячых, волаты іх пабітыя, уцякаюць у страху, не азіраюцца! Жах вакол, — кажа Госпад. — Хай не ўцякае найжвавейшы і найдужэйшы не думае ўратавацца; на поўначы, на беразе ракі Эўфрат, спатыкаюцца яны і падаюць. Хто гэта падымаецца, як Ніл, а воды яго хвалююцца, як воды рэк? Егіпет падымаецца, як Ніл, а хвалі яго бушуюць, як рэкі, і кажа ён: “Падняўшыся, пакрыю зямлю, знішчу горад і жыхароў яго”. Імчыце, коні, ляціце, калясніцы, і хай выступяць мужныя, Этыёпія і Пут, трымаючы шчыты, і лудыйцы, нацягваючы лук і пускаючы стрэлы. Гэта дзень Госпада, Бога Магуццяў, дзень помсты, каб учыніў помсту ворагам Сваім: і меч будзе есці, і пад’есць, і ап’янее ад крыві іх, бо гэта ахвяра Госпаду, Богу Магуццяў, на зямлі паўночнай каля ракі Эўфрат. Пайдзі ў Галаад і прынясі бальзам, дзяўчына, дачка Егіпта! Дарма ўжываеш ты шмат лекаў, бо рана твая не гоіцца! Пачулі народы пра ганьбу тваю, і галашэнне тваё запоўніла зямлю, бо волат кінуўся на волата, і абодва ўпалі разам». Слова, якое сказаў Госпад Ярэміі прароку аб нашэсці адносна таго, што прыйшоў Набукаданосар, цар Бабілона, каб спустошыць зямлю Егіпецкую: «Паведаміце Егіпту і дайце пачуць у Магдоле, і хай загучыць у Мемфісе і Тапнэсе! Скажыце: “Стой і рыхтуйся, бо меч паглынае ўсё тое, што тваё вакол цябе”. Чаму ўпаў асілак твой? Не ўстаяў ён, бо Госпад паваліў яго. Ён памножыў падаючых, і ўпаў чалавек на блізкага свайго, і гаварылі: “Падыміся, і вернемся да народа свайго і ў зямлю нараджэння нашага, далёка ад меча бязлітаснага”. Назавіце імя фараона, цара Егіпецкага: Гармідар, які прапусціў час адпаведны. Я жывы, — кажа Валадар, Госпад Магуццяў імя Яго, — бо як Табор сярод гор і як Кармэль на беразе мора, прыйдзе ён. Прыгатуй сабе начынне на выгнанне, жыхарка, дачка Егіпта, бо Мемфіс стане пустыняй і будзе зруйнаваны і не будзе ў ім жыхароў. Егіпет — ялаўка ладная і прыгожая; але авадзень з поўначы наляцеў на яе. Найміты яго, якія круціліся каля яго, як цяляты кормныя, адвярнуліся і ўцяклі разам, не змаглі вытрымаць, бо прыйшоў на іх дзень загубы іх, час наведання іх. Голас яго падобны да сыку змяі, бо наблізяцца яны з войскам і прыйдуць да яго з сякерамі, як дрывасекі. “І ссякуць яны лес яго, — кажа Госпад, — якога злічыць ніхто не можа; бо іх больш за саранчу, і няма ім ліку. Асаромлена дачка Егіпта і аддадзена ў рукі народа паўночнага”». Вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вось, Я пакараю Амона з Но, і фараона, і Егіпет, і багоў яго, і цароў яго, фараона і тых, што спадзяюцца на яго. І Я аддам іх у рукі тых, што цікуюць на іх душу, у рукі Набукаданосара, цара Бабілона, і ў рукі паслугачоў яго, а пасля таго будзе ён абжыты, як у дні старадаўнія, — кажа Госпад. — А ты, паслугач Мой Якуб, не бойся, і ты, Ізраэль, не палохайся, бо Я, вось, выбаўлю цябе з далёкае зямлі і патомства тваё з зямлі палону іх. І вернецца Якуб, і супачыне, і будзе бяспечны, і не будзе нікога, хто б патрывожыў яго! Не бойся, паслугач Мой Якуб, — кажа Госпад, — бо Я з табою, бо Я знішчу ўсе народы, да якіх выгнаў цябе, а цябе не знішчу, але пакараю цябе справядліва, непакараным не пакіну цябе».

Вось якое было слова Госпада Ярэміі прароку супраць філістынцаў, перш чым фараон здабыў Газу. Гэта кажа Госпад: «Вось жа, воды нахлынуць з поўначы, і будуць яны, быццам ручай, які разліўся, і зальюць зямлю і ўсё, што на ёй, горад і жыхароў яго, і будуць крычаць людзі, і загалосяць усе жыхары зямлі ад тупату капытоў дужых коней яго, ды ад шуму калясніц яго і грукату колаў іх. Бацькі не будуць звяртаць увагі на сыноў, бо самлеюць іх рукі, дзеля надыходу дня, калі будуць знішчаны ўсе філістынцы ды будзе выгублены кожны астатні памагаты для Тыра і Сідона: вынішчае бо Госпад філістынцаў і рэшту вострава Кафтор». Аблысела Газа, знямеў Аскалон; рэшткі Энаціма, дакуль будзеце рабіць сабе нарэзы? О меч Госпада, дакуль яшчэ не супачынеш? Вярніся ў похвы свае, супакойся і стрымайся! Але як ён супакоіцца, калі Госпад даў загад яму супраць Аскалона і супраць узбярэжжа мора і туды скіраваў яго?

Супраць Мааба. Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Гора Нэба, бо ён знішчаны і асаромлены, і Карыятаім здабыты, асаромлена цвярдыня і напалохана». Няма больш славы ў Маабе! У Хесебоне задумляюць ліхоту супраць яго: «Хадзем, выгубім яго паміж народаў». Таксама і ты, Мадмен, замоўкнеш, ідзе за табою меч. Крык з Аранаіма: «Спусташэнне і вялікая бяда!» Мааб знішчаны, крык зрабіўся чутны аж да Цаара. Пры ўзыходжанні на Луіт узыходзяць, плачучы; на схіле Аранаіма ворагі чуюць галашэнне аб загубе: «Уцякайце! Ратуйце душы свае, і будзеце, як тамарыск на пустыні. За тое, што спадзяваўся ты на свае ўчынкі і свае багацці, ты таксама будзеш здабыты, і Хамос пойдзе на выгнанне, а разам з ім святары яго і князі яго». І прыйдзе нішчыцель у кожны горад, і ніводзін горад не ўратуецца; прападзе лагчына, і будзе знішчана даліна, бо гэта сказаў Госпад. Дайце крылы [Маабу], каб ён паляцеў, і гарады яго стануцца пустымі, і не будзе ў іх жыхароў. Пракляты, хто спаўняе справу Госпада нядбала! Пракляты, хто меч свой устрымлівае ад крыві! Мааб быў бяспечны ад свайго маленства, і адпачываў спакойна на дрожджах сваіх, і не быў пераліваны з пасудзіны ў пасудзіну, і не выходзіў на выгнанне. Таму захаваўся смак яго ў ім і водар яго не змяніўся. «Таму, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я пашлю да яго паслугачоў, якія разліваюць віно ў збаны, і перальюць яны яго, і посуд яго апарожняць, і збаны яго патаўкуць. І пасаромеецца Мааб дзеля Хамоса, як дом Ізраэля пасаромеўся дзеля Бэтэля, на які спадзяваўся. Як вы можаце казаць: “Мы дужыя і адважныя ў баі?” Знішчаны Мааб, і гарады яго ўздымаюцца [попелам у паветра], і адборныя юнакі яго падаюць на зарэз, — кажа Валадар, Госпад Магуццяў — імя Яго. — Набліжаецца загуба Мааба, і бяда яго надыходзіць хутка. Сумуйце дзеля яго ўсе, хто навокал яго, ды ўсе чыста, што ведаеце імя яго, кажыце: “Як жа зламалася жазло моцнае, кій слаўны?” Сыдзі са славы сваёй і сядзі ў смазе, жыхарка, дачка Дыбона, бо прыйшоў да цябе нішчыцель Мааба, і ён руйнуе цвярдыні твае. Стань ля дарогі і глядзі, жыхарка Араэра; пытайся ўцекача, таго, хто ўратаваўся. Пытайся: “Што здарылася?” Мааб асаромлены, бо пераможаны, крычыце і галасіце, і паведамце ў Арноне, што знішчаны Мааб. Прыходзіць суд на зямлю раўнінную, на Хелон, на Ясу, на Мэфаат, на Дыбон, на Нэба, на Бэтдыблатаім, на Карыятаім, на Бэтгамуль, на Бэтмэон, на Карыёт, на Босру ды на ўсе гарады зямлі Мааба, далёкія і блізкія. “Абрэзаны рог Мааба, і зломлена плячо яго, — кажа Госпад. — Напаіце яго, бо падняўся ён супраць Госпада, і хай паваліцца рукамі Мааб у ваніты свае і сам станецца пасмешышчам. Ці не быў табе ў насмешку Ізраэль? Хіба апынуўся ён між зладзеямі, што ты ківаў галавою, калі аб ім гаварыў? Пакідайце гарады і жывіце між скаламі, жыхары Мааба, і станьце падобнымі да галубкі, якая гняздзіцца ў адтулінах над бяздоннямі». Чулі мы пра пыхлівасць Мааба, што ганарысты ён вельмі, і пра фанабэрыстасць яго і нахабства, і пра ганарлівасць і пыху сэрца яго. «Я ведаю, — кажа Госпад, — яго дзёрзкасць, і што несправядлівая гаворка, і няшчырыя ўчынкі. Дзеля таго буду галасіць Я дзеля Мааба і дзеля ўсяго Мааба лямантаваць буду, і дзеля людзей Кірхарэса варта плакаць. Больш буду плакаць Я дзеля цябе, чым дзеля Язэра, вінаградніку Сабамы, бо парасткі твае дайшлі аж да мора і сягаюць аж да Язэра. Напаў нішчыцель на твой ураджай і на вінаград твой. Спынілася радасць і пацеха ў садзе ў зямлі Мааба, і скончылася віно ў тоўчнях, ніколі больш выціскальнік вінаграду не заспявае звыклай песні. Ад крыку з Хесебона аж да Элеале і да Ясы ўздымаюць яны голас свой, ад Сэгора да Аранаіма і да Эглатсэліцыі, нават воды Нэмры высахнуюць. І вынішчу Я з Мааба, — кажа Госпад, — кожнага, хто складае ахвяру на ўзгорках і паліць кадзіла багам сваім. Таму вось сэрца Маё заенчыць дзеля Мааба, як жалейка, і дзеля людзей з Кірхарэса загучыць голасам флейтаў, бо багацце, якое набылі яны, прапала. Кожная бо галава аблысее, і кожная барада абголіцца, на ўсіх руках — нарэзы і на сцёгнах — зрэбніца. На ўсіх дахах Мааба і на вуліцах яго лямант агульны, бо Я раструшчыў Мааба, як пасудзіну, якая нікому не падабаецца, — кажа Госпад. — Як ён пераможаны, што ўсе галосяць! Як Мааб кінуўся наўцёкі і быў асаромлены! Стане Мааб насмешкаю і страхоццем для ўсіх навакол сябе». Гэта кажа Госпад: «Вось, ён прыляціць, як арол, і раскіне крылы свае над Маабам. Гарады здабыты, і крэпасці захоплены. І сэрца волатаў Мааба будзе ў той дзень, як сэрца жанчыны парадзіхі. І перастане Мааб быць народам, бо ўзганарыўся супраць Госпада. Жах, яма і пастка на цябе, жыхар Мааба, — кажа Госпад. — Хто ўцячэ ад жаху — упадзе ў яму, а хто вылезе з ямы — будзе схоплены ў пастку, бо Я навяду на Мааба год кары іх, — кажа Госпад. — У засені Хесебона спыніліся знясіленыя ўцекачы, але агонь вырваўся з Хесебона, а полымя — з нутра Сэгона, і праглынае бакі Мааба і галовы сыноў бунту. Гора табе, Маабе! Загінуў народ Хамоса, бо сыны твае і дочкі твае ўзяты ў няволю. Але Я змяню лёс Мааба ў будучых днях, — кажа Госпад». Дасюль суд над Маабам.

Адносна сыноў Амона. Гэта кажа Госпад: «Ці ж Ізраэль не мае сыноў? Або ці ж не мае ён спадкаемцы? Дык чаму Мільком узяў спадчыну Гада і яго народ жыве ў гарадах іх? Таму, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і зраблю Я, што будзе чутны гармідар ваенны ў Рабе сыноў Амона, і будзе яна рассыпана ў руіны, і дочкі яе будуць спалены агнём. Тады Ізраэль зноў будзе мець уладальнікаў сваіх, — кажа Госпад. Галасі, Хесебон, бо ты спустошаны і стаўся грудай камянёў! Гаманіце, дочкі Рабы, адзеньцеся ў зрэбніцу, галасіце і бегайце кругом муроў, бо Мільком пойдзе ў няволю, а святары яго і князі яго — разам з ім. Чаго ганарышся лагчынамі? Расцяклася твая багатая лагчына, дачка няверная. Ты спадзявалася на багацці свае і казала: “Хто прыйдзе да мяне?” Вось, Я навяду на цябе страх, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, — ад усіх, хто акружае цябе; і вы будзеце раскіданы, кожны ў свой бок, і не будзе каму збіраць уцекачоў. Але пасля таго Я змяню лёс сыноў Амона», — кажа Госпад. Адносна Эдома. Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Ці ўжо больш няма мудрасці ў Тэмане? Хіба згінула рада ў разумных і непатрэбнай сталася мудрасць іх? Уцякайце, адступайце, хавайцеся ў ямы, жыхары Дэдана, бо Я наводжу загубу Эзава на яго, у час, калі пакараю яго. Калі збіральнікі вінаграду прыйдуць да цябе — не пакінуць галінкі з вінаградам, а калі злодзеі прыйдуць ноччу — возьмуць, што ім будзе падабацца. Я, вось, абрабоўваю Эзава, адкрываю таямніцы яго, нічога ён схаваць не зможа; вынішчаецца патомства яго, і браты яго, і суседзі яго, і не будзе. Пакінь сіротаў сваіх, Я ўтрымаю іх пры жыцці, і ўдовы твае хай спадзяюцца на Мяне». Бо вось што кажа Госпад: «Вось жа, тыя, якім не было наканавана піць чашы, будуць піць яе, напэўна; а ты непакараным застанешся? Не будзеш без кары, але будзеш піць, напэўна. Бо Я прысягаю Самім Сабою, — кажа Госпад, — што Босра станецца пустэчаю, і пасмешышчам, і бязлюддзем, і праклёнам, і ўсе яе гарады стануцца пустэчаю навечна». Пачуў я вестку ад Госпада, і вястун пасланы да народаў: «Збірайцеся і ідзіце на яго! Падрыхтуйцеся да бою». «Вось, Я зраблю цябе малым сярод народаў, пагарджаным сярод людзей. Падманула цябе фанабэрыя твая, і пыхлівасць сэрца твайго, цябе, што жывеш у пячорах скальных і трымаешся высокіх узгоркаў. Калі б ты высока звіў гняздо сабе, як арол, Я і адтуль сцягну цябе, — кажа Госпад. — Эдом станецца пустыняй, і кожны, хто будзе праходзіць праз яго, здзівіцца і засвішча дзеля ўсіх караў яго. “Як зруйнаваны былі Садом і Гамора і суседзі іх, — кажа Госпад — не будзе жыць там чалавек, і не будзе качаваць у ёй ніводзін сын чалавечы. Вось ён, быццам леў, выйдзе з гушчару над Ярданам да вечна зялёных паплавоў, ды Я ў момант змушу іх уцякаць адтуль, а над імі пастаўлю таго, хто будзе абраны. Бо хто да Мяне падобны або хто пакліча Мяне на суд? І хто той пастыр, які ўстаіць перад абліччам Маім?» Дзеля таго паслухайце намеры Госпада, якія вырашыў Ён адносна Эдома, і думкі Яго, якія мае Ён адносна жыхароў Тэмана: выцягнуць нават найменшых са статку, і спустошаны ў іх будуць пашы іх. На вестку пра знішчэнне іх дрыжыць зямля, і крык чутны над морам Чырвоным. Вось, як арол, падымецца ён, і ўзляціць, і раскіне крылы свае над Босраю, і сэрца мужных у Эдоме ў той дзень станецца падобным да сэрца жанчыны парадзіхі. Адносна Дамаска. «Сорамам пакрыліся Эмат і Арпад, бо пачулі яны вестку ліхую, і трывожацца яны, як мора неспакойнае, якое супакоіцца не можа. Аслабеў Дамаск, павярнуўся наўцёкі, ахапіў яго страх, мучэнні і болі апанавалі яго, як парадзіху. Няўжо ж не ўцалее горад слаўны, горад весялосці? “Таму ўпадуць юнакі яго на вуліцах яго, і ўсе ваяры загінуць у той дзень, — кажа Госпад Магуццяў. — І распалю Я агонь на мурах Дамаска, і паглыне ён палацы Бэнадада”». Адносна Кедара і царства ў Асоры, якія пабіў Набукаданосар, цар Бабілона. Гэта кажа Госпад: «Устаньце, ідзіце на Кедар і нішчыце сыноў Усходу! Забяруць палаткі іх, і статкі іх, і покрывы іх, разам увесь посуд іх і вярблюдаў іх забяруць сабе і будуць крычаць на іх: “Жах навокал”. Уцякайце, выходзьце хутчэй, сядзіце ў сховішчах, вы, жыхары Асора, — кажа Госпад, — бо супраць вас паўстаў Набукаданосар, цар Бабілона, і мае ён супраць вас намеры. Устаньце і ідзіце на народ спакойны, які пражывае бяспечна, — кажа Госпад; — няма ў іх брамаў, і засавак, і жывуць яны самі па сабе. Вярблюды іх будуць на здабычу, а мноства жывёлы — на рабунак. Я разганю іх на ўсе вятры, тых, што падразаюць валасы на скронях, і з усіх бакоў іх прывяду пагібель на іх, — кажа Госпад. — І станецца Асор прыстанішчам шакалаў і пустыняй вечнай. Ніхто там не будзе жыць, і не будзе ў ім качаваць сын чалавечы». Вось якое было слова Госпада Ярэміі прароку адносна Элама на пачатку царавання Сэдэцыі, цара Юдэйскага: Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Я, вось, зламлю лук Элама, галоўную сілу яго. І прывяду на Элам чатыры вятры з чатырох канцоў неба, і развею іх на ўсе гэтыя вятры так, што не будзе такога народа, куды б не дайшлі выгнанцы з Элама. І навяду страх на Элам перад ворагамі іх на віду тых, што цікуюць на душы іх. І навяду на іх ліха і лютасць гневу Майго, — кажа Госпад, — і пашлю за імі меч, пакуль не вынішчу іх. І пастаўлю Я Свой пасад у Эламе, і вынішчу там цара і князёў, — кажа Госпад. — Аднак у будучых днях змяню лёс Элама», — кажа Госпад.

Слова, якое прамовіў Госпад пра Бабілон і пра зямлю Халдэйскую праз Ярэмію прарока: «Паведамце між народамі і хай яны пачуюць, падыміце сцяг, абвяшчайце, не хавайце, кажыце: “Бабілон здабыты! Бэл асаромлены! Мэрадах пераможаны! Асаромлены балваны іх, паразбіваны ідалы іх!” Бо, вось, ідзе супраць яго народ з Поўначы, які заменіць зямлю іх на пустыню, і ніхто не будзе жыць у ёй, ад чалавека да жывёлы, усе падымуцца і сыдуць. У тыя дні ды ў той час, — кажа Госпад, — прыйдуць сыны Ізраэля самі ды сыны Юды разам, і будуць ісці, плачучы, ды шукаць будуць Госпада, Бога свайго. Будуць яны пытацца пра Сіён, і аблічча сваё — на дарогу да яго: “Хадземце, злучымся з Госпадам запаветам вечным, які ніколі не будзе знішчаны забыццём”. Народ Мой стаўся статкам згубленым, пастыры іх звялі іх і прымусілі бадзяцца па гарах; ад гары да ўзгорку хадзілі яны і забыліся пра свае лежбішчы. Усе, хто знаходзілі іх, з’ядалі іх, і ворагі іх казалі: “Не правініліся мы, бо яны зграшылі супраць Госпада, прыстанішча справядлівасці і надзеі бацькоў іх — Госпада”. Выходзьце з Бабілона, пакіньце зямлю Халдэйскую і будзьце, як казлы, на чале статка. Бо, вось, Я ўзбуджу і навяду на Бабілон грамаду вялікіх народаў з зямлі паўночнай; і яны стануць войскам супраць яго, і будзе ён здабыты. Стрэлы іх, як у адборнага лучніка, не вернуцца дарэмна. І пойдзе Халдэя на разрабаванне, і насыцяцца ўсе яе нішчыцелі, — кажа Госпад. — Пакуль вы весяліцеся і напышліва прамаўляеце, рабаўнікі спадчыны Маёй, пакуль вы скачаце, як цяляты па траве, і ржаце, як магутныя коні, збянтэжылася надзвычай маці ваша, сталася пасмешышчам тая, што вас нарадзіла; вось, будзе яна апошняй сярод народаў: пустыняй, бездарожжам і сухім стэпам. Дзеля гневу Госпадавага будзе яна неабжытай, але ўся станецца пустыняю; кожны, хто будзе праходзіць праз Бабілон, здзівіцца і засвішча дзеля ўсіх караў яго. Станьце войскам супраць Бабілона навокал усе, што нацягваеце лукі! Страляйце ў яго, не шкадуйце стрэлаў, бо зграшыў ён перад Госпадам. Гаманіце супраць яго; куды б ні працягнуў ён руку, падаюць слупы яго, разбураныя муры яго, бо гэта — помста Госпадава; спаганяйце помсту на ім: як ён рабіў, зрабіце яму. Нішчыце ў Бабілоне сейбіта і таго, хто трымае серп у час жніва. Перад пагрозлівым мечам кожны вернецца да народа свайго і кожны ўцячэ ў зямлю сваю. Ізраэль — заблуканая авечка, ільвы палявалі на яе. Першы еў яе цар асірыйцаў, а апошні, Набукаданосар, цар Бабілона, паламаў ёй косці. Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я пакараю цара Бабілона і зямлю яго, як пакараў цара асірыйцаў. І прывяду Я Ізраэля зноў на пашы яго, і будзе ён пасвіцца на Кармэлі і на Басане, і на гары Эфраіма, і ў Галаадзе насыціцца душа яго”. “У тыя дні і ў той час, — кажа Госпад, — будуць шукаць правіну ў Ізраэля, але не будзе яе, і граху ў Юды не знойдуць, бо літасцівы буду да тых, якіх пакіну. Выступі супраць зямлі Мэратаім і супраць жыхароў Пакода! Руйнуй і забівай, пераследуючы іх, — кажа Госпад, — і зрабі паводле ўсяго таго, што Я табе загадаў!» Гармідар ваенны на зямлі і вялікае знішчэнне. Як пабіты і зламаны молат усяе зямлі! Як стаўся пустыняю Бабілон сярод народаў! «Наставіў Я на цябе сіло і схапіў цябе, Бабілон, а ты не ведаў. І знайшлі цябе і схапілі, бо ты правакаваў Госпада. Адкрыў Госпад скарбоўню Сваю і дастаў начынне гневу Свайго, бо справа ёсць у Госпада, Бога Магуццяў, у зямлі Халдэйскай. Прыходзьце да яе з усіх канцоў, адкрыйце ўсе яе кладоўкі, і раскідайце яе ў груды каменняў, як снапы, і выбіце яе, каб ніхто не застаўся. Выбіце ўсіх яе валоў, хай ідуць яны на зарэз. Гора ім, бо надышоў іх дзень, час наведання іх. Гоман уцекачоў і тых, якія выйшлі з зямлі Бабілонскай, каб абвясціць на Сіёне пра помсту Госпада, Бога нашага, пра помсту за Яго святыню. Склічце лучнікаў супраць Бабілона. Вы ўсе, хто нацягвае лукі; расстаўце лагер вакол яго, каб ніхто не выйшаў, і аддайце яму належна за яго справы і ўсё, што ён вам рабіў, зрабіце яму, бо ён паўстаў супраць Госпада, супраць Святога Ізраэлева! “Дзеля таго пападаюць юнакі яго на плошчах яго; і ў той дзень змоўкнуць усе ваяры яго, — кажа Госпад. Вось, Я супраць цябе, пыха, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, — бо прыйшоў дзень твой, час пакарання цябе. І спатыкнецца пыха, і ўпадзе, і не будзе каму яе падняць, і запалю Я агонь па яго гарадах, і ён праглыне ўсё навакол”. Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Сыны Ізраэля церпяць знявагу, а разам з імі сыны Юды. Усе, якія зняволілі іх, трымаюць і не хочуць адпусціць іх”. Але вызваліцель іх моцны, Госпад Магуццяў імя Яго. Справядліва будзе Ён бараніць справу іх, каб даць супакой зямлі і ўстрывожыць жыхароў Бабілона. “Меч на халдэяў, — кажа Госпад, — і на жыхароў Бабілона, і на князёў і на мудрацоў яго! Меч на варажбітоў яго, і яны стануцца дурнымі, меч на мужных яго, і яны будуць баяцца! Меч на яго коней і на яго калясніцы, і на ўсю грамаду людзей, якая ёсць пасярод яго; і будуць яны, як жанчыны! Меч на скарбы яго, і будуць яны разрабаваныя. Суша будзе на воды яго, яны перасохнуць, бо гэта зямля ідалаў, бо яны шалеюць ад страшыдлаў сваіх. Таму жыць там будуць звяры пустыні з шакаламі, паселяцца ў ім страўсы, і не будзе больш ніколі ён абжыты, і ніхто там не паселіцца з пакалення ў пакаленне. Як збурыў Бог Садом і Гамору, і суседнія з імі гарады, — кажа Госпад, — і не абжывецца там ніхто і не будзе качаваць там ніводзін сын чалавечы. Вось жа, прыходзіць з поўначы народ, народ вялікі, і многія цары ўстаюць з канцоў зямлі. Трымаюць яны лук і шаблю, жорсткія яны і неміласэрныя, і голас іх будзе шумець, быццам мора, і будуць сядзець яны на конях, і, як адзін чалавек, гатовыя яны да бою супраць цябе, дачка Бабілона! Пачуў цар Бабілона вестку пра іх, і аслабелі рукі яго; і жах ахапіў яго, і боль, як у парадзіхі. Вось, выйдзе ён, як леў, з гушчару над Ярданам на паплавы вечна зялёныя, бо Я ў момант прымушу яго ўцякаць адтуль, а пастаўлю над ім таго, які будзе выбраны. Хто ж бо падобны да Мяне? І хто пакліча Мяне на суд? І хто той пастыр, які ўстаіць перад абліччам Маім?”» Дзеля таго паслухайце намер Госпада, што задумаў Ён супраць Бабілона, і думкі Яго, якія мае Ён адносна зямлі Халдэйскай: дакладна выцягнуць нават найменшых са статка, і дакладна спустошаны будуць у іх пашы іх. Пры вестцы аб захопе Бабілона дрыжыць зямля, і крык чуецца сярод народаў.

Гэта кажа Госпад: «Вось, Я навяду на Бабілон і на жыхароў Халдэі як бы вецер пагібельны. І Я пашлю ў Бабілон веяльшчыкаў, і яны перавеюць яго, і знішчаць зямлю яго, бо адусюль нападуць на яго ў дзень няшчасця. Хай ніводзін з лучнікаў не нацягвае свайго лука, і хай не выхваляецца панцырны ваяр; не шкадуйце юнакоў яго, забіце ўсё войска яго!» І пападаюць забітыя ў зямлі Халдэйскай, і параненыя — на вуліцах яе. Бо не аўдавеў Ізраэль, і Юда па сваім Богу, па Госпаду Магуццяў, бо зямля іх перапоўнена злачынствамі на віду Святога Ізраэля. Уцякайце з асяроддзя Бабілона! Хай кожны ратуе душу сваю. Не гіньце з прычыны віны яго, бо гэта час помсты Госпада, Ён аддасць яму належнае. Бабілон у руцэ Госпада — залаты келіх, які паіў усю зямлю. Віно яго пілі народы, і дзеля таго ашалелі. Раптам упаў Бабілон, і зруйнавалі яго. Галасіце дзеля яго, вазьміце бальзам на боль яго, можа, ачуняе. «Лекавалі мы Бабілон, але ён не паздаравеў. Пакіньце яго, і хадзем кожны ў сваю зямлю! Бо аж да неба даходзіць прысуд над ім і аж да хмараў падымаецца». Выявіў Госпад справядлівасць нашу, хадземце і раскажам на Сіёне пра справу Госпада, Бога нашага! Вастрыце стрэлы, напаўняйце калчаны. Узбудзіў Госпад дух цара мідзян, бо супраць Бабілона намер Яго, каб знішчыць яго, бо гэта помста Госпада, і помста за святыню яго. Падыміце сцяг над мурамі Бабілона! Павялічце варту, расстаўце варту, падрыхтуйце засады, бо так вырашыў Госпад і здзейсніў тое, што прадказаў супраць жыхароў Бабілона. Ты, што жывеш над вялікімі водамі, перапоўнены багаццямі, прыходзіць канец твой, мерка сквапнасці тваёй! Госпад Магуццяў прысягнуў душою Сваёю: «Нават калі напоўню цябе людзьмі, як саранчою, заспяваюць яны над табою ваенную песню». Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, упарадкаваў свет мудрасцю Сваёй і розумам Сваім расцягнуў неба. Па загадзе Яго множацца воды ў небе, Ён прыносіць хмары з канца зямлі, маланкамі папераджае дождж і выклікае вецер са сховішчаў сваіх. Неразумным стаўся кожны чалавек без ведаў, асаромлены кожны залатар дзеля ідала, бо падманнае ліццё яго, няма ў ім жыцця. Марныя творы і смеху вартыя, і ў час наведання іх яны пагінуць. Не такая доля Якуба, як гэтая, бо Ён — Той, Хто стварыў усё, а Ізраэль — племя спадчыны Яго, Госпад Магуццяў — імя Яго. «Ты — молат Мой, начынне вайны; табою Я пабіваю народы і знішчаю табою царствы. Табою Я пабіваю каня і конніка яго і табою пабіваю калясніцу і возніка яе. Паб’ю табою мужчыну і жанчыну, паб’ю табою старога і падлетка і паб’ю табою юнака і дзяўчыну. Паб’ю табою пастыра і статак яго, і паб’ю табою земляроба і запрэжкі яго, і паб’ю табою ваяводаў і ўрадоўцаў. І Я аддам Бабілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсю іх ліхоту, якую яны зрабілі Сіёну на вачах вашых», — кажа Госпад. «Вось, Я на цябе, гара пагібельная, — кажа Госпад, — якая знішчыла ўсю зямлю. Я працягну руку Сваю да цябе, і спіхну цябе са скалы, і зраблю цябе гарой палаючай. І не возьмуць з цябе ані каменю кутняга, ані каменю на падмурак, але спустошаная будзеш навечна», — кажа Госпад. Падыміце сцяг на зямлі! Трубіце ў трубы між народамі, прыгатуйце супраць яго народы, склічце супраць яго царствы Арарата, Міні, Аскеназа, устанавіце супраць яго ваяводаў, прывядзіце коней, як калючую саранчу! Прыгатуйце супраць яго народы, цароў мідзян, князёў іх, усіх намеснікаў іх і ўсю зямлю ўладання іх. Задрыжыць зямля і затрасецца, бо споўніцца задума Госпада супраць Бабілона, каб учыніць зямлю Бабілона пустыннай і бязлюднай. Волаты Бабілона кінулі ваяваць, сядзяць у крэпасцях, змарнела іх сіла, і сталіся яны, як жанчыны; палаткі іх спалены, і засаўкі іх паламаны. Пасланец за пасланцом пабяжыць, і вястун за вестуном, каб паведаміць цару Бабілона, што здабыты горад яго ад канца да канца. І што броды пазайманы, умацаванні агнём спалены, а ваяры дужа ўстрывожаны. Бо гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Дачка Бабілона — як ток у час малацьбы на ім, яшчэ крыху — і прыйдзе на яе час жніва». З’еў мяне, спустошыў мяне Набукаданосар; цар Бабілона адкінуў мяне, як пустую пасудзіну, як цмок, праглынуў мяне, напоўніў жывот свой маімі асалодамі, і выпхнуў мяне. «Знявага мая і цела маё на Бабілон!», — кажа жыхарка Сіёна. «А кроў мая на жыхароў Халдэі!» — кажа Ерузалім. Таму вось што кажа Госпад: «Вось, Я абараню справу тваю, і адпомшчу помсту тваю, і мора яго зраблю пустыняю, і высушу крыніцу яго, і Бабілон станецца кучай развалін, прыстанішчам шакалаў, страхоццем і пасмяяннем, і не будзе ў ім жыхароў. Заравуць яны, быццам ільвы, замуркаюць, як малыя львяняты. У прагнасці іх падрыхтую ім баль, напаю іх, каб ашалелі і заснулі сном вечным, і не прачнуліся, — кажа Госпад. — Я павяду іх на зарэз, як авечак, як бараноў разам з казламі». Як здабыты Сэсах, як узята слава ўсяе зямлі! Як ім стаўся страхоццем Бабілон паміж народаў! Нахлынула мора на Бабілон, і закрыла яго безліч хваль яго. Гарады яго сталіся страхоццем, зямлёй бязлюднаю і пустэчай, зямлёй, дзе ніхто не жыве, і не ходзіць па ёй сын чалавечы. «Я наведаю Бэла ў Бабілоне, вырву ў яго з пашчы тое, што ён праглынуў, не будуць больш да яго плысці народы, і мур Бабілона заваліцца! Выйдзі, народ Мой, з яго, каб кожны ўратаваў душу сваю ад лютасці гневу Госпада. Хай не млее сэрца ваша, і не бойцеся весткі, якую пачуеце на зямлі, бо ў адзін год прыйдзе вестка, а другая — у другі год, а на зямлі — гвалт, і валадар на валадара. Таму, вось, надыходзяць дні, калі Я наведаю ідалаў Бабілона, і ўся зямля яго асароміцца, і ўсе забітыя ў ім будуць ляжаць пасярод яго. І загамоняць хвалебна над Бабілонам неба і зямля і ўсё, што ў іх, бо з поўначы надыдуць на яго спусташальнікі, — кажа Госпад. — Вось, Бабілон упадзе за забітых Ізраэля, як упалі за Бабілон забітыя на ўсёй зямлі. Вы, што ўцяклі ад меча, уцякайце, не стойце; хоць вы далёка, памятайце пра Госпада, а Ерузалім хай узыдзе ў сэрца ваша». Асаромленыя мы, бо чулі знявагу, і ганьба пакрыла твары нашы, бо ўвайшлі чужынцы ў свяцілішча дома Госпада. «Дзеля таго, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я наведаю ідалаў яго, і па ўсёй зямлі яго будуць стагнаць параненыя. Калі б нават да неба падняўся Бабілон і ў небе ўмацаваў сілу сваю, але ад Мяне прыйдуць на яго нішчыцелі», — кажа Госпад. Крык чуцен з Бабілона, і вялікае гора з зямлі Халдэйскай, бо Госпад нішчыць Бабілон і сцішае ад яго гармідар вялікі, і зашумяць іх хвалі, як вялікія воды, і ўздымаецца плёскат іх. Бо ідзе на яго, на Бабілон, рабаўнік, і схоплены асілкі яго, і лук іх зламаны, бо Бог помсты, Госпад, аддасць належнае. «І напаю Я князёў яго, і мудрацоў яго, і намеснікаў яго, і ўрадоўцаў яго, і мужных яго, і заснуць яны сном вечным, і не прачнуцца, — кажа Валадар, Госпад Магуццяў — імя Яго». Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Умацаваны, вельмі шырокі славуты мур Бабілона заваліцца, а брамы яго высокія згараць у агні, і надарма працавалі народы, і людзі на агонь марнавалі сілы». Слова, якое даў на загад прарок Ярэмія Сараі, сыну Нэрыі, сыну Маасіі, калі той накіравіўся з царом Юды, Сэдэцыем, у Бабілон у чацвёртым годзе яго царавання, а Сарая быў кіраўніком над пакоямі. І апісаў Ярэмія ў адной кнізе ўсё ліха, якое мела прыйсці на Бабілон, усе гэтыя словы, напісаныя супраць Бабілона. І сказаў Ярэмія Сараі: «Калі ты прыбудзеш у Бабілон, то глядзі: прачытай усе гэтыя словы і скажы: “Госпадзе, Ты прадказаў пра гэтае месца, што знішчыш яго так, што не будзе ў ім жыхароў, — ні чалавека, ні жывёлы, — і будзе яно пустыняй вечна”. І калі скончыш чытаць гэтую кнігу, прывяжы да яе камень і ўкінь яе ў сярэдзіну Эўфрата, і скажы: “Хай так патоне Бабілон і хай не падымецца дзеля таго няшчасця, якое Я на яго наводжу, і ён будзе зруйнаваны”». Дасюль словы Ярэміі.

Сэдэцыя меў дваццаць адзін год, калі стаў царом, і цараваў адзінаццаць гадоў у Ерузаліме. І маці яго называлася Аміталь, дачка Ярэміі з Лебны. І рабіў ён ліхое ў вачах Госпада, падобна ўсяму таму, як рабіў Ёакім, бо гнеў Госпада на Ерузалім і Юду быў такі, што Ён адпіхнуў іх ад аблічча Свайго. Тады вось Сэдэцыя адступіўся ад цара Бабілона. І сталася ў дзевятым годзе яго царавання, у дзесятым месяцы, у дзесяты дзень месяца, прыйшоў цар Бабілона Набукаданосар, ён і ўсё войска яго, супраць Ерузаліма; і абклалі яго, і збудавалі супраць яго валы наўкола. І горад быў у аблозе аж да адзінаццатага года цара Сэдэцыі. У чацвёртым месяцы, дзевятага дня месяца запанаваў голад у горадзе, і не было ўжо хлеба для народа зямлі. І зроблены быў вылам у муры горада, і ўсе ваяры пабеглі з горада і ўцяклі ноччу праз браму між падвоенымі мурамі, якая вядзе ў царскі сад, а халдэі былі вакол горада. І выйшлі яны дарогай у кірунку да Арабы. І войска халдэйскае гналася за царом, і дагналі Сэдэцыю на раўніне каля Ерыхона, а ўсё войска яго разбеглася ад яго. І схапілі цара, і завялі яго ў Рэблу ў зямлі Эмат да цара Бабілона; і той выдаў на яго прысуд. І цар Бабілона забіў сыноў Сэдэцыі на яго вачах, а таксама ўсіх князёў юдэйскіх забіў у Рэблі. А потым вырваў вочы Сэдэцыі і закаваў у падвоеныя медныя кайданы, і павёў яго цар Бабілона ў Бабілон, і ўкінуў яго ў вязніцу аж да дня яго смерці. У пятым месяцы, у дзесяты дзень месяца, а быў гэта дзевятнаццаты год Набукаданосара, цара Бабілона, увайшоў у Ерузалім Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, які стаяў перад царом Бабілона. І спаліў ён дом Госпада і палац цара, а таксама ўсе дамы ў Ерузаліме, і кожны вялікі дом спаліў агнём. А ўсё войска халдэйскае, якое было з кіраўніком целаахоўнікаў, разбурыла ўвесь мур вакол Ерузаліма. А частку беднага народа і рэшту люду, што засталася ў горадзе, а таксама частку ўцекачоў, якія перайшлі да цара Бабілона, ды рэшту рамеснікаў Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, перасяліў у няволю. Толькі некаторых з бяднейшых людзей зямлі Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, пакінуў як вінаградараў і земляробаў. І паламалі халдэі медныя слупы, якія былі ў святыні Госпада, і падножжы, і меднае мора, што было ў доме Госпада ў святыні, і ўсю медзь іх вывезлі ў Бабілон. І ўзялі яны таксама катлы, лапаткі, нажніцы, крапільніцы, лыжкі і ўвесь медны посуд, якім карысталіся пры служэнні, кіраўнік целаахоўнікаў забраў таксама курыльніцы, крапільніцы, катлы, падсвечнікі, чары і міскі, і што было з чыстага золата, і што было з чыстага срэбра. І не можна было зважыць медзі з усіх тых рэчаў: з двух слупоў, аднаго мора, дванаццаці медных валоў: яны былі падножжам, якое зрабіў цар Саламон для святыні Госпада. Слупы мелі васемнаццаць локцяў вышыні кожны, і шнур на дванаццаць локцяў апаясваў іх, а таўшчыня іх — чатыры пальцы, а ў сярэдзіне былі пустыя. На кожным была галавіца з медзі, а вышыня аднае галавіцы была пяць локцяў, і сеціва з яблыкамі граната было кругом галавіцы, ўсё з медзі. А другі слуп быў такі самы. І было разам дзевяноста шэсць яблыкаў граната размешчана ўздоўж, а ўсяго было вакол на сеціве сто яблыкаў граната. Кіраўнік целаахоўнікаў узяў таксама Сараю, першасвятара, і Сафонію, другога святара, поруч трох прыдзвернікаў. А з горада ўзяў ён аднаго еўнуха, які быў кіраўніком войска, і сем чалавек з ліку тых, якія бачылі аблічча цара, якіх знайшлі ў горадзе, і пісара кіраўніка войскаў, які запісваў у войска людзей зямлі, а таксама шэсцьдзесят чалавек з людзей зямлі, якіх знайшлі ў горадзе. І ўзяў іх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, і завёў іх да цара Бабілона ў Рэблу. І цар Бабілона забіў іх, і замардаваў іх у Рэблі, у зямлі Эмат. І быў выселены Юда з зямлі сваёй. Вось той народ, які вывеў у няволю Набукаданосар: у сёмым годзе — тры тысячы дваццаць тры юдэі; у васемнаццатым годзе Набукаданосара — восемсот трыццаць дзве душы з Ерузаліма. У дваццаць трэцім годзе Набукаданосара кіраўнік целаахоўнікаў Набузардан завёў у няволю семсот сорак пяць душ юдэяў. Усіх разам чатыры тысячы шэсцьсот. І сталася ў трыццаць сёмым годзе па высяленні ў няволю Ёахіна, цара Юдэйскага, у дванаццаты месяц, дваццаць пятага дня месяца, Эвілмэрадах, цар Бабілона, у год, у які пачаў цараваць, узняў галаву Ёахіну, цару Юдэйскаму, і вывеў яго з вязніцы. І ён гаварыў з ім ласкава, і паставіў яго пасад па-над пасадамі цароў, якія былі з ім у Бабілоне. І памяняў Ёахін свае шаты вязнічныя, і еў заўсёды перад царом ува ўсе дні жыцця свайго. І ўтрыманне яго, утрыманне пастаяннае, было дадзена яму царом Бабілона трывала на кожны дзень, аж да дня смерці яго, ва ўсе дні жыцця яго.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.