Библия › Чарняўскі-17 › Абакука

Абакука

Прароцтва, якое ўбачыў прарок Абакук. Дакуль, Госпадзе, буду прызываць Цябе, і Ты не чуеш? Буду лямантаваць Табе аб гвалце, і Ты не збаўляеш? Чаму Ты даеш мне бачыць несправядлівасць і глядзіш на крыўду? І рабунак, і гвалт у мяне на вачах, і паўстае звадка, і нараджаецца сварка. Дзеля таго закон страчвае сваю моц, і суд не даходзіць да канца, бо бязбожнік крыўдзіць справядлівага, таму прысуд становіцца крывадушны. «Глядзіце вы, хто пагарджае, дзівіцеся ды адыдзіцеся, бо Я ў дні вашы выконваю тое, ува што ніхто не паверыць, калі б вам хтосьці аб ім гаварыў. Бо Я, вось, падыму халдэяў, народ дзікі і нахабны, які жыве на вялікіх абшарах зямлі, каб захапіў ён палаткі не свае. Жудасны і страшны ён; ад яго самога паходзіць яго суд і яго ўлада. Жвавейшыя за пантэру коні яго і дзічэйшыя за пустынных ваўкоў; і разбягаюцца вершнікі яго: бо і коннікі яго здалёку прыйдуць, прыляцяць, быццам арол, што кідаецца на жыраванне. Усе яны прыйдуць, каб учыніць гвалт, ва ўсіх іх твары, быццам палаючы вецер; і збяруць яны палонных, як пясок. І ён будзе здзекавацца з цароў, з валадароў будзе насміхацца; яму кожная крэпасць — гульня, і ён насыпле вал і здабудзе яе. Тады далей ён пойдзе, быццам вецер праляціць; і сілу сваю назаве богам сваім». Ці ж не Ты спрадвеку, Госпадзе, Божа мой, Святы мой, Які не памрэш? Госпадзе, Ты на суд прызначыў яго; Скала мая, Ты на пакаранне паставіў яго. Чыстыя вочы Твае, каб не глядзець на ліхоту; і на несправядлівасць не зможаш Ты глядзець. Чаму Ты глядзіш на ліхотнікаў і маўчыш, калі бязбожнік праглынае справядлівейшага за сябе? Ты стварыў людзей, як рыбу марскую, як паўзуна, што не мае кіраўніка над сабою. Усіх ён ловіць вудаю, цягне іх нератам сваім і збірае ў сетку сваю; з гэтага цешыцца і скача ў радасці. Дзеля таго ахвяру ўскладае нерату свайму і прыносіць ахвяру сетцы сваёй, бо дзеля іх здабыў ён багатую здабычу і тлустая страва яго. Такім чынам, няўжо мае ён заўсёды выцягваць меч свой, каб забіваць людзей без літасці?

На варце маёй стаяць буду і стану на вежы вартавой, і буду ўглядацца, каб убачыць, што скажа Ён мне і які дасць адказ на скаргу маю. І адказаў мне Госпад гэтымі словамі: «Запішы бачанне і змясці яго на табліцах, каб той, хто чытае, мог яго зразумець. Бо гэтае бачанне на вызначаны час, але здзейсніцца яно ў канцы, не падмане; хоць і замарудзіць, але чакай яго, бо яно споўніцца абавязкова. Вось, кволы, у кім душа нячыстая; а справядлівы з веры сваёй жыць будзе. І вось, багацці зводзяць чалавека пыхлівага, і не дойдзе ён да канца; ён разяўляе горла сваё, як апраметную, ды, як смерць, ніколі ён не заспакоены: і сцягвае ён да сябе ўсе народы, і ўсіх людзей збірае да сябе. Ці ж не ўсе яны зробяць з яго прыпавесць і прыказкі, кажучы: “Гора таму, хто чужую маёмасць забірае. Ці доўга гэта будзе? Гора таму, хто абцяжарвае сябе закладамі!” Ці ж раптам не паўстануць тыя, якія будуць мардаваць цябе, і ці не абудзяцца твае крыўдзіцелі, і ці ты не станеш іх здабычаю? Бо ты абрабаваў многія народы, абрабуюць і цябе ўсе, хто застаўся з народаў; дзеля крыві людской і прыгнёту краіны, гарадоў і ўсіх іх жыхароў. Гора таму, хто збірае набытак несправядлівы на ліха дому свайму, каб зрабіць сабе гняздо на вышыні і засцерагчы сябе ад рукі няшчасця! Ты прыняў рашэнне на ганьбу дому свайму, каб забіць многія народы, і зграшыў супраць душы сваёй. Бо камень са сцяны будзе крычаць, і перакладзіны з пабудовы паўтараць за ім будуць. Гора таму, хто горад будуе на крыві і горад засноўвае ў злачыннасці. Ці ж гэта не ад Госпада Магуццяў тое, што людзі працуюць для агню ды народы мучаюцца дарэмна? Бо зямля перапоўніцца пазнаннем славы Госпада, як воды перапаўняюць мора. Гора таму, хто змушае сябра свайго да піцця, даючы атруту сваю і ап’яняючы яго, каб бачыць сорам яго! Ты перапаўняешся ганьбаю дзеля славы; дык напіся сам і пакажы сорам свой! Дасягне і цябе чара правіцы Госпадавай, і ганьба пакрые славу тваю. Бо спадзе на цябе крыўда Лібана, і рэзанне жывёлы напоўніць цябе страхам дзеля крыві людской і прыгнёту зямлі, гарадоў і ўсіх жыхароў іх. Чым дапаможа балван, якога выразаў разбяр, адлітая выява і лжывы прадказальнік? Бо надзею ўскладае на твор свой стваральнік яго, калі робіць нямых багоў. Гора таму, хто кажа дрэву: “Прабудзіся!”, і “Падыміся!” — нямому каменю! Ці ж ён зможа навучыць? Вось, ён пакрыты золатам і срэбрам, і няма ў нутры яго ніякага духа». Госпад жа ў Сваёй святыні святой; хай маўчыць перад Ім уся зямля.

Малітва Абакука, прарока, на мелодыю ламентацыі. «Пачуў я, о Госпадзе, чутку ад Цябе і ўшанаваў я, Госпадзе, справу Тваю. Ажыццяві яе сярод гадоў, дай пазнаць сярод гадоў. Калі загневаешся — помні пра міласэрнасць Сваю! Бог прыйдзе з Тэмана, і Святы — з гары Паран. [Сэлах]. Слава Яго пакрывае нябёсы, і зямля поўная хвалы Яго. Бляск Яго — як святло, прамені — з рук Яго: у іх схавана магутнасць Яго. Перад Ім пойдзе смерць, і за нагамі Яго вырушыць пошасць. Ён стаў — і дрыжыць зямля, глянуў — і палохае народы. І распадаюцца горы векавыя, старадаўнія ўзгоркі ападаюць ад шляхоў Яго спрадвечных. Сумнымі ўбачыў я палаткі Хусана, трывожацца палаткі зямлі Мадыян. Ці ж на рэкі гневаешся, Госпадзе, або на рэкі абурэнне Тваё, або на мора раз’ятранасць Твая? Бо садзішся на коней Сваіх, на калясніцы Свае пераможныя. Моцна нацягнеш Ты лук Свой, стрэламі запоўніў калчан Свой. — [Сэлах]. На ручаі разрэжаш зямлю, убачылі Цябе і затрэсліся горы. Хмары вылілі воды, бяздонне выдала голас свой, увысь падняла рукі свае. Сонца і месяц сталі на свае месцы, адступаюць яны перад святлом стрэлаў Тваіх, перад бляскам зіхацення дзіды Тваёй. Разгневаны, будзеш таптаць зямлю, у абурэнні знішчыш народы. Выступіў Ты дзеля збаўлення Свайго народа, дзеля збаўлення з намашчэнцам Сваім. Ты разбурыў галаву дома бязбожнага, агаліў падмурак аж да голай скалы. — [Сэлах]. Прабіваеш стрэламі Сваімі галаву ваяроў яго, надыходзячых, як віхор, на загубу маю; радасць іх, як таго, хто скрыта губіць беднага. Адкрыў дарогу ў моры коням Сваім, праз балота водаў многіх. Пачуў я, і ўскіпела нутро маё, на вестку задрыжэлі вусны мае. Боль пранік у косці мае, і пада мной захісталіся ногі мае. Буду спакойны ў дзень трывогі, калі нахлыне яна на народ мой праз тых, хто нападае на нас. Хоць бы дрэва фігавае не расцвіло, і вінаграднікі не далі плоду, і падмануў плод аліўкавых дрэў, ды палі не далі ежы; хоць бы знікла ў аўчарні жывёла, і быдла ў хлявах, я, аднак, буду цешыцца ў Госпадзе і буду радавацца ў Богу, Збаўцы маім. Госпад Бог — сіла мая, і зробіць ногі мае, як у аленя, ды ўзвядзе мяне на вышыні мае». Кіраўніку хора — на гук струнаў.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.