Библия › Чарняўскі-17 › Сафоніі
Слова Госпада, сказанае Сафоніі, сыну Кусі, сыну Гадаліі, сыну Амарыі, сыну Эзэкіі, у днях Осіі, сына Амона, цара Юдэйскага. «Усё вынішчу да рэшты з паверхні зямлі, — кажа Госпад, — знішчу людзей і жывёлу, знішчу птушак паднебных і рыб марскіх. І загінуць бязбожнікі, і знішчу людзей з аблічча зямлі, — кажа Госпад. І падыму руку Сваю супраць Юды і супраць усіх жыхароў Ерузаліма; і вынішчу з гэтага месца астаткі Баала, і імёны храмавых служкаў разам са святарамі, і тых, якія пакланяюцца войску нябеснаму на дахах, і тых, якія схіляюцца і прысягаюць Госпадам і прысягаюць Мількомам, і тых, якія адварочваюцца ад Госпада, і тых, якія не шукаюць Госпада і не пытаюцца пра Яго». Змоўкніце перад абліччам Госпада Бога, бо блізка дзень Госпада; бо Госпад прыгатаваў ахвяру, асвяціў Сваіх пакліканых. І станецца ў дзень ахвяры Госпадавай: «Я спашлю пакаранне на князёў і на сыноў царскіх, і на ўсіх, якія апранаюцца ў чужаземнае адзенне; і ў той дзень пакараю кожнага, хто пыхліва пераскоквае праз парог і хто напаўняе дом гаспадара свайго злачыннасцю і падманам. І будзе ў той дзень, — кажа Госпад, — гоман ад брамы Рыбнай і галашэнне ад Новага горада, і вялікае разбурэнне з боку ўзгоркаў. Галасіце, жыхары Пілі, бо выбіты быў увесь народ ханаанскі, знішчаны былі ўсе, апранутыя ў срэбра. І будзе ў той час: Я з паходнямі абшукаю Ерузалім і пакараю людзей, якія сядзяць у брудзе сваім і кажуць у сэрцах сваіх: “Не зробіць Госпад добрага, не зробіць і благога”. І стане маёмасць іх здабычай, і дамы іх — пустыняй; і пабудуюць яны дамы — і жыць у іх не будуць, і завядуць вінаграднікі — і піць віна з іх не будуць». Блізка вялікі дзень Госпадаў, блізка і вельмі скора прыйдзе; голас дня Госпада жудасны; ад яго перапалохаецца адважны. Дзень той будзе днём гневу, днём трывогі і прыгнёту, днём спусташэння і разбурэння, днём цемры і змроку, днём хмары і буры, днём трубы і крыку ваеннага супраць гарадоў умацаваных і супраць вежаў высокіх. «І буду Я мучыць людзей, і будуць яны хадзіць, як сляпыя, бо зграшылі супраць Госпада; і будзе размецена кроў іх, як пыл, і цела іх — як гной». Ані срэбра іх, ані золата іх не зможа вызваліць іх у дзень гневу Госпадавага; агонь руплівасці Яго спаліць усю зямлю, бо даканае Ён знішчэнне, знішчэнне раптоўнае ўсіх жыхароў зямлі.
Сыдзіцеся, збярыцеся, народ нелюбімы, перш чым будзеце рассыпаны, як пыл, які разыходзіцца, пакуль не прыйшоў на вас гнеў абурэння Госпада, перш чым прыйдзе на вас дзень абурэння Госпада. Шукайце Госпада, усе пакорныя зямлі, якія спаўняюць закон Яго; шукайце справядлівасці, шукайце пакоры, можа, як-небудзь схаваецеся ў дзень абурэння Госпада. Бо Газа будзе пакінута, і Аскалон апусцее, Азот апоўдні будзе выгнаны, і Акарон выкарчаваны будзе. Гора тым, што жывуць на березе мора, народу крыцкаму! Слова Госпада супраць вас, Ханаан, зямля Філістынская: «Я знішчу цябе так, што не застанецца жыхара». І бераг мора стане месцам адпачынку для пастухоў і выганам для быдла. І будзе бераг марскі для астатку з дому Юды: там будуць яны пасвіць, у дамах Аскалона будуць увечары адпачываць, бо наведае іх Госпад, Бог іх, і пераменіць долю іх. «Пачуў Я кпіны Мааба і лаянку сыноў Амона, якія зняважылі народ Мой і ўзвысіліся ў межах сваіх. Дзеля таго, жыву Я, — кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, — Мааб будзе, як Садом, і сыны Амона будуць, як Гамора, месцам церняў і капальняй солі ды пустыняй навечна; астатак народа Майго возьме іх, як здабычу, і рэшта народа Майго атрымае іх у спадчыну». Гэта напаткае іх за іх пыху, за тое, што здзекаваліся і ўзвысіліся па-над народам Госпада Магуццяў. Страшным будзе Госпад для іх, бо Ён знішчыць усіх багоў зямлі; і будуць пакланяцца Яму, кожны на сваім месцы, усе астравы паганаў. «Але і вы, этыёпцы, будзеце пазабіваныя мечам Маім». Ды выцягне Ён руку Сваю на поўнач і знішчыць Асірыю; і Нініву зменіць у пустэчу і ў месца сухое, як тая пустыня. І будуць вылежвацца ў ёй статкі ўсякіх звяроў. І пелікан, і сава будуць начаваць на капітэлях яе; голас іх загікае ў акне, разбурэнне на парозе, бо кедравая шалёўка была знішчана. Гэта гаманлівы горад, які жыве бяспечна, які казаў у сэрцы сваім: «Я — і, акрамя мяне, ніхто больш!» Як стаў ён пустэчаю, лежбішчам дзікіх звяроў? Кожны, хто праз яго праходзіць, засвішча і рукою сваёй махне.
Гора бунтарнаму і спаганенаму гораду, прыгнятацелю! Не слухае ён голасу, не прымае перасцярогі; не спадзяецца на Госпада, не туліцца да свайго Бога. Князі яго пасярод яго — як ільвы рыкаючыя; суддзі яго — ваўкі пустынныя, што не пакідаюць да раніцы ніводнай косці. Прарокі яго легкадумныя — людзі крывадушныя; святары яго зневажаюць святое, закон парушаюць. Госпад справядлівы пасярод іх, не зробіць несправядлівасці, штораніцы выдасць рашэнне Сваё, як святло, што не гасне; але ліхотнік не ведае сораму. «Я вынішчыў народы, разбураны ўмацаванні іх; пустымі зрабіў Я вуліцы іх, так што няма каму хадзіць; апусцелыя гарады іх, не засталося ані чалавека, ані жыхара. Я казаў: “Бойся цяпер Мяне, прымі настаўленне! І не знікне з яго вачэй усё, за што Я яго пакараў”. Аднак спяшаліся яны апаганьваць усе ўчынкі свае. “Таму чакай Мяне, — кажа Госпад, — у дзень, калі паўстану як сведка; бо вырашыў Я сабраць усе народы і склікаць царствы, каб выліць на іх лютасць Маю, увесь гнеў абурэння Свайго, бо агнём руплівасці Маёй будзе спалена ўся зямля. Тады бо дам народам чыстыя вусны, каб усе прызывалі імя Госпада ды служылі Яму адзінадушна. З-за рэк Этыёпіі, — адтуль тыя, што моляцца Мне, — дзеці расцярушаных Маіх прынясуць падарунак Мне. У той дзень не пасаромеешся з-за ўсіх учынкаў сваіх, якімі зграшыў ты адносна Мяне; бо тады выкіну з пасярод цябе пыхлівых самахвальцаў тваіх, і не будзеш болей узвышацца на святой гары Маёй. І пакіну ў цябе народ пакорны і просты. І будзе мець надзею ў імені Госпада рэшта Ізраэля. Не будзе дапускацца злачыннасці, не будзе гаварыць ілжыва, і не знойдзецца ў вуснах іх падману; яны бо будуць пасвіцца і вылежвацца, і не будзе каму іх палохаць”». Радуйся, дачка Сіёна! Гамані радасна, Ізраэль! Цешся і радуйся ўсім сэрцам, дачка Ерузаліма! Скасаваў Госпад твой прысуд, адвярнуў ад цябе ворагаў тваіх; цар Ізраэля, Госпад, пасярод цябе, не будзеш болей баяцца ліха. У той дзень будуць казаць Ерузаліму: «Не бойся, Сіён! Не апускай рук сваіх! Госпад, Бог твой, пасярод цябе, Ён, магутны збавіць цябе; будзе цешыцца з цябе радасцю, узбуджаны любоўю Сваёю; будзе радавацца з цябе з песняю, як у дзень урачыстага свята!» — «Я забяру загубу ад цябе, каб ужо не меў з-за гэтага ганьбы. Вось, Я вынішчу ўсіх, што крыўдзілі цябе ў той час; і Я збаўлю кульгавых, і збяру выкінутых; і прыгатую іх на хвалу і славу на ўсёй зямлі, дзе ганьбілі іх, у той час, калі Я прывяду вас, і ў той час, калі збяру вас. Бо дам вам імя і славу між усімі народамі на зямлі, калі змяню долю вашу на вачах вашых,» — кажа Госпад.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017