Библия › Чарняўскі-17 › Захарыі
У восьмы месяц на другі год Дарыя прамовіў Госпад да прарока Захарыі, сына Барахіі, сына Адо, кажучы: «Загневаўся вельмі Госпад на бацькоў вашых. Ды скажы ім: гэта кажа Госпад Магуццяў: “Звярніцеся да Мяне, — кажа Госпад Магуццяў. — Не будзьце, як бацькі вашы, якіх заклікалі даўнейшыя прарокі і казалі: “Пакіньце шляхі вашы ліхія і намеры вашы благія, — гэта кажа Госпад Магуццяў”; і яны не паслухалі і не звярнулі ўвагі на Мяне, — кажа Госпад. — Дзе цяпер бацькі вашы? Ды ці ж прарокі жывуць вечна?” А ўсё ж такі ці ж словы Мае і загады Мае, якія даручыў Я слугам Маім, прарокам, ці ж не закранулі яны бацькоў вашых? І яны навярнуліся і казалі: “Як маніўся Госпад Магуццяў зрабіць з намі адносна паводзін нашых і ліхоццяў нашых — так і зрабіў з намі”». У дваццаць чацвёрты дзень адзінаццатага месяца, гэта значыць месяца Тэбэт, у другі год Дарыя Госпад прамовіў да прарока Захарыі, сына Барахіі, сына Адо, кажучы: «Бачанне меў я ноччу: і вось, коннік на рыжым кані стаяў сярод міртаў у лагчыне; і за ім коні рыжыя, рабыя і белыя. І я запытаўся: “Што значаць яны, гаспадару мой?” І анёл загаварыў са мной, і сказаў мне: “Я растлумачу табе, што яны азначаюць”. І сказаў коннік, які стаяў сярод міртаў, гэтыя словы: “Гэта, вось, тыя, каго Госпад паслаў абысці зямлю”. І яны адказалі анёлу Госпадаваму, які стаяў сярод міртаў, і паведамілі: “Абышлі мы зямлю, і вось, уся зямля абжытая і жыве спакойна”. І сказаў анёл Госпадаў гэтыя словы: “Госпадзе Магуццяў, як доўга яшчэ Ты не злітуешся над Ерузалімам і гарадамі Юды, на якія загневаўся? Гэта сямідзесяты год”. Ды адказаў Госпад анёлу, які гаварыў да мяне, словамі добрымі, словамі суцяшальнымі. І анёл, які гаварыў да мяне, сказаў: “Абвясці: вось што кажа Госпад Магуццяў: “Любоў апякуючая ў Мяне да Ерузаліма і Сіёна з вялікай руплівасцю, але вялікім гневам Я гневаюся на пыхлівыя народы, бо Я крыху загневаўся, а яны павялічылі ліха”. Таму вось што кажа Госпад: “Вяртаюся ў Ерузалім з міласэрнасцю. У ім будзе пабудаваны Мой дом, — кажа Госпад Магуццяў, — і грунтвага пройдзе над Ерузалімам”. Ды яшчэ абвяшчай: гэта кажа Госпад Магуццяў: “Зноў перапоўняцца гарады мае маёмасцю, і зноў пацешыць Госпад Сіён, і зноў абярэ Ерузалім”». І зноў падняў я вочы свае і ўбачыў: і вось, чатыры рогі; і запытаўся я ў анёла, які гаварыў да мяне: «Што гэта?» І ён сказаў мне: «Гэта рогі, якія паразганялі Юду, і Ізраэль, і Ерузалім». І паказаў мне Госпад чатырох рамеснікаў; і я запытаўся: «Што яны маюць рабіць?» Адказаў ён, кажучы: «Гэта рогі, якія паразганялі Юду, паасобна кожнага чалавека, каб ніводзін з іх не мог падняць галавы сваёй; а яны прыйшлі настрашыць іх, каб збіць рогі народаў, якія паднялі рог супраць зямлі Юды, каб расцярушыць яе».
І падняў вочы свае і ўбачыў: і вось, чалавек, у руцэ якога землямерная вяроўка. І я запытаўся: «Куды ты ідзеш?» І ён адказаў мне: «Хачу вымераць Ерузалім, каб пазнаць: якая яго шырыня і якая яго даўжыня». І вось, анёл, які гаварыў да мяне, выйшаў, і другі анёл выйшаў яму насустрач; і яму ён сказаў: «Паспяшайся, скажы юнаку таму, кажучы: “Ерузалім застанецца без муроў дзеля мноства людзей і жывёлы ў ім”. “І Я яму буду, — кажа Госпад, — агністым мурам вакол і праслаўлюся пасярод яго. Бяда, бяда! Уцякайце з паўночнае зямлі, — кажа Госпад, — бо на чатыры вятры нябесныя Я расцерушыў вас”, — кажа Госпад». Гора табе, Сіёне, уцякай, які пражываеш у дачкі Бабілона! Бо вось што кажа Госпад Магуццяў дзеля Яго славы паслаў Ён Мяне да народаў, якія абрабавалі вас: «“Хто кране вас, той кране зрэнку вока Майго. Бо вось, падыму Я руку Сваю супраць іх, і яны стануць здабычай паслугачоў сваіх; і пазнаеце, што Госпад Магуццяў паслаў Мяне”. “Радуйся і цешся, дачка Сіёна! Бо Я ўжо іду і пасялюся сярод цябе, — кажа Госпад. — І ў той дзень многія народы звернуцца да Госпада і будуць Яму народам. І абжывуся ў цябе, і ты будзеш ведаць, што Госпад Магуццяў паслаў Мяне да цябе”». І будзе валодаць Госпад Юдаю, Сваёй спадчынай у святой зямлі, і выбера Сабе зноў Ерузалім. Хай замаўчыць усякі чалавек перад абліччам Госпада, бо паўстаў Ён са святога Свайго жытла.
І паказаў мне Ісуса, вялікага сярод святароў, які стаяў перад анёлам Госпада; і шатан стаяў з правага боку ад яго, каб супрацьстаяць яму. І сказаў анёл Госпадаў шатану: «Наракае на цябе Госпад, шатан! І наракае Госпад на цябе, які выбраў Ерузалім! Ці ж ён не галавешка, выхапленая з агню?» І Ісус быў апрануты ў забруджанае адзенне і стаяў перад анёлам. Ён адказаў і сказаў тым, якія стаялі перад ім, кажучы: «Здыміце з яго бруднае адзенне». І сказаў ён яму: «Вось, я забраў ад цябе правіннасць тваю; апрану цябе ў іншае адзенне». І ўсклалі на галаву яго прыгожы кідар, і апранулі яго ў шаты; і анёл Госпадаў стаяў. І засведчыў анёл Госпадаў Ісусу, кажучы: «Вось што кажа Госпад Магуццяў: “Калі ты будзеш хадзіць па Маіх дарогах і калі захаваеш службу Маю, то ты таксама будзеш судзіць дом Мой і будзеш пільнаваць Мае панадворкі; і залічу цябе ў лік тых, што стаяць тут зараз. Слухай, Ісусе, першасвятару, ты і прыяцелі твае, якія сядзяць перад табою, яны бо праракуюць. Бо Я, вось, прыводжу паслугача майго — Парастка. Вось бо камень, які кладу перад Ісусам: на тым камені сем вачэй; Я, вось, выражу выяву яго і ў адзін дзень скасую правіннасць гэтае зямлі, — кажа Госпад Магуццяў. У той дзень — прадказанне Госпада Магуццяў, — пакліча сябар сябра свайго ў засень вінаграду і фігавага дрэва”.
Ды вярнуўся той анёл, які гаварыў да мяне, і абудзіў мяне, як чалавека, які абуджаецца ад сну свайго. І ён спытаўся ў мяне: «Што ты бачыш?» І я сказаў: «Я ўбачыў — і вось, падсвечнік, увесь з золата, і на канцы яго пляшачка і сем лампад на ёй, і па сем маслёнак у лампад, якія былі на канцы яе. І дзве алівы на ёй: адна з правага боку пляшкі і другая з левага яе боку». І запытаў я анёла, які гаварыў да мяне, прамаўляючы: «Што ўсё гэта значыць, гаспадару мой?» І анёл, які гаварыў да мяне, адказаў мне і сказаў: «Няўжо ты не ведаеш, што гэта значыць?» І я сказаў: «Не, гаспадару мой». І ён адказаў і сказаў мне, гаворачы: «Гэта слова Госпада Зарабабэлю, якое кажа: “Не войскам і не сілаю, але Духам Маім”, — кажа Госпад Магуццяў. — Хто ты, гара вялікая, перад Зарабабэлем? Будзеш раўнінай. І выкаціць ён знатны камень пры радасных воклічах: “Які прыгожы!”» І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Рукі Зарабабэля заснавалі дом гэты, і рукі яго скончаць яго, ды ведайце, што Госпад Магуццяў паслаў Мяне да вас. Бо хто адцураўся ад дня сціплых пачаткаў? І з радасцю будуць глядзець на грунтвагу ў руцэ Зарабабэля. Сем гэтых лямпаў — гэта вочы Госпада, якія прыглядаюцца да ўсёй зямлі». І адказаў я, і запытаўся ў яго: «Што значаць дзве алівы тыя па правы бок ад падсвечніка і яго бок левы?» І ў другі раз спытаўся і сказаў яму: «Якое маюць значэнне дзве галінкі алівавыя, з якіх па дзвюх залатых трубках цячэ золата?» І ён кажа мне, гаворачы: «Ці ж не разумееш, што гэта?» І я сказаў: «Не разумею, гаспадару мой». І ён сказаў: «Гэта два намашчэнцы, якія служаць Валадару ўсёй зямлі».
І я падняў вочы свае, і ўбачыў; і вось, ляціць скрутак. І ён спытаўся ў мяне: «Што бачыш?» І я адказаў: «Я бачу скрутак, які лятае; даўжыня яго дваццаць локцяў, і шырыня яго дзесяць локцяў». І ён сказаў мне: «Гэта праклён, які выходзіць на паверхню ўсёй зямлі; бо кожны злодзей адсюль, паводле яго ачышчаецца ды кожны клятвапарушальнік адтуль будзе ачышчаны, як напісана на ім». «Выводжу яго, — кажа Госпад Магуццяў, — і прыйдзе ў дом злодзея і ў дом клятвапарушальніка ў імя Маё лжыва, і пабудзе ў доме яго, і знішчыць дом, і дрэвы яго, ды камяні яго». І з’явіўся анёл, які гаварыў да мяне і казаў мне: «Падымі, прашу, вочы свае і пабач, што гэта выходзіць?» І я сказаў: «Дык што ж гэта?» І ён гаворыць: «Гэта выходзіць эфа». І казаў: «Гэта ёсць грэх іх ува ўсёй зямлі». І вось, паднялася свінцовая накрыўка, і вось, у сярэдзіне эфы сядзіць жанчына. І ён сказаў: «Гэта бязбожнасць». І спіхнуў яе назад у эфу, і дзірку яе закрыў свінцовым кавалкам. І я падняў вочы свае і ўбачыў: і вось, дзве жанчыны выходзяць і вецер на іх крылах, і мелі яны крылы, як быццам крылы каршуна; і паднялі яны эфу высока між небам і зямлёй. Ды я спытаўся ў анёла, які гаварыў да мяне: «Куды нясуць яны эфу?» І ён сказаў мне: «У зямлю Сэнаар, каб пабудаваць яму дом; і там яго пакладуць на падмурак свой, як будзе ўсё прыгатавана».
І зноў падняў я вочы свае і паглядзеў, і вось, чатыры калясніцы, выходзячыя з паміж дзвюх гор; і горы былі медныя. У першай калясніцы коні рыжыя, і ў другой калясніцы — коні вараныя, і ў трэцяй калясніцы — коні белыя, і ў чацвёртай калясніцы — коні розных масцей. І адказаў я, і запытаўся я ў анёла, які гаварыў да мяне: «Што гэта такое, гаспадару мой?» Ды прагаварыў да мяне анёл і сказаў: «Гэта выходзяць чатыры вятры нябесныя, якія стаялі перад Валадаром усёй зямлі». Вараныя коні былі на ёй, выходзілі ў зямлю паўночную, і за імі белыя пабеглі, і коні розных масцей выйшлі на поўдзень. І дужыя коні выйшлі, і імкнуліся бегчы, каб аббегчы зямлю. І ён сказаў: «Ідзіце, абыходзьце зямлю». І яны абышлі зямлю. І паклікаў Ён мяне, і прамовіў да мяне гэтыя словы: «Вось, яны бягуць у зямлю паўночную, і яны супакояць Дух Мой у зямлі паўночнай». І прамовіў да мяне Госпад, кажучы: «Вазьмі ад тых, якія з палону: ад Галдая, і ад Тобіі, і ад Ядаі дары, і пайдзі ў той дзень, і пайдзі ў дом Осіі, сына Сафоніі, якія прыбылі з Бабілона. І вазьмі срэбра і золата, і зрабі вянец, і ўскладзі на галаву Ісуса, сына Ёсэдэка, першасвятара, і кажы яму так: гэта кажа Госпад Магуццяў, прамаўляючы: “Вось чалавек, Гэрман імя яму: і на месцы яго штосьці вырасце, і пабудуе святыню Госпада. І ён пабудуе святыню, і набудзе славу, і засядзе, і будзе валадарыць на сваім пасадзе; і будзе святаром па правіцы яго, і рашэннем супакою будзе паміж імі абодвума. І вянец хай будзе ў святыні Госпада памяткай для Гэлэма, і Тобіі, і Ядаі, і для Гэна, сына Сафоніі. І з далёкіх краёў прыбудуць людзі, і пабудуюць святыню Госпада; і вы пазнаеце, што Госпад Магуццяў паслаў Мяне да вас, а будзе гэта, калі будзеце слухаць голас Госпада, Бога вашага”».
І сталася ў чацвёрты год валадарання цара Дарыя, у чацвёрты дзень дзевятага месяца, гэта значыць Каслева, прамовіў Госпад да Захарыі. І з Бэтэля паслаў Сарасара і Рэгэм-Мэлека з іх людзьмі на маленне перад абліччам Госпада, каб сказалі яны святарам дома Госпада Магуццяў і прарокам, кажучы: «Ці ў пятым месяцы трэба мне плакаць і посціць, як гэта рабіў ужо многія гады?» І вось што сказаў Госпад Магуццяў мне, кажучы: «Скажы ўсяму народу зямлі і святарам, кажучы: “Калі гэтыя семдзесят гадоў посцілі вы і плакалі ў пятым і сёмым месяцы — ці вы сапраўды дзеля Мяне посцілі? І калі вы ясце і п’яце, ці вы не для сябе ясце і ці не для саміх сябе п’яце? Ці ж гэта не словы, якія абвясціў Госпад праз даўнейшых прарокаў, калі яшчэ Ерузалім быў заселены і багаты; і ён, і яго навакольныя гарады, і калі Нагэб і разам Сэфэла былі абжытыя?”» І прамовіў Госпад да Захарыі, кажучы: «Гэта кажа Госпад Магуццяў, гаворачы: “Судзіце справядліва і аказвайце кожны брату свайму міласэрнасць і літасць; і не крыўдзіце ўдоў і сірот, і чужынца ды беднага, і не спаганяйце ў сэрцах вашых злосці кожны супраць брата свайго”». І яны не захацелі слухаць, і адвярнуліся па-бунтарску, і заткнулі вушы сабе, каб не чуць. І сэрца сваё ператварылі ў дыямент, каб не чуць закону і напамінаў, якія паслаў Госпад Магуццяў праз Духа Свайго за пасрэдніцтвам даўнейшых прарокаў, і ўзгарэўся гнеў вялікі ў Госпада Магуццяў. І сталася так: «Як яны не слухалі, калі Ён напамінаў, — так Я не паслухаю, калі яны будуць Мяне прызываць, — кажа Госпад Магуццяў. — І рассыплю іх па ўсіх народах, якіх не ведалі; і зямля па іх засталася пустыняй, так што ніхто не хадзіў па ёй і не вяртаўся. І перамянілі яны жаданую зямлю ў пустыню».
І вось што сказаў Госпад Магуццяў: «Гэта кажа Госпад Магуццяў: “З руплівым апекаваннем люблю Я Сіён і з вялікім гневам руплюся пра яго”. Гэта кажа Госпад: “Вярнуся Я зноў на Сіён і пасялюся ў Ерузаліме; Ерузалім назавуць горадам Праўды, і гару Госпада Магуццяў — Святою Гарой”. Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Зноў засядуць старыя і бабулі на плошчах Ерузаліма; і ўсе з палкамі сваімі ў руцэ сваёй дзеля старасці веку; і вуліцы гарадскія запоўняцца гуляючымі на іх хлапчукамі і дзяўчаткамі”. Вось што кажа Госпад Магуццяў: “Калі гэта ў вачах рэшты гэтага народа пакажацца цяжкім у тыя дні, то ці ж яно будзе цяжкім таксама ў Маіх вачах?” — кажа Госпад Магуццяў. Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Вось, збаўлю народ мой ад зямлі з усходу і ад зямлі з захаду сонца: І прывяду іх, і абжывуцца ў Ерузаліме, і будуць яны Маім народам, а Я буду іх Богам, у праўдзе і ў справядлівасці”. Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Хай умацуюцца рукі вашы, тых, якія ў гэтыя дні слухаюць словы гэтыя з вуснаў прарокаў у дзень, у які былі закладзены падмуркі пад дом Госпада Магуццяў для пабудавання святыні. Бо перад тымі днямі не атрымоўвалі платы ані людзі за работу, ані жывёла, ані прыходзячаму, ані адыходзячаму не было супакою ад бяды; і Я напусціў усіх людзей — кожнага супраць блізкага яго. Але цяпер для рэшты гэтага народа Я не буду Такі, як раней, — кажа Госпад Магуццяў; — але пасеў супакою будзе: вінаград дасць плод свой і зямля радзіць будзе, і ўсё гэта даю ў спадчыну рэшце гэтага народа. Ды будзе: як вы, доме Юды і доме Ізраэля, былі праклёнам у народаў, так Я збаўлю вас і вы будзеце дабраславеннем. Не бойцеся, хай набяруць сілы рукі вашы!” Бо вось што кажа Госпад Магуццяў: “Як задумаў Я вас вынішчыць, калі да гневу справакавалі Мяне бацькі вашы, — кажа Госпад Магуццяў, — і не пашкадаваў, так у гэтыя дні вырашыў спрыяць Ерузаліму і дому Юды; не турбуйцеся! Дык вось што павінны вы рабіць: кажыце праўду кожны блізкаму свайму і ў супакоі судзіце ў брамах вашых, і хай ніводзін з вас не думае ў сэрцы сваім ліха супраць прыяцеля свайго, і не любіце прысягі лжывай: бо ўсё гэта ёсць тое, што Я ненавіджу”, — кажа Госпад». І прамовіў Госпад Магуццяў да мяне, кажучы: «Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Пост чацвёртага месяца, і пост пятага, і пост сёмага, і пост дзесятага месяца хай будзе для народа Юды ў радасць і пацеху і ў святыя ўрачыстасці; любіце толькі праўду і супакой”. Вось гэта кажа Госпад Магуццяў: “Яшчэ будуць прыходзіць народы і жыхары вялікіх гарадоў, і пойдуць жыхары аднаго горада да жыхароў другога і скажуць: “Хадземце ўмаляць аблічча Госпада і шукаць Госпада Магуццяў; я пайду таксама”. І будуць прыходзіць многія людзі і дужыя народы, каб шукаць Госпада Магуццяў у Ерузаліме і ўмаляць аблічча Госпада”. Так кажа Госпад Магуццяў: “У тыя дні дзесяць чалавек з усіх мнагамоўных народаў моцна схопяцяцца за крысо юдэя, кажучы: “Пойдзем мы з вамі; бо мы, вось, пачулі, што з вамі Бог”».
Прысуд. «Слова Госпада ў зямлі Гадрах і ў Дамаску, дзе будзе яго адпачынак, бо Госпадава ёсць вока Арама, як і ўсе пакаленні Ізраэля. Таксама Эмат у яго межах, і Тыр, і Сідон, які з’яўляецца вельмі мудрым. І Тыр пабудаваў свой вал абароны і назбіраў срэбра, як пылу, і золата, быццам смецця на дарогах. Вось, Госпад авалодае ім і знішчыць моц яго на моры; і ўсё будзе спалена агнём. Убачыць гэта Аскалон — і спалохаецца, і Газа ўстрывожыцца надта, ды Акарон, бо пасаромлена яго надзея; і прападзе цар Газы, і Аскалон стане бязлюдным. І ў Азоце будзе жыць народ, што народжаны па-за шлюбам, ды сатру пыхлівасць філістынца. І выму яго кроў з вуснаў яго і агіднасць яго з зубоў яго, і ён таксама будзе пакінуты Богам нашым, і будзе як бы правадыром у Юдзе, і Акарон, як евусей. І Я пастаўлю дом Свой, як абарону ад уваходзячых і выходзячых; і не ўвойдзе болей да іх крыўдзіцель, бо Я цяпер гляджу Маімі ўласнымі вачамі. Цешся радасна, дачка Сіёна, гамані, дачка Ерузаліма. Вось, ідзе да цябе Валадар твой, Ён справядлівы і збаўца, ціхмяны, Які сядзіць на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай. І Я знішчу калясніцы Эфраіма і коней у Ерузаліме; і будзе зламаны лук ваенны, і Ён абвясціць супакой народам. І Яго валадаранне ад мора аж да мора, і ад ракі аж да канцоў зямлі. Ты таксама: дзеля крыві прымірэння твайго выцягваю вязняў тваіх са студні, у якой няма вады. Вярніцеся ў крэпасць, вязні надзеі; сёння таксама абвяшчаю, што аддам табе ў два разы. Бо нацягнуў Сабе Юду, як лук, напоўніў Эфраім; і падыму сыноў тваіх, Сіёне, супраць сыноў тваіх, Грэцыя, і зраблю з цябе меч магутны. І з’явіцца над імі Госпад, і, як маланка, вылеціць яго страла; і загрыміць Госпад Бог у трубу, і пойдзе ў бурах паўднёвых. Госпад Магуццяў бараніць іх будзе; і знішчаць яны, і стопчуць камяні прашчаў, і будуць піць, шумець, як віно, і напоўняцца, як ахвярныя чашы і як рогі ахвярніка. І ў той дзень збавіць іх Госпад, Бог іх, як статак народа Свайго, бо яны, як каштоўныя камяні ў вянцы, будуць свяціцца над Яго зямлёй. Што бо ёсць добрае ў Яго і што ёсць прыгожае ў Яго! Збожжа будзе расціць юнакоў, і маладое віно — дзяўчын.
Прасіце ў Госпада дажджу ў час, калі дождж спазняецца. Госпад выклікае маланкі і дасць дождж з хмараў кожнай раслінцы ў полі. Бо тэрафімы гавораць пустое, і вешчуны бачаць падман, і сны — падманныя, цешаць надарма; таму блукаюць яны, як статак, вынішчаюць іх, бо не маюць яны пастуха». «Разгарэлася абурэнне Маё супраць пастухоў, і казлоў я пакараю: напэўна, наведае Госпад Магуццяў статак свой, дом Юды, і зробіць з імі, як з канём славы Сваёй у баі. З яго — вугал, з яго — калок, з яго — лук баявы, з яго выйдзе кожны загадчык разам. І будуць яны — як мужныя ваяры, якія ў баі топчуць смецце дарогі, і будуць ваяваць, бо Госпад з імі; і вершнікі на конях будуць пасаромлены. І ўзмацую дом Юды, і збаўлю дом Язэпа, і прывяду назад іх, бо пашкадую іх; і будуць яны, як быццам Я іх не адкінуў: бо Я Госпад, Бог іх, ды выслухаю іх. І будуць яны — як мужныя ваяры Эфраіма, ды будзе цешыцца сэрца іх, як ад віна, і дзеці іх будуць гэта бачыць і цешыцца, і будзе радавацца сэрца іх у Госпадзе. Засвішчу ім і збяру іх, бо адкупіў іх, і стануць яны шматлікімі, як былі шматлікімі раней. І расцярушу іх паміж народамі, і будуць памятаць пра Мяне, знаходзячыся далёка; і выгадуюць дзяцей сваіх, і вернуцца. І вярну іх з зямлі Егіпецкай, і з Асірыі забяру іх, і завяду іх у зямлю Галаад і Лібан, ды не знойдзецца ім месца. І будуць праходзіць праз мора трывогі, і ўдарыць іх хваля марская, і высахнуць усе глыбіні ракі; ды будзе ўпакорана пыхлівасць Асірыі і валадаранне Егіпта спыніцца. Зраблю іх моцнымі ў Госпадзе, і будуць хадзіць яны ў імя Яго», — кажа Госпад.
Адчыні свае брамы, Лібане, і хай агонь спаліць твае кедры. Бядуйце, кіпарысы, што кедры загінулі, бо надзвычайныя былі знішчаны; галасіце, дубы Басана, бо паў непраходны лес. Чуецца галашэнне пастухоў, бо найлепшае з іх спустошана; гук рыкання львоў, бо знішчана пышнасць Ярдана. Гэта кажа Госпад, Бог мой: «Пасі жывёлу, прызначаную на забіццё, якую купляюць, забіваюць і не шкадуюць, і якую прадаюць і кажуць: “Дабраславёны Госпад, я стаў багатым”. І пастухі яе не шкадуюць яе. І Я не буду болей шкадаваць жыхароў зямлі, — кажа Госпад; — вось, кожнага з людзей выдам у рукі блізкага яго і ў рукі цара яго; і яны давядуць зямлю да падзення, і Я нікога не вызвалю з рукі іх». І вось, я пасвіў жывёлу на забіццё для гандляроў статкам. І ўзяў я сабе дзве палкі: адну назваў «Ласка» і другую назваў «Вяроўка»; і пасвіў статак. І на працягу аднаго месяца забіў трох пастухоў, і абрыдлі яны душы маёй; а іх душа адвярнулася ад мяне. Ды я сказаў: «Не буду пасвіць вас; што мае памерці — хай памірае, і што мае загінуць — хай гіне, і астатнія хай ядуць цела адна адной». Ды ўзяў сваю палку, што называлася «Ласка», і зламаў яе, каб разарваць запавет мой, які заключыў з усімі людзьмі. І ў той вось дзень ён быў разарваны; і гандляры статкам, якія наглядалі за мной, пераканаліся, што гэта было слова Госпада. І я ім сказаў: «Калі добра ў вачах вашых, дайце мне плату, а калі не — пакіньце яе сабе». І адважылі мне плату ў трыццаць срэбранікаў. Ды сказаў Госпад мне: «Укінь гэта ў скарбонку, дастойную плату, якою Я быў ацэнены імі». Ды ўзяў трыццаць срэбранікаў і ўкінуў іх у скарбонку дома Госпадава. І зламаў я другую маю палку, якая звалася «Вяроўка», каб разарваць брацтва Юды з Ізраэлем. І сказаў Госпад мне: «Вазьмі яшчэ сабе прылады неразумнага пастуха; бо Я, вось, пастаўлю пастуха на зямлі, які не будзе рупіцца пра авечку, што мае загінуць, не будзе лячыць скалечаную, і не будзе шукаць страчаную, і не будзе карміць здаровую, а мяса тлустых будзе есці і капыты іх будзе абрываць. Гора неразумнаму майму пастуху, які пакідае статак! Хай меч упадзе на яго плячо і на яго правае вока; хай ссохне сухатою яго рука, і правае вока яго хай цалкам зацягне цемраю».
Прароцтва. Слова Госпада, што да Ізраэля і што да Юды. Прароцтва Госпада, Які распасцёр неба, і заснаваў зямлю, і дух чалавека ўдыхнуў у яго: «Вось, Я зраблю Ерузалім чашай п’янства для ўсіх народаў навокал. Гэта будзе ў час асады Ерузаліма. І будзе: у той дзень зраблю Ерузалім цяжкім каменем для ўсіх народаў; кожны, хто нясе яго, скалечыцца цяжка, і супраць яго пазбіраюцца ўсе народы. У той дзень, — кажа Госпад, — паражу кожнага каня шалёнасцю і яго вершніка — дурманам; і на народ Юды адкрыю вочы Свае, і ўсіх коней паганскіх паражу слепатой. І правадыры Юды будуць казаць у сэрцы сваім: “Сіла ўсіх жыхароў Ерузаліма ў Госпадзе Магуццяў, Богу іх”. У той дзень зраблю князёў Юды, як кацёл на агні з дроў і як галавешку гарачую сярод снапоў; і яны знішчаць направа і налева ўсе навокал народы, і Ерузалім будзе жыць ізноў на сваім месцы. І перш збавіць Госпад палаткі Юды, каб слава дому Давіда не ўзносілася і слава жыхароў Ерузаліма адносна Юды. У той дзень Госпад абароніць жыхароў Ерузаліма; і самы кволы між імі ў той дзень будзе, як Давід, і дом Давіда будзе, як Бог, як анёл Госпадаў перад імі. І будзе: у той дзень зраблю, што ўсе народы, што нападаюць на Ерузалім, будуць знішчаны, і на дом Давіда і на жыхароў Ерузаліма вылью дух ласкі і пабожнасці; і яны будуць глядзець на Мяне. З-за Таго, Каго прабілі, будуць яны лямантаваць, як лямантуюць па адзіным сыне, і будуць перажываць па Ім, як перажываюць звычайна па першынцу. У той дзень будзе вялікі плач у Ерузаліме, як плач у Адад-Рэмоне на раўніне Магеда; і плакаць будзе зямля, асобныя сем’і асобна: сям’я дому Давіда асобна і іх жанчыны асобна; сям’я дому Натана асобна і іх жанчыны асобна; сям’я дому Леві асобна і іх жанчыны асобна; сям’я дому Сімона асобна і іх жанчыны асобна; усе астатнія сем’і, асобныя сем’і асобна і іх жанчыны асобна.
У той дзень выб’ецца крыніца для дома Давіда і жыхароў Ерузаліма для абмыцця грахоў і нячыстасці. “Ды будзе ў той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — сатру імёны ідалаў з зямлі і не будуць болей памятаць іх; і выганю з зямлі лжэпрарокаў і дух нячысты. І будзе: калі хто будзе праракаваць залішне, дык хай скажуць яму бацька яго і маці яго, якія нарадзілі яго: “Не будзеш жыць, бо лжыва праракуеш у імя Госпада”; і паб’юць яго бацька яго і маці яго, якія нарадзілі яго, калі ён будзе праракаваць. І будзе: у той дзень пасаромеюцца прарокі, кожны ў бачанні сваім, калі хто будзе праракаваць; і не будуць ужо болей насіць плашчоў з радна для падману, але ён скажа: “Я не прарок; я земляроб, бо ад юнацтва майго зямля — маёмасць мая”. Ды скажуць яму: “Што гэта за раны на руках тваіх?” І ён скажа: “Гэта мяне білі ў доме тых, якія мяне любілі”. “Меч, падыміся на пастыра Майго і на чалавека, які звязаны са Мною, — кажа Госпад Магуццяў. — Удару пастыра, і разбягуцца авечкі, і павярну руку Сваю супраць малых. І будзе ва ўсёй зямлі, — кажа Госпад, — Дзве часткі на ёй будуць знішчаны і вымруць, і трэцяя частка застанецца на ёй; і трэцюю частку правяду праз агонь і ачышчу іх, як чысціцца срэбра, і выпрабую іх, як выпрабоўваюць золата: ён будзе прызываць імя Маё, і Я выслухаю яго. Я скажу: “Гэта народ мой”; і ён скажа: “Госпад — Бог мой”.
Вось жа, прыдзе дзень Госпадаў, і І збяру ўсе народы на вайну супраць Ерузаліма; і ўзяты будзе горад, і дамы будуць абрабаваны, і згвалтаваны будуць жанчыны; і палавіна горада пойдзе ў палон, і рэшта жыхароў не будзе выгнана з горада». І выступіць Госпад, і будзе ваяваць супраць тых народаў, як ваяваў калісьці ў дзень бою. І стануць ногі Яго ў той дзень на гары Аліўнай, што насупраць Ерузаліма на ўсход; і распадзецца гара Аліўная папалам ад усходу на захад стромкай вялікаю лагчынаю, і палавіна гары аддзеліцца на поўнач, і палавіна яе на поўдзень. І вы будзеце ўцякаць у лагчыну сярод іх гор, бо лагчына міжгорная працягнецца аж да Ясола; і ўцякаць будзеце, як уцякалі ў час землятрусу ў дні Озіі, цара Юды; і прыйдзе Госпад, Бог мой, і ўсе святыя разам з Ім. Станецца: у той дзень не будзе святла, але холад і лёд; і будзе гэта адзін дзень — Госпад толькі ведае аб ім — не будзе святла, але холад і лёд, не будзе гэта ані дзень, ані ноч; і вячэрняй парой будзе святло. І будзе: у той дзень паплывуць з Ерузаліма жывыя воды: палавіна іх у мора ўсходняе і палавіна іх у мора заходняе; летам і зімой так будзе. І Госпад будзе валадаром над усёй зямлёй: у той дзень Госпад адзіны будзе і адзінае будзе імя Яго. І ўся зямля заменіцца ў пустыню, ад Габы аж да Рэмона на поўдзень ад Ерузаліма, які будзе высока стаяць і на сваім месцы будзе абжыты: ад брамы Бэньяміна аж да месца Ранейшай брамы і аж да брамы Вуглавой, і ад вежы Хананээль аж да Царскіх Выціскальняў. І будуць у ім пражываць, і праклёну не будзе больш; але Ерузалім жыць будзе бяспечна. І гэта будзе такая кара, якой пакарае Госпад усе народы, якія ваявалі супраць Ерузаліма: у кожнага зачахне цела яго, хоць яшчэ будзе стаяць на нагах сваіх, і вочы яго счэзнуць у ямінах сваіх, і язык яго засохне ў вуснах яго. І будзе ў той дзень сярод іх страшная трывога Госпада, чалавек схопіць за руку блізкага свайго, і падымецца рука яго на руку блізкага яго. Але і Юда будзе ваяваць супраць Ерузаліма, і будуць сабраны багацці ўсіх народаў навокал: золата, і срэбра, і адзенняў надта многа. І такая будзе гібель коней, мулаў, вярблюдаў, аслоў і ўсякай жывёлы, што будзе ў тым лагеры, як і гэтая гібель. А ўсе, што застануцца з усіх народаў, якія ваявалі супраць Ерузаліма, з году ў год будуць паломнічаць, каб пакланіцца Валадару, Госпаду Магуццяў, і святкаваць свята палатак. І станецца: тыя з народаў зямлі, якія не пойдуць у Ерузалім, каб пакланіцца Валадару, Госпаду Магуццяў, будуць пазбаўлены дажджу. І калі народ Егіпта не падымецца дзеля гэтага і не прыйдзе, зваляцца на яго няшчасці, якімі Госпад карае народы, што не прыйдуць на святкаванне свята палатак. Гэтая кара спадзе на Егіпет і гэтая кара на ўсе народы, якія не прыйдуць на святкаванне ўрачыстасці палатак. У той дзень на бразготках конскіх зробяць надпіс: «Пасвячонае Госпаду», і катлы ў доме Госпада будуць як ахвярныя чары перад ахвярнікам. І кожны кацёл у Ерузаліме і ў Юдзе будзе пасвячоны Госпаду Магуццяў; і прыйдуць усе, якія маюць ускладаць ахвяру, і возьмуць з іх, і будуць у іх варыць, і ў той дзень у доме Госпада Магуццяў не будзе больш гандляра.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017