Библия › Чарняўскі-17 › Малахіі
Прароцтва. Слова Госпада Ізраэлю праз Малахію. «Я палюбіў вас, — кажа Госпад, — і вы пытаеце: “У чым выявіў Ты любоў Сваю да нас?” Ці ж Эзаў не быў братам Якуба? — кажа Госпад, — і Я, аднак, узлюбіў Якуба, а Эзава меў у нянавісці і аддаў горы яго на пустыню і спадчыну яго — шакалам пустынным. Калі Эдом так скажа: “Знішчаны мы, але зноў адбудуем тое, што знішчана” — вось, што кажа Госпад Магуццяў. — “Яны будуць будаваць, і Я развалю; і будуць іх называць “Межы бязбожнасці” і “Народ, на які ўзгарэўся гнеў Госпадаў навекі”. І вочы вашы будуць бачыць гэта, і вы скажаце: “Магутны Госпад і па-за межамі Ізраэля!” Сын паважае бацьку свайго, і слуга — гаспадара свайго. Такім чынам, калі Я — бацька, дзе ж павага да Мяне? І калі Я — Госпад, дзе ж страх перада Мною? — кажа Госпад Магуццяў да вас, святары, якія зневажаеце імя Маё і кажаце: “Чым зневажаем мы імя Тваё?” Вы прыносіце на ахвярнік Мой нячысты хлеб і пытаеце: “Чым мы зняважалі Цябе?” Тым, што кажаце: “Стол Госпадаў не варты павагі”. Калі вы складаеце ў ахвяру сляпое, ці ж гэта не дрэнна? І калі прыносіце ў ахвяру тое, што кульгавае ды хворае, дык ці ж гэта не дрэнна? Прынясі гэта князю свайму, ці яму спадабаецца гэта і ці прыхільна гляне на цябе? — кажа Госпад Магуццяў. Але цяпер упрошваеце аблічча Бога, каб злітаваўся над вамі! Бо гэта паходзіць з рук вашых. Ці будзе Ён міласцівы да вас? — кажа Госпад Магуццяў. Хай бы хто з вас замкнуў дзверы, каб вы надарма не палілі святла на ахвярніку Маім. Вы не падабаецеся Мне, — кажа Госпад Магуццяў, — і не прыму ахвяру з рук вашых. Ад усходу бо сонца аж да захаду вялікім будзе імя Маё між народамі, ды ў кожным месцы будуць пасвячаць і складаць ахвяру чыстую імю Майму, бо вялікім будзе імя Маё між народамі, — кажа Госпад Магуццяў. А вы зневажаеце Яго тым, што кажаце: “Стол Госпадаў апаганены і страва, што кладзецца на яго, нічога не вартая”. І кажаце вы: “О якая праца!” І зневажаеце яго, — кажа Госпад Магуццяў. — І прыносіце з рабаванага, кульгавае і хворае, ды складаеце ў ахвяру. Ці ж магу Я прыняць гэта з рукі вашай? — кажа Госпад. Хай будзе пракляты ашуканец, які мае ў статку сваім самца і, абяцаючы яго, сам складае ў ахвяру Госпаду сапсаванае. Бо Я — Валадар Магутны, — кажа Госпад Магуццяў, — і імя Маё наводзіць страх на народы.
І цяпер да вас, святары, адносіцца прыказанне гэтае. Калі вы не жадаеце слухаць ды не жадаеце ўзяць сабе ў сэрца, каб шанаваць імя Маё, — кажа Госпад Магуццяў, — дык Я спашлю на вас праклён і пракляну дабраславенні вашы; і пракляну іх за тое, што вы не ўзялі гэтага да сэрца. Вось, Я забяру ў вас плячо і нячыстасць кіну вам у твар, нячыстасць ахвяр вашых святочных, і возьме яна вас разам з сабою; І пераканаецеся тады, што Я даў вам гэтае прыказанне, каб быў Мой запавет з Левіем, — кажа Госпад Магуццяў. — Запавет Мой з ім быў дамоваю жыцця і супакою, і Я яго даў яму разам са страхам, і ён баяўся Мяне і шанаваў імя Маё. Закон праўды быў на вуснах яго, і злачыннасці не было на вуснах яго; у згодзе і ў праўдзе хадзіў ён са Мною і многіх адвярнуў ад несправядлівасці. Вусны бо святара захоўваюць веданне, і закон будуць шукаць у вуснах яго, бо ён пасланец Госпада Магуццяў. А вы сышлі з дарогі, і надта многіх адвярнулі ад закону; парушылі вы запавет з Левіем, — кажа Госпад Магуццяў, — таму і Я аддаў вас на пагарду і на прыніжэнне на віду ўсіх народаў, бо не трымаліся вы дарог Маіх і крывадушнічалі ў справах закону». Ці ж усе мы не маем аднаго Айца? Ці ж не стварыў нас адзін Бог? Дык чаму ж тады кожны з нас крывадушна чыніў адносна брата свайго, парушаючы запавет бацькоў нашых? Здраджвае Юда, і агіднасць дапушчана ў Ізраэлі і ў Ерузаліме, бо Юда апаганіў святыню Госпада, якую любіў, і ўзяў сабе за жонку дачку чужога бога. Хай знішчыць Госпад з палатак Якуба кожнага чалавека, хто зробіць падобнае, сына і ўнука, а таксама тых, хто ўскладае ахвяру Госпаду Магуццяў. І гэта вы таксама робіце: вы абліваеце ахвярнік Госпадаў слязамі, галашэннем і ўздыханнем, так што ўжо болей Я не гляну на ахвяру ды не прыму з рукі вашай ахвяры прыемнай; і вы пытаецеся: «З якой прычыны?» Бо Госпад быў сведкам між табой і жонкаю маладосці тваёй, адносна якой ты стаў няверны; а яна сяброўка твая і жонка запавету твайго. Ці не даканаў Ён адзінства цела і духа? Дык якога адзінства жадаеш, акрамя патомства ад Бога. Дык беражыце дух ваш і жонцы маладосці сваёй будзьце вернымі. Калі хто з нянавісці аддаліў жонку, — кажа Госпад, Бог Ізраэля, — пакрые адзенне яго злачыннасць, — кажа Госпад Магуццяў. — Беражыце дух ваш і не будзьце нявернымі. Вы гнявіце Госпада сваімі словамі і кажаце: «Чым гнявім мы Яго?» Тым, што кажаце: «Кожны, хто чыніць зло, добры перад абліччам Госпада, і такія вось падабаюцца Яму», або: «Дзе ж Бог, справядлівы суддзя»?
Вось жа, Я пасылаю анёла Майго, і ён прыгатуе дарогу перада Мною; і зараз жа прыйдзе ў святыню Сваю Валадар, Якога вы чакаеце, і Анёл запавету, якога вы прагнеце. Вось, Ён прыходзіць, — кажа Госпад Магуццяў; — і хто можа вытрымаць дзень прышэсця Яго? І хто ўстаіць, калі Ён з’явіцца? Ён бо — як агонь растапляючы і як зелле ачышчаючае; і сядзе Ён растапляць і ачышчаць срэбра, і Ён ачысціць сыноў Левія і працэдзіць іх, як золата і як срэбра, і стануць яны складаць Госпаду ахвяры справядліва. І ўпадабае Госпад ахвяру Юды і Ерузаліма, як у часы мінулыя і як у гады даўнейшыя. “І Я прыйду судзіць вас; і буду скорым сведкам супраць чараўнікоў, і чужаложнікаў, і лжывых сведкаў, і крыўдзіцеляў наймітаў, удоў і сірот і супраць тых, што прыгнятаюць чужынца і Мяне не баяцца, — кажа Госпад Магуццяў. — Я бо — Госпад, і не змяніўся; але вы, сыны Якуба, яшчэ не будзеце знішчаны. Бо, пачынаючы ад дзён бацькоў вашых, вы адступіліся ад законных прыказанняў Маіх і не пільнавалі іх. Навярніцеся да Мяне, і Я вярнуся да вас, — кажа Госпад Магуццяў. — І вы кажаце: “У чым маем мы навярнуцца?” Ці ж можа чалавек падманваць Бога? Але вы падманваеце Мяне. І пытаецеся: “У чым мы ашукалі Цябе?” У дзесяцінах і пяршынях. Праклятыя вы праклёнам, бо вы, увесь народ, падманваеце Мяне. Прынясіце ўсе дзесяціны ў скарбніцу, і хай будзе ежа ў доме Маім; і выпрабуйце Мяне, — кажа Госпад Магуццяў, — адносна таго, ці не адкрыю Я вам бездань нябесную і ці не вылью на вас шчодрага дабраславення, І ці дзеля вас Я не пакараю палявога шкодніка, і ці будзе ён нішчыць плады зямлі, і ці будзе ў вас бясплодным вінаград ў полі, — кажа Госпад Магуццяў. — І шчаснымі назавуць вас усе народы, бо будзеце вы зямлёю пажаданай, — кажа Госпад Магуццяў. — Узмацніліся словы вашы супраць Мяне, — кажа Госпад, — і вы пытаецеся: “Што такое гаворым мы супраць Цябе?” Вы кажаце: “Надарма служыць Богу! Бо якую карысць мы мелі з таго, што пільнавалі прыказанні Яго і што хадзілі сумныя перад Госпадам Магуццяў? А цяпер нахабнікаў мы называем шчаснымі, бо адбудаваліся людзі бязбожныя, і спакусілі Бога, і засталіся цэлымі”. Але тыя, што баяцца Бога, казалі тады, адзін аднаму: “Госпад звяртае увагу на гэта і чуе; і запісана гэта ў кнізе ўспамінаў, якая пішацца на віду ў Яго, пра тых, што баяцца Госпада і шануюць імя Яго”. “Будуць яны, — кажа Госпад Магуццяў, — уласнасцю Маёй у той дзень, у які буду дзейнічаць; і Я пашкадую іх, як шкадуе бацька сына свайго, які служыць яму. Зноў убачыце розніцу паміж справядлівым і бязбожнікам, паміж тым, хто служыць Богу, і тым, хто не служыць Яму.
Бо вось надыдзе дзень палючы, як печ; і ўсе пыхліўцы і ўсе, хто чыніць бязбожнае, будуць саломаю; і спаліць іх гэты надыходзячы дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — ён не пакіне па іх ані кораня, ані галінкі. І для вас, шануючых імя Маё, узыдзе сонца справядлівасці, і аздараўленне будзе ў промнях яго; і вы выйдзеце, і будзеце скакаць, як адкормленыя цяляты, і вы патопчаце бязбожнікаў, бо яны будуць, як попел пад ступнямі ног вашых у дзень, у які Я буду дзейнічаць, — кажа Госпад Магуццяў. — Памятайце пра закон слугі Майго Майсея, якому на Гарэбе Я даў прыказанні і законы для ўсяго Ізраэля. Вось, Я пашлю вам прарока Іллю перад надыходам дня Госпадавага, дня вялікага і страшнага; і ён схіліць сэрца бацькоў да сыноў і сэрца сыноў да бацькоў іх, каб Я, прыйшоўшы, не знішчыў зямлю праклёнам».
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017