Библия › Чарняўскі-17 › Тобіі
Кніга размоў Тобіі, сына Табіэля, сына Ананіэля, сына Адуэля, сына Габаэля, сына Рафаэля, сына Рагуэля з нашчадкаў Азіэля, з пакалення Нэфталі, якога павялі ў няволю ў дні Салманасара, цара Асірыйскага, з Тэсбы горада, які знаходзіцца направа ад Кадэс-Нэфталі ў верхняй Галілеі, ніжэй Асора па-за дарогай на захад з левага боку Пэгора. Я, Табіэль, ва ўсе дні жыцця свайго хадзіў шляхамі праўды і справядлівасці, і многа міласціны даваў братам маім і народу майму, якія разам са мной пайшлі ў няволю ў край асірыйцаў, у Нініву. І калі быў яшчэ ў краіне маёй, у зямлі Ізраэля, ды калі быў яшчэ малады, усё пакаленне Нэфталі, бацькі майго, адступіла ад дому Давіда, прабацькі майго, ды ад горада Ерузаліма, які выбраны быў з усіх пакаленняў Ізраэля і была пасвячона святыня, дзе прабывае Бог, і яна была пабудавана ў ім, каб ускладалі ахвяры ўсе пакаленні Ізраэля, на ўсе вечныя пакаленні. Усе мае браты і ўвесь дом Нэфталі, бацькі майго, ускладалі ахвяры цяляці, якога зрабіў Ерабаам, цар Ізраэля, у Дане ды на ўсіх гарах Галілеі. Я, аднак, адзін хадзіў часта ў Ерузалім у дні святочныя, як ёсць прадпісана для ўсяго Ізраэля ў вечным загадзе; заносіў я ў Ерузалім пяршыні фруктаў і звяроў, і дзесяціны буйной і дробнай жывёлы, і першую воўну авечак, і даваў гэта святарам, сынам Аарона, на ахвярнік, і сынам Леві, паслугуючым у Ерузаліме, даваў дзесяціны са збожжа, і віна, і аліўкавага алею, а таксама з дрэва граната, і з іншых дрэў пладовых; і другую дзесяціну плаціў я грашыма шэсць гадоў, і хадзіў, і штогод складваў гэта ў Ерузаліме. І гэта даваў я сіротам, і ўдовам, і празэлітам, якія належалі да сыноў Ізраэля; прыносіў і даваў ім трэці год, і елі мы гэта па загадзе, які быў напісаны ў законе Майсеевым, і прыказаннях, якія дала Дэбора, маці бацькі майго Ананіэля, прабацькі нашага, бо бацька пакінуў мяне сіратою і памёр. І калі стаў я мужчынам, узяў за жонку Ганну, якая паходзіла з нашай бацькаўшчыны, і ад яе нарадзіў я сына, і яму даў імя Тобія. І калі трапіў я ў няволю ў Асірыю, куды мяне завялі, пайшоў у Нініву; і ўсе мае браты і тыя, хто быў з майго роду, елі стравы паганскія, а я бярог душу маю, каб не есці ежы паганаў. І таму што памятаў я пра Бога майго ўсёю душою маёй, Узвышні даў мне ласку і спагаднасць у Салманасара, і я быў у яго нарыхтоўшчыкам усяго, што мела карысць; і я хадзіў у Мідыю, аж пакуль не дайшоў, і аддаў на захаванне Габаэлю, брату Габрыі, у Рагэсе ў Мідыі дзесяць талентаў срэбра. Калі ж памёр Салманасар і цараваў замест яго сын яго Санхэрыб, дарогі Мідыі сталі небяспечнымі, і я ўжо не мог падарожнічаць у Мідыю. І ў дні Салманасара даваў я часта міласціну братам маім, што былі з майго народа. Хлеб свой даваў я тым, хто галадаў, і адзенне голым, і калі бачыў памерлага і кінутага за муры Нінівы з майго народа, — хаваў яго. І калі каго цар Санхэрыб забіваў, калі хто вяртаўся з Юдэі, куды ўцёк у днях суда, які спаўняў на ім Цар Неба за плявузгі, якімі плявузгаў, — бо са злосці сваёй забіў ён шмат сыноў Ізраэля, — я ўпотай забіраў іх целы і хаваў; і Санхэрыб шукаў іх, і не знайшоў іх. І адзін з жыхароў Нінівы пайшоў і сказаў цару пра мяне, што гэта я іх хаваю, і я мусіў таіцца, а калі даведаўся, што цар пра мяне ведае і мяне шукае, каб мяне забіць, я тады забаяўся і ўцёк. І разграбілі ўсю маю маёмасць, і не засталося мне нічога, што не пайшло б у скарб цара, апрача маёй жонкі Ганны і майго сына Тобіі. І не прайшло сарака дзён, як забілі яго два сыны яго ды ўцяклі ў горы Арарат; і замест яго цараваў сын яго Асархадон, і ён паставіў Ахікара, сына брата майго Анаэля, наглядчыкам над усімі падаткамі ў сваім царстве; і меў ён уладу над усім краем. Тады Ахікар заступіўся за мяне, і я вярнуўся ў Нініву. Ахікар жа быў у Санхэрыба, цара Асірыйскага, наглядчыкам над віначэрпамі, і сачыў за пярсцёнкам з пячаццю; і Асархадон паставіў яго, каб быў скарбнікам і зборшчыкам падаткаў. Быў бо ён з маіх братоў і з майго роду.
І пры цары Асархадоне вярнуўся я ў дом свой, і вярнулася да мяне жонка мая Ганна і сын мой Тобія. На Пяцідзесятніцу, наш святочны дзень, гэта значыць на свята Тыдняў, прыгатаваны быў мне багаты баль, і я ўзлёг, каб паесці. І застаўлены быў для мяне стол, і ўбачыў я шмат страў, і сказаў я сыну свайму Тобіі: «Ідзі і прывядзі сюды, каго знойдзеш, беднага з братоў нашых, якія ёсць у няволі ў Нініве, якія помняць пра Госпада ўсім сэрцам сваім, і ён будзе есці разам са мною; вось, я чакаю цябе, сыне, пакуль не прыйдзеш». І пайшоў Тобія шукаць якога-колечы беднага з братоў нашых, і, вярнуўшыся, сказаў мне: «Бацьку!» І я яму сказаў: «Вось я, сыне». І ён у адказ сказаў: «Бацьку! Вось, адзін наш зямляк быў забіты і ляжыць, кінуты на рынку, і там жа нядаўна толькі быў ён задушаны пятлёю». Дык я выскачыў, кінуў страву, якую нават не пакаштаваў, і сцягнуў чалавека з плошчы, і памясціў яго ў адзін дом, чакаючы заходу сонца, каб яго пахаваць. І, вярнуўшыся, я памыўся ды еў хлеб свой з сумам, і прыпомніў сабе слова прарока Амоса, якое ён сказаў у Бэтэлі, кажучы: «І замяню святы вашы ў жалобу, а ўсе спевы вашы — у плач», І я расплакаўся. І затым, калі сонца зайшло, пайшоў, і, выкапаўшы магілу, пахаваў яго. І блізкія мае кпілі з мяне ды казалі: «Не баіцца яшчэ гэты чалавек, бо ўжо шукалі яго з-за гэтае справы, каб забіць, — і мусіў уцякаць, і, вось, ізноў хавае памерлых». І той ноччу, як пахаваў яго, я памыўся, і выйшаў на панадворак мой, і лёг ля мура панадворка, і твар мой быў голы з-за спякоты. І не заўважаў я, што на муры нада мною былі вераб’і, цёплы памёт якіх трапіў на мае вочы і выклікаў бяльмо. І я хадзіў да лекараў, каб вылечыцца, і тым больш вочы мае тухлі дзеля бяльма, чым больш мяне націралі мазямі, аж пакуль зусім не аслеп. І чатыры гады не карыстаўся я вачамі сваімі, і ўсе мае браты дзеля мяне сумавалі. Ахікар жа меў мяне на ўтрыманні два гады, а затым адправіўся ў Элімаіду. У той час жонка мая Ганна за плату займалася жаночай працай — прала воўну. І адсылала гэта гаспадарам іх, і яны ёй плацілі. Сёмага ж дня, месяца Дыстры спрала пражу і аддала яе гаспадарам, і яны поўнасцю заплацілі ёй і далі ёй за пражу казляня ад коз. І калі казляня ўвайшло да мяне, стала бляяць. Дык я паклікаў яе і спытаў: «Адкуль гэта казляня? Можа, украдзенае, дык вярні яго гаспадарам яго; бо нам нельга есці штосьці крадзенае». І яна сказала мне: «Дадзены ён мне як падарунак па-за платай». І я не верыў ёй, але сказаў, каб вярнула яго гаспадарам, і саромеўся з гэтай прычыны перад ёю. І ў адказ сказала яна мне: «І дзе твае міласціны? Дзе твае дабрадзействы? Вось, ты ўжо ва ўсім пераканаўся».
І я вельмі засмуціўся ў душы, і, уздыхаючы, заплакаў, ды пачаў маліцца, цяжка ўздыхаючы: «Справядлівы Ты, Госпадзе, і ўсе справы Твае справядлівыя, і ўсе шляхі Твае — міласэрнасць і праўда, і Ты судзіш увек. І цяпер, Госпадзе, памятай пра мяне і зірні на мяне; ды не помсці мне за грахі мае і за нядбайнасць маю і бацькоў маіх, якімі яны зграшылі перад Табою, бо не слухалі мы прыказанняў Тваіх, і аддаў Ты нас на здабычу, і ў няволю, і на смерць, і на пасмешышча, і на кпіны, і на пагарду ва ўсіх народаў, між якіх Ты нас рассеяў. І зараз — многія і справядлівыя прысуды Твае, выкананыя на мне за грахі мае і маіх бацькоў, бо не рабілі мы паводле прыказанняў Тваіх, і не вялі сябе шчыра на віду ў Цябе. Дык цяпер, што Табе падабаецца — рабі са мной, і загадай, каб прыняты быў дух мой, каб адарваўся я ад паверхні зямлі і стаў зямлёй, бо лепш мне смерць, чым жыццё, бо мушу слухаць ілжывыя дакаранні ды вялікі смутак апанаваў мяне. Загадай, Госпадзе, каб быў вызвалены я ад гэтае нядолі, і пусці мяне ў месца вечнае, і не адварочвай аблічча Твайго ад мяне, Госпадзе, бо лепш мне памерці, чым бачыць такую нядолю ў жыцці маім і слухаць дакоры». У той самы дзень і Сара, дачка Рагуэля, які жыў у Эктабане, у Мідыі, ад адной з паслугачак свайго бацькі чула словы знявагі таму, што была аддадзена за сем мужоў, і Асмадэй, найгоршы дух, забіваў іх, перш чым яны былі з ёй, як звычайна бываюць з жонкай. І сказала ёй паслугачка: «Ты тая, што душыш мужоў сваіх! Вось, выдана ты была ўжо сямі мужам, і ад ніводнага з іх не пачала. Чаму нас караеш за мужоў сваіх, бо яны паўміралі? Ідзі з імі, і ад цябе не пабачым ані сына, ані дачкі павек». У той дзень была дзяўчына вельмі маркотная ў душы і плакала, і пайшла ў верхні пакой бацькі свайго, і захацела павесіцца ў пятлі. І адумалася, і казала: «Каб часам не дакаралі майго бацьку і не казалі: “Адзіную меў ты дачушку, і тая павесілася з гора”; і давяду старога бацьку свайго ў смутку, у апраметную. Лепей мне не вешацца ў пятлі, але прасіць Госпада, каб памерці ды ўжо ў жыцці маім не чуць горкіх дакораў». У той жа час, выцягнуўшы рукі да акна, малілася і сказала: «Дабраславёны будзь, Госпадзе, міласэрны Божа, і дабраславёна імя Тваё святое і слаўнае вечна. Хай дабраслаўляюць Цябе ўсе стварэнні Твае вечна. І цяпер падымаю да Цябе, Госпадзе, твар мой і вочы мае. Загадай мне пакінуць зямлю і не чуць ужо дакораў. Ты ведаеш, Госпадзе, што я чыстая ад усякай заганы мужчыны і не спаганіла імя свайго, ані імя майго бацькі на зямлі няволі маёй. Адзіная я ў бацькі майго, і ён не мае сына, які б займеў спадчыну яго, і не мае брата, ані сваяка, каб берагла я сябе яму за жонку. Ужо загінула ў мяне сем, і нашто мне яшчэ жыць? І калі не падабаецца Табе, Госпадзе, забіць мяне, то загадай, каб не была я пагарджана, і хай пашкадуюць мяне, каб не чула я ўжо дакораў». І ў тую хвіліну маленне абаіх было выслухана перад абліччам святасці Божай, і быў пасланы Рафаэль анёл, каб вылечыць абаіх: Табіэля, каб зняць яму бяльмо з яго вачэй, каб вачамі бачыў ён святло Божае, і Сару, дачку Рагуэля, каб яе даць Тобію, сыну Табіэля, за жонку і адагнаць ад яе найгоршага духа Асмадэя, бо Тобія мае першаснае права ўзяць яе ў жонкі перад усімі, якія хацелі з ёю ажаніцца. У той час вярнуўся Табіэль з панадворка свайго дома; і Сара, дачка Рагуэля, сышла з верхняга пакоя.
У той дзень Табіэль прыпомніў грошы, якія аддаў на захаванне Габаэлю ў Рагэс у Мідыі. І сказаў ён у сэрцы сваім: «Вось, я папрасіў сабе смерці. Чаму не паклікаць мне сына свайго і не сказаць яму аб гэтых грошах, якія я аддаў на захаванне, перш чым памру?» І паклікаў ён сына свайго Тобію, і ён прыйшоў да яго, і сказаў ён яму: «Сыне, калі я памру, пахавай мяне старанна, і шануй маці сваю, і не пакідай яе ва ўсе дні жыцця свайго, і рабі ўсё для яе дабра, і не засмучай дух яе ніякім чынам. Памятай пра яе, сыне, бо яна многа небяспек убачыла дзеля цябе, калі ты быў у чэраве. Калі яна памрэ, пахавай яе каля мяне ў адной магіле. І ва ўсе дні жыцця свайго, сыне, май Госпада ў памяці, і сцеражыся грахоў і парушэння Яго загадаў. Жыві справядліва ва ўсе дні жыцця свайго ды не сыходзь на дарогі злачыннасці, бо калі будзеш рабіць справядліва, будуць шчасныя твае шляхі ў працах тваіх, як усіх тых, што робяць справядліва. І з маёмасці сваёй, сыне, давай міласціну і не адварочвай аблічча твайго ад ніводнага беднага і тады не адвернецца ад цябе аблічча Божае. Колькі будзеш мець, сыне, па колькасці давай міласціну з гэтага. Калі будзеш мець багацейшую маёмасць, большую з яе давай міласціну. Калі меншую будзеш мець, не бойся і пры меншай даваць міласціну: бо адложыш сабе на дзень бяды добрую ўзнагароду, бо міласціна вызваляе ад смерці і не дапускае ісці ў апраметную. Міласціна бо мілы дар усім, хто ўскладае яе перад Узвышнім. Сцеражыся, сынку, усякай распусты. Жонку бяры з нашчадкаў бацькоў сваіх і не бяры жонкі чужой, якая не з пакалення твайго бацькі, бо мы з’яўляемся сынамі прарокаў: Ной, Абрагам, Ізаак і Якуб — бацькі нашыя адвеку. Памятай, сынку, што яны ўсе ўзялі жонак з пакалення бацькоў сваіх і дабраславёныя былі ў сынах сваіх ды нашчадкі іх будуць мець спадчыну зямлі. І ты, сынку, любі братоў сваіх, і не ўзносся ў сэрцы сваім над братамі тваімі, і над сынамі і дочкамі народа твайго, і вазьмі сабе жонку з іх, бо ў пыхлівасці ёсць пагібель і вялікая пераменлівасць, і ў пустаце — страта, недахоп вялікі. Бо пустата — гэта маці голаду. Заробку любога чалавека, які ў цябе будзе працаваць, — не затрымлівай у сябе, а зараз жа аддавай яму, і плата твая хай не памяншаецца; калі будзеш праўдаю служыць Богу, Ён табе адгодзіць. Уважай на сябе, сынку, ва ўсёй сваёй дзейнасці ды будзь мудры ва ўсіх сваіх размовах, Ды што сам ненавідзіш, нікому не рабі. Не пі віна да ап’янення і хай п’янства не праводзіць цябе ў дарозе тваёй. Хлебам сваім падзяліся з галодным, і адзеннем — з голым; з усяго, што залішне ў цябе, — давай міласціну, і хай вока тваё не глядзіць нядобра, калі даеш міласціну. Разламай хлеб свой і вылі віно сваё на грабах справядлівых, і не давай грэшнікам. Парады шукай у кожнага мудрага і не пагарджай парадаю ўсякаю карыснаю. Увесь час дабраслаўляй Госпада і прасі ў Яго, каб кіраваў тваімі дарогамі і ўсімі сцежкамі тваімі і каб распараджаўся добра намерамі тваімі, бо ўсе пагане не маюць добрых парадаў, але сам Госпад дасць ім добрую параду. Каго бо Ён захоча — падымае, і каго захоча Госпад — паніжае аж да пекла ўніз. Дык цяпер, сынку, памятай пра загады мае і хай не знікнуць яны з твайго сэрца. І цяпер, сынку, паведамляю табе, што я аддаў дзесяць талентаў срэбра Габаэлю, сыну Габрыя ў Рагэс у Мідыі. Не саромся, сынку, што бедна мы жылі. Будзеш мець многа дабра, калі будзеш баяцца Бога і сцерагчыся ўсякага граху ды добра трымаць сябе перад абліччам Госпада, Бога твайго».
Затым Тобія ў адказ сказаў свайму бацьку: «Усё, што ты мне загадаў, бацьку, зраблю. А як змагу гэтыя грошы атрымаць ад яго? Ён мяне не ведае, ані я яго не ведаю. Які знак дам яму, каб мяне пазнаў, і паверыў, і аддаў мне тыя грошы? Дый не ведаю дарог у Мідыю, каб ісці туды». Тады сказаў Табіэль у адказ сыну свайму Тобію: «Ён пакінуў мне свой подпіс і я даў яму свой подпіс ды падзяліў на дзве часткі і ўзялі кожны па адной з іх, і я даў яму адну частку з грашыма. І вось, цяпер мінае дваццаць гадоў, калі пакінуў у яго гэтыя грошы. І цяпер, сынок, пашукай сабе надзейнага чалавека, які пойдзе разам з табой, і дамо яму плату, як вернешся. І пакуль яшчэ я жывы, забяры грошы ад яго». І выйшаў Тобія шукаць чалавека, які пайшоў бы з ім у Мідыю і які б ведаў дарогу. І знайшоў ён Рафаэля анёла, які стаяў перад ім, і ён не ведаў, што той анёл Божы. І ён загаварыў да яго: «Адкуль ты, юнача?» І ён адказаў яму: «Я з сыноў Ізраэля, братоў тваіх, і прыйшоў сюды, каб наняцца». Дык сказаў яму Тобія: «Ці ведаеш дарогу, якая ідзе ў Мідыю?» Ён адказаў: «Чаму ж не, шмат разоў быў там і ведаю, прытым ведаю ўсе дарогі і некалькі разоў бываў у Мідыі і прабываў у Габаэля, брата нашага, які пражывае ў Рагэсе ў Мідыі, і ад Эктабаны да Рагэса патрэбны добрых два дні дарогі. Рагэс бо стаіць на гары, а Эктабана — сярод поля». Ды сказаў яму Тобія: «Пачакай мяне, юнача, пакуль я пайду і бацьку свайму скажу. Мне бо ты патрэбны, каб ішоў са мной, і дам табе тваю плату». І ён сказаў яму: «Добра, пачакаю, толькі не марудзь». І Тобія пайшоў і паведаміў Табіэлю, бацьку свайму, і сказаў яму: «Вось, знайшоў я чалавека з братоў нашых, з сыноў Ізраэля, які пойдзе са мной». І ён сказаў яму: «Запрасі да мяне чалавека, каб я ведаў, з якога роду і з якога пакалення ён і ці надзейны, каб меў ісці з табой, сынку». Ды выйшаў Тобія, і паклікаў яго, і сказаў яму: «Юнача, бацька цябе запрашае». Ды ўвайшоў да яго, а Табіэль прывітаў яго першы. І ён сказаў яму: «Хай будзе табе вялікая радасць!» І Табіэль спытаўся ў яго: «Якая мае мне быць яшчэ радасць? Чалавек я бескарысны дзеля вачэй, і не бачу святла неба, але ў цемры жыву, як памерлыя, якія не бачаць ужо святла. Жыву я між мёртвых. Голас людзей чую, але іх не бачу». І сказаў яму ён: «Будзь моцны духам; хутка будзеш Богам вылечаны. Будзь мужны!» І сказаў яму ў адказ Табіэль: «Сын мой Тобія хоча ісці ў Мідыю. Ці не мог бы ты ісці з ім і праводзіць яго? І дам табе тваю плату, браце». І ён адказаў яму: «Змагу ісці з ім, бо ведаю ўсе дарогі, і некалькі разоў хадзіў у Мідыю ды абыходзіў усе закуткі яе і горы і ведаю ўсе праходы». І спытаўся ў яго: «Браце, з якой сям’і ты ды з якога пакалення? Раскажы мне, браце». І ён адказаў: «Нашто табе патрэбна пакаленне?» І ён спытаўся ў яго: «Хачу ведаць папраўдзе — чый ты і імя тваё». І ён адказаў: «Я Азарыя, вялікага Ананіі сын, з тваіх братоў». І сказаў яму Тобія: «Вітаю цябе, і бывай здароў, браце, і не гневайся, бо я хацеў ведаць праўду і тваю сям’ю. Ты брат мой, з роду добрага і найлепшага! Ведаў я Ананію і Натана, двух сыноў Сэмэі вялікага; і яны са мною хадзілі ў Ерузалім і са мной там пакланяліся і не сышлі з дарогі. Браты твае — людзі надта добрыя; з добрага роду ты. Дык з радасцю вяртайся!» І Табіэль сказаў: «Я табе як плату дам драхму на дзень, і ўтрыманне такое самае, як сыну свайму; дык ідзі з ім, і я дадам табе да платы». І ён яму сказаў: «Пайду з ім, так што не бойся, здаровыя пойдзем і здаровыя вернемся да цябе, бо дарога бяспечная». І сказаў яму ён: «Хай будзе дабраславенне на табе, браток!» І паклікаў сына свайго і сказаў яму: «Сынок, прыгатуй усё ў дарогу і ідзі са сваім братам. Бог жа, Які ў небе, хай абароніць вас там і верне вас здаровымі да мяне; ды хай анёл Яго праводзіць вас, сынок, у здароўі». І ён выйшаў, каб ісці ў сваю дарогу, і пацалаваў бацьку свайго і маці. І сказаў яму Табіэль: «Ідзі здаровы!» І маці яго заплакала і сказала Табіэлю: «Нашто паслаў ты сына майго? Ці ж ён не падпора рук нашых? Ці ж ён не хадзіў перад намі то тут, то там? Хай грошы не прыкладаюцца да грошай, але смеццем будуць дзеля сына нашага. Колькі нам Госпадам дадзена жыць, заўсёды хапала нам». І ён сказаў ёй: «Не сумуй, наш сын здаровы пойдзе і здаровым вернецца да нас, і ў той дзень вочы твае ўбачаць яго, калі прыйдзе да цябе здаровы. Не сумуй і не бойся за іх, сястрыца. Бо анёл добры пойдзе з ім, і падарожжа добра складзецца, і вернецца ён здаровы».
І яна перастала плакаць. І выбраўся ў дарогу хлопец і анёл разам з ім; і сабака выбег з ім і пабег за імі. І ішлі абодва, і захапіла іх першая ноч; і затрымаліся каля ракі Тыгр. І хлопец пайшоў на раку памыць ногі, і вынырнула з вады вялікая рыба, і хацела праглынуць нагу хлопцаву, і ён закрычаў. І сказаў яму анёл: «Схапі яе і трымай!» І хлопец схапіў рыбу і выцягнуў яе на сухмень. І сказаў яму анёл: «Разрэж гэту рыбу, і вазьмі сэрца, і печань, і жоўць яе, і пакінь гэта пры сабе, а нутро выкінь. Бо жоўць, і сэрца, і печань яе — карысныя лякарствы». І хлопец, разрэзаўшы тую рыбу, выняў жоўць, сэрца і печань; і рыбу спёк і з’еў, і рэшту пасоленую захаваў. І пайшлі разам абодва, аж пакуль не прыйшлі ў Мідыю. І тады спытаўся хлопец у анёла і сказаў яму: «Браце Азарыя, што за лякарства ў сэрцы, і ў печані рыбы, і ў жоўці?» І ён адказаў яму: «Калі каго мучыць дэман або найгоршы дух, то спалі сэрца і печань рыбы перад мужчынам або жанчынай, і ўцячэ ад іх усякая напасць, і не прыступіцца да іх навек. І жоўць — дзеля націрання вачэй чалавека, якія зацягнула бяльмо, дзеля таго, каб падзьмуць на іх, на тое бяльмо, і стануць яны здаровымі». А калі ўвайшоў ён у Мідыю і ўжо падыходзіў да Эктабаны, Рафаэль сказаў хлопцу: «Браце Тобію!» І ён адказаў яму: «Вось я». І сказаў яму: «Гэтую ноч мы мусім прабыць у Рагуэля. Чалавек гэты — сваяк твой і мае дачку на імя Сара, але апрача дачкі Сары, аднае, ён не мае ані сына, ані другой дачкі; і ты — найбліжэйшы сваяк яго паміж усіх людзей, каб узяць яе; і правільна, каб ты атрымаў усё, што належыць яе бацьку. І гэта дзяўчына мудрая, і жвавая, і вельмі добрая, і бацька яе любіць яе». І далей казаў: «Правільна, каб ты ўзяў яе. Ды слухай мяне, браток, і гэтай ноччу пагавару пра дзяўчыну, каб узяць яе табе за жонку, і, калі вернемся з Рагэса, справім вяселле з ёю. Ведаю таксама, што Рагуэль не можа адмовіць адносна яе табе. Бо ён ведае, што калі аддасць яе іншаму мужчыне, той смерцю памрэ паводле прысуду кнігі Майсеевай, бо табе выпадае атрымаць спадчыну і дачку яго, болей чым якому іншаму чалавеку. Дык цяпер, браток, слухай мяне, і будзем гаварыць у гэтую ноч аб гэтай дзяўчыне, і заручым яе з табою, і, калі будзем вяртацца з Рэгэса, возьмем яе з сабой, і павядзём яе з сабой ў твой дом». Тады Тобія сказаў Рафаэлю ў адказ: «Азарыя, браце, чуў я, што яна ўжо выдадзена была замуж сямі мужам і памерлі яны ноччу ў сваіх спальнях; калі ўваходзілі да яе — паміралі. Чуў таксама ад некаторых: яны казалі, што дэман іх пазабіваў; і баюся я цяпер, што любіць ён яе і прытым саму яе не мучыць, але таго, хто хоча прыблізіцца, таго забівае. Адзін я ў бацькі майго; калі часам памру, то жыццё бацькі свайго і маці маёй з болем дзеля мяне давяду да труны іх. А яны не маюць іншага сына, які б іх пахаваў». І анёл сказаў яму: «Ці ж не памятаеш пра загады бацькі твайго, які загадаў табе ўзяць жонку з дому бацькі твайго? Ды цяпер паслухай мяне, браце: не турбуйся дзеля гэтага дэмана, але бяры яе, і ведаю, што ў гэту ноч аддадуць яе табе за жонку. І, калі толькі ўвойдзеш у спальню, вазьмі частку печані рыбы і сэрца, і пакладзі на попел каджэння. І пах разойдзецца, і дэман яго пачуе ды ўцячэ, і не з’явіцца каля яе зусім навек. І калі пачнеш быць з ёю, дык перш устаньце абое, і маліцеся, і прасіце нябеснага Госпада, каб аказана вам была міласэрнасць і здароўе. Не бойся, бо яна табе была прызначана спрадвеку, і ты яе вылечыш, і яна пойдзе з табою, і спадзяюся, што будзеш мець з ёю сыноў і будуць яны табе, як браты. Не сумуй». І калі Тобія выслухаў словы Рафаэля, што яна яму сястра і што яна з нашчадкаў бацькі яго, палюбіў яе надта ды сэрца яго прытулілася да яе.
І калі прыбыў у Эктабану, сказаў яму: «Браце Азарыю, завядзі мяне простай дарогай да брата нашага Рагуэля». Ды павёў яго да дома Рагуэля, і спаткалі яго, які сядзеў каля брамы панадворка свайго, і першыя яго прывіталі. І ён сказаў ім: «Будзьце здаровыя, браты, увайдзіце, калі ласка». І ўвёў іх у свой дом. І сказаў Эдне, жонцы сваёй: «О як падобны гэты юнак да брата майго Табіэля!» І Эдна запытала іх гэтымі словамі: «Скуль вы, браты?» І яны сказалі ёй: «З сыноў Нэфталі мы, мы нявольнікі ў Нініве». І яна спытала іх: «А ведаеце вы Табіэля, брата нашага?» І яны адказалі ёй: «Ведаем яго». І яна сказала ім: «Ці здаровы ён?» І яны сказалі ёй: «Здаровы і жывы». І Тобія сказаў: «Ён бацька мой». І Рагуэль кінуўся і з плачам пацалаваў яго, і сказаў: «Будзь дабраславёны, сыне, добрага і высакароднага бацькі сын. О, якое вялікае гора, што аслеп ён, чалавек справядлівы і дабрадзейны!» І кінуўся з плачам на шыю Тобіі, сына брата свайго. І Эдна, жонка яго, расплакалася дзеля яго, дый Сара, дачка іх, расплакалася і яна. І забіў ён барана са статкаў, і прыняў іх ахвотна. І калі выкупаліся, і ачысціліся, і ўзляглі да ежы, Тобія сказаў Рафаэлю: «Браце Азарыю, скажы Рагуэлю, каб аддаў мне Сару, сястру маю, за жонку». І пачуў Рагуэль слова гэта, і сказаў хлопцу: «Еж і пі ды хай прыемна будзе табе ў гэту ноч. Няма бо такога чалавека, якому належалася б узяць дачку маю Сару, як толькі табе, браце. Таксама і мне нельга аддаваць яе іншаму мужу, як толькі табе, бо ты мне найбліжэйшы. Аднак мушу сказаць табе праўду, сынок. Аддаваў яе сямі мужам, братам нашым, ды ўсе паўміралі ноччу, калі ўваходзілі да яе. І цяпер, сынку, еш і пі, і Госпад дапаможа вам». І сказаў Тобія: «Адсюль не буду ані есці, ані піць, пакуль не вырашыш тое, што да мяне тычыцца». І Рагуэль сказаў яму: «Я гэта раблю; і яна мае быць тваёй па прысудзе кнігі Майсея, і неба так рашыла, каб я табе яе даў. Дык вазьмі сваю сястру; адсюль ты яе брат, а яна твая сястра. Ад сёння дадзена яна табе назаўсёды. Хай Госпад неба добра распарадзіцца вамі, сыне, у гэту ноч і акажа міласэрнасць і супакой». І пазваў Рагуэль дачку сваю Сару, і яна прыйшла да яго. І ён узяў яе руку, аддаў яе яму, ды сказаў: «Вазьмі яе па законе і па прысудзе, які запісаны ў кнізе Майсея, каб была аддадзена яна табе за жонку. Бяры яе і вядзі да бацькі свайго ў здароўі. І хай Бог неба дасць вам шчаслівую дарогу і супакой». І паклікаў яе маці, і загадаў прынесці папірус, каб зрабіць шлюбнае пасвячэнне, што аддае яму яе за жонку па прысудзе Майсеевага закону. Дык прынесла яе маці папірус, і ён запісаў і запячаткаваў. І з тае хвіліны пачалі есці і піць. І паклікаў Рагуэль Эдну, жонку сваю, і сказаў ёй: «Сястрыца, прыгатуй іншую спальню і ўвядзі яе туды». І яна пайшла, паслала пасцель, як загадаў ёй, і ўвяла яе туды, і расплакалася дзеля яе, і, выцерла слёзы, сказала ёй: «Будзь адважная, дачушка. Госпад неба дасць табе радасць замест смутку твайго. Будзь мужная!» І выйшла.
А калі перасталі есці і піць, захацелі спаць, і павялі юнака, і завялі яго ў спальню. І прыпомніў Тобія параду Рафаэля, і выняў з торбы, якую меў, сэрца і печань рыбы і паклаў на попел каджэння. І пах рыбы стрымаў дэмана, і ён уцёк у Верхні Егіпет. І Рафаэль пайшоў за ім, і звязаў яго там, і мігам вярнуўся. І яны выйшлі, і замкнулі дзверы спальні. І Тобія падняўся з пасцелі і сказаў ёй: «Устань, сястрыца. Памолімся і папросім Госпада нашага, каб аказаў нам міласэрнасць і здароўе». І падняўся і пачалі маліцца і прасіць Госпада, каб дадзена было ім здароўе. І пачалі маліцца: «Дабраславёны Ты, Божа бацькоў нашых, і дабраславёна імя Тваё ў векі вечныя. Дабраслаўляюць Цябе нябёсы ды ўсе Твае стварэнні ва ўсе векі! Ты стварыў Адама і даў яму верную памочніцу Еву, і з іх абодвух узнік род чалавечы. І Ты сказаў, што не добра быць чалавеку аднаму: учыньма яму памочніцу, падобную да яго. І цяпер не дзеля распусты бяру гэтую сястру сваю за жонку, але дзеля праўды. Злітуйся нада мной і над ёю і дазволь мне і ёй разам дажыць да старасці здаровымі». І сказалі па чарзе: «Амін, амін!» І спалі ўсю ноч. І Рагуэль устаў, пазваў паслугачоў да сябе, і яны пайшлі і выкапалі магілу. Ён сказаў прытым: «Каб толькі ён не памёр, бо станем усім на пасмешышча і на ганьбу». І калі ўжо магілу выкапалі, Рагуэль пайшоў дамоў і пазваў сваю жонку і сказаў: «Пашлі адну з паслугачак, і хай, увайшоўшы, гляне, ці ён жывы, і, калі ён мёртвы, пахаваем яго, каб ніхто не ведаў». Ды паслалі паслугачку, і запалілі лямпу, і адчынілі дзверы, і яна ўвайшла і ўбачыла, што яны ляжаць разам і спяць. І паслугачка, вярнуўшыся, паведаміла ім, што ён жывы і нічога благога не сталася. Ды дабраславілі Бога неба і сказалі: «Дабраславёны Ты, Божа, ва ўсім святым і чыстым дабраславенні, ды хай дабраславяць Цябе ўсе святыя Твае і ўсе стварэнні Твае; і ўсе анёлы Твае і ўсе выбраннікі Твае хай дабраславяць Цябе ва ўсе вякі. Дабраславёны Ты, бо суцешыў Ты мяне, і не здарылася са мной, як я думаў, але паводле бязмежнй міласэрнасці Тваёй зрабіў Ты з намі. І дабраславёны Ты, бо злітаваўся над двума адзінокімі. Акажы ім, Госпадзе, міласэрнасць і здароўе і дазволь ім скончыць жыццё ў ласцы і радасці». Затым загадаў паслугачам сваім закапаць яму, пакуль не развіднела. І жонцы сваёй загадаў, каб зрабіла яна шмат хлеба; і сам пайшоў да свайго статка, узяў дзвюх кароў і чатырох бараноў і загадаў іх прыгатаваць, дый пачалі прыгатаўляць. І паклікаў Тобію ды сказаў яму з клятваю: «Не адыдзеш адсюль раней чатырнаццаці дзён, але застанешся тут, і будзеш есці і піць са мною, і суцешыш душу дачкі маёй, вялікім смуткам засмучаную. І з таго, што я маю, возьмеш палову маёмасці, і пойдзеш у здароўі да свайго бацькі. І калі я памру і мая жонка, то і другая палова будзе вашай. Будзь мужны душою, сыне! Я твой бацька, і Эдна маці твая, і да цябе належым і да тваёй сястры цяпер і заўсёды. Будзь мужны душою, сыне!»
Потым пазваў Тобія Рафаэля і сказаў яму: «Браце Азарыю, вазьмі з сабой адсюль чатырох паслугачоў і двух вярблюдаў, і едзь у Рагэс, і зайдзі да Габаэля, і ўручы яму распіску, і забяры ад яго грошы, і прывядзі яго з сабою на вяселле. Ты ж ведаеш, што лічыць дні бацька мой, і, калі замаруджу на адзін дзень, вельмі яго засмучу. І ты бачыш, як Рагуэль пакляўся, і я не магу не зважаць на яго прысягу». І адправіўся Рафаэль з чатырма паслугачамі і двума вярблюдамі ў Рагэс у Мідыю, і засталіся ў Габаэля, і даў яму Рафаэль распіску яго, і расказаў яму пра Тобію, сына Табіэля, што ажаніўся з дачкой Рагуэля і запрашае яго на вяселле. І Габаэль устаў, і вынес мяшкі запячаткаваныя, і паклаў іх на вярблюдаў. І разам рана ўсталі, і прыбылі на вяселле, і прыйшлі да Рагуэля, і знайшлі Тобію, які ўзлягаў пры стале. І ён ускочыў і прывітаўся з імі, і пачаў плакаць, і дабраславіў яго Габаэль, кажучы: «Дабраславёны Госпад, Які даў табе супакой, бо ты сын добрага, і найлепшага, і справядлівага чалавека, які падае міласціну! Хай дасць табе дабраславенне Госпад неба, і таксама тваёй жонцы, і бацьку твайму, і маці тваёй, ды бацьку і маці жонкі тваёй. І дабраславёны Бог, бо бачу Тобію, падобнага да майго сваяка!»
І ад таго дня Табіэль штодзень лічыў час, за колькі сходзіць і за колькі вернецца сын яго. І калі дні мінулі, і сын яго не вяртаўся, сказаў сабе: «Можа, затрыманы ён там? Або, можа, Габаэль памёр, і няма нікога, хто б яму аддаў грошы?» І стаў ён непакоіцца. І Ганна, жонка яго, сказала: «Загінуў сын мой, і ўжо няма яго сярод жывых. Чаму ён пазніцца?» І пачала плакаць і галасіць дзеля свайго сына, і сказала: «Гора мне, сынок, што я пусціла цябе ў дарогу, святло маіх вачэй!» А Табіэль ёй казаў: «Маўчы, не непакойся, сястрыца; жывы сын наш, але, напэўна, нейкая перашкода ўзнікла ў іх там, бо і чалавек, які з ім пайшоў, верны, і ён з братоў нашых. Не сумуй дзеля яго, сястрыца, яшчэ прыйдзе ён». І яна адказала: «Ты не гаворыш мне праўды, не зводзь мяне! Загінуў сын мой». І выходзіла штодзень, і паглядала на дарогу, якою выйшаў сын яе, і нічога не ела; і, калі заходзіла сонца, вярталася ды плакала са смутку ўсю ноч і не спала. І калі мінула чатырнаццаць дзён вяселля, якія прысягнуў Рагуэль учыніць дачцэ сваёй, прыйшоў да яго Тобія і сказаў: «Адпусці мяне. Бо ведаю, што бацька мой і маці мая не вераць, што яшчэ пабачаць мяне. Дык цяпер прашу, бацьку, адпусці мяне і яе да бацькі майго; я табе казаў ужо, у якім стане пакінуў яго». І Рагуэль сказаў Тобіі: «Пабудзь, сынок, пабудзь у мяне, і я вестуноў пашлю да Табіэля, бацькі твайго, і яны раскажуць яму пра цябе». І ён сказаў яму: «О не! Адпусці мяне адсюль, прашу, да бацькі майго». І Рагуэль устаў, даў Тобіі жонку яго, Сару, і палову сваёй маёмасці: паслугачоў і паслугачак, валоў і авечак, аслоў і вярблюдаў, адзенне, і грошы, і прылады. І адпусціў іх, і дабраславіў яго, і сказаў яму: «Будзь здароў, сынок, ды ідзі ў здароўі! Хай Госпад неба добра кіруе дарогамі вашымі; і хай пабачу ў вас дзяцей перш, чым памру». І пацалаваў дачку сваю Сару, і сказаў ёй: «Дачушка, паважай свайго свёкра і свякроў сваю, бо яны адсёння з’яўляюцца бацькамі тваімі, як тыя, што цябе нарадзілі. Ідзі ў супакоі, дачушка! Каб толькі ў жыцці сваім чуў я пра цябе ўсё добрае». І яшчэ пацалаваў яе і адпусціў іх. І Эдна сказала Тобіі: «Сынок і мілы браток, хай Госпад неба прывядзе яшчэ цябе, і каб пабачыла я дзетак тваіх і дачушкі маёй Сары, пакуль не памру, каб пацешылася я перад Госпадам. Я табе даручаю дачушку маю, быццам у апеку, каб не засмучаў яе ва ўсе дні жыцця твайго. Ідзі, сынок, у супакоі. Я адсюль маці твая, а Сара — сястра твая. Хай пашле шчасце ўсім нам Ён ва ўсе дні жыцця нашага». І пацалавала іх абодвух, і адпусціла іх у здароўі. І адышоў Тобія ад Рагуэля ў радасці і ў дабраславенні Госпада неба і зямлі, Валадара ўсяго, бо Ён кіраваў дарогай яго. І дабраславіў Рагуэля і Эдну, жонку яго, і сказаў ім: «Хай маю ласку паважаць вас як бацькоў маіх ва ўсе дні жыцця вашага».
І пайшлі дарогай сваёй, і прыбылі ў Харан, што насупраць Нінівы. Тады сказаў Рафаэль: «Ведаеш, якім пакінулі мы бацьку твайго. Апярэдзім жонку тваю, каб прывесці дом у парадак, пакуль яны прыйдуць». І адправіліся абодва разам. І ён сказаў яму: «Вазьмі жоўць з сабой». І сабака пабег за імі, што быў з ім і Тобіем. І Ганна сядзела і паглядала на дарогу сына свайго. І яна спазнала яго, калі вяртаўся, і сказала бацьку яго: «Вось жа, сын твой падыходзіць і чалавек, які з ім пайшоў». І Рафаэль сказаў Тобіі перш, чым ён падышоў да бацькі: «Ведаю, што адкрыюцца яго вочы. Памаж жоўцю вочы яго, і лякарства выгрызе і сцягне з вачэй яго бяльмо. І гляне бацька твой, і ўбачыць святло». І выбегла насустрач яму Ганна, і кінулася сыну свайму на шыю, і сказала яму: «Сынок, бачу цябе; магу цяпер паміраць!» І расплакалася. І Табіэль падняўся, і ішоў нагамі, і выйшаў да брамы панадворка. І паспяшаўся да яго Тобія, і жоўць рыбы меў у руцэ сваёй, і дзьмухнуў у вочы яго, і прытрымаў яго, і сказаў: «Будзь мужны, бацьку!» І прыклаў лякарства да яго вачэй, і пачакаў. І затым абедзвюма рукамі сваімі сарваў бяльмо з краёў яго вачэй. І ён, бачачы сына свайго, кінуўся яму на шыю І, плачучы, казаў яму: «Бачу цябе, сынок, святло вачэй маіх!» І маліўся: «Дабраславёны Бог і дабраславёна вялікае імя Яго, ды дабраславёны ўсе святыя анёлы Яго — ва ўсе векі, бо Ён пакараў мяне, і, вось, бачу Тобію, сына майго!» І ўвайшоў Табіэль і Ганна, жонка яго, у дом, цешачыся і дабраслаўляючы Бога ва ўвесь голас свой за ўсё, што з імі сталася. І расказаў Тобія бацьку свайму, што Госпад Бог добра паклапаціўся аб дарозе яго, і што прынёс ён грошы, і што дачку Рагуэля Сару ўзяў за жонку, і што, вось, яна прыбывае і знаходзіцца недалёка каля брамы Нінівы. Дык усцешыліся Табіэль і Ганна. І выйшлі насустрач нявестцы сваёй да брамы Нінівы. І нініўцы, бачачы Табіэля, як прыходзіць і ідзе з усіх сваіх сіл і ніякая рука яго не вядзе, — вельмі дзівіліся, і Табіэль услаўляў і дабраслаўляў моцным голасам Бога перад імі, бо злітаваўся над ім Бог і адкрыў яго вочы. І Табіэль падышоў да Сары, жонкі сына свайго Тобіі, і дабраславіў яе, і сказаў ёй: «Радуйся, дачка мая! Хай будзе дабраславёны Бог твой, Які прывёў цябе да нас, дачушка! І дабраславёны бацька твой, і дабраславёны сын мой Тобія, і дабраславёна ты, дачушка! Увайдзі ў дом твой у здароўі, і ў дабраславенні, і ў радасці ўвайдзі, дачушка!» У той дзень была радасць усім юдэям, якія жылі ў Нініве. І прыбылі з братоў яго Ахікар і Надаб, цешачыся разам з Табіэлем. І вяселле доўжылася ў радасці сем дзён, і было дадзена [Тобіі] многа падарункаў.
І калі скончылася вяселле, паклікаў Табіэль сына свайго Тобію і сказаў яму: «Чалавеку таму, што праводзіў цябе, дадзім належнае з дадаткам да платы яго». І ён сказаў яму: «Тату, якую дам я яму плату? Я не буду пакрыўджаны, калі дам яму з усяго, што ён са мной даставіў, палову. Ён мяне прывёў здаровым, і паклапаціўся аб жонцы маёй, і грошы прынёс са мной дый цябе аздаравіў! Дык якую маю даць яму плату?» І сказаў яму Табіэль: «Справядліва, сыне, каб ён атрымаў з усяго таго, што прынёс з табой, палову». І паклікаў яго, і сказаў: «Вазьмі палову з усяго таго, што з сабою прынёс, за плату сваю ды ідзі здароў». Тады Рафаэль папрасіў іх абодвух таемна і сказаў ім: «Бога дабраслаўляйце і Яго ўслаўляйце перад усімі жывучымі, якое дабро аказаў Ён вам, каб дабраслаўлялі вы і ў песнях апявалі імя Яго; словы Божыя шануйце, ды не лянуйцеся хваліць Яго. Добрая рэч — скрываць таямніцу цара, а справы Божыя выяўляць і славіць — пачэсна. Рабіце дабро, і зло вас абміне. Добрая ёсць малітва з постам, і міласціна — са справядлівасцю. Лепш — невялікае са справядлівасцю, чым вялікае — са злачыннасцю. Лепш даваць міласціну, чым будаваць скарбніцы для золата. Міласціна вызваляе ад смерці ды ачышчае ўсякі грэх. Тыя, хто дае міласціну, — насычаюцца жыццём; тыя, што дапускаюцца граху і злачыннасці, з’яўляюцца ворагамі сваёй душы. Выяўлю перад вамі ўсю праўду ды не скрыю ад вас аніводнага слова. Ужо я вам растлумачыў і сказаў: добрая справа — хаваць таямніцу цара, але выяўляць справы Божыя ёсць пачэсна. І цяпер, калі ты і Сара маліліся, я прадставіў перад веліччу Госпада напамін мальбы вашай; і калі ты хаваў памерлых, падобна. І таму што ты не паленаваўся ўстаць ды пакінуць страву сваю, і пайшоў і пахаваў памерлага, то я быў пасланы да цябе, каб цябе выпрабаваць. І паўторна паслаў мяне Бог паклапаціцца пра цябе ды пра тваю нявестку Сару. Я Рафаэль, адзін з сямі святых анёлаў, якія служаць і ўваходзяць перад абліччам велічы Госпада». І яны абодва ўстрывожыліся, і ўпалі на твар свой, і надта баяліся. І ён сказаў ім: «Не бойцеся! Супакой з вамі. Бога дабраслаўляйце навек. Калі я быў з вамі, не з волі сваёй быў з вамі, але з волі Божай. Яго дабраслаўляйце праз усе дні, дый Яму спявайце гімны. І бачылі вы, хоць я нічога не еў, а вам прадстаўляўся від. І цяпер дабраслаўляйце Госпада на зямлі ды дзякуйце Богу. Вось, я ўзыходжу да Таго, Хто мяне паслаў. Апішыце ўсё гэта, што з вамі здарылася». І адышоў. І яны падняліся, і ўжо не маглі яго бачыць. Дык дабраслаўлялі Бога, і спявалі гімны, і дзякавалі Яму за ўсе гэтыя вялікія справы Яго, што аб’явіўся ім анёл Божы.
І напісаў малітву Табіэль у радасці гэтымі словамі: «Дабраславёны Бог спрадвечны і Яго валадарства, бо Ён карае і шкадуе, зводзіць аж у цемру пад зямлю і выводзіць ад гібелі моцаю Сваёй, ды няма нікога, хто б ухіліўся ад рукі Яго. Сыны Ізраэля, слаўце Яго на віду народаў, бо Ён вас рассеяў паміж іх і там аб’яўляе Сваю веліч. Дык узвышайце Яго радасна перад усім жывым, бо Ён Госпад наш, і Ён Айцец наш, і Ён Бог наш ва ўсе вякі. Пакарае Ён вас за правіннасці вашы, і пашкадуе ўсіх вас ды сабярэ вас паміж усіх народаў, дзе толькі вы будзеце рассеяны. Калі навернецеся да Яго ўсім сэрцам вашым і ўсёю душою вашай, каб рабіць перад Ім папраўдзе, тады Ён павернецца да вас і ніколі ўжо не схавае аблічча Свайго ад вас. Ды зараз паглядзіце, што Ён зрабіў вам, і дзякуйце Яму ўсімі вуснамі сваімі. Дабраслаўляйце Госпада справядлівага і ўзвышайце Валадара спрадвечнага. У зямлі няволі маёй слаўлю я Яго і выяўляю моц і веліч Яго народу грэшнаму. Навярніцеся, грэшнікі, і рабіце справядліва перад Ім. Хто ведае, можа, захоча аказаць вам міласэрнасць? Я і душа мая выяўляем радасць Валадару неба, і душа мая будзе радавацца праз усе дні жыцця свайго. Дабраслаўляйце Госпада, усе выбраннікі; і ўсе праслаўляйце веліч Яго. Жывіце дні ў радасці і дзякуйце Яму. Ерузалім — святы горад, будзе караць цябе за ўчынкі рук тваіх. Слаў Госпада добраю дзейнасцю і дабраславі Валадара вечнага; каб зноў пабудавана была Твая палатка ў Цябе з радасцю ды каб вярнуў Ты радасць усім зняволеным і ўзлюбіў у Цябе ўсіх няшчасных ва ўсе векі вечныя. Святло яркае будзе выпраменьвацца на ўсе канцы зямлі; многія народы прыйдуць да цябе здалёку і жыхары з самых далёкіх краёў зямлі да святога імя Твайго, несучы дары свае ў руках сваіх Валадару неба. З пакалення ў пакаленне будуць хваліць Цябе радасна, а імя «выбранніцы» пяройдзе ў векі вечныя. Праклятыя ўсе, хто гаворыць благое слова. Праклятыя будуць усе, хто нішчыць цябе і бурыць муры твае, дый усе, хто разбурае вежы твае і паліць памяшканні твае. І дабраславёныя будуць усе, хто баіцца Цябе, навек. Дык вось, радуйся і цешся з сыноў справядлівых, бо ўсе сабяруцца і будуць дабраслаўляць Госпада вечна. Шчасныя, хто любіць Цябе, шчасныя тыя, што будуць цешыцца ў супакоі Тваім. Ды шчасныя ўсе людзі, якія будуць сумаваць дзеля ўсіх пакаранняў Тваіх, бо будуць яны цешыцца ў Цябе, ды будуць радавацца ўсёю радасцю Тваёй вечна. Дабраславі, душа мая, Госпада, Валадара вялікага, бо ў Ерузаліме горадзе будзе адбудаваны дом Яго ў векі вечныя. Шчасны буду, калі рэшткі роду майго ўбачаць хвалу Тваю, ды славіць будуць Валадара неба. Брамы Ерузаліма будуць адбудаваны з сапфіру і смарагду, і з каштоўнага каменю — усе муры твае; і вежы Ерузаліма будуць адбудаваны з золата, і валы яго — з чыстага золата. Плошчы Ерузаліма высланы будуць карбункулам і каменем з Афіра; і брамы Ерузаліма будуць гудзець песнямі радасці, і ўсе яго вуліцы загамоняць: Алілуя! Дабраславёны Бог Ізраэля і дабраславёны тыя, што будуць дабраслаўляць імя святое і цяпер і вечна».
І спыніліся словы вызнавання Табіэля. І памёр ён у супакоі, маючы сто дванаццаць гадоў, і пахаваны быў пышна ў Нініве. А меў шэсцьдзесят два гады, калі запаў на вочы; і, калі ўбачыў святло, жыў у дастатку і даваў міласціны, і дабраслаўляў Бога і ўзвялічваў веліч Божую. І перад смерцю пазваў сына свайго Тобію і загадаў яму, кажучы: «Сынок, выведзі дзяцей сваіх і ідзі скора ў Мідыю, бо я веру слову Божаму, якое выказаў Навум у Нініве, бо ўсё будзе і здзейсніцца на Асірыі і Нініве, што прадказалі прарокі Ізраэля, якіх Бог паслаў; усё споўніцца і нішто не выпадзе з усіх слоў, але ўсё здзейсніцца ў свой час. І хутчэй будзе збаўленне ў Мідыі, чым у Асірыі і Бабілоне, бо я ведаю і веру, што ўсё, што сказаў Бог — будзе. І споўніцца, і не выпадзе слова з прадказанняў. І браты нашы, якія жывуць на зямлі Ізраэля, усе будуць рассеяны і заведзены ў няволю з зямлі найлепшай, і ўся зямля Ізраэля стане пустыняй, і Самарыя, і Ерузалім будуць пустыняю, і дом Божы будзе ў смутку, і будзе спалены, і стане пустыняю аж да часу. І зноў Бог акажа міласэрнасць ім, і вернецца іх Бог у зямлю Ізраэля, ды зноў адбудуюць дом, але не такі, як раней, пакуль не споўніцца час праклёну. І затым вернуцца з няволі сваёй усе, і адбудуюць пышна Ерузалім, і ў ім адбудуюць дом Божы, як аб гэтым прадказалі ўсе прарокі Ізраэля. І ўсе народы на ўсёй зямлі навернуцца і будуць сапраўды баяцца Бога, і ўсе яны пакінуць сваіх ідалаў, якія іх ілжыва зводзілі ў падман. Ды будуць дабраслаўляць вечнага Бога па справядлівасці. Усе сыны Ізраэля, якія будуць вызвалены ў тыя дні, успамінаць будуць Бога ў праўдзе, сабяруцца разам і прыйдуць у Ерузалім і абжывуцца навечна і бяспечна ў зямлі Абрагама, і яна будзе вернута ім. І тыя, што любяць Бога, будуць радавацца ў праўдзе; а тыя, якія дапускаюцца злачыннасці і грахоў, — знікнуць з усяе зямлі. І цяпер, дзеці, загадваю вам: служыце Богу ў праўдзе і рабіце перад Ім, што Яму падабаецца. І дзецям вашым перадайце, каб спаганялі справядлівасць і давалі міласціны, ды каб памяталі пра Бога і дабраслаўлялі імя Яго ўвесь час у праўдзе і паводле ўсіх сіл сваіх. Цяпер жа, дзіця, выйдзі з Нінівы, і не заставайся тут, але ў які дзень пахаваеш маці сваю каля мяне, у той самы дзень не заставайся ў гэтых мясцінах. Бачу бо, што вялікая злачыннасць завялася ў ёй, і вялікі падман у ёй, і яны не саромеюцца. Паглядзі, сынок, што зрабіў Надаб Ахікару, які яго ўзгадаваў. Ці ж жывога не закапаў у зямлю? Але Бог аддаў яму за гэта крыўдаю на віду Сваім, і Ахікар выйшаў на святло, а Надаб пайшоў у вечную цемру, бо хацеў забіць Ахікара. Бо ён даваў міласціну, таму ўсцярогся ад сіла смерці, якую задумаў яму Надаб, і Надаб трапіў у сіло смерці і сябе загубіў. Ды цяпер, дзеткі, глядзіце, што робіць міласціна, і да чаго даводзіць злачыннасць, дзеля яе [той] загінуў. І вось, жыццё маё спыняецца!» І паклалі яго на ложак, і ён памёр, і пахавалі яго пышна. І калі памерла маці яго, Тобія пахаваў яе каля бацькі свайго, і сам і жонка яго пайшлі ў Мідыю, і абжыўся ў Экбатане, у цесця свайго, Рагуэля. І клапаціўся ён з павагаю аб іх старасці, ды пахаваў іх у Экбатане, у Мідыі, і прыняў спадчыну дома Рагуэля і бацькі свайго Табіэля. І ён памёр у славе, маючы сто семнаццаць гадоў. І перад смерцю бачыў ён і чуў пра гібель Нінівы, і бачыў яе палонных, прыведзеных у Мідыю, якіх прывёў Асуэр, цар мідыйцаў, і ён дабраславіў Бога за ўсё, што Ён учыніў сынам Нінівы і Асірыі. І ўсцешыўся перад сваёй смерцю дзеля Нінівы, дый дабраславіў Госпада Бога ва ўсе векі вечныя.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017