Библия › Чарняўскі-17 › Юдыт

Кніга Юдыт

У дванаццаты год царавання Набукаданосара, які цараваў у Асірыі ў вялікім горадзе Нініве, у дні Арпаксада, які валадарыў над мідыйцамі ў Экбатане і пабудаваў у Экбатане і навокал муры з камянёў часаных, шырынёю ў тры локці і даўжынёю ў шэсць локцяў, і ён пабудаваў мур вышынёю ў семдзесят локцяў і шырынёю ў пяцьдзесят локцяў; і над брамамі яе пабудаваў вежы яе ў сто локцяў вышынёю і ў шэсцьдзесят локцяў зрабіў шырыню. І пабудаваў брамы яе, якія ўзнімаліся на семдзесят локцяў у вышыню, шырыня іх на выхадзе — сорак локцяў, каб маглі праходзіць яе сілы ваенныя і страі пяхоты яе. У тыя дні цар Набукаданосар ваяваў з царом Арпаксадам на вялікай раўніне, што ў межах Рагава. І выйшлі на бітву ўсе жыхары гор і ўсе, хто жыве ля Эўфрата, і Тыгра, і Гідаспэна, і таксама на раўнінах Арыёха, цара элімэяў. І сышліся вельмі многія народы на вайну з сынамі халдэяў. І паслаў Набукаданосар, цар асірыйцаў, вестуноў да ўсіх жыхароў Персіі, і да ўсіх жыхароў на захадзе: да пражываючых у Цыліцыі, і ў Дамаску, і ў Лібане, і ў Антылібане, і да ўсіх жыхароў Прымор’я, і да тых, што сярод народаў Кармэля, і Галаада, і да верхняй Галілеі, ды на вялікую раўніну Ездралон; і да ўсіх, што ў Самарыі і ў яе гарадах, і да пражываючых на другім баку Ярдана аж да Ерузаліма, і Батаны, і Хэлуса, і Кадэса, і на ручай Егіпецкі, і ў Тафніс, і ў Рамэсас ды ва ўсю зямлю Гашэн, аж да Таніса і Мэмфіса, і да ўсіх жыхароў Егіпта аж да граніц Этыёпіі. І ўсе жыхары, што пражывалі на ўсёй зямлі, не падпарадкаваліся загаду Набукаданосара, цара асірыйцаў, і не выступілі з ім на вайну, бо не баяліся яго, але супраць іх былі як адзін. І адправілі пасланцоў яго ні з чым, ды з пагардаю на тварах. Дык раззлаваўся вельмі Набукаданосар на ўсю тую зямлю. І пакляўся пасадам і царствам сваім, што адпомсціць ён усім землям Цыліцыі, Дамаска і Сірыі, што ён мечам сваім іх вынішчыць, іх і ўсіх, што пражываюць на зямлі Мааб, і сыноў Амона, і ўсю Юдэю, і ўсіх у Егіпце аж па межы двух мораў. І прыгатаваўся, і з войскам сваім выступіў вайной супраць цара Арпаксада ў семнаццатым годзе, і перамог яго ў бітве ды разграміў усё войска Арпаксада, і ўсю яго конніцу, і ўсе яго калясніцы, ды падуладніў яго гарады. І дайшоў аж да Экбатаны, і здабыў вежы, і спустошыў вуліцы яе, і пышнасць яе абярнуў у ганьбу яе. І схапіў Арпаксада ў гарах Рагава, і прабіў яго сваімі стрэламі ды паразіў яго аж да гэтага дня. І затым вярнуўся ў Нініву, сам і войска яго, вельмі многа ваяроў. І там заставаліся, адпачываючы і ладзячы застоллі, ён і войска яго, сто дваццаць дзён.

І ў васемнаццатым годзе дваццаць другога дня першага месяца да Набукаданосара, цара асірыйцаў, прыйшла вестка ад магнатаў, што ён маніцца адпомсціць, як сказаў, усёй зямлі. І склікаў усіх сваіх паслугачоў ды ўсіх сваіх магнатаў, і выдаў ім тайны свой намер, і сваімі вуснамі прадказаў усё гора зямлі; і яны рашылі знішчыць кожнага з тых, хто не паслухаўся слова яго вуснаў. І сталася, калі скончыў сваю нараду, Набукаданосар, цар асірыйцаў, паклікаў Галафэрна, кіраўніка войска свайго, які займаў па ім другое месца, і сказаў яму: «Гэта кажа вялікі цар, валадар усяе зямлі: вось жа, ты пойдзеш ад майго імя ды возьмеш з сабой мужоў, упэўненых у сваіх сілах, са ста дваццаццю тысячамі пешых ды з мноствам коней, і з дванаццаццю тысячамі коннікаў; ды вырушыш супраць усёй зямлі на захад, бо не паверылі загаду маіх вуснаў. І абвесціш ім, каб прыгатавалі мне зямлю і ваду, бо я прыйду са злоснасцю сваёй да іх, ды пакрыю ўсю паверхню зямлі нагамі моцы маёй, ды аддам іх на здабычу, і параненыя іх запоўняць даліны іх, і кожны ручай і рака запоўняцца іх трупамі. І павяду іх палонных на край усёй зямлі. Ты ж пойдзеш, і зоймеш для мяне ўсю зямлю аж да межаў, і яны скарацца табе, і ты іх захаваеш для мяне на дзень абвяржэння іх. А тых, што не паслухаюць, хай не шкадуе тваё вока, каб аддаць іх на вынішчэнне і на здабычу ва ўсёй зямлі тваёй, бо жыццём маім і моцай царства майго сказаў я і правяду ўсё гэта маёю рукой. І ты не прапусціш ніводнага слова валадара твайго, але споўніш, як загадаў я табе, ды не замарудзіш, каб гэта выканаць». І Галафэрн адышоў спрад аблічча валадара свайго, і сазваў усіх князёў, і кіраўнікоў, і намеснікаў асірыйскага войска, і набраў адборных ваяроў у паход, як яму загадаў яго валадар: сто дваццаць тысяч, а коннікаў і лучнікаў дванаццаць тысяч. І паставіў іх у баявым парадку, як рыхтуецца войска да бітвы. І разам узяў вярблюдаў, і аслоў, і мулаў на патрэбы іх — вельмі шмат, і авечак, і валоў, і коз безліч ім на харчаванне, прытым на кожнага чалавека многа ежы, і надта многа золата і срэбра з палаца царскага. І адправіўся з Нінівы сам і ўсё войска яго ў паход, папераджаючы цара Набукаданосара, каб пакрыць усю паверхню зямлі на захад калясніцамі, і коннікамі, і адборнымі пешымі сваімі. І вялікая мешаніна [войскаў] пайшла з імі, як саранча і як пясок зямлі; не злічыць мноства іх. І выйшлі яны з Нінівы, ідучы тры дні ў напрамку раўніны Бэктылет, і над Бэктылетам паставілі палаткі свае каля гары, што налева ад верхняй Цыліцыі. Затым узяў Галафэрн усё войска сваё, пешых, і коннікаў, і свае калясніцы, і адышоў адтуль у нагор’і, і разбіў Пут і Луд, і абрабаваў усіх сыноў Расіса і сыноў Ізмаэля, якія пражывалі насупраць пустыні на поўдзень ад хелеяў. І пераправіўся праз Эўфрат, і прайшоў праз Месапатамію, і разбурыў усе гарады ўзвышнія над ручаём Абронай, і дабраўся да мора. І здабыў зямлю Цыліцыі, і разбіў усіх, хто яму супрацівіўся, ды дайшоў аж да паўднёвых граніц Яфэта, насупраць Арабіі. І акружыў усіх сыноў Мадыяна, і спаліў іх палаткі ды захапіў іх статкі. І спусціўся на раўніну Дамаска ў час жніва пшаніцы, і спаліў усе іх пасевы; авечак і жывёлу знішчыў, і гарады іх абрабаваў, і спустошыў іх зямлю, і ўсіх юнакоў іх знішчыў вастрыём меча. І страх і жах ахапілі усіх прыморскіх жыхароў, што пражывалі ў Сідоне і Тыры, і жыхароў Сура і Ахіна ды ўсіх жыхароў Ямніі; і жыхары Азота і Аскалона і Газы надта перапалохаліся.

Дык паслалі да яго вестуноў, якія прамовілі да яго ў супакоі: «Вось, мы з’яўляемся паслугачамі вялікага цара Набукаданосара — стаім перад табою; карыстайся намі, як табе падабаецца. Вось, перад табою стаяць нашы пасяленні, і кожнае месца наша, і ўсе палі пшаніцы, і авечкі, і жывёла, і ўсе хлявы жывёлы нашай; карыстайся, як табе падабаецца. Вось, і гарады нашы, і іх жахыры — яны паслугачы твае; прыйдзі і распарадзіся імі так, як у вачах тваіх здаецца добрым». І прыйшлі людзі да Галафэрна, і перадалі яму гэтыя словы. І спусціўся на ўзбярэжжа ён і яго войска, і пільнаваў узвышнія гарады, і ўзяў з іх адборных людзей на дапамогу. І яны, і ўсе іх наваколлі прынялі яго з вянкамі, і са скокамі, і з тымпанамі. І ён разбурыў усе іх уладанні, і высек іх святыя гаі, і па загадзе вынішчыў усіх багоў зямлі так, каб усе народы служылі аднаму толькі Набукаданосару і каб усе мовы і ўсе плямёны іх называлі яго богам. І так дабраўся да Ездралона непадалёк ад Датайна, што знаходзіцца насупраць вялікага спуску юдэйскага, і стаў лагерам між Габаю і горадам скіфаў. І прабыў там з месяц, каб сабраць усё неабходнае для свайго войска.

І сыны Ізраэля, што пражывалі ў Юдэі, пачулі пра ўсё, што зрабіў народам Галафэрн, кіраўнік войска Набукаданосара, цара асірыйцаў, і як абрабаваў усе храмы іх і выдаў іх на знішчэнне. І надта баяліся яго, за Ерузалім, за святыню Госпада, Бога свайго, надта непакоіліся, бо нядаўна вярнуліся з няволі, ды нядаўна ўвесь народ пасяліўся ў Юдэі, і былі асвячоныя пасля спаганення пасудзіны, і ахвярнік, і святыня. Ды паслалі ва ўсе канцы Самарыі вестуноў, і ў вёскі, і ў Бэтарон, і ў Абэлмайн, і ў Ерыхон, і ў Хобу, і ў Айсору, і ў даліну Салем. І занялі ўсе вяршыні высокіх гор, і акружылі мурамі вёскі, што былі ў іх, і прыгатавалі забеспячэнне на выпадак вайны, бо нядаўна былі пажаты іх палі. І вялікі святар Ёакім, які ў тыя дні быў у Ерузаліме, напісаў ліст жыхарам Бэтуліі і Бэтамэстая, што знаходзяцца над спускам насупраць Ездралона перад раўнінай каля Датайна, загадваючы ім заняць праходы горныя, бо тут праходзіла дарога ў Юдэю і лёгка было ўтрымаць іх у час нашэсця, бо пераход быў вузкі нават для двух чалавек. І зрабілі сыны Ізраэля, як загадаў ім вялікі святар Ёакім, які пражываў у Ерузаліме, ды старэйшыны ўсяго ізраэльскага народа. Дый залямантаваў увесь Ізраэль да Бога з вялікаю настойлівасцю, і ўпакорылі душы свае вялікім постам; самі яны, і іх жонкі, і іх дзеці, і іх жывёла, і кожны чужынец ды гандляр, і куплены за іх срэбра нявольнік усклалі на клубы свае зрэбніцы. І ўсе мужчыны Ізраэля, і жанчыны, і дзеці, што пражывалі ў Ерузаліме, упалі перад уваходам у святыню і пасыпалі сабе галовы попелам ды паклалі зрэбніцы свае перад уваходам у святыню Госпадаву. І ахвярнік абцягнулі зрэбніцай, і прызывалі Бога Ізраэля адзінадушна і безупынна, каб не аддаў дзяцей іх на рабаванне, і жанчын на здабычу, і гарады спадчыны іх на вынішчэнне, і святыні — на апаганенне і пасмяянне на радасць паганам. І выслухаў Госпад прызыванне іх і пабачыў гора іх; ды посціў народ многія дні ва ўсёй Юдэі і Ерузаліме, і ўпалі яны перад уваходам у святыню Усемагутнага Госпада. І вялікі святар Ёакім з усімі святарамі, стоячы ў прысутнасці Госпада і служачы Госпаду, падпяразаўшы сцёгны свае зрэбніцамі, складалі ахвяры цэласпалення безупынна, і прырачэнні, і добраахвотныя дары народа. І на кідарах іх быў попел, ды прызывалі Госпада з усёй моцай, каб на дабро наведаў увесь дом Ізраэля.

І Галафэрну, кіраўніку войска асірыйскага, было паведамлена, што сыны Ізраэля падрыхтаваліся да вайны, і закрылі праход паміж гор, ды акружылі мурамі кожную вяршыню высокай гары, і на раўніне паставілі перашкоды. І ён моцна раззлаваўся, і склікаў усіх князёў Мааба, і кіраўнікоў Амона, ды ўсіх загадчыкаў узбярэжжа, і сказаў ім: «Сыны Ханаана, скажыце мне: што гэта за народ, што сядзіць у гарах? І што гэта за гарады, у якіх яны пражываюць, і якая колькасць іх войска? І чаму яны саступілі і не выйшлі супраць мяне перад усімі, што пражываюць на захадзе?» І сказаў яму Ахіёр, кіраўнік сыноў Амона: «Хай выслухае гаспадар мой слова з вуснаў паслугача свайго, і я выяўлю табе праўду пра гэты народ, што жыве каля цябе ў гарах гэтых, і не выйдзе з вуснаў паслугача твайго лгарства. Гэта народ з роду халдэяў, і яны перш жылі ў Месапатаміі, бо не захацелі прызнаваць багоў сваіх бацькоў, якія славіліся ў зямлі халдэяў. І яны ўхіліліся ад дарогі сваіх бацькоў, і пакланіліся Богу нябеснаму, Богу, Якога пазналі, і іх выгналі перад абліччам багоў іх, і ўцяклі яны ў Месапатамію, і пражывалі там доўгі час. І іх Бог загадаў ім ісці з гэтага месца пражывання і кіравацца ў зямлю Ханаан. Дык абжыліся там і абагаціліся золатам, і срэбрам, і вялікім мноствам жывёлы. І перайшлі ў Егіпет, бо голад запанаваў у зямлі Ханаан, і прабывалі там, аж ад’еліся і выраслі там у вялікую колькасць, і не было ліку іх роду. Ды паўсталі супраць іх егіпцяне, і ўцягнулі іх у гліну і цэглу, упакорылі іх і зрабілі іх нявольнікамі. Ды прызвалі яны Госпада свайго, і Ён паразіў усю зямлю Егіпецкую карамі, ад якіх не было ратунку, і выкінулі іх егіпцяне ад аблічча свайго. І перад імі высушыў Бог Чырвонае мора і павёў іх дарогаю на Сінай і Кадэс-Барнэ. І яны выгналі ўсіх жыхароў пустыні, і абжылі зямлю амарэяў, і сілай сваёй выгубілі ўсіх хесебонцаў. І, пераправіўшыся праз Ярдан, завалодалі ўсімі горнымі краінамі, і выгналі ад аблічча свайго хананеяў, феразеяў, евусеяў і сэхеяў, і ўсіх гергесеяў, і пражывалі там доўгі час. І пакуль яны не грашылі перад абліччам свайго Бога, спрыяла ім шчасце, бо з імі Бог, Які ненавідзіць злачыннасць. А калі збочылі з дарогі, якую паказаў ім, тады загінула іх надта многа ў частых войнах, і адведзены былі ў палон у зямлю чужую, і святыню іх Бога зраўнавалі з зямлёй, і гарады іх занялі іх ворагі. І цяпер навярнуліся зноў да Бога свайго, прыйшлі з расцярушання, дзе былі раскінуты, і занялі Ерузалім, у якім знаходзіцца іх святыня, і занялі горныя мясціны, бо былі яны не абжыты. Ды цяпер, гаспадару валадару, калі народ гэты чым вінаваты і грашыць супраць свайго Бога, то мы знойдзем у іх гэтае пашкоджанне, і падымемся на горы, і будзем ваяваць з імі; калі, аднак, няма правіннасці ў гэтым народзе, хай не чапае іх гаспадар мой, каб не заступіўся за іх Госпад і Бог іх, інакш мы будзем на ганьбу перад усёй зямлёй». І сталася: калі Ахіёр перастаў гаварыць гэтыя словы, загаманіў увесь народ, які быў вакол палаткі. І сказалі магнаты Галафэрна і ўсе, што жылі на ўзбярэжжы і ў Маабе, каб забіць яго: «Не пабаімся бо сыноў Ізраэля; вось, гэта народ, у якім няма сілы, ані моцы ў жорсткім баі; таму ўзыдзем на горы, і яны будуць ежаю твайго войска, о валадару Галафэрне».

І калі спынілася абурэнне мужоў, што былі вакол рады, тады кіраўнік войска асірыйскага Галафэрн — у прысутнасці ўсяго народа чужынцаў і ўсіх сыноў Мааба — сказаў Ахіёру: «І хто ты, Ахіёр, і вы, наёмнікі Эфраіма, што праракуеш нам, як сёння, і раіш не ваяваць з народам Ізраэля, бо іх Бог будзе дапамагаць ім? І хто бог, калі не Набукаданосар, цар усёй зямлі? Ён пашле сваю сілу і сатрэ іх з паверхні зямлі, і не вызваліць іх Бог іх. Але мы, паслугачы яго, ударым іх, як аднаго чалавека, і не стрымаюць яны напору нашых коней. Мы бо ўтопім іх у іх саміх, і горы іх пасочацца іх крывёй, і раўніны іх запоўняцца іх трупамі, і не застанецца следу ступняў іх перад намі, але прападуць яны пропадам. Гэта кажа цар Набукаданосар, валадар усёй зямлі; бо сказаў ён, і словы вуснаў яго не будуць пустымі. Ты ж, Ахіёр, найміт Амона, ты, што сказаў гэтыя словы ў дзень сваёй злачыннасці, не ўбачыш з гэтага дня ўжо болей аблічча майго, аж пакуль спаганю помсту на гэтым народзе, што прыбыў з Егіпта. І тады меч майго войска і народ паслугачоў маіх праколюць твае бакі, і, калі прыйду, падзеш разам з іх параненымі. І паслугачы мае завядуць цябе ў горы і пакінуць цябе ў адным з гарадоў на перавале, і ты не прападзеш, аж пакуль разам з імі не будзеш знішчаны. І калі ў сэрцы сваім спадзяешся, што яны не будуць пераможаны, хай твар твой не сумуе. Гэта я сказаў, і не прападзе ніводнае са слоў маіх». І Галафэрн загадаў сваім паслугачам, якія стаялі побач з яго палаткай, злавіць Ахіёра ды завесці яго ў Бэтулію і аддаць у рукі сыноў Ізраэля. Ды злавілі яго паслугачы яго, і завялі яго за лагер на раўніну, і з сярэдзіны раўніны вырушылі на ўзгорышча, і дайшлі да крыніц, што былі каля Бэтуліі. І, калі людзі з горада на вяршыні гары ўбачылі іх, схапілі яны зброю сваю ды выйшлі з горада на вяршыню гары, і ўсе каменямёты загарадзілі ім праход і кідалі на іх камяні. І яны, праходзячы пад гарою, звязалі Ахіёра ды кінулі яго ля падножжа гары і вярнуліся да свайго гаспадара. Сыны ж Ізраэля, спусціўшыся са свайго горада, дапамаглі яму і, развязаўшы яго, завялі яго ў Бэтулію, і прывялі яго да кіраўнікоў свайго горада, якімі ў той час былі: Осія, сын Міхі з пакалення Сімона, і Хабрыс, сын Гатаніэля, і Харміс, сын Мэльхіэля. І яны склікалі ўсіх старэйшын горада, і збеглася ўся моладзь іх, і жанчыны і дзеці іх на сход, і паставілі Ахіёра пасярод усяго іх народа, і Осія выпытваў у яго, што здарылася. І ён у адказ прывёў ім словы дарадчыкаў Галафэрна, і ўсе тыя словы, якія ён сам прамовіў між князямі Асірыі, і тое, што сказаў думна Галафэрн супраць дому Ізраэля. І ўвесь народ кінуўся на зямлю, і пакланіўся Богу, і ўголас маліўся: «Госпадзе, Божа нябесны, зірні на пыхлівасць іх і злітуйся над пакорлівасцю нашага народа, і глянь на аблічча тых, якія пасвяцілі сябе Табе ў гэты дзень». І суцяшалі Ахіёра, і надта хвалілі яго. І Осія са сходу забраў яго ў свой дом ды справіў застолле старэйшынам, і ўсю гэтую ноч прызывалі Бога Ізраэля на дапамогу.

На наступны ж дзень Галафэрн загадаў усяму войску свайму ды ўсяму свайму народу, якія прыйшлі яму на дапамогу, рыхтавацца да Бэтуліі, і заняць уваход у горы, і распачаць вайну з сынамі Ізраэля. І ў той дзень прыгатаваліся ўсе баявыя іх людзі, і войска іх ваяроў было ў сто семдзесят тысяч пешых, і дванаццаць тысяч коннікаў, акрамя абозу і людзей, якія ішлі пешшу за імі, — надта вялікае мноства. І расклаліся лагерам на раўніне каля крыніцы побач з Бэтуліяй, і размясціліся ў шырыню насупраць Датайна аж да Абэлмайна і ў даўжыню ад Бэтуліі аж па Хіямон, што знаходзіцца насупраць Ездралона. Калі ж сыны Ізраэля ўбачылі мноства іх, вельмі ўстрывожыліся і казалі адзін аднаму: «Цяпер яны спустошаць паверхню ўсёй зямлі, не вытрымаюць напору іх ані высокія горы, ані ўзгоркі, ані лагчыны». І ўзяў кожны сваю баявую зброю, і, распаліўшы агні ў вежах муроў сваіх, правартавалі ўсю тую ноч. На другі ж дзень Галафэрн прывёў усю сваю конніцу на вочы сыноў Ізраэля, якія былі ў Бэтуліі, і наведаў уваход у іх горад, і абгледзеў крыніцы водаў, і заняў іх. І размясціў каля іх лагер ваяроў, і сам вярнуўся да свайго народа. І падышлі да яго ўсе князі Эзава, і ўсе кіраўнікі маабскага народа, і намеснікі Прымор’я, і казалі: «Паслухай, валадару наш, параду, каб не спаткала паражэнне войска тваё. Народ бо гэты сыноў Ізраэля верыць не сваім дзідам, але высокім гарам, на якіх жывуць; бо нялёгка ўзабрацца на вяршыні іх гор. Ды цяпер не ваюй, валадару, з імі, як звычайна ваюецца, і не падзе ніводзін чалавек з твайго народа; але заставайся ў сваім лагеры, зберагаючы кожнага ваяра войска свайго, і хай твае паслугачы зоймуць крыніцу вады, якая выцякае з падножжа гары, бо з яе чэрпаюць ваду ўсе жыхары Бэтуліі. І вымарыць іх смага, і здадуць свой горад, і мы і войска тваё ўзыдзем на бліжэйшыя вяршыні гор і абкладзём іх вартай, каб з горада не збег аніводзін чалавек. Ды будуць мучыцца яны смагаю і голадам, яны самі, і жонкі іх, і дзеці іх, і, пакуль прыйдзе на іх меч, пападаюць на вуліцах жыхарства свайго, і адплаціш ім злою адплатаю за тое, што ўзбунтаваліся і не выйшлі ў супакоі табе насустрач». І спадабаліся іх словы Галафэрну і ўсім паслугачам яго, і рашыўся так рабіць, як яны раілі. І вырушыла войска сыноў Мааба, і з імі пяць тысяч сыноў Асірыі, і размясціліся лагерам у даліне, і занялі крыніцы водаў сыноў Ізраэля. І сыны Амона і сыны Эзава ўзышлі на горы і насупраць Датайна размясцілі лагер. І ад іх паслалі людзей на поўдзень і на ўсход насупраць Эгрэбэля, што каля Хуса над ручаём Махмур. І рэшта асірыйскіх войскаў паставіла лагер на раўніне і закрыла ўсю паверхню зямлі; і палатак, і абозаў іх размясцілася там у вялікай колькасці, і былі яны ў вельмі вялікім мностве. І сыны Ізраэля прызвалі Госпада, Бога свайго, бо падалі духам, бо акружылі іх адусюль усе іх ворагі, і не маглі ўцячы ад іх. І ў акружэнні іх, усяго асірыйскага войска: пешых, і калясніц, і конніцы іх прабылі яны трыццаць чатыры дні. І пусцелі ва ўсіх жыхароў Бэтуліі ўсе іх пасудзіны з вадою, і пусцелі вадаёмы іх, і не мелі, з чаго напіцца даволі вады нават адзін дзень, бо выдзялялі ім ваду для піцця. Ды турбаваліся дзеці іх, і жанчыны, і юнакі млелі ад смагі і падалі на вуліцах горада і пры ўваходзе ў брамы, і не мелі яны ўжо сілы. І сабраўся ўвесь народ да Осіі і да князёў горада: юнакі, і жанчыны, і дзеці, — і моцным голасам закрычалі, і казалі перад усімі старэйшынамі: «Хай рассудзіць Бог між вамі і намі, бо зрабілі вы нам вялікую крыўду таму, што не прапанавалі асірыйцам супакою. І цяпер няма каму нас ратаваць, але Бог прадаў нас у іх рукі, каб пападалі перад імі ў смазе і вялікай гібелі. Ды цяпер паклічце іх і аддайце ўвесь горад у няволю народу Галафэрна і ўсяму яго войску. Бо лепей для нас стацца ім здабычай; будзем бо ім рабамі і рабынямі, і хай жыве душа наша, ды не будзем бачыць смерці дзетак нашых, жанчын нашых і сыноў нашых, як будуць яны ўміраць перад вачамі нашымі. Заклінаем вас небам і зямлёю, і богам іх, і Госпадам нашых бацькоў, Які помсціць нам за грахі нашы і за грахі продкаў нашых, каб не зрабіў у гэты дзень паводле слоў гэтых». І падняўся лямант вялікі, адзінадушны паміж усіх, сярод сходу, і яны моцным голасам прызвалі Госпада Бога. І сказаў ім Осія: «Не трывожцеся, браты, і пратрымаемся яшчэ пяць дзён, у якія Госпад, Бог наш, акажа нам Сваю міласэрнасць; не пакіне бо Ён нас на знішчэнне. Калі ж гэтыя пяць дзён пройдуць і не прыйдзе нам дапамога, то паступлю паводле слоў вашых». І разаслаў народ, кожнага ў яго лагер, і пайшлі яны на муры і ў вежы горада, і жанчын і дзяцей адпусцілі да іх дамоў; і былі яны ў надта вялікай пакорлівасці.

І ў той час у горадзе прабывала Юдыт, дачка Мэрары, сына Окса, сына Язэпа, сына Азіэля, сына Хэльцыі, сына Ананіі Гедэона, сына Рэфаіна, сына Ахітоба, сына Эліяба, сына Натанаэля, сына Саламіэля, сына Сурысадая, сына Сімяона, сына Ізраэля. І муж яе Манаса быў з яе пакалення ды з яе роду; і памёр у час жніва ячменю. Стаяў бо ён пры тых, што вяжуць снапы на полі, ды сонца паразіла яму галаву, і ён упаў на ложак і памёр у Бэтуліі, сваім горадзе. І пахавалі яго на полі пры бацьках між Датайнам і Баламонам. І Юдыт заставалася ў доме сваім удавой тры гады і чатыры месяцы. І на даху дома свайго зрабіла яна сабе палатку, і наклала сабе на сцёгны зрэбніцу, і яна адзявалася ў адзенне ўдаўства свайго, і посціла ўсе дні свайго ўдаўства, апрача дзён перад суботамі і саміх субот, і пярэдадней маладзікоў, і ў час маладзікоў, акрамя ўрачыстасцей і радасных дзён дому Ізраэля. І была яна прывабная на від і вельмі прыгожая абліччам, і разважлівая сэрцам, і добрая душою, і дастойная вельмі; муж бо яе Манаса, сын Язэпа, сына Ахітоба, сына Мэлхісуа, сына Эліяба, сына Натанаэля, сына Сурысадая, сына Сімяона, сына Ізраэля, пакінуў ёй па сабе золата і срэбра, паслугачоў і паслугачак, і жывёлу, і маёмасць; і яна гаспадарыла гэтым; і ніхто яе не мог упікнуць словам благім, бо надта баялася Бога. І пачула яна злосныя словы народа супраць кіраўніка, бо падалі духам дзеля нястачы вады. І пачула Юдыт усе словы, якімі прамаўляў да іх Осія, як прысягнуў ім, што па пяці днях аддасць горад асірыйцам. І, паслаўшы сваю паслугачку, якая была загадчыцай усёй маёмасці яе, паклікала яна Осію, і Хабрына, і Харміна, — старэйшын свайго горада. І яны прыйшлі да яе. І яна кажа ім: «Паслухайце мяне, кіраўнікі пражываючых у Бэтуліі! Бо няправільнае слова ваша, якое выказалі вы перад людзьмі ў той дзень і пакляліся клятвай гэтаю, якую выказалі між Богам і вамі, і вы казалі, што аддасце горад нашым ворагам, калі за тыя дні не дасць нам дапамогі Госпад, Бог наш. І кім вы з’яўляецеся сёння, што спакушаеце Бога ў сённяшні дзень і што становіцеся за Бога сярод сыноў чалавечых? І вы цяпер выпрабоўваеце Госпада Усемагутнага ды нічога не зразумееце аж павек. Таму што не даследуеце глыбіні сэрца чалавечага ані прасочыце думкі яго розуму, дык як вы даследуеце Бога, Які стварыў усё гэта, і як пазнаеце Яго розум ды як прасочыце намеры Яго? Дарэчы, браты, не гнявіце Госпада, Бога нашага, бо, калі не захоча дапамагчы нам у гэтыя пяць дзён, мае Ён моц, у якія дні захоча, абараніць або загубіць нас на віду ворагаў нашых. А вы не вымушайце рашэнняў ад Госпада, Бога нашага, бо Бог — гэта не чалавек, каб палохаць Яго пагрозамі, і не сын чалавечы, каб Яго судзіць. Дзеля таго, каб атрымаць збаўленне ад Яго, прызавём Яго на дапамогу сабе, і Ён выслухае прызыванне наша, калі Яму гэта спадабаецца. Таму што не з’явіўся ў родзе нашым, і няма ў цяперашні час аніводнага пакалення, ані роду, ані пасялення, ані горада ў нас, якія б пакланяліся багам, зробленым рукамі, так як гэта бывала ў даўнія часы, за што бацькі нашы былі аддадзены пад меч і на здабычу ды падалі ў вялікім паражэнні на віду нашых ворагаў. Мы ж не ведаем іншага Бога, апрача Таго, на Якога спадзяёмся, што не адцураецца ад нас ды не спыніць збаўлення Свайго нашаму народу. Дарэчы, калі мы патрапім у няволю, то патрапіць таксама ўся Юдэя, і святыні нашы будуць абрабаваны, і Бог за сплягаванне іх зажадае крыві нашай, і смерць нашых братоў, і паланенне зямлі ды спусташэнне спадчыны нашай зваліць на галовы нашы пасярод народаў, якімі будзем зняволены. І будзем на згаршэнне і ў ганьбу тым, што намі авалодаюць, бо няволя наша не паслужыць на пашану, але Госпад, Бог наш, накіруе яе на ганьбу. Ды цяпер, браты, пакажам нашым братам, што ад нас залежыць жыццё іх і ўсё, што святое: і дом, і ахвярнік — абапіраюцца на нас. Таму дзеля ўсяго гэтага ўсякую падзяку складаем Госпаду, Богу нашаму, Які нас, як і бацькоў нашых, выпрабоўвае. Прыпомніце, што Ён зрабіў з Абрагамам і з Ізаакам ды што спаткала Якуба ў Месапатаміі Сірыйскай, калі пасвіў авечак Лабана, брата сваёй маці. Бо не спаліў іх для выпрабавання сэрцаў іх, як і нам не адпомсціў, але для напаміну адхвастаў Госпад тых, што набліжаюцца да Яго». І сказаў ёй Осія: «Усё, што сказала ты, з добрага сэрца сказала, дый таго няма, хто б мог працівіцца тваім словам, бо не ад сённяшняга дня выяўляецца мудрасць твая, але ад пачатку дзён тваіх увесь народ ведае пра розум твой, бо добрыя ёсць намеры сэрца твайго. Але народ адчувае вялікую смагу, і змусілі нас чыніць тое, што мы ім прыраклі, і наклалі на нас прысягу, якую не можам адклікаць. І цяпер маліся за нас, і, можа, цябе выслухае Бог наш, бо ты святая жанчына, і пашле Госпад дождж, каб запоўніць нашы вадаёмы, і ўжо не будзем млець». І сказала ім Юдыт: «Паслухайце мяне, і я зраблю справу разважліва, гэта пяройдзе з пакалення ў пакаленне нашчадкам роду нашага. У гэту бо ноч вы станеце пры браме, і я з паслугачкай сваёй выйду, і ў днях, па якіх паабяцалі вы выдаць горад ворагам нашым, Госпад праз маю руку наведае Ізраэль, як я веру. Вы ж не цікаўцеся маім учынкам; бо я не выяўлю вам, пакуль тое не здзейсніцца, што я раблю». І Осія і князі сказалі ёй: «Ідзі ў супакоі, і хай Госпад Бог будзе перад табой, каб учыніць помсту непрыяцелям нашым». Ды, пакінуўшы палатку яе, адышлі на свае становішчы.

Юдыт жа ўпала на твар свой, і пасыпала попелам галаву сабе, і раздзерла туніку сваю, і скінула з сябе зрэбніцу, у якую была апранута; і ў той час, калі ў Ерузаліме вечарам у доме Божым складалі ахвяру цэласпалення, Юдыт моцным голасам да Госпада малілася і сказала: «Госпадзе, Божа бацькі майго Сімяона, якому ў руку даў Ты меч на помсту чужынцам, якія развязалі пояс дзявочы для апаганення, ды агалілі сцёгны для ганьбы, ды абняславілі ўлонне для знявагі. Ты бо сказаў: “Так не будзе!”, а яны зрабілі. За іх выдаў ты князёў іх на забіццё, і іх пасцель, якая пачырванела дзеля іх ашуканства, зведзеная ў кроў, і паразіў нявольнікаў разам з князямі, а князёў з іх пасадамі. І жонак іх выдаў Ты на здабычу, і дачок — у няволю, і ўсю іх маёмасць — на падзел між улюбёнымі Табою сынамі, якія рупіліся руплівасцю Тваёю і мелі ў нянавісці апаганенне сваёй крыві, дый прызывалі Цябе на дапамогу. Божа, Божа мой, выслухай мяне, удаву. Ты бо стварыў ранейшае за гэта і гэта; і тое, што раней, і тое, што зараз, і тое, што будзе; Ты задумаў — і сталася, што задумаў. І з’явілася тое, чаго захацеў, і сказала: “Вось, я тут”. Усе бо дарогі Твае гатовыя, і стварэнне Тваё [Табою] прадбачана. Бо, вось, асірыйцы зрабіліся дужымі дзеля войска свайго, і ўбіліся ў пыху дзеля сваіх коней і коннікаў, выхваляліся дзеля пляча пешых, усклалі надзею на шчыты і дзіды і на лукі і прашчы, і не пазналі, што Ты — Госпад, Які рашае войны; Госпад — імя Тваё. Сатры сілы іх, вечны Божа, сатры вялікую моц іх Сваёю сілаю і адвядзі моц іх гневам Сваім. Захацелі бо яны апаганіць святыню Тваю, зганьбаваць палатку супачывання імя велічы Тваёй ды жалезам адбіць рог ахвярніка Твайго. Зірні на іх пыхлівасць, спусці гнеў Свой на іх галовы; дай руцэ маёй, удовінай, сілу, каб здзейсніць, што задумала. І паразі нявольніка з вуснаў падману майго разам з валадаром і валадара разам з нявольнікам яго; знішчы іх пыху рукой удавы. Бо не ў мностве Твая моц, і ўладанне Тваё не залежыць ад дужых, але Ты — Бог пакорлівых і Успаможца прыгнечаных, Апякун кволых, Абаронца адрынутых, Збаўца знявераных. Затым, затым, Божа бацькі майго і Божа спадчыны Ізраэля, Валадару неба і зямлі, Творца водаў, Цар усяго стварэння Свайго, выслухай маленне маё і дай мне мову, і перакананне, каб скалечыла і параніла тых, што задумалі страшнае супраць прымірэння Твайго, і супраць святога дома Твайго, і гары Сіёна, ды дому, які належыць сынам Тваім. І пераканай увесь народ Твой, і кожнае пакаленне, каб пазналі, што Ты ёсць Бог над усім уладаннем, Усемагутны, і няма іншага Абаронцы народа Ізраэля, апрача Цябе».

І сталася, калі перастала прызываць Бога Ізраэля і закончыла ўсе гэтыя словы, паднялася з прыгнёту свайго, і паклікала сваю паслугачку, ды пайшла ў свой дом, дзе прабывала ў суботы і святочныя дні свае. І зняла зрэбніцу, у якую была апранута, і зняла з сябе адзенне ўдаўства свайго, і памыла цела сваё ў вадзе, і намасцілася духмянасцямі, і расчасала валасы на сваёй галаве, і ўсклала на галаву сваю мітру ды ўбралася ў адзенне прыгажосці сваёй, у якое ўбіралася ў дні жыцця мужа свайго Манасы. І абула на свае ногі сандалі, і надзела нажныя кольцы, і бранзалеты, і пярсцёнкі, і завушніцы, і ўсе свае ўпрыгожанні, ды занадта ўпрыгожыла сябе, каб звярнуць на сябе вочы мужчын, якія яе ўбачаць. І дала нявольніцы сваёй бурдзюк з віном, і пасудзіны з аліўкавым алеем, і напоўніла торбу ячменнай кашай, і кавалкамі фігавымі, і хлебам, і сырамі; звязала ўсе гэтыя пасудзіны і дала ёй. І пайшлі да брамы горада Бэтуліі, і там сустрэлі Осію і старэйшын горада Бэтуліі, што стаялі там, Хабрына і Харміна. Калі яны ўбачылі яе, і зменены быў выгляд яе, і зменена адзенне, здзівіліся надта і сказалі ёй: «Хай Бог бацькоў нашых падаруе табе Сваю ласку і хай споўніць твае намеры на славу сыноў Ізраэля і для ўзвышэння Ерузаліма». І яна, упаўшы на твар, пакланілася Богу і сказала ім: «Загадайце адкрыць мне гарадскую браму, каб пайсці і споўніць намеры, аб чым гаварылі вы са мною». І загадалі юнакам адкрыць ёй браму, як гаварылі, і так зрабілі. І выйшла Юдыт сама і нявольніца яе з ёю; і наглядалі за ёй мужы горада, як узышла на ўзгорак, як прайшла лагчыну, і далей не бачылі яе. І ішлі ў лагчыну напрасткі, і сустрэла іх першая асірыйская варта. І затрымалі яе, і запыталі яе: «Чыя ты, і адкуль ідзеш, і куды ідзеш?» І сказала яна ім: «Я дачка гебраяў, і ўцякаю ад іх, бо выдадзены яны вам на здабычу. І іду да Галафэрна, кіраўніка вашага моцнага войска, каб яму перадаць словы праўды, ды пакажу яму дарогу, якою ідучы, авалодае ўсімі ўзгоркамі, і не згіне з людзей яго ніводзін чалавек, ані жывая душа». І калі ваяры пачулі словы яе і агледзелі твар яе — і была яна ў вачах іх проста цудоўная абліччам — сказалі ёй: «Захавала ты жыццё сваё, на дабро спяшаючыся да гаспадара нашага. І цяпер ідзі ў палатку яго, і некаторыя з нас праводзяць цябе, пакуль даставяць цябе ў яго рукі. А калі станеш перад ім, не май страху ў сваім сэрцы, але паўтары яму словы твае, і ён добра абыдзецца з табой». І выбралі паміж сябе сто ваяроў, і праводзілі яе і яе нявольніцу ды завялі ў палатку Галафэрна. І па ўсім лагеры сабраліся людзі, бо па ўсіх палатках разнеслі вестку аб яе прыбыцці. Дык збегліся яны і акружылі яе, калі стаяла яна каля палаткі Галафэрна, пакуль паведамілі яму аб ёй. І дзівіліся яны на прыгажосць яе, ды слухалі словы яе, што былі надта мілыя, і хвалілі сыноў Ізраэля дзеля яе. І кожны казаў блізкаму свайму: «Хто можа пагарджаць такім народам, які мае ў сябе такіх жанчын? Нельга бо, каб застаўся хоць адзін мужчына з іх, што могуць падмануць увесь свет». І выйшлі ўсе пакаёвыя Галафэрна і ўсе паслугачы яго, і ўвялі яе ў яго палатку. І Галафэрн адпачываў на ложку сваім пад палогам, што быў з пурпуру і быў вытканы золатам, і ізумрудам, і найкаштоўнейшымі камянямі. І паведамілі яму аб ёй. Калі ён пачуў, выйшаў у прысенак палаткі, і перад ім неслі вельмі шмат срэбраных лямпаў. І ўвялі яе да яго. А калі Юдыт стала перад ім і перад яго паслугачамі, усе пахвалілі прыгажосць аблічча яе; і яна, упаўшы на твар, пакланілася яму, і паслугачы яго паднялі яе.

І Галафэрн сказаў ёй: «Будзь адважнай, жанчына, і не трывож сэрца свайго, я бо ніколі не скрыўдзіў чалавека, які рашыўся служыць Набукаданосару, цару ўсёй зямлі. І зараз, калі б народ твой, што жыве ў гарах, не пагардзіў мною, не падняў бы я дзіды сваёй супраць іх, але гэта нарабілі яны самі сабе. Ды цяпер скажы мне: “З якой прычыны пакінула ты іх ды прыбыла да нас?” Бо прыбыла ты, каб выратавацца. Будзь мужнай, будзеш жыць у гэтую ноч і далей. Няма бо нікога, хто б цябе пакрыўдзіў, і я зраблю табе добра, як робіцца паслугачам гаспадара майго». І сказала яму Юдыт: «Прымі словы паслугачкі сваёй, і будзе гаварыць паслугачка твая перад табою, і не салгу гаспадару майму ў гэтую ноч. І, калі паслухаеш словы тваёй паслугачкі — выканаеш сваімі рукамі ўсё, што Бог зробіць праз цябе, і, гаспадару мой, не падманешся ў сваіх намерах, як доўга будзеш жыць. Хай бо жыве Набукаданосар, і хай жыве войска яго; цар усёй зямлі, які паслаў цябе, каб узвесці на простую дарогу ўсякую душу жывую, бо дзякуючы табе не толькі людзі служаць яму, але таксама звяры палявыя, і жывёла, ды птушкі ў паветры, і дзеля тваёй моцы жыць будуць для Набукаданосара і ўсяго яго дома. Пачулі мы бо пра мудрасць тваю і пра вынаходлівасць душы тваёй, і аб’яўлена па ўсёй зямлі, што толькі ты адзін добры ва ўсім царстве і здольны да разважлівасці ў вядзенні вайны. І зараз што да прамовы, гаспадару мой, якую сказаў Ахіёр на нарадзе тваёй, дык ведаем яго словы, бо людзі з Бэтуліі захавалі яго жывым і ён усё ім расказаў, што гаварыў ён перад табою. Дзеля таго, валадару гаспадару, не зважай на яго словы, але пакладзі ў сэрца сваё, бо яно праўдзівае. Бо не спадзе помста на народ наш, ані меч не пераможа іх, калі не зграшаць яны перад Богам сваім. І цяпер, каб гаспадар мой не быў адкінуты, нічога не здзейсніўшы, смерць упадзе на іх аблічча, і ахопіць іх грэх вялікі, у якім увядуць яны ў гнеў Бога свайго; і як зробяць яны гэта — будуць табе на знішчэнне. Бо калі не хапіла ім харчоў і не стала ім вады, рашылі кінуцца на жывёлу сваю ды задумалі есці ўсё, што ім Бог законамі Сваімі забараніў есці. Рашылі есці і пяршыні збожжа, і дзесяціны віна і аліўкавага алею, якія, асвячоныя, захавалі для святароў, што адбываюць службу перад абліччам Бога нашага ў Ерузаліме, да тых рэчаў нікому з народа нельга дакранацца. І паслалі пасланцоў у Ерузалім, — бо і там пражываючыя рабілі тое самае, — каб ім быў прынесены дазвол ад старэйшын. І станецца гэта: як толькі ім аб гэтым паведамяць і яны будуць рабіць так, то ў той самы дзень будуць выдадзены табе на пагібель. Дзеля таго я, паслугачка твая, калі даведалася пра ўсё гэта, уцякла ад іх, і Бог паслаў мяне, каб разам з табой даканала справу, што задзівіцца ўся зямля, кожны, хто пра гэта пачуе. Бо паслугачка твая славіць Бога ды служыць Богу нябеснаму днём і ноччу. Ды цяпер застануся ў цябе, гаспадару мой, і ноччу нявольніца твая выйдзе ў даліну маліцца да Бога, і Ён мне падкажа, калі яны дапусцяцца грахоў іх. І, як вярнуся, паведамлю гэта табе, і выйдзеш з усім войскам сваім, і не будзе каму табе працівіцца. І я правяду цябе праз Юдэю, пакуль не дайду да Ерузаліма і пастаўлю пасад твой сярод іх, і ты павядзеш іх, як авечак, якія не маюць пастуха. І не завурчыць сабака пашчаю сваёю супраць цябе, бо гэта мне сказана, згодна з прадбачаннем маім абвешчана гэта мне, і я паслана паведаміць табе». І спадабаліся яе словы Галафэрну ды ўсім яго паслугачам, і задзівіліся яны яе прыгажосці і мудрасці, і казалі: «Няма такой жанчыны ад канца аж да канца зямлі, што да прыгажосці аблічча ды разумнай мовы». І сказаў Галафэрн да яе: «Добра зрабіў Бог, пасылаючы цябе перад сынамі твайго народа, каб у руках нашых была сіла, а тым, што пагардзілі гаспадаром маім, — пагібель. І зараз прыгожая ты на выгляд і добрая ў словах сваіх. Калі бо ты сапраўды зробіш, што сказала, то твой Бог будзе маім Богам, і ты будзеш жыць у Набукаданосара цара ды будзеш слаўнаю на ўсёй зямлі».

І загадаў завесці яе туды, дзе расстаўлялі яго срэбраныя пасудзіны. Ды казаў ёй узлегчы, і загадаў даць ёй есці са сваіх страў і піць віно сваё. І Юдыт сказала: «Не буду есці гэтага, каб не было мне згаршэння, але з таго, што я прынесла, хай пададуць мне». І адказаў ёй Галафэрн: «Калі ж не хопіць табе таго, што прынесла, дык адкуль возьмем і пададзім табе падобныя тым стравы? Няма бо з намі чалавека з роду твайго, які б меў падобнае». І Юдыт сказала яму: «Няхай жыве гаспадар мой, бо нявольніца твая не з’есць таго, што з сабой узяла, як Госпад рукой маёй споўніць тое, што Ён рашыў». І адвялі яе паслугачы Галафэрна ў палатку, і спала яна да поўначы. І ўстала перад ранняю вартай, і паслала да Галафэрна, кажучы: «Хай загадае гаспадар мой зараз выпусціць нявольніцу сваю пайсці памаліцца». Ды загадаў Галафэрн вартаўнікам сваім не забараняць ёй выйсці. І прабывала яна ў лагеры тры дні. І ноччу выходзіла ў даліну каля Бэтуліі і абмывалася ў воднай крыніцы. І, вярнуўшыся, маліла Госпада, Бога Ізраэля, каб пакіраваў яе дарогаю на ўзвышэнне народа Свайго. І, вярнуўшыся чыстай, прабывала ў палатцы да таго часу, калі вечарам прыносілі ёй уласную ежу. І сталася, што на чацвёрты дзень Галафэрн справіў застолле толькі для сваіх паслугачоў і не запрасіў на застолле нікога з тых, хто быў на службе. І сказаў ён еўнуху Багоі, які быў загадчыкам над усёй маёмасцю яго: «Ідзі і пераканай жанчыну гебрайку, што ў цябе, каб прыйшла да нас і ела і піла з намі. Бо, вось, ганьба нам, каб мы такую жанчыну пусцілі, не пагаварыўшы з ёю, бо яна пасмяецца з нас, калі мы яе не запросім». Ды выйшаў Багоя ад Галафэрна, і пайшоў да яе, і сказаў ёй: «Было б прыемна, калі б гэтая добрая дзяўчына прыйшла да майго гаспадара, каб уславіць яго, і піць з намі віно на ўвесяленне, і быць у сённяшні дзень узвышаемаю, як адна з дачок магнатаў Асірыі, прабываючых у доме Набукаданосара». І сказала яму Юдыт: «І хто я такая, каб працівілася гаспадару майму? Усё бо, што будзе найлепшым у вачах яго, учыню, паспяшаючы, і будзе гэта для мяне радасцю аж да дня маёй смерці». І ўстала, убралася пышна ў свае шаты і ва ўсякія жаночыя ўпрыгожанні, і апярэджвала яе паслугачка, і разаслала для яе перад Галафэрнам на зямлі дываны, якія атрымала яна ад Багоі на штодзённы ўжытак, каб есці, на іх узлягаючы. І, увайшоўшы, Юдыт узлягла. Ды захапіўся Галафэрн у сэрцы сваім яе выглядам, і ўсхвалявалася душа яго, і пажадаў надта ляжаць з ёю; і ад дня, калі ўбачыў яе, шукаў магчымасці яе звесці. І прамовіў да яе Галафэрн: «Пі цяпер з намі і весяліся разам». І Юдыт адказала яму: «Вып’ю, гаспадару, бо ніколі ад дня майго нараджэння жыццё маё не мела такога гонару, як сёння». Ды ўзяла, што ёй прыгатавала нявольніца, ела і піла ў яго прысутнасці. І Галафэрн захапляўся ёю, і піў многа віна, ды столькі, што ніколі ў адзін дзень столькі не выпіваў ад сваіх народзін.

І калі настаў вечар, паслугачы яго паспяшаліся выйсці, і Багоя замкнуў палатку знадворку і аддзяліў прысутных ад свайго гаспадара. І яны ўсе пайшлі да пасцеляў сваіх, таму што ўсе былі змучаны, бо выпіта было надта многа. А ў палатцы засталіся толькі сама Юдыт і Галафэрн, які ляжаў на сваёй пасцелі, бо ўпіўся віном. І Юдыт сказала сваёй нявольніцы, каб стаяла яна знадворку спальні і пільнавала яе выхад, як і кожны дзень; бо яна сказала, што выходзіць на сваё маленне, і Багоі сказала тое самае. І адышлі ад яго ўсе, і ніхто не застаўся ў яго спальні, ад найменшага аж да найбольшага. І Юдыт, стоячы каля галавы яго, малілася: «Госпадзе, Госпадзе, Божа Усемагутны, зірні ў гэтую хвіліну на дзейнасць рук маіх для ўзвышэння Ерузаліма. Бо цяпер час адабраць спадчыну Тваю ды здзейсніць мой намер паразіць ворагаў, якія нахлынулі на нас». Ды падышла да слупа пасцелі, што быў каля галавы Галафэрна, яна зняла з яго меч яго, і, падышоўшы да пасцелі, узяла яго галаву за валасы ды сказала: «Божа Ізраэля, дай мне сілы ў гэты дзень, Госпадзе, Божа Ізраэля». Ды ўдарыла яго двойчы з усёй сілы ў карак і адрэзала яго галаву ад яго. І сапхнула яго цела з ложка, і зняла заслону яго са слупоў; і крыху пазней выйшла, і падала нявольніцы сваёй галаву Галафэрна, і яна паклала яе ў сваю торбу з ежай сваёй, і выйшлі, як звычайна, абедзве разам, як быццам на малітву. І, прайшоўшы праз лагер, абмінулі ўсю даліну гэтую, і ўвайшлі на гару Бэтуліі, ды так дайшлі да яе брам. І Юдыт ужо здалёку ад іх крычала да вартаўнікоў пры брамах: «Адчыніце, адчыніце браму! З намі Бог, Бог наш, каб выявіць яшчэ сілу ў Ізраэлі ды моц супраць нашых ворагаў, як гэта і сёння ўчыніў». І сталася, калі гараджане пачулі голас яе, паспяшаліся дабрацца да брамы горада свайго і пазвалі старэйшын горада. Ды збегліся ўсе ад найменшага аж да найбольшага, бо неверагодным здавалася ім, што яна вярнулася. І адчынілі браму, і прынялі іх, і, запаліўшы агонь, каб светла было, акружылі яе кругам. Яна моцным голасам сказала ім: «Слаўце Госпада нашага, хваліце, бо не спыніў міласэрнасці сваёй адносна дому Ізраэля, але маёю рукою паразіў ворагаў нашых у гэтую ноч». І, вымаючы з торбы сваёй галаву, паказала і сказала ім: «Вось галава Галафэрна, кіраўніка магутнага войска асірыйскага, і вось заслона, пад якой ляжаў, напіўшыся. І знішчыў яго Госпад рукою жанчыны. Жыве Госпад, Які захаваў мяне ў дарозе маёй, якую прадузяла, бо звяло яго аблічча маё на пагібель яго, і не змог зграшыць са мною на маю ганьбу і на сорам». І здзівіўся дужа ўвесь народ, і, упаўшы на зямлю, аддалі паклон Богу, і загаманілі ў адзін голас: «Дабраславёны будзь, Божа наш, Які ў сённяшні дзень знішчыў ушчэнт ворагаў твайго народа». І адазваўся да яе Осія: «Дабраславёная ты, дачка, Богам Узвышнім над усімі жанчынамі, якія жывуць на зямлі. Ды дабраславёны Госпад, Бог наш, Які стварыў неба і зямлю, Які скіраваў цябе, каб адсекла ты галаву кіраўніку ворагаў нашых. Бо не сціхне слава твая ў сэрцах людскіх, што памятаюць моц Божую, аж навечна. І хай залічыць гэта табе Бог на славу вечную, хай узнагародзіць цябе дабром дзеля таго, што ты не пашкадавала жыцця свайго ў час пакарэння народа нашага, але супрацьстаяла пагібелі нашай, ступаючы дарогай правільнай перад абліччам Бога нашага». І ўвесь народ загаманіў: «Хай так будзе, хай так будзе!»

І Юдыт сказала ім: «Паслухайце мяне, браты, і вазьміце гэтую галаву, і павесьце яе над умацаваннем мура нашага. І, калі развіднее і сонца ўзыдзе над зямлёю, хай кожны возьме сваю баявую зброю, і хай кожны чалавек, здатны да бою, выйдзе з горада, і хай пачнуць яны наступ супраць іх, як быццам сыходзяць яны на раўніну, да першай варты сыноў Асірыі; ды хай яны не сыходзяць. І хай тыя, узяўшы зброю сваю, пойдуць у лагер свой, і падымуць кіраўнікоў войска асірыйскага, і збягуцца да палаткі Галафэрна, і не знойдуць яго, і ахопіць іх страх, і ўцякуць яны перад абліччам вашым. І ідзіце следам за імі вы і ўсе, хто насяляе ўсю зямлю Ізраэля, нішчыце іх на ўсіх шляхах іх. А перад тым як учыніць гэта, паклічце мне Ахіёра аманіта, каб ён, паглядзеўшы, апазнаў таго, хто ганьбіў дом Ізраэля і яго самога, як быццам на смерць, паслаў да нас». І паклікалі Ахіёра з дома Осіі, які, калі прыйшоў і ўбачыў галаву Галафэрна ў руцэ аднаго чалавека з народнага сходу, упаў на твар, і аслабеў дух яго. Калі ж яго абудзілі, упаў ён да ног Юдыт, і пакланіўся абліччу яе, і сказаў: «Дабраславенная ты ва ўсякай палатцы Юды і ва ўсякім народзе, што ўсхвалюецца, пачуўшы імя тваё. І зараз распавядзі мне пра ўсё, што зрабіла ты ў гэтыя дні». І паведаміла яму Юдыт сярод народа пра ўсё, што яна зрабіла, ад таго дня, калі яна адышла, да дня, у які прамаўляла да іх. Калі ж яна перастала гаварыць, узрадаваўся ўвесь народ гучна ўголас і ўсклікнуў радасным крыкам у сваім горадзе. Ахіёр жа, бачачы ўсё, што зрабіў Бог Ізраэля, шчыра паверыў у Бога, і абрэзаў крайнюю плоць сваю, і далучыўся да дому Ізраэля па гэты дзень. А пасля таго як развіднела, павесілі яны галаву Галафэрна над мурам; і ўзяў кожны чалавек сваю зброю, і выйшлі яны па дружынах, каб узысці на гару. А асірыйцы, калі ўбачылі іх, паслалі да сваіх намеснікаў, і тыя прыйшлі да князёў, і да тысячнікаў, і да ўсіх сваіх кіраўнікоў. І прыйшлі яны да палаткі Галафэрна, і сказалі Багоі, які быў загадчыкам маёмасці яго: «Пабудзі гаспадара нашага, бо адважыліся юдэі сысці да нас дзеля бітвы, каб загінуць цалкам». І ўвайшоў Багоя, і пастукаў па пакрывале; меркаваў бо, што той спіць з Юдыт. Калі ж ніхто не адазваўся, ён, адхінуўшы пакрывала, увайшоў у спальню і знайшоў яго, кінутага на лаўцы для ног, мёртвага, голага, і галавы яго не было ў яго. І закрычаў ён гучна, з плачам, і з лямантам, і з вялікім крыкам, і раздзёр шаты свае. І ўвайшоў ён у палатку, дзе гасцявала Юдыт, і не знайшоў яе. І выбег ён да народа, і закрычаў: «Несправядліва зрабілі рабы! Абняславіла адна гебрайская жанчына дом цара Набукаданосара, бо вось, Галафэрн — на зямлі, і галавы яго няма на ім!» Калі кіраўнікі войска асірыйскага пачулі гэтыя словы, раздзёрлі яны вопратку сваю, і ўзрушылася надта душа іх, і падняўся крык вялікі і лямант у лагеры.

Калі ж пачулі пра гэта тыя, хто быў у палатках, спужаліся яны з-за таго, што сталася. І ахапілі іх страх і боязь, і не было чалавека, хто б яшчэ заставаўся перад абліччам блізкага свайго, але, кінуўшыся, яны беглі па ўсіх дарогах раўнінных і горных. І пусціліся наўцёкі тыя, хто паставіў лагер на ўзгорках вакол Бэтуліі. І тады сыны Ізраэля — кожны ваяр іх — кінуліся за імі. І паслаў Озія ў Бэт-Амэстаім, і ў Бэмэн, і ў Хобу, і ў Холу, і ва ўсе землі Ізраэля, каб яны абвясцілі аб тых рэчах, што адбыліся, і каб усе кінуліся на ворагаў дзеля забіцця іх. Калі ж пра гэта пачулі сыны Ізраэля, то ўсе разам напалі на іх і забівалі іх да Хобы. А таксама і тыя, хто быў у Ерузаліме, прыбылі з усіх гор; бо ім было абвешчана, што сталася ў лагеры ворагаў іх. І тыя, хто быў у Галаадзе і ў Галіме, пагналіся за імі і пакаралі іх вялікаю караю, пакуль не прайшлі Дамаск і межы іх. Астатнія ж, хто пражываў у Бэтуліі, напалі на асірыйскі лагер, і абрабавалі яго, і надта ўзбагаціліся. Сыны ж Ізраэля, спыніўшы забойства, авалодалі рэштаю; і вёскі, і сёлы на ўзгорках і на раўніне атрымалі багатую здабычу; колькасць бо яе была вялікаю. І прыйшоў першасвятар Ёакім і старэйшыны сыноў Ізраэля, якія жылі ў Ерузаліме, каб убачыць дабро, што зрабіў Госпад Ізраэлю, і каб пабачыць Юдыт і пагаварыць з ёю ў супакоі. І калі выйшла да іх Юдыт, яе дабраславілі ўсе разам і сказалі ёй: «Ты — веліч Ерузаліма, ты — вялікая слава Ізраэля, ты — вялікая пахвала народа нашага. Зрабіла ты ўсё гэта сваёю рукой, зрабіла дабро Ізраэлю, і спадабалася гэта Богу. Будзь дабраславёная, жанчына, у Бога Усемагутнага навек». І сказаў увесь народ: «Хай так будзе, хай так будзе!» І абрабаваў народ лагер за трыццаць дзён, і аддалі Юдыт палатку Галафэрна, і ўсё срэбра, і ложкі, і пасудзіны, і ўсю яго маёмасць. І яна, узяўшы гэта, усклала гэта на мулаў, і запрэгла рыдваны свае, і паклала гэта на іх. І збегліся ўсе жанчыны Ізраэля, каб пабачыць яе, і дабраславілі яе, і самі ўчынілі ёй карагод. І ўзяла яна тырсы ў рукі свае, і аддала жанчынам, што былі з ёю. І былі ўвянчаныя аліўкавымі галінамі яна і жанчыны, што з ёю былі. І пайшла яна наперадзе ўсяго народа ў карагодзе, на чале ўсіх жанчын, і ішлі за ёю ўсе ўзброеныя ваяры Ізраэля з вянкамі і з гімнамі ў вуснах сваіх. І пачынала Юдыт гэтае вызнанне ва ўсім Ізраэлі, і прамаўляў увесь народ хвалу гэтую Госпаду.

І сказала Юдыт: «Пачніце граць Богу майму на тымпанах, спявайце Госпаду майму пад цымбалы, спявайце Яму новы псальм, узвышайце і праслаўляйце імя Яго. Ты — Бог, Які вырашае войны, Які ставіць лагер пасярод народа Свайго, каб вырваць мяне з рук тых, хто пераследуе мяне. Прыйшоў Асур з гор, з поўначы, прыйшоў з тысячамі ваяроў сваіх, мноства якіх заняло ручаі, і конніца іх пакрыла ўзгоркі. І сказаў ён, што спаліць мае землі, і заб’е мечам маіх юнакоў, і кормячых маці маіх аддасць зямлі, і немаўлят маіх аддасць на разарванне, і дзяўчат — на распрананне. Госпад Усемагутны пагрэбаваў імі і пасарамаціў іх рукою жанчыны! Бо загінуў уладар іх не ад юнакоў, ані сыны тытанаў паразілі яго, ані высокія гіганты скінулі яго, але Юдыт, дачка Мерары, відам аблічча свайго аслабіла яго. Бо зняла яна з сябе адзенне ўдаўства свайго дзеля ўзвышэння пакутнікаў у Ізраэлі. Памазала яна аблічча сваё маззю, і сабрала валасы свае ў мітру, і апранулася ў столу льняную дзеля таго, каб спакусіць яго. Сандаля яе захапіла вока яго, і прыгажосць яе ўзяла ў палон душу яго, і прайшоў меч карак яго. Спалохаліся персы з-за адвагі яе, і ўсхваляваліся мідыйцы з-за стойкасці яе. Тады закрычалі ўпакораныя мае, і кволыя загаманілі, і спужаліся яны, у вышыню ўзнялі яны голас свой і кінуліся прэч. Сыны маладых жанчын праколвалі іх і ранілі іх, тых, хто добраахвотна аддаўся; загінулі яны ад бітвы Госпада майго. Буду спяваць я Богу майму новы гімн: Госпадзе, Ты — вялікі і слаўны, дзіўны моцаю і непераможны. Табе служыць кожнае стварэнне тваё, бо Ты сказаў — і сталася, Ты паслаў Духа Свайго — і ўсталявалася, і няма нікога, хто б супрацівіўся голасу Твайму. Бо горы з водамі зрушацца з падмуркаў, а скалы перад абліччам Тваім расплавяцца, нібыта воск. А да тых, хто баіцца Цябе, будзеш ласкавы. Бо малая ўсякая ахвяра дзеля водару прыемнага і надта малы ўсякі тлушч на цэласпаленне Табе. А хто баіцца Госпада, той у Яго заўсёды вялікі. Гора народам, што паўстаюць на род мой! Госпад Усемагутны адпомсціць ім, у дзень суда пакарае іх, каб даць агонь чарвякам у целах іх і спаліць іх, каб вечна адчувалі яны гэта». Калі ж прыйшлі яны ў Ерузалім, пакланіліся яны Богу; і, пасля таго як ачысціўся народ, прынеслі яны цэласпаленне Госпаду, і добраахвотнае сваё, і дарункі. І прынесла Юдыт усе пасудзіны Галафэрна, якія даў ёй народ, і завесу, якую ўзяла са спальні яго, і аддала на пасвячэнне Госпаду. І народ у Ерузаліме радаваўся перад абліччам святынь тры месяцы, і Юдыт заставалася з імі. А па гэтых днях кожны вярнуўся ў спадчыну сваю, і Юдыт пайшла ў Бэтулію, і засталася ў сваім уладанні. І стала яна слаўнаю ў свой час ва ўсёй зямлі, і многія жадалі яе, і не пазнаў яе мужчына ва ўсе дні жыцця яе з таго дня, як памёр Манаса, муж яе, і далучыўся да народа свайго. І з часам стала яна вельмі значнай, і дажыла ў доме мужа свайго Манасы да ста пяці гадоў, і зрабіла паслугачку сваю вольнаю, і памерла ў Бэтуліі, і пахавалі яе ў пячоры. І аплакваў яе Ізраэль сем дзён. І раздзяліла яна маёмасць сваю перад смерцю для ўсіх блізкіх мужа свайго Манасы і блізкіх роду свайго. І ўжо не было нікога, хто б палохаў сыноў Ізраэля ў дні Юдыт і многія дні пасля смерці яе.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.