Библия › Чарняўскі-17 › Мудрасці
Любіце справядлівасць, суддзі зямлі, разумейце Госпада ў Яго дабраце, шукайце Яго з прастатою сэрца, бо дае Ён знайсці Сябе тым, хто не выпрабоўвае Яго, і выяўляе Сябе перад тымі, хто мае веру ў Яго. Крывадушныя бо думкі аддзяляюць ад Бога, а выпрабоўваемая Моц карае нямудрых. У ліхую бо душу не ўвойдзе мудрасць, і не абжывецца ў целе, спадняволеным грахамі. Дух бо святы настаўлення ўцячэ перад хлуснёй, і ўхіліцца ад неразумных думак, і выгане яго надыходзячая злачыннасць. Мудрасць бо ёсць дух, мілуючы людзей, і не пакіне блюзнерцу без кары дзеля яго вуснаў, бо Бог ёсць сведка яго сцёгнаў, і праўдзівы вартаўнік яго сэрца, ды слухач яго мовы; бо Дух Госпадаў напаўняе сусвет, і Той, Хто пранікае ва ўсё, ведае ўсякую мову. Таму той, хто гаворыць нягодна, не зможа схавацца, і не абміне яго караючы суд. Намеры бо бязбожнага будуць даследаваны, а словы яго дойдуць да Госпада для асуджэння ліхіх яго ўчынкаў, бо вуха руплівае чуе ўсё і гук мармытанняў не скрываецца. Дык сцеражыцеся мармытання, якое нічым не дапамагае, і трымайце язык ад ліхой мовы, бо схаванае слова не пройдзе надарма; а лжывыя вусны забіваюць душу. Не прыспяшайце смерці распусным вашым жыццём і не рыхтуйце сабе загубы справамі сваіх рук! Бо Бог не стварыў смерці ды не цешыцца з гібелі жывых; бо Ён стварыў усё для быцця і роды гэтага свету для здароўя; і няма ў іх смяротнага яду, і няма валадарства пекла на гэтай зямлі: справядлівасць бо бессмяротная. Бязбожныя ж сцягваюць яе на сябе словамі і дзейнасцю, думаючы, што яна прыяцелька; чахнуць і заключаюць з ёю прымірэнне, бо заслугоўваюць быць яе ўдзельнікамі.
Бо няправільна разважаючы, сказалі сабе: «Наша жыццё кароткае і сумнае! І няма ратунку чалавеку ад смерці, і не ведаем анікога, хто б вярнуўся з апраметнай. Нарадзіліся мы выпадкова і потым будзем, як быццам нас ніколі не было. Дыханне бо ў ноздрах нашых — як дым, і слова — як іскра з удару сэрца нашага; калі яна патухне, цела наша зменіцца ў парахно і дух счэзне, як лёгкае паветра. І імя наша пойдзе з часам у небыццё, і ніхто не будзе памятаць твораў нашых; і праміне жыццё наша, як след воблака, і развеецца, як туман, што разагнаны промнямі сонца ды цяплом яго разагрэты. Час наш прамінае, быццам цень, і смерць наша не мае павароту: бо наклалася пячаць і ніхто не вяртаецца. Дык ідзіце, і будзем карыстацца з таго, што добрае, і, як у маладосці, пільна пакарыстаемся жыццём. Насыцімся віном каштоўным і духмянасцямі, і хай не пройдзе міма нас кветка вясновае пары; пазвіваем сабе вянок з ружаў, пакуль яшчэ не павялі, хай не будзе выключэннем аніводзін луг у нашай раскошы: усюды пакінем сляды весялосці; бо гэта доля наша і гэта наша спадчына. Будзем крыўдзіць бедняка справядлівага, і не пашкадуем удавы, і не ўшануем старога шматгадовай сівізны. Сіла ж наша будзе законам справядлівасці; бо тое, што кволае, — некарыснае. Дык насядзем на справядлівага, бо ён нам невыгодны і праціўны нашым учынкам, і ён упікае нас за грахі перад законам і асуджае ў нас грахі нашых паводзін. Хваліцца, што ведае Бога ды называе сябе сынам Божым. Стаў ён нам асуджэннем намераў нашых, прыкры ён нават для вачэй нашых, бо жыццё яго не падобнае да жыцця іншых і іншыя яго дарогі. Ацэньвае ён нас, як металічныя адыходы, і ўхіляецца ён ад дарог нашых, быццам ад нячыстых, канец справядлівых лічыць шчасным і хваліцца, што Бог — яго бацька. Дык пабачым, ці словы яго праўдзівыя, і праверым, які будзе яго канец: калі бо ён сапраўды Сын Божы, Бог заступіцца за яго і вызваліць яго з рук ворагаў. Праверым яго знявагаю і здзекамі, каб пазнаць яго ласкавасць, ды выпрабуем яго цярплівасць; асудзім яго на смерць самую ганебную, бо паводле слоў яго ён будзе выпрабаваны». Так вось яны разважалі — і памыліліся, бо іх пераваротнасць іх засляпіла, і не адгадалі таямніц Божых, і не ўскладалі надзею на святасць, і не ўцямілі годнасці душ беззаганных. Бо Бог стварыў чалавека ў несмяротнасці і зрабіў яго вобразам падабенства Свайго; а праз зайздрасць шатанскую прыйшла смерць на зямлю; удзельнічаюць жа ў ёй тыя, якія стаяць на яго баку.
А душы справядлівых ёсць у руцэ Божай, і не кране іх мука смерці. Вачам неразумных здаецца, што яны памерлі, і зыход іх лічаць яны за няшчасце, і адлучэнне ад нас — за знішчэнне; а яны трываюць у супакоі. І калі людзі ўбачылі мукі, то жывуць яны надзеяй несмяротнасці; і па кароткім мучэнні атрымаюць бясконцыя даброты, бо Бог выпрабаваў іх і знайшоў іх вартымі Сябе. Ён выпрабаваў іх, як золата ў печы, і прыняў іх, як цэласпальную ахвяру, і ў час выпрабавання іх — яны заззяюць, як іскры на ржышчы; будуць судзіць народы і будуць валадарыць над людзьмі, і Госпад будзе валадарыць над імі вечна. Тыя, што ўсклалі надзею на Яго, — зразумеюць праўду, і верныя будуць супачываць пры Ім у міласці, бо ласка і міласэрнасць — для святых Яго і выпрабаванне — для выбраннікаў Яго. Бязбожныя ж па намерах сваіх будуць пакараны, бо адцураліся Справядлівага і адышлі ад Госпада. Няшчасны бо, хто пагарджае мудрасцю і настаўленнем! І пустая надзея іх, і труды бясплодныя, і няма карысці ў справах. Жонкі іх неразумныя, і самыя нягодныя іх дзеці, пракляты іх род! Бо шчасная няплодная, але беззаганная, якая не пазнала беззаконнага ложка; атрымае плод у час наведвання душ. І еўнух, хто не спаганіў сваіх рук злачыннасцю ані не думаў нічога благога супраць Госпада, — за вернасць бо дадзены яму будзе асаблівы дарунак ды доля, поўная радасці, у святыні Госпадавай. Добрых бо ўчынкаў плод слаўны, і корань мудрасці не ўсыхае. А дзеці чужаложнікаў не даб’юцца мэты, і знікне патомства незаконнага ложка. Калі і будуць яны доўга жыць — будуць іх мець за нішто, і ў канцы — няслаўная іх старасць; і калі рана памруць, будуць без надзеі і без суцяшэння ў дзень прызнання: бо страшны ёсць канец грэшнага роду!
Лепш бяздзетнасць з цнотаю; бо памяць аб ёй бессмяротная, бо мае прызнанне ў Бога і ў людзей. Калі яна прысутнічае, то ёй наследуюць; і тужаць па ёй, калі адыдзе; і ў вечнасці ўвянчаная трыумфуе, перамогшы ў спаборніцтве беззаганным подзвігам. Разнастайнае ж бязбожных мноства не будзе карысным, і з чужаложных атожылкаў парастак не запусціць глыбока карэнняў і не заложыць трывалага падмурка. Калі хоць на час пазелянее галінамі, затрасе імі вецер, слаба ўрослымі, і ад моцных вятроў будзе вырваны. Паламаюцца нямоцныя галіны — і плод іх бескарысны: і недаспелы для ежы, і ні да чаго не прыдатны. Бо дзеці, народжаныя з незаконных начэй, ёсць сведкі нягоднасці супраць бацькоў у суджэнні сваім. А справядлівы, хоць і памёр перад часам, знойдзе супачынак. Старасць бо пачэсная не па даўгавечнасці і не па ліку гадоў вымяраецца: сівізна ж — мудрасць людзей, і мерка старасці — жыццё беззаганнае. Падабаючыся Богу, здабыў міласць Яго, а жывучы між грэшнікаў — перанесены быў; забраны быў, каб ліхота не перавярнула розум яго або каб мара не падманула душы яго. Бо чары пустаслоўя зацямняюць дабро і нясталасць пажадлівасці атупляе розум без вераломства. Той, хто скора дасягнуў дасканаласці, перажыў многа часу; душа бо яго спадабалася Богу, таму паспяшаўся вывесці яго спаміж злачыннасці. Людзі ж глядзелі і не разумелі, ані ўяўлялі ў сэрцы такое, што ласкай і міласэрнасцю надзяляе Бог святых Сваіх і выпрабаванне — для выбраннікаў Яго. Справядлівы памерлы асуджае жывых бязбожных, і хутчэй удасканалена маладосць, чым даўгавечная старасць ліхадзея. Яны бо ўбачаць канец мудрага і не зразумеюць, што рашыў аб ім Бог і з якой мэтай абараніў яго Госпад. Яны ўбачаць і пагардзяць, але Госпад высмяе іх. І потым стануць яны, як труп без пашаны, і вечным пасмешышчам сярод памерлых, бо разарве іх, нястрыманых, без гуку, і ўзварухне іх ад асноў, і будуць знішчаны аж да самага астатку, і будуць у муках, ды памяць пра іх прападзе. Са страхам прыйдуць разлічыцца з грахамі сваімі, і злачыннасці іх асудзяць у прысутнасці іх.
Тады справядлівы стане з вялікай адвагай перад тымі, што яго крыўдзілі ды пагарджалі яго трудамі, бачачы, як затрывожацца жудасным страхам і аслупянеюць на віду неспадзяванага збаўлення, каючыся і ўздыхаючы ў турбоце духу, будуць казаць самі да сябе: «Гэта той самы, з каго мы калісьці кпілі і падобна ганьбілі. Мы, неразумныя, лічылі жыццё яго за дурное і смерць яго — за ганьбу. Як яго залічылі ў сыны Божыя і долю яго — сярод святых? Дык мы сышлі з дарогі праўды, і не свяціла нам святло справядлівасці, і сонца не ўзышло нам; заблыталіся ў путах беззаконня і загубы і хадзілі па непраходных пустынях, а дарогі Госпадавай не пазналі. Чым нам дапамагла пыхлівасць? Або чым нам дапамагло багацце і пустая слава? Усё гэта прайшло, як цень, і як вяшчун хуткабежны, і быццам карабель, што плыве праз успененае мора, следу якога не знойдзеш, калі праплыве, ані баразны кіля яго сярод хваляў, або як птушка, што лётае ў прасторы, ніякага не пакідае следу шляху, толькі лёгкі вецер, удараны шумам крылаў і рассечаны сілаю свіста, працінаецца ўзварушанымі крыламі, і па гэтым ніякага следу шляху не знаходзіцца; або як выпушчаныя ў намечаную мэту стрэлы: Так і мы, нарадзіўшыся і пастаянна знікаючы, не змаглі ніякім знакам паказаць цноты; але прапалі мы ў сваім беззаконні». Бо надзея бязбожнага, як мякіна, ветрам раскіданая, ды як лёгкая пена, бурай паразбіваная, і як дым, ветрам разагнаны, і як памяць пра госця, што прыйшоў на адзін дзень. А справядлівыя жывуць вечна; і ўзнагарода іх — у Госпадзе, і думка аб іх — ва Узвышняга. Дзеля таго атрымаюць яны вянец аздаблення і гожую дыядэму з рукі Госпада. Бо ён правіцаю Сваёю зберажэ іх і плячом Сваім абароніць іх. Ён возьме за зброю Сваю апякуючую руплівасць і ўзброіць стварэнне на помсту ворагам, як панцырам, узброіцца ў справядлівасць і, як шлем, прыме справядлівы суд; як шчыт непераможны, возьме святасць. Як меч жа, навострыць гнеў Свой няўмольны, і з Ім разам будзе ваяваць свет супраць неразумных. Панясуцца меткія стрэлы маланак, і паляцяць у цэль з хмараў, як з добра нацягнутага лука, і ярасны град будзе выкінуты з гневам, які кідае камяні; узбурацца супраць іх воды марскія, і рэкі няўмольна нахлынуць. Падымецца супраць іх дух сілы і, як буралом, змяце іх. І злачыннасць спустошыць усю зямлю, і ліхота перавярне пасады магутных.
Дык слухайце, цары, і разумейце; навучыцеся, суддзі канцоў зямлі! Нахініце вушы, вы, што валадарыце над многімі і ганарыцеся мноствам народаў. Бо Госпадам дадзена вам улада, і ад Узвышняга — валадаранне, Ён прасочыць вашыя ўчынкі і рассудзіць намеры, бо калі вы былі служыцелямі Валадарства Яго, не судзілі справядліва, і не бераглі законнасці, ды не жылі паводле волі Божай. Страшна і хутка з’явіцца Ён перад вамі, бо самы жорсткі суд будзе тым, якія панавалі; бо найменшаму аказваецца міласэрнасць, а магутныя будуць моцна пакараныя. Госпад бо не будзе зважаць на ніводную асобу і не забаіцца ніякай велічы, бо Ён учыніў малога і вялікага і роўна клапоціцца Ён пра ўсіх; а над тымі, якія валадараць, адбываецца строгае даследаванне. Дык да вас, цары, гэтыя мае словы, каб навучыліся вы мудрасці і не ўпалі. Бо хто будзе берагчы справядлівае справядліва — будзе апраўданы; і хто навучыцца гэтаму — знойдзе абарону. Дык прыміце словы мае, любіце іх і будзеце мець настаўленне. Мудрасць ясная і ніколі не вяне: і лёгка яе бачаць тыя, хто яе любіць, і тыя знаходзяць яе, хто шукае яе. Апярэджвае яна тых, якія яе жадаюць, каб ім першай паказацца. Хто дзеля яе ўстае на світанні — не замучыцца, бо знойдзе яе, якая сядзіць пры дзвярах сваіх. Дык аб ёй разважаць — вяршыня розуму, і хто дзеля яе не спіць — хутка вызваліцца ад бед. Бо яна сама ходзіць кругом, шукаючы годных сябе, і радасна з’яўляецца ім на дарогах, ды выходзіць ім насустрач з усёй клапатлівасцю. Пачатак бо яе найпраўдзівейшы — хацець вучыцца, а руплівасць пра навуку — гэта міласць, і міласць — гэта пільнаванне законаў, а пільнаванне законаў — гэта зарука несмяротнасці, а несмяротнасць набліжае да Бога; такім чынам, пажаданне мудрасці вядзе да валадарства. Дык калі вам мілыя пасады і скіпетры, о валадары народаў, шануйце мудрасць, каб валадарыць у векі вечныя. А я паведамлю, што гэта за мудрасць і як паўстала, і не схаваю ад вас таямніц Божых, але ад пачатку нараджэння прасачу яе, і пазнанне яе выведу на святло, і не размінуся з праўдаю. Ды не пайду шляхам знішчаючай зайздрасці, бо яна не будзе ўдзельніцай мудрасці. Мноства ж мудрых — гэта збаўленне свету, і цар мудры — гэта апора народа. Дык прыміце настаўленне ў словах маіх, і паможа вам.
І я чалавек смяротны, падобны да ўсіх, нашчадак таго смяротнага, хто першы ўтвораны быў з зямлі, і ва ўлонні маці быў створаны як цела; за дзевяць месяцаў часу акрэпнуў у крыві, з насення мужчынскага і з любові, са сном злучанай. І я, калі нарадзіўся, пачаў дыхаць супольным паветрам і выпаў на зямлю, якая церпіць усіх аднолькава, таксама першы голас выдаючы з плачам, — падобна да ўсіх. У пялюшках і клопатах мяне выгадавалі; ніводзін бо цар не меў іншага пачатку народзін. Адзін жа ўсім уваход у жыццё і падобны выхад. Дзеля таго я маліўся — і дадзены быў мне розум, і я прызваў — і сышоў на мяне дух Мудрасці. Яе я паставіў вышэй за скіпетры і пасады, і што ёсць багацці ў параўнанні з ёю; і нельга параўнаць з ёю каштоўныя камяні, бо ўсё золата ў параўнанні з ёю — жменя пяску, і срэбра пры ёй будзе лічыцца брудам. Узлюбіў я яе больш за здароўе і прыгажосць і хацеў больш мець яе, чым святло, бо яе святло незгасальнае. А з ёй разам прыйшлі да мяне ўсе даброцці, праз яе рукі — незлічоныя багацці, і ўзрадаваўся я з іх усіх, бо прыводзіла іх Мудрасць, а я не ведаў, што яна ўсіх іх маці; як я без хітрасці пазнаў, без зайздрасці пераказваю; не хаваю багаццяў яе. Яна бо ёсць людзям бязмежны скарб; тыя, хто яе набыў, — падрыхтаваліся да сяброўства з Богам праз дары навучэння. О, каб даў мне Бог выказаць думку і зразумець належна тое, што даручана мне, Ён бо Правадыр Мудрасці, і Настаўнік мудрых; у руцэ бо Яго і мы, ды нашыя словы, і ўсякая мудрасць і спрактыкаванасць. Ён бо даў мне ўсяго існуючага праўдзівае пазнанне, каб ведаў я пабудову свету і дзеянне стыхій: пачатак, і канец, і сярэдзіну часоў, паслядоўнасць змен і перамены часу, гадавыя абароты і размяшчэнне зорак, прыроду жывёл і прыкметы звяроў, моц духаў і думкі людзей, розныя расліны і сілы каранёў. І пазнаў я ўсё: і што скрытае, і што яўнае; навучыла бо мяне Мудрасць, Мастачка ўсяго! У ёй бо дух разумны і святы, адзіны, шматлікі, тонкі, чысты, жвавы, праніклівы, ясны, беззаганны, бясшкодны, востры, які ніяк не забароніш, спагадлівы, чалавечы, дабрадзейны, трывалы, непадманны, надзейны, спакойны, усемагутны і ўсевідушчы, і які працінае ўсе духі разумныя, чыстыя і найтанчэйшыя. Мудрасць бо рухлівейшая за ўсякі рух, а праходзіць і працінае ўсё дзеля сваёй чысціні. Ёсць бо дыханне магутнасці Божай і чыстае выцяканне славы Усемагутнага; таму нішто спракуджанае не прыліпае да яе; яна ёсць адбітак вечнага святла, і люстра без заганы магутнасці Божай, і вобраз Яго дабрыні. Адна, а ўсё можа; і, прабываючы сама ў сабе, усё аднаўляе, і праз пакаленні пераходзячы ў душы святых, прызначае сяброў Божых і прарокаў. Бог бо мілуе таго толькі, хто сябруе з Мудрасцю. Бо яна прыгажэйшая за сонца і за ўсякі збор зорак; пры параўнанні са святлом яна мае першынство: па ім наступае ноч, а Мудрасці ліхота не перамагае.
Такім чынам, распаўсюджваецца яна настойліва ад краю аж да краю і распараджаецца ўсім спагадна. Я палюбіў яе і шукаў ад юнацтва майго, і хацеў узяць яе сабе за суджаную, і стаў аматарам яе прыгажосці. Славіць яна сваю высакароднасць, бо сябруе з Богам, але і любіць яе Валадар сусвету. Бо яна настаўніца настаўлення Божага і ў Яго справах рашае. І калі багацце ёсць дабро жаданае ў жыцці, то што даражэйшае, чым Мудрасць, якая ўсё рашае; калі ж развага дзейнічае, то якое з усіх стварэнне больш дзейснае, чым Мудрасць? І калі хто любіць справядлівасць, плён таго — цнота: вучыць бо яна памяркоўнасці і разважлівасці, справядлівасці і мужнасці, за якіх няма нічога лепшага ў жыцці для людзей. І калі хто хоча вялікіх ведаў — яна ведае мінулае і пра будучыню згадвае, ведае тонкасці слоў і разгадкі загадак, ведае знакі і цуды перш, чым яны адбываюцца, і паслядоўнасць хвілін і часоў. Дык рашыў я ўзяць яе сабе за сяброўку жыцця, ведаючы, што яна будзе мне дарадчыцай у добрым, а ў турботах і ў суме — суцяшэннем. Праз яе здабуду хвалу ў людзей і пашану ў старэйшых, сам будучы маладым; праніклівым акажуся на судзе, і выклічу здзіўленне ў магнатаў. Калі буду маўчаць — яны будуць чакаць, і калі загавару — будуць глядзець на мяне, і калі доўга прамаўляць буду — пакладуць рукі на вуснах сваіх. Праз яе дасягну несмяротнасці і пакіну вечную памяць будучым пакаленням. Буду валодаць людзьмі, і падпарадкаваны будуць мне народы; пачуўшы мяне, спалохаюцца ўладары грозныя, пакажуся добрым сярод людзей і мужным на вайне. Увайшоўшы ў свой дом, пры ёй супачыну, бо сябраванне з ёю не выклікае прыкрасці, ані сужыцце з ёй не прыносіць мукі, але весялосць і радасць. Гэтак разважаючы сам у сабе і абдумваючы ў сэрцы сваім, зразумеў, што ў сваяцтве з Мудрасцю — несмяротнасць, і ў сяброўстве з ёю — высакародная асалода, і ў дзеяннях рук яе — вялікія багацці; і разуменне — у слоўнай спрэчцы з ёю, і слава — у супольных з ёю бяседах; хадзіў я вакол, шукаючы, як бы ўзяць яе да сябе. Я быў юнаком абдараваным, і выпала мне душа добрая, і нават лепш: будучы добрым, я ўвайшоў у цела беззаганнае. І я, ведаючы, аднак, што не змагу здабыць яе інакш, толькі калі Бог дасць, — і гэта ўжо было справай Мудрасці: ведаць, чыя гэта ласка, — прыступіўся я да Госпада, і маліў Яго, і казаў Яму ад усяго майго сэрца:
«Божа бацькоў маіх і Госпадзе міласэрнасці, Ты, што ўчыніў усё словам Сваім і ў мудрасці Сваёй стварыў чалавека, каб ён валадарыў над стварэннямі, Табою створанымі, каб валодаў светам у святасці і справядлівасці і каб у законнасці сэрца спраўляў суд, — дай мне Мудрасць, памочніцу пасадаў Тваіх, і не выключай мяне з ліку Тваіх дзяцей! Бо я слуга Твой і сын служанкі Тваёй, чалавек кволы і недаўгавечны, і залішне слабы, каб зразумець суд і законы. А калі наастатак хтосьці будзе дасканалы між людзьмі і калі яму не хопіць мудрасці ад Цябе, будзе за нішто лічыцца. Выбраў Ты мяне царом народа Свайго і суддзёю сыноў Сваіх і дачок; сказаў мне пабудаваць святыню на гары Сваёй святой і ахвярнік у горадзе Свайго пражывання — вобраз палаткі святой, якую падрыхтаваў Ты ад пачатку. І з Табою Мудрасць, якая ведае Твае справы і якая была з Табою, калі Ты свет ствараў, і ведала, што мілае вачам Тваім і што правільнае адносна Тваіх прыказанняў. Пашлі Яе з неба Твайго святога, і пашлі яе ад пасада Тваёй велічы, каб пры мне была і са мной супрацоўнічала, ды каб я пазнаў, што Табе падабаецца. Яна бо ведае і разумее ўсё, і будзе мною кіраваць мудра ў маёй дзейнасці, і зберажэ мяне ў сваёй славе. І будуць мілымі ўчынкі мае, і буду судзіць народ Твой справядліва, і буду варты пасада бацькі майго. Хто бо з людзей зможа даведацца пра намер Бога, або хто зможа спазнаць волю Госпадаву? Нясмелыя бо думкі смяротных, і прадбачанні нашыя няпэўныя, бо смяротнае цела прыціскае душу, і зямное жытло падаўляе руплівы розум. І з намаганнем адкрываем рэчывы гэтае зямлі, і з цяжкасцю разумеем тое, што пад рукамі; а хто даследуе тое, што на небе? А хто зведаў Твой намер, калі не даў Ты яму Мудрасці і не паслаў з гары Святога Духа Твайго? І так сталі простымі сцежкі жыхароў зямлі; і людзі пазналі, што Табе прыемнае, і збавіла іх Мудрасць».
Гэта яна ўсцерагла бацьку свету — таго, хто быў першым створаны, калі, адзіны, ён быў створаны, і вывела яго з яго злачынства, і дала яму моц валадарання над усім. Калі ад яе адышоў несправядлівы ў гневе сваім, загубіў сам сябе ў братазабойчым абурэнні; патопленую з-за яго віны зямлю Мудрасць ізноў зберагла, праз марнае дрэва кіруючы справядлівым. І калі народы перамяшаліся ў ліхой змове, яна прызнала справядлівага, і захавала яго беззаганным перад Богам, і зберагла мужным дзеля цела для сына. Яна, калі прыйшла гібель на бязбожных, збавіла справядлівага, калі ўцякаў ён перад агнём, што сышоў на Пентапаліс; захаваўся дасюль доказ іх разбэшчанасці — пустэчы, што дыміліся, і дрэвы, што не ў свой час пладаносяць, і саляны стоўп, што тырчыць, помнік нявернай душы. Калі бо сышлі з дарогі Мудрасці, не толькі сабе пашкодзілі тым, што не пазналі дабра, але яшчэ пакінулі памятку сваёй неразумнасці жывым, каб не маглі схаваць таго, у чым зграшылі. А Мудрасць вызваліла тых, хто яе шануе, ад бед. Яна справядлівага, што ўцёк перад гневам брата, павяла па простых дарогах, і паказала Валадарства Божае, і дала яму пазнанне святых; узвысіла яго ў трудах і памножыла плады яго трудоў. У хцівасці тых, хто акружае яго, дапамагла яму і зрабіла яго паважаным. Ухавала яго ад ворагаў і ўсцерагла яго ад тых, хто рыхтаваў яму засады; і ў цяжкім змаганні дала яму перамогу, каб ведаў, што пабожнасць за ўсё мацнейшая. Не пакінула яна справядлівага, калі яго прадалі, але вызваліла яго ад граху; і сышла з ім разам у яму, і не пакінула яго ў путах, аж пакуль не прынесла яму жазло валадарскае і ўладу над сваімі прыгнятальнікамі, і паказала паклёпнікаў, якія абняславілі яго, і яму дала славу вечную. Яна вызваліла народ святы і семя беззаганнае спаміж народаў, якія прыгняталі яго. Увайшла ў душу слугі Госпадавага і ў знаках і цудах запрацівілася грозным валадарам. Вярнула святым плату за іх труды, і павяла іх цудоўным шляхам, і была ім днём заслонай і святлом зорак сярод ночы. Пераправіла іх цераз Чырвонае мора і перавяла іх праз вялікія воды, а ворагаў іх патапіла; і вывела іх з глыбінь бяздоння. Дык узялі справядлівыя здабычу з бязбожных, і ўславілі ў песнях святое імя Тваё, Госпадзе, ды ўславілі сумесна пераможную Тваю руку, Мудрасць бо адчыніла вусны нямых і гучнымі зрабіла языкі немаўлят.
Яна пакіравала справамі іх рукамі святога прарока. Яны прайшлі бязлюдную пустыню і паставілі палаткі на недаступных месцах; сталі супраць ворагаў і адагналі ад сябе непрыяцеляў. Смагнулі і клікалі Цябе; і атрымалі ваду з самай высокай скалы і заспакаенне ў смазе — з цвёрдага каменя. Праз гэта пакараныя былі ворагі іх, праз гэта, калі яны знаходзіліся ў бядзе, атрымалі адплату. Замест бо вады з ракі невысыхаючай, бруднай крывёй засмучанай, наадварот загаду дзетазабойчаму, даў Ты ім нечакана шчодрую ваду, паказваючы праз смагу, што тады была, як пакараў праціўнікаў. Як бо прыйшло на іх выпрабаванне — хоць атрымалі яны настаўленне з міласэрнасцю, — зразумелі, колькі пакут пацярпелі бязбожныя, асуджаныя з гневам. Бо Ты адных выпрабаваў, перасцерагаючы, як бацька, а другіх пакараў, асуджаючы, як цар грозны. Адсутныя і прысутныя аднолькава цярпелі; падвоены бо ахапіў іх смутак і нараканне, калі ўспомнілі мінулыя часы; калі бо ўбачылі праз свае пакуты, што з імі добра абыходзяцца, — пазналі Госпада. Каго бо калісьці выставілі на пасмешышча перад усімі, абняслаўленага, таму здзівіліся ў канцы падзей, прагнучы не так, як справядлівыя. А за неразумныя выдумкі іх злачыннасці, якімі ашуканыя, яны пакланяліся многім гадам і марнай жывёле, наслаў Ты на іх у помсту многа неразумных звяроў, каб ведалі, што хто чым грашыць, у тым будзе пакараны. Бо не было немагчыма для рукі Тваёй Усемагутнай — якая свет стварыла з бясформеннай матэрыі — наслаць на іх многіх мядзведзяў, або львоў непалахлівых, або новыя стварэнні, поўныя гневу, — невядомых драпежных звяроў: ці то дыхаючых агнявым полымем, ці выкідаючых клубы дыму, ці кідаючых з вачэй страшныя іскры, якія не толькі раненнем маглі б іх вынішчыць, але і жудасным выглядам іх выгубіць. Але і без таго маглі яны папрападаць ад аднаго дыху, справядлівасцю пераследаваныя ды змеценыя духам магутнасці Тваёй. Але Ты ўсё ўладзіў пад меру, і лік, і вагу! Бо магутна дзейнічаць — заўсёды ў Тваёй моцы, ды хто супрацівіцца магутнасці рукі Тваёй? Бо ўвесь свет перад Табой, як зерне на вазе і як кропля ранняе расы, якая спала на зямлю. Але Ты шкадуеш усё, бо ўсё можаш; і прабачаеш грахі людзям дзеля раскаяння. Мілуеш бо ўсё, што ёсць, і нічога не ненавідзіш з таго, што стварыў; бо калі б Ты меў штосьці ў нянавісці, то не стварыў бы. Як жа магло б што існаваць, калі б Ты не хацеў? Або як бы яно трывала, чаго б Ты не пазваў? Але ашчаджаеш усё, бо гэта Тваё, Госпадзе, Які любіш жыццё!
Несмяротны бо Дух Твой прабывае ва ўсім. І таму тых, хто блукае, лёгка караеш і сварышся, прыпамінаючы, у чым грашаць, каб, пакінуўшы ліхоту, верылі ў Цябе, Госпадзе. Бо іх, даўнейшых жыхароў святой Тваёй зямлі, якіх зненавідзеў за іх ліхія паводзіны: гатаванне зелляў і бязбожныя ахвяры, і бязлітасных забойцаў дзяцей, едакоў вантробаў, чалавечага цела і крыві — кіраўнікоў таемных культаў на сярэдзіне балявання; і бацькоў, мардуючых нявінныя істоты, захацеў Ты вынішчыць рукою нашых прабацькоў, каб дастойнае пасяленне дзяцей Божых атрымала зямля, якая для Цябе найдаражэйшая за ўсё. Але і іх, як людзей, ашчаджаў Ты і паслаў на іх папярэднікамі войска свайго шэршняў, каб іх нішчылі паступова. Бо мог Ты ў баі выдаць бязбожных справядлівым, або драпежнымі звярамі ці бязлітасным прысудам знішчыць; але, памалу караючы, даваў магчымасць навяртання, хоць добра ведаў, што іх племя нягоднае і ліхота іх — прыродная, і што не маглі змяніцца іх намеры ніколі: племя бо гэта праклята ад пачатку. І не са страху перад кімсьці пакінуў Ты іх грахі без кары; хто бо можа Табе сказаць: «Што Ты зрабіў?» Або хто супрацівіцца Твайму прысуду? Або хто Цябе прызаве за гібель народаў, што Ты стварыў? Або хто паўстане супраць Цябе як абаронца ліхіх людзей? Бо, апроч Цябе, няма Бога іншага, Які б апекаваўся над усімі, каб меў Ты даказваць, што не судзіш несправядліва. Табе не зможа супрацівіцца ані цар, ані правіцель адносна тых, каго пакараў Ты. А калі Ты — справядлівы, то валадарыш усім справядліва; дык скараць таго, хто не павінен быць скароны, лічыш за недастойнае Тваёй магутнасці. Магутнасць бо Твая — пачатак справядлівасці, і таму, што Ты Госпад усіх, — усіх Ты шкадуеш. Моц бо паказваеш, калі не вераць, што Ты існуеш, у магутнасці дасканалы, ды караеш тых, хто не прызнае Цябе свядома. А Ты валодаеш магутнасцю, бо судзіш ласкава і кіруеш намі з вялікай спагаднасцю: бо Ты маеш магутнасць, калі захочаш. А навучыў Ты народ Свой такімі дзеяннямі, што справядлівы мусіць быць добрым для людзей, і ўліў Ты сынам Сваім вялікую надзею, што адпускаеш грахі за навяртанне. Калі бо ворагаў слугаў Сваіх і вартых смерці караў Ты з такою асцярогай і спагаднасцю, даючы час і магчымасць, каб маглі яны ад ліхоты адвярнуцца, з якою вялікаю чуласцю судзіў Ты сыноў Сваіх, бацькам якіх даваў Ты прысягу і прымірэнне, поўнае добрых абяцанняў! Дык калі Ты даеш нам настаўленне, ворагаў нашых караеш па-рознаму, каб памяталі мы пра дабрыню Тваю, судзячы, і каб чакалі мы міласэрнасці, калі на нас суд прыйдзе. Адсюль і тых, якія ў дурноце сваёй жылі несправядліва, пакараў за іх уласныя агіднасці. Бо надта доўга блукалі на дарогах аблуды, беручы за багоў тое, што нават сярод звяроў марнае, падманутыя, на ўзор неразумных дзяцей: з-за гэтага, як дзяцей неразумных, аддаў Ты іх на пасмяянне. А тыя, хто не навярнуўся дзеля кпінаў дакорлівых, спазнаюць суд, дастойны Бога; бо у судзе трываючы, яны абураліся, а калі былі пакараныя тыя, каго яны мелі за багоў, — убачылі Таго, Каго перад гэтым ведаць не хацелі, пазналі сапраўднага Бога; дзеля таго і прыйшла на іх заслужаная кара.
Пустыя ж з натуры ўсе людзі, якія не пазнаюць Бога і якія з таго, што з’яўляецца добрым, не змаглі пазнаць Таго, Хто існуе і, гледзячы на стварэнні, не пазналі Творцу. Але ці агонь, ці вецер, ці лёгкае паветра, ці круг зорак, ці бурлівую ваду, ці нябеснае святло — мастакоў свету — лічылі за багоў. Калі, захопленыя іх хараством, лічылі іх за багоў — то мусілі зразумець, наколькі магутнейшы іх Валадар: бо стварыў іх Пачатак і Творца прыгажосці. А калі іх моц і дзейнасць выклікалі ў іх здзіўленне, мусілі яны праз яго пазнаць, наколькі магутнейшы за іх Той, Хто іх стварыў: бо з магутнасці і прыгажосці стварэнняў пазнаецца іх Творца. Але яны, аднак, меншае заслугоўваюць нараканне, бо яны, хоць і памыляюцца, але Бога шукаюць і прагнуць знайсці. Бо калі сутыкаюцца з творамі Яго, глядзяць і вераць убачанаму, бо прыгожае, на што глядзяць. Але, зноў жа, і яны не без віны: калі бо столькі змаглі зведаць, каб здолець пазнаць сусвет, — як не знайшлі несумненнага яго Валадара? А нешчаслівыя тыя, што спадзяюцца на рэчы смяротныя, што багамі лічаць творы рук чалавечых: золата і срэбра, творы мастацкія і выявы звяроў або бескарысны камень, твор старадаўняй рукі. А калі нейкі цясляр ссек у лесе адпаведнае дрэва, то ён умела зняў усю кару з яго і, выкарыстаўшы сваё майстэрства, старанна зрабіў посуд, прыдатны ў штодзённым ужытку; а рэшткі гэтае работы ўжыў на прыгатаванне ежы, і наеўся, і ўзяў тое, што засталося і ні да чаго не прыдатнае, дрэва крывое і сукаватае, выразаў старанна ў вольны час свой і ўмела ў час адпачынку свайго зрабіў яго падобным да выявы чалавека або зрабіў яго падобным да нейкага марнага звераняці, намазаў чырвонай глінай і зрабіў колер яго ярка-чырвоным з дапамогаю пурпуровай фарбы, і замаляваў усякую пляму, што была на ім, і падрыхтаваў яму належнае месца: на сцяне памясціў яго, прымацоўваючы жалезам. Такім чынам, ён пастараўся, каб той часам не зваліўся, ведаючы, што ён сам сабе дапамагчы не можа, бо з’яўляецца толькі выяваю і патрабуе дапамогі. І калі моліцца ў справе маёмасці, і ў справе шлюбаў і дзяцей — не саромеецца гаварыць з ім, бяздушным, і яго, бяссільнага, нават просіць аб здароўі, і мёртвага моліць аб жыцці, і зусім бескарыснага моліць аб дапамозе, і пра шчаслівую дарогу просіць яго, які не можа нагой зварухнуць, і аб заробку, і аб працы, і аб шчаслівых руках просіць карысці ад таго, чые рукі ёсць найбольш бяссільныя!
Зноў жа іншы, што хоча плысці і пачаць дарогу праз грозныя хвалі, перамяшчаючыся з дапамогай дрэва, прызывае на помач яшчэ больш крохкае дрэва. Яго бо выдумала прагнасць да набыткаў і майстар мудра вырабіў. А кіруе ім наканаванне Тваё, Ойча, бо і на моры паказваеш дарогу, і сярод хваль — самы бяспечны шлях, паказваючы, што Ты можаш ад усяго збавіць, каб і неспрактыкаваны мог выйсці ў мора. А Ты хочаш, каб справы Тваёй мудрасці не былі бескарыснымі, таму нават і марнаму дрэву людзі даручаюць сваё жыццё ды, праплыўшы бурлівыя хвалі, ратуюцца. Але і ад пачатку, калі прападалі гордыя веліканы, надзея свету апынулася ў арцы, і яна, накіраваная Тваёй рукою, пакінула свету семя патомства. Дабраславёна бо дрэва, праз якое здзяйсняецца справядлівасць; але тое, што рукой апрацавана, праклята і яно, і яго творца; ён — за тое, што зрабіў, яно — за тое, што, хоць марнае, атрымала назву бога. Аднолькава Богу ненавісны і бязбожны, і яго бязбожнасць: твор бо разам з творцам будуць пакараны. Дзеля таго і на ідалаў паганскіх прыйдзе суд, бо яны сталіся агіднасцю пасярод твораў Божых, і згаршэннем душам чалавечым, і пасткай для ног неразумных людзей. Выдумка ідалаў — гэта крыніца вераломства, пачатак распусты, і іх вынаходка — сапсаванасць жыцця; і не было іх ад пачатку, і не будуць існаваць вечна. З’явіліся яны на свеце дзеля неразумнасці людской, і таму канец іх блізка. Бацька, засмучаны горкім смуткам дзеля рана страчанага сына, зрабіў сабе выяву яго, які тады ўжо быў мёртвым чалавекам, пачаў шанаваць як бога, і падначаленым устанавіў цэласпаленні і абрады; з цягам часу ўмацоўваючы бязбожны звычай, пачалі берагчы яго як закон. І па загадзе ўладароў шанаваліся іх статуі; паколькі людзі не маглі шанаваць іх дзеля таго, што былі яны далёка, — здалёк уяўляліся постаці іх, — стварылі яны бачную выяву цара, якога хацелі шанаваць. Нават тых, што не ведалі чалавека, да павелічэння шанавання яго прываблівала выдатнае майстэрства творцы; той бо, хочучы, мабыць, спадабацца таму, хто яго наняў, мастацтвам сваім апрацаваў яго, каб дасягнуць найбольшага падабенства. А натоўп, захоплены прыгожай работай, прызнаў за бога таго, хто нядаўна шанаваўся як чалавек. І гэта стала спакусай для жыцця чалавечага, бо людзі, трапляючы або ў няшчасце, або пад уладу, далі Непераказальнае Імя камяням або дрэвам. Затым не стала хапаць, што блукалі яны адносна пазнання Бога, але і, жывучы ў вялікай вайне няведання, такое вялікае зло называюць супакоем. Таму што або калі ахвяруюць дзяцей сваіх, або калі спраўляюць таемныя абрады, або калі чыняць начныя служэнні багам, поўныя вар’яцтва чужаземных абрадаў, не пільнуюць ані жыцця, ані чыстага шлюбу, але падступна адзін другога забівае або чужаложствам засмучае. І ўсё змяшалася: кроў і забойства, пакража і подступ, знішчэнне і здрадлівасць, нахабства і крывапрысяганне, прыгнёт добрых, забыццё дабрадзейства, апаганенне душ, змяненне роду, распуста ў шлюбах, чужаложства і бессаромнасць. Бо шанаванне ідалаў жахлівых — гэта пачатак, і прычына, і канец усякае ліхоты. Таму што або дурнеюць у гульнях, або праракуюць ілжыва, або разбэшчана жывуць, або крывадушна прысягаюць скора. Бо пакуль вераць бяздушным ідалам, не вераць, што, крывадушна прысягаючы, шкодзяць сабе. Але сыдзе на іх кара справядлівая за адно і другое: што блага думалі пра Бога, звяртаючыся да ідалаў, і што, пагарджаючы святасцю, прысягнулі крывадушна ў хітрасці. Бо не моц ідалаў, прызваных у прысязе, але належная кара грэшнікам прыходзіць заўсёды па злачынстве несправядлівых.
Ты ж, Божа наш, ласкавы і верны, цярпліва і міласэрна распараджаешся ўсім. Бо калі зграшым, Твае мы, ведаем магутнасць Тваю; але не будзем грашыць, бо ведаем, што мы залічаны да Цябе. Бо ведаць Цябе — гэта дасканалая справядлівасць, і ўцяміць Тваю магутнасць — гэта крыніца несмяротнасці. І не падманула нас ані ліхая чалавечая выдумка, ані марная праца мастакоў — выява, замазаная ўсялякімі фарбамі, выгляд якой выклікае ў неразумных страсць, і любяць яны бяздушную выяву мёртвай статуі. Аматары ліхоты вартыя, каб у такім надзею пакладаць, і тыя, што дапускаюцца іх, і тыя, што любяць, і тыя, што іх шануюць. Але і ганчар, ціскаючы з цяжкасцю мяккую зямлю, лепіць усякі посуд для нашага ўжытку; ды з той самай гліны лепіць посуд, які служыць для высокіх мэт, і супрацьлеглы ім — усё аднолькава; якое ж будзе выкарыстанне таго або іншага посуду — рашае ганчар. І ў ліхім трудзе лепіць з той жа гліны марнага бога той, хто сам нядаўна ўзнік з зямлі і праз кароткі час вернецца туды, адкуль быў узяты, пакліканы за доўг душы. Але ён не рупіцца, што скора памрэ, ані пра тое, што жыццё мае кароткае, але ідзе навыперадкі з тымі, што апрацоўваюць золата і адліваюць срэбра, і наследуе тым, што апрацоўваюць медзь, і ганарыцца, што лепіць агіднасці. Сэрца яго — попел, надзея яго — марнейшая за зямлю і жыццё яго — горш чым гліна, бо не пазнаў Таго, Хто яго зляпіў, і Хто ўдыхнуў у яго дзейсную душу, і Хто напоўніў яго духам жыццёвым. Але падумаў, і што жыццё наша — гульня, і што наша існаванне — гандаль прыбытковы; бо кажа, што адусюль трэба, таксама і з ліхоты, цягнуць набыткі. Ён бо лепш ведае, чым іншыя, што грашыць, калі з зямной матэрыі крохкія пасудзіны і статуі лепіць. Бо ўсе неразумныя і ўбогія — бяднейшыя розумам за дзяцей — ворагі народа Твайго і яго прыгнятальнікі. Палічылі бо яны за багоў усякія паганскія статуі, якія не маюць вачэй, каб глядзець, ані ноздраў — каб паветрам дыхнуць, ані вушэй — каб чуць, ані пальцаў на руках — каб дакрануцца, а ногі іх не здатныя да хады. Бо іх чалавек зрабіў, і вылепіў іх хтосьці, хто пазычыў дух сабе; бо ніякі чалавек не можа зляпіць бога, хоць бы да сябе падобнага: а будучы смяротным, ён робіць кволымі рукамі рэч мёртвую. Бо сам ёсць лепшы за тых, каго шануе: ён бо хаця б жыў, а тыя — ніколі! Але яны шануюць і самых убогіх жывёл; а тыя горшыя за іх у неразумнасці, параўнальна з іншымі. І сярод іх няма прыгожых, колькі можна было б жадаць, бо былі яны ў звярыным выглядзе; пазбеглі ж яны і славы Божай, і дабраславення Яго.
Таму заслужана былі пакараны падобнымі да іх стварэннямі і мноствам звяроў былі замучаны. Замест гэтай кары народу Свайму дабро ўчыніў, дзеля прагнасці пацехі Сваёй, незвычайную страву прыгатаваў Ты ім на ежу — перапёлак, каб тыя, хоць хацелі есці, дзеля агіднасці тых жывёл, што былі ім пасланы, страцілі нават натуральнае жаданне ежы; а тыя, хутка стаўшы беднымі, каб мелі ежу незвычайную. Бо трэба было, каб і на тых тыранаў прыйшла загуба, а тым жа — толькі паказаць, як ворагі іх знішчаліся. Бо калі прыйшла на іх страшэнная шалёнасць гадаў, прападалі яны ад укусаў крутлівых гадзін; аднак гнеў Твой трываў не вечна, але для павучэння хутка былі ўстрывожаны, маючы знак збаўлення для прыпамінання загаду Твайго закону. Бо хто навяртаўся, аздараўляўся не праз тое, што бачыў, але праз Цябе, Збаўцу ўсіх. Гэтым жа паказаў Ты ворагам нашым, што Ты — Той, Хто вызваляе ад усякага ліха. Бо пазабівалі іх укусы саранчы і мух і не знайшлося лекаў для душы іх, бо былі вартыя такім чынам быць знішчанымі; сыноў жа Тваіх не перамаглі зубы атрутных змей; бо міласэрнасць Твая апярэджвала і аздараўляла іх. У памяць бо слоў Тваіх былі пакусаныя і мігам аздараўляліся, каб не папасці ў глыбокае забыццё, не быць пазбаўленымі Тваёй дабраты. Бо так не аздараўляла іх ані трава, ані прыпаркі, але Слова Тваё, Госпадзе, якое ўсё аздараўляе. Ты бо маеш уладу над жыццём і смерцю, Ты ўводзіш у брамы цемры і Ты выводзіш. А чалавек забівае вось у злачыннасці сваёй, і не можа вярнуць дух, што выйшаў, ані забранай душы не можа вызваліць. Але немагчыма выкруціцца з Тваёй рукі: бо бязбожныя, якія ведаць Цябе не хацелі, моцаю рукі Тваёй былі пакараны, замучаны незвычайнымі дажджамі, і градамі, і страшнымі ветраломамі ды знішчаны агнём. Бо што было вельмі дзіўнае: у вадзе, якая ўсё тушыць, агонь меў яшчэ больш моцы; бо мсціўца — гэта святло справядлівых. Па нейкім бо часе агонь прытухаў, каб не згарэлі звяры, насланыя на бязбожных, але каб яны, гэта бачачы, пераканаліся, што судом Божым пераследуюцца яны. А часам нават у вадзе гарэў звыш моцы агонь, каб вынішчыць плады на спаганенай зямлі. Замест гэтага народ Свой карміў Ты ежай анёлаў і даў ім хлеб з неба, які меў у сабе ўсю асалоду і задавальняў усякі густ. Бо маёмасць Твая даказвала спагадлівасць Тваю да дзяцей і, заспакойваючы волю прымаючага, ператваралася ў тое, чаго хто хацеў. Снег і лёд вытрымлівалі агонь і не раставалі, каб зразумелі, што плады ворагаў нішчыў агонь, што гарэў пры градзе і пры ліўнях з маланкамі; той жа вось агонь, каб наеліся справядлівыя, таксама губляў сваю сілу. Бо стварэнне Табе, Творцы, падначалена; накіроўваецца на пакаранне несправядлівых і больш ласкавым становіцца для дабрадзейнасці тых, хто веруе ў Цябе. Дзеля таго і тады, ва ўсё змяняючыся, служыла з ласкі Тваёй як карміцелька ўсіх, па волі тых, хто патрабаваў ад Цябе, каб зразумелі дзеці Твае, якіх Ты, Госпадзе, умілаваў, што не плён пладоў корміць чалавека, але слова Тваё беражэ веруючых у Цябе. Бо тое, чаго агонь не мог знішчыць, раставала хутка, сагрэтае кволым промнем сонечным, каб ведалі, што трэба апярэджваць сонца, дабраслаўляючы Цябе, і шанаваць Цябе на світанні. Надзея бо няўдзячнага — як лёд зімовы: растае ды расплываецца як вада бескарысная.
Вялікія бо суды Твае і недаследныя; таму заблукалі душы няўмелыя. Бо пакуль ліхотнікі, перакананыя, што могуць няволіць люд святы, палі, увязненыя цемраю і зняволеныя доўгаю ноччу, уцякаючы перад вечным наканаваннем, схаваўшыся ў дамах; і пакуль яны думаюць, што схаваюцца ў грахах таемных, рассейваюцца яны пад цёмнай заслонай забыцця, дужа ўстрывожаныя і запалоханыя ценямі. Бо і пячора, у якой былі яны, не ўхавала іх ад страху: бо трывожылі іх страшныя гукі вакол іх і з’яўляліся прывіды, маркотныя тварам. Ды нават ніякая сіла агню не магла даць ім святла, ані яснае полымя зорак не магло асвяціць той страшнай ночы. А паказваўся ім толькі нечаканы агонь, поўны жаху, і яны, напалоханыя страхам з-за таго бачання, што з’яўлялася, за горшае лічылі тое, на што глядзелі; і чараўніцтва было аддадзена на пасмяянне, і на мудрасць славы прыйшла вымова з ганьбаю. Бо тыя, што абяцалі пазбавіць душу, якая церпіць, ад жаху і непакою, самі са страхам, вартым кпінаў, хварэлі. Бо хоць нішто жахлівае іх не страшыла, баяліся тупату жывёлы і сыкання гадзін, млелі ад страху, не хочучы нават глянуць у паветра, якога ніякім чынам нельга ўсцерагчыся. Бо сведчыць аб сваім уласным страху правіннасць, калі асуджаецца, заўсёды ж памнажае цяжкасці яна, устрывожаная сумленнем. Страх бо ёсць не што іншае, як адмова дапамогі з боку розуму; і чым меншае ёсць унутры чаканне дапамогі, тым большым лічыцца няведанне яго прычыны, што прыносіць пакуты. А іх, якія ў гэту ноч, сапраўды безуладную і з пячораў безуладнай цемры надыходзячую, заснулі звычайным сном, калісьці трывожылі пачвары прывідаў; калісьці заняпадам душы аслабляліся: паў бо на іх страх раптоўны і нечаканы. І так, калі падаў кожны там, дзе знаходзіўся, пільнавалі яго, запёртага ў астрозе без кратаў. Бо ці гэта быў земляроб, ці пастух, ці работнік, працуючы на полі, — паддаваўся ён непазбежнай долі: усіх іх звязваў адзін ланцуг цемры. Ці гэта вецер свісцячы, ці мілы спеў птушак між густых галін дрэў, ці шум вады, хутка цякучай, ці гэта гармідар скал, якія абрушваюцца, ці гэта нябачны бег гуляючых жывёлін, ці гэта грозны рык звяроў надта страшных, ці гэта рэха, што адбіваецца ад горнай цясніны, — абяссільвала іх і палохала. Увесь бо свет быў заліты яркім святлом і аддаваўся працы без перашкоды; толькі над імі аднымі распасцёрлася цяжкая ноч, выява цемры, якая мела іх ахапіць: такім чынам, самі для сябе былі большаю цяжкасцю, чым цемра.
А для Тваіх святых было самае вялікае святло; і нават калі яны іх голас чулі, а постацей не бачылі, называлі іх шчаслівымі, бо самі яны гэтага ж не цярпелі; а за тое, што раней пакрыўджаны былі і не перашкаджалі, дзякавалі і прасілі аб дараванні за тое, што раней іх выганялі. Дзякавалі, што Ты даў ім стоўп вогненны як правадыра на невядомай дарозе і як няшкоднае сонца ў славутым падарожжы. Вартыя яны быць пазбаўленымі святла і цярпець у вязніцы цемры, бо ў няволі трымалі сыноў Тваіх, праз якіх свет меў атрымаць незнішчальнае святло закону. За тое, што надумаліся забіць дзяцей справядлівых — і калі гэта адно дзіця пакінута было і вызвалена, — за кару забраў Ты ў іх многа дзяцей і загубіў іх разам у вялікай вадзе. Ноч тая была прадказана бацькам нашым, так што яны былі даволі спакойныя, ведаючы добра, якім прысягам паверылі. А народ Твой чакаў так здароўя справядлівых, як і загубы несправядлівых, чым бо пакараў Ты праціўнікаў, тым і ўславіў нас, каго Ты паклікаў. Справядлівыя бо дзеці добрых складалі патаемна цэласпаленні і аднадушна ўстанавілі Божы закон, што аднолькава прымуць святыя дабро і небяспекі, пачынаючы ўжо спяваць гімн продкаў. З другога боку, адзываўся нястройны крык ворагаў ды разносіўся жалобны гоман плачучых над дзецьмі. Аднолькавым жа судом быў пакараны і гаспадар, і нявольнік, і просты чалавек цярпеў нароўні з царом; такім чынам, усе адначасна, пад адным імем смерці, безліч мелі памерлых. Але жывых не хапала да пахавання, бо ў адзін момант загінула іх даражэйшае пакаленне. Бо не веруючыя ў нішто, акрамя чарадзействаў, па вынішчэнні першародных прызналі, што народ гэты ёсць сын Божы. Калі бо маўклівая цішыня ахоплівае ўсё і ноч у сваёй хадзе дасягае сярэдзіны, усемагутнае Тваё слова з неба, з валадарскіх пасадаў, сышло, як жорсткі ваяр на сярэдзіну гінучай зямлі, як востры меч, што нясе Твой неадменны загад; і, стаўшы, перапоўніла ўсё смерцю: і дасягала аж да неба, стоячы на зямлі. У той час заўсёды трывожылі іх страшныя бачанні сноў, і надышлі нечаканыя жахі, і, валячыся ўсе ў розных месцах, напаўмёртвыя, выяўлялі прычыну, па якой яны ўміралі. Бачанні бо, якія іх устрывожылі, папярэджвалі іх аб тым, каб не гінулі ў несвядомасці, за што яны церпяць. Кранула ж выпрабаванне смерці і справядлівых, і многія загінулі ў пустыні, але не доўга трываў гнеў Твой. Бо паспешна выступіў у абароне муж беззаганны, што нёс шчыт сваёй паслугі, малітву і ўміласціўленне кадзільнае, ён супрацьстаў гневу, і паклаў канец гору, паказваючы тым, што ён паслугач Твой. А перамог ён гнеў не сілай цела, ані сілай зброі, але словам перамог карацеля, прыпамінаючы абяцанні і прымірэнні продкаў. Калі бо натоўпамі падалі памерлыя адзін на аднаго, ён стаў на сярэдзіне, і спыніў націск, і раздзяліў тую дарогу, што вяла да жывых. Бо ўвесь свет быў на яго доўгіх шатах, і славутыя імёны бацькоў высечаны на чатырох радах камянёў, і вяліч Твая на дыядэме яго галавы. Перад імі саступіў і іх збаяўся нішчыцель, бо досыць было аднаго толькі выпрабавання гневу.
А над бязбожнымі трываў неміласэрны гнеў аж да канца; бо прадбачыў ён і будучыню іх: бо калі яны дазволілі ім пайсці і выслалі з вялікай трывогай, то пашкадавалі аб гэтым і пагналіся за імі. Бо яшчэ пагружаны былі ў жалобу і плакалі над магіламі памерлых, а вырашылі іншы неразумны намер і гналіся, як за ўцекачамі, за тымі, якіх, молячыся, павыганялі. Бо падпіхвала іх да гэтага канца заслужаная доля; і забыліся аб тым, што здарылася, каб споўніла яна кару, якой не хапала плягам, і каб народ Твой споўніў слаўнае падарожжа, яны ж каб знайшлі смерць нечуваную. Усякае бо стварэнне зноў ператваралася ад пачатку ў сваёй натуры, паслухмянае Тваім загадам, каб дзяцей Тваіх ухаваць без шкоды. Бо воблака ахінала лагер іх, а дзе стаяла раней вада, паказалася сухая зямля, з Чырвонага мора — свабодная дарога, і з бурлівай вады — зялёнае поле, па якім прайшлі ўсе, каго хавала Твая рука, убачыўшы цуды Твае дзіўныя. Яны пасвіліся, як коні на пашы, і гулялі, як ягняткі, славячы Цябе, Госпадзе, Які вызваліў іх. Бо яшчэ памяталі сваё прабыванне, як зямля замест другіх жывёлін радзіла камароў і замест рыб рака выкінула мноства жаб. А напрыканцы ўбачылі яны новы род птушак, калі, ахопленыя прагнасцю, прасілі прыемнай ежы: бо для супакаення жадання наляцелі на іх з мора перапёлкі. Ды кары прыйшлі на грэшнікаў не без папярэджваючых знакаў — раптоўных перуноў: справядліва бо цярпелі за свае ліхоты; бо мелі даволі вялікую нянавісць да чужынцаў. Тыя ж не прынялі чужынцаў незнаёмых, а гэтыя ўзялі ў няволю дабрадзейных чужынцаў. І не толькі гэта: але будзе яшчэ іншы суд на іх за тое, што яны варожа прымалі чужых; а гэтыя, з радасцю іх прыняўшы, карыстаючыся роўнымі правамі, сталі ўціскаць самымі жудаснымі работамі. Паражоныя ж яны былі слепатой, як тыя пры дзвярах справядлівага, калі непраглядная цемра іх ахапіла і кожны шукаў увахода ў дзверы свае. Самыя стыхіі змяніліся, як у псалтэрыёне гукі змяняюць свой характар, заўсёды, аднак, застаючыся тымі самымі гукамі; лёгка гэта можна бачыць праз дакладнае нагляданне за мінулым. Бо зямныя звяры змяніліся ў вадзяных, і вадзяныя выходзілі на сушу, агонь у вадзе ўтрымліваў сваю сілу, і вада губляла ўласцівасць тушэння. І наадварот: полымя не паліла цел кволых жывёл, пасярод яго ходзячых, ані нішчыла тое, што нішчылася лёгка — ежу несмяротную, падобную да лёду. Ва ўсім бо ўзвысіў Ты народ Свой, Госпадзе, і ўславіў, ды не забыўся, дапамагаючы яму ў кожны час і на кожным месцы.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017