Библия › Чарняўскі-17 › Эклезіясціка
Усякая мудрасць ад Госпада Бога і з Ім прабывае заўсёды і спакон веку. Пясок марскі, і кроплі дажджу, і дні века хто можа злічыць? Вышыню неба, і шырыню зямлі, і глыбіню бяздоння хто можа змераць? Апярэджваючую ўсё мудрасць Божую хто можа ўцяміць? Першая перад усім была створана мудрасць, і разуменне разважлівасці — ад вякоў. Крыніца мудрасці — Слова Божае на нябёсах, і праява яе — адвечныя настаўленні. Корань мудрасці каму быў аб’яўлены? Дый хто пазнаў хітрасці яе? Каму была аб’яўлена ды паказана навука мудрасці? І ўсебаковае знанне яе хто зразумеў? Ён адзін, Узвышні Творца ўсемагутны і Валадар моцны, наганяючы вялікі страх, Які сядзіць на троне Сваім і валадарыць, — Бог. Ён стварыў яе ў Духу Святым, і Ён убачыў, і палічыў, і змераў; і выліў Ён яе на ўсе творы Свае і на кожнага чалавека па Сваёй шчодрасці ды надзяліў ёю мілуючых Яго. Страх Госпадаў — слава і пашана, і радасць, і вянок радаснага захаплення. Страх Госпадаў хай захапляе сэрца, і дае радасць, і весялосць, і доўгае жыццё. Таму, хто баіцца Госпада, будзе добра ў канцы жыцця, ды ў дзень сваёй смерці будзе дабраславёны. Ушанаванне Бога — пачэсная мудрасць; а каму яна адкрыецца, той размяшчае яе ў бачанні самога сябе ды ў пазнанні вялікіх спраў сваіх. Пачатак мудрасці — страх Госпадаў, з вернымі яна ствараецца ва ўлонні, і спрадвеку асноўваецца ў людзях праўды ды іх патомству даручае сябе. Страх Госпадаў — пабожнасць ведаў. Пабожнасць зберажэ і апраўдае сэрца, дасць асалоду і радасць. Паўната мудрасці — баяцца Бога, яна напоіць іх пладамі сваімі. Увесь дом яго напоўніць каштоўнымі рэчамі ды кладоўкі яго — багаццямі. Вянец мудрасці — страх Госпадаў, што дае супакой і ласку збаўлення: абодва — дары Божыя. Веданне і разуменне разважлівасці мудрасць вылівае, як дождж, і хвалу тых, якія яе трымаюцца, узвышае. Корань мудрасці — гэта страх Госпадаў, і галіны яе — даўгавечныя. У скарбоўнях мудрасці — разуменне і пабожнасць ведаў; а мудрасць грэшнікаў — гэта праклён. Страх Госпадаў выдаляе грэх і, калі ён прысутнічае, спыняе ўсякі гнеў. Бо той, у каго няма страху, не зможа быць апраўданы, бо гнеў упартасці яго ёсць падзенне яго. Цярплівы ўтрымаецца толькі да часу, і затым вернецца асалода. Разумны да часу будзе скрываць свае словы, і вусны многіх будуць славіць яго розум. У скарбоўнях мудрасці — прыпавесці навукі; а грэшніку шанаванне Бога — праклён. Сыне, калі прагнеш мудрасці, захавай справядлівасць, і Бог дасць табе яе. Бо мудрасць і навука — гэта страх Госпадаў, і тое, што Яму падабаецца, — вернасць і пакорлівасць. Будзь верным у страху Госпадавым ды не прыступай да Яго з раздвоеным сэрцам. Не будзь крывадушным на віду людзей ды пільнуй вусны свае. Не вынось сябе, каб часам не ўпасці, і не выклікай ганьбы на сваю душу, бо адкрые Бог скрытасці твае, ды на сходзе скрышыць цябе, бо блага прыступіўся ты да страху Госпадава і тваё сэрца поўнае подступу і падману.
Сыне, прыступаючы служыць Богу, трывай у справядлівасці і страху ды загартуй душу сваю на выпрабаванні. Кіруй сэрцам сваім і трымайся, нахілі вуха сваё і прымі разумнае слова і не бойся ў час бяды. Пакладзіся на Бога, злучайся з Богам і не адступай, каб разумным быць на сваіх дарогах. Усё, што на цябе будзе ўскладзена, прымі і выцерпі ды ў смутку пакорлівасці сваёй май цярплівасць, бо ў агні выпрабоўваецца золата і срэбра, а людзі, мілыя Богу, у печы прыніжэння. Вер Богу, і Ён палюбіць цябе, і ўскладай надзею на Яго, і Ён накіруе дарогу тваю; бойся Яго і з Ім дачакаешся старасці. Маючы страх Госпадаў, атрымаеце міласэрнасць Яго, і не адыходзьце ад Яго, каб не ўпасці. Вы, што баіцеся Госпада, верце Яму, ды не прападзе плата ваша. Вы, што баіцеся Госпада, спадзявайцеся на дабро, і вечную радасць, і міласэрнасць. Вы, што баіцеся Госпада, любіце Яго, ды праяснеюць вашы сэрцы. Паглядзіце, дзеткі, на даўнейшыя пакаленні і пераканайцеся: калі хто ўскладаў надзею на Госпада, ці быў пасаромлены? Або хто трымаўся прыказанняў Яго, і быў пакінуты? Або хто прызываў Яго, і Ён адцураўся ад яго? Бо Госпад святы і міласэрны, і ў дзень трывогі адпусціць грахі, ды Абаронца ўсім, хто шукае Яго ў праўдзе. Гора раздвоенаму сэрцу, і ліхім вуснам, ды апушчаным рукам, ды грэшніку, што ходзіць па зямлі дзвюма сцежкамі! Гора знеахвочаным сэрцам, бо яны страцілі веру і таму не будуць мець абароны! Гора вам, страціўшым цярплівасць, і тым, якія пакінулі простыя дарогі і павярнулі на ліхія дарогі! І што будзеце рабіць, калі Госпад вас наведае? Хто баіцца Госпада — будзе верным слову Яго, ды хто любіць Яго — будзе трымацца дарогі Яго. Хто баіцца Госпада — будзе шукаць таго, што Яму падабаецца; і хто любіць Яго — будзе выконваць закон Яго. Хто баіцца Госпада, прыгатуе сваё сэрца і асвяціць перад Ім душу сваю. Хто баіцца Госпада — будзе берагчы загады Яго, і будуць мець цярплівасць аж да Яго наведвання, кажучы: «Калі будзем чыніць навяртанне, дык трапім у Госпадавы рукі, а не ў рукі людзей: бо па велічы Яго і міласэрнасць Яго».
Дзеці мудрасці — сход справядлівых, і племя іх — паслухмянае і ўмілаванае. Дзеці, слухайце параду бацькі, ды так рабіце, каб быць збаўленымі. Бо Бог ушанаваў бацьку праз дзяцей і права маці сцвердзіў над сынамі. Хто шануе бацьку — просіць за грахі, і ўстрымаецца ад іх, і ў дзень малення выслуханы будзе. І хто шануе маці сваю, той быццам збірае скарбы. Хто паважае бацьку свайго, будзе мець радасць у дзецях ды ў дзень малення свайго выслуханы будзе; хто шануе свайго бацьку — даволі доўга жыць будзе, ды хто слухае бацьку, будзе супакаеннем маці. Хто баіцца Госпада — той паважае бацькоў ды, быццам валадарам, служыць тым, што яго нарадзілі. Дзейнасцю і словам шануй бацьку свайго, каб супачыла на табе дабраславенства яго. Дабраславенне бацькі ўмацоўвае дамы дзяцей; а праклён маці выварочвае падмуркі. Не ганарыся бясслаўем бацькі свайго, бо ганьба бацькі не прыносіць табе славы; слава бо чалавека — з павагі да яго бацькі, і ганьба дзецям — маці без гонару. Сыне! Прымі бацьку ў яго старасці ды не засмучай яго ў яго жыцці; і калі ён розум страціць, будзь ласкавы да яго ды не пагарджай ім ва ўсе дні яго жыцця. Бо міласэрнасць да бацькі не будзе забыта, бо замест грахоў яна ў цябе разрасцецца і ў справядлівасці будзе пабудавана ў цябе; ды ў дзень смутку прыгадаецца табе, і, як лёд у цёплы дзень, знікнуць твае грахі. О, якая вялікая ганьба таму, хто кідае бацьку; і пракляты Богам, хто гнявіць маці. Сыне, справы свае спраўляй з лагоднасцю, ды будзеш любімы чалавекам, што даручае іх. Хоць і важны ты — упакорвай сябе ва ўсім і знойдзеш ласку ў Бога. Шмат важных і слаўных людзей, але сціплым адкрывае Ён Свае таямніцы. Вялікая бо магутнасць адзінага Бога, і пакорлівымі Ён праслаўлены. Не шукай таго, што не пад сілу табе, ды не даследуй таго, што мацнейшае за цябе, але пра тое думай заўсёды, што загадаў табе Бог, і не будзь пільны ў многіх справах Яго. Бо не патрэбна табе бачыць вачамі сваімі тое, што скрытае. Не займайся шмат рэчамі непатрэбнымі; бо многа, што перавышае розум чалавечы, аб’яўлена табе. Многіх ужо звялі здагадкі іх, ды выгляд ліхі падмануў іх розум. Без зрэнкі не будзе святла, без ведаў адсутнічае мудрасць. Для ўпорыстага сэрца будзе ліхое заканчэнне; і хто любіць небяспеку, прападзе ў ёй. Сэрца, што ходзіць дзвюма дарогамі, не будзе мець поспеху; і сапсаваны сэрцам на іх будзе зведзены. Ліхое сэрца набярэ бед, і грэшнік — дадасць грэх да граху. На хваробы пыхліўцаў не будзе лякарства, бо куст граху запусціць у іх карані і не будзе разумення. Сэрца разумнага зразумее словы мудрых, і вуха слухаючага зажадае мудрасці. Сэрца мудрае і разумнае ўстрымаецца ад граху ды ў працах справядлівасці будзе мець поспех. Вада тушыць палымнеючы агонь, так міласціна ачышчае грахі. Бог ёсць Наглядчык таго, хто падае міласціну; Ён памятае пра яго ў будучыні, і той у час падзення свайго знойдзе апору.
Сыне, не адмаўляй у дапамозе бедным ды вачэй сваіх не адварочвай ад беднага. Не засмучай душы галоднага і не засмучай беднага ў яго беднасці. Не крыўдзі сэрца беднага ды не марудзь дапамагчы патрабуючаму. Не адмаўляй беднаму, які просіць дапамогі, і не адварочвай аблічча свайго ад убогага. Не адварочвай вачэй тваіх ад беднага, дзеля гневу, ды не дай яму магчымасці, каб у адказ ён праклінаў цябе; бо мальба яго, праклінаючага цябе ў горычы душы, будзе выслухана; выслухае ж яго Той, Хто стварыў яго. На сходзе старайся быць прыемным, і перад уладаю спакары душу сваю, ды перад магнатам схілі галаву сваю. Нахілі без прыкрасці вуха сваё да ўбогага, і аддай доўг свой, ды адкажы яму спакойна і спагадліва. Вызвалі пакрыўджанага з рукі крыўдзіцеля яго ды не адчувай незадавальнення ў душы сваёй, калі судзіш. Будзь міласэрным, як бацька, да сірот і, быццам муж, — для іх маці; і будзеш паслухмяным, як сын Узвышняга, і Ён злітуецца над табою больш, чым маці. Мудрасць удыхнула жыццё ў сыноў сваіх і падтрымлівае шукаючых яе. Хто яе любіць, любіць жыццё; ды хто дзеля яе рана ўстане, напоўніцца радасцю Госпадавай. Хто трымаецца яе, атрымае ў спадчыну хвалу; і дзе яна ўвойдзе, там Госпад будзе дабраслаўляць. Хто служыць ёй, будзе паслухмяны Святому; ды тых, што любяць яе, любіць Бог. Хто слухае яе, будзе судзіць народы; ды хто беражэ яе, жыць будзе спакойна. Хто будзе мець давер да яе, успадкаеміць яе; ды будуць мець яе яго пакаленні. Бо ідзе яна з ім і спачатку ў прытворстве выпрабоўвае яго; навядзе на яго страх і трымценне і будзе выпрабоўваць яго выпрабаваннем навукі сваёй, пакуль ён не ўбярэ яе ў сябе, у свае думкі, пакуль не ўмацуецца яна ў душы яго. І вернецца простае да яго, і ўмацуе яго ды пацешыць яго, ды адкрые яму свае таямніцы і ўзбагаціць яго ведамі і разуменнем справядлівасці. А калі ён сыдзе з дарогі, Ён пакіне яго ды аддасць яго ў рукі ворага яго. Сыне, глядзі на час і сцеражыся злога — і не засаромеешся за душу сваю; бо ёсць сорам, што вядзе да граху, і ёсць сорам, што вядзе да хвалы і ласкі. Не крывадушнічай супраць сваёй душы ды не падманвай душы сваёй. Не бойся блізкага твайго ў сваім падзенні і не стрымлівай слова ў час патрэбы; ды не давай сваёй мудрасці напаказ. Бо са слова пазнаецца мудрасць і розум — з адказу языка. Ніякім чынам не супраціўся слову праўды і не саромейся дзеля сваёй невучонасці. Не саромейся вызнаваць грахі свае і не слухайся ніводнага чалавека, дзе грэх. Не праціўся чалавеку магутнаму і не праціўся цячэнню ракі. Аж да смерці змагайся за справядлівасць, і Бог пераможа ворагаў тваіх за цябе. Не спяшайся ў гаворцы сваёй і не будзь марудлівы і лянівы ў сваіх справах. Не будзь, як леў, у сваім доме, разганяючы дамачадцаў сваіх ды крыўдзячы падпарадкаваных табе. Хай не будзе працягнута рука твая да прымання і [хай не будзе] сціснута — да давання.
Не пакладайся на маёмасць сваю ды не кажы: «Хапае мне ўсяго ў жыцці». Не ганіся за дужасцю сваёй, каб ісці за пажаданнямі свайго сэрца, ды не кажы: «Хто пераадолее мяне?» або: «Хто пакарае мяне за ўчынкі мае?» — Бог бо будзе спаганяць справядлівасць. Не кажы: «Зграшыў, і што мне благога сталася?» — Узвышні бо ёсць цярплівы Аддаўца. Бойся, ці Бог адпусціць табе грэх, і не дадавай грэх да граху, і не гавары: «Міласэрнасць Госпадава вялікая, Ён злітуецца над мноствам маіх грахоў»; бо міласэрнасць і гнеў у Яго хутка праходзяць, і гнеў Яго супачывае на грэшніках. Не марудзь навярнуцца да Госпада і не адкладай гэтага з дня на дзень. Раптоўна бо прыйдзе гнеў Яго, і ў час помсты — прападзеш. Не пакладайся на несправядліва набытыя багацці, бо нічога яны не дапамогуць у час гібелі. Не вей пры ўсякім ветры і не хадзі ўсякаю сцяжынкаю, так бо выяўляецца ў раздвоеным языку кожны грэшнік. Будзь цвёрды ў сваім перакананні, і ў праўдзівасці пераканання твайго і ведаў няхай праводзіць цябе слова супакою і справядлівасці. Будзь скоры да слухання слова, каб зразумець, і не спяшайся даваць адказ. Калі ёсць у цябе розум — адкажы блізкаму; а калі не — пакладзі руку сваю на вусны свае, інакш захопіць цябе слова няўмелае і будзеш пасаромлены. Праз мову — гонар і ганьба; язык жа бывае чалавеку на падзенне яго. Хай не называюць цябе паклёпнікам, ды не ачарняй языком сваім. Злодзеем быць — ганьба, і крывадушніку — найгоршае асуджэнне, плеткару ж — нянавісць, і варожасць, ды ганьба.
Не шкодзь ані ў малым, ані ў вялікім і не станавіся прыяцелем ворагу. Бо ліхое імя, і ўпіканне, і ганьбу атрымаеш: так кожны грэшнік і крывадушнік ненавісны і двуязычны. Не вынось сябе ў думках сваёй душы, як вол, каб часам не выявілася моц твая дурасцю: і лісты твае змарнуе, і плады знішчыць, і застанешся, як сухое дрэва ў пустыні. Ліхая бо душа загубіць таго, хто яе мае, і зробіць яго пасмешышчам для ворагаў, і давядзе да лёсу бязбожных. Салодкія вусны памнажаюць прыяцеляў і ўлагоджваюць ворагаў, і мілагучны язык кажа прывітанне. Тых, хто жыве з табой мірна, можа быць многа, а дарадчыкам тваім можа быць адзін з тысячы. Калі хочаш набыць прыяцеля — набудзь яго ў выпрабаванні і не з лёгкасцю павер яму. Бывае бо прыяцель сябрам у патрэбны яму час і не застаецца — у дзень тваёй бяды. І бывае прыяцель, які пераходзіць да непрыязнасці і выяўляе звадку на тваю ганьбу. Бывае прыяцель як сябар пры стале і не вытрывае ў дзень тваёй бяды; у дабрабыце тваім будзе ён табе роўны і з хатнімі тваімі будзе давераны, а калі ты будзеш упакораны — абернецца супраць цябе ды схаваецца ад цябе. Ад ворагаў сваіх ухіляйся і будзь асцярожным з сябрамі сваімі. Верны сябар — магутная абарона, і хто яго знайшоў — скарб знайшоў. Вернаму сябру няма цаны ды няма вагі для яго дабрыні. Верны сябар — лекі для жыцця; той, хто баіцца Госпада, — знойдзе яго. І хто баіцца Госпада, будзе мець таксама сяброўства Яго, бо які Ён Сам, такім будзе Яго сябар. Сыне, ад маладосці сваёй старайся вучыцца, ды аж да сівізны шукай мудрасці. Як араты і сейбіт набывай яе і захавай добрыя яе плады. Бо ў справе яе трошкі папрацуеш і хутка будзеш спажываць яе плады. Для неадукаваных людзей мудрасць амаль недаступная, і неразумны не вытрымае ў ёй. Яна будзе на ім, як цяжкі камень выпрабавання, і ён не замарудзіць скінуць яе. Мудрасць адпавядае імю свайму і толькі нямногім адкрываецца; а хто яе пазнаў, застаецца перад абліччам Божым. Слухай, сыне, і прымі меркаванне маё, ды не адкідвай рады маёй. Накладзі на ногі твае путы яе і на шыю сваю — ланцуг яе; падстаў плячо сваё і насі яе, і не курчыся на ціск яе. Усёю душою прытуліся да яе ды беражы яе шляхі ўсёю сілаю сваёй. Наглядай і сачы, шукай — і знойдзеш, і, схапіўшы, не пакідай яе. Бо ў канцы знойдзеш супачынак у ёй, і яна абернецца ў радасць табе. І путы яе будуць для цябе моцнаю абаронаю, ды ланцуг яе — шатамі славы, бо залатая на ёй аздоба і путы яе — гіяцынтавыя ніткі. Адзенеш яе шатамі славы ды ўскладзеш на сябе вянец радасці. Сыне, калі будзеш хацець яе — навучышся, ды калі прыладзіш душу сваю — будзеш мудры. Калі з любоўю будзеш слухаць, то навучышся; і калі нахіліш вуха сваё — мудры будзеш. Стань на сходзе старэйшын і сэрцам далучыся да мудрасці іх, каб ахвотна слухаць усякую размову Божую, і разумныя прыказкі хай прыцягваюць увагу тваю. Ды калі ўбачыш разумнага, пільнуй яго, ды нага твая хай сцірае парог дзвярэй яго. Разважай пра прыказанні Божыя і да загадаў Яго будзь надта пільны; і Ён Сам умацуе сэрца тваё, і прагнасць да мудрасці будзе дадзена табе.
Не рабі блага, і благое цябе не апануе; адыдзі ад ліхоты, і яна адыдзе ад цябе. Сыне, не сей у барознах несправядлівасці ды не будзеш у сем разоў больш жаць з іх. Не прасі ў Госпада ўлады ані ў цара пачэснага месца. Не апраўдвайся перад Богам, бо Ён ёсць Знаўца сэрца нашага; і не жадай перад царом паказацца мудрым. Не старайся быць суддзёю, калі не можаш дабрадзейнасцю знішчыць несправядлівасць, каб часам не забаяцца аблічча магната і не спатыкнуцца ў сваёй бесстароннасці. Не грашы перад грамадствам горада і не зневажай сябе перад народам. І не дадавай граху да граху, бо і за адзін не ўхілішся ад пакарання. Не будзь маладушны ў сваім маленні; маліся і не адцурайся ад падавання міласціны. Не кажы: «Гляне Бог на мноства маіх дароў, калі буду іх складаць Богу Найвышэйшаму, і прыме іх». Не насміхайся з чалавека, які ў горычы душы; бо ёсць Той, Хто паніжае і ўзвышае, — Наглядчык Бог. Не выдумляй нічога лжывага супраць брата свайго, і не чыні нічога падобнага адносна прыяцеля. Не жадай гаварыць ніякай хлусні, бо яе пастаянства не дае дабра. На сходзе старэйшын не будзь лапатлівы ды мнагаслоўны — у сваім маленні. Не цурайся цяжкай працы і зямляробства, створанага Узвышнім. Не залічвай сябе да распусных; памятай, што гнеў не будзе марудзіць. Утаймоўвай моцна свой дух, бо кара для бязбожнага — агонь і чарвяк. Не замяняй прыяцеля на грошы, ані найлюбімейшага брата — на золата Афіра. Не пакідай разумнай і добрай жонкі, якую май у страху Госпадавым, бо годнасць сціпласці яе даражэй за золата. Не крыўдзі слугі, які працуе ў праўдзе, ані найміта, адданага табе душой. Хай разумны слуга будзе табе дарагі, як твая душа; і не падмані яго ў свабодзе ды не пакінь яго ў беднасці. Маеш жывёлу? Даглядай яе, ды калі яна карысная — хай застаецца пры табе. Маеш дзяцей? Гадуй іх і з маленства прыгінай каркі іх. Маеш дачок? Беражы іх цела і не паказвай ім вясёлага аблічча свайго. Аддавай замуж дачку — і зробіш вялікую справу, ды за разумнага чалавека аддай яе. Калі жонка ў цябе па душы тваёй — не адкідай яе, але ненавіснай не давярай самога сябе. Усім сэрцам сваім шануй бацьку свайго і не забывай стогнаў маці сваёй. Памятай бо, што ты імі народжаны, і чым аддасі ім, як яны табе? Усёй душой тваёй май страх Госпадаў ды паважай Яго святароў. Усёю моцаю сваёй мілуй Таго, Хто цябе стварыў, ды не пакідай слуг Яго. Паважай Бога ўсёй душой тваёй і шануй святароў. Дай ім частку, як загадана табе, пяршыняў і ачышчэння за грэх і за нядбаласць, і лапатку ў ахвяру, і ахвяру асвячэння, і пяршыні святога. І працягні сваю руку ўбогаму, каб здзейснілася ласка і дабраславенне тваё. Акажы ласку кожнаму, хто жыве, але і памерламу не адмаўляй у ласцы. Не ўхіляйся ад суцяшэння тых, якія плачуць і з тымі, якія сумуюць, — ты сумуй. Не лянуйся наведаць хворага, бо за гэта будуць цябе любіць. Ва ўсіх справах сваіх памятай пра свой канец — і павек не зграшыш.
Не спрачайся з чалавекам важным, каб часам не трапіць у яго рукі. Не спрачайся з чалавекам багатым, каб часам не паклаў ён на цябе свайго цяжару: золата бо загубіла многіх і срэбра нават сэрца цароў звяло. Не спрачайся з чалавекам лапатлівым і не падкідвай дроў у яго агонь. Не сябруй з чалавекам неадукаваным, каб не быць пагарджаным князямі. Не адцурайся ад чалавека, які адварочваецца ад граху, ані не сварыся на яго; памятай, што мы ўсе заслужылі пакаранне. Не ганьбуй чалавека ў яго старасці, бо і некаторыя з нас дачакаюцца старасці. Не цешся са смерці ворага свайго; памятай, што мы ўсе паміраем і не хочам ісці з радасцю. Не пагарджай апавяданнем мудрых старцаў і цікаўся іх размовамі; ад іх бо навучышся мудрасці ды разуменню навук і таму, як служыць магнатам без скаргі. Зважай на аповед старцаў, бо яны навучыліся ад сваіх бацькоў; бо ад іх навучышся розуму і ў адпаведны час дасі адказ. Не распальвай вуголля грэшнікаў, сварачыся на іх, і сам не згарай у полымі агню іх. Не станавіся супраць паклёпніка, каб ён не засеў, быццам засадаю, у вуснах тваіх. Не пазычай чалавеку важнейшаму за цябе; бо калі пазычыш, лічы гэта за страчанае. Не заручайся вышэй сваёй магчымасці; бо калі заручыўся, думай, як аддаць. Не судзіся з суддзёю, бо ў яго волі асудзіць. З нахабнікам не ідзі ў дарогу, каб ты часам не пагоршыў беды свае: бо ён па волі сваёй будзе весці сябе і ты можаш дзеля яго нахабства прапасці. Не спрачайся з гняўлівым ды з ім не ідзі ў пустыню, бо кроў для яго нічога не значыць і там, дзе не будзе дапамогі, — знішчыць цябе. Не райся з дурнымі: яны бо не змогуць захаваць сакрэту твайго. Перад чужым не адкрывай таямніцы, бо не ведаеш, што ён прыдумае. Не перад кожным чалавекам адкрывай сваё сэрца, каб часам не адштурхнуць ад сябе дабра.
Не будзь раўнівы да жонкі сэрца свайго, каб не навучыць яе адносна сябе ліхой думцы. Не давай жонцы ўлады над душой сваёй, каб не паднялася яна над уладаю тваёй на стыд табе. Не выходзь насустрач распуснай жанчыне, каб часам не папасціся ў яе сетку. Не жыві са спявачкай і не слухай яе, каб не прапасці часам ад яе мастацтва. Не ўглядайся ў дзяўчыну, каб часам не згоршыцца дзеля прыгажосці яе. Не аддавай ніякім чынам душы сваёй распусніцам, каб не згубіць сябе і сваю спадчыну. Не аглядайся на бакі горада, каб не заблудзіць на яго вуліцах. Адварочвай тваё аблічча ад красуні і не прыглядайся да чужой прыгажосці. Дзеля прыгажосці жанчыны многія папрападалі, і дзеля гэтага жаданне, як агонь, загараецца. З замужняй жанчынай не заставайся сам-насам ніколі ды не заставайся з ёй на застоллі з віном, каб часам сэрца тваё не прыхілілася да яе ды каб душою сваёю не пайшоў ты на пагібель. [Не сядзі перад старой жанчынай, калі яна стаіць, і не давай свайму сэрцу волі ў віне,] [не дазваляй сэрцу свайму частых і многіх узліванняў, і крыві тваёй узгарацца ў гэтым.] Не пакідай ранейшага сябра, бо новы не зраўняецца з ім. Сябар новы — тое, што віно новае: калі яно зробіцца старым, з прыемнасцю будзеш піць яго. Не зайздросці славе і багаццю грэшніка; бо не ведаеш, які будзе канец яго. Хай не падабаецца табе памыснасць зайздрасці несправядлівых, ведай, што яны аж да самага пекла не апраўдаюцца. Аддаляйся ад чалавека, які мае ўладу забіваць, ды не спазнаеш страху смерці; і калі будзеш мець дачыненне да яго, не дапускайся нічога, каб часам не пазбавіў ён цябе жыцця. Ведай, што ты саўдзельнік смерці, бо будзеш хадзіць паміж пастак ды паміж сілоў будзеш хадзіць. Па магчымасці тваёй добра абыходзься з блізкім тваім і прасі парады ў мудрых і разважлівых. І дзяліся думкамі сваімі з разумным чалавекам, ды ўся размова твая хай будзе ў прыказаннях Узвышняга. Хай тваімі субяседнікамі будуць людзі справядлівыя, ды ганарыся ты страхам Божым. Творы рук мастакоў ёсць іх слава, і кіраўнік народа славіцца мудрасцю мовы сваёй, а розум старэйшыны — слова яго. Страшны ў горадзе сваім чалавек языкаты, ды ненавісным будзе неразумны ў слове сваім.
Мудры суддзя накіруе народ свой, і кіраванне разумнага будзе трывалым. Які суддзя народа, такія і памочнікі пры ім, ды які загадчык горада, такія і яго жыхары. Цар неразумны загубіць народ свой, і будуць населены гарады дзякуючы разумнасці кіраўнікоў. У руцэ Бога — улада на зямлі, ды ў свой час пакліча Ён карыснага правіцеля. У руцэ Бога — памыснасць чалавека, і ў асобе заканадаўцы Ён пакладзе славу сваю. За кожную крыўду блізкага не адгаджайся ды нічога не рабі ў справе пыхлівасці. Перад Богам і людзьмі пыхлівасць ёсць ненавісная, і для абодвух яна з’яўляецца адною пакутаю страшнай. Валадаранне пераходзіць ад народа да народа па прычыне несправядлівасцей, і крыўды, і грошай вераломных. Няма нічога горшага за чалавека сквапнага, такі бо і душу сваю на продаж мае. Чаго пыхлівяцца зямля і попел? Таму што пры жыцці сваім выкідаюць сваё нутро. Доўгаю хваробаю лекар брыдзіцца, кароткая хвароба супакойвае лекара. Ва ўсякага валадарання — кароткае жыццё; так і цар: сёння ёсць, а заўтра памрэ. Калі бо чалавек памрэ, ён атрымае ў спадчыну змеяў, і жывёлу, і чарвякоў. Пачатак пыхлівасці чалавека — адварочванне ад Бога; і адварочваецца сэрца яго ад Таго, Хто стварыў яго. Бо пачатак усякага граху — пыхлівасць, хто трымаецца яе — атрымлівае праклён, і таго вынішчыць Ён дашчэнту. Таму Госпад учыніў дзіўныя кары за грахі, ды такіх вынішчыў цалкам. Бог перавярнуў пасады ўладароў пыхлівых і замест іх пасадзіў пакорных. Бог вырывае з каранямі пыхлівыя народы, а замест іх насаджае пакорныя. Госпад спустошыў землі паганаў ды разбурыў іх аж да падмуркаў. Ён высушвае іх, і выгубляе іх, ды касуе памяць аб іх на зямлі. Бог касуе памяць аб пыхліўцах і пакідае памяць аб пакорных розумам. Пыха не створана для людзей, ані злоснасць — для народжаных ад жанчын. Семя людзей шануецца дзеля таго, што баіцца Бога; а тое семя, што пераступае загады Госпада, шанавацца не будзе. Між братоў у павазе кіраўнік іх, і ў вачах Госпада будуць тыя, што будуць баяцца Яго. Падарожны, прыбылец і бедны: страх Божы — слава іх. Не пагарджай чалавекам справядлівым і бедным ды не ўзвялічвай чалавека грэшнага і багатага. Важны і магутны суддзя ў павазе, але важнейшы за яго той, хто баіцца Бога. Нявольніку мудраму будуць служыць свабодныя; і разумны чалавек і вывучаны не будзе наракаць, прываблены. Не ганарыся, выконваючы работу сваю, ды не хваліся ў час гора свайго. Лепшы той, хто працуе і мае дастатак ва ўсім, чым той, хто хваліцца і патрабуе хлеба. Сыне, пакораю праслаўляй сваю душу, а давай ёй харч і клопат па годнасці сваёй. Хто апраўдае таго, хто грашыць супраць сваёй душы? Ды хто будзе паважаць таго, хто апаганіў душу сваю? Ёсць убогі, якога паважаюць за веды яго і страх яго, і ёсць чалавек, якога паважаюць дзеля яго маёмасці. А каго паважаюць у беднасці, тым больш яго паважаюць у багацці. І каго паважаюць па маёмасці, каб і ў беднасці!
Мудрасць упакоранага падыме яму галаву ды пасадзіць яго між магнатамі. Не хвалі чалавека па выглядзе яго ды не брыдзься чалавекам дзеля нязграбнага выгляду яго. Малая пчала між лятаючымі, а першынство мае салодкасцю плода свайго. Не ганарыся ніколі адзеннем, ані ў дзень славы сваёй не ўзнасіся, бо цудоўныя ёсць толькі творы аднаго Узвышняга, і не даступны і не бачны людзям творы Яго. Многа тыранаў сядзела на зямлі ды той, аб кім і не думалі, насіў дыядэму. Многія магнаты былі абясслаўлены, і праслаўленыя былі аддадзены ў рукі іншых. Не вінаваць нікога, перш чым не разведаеш, а калі разведаеш, абвінавачвай справядліва. Не адказвай, пакуль не выслухаеш, і ўмешвацца ў гаворку не варта. Не спрачайся ў справе, для цябе не патрэбнай, ды не ўдзельнічай у судзе грэшнікаў. Сыне, не бярыся за многія справы; і калі паспяшаешся, не застанешся без віны: бо калі будзеш пераследаваць — не схопіш, і калі ўцякаеш — не ўцячэш. Чалавек працуе, і спяшаецца, і перажывае, і ўсё-такі жыве ў недастатку. Іншы кволы, мае патрэбу ў падтрымцы, болей мае патрэбу ў сіле, і багаты на недастатак; і вока Божае глядзіць на яго з дабратою, ды падымае Ён яму галаву: і многія дзівяцца з гэтага. Дабро і зло, жыццё і смерць, убогасць і багацце — ад Бога. Мудрасць, і навука, і веданне закону — ад Госпада, любоў і дарогі добрых — у Яго. Блуканне і поцемкі для грэшнікаў створаны; яны ж цешацца ў злачынствах, у злачынстве старэюць. Дар Божы застанецца справядлівым, ды ўпадабанне Яго пяройдзе ў вечнасць. Як хто разжыўся, скупа працуючы, і гэта будзе часткай узнагароды яго: калі ён кажа: «Знайшоў сабе супачынак і цяпер буду пражываць толькі са сваіх дастаткаў», — і ён не ведае, што час пройдзе і наблізіцца смерць, і ўсё пакіне іншым, і памрэ. Цвёрда стой у законе тваім ды ў ім жыві, і, спаўняючы загады, дачакайся старасці. Не дзівіся з дзеянняў грэшнікаў, а спадзявайся на Бога і трывай у сваёй працы. Бо лёгка ў вачах Бога хутка ўзбагаціць беднага. Дабраславенне Бога — у нязменнай узнагародзе справядлівага, і хутка прынясе плады поспех яго. Не кажы: «Чаго мне яшчэ трэба? І якая мне будзе з гэтага карысць?» Не кажы: «Усяго мне хапае; ды чаго мне цяпер сумаваць?» У дзень памыснасці не забывайся пра беды, і ў дзень бед не забывайся пра памыснасць, бо для Бога лёгка ў дзень смерці аддаць кожнаму чалавеку па яго шляхах. Хвілінная бяда прымушае забыцца пра вялікую раскошу, і пры канцы чалавека адкрываюцца яго справы. Пры жыцці не хвалі аніводнага чалавека, бо толькі пры канцы жыцця свайго пазнаецца чалавек. Не ўвадзі ў дом свой абы-якога чалавека, бо многа ёсць подступаў у хітрага. Бо як выходзяць вантробы і смярдзяць, і як курапатка, што трапіла ў клетку, і як дзікая каза ў пастцы, такое і сэрца пыхліўцаў; і, як шпіён, падглядае ён падзенне блізкага свайго. Бо той, хто ставіць пасткі, дабро ператварае ў зло і на людзей выпрабаваных кладзе пляму. Ад іскры адной разгараюцца вугалі, і ад аднаго ліхотніка разліваецца кроў; а чалавек грэшны цікуе на кроў. Сцеражыся ліхога чалавека, бо ён спрычыняе беды; каб ён часам не наклаў на цябе плямы навек. Дапусці да сябе чужынца — і ён увядзе цябе ў замяшанне, і адчужыць цябе ад тваіх найбліжэйшых.
Калі хочаш дабро рабіць, ведай, каму рабіць, і будзе табе вялікая ўдзячнасць за дабрадзейнасць тваю. Рабі дабро справядліваму, а знойдзеш узнагароду вялікую, і калі не ад яго, то, напэўна, ад Госпада. Няма бо дабра для таго, хто трывае ў зле ды хто не дае міласціны, бо і Узвышні мае нянавісць да грэшнікаў і літуецца над пакутуючымі. Давай міласэрнаму і не дапамагай грэшніку; і бязбожным, і грэшнікам Ён аддасць, захоўваючы іх на дзень помсты. Добра рабі добраму, і не падтрымлівай грэшніка. Добра рабі пакорнаму, і не давай бязбожнаму; не давай яму зброі, каб з ёй не стаў мацнейшы за цябе. Бо знойдзеш падвоеныя беды ва ўсякіх дабрадзействах, якія будзеш рабіць яму, бо і Узвышні ненавідзіць грэшнікаў і бязбожным адгодзіць помстай. Сябар не пазнаецца ў памыснасці, і вораг не схаваецца ў бядзе. У памыснасці таксама і ворагі становяцца прыяцелямі, а ў бядзе адступае таксама і прыяцель. Не вер ніколі свайму ворагу, бо, як медзь іржавее, так і яго ліхота, і калі ён, упакораны, будзе хадзіць, сагнуўшыся, зважай на душу сваю і высцерагайся яго, ды будзь яму, як той, што выцірае люстра, і пазнаеш, што ён не да канца ачысціўся ад іржы. Не стаў яго каля сябе, і хай не сядзіць па правай руцэ тваёй, каб часам не заняў месца твайго і не захацеў заняць твайго крэсла; тады нарэшце зразумееш перасцярогі мае, ды са смуткам успомніш словы мае. Хто будзе шкадаваць укушанага заклінальніка змеяў, і ўсіх, што прыбліжаюцца да дзікіх звяроў? І падобна той, што прабывае з грэшнікам ды ўдзельнічае ў яго грахах: не выйдзе ён, пакуль не спаліць яго агонь. Адну хвіліну пабудзе з табою; а калі спатыкнешся — не вытрымае. Непрыяцель цешыць цябе сваімі вуснамі, і сэрцам сваім наладжвае засаду, каб кінуць цябе ў яму. На вачах тваіх будзе плакаць вораг, а калі знойдзе магчымасць, не насыціцца крывёю. Калі на цябе наваляцца беды, знойдзеш яго тады першым пры сабе, і, нібы памагаючы, павырывае ён саджанцы твае. Галавой сваёю трэсці будзе, і будзе пляскаць рукамі, ды многа шаптаць, ды зменіць выгляд твару свайго.
Хто дакранецца смалы, той забрудзіцца аб яе, і хто будзе вадзіцца з пыхліўцам, набудзе пыхлівасць. Не падымай цяжару большага сваіх сіл, і не будзь сябрам багацейшаму і паважнейшаму за сябе. Што за сяброўства гаршка з катлом? Бо калі стукнуцца яны, ён разаб’ецца. Багаты скрыўдзіць — і абурацца будзе, а бедны сам будзе скрыўджаны — і сам папросіць прабачэння. Калі будзеш яму карысны, выкарыстае цябе, а калі апынешся ў бядзе, дык пакіне цябе. Калі будзеш мець, будзе баляваць з табой і абчысціць цябе, і сам не будзе шкадаваць цябе. Калі будзеш патрэбны яму, пазабаўляе цябе, і, усміхаючыся табе, абнадзеіць, расказваючы табе нешта добрае, ды скажа: «Ці не трэба табе чаго?» І засароміць цябе сваёй ежай, аж пакуль не абчысціць цябе два і тры разы, і наастатак абсмяе цябе; і затым, калі ўбачыць цябе, не зверне на цябе ўвагі, ды будзе ківаць галавой сваёю пры сустрэчы з табой. Упакарыся перад Богам ды чакай Яго рук. Глядзі, каб не ўпакорыцца табе, зведзенаму ў неразумнасць. Не будзь пакорным у мудрасці тваёй, каб табе, паніжанаму, быць зведзенаму ў неразумнасць. Запрошаны магутнейшым — ухіляйся, і тым настойлівей будзе цябе запрашаць. Не пхайся сам, каб цябе не адпіхнулі; і не стой далёка ад яго, каб пра цябе не забыліся. Не дазваляй сабе гаварыць з ім, як з роўным сабе, ды не вер многім яго словам; бо доўгімі размовамі будзе выпрабоўваць цябе, і, насміхаючыся, пранікне ў таямніцы твае. Неміласцівая душа яго не зберажэ слоў тваіх і не ўсцеражэ ад бяды і ад путаў. Будзь асцярожны і вельмі пільны ў размове сваёй, бо ходзіш ты пад пагрозай загубы. А пачуўшы гэта, ад сну прачніся. Ва ўсім жыцці сваім любі Бога ды прызывай Яго на сваё збаўленне. Усё жывое любіць сабе падобнае: падобна і кожны чалавек — блізкага свайго. Усякае цела злучыцца з падобным сабе, і кожны чалавек будзе сябраваць з падобным сабе. Ці ж будзе сябраваць воўк з ягнём? Так і грэшнік з чалавекам справядлівым. Які мір гіены з сабакам? Або якое спачуванне багатага да беднага? Паляванне льву ў пустыні — дзікі асёл, так і здабыча багатым — бедныя. І як агіднасць для пыхліўца — пакорлівасць, так агідны багатаму — бедны. Калі багаты спатыкаецца, падтрымаюць яго прыяцелі яго, а калі бедны ўпадзе, адпіхнуць яго нават сябры. Калі багаты трапіць у бяду, многа ў яго памагатых; калі скажа што дурное, будуць апраўдваць яго; калі ж бедны пападзе ў бяду, то яшчэ ганіць яго будуць; скажа што разумнае, і не мае прызнання. Калі багаты гаворыць — усе замоўкнуць, і яго прамову падымаць будуць аж пад аблокі; калі бедны прамовіць, пытаюцца: «Хто гэта?» — і калі ён спатыкаецца, то зусім яго знішчаць. Добрае багацце, якое не мае граху ў сумленні, а беднасць найгоршая ў вуснах бязбожнага. Сэрца чалавека змяняе аблічча яго то на дабро, то на зло. Знак сэрца добрага — аблічча вясёлае, і складанае ты прыдумваеш з цяжкасцю.
Шчасны чалавек, які не зграшыў словам вуснаў сваіх, ды не турбуе яго смутак злачынства. Шчасны той, каго не асуджае душа яго і хто не згубіў сваёй надзеі. Для чалавека скупога багацце не мае сэнсу, і нашто золата скнары. Хто адмаўляе ў належным сваёй душы, для другіх збірае, і з дастаткаў яго іншы багата жыць будзе. Хто для сябе ліхі, як для каго іншага добры будзе? І ён не пацешыцца з маёмасці сваёй. Няма горшага чалавека за таго, хто скнара для сябе; і гэта адплата за яго ліхоту. І калі ён добрае што робіць, то несвядома і пад прымусам, і затым выявіць сваю ліхоту. Ліхое ёсць вока скнары, і ён адварочвае аблічча сваё і зверху глядзіць на іншых. Ненасытнае вока хціўцы, не насыціцца тым, што мае, пакуль не знішчыць, высушваючы, сваю душу. Ліхое хцівае вока прагне хлеба і пагарджае ежай сваёю. Сыне, калі маеш магчымасць, дбай пра сваё дабро і ўскладай належныя ахвяры Богу. Памятай, што смерць не марудзіць і прымірэнне памерлых, бо яно не адкрыта табе: прымірэнне бо гэтага свету: смерцю памрэ. Перш, чым памрэш, добра рабі прыяцелю свайму і, па магчымасці сваёй, працягнуўшы руку, дай яму. Не пазбаўляй сябе добрага дня, і доля хацення дабра хай не пройдзе міма цябе. Ці не другім пакінеш маёмасць, здабытую з цяжкасцю, ды труды свае на падзел жэрабя? Давай і бяры ды пацяшай сваю душу; перад сконам сваім спаганяй справядлівасць, бо ў пекле не трэба шукаць прыемнасці. Усё жывое старэецца, як адзенне і як лістота на дрэве, што прыносіць плады: адны нараджаюцца, а другія ападаюць; такі род цела і крыві: адно ўмірае, а другое нараджаецца. Усякі тленны твор у рэшце рэшт знікне, і той, хто яго робіць, з ім пойдзе; і кожная адборная праца будзе апраўдана, і кожны творца яе праз яе будзе ўшанаваны. Шчасны чалавек, які застанецца ў мудрасці і будзе разважаць у сваёй справядлівасці ды ў разважнасці будзе разглядаць наканаванне Божае; хто разважае ў сваім сэрцы аб шляхах Яго, ды разумее ў яе скрытых справах, ідучы за ёй, як наглядальнік, і цвёрда трымаючыся яе дарог; хто заглядае праз вокны яе і слухае пры яе дзвярах; хто супачывае каля яе дома і ўбівае кол у яе сцены; паставіць палатку сваю каля яе і супачыне ў гасцініцы багаццяў павек. Пакіне дзяцей сваіх пад яе дахам ды пад яе галінамі будзе прабываць; будзе схаваны ад спякоты пад дахам яе, і ён супачыць у яе славе.
Учыніць гэта той, хто Бога баіцца, ды хто трымаецца закону, будзе мець яе; і яна пяройме яго, як пачэсная маці, і, як маладзіца, прыме яго. Накорміць яго хлебам жыцця і розуму, ды напоіць яго вадою мудрасці збаўлення, і застанецца ў ёй, і не зменіцца, і паверыць ёй, і не засаромеецца; і яна падыме яго перад блізкімі яго, і на сходзе адчыніць яму вусны, ды напоўніць яго духам мудрасці і розуму і шатамі славы адзене яго, узбагаціць яго прыемнасцю і радасцю; і вечнае імя атрымае ў спадчыну. Неразумныя людзі не зразумеюць яе, а разумныя людзі пяроймуць яе; грэшныя людзі не ўбачаць яе, бо яна далёка ад пыхі і падману. Людзі лжывыя не падумаюць аб ёй; а людзі праўдзівыя знойдуць сябе ў ёй, і будуць мець поспех аж да наведвання Божага. Не ёсць прыгожая пахвала ў вуснах грэшніка, бо не ад Бога дадзена яму; бо пахвала мудрасці застанецца ў Бога, і вусны мудрага скажуць пахвалу, і Валадар яе навучыць ёй. Не кажы: «Ад Бога грэх мой», — бо што Ён ненавідзіць, таго Ён не чыніць. Не кажы: «Ён увёў мяне ў зман», — бо не патрэбны Яму бязбожныя людзі. Госпад ненавідзіць усякую ліхоту зману, і яна будзе нямілай усім, хто баіцца Яго. Бог ад пачатку стварыў чалавека і пакінуў яго ў руцэ наканавання Свайго, ды аддаў яго ў рукі руплівасці Сваёй. Даў яму загады і прыказанні Свае і разуменне спаўняць Яго волю. Калі хочаш спаўняць загады, яны захаваюць цябе; калі будзеш спадзявацца на Яго — таксама ты будзеш жыць. Прапанаваў табе ваду і агонь, чаго хочаш — працягні сваю руку. Перад чалавекам: жыццё і смерць, дабро і зло: што табе падабаецца, будзе табе дадзена. Бо вялікая мудрасць Божая, і магутны Ён уладаю, бачачы ўсіх без перашкоды. Вочы Госпада — на тых, што баяцца Яго, і Ён пазнае ўсякую дзейнасць чалавека. Нікому Ён не загадвае блага рабіць, ды нікому не дае магчымасці грашыць. Не жадай многа дзяцей няверных і злачынных.
Не пацешышся сынамі бязбожнымі; калі шмат іх будзе, не парадуешся імі, калі няма страху Божага ў іх. Не вер жыццю іх, ды не звяртай увагі на труды іх. Лепш бо адзін, які баіцца Бога, чым тысяча бязбожных дзяцей; і лепш памерці бяздзетнаму, чым пакінуць бязбожных дзяцей. Ад аднаго разумнага абжывецца бацькаўшчына, а ад трох бязбожных — апусцее. Многа такіх здарэнняў убачыла маё вока, ды пра важнейшае за гэта — пачула маё вуха. На зборышчы грэшнікаў узгарыцца агонь, і ў народзе няверуючым гарыць абурэнне. Не ўміласцівілі Яго даўнейшыя веліканы, якія паднялі бунт, упэўненыя ў сваёй сіле. І не пашкадаваў Ён сужыхароў Лота, і выгубіў іх дзеля пыхлівасці іх слова; не злітаваўся над народам праклятым, што быў знішчаны дзеля грахоў сваіх. І так шэсцьсот тысяч пешакоў, якія сабраліся ў закамянеласці свайго сэрца; і хоць бы і адзін быў цвердалобы, дзіўным было б, калі б ён не быў пакараны: бо міласэрнасць і гнеў разам у Яго, Ён цярплівы, літасцівы і спаганяючы гнеў. Якая вялікая міласэрнасць Яго, такая і вялікая строгасць Яго: чалавека судзіць па яго ўчынках. Не ўцячэ ад Яго грэшнік са здабычай, і пакута справядлівага не застанецца пустой. Кожнаму добраму ўчынку — будзе адплата: кожны паводле ўчынкаў сваіх — знойдзе сабе плату і паводле разумення шляху Яго. Госпад закамяніў сэрца фараона, каб не пазнаў Яго, каб справы яго не былі вядомымі пад небам. Міласэрнасць Сваю аб’явіў Ён усім сваім стварэнням, святло Сваё і цемру раздаў Ён сынам чалавечым. Ты не кажы: «Схаваюся ад Бога! Ды хто на вышынях будзе помніць пра мяне? У шматлікім народзе не пазнаюць мяне; бо чым жа з’яўляецца мая душа ў такім бязмежным стварэнні?» Вось, неба і неба нябёсаў, бяздонне і ўся зямля ды ўсё, што на ёй, перад абліччам Яго задрыжыць; разам горы, і ўзгорышчы, і падваліны зямлі, калі гляне на іх Бог, — задрыжаць са страху. І ва ўсіх іх Ён размясціць сэрца, бо ўсякае сэрца Ён разумее. Ды хто разумее Яго шляхі? Як вецер, якога і вока чалавечае не ўбачыць. Бо надта многія Яго дзеянні — скрытыя, і справы справядлівасці Яго хто выкажа або хто дачакаецца? Бо далёка Яго рашэнне, і пытанне ўсіх вырашыцца па заканчэнні. У каго зняважлівае сэрца, той так думае, і чалавек неразумны і аблудны думае так нядобра. Слухай мяне, сыне, і вучыся сэнсу мудрасці, і я спакойна выкладу навуку і рупліва растлумачу мудрасць, і зваж у сэрцы сваім на словы мае. Выяўлю ў бесстароннасці духа дабрадзейнасці, якія Бог ад пачатку ўклаў у справы Свае, і праўдзіва выкажу Яго веды. Як Бог ад пачатку стварыў Свае творы і ад заснавання іх Ён раздзяліў іх на часткі, упарадкаваў навек іх дзеянні, ды валаданне іх па прызначэннях іх. Не адчуваюць голаду і не пакутуюць, ды не спыняюцца ў сваёй дзейнасці. Не замінае кожны блізкаму сабе, і аж павек будуць вернымі Яго слову. Затым глянуў Бог на зямлю і запоўніў яе Сваімі даброццямі; пакрыў паверхню яе ўсякага роду жывымі істотамі, і ў яе яны зноў вернуцца.
Стварыў Бог чалавека з зямлі, і падобным да Сябе ўчыніў Ён яго; ды зноў вярнуў яго на зямлю, і па Сабе надзяліў яго моцаю. Вызначыў яму час і лік дзён, ды даў яму ўладу над тымі, што на зямлі. Палажыў перад ім страх усяму жывому, каб валадарыў ён над звярамі і птушкамі. Даў ім вольныя розум, і язык, і вочы, і вушы, ды даў ім сэрца да развагі і напоўніў іх здольнасцю розуму. Даў ім веды духу, сэрца іх надзяліў разуменнем і паказаў ім, што добрае і што благое. Уклаў у сэрцы іх страх перад Сабой, аб’яўляючы ім веліч твораў Сваіх, і паказаў ім славу ў цудоўных творах Сваіх, каб славілі імя Яго святое і распавядалі пра веліч твораў Яго. Дадаў ім ведаў ды даў ім у спадчыну закон жыцця. Вечнае прымірэнне заключыў з імі ды аб’явіў ім справядлівасць і Свае законы. І веліч высокасці Яго ўбачыла вока іх, ды годнасць голасу Яго пачулі іх вушы, і Ён сказаў ім: «Сцеражыцеся ўсякае ліхоты». Ды загадаў ім кожнаму, што датычыць блізкага яго. Перад Ім заўсёды шляхі іх: не скрытыя яны перад Яго вачамі. Кожнаму народу вызначыў Ён правадыра, і Ізраэль стаў удзелам Бога. І ўсе стварэнні іх — як сонца перад абліччам Яго, і вочы Яго заўсёды на іх шляхах. Не скрытыя іх злачынствы, ды ўсе іх грахі — на вачах Божых. Міласціна чалавека ў Яго, як пячаць, а дабрадзейнасць чалавека зберажэ, як зрэнку вока. І потым Ён устане і аддасць ім, і адплату верне кожнаму на галаву іх. Тым, што пакутуюць, даў дарогу вяртання, ды ўмацаваў тых, якім не хапае цярплівасці, і прызначыў ім долю праўды. Навярніся да Госпада і пакінь свае грахі; маліся перад абліччам Госпада, і Ён зменшыць згаршэнні. Вярніся да Узвышняга і адвярніся ад сваёй несправядлівасці, і мей праступак у вялікай нянавісці. І пазнай справядлівасць і законы Бога, ды стой на баку волі і мальбы да Узвышняга Бога. Хто ў пекле будзе хваліць Узвышняга замест тых, хто жыве і праслаўляе Бога? Не трывай у граху бязбожных; вызнавай перад смерцю: ад памерлага, як ад таго, хто не існуе, няма пахвалы. Хвалі жывучы, жывы і здаровы, хвалі Госпада, ды хвалі Бога і будзеш цешыцца з Яго літасцівасці. О, якая вялікая міласэрнасць Госпада і прабачэнне Яго тым, што навяртаюцца да Яго! Бо не ўсё можа быць у людзях, бо не ёсць несмяротны сын чалавечы. Што яснейшае за сонца? І яно знікне. Або што горшае за тое, што думае цела і кроў? І яно будзе пакарана. Ён сочыць за магуццем высокіх нябёсаў, і ўсе людзі — зямля і парахно.
Агулам усё стварыў Той, Хто жыве вечна. Адзіны Бог будзе апраўданы і застанецца непераможным Валадаром навек. Хто зможа распавесці дзеянні Яго? Ды хто прасочыць вялікія справы Яго? А хто зможа высказаць магутнасць велічы Яго? Або хто патрапіць расказаць пра Яго міласэрнасць? Нельга ані што зменшыць, ані дадаць, ды нельга прасачыць вялікія справы Божыя; калі чалавек думае, што скончыў, тады ён толькі пачынае, і калі спыняе, не ведае, што далей рабіць. Што гэта чалавек, чаго яму не хапае, ды якая з яго карысць? І якое дабро яго або якое зло яго? Лік дзён чалавечых добра, як сто гадоў, як капля вады марской, яны падлічаны, і як крупінка пяску, такія кароткія гады яго ў вечнасці. Дзеля таго Бог цярплівы да людзей і вылівае на іх Сваю міласэрнасць. Ён бачыць сапсаванасць сэрца іх, што ліхое яно; ды ведае пераваротнасць іх, што благая яна. Таму напоўніў іх Сваёю ласкаю і паказаў ім дарогу справядлівасці. Міласэрнасць чалавека — адносна свайго блізкага, а міласэрнасць Божая — над усім жывым. Ён асуджае, вучыць і гадуе, як пастыр, які накіроўвае свой статак. Шкадуе тых, хто прымае павучэнне літасці і якія шчыра спаўняюць законы Яго. Сыне, калі што добрае, — не сквапся, і пры кожным падарунку не засмучай ліхім словам. Ці ж спякоту не ахалоджвае раса? Так і добрае слова лепш, чым падарунак. Ці ж вось не лепшае слова за падарунак? Але адно і другое — у ветлівага чалавека. Неразумны будзе неміласэрна дакараць, і падарунак пераваротнага высушвае вочы. Перад судом — прыгатуй сабе абаронцу і, перш чым пачнеш гаварыць, падумай. Перад хваробай — ужыві лякарства, і перад судом спытай самога сябе, і ў час наведвання знойдзеш ласку. Перш чым пачуеш хваробу, упакарыся, і калі ўпадзеш у грэх — дай доказ навяртання. Не дазваляй, каб табе што перашкодзіла скласці абяцанае ў адпаведны час, ды не марудзь аж да смерці, каб быць апраўданым, бо адплата Бога будзе трываць вечна. Перад абяцаннем — падрыхтуй сваю душу, ды не будзь, як той чалавек, які спакушае Госпада. Памятай пра гнеў у дзень смерці, і пра адплату ў свой час, [калі Госпад] адварочвае аблічча. Памятай пра голад у час дастатку, і пра патрэбу беднасці ў дзень багацця. Ад раніцы аж да вечара час змяняецца, і ўсё хутка прабягае на вачах Бога. Чалавек мудры ва ўсім будзе асцярожны, і ў днях злачынстваў усцеражэцца ад ліха. Кожны разумны пазнае мудрасць і таму, хто знайшоў яе, дасць вызнанне. Разумныя ў словах і самі мудра вялі сябе, і разумелі праўду і справядлівасць, ды вылілі, як дождж, прыказкі і прысуды. Аб стрыманасці душы: Не ідзі за пажаднасцямі сваімі, ды ўстрымайся ад хаценняў сваіх; калі дасі волю душы тваёй на пажадлівасць, выставіць яна цябе на пацеху тваім ворагам. Не шукай упадабання ў частым баляванні, бо падвойная доля — убогасць яго. Не будзь гулякам і п’яніцам, калі не маеш нічога ў капшуку: бо будзеш злоснікам свайму жыццю.
Работнік п’яніца не ўзбагацее; і хто грэбуе малымі рэчамі, памалу ўпадзе. Віно і жанчыны сапсуюць і разумных; і хто звяжацца з распусніцамі, прападзе: стане здабычай гнілля і чарвякоў. Нахабная душа згубіць Госпада свайго; і будзе знята з ліку душа яго, і будзе пададзена ў вялікі прыклад. Хто скора давярае — той легкадумны і будзе паніжаны; і хто грашыць супраць душы сваёй, хто яго апраўдае? Хто цешыцца са злачыннасці — абняславіцца, а хто ненавідзіць напамін — будзе мець разбітае жыццё, [Хто ацугляе язык свой — будзе жыць у супакоі, а хто ненавідзіць мнагаслоўе — усцеражэцца няшчасця.] Ніколі не паўтарай слова ліхое і грубае, тады нічога не страціш. Не кажы іх ані прыяцелю, ані ворагу, і калі ты даведаўся пра злачынства, не выкрывай, бо пачуе ад цябе і будзе высцерагацца цябе і, як выкрывальніка граху, — будзе ненавідзець цябе. Пачуў слова супраць блізкага свайго? Хай памрэ яно ў табе пры спадзяванні, што не разарве яно цябе. Неразумны будзе цярпець ад слова такую муку, як парадзіха — ад дзіцяці; Як страла, што ўваткнулася ў клуб цела, так слова ў сэрцы неразумнага. Напамінай прыяцелю, каб часам не дапусціўся зла і не сказаў: «Не я зрабіў»; або калі зрабіў, каб зноў не паўтараў. Напамінай блізкаму, каб часам не сказаў, і калі сказаў, каб часам не паўтарыў. Напамінай прыяцелю, бо часта бывае паклёп, ды не вер кожнаму слову. Ёсць той, хто грашыць языком, але не ад душы; бо ці ёсць хто такі, каб не зграшыў сваім языком? Напамінай блізкаму перш, чым пагражаць яму будзеш, ды дай месца закону Узвышняга. Усякая бо мудрасць — страх Божы, і ў ёй баяцца Бога, і ва ўсякай мудрасці — размяшчэнне Закону. І не ёсць мудрасцю — веданне ліхоты, і няма парады ў разважнасці грэшнікаў. Ёсць хітрасць, і гэта праклён, і бывае неразумны, які не разбіраецца ў мудрасці. Лепшы чалавек, не маючы мудрасці і ў якога не хапае розуму, але богабаязны, чым вялікага розуму, і такі, які пераступае праз закон Узвышняга. Ёсць хітрасць вялікая, але ліхая. І ёсць такі, што адкідае ўдзячнасць, каб вынесці прысуд; ёсць такі, што выглядае прыгнечаным і зламаным душою, і нутро яго поўнае крывадушнасці. І ёсць такі, што прыкідваецца вельмі пакорным; і ёсць такі, хто апускае свой твар ды прыкідваецца, што не чуе: дзе яго не ведаюць, возьме верх над табой. Ды калі нястача сіл устрымае яго ад граху, дык, калі знойдзе магчымасць ліха рабіць, то зробіць злое. З выгляду пазнаецца чалавек, і са знешнасці аблічча пазнаецца разумны чалавек: склад цела, і адкрыццё зубоў пры ўсмешцы, і хада чалавека кажуць аб ім. Бывае напамін несвоечасовы, і асуджэнне, што аказваецца нядобрым; і бывае, што маўчыць, але ён разумны.
Лепш дакараць, чым гневацца, і таму, хто вызнае ў маленні, — не перашкаджаць! Страсць еўнуха згвалчвае дзяўчыну: гэта тое самае, што правесці суд несправядлівы — сілаю. Як добра выкрытаму паказаць пакаянне! Бо так усцеражэшся добраахвотнага граху. Бывае, што хто маўчыць, той аказваецца мудрым, і іншы ненавісны за сваю языкатасць. Бывае, хто маўчыць, бо не ведае, што адказаць, і іншы маўчыць, чакаючы адпаведнага часу. Мудры чалавек будзе маўчаць аж да часу, а языкаты і дурань не будзе чакаць часу. Хто шмат слоў гаворыць — будзе пракляты, і хто несправядліва сабе бярэ ўладу, пападае ў нянавісць. Бывае поспех у няшчасцях чалавеку неакуратнаму, і бывае знаходка — на шкоду. Бывае дар, які не ёсць карысны, і бывае такі дар, які з’яўляецца двайной аддзякаю. Бывае ўпакарэнне дзеля славы, і здараецца, хтосьці ад пакорлівасці падымае галаву. Бывае, што за малую цану купляе шмат і плаціць за гэта ў сем разоў больш. Мудрэц словамі робіць сябе любімым, і ласка неразумных застанецца дарэмнай. Дар неразумнага не будзе табе карысным, бо яго вочы — семярныя: мала дасць, а шмат упікаць будзе, і раскрывае вусны свае, як вяшчун. Хто сёння пазычае, і заўтра дамагаецца звароту: ненавісны чалавек такі! Неразумны кажа: «Не маю прыяцеля, ды не маю ўдзячнасці за мае даброцці». Бо тыя, што ядуць яго хлеб, — ёсць ілжывага языка. Колькі іх і колькі разоў абсмяюць яго! Бо не толькі тое, што меў мець, добрым розумам раздзяліў, падобна і тое, што не меў мець — ёсць абыякавае яму. Лепш падзенне на зямлю, чым падзенне языком: так падзенне ліхіх скора надыдзе. Непрыемны чалавек — як байка не ў свой час; яна будзе заўсёды ў вуснах невыхаваных. Прымаўка з вуснаў неразумнага будзе праціўная, бо не кажа яе ў адпаведны час. Бывае, што нехта ўстрымліваецца ад граху праз недастатак, і ў час супачынку свайго не будзе перажываць. Бывае, што праз сорам губіць хто сваю душу, і губіць яе ад неразважнага чалавека; губіць ён сябе прыняццем гэтага чалавека. Іншы з-за сораму прыракае што прыяцелю і так нажывае сабе ў ім ворага. Ілгарства ёсць ліхая прывычка ў чалавеку, і ў вуснах людзей невыхаваных будзе пастаянна. Лепшы злодзей, чым той, хто заўсёды лжэ; загубу ж атрымаюць абодва ў спадчыну. Прывычка лгаць чалавека зневажае, і сорам яго заўсёды з ім. Слова прыказак: Мудры ў словах выкажа сябе, і чалавек мудры спадабаецца магнатам. Хто абрабляе зямлю сваю, павысіць сцірту збожжа, і хто спаганяе справядлівасць — сябе ўзвысіць; а хто падабаецца магнатам — усцеражэцца несправядлівасці. Частаванні і дарункі асляпляюць вочы суддзяў, і яны, як быццам аброць на вуснах, адварочваюць іх дакаранні. Схаваная мудрасць і скрыты скарб — якая з іх абаіх карысць? Лепшы той, хто скрывае неразумнасць сваю, чым чалавек, які скрывае сваю мудрасць.
Сыне, зграшыў ты? Не рабі гэтага больш, але і за папярэднія грахі прасі даравання, каб былі табе адпушчаны! Бяжы ад граху, як ад гадзіны, і калі падыдзеш да яго, ён укусіць цябе. Зубы яго — зубы льва, што забіваюць душы людскія. Кожная правіннасць — што меч двухбаковавостры: ад удару яго няма вылячэння. Нахабства і крыўды спустошаць маёмасць, і спустошыцца вельмі багаты дом дзеля пыхлівасці; так багацце пыхліўца будзе спустошана. Просьба з вуснаў убогага дойдзе аж да вушэй Бога, і суд Яго мігам прыйдзе да яго. Хто ненавідзіць дакаранне, ідзе следам грэшніка; а хто баіцца Бога — зверне дакаранне да сэрца свайго. Той, хто валодае языком нахабным, вядомы паўсюль, а разумны пазнае яго ў падзенні. Хто ставіць дом свой за чужыя грошы, падобны да таго, хто збірае камяні свае ўзімку. Зборышча грэшнікаў — куча пакулля, ды іх супольны канец — полымя агню. Дарога грэшнікаў выкладзена камянямі, але ў канцы яе — бездань пякельная. Хто пільнуе закон, будзе валодаць сваім розумам; завяршэнне страху Божага — мудрасць і розум. Не будзе навучаны той, хто не мае мудрасці; а ёсць хітрасць, багатая злом, і няма розуму, дзе ёсць раздражнёнасць. Веды мудрага разальюцца, як паводка, і парада яго, як жывая крыніца, трывае. Сэрца неразумнага, як пабітая пасуда, якая не ўтрымае ніякай разумнасці. Калі разумны чалавек пачуе мудрае слова, пахваліць яго і дакіне сваё да яго; а калі пачуе легкадумны, не спадабаецца яно яму, і ён кіне яго за свае плечы. Апавяданне неразумнага, як цяжар у дарозе, але ў вуснах разумнага знойдзецца ласка. Вусны мудрага будуць шукаць на сходзе, і яго словы будуць абдумваць у сэрцах сваіх. Як раскінуты дом — так мудрасць неразумнага; і веды неразумнага — невыказныя словы. Навука для неразумнага — гэта путы на ногі, і як быццам наручнікі на правай руцэ. Неразумны ў смеху падымае свой голас; а чалавек разумны ледзь ціха ўсміхнецца. Навука для разумнага быццам залатая аздоба і быццам бранзалет на правай руцэ. Нага неразумнага спяшаецца ў дом блізкага, але чалавек вопытны саромеецца перад людзьмі. Неразумны праз акно загляне ў дом, а чалавек выхаваны будзе стаяць навонкі. Падслухоўваць пад дзвярамі — гэта невыхаванасць чалавека, і для чалавека разумнага — вялікая ганьба. Вусны неразумных раскажуць глупствы, словы ж мудрых будуць адважаны па вазе. У вуснах неразумных — іх сэрцы, а ў сэрцы мудрых — іх вусны. Калі бязбожны праклінае праціўніка, праклінае ён сваю душу. Пляткар апаганіць сваю душу, і ўсім будзе ненавісны; і той, хто з ім застанецца, будзе ненавісны, а маўклівы і разумны будзе ў пашане.
Лянівец падобны да бруднага каменя, і ўсе пасвішчуць дзеля яго ганьбы; гультай будзе прыраўняны да каровінага гною: і кожны, хто дакранецца да яго, хай абтрасе рукі. Ганьба бацьку дзеля сына, блага выгадаванага, дачка ж, блага выгадаваная, родзіцца на прыніжэнне. Разумная дачка ёсць багацце для свайго мужа, бо дачка, якая сорам прыносіць, становіцца ганьбай для бацькі. Нахабная дачка засароміць бацьку і мужа; у абодвух жа не будзе ў пашане. Музыка ў смутку — аповед не ў свой час; настаўленне і веды — заўсёды мудрыя. Хто вучыць неразумнага — як быццам той, хто склейвае чарапкі; той, хто расказвае слова глухому — як быццам той, хто будзіць спячага ад глыбокага сну. Навучаць неразумнага мудрасці — са спячым гаварыць, і ён у канцы апавядання запытае: «Хто гэта?» Плач над памерлым, бо страціў святло, і над дурнем плач, бо страціў розум. Меней плач над памерлым, бо ён супачыў; а жыццё неразумнага горшае за смерць. Жалоба па памерлым трывае сем дзён, а па неразумным і бязбожным — праз ўсе дні іх жыцця. З дурнем доўга не гавары і з неразумным не адыходзь. Сцеражыся яго, каб не мець прыкрасці ды каб не спаганіцца праз сустрэчу з ім. Ухіляйся ад яго, і знойдзеш супачынак, і не зазнаеш смутку дзеля яго неразумнасці. Што цяжэйшае за волава? Ды як яго інакш назваць? Дурань! Лягчэй несці пясок, і соль, і кавалак жалеза, чым пераносіць чалавека неразумнага, і ліхога, і бязбожнага. Зруб драўляны, умураваны ў падмурак будыніны, не пахіснецца; так і сэрца, умацаванае абдуманым рашэннем, не пахісне ніякі страх. Сэрца, умацаванае ў разумным рашэнні, як аздоба на гладкай сцяне. Як слупы на высокіх месцах і друз, які пакінулі, не выкарыстаўшы, не ўстаяць супраць ветру, так і баязлівае сэрца ў рашэнні дурнога не ўстаіць перад націскам страху. [Удар па воку выціскае слёзы, і хто закранае сэрца, выклікае прыязь.] Хто кідае каменем у птушак, адганяе іх; так хто зневажае прыяцеля, спыняе сяброўства. Калі выцягнеш меч на прыяцеля, не перажывай: ёсць бо паваротная дарога, калі адчыніш вусны свае супраць прыяцеля, не бойся: ёсць бо прымірэнне; толькі праз знявагу, і пагарду, і пыхлівасць, ды выяўленне сакрэту і ўдар здрады — праз гэта адвернецца кожны прыяцель. Зберажы вернасць прыяцелю ў бядзе яго, каб удзельнічаў ты і ў яго дабрабыце; у час яго гора будзь яму верны, каб і ў спадчыне яго спадкаемцам быць. Перад полымем у печы — пара і дым; так і перад праліццём крыві: праклёны, і знявагі, і пагрозы. Абараняць прыяцеля — не буду саромецца, ды перад ім не буду скрывацца; і калі што благое здарыцца праз яго — перанясу: кожны, хто пачуе, будзе сцерагчыся ад яго. Хто паставіць варту для вуснаў маіх ды пячаць мудрасці на вусны мае, каб мне не ўпасці ад іх, ды каб не загубіў мяне мой язык?
Госпадзе, Айцец ды Валадар майго жыцця, не пакідай мяне на іх волю і не дапусці, каб я праз іх упаў. Хто ўжыве розгі на мае думкі і да сэрца майго — навуку мудрасці, каб не шкадавалі мяне ў маіх памылках, і не патуралі маім праступкам, каб не ўзрасло няведанне маё, і каб не павялічыліся праступкі мае, і каб не памнажаліся грахі мае, ды каб не трапіў перад аблічча праціўнікаў маіх, і каб не цешыўся нада мною вораг мой? Госпадзе, Айцец ды Бог майго жыцця, не пакідай мяне на іх рашэнне. Не дай мне ўзвышэння вачэй маіх, ды ўсякую прагавітасць ухілі ад мяне. Выдалі ад мяне пажаднасці цела, ды хай жаданне юрлівае не авалодае мною, і не аддавай мяне душы непачцівай і пустой. Паслухайце, дзеці, павучэнне аб вуснах; і, хто захавае яго, не будзе скампраметаваны вуснамі і ўведзены ў згаршэнне самымі ліхімі справамі. На вуснах сваіх будзе схоплены грэшнік; і пракляты, і пыхлівец будзе згоршаны праз іх. Не прывучай вуснаў сваіх да прысягі: многа бо падзенняў бывае праз яе. А хай не частым будзе прызыванне Бога ў вуснах тваіх, ды не далучай сябе да імя Святога, бо не ачысцішся ад грахоў. Бо як нявольнік, які часта бывае караны, не можа абысціся без сінякоў, так кожны, хто прысягае і прызывае [імя Святога], не ачысціцца ад граху. Чалавек, часта прысягаючы, апаганіцца, і кара не адступіцца ад яго дому. І калі ён падмане — злачынства яго застанецца на ім; і калі ўзгардзіць — зграшыць удвая. І калі дарэмна прысягне, не будзе апраўданы: бо дом яго напоўніцца няшчасцямі. Бывае і іншая мова, якую можна параўнаць са смерцю: не знойдзецца яна ў спадчыне Якуба. Бо ўсё гэта будзе выдалена ад богабаязных, і яны не заблытаюцца ў грахах. Хай не прывыкаюць вусны твае да распуснай нячыстасці, бо ў ёй знаходзяцца грэшныя словы. Помні пра бацьку і маці сваю, калі сядзіш паміж магнатаў; каб часам не забыўся ты пра сябе на віду іх і каб ты, збіты з толку прывычкаю сваёю, не стаў пасмешышчам, і каб не захацеў ты быць народжаным, і каб дзень нараджэння свайго ты не праклінаў. Чалавек, прывыкшы да слоў ганебных, не перавучыцца ва ўсе дні жыцця свайго. Два роды людзей дапускаюцца грахоў, і трэці выклікае гнеў і загубу: душа гарачая, як быццам палымнеючы агонь, не патухне, пакуль не будзе заспакоена; і распусны чалавек у плоці цела свайго не спыніцца, аж пакуль яго агонь не спаліць. Распуснаму чалавеку — кожны хлеб салодкі: не супакоіцца аж да смерці. Кожны чалавек, які дапускаецца чужаложства, пагарджае ў душы сваёй ды кажа: «Хто мяне бачыць? Вакол мяне цёмна, ды хаваюць мяне сцены, ды ніхто мяне не бачыць; чаго маю баяцца? Узвышні не будзе памятаць маіх злачынстваў». І ён не разумее, што вока Яго бачыць усё, бо ён адганяе ад сябе страх Божы страхам чалавечым: толькі вочы людскія ёсць яго страх, і ён не зразумеў, што вочы Госпада ўва многа разоў яснейшыя за сонца, яны наглядаюць за ўсімі людскімі шляхамі, ды за бяздоннем бездані, ды пранікаюць у тайныя закуткі людскіх сэрцаў. Госпаду Богу бо вядомыя ўсе рэчы, перш чым былі створаны, і так, па стварэнні іх, за ўсім Ён назірае. Такі чалавек будзе пакараны на вуліцах горада, ды там, дзе не спадзяваўся, будзе схоплены; ды, як жарабятка, будзе змушаны ўцякаць, ды будзе сорамам для ўсіх, таму што не зразумеў страху Госпадава. Так і кожная жанчына, што пакінула мужа свайго і атрымала спадкаемца ад чужога шлюбу: найперш бо стала непаслухмянай закону Узвышняга, затым адносна свайго мужа стала нявернай, па-трэцяе, дапусцілася нячыстасці чужаложства, ды займела сабе дзяцей ад чужога мужа. Яна будзе заведзена на сход, і над дзецьмі яе адбудзецца следства; дзеці яе не ўкараняцца, і галіны яе не дадуць пладоў: пакіне яна памяць аб сабе на праклён, і ганьба яе не будзе скасавана. І тыя, хто застаўся, пазнаюць, што няма нічога лепшага, як страх Божы, ды нічога мілейшага, як спаўняць прыказанні Госпада. Вялікая слава — ісці за Госпадам; бо даўгалецце бярэцца ад Яго.
Пахвала мудрасці. Мудрасць будзе славіць сама сябе, ды будзе мець пашану ў Бога, ды сярод свайго народа будзе ўсхвалена, ды на сходзе Узвышняга адкрые яна свае вусны і на віду велічы Яго атрымае пахвалу, і сярод свайго народа будзе ўзвышана, ды ў святой супольнасці на яе будуць дзівіцца; ды ў супольнасці выбраннікаў атрымае пахвалу, і сярод дабраславёных будзе дабраславёна, кажучы: «Я выйшла з вуснаў Узвышняга, першародная перад усім стварэннем. Я ўчыніла, што на небе ўзышло святло безупыннае і, быццам воблака, пакрыла ўсю зямлю. Абжылася я на самых вышынях, і пасад мой — на слупе воблачным. Круг зямлі абышла я сама і хадзіла па бяздонню бездані, стаяла я на хвалях мора, і на ўсёй зямлі, і ў кожным народзе ды ў кожным пакаленні першынствавала, і моцаю стаптала сэрцы ўсіх высакародных і пакорных. Ва ўсіх іх шукала я супачынку: у чыёй спадчыне буду прабываць? Тады загадаў і сказаў мне Творца ўсяго, і Той, Хто стварыў мяне, даў мне адпачываць у палатцы маёй, ды сказаў Ён мне: “Абжывіся ў Якуба і прымі спадчыну ў Ізраэлі, ды ў выбранніках Маіх запусці карані”. Ад спрадвечнасці я створана, і ўжо вечна не перастану існаваць. І ў святой палатцы, у Яго прысутнасці, стала я служыць ды так умацавалася я на Сіёне, ды, умілаваная падобна, супачыла я ў горадзе, і ў Ерузаліме — улада мая. І ўкаранілася ў пачэсным народзе, і ва ўдзеле Госпада, у Яго спадчыне і ў супольнасці святых, — прабыванне маё. Паднялася я, быццам кедр у Лібане ды як кіпарыс на гарах Гэрмона. Вырасла, як пальма, у Энгадзі і, як ружавыя кусты, у Ерыхоне. Як прыгожая аліва на раўніне ды як платан, узвысілася на плошчах каля вады. Духмяная, як карыца і бальзам, я разлілася пахам; як міра адборная дала прыемны водар. І як стыракс, і гальбан, і духмяная мазь, і бурштын, я, як тэрэбініт, раскінула свае галінкі, і галіны мае — галіны гонару і ласкі. Я, як вінаградны куст, выпусціла ласку, і кветкі мае — плады славы і сумленнасці. Я маці прыгожай любові, і страху, і прызнання, і святой надзеі. Ува мне — ласка ўсякай дарогі, і праўды, ува мне — усякая надзея жыцця і дабрадзейнасці. Прыходзьце да мяне ўсе, хто мілуе мяне, ды напаўняйцеся маімі пладамі. Павучэнне бо маё саладзейшае за мёд і спадчына мая большая плястара мёду; памяць аба мне — у вечныя пакаленні. Хто смакуе мяне, далей прагнуць будзе, і хто п’е мяне, далей будзе смагнуць. Хто слухае мяне — не засароміцца, і хто супрацоўнічае са мной — не зграшыць: хто зразумее мяне, вечнае жыццё мець будзе». Гэта ўсё — кніга запавету Узвышняга, гэта закон, які даручыў нам Майсей, — спадчына для дома Якуба. Паставіў для яго юнака свайго Давіда, узбудзіўшы ў ім наймужнейшага цара, які сядзіць на пасадзе славы ў векі вечныя. Закон, што, як Пішон запаўняе мудрасцю, і як Тыгр у дні новых пладоў, напаўняе розумам, як Эўфрат ды як Ярдан у час жніва, што, як Ніл, навадняе навукаю і, як Гэон, дапамагае ў час збору вінаграду. Першы не змог пазнаць яе, так і апошні не прасочыць яе. Бо разважанне яе паўнейшае за мора і намер яе — па-над бяздоннем. Я, мудрасць, выліла рэкі, я, як шлях вялікай вады з ракі ды як акведук, выйшла ў рай. Сказала я: «Навадню мой агарод раслінны, ды палью плады лугоў маіх». І вось, вадаправод замяніўся мне ў раку, ды мая рака паплыла ў мора. Бо павучэнне асвячу, як зрэнку, і распавяшчу яго далёка. Выведаю ўсе падземныя часткі зямлі, і наведаю ўсіх спячых, ды асвячу ўсіх, маючых надзею ў Госпадзе, затым разалью вучэнне, як прароцтва, ды пакіну яго ў пакаленнях навек і не спынюся перадаваць нашчадкам іх аж у век святы. Глядзіце, што я працаваў не толькі для сябе, але для ўсіх тых, што яе шукаюць.
Тры рэчы ўпадабаў дух мой, прызнаныя перад Богам і перад людзьмі: згоду між братамі, і любоў блізкіх, і калі муж і жонка між сабою ладзяць. Тры роды людзей зненавідзела душа мая, і сумую вельмі над іх душамі: пыхлівага жабрака, багатага лгуна, распуснага старога, ды пазбаўленага розуму. У маладосці сваёй ты не назбіраў; як жа знойдзеш у сваёй старасці? Як прыстала сівізне судзіць, так старцам — умець параіць! Як высакародная старэчая мудрасць, так славутым людзям — розум і парада! Вянец старцаў — вялікая ўмеласць, і слава іх — страх Божы. Дзевяць пажаданняў сэрца высока ацаніў я, і дзесятае выкажу я чалавечаю моваю: чалавек, які мае пацеху ў дзецях, які жыве і бачыць падзенне сваіх ворагаў; шчасны чалавек, які мае разумную жонку, і не арэ валом і аслом адначасна, і хто не балбатаў языком сваім, ды хто не служыў сабе, нягоднаму; шчасны той, хто знайшоў сапраўднага сябра і хто кажа справядліва вуху, слухаючаму яго; які вялікі той, хто знайшоў мудрасць і веды, але ён не вышэйшы за таго, хто баіцца Госпада. Страх Божы — перавышае ўсё; і хто мае яго, з кім ён можа быць параўнаны? Страх Божы — гэта пачатак любові да Яго, а вера — гэта пачатак адданасці Яму. Кожная кара — перажыванне сэрца, і найгоршае зло — гэта нягоднасць жонкі. І ўсякі боль можна перацярпець, але не боль сэрца; ды ўсякую нягоднасць, але не нягоднасць жонкі; і кожнае пераследаванне, але не пераследаванне ад ненавідзячых; і кожную помсту, але не помсту ад ворагаў. Няма горшай атруты за атруту гадзіны, ды няма горшай злосці за злосць жонкі; хацеў бы лепш жыць з ільвом і драконам, чым жыць з нягоднай жонкай. Злосць жанчыны змяняе твар яе, захмурвае аблічча яе, як у мядзведзя. Муж яе будзе начаваць між знаёмых сваіх, і, няпрошаны, будзе ўздыхаць горка. Кожная злосць малая ў параўнанні са злосцю жанчыны; спадзе на яе доля грэшнікаў. Як узыходжанне старому нагамі па пяску, так языкатая жонка спакойнаму мужу. Не прыглядайся да прыгажосці жанчыны і не зажадай дапамогі жанчыны. Гнеў, і знявага, і вялікі сорам, калі жонка мае ўладу над сваім мужам. Сэрца прыгнечана і сумны твар, ды боль сэрца — пераваротная жонка. Кволыя рукі і бяссільныя калені — жанчына, якая не ўшчасліўлівае свайго мужа. Ад жанчыны пачынаецца грэх, ды праз яе ўсе мы ўміраем. Не давай выхаду вадзе сваёй анічуць, ды пераваротнай жонцы — дазволу на ўладу. Калі яна не ходзіць пад тваёю рукой, засароміць цябе на віду ворагаў; адлучы яе ад цела свайго ды адпусці яе са свайго дома.
Шчасны чалавек, які мае добрую жонку, бо падвоіцца лік дзён яго. Добрая жонка радуе свайго мужа, і ён пражыве ў супакоі гады жыцця свайго. Добрая жонка — гэта доля добрая; будзе яна дадзена мужу за добрыя ўчынкі, як тым, што баяцца Бога. А ў багатых або бедных сэрца будзе здаволенае; кожны час твар іх будзе вясёлы. Трох рэчаў баіцца маё сэрца; і што да чацвёртай — палохаецца маё аблічча: даносу ў горадзе і зборышча народу, паклёпу лгуна — цяжэйшае за смерць усё гэта; боль сэрца і боль: жанчына зайздросціць жанчыне; ды бізун языка, што да ўсяго дакранаецца. Як ярмо валовае, што рухаецца, так і ліхая жонка; хто бярэ яе — як быццам той, хто хапае скарпіёна. Жанчына п’яніца — гэта вялікая знявага, і ганьба, і сорам яе не схаваецца. Распуснасць жанчыны пазнаецца па пыхлівасці вачэй і па павеках яе. Над дачкой бессаромнай пастаў варту, каб яна, знайшоўшы нагоду, не выкарыстала яе для сябе. Сцеражыся ўсякай непачцівасці вачэй яе; не дзівіся, калі цябе занядбае. Як засмягшы падарожнік адкрые вусны ля крыніцы, ды будзе піць усякую ваду, што побач, так і яна будзе сядзець каля кожнага слупа, і перад кожнай стралой адкрые калчан, дакуль хапае. Прывабнасць жонкі будзе радаваць яе мужа, і ўтлушчыць яго косці — выхаванасць яе. Дарам Божым з’яўляецца разумная жанчына і маўклівая; нішто не заменіць выхаванае душы. Ласка над ласкаю — жанчына святая і сціплая, а ўсякае ўзважванне не вартае ўстрыманай душы. Як сонца, узыходзячае на самых вышынях Бога, так прыгажосць добрай жанчыны — у прыбранні яе дома. Як святло, што свеціць над святым каганцом, так прыгажосць аблічча — ва ўстойлівай постаці; залатыя калоны на срэбраных падножжах — прыгожыя ногі на цвёрдых ступнях жанчыны. Асновы вечныя на цвёрдай скале і прыказанні Божыя — у сэрцы святой жанчыны. Дзве рэчы засмуцілі маё сэрца, і трэцяя — выклікае ўва мне гнеў: калі ваяру не хапае сілы, і калі разумным чалавекам пагарджаюць, і калі хто ад справядлівасці пераходзіць да граху; Бог падрыхтуе яго пад меч. Дзве рэчы паказаліся для мяне цяжкімі і небяспечнымі: купцу цяжка ўсцерагчыся ад нядбайнасці, і гандляр не будзе апраўданы ад грахоў.
Многія дапускаюцца граху дзеля прыбытку; і той, што стараецца разбагацець, адварочвае сваё вока. Як між змацаваных камянёў убіваецца слуп, так і між продажам і купляй улазіць грэх. [Калі не будзеш трымаць сябе ў страху Госпадавым, то адразу ж і хутка разваліцца твой дом.] Як пры трасенні рэшата застаюцца парушынкі, так застаецца бруд чалавека пры разважанні яго. Гліняныя пасудзіны выпрабоўвае печ, і выпрабаванне справядлівых людзей — у бядзе. Як догляд за дрэвам выяўляецца ў яго плодзе, так разумнасць сэрца чалавечага — у слове. Не хвалі чалавека перад размовай: яна бо ёсць выпрабаванне людзей. Калі будзеш шукаць справядлівасць, знойдзеш яе, ды адзенешся ёю, як шатамі славы, і зжывешся з ёю, і яна захавае цябе павек, ды ў дзень прызнання знойдзеш апору. Птушкі злятаюцца з падобнымі да сябе, і праўда вернецца да тых, хто яе здзяйсняе. Леў заўсёды цікуе на здабычу, так грахі на тых, якія дапускаюцца злачынстваў. Размова богабаязнага заўсёды прабывае ў мудрасці; неразумны ж змяняецца, як месяц. Сярод неразумных скарачай час, а пасярод мудрых — падаўжай. Размова неразумных — абрыдная, і смех іх — у грэшных прыемнасцях. Языкатасць з частымі прысягамі — падыме дыбам валасы на галаве, і звадка іх — хоць затыкай вушы. Праліццё крыві — вынік звадкі пыхліўцаў, і цяжка слухаць іх праклёны. Хто раскрывае тайны — траціць давер сябра, ды не знойдзе сябра па душы сваёй: любі сябра ды будзь яму верны, бо калі адкрыеш тайны яго, не ганіся болей за ім. Як бо чалавек, што страціў таго, хто памёр, так і ты, што страціў сяброўства блізкага свайго; і як хто выпусціў птушку з рукі сваёй, так ты адпіхнуў блізкага свайго і ўжо не вернеш яго. Не бяжы за ім, бо ён далёка; уцёк бо ён, як сарна з сеткі, бо скалечана яго душа, болей не зможаш яго затрымаць. Гэта пагаджэнне з праклятым, адкрыць жа тайны сябра — гэта знішчэнне надзеі. Хто міргае вокам — задумвае ліха; хто ведае яго, адступіцца ад яго. Перад вачамі тваімі ён асалодзіць свае вусны і будзе дзівіцца на твае словы; але ў рэшце рэшт перакруціць свае вусны і па словах тваіх зробіць закід. Многа што я ненавіджу, і не параўноўваю з ім, і Госпад зневавідзіць яго. Хто кідае камень угору, упадзе ён яму на галаву; і балючы ўдар падступнага Той, хто капае дол, сам у яго ўваліцца, і хто прыгатаваў камень блізкаму, сам ударыцца аб яго, і хто ставіць пастку іншаму, сам у яе трапіць. Хто дае нядобрую параду, на таго абернецца яна, і не пазнае, адкуль прыйдзе на яго. Ганьба ды знявага — пыхліўцу, і помста, як леў, будзе цікаваць на яго. У сетку трапяць тыя, якія цешацца з падзення справядлівых, боль жа паразіць іх перш, чым памруць. Гнеў і абурэнне — абодва абрыдныя, і грэшнік з’яўляецца ўдзельнікам іх.
Хто хоча быць адпомшчаным, той знойдзе помсту ад Госпада, і грахі яго Госпад, захоўваючы, захавае. Адпусці блізкаму твайму крыўду, і тады табе па просьбе тваёй твае грахі будуць адпушчаны. Калі чалавек на чалавеку будзе спаганяць злосць, як жа ў Бога будзе прасіць ён дапамогі? Не мае ён міласэрнасці да чалавека, да яго падобнага, а як будзе прасіць аб адпушчэнні сваіх грахоў? Сам, з’яўляючыся целам, спаганяе злосць: а даравання просіць у Бога? Хто будзе прасіць за яго злачынствы? Памятай пра апошнія справы і перастань варагаваць, памятай пра мардаванне ды смерць — і выконвай Яго прыказанні. Памятай пра загады і не май злосці на блізкага. Памятай пра запавет Узвышняга і даруй знявагу з боку блізкага. Сцеражыся звадкі і паменшы грахі: бо чалавек гняўлівы пачынае звадку і грэшнік будзе непакоіць сяброў, ды паміж у супакоі жывучых заводзіць непрыязнасць. Паводле бо лясных дрэў — такі агонь гарыць, і паводле моцы чалавека — такі гнеў яго будзе, ды паводле багацця яго ўзнікне гнеў яго. Гарачая спрэчка распаляе агонь, і гарачая звадка пралівае кроў, і язык, што дае пасведчанне, выклікае смерць. Калі будзеш дзьмухаць на іскру, яна загарыцца, быццам агонь; і калі плюнеш на яе, яна патухне: адно і другое выходзіць з вуснаў тваіх. Пляткар і крывадушнік хай будзе пракляты, многіх бо, жывучых у згодзе, загубіў. Трэці язык — многіх узрушыў і разагнаў з народа ў народ; збурыў умацаваныя багатыя гарады і перавярнуў дамы магнатаў; дужыя народы знішчыў, ды мужныя народы аслабіў. Трэці язык выгнаў жонак ад мужоў і пазбавіў іх трудоў іх. Хто слухае яго, не будзе мець супакою і не будзе мець прыяцеля, з якім адпачыў бы. Удар бізуна выклікае сіняк, а ўдар языка зломіць косці; шмат пападала ад ляза меча, але не столькі, колькі загінула праз свой язык. Шчасны, хто ўхаваўся ад яго, хто не патрапіў на злосць яго, ды хто не цягнуў ярмо яго, ды не быў звязаны яго путамі. Ярмо бо яго — ярмо жалезнае, і путы яго — путы медныя. Смерць яго — смерць самая страшная, і нават пекла лепшае, чым ён. Не будзе мець улады над справядлівымі, ды ад полымя яго яны не згараць; тыя, што пакідаюць Бога, трапяць у яго, і загарыцца ён у іх ды не патухне, і, быццам леў, будзе на іх выпушчаны, і, як барс, разарве іх. Агарадзі вушы свае цернямі ды не слухай ліхога языка і вуснам сваім зрабі дзверы і засаўкі. Звяжы золата тваё і срэбра тваё, ды словам сваім зрабі вагу і моцнае акілзанне — вуснам сваім. І глядзі, каб часам не хістаўся язык, ды каб ты не ўпаў на віду ворагаў, цікуючых на цябе, і каб тваё падзенне не было смяротным.
Хто міласэрны, пазычае сваіму блізкаму, і хто дапамагае яму сваёй рукой, спаўняе прыказанні. Пазыч твайму блізкаму ў яго патрэбе, і зноў жа аддай блізкаму свайму ў свой час. Стрымай слова ды будзь верны яму, і ў кожны час знойдзеш тое, што табе патрэбнае. Многія лічаць пазыку за знаходку і спрычыняюць прыкрасць тым, што ім пазычаюць. Пакуль атрымае, цалуе рукі таму, хто пазычае, і аб маёмасці блізкага гаворыць ціхім голасам; а калі патрэбна аддаваць, будзе патрабаваць часу, і аддасць са словамі незадавальнення і мармытаннем, і будзе жаліцца на час. Калі ж зможа аддаць, працівіцца; ледзь палову соліда аддасць і будзе гэта лічыць як бы знаходкай для таго. А калі не зможа, падмане яго з грашамі яго і стане яму без прычыны ворагам. Аддасць узамен яму праклёны і нараканні, ды замест пашаны і падзякі заплаціць яму знявагай. Многія не пазычаюць не дзеля скупасці, але з боязні быць ашуканымі. Усё ж такі будзь спагадным да беднага і не марудзь даць яму міласціну. Дзеля прыказання дапамажы беднаму і з прычыны яго беднасці не адпусці яго з пустымі рукамі. Выдавай грошы на брата і сябра свайго, і не хавай іх пад каменем на загубу. Усталюй скарб свой на прыказаннях Найвышэйшага, і карыснейшы табе будзе, чым золата. Схавай міласціну для сэрца беднага, і гэта цябе выбавіць ад усякага няшчасця. [Лепш за моцны шчыт ды цвёрдую дзіду супраць ворага твайго будзе ваяваць за цябе міласціна.] [Добры чалавек паручыцца за свайго блізкага; а той, хто страціў сорам, адпіхнуў бы яго.] Не забывай быць удзячным паручыцелю, бо даў ён за цябе сваю душу. Грэшнік спустошыць маёмасць паручыцеля, а няўдзячны ў душы пакіне свайго збаўцу. Паручальніцтва згубіла многіх сумленных людзей і пахіснула іх, як марская хваля; [мужоў наймагутнейшых павыганяла з дамоў, і яны блукалі сярод чужынскіх народаў.] Грэшнік за нішто мае дабрадзейнасці паручыцеля і дзеля карыслівасці без удзячнасці адпіхне свайго выбавіцеля. [Дапамагай блізкаму па магчымасці сваёй, але глядзі на сябе, каб не папасціся ў тое ж.] Галоўнае для чалавечага жыцця: вада, і хлеб, і адзенне, ды дом, каб схаваць сорам. Лепшае жыццё беднага пад дахам з дошак, чым балі багатыя на чужыне без уласнага жытла. Будзь задаволены малым, як і многім, і не пачуеш дакораў, што ты чужынец. Што за жыццё хадзіць з дома ў дом, і там, дзе жывеш, як чужы, адчуваеш сябе няўпэўнена і вуснаў не адкрыеш. Будзеш прыняты, і будзеш падаваць ежу і піццё без удзячнасці, пры тым пачуеш прыкрыя словы: «Падыдзі, прыбылец, і прыгатуй стол, і, калі што маеш пад рукой, накармі мяне!» «Уступі месца важнейшаму! Брат прыйшоў у госці да мяне, бо патрэбны яму дом мой». Цяжка гэта чалавеку разумнаму: упіканне за бяздомнасць і дакаранне пазыкадаўцы.
Хто любіць свайго сына, той хай часта карыстаецца ў адносінах да яго розгай, каб мог цешыцца ім у пазнейшы час. Хто ўзгадоўвае свайго сына, будзе мець пацеху ў ім і паміж хатніх праславіцца ў ім. Хто аддае ў навуку сына свайго, той выклікае зайздрасць у ворага, і сярод прыяцеляў будзе ў ім мець славу. Спыніў жыццё сваё бацька яго, і ён як быццам не памёр: бо пакінуў ён па сабе падобнага да сябе. Пры жыцці сваім ён бачыў яго ды цешыўся ім, і пры адыходзе сваім не быў сумны. І не пасароміў сябе перад ворагамі: пакінуў бо абаронцу сям’і ад ворагаў, які і прыяцелям акажа ўдзячнасць. Хто песціць сына, будзе перавязваць раны яго, ды пры кожным голасе будзе трывожыцца нутро яго. Неаб’езджаны конь бывае наравісты, і сын распушчаны бывае нястрыманы. Патурай сыну, і ён будзе страшыць цябе, забаўляйся з ім, і ён стане прычынай смутку твайго. Не смейся з ім, каб праз яго не цярпець і каб пазней не скрыгатаць сваімі зубамі. Не давай яму ў маладосці волі ды не патурай у яго памылках. Нагінай карак яго ў маладосці і лупцуй бакі яго, калі ён яшчэ дзіця, каб часам не зрабіўся цвёрдым і не адмовіўся цябе слухаць, ды каб не прычыніў ён табе болю душы. Вучы свайго сына і прывучай яго да працы, каб не перажываць яго непрыстойных паводзін. Лепш бедны, але здаровы і дужы, чым багаты, але кволы і церпячы целам сваім. Чалавек са здаровым целам лепшы, чым маючы золата і срэбра, і здаровы дух лепшы, чым вялікае багацце. Лепш за багацце цялеснае здароўе, ды няма радасці лепшай за радасць сэрца. Лепш смерць, чым ліхое жыццё, і лепш вечны супачынак, чым доўгая хвароба. Ласункі, пакладзеныя перад зачыненымі вуснамі, быццам кучы ежы, што ляжаць на магіле. Чым паможа ідалу ахвяра? Ён бо не есць, ані нюхае: так той, каго выпрабоўвае Госпад, які нясе плату за злачынства, які глядзіць вачамі ды ўздыхае, як уздыхае еўнух, абдымаючы дзяўчыну. Не давай душы сваёй сумаваць ды не мучай самога сябе думкамі сваімі. Вясёлае сэрца — гэтакае і жыццё чалавека, і багацце без недахопу святасці, і радасць чалавека — гэта даўгалецце. Клапаціся пра сваю душу і пацеш сваё сэрца, і сумаванне адгані ад сябе далёка. Бо многіх загубіў смутак, ды няма з яго карысці; зайздрасць і злосць скарачаюць дні, і заўчасная мітуслівасць прыводзіць да старасці. Калі сэрца спакойнае — добры апетыт, а ежа за стараннасцю яго знойдзецца.
Клопат пра багацце зжывае цела, і думкі пра яго спыняюць сон; клопат пра ежу адганяе сон, і цяжкая хвароба абуджае ад сну. Папрацаваў багач, збіраючы багацце, і, калі спыняецца, напаўняецца яго асалодаю; мучаецца бедны ад недахопу на пражыццё, і калі спыняецца — становіцца бедным. Хто любіць золата, не будзе апраўданы, і хто гоніцца за набыткамі, будзе падмануты. Многія дзеля золата трапілі ў бяду, і гібель іх выявілася перад абліччам іх. Дрэвам спатыкнення бывае золата для тых, што яго ахвяроўваюць; гора тым, што за ім ганяюцца; ды кожны неразумны будзе захоплены ім. Шчасны багацей, які аказаўся без віны ды які не пагнаўся за золатам, і не паклаў надзеі ў грошах і багаццях. Хто ён такі, і будзем яго хваліць? Бо даканаў цуды ў сваім народзе. Хто выпрабаваны ў гэтым і стаў дасканалым? Будзе яму вечная слава! Хто мог прайсці міма і не прайшоў, хто мог чыніць зло, і не зрабіў? Таму дабрыня яго вырашана ў Госпада, і пра яго міласціны раскажа кожны сход святых. Аб стрыманасці: засеў ты за багатым сталом? Не разяўляй над ім глоткі сваёй першы. Не кажы: «О, як многа на ім!» Памятай, што вока хцівае ліхое; Бог ненавідзіць вока хцівае. Што створана горшага за сквапнае вока? Таму яно плача на віду ўсяго. Куды б яно ні глянула, не выцягвай ты першы рукі сваёй, бо, сквапнасцю апаганены, — засаромішся; не пхніся з ім у міску. Судзі аб сваіх блізкіх па самому сабе, ды пры кожным слове — падумай! Карыстайся, як чалавек, з таго, што перад табой пакладзена, бо, калі будзеш есці шмат, — выклікаеш абрыду. Дзеля выхаванасці першы перастань есці, ды не еш лішняга, каб каго не згоршыць. І калі сядзіш паміж многіх, перш за іх не выцягвай рукі сваёй і першы не патрабуй піць. Чалавеку выхаванаму хапае крыху віна! Тады ў час сну не будзеш мучыцца ад яго і не будзеш адчуваць болю. Бяссонніца, халера і рэзь у жываце ў чалавека, які пераеў. Здаровы сон у чалавека стрыманага: будзе спаць аж да раніцы, і душа яго будзе з ім захапляцца. І калі будзеш змушаны многа есці, устань з асяроддзя, вырыгай; і стане табе лягчэй, і не давядзеш цела свайго да хваробы. Слухай мяне, сыне, і не грэбуй мною, і ў далейшым прызнаеш напаміны мае. Ва ўсёй дзейнасці сваёй будзь стрыманы, і ніякая хвароба не спаткае цябе. Шчодрага на балях дабраславяць многіх вусны, і сведчанне пра яго дабрыню — праўдзівае; супраць скнары на балі будзе шушукацца горад, ды пасведчанне пра яго скупасць будзе праўдзівае. У піцці віна не рызыкуй; бо многіх згубіла віно. Як у печы выпрабоўваецца цвёрдасць сталі закалкаю, так віно выпрабоўвае ў звадцы сэрцы пыхліўцаў. Віно людзям, як жыццё, калі будзеш піць яго ў меру. Якое жыццё таго, хто не п’е віна? Хто падманвае жыццё? Смерць. Віно створана на развесяленне людзей, і не на п’янства — ад пачатку. На падняцце душы, і на радасць і асалоду сэрца — віно, выпітае ў меру, у свой час; здароўе для душы і цела — здаровы напітак. Віно, зашмат выпітае, выклікае шаленства, і гнеў, і загубу вялікую. Горыч для душы — віно, калі п’юць яго многа, у злосці і звадцы. П’янства павялічвае шалёнасць неразумнага на яго загубу, аслабляючы яго моц ды калечачы. На балі пры піцці віна не ўпікай блізкага, ды не выказвай яму пагарды ў яго весялосці; не кажы яму слоў знявагі і не дражні яго, чагосьці дамагаючыся.
Калі паставілі цябе старэйшым на балі — не ганарыся! Будзь між імі, як адзін з іх. Клапаціся пра іх, і так сядзі, ды ўзлягай, выканаўшы ўсякі свой клопат, каб умець парадавацца разам з імі, і атрымаць вянок дзеля прыстойнасці, ды каб атрымаць дастойнае запрашэнне на баль. Прамаўляй, старэйшына: табе бо гэта належыць першае слова з належнай умеласцю; і не перашкаджай музыцы. У час балю не разлівайся размовай і не паказвай сваёй мудрасці ў неадпаведны час. Што каштоўны каменьчык рубіна ў залатым абрамаванні, тое спевы музыкаў на балі пры віне; што смарагдавая пячаць у залатой аправе, тое колькасць музыкаў пры салодкім і ў меру віне. Слухай моўчкі, і за ветлівасць будзе аказана табе ўдзячнасць. Прамоў, юнаку, калі трэба табе, за ледзь два словы; тады, калі цябе спытаюць. Гавары сцісла, шмат — у некалькіх словах; будзь, як ведаючы, але адначасова ўмеючы маўчаць. Не ўзносся паміж магнатамі, і дзе знаходзяцца старцы — не гавары многа. Гром папярэдзіць маланка, і чалавека сціплага папярэдзіць прыхільнасць. І ўставай у час, не будзь апошнім; спяшайся ж першы ў свой дом, і там адпачывай, і там забаўляйся, і рабі там, што прыдумаеш, і не грашы пыхлівым словам. І за ўсё гэта дабраслаўляй Госпада, Які цябе стварыў і Які насычае цябе ўсімі даброццямі Сваімі. Хто баіцца Госпада — атрымае выхаванне, і хто зранку трывае пры Ім, атрымае дабраславенне. Хто спаганяе закон, будзе ім напоўнены, і хто падступна робіць, будзе ўведзены ў спакусу. Хто жыве ў страху Госпадавым, знойдзе справядлівы прысуд і справядлівасць, як святло, засвеціць. Чалавек грэшны ўхіліцца ад напаміну і паводле сваёй волі знойдзе апраўданне. Чалавек разважны не пагардзіць разважаннем; чужынец і пыхлівец нічога не забаіцца. [Без роздуму не рабі анічога, сыне, і не будзеш каяцца дзеля сваёй дзейнасці.] Сыне, не хадзі па дарозе загубы, і не скалечыш нагі аб камяні; не давярай дарозе нязведанай, каб не выставіць душы сваёй на шкоду. І будзь асцярожны нават адносна сваіх дзяцей, і май на ўвазе хатніх сваіх. У кожнай дзейнасці сваёй май давер душы сваёй: гэта бо значыць — спаўненне прыказанняў. Хто верыць закону, зважае на прыказанні, і хто верыць Госпаду — не ашукаецца.
Не сустрэнуцца няшчасці таму, хто баіцца Госпада, але ў выпрабаванні Бог ізноў зберажэ яго і вызваліць ад ліха. Мудры чалавек не ненавідзіць прыказанняў і справядлівасці і не будзе хістацца, як карабель пад час буры. Разумны чалавек верыць слову Божаму, і закон яму верны, як той, хто адказвае на пытанне. Прыгатуй словы і так будзеш па просьбе выслуханы, і захаваеш настаўленне, і тады адкажаш. Як кола ў возе, так нутро неразумнага, і як вось, што круціцца, — думанне яго. Кплівы прыяцель падобны да жарабца, што ржэ пад кожным ездаком. Чаму адзін дзень лепш другога, хоць святло ўвесь год паходзіць ад сонца? Мудрасцю Госпада яны падзелены, і Ён змяніў часы і святы іх. Адных з іх узвысіў і ўзвялічыў Бог, і іншых памясціў у лік дзён. І ўсе людзі — з парахна, і Адам быў створаны з зямлі. У поўні мудрасці Сваёй Госпад раздзяліў іх і змяніў іх шляхі: адных дабраславіў і ўзвысіў, і другіх усвяціў і да Сябе нахіліў; іншых пракляў і ўпакорыў, і вывеў іх з месца іх прабывання. Як гліна ганчара ў руцэ яго, якую ён фармуе і вылеплівае па волі сваёй, так і чалавек у руцэ Таго, Хто яго стварыў; і аддасць Ён кожнаму па Свайму рашэнню. Насупраць зла — дабро, і насупраць смерці — жыццё; так і насупраць чалавека справядлівага — грэшнік. Таму глядзі на ўсе творы Узвышняга: два і два, і адно супраць аднаго. І я апошні добра папрацаваў, і як той, хто збірае астатнія ягады пасля зборшчыкаў вінаграду, з дабраславення Госпада і ён атрымаў карысць, і як той, хто збірае вінаград, напоўніў тоўчню. Зважце, што я не для сябе самога папрацаваў, але для тых усіх, хто шукае настаўлення. Слухайце мяне, магнаты народа, і ўцямце, кіраўнікі сходу. Ані сыну, ані жонцы, ані брату, ані прыяцелю не давай улады над сабой, пакуль жывеш ты; і не аддавай другому маёмасці сваёй, каб часам ты не пашкадаваў і не мусіў прасіць яе. Пакуль ты яшчэ жывеш і дыхаеш, не замяняй сябе самога нікім. Лепш бо, каб твае дзеці прасілі цябе, чым каб ты мусіў глядзець на рукі сваіх дзяцей. Ва ўсіх справах тваіх будзь галоўным, каб не даваць заганы славе сваёй. У дзень спынення дзён жыцця свайго ды ў час смерці тваёй падзялі спадчыну сваю. Корм, і палка, і цяжар — для асла; хлеб, і настаўленне, і праца — для нявольніка. Давай працаваць нявольніку, і знойдзеш адпачынак; паслаб рукі яму, і стане шукаць свабоды. Ярмо і рэмень згінаюць карак, і згінаюць нявольніка заўсёдныя заняткі. Нявольніку ліхому — мукі і кайданы; пасылай яго на работу, каб не быў без зянятку: бо лянота навучае вялікаму злу. Стаў яго да працы, так бо яму належыцца; а калі ён не будзе слухаць, сагні яго кайданамі, але не строга, не ўсё цела; аднак не рабі нічога важнага без роздуму. Калі маеш аднаго нявольніка, хай будзе табе, як твая душа, бо ты будзеш, як ён у табе, мець патрэбу ў ім. Калі маеш аднаго нявольніка, абыходзься з ім так, як з братам, бо ты не маеш чаго гневацца на кроў душы сваёй. Калі скрыўдзіш ты яго несправядліва, ён уцячэ; і калі, падняўшыся, пабяжыць, на якой дарозе шукаць яго будзеш?
Чалавек неразумны мае пустыя і падманныя надзеі, і сонныя мроі захапляюць неразумных. Ён як быццам хапае цень ды імчыцца за ветрам — так і той, хто верыць у начныя бачанні. Бачанне сноў — аднаго за адным — перад абліччам чалавека падабенства аблічча. Чым можа быць ачышчаны нячысты? І з ілгарства як можа выйсці праўда? Варажба, і прадказанні з лёту птушак, і сон — мроі, і, як у парадзіхі, сэрца творыць фантазіі. Хіба што ад Узвышняга будзе дадзена бачанне; не прывязвай да іх свайго сэрца! Сны многіх увялі ў зман, і загінулі яны, пакладаючы надзею ў іх. Слова закону здзейсніцца без падману, ды мудрасць у вуснах верных — споўніцца. Чалавек, які падарожнічаў, многа ведае і той, хто шмат перажыў, мудра раскажа. Хто неспрактыкаваны, мала ведае, а хто падарожнічаў — павялічыў веды. [Многа чаго ўбачыў я ў сваіх вандроўках і звыш многіх слоў я зразумеў;] не раз я быў у смяротнай небяспецы і дзякуючы вопыту ўратаваўся. Дух тых, хто баіцца Госпада, — жыць будзе, і пад абаронай Яго — ён атрымае дабраславенне. Надзея бо іх у Тым, Хто іх збаўляе, і вочы Божыя на тых, хто любіць Яго. Хто баіцца Госпада, нічога не будзе баяцца і палохацца, бо Ён — яго надзея. Шчасная душа таго, хто баіцца Госпада. На каго глядзіць ён? І хто моц яго? Вочы Госпадавы на тых, што баяцца яго: Ён Абаронца Магуты, моцная Апора, Заслона перад спякотай і Засень — перад жарам поўдня. Ахова ад спатыкнення і дапамога ад падзення, Ён падымае душу і асвятляе вочы, дае здароў’е ў жыцці і дабраславенне. Госпад адзіны для тых, хто ідзе дарогаю праўды і справядлівасці. Хто ўскладае ахвяру з дрэннага — тая ахвяра апаганеная, таму нямілыя ахвяры несправядлівых. Дары ліхотнікаў Узвышні не адабрае і не глядзіць на прынашэнні нягодных, і ў мностве іх ахвяраў не ўміласцівяцца грахі іх. Хто ўскладае ахвяру з маёмасці ўбогіх, той быццам прыносіць у ахвяру сына на вачах яго бацькі. Хлеб тых, хто жыве ў нястачы, — жыццё ўбогіх; хто яго забірае, ёсць крывапівец. Хто забірае хлеб, цяжка здабыты, быццам той, хто забівае блізкага свайго; і кроў пралівае той, хто пазбаўляе платы работніка. Калі адзін будуе, а другі руйнуе, дык якая карысць ім па-за працаю? Калі адзін моліцца, а другі праклінае, чый голас пачуе Бог? Калі хто абмываецца па дакрананні да трупа, ды зноў дакранаецца да яго, дык чым яму дапаможа абмыццё яго? Так чалавек, які посціць за свае грахі і, вяртаючыся ад посту, робіць тое самае. Хто выслухае яго маленне? І чым яму дапаможа тое, што ён упакорыўся?
Хто захоўвае закон, памнажае прынашэнні. Хто зважае на прыказанні — ускладае ахвяру збаўлення. [Хто адплачвае за ласку — ускладае ахвяру з мукі, і хто дае міласціну — ускладае ахвяру пахвалы.] Адвярнуцца ад злачыннасці — упадабанне Госпаду, і адступіцца ад несправядлівасці — маленне за грахі. Не паказвайся перад воблікам Госпада з пустымі рукамі: бо ўсё гэта адбываецца паводле прыказанняў Божых. Ахвяра справядлівага напаўняе ахвярнік тлустасцю, і пах яе мілы падымаецца перад Узвышнім; ахвяра справядлівага прыемная, ды памяць пра яе не будзе забыта Госпадам. З вясёлым вокам праслаўляй Бога, ды не памяншай пяршыняў з рук тваіх; пры кожным дарэнні рабі твар свой вясёлым, ды з радасцю ўскладзі ў ахвяру дзесяціны свае; давай Узвышняму так, як Ён дае, і з вясёлым вокам зрабі шчодры дар па магчымасці рук тваіх, бо Госпад адплаціць і аддасць табе ў сем разоў. Не ўскладай крывадушных дароў, бо Ён не прыме іх, і не пакладай надзеі ў несправядлівай ахвяры, бо Госпад ёсць суддзя, і Ён не звяртае ўвагі на славу асобы. Ён зверне ўвагу на ўбогага і выслухае маленне пакрыўджанага. Не адцураецца ад просьбаў сіраты і ўдавы, калі яна жаліцца. Ці ж слёзы ўдавы не сцякаюць па шчацэ, і галашэнне яе не супраць таго, хто іх выклікае? Бо яна ад шчакі падымаецца ў неба, і Госпад слухае і незадаволены імі. Хто служыць Богу, будзе прыняты з задавальненнем, ды маленне яго падымецца аж да хмар. Мальба ўпакорнага пранікне ў воблакі, і не суцешыцца, пакуль не прыблізіцца да мэты; ды не спыніцца, аж пакуль не гляне Узвышні, і Ён як справядлівы суддзя выдасць прысуд. Ды Госпад не замарудзіць і Наймагутнейшы не сцерпіць іх, пакуль не сатрэ спінаў крыўдзіцелям, і пакуль не адпомсціць паганам, і пакуль не загубіць мноства пыхліўцаў, ды пакуль не сатрэ жазлы несправядлівых, пакуль не аддасць людзям па іх учынках і Адаму па дзеянням яго упорыстасці, пакуль не выдасць прысуд Свайму народу, ды не абрадуе іх Сваёй міласэрнасцю. Міласэрнасць у час гора высакародная і своечасовая, як дажджавыя аблокі ў час засухі.
Злітуйся над намі, Божа ўсіх, і глянь на нас ды акажы нам святло міласэрнасці Тваёй! І нашлі страх Свой на паганаў, якія не шукалі Цябе, каб пазнаць, што няма Бога, апрача Цябе, ды каб апавяшчалі яны пра вялікія дзеі Твае. Выцягні Сваю руку супраць чужых народаў, каб убачылі яны магутнасць Тваю. Як бо на віду іх аказаўся ў нас Святым, так перад намі выяві веліч Сваю ў іх, каб яны пазналі, як і мы пазналі, што няма Бога апроч Цябе, Госпадзе. Узнаві знакі ды паўтары цуды, праслаў руку і ўзмацуй правае плячо, выяві абурэнне і вылі гнеў, знішчы праціўніка ды пакарай ворага. Паскор час і прыпомні прадвызначэнне, каб славілі цуды Твае. Хай у полымі гневу будзе знішчаны, хто хоча ўратавацца; і хай тыя, што крыўдзяць народ Твой, папрападаюць. Сатры галовы валадарачых ворагаў, якія кажуць: «Няма нікога іншага, апроч нас!» Збяры ўсе пакаленні Якуба і вазьмі іх у спадчыну, як было ад пачатку. Пашкадуй Твой народ, над якім прызывана імя Тваё, — Ізраэль, які Ты назваў першародным Сваім. Пашкадуй горад Твой святы Ерузалім, месца прабывання Твайго. Напоўні Сіён веліччу Сваёй, ды хвалою Сваёю — святыню Сваю. Дай сведчанне тым, што ад пачатку ёсць Твае стварэнні, і ўзбудзі казанні, якія гаварылі ў імя Тваё. Дай узнагароду тым, якія Цябе падтрымліваюць, ды хай прарокі Твае акажуцца вернымі. Ды выслухай мальбы Сваіх паслугачоў, паводле ўпадабання над Тваім народам, і вядзі нас дарогай справядлівасці; і хай ведаюць усе, хто жыве на зямлі, што Ты — Бог спрадвечны. Чэрава ўспрымае ўсякую ежу, і ёсць ежа лепшая за другую; язык адрознівае ежу з дзічыны, і разумнае сэрца — словы лжывыя. Сэрца крывадушнае выклікае прыкрасць, і вопытны чалавек адплаціць яму. Жанчына хай прымае мужа ўсякага [г. зн. такім, які ён ёсць], але дачка адна лепшая за другую. Прыгажосць жанчыны радуе аблічча мужа свайго, ды на ўсякую палкасць чалавека наводзіць жаданне. Калі пры тым у словах сваіх будзе мець спачуццё, і асалоду, і міласэрнасць, муж яе не будзе, як іншыя людзі. Калі хто мае добрую жонку, мае пачатак памыснасці, помач для сябе і апору супакаення. Дзе няма агароджы, там параскрадваюць вінаграднік; і ў каго няма жонкі, той будзе ўздыхаць, блукаючы. Хто паверыць таму, хто не мае гнязда і хто блукае там, дзе не можа схавацца, як разбойнік, якога пераследуюць, бадзяецца з горада ў горад?
Кожны прыяцель кажа: «І я пасябраваў з ім!»; але бывае прыяцель толькі з імя прыяцель. Ці ж сумаванне не падобнае аж да смерці, калі сябар і прыяцель абарачваюцца ў ворага? О ліхая пераваротнасць! Адкуль ты ўзялася, каб пакрыць зямлю злом і подступам сваім! У памыснасці сябар цешыцца з прыяцелем, і ў час гора робіцца праціўнікам; сябар памагае прыяцелю ў працы з прычыны жывата, і ў час вайны возьмецца за шчыт. Не забудзь пра прыяцеля твайго ў сваёй душы, і не забывай пра яго ў дастатку сваім. Не шукай парады ў таго, хто на цябе цікуе, і перад зайздроснымі хавай свой намер. Кожны дарадчык хваліць сваю параду, але ёсць дарадчык такі, што раіць у сваю карысць. Сцеражы душу сваю ад дарадчыка, і перш даведайся, што яму трэба, — бо ён будзе думаць пра сваю душу, — каб часам не кінуў на цябе жэрабя ды не сказаў табе: «Добрая твая дарога», — а сам стане насупраць цябе, каб паглядзець, што станецца з табой. Не райся з зайздросным і ад зайздроснага хавай свой намер; не райся з жанчынай, што да яе саперніцы; з баязлівым, што да вайны; з купцом, што да пазыкі, якую маеш узяць; з гандляром, што да продажу; са злосным, што да ўдзячнасці; з бязбожным адносна пабожнасці; з несумленным, што да сумленнасці; з лянівым адносна нейкай працы; з гадавым парабкам пра заканчэнне работы, з гультаяватым нявольнікам аб вялікай рабоце — не пакладайся на такіх ні пры якой парадзе. Але з чалавекам пабожным падтрымай сяброўства, а таксама з тым, аб якім ведаеш, што беражэ прыказанні, чыя душа, як твая душа, ды хто, калі ў поцемках будзеш блукаць, паспагадае табе. І трымайся парады свайго сэрца; бо няма за яе нічога вярнейшага для цябе. Душа чалавечая часам праўдзівейшае скажа, чым сем наглядчыкаў, што сядзяць на ўзгорку для наглядання. І пра ўсё гэта ўмольвай Узвышняга, каб дарогай праўды тваёй кіраваў. Хай кожную тваю дзейнасць папераджае слова праўды, ды перад кожным учынкам хай будзе заўсёдная парада. Корань намераў у сэрцы, з якога паўстаюць чатыры галіны: дабро і зло, жыццё і смерць; і над гэтым язык мае поўную ўладу. Бывае чалавек спрактыкаваны, знаўца многага, а для душы сваёй бескарысны. Бывае хітра гаворыць і ненавісны; і такі застанецца без усякай ежы салодкай. Не дадзена яму ласка Госпадам: пазбаўлены бо ён усякай мудрасці. Бывае мудрэц для душы сваёй мудры, і плады яго ведаў — на целе яго. Бывае мудрэц, што народ свой выхоўвае, і плады яго розуму верныя. Мудры чалавек перапоўнены будзе дабраславеннямі, і ўсе, хто бачыць яго, назавуць шчасным. Жыццё чалавека абмежавана лікам дзён, а дні Ізраэля без ліку. Мудры набудзе славу ў свайго народа, і імя яго будзе жыць вечна. Сыне, у жыцці сваім гартуй душу сваю і глядзі, калі што шкоднае ёй, не давай ёй таго. Бо не ўсё карысна для ўсіх, і не кожнай душы ўсё падабаецца. Не будзь сквапным ва ўсякім балі і не кідайся на ўсякую ежу. Дзеля многіх бо страў узнікне хвароба, і хцівасць давядзе да расстройства жывата. Ад пераядання многія памерлі, а хто ўмее паўстрымацца — прадаўжае жыццё.
Шануй лекара дзеля яго патрэбнасці; бо вось, стварыў яго Узвышні. Ад Бога бо мае ён мудрасць, і ад цара атрымае ён падарункі. Навука лекара падыме яму галаву, і сярод магнатаў будзе ён мець пахвалу. Узвышні з зямлі стварыў лекі, і разважны чалавек не будзе іх цурацца. Ці не ад дрэва горкая вада стала салодкай, каб пазналі людзі моц яе? І Узвышні даў людзям веды, каб быў Ён праслаўлены ў цудах Сваіх. Імі лечачы ўлагодзіць боль, і гандляр мазямі прыгатуе з іх зёлкі прыемнасці, каб не спынялася яго дзейнасць і здароўе на ўсёй зямлі. Сыне, у хваробе сваёй не адцурайся самога сябе, але маліся да Госпада, і Ён вылечыць цябе. Адвярніся ад злачынства, і выцягні рукі, і ачысці сэрца сваё ад усякага граху; дай прыемнасці і падзякі з чыстай мукі, ды ўскладзі ахвяру тлустую па магчымасці сваёй. І пакліч лекара, бо яго таксама Госпад стварыў; і хай не адыходзіць ад цябе, бо дзейнасць яго патрэбная. Бывае бо час, калі праз іх рукі прыходзіць палягчэнне. Яны ж самі папросяць Госпада, каб пакіраваў да добрага пазнання хваробы ды даў поспех у лячэнні. Хто дапусціўся граху на віду Таго, Хто стварыў яго, трапіць у рукі лекара. Сыне, пралівай слёзы па памерлым, ды, як быццам цяжка церпячы, пачні галашэнне, і, як належыцца, пакрый цела яго і не адцурайся ад пахавання яго. Горка плач і прадаўжай галашэнне, і пакладзі жалобу паводле заслугі яго, — дзень адзін або два, каб пазбегнуць асуджэння, — і пасля суцешся ад смутку. Смутак бо прыспешвае смерць, і сум сэрца нішчыць сілу. Па пахаванні застаецца смутак, і жыццё ўбогага — праклён сэрца. Не папускай у смутак свайго сэрца, але ўхіляй яго ад сябе, памятаючы пра свой канец. Не забывай, што няма звароту: і гэтаму зусім не дапаможаш, і сабе зашкодзіш. Памятай пра суд яго; такі бо будзе і твой: мне ўчора, і табе сёння! У супакоі памерлага супакой памяць аб ім, і суцешся па ім, па выхадзе духу яго. Мудрасць кніжніка здабываецца ў вольны ад занятку час; і хто менш займаецца дзейнасцю, здабудзе той мудрасць. Як можа здабыць мудрасць той, хто трымае плуг і хто славіцца кідком дзіды? Паганяе ён валоў, ды заняты іх справамі, і расказвае толькі пра маладых бычкоў. Сэрца яго будзе занятае тым, каб араць барозны, і начамі будзе думаць пра пашу для кароў. Так кожны рамеснік і мастак, які так ноч, як і дзень, праводзіць; хто займаецца разьбой па пячацях і вытрыманасць яго змяняе формы разьбы; сэрца сваё аддасць для таго, каб малюнак зрабіць жывым, і не спіць начамі, каб скончыць працу. Так і каваль, седзячы каля кавадла, думае пра твор з жалеза; дух агню паліць яго цела, ды ваюе ён з жарам ад печы. Стукат молата глушыць яго вуха, і вока яго звернута да падабенства з пасудзінаю. Сэрца сваё ён прысвяціць выкананню работ, і начамі не спіць, каб давесці іх да дасканаласці. Так ганчар, седзячы пры сваёй працы, круціць нагамі сваімі кола, заўсёды праняты клопатам пра сваю працу, і на ўліку ўся яго праца; рукамі сваімі фармуе гліну і нагамі змякчае яе цвёрдасць. Сэрца сваё прыкладае ён для дасягнення дасканаласці, ды па начах не спіць, каб вычысціць сваю печ. Усе яны паклалі надзею ў руках сваіх, і кожны з’яўляецца мудрым у сваім майстэрстве. Без іх усіх не можа быць збудаваны горад, і жыхары не абжывуцца ды не будуць гуляць у ім. Аднак не запрашаюцца яны на сход народа і на сходзе не падымаюцца на вышэйшае месца, не будуць сядзець яны ў судзейскіх крэслах, і не будуць разумець закону прымірэння, і не зробяць яны ўклад у настаўленне і законнасць, і не дададуць у прыпавесці, але падтрымаюць іх стварэнні працы і руплівасць у мастацкай творчасці.
Той жа, хто прыстасоўвае душу сваю да страху Божага і ў законе Узвышняга разважае, будзе шукаць мудрасці ўсіх даўнейшых людзей і аддасца прароцтвам. Захавае ён апавяданне людзей знакамітых і паглыбляцца будзе ў таямніцы прыпавесцяў. Выясняць будзе таямніцы прыказак, ды засяродзіцца на сакрэтах прыпавесцяў. Будзе служыць між магнатаў і паказвацца на віду князёў. Пяройдзе на зямлю чужаземных народаў; выпрабуе бо людзей адносна дабра і зла. Прысвяціць сэрца сваё, каб ад світання звярнуцца да Госпада, што стварыў яго, і будзе маліцца перад Узвышнім. Адчыніць вусны свае ў малітве і за злачынствы свае будзе перапрашаць. Калі бо вялікі Госпад захоча, напоўніцца ён духам разумення. Ён словы сваёй мудрасці, быццам дождж, сашле, ды ў мальбе будзе вызнаваць Госпада. І Сам Ён пакіруе парадаю і розумам, і разважаць будзе ў яго таемных справах. Ён зробіць уклад настаўленнем ведаў сваіх ды будзе ўслаўлены ў законе прымірэння Госпадавага. Многія будуць хваліць мудрасць яго, і па спакон вякоў не будзе забыта. Не знікне памяць аб ім, і імя яго будзе жыць з пакалення ў пакаленне; пра яго мудрасць будуць расказваць народы, і хваліць яго будзе сход. Пакуль будзе жыць, пакіне больш, чым імёнаў тысячу, і калі супачыне, яшчэ больш узрасце. Яшчэ падумаю і раскажу; бо я перапоўнены, як месяц у дванаццаты дзень. Паслухайце мяне, сыны пабожныя, і, як ружа, пасаджаная на беразе вады, хай цвіце цела вашае; выдавайце пах мілы, як Лібан, цвіціце, кветкі, як лілея. Падыміце голас і заспявайце песню, ды дабраслаўляйце Госпада ва ўсіх сваіх працах. Дайце пахвалу імю Яго ды вызнавайце Яго хвалою Яго, і спевамі вуснаў, і гусляў; і так кажыце ў вызнанні: «Усе справы Госпадавы вельмі добрыя, і ўсё, што Ён загадаў, у свой час збудзецца!» Не належыцца казаць: «Што гэта?» Або: «Чаму тое?»; бо ўсё ў свой час выявіцца. Па слове Яго вада стала, як сцяна, і па слове вуснаў Яго — вадаёмы. Бо па загадзе Яго станецца ўсё, што захоча, ды ніхто не зможа перашкодзіць, калі Ён ратуе. Дзейнасць кожнага чалавека — на віду Яго, ды няма нічога, што скрылася б ад вачэй Яго. Ён бачыць спакон вякоў, і нічога няма дзіўнага на віду ў Яго. Не трэба казаць: «Што гэта!» Або: «Чаму тое?»; бо ўсё створана на карысць сваю. Дабраславенне Яго, як рака, разлілося; і, як патоп навадняе сушу, так яно знішчыць народы, якія не прытуліліся да Яго, Які ваду ператварыў у салёнасць. Шляхі Яго простыя для святых, а для грэшнікаў дзеля гневу Яго — поўныя перашкодаў. Як ад пачатку дабро створана для добрых, так для грэшнікаў — дабро і зло. Найперш патрэбныя для жыцця людзей: вада, агонь і жалеза, соль, малако і хлеб з мукі пшанічнай, і мёд, і кроў вінаграду, і аліўкавы алей ды адзенне: гэта ўсё святым на дабро, так і бязбожным, і грэшнікам абернуцца ў зло. Ёсць вятры, створаныя дзеля помсты, і ў сваім абурэнні ўзмацнілі яны кары свае; у час знішчэння выльюць моц і абурэнне Таго, Хто стварыў іх, упакораць яны: агонь, град, голад і смерць — усё гэта створана для помсты. Клыкі звяроў дзікіх, і скарпіёны, і гады, і меч двухбаковавостры на помсту, на гібель бязбожных: яны будуць цешыцца з прыказанняў Яго, і прыгатаваныя яны будуць на зямлі на патрэбу, і ў свой час не размінуцца са словам Яго. Дзеля гэтага я быў перакананы ад пачатку, і падумаў, і загадаў на пісьме: «Дзеі Госпада ўсе добрыя, і ў свой час усім Ён будзе карыстацца». Не трэба казаць: «Гэта за тое горшае», бо ўсё ў свой час будзе прызнана за добрае. І цяпер усім сэрцам і вуснамі ўслаўляйце Яго і дабраслаўляйце імя Госпада.
Вялікая справа створана ўсім людзям ды цяжкае ярмо для сыноў Адама; ад дня выхаду з улонняў іх маці аж да дня вяртання да маці ўсіх. Думкі іх і страхі сэрца — выдумка чаканага дня смерці. Пачынаючы ад таго, хто сядзіць на слаўным пасадзе, аж да таго, хто сядзіць, упакораны, на зямлі і ў попеле; ад таго, хто носіць гіяцынт і вянец, аж да таго, хто адзяецца ў зрэбніцу, — для іх: абурэнне, зайздрасць, перапалох, непакой, і страх смерці, і нянавісць, і звадка. І ў час адпачынку ў ложку начны сон змяняе розум яго, Крыху, амаль зусім не мае адпачынку, вось таму ўва сне, як удзень, працуе, напалоханы бачаннем сэрца свайго, як быццам той, хто ўцякаў з поля бою; абудзіўся ў час патрэбнага сну і дзівіцца, што няма ніякага страху. Як бывае з кожным жывым — ад чалавека аж да жывёлы; і на грэшнікаў — у сем разоў болей: да гэтага: смерць, кроў, звадка і меч двухбаковавостры, паражэнні, голад і прыгнёт і ўдары. На ліхотнікаў створана ўсё гэта, ды праз іх прыйшло знішчэнне. Усё, што з зямлі ўзята, — у зямлю вернецца, і ўсё, што з вады, — у мора вернецца. Усякі дар сапсаванасці і несправядлівасці будзе знішчаны, а вернасць застанецца вечна. Маёмасць несправядлівых, як ручай, высахне і, як грымоты вялікія, у ліўні прагрыміць. Як той, хто адкрывае рукі свае, пацешыцца, так крывадушнікі загінуць да знішчэння. Нашчадкі бязбожных не павялічаць парасткаў, і нячыстае карэнне — на вяршыні скалы. Асака пры кожнай вадзе і на беразе ручая будзе касіцца хутчэй за ўсякую другую траву. Ласка — як рай у дабраславенствах, і міласціна трывае вечна. Хто жыве ў дастатку і ў працы — будзе жыць прыемна, і лепш за абаіх таму, хто знойдзе скарб. Дзеці і збудаванне горада ўмацоўваюць імя, і вышэй за гэта будзе лічыцца чыстая жанчына. Віно і музыка цешаць сэрца, і вышэй за гэтых абаіх — любоў да мудрасці, флейта і псалтэрыён ствараюць мілую мелодыю, і вышэй абаіх — прыемная мова. Красы і прыгажосці прагне вока, і вышэй іх абаіх зелень пасеваў. Прыяцель і сябар сустракаюцца часам, і бліжэй іх абаіх — муж і жонка. Браты і апекуны — у час бяды, і болей за іх абаіх выбаўляе міласціна. Золата і срэбра ўмацоўваюць ногі, і вышэй іх цэніцца атрыманая парада. Багацце і сіла падымаюць сэрца, і вышэй гэтага — страх Госпадаў. У страху Госпадавым няма недахопаў, і няма патрэбы шукаць па-за ім дапамогі. Страх Госпадаў як рай дабраславёны, і захаванне яго — вышэй усякай славы. Сыне, у час жыцця твайго не жабруй; бо лепш памерці, чым жабраваць. Чалавек, які глядзіць на чужы стол, — таго жыццё не лічыцца жыццём. Бо паганіць душу сваю чужой ежай; а чалавек выхаваны і адукаваны гэтага ўсцеражэцца. У вуснах бессаромнага чалавека салодкім пакажацца жабраванне, але ў нутры яго загарыцца агонь.
О смерць! Якая прыкрая памяць аб табе для чалавека, што мае супакой у багаццях сваіх: для чалавека без клопатаў ды для таго, чые шляхі простыя ва ўсім, пры тым яшчэ для таго, хто можа жыць раскошна! О смерць, які добры ёсць твой прысуд для беднага чалавека і для таго, хто не мае сіл, для састарэлага і для таго, каму ёсць клопат аб усім, які страціў надзею і не мае цярплівасці. Не палохайся прысуду смерці; помні пра тых, што перад табою былі і па табе будуць: гэты прысуд ад Госпада ўсяму жывому; ды чаму працівішся вырашэнню Узвышняга? Ці дзесяць, ці сто, ці тысяча гадоў — у пекле бо няма даследавання за жыццё. Дзеці агіднасцяў бываюць дзецьмі грэшнікаў, і пражываюць яны на месцах агіднасцяў бязбожнікаў; спадчына дзяцей грэшнікаў прападзе, і з патомствам іх ідзе заўсёды ганьба. Дзеці дакараюць бязбожнага бацьку, бо яны дзеля яго знаходзяцца ў пагардзе. Гора вам, бязбожныя людзі, што пакінулі закон Госпада Узвышняга! І калі вы нарадзіліся, то на праклён нарадзіліся; і калі памраце, доляй вашай праклён будзе. Усё, што з зямлі, у зямлю вернецца; так бязбожныя з праклёну ў загубу. Жалоба ў людзей тычыцца цела іх; нядобрае ж імя бязбожных будзе знішчана. Клапаціся пра добрае імя; яно бо больш будзе значыць для цябе, чым тысяча вялікіх каштоўных скарбаў: дням добрага жыцця — лік, але добрае імя ператрывае век. Лепшы той чалавек, які хавае сваё глупства, чым той чалавек, які хавае сваю мудрасць. Мудрасць бо скрытая і скарб схаваны, якая з іх абаіх карысць? Захавайце, дзеці, павучэнне ў супакоі; аднак шануйце тое, што я вам скажу: бо нядобра ўсякі страх берагчы, ды не ўсякі сорам — добры. Саромцеся перад бацькам і маці распусты, і перад валадаром і магнатам — ілжывасці, перад кіраўніком і суддзёю — злачынства, перад сходам і народам — беззаконнасці, перад сябрам і прыяцелем — несправядлівасці, і перад месцам, дзе жывеш, — пакражы, перад праўдай Бога і прымірэннем — аблакочвання на стол [хлябоў пакладных] і падману пры пазычанні і аддаванні, маўчання перад тымі, што цябе вітаюць, паглядання на распусніцу, адварочвання аблічча перад сваяком, захопу спадчыны і незвароту, і глядзення на замужнюю жанчыну, і цікаўнасці да сваёй служанкі, і падыходжання да яе ложка, слоў зняважлівых і брыдкіх перад прыяцелямі, — і калі што дасі каму, не ўпікай, — паўтарання пачутай гаворкі, выяўлення таямніцы.
І будзеш сапраўды сціплы, і знойдзеш ласку ва ўсіх людзей. Саромся гэтага ўсяго: граху пры звяртанні ўвагі на асобу; адварочвання ад закону Узвышняга і прымірэння; прысуду, які апраўдвае нават бязбожнага; неразрахавання з сябрам і чужынцам і непрадстаўлення спадчыны чужынцу; недакладнасці ў вазе і шалях, у заробку вялікім або малым; пошуку сваёй карысці пры куплі і продажы; паблажлівасці ў выхаванні дзяцей і пускання крыві з бакоў нядбайнага нявольніка. Адносна ліхой жонкі добрая ёсць пячаць; замыкай на ключ, дзе многа ёсць рук, і калі што выдаеш, — выдавай у ліку і вазе; а ўсё, што даеш і прымаеш, — занатуй. Не саромся настаўляць неразумнага і дурня, і састарэлага, які асуджаецца за распусту; і будзеш выхаваны ў праўдзе і прызнаны ўсімі людзьмі. Дачка для бацькі — гэта схаваная ад іншых бяссонная ноч, клопат пра яе адымае сон: у маладосці яе, каб не стала часам распуснай, а ўзятая замуж, каб не была зненавіджана; каб не спаганілася ў сваім дзявоцтве, ды бацькам сваім не стала цяжарам; каб, будучы заручанай мужам, часам не збегла, або каб, будучы замужняй, не аказалася няплоднай. Над бессаромнай дачкой узмацні нагляд, каб калі не выставіла цябе на пасмешышча ворагам, на абмову ў горадзе і ўпіканне людзей і каб не асароміла цябе перад мноствам народа. Хай не паказвае хараства ніводнаму мужчыне, ды між жанчынамі хай не прабывае; бо як з адзення выходзіць моль, так і з жанчыны — пераваротнасць жанчыны. Лепш бо злачыннасць мужчыны, чым ласкавая жанчына, і жанчына, якая сароміць, — гэта ганьба. Такім чынам, успамяну цяпер пра справы Госпадавы і, што я ўбачыў, раскажу: у словах Госпадавых — справы Яго, і сталася рашэнне па волі Яго. Як сонца, што свеціць, глядзіць на ўсё, так хвала Госпада напаўняе Яго творы. Святыя Госпадавы не могуць расказаць пра ўсе Яго цуды. Узмацніў Госпад войскі Свае, каб усталявалася хвала Яго. Ён прасачыў бяздонне і сэрцы людскія, і выкрыў іх хітрасці. Бо Госпад пазнаў усе веды і паглыбіўся ў пячаць веку, абвяшчаючы тое, што мінула і што мае прыйсці, ды адкрывае Ён сляды таемных рэчаў. Не пройдзе міма Яго ніводная думка, ды не скрыецца ад Яго ніводная гаворка. Ён упарадкаваў вялікія падзеі мудрасцю Сваёй, адзін бо Ён перад вякамі і спакон вякоў; ані павялічваецца, ані змяншаецца і не патрабуе нічыёй парады. Якія жаданыя ўсе Яго справы і быццам іскра глядзяць. Усе яны жывуць і трываюць у векі вечныя, і ў кожнай патрэбе ўсе Яму паслухмяныя; усе падвойныя, адно супраць аднаго, і не зрабілі ніякай крыўды, адзін аднаго ўмацоўвае дабром; ды хто насыціцца, гледзячы на Яго славу?
Слава вышыні ўсталёўвае нябесную чысціню, і від неба ў бачанні славы. Калі ўзыходзіць сонца, абвяшчае аб усходзе: цудоўны твор, справа Узвышняга. У поўдзень высушвае яно зямлю, ды хто зможа вытрымаць яго спякоту? Раздзімаецца печ пры рабоце патройным жарам — так сонца паліць горы, выклікаючы агністую пару, і, свецячы прамянямі сваімі, асляпляе вочы. Вялікі Госпад, Які стварыў яго, ды на словы Яго паспешна паскорыў хаду. І месяц з’яўляецца ў свой час, для вызначэння часу ды як вечны знак. Месяц, як знак святочнага дня; як святло, якое памяншаецца аж да знікнення. Месяц паводле імя свайго: ён дзіўна павялічваецца да знікнення. Ён светач між лагераў нябесных, што свеціць слаўна ў небе. Краса зорак — слава неба, што асвятляе свет на вышынях Госпадавых. Па словах Святога будуць стаяць па Яго рашэнню і не перастануць спаўняць сваю варту. Глядзі на вясёлку і дабраслаўляй таго, хто стварыў яе; ненаглядная яна ў сваім ірдзенні. Акружае вакол неба хвалою сваёй, рукі Узвышняга расцягнулі яе. Па загадзе Яго зараз жа сыплецца снег і хутка бліскаюць перуны па Яго рашэнні. Акрамя таго адкрываюцца скарбы, ды вылятаюць хмары, як птушкі. Сваёю магутнасцю ўмацаваў хмары, ды раздрабняе градавыя камяні, гук перуна Яго трасе зямлю, на віду Яго задрыжаць горы. Па волі Яго падзьме паўднёвы вецер, і бура паўночнага ветру, і згушчэнне ветру. І рассыпае снег, быццам птушак, што маюць прызямліцца; і яго выпаданне, як саранча, што садзіцца на зямлю: краса яго белі задзівіць вока, і дзеля яго навальніцы ўстрывожыцца сэрца. Мёрзлым снегам, як соллю, абкідае зямлю, і ён, калі замярзае, робіцца, як калючкі. Марозны паўночны вецер падзьме і замарозіць у лёд ваду; рассцелецца над усёй колькасцю вады, і, як быццам панцырам, пакрыецца вада. Знішчыць горы і высушыць пустыню, ды выпаліць траву, як агонь. На ўсё лякарства — хуткія хмары, і па спякоце — асвяжаючая раса. Сваім рашэннем утаймаваў бяздонне і памясціў згодна з ім астравы. Тыя, што плаваюць па моры, апавядаюць пра яго небяспекі, і мы, што іх слухаем вушамі нашымі, здзіўляемся. Слаўныя падзеі і надзвычайнасці, розныя віды звяроў, і ўсякай жывёлы, і страшныя стварэнні. Праз Яго пасланец Яго будзе мець шчаслівую дарогу, і слова Яго ўсё рашае. Многа чаго можам мы сказаць, і не стане слоў; а завяршэнне слоў: «Ён — усё!» Не маем сілы, каб належна славіць Яго, бо Ён Магутны над усімі стварэннямі Сваімі. Страшны Госпад, і надта Магутны, і цудоўная моц Яго. Славячы Госпада, узвелічайце Яго, наколькі зможаце; [бо пры тым будзе Ён вышэйшы за гэта, ды надзвычайная веліч Яго.] Славячы Яго — набірайце сілы; але не мучайцеся, бо ўсё роўна не спасцігнеце. Хто ўбачыў Яго і раскажа? І хто Яго ўславіць, як належыцца? Многія рэчы, значнейшыя за гэта, схаваныя; мала бо бачым твораў Яго. Усё бо Госпад стварыў, і богабаязным даў Ён мудрасць.
Хвала бацькоў. Выхваляйма мужоў слаўных ды бацькоў нашых па іх паходжанні. Вялікую славу выявіў Госпад, веліч Сваю спрадвечную. Гэта пануючыя па валадарствах сваіх, людзі вялікай улады і выдатныя сваёю разважнасцю, вешчуны прароцтваў, якія кіруюць народам праз парады і вопыт запісу народаў; словы мудрасці ў іх навучэнні, вынаходцы музычных мелодый і расказчыкі напісаных вершаў; людзі багатыя і надзеленыя ўладаю, маючыя імкненне да мастацтваў, спакойна пражываючыя ў сваіх дамах. Яны ўсе набылі славу ў родах народа свайго і ў днях сваіх цешацца пахваламі. Некаторыя з іх, народжаныя, пакінулі імя для апавядання іх хвалы. Ёсць і такія, што засталіся без памяці, загінулі, як быццам не жылі, і нарадзіліся, быццам не былі народжаны, так і сыны іх па іх. Але ёсць і людзі міласэрныя, пабожнасць якіх не забыта. Трывае яна ў нашчадках іх, добрая спадчына — іх патомкі, і ў завяшчаннях засталося іх патомства; і дзеці іх праз іх. Павек трывае патомства іх, і слава іх не спыніцца. Целы іх у супакоі пахаваны, ды імя іх жыве з пакалення ў пакаленне; пра мудрасць іх будуць апавядаць народы, і пра славу іх будзе гаварыць сход. Гэнох быў мілы Богу і быў забраны ў рай, каб даць узор навяртання для народаў. Ной аказаўся дасканалым і справядлівым, і ў час гневу стаў ён пагадненнем; дзеля яго засталася рэшта на зямлі, калі наступіў патоп: з ім заключаны былі вечныя прымірэнні, каб не магло быць знішчана патопам аніводнае цела. Абрагам — вялікі бацька многіх народаў, і ў яго славе не была знойдзена ніводная загана; ён захаваў закон Узвышняга, ды з ім заключыў Ён прымірэнне. На целе яго заключыў прымірэнне, і ў выпрабаванні аказаўся ён верны. Таму прысягай заручыўся яму, што ў яго патомстве будуць дабраславёныя народы, што размножаць яго, як пясок зямлі, і, як зоркі, узвысіць патомства яго, ды дасць ім спадчыну ад мора аж да мора і ад ракі аж да межаў зямлі. І дзеля бацькі яго Абрагама з Ізаакам учыніў тое ж самае. Дабраславенства ўсіх народаў даў яму Госпад і зацвердзіў прымірэнне з галавою Якубам. Прызнаў яго ў сваіх дабраславенствах, ды даў яму спадчыну і выдзеліў яму ўдзел у дванаццаці пакаленнях. І вывеў з яго чалавека міласэрнага, які знайшоў ласку на вачах усякага цела, —
умілаванага Богам і людзьмі Майсея, аб якім памяць дабраславёна. Учыніў яго падобным да святых у хвале і ўзвялічыў яго на страх непрыяцеляў, і ён сваімі словамі паскорыў знакі. Уславіў яго ў прысутнасці цароў, і даў яму права адносна Свайго народа, і паказаў яму хвалу Сваю. Усвяціў яго праз вернасць і ласкавасць, ды выбраў яго з усіх жывучых. Даў яму пачуць голас Свой і ўвёў яго ў цёмную хмару; і даў яму твар у твар прыказанні, і закон жыцця, і веды, каб навучыць Якуба Свайму прымірэнню і законам Сваім — Ізраэль. Узвысіў таксама Аарона, падобнага ў святасці да яго, брата яго з пакалення Левія. Учыніў з ім вечнае прымірэнне, ды даў яму святарства ў народзе, ды ўшчаслівіў яго славаю, ды падперазаў яго поясам славы. І апрануў яго дасканалым упрыгожаннем, і ўпрыгожыў яго рэчамі годнасці: даў яму порткі, і туніку, і ефод, і падперазаў яго залатымі званочкамі, і кругом надта многімі яблыкамі граната, каб выдавалі гук пры хадзе яго, каб чуўся гук у святыні на памяць сынам Свайго народа. Апрануў яго святымі шатамі з золата, і гіяцынту, і пурпуру, судзейскім наперснікам тканай работы і поясам — вітым, ярка-чырвоным, мастацкай работы, над наперснікам — каштоўныя камяні ў залатой аправе, гранёнай работы, з выразаным на памяць надпісам паводле ліку пакаленняў Ізраэля. Аздобіў вянком залатым мітры яго, бляхай з пячаццю святасці — славай годнасці, мастацкім творам і пажаданнем вачэй, дасканалай красой. Ніколі перад тым спрадвеку не бачана такіх рэчаў; ніхто чужы не ўбярэцца так ніколі, адно толькі яго сыны ды нашчадкі яго за ўвесь час. Ахвяра цэласпалення яго спальваецца на агні штодзень, заўсёды, двойчы. Майсей напоўніў рукі яго і намасціў яго святым алеем. Гэта сталася для яго вечным прымірэннем і для яго патомства, як доўга будуць трываць нябёсы; каб служыў ён Яму і выконваў святарскія абавязкі і каб дабраслаўляў народ свой у Яго імя. Выбраў Ён яго з усіх жывучых, каб ускладаць ахвяру Богу, кадзіла і тук, і каб успаляць мілы пах на памяць і ўміласціўляць за народ свой. І даў яму ўладу адносна прыказанняў Сваіх у сведчаннях судоў: каб вучыць сведчанням ды асвячаць Ізраэль у Яго законе. Паўсталі бо супраць яго чужыя і пазайздросцілі яму ў пустыні людзі, якія былі з Датанам і Абірам, і шайка Корэ ў гневе абурэння свайго. Госпад Бог убачыў, і гэта Яму не спадабалася, і абурэннем гневу Яго яны былі знішчаны. Ён учыніў для іх цуды, і спаліў іх у полымі агню. Ды павялічыў славу Аарона і даў яму спадчыну, і прызначыў яму пяршыні пладоў зямлі. Перш за ўсё прыгатаваў ім хлеба да сытасці, бо і ахвяры Госпада спажываюць тое, што даў Ён яму і патомству яго. Але ён не будзе мець спадчыны ў зямлі народа і не мае ён часткі ў народзе: бо ён сам частка яго і спадчына. І Пінхас, сын Элеазара, — трэці па славе, таму, што руплівасць паказаў у страху Госпадавым; і цвёрда стаў у час разрыву за народ, у дабраце і гатоўнасці сваёй душы і гэтым уміласцівіў Бога для Ізраэля. Таму заключыў Ён з ім прымірэнне супакою, каб быў ён кіраўніком святынь і народа свайго, каб яму і яго патомству належала годнасць святарства ў векі. І заключыў прымірэнне з Давідам царом, сынам Ясэя, з пакалення Юды, што спадчына чалавека — перад славай яго, спадчына Аарона і патомства яго хай дасць вам мудрасць у вашыя сэрцы, каб судзіць народ свой справядліва, каб не прападала іх маёмасць ды хвала іх у вечных пакаленнях.
Мужны ў баю Ешуа, сын Нуна, пераемнік Майсея ў прароцтвах, які быў адпаведны імю свайму, найвялікшы ў збаўленні выбраннікаў Божых, які помсціў нападаўшым ворагам, каб увесці Ізраэль у яго спадчыну. Як уславіўся ён, падымаючы рукі свае і накіроўваючы меч свой на горад! Хто перад ім так адзначыўся? Ён бо вёў войны Госпадавы. Ці не яго рукою было стрымана сонца ды адзін дзень стаў, быццам два? Прызваў Ён Узвышняга Валадара, калі напалі на яго зусюль ворагі; і выслухаў яго вялікі Госпад, бо спаслаў камяністы град надта вялікай сілы. Кінуўся ён на варожы народ і, сышоўшы, разграміў праціўнікаў; так што пазналі народы сілу зброі Яго, бо вайна іх — супраць Бога, бо наступаў ён за плячамі Магутнага. І ў дні Майсея аказаў ён міласэрнасць, ён і Калеб, сын Ефоны, тым, што сталі супраць сходу, паўстрымалі народ ад грахоў ды супакоілі злую лаянку. Таму яны ўдвух былі вызвалены з ліку шасцісот тысяч пешакоў, і былі ўведзены ў спадчыну, у зямлю, што абцякае малаком і мёдам. І даў Госпад самому Калебу сілу, якая да старасці ў ім ператрывала, каб узышоў на высокае месца зямлі ды каб там патомства яго атрымала спадчыну; каб пераканаліся ўсе сыны Ізраэля, што добрым ёсць — слухаць Госпада. Далей аб суддзях, аб кожным па імю, аб тых, у каго сэрца не было сапсавана і якія не адвярнуліся ад Госпада: хай памяць аб іх будзе дабраславёна, і хай косці іх дадуць атожылкі з месца свайго, і хай імя іх будзе ўзноўлена сынамі гэтых мужоў святых. Умілаваны Госпадам сваім Самуэль, прарок Госпадаў, паставіў царства, ды намасціў валадароў у народзе сваім. Па законе Госпадавым судзіў сход, і наведаў Бог Якуба, і праз вернасць сваю быў ён праўдзівым прарокам; і праўдзівасць бачання пазнана была па яго словах. І ён прызваў усемагутнага Госпада, калі ворагі дзеля аблогі абкружылі зусюль, ахвяруючы малочнае ягня. І загрымеў з неба Госпад, і ў магутным гуку даў пачуць Свой голас, і сцёр кіраўнікоў тырскіх ды ўсіх князёў філістынскіх. І перад часам супачынку вечнага Ён сведчыў на віду Госпада і Яго Намашчэнца: «Грошай ані нават сандаляў ні ад каго не ўзяў»; і ніхто не змог яго абвінаваціць. І ён прарочыў і па сваёй смерці, і прадказаў цару і паказаў яму смерць яго, і падняў голас свой з зямлі, каб ухіліць народ ад ліхоцця.
Па ім з’явіўся Натан, каб быць прарокам у дні Давіда. І, як тлустасць аддзяляецца ад ахвяр падзякі, так Давід — ад сыноў Ізраэля. З ільвамі ён забаўляўся, як з ягнятамі, ды таксама з мядзведзямі — як з ягнятамі авечак. Ці ў юнацтве сваім не забіў велікана і так не зняў ганьбы з народа? Калі кінуў рукою камень з прашчы і паваліў пыхлівага Галіята! Бо прызваў Госпада Узвышняга, і Ён даў сілу яго правіцы пакараць дужага чалавека ў баі, і ўзвысіць рог свайго народа. Так каля дзесяці тысяч славілі яго, і хвалілі яго ў дабраславеннях Госпадавых, прапануючы яму вянец славы. Бо ён перамог навокал ворагаў, і ўпакорыў праціўных філістынцаў, сцёр рог іх аж да сённяшняга дня. І па кожнай сваёй справе аддаваў вызнанне Святому і Узвышняму словам спахвалы; ад усяго свайго сэрца хваліў Госпада і любіў Бога, Які стварыў яго. І паставіў перад ахвярнікам спевакоў і гукам іх выконваў мілыя мелодыі. Урачыстасцям прыдаваў пышнасці і ўпрыгожыў часы [ўрачыстасцяў] аж да канца года, каб хваліць святое імя Госпада, і ад рання гучала спевамі святыня. Госпад адпусціў яму грахі і вынес у век рог яго ды даў яму прымірэнне валодання і пасад славы ў Ізраэлі. Пасля яго з’явіўся мудры сын яго, які дзеля бацькі жыў спакойна. Саламон цараваў у мірны час, даў яму Бог супакой з усіх бакоў, каб пабудаваў дом Яго імю ды прыгатаваў святыню ў вечнасць. О, які мудры быў ты ў маладосці сваёй, і, як рака, напоўнены быў мудрасцю! Душа твая пакрыла зямлю, і ты напоўніў яе прыпавесцямі загадак. Да далёкіх астравоў дайшло імя тваё, і ты быў любімы дзеля мірнага жыцця твайго. Дзеля гімнаў, і прыказак, і прыпавесцяў, і тлумачэнняў, як дзівіліся народы. У імя Госпада Бога, названага Богам Ізраэля, назбіраў ты золата, як медзі, і назбіраў срэбра, як волава. Але нахіліў сцёгны свае да жанчын, стаў ты нявольнікам цела свайго. Спаганіў славу сваю і зганьбіў сваё патомства, навёў гнеў Божы на дзяцей сваіх, і яны горка аплаквалі неразумнасць тваю, так што ўлада раздзялілася напалам, ды ад Эфраіма пачалося ўзбунтаванае царства. А Бог не спыніць міласэрнасці Сваёй, і не адкліча і не забярэ Сваіх слоў, і не знішчыць патомкаў з роду выбранніка Свайго, і не выгубіць патомства таго, хто любіць Госпада. Ён жа даў Якубу астатак і Давіду — корань ад яго. І нарэшце Саламон супачыў са сваімі бацькамі і пакінуў па сабе патомка найдурнейшага з роду свайго і пазбаўленага розуму Рабаама, які сваімі паводзінамі адпіхнуў народ. Ерабаам, сын Набата, які ўвёў Ізраэль у грэх ды раскрыў дарогу Эфраіму да граху; ды так моцна размножыліся грахі іх, што выгнаў іх са сваёй зямлі. І дапускаліся яны ўсякіх злачынстваў, аж пакуль не прыйшла на іх помста.
Затым з’явіўся Ілля прарок, як агонь, і слова яго гарэла, як светач. Ён навёў на іх голад і сваёю руплівасцю зменшыў лік іх. Словам Госпадавым зачыніў неба, і з неба тры разы скінуў агонь. Як праславіўся ты, Ілля, сваімі цудамі! Ды хто можа з табою зраўнавацца ў славе? Ты, што ўваскрэсіў памерлага ад смерці і з апраметнай словам Госпада; ты, што давёў цароў да загубы і славутых скінуў з іх ложка і лёгка зламаў іх уладу; ты, што пачуў на Сінаі прысуд пакарання, і на Гарэбе — прысуды помсты; ты, што намасціў цароў на адплату і паставіў прарокаў, пераемнікаў па сабе; ты, што схоплены быў віхорам агню і на павозцы з агністымі коньмі; — пра цябе напісана, што ты прызначаны на часы, каб уцішыць гнеў Госпада перад абурэннем, каб павярнуць сэрца бацькі да сына, ды ўзнавіць пакаленне Якуба. Шчасныя тыя, што цябе бачылі, ды якія ў прыязні тваёй паснулі; Бо і мы жыць напэўна будзем, а па смерці не будзе імя наша такое. А Ілля быў закрыты віхорам, і Элісэй быў напоўнены яго духам. У сваіх днях не баяўся кіраўніка, і ніхто не перамог яго ўладаю; і не перамагло яго нічыё слова, і па смерці яго праракавала яго цела. Пры жыцці сваім чыніў ён цуды, і ў смерці зрабіў ён дзіўныя рэчы. Нягледзячы на ўсё гэта народ не навярнуўся і не адступіў ад грахоў сваіх, таму былі выкінуты з сваёй зямлі ды расцярушаны па ўсёй зямлі; і засталося вельмі мала народа, і князь у доме Давіда. Некаторыя з іх рабілі тое, што падабалася Богу; іншыя ж павялічвалі грахі. Эзэхія ўмацаваў свой горад, і ўвёў у сярэдзіну яго ваду, і прабіў жалезам скалу, і пабудаваў вадаём. У яго дні прыбыў Санхэрыб, і паслаў рабсацэна, і адышоў, і падняў руку сваю на Сіён, і стаўся пыхлівым у ганарыстасці сваёй. Тады задрыжэлі сэрцы і рукі іх, і ахапіў іх боль, як нараджаючых жанчын, і прызвалі міласэрнага Госпада, выцягваючы свае рукі да Яго, і Святы хутка выслухаў кліч іх. І не помніў [Госпад] грахоў іх, і не аддаў іх ворагам іх, але ачысціў іх праз Ісаю, святога прарока. Паразіў лагер асірыйцаў і выгубіў іх анёл Яго. Бо Эзэкія рабіў тое, што падабалася Богу, ды пайшоў мужна дарогай Давіда, бацькі свайго, якую даручыў яму прарок Ісая, вялікі і верны ў сваім бачанні. У яго дні сонца адступіла назад, і прадоўжыў цар жыццё. Вялікім духам убачыў будучыню ды пацешыў сумуючых на Сіёне; абвясціў, што мае быць да канца вякоў, ды таямніцы перад тым, як здзейсніліся.
Памяць пра Ёзія — як састаў духмянасцей, зроблены мастацтвам гандляра фарбамі і мазямі; у вуснах кожнага будзе салодкай, як мёд, памяць аб ім, ды як музыка на балі з віном. Ён імкнуўся па волі Божай да разважнасці народа і знішчыў агіднасці бязбожнасці. і ён накіраваў сваё сэрца да Госпада, і ў дні грахоў умацаваў пабожнасць. Акрамя Давіда, Эзэхіі і Ёзіі ўсе дапускаліся граху; бо цары Юды пакінулі закон Узвышняга ды пагардзілі страхам Божым; бо аддалі сваё царства іншым, і сваю славу іншаму народу; яны падпалілі выбраны горад свяцілішча і апустошылі вуліцы яго, як прадказаў Ярэмія. Бо з ім блага абышліся, хоць ён ужо ва ўлонні маці быў пасвячоны на прарока, каб выварочваць, і вырываць, і нішчыць, ды зноў адбудоўваць, і адсаджваць, і ўзнаўляць. Эзэкіэль, які ўбачыў бачанне хвалы, якую паказаў яму Ён у павозцы херубінаў. Бо і ён успомніў аб ворагах пад відам дажджу і добра чыніў тым, якія трымаліся добрых дарог. Ды хай косці дванаццаці прарокаў выпусцяць атожылкі са свайго месца; бо ўзмацнілі Якуба і адкупілі іх моцнаю надзеяй. Як узвялічыць маем Зарабабеля? Бо і ён — як пярсцёнак на правай руцэ; таксама і Ешуа, сын Ёзэдэка. Яны ў днях сваіх пабудавалі дом і ўзвялічылі святы храм Госпаду, прызначаны на вечную славу. І аб Нэгэмію — памяць на доўгі час; узвёў ён нам разваленыя муры, і паставіў брамы і запоры; ён узвёў нашыя дамы. Ніхто не быў створаны на зямлі такі, як Гэнох; бо і ён быў узяты з зямлі. Не нарадзіўся такі чалавек, як Язэп, галава братоў, апора народа; І яго косці наведваліся ды па смерці праракавалі. Сэт і Сэм набылі славу ў людзей, ды па паходжанні над усімі жывымі стварэннямі — Адам.
Сымон, сын Оніі, першасвятар, ён пры сваім жыцці паправіў дом і ў днях сваіх узмацаваў святыню. Таксама ім было пабудавана ўзвышнае месца для святыні — высокі падмурак для сцяны святыні. У яго дні быў выраблены вадаём для вады, сажалка — як паверхня таго [меднага] мора. Ён ухаваў народ свой ад рабаўніка і ўзмацаваў горад ад асады. Як велічна выглядаў, калі глядзеў з палаткі, пры выхадзе з Дома Заслоны! Быццам ранняя зорка сярод воблакаў, і як месяц у поўні ў днях свята, і як сонца, што ззяе над святыняй Божай. Як вясёлка, што блішчыць між воблакаў славы, і як кветка ружы ў час вясны, і як лілея пры крыніцы, і як кветка Лібана ў час лета, і як зіхатлівы агонь і кадзіла, палаючы на агні, і як каваная залатая пасудзіна, аздобленая рознымі каштоўнымі камянямі, як дрэўца аліўкавае, што дае плады, і як кіпарыс, што падняўся пад воблакі, калі адзяваў ён пачэсныя шаты і ўбіраўся дзеля павелічэння пышнасці. Калі прыступаў ён да святога ахвярніка, даваў славу бакавой сцяне свяцілішча. І калі прымаў з рук святароў ахвярныя часткі, і сам стаяў каля ахвярніка, і кругом яго — світа братоў, выглядаў, як атожылак кедра на гары Лібана, і кругом яго стаялі, як галінкі пальмаў, усе сыны Аарона ў сваёй славе. Ахвяра ж Госпадава ў іх руках на віду ўсяго сходу Ізраэля, і, спаўняючы службу пры ахвярніку да заканчэння, каб правільна прынесці ахвяру Усемагутнаму. Ён працягнуў руку сваю да ахвярнага ўзлівання, і адпіў ад вінаграднай крыві; і выліў на падножжа ахвярніка, на прыемны пах Узвышняму Валадару. Тады сыны Аарона загаманілі, затрубілі ў каваныя трубы, і паднялі вялікі гоман на памяць перад Богам Узвышнім. Затым усе людзі разам з паспехам падалі на твар на зямлю, каб пакланіцца Госпаду Богу свайму, і памаліцца Усемагутнаму, Богу Узвышняму. І, спяваючы, выхвалялі яго сваімі галасамі, і магутным рэхам адбіваўся мілагучны спеў. І маліў народ Госпада Узвышняга і Міласэрнага аж пакуль спынілася хваленне Госпада; і яны споўнілі свой абавязак. Затым, сыходзячы, падняў рукі свае на ўвесь сход сыноў Ізраэля, даць сваімі вуснамі дабраславенне Госпада, ды каб цешыцца Яго імем; і паўторна падаў народ на твары свае, каб атрымаць дабраславенне Узвышняга. І цяпер дабраславіце Бога сусвету, Які вялікія спраўляе рэчы на зямлі ўсёй, ад улоння маці нашае ўзвялічваючы дні нашыя і робячы з намі паводле Сваёй міласэрнасці. Хай дасць нам радасць сэрца і хай настане мір у Ізраэлі ў наш час і ў векі вечныя; каб верыў Ізраэль, што міласэрнасць Божая з намі, каб вызваляў нас у нашыя дні. Душа мая ненавідзіць два народы, трэці ж не ёсць народ: ён пражывае на гары Сэір, і філістынцаў, і прабываючых у Сіхэме, — народ неразумны. Навуку мудрасці і выхавання апісаў я ў гэтай кнізе — Ісус, сын Сіраха, ерузалімец, які выліў мудрасць з сэрца свайго. Шчасны, хто займецца гэтымі павучэннямі; хто ўкладвае іх у сваё сэрца — будзе заўсёды мудрым. Калі бо так будзе рабіць, усё зможа, бо страх Госпадаў — шлях яго.
Малітва Ісуса, сына Сіраха: «Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе Валадару; і буду хваліць Цябе, Бога, Збаўцу майго. Буду вызнаваць імя Тваё, бо стаў Ты для мяне Успаможцам і Абаронцам, і Ты вызваліў цела маё ад загубы, ад пасткі ліхога языка і ад ілжывых вуснаў, і ад супраць мяне паўстаўшых, Ты стаў для мяне Успаможцам. І вызваліў мяне дзеля вялікай міласэрнасці і імя Свайго ад пастак, падрыхтаваных, каб мяне з’есці, ад рук, шукаючых душы маёй, ды ад многіх бед, што нахлынулі на мяне, ад націску агню, які акружыў мяне, і з сярэдзіны агню, дзе я не згарэў; ад глыбокага нутра пекла, і ад ачарняючага языка, і ад слова лгарства, і ад стралы языка несправядлівага. Душа мая наблізілася аж да смерці, ды жыццё маё было блізка да пекла на дне. Зусюль яны акружылі мяне, і не было таго, хто б мне дапамог; шукаў я дапамогі людзей, і не прыйшла яна. Тады ўспомніў пра міласэрнасць Тваю, Госпадзе, і дзейнасць Тваю спрадвечную, бо ратуеш тых, што пакладаюцца на цябе, Госпадзе, і вызваляеш іх з рук ліхотнікаў. Падняў я з зямлі маленне маё і прасіў аб вызваленні ад смерці. Прызваў Госпада: «Ты Айцец мой, не кідай мяне ў дзень майго гора ды ў час пыхліўцаў — без дапамогі. Буду без перапынку славіць імя Тваё і буду хваліць Яго ў вызнанні». І выслухана было маленне маё. І вызваліў Ты мяне ад загубы, і вырваў мяне ў час ліхі. Таму буду вызнаваць Цябе і хваліць Цябе буду, ды дабраслаўляць імя Госпада. Калі яшчэ малады быў, пакуль стаў падарожнічаць, шукаў слуп мудрасці ў мальбе маёй; перад святыняй прасіў у малітве пра яе, і аж да канца буду шукаць яе, і расцвіла яна, як скараспелы вінаград. Узрадавалася з яе маё сэрца, нага мая пайшла простаю дарогаю, ад юнацтва свайго ішоў яе слядамі. Нахінуў крыху вуха сваё і атрымаў яе, і знайшоў я для сябе самога мудрасць, і меў вялікі поспех у ёй; Таму, Хто дае мне мудрасць, аддам пахвалу. Я бо рашыўся дзейнічаць паводле яе; і знайшоў дабро, і не пасаромлюся. Душа мая дзейнічала дзеля яе, і ў справах маіх я быў дакладны. Рукі свае выцягнуў я ўвысь і непазнавальнасць яе зразумеў. Душу сваю накіраваў я да яе і старанна выконваў закон. З ёю ад пачатку памясціў сэрца, дзеля таго не буду пакінуты. Нутро маё ўзрушылася, каб шукаць яе; таму здабыў я добры здабытак. Даў мне Госпад за плату язык мой, і ім буду славіць Яго. Прыблізьцеся да мяне, ненавучаныя, ды збярыцеся ў дом навучэння. Што вы яшчэ марудзіце ў гэтым, калі душы вашы прагнуць моцна?» Адкрыў я вусны свае і сказаў: «Бярыце сабе без срэбра, і нахіліце шыю вашу пад ярмо, і хай душа ваша ўспрымае павучанне: яго бо можна знайсці блізка. Пабачце вачамі вашымі, што я мала папрацаваў ды знайшоў сабе вялікае супакаенне. Набудзьце вучэнне за вялікую колькасць срэбра і здабудзеце за яго вельмі многа золата. Хай цешыцца душа ваша ў міласэрнасці Яго, і не пасаромеецеся ў Яго славе. Выконвайце справу вашу перад часам, і Ён дасць вам узнагароду вашу ў свой час».
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017