Библия › Чарняўскі-17 › Баруха
І вось словы кнігі, якія напісаў у Бабілоне Барух, сын Нэрыі, сына Маасіі, сына Сэдэцыі, сына Асадэя, сына Хэлькіі, у пятым годзе, у сёмы дзень месяца, у час, калі халдэі заваявалі Ерузалім ды знішчылі яго агнём. І словы гэтае кнігі прачытаў Барух у прысутнасці Ёахіна, сына Ёакіма, цара Юдэйскага, і на віду ўсяго народа, што прыходзіў на гэтае чытанне, і на віду магнатаў, і сыноў царскіх, і на віду старэйшын, у прысутнасці ўсяго народа, ад найменшага да найбольшага, на віду ўсіх жыхароў у Бабілоніі над ракой Суд. І яны плакалі, і посцілі, і маліліся перад Госпадам. І назбіралі срэбра, колькі хто мог даць, і паслалі яго ў Ерузалім да святара Ёакіма, сына Хэльцыі, сына Салома, і да іншых святароў, і да ўсяго народа, хто знаходзіўся з ім у Ерузаліме, калі Барух атрымаў забраныя калісьці з святыні пасудзіны дома Госпадава дзесятага месяца Сіван, каб завезці іх у зямлю Юдэйскую; срэбраныя пасудзіны, якія зрабіў Сэдэцыя, сын Осіі, цар Юдэйскі, пасля таго, як прывёў Набукаданосар, цар Бабілонскі, Ёахіна, і князёў, і ювеліраў, і магнатаў разам з простым народам з Ерузаліма ды завёў іх у Бабілон. І казалі: «Вось, пасылаем вам грошы; купіце за гэтыя грошы, што патрэбна на цэласпаленне, і на ахвяру за грэх, і кадзіла, і зрабіце ахвяру з ежы ды ахвяруйце на ахвярнік Госпада, Бога нашага; і маліцеся аб здароўі Набукаданосара, цара Бабілонскага, і аб здароўі Балтасара, сына яго, каб былі іх дні, як дні неба на зямлі; хай нам дасць Госпад мужнасць і хай асвеціць нашы вочы, каб маглі мы жыць пад аховай Набукаданосара, цара Бабілонскага, і пад апекай Балтасара, сына яго, і каб служылі мы яму многія дні ды знайшлі ласку на віду іх. Маліцеся і за нас да Госпада, Бога нашага, бо зграшылі мы супраць Госпада, Бога нашага, і абурэнне Госпада ды гнеў Яго да цяперашняга дня не адвярнуліся ад нас. І чытайце гэтую кнігу, якую вам перасылаем, каб была чытаная ў доме Госпада ў дзень свята ды ў днях назначаных, і кажыце: “Госпаду, Богу нашаму, належыць справядлівасць, а нам — сорам твару, як у сённяшні дзень, — кожнаму чалавеку юдэйскай зямлі і жыхарам Ерузаліма, і царам нашым, і кіраўнікам нашым, і святарам нашым, і прарокам нашым, і бацькам нашым: бо зграшылі мы перад Госпадам і не паверылі мы Яму, не былі паслухмянымі голасу Госпада, Бога нашага, каб следаваць па прыказаннях, якія Ён нам даў”. Ад часу, калі Госпад вывеў бацькоў нашых з зямлі Егіпецкай, і аж да сённяшняга дня былі мы нявернымі перад Госпадам, Богам нашым, і былі мы абыякавымі ў паслушэнстве голасу Яго, і зваліліся на нас няшчасці і праклён, які ўчыніў Госпад праз Майсея, слугу Свайго, у дзень, калі вывеў бацькоў нашых з зямлі Егіпта, каб даць нам зямлю, што ацякае малаком і мёдам, як гэта ёсць і цяпер. І не былі мы паслухмянымі голасу Госпада, Бога нашага, паводле ўсіх слоў прарокаў, якіх паслаў да нас, і пайшлі мы, кожны па задуме сэрца свайго ліхога, каб служыць багам чужым, ды дапускацца ліхоты на віду Бога нашага».
І здзейсніў Госпад слова Сваё, якое выказаў супраць нас і суддзяў нашых, што судзілі Ізраэль, і супраць цароў нашых і кіраўнікоў нашых, і супраць кожнага з Ізраэля і Юды, каб навесці на нас вялікія няшчасці, якіх ніколі пад небам не было, паводле гэтага споўніў у Ерузаліме, паводле таго, што было напісана ў законе Майсеевым, што паміж нас адзін будзе есці цела свайго сына і другі — цела сваёй дачкі. Ды даў іх за нявольнікаў усім царствам, што наўкола, на пасмяянне і на ганьбу ўсім народам, якія вакол нас, між якімі Госпад нас расцерушыў, і сталіся мы як падначаленыя, а не пануючыя, таму што зграшылі мы супраць Бога нашага, бо не былі мы паслухмянымі Яго голасу. Госпаду, Богу нашаму, належыць справядлівасць, а нам і бацькам нашым — сорам аблічча, як сёння; усе беды, прадбачаныя Госпадам адносна нас, спалі на нас! І не перамалілі аблічча Госпада, каб адвярнуўся кожны ад намераў свайго ліхога сэрца. І зважыў Госпад на ліхоту ды ўзвёў яе на нас, бо справядлівы Госпад ва ўсіх справах Сваіх, што загадаў нам. І не паслухаліся мы голасу Яго, каб весці сябе па прыказаннях Госпада, якія выявіў перад намі. І цяпер, Госпадзе, Божа Ізраэля, Ты, Які вывеў народ Твой з зямлі Егіпецкай моцнаю рукою сярод знакаў цудоўных, і вялікаю сілаю, і рукою, выцягнутаю ўгару, і прыбраў Сабе імя, як і ў сённяшні дзень, зграшылі мы, бязбожна вялі сябе, нягодна дзейнічалі, Госпадзе, Божа наш, супраць усіх справядлівых загадаў Тваіх. Хай адвернецца ад нас абурэнне гневу Твайго, бо мала нас уцалела паміж народаў, паміж якіх Ты нас разагнаў. Выслухай, Госпадзе, малітву нашу і просьбу нашу і выратуй нас дзеля Сябе, і дай нам ласку перад абліччам тых, якія нас вывелі, каб знала ўся зямля, што Ты — Госпад, Бог наш, і што імя Тваё прызываецца над Ізраэлем і над яго народам. Госпадзе, зірні на святы дом Свой ды ўспомні нас; нахілі вуха Сваё, Госпадзе, і выслухай. Адкрый, Госпадзе, вочы Свае і пабач, што гэта не памерлыя, што прабываюць у цемры, дух якіх адняты ад нутра іх, але тыя, што аддадуць хвалу і справядлівасць Госпаду, але гэта душа, засмучаная дзеля вялікае ліхоты, якая ходзіць схіленая і збалелая; і вочы атупелыя, і душа, паміраючая ад голаду, аддадуць Табе, Госпадзе, хвалу і справядлівасць. Бо не на апраўданнях бацькоў нашых, ані цароў нашых узносім мольбы нашы перад абліччам Тваім, Госпадзе, Божа наш, спаслаў бо абурэнне Сваё і гнеў Свой на нас, як гэта прадказаў праз прарокаў, паслугачоў Сваіх, кажучы: «Так кажа Госпад: “Нахіліце плечы свае і служыце цару Бабілонскаму, і жыць будзеце на зямлі, якую даў Я бацькам вашым. І калі не паслухаецеся голасу Госпада, каб служыць цару Бабілонскаму, забяру з гарадоў Юды і з вуліц Ерузаліма голас радасці і голас весялосці, і голас жаніха, і голас нявесты, і ўся зямля будзе пустэчаю без жыхароў”». І не паслухаліся голасу Твайго, каб служыць цару Бабілонскаму; ды споўніў Ты словы Свае, якія сказаў праз прарокаў, паслугачоў Сваіх, што будуць вынесены косці цароў нашых і бацькоў нашых з месца свайго; і вось, выкінуты яны на спякоту дня і на холад ночы, і памерлі яны з прычыны страшных пакут голаду, і меча, і заразы. І зрабіў Ты з домам, над якім прызывана імя Тваё, так, як цяпер, з прычыны правіннасці дому Ізраэля і дому Юды. І зрабіў з намі, Госпадзе, Божа наш, паводле ўсёй Сваёй спагадлівасці ды паводле ўсёй Тваёй вялікай міласэрнасці, адносна слоў, выказаных слугою Тваім, Майсеем, у дзень, калі загадаў яму пісаць закон Твой на віду сыноў Ізраэля, кажучы: «Калі не будзеце паслухмяныя голасу Майму, гэты вялікі і шматлікі натоўп стане малым паміж народаў, куды яго разганю; бо ведаю, што не паслухаюцца Мяне, бо ён народ цвёрдага карку. І навернуцца да сэрца свайго ў зямлі няволі сваёй, і пазнаюць тады, што Я Госпад Бог, і дам ім сэрца разважлівае і вушы адкрытыя, і хваліць Мяне будуць у зямлі няволі сваёй, і памятаць будуць пра імя Маё; і адвернуцца ад свайго цвёрдага карку і ад сваіх ліхіх учынкаў, бо памятаць будуць пра долю сваіх папярэднікаў, якія зграшылі перад Госпадам. І вярну іх у зямлю, пра якую прысягнуў бацькам іх: Абрагаму, Ізааку ды Якубу; і будуць валодаць ёю, і размножу іх, не будуць у малым ліку; і заключу з імі прымірэнне вечнае, так што Я буду ім Богам, і яны будуць народам Маім, і не выкіну больш народа Майго, Ізраэля, з зямлі, якую Я даў ім».
«Усемагутны Госпадзе, Божа Ізраэля, душа ў прыгнёце і дух прыгнечаны прызывае Цябе. Выслухай, Госпадзе, і злітуйся, бо зграшылі мы перад Табой; бо Ты трываеш навек, і мы вечна гінем. Усемагутны Госпадзе, Божа Ізраэля, выслухай зараз малітву памерлых Ізраэля ды сыноў тых, якія зграшылі перад Табою, якія не паслухаліся голасу Госпада, Бога свайго, і нахлынулі на нас няшчасці. Не памятай правіннасцей бацькоў нашых, але памятай пра руку Тваю цяпер і пра імя Тваё, бо Ты ёсць Госпад, Бог наш, і хваліць Цябе будзем, Госпадзе, таму што Ты даў боязь Тваю сэрцам нашым, каб прызывалі мы імя Тваё; ды будзем хваліць Цябе ў няволі нашай, бо адварочваем ад сэрцаў нашых усякую злачыннасць бацькоў нашых, якія зграшылі перад Табою». Вось, мы сёння ў няволі нашай, дзе разагнаў нас на пасмешышча, ды на праклён, ды на ачышчэнне за ўсе злачынствы бацькоў нашых, якія адступілі ад Госпада, Бога нашага. Слухай, Ізраэлю, загады жыцця: вазьмі ў вушы, каб пазнаць разважлівасць. Што сталася, Ізраэлю? Чаму апынуўся ты ў зямлі непрыяцеляў? Састарэў ты ў зямлі чужой, знішчаны ты нароўні з памерлымі, залічаны да тых, што сыходзяць у цемру. Пакінуў ты крыніцу разважлівасці! Калі б хадзіў ты па дарозе Божай, жыў бы ў супакоі вечна. Навучыся, дзе ёсць разважлівасць, дзе ёсць мужнасць, дзе ёсць розум, каб пазнаць адначасова, дзе ёсць доўгае і шчаслівае жыццё, дзе ёсць святло вачам і супакой. Хто знайшоў яе месца? І хто ўвайшоў у яе скарбоўню? Дзе ёсць валадары народаў ды тыя, што валадараць над звярамі дзікімі, якія знаходзяцца на зямлі, тыя, што забаўляюцца з птушкамі паднебнымі, тыя, што збіраюць срэбра і золата, на якіх спадзяюцца людзі, ды няма канца сквапнасці іх; якія апрацоўваюць срэбра ды сумуюць, ды няма канца іх працы? Зніклі яны ды ў цемру сышлі, а іншыя на іх месца прыйшлі. Маладыя ўбачылі святло і абжыліся на зямлі; а дарогі разважлівасці не пазналі, ані не зразумелі сцежак Яго, ані не прынялі яе сыны іх, і далёка ад дарогі яе апынуліся, і не чулі аб ёй у Ханаане, і не бачылі яе ў Тэмане. Таксама сыны Агар шукаюць мудрасці на зямлі, гандляры Мэрана і Тэмана, і басняры, і даследчыкі разважлівасці: дарогі, аднак, да разважлівасці не пазналі ды не ўспамінаюць аб сцежках яе. О Ізраэлю, які вялікі ёсць дом Божы, ды якое вялікае ўладанне Яго! Вялікі і не мае канца, высокі і бязмежны. Там былі гіганты слаўныя, яны былі ад пачатку, рослыя ды здатныя да бою. Не іх выбраў Бог і не ім даў шлях настаўлення, і пагінулі, бо не мелі разважлівасці, папрападалі дзеля сваёй неразумнасці. Хто падняўся ў неба і ўзяў яе, ды прывёў яе з хмараў? Хто праплыў мора і знайшоў яе, і хто прывязе яе замест чыстага золата? Няма нікога, хто б знайшоў яе дарогу ды хто б адзначыў яе сцежку. Але Той, Хто ведае ўсё, ведае яе, знойдзе яе Сваёю разважлівасцю; Хто заснаваў зямлю на час вечны ды запоўніў яе жывёламі чатырохногімі, Хто паслаў святло — і пайшло яно, пазваў яго — і паслухалася яно Яго з трымценнем. А зоркі свецяць на сваіх вартах і цешацца. Паклікаў іх — і яны адказалі: «Мы тут»; свецяць з радасцю Таму, Хто іх стварыў. Ён — Бог наш, ніхто іншы не зможа з Ім зраўнавацца. Прасачыў Ён усе дарогі настаўлення і даў яго паслугачу Свайму Якубу і Ізраэлю, міламу Свайму. Потым убачана была на зямлі і пачала яна прабываць сярод людзей.
Яна ёсць кніга прыказанняў Бога і закон, які трывае вечна. Усе, хто трымаецца яго, жыць будуць, а хто пакіне яго, паўміраюць. Навярніся, Якубе, і трымайся яго; хадзі ў яснасці яго святла. Не давай хвалы сваёй чужому, ані іншаму народу сваёй годнасці. Шчасныя мы, о Ізраэлю, бо ведаем, што Богу падабаецца. Май надзею, народзе мой, памятка Ізраэля: прададзены вы былі паганам не на вынішчэнне, але за тое, што ўгнявілі Бога, аддадзены вы былі праціўнікам. І гнявілі бо Творцу Свайго ахвярамі, складзенымі ліхім духам, а не Богу. Забыліся ж вы пра Бога, Які вас пасвіць, Бога вечнага, замаркоцілі таксама Ерузалім, які вас выгадаваў. Убачыў бо апаноўваючы вас гнеў Божы і сказаў: «Слухайце, суседзі Сіёна: Бог засмуціў мяне дужа. Бачу бо няволю сваіх сыноў і дачок, якую ім спаслаў Спрадвечны. Бо выкарміў іх з прыемнасцю, а адпусціў іх з плачам і смуткам. Хай ніхто не смяецца з мяне, удаўца, пакінутага многімі; пакінуты я дзеля грахоў сыноў маіх, бо адхіліліся ад закону Божага. Апраўданняў жа Яго не пазналі, і не хадзілі па дарогах прыказанняў Божых, і не выйшлі на сцежкі настаўлення ў справядлівасці Тваёй. Прыйдзіце, суседзі Сіёна, і прыпомніце няволю сыноў маіх і дачок, якую на іх спаслаў Спрадвечны. Навёў бо на іх народ далёкі, народ нягодны і чужой мовы, які не паважаў старога ды не пашкадаваў дзіцяці, і вывелі ўмілаваных удаўца ды пазбівалі адзіную з дачок. Я ж чым магу вам дапамагчы? Той бо, Хто навёў на вас ліхоцці, вырве вас з рук ворагаў вашых. Ідзіце, дзеці, ідзіце; я бо, пакінуты, застаўся адзін. Зняў я з сябе адзенне супакою, і апрануўся ў зрэбніцу маёй малітвы, і прызываць буду Спрадвечнага ў дні мае. Майце надзею, дзеці, прызывайце Бога, і выбавіць Ён вас ад панавання і з рукі ворагаў. Бо я спадзяваўся на збаўленне ваша Спрадвечным; ды пацешыў мяне Святы міласэрнасцю, якая вам прыйдзе хутка ад Спрадвечнага і Збаўцы вашага. Выправіў бо я вас са смуткам і плачам, а верне мне вас Бог з радасцю і пацехай навек. Бо як цяпер суседзі Сіёна ўбачылі вашу няволю, так убачаць хутка ад Бога ваша збаўленне, якое прыйдзе вам з вялікаю хвалой і яснасцю Спрадвечнага. Дзеткі, цярпліва пераносьце гнеў, які ад Бога на вас прыйшоў; пераследуе цябе твой непрыяцель, але хутка ўбачыш загубу, на карак яго зыходзячую. Улюбёнцы мае ішлі дарогамі цяжкімі, вялі іх, як статак, схоплены непрыяцелямі. Спадзявайцеся, дзеткі, і ўсклікайце да Бога; бо Той, Хто на вас гэта напусціў, будзе помніць аб вас. Бо як намерам вашым было адвярнуцца ад Бога, так, навярнуўшыся, дзесяцікратна шукайце Яго; бо Той, Хто навёў на вас ліхоту, навядзе на вас вечную радасць разам са збаўленнем вашым. Не падай духам, Ерузалім; суцешыць бо цябе Той, Хто даў табе імя. Гора тым, што скрыўдзілі цябе і цешацца з твайго няшчасця. Гора тым гарадам, якім служаць твае дзеці; гора таму гораду, што прыняў тваіх дзяцей. Як бо цешыўся тваім знішчэннем ды радаваўся тваім падзеннем, так будзе засмучан сваім спусташэннем. І паменшу радасць мноства, і радасць яго ў смутак зменіцца. Бо Спрадвечны спашле на яго агонь на многія дні, ды надта доўгі час дэманы пражываць там будуць». Ерузаліме, агляніся на Усход і пабач радасць, якая мае прыйсці да цябе ад Бога. Вось, прыходзяць сыны твае, якіх выслаў, прыходзяць, сабраныя ад усходу аж да захаду, на слова Святога, цешачыся славай Бога.
Здымі з сябе, Ерузалім, вопратку смутку і гора свайго і апраніся ў прыгажосць яе, якая дадзена табе Богам на вечную славу. Апраніся ў плашч справядлівасці, якая паходзіць ад Бога, і ўскладзі на галаву сваю вянец славы Спрадвечнага! Бо Бог пакажа бляск твой усяму свету. Імя бо тваё будзе названа Богам у вечнасць: «Супакой справядлівасці і слава пабожнасці Божай!» Устань, Ерузалім, і стань на месцы высокім, і агляніся на ўсход, і пабач сабраных дзяцей сваіх ад усходу сонца аж да захаду па слове Святога, якія цешацца, што Бог аб іх памятае. Выйшлі бо яны ад цябе пехатою, выведзеныя непрыяцелямі; а прывядзе іх да цябе Ён, дастаўленых з хвалою, як на пасадзе царскім; бо вырашыў Бог панізіць усякую гару высокую і скалы вечныя і нізіны засыпаць да роўнасці зямлі, каб бяспечна мог ісці Ізраэль у славе Божай. Па загадзе Госпада і лясы, і ўсе дрэвы пахучыя асяняць будуць Ізраэль. Павядзе бо Бог Ізраэль з радасцю ў святле Сваёй велічы, з міласэрнасцю і справядлівасцю, якія ёсць у Яго.
Копія пісьма, якое паслаў Ярэмія тым, якія як нявольнікі мелі быць ведзены царом Бабілонскім у Бабілонію, каб паведаміць ім, што яму Бог даручыў. «Дзеля грахоў, якіх дапусціліся вы супраць Бога, будзеце заведзены ў няволю ў Бабілон царом Бабілонскім, Набукаданосарам. Дык калі ўвойдзеце ў Бабілон, застанецеся там на надта многія гады і доўгі час, аж да сямі пакаленняў; а потым выведзе вас адтуль у супакоі. А зараз убачыце, што ў Бабілоне нясуць на плячах багоў са срэбра, і золата, і дрэва, якія выклікаюць страх у паганаў. Дык сцеражыцеся, каб не стаць падобнымі да чужынцаў ды каб страх перад імі не апанаваў вас. А калі ўбачыце грамаду, што, ідучы наперадзе і за імі, будзе аддаваць ім пашану, вы скажыце сабе ў сэрцы сваім: “Цябе належыць шанаваць, о Госпадзе!” Мой бо анёл з вамі; а ён будзе шукаць душ вашых. Бо рамеснік адшліфаваў язык тым ідалам; самі ж яны, пазалочаныя і пасрэбраныя, ёсць ашуканства і не могуць гаварыць. І, як дзяўчыне, якая любіць аздобы, яны, атрымаўшы золата, робяць вянкі на галовы сваіх багоў. А таксама здараецца часам, што святары крадуць золата і срэбра ад сваіх багоў і выкарыстоўваюць іх на свае патрэбы, даюць таксама іх распусніцам у публічным доме. І ўбіраюць іх, як людзей, у адзенне — багоў срэбраных, і залатых, і драўляных. Яны ж не могуць вызваліцца ад іржы і чарвяка. Калі апранаюць іх у пурпуровыя шаты, сціраюць з іх твараў пыл дома, які на іх асядае надта багата. І ён трымае скіпетр, быццам які валадар зямлі, які не зможа забіць, калі хто зграшыць супраць яго. Трымае таксама правіцай меч і сякеру, але не вызваліць сябе ў час вайны ані перад злодзеямі. Гэта ясная рэч, што яны не з’яўляюцца багамі; дык іх не бойцеся. Як бо посуд пабіты становіцца чалавеку непатрэбным, такія і іх багі. Калі яны змешчаны ў доме, вочы іх поўныя пылу, што паднімаецца з-пад ног уваходзячых. І, як перад тым, хто зняважыў цара, пазамыканы бываюць усе залы, і, як на смерць прыведзенаму; святары забяспечваюць дамы іх дзвярамі, і замкамі, і засаўкамі, каб не былі абрабаваны злодзеямі; каганцы запальваюць у вялікай колькасці, больш чым самім сабе, але багі іх, ніводзін з іх, бачыць не могуць. Яны такія, як бэлькі ў доме; нутро ж іх, як кажуць, высмоктваюць чэрві, што вылазяць з зямлі; з’ядаюць іх разам з іх уборамі, а яны гэтага не адчуваюць. Твары іх чорныя ад дыму, што падымаецца ў доме. На целы іх і галовы злятаюцца совы і ластаўкі, ды іншыя птушкі, таксама і кошкі па іх лазяць. Адсюль ведайце, што яны не багі; таму іх не бойцеся. Бо золата, якое маюць вакол сябе для ўпрыгожвання, не будзе рдзець, калі хто ржы не сатрэ з яго; бо і калі іх вылівалі — не адчувалі. Ды хоць бы былі куплены за вялікі кошт, няма ў іх духу. Не маюць яны ног — іх носяць на плячах, паказваючы іх нікчэмнасць перад людзьмі; і сарамацяцца тыя, хто шануе іх, бо не падымуцца яны самі, калі часам упадуць на зямлю; і калі хто яго проста паставіць, не зможа рухацца сам, а калі будзе пахілены — прама не стане; але, як памерлым, ускладаюць ім дары. А святары іх ахвяры багам прадаюць на ўласны ўжытак; падобна і жонкі іх марынуюць для сябе часткі з іх і не даюць нічога беднаму або хвораму. Жанчыны іх у час месячнай кволасці, а таксама па родах дакранаюцца да ахвяр. Адсюль ведайце, што яны не багі, ды не бойцеся іх! Бо як жа назваць іх багамі? Бо жанчыны ўскладаюць ахвяры багам срэбраным, і залатым, і драўляным! І святары сядзяць у храмах іх, маючы плашчы раздзёртыя і бароды і галовы паголеныя, галовы іх — голыя. А рыкаюць і гамоняць перад багамі сваімі, як на вячэры пахавання. Святары бяруць ад багоў уборы і апранаюць імі сваіх жонак і сваіх дзяцей. І, калі хто багам што добрае зробіць або благое, не маюць магчымасці за гэта адплаціць; і не могуць таксама цара паставіць або выгнаць. Не маглі таксама даваць ані багаццяў, ані медзякоў. Калі хто ім паабяцае і не аддасць, не будуць спаганяць. Не вызваляюць чалавека ад смерці, ані слабейшага не выратуюць ад дужэйшага. Сляпому чалавеку зроку не вернуць, не вызваляць чалавека ад нястачы. Не злітуюцца над удавой і не паспагадаюць сіротам. Яны драўляныя, і пазалочаныя, і срэбраныя, падобныя да камянёў з гары; а тыя, хто ім пакланяецца, пасаромеюцца. Дык як таксама можна думаць аб іх, што яны багі, або іх так называць? А таксама самі халдэйцы іх зневажаюць; калі ўбачаць кагосьці нямога, хто не можа гаварыць, прыносяць Бэла, просячы, каб ён абдарыў яго моваю, быццам ён можа чуць. І не могуць яны пакінуць іх, калі зразумеюць; бо пагане розуму не маюць. Жанчыны ж, падпяразаныя вяроўкамі, сядзяць пры дарогах, палячы высеўкі, а калі якая з іх, залучаная якімсьці прахожым, пераспіць з ім, то будзе кпіць з суседкі, што не была так ушанавана, як яна, і што яе вяроўка не была парвана. А ўсё, што з імі робіцца, ёсць ашуканства; дык як можна думаць або гаварыць, што гэта багі? Рамеснікі і залацільшчыкі зрабілі іх, яны ёсць нішто іншае, як толькі тое, што хацелі майстры. Таксама самі рамеснікі не пражывуць доўга, дык якім чынам іх творы могуць быць багамі? Пакінулі бо сваім патомкам падман і ганьбу. Калі бо прыйдзе час вайны і гора, тады святары між сабой радзяцца, дзе схавацца ім разам з багамі. Дык як жа не зразумець таго, што не багі тыя, якія не могуць вызваліцца ад вайны і бяды? Таму бо ведайце, што рэчы драўляныя, і пазалочаныя, і пасрэбраныя ёсць падман; усе народы дый усе цары хай ведаюць, што яны не багі, але творы чалавечых рук і што ніякае дзейнасці Божае ў іх няма. Дык хто ж не пазнае, што яны не багі? Бо цара над краем не паставяць ані дажджу не спашлюць людзям. Спраў іх таксама не рассудзяць і не вызваляць земляў, якія церпяць крыўду, бо нічога не могуць, як вароны між небам і зямлёй. Бо калі ўзнікне пажар у доме багоў драўляных, або пазалочаных, або пасрэбраных, — святары іх пры гэтым уцякуць і вызваляцца, а яны самі, як бэлькі ў сярэдзіне, згараць. Не змогуць яны супрацьстаць ані цару, ані ворагу. Дык як можа каму здавацца або можа хто думаць, што яны багі? Багі драўляныя, і пазалочаныя, і пасрэбраныя ані перад злодзеямі, ані перад разбойнікамі не змогуць вызваліцца; яны дужэйшыя за іх, бо ад іх забяруць іх золата, і срэбра, і адзенне, што на іх, і адыдуць; і яны сабе не дапамогуць. Дзеля таго лепш быць царом, які выяўляе сваю мужнасць, або карыснай у доме пасудзінай, якой можа карыстацца яе гаспадар, чым тымі фальшывымі багамі, або нават брамаю ў доме, якая пільнуе тое, што ў ім, і драўлянаю калонай у царскім палацы, чым фальшывымі багамі, і сонца, і месяц, і зоркі паслухмяныя, калі свецяць, ды створаны, каб быць карыснымі; падобна і маланка: калі з’явіцца, яе можна ўбачыць; таму таксама і вецер вее ў кожным месцы; і хмары, калі атрымаюць ад Бога загад, каб праплываць над усёй зямлёй, спаўняюць гэты загад; таксама пярун, з вышыні пасланы, каб нішчыць горы і лясы, спаўняе тое, што было загадана, а гэтыя ані выглядам, ані сілай не могуць з аніводным з іх параўняцца. Адсюль не трэба думаць, што яны — багі, ані іх так называць, калі не могуць ані суд чыніць, ані спагадаць людзям. Дык калі ведаеце, што яны не багі, то не бойцеся іх. Не клянуць бо і не дабраслаўляюць цароў. Паганам знакаў на небе не пакажуць, і не засвецяць, як сонца, ані не заззяюць, як месяц. Звяры за іх мацнейшыя, яны могуць схавацца ў сховішча і так памагчы сабе. Дык ніякім чынам нам не даказалі, што яны багі, таму не бойцеся іх. Як бо страшыдла на градцы агуркоў нічога не сцеражэ, такія, вось, іх багі драўляныя, і пазалочаныя, і пасрэбраныя. Такім жа чынам і ў садзе — белы церневы куст, на які садзіцца ўсякая птушка, і труп, выкінуты ў поцемках, — падобна багі іх драўляныя, і пазалочаныя, і пасрэбраныя. Па пурпуры і вісоне, якія на іх кішэюць чарвякамі, пазнайце, што яны не багі; нарэшце іх саміх будуць грызці, і стануць яны на пасмяянне ў краі. Дзеля таго лепш чалавек справядлівы, які не мае бажкоў, будзе бо ён далёка ад ганьбы».
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017