Библия › Чарняўскі-17 › 1 Макабэяў

1-я Макабэяў

І сталася: пасля таго як Аляксандр Вялікі, сын Піліпа, мацэдонец, які першы цараваў у Грэцыі, выйшаў з зямлі Кетым, перамог Дарыя, цара персаў і мідыйцаў, ваяваў ён многа, заняў многа ўмацаваных мясцовасцей ды забіў цароў зямлі; і так прайшоў аж да межаў зямлі, і набраў здабычы ад многіх народаў, і змоўкла перад ім зямля, і сэрца яго ўзганарылася і ўбілася ў пыху. І ён сабраў надта вялікае войска і авалодаў дзяржавамі народаў ды іх валадарамі, і яны сталі яго даннікамі. І затым злёг ён у пасцель і зразумеў, што памірае; ды паклікаў знатных паслугачоў сваіх, якія ад юнацтва разам з ім былі ўзгадаваны, і раздзяліў між імі царства сваё, яшчэ жывы. І цараваў Аляксандр дванаццаць гадоў, і памёр. Тады сталі царамі паслугачы яго, кожны на сваім месцы; і па смерці яго ўсе яны паўскладалі сабе на галовы вянцы, а па іх — сыны іх на многія гады. І памножылася ліха на зямлі. І паміж іх выйшаў корань сапсаванасці — Антыёх Эпіфан, сын цара Антыёха, які быў заложнікам у Рыме і стаў царом у сто трыццаць сёмым годзе царавання грэкаў. У тыя дні выйшлі з Ізраэля ліхія сыны, і яны ўгаварылі многіх людзей, кажучы: «Хадзем і заключым супакой з навакольнымі плямёнамі, бо ад таго часу, як адвярнуліся мы ад іх, напаткала нас многа бед». І парада гэтая здалася ім добрай; і некаторыя з народа заахвоціліся і пайшлі да цара, а ён даў ім уладу, каб чынілі справядлівасць, як у паганаў. І пабудавалі ў Ерузаліме гімнасій па паганскіх законах; і ўхіліліся ад абразання ды адступіліся ад святога прымірэння, і звязаліся з паганамі, і запрадаліся ім, каб чыніць тое, што блага. І калі Антыёх убачыў, што царства яго ўмацавалася, і пачаў панаваць над зямлёю Егіпецкай, каб быць царом над двума царствамі, дык увайшоў у Егіпет з вялікім войскам, і з калясніцамі, і са сланамі, і з коннікамі, і з мноствам караблёў; і ўступіў у вайну супраць Пталемея, цара Егіпецкага, і Пталемей збаяўся аблічча яго і ўцёк, і пала многа параненых. І авалодалі яны ўмацаванымі гарадамі ў зямлі Егіпта, ды ён абрабаваў зямлю Егіпецкую. І па перамозе над Егіптам у сто сорак трэцім годзе Антыёх вярнуўся ды з вялікім войскам адправіўся на Ізраэль, супраць Ерузаліма; і ў сваёй пыхлівасці ўварваўся ў святыню ды ўзяў залаты ахвярнік, і каганец, і ўсе пасудзіны яго, і стол пакладны, і пасудзіны на вадкія ахвяры, і чары, і залатыя ахвярныя пасудзіны, і завесу, і вянкі, і залатое аздабленне, якое было на фасадзе святыні; дый усё паламаў. Узяў срэбра, і золата, і пасудзіны, якія пажадаў; і ўзяў схаваныя скарбы, якія знайшоў; і, узяўшы ўсё, адышоў у сваю зямлю, і ўчыніў разню людзей, і прамаўляў з вялікай пыхай. І ўзнік вялікі плач у Ізраэлі ды па ўсіх яго сялібах; і наракалі князі і старэйшыны, дзяўчыны і юнакі страцілі сілу, ды знікла прыгажосць у жанчын; кожны жаніх пачаў лямантаваць, і тая, што сядзела на шлюбным ложку, паддалася смутку; і зямля ўзварухнулася пад сваімі жыхарамі, і ўвесь дом Якуба пакрыўся сорамам. І пасля двух гадоў часу паслаў цар да гарадоў Юды кіраўніка падатказбіральнікаў, і прыбыў у Ерузалім з вялікім войскам; і падступна прамовіў да іх у словах супакою, і яны паверылі яму. А ён раптам напаў на горад і знішчыў яго паражэннем вялікім, і выгубіў шмат народа Ізраэля. І забраў награбленае дабро горада, ды спаліў яго агнём, ды разбурыў дамы яго і муры вакол яго; і павялі ў палон жанчын, і дзяцей, і захапілі жывёлу. І горад Давідаў агарадзілі высокім і моцным мурам і моцнымі вежамі; і стаў ён іх крэпасцю. І там памясцілі грэшны народ, ліхіх людзей, і яны ўмацаваліся ў ёй; і там запасліся зброяй і правіянтам, і памясцілі там нарабаваныя ў Ерузаліме рэчы; і сталі яны вялікаю пасткаю. Ды сталася гэта засадаю для святыні і дэманам ліхім для Ізраэля назаўсёды; і пралілі яны нявінную кроў вакол святыні ды святыню спаганілі. Дзеля іх паўцякалі жыхары з Ерузаліма ды стаў ён сялібай чужынцаў і стаў ён чужым свайму роду; нават ураджэнцы пакінулі яго. Святыня яго апусцела, як пустыня, святочныя дні яго абярнуліся ў галашэнне, суботы яго — у пасмешышча, слава яго — у нішто. Замест славы яго памножылася ганьба яго, і ўзвышэнне яго ў жалобу абярнулася. І цар Антыёх напісаў усяму свайму царству, каб усе народы былі адным, ды каб кожны пакінуў свой закон. Ды ўсе народы прынялі гэты загад цара Антыёха; прытым многія згадзіліся на культ яго, і ўсклалі ахвяры ідалам, і апаганьвалі шабат. Ды цар паслаў праз вестуноў у Ерузалім і ў гарады Юды лісты, каб яны дзейнічалі паводле законаў паганскіх земляў, і забаранілі ўскладаць у святыні Божай ахвяры цэласпалення, і ахвяры крывавыя, а таксама ахвяры прымірэння, ды каб апаганьвалі суботы і ўрачыстыя дні, дый каб зневажалі святое з святых, каб будавалі ахвярнікі, і храмы, і ідалаў, і каб ускладалі ў ахвяру свіное мяса і нячыстых жывёл, ды каб пакідалі сыноў сваіх неабрэзанымі, ды каб душы іх апаганьвалі ўсім нячыстым і агіднасцю, такім чынам, каб забыліся пра закон ды змянілі ўсе пастановы; і той, хто не зробіць паводле загаду цара Антыёха, смерцю будзе пакараны. Паводле ўсіх гэтых слоў напісаў ён усяму царству свайму і над усім народам паставіў наглядчыкаў, і гарадам Юды загадаў аднаму за адным складаць ахвяры ідалам. І паміж народа многія далучыліся да іх, усе, якія пакінулі закон Госпадаў ды дапускаліся зла на зямлі; і яны сталіся прычынай таго, што ізраэльцы мусілі хавацца ў мясцовасцях выдаленых і скрытых, для ўцекачоў. У пятнаццаты дзень месяца Каслеў сто сорак пятага года на ахвярніку цэласпалення ён пабудаваў «агіднасць спусташэння», і ў суседніх гарадах Юды пабудавалі ахвярнікі, і перад дзвярамі дамоў і на вуліцах складалі ахвяры. І кнігі закону, якія знайшлі, раздзерлі на кавалкі і спалілі іх агнём; і калі ў каго знаходзілі кнігу запавету ды калі хто трымаўся закону, таго па загадзе цара забівалі. Гэтак з месяца ў месяц прымянялі сілу супраць Ізраэля, супраць кожнага, каго знаходзілі ў гарадах. І ў дваццаць пяты дзень месяца ўскладалі ахвяры на ахвярніку, які пабудавалі па-над ахвярнікам; тады па загадзе забівалі жанчын, якія абразалі сваіх сыноў, — і вешалі дзетак на шыях іх; — і дамы іх, і тых, хто абразаў іх, забівалі. І многія ў Ізраэлі рашыліся і набраліся сілы ў сабе, каб не есці нячыстага, і выбралі смерць, каб не апаганіцца ежай ды не зганьбіць прымірэння святога, і паміралі. Ды стаўся вялікі гнеў над Ізраэлем.

У гэтыя дні паўстаў Матація, сын Ёана, сына Сімяона, святар з сыноў Ёарыба, з Ерузаліма, і ён жыў у Модзіне. Ён меў пяць сыноў: Ёана, празванага Гадзіс, і Сімона, празванага Тазі, і Юду, празванага Макабэем, і Элеазара, празванага Абаранам, і Ёнату, празванага Апфусам. І ён убачыў знявагі Бога, якія адбываліся ў Юдэі і ў Ерузаліме, і ён сказаў: «Гора мне! Чаму я нарадзіўся бачыць знішчэнне народа майго ды падзенне святога горада? І заселі там, каб выдаць яго ў рукі ворагаў, святыню — у рукі чужынцаў. Святыня стала, як чалавек без пашаны, пасудзіны славы яе забраны ў палон, малыя горада памардаваныя на вуліцах яго, юнакі яго пазабіваны мечам варожым. Які народ не займаў царства яго ды не рабаваў яго? Усе яго ўпрыгожанні зрабаваныя; калісьці свабодны народ стаў нявольнікам. І вось, святыня наша, і годнасць наша, і слава наша — спустошаны, ды зганьбілі іх пагане. Дык навошта нам жыццё?» І разарвалі шаты свае Матація і яго сыны, і апрануліся ў зрэбніцы, і горка плакалі. І ў горад Модзіну прыбылі пасланнікі цара, якія змушалі людзей да адступніцтва праз складанне ахвяр ідалам. І многа ізраэльцаў далучыліся да іх, і Матація і сыны яго сабраліся. І пасланнікі цара сказалі Матаціі: «Ты з’яўляешся кіраўніком, і выдатным, і вялікім у гэтым горадзе ды маеш апору ў сынах і сваяках. Цяпер прыступіся першы і выканай загад цара, як выканалі ўсе народы і людзі Юды, і тыя, якія засталіся ў Ерузаліме, то і ты, і твае сыны будзеце прыяцелямі цару, ды ты і сыны твае будзеце праслаўленыя срэбрам, і золатам, і многімі дарункамі». І ў адказ сказаў Матація моцным голасам: «Нават калі ўсе народы, прабываючыя ў доме царства, паслухаюць цара, і адступяцца кожны ад абраду бацькоў сваіх, і згадзяцца з загадамі яго, — то і я, і сыны мае, і сваякі мае будзем стаяць пры прымірэнні бацькоў нашых. Хай ласкавы будзе да нас Госпад, каб не пакінуць закону і апраўданняў; не паслухаем слоў цара, каб ад свайго абавязку не адступіцца ані ўправа, ані ўлева». І ледзь скончыў гаварыць гэтыя словы, як адзін юдэй на вачах усіх падышоў да ахвярніка ў Модзіне, каб ускласці ахвяру па загадзе цара. І ўбачыў гэта Матація, і ўзгарэўся руплівасцю, і задрыжэлі яго сцёгны; і, ахоплены гневам дзеля парушэння закону, падбег і забіў яго на ахвярніку. І забіў тады ж чалавека цара, які змушаў ускладаць ахвяры ідалам, і ахвярнік разбурыў; і ўзгарэўся руплівасцю па законе, як учыніў Пінхас Замбры, сыну Саліма. І стаў моцным голасам крычаць у горадзе, кажучы: «Кожны, хто рупіцца пра закон і стаіць за прымірэнне, хай ідзе за мною». І ён сам, і сыны яго ўцяклі ў горы і пакінулі ўсё, што мелі ў горадзе. Тады мноства людзей, якія хацелі жыць справядліва і законна, пайшлі ў пустыню і там прабывалі яны разам са сваімі дзецьмі, і са сваімі жонкамі, і са сваёй жывёлай, бо ўсякія беды зваліліся на іх. І паведамлена было людзям цара і войску, якія знаходзіліся ў Ерузаліме, горадзе Давіда, што людзі некаторыя, што не паслухаліся загаду цара, пайшлі ў пустыню, у патаемныя месцы. Ды шмат людзей пабегла за імі і, калі іх дагналі, накіраваліся супраць іх ды ў суботу распачалі супраць іх бой і казалі ім: «Хопіць ужо! Выходзьце і выканайце загад цара і будзеце жыць!» І яны казалі: «Не выйдзем і не споўнім загаду цара, і не апаганім дзень суботні». І тыя пачалі супраць іх ваяваць. І яны не ўспрацівіліся ім, ані ў іх каменя не кінулі і не загарадзілі сховішчаў, кажучы: «Памром усе ў шчырасці нашай, і сведкамі будуць нам неба і зямля, што несправядліва губіце нас». І тыя напалі на іх боем у дзень суботні; і загінулі яны самі, і іх жонкі, і іх дзеці, і жывёла іх, — аж да тысячы душ людзей. І даведаўся пра гэта Матація і сябры яго, і горка плакалі дзеля іх; і адзін казаў другому: «Калі ўсе мы так будзем рабіць, як нашы браты, ды не будзем ваяваць з паганамі за сваё жыццё і за нашы апраўданні, то тым хутчэй сатруць нас з паверхні зямлі». І рашылі ў той дзень, кажучы: «Супраць кожнага чалавека, які пойдзе на нас вайной у дзень суботні, будзем ваяваць супраць яго і не памром усе, як загінулі браты нашы ў патаемных месцах». Тады далучыўся да іх сход асыдэйцаў, мужных ізраэльцаў, усе яны верныя закону; і ўсе, што паўцякалі ад бед, далучыліся да іх і сталі ім апораю. І ўтварылі яны войска, і ў гневе сваім напалі на грэшнікаў і на адступнікаў; і іншыя ўцякалі да паганаў, каб вызваліцца. І Матація і яго сябры абышлі вакол і знішчылі ахвярнікі; і абрэзалі неабрэзаных дзяцей, дзе толькі знайшлі ў межах Ізраэля, нічога не баючыся. І пераследавалі сыноў пыхлівасці, і праца іх рук мела поспех; і абаранілі закон ад рук паганаў, і ад рук цароў, і не далі трыумфаваць грэшніку. І наблізіліся дні смерці Матаціі, і сказаў ён сваім сынам: «Цяпер умацавалася пыхлівасць, і кара, і час пераваротнасці, і абурэнне злосці. Цяпер, дзеткі, беражыце закон; ды аддавайце жыццё вашае за прымірэнне бацькоў вашых. І памятайце пра дзейнасць бацькоў, што яны зрабілі ў пакаленнях сваіх ды заслужыце вялікую славу і імя навек. Ці ж Абрагам у выпрабаванні не аказаўся верным, і ці не залічана яму гэта за справядлівасць? Язэп у час гора свайго збярог прыказанне і стаў гаспадаром Егіпта. Бацька наш Пінхас сваёю руплівасцю па Богу атрымаў абяцанне вечнага святарства. Ешуа за выкананне загаду стаў суддзёю Ізраэля. Калеб за пасведчанне перад сходам атрымаў зямлю ў спадчыну. Давід за сваю міласэрнасць атрымаў у спадчыну на вечнасць пасад царскі. Ілля за вялікую руплівасць пра закон быў узяты ў неба. Ананія, Азарыя і Місаэль праз веру былі вызвалены ад полымя. Даніэль у сваёй шчырасці быў вызвалены з пашчы львоў. І так думкаю перайдзіце з роду ў род і пераканайцеся, што кожны, хто пакладае надзею ў Ім, не будзе падведзены. І не бойцеся пагроз грэшнага чалавека, бо слава яго — гэта гной і чарвякі; сёння ён узвысіцца, і заўтра знікне ён, бо абярнуўся ён у парахно сваё, і намеры яго прапалі. Дзеці, будзьце мужнымі і мужна трымайцеся закону, бо праз яго станеце слаўнымі. І вось, брат ваш — Сімон. Ведаю, што ён чалавек парады: яго слухайце заўсёды; ён будзе для вас бацькам. І Юда Макабэй з маладосці сваёй дужы мужнасцю, будзе для вас кіраўніком войска; і ён будзе ваяваць з народамі. Ды вы сабярыце да сябе ўсіх, што трымаюцца закону, і помсціце помстаю за народ ваш; адплачвайце належнае паганам і беражыце пастанову закону». І дабраславіў іх, і быў далучаны да сваіх бацькоў. І памёр ён у сто сорак шостым годзе; ды быў пахаваны ў грабніцах бацькоў сваіх у Модзіне. Увесь Ізраэль аплакаў яго з вялікім жалем.

І замясціў яго сын яго — Юда, які зваўся Макабэй. І падтрымалі яго ўсе браты яго ды ўсе, якія раней далучыліся да бацькі яго; і ваявалі за Ізраэль з радасцю. І ён пашырыў славу народа свайго, і апрануў на сябе панцыр, як велікан, і падперазаўся ваеннаю зброяю сваёй, і правёў бітву, абараняючы лагер мечам. У дзейнасці сваёй быў падобны да льва і да рыкаючага львяняці, калі ён кідаецца на здабычу; і пераследаваў бязбожных; вышукваў іх ды паліў тых, якія крыўдзілі яго народ. І дрыжэлі ад страху ліхотнікі ды ўсе злачынцы былі напалоханы; і ўдавалася яму ратаваць паспяхова. І ён раззлаваў многіх цароў; і Якуб цешыўся з яго дзейнасці, і навечна застанецца памяць пра яго з дабраславеннем. І прайшоў па гарадах Юды, і выгубіў у ёй бязбожных, і адвярнуў гнеў ад Ізраэля, і імя яго было вядомым аж на ўскрайку зямлі, і сабраў ён гінучых. Вось жа, Апалоній сабраў паганаў і вялікае войска з Самарыі, каб ваяваць супраць Ізраэля. І даведаўся аб гэтым Юда, і выступіў супраць яго; і перамог яго, і забіў, і многія загінулі, пакалечаныя, і іншыя паўцякалі. І яны забралі здабычу іх, і меч Апалонія забраў Юда; і ён ваяваў ім усё жыццё сваё. І Сэрон, кіраўнік сірыйскага войска, пачуў, што Юда сабраў сход і сазваў да сябе людзей верных, каб ісці ваяваць, ды сказаў ён: «Праслаўлю імя сваё, і славу сабе здабуду ў царстве, і адолею Юду і тых, што з ім разам, бо яны пагарджаюць загадам царскім». І адправіўся ён, і з ім пайшло войска бязбожных моцнае, у дапамогу яму, каб чыніць помсту на сынах Ізраэля. І наблізіўся аж да ўзгорка Бэтарон, і супраць яго выйшаў Юда з малой дружынай. Калі ж яны ўбачылі войска, што ішло на іх, сказалі Юдзе: «Нас так мала і мы сёння слабыя, бо нічога не елі, ці зможам ваяваць супраць такога вялікага і дужага войска?» Юда сказаў: «Лёгка могуць быць адданыя многія ў рукі нямногіх; і перад небам няма розніцы, многімі вызваліць, ці нямногімі, бо перамога ў баі залежыць не ад мноства войска, але яго сіла — ад неба. Яны ідуць на нас, поўныя пыхлівасці і злачыннасці, каб знішчыць нас, і жонак нашых, і дзяцей нашых ды каб абрабаваць нас; мы ж ваюем за жыццё нашае і за законы нашыя, і Сам Госпад сатрэ іх перад абліччам нашым; вы ж іх не бойцеся». Калі ж перастаў гаварыць, напаў ён на іх раптоўна; і Сэрон, і войска яго былі пабіты перад абліччам яго. І пераследаваў яго аж да спуску Бэтарон, аж да раўніны, і пала іх восемсот чалавек; а іншыя ўцяклі ў Філістынскую зямлю. Ды ахапіў страх перад Юдам і братамі яго, і жах напаткаў паганаў вакол іх; і слава імя яго дайшла да цара ды пра бітвы Юды расказвалі ўсе народы. Антыёх, пачуўшы гэтыя апавяданні, закіпеў у душы гневам; і разаслаў вестуноў, і сабраў войска з усяго царства свайго, армію надта вялікую. І адчыніў скарбоўню сваю, і выдаў утрыманне войску на ўвесь год, і загадаў ім, каб былі прыгатаваны да ўсяго. І вось заўважыў, што нестае грошай у яго скарбоўнях і што падаткі краіны малыя з прычыны разладу і няшчасця, якое ўчыніў у гэтай зямлі, каб скасаваць законы, якія былі ад найдаўнейшых часоў; ды забаяўся, што, як не раз і не два здаралася, не будзе мець грошай на пакупкі і дарункі, якія раней раздаваў шчодрай рукой, і быў шчадрэйшы за папярэдніх цароў. І дужа быў заклапочаны гэтым, і рашыўся ісці ў Персію, і ўзяць падаткі з тых рэгіёнаў, і сабраць многа срэбра. І над царскімі справамі пакінуў ён Лісію, чалавека вяльможнага і з царскага роду, на тэрыторыі ад ракі Эўфрат аж да межаў Егіпта, і даручыў яму на выхаванне сына свайго Антыёха аж да свайго вяртання. І перадаў яму палову войска, і сланоў, і даў яму загады адносна ўсяго, што хацеў, і ў дачыненні жыхароў Юдэі і Ерузаліма, каб ён паслаў супраць іх войска, дзеля знішчэння і выкаранення сілы Ізраэля ды астаткаў Ерузаліма, ды каб сцерці памяць аб іх на тым месцы, ды каб пасяліць ва ўсіх граніцах іх чужых жыхароў і зямлю іх падзяліць жэрабем. І цар забраў другую палову свайго войска і ў сто сорак сёмым годзе адправіўся з горада царства свайго, Антыёхіі, і пераправіўся праз раку Эўфрат, і прабіраўся праз гарыстыя краіны. І Лісія выбраў Пталемея, сына Дарымэна, і Міканора, і Горгію — мужчын магутных паміж прыяцеляў цара, — і паслаў з імі сорак тысяч чалавек і сем тысяч коннікаў, каб пайшлі ў зямлю Юды ды спустошылі яе па царскім загадзе. І адправіліся яны з усім сваім войскам; і прыбылі; і непадалёку ад Эмауса паставілі лагер на раўніне. І пачулі імёны іх купцы краіны, і набралі надта многа срэбра і золата, таксама кайданы на ногі, і прыйшлі ў лагер, каб узяць ізраэльцаў за нявольнікаў, і далучыліся да іх дружыны з Сірыі і з зямлі чужынцаў. І Юда, і браты яго ўбачылі, што памножыліся беды і што войска наблізілася да межаў іх, і даведаліся пра загад цара, каб знішчыць народ зусім, да астатку. Ды сказалі адзін аднаму: «Паўстаньма супраць знішчэння народа нашага і ваюйма за наш народ і святых нашых». Ды сабраўся сход, каб былі яны гатовыя да бою ды каб маліліся і прасілі міласэрнасці і літасці. І Ерузалім быў неабжыты, быццам пустыня; паміж сыноў яго ніхто не ўваходзіў і ніхто не выходзіў, і святыня тапталася, і сыны чужынцаў пражывалі ў крэпасці; там было прыстанішча паганаў. І аднята была ад Якуба радасць, і зніклі флейта і цытра. І сышліся, і пайшлі ў Міцпу насупраць Ерузаліма, таму што ў Міцпе было калісьці месца малення для Ізраэля; і ў той дзень посцілі, і ўсклалі на сябе зрэбніцы, і галовы свае пасыпалі попелам, і параздзіралі на сабе адзенне, і разгарнулі кнігу закону з тою мэтаю, з якой пагане пытаюцца ў статуй сваіх ідалаў; і прынеслі святарскія шаты, і першыя плады, і дзесяціны, і паклікалі назіраў, якія напоўніліся днямі, і заклікалі ўголас да неба, пытаючыся: «Што маем рабіць з імі і куды маем іх весці? І святыні Твае стаптаныя і спаганеныя, і святары Твае ў жалобе і ў пакоры; і, вось, пагане сабраліся супраць нас, каб нас загубіць; Ты знаеш іх намеры адносна нас. Як зможам мы супрацьстаяць ім, калі Ты не дапаможаш нам?» І затрубілі ў трубы, і загаманілі моцным голасам. І затым Юда паставіў кіраўнікоў над народам, тысячнікаў, і сотнікаў, і пяцідзесятнікаў, і дзесятнікаў, і сказаў тым, якія будавалі дамы, і жаніліся, і закладалі вінаграднікі, і баяліся, што па законе кожны вернецца ў дом свой. І зняліся з лагера і размясціліся на поўдзень ад Эмауса. І Юда загадаў: «Падперажыцеся і будзьце сынамі моцнымі, і падрыхтуйцеся да раніцы, бо пойдзем змагацца супраць тых народаў, што сабраліся супраць нас, каб знішчыць нас і нашы святыні; бо лепш нам памерці ў баі, чым глядзець на гора народа нашага і святых. А якая будзе воля на небе, хай так станецца».

І Горгія ўзяў з сабою пяць тысяч чалавек і тысячу адборных коннікаў, і ноччу выйшлі з лагера, каб наблізіцца да лагера юдэяў і раптоўна нанесці ім паражэнне; і праваднікамі ім былі людзі з крэпасці. І даведаўся пра гэта Юда, і сам з моцнымі накіраваўся, каб напасці на войска царскае, якое размяшчалася ў Эмаусе, яшчэ ў той час, калі войска было далёка ад лагера. І прыйшоў Горгія ў лагер Юды ноччу, і нікога не знайшоў; ды шукаў іх у гарах, бо сказаў: «Яны ўцякаюць ад нас». І на світанні Юда з’явіўся на раўніне з трыма тысячамі чалавек ваяроў; акрамя панцыраў і мечаў не мелі іншай зброі, як хацелі. І ўбачылі ўзмоцнены лагер паганаў, і ўзброеных панцырамі, і конніцу вакол іх, і яны былі вывучаныя для бою. І Юда сказаў ваярам, якія былі з ім: «Не бойцеся мноства іх, ды не палохайцеся іх нападзення; прыгадайце сабе, як у Чырвоным моры збаўлены былі нашы бацькі, калі наганяў іх фараон разам з войскам. Ды цяпер усклічма да неба, можа, злітуецца над намі, і ўспомніць пра прымірэнне з бацькамі нашымі, і сёння сатрэ войска гэтае перад намі; ды хай ведаюць усе народы, што ёсць Той, Хто адкупляе і ратуе Ізраэля». І пагане паднялі свае вочы, і ўбачылі іх, што ішлі насупраць, ды выйшлі з лагера і ўступілі ў бой. І тыя, што былі з Юдам, затрубілі ў трубы, і распачалі бой; і пагане былі пабітыя і ўцяклі на раўніну. А якія ўцякалі апошнімі, усе загінулі ад меча, гналі іх аж да Газэрона ды аж да раўніны ідумеяў, да Азота і да Ямніі; і пала з іх каля трох тысяч ваяроў. І Юда і войска яго вярнуліся з пагоні за імі; і сказаў Юда народу: «Не квапцеся на здабычу, бо ідзе вайна супраць нас; і Горгія, і яго войска блізка да нас, на гары; аднак зараз станьце супраць ворагаў нашых і перамажыце іх, і тады, напэўна, возьмеце здабычу гэту». І калі яшчэ гэта гаварыў Юда, з’явілася якаясьці дружына, што сыходзіла з гары. І ўбачыла яна, што іх людзі паўцякалі, і лагер спалілі; бо бачны дым паказваў, што тут сталася. Тыя, што гэта зразумелі, надта спалохаліся; а калі на раўніне ўбачылі і войска Юды, гатовае да бою, усе ўцяклі ў зямлю чужынцаў. І Юда вярнуўся, каб забраць здабычу з лагера; і ўзялі многа золата і срэбра, а таксама гіяцынту і пурпуру марскога, дый многа багацця. І, вяртаючыся, спявалі яны песні, і дабраслаўлялі неба: «Бо Ён добры, і міласэрнасць Яго вечная». І ў той дзень здзейснілася вялікае збаўленне Ізраэля. А тыя з паганаў, якія ўцалелі, прыйшлі і паведамілі Лісію аб усім, што здарылася; ён, выслухаўшы іх, устрывожыўся і паў духам, бо не тое сталася з Ізраэлем, што ён хацеў, і не так выйшла, як яму цар загадаў. Ды ў наступным годзе сабраў шэсцьдзесят тысяч адборных пешых ваяроў ды пяць тысяч коннікаў, каб перамагчы іх. І прыбылі ў Ідумею, і ў Бэтсуры паставілі лагер; і Юда з дзесяццю тысячамі ваяроў пайшоў насустрач ім. І ўбачыў ён войска моцнае ды стаў маліцца і прасіць: «Дабраславёны Ты, Збаўца Ізраэля! Ты рукою паслугача свайго Давіда зламаў нападзенне магутнага, ды лагер чужынцаў перадаў у рукі Ёнаты, сына Саўла, і збраяносца яго. Выдай гэтае войска ў рукі народа Твайго, Ізраэля, каб былі засаромлены ў войску сваім і ў конніцы сваёй. Нагані на іх страх і растапі адвагу мужнасці іх, ды хай яны будуць запалоханы паражэннем сваім; павалі іх на зямлю мечам тых, якія шануюць Цябе, і хай славяць Цябе гімнамі ўсе, хто ведае Тваё імя». І кінуліся тыя і іншыя ў бой, і з войска Лісіі пала пяць тысяч ваяроў, і палі яны ад сваіх супраціўнікаў. А Лісія, бачачы, што войска яго адступае, а юдэі адважна наступаюць, гатовыя або на смерць, або на жыццё, адступіў у Антыёхію ды знайшоў ваяроў, каб з большым войскам зноў пайсці ў Юдэю. А Юда і яго браты сказалі: «Вось, нашы ворагі знішчаны, хадземце ачысцім святыні і нанава аднавім іх». І сабралася ўсё войска, і пайшлі на гару Сіён. І ўбачылі яны, што святыня спустошана, і ахвярнік спаганены, і брамы папалены, і панадворак зарос кустамі, як у лесе або на адной з гор, і месцы для святароў зруйнаваны. Ды раздзёрлі адзенне сваё, і паднялі вялікі лямант, і галовы пасыпалі попелам, і пападалі тварам на зямлю, і затрубілі ў сігнальныя трубы, і прызвалі неба. Тады Юда паставіў ваяроў ваяваць супраць тых, што знаходзіліся ў крэпасці, пакуль не ачысціў святыні. І падабраў святароў беззаганных, спаганяючых закон; і ачысцілі яны святыню, і вынеслі спаганеныя камяні на нячыстае месца. І параіліся, што зрабіць з ахвярнікам цэласпалення, які быў спаганены. І ўзнікла ў іх добрая думка, каб разбіць яго, каб не было для іх ганьбай тое, што пагане спаганілі яго; і разбурылі ахвярнік, і камяні склалі на вызначаным месцы на гары дома, аж пакуль не з’явіўся прарок, каб адказваць за іх. І па законе ўзялі неабчасаныя камяні і на ўзор папярэдняга пабудавалі новы ахвярнік. І пабудавалі святыню, і тое, што было ўнутры дома, і прысенак асвяцілі. І зрабілі новыя святыя пасудзіны, ды ўнеслі каганец, і ахвярнік каджэння, і стол у храм. І на ахвярніку ўспалілі кадзіла, і запалілі свечкі на каганцы, і свяцілі яны ў святыні, і на стале паклалі хлябы, і павесілі заслоны, і так усё давялі да канца, што рабілі. І ў дваццаць пяты дзень дзевятага месяца, гэта значыць месяца Каслеў, сто сорак восьмага года, дваццаць пятага дня дзевятага месяца, усталі перад світаннем і ўсклалі ахвяру па законе на ахвярніку цэласпалення новым, які пабудавалі; дакладна ў той час і ў той дзень, у які пагане яго спаганілі, у гэты самы дзень ён нанова быў адбудаваны пры спевах песняў, і цытрах, і гуслях, і цымбалах. І ўвесь народ паў на твар, і аддалі паклоны, і дабраславілі аж да неба Таго, Хто ім так паспагадаў; і восем дзён святкавалі пасвячэнне ахвярніка ды з радасцю ўскладалі ахвяры цэласпалення, і пасвячалі ахвяры збаўлення і пахвалы, і фасад святыні аздобілі залатымі вянкамі ды малымі шчытамі, і асвяцілі брамы і памяшканні для святароў ды ўставілі ў іх дзверы. І народ ахапіла надта вялікая радасць, і спынілася ганьба з боку паганаў. І вось Юда, і браты яго, і ўся супольнасць Ізраэля рашылі, што дзень пасвячэння ахвярніка будуць з весялосцю і радасцю адзначаць з году ў год восем дзён, пачынаючы ад дваццаць пятага дня месяца Каслеў. І ў гэты час гару Сіён абвялі мурам і высокімі і моцнымі вежамі, каб часам не напалі пагане і не стапталі, як раней рабілі. І размясціў там войска, каб сцераглі яе, ды ўмацаваў яе для абароны Бэтсура, каб народ меў умацаванне ад Ідумеі.

І сталася: калі суседнія народы даведаліся, што адбудавалі ахвярнік і што святыня асвячона, як раней, яны надта ўскіпелі злосцю і рашылі выгубіць тых з роду Якуба, якія між імі пражывалі, ды пачалі народ забіваць і пераследаваць. І Юда ваяваў супраць сыноў Эзава ў Ідумеі, у Акрабатане, бо яны абкружалі Ізраэль; і паразіў іх паражэннем страшным, прыціснуў іх і ўзяў з іх здабычу. І прыпомніў злоснасць сыноў Баана, якія былі для народа пасткаю ды дзеля спатыкнення наладжвалі ім засаду на дарогах. І яны перад ім замкнуліся ў вежах, і ён наблізіўся да іх і пракляў іх, і спаліў іх вежы разам з усімі, хто ў іх схаваўся. І пераправіўся да сыноў Амона, і там застаў дужую дружыну, і шматлікі народ, і Ціматэя, іх кіраўніка. І правёў з імі многа баёў, і сцёр іх з віду свайго, і пабіў іх. І здабыў Язэр і ваколіцы яго ды вярнуўся ў Юдэю. І сабраліся пагане, пражываючыя ў Галаадзе, супраць Ізраэля, які жыў на іх землях, каб знішчыць іх; і яны ўцяклі ў крэпасць Датэман, і паслалі ліст Юду ды яго братам з просьбаю: «Пагане, якія жывуць вакол нас, сабраліся супраць нас, каб нас знішчыць, і рыхтуюцца прыйсці і заняць крэпасць, у якую мы ўцяклі, і Ціматэй ёсць кіраўнік іх войска. Дык прыйдзі цяпер і вырві нас з рук іх, бо пала многа нас, і былі пазабіваны ўсе нашы браты, што жылі ў мясцовасці Тубін, і ў няволю павялі іх жонак, і дзяцей, і забралі маёмасць ды загінула там каля тысячы чалавек». Яшчэ чыталіся гэтыя лісты, як прыбылі іншыя вестуны з Галілеі, якія, разадраўшы адзенне сваё, паведамлялі, такімі словамі кажучы, што з Пталемеі, і з Тыра, і з Сідона, і з усёй Галілеі чужынскай сабралася шмат людзей, каб іх загубіць. Калі ж Юда і народ пачулі гэтыя словы, сабраўся вялікі сход, каб параіцца, як дапамагчы сваім братам, што апынуліся ў бядзе, на якіх тыя нападалі. І Юда сказаў брату свайму Сімону: «Выберы сабе ваяроў ды ідзі, ды вызвалі сваіх братоў, якія ў Галілеі; я ж і брат мой Ёната пойдзем у Галаад». І ў Юдэі на варце пакінуў Язэпа, сына Захарыі, і Азарыю, кіраўніка народа, разам з другой часткай войска. І загадаў ім такімі словамі: «Кіруйце гэтым народам, і ў бой з паганамі не ўступайце, аж пакуль мы не вернемся». І вылучаны былі з людзей Сімона тры тысячы ваяроў, каб ішлі яны ў Галілею, а з Юды восем тысяч — у Галаад, І Сімон накіраваўся ў Галілею, і шмат правёў баёў з паганамі, і пагане былі пабітыя перад абліччам яго, і ён гнаў іх аж да брамы Пталемаіды, і спаміж паганаў пала каля трох тысяч ваяроў, і ён забраў іх здабычу. І забраў людзей, якія жылі ў Галілеі і ў Арбатаху, разам з жонкамі, і дзецьмі, і з усім, што было ў іх, ды прывёў іх з вялікаю радасцю ў Юдэю. І Юда Макабэй і яго брат Ёната пераправіліся праз Ярдан і тры дні ішлі праз пустыню; і спаткаліся з набатэямі, і яны прынялі іх у супакоі, і распавялі ім аб ўсім, што адбывалася з іх братамі ў Галаадзе, і што многія з іх былі захоплены ў Басоры, і ў Басоры на Аліме, у Касфо, у Мацэдзе, і ў Карнайне; усе гэтыя гарады вялікія і ўмацаваныя. Ды ў другіх гарадах Галаада ўтрымліваюць захопленых; у наступны дзень вырашылі яны наблізіцца да ўмацаванняў, і ўзяць іх, і ў адзін дзень забіць іх усіх. І Юда з усім сваім войскам раптам павярнуў сваю дарогу праз пустыню да Басора, і ўзяў горад, і мечам забіў усіх мужчын ды забраў усю здабычу іх, і спаліў яго агнём; і ноччу адправіўся адтуль, і пайшлі яны аж да ўмацавання. І сталася на світанні, калі жыхары паднялі вочы свае, убачылі яны шматлікае войска, незлічонае і як падносяць драбіны і машыны асадныя, каб захапіць умацаванне і яго жыхароў. І Юда ўбачыў, што завязаўся бой і гоман з горада падняўся ў неба, як ад труб і гучных крыкаў; і прамовіў да ваяроў войска: «Ваюйце сёння за нашых братоў». І з трыма дружынамі пайшоў за імі, і затрубілі ў трубы, і ўголас маліліся. І войска Ціматэя даведалася, што гэта Макабэй, ды ўцякло перад ім; ён паразіў іх страшным паражэннем; і пала з іх у той дзень каля васьмі тысяч ваяроў. І Юда накіраваўся ў Міцпу, і асадзіў, і здабыў яе. І забіў там усіх мужчын, і ўзяў здабычу яе, і спаліў яе агнём. Адтуль пайшоў і ўзяў Касфо, Мацэду, і Басор, і іншыя гарады Галаада. А пасля гэтых падзей сцягнуў Ціматэй іншае войска, і паставіў лагер насупраць Рафона, на другім баку ручая. І Юда паслаў войска ў разведку, і яны яму паведамілі, кажучы: «Сабраліся да яго ўсе акружаючыя нас пагане, войска дужа вялікае; і арабаў наняў у дапамогу сабе, і паставілі яны лагер за ручаём, гатовыя выступіць супраць цябе ваяваць». Дык Юда выступіў супраць іх. І Ціматэй кажа кіраўнікам войска свайго: «Калі Юда і войска яго наблізіцца да ручая, калі першы прыйдзе да нас, не зможам супрацівіцца яму, бо напэўна пераможа нас; а калі будзе баяцца пераходзіць ды паставіць лагер над ручаём, тады мы пераправімся да іх і пераможам яго». Калі ж Юда наблізіўся да ручая, над яго берагамі паставіў пісараў з народа ды загадаў ім, кажучы: «Не пакідайце ніводнага чалавека, але хай усе ідуць ваяваць». Ды першым пераправіўся да іх, і за ім увесь народ. Ды знішчаны былі перад імі ўсе пагане, кінулі зброю сваю і ўцякалі ў храм у Карнайн. І яны ўзялі той горад, і храм спалілі агнём разам з усімі, хто ў ім прабываў; і знішчаны быў Карнайн, і не змог устаяць перад Юдам. І Юда сабраў усіх ізраэльцаў, якія былі ў Галаадзе, ад найменшага аж да найбольшага, разам з жонкамі іх, і дзецьмі, і маёмасцю — надта вялікае войска, каб вярнуцца ў зямлю Юдэі. І прыбылі ў Эфрон. І гэта быў вялікі і надта ўмацаваны горад пры дарозе; нельга было яго абмінуць ані ўправа, ані ўлева, але дарога ішла праз яго сярэдзіну. І жыхары горада замкнуліся і брамы завалілі камянямі. Ды Юда паслаў да іх вестуноў са словамі супакою, кажучы: «Пройдзем праз вашу зямлю ды пойдзем у сваю зямлю, і ніхто не зробіць вам шкоды; толькі пяшком пяройдзем». І яны не хацелі адчыняць ім. Ды Юда загадаў аб’явіць у лагеры, каб кожны ішоў у бой з таго месца, у якім знаходзіцца. І ваяры ўключыліся ў бой, і асаджалі той горад увесь дзень і ўсю ноч; і аддаўся ён у яго рукі. І перабіў ён усіх мужчын вастрыём меча, і горад вынішчыў датла, і забраў здабычу яго, і прайшоў праз горад па трупах. І пераправіліся праз Ярдан на вялікую раўніну насупраць Бэтсана. І сабраў Юда астатніх, і падбадзёрваў народ усю дарогу, пакуль не прыбылі ў Юдэйскую зямлю. І з весялосцю і радасцю ўзышлі на гару Сіён, і ўсклалі ахвяры цэласпалення, таму што з іх ніхто не паў, аж пакуль не вярнуліся ў спакоі. І ў той час, калі Юда і Ёната былі ў зямлі Галаад, і яго брат Сімон быў у Галілеі насупраць Пталемеі, Язэп, сын Захарыі, і Азарыя, кіраўнік войска, даведаліся аб добрых подзвігах і баях, якія яны даканалі, і сказалі: «То і мы праславім сваё імя і пойдзем ваяваць супраць паганаў, якія нас акружаюць». І паведамілі яны гэта тым, хто быў з іх войска, і пайшлі на Ямнію. І Горгія і яго ваяры выйшлі з горада ваяваць супраць іх; і Язэп і Азарыя былі змушаны ўцякаць, і іх гналі аж да межаў Юдэі, і ў той дзень з народа Ізраэля пала каля дзвюх тысяч ваяроў; і выклікала гэта вялікія ўцёкі ў народзе, бо яны не паслухаліся Юды і братоў яго, думаючы паказаць сваю мужнасць. Яны ж не былі з роду людзей тых, праз рукі якіх дадзена было збаўленне Ізраэлю. І ваяр Юда, і браты яго праславіліся надта на віду ўсяго Ізраэля ды ўсіх плямёнаў, дзе толькі чулі іх імя; і сабраліся да іх, прамаўляючы пахвалу. І Юда і браты яго выйшлі і ваявалі супраць сыноў Эзава ў зямлі, якая знаходзіцца на поўдні. І здабыў Гэброн і ваколіцы яго, і разбурыў умацаванні яго, і вежы вакол яго папаліў. І падняў лагер і пайшоў у зямлю чужую, і праходзіў праз Марэсу. У той дзень палі ў баі святары, бо хацелі праславіцца мужнасцю і неабдумана ўступілі ў бой. І Юда павярнуў у Азот, чужую зямлю, і развярнуў іх ахвярнікі, і спаліў агнём статуі багоў іх, і з гарадоў узяў здабычу. І вярнуўся ў юдэйскую зямлю.

І цар Антыёх у паходзе праз горныя рэгіёны даведаўся, што ў Персіі ёсць горад Элімаіда, слаўны багаццямі: срэбрам і золатам, — і што ў ім ёсць святыня, з багаццямі вялікімі, і што завесы там залатыя, і панцыры, і шчыты, якія пакінуў там цар Мацэдоніі Аляксандр Піліпаў, які першы цараваў у Грэцыі. Ды ён прыбыў і стараўся ўзяць той горад, і абрабаваць яго, і не змог, бо жыхары горада дазналіся пра яго намеры. І яны стойка працівіліся яму ў баі. І ён мусіў адступіць адтуль і з вялікаю горыччу адышоў, каб вярнуцца ў Бабілонію. І прыйшоў той, хто паведаміў яму ў Персіі, што дружыны, пасланыя ў Юдэю, змушаныя былі ўцякаць, і што Лісія з моцным войскам выступіў першым і ўцёк ад іх, і што яны сталі мацнейшымі зброяй, і войскам ды вялікай здабычай, якую забралі ад разгромленых войскаў, і што разбурылі яны агіднасць, якую ён пабудаваў на ахвярніку, што быў у Ерузаліме, і што святыню абвялі высокімі мурамі, як раней, і што Бэтсур — яго горад. Калі цар пачуў аб гэтых падзеях, здзівіўся і надта спалохаўся, і ўпаў на ложак, і захварэў з-за смутку, што не здарылася з ім так, як ён хацеў. І шмат дзён ён так праляжаў, бо аднавіўся ў ім вялікі смутак, і думаў, што памрэ. І сабраў усіх прыяцеляў сваіх і сказаў ім: «Адступіў сон ад маіх вачэй, і гора сціскае маё сэрца, ды сказаў я ў сэрцы сваім: да якога гора дажыў я і да вялікай няўпэўненасці, у якой я цяпер апынуўся? Бо быў я спагадны і любімы ў сваім валадаранні! Цяпер жа прыпамінаю сабе злачынствы, якія я дапусціў у Ерузаліме, адкуль забраў я ўсе пасудзіны залатыя і срэбраныя, якія былі там, ды паслаў я загубіць жыхароў Юдэі без прычыны. Знаю, што таму гэтыя беды нахлынулі на мяне; і, вось, прападаю з вялікага болю ў чужой зямлі». І паклікаў Піліпа, аднаго са сваіх прыяцеляў, і паставіў яго правіцелем над усім сваім царствам; і ўручыў яму вянец, і плашч свой, і пярсцёнак, каб прывёз сына яго, Антыёха, і вывучыў яго цараваць. І там цар Антыёх памёр у сто сорак дзевятым годзе. І Лісія даведаўся, што цар памёр, і паставіў царом сына яго Антыёха, якога выгадаваў ад дзяцінства; і даў яму прозвішча Эўпатар. І тыя, што жылі ў крэпасці, вакол святынь, нападалі на Ізраэль, і заўсёды рабілі яму зло, і падтрымлівалі паганаў. І Юда рашыўся знішчыць іх, і склікаў увесь народ, каб зрабіць асаду іх. Ды сышліся разам і асадзілі іх у сто пяцідзесятым годзе, і навялі на іх каменямёты і машыны асадныя. І з паміж асаджаных выйшла некалькі, і да іх далучыліся некаторыя бязбожныя ізраэльцы, і пайшлі да цара, і казалі: «Чаму так доўга не чыніш суд і не адпомсціш за нашых братоў? Мы рашыліся служыць бацьку твайму, і спаўняць загады яго, і падначальвацца загадам яго; і дзеля таго сыны народа нашага асадзілі крэпасць, і сталі для нас ворагамі, і забівалі кожнага з нашых, каго схапілі, ды рабавалі нашу маёмасць. І выцягнулі рукі не толькі супраць нас, але таксама супраць усіх тваіх межаў; і вось сёння наблізіліся да крэпасці ў Ерузаліме, каб узяць яе, і ўмацавалі і святыні, і Бэтсур. Ды калі не апярэдзіш іх хутчэй, то яшчэ горшых рэчаў дапусцяцца і ўжо не зможаш іх стрымаць». І калі цар гэта пачуў, раззлаваўся, і склікаў усіх сваіх прыяцеляў, і кіраўнікоў свайго войска, і кіраўнікоў конніцы; але і з другіх дзяржаў і марскіх астравоў прыбылі да яго наёмныя войскі. І лік яго войска быў сто тысяч пешых, і дваццаць тысяч коннікаў, і трыццаць два сланы, навучаныя бою. І прайшлі яны праз Ідумею, і да Бэтсура наблізіліся. І многа дзён ваявалі, і пабудавалі машыны аблогавыя, і асаджаныя выйшлі і спалілі іх агнём ды храбра ваявалі. І Юда адступіў ад крэпасці і перамясціў лагер да Бэтзахары насупраць царскага лагера. І ўстаў цар перад світаннем, і вывеў імкліва сваё войска на дарогу Бэтзахары, і падрыхтаваліся войскі да бою, і затрубілі ў трубы, і сланам падалі сок вінаграду і смакоўніцы, каб раз’юшыць іх да бою. І раздзялілі жывёл на групы, і паставілі да кожнага слана па тысячы ваяроў у жалезных кальчугах і з меднымі шлемамі на галовах іх, і па пяцьсот адборных коннікаў прыстаўлена было да кожнага слана. Яны ўжо раней былі там, дзе быў слон, і, дзе ён ішоў, ішлі; не адступалі ад яго. І на іх былі моцныя драўляныя вежы, пакрываючыя кожнага слана, прымацаваныя спецыяльным прыстройствам з ваеннымі прыладамі, ды на кожным — чатыры ваяры, якія з яе ваявалі, а апрача ўсяго, індус, які кіраваў сланом. І астатніх коннікаў расставіў на адным і другім баку, на двух баках войска, каб запалохаць ворагаў і абараніць флангі, якія ваявалі. І калі сонца засвяціла на залатыя і медныя шчыты, то заблішчэлі ад іх горы ды засвяцілі, як светачы агню. Адна частка войска царскага расцягнулася па высокіх гарах, і некаторыя — на нізінах; і ішлі яны асцярожна і стройна. І задрыжэлі ўсе, чуючы мнагалюдны гармідар, і хаду натоўпу, і грукат зброі; было бо гэта вельмі вялікае і моцнае вайска. І Юда са сваім войскам наблізіўся, каб уступіць у бой, ды з царскага войска пала шэсцьсот ваяроў. І Элеазар Абаран убачыў, што адзін са сланоў мае на сабе царскую кальчугу і ён быў большы за іншых сланоў; і здалося яму, што на ім быў цар; дык аддаў сябе, каб вызваліць свой народ ды заручыцца вечнай славай. І ён адважна падбег да яго праз сярэдзіну дружыны, забіваючы направа і налева, і адступалі ад яго на адзін і на другі бок; і кінуўся пад слана, і лёг пад ім, і забіў яго, і той упаў на зямлю на яго, і памёр ён там. І яны, убачыўшы сілу царства і ўпартасць войска, адышлі ад іх. Часць войска цара накіравалася супраць іх у бок Ерузаліма, і цар наблізіўся да Юдэі і гары Сіён, каб ваяваць супраць юдэяў. І з тымі, што былі ў Бэтсуры, заключыў мір; і выйшлі яны з горада, бо не мелі там харчоў, бо былі замкнёныя ў ім, бо быў у зямлі год шабату. Дык цар захапіў Бэтсуру, і пакінуў там варту, каб сцерагчы яе. Сам жа распачаў асаду святыні, якая трывала доўгі час; і паставіў там каменямёты і аблогавыя машыны, прылады для кідання агню і стрэлаў. Але і юдэі зрабілі машыны супраць іх машын і ваявалі многа дзён; і не хапіла, аднак, у свірнах харчоў, бо быў гэта сёмы год, і рэшту запасаў з’елі тыя, хто прыйшоў з паганаў у Юдэю. І ў святыні засталося ўжо няшмат абаронцаў, бо голад іх ахапіў, і паразыходзіліся кожны ў сваю мясцовасць. І Лісія даведаўся, што Піліп, якому цар Антыёх яшчэ за жыццём даручыў гадаваць сына свайго, Антыёха, на цара, вярнуўся з Персіі і Мідыі і войска, якое пайшло з ім, і што ён намагаецца стаць царом. Ён паспяшаўся і даў знак ісці і сказаў цару, і кіраўнікам войска, і ваярам: «Памяншаецца штодзень лік наш, і харчавання нам нестае, і месца, якое асаджаем, умацаванае, і ляжаць на нас справы дзяржавы. Дык зараз пададзім правіцу тым людзям, і заключым з імі супакой і з усім іх народам, і дамовімся з імі: хай жывуць па сваіх законах, як раней; разгневаліся бо яны на нас, што мы іх законы забаранілі, і таму ўсё гэта зрабілі». І спадабалася гэта мова цару і кіраўнікам, дык паслаў да іх заключыць супакой, і яны прынялі яго. І пакляліся ім цар і кіраўнікі. Дзеля гэтых умоў выйшлі з умацавання. І цар увайшоў у гару Сіён і ўбачыў, як умацавана тое месца, і зламаў клятву, якою пакляўся, і загадаў зламаць навакольны мур. І адправіўся паспешна, і вярнуўся ў Антыёхію; і застаў Піліпа, які правіў горадам, дык ваяваў з ім і сілаю ўзяў горад.

У сто пяцьдзесят першым годзе Дэмэтрый, сын Сэлеўцыя, адправіўся з Рыма і з невялікім войскам высадзіўся ў марскім горадзе і стаў там царом. І здарылася, што, калі ён увайшоў у палац бацькоў сваіх, войска схапіла Антыёха і Лісію, каб прывесці іх да яго. І калі яму аб гэтым далі знаць, сказаў ён: «Не паказвайце мне твараў іх». Ды войска замардавала іх да смерці, і Дэмэтрый сеў на пасадзе царства свайго. І прыйшлі да яго ліхотнікі і бязбожнікі з Ізраэля, і іх кіраўніком быў Альцым, які хацеў стаць святаром. І абвінавацілі яны народ перад царом: «Юда разам з братамі сваімі знішчыў усіх прыяцеляў тваіх дый нас выгнаў з зямлі нашай; дык цяпер пашлі чалавека, якому верыш, хай пойдзе ён і ўбачыць вялікую крыўду, якую ён зрабіў нам і царскай зямлі, ды хай пакарае іх і ўсіх, хто ім дапамагае». І цар выбраў аднаго з прыяцеляў сваіх, Бакхіда, які спраўляў уладу за ракой, паважанага ў царстве і вернага цару. І яго паслаў цар разам з бязбожным Альцымам, якога паставіў святаром, і загадаў яму ўчыніць помсту сынам Ізраэля. І пайшлі яны, і прыбылі разам з вялікім войскам у зямлю Юды; і ён паслаў пасольства да Юды і да яго братоў, з прапановай супакою, але з падступнай. І яны не паверылі іх словам; убачылі бо, што яны прыбылі з вялікім войскам. І ў Альцыма і Бакхіда сабраўся сход кніжнікаў, каб параіцца, як справядліва дзейнічаць; і першыя з сыноў Ізраэля — асыдэйцы — стараліся супакой заключыць з імі. Казалі бо яны: «Разам з войскам прыйшоў святар з роду Аарона, і не павінен нас падмануць». І ён пагаварыў з імі словамі супакою і пакляўся ім, кажучы: «Не прычынім вам ліха, ані прыяцелям вашым». І паверылі яны яму. І ён схапіў шэсцьдзесят з іх і ў адзін дзень забіў іх паводле слоў Святога Пісання: «Целы Тваіх святых кінулі і кроў іх разлілі вакол Ерузаліма, і не было каму іх пахаваць». Ды ахапіў страх перад імі і боязь увесь народ, бо яны казалі: «Няма ў іх праўды і законнасці; бо зламалі клятву, якою кляліся, і дагавор». І Бакхід адступіў ад Ерузаліма і наблізіўся да Бэтсайды; і ён загадаў схапіць многіх з тых, якія ўцяклі ад яго, і некаторых паміж людзей забіў і ўкінуў у вялікі вадаём. І Бакхід даручыў край той Альцыму, і пакінуў з ім войска ў дапамогу яму, і вярнуўся ён да цара. І Альцым змагаўся за ўладу першасвятара; і да яго сышліся ўсе, якія прыгняталі народ свой, і авалодалі яны зямлёй Юды, і спрычынілі Ізраэлю вялікае гора. І Юда ўбачыў усё ліха, якога дапусціўся Альцым і яго прыхільнікі адносна сыноў Ізраэля, значна большае, чым пагане; ды абышоў вакол усе землі Юдэі, спаганяючы помсту на адступнікаў, так што яны не маглі перамяшчацца па краіне. А калі Альцым пераканаўся, што Юда і яго прыхільнікі набралі сілы, і зразумеў, што не можа ім супрацьстаяць, дык вярнуўся да цара і абвінаваціў іх у злачынствах. Тады цар паслаў Міканора, аднаго з выдатнейшых сваіх кіраўнікоў, які ненавідзеў Ізраэль і варожа адносіўся да яго; і загадаў яму знішчыць народ. Дык прыбыў Міканор у Ерузалім разам з вялікім войскам і паслаў да Юды і братоў яго пасольства, дзе ў супакойных словах, але падступна прапанаваў: «Хай між мною і вамі не будзе вайны; прыбуду з нямногімі ваярамі з супакоем, каб пазнаёміцца з вамі». І прыбыў да Юды, і ўзаемна па-сяброўску прывіталіся, і непрыяцелі прыгатаваліся, каб схапіць Юду. І Юда даведаўся, што ён падступна прыйшоў да яго, і спалохаўся яго, і болей не пажадаў бачыць аблічча яго. І Міканор здагадаўся, што намер яго раскрыты, ды выступіў супраць Юды ў бой каля Хафарсаламы; і з войска Міканора пала каля пяцісот ваяроў, а іншыя ўцяклі ў горад Давідаў. І па гэтых словах Міканор узышоў на гару Сіён, і некаторыя святары выйшлі са свяцілішчаў, каб мірна прывітаць яго і паказаць яму цэласпаленне, якое прыносілася за цара. І ён высмеяў іх з пагардай, і зняважыў іх, і гаварыў пыхліва, і пакляўся з абурэннем, кажучы: «Калі зараз не будзе выдадзены ў рукі мае Юда і войска яго, то спалю гэты дом, калі шчасліва вярнуся». Ды выйшаў з вялікаю злосцю. І святары ўвайшлі, і сталі перад ахвярнікам і перад святыняй, і, плачучы, маліліся: «Ты выбраў гэты дом, каб быў пасвячоны Імю Твайму і каб для Твайго народа быў домам мальбы і малітвы; даканай помсту над гэтым чалавекам і над войскам яго, каб палі ад меча; помні пра іх блюзнерствы і не дай ім жыць». І Міканор адышоў ад Ерузаліма і наблізіўся да Бэтарона; і далучылася да яго войска сірыйскае. І Юда наблізіўся да Гадасы разам з трохтысячным войскам. І Юда маліўся, кажучы: «Яны пасланы былі царом Сірыі; і калі блюзнілі, выйшаў анёл і знішчыў сярод іх сто восемдзесят пяць тысяч. Так сатры гэтае войска на віду ў нас сёння, і хай ведаюць іншыя, што страшна ён сказаў адносна Тваіх святынь, і асудзі яго па яго злачыннасці». І трынаццатага дня месяца Адар войскі пачалі бой; і войска Міканора было разбіта, і ён сам першы паў у баі, а калі яго войска ўбачыла, што Міканор забіты, кінула зброю ды ўцякло. І гналіся за імі дарогаю адзін дзень ад Гадасы, пакуль не прыйшлі ў Газару, і на трубах далі знак за імі. І з усіх умацаванняў вакол Юдэі выйшлі жыхары і акружылі іх, і яны павярнуліся супраць іх; і ўсе яны палі ад меча і не застаўся з іх аніводзін. І ўзялі яны здабычу іх і нарабаваныя рэчы, і галаву Міканора і яго правую руку, якую працягваў пыхліва, — адрэзалі і даставілі ў Ерузалім, і павесілі каля горада. І народ надта цешыўся; і дзень гэты святкавалі з вялікаю радасцю, і вырашылі святкаваць дзень гэты — трынаццаты дзень Адара — ва ўсе гады. І на нейкі час зямля Юды супакоілася.

І Юда даведаўся аб славе рымлян, што яны магутныя і моцныя, і спагадна прымаюць усіх, хто звяртаецца да іх, і хто прыходзіць да іх, з тымі завязваюць дружбу, і што яны надзвычайна дужыя. І расказвалі яму аб іх войнах і аб вялікіх подзвігах, якія паказалі ў Галаціі, як іх перамаглі і прымусілі плаціць даніну, і колькі зрабілі яны ў гішпанскай зямлі, каб завалодаць тамтэйшымі руднікамі срэбра і золата; і сваёй разумнасцю і цярплівасцю здабывалі кожны край, — хоць той край быў далёка ад іх, — і цароў, якія з канца свету выступалі супраць іх, аж пакуль іх не паразбівалі і не паразілі іх страшным паражэннем; іншыя ж плацілі ім штогод даніну; і цароў Кітымскіх, Піліпа і Персэя, а разам і тых, што супраць іх паднялі зброю, падчас вайны сцёрлі і падначалілі іх сваёй уладзе; і Антыёх Вялікі, цар Азіі, які ваяваў супраць іх, маючы сто дваццаць сланоў, і коннікаў, і калясніцы, і мноства войска, быў імі разбіты, і ўзялі яны яго ў няволю жывым, і прымусілі яго плаціць ім вялікую даніну; як яго самога, так і тых, якія будуць па ім цараваць; даваць заложнікаў і назначанае; і Індыю, і Мэдыю, і Лідыю, і частку найлепшых краёў іх узялі ад яго і аддалі цару Эўмэні; расказвалі і аб тым, як жыхары Элады пажадалі ісці, каб іх выгубіць, яны даведаліся пра гэта і паслалі да іх аднаго кіраўніка, і ваявалі з імі, так што паміж іх было многа забітых, і іх жонкі і дзеці былі ўзяты ў палон, і абрабавалі іх, і зямлю іх прысвоілі сабе; і развалілі іх умацаванні, і іх саміх аж да гэтага дня трымаюць у няволі; і кожнае іншае царства і кожны востраў, якія калісьці працівіліся ім, — знішчылі ды ўзялі сабе пад уладу; а з прыяцелямі сваімі і з саюзнікамі абыходзяцца па-сяброўску; і падначалілі цароў, якія блізка і далёка знаходзіліся; ды як толькі чулі імя іх, страх браў іх; а калі хацелі дапамагчы каму цараваць, той цараваў; а каго хацелі, скідвалі з пасада; і дайшлі яны да вялікай пыхлівасці. І пры ўсім гэтым ніхто не ўскладаў вянец ды ніхто не надзяваў пурпур, каб ганарыцца ім: і стварылі яны ў сябе раду і штодзень трыста дваццаць чалавек раіліся, разважаючы заўсёды пра народ: як дзейнічаць у супакоі; і штогод даручаюць толькі аднаму чалавеку валадарыць над імі і валадарыць над усёй сваёй зямлёй, і ўсе слухаюцца аднаго, і няма між імі зайздрасці і нянавісці. Ды Юда выбраў Эўпалема, сына Ёана, сына Акоса, і Язона, сына Элеазара, і паслаў іх у Рым, каб завязаць з імі сяброўства і саюз ды каб знялі з іх ярмо, бо ўбачылі яны, што царства грэкаў знявольвае Ізраэль. Ды накіраваліся ў Рым, — а дарога была вельмі далёкая, — і ўвайшлі ў курыю, і так прамовілі: «Юда Макабэй і браты яго і народ Юдэйскі паслалі нас да вас заключыць саюз з вамі, і супакой, і каб вы запісалі нас як сваіх саюзнікаў і прыяцеляў». І прамова гэта спадабалася ім. Дык вось змест ліста, які яны напісалі на бронзавых табліцах і паслалі ў Ерузалім, каб ён быў ім памяткай супакою і саюзу. «Хай добра будзе рымлянам і народу юдэйскаму на моры і на сушы вечна, і меч і вораг хай будуць далёка ад іх. Бо калі найперш рымлянам або якому-небудзь з іх саюзнікаў на ўсёй падуладнай ім тэрыторыі будзе пагражаць вайна, то народ юдэйскі павінен аказаць ім усім сэрцам дапамогу ў вайне, як запатрабуе ад іх час, і ваюючым ворагам хай не будуць даваць, ані дастаўляць хлеб, зброю, срэбра, караблі, як гэта спадабалася Рыму; і хай пільнуюць пастановы іх без аніякай адплаты. Падобна ж і калі народу юдэйскаму вайна будзе пагражаць перш, тады рымляне хай памогуць ад душы, наколькі час будзе дазваляць; ваюючым ворагам, як спадабалася Рыму, хай не будуць дастаўляць: збожжа, зброю, срэбра, караблі; і прыказанні гэтыя хай пільнуюць без хітрасці». Паводле гэтых рашэнняў рымляне так усталявалі свае адносіны з народам Юдэяў. Бо калі адны ці другія пасля гэтых рашэнняў захочуць штосьці дадаць або адняць, то будуць гэта рабіць па сваёй волі; і калі яны штосьці дададуць або аднімуць, — гэта будзе нязменным. І што да крыўд, зробленых ім царом Дэмэтрыем — напісалі мы яму гэтыя словы: “Чаму на нашых прыяцеляў, саюзнікаў юдэяў, узлажыў ты сваё ярмо? Дык калі яшчэ звернуцца да нас супраць цябе, тады ўчынім з імі суд і будзем ваяваць супраць цябе на моры і на сушы”».

І Дэмэтрый даведаўся, што Міканор і войска яго ў баі палі, ды зноў паслаў Бакхіда і Альцыма ў зямлю Юдэйскую і разам з імі правае крыло войска. І яны пайшлі дарогай, што вядзе ў Галгал і паставілі лагер каля Масалота ў Арбэлі, і здабылі яго, і многа людзей забілі. І ў першым месяцы сто пяцьдзесят другога года наблізіліся да Ерузаліма; і падняліся, і адправіліся ў Бэрот з дваццаццю тысячамі пешакоў і з дзвюма тысячамі коннікаў. І Юда паставіў лагер у Эласе з трыма тысячамі адборных ваяроў; і яны ўбачылі вялікую колькасць войска, бо многа іх было, і спалохаліся вельмі; і многа ўцякло з лагера, і засталося з іх не больш васьмісот ваяроў. І Юда ўбачыў, што войска яго разбеглася, а бой непазбежны, і ўстрывожылася яго сэрца, бо не меў часу, каб сабраць іх, і ахапіў яго смутак. І ён сказаў тым, што з ім заставаліся: «Устаньма і ўдарым па праціўніках нашых, можа, зможам ваяваць з імі». І яны адказвалі яму і сказалі: «Ніяк не зможам, аднак ратуйма толькі жыцці нашы, і вернемся з братамі нашымі, і будзем ваяваць з імі; нас жа так мала». І Юда сказаў: «Не выпадае так рабіць, уцякаць перад імі; і калі наш час надышоў, то і памром мужна за братоў нашых, і не прычынім шкоды нашай славе». І зняў войска з лагера, і сталі супраць іх; і конніца падзялілася на дзве часткі, і ўперадзе войска ішлі прашчнікі і лучнікі, і ў першым шэрагу былі найбольш адважныя. А Бакхід быў на правым крыле; і наблізіліся дружыны з абодвух бакоў, і трубілі ў трубы; і тыя, хто быў з боку Юды, таксама затрубілі ў трубы; і затрэслася зямля ад крыку войск; і разгарэлася бітва ад раніцы аж да вечара. І Юда заўважыў, што Бакхід і мацнейшая частка войска знаходзіліся на правым баку, і ўсе смельчакі сабраліся каля яго; і правае крыло было імі разбіта, і пераследаваў іх аж да гары Азот. І тыя, што былі на левым крыле, як убачылі, што правае крыло было разбіта, пайшлі ззаду услед за Юдам і яго ваярамі. І бой стаў яшчэ цяжэйшым, і многа было забітых на адным і другім баку; і Юда паў, забіты, і іншыя паўцякалі. І Ёната і Сімон забралі Юду, свайго брата, і пахавалі яго ў магіле сваіх бацькоў у Модзіне. І аплакалі яго, ды ўвесь народ Ізраэля вялікім плачам лямантаваў, і доўгі час насілі па ім жалобу, і сказалі: «Як мог пасці волат, які збавіў Ізраэльскі народ!» І іншыя дзеі Юды, і войны, і мужнасць, што ён учыніў, і веліч яго не былі запісаны, бо было іх надта многа. І сталася, што па смерці Юды на ўсіх прасторах Ізраэля падняліся ліхотнікі і з’явіліся ўсякія злачынцы. У тыя дні здарыўся надта вялікі голад, ды краіна разам з імі здалася. І Бакхід выбраў бязбожных людзей і паставіў іх правіцелямі краю; і яны вышуквалі і высочвалі прыяцеляў Юды, і вялі іх да Бакхіда, і ён помсціў ім і здзекаваўся над імі. І пачалося вялікае гора ў Ізраэлі, якога не было ад часу з’яўлення перад імі прарока. Ды сабраліся ўсе прыяцелі Юды і сказалі Ёнату: «Ад таго часу, як памёр брат твой Юда, няма падобнага да яго чалавека, які б выступіў супраць ворагаў ды супраць Бакхіда і тых, што з’яўляюцца ворагамі нашага народа; цяпер, сёння, выбіраем замест яго цябе, каб быў ты кіраўніком і правадыром нашым, каб прадаўжаць вайну нашу». І ў той час Ёната згадзіўся быць кіраўніком і заняў месца брата свайго, Юды. І калі Бакхід даведаўся пра гэта і шукаў яго, каб забіць, і Ёната і Сімон, брат яго, ды ўсе, што з ім былі, даведаліся аб гэтым і ўцяклі ў пустыню Тэкуэ і затрымаліся пры вадзе возера Асфар. І даведаўся аб гэтым Бакхід у суботу, і ён сам ды ўсё войска яго пераправіліся праз Ярдан. І Ёната выправіў брата свайго, кіраўніка над народам, і папрасіў набатэяў, прыяцеляў сваіх, каб далі яны ім запасы свае, што былі вялікія. І сыны Ямбры выйшлі з Мэдабы, і схапілі яны Ёана ды ўсё, што ён меў, і пайшлі з усім здабыткам. Па тых здарэннях паведамлена было Ёнату і Сімону, брату яго, што сыны Ямбры спраўляюць вялікае вяселле і што бяруць жонку з Надабата, дачку аднаго з вялікіх князёў Ханаана, усё з вялікай пышнасцю. Ды прыпомнілі яны кроў Ёана, брата свайго, і пайшлі яны, і схаваліся ў пячоры пад гарой; і паднялі вочы свае, і ўбачылі крыклівае і вялікае шэсце, і насустрач ім выйшаў жаніх, і прыяцелі яго, і браты яго з тымпанамі, і з музыкай, і са шматлікай зброяй. І яны выскачылі з засады да іх і іх забілі, і многія, параненыя, паўміралі; і астатнія ўцяклі ў горы, і пераможцы ўзялі ўсю іх здабычу. І вяселле перамянілася ў жалобу, і голас музыкаў іх — у лямантаванне. І адпомсцілі помстаю за кроў брата свайго, і вярнуліся да берага Ярдана. І пачуў пра гэта Бакхід, і ў дзень суботы прыбыў з вялікім войскам да берага Ярдана. І Ёната сказаў тым, што з ім былі: «Устанем і будзем ваяваць за свае жыцці; сёння бо не так, як учора і пазаўчора: Бо вось, вайна супраць нас, а вада Ярдана адтуль і адсюль, і балоты, і лес, і няма месца, дзе ўхіліцца. Дык прызывайце цяпер неба, каб маглі мы вызваліцца з рук ворагаў нашых» — і пачаўся бой. І Ёната выцягнуў руку сваю, каб забіць Бакхіда, і ён ухіліўся ад яго назад. І Ёната і тыя, што з ім былі, спусціліся за Ярдан і пераплылі на другі бераг, і тыя не паплылі за імі праз Ярдан. І ў той дзень з боку Бакхіда пала тысяча ваяроў. І яны вярнуліся ў Ерузалім. І пабудавалі яны ў Юдэі ўмацаваныя гарады, якія былі ў Ерыхоне, і ў Эмаусе, і ў Бэтароне, і ў Бэтэлі, і ў Тамнаце, і ў Паратоне, і ў Тэфоне — з высокімі мурамі, і брамамі ды засаўкамі; І пакінуў у іх варту, каб варожа адносілася да Ізраэля. І ўмацаваў горад Бэтсуру, і Газару, і крэпасць, і пакінуў у іх войска і запасы харчоў. І ўзяў у заложнікі сыноў князёў краю, і трымаў іх у крэпасці ў Ерузаліме пад вартай. І ў сто пяцьдзесят трэцім годзе ў другім месяцы загадаў Альцым разбурыць мур унутранага панадворка святыні і разбурыў тое, што прарокі будавалі. Ды пачаў разбураць. І ў той час Альцым быў паражоны, і спынілася яго работа; і анямелі яго вусны, і саслабеў, і больш не мог прагаварыць слова і распарадзіцца аб сваім доме; і памёр Альцым у той час у вялікіх муках. І Бакхід даведаўся пра смерць Альцыма, і вярнуўся да цара, і зямля Юды супакоілася на два гады. І ўсе злачынцы тады разважалі і казалі: «Вось, Ёната і яго прыхільнікі жывуць сабе ўпэўнена і спакойна; давай жа цяпер навядзем Бакхіда, і ён захопіць іх усіх у адну ноч». І пайшлі, і такую далі яму параду. І ён прыгатаваўся, і выбраўся ў дарогу з вялікім войскам, і, таючыся, паслаў лісты сваім прыхільнікам, якія жылі ў Юдэі, каб схапіць Ёнату і тых, якія з ім былі; і ім не ўдалося, бо паведамлена было яму пра іх намер. І схапілі яны каля пяцідзесяці чалавек пасярод тых людзей зямлі, якія былі кіраўнікамі злачынстваў, і забілі іх. І Ёната разам з Сімонам і з тымі, што яго трымаліся, адышоў у Бэтбасі, што ў пустыні; і адбудаваў руіны яго, і ўмацаваў яго. І аб гэтым даведаўся Бакхід, і сабраў усё войска сваё, і прызваў тых, што былі ў Юдэі; і падышоў, і паставіў лагер ля Бэтбасі, і асадзіў яго на доўгі час, і падрыхтаваў асадныя машыны. І Ёната пакінуў у горадзе свайго брата Сімона, і сам з малою колькасцю ваяроў выйшаў у край; і пабіў Адамэру і братоў яго, а таксама сыноў Фазірона ў палатках, і пачаў забіваць і ўзмацняцца сіламі. Сімон жа і яго ваяры выйшлі з горада і спалілі асадныя машыны, і ваявалі супраць Бакхіда і пабілі яго, і надта яго засмуцілі, таму што намеры яго і наступ яго былі марныя. І раззлаваўся ён у душы на людзей злачынных, якія далі яму параду пайсці ў тую краіну, і многіх з іх пазабівалі; і мелі вярнуцца ў сваю зямлю. І даведаўся пра гэта Ёната, і паслаў да яго легатаў заключыць супакой з ім і вярнуць яму палонных. І ён прыняў прапанову яго, і пакляўся, што больш не будзе чыніць яму зла праз усе дні яго жыцця; і вярнуў яму палонных, якіх яшчэ раней узяў з зямлі Юдэйскай, і павярнуўся, і пайшоў у сваю зямлю, і ўжо болей не прыходзіў у яго землі. І адступіў меч ад Ізраэля, і Ёната абжыўся ў Міхмасе, і Ёната там пачаў судзіць народ, і бязбожных выдаляў з Ізраэля.

І ў сто шасцідзесятым годзе пайшоў Аляксандр Эпіфан, сын Антыёха, і здабыў Пталемею; і яны прынялі яго, і ён там стаў царом. І пачуў пра гэта цар Дэмэтрый, і сабраў надта вялікае войска, і выступіў супраць яго ў бой. І Дэмэтрый паслаў ліст Ёнату ў словах супакою, хочучы яго ўзвялічыць. Бо сказаў ён: «Апярэдзім іх і заключым супакой з ім перш, чым ён заключыць яго з Аляксандрам супраць нас; бо ён памятае ўсе злачынствы, якіх мы дапусціліся адносна яго і брата яго і ў дачыненні да яго народа». І даў яму ўладу набіраць войска, і рыхтаваць зброю, і быць яго саюзнікам, і загадаў выдаць яму заложнікаў, што былі ў крэпасці. Ды Ёната прыбыў у Ерузалім і перачытаў лісты перад усім народам і тымі, што былі ў крэпасці; і яны спалохаліся надта, калі пачулі, што цар даў яму паўнамоцтвы сабраць войска. І тыя, што былі ў крэпасці, аддалі Ёнату заложнікаў, а ён аддаў іх бацькам іх. Ды абжыўся Ёната ў Ерузаліме, і пачаў адбудоўваць горад і аднаўляць яго; і тым, хто меў выконваць работы, загадаў адбудаваць муры і гару Сіён абнесці кругом мурам з абцясаных камянёў дзеля ўмацавання: так яны і зрабілі. І з умацаванняў, што пабудаваў Бакхід, чужынцы паўцякалі, і кожны пакінуў месца сваё, і пайшоў у сваю зямлю; толькі ў Бэтсуры засталіся некаторыя з тых, што адышлі ад закону і прыказанняў; бо было месца для сховішча. І цар Аляксандр даведаўся аб прырачэннях, якія Дэмэтрый зрабіў Ёнату, і расказалі яму пра баі і мужнасць, якую ён даканаў і браты яго, і пра цяжкасці, якія яны мелі. І ён сказаў: «Ці ж можам знайсці другога такога чалавека? І зараз зробім яго сабе прыяцелем і саюзнікам нашым». І напісаў і паслаў яму такога зместу ліст: «Цар Аляксандр брату Ёнату — прывітанне. Чулі мы пра цябе, што ты мужчына адважны і варты быць нашым прыяцелем; і сёння ставім цябе першасвятаром над народам тваім і будзеш называцца прыяцелем цара — і пасылае табе пурпур і вянец залаты, — у нашых справах будзь з намі ды захавай для нас сяброўства». І ў дзень свята палатак, у сто шасцідзесятым годзе, у сёмым месяцы, Ёната надзеў святыя шаты; і сабраў ён войска, і падрыхтаваў многа зброі. І Дэмэтрый даведаўся аб гэтых словах, і засмуціўся вельмі, і сказаў: «Чаму дапусціліся мы да таго, што Аляксандр апярэдзіў нас і завязаў сяброўства з юдэямі, і гэтым умацаваўся? Я таксама напішу да іх ліст заахвочвання, годнасці ды даравання, каб мне былі яны ў дапамогу». І паслаў ён ліст такога зместу: «Цар Дэмэтрый народу юдэяў — прывітанне. Ведаем і цешымся, што збераглі вы прымірэнне з намі, і вытрывалі ў сяброўстве з намі, не перайшлі да ворагаў нашых. Дык і далей трывайце і захавайце давер да нас, і адплоцім вам дабром за тое, што робіце нам, І даруем вам многа падаткаў, і дадзім вам падарункі. І цяпер дарую вам і вызваляю ўсіх юдэяў ад даніны і ад падатку, ад солі і ад вянечных; таксама ад трэцяй часткі збожжа, і ад палавіны пладоў з дрэў, якія мне належаць, — не буду іх спаганяць з зямлі Юдэйскай і з трох акруг, якія ад Самарыі і Галілеі былі да яе далучаны, — ад дня сённяшняга і назаўсёды; і Ерузалім з усёй сваёй акругай хай будзе святым і вольным ад дзесяцін і падаткаў. Адракаюся таксама ад валадарання над крэпасцю ў Ерузаліме, і аддаю яе першасвятару, каб памясціў у ёй тых людзей, каго сам выбера, каб пільнавалі яе. І вызваляю без аднагароды кожнага юдэя, які быў узяты ў палон з зямлі Юдэйскай у якою-небудзь частку майго царства, і хай усе яны будуць вызвалены таксама ад падаткаў на жывёлу сваю. І ўсе святочныя дні: і суботы, і дні новамесячныя, і дні, прадпісаныя законам, і тры дні перад святамі ды тры дні па святах — хай усе яны будуць днямі свабоднымі і вольнымі для ўсіх юдэяў, што знаходзяцца ў маім царстве; і ніхто не будзе мець права ў аніводнай справе прыціскаць каго з іх або папракаць. І паміж юдэяў каля трыццаці тысяч людзей хай бяруць у царскае войска і хай выплачваюць ім плату, як усім ваярам царскім. І паміж іх хай некаторыя будуць пастаўлены ў вялікіх умацаваннях цара, і некаторыя з іх хай будуць пастаўлены над справамі ў царстве, якія робяцца на даверы, і намеснікі іх, і кіраўнікі паміж іх хай будуць і хай робяць па сваіх законах, як загадаў цар у зямлі Юдэйскай. І тры акругі, якія даданы былі да Юдэі з самарыйскай зямлі, маюць быць злучаны з Юдэяй і падначальвацца толькі аднаму і каб ніякай другой уладзе не падлягалі, акрамя ўлады першасвятара. Пталемею і ваколіцы яе ахвярую святыні Ерузалімскай на пакрыццё выдаткаў на святыні. І я штогод даю пятнаццаць тысяч сікляў срэбра з царскіх збораў, з месцаў, належачых мне; і ўсё, што засталося, чаго намеснікі не выплацілі ад ранейшага часу, маюць выплаціць з гэтага на патрэбы дома. І звыш гэтага яшчэ пяць тысяч сікляў срэбра, якія кожны год браліся з даходаў святыні, — і гэта даруецца, бо яно належыць святарам, якія выконваюць службу. І кожны, хто схаваецца ў святыні ў Ерузаліме і ва ўсіх яго ваколіцах, таму што вінен нешта царскай скарбоўні, або вінаваты ў якой справе, вольны будзе ён сам ды ўся яго маёмасць у маім царстве. І расходы на пабудову або аднаўленне святыні будуць выдадзены са збораў цара; і на адбудаванне муроў Ерузаліма і на ўмацаванне іх вакол будуць выдзелены сродкі з даходаў царскіх, як і на адбудову муроў у Юдэі». Калі ж Ёната і народ даведаліся аб гэтых абяцаннях — не паверылі ім і не прынялі іх, прыпомнілі бо вялікія крыўды, якія ўчыніў у Ізраэлі і што прыціскаў іх моцна. І ім больш спадабаўся Аляксандр, бо ён для іх быў першы ў словах супакою, і на яго баку ваявалі яны ўвесь час. І цар Аляксандр сабраў вялікае войска і павёў лагер супраць Дэмэтрыя. І пачалі бой два цары, і войска Аляксандра ўцякло, і Дэмэтрый пераследаваў яго, і перамог іх; і вельмі настойліва прадаўжаў бой аж да самага заходу сонца, і паў у той дзень Дэмэтрый. І Аляксандр паслаў легатаў да Пталемея, цара Егіпта, з такімі словамі: «Таму што я вярнуўся ў сваё царства, і сеў на пасадзе маіх бацькоў ды ўзяў уладу, і знішчыў Дэмэтрыя, і завалодаў нашай краінай, і ўступіў у бой з ім, і ён быў знішчаны, і войска яго пабіта намі, і селі мы на пасадзе яго царства; і цяпер заключым сяброўства між сабою, і дай мне дачку сваю за жонку, і я буду зяцем тваім, і дам табе дары, вартыя цябе». І цар Пталемей адказаў так: «Шчаслівы дзень, у які ты вярнуўся ў зямлю сваіх бацькоў ды сеў на пасадзе іх царства! І зараз зраблю табе тое, пра што пішаш, але выйдзі да Пталемеі, каб пабачыцца нам адзін з адным, і каб стаў я табе цесцем, як ты сказаў». І адправіўся Пталемей і дачка яго Клеапатра з Егіпта, і прыбылі ў Пталемею ў сто шэсцьдзесят другім годзе. І сустрэў іх цар Аляксандр, і аддаў ён яму дачку Клеапатру, і ў Пталемеі справілі вяселле, як цары, з вялікаю пышнасцю. І цар Аляксандр напісаў Ёнату, каб прыбыў да яго. І ён з пышнасцю адправіўся ў Пталемею, і спаткаў там двух цароў, і даў ім многа срэбра, і золата, і дарункаў, і знайшоў ласку перад іх абліччам. Ды ліхотнікі з Ізраэля, людзі злачынныя, сабраліся разам супраць яго, каб яму перашкодзіць; цар, аднак, не звярнуў на іх увагі. І цар загадаў, каб Ёната зняў свае шаты ды каб яго апранулі ў пурпур; так і зрабілі. І пасадзіў цар яго каля сябе. І сказаў сваім кіраўнікам: «Ідзіце з ім па сярэдзіне горада і абвясціце, каб ніхто не шкодзіў яму ні ў якой справе і каб ніхто не рабіў яму прыкрасці ні ў якой справе». І сталася, што тыя, хто шкодзіў славе яго, пачулі, што аб’яўлялася, ды ўбачылі яго, апранутага ў пурпур, і ўсе паўцякалі. І цар узвялічыў яго, і залічыў яго да першых сваіх прыяцеляў, і назначыў яго кіраўніком і загадчыкам улады. І Ёната ў супакоі і з радасцю вярнуўся ў Ерузалім. У сто шэсцьдзесят пятым годзе Дэмэтрый, сын Дэмэтрыя, прыбыў з Крыта ў зямлю сваіх бацькоў; і даведаўся пра гэта цар Аляксандр, і засумаваў дужа, і вярнуўся ў Антыёхію. І Дэмэтрый цар назначыў Апалонія, які быў правіцелем Цэлесірыі, і сабраў вялікае войска; ды наблізіўся да Ямніі, і да першасвятара Ёнаты паслаў вестуноў са словамі: «Толькі ты адзін працівішся нам; а я выстаўлены дзеля цябе на пасмяянне і на ганьбу; і чаму ты сілу сваю супраць нас паказваеш у гарах? Ды цяпер, калі да войска свайго маеш давер, сыдзі да нас на раўніну, і тут мы памераемся адзін з адным сіламі, бо са мной войска з гарадоў. Запытайся і даведайся, хто я, і хто іншыя, што дапамагаюць мне, і яны кажуць: “Перад намі нага ваша ўстаяць не можа, бо бацькі твае вымушаны былі ўцякаць два разы на роднай зямлі”. І цяпер не зможаш стрымаць на раўніне, дзе няма ані каменя, ані скалы, ані месца, каб уцячы, такой конніцы і войска». Калі ж Ёната выслухаў гэтыя словы Апалонія, то абурыўся ў душы, і выбраў дзесяць тысяч ваяроў і выйшаў з Ерузаліма, і брат яго Сімон прыйшоў яму на дапамогу. І каля Ёпэ паставіў лагер, — і тыя, што былі ў горадзе, замкнуліся, бо ў Ёпэ была варта Апалонія, — і ўдарылі яго. І жыхары горада, напалоханыя, адчынілі яму, і Ёната авалодаў Ёпэ. І Апалоній даведаўся пра гэта, і сцягнуў тры тысячы коннікаў ды многа войска. І адправіўся на Азот, як быццам хацеў іх абмінуць, і раптам павярнуў на раўніну, таму што меў многа конніцы, быў упэўнены ў іх. І Ёната пагнаўся за ім да Азота, і ўступілі войскі ў бой. І Апалоній пакінуў за імі скрытна тысячу ваяроў. І Ёната заўважыў, што за ім засада; ды абкружылі яны лагер, і ад рання аж да вечара кідалі ў народ дзіды. І па загадзе Ёнаты войска яго стаяла і іх коні мучыліся. І Сімон перакінуў войска сваё ды ўдарыў на дружыну; бо коні ўжо змучаныя былі. Ды разбіты былі ім і ўцяклі, і коні разбегліся па раўніне, і яны пабеглі ў Азот, і прыйшлі да свайго ідала Бэт-Дагона, каб там уратавацца. І Ёната спаліў Азот і пасяленні, якія каля яго былі, і забраў здабычу іх, і спаліў храм Дагона разам з усімі, якія ўцяклі ў яго. І тых, што загінулі ад меча, разам са спаленымі, — было каля васьмі тысяч чалавек. І Ёната зняў адтуль лагер і наблізіўся да Аскалона, і жыхары горада выйшлі да яго з вялікай пашанай. І Ёната разам са сваімі ваярамі, маючымі вялікую здабычу, вярнуўся ў Ерузалім. І сталася, што Аляксандр, цар, даведаўся аб тых падзеях, і ўшанаваў Ёнату яшчэ больш, і прыслаў яму залатую засцежку, якую, па звычаю, даравалі толькі сваякам цара, і падараваў яму Акарон і ўсе яго ваколіцы ва ўладанне.

Цар Егіпта сабраў войска, як пясок на беразе мора, і шмат караблёў, і мусіў падступна завалодаць царствам Аляксандра ды далучыць яго да свайго царства. І ён прыбыў у Сірыю са словамі супакою, і адкрывалі яму гарады, і сустракалі яго, бо цар Аляксандр загадаў выходзіць яму насустрач, бо ён быў цесцем яго. Пталемей жа, як толькі ўваходзіў у горад, пакідаў варту вайсковую ў кожным горадзе. І калі ён прыбыў у Азот, паказалі яму спалены храм Дагона, і Азот, і ваколіцы яго разбураныя, і целы, выкінутыя і папаленыя, якія папаліў ён у вайне; бо склалі яны іх у кучы на дарозе, якою меў ён праходзіць. І расказалі цару аб тым, што зрабіў Ёната, каб яго зганіць; і цар маўчаў. І Ёната сустрэў цара ў Ёпэ пышна ды ўзаемна павіталіся і адпачывалі там. І Ёната правёў цара аж да ракі, якая называецца Элеўтэр, і вярнуўся ў Ерузалім. А цар Пталемей завалодаў прыбярэжнымі гарадамі аж да марской Сэлеўцыі, ды адносна Аляксандра меў ліхія намеры. І паслаў ён да Дэмэтрыя легатаў сказаць: «Прыбудзь, заключым супакой між сабой, і дам табе дачку сваю, якую мае Аляксандр, і будзеш валадарыць у царстве бацькі свайго; каюся бо, што аддаў яму дачку сваю, бо хацеў мяне забіць». І паклёп навёў на яго, таму што хацеў завалодаць яго царствам. І адабраў дачку сваю ды аддаў яе Дэмэтрыю, і стаў чужым Аляксандру, і выявілася варожасць між імі. І Пталемей увайшоў у Антыёхію і ўсклаў сабе на галаву два вянцы: Егіпта і Азіі. А цар Аляксандр у той час быў у Цыліцыі, таму што жыхары гэтых гарадоў паўсталі супраць яго; і Аляксандр даведаўся пра гэта, і выступіў супраць яго вайной. І Пталемей узяў войска, і сустрэў яго моцнаю рукой, і змусіў яго ўцякаць. І ўцёк Аляксандр у Арабію, каб там схавацца; цар жа Пталемей узвысіўся. І араб Забадзіэль адсек галаву Аляксандру і даставіў Пталемею. І на трэці дзень Пталемей цар памёр; і жыхары гарадоў пазабівалі тых, што былі ва ўмацаваннях. І ў сто шэсцьдзесят сёмым годзе Дэмэтрый стаў царом. У той час Ёната сабраў юдэяў, каб здабыць крэпасць у Ерузаліме; і прыгатавалі супраць яе асадныя машыны, прытым шмат. І знайшліся некаторыя здраднікі, якія ненавідзелі свой народ, і пайшлі да цара, і расказалі яму, што Ёната асадзіў крэпасць. І ён, пачуўшы, раззлаваўся, і адразу ж, як пачуў, падняў лагер, і прыбыў да Пталемеі, і напісаў Ёнату, каб не асаджаў крэпасць і каб паспяшаўся на перамовы з ім у Пталемею. А калі пачуў пра гэта Ёната, загадаў асадзіць крэпасць, і выбраў са старэйшын Ізраэля, і са святароў, і сам выставіў сябе на небяспеку, і ўзяў срэбра і золата, і адзенне, і шмат іншых дароў, і адправіўся да цара ў Пталемею, і знайшоў ласку ў яго. І некалькі здраднікаў са свайго народа вінавацілі яго. І цар абышоўся з ім, як абышліся з ім яго папярэднікі: і ўшанаваў яго на віду ўсіх сваіх прыяцеляў, і назначыў яму першасвятарства і іншыя рэчы — усё каштоўнае, што меў раней, і зрабіў яго кіраўніком першых прыяцеляў. І Ёната папрасіў цара, каб Юдэю, і тры акругі яе, і Самарыю вызваліў ад падаткаў, і паабяцаў яму трыста талентаў. І цар згадзіўся і напісаў Ёнату лісты аб усіх гэтых справах такога зместу: «Цар Дэмэтрый брату Ёнату і народу Юдэйскаму — прывітанне. Копію ліста, які напісалі мы адносна вас Ластэну, сваяку нашаму, пішам і вам, каб вы ведалі: “Цар Дэмэтрый Ластэну бацьку — прывітанне. Народу юдэйскаму, прыяцелям нашым, верна выконваючым тое, што справядліва адносна нас, мы рашылі спагадаць за іх добразычлівасць, якую яны нам аказваюць. Дык мы пакідаем ім тэрыторыю Юдэі і тры акругі: Афэрэму, і Ліду, і Раматаім, якія далучаны да Юдэі ад Самарыі, ды ўсе ваколіцы іх; усіх, якія ўскладаюць у Ерузаліме ахвяры, вызваляем ад царскіх падаткаў, якія цар ад іх дасюль збіраў штогод — з таго, што ўрадзілася на зямлі і на дрэвах; і ад гэтага часу зракаемся ўсяго таго, што нам належала з дзесяцін, і падаткаў, што тычыліся нас, і ад салёных азёр ды ад вянечных падаткаў, якія нам прыпадаюць, і нічога з гэтага хай не будзе зменена ад гэтай хвіліны і назаўсёды. Дык цяпер пастарайцеся зрабіць копію гэтых рашэнняў і ўручыць яе Ёнату, і павінен ён памясціць яе на святой гары на пачэсным месцы”». І калі цар Дэмэтрый убачыў, што перад абліччам яго ўсё супакоілася на зямлі і нішто яму не працівіцца, распусціў усё войска сваё, кожнага на сваё месца, апрача чужаземнага войска, якое наняў на астравах паганаў; і ўсе дружыны, якія служылі яшчэ пры яго бацьку, варожа адносіліся да яго. А Трыфан раней быў прыхільнікам Аляксандра, і заўважыў ён, што ўсе ваяры наракаюць на Дэмэтрыя, ды пайшоў да араба Імалькуэ, які гадаваў Антыёха, сына Аляксандра; ды прасіў яго, каб аддаў яго яму, каб ён валадарыў замест бацькі свайго. І расказаў яму, што зрабіў Дэмэтрый і аб варожасці войска яго да яго; і там прабыў доўгі час. І Ёната паслаў з просьбай да цара Дэмэтрыя, каб ён выдаліў тых, што былі ў крэпасці ў Ерузаліме, ды тых, што прабывалі ва ўмацаваннях, бо змагаліся яны супраць Ізраэля. І Дэмэтрый адпісаў Ёнату так: «Не толькі гэта зраблю табе і народу твайму, але ўслаўлю цябе славаю і народ твой, калі надыдзе нагода; дык цяпер добра зробіш, калі прышлеш на дапамогу мне ваяроў, бо адступіла ўсё войска маё». І паслаў яму Ёната тры тысячы ваяроў баявых у Антыёхію, і яны прыбылі да цара, і суцешыўся цар іх прыбыццём. І жыхары горада ў ліку каля ста дваццаці тысяч чалавек сабраліся і хацелі забіць цара; і цар схаваўся ў палацы, і жыхары горада апанавалі вуліцы горада і пачалі ваяваць. І цар прызваў на дапамогу юдэяў, і прыбылі яны ўсе разам да яго, і разышліся па горадзе, і ў той дзень забілі каля ста тысяч чалавек. І ў той дзень спалілі горад, і забралі многа здабычы, і вызвалілі цара. І калі жыхары горада пераканаліся, што гэта юдэі апанавалі горад, як хацелі, то палі духам і папрасілі цара: «Падай нам правую руку, і хай юдэі перастануць ваяваць супраць нас і супраць горада». Ды кінулі зброю сваю, і заключылі прымірэнне; і юдэі хадзілі ў славе перад царом і перад усімі, што былі ў яго царстве, і праславіліся ў царстве, і з вялікай здабычай вярнуліся ў Ерузалім. І цар Дэмэтрый сядзеў на пасадзе царства свайго, і запанаваў супакой на зямлі яго. І ён ашукаў ва ўсім, што сказаў, і стаў чужым адносна Ёнаты, і не аддаў яму за дабрадзействы, якія ад яго атрымаў, і надта дакучаў яму. Па гэтых падзеях Трыфан вярнуўся, маючы з сабой Антыёха, малога яшчэ хлапчука; і пачаў ён цараванне, і ўсклаў на галаву сабе вянец. І каля яго сабраліся ўсе ваяры, якіх адпусціў Дэмэтрый, і ваявалі супраць яго, і ён быў пабіты і ўцёк. І Трыфан узяў сланоў і здабыў Антыёхію. І малады яшчэ Антыёх напісаў Ёнату ліст такога зместу: «Стаўлю цябе першасвятаром і стаўлю цябе правіцелем над чатырма рэгіёнамі, каб быў ты прыяцелем цару». І паслаў яму залатыя пасудзіны і сталовыя пасудзіны, і даў яму права піць з залатых чараў, і хадзіць у пурпуры, і насіць залатую засцежку. І брата яго Сімона назначыў кіраўніком на тэрыторыі ад сходаў да Тыра аж да межаў Егіпта. І Ёната пайшоў у паход і пераправіўся на той бок ракі Ярдан, і прайшоў праз гарады, і ўсё сірыйскае войска далучылася да яго, каб яму дапамагаць; і прыбыў у Аскалон, і жыхары горада сустрэлі яго ўрачыста. І адтуль адправіўся ў Газу, і жыхары Газы замкнулі перад ім брамы; ды асадзіў ён яе, і спаліў тое, што было вакол горада, і ўзяў там здабычу. І жыхары Газы перапрасілі Ёнату, ды падаў ён ім правіцу, і як заложнікаў узяў сыноў іх кіраўнікоў, і паслаў іх у Ерузалім; і прайшоў праз усю зямлю аж да Дамаска. І Ёната даведаўся, што ў Кадэсе ў Галілеі знаходзяцца кіраўнікі Дэмэтрыя з вялікім войскам, жадаючыя пазбавіць яго ўлады; ды ён пайшоў супраць іх, а свайму брату Сімону загадаў заставацца ў краі. І Сімон асадзіў Бэтсуру, і доўгі час нападаў на яе ды асадзіў яе. І папрасілі яго, каб падаў ім правіцу, і падаў ім яе; і выгнаў іх адтуль, і апанаваў горад, і памясціў у ім варту. І Ёната са сваім лагерам наблізіўся да возера Гэнэзар, і на світанні пайшлі на раўніну Азор. І вось, раўнінай крочыла на яго чужынскае войска, і ў гарах нарыхтавалі на яго засаду; і яны ішлі прама на яго. І тыя, хто быў у засадзе, паўсталі з месцаў сваіх і распачалі бой. І тыя, што былі з боку Ёнаты, паўцякалі ўсе, і ніхто з іх не застаўся, апрача кіраўнікоў войска: Мататыі, сына Абсалома, і Юды, сына Хальфі. І Ёната раздзёр адзенне сваё, і галаву сваю пасыпаў попелам, і маліўся. І вярнуўся ён да іх у бой, і ён перамог іх, і яны ўцяклі. І тыя, што з боку яго ўцякалі, убачылі гэта, і вярнуліся да яго ды разам з ім пераследавалі іх да Кадэса, аж да іх лагера, і там размясціліся. І паміж чужынцаў загінула таго дня тры тысячы ваяроў, і Ёната вярнуўся ў Ерузалім.

І Ёната, бачачы, што час яму спрыяе, выбраў людзей і паслаў іх умацаваць Рым і ўзнавіць з імі сяброўства; і да спартанцаў і ў іншыя мясцовасці паслаў лісты такога ж зместу. І выбраліся ў Рым, і ўвайшлі ў сэнат, і сказалі: «Першасвятар Ёната і народ Юдэйскі паслалі нас узнавіць сяброўства і саюз з вамі, як раней». І ім далі яны лісты да мясцовых кіраўнікоў, каб адвялі іх у юдэйскую зямлю ў супакоі. І гэта копія лістоў, якія Ёната напісаў спартанцам: «Першасвятар Ёната, і старэйшыны народа, і святары, і астатні народ юдэйскі братам спартанцам — прывітанне. Ужо раней першасвятар Онія атрымаў ад вашага цара Арэя лісты, што вы з’яўляецеся нашымі братамі, як паказвае рэскрыпт, што быў уручаны. І Онія з пашанай прыняў вашага пасланніка; і прыняў лісты, у якіх выразна зазначалася аб саюзе і сяброўстве. Дык мы, хоць да гэтага не змушае ніякая патрэба, — маем уцеху ў святых кнігах, якія ў руках нашых, — паспрабавалі паслаць лісты да вас, каб узнавіць братэрства і сяброўства, каб часам не сталі мы вам чужымі; многа бо прайшло часу, як вы пісалі да нас. Такім чынам, мы заўсёды і бесперапынна ў святы і ў іншыя ўрачыстасці памятаем пра вас у час ахвяр, якія ўскладаем, і ў час маленняў, трэба бо і належыць помніць пра братоў. Таму цешымся з вашай славы. Мы ж акружаны многімі бедамі і многімі войнамі; і нападалі на нас цары, што вакол нас. Такім чынам, у гэтых войнах не захацелі мы вас турбаваць, ані іншых саюзнікаў, ані прыяцеляў нашых; бо маем мы дапамогу з неба, якая нам дапамагае, і вызваліліся мы ад непрыяцеляў нашых, і былі ўпакораны непрыяцелі нашыя. Такім чынам, выбралі мы Нумэнія, сына Антыёха, і Антыпатра, сына Язона, дый паслалі іх да рымлян, каб узнавіць сяброўства з імі і папярэдні саюз; даручылі мы ім таксама, каб наведалі вас і прывіталі вас, ды аддалі вам нашы лісты аб узнаўленні саюзу і братэрстве нашым. І зараз добра зробіце, калі на гэта дасцё нам адказ». І вось копія лістоў, якія паслалі Онію: «Арэй, цар спартанцаў, першасвятару Онію — прывітанне. У адным запісе, які тычыцца спартанцаў і юдэяў, было знойдзена, што яны браты і што паходзяць з роду Абрагама. І цяпер, калі гэта ведаем, добра зробіце, калі напішаце нам аб вашым дабрабыце. Але і мы вам дадзім адказ. Жывёла ваша і маёмасць ваша — нашы; і што наша — гэта ваша. Дык даручаем, каб паведамілі вам аб усім гэтым». І Ёната даведаўся, што кіраўнікі Дэмэтрыя з яшчэ большым, чым раней, войскам накіраваліся, каб ваяваць супраць яго. Ды і ён пайшоў з Ерузаліма і сустрэў іх у ваколіцы Аматыт; бо не даў ім магчымасці ўвайсці на сваю тэрыторыю. І ў іх лагер паслаў разведчыкаў, і яны вярнуліся з весткаю яму, што яны рыхтуюцца да нападу на іх ноччу. Калі ж зайшло сонца, Ёната загадаў сваім ваярам пільнаваць ды каб усю ноч былі ў зброі, гатовыя да бою; і паставіў вакол лагера варту. І праціўнікі даведаліся, што Ёната са сваімі гатовы да бою, і спалохаліся, і паддаліся сумніву ў сваіх сэрцах, і распалілі вогнішча ў сваім лагеры. А Ёната і яго ваяры не заўважылі адыходу аж да раніцы, бо бачылі святло, што палала. І Ёната пачаў гнацца за імі, і іх не дагнаў; бо перайшлі яны на другі бок ракі Элеўтэр. І Ёната павярнуў на арабаў, званых забадэйцамі, і перамог іх, і ўзяў здабычу іх. І выбраўся, і накіраваўся ў Дамаск, і прайшоў увесь той край. Сімон жа выйшаў, і прыйшоў аж да Аскалона і бліжэйшых умацаванняў, і збочыў у Ёпэ, і здабыў яго; бо пачуў, што ўмацаванне хочуць аддаць прыхільнікам Дэмэтрыя, і пакінуў там варту, каб бераглі яго. І вярнуўся Ёната, і склікаў старэйшын народа, і параіўся з імі, як пабудаваць умацаванні ў Юдэі, і падняць вышэй муры Ерузаліма ды паміж крэпасцю і горадам паставіць надта высокі мур, аддзяляючы крэпасць ад горада, каб ён быў у поўным адасабленні, каб яго жыхары не маглі ані купляць, ані прадаваць. І сабраліся, каб адбудаваць горад; і распалася частка мура з усходняга боку каля ручая, і ён адбудаваў так званую Хафэнату. І Сімон пабудаваў Адзіду ў Сэфэлі, і ўмацаваў ды забяспечыў брамамі і запорамі. І Трыфан задумаў быць царом Азіі ды ўскласці сабе на галаву вянец, і руку падняць на цара Антыёха. І баяўся, што Ёната можа не дапусціць яго да гэтага і можа ваяваць супраць яго, ды шукаў магчымасці злавіць яго і забіць, ды сабраўся і адправіўся ў Бэтсан. І Ёната з сарака тысячамі адборных ваяроў пайшоў на яго ў бой і прыбыў у Бэтсан. І Трыфан разведаў, што ён прыбыў з вялікім войскам, ды забаяўся падняць на яго руку, і прыняў яго пышна, і выйшаў насустрач яму з усімі сваімі прыяцелямі, і даў яму дары, і сваім ваярам загадаў быць паслухмянымі таму, як яму самому. І Ёнаце сказаў: «Чаму ты патурбаваў усіх людзей? Нам жа вайна не пагражае. І зараз адпраў іх дамоў. А выберы сабе некалькі ваяроў, каб былі з табой, і пойдзеш са мною ў Пталемею, і яе аддам табе, і іншыя крэпасці, і астатняе войска ды ўсіх наглядчыкаў за справамі, і вярнуся да сябе, з гэтаю бо толькі мэтаю прыбыў я сюды». І паверыў яму Ёната ды зрабіў так, як ён сказаў, і адаслаў войска, і яны адышлі ў Юдэйскую зямлю. Пакінуў жа пры сабе тры тысячы ваяроў, і з іх дзве тысячы пакінуў у Галілеі, а тысяча пайшла з ім. А калі толькі Ёната ўвайшоў у Пталемею, жыхары Пталемеі пазачынялі брамы ды схапілі яго; і ўсіх, хто ўвайшоў з ім, пазабівалі мечам. І Трыфан паслаў войска і конніцу ў Галілею і на вялікую раўніну, каб знішчыць усіх прыхільнікаў Ёнаты. Тыя ж, калі зразумелі, што Ёната і ўсе сябры яго ўвязнены і забіты, заахвоцілі адны адных і, сабраўшыся ў адно, выступілі, гатовыя да бою. І тыя, хто пераследаваў, убачыўшы, што размова ідзе аб іх жыцці, адступілі; а яны ўсе бяспечна дайшлі да Юдэйскай зямлі, і плакалі па Ёнаце і яго сябрах, і былі ў вялікім страху; і ўвесь Ізраэль падняў вялікі лямант. І ўсе суседнія народы стараліся знішчыць іх; казалі бо яны: «Не маюць правадыра і ўспаможцы, дык цяпер нападзём на іх і сатром памяць аб іх у людзей».

І Сімон пачуў, што Трыфан сабраў многа войска, каб пайсці ў Юдэйскую зямлю і спустошыць яе. Бачачы, што народ у страху і трымценні, пайшоў ён у Ерузалім, і склікаў народ, і падбадзёрыў яго, і казаў ім: «Вы ведаеце, колькі я, і браты мае, і дом бацькі майго зрабілі баёў дзеля законаў і дзеля святыні і якія мы мелі беды. Дзеля гэтага, дзеля Ізраэля, загінулі ўсе браты мае, і застаўся толькі я адзін. І цяпер, калі настаў час трывогі, не выпадае мне шкадаваць свайго жыцця, бо не лепшы я за братоў маіх. Наадварот — буду помсціць за народ свой, і за святыню, і таксама за жонак і дзяцей вашых, усе бо народы сабраліся, звязаныя нянавісцю, каб знішчыць нас». І адразу ж, як народ пачуў гэтыя словы, паднялася ў ім адвага, і адказалі ў адзін магутны голас, кажучы: «Ты наш правадыр на месцы Юды і Ёнаты, брата твайго! Ваюй за нашу справу, і ўсё, што загадаеш нам, — выканаем». І сабраў ён усіх людзей баявых, і паспяшаўся завяршыць адбудову ўсіх муроў Ерузаліма і наўкруг яго ўмацаваў. І паслаў Ёнату, сына Абсалома, і з ім вялікае войска ў Ёпэ, і ён, выкінуўшы тых, што ў ім былі, застаўся там, у ім. І Трыфан з вялікім войскам адправіўся з Пталемеі ў Юдэйскую зямлю, і Ёната быў з ім як вязень. Сімон жа наблізіўся да Адзіды з боку раўніны. І калі Трыфан даведаўся, што Сімон стаў на месца свайго брата Ёнаты і што маніцца ваяваць з ім, паслаў да яго вестуноў, кажучы: «Затрымалі мы брата твайго Ёнату за срэбра, што ён вінен быў скарбоўні цара дзеля спраў, якія ён меў; ды прышлі цяпер сто талентаў срэбра і двух сыноў яго, як заложнікаў, каб ён, адпушчаны, не ўцёк ад нас, і мы адпусцім яго». І Сімон даведаўся, што падступна яны з ім гавораць, але паслаў аддаць срэбра і хлапчукоў, каб сярод людзей не выклікаць нянавісці да сябе, бо казалі б: «Загінуў таму, што не паслаў яму срэбра і хлопцаў». Ды паслаў хлопцаў і сто талентаў; і ён падмануў і не адпусціў Ёнату, і затым Трыфан пайшоў, каб уварвацца ў краіну, каб спустошыць яе, і акружылі яе ўздоўж дарогі, што ідзе ў Адору. І Сімон са сваім войскам пераймалі яго ў кожным месцы, куды яны ішлі. А тыя, што былі ў крэпасці, паслалі да Трыфана вестуноў, каб прымусіць яго прыйсці да іх праз пустыню і даставіць ім правіянт. І Трыфан падрыхтаваў усю сваю конніцу ў дарогу; і ў тую ноч выпала надта многа снегу, і ён не прыбыў дзеля снегу, ды завярнуў і прыбыў у Галаад. І калі набліжаўся да Баскама, забіў Ёнату, і там ён быў пахаваны; і павярнуў Трыфан і накіраваўся ў сваю зямлю. І Сімон паслаў людзей, і забраў косці Ёнаты, брата свайго, і пахаваў яго ў Модзіне, горадзе яго бацькоў. Ды аплаквалі яго ўсе ізраэльцы з вялікім жалем і насілі па ім жалобу доўгі час. І Сімон на магіле свайго бацькі і сваіх братоў паставіў надта вялікі помнік і ўзвысіў яго так, што здалёку можна было яго бачыць, ззаду і спераду абкладзены вычасанымі камянямі; і паставіў сем пірамід, адну з адной побач: для бацькі, для маці і для чатырох братоў. І зрабіў дзеля іх упрыгожанні, паставіўшы вакол высокія калоны, і на калонах на вечную памяць памясціў зброю, і побач са зброяй — павыдзёўбваныя караблі, так што маглі іх пабачыць усе, што будуць плысці па моры. Гэты помнік, зроблены і пастаўлены ў Модзіне, стаіць па гэты дзень. А Трыфан, скарыстаўся доступам да маладога цара Антыёха, і яго забіў; на яго месцы цараваў ды ўсклаў сабе на галаву вянец Азіі, і для краіны спрычыніў вялікае гора. І Сімон пабудаваў у Юдэі крэпасці, умацоўваючы іх вялікімі вежамі і высокімі мурамі, і брамамі, і запорамі; і ў крэпасцях размясціў правіянт. І Сімон падабраў людзей і паслаў іх да цара Дэмэтрыя, каб даў палягчэнне краю, бо дзейнасць Трыфана была рабункам. І цар Дэмэтрый на гэта даў яму адказ і напісаў такі ліст: «Цар Дэмэтрый першасвятару Сімону, прыяцелю цара, старэйшынам і народу юдэйскаму — прывітанне. Атрымалі мы залаты вянец і пальмавую галіну, якія вы прыслалі; і мы гатовыя заключыць з вамі поўны супакой, а таксама напісаць да намеснікаў цара, каб не бралі з вас падаткаў, якія мы даравалі. Бо ўсё, што мы рашылі адносна вас, застаецца; крэпасці, якія вы пабудавалі, хай вам належаць. Прабачаем вам таксама няведанне і грахі аж да сённяшняга дня і вянечны падатак, які вы былі вінаваты; і калі яшчэ ў Ерузаліме ёсць нейкія незаплачаныя падаткі, хай не будуць плачаны. І калі знойдуцца сярод вас здатныя быць упісанымі ў лік наш, хай запісваюцца, і між намі хай будзе супакой». У сто сямідзесятым годзе ярмо паганаў было знята з Ізраэля. І народ на дакументах стаў пісаць: «У першым годзе Сімона — вялікага першасвятара і правіцеля юдэяў». У гэты час Сімон наблізіўся да Газары і абкружыў яе войскам, і зрабіў асадную машыну, і падвёў пад горад, і ў адной вежы зрабіў вылам, і завалодаў ёю. І якія былі ўнутры машыны, уварваліся ў горад; і ў горадзе сталася страшэннае замяшанне. І жыхары горада разам са сваімі жонкамі і дзецьмі ўзышлі на мур, разадраўшы адзенне сваё, і загаласілі, і ўмалялі Сімона, каб падаў ім правую руку, і сказалі яны: «Не аддавай нам паводле нашых злачынстваў, але па сваёй міласэрнасці». І згадзіўся з імі Сімон, і не ваяваў ужо супраць іх; аднак выгнаў іх з горада ды ачысціў дамы, у якіх знаходзіліся ідалы, і тады толькі ўвайшоў туды, спяваючы і дабраслаўляючы. І выкінуў з яго ўсякую нячыстасць, і пасяліў там людзей, якія трымаліся закону, і ўмацаваў горад, і пабудаваў сабе жытло. Тым жа, што былі ў крэпасці ў Ерузаліме, забаранялася выходзіць і ўваходзіць у край, і купляць, і прадаваць; ды яны надта галадалі ды многія з іх ад голаду пагінулі. І папрасілі Сімона, каб падаў ім правіцу, дык падаў ім, і іх выгнаў адтуль, і крэпасць ачысціў ад усякае нячыстасці. І ўвайшлі ў яго ў дваццаць трэці дзень другога месяца сто семдзесят першага года, з песнямі і з пальмавымі галінкамі, і з кімваламі, і з арфамі, і з гімнамі ды песнямі, бо вялікі непрыяцель быў выкінуты спаміж Ізраэля. І Сімон рашыў, што гэты дзень будуць святкаваць штогод з радасцю. І ўмацаваў гару святыні, што была каля крэпасці, ды абжыўся там са сваімі людзьмі. І Сімон пераканаўся, што яго сын Ёан ужо сталы мужчына, і ўсклаў на яго правадырства над усім войскам; і абжыўся ён у Газары.

У сто семдзесят другім годзе цар Дэмэтрый сабраў сваё войска і накіраваўся ў Мідыю, каб атрымаць дапамогу ў вайне з Трыфанам. І Арсак, цар Персіі і Мідыі, даведаўся, што Дэмэтрый увайшоў на яго тэрыторыю, і паслаў аднаго са сваіх кіраўнікоў, каб схапіць яго жывым. І ён пайшоў, і разбіў войска Дэмэтрыя, і схапіў яго, і прывёў яго да Арсака, і той пасадзіў яго ў вязніцу. І ва ўсе дні Сімона ў зямлі Юдэйскай жылі спакойна; і ён рупіўся пра дабрабыт для свайго народа; і яго валадаранне спадабалася ім, і слава яго ва ўсе дні. І з поўнаю славаю сваёй узяў Ёпэ дзеля прыстані і адкрыў доступ да марскіх астравоў. І ён пашырыў межы народа свайго і завалодаў краем. І ён сабраў мноства палонных і заваладарыў над Газарай, і Бэтсурай, і крэпасцю; і выкінуў нячыстасці з іх, ды ніхто не мог яму супрацівіцца. І кожны абрабляў зямлю сваю спакойна; і зямля прыносіла належны плён, і дрэвы на палях — сваю садавіну. Старцы сядзелі на вуліцах, усе размаўлялі аб дабрабыце грамадскім, і юнакі апраналіся ў славу і ваенную зброю. І гарадам раздаваў ён правіянт, і ўладкоўваў іх, каб былі ўзорнымі крэпасцямі, дакуль будзе ўпамінацца Яго слаўнае імя аж на краю зямлі. Устанавіў супакой на зямлі, і вельмі радуецца Ізраэль. І кожны сядзіць пад вінаградным кустом сваім і пад фігавым дрэвам. Не стала на зямлі нападаючага на іх, у тыя дні цары былі знішчаны. І ён успамог усім бедным у народзе сваім, і ён спаганяў закон і выдаліў усякую няправасць і ліха. Ён уславіў святыню і павялічыў святыя пасудзіны. І ў Рыме даведаліся, што памёр Ёната; ды надта засумавалі — аж да спартанцаў. Але калі пачулі, што на яго месца першасвятаром быў выбраны брат яго Сімон, ды што ён гаспадарыць над краем і гарадамі, што ў ім пабудаваны, напісалі яму ліст на медных табліцах, што хочуць з ім аднавіць сяброўства і саюз, які быў заключаны з яго братамі: Юдам і Ёнатам; і прачытаны былі яны перад сходам у Ерузаліме. І вось копія лістоў, якія прыслалі спартанцы: «Правіцель спартанцаў разам з горадам — першасвятару Сімону, і старэйшынам, і святарам, і астатняму народу Юдэйскаму, сваім братам, — прывітанне. Вестуны, якія былі пасланы да нашага народа, расказалі нам аб вашай славе і пашане, і ўзрадаваліся мы з іх прыбыцця, і тое, што яны сказалі, мы запісалі ў рашэннях народа так: “Вестуны юдэйскія: Нумэній, сын Антыёха, ды Антыпатр, сын Язона, прыбылі да нас, каб узнавіць сяброўства. І народ рашыў, што вестуноў трэба прыняць урачыста, а копію таго, што яны скажуць, памясціць у кнігах, прызначаных для народа, каб народ спартанцаў бярог памяць аб іх. Копія ж іх зроблена для першасвятара Сімона”. Па гэтым жа паслаў Сімон Нумэнія ў Рым з вялікім залатым шчытом вагою ў тысячу мінаў, каб заключыць з імі саюз. Калі ж пачуў аб гэтым народ, то сказаў: “Якім чынам аддзячым мы Сімону і яго сынам? Ён сам, і браты яго, і дом бацькі яго змаглі выгнаць ворагаў Ізраэля паміж іх; ды яны далі яму свабоду”. Дык апісалі яны на медных табліцах ды памясцілі ў надпісах на гары Сіён. І вось копія надпісу: “У васемнаццаты дзень месяца Элул, у сто семдзесят другім годзе, у трэцім годзе вялікага першасвятара Сімона, у Азарамэлі, на вялікім сходзе святароў, і народа, і князёў народа, і старэйшын краю паведамлена нам вось што: што адбыліся многія баі ў краі, а Сімон, сын Мататыі, сын з сыноў Ёарыба, поруч браты яго выставілі сябе на небяспеку і далі адпор ворагам народа свайго, каб зберагчы святыні свае і закон; і праславілі яны свой народ вялікаю славай. І Ёната сабраў свой народ, і стаў ім першасвятаром, і быў далучаны да народа свайго. І іх ворагі захацелі ўварвацца ў іх край, каб знішчыць яго і працягнуць рукі да святынь іх, тады выступіў Сімон і ваяваў у абароне свайго народа, і аддаў вялікія грошы, і ўзброіў ваяроў войска свайго народа, і выплаціў ім жалаванне. І ён умацаваў юдэйскія гарады, а таксама Бэтсуру, што была на межах Юдэі, дзе раней было войска ворагаў, і памясціў там варту з юдэйскіх ваяроў; Умацаваў таксама Ёпэ, што была над морам, і Газару, што на межах Азота, дзе раней пражывалі непрыяцелі, і ён пасяліў там юдэяў ды даў ім усё, што было патрэбнае да дабрабыту іх. І народ убачыў веру Сімона і славу, якую думаў здабыць свайму народу; і паставілі яго сваім правіцелем і першасвятаром, бо ўсё гэта ён зрабіў: і справядлівасць, і веру, якую збярог у сваім народзе, і ўсякім чынам стараўся ўзвысіць свой народ. І ў яго дні яго рукамі ўдалося выгнаць паганаў з іх краю ды тых, што пражывалі ў горадзе Давідавым, у Ерузаліме, якія пабудавалі сабе крэпасць, з якой рабілі напады і ўсе святыні кругом паганілі, і гэтым рабілі вялікія шкоды яе чысціні; і памясціў у ім юдэяў ваяроў ды ўмацаваў яго болей, каб быў абаронай для краю і для горада, і павысіў муры Ерузаліма. І цар Дэмэтрый за гэта даў яму першасвятарства і паставіў яго сваім прыяцелем, і ўшанаваў яго вялікаю славай. Пачуў бо, што рымляне называюць юдэяў прыяцелямі і саюзнікамі ды братамі, і што пасланнікаў Сімона прынялі з гонарам, і што юдэі і святары згадзіліся, каб Сімон быў у іх правадыром і першасвятаром навек, пакуль не з’явіўся здавераны прарок, і каб ён быў ім ваенным кіраўніком і каб меў клопат аб святынях, каб праз яго ён вызначаў наглядчыкаў за ўсімі работамі, і за краем, і за войскам ды за крэпасцямі; і каб рупіўся аб святынях, і каб яго слухалі; і каб яго імем пісаліся ўсе дамоўленасці ў краі, ды каб апранаўся ў пурпур і золата; і каб нельга было нікому з народа ані паміж святароў адмаўляць штосьці з гэтага і працівіцца яго пастановам, або без яго самога склікаць сход у краі і апранацца ў пурпур, ані карыстацца залатой засцежкай; а кожны, хто зробіць штосьці супраць гэтага або зменіць штосьці з гэтага, — будзе пакараны”». І ўвесь народ згадзіўся падпарадкавацца Сімону і дзейнічаць па яго загадах. І Сімон прыняў гэта і згадзіўся быць першасвятаром і кіраўніком ды правіцелем народа юдэяў і святароў ды першынстваваць над усім. І вырашылі зрабіць гэты надпіс на медных табліцах і паставіць іх на кальцавой сцяне святыні на бачным месцы; копію ж тых рашэнняў пакласці ў скарбоўню, каб Сімон і яго сыны мелі іх пад рукой.

Антыёх, сын цара Дэмэтрыя, — паслаў лісты з марскіх астравоў Сімону, святару і правіцелю ўсяго народа юдэйскага, і ўсяму народу, і былі яны такога зместу: «Цар Антыёх — Сімону, першасвятару і правіцелю народа, і народу юдэйскаму — прывітанне. Так, як злачынцы, некаторыя завалодалі царствам нашых бацькоў, а я хачу завалодаць царствам, каб вярнуць яго да ранейшага становішча, то і сабраў я многа войска, і падрыхтаваў ваенныя караблі. Хачу ж прайсці па тэрыторыі, каб пакараць тых, якія знішчылі наш край і шмат гарадоў майго царства зраўнавалі з зямлёй. Дык цяпер пацвярджаю табе ўсе падаткі, ад якіх вызвалілі цябе цары да мяне, і ўсе іншыя даніны, ад якіх звольнілі цябе. І дазваляю табе чаканіць сваю ўласную манету ў тваім краі; а Ерузалім і святыня хай будуць свабодныя, і ўся зброя, што ты зрабіў, і крэпасці, якія пабудаваў і якімі валодаеш, хай застаюцца пры табе; і ўсякі доўг царскі ды будучыя царскія даўгі ад цяпер і назаўсёды хай будуць адпускацца табе. Калі ж авалодаем царствам нашым, ушануем цябе, і твой народ, і святыню вялікай славай, каб ваша слава выявілася ўсяму свету». У сто семдзесят чацвёртым годзе накіраваўся Антыёх у зямлю сваіх бацькоў, а ўсе ваяры перайшлі да яго, так што нямногія засталіся пры Трыфане. І Антыёх пагнаўся за ім, і ён, уцякаючы, прыбыў у Дору, што знаходзіцца каля мора; бо ведаў ён, што нахлынула гора на яго і што войска пакінула яго. І Антыёх наблізіўся да Доры са ста дваццаццю тысячамі ваяроў і васьмю тысячамі коннікаў, абкружыў горад, і караблі падышлі з мора, і сціскаў горад з сушы і з мора, і нікому не дазваляў уваходзіць, ані выходзіць. А вярнуўся з Рыма Нумэній і тыя, што з ім былі, маючы лісты, напісаныя да цароў і да краёў, у якіх было напісана вось што: «Консул рымскі, Люцый, цару Пталемею — прывітанне. Прыбылі да нас пасланнікі юдэйскія, нашыя прыяцелі і саюзнікі, пасланыя першасвятаром Сімонам і народам Юдэйскім, каб аднавіць ранейшае сяброўства і саюз. Прынеслі ж яны залаты шчыт у тысячу мінаў вагі. Ды рашылі мы напісаць ліст царам і краям, каб не спрычынялі ім крыўды і каб не ваявалі супраць іх, супраць іх гарадоў, ані супраць іх краю, ды каб не дапамагалі тым, хто з імі ваюе. Рашылі ж мы прыняць ад іх шчыт. Дык калі нейкія злачынцы ўцякуць з іх краю да вас, то аддайце іх першасвятару Сімону, каб іх пакараў па сваім законе». Тое ж самае напісаў цару Дэмэтрыю, і Аталу, і Ар’ярату, і Арсаку, ды ўсім краям: і Сампсацы, і Спартанцам, і Дэласу, і Мінду, і Сіцыёну, і Карыіду, і Самосу, і ў Памфіліі, і ў Ліцыю, і Галікарнасу, і Родасу, і Фасілідзе, і Косу, і Араду, і Гарцыне, і Кніду, і Сідзе, і Кіпру, і Цырэне. А копію гэтых лістоў напісалі першасвятару Сімону і народу Юдэйскаму. Цар Антыёх на другі дзень асадзіў войска Доры, адпраўляючы туды новыя сілы, ды будуючы машыны, ды замкнуў Трыфана, каб ён не выйшаў і не ўвайшоў. І Сімон паслаў яму дзве тысячы адборных ваяроў на дапамогу, і срэбра, і золата, ды многа пасудзін. І ён не захацеў прыняць гэта, але знішчыў усё, аб чым дамовіўся з ім раней, і стаў чужым яму. І паслаў да яго Атэнобія, аднаго з прыяцеляў сваіх, каб перагаварыць з ім ды сказаць: «Вы трымаеце Ёпэ і Газару ды крэпасць, што ў Ерузаліме, гарады майго царства; вы спустошылі землі іх, і прынеслі вялікае гора для зямлі, і сталі гаспадарамі ў многіх месцах у маім царстве. Дык цяпер аддайце гарады, якія вы занялі, ды падаткі з тых мясцовасцей, у якіх вы гаспадарыце па-за межамі Юдэі; калі ж не, то заплаціце за іх пяцьсот талентаў срэбра, і за спусташэнне, якое вы зрабілі, і за падаткі ад гарадоў — другія пяцьсот талентаў; а калі не, то прыйдзем і знішчым вас». І прыяцель цара Антэнобій прыбыў у Ерузалім, і ўбачыў славу Сімона, і бляск золата, і срэбра, і шматлікія пасудзіны і паслугу, аслупянеў, і выказаў яму патрабаванні цара. І ў адказ сказаў яму Сімон: «Не занялі мы чужой зямлі ані прысвоілі сабе чужой маёмасці, але спадчыну нашых бацькоў, якая несправядліва была забрана калісьці нашымі ворагамі. Мы ж, маючы час, вярнулі сабе спадчыну нашых бацькоў; што да Ёпэ і Газары, якіх ты патрабуеш, то яны прыносілі вялікую шкоду народу нашаму: за іх дадзім сто талентаў». І той не сказаў яму аніводнага слова. З вялікаю ж злосцю вярнуўся да цара, і перадаў яму гэты адказ, і расказаў яму пра славу Сімона і пра ўсё, што ён убачыў; і цар разгневаўся страшна. Трыфан жа дабраўся да карабля і ўцёк у Артозію. І цар назначыў Цэндэбэя марскім кіраўніком, і аддаў пад яго кіраўніцтва пешых і коннікаў; і загадаў яму накіраваць войска супраць Юдэі, і загадаў яму пабудаваць Цэдрон, і ўмацаваць брамы горада, і ваяваць супраць народа. Цар жа пераследаваў Трыфана. І Цэндэбэй прыбыў у Ямнію і пачаў здзекавацца з народа, і нападаць на тэрыторыю Юдэі, і браць людзей у палон, і забіваць. І адбудаваў Цэдрон, і памясціў там коннікаў, і войска, каб, выйшаўшы, пераймалі на дарогах Юдэі, як загадаў яму цар.

І адправіўся Ёан з Газары, і расказаў бацьку свайму Сімону, што зрабіў Цэндэбэй. І Сімон паклікаў двух старэйшых сыноў сваіх: Юду і Ёана ды сказаў ім: «Я, і браты мае, і сям’я бацькі майго ад юнацтва аж па сённяшні дзень ваявалі з непрыяцелямі Ізраэля, і многа раз удавалася нашымі рукамі вызваляць Ізраэль. Цяпер жа я ўжо стары, а вы, дзякуючы міласэрнасці Божай, знаходзіцеся ў сталых гадах; заступіце на месца маё і брата майго, і выступіце, і ваюйце за наш народ; хай жа вам неба дапаможа». І выбраў з краю дваццаць тысяч ваяроў і коннікаў; і яны направіліся супраць Цэндэбэя, і пераначавалі ў Модзіне, І рана ўсталі ды пайшлі на раўніну. І вось, супраць іх вялікае войска пешых і коннікаў, і між імі была рэчка. І паставіў ён лагер, ён і народ яго, і заўважыў, што людзі баяцца перапраўляцца праз раку; ды першы пераправіўся, і ваяры яго ўбачылі, і пераправіліся за ім. І ён раздзяліў сваіх людзей, і конніцу паставіў пасярэдзіне пешых; непрыяцелі ж мелі конніцу надта вялікую. І затрубілі ў трубы, і Цэндэбэй з войскам сваім пачаў уцякаць, і пала ў іх многа раненых; а астатнія скрыліся ў крэпасці. Тады Юда, брат Ёана, быў паранены. Ёан жа пераследаваў іх, аж пакуль не дайшоў да Цэдрона, які адбудаваў. І ўцяклі яны аж да вежаў, пабудаваных на палях Азота; ды агнём спаліў ён іх, і пала з іх дзве тысячы ваяроў. І спакойна вярнуўся ў Юдэю. І кіраўніком на раўніне Ерыхонскай быў назначаны Пталемей, сын Абуба, які меў многа срэбра і золата, бо быў ён зяцем першасвятара. І ўзвысілася сэрца яго, і хацеў завалодаць краем, і меўся падступна выдаліць Сімона і яго сыноў. Сімон жа, аб’язджаючы гарады краю ды рупячыся аб іх, у Ерыхон прыбыў сам і сыны яго: Мататыя і Юда; было гэта ў сто семдзесят сёмым годзе, у адзінаццатым месяцы, гэта значыць у месяцы Сабат. І сын Абуба падступна прыняў іх у малай крэпасці, званай Док, якую сам пабудаваў; і падрыхтаваў ім вялікі баль ды схаваў там ваяроў. І калі Сімон і яго сыны былі п’яныя, падняўся Пталемей і яго прыхільнікі, і схапілі зброю сваю, і ўварваліся на баль, і забілі яго разам з двума сынамі яго і некалькімі людзьмі з яго дружыны. І дапусціўся вялікай здрады, і ліхам адплаціў за дабро. І Пталемей напісаў пра гэта, і паслаў да цара з просьбай адправіць яму войска на дапамогу, і ён аддасць яму край і гарады. І іншых паслаў у Газару, каб забіць Ёана; і тысячнікам разаслаў лісты, каб прыбылі да яго і каб даць ім срэбра, і золата, і дарункі. І іншых паслаў, каб занялі Ерузалім і гару святыні. І нехта раней дабег у Газару, і паведаміў Ёану, што загінуў бацька яго, і браты яго, і што: «Паслаў, каб таксама забіць і цябе». Калі ж ён пачуў гэта, спалохаўся надта, і схапіў тых людзей, якія прыбылі забіць яго. І іншае са слоў Ёана, і яго баі, і подзвігі, якія выканаў з мужнасцю, і адбудаванне муроў, якія пабудаваў, ды ўся яго дзейнасць — запісана гэта ўсё ў кнігах дзён святарства яго, ад часу таго, як стаў ён па сваім бацьку першасвятаром.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.