Библия › Чарняўскі-17 › 2 Макабэяў

2-я Макабэяў

Братоў юдэяў, якія пражываюць у Егіпце, вітаюць са шчаслівым супакоем браты юдэі, якія ў Ерузаліме і ў краіне Юдэйскай жывуць. І хай спагадае вам Бог, і хай памятае аб прымірэнні Сваім, заключаным з Абрагамам, і Ізаакам, і Якубам, вернымі сваімі паслугачамі; і хай дасць Ён вам усім сэрца, каб шанавалі Яго, і здзяйснялі Яго волю велікадушна ды ахвотна; і хай адкрые вашы сэрцы для Свайго закону і для Сваіх прыказанняў ды даруе супакой; і хай выслухае вашы маленні ды хай спагадае вам і хай не адпускае вас ў ліхі час. І цяпер тут молімся за вас. У цараванне Дэмэтрыя, у сто шэсцьдзесят дзевятым годзе, мы, юдэі, напісалі вам у горы і пад уціскам, што нахлынулі на нас у тыя гады, калі Язон і яго прыхільнікі адвярнуліся ад святой зямлі і царства, і калі яны спалілі браму і пралілі непавінную кроў; і мы малілі Госпада і былі выслуханы; і мы ўскладалі ахвяры крывавыя, і ахвяру з найчысцейшай мукі, і запалілі каганцы, і паклалі хлябы. І цяпер святкуйце свята палатак з месяца Каслеў у сто восемдзесят восьмым годзе. Жыхары Ерузаліма і жыхары Юдэі, і старэйшыны, і Юда — Арыстабулу, настаўніку цара Пталемея, які паходзіць з роду намашчоных святароў, ды тым, што ў Егіпце, юдэям — радасці і здароўя. Вызваленыя Богам ад вялікіх небяспек, шчыра дзякуем Яму, як тыя, што змагаліся супраць цара. Ён бо змусіў гневацца на тых, хто змагаўся супраць святога горада, калі бо сам кіраўнік прабываў ў Персіі, і з ім непераможнае, як здавалася, войска, яны былі паражоны ў храме Нанэі праз подступ, выкарыстаны святарамі Нанэі. Бо на месца прыбыў сам Антыёх, і сябры, што з ім былі, пад відам шлюбу з ёю, каб забраць вялікія грошы пад назваю пасагу. І калі святары Нанэі іх прадаставілі, і ён з некалькімі ўвайшоў унутр свяцілішча, то яны замкнулі храм; калі ўвайшоў Антыёх, яны, адчыніўшы схаваныя ў столі дзверы, забілі кіраўніка, скідваючы на яго камяні, і парэзалі іх на кавалкі, і галовы адсеклі ды выкінулі на двор. За гэта ўсё хай будзе дабраславёны наш Бог, Які аддаў [іх]. Дык маюць яны дваццаць пятага дня месяца Каслеў святкаваць ачышчэнне храма, мы палічылі патрэбным паведаміць вам, каб і вы таксама святкавалі дзень палатак і агню, які быў дадзены, калі Нэгэмія, збудаваўшы святыню і ахвярнік, усклаў ахвяры. Бо калі ў Персію былі выселены нашы бацькі, святары, якія былі тады шанавальнікамі Бога, узялі патаемна з ахвярніка агонь і схавалі ў глыбіні пустой студні, дзе схавалі яго так, што нікому не было вядома тое месца. Калі ж пасля многіх гадоў спадабалася Богу, каб Нэгэмія, пасланы царом Персідскім, паслаў па агонь нашчадкаў тых святароў, якія яго схавалі, як яны расказалі нам, не знайшлі яны агню, але толькі густую ваду. Ды загадаў ён, каб яны набралі яе і прынеслі. Калі ўжо ўсё было прыгатавана для ахвяр, Нэгэмія загадаў святарам паліць тою вадою як дрэва, так і тое, што на ім было пакладзена, І калі гэта зрабілі, ды па нейкім часе засвяціла сонца, каторае раней хавалася за хмарамі, загарэўся агонь такі вялікі, што дзівіліся ўсе. Дакуль жа гарэла ахвяра, святары маліліся; і разам са святарамі ўсе: распачынаў Ёната, а астатнія адказвалі, як Нэгэмія. А малітва была такая: «Госпадзе, Госпадзе Божа, Творца ўсяго, Страшны і Магутны, Справядлівы і Міласэрны, адзіны Валадару і Дабрадзею, адзіны Шчодры, адзіны Справядлівы, і Усёмагутны, і Вечны. Ты вызваліў Ізраэль ад усякае бяды, ты ўчыніў нашых бацькоў выбраннікамі ды ўсвяціў іх, прымі гэтую ахвяру за ўвесь Твой народ Ізраэля, і пільнуй спадчыну Сваю, і ўсвячай. Збяры рассеяных нашых, вызвалі тых, што служаць паганам, глянь ласкава на пагарджаных і на абсмяяных, каб пагане пазналі, што Ты — Бог наш. Пакарай тых, што крыўдзяць нас ды ў пыхлівасці сваёй нас зневажаюць. Пасялі народ Твой на святым месцы Тваім, як сказаў Майсей». Святары ж спявалі гімны. Калі ж згарэла тое, што было ўскладзена ў ахвяру, Нэгэмія загадаў астатнюю ваду выліць на вялікія камяні, калі гэта было споўнена, успыхнула полымя, але перад святлом, якое засвяціла ад ахвярніка, патухла. Калі ж гэта рэч выявілася і было расказана цару персаў, што на месцы, дзе агонь схавалі гэтыя паведзеныя ў палон святары, паказалася вада, з якой Нэгэмія і яго людзі ачысцілі тое, што было прызначана на ахвяру, то цар па ўважлівым вывучэнні справы агарадзіў тое месца і пабудаваў храм. Цар меў зусюль вялікія даходы і раздзяляў іх тым, да каго быў ён спагадны. А людзі, што былі з Нэгэміем, гэта месца назвалі «Нэфтар», што азначае «ачышчэнне»; многімі ж бывае называна «Нэфтай».

У запісах жа прарока Ярэміі ўспамінаецца, што ён загадаў пераселеным узяць з сабою агонь, як і зазначана, як загадаў прарок пераселеным адносна закону, каб не забыліся на прыказанні Госпада і каб не збаламуціліся ў думках сваіх, гледзячы на залатых і срэбраных ідалаў і на аздабленне іх. Гэтымі і падобнымі словамі напамінаў ім, кажучы, каб не выцяснялі закону з сэрца свайго. А было ў тым запісе, як па Божай волі, выказанай яму, прарок загадаў з сабой несці палатку і каўчэг, калі ён узыходзіў на гару, з якой Майсей, узышоўшы, агледзеў спадчыну Божую. І, узышоўшы туды, Ярэмія знайшоў жыллё ў выглядзе пячоры; і ўнёс туды палатку, і каўчэг, і ахвярнік кадзільны, а ўваход знішчыў. І некаторыя з тых, што разам з ім ішлі, вярнуліся, каб заўважыць дарогу, але ўжо не змаглі яе адшукаць. Калі ж Ярэмія даведаўся пра гэта, сварыўся на іх, кажучы, што месца гэта будзе невядомым, аж пакуль Бог не збярэ Свой народ і не акажа ім міласэрнасці; і тады Госпад пакажа гэта і можна будзе бачыць веліч Госпада, і воблака будзе, падобна як да Майсея можна было бачыць, ды як тады, калі Саламон маліўся, каб месца было ўрачыстым спосабам асвячона. Было ўказана таксама, як ён, поўны мудрасці, усклаў ахвяру пасвячэння пры заканчэнні будовы святыні. Ён падобна, як Майсей, маліўся да Госпада, і сышоў агонь з неба, і знішчыў ахвяры цэласпалення. І Майсей сказаў: «Было спалена, каб ніхто не еў таго, што было ахвяравана за грэх». Падобна і Саламон святкаваў восем дзён. А ў запісах і каментарыях Нэгэміі расказвалася таксама і тое, як, закладаючы бібліятэку, сабраў ён кнігі пра цароў і прарокаў, і кнігі Давіда, і лісты цароў аб дарунках. Падобным жа чынам і Юда сабраў усе тыя кнігі, якія былі параскіданыя з прычыны вайны, што ў нас здарылася, і маем мы іх у сябе. Дык калі іх патрабуеце — прышліце тых, хто вам іх даставіць. Такім чынам, пішам вам, маючы святкаваць свята ачышчэння; дык добра зробіце, святкуючы свята ў гэтыя дні. Бог жа, Які вызваліў увесь народ Свой і вярнуў усім спадчыну, і царства, і святарства, і святыню, згодна з тым, што паабяцаў у законе. Бо спадзяёмся на Бога, што Ён хутка злітуецца над намі ды што збярэ нас на святое месца з усёй зямлі пад небам; вырваў бо Ён нас з вялікіх небяспек ды ачысціў месца. А аб Юдзе Макабэю і братах яго, і аб ачышчэнні вялікай святыні ды пасвячэнні ахвярніка, па-за тым і аб баях супраць Антыёха Эпіфана, і супраць сына яго Эўпатара, і аб аб’явах, паходзячых з неба для тых, якія мужна змагаліся за звычаі юдэйскія, так што хоць нешматлікія былі, аднак завалодалі ўсім краем ды змусілі ўцякаць вялікія войскі паганаў, і адабралі назад слаўную ва ўсім свеце святыню, і вызвалілі горад, і аднавілі законы, з часам знікаючыя, бо Госпад ва ўсёй Сваёй міласці стаў ім спагадным — гэта ўсё, што Язон Цырэнец запісаў у пяці кнігах, мы пастараліся змясціць сцісла ў адной кнізе. Маючы бо на ўвазе вялікую колькасць лічбаў і цяжкасць, якую мноства спраў спрычыняе тым, хто хоча прачытаць гістарычныя апавяданні, мы пастараліся даць тым, якія хочуць чытаць, прыемныя для душы апавяданні, а тым, хто жадае, — каб лягчэй маглі запомніць, а ўсім чытачам — каб было карысна. А нам самім, якія ўчынілі гэту справу, дзеля скарачэння; гэта было нялёгкай працай, дарэчы ж, мы выканалі справу, поўную бяссонніцы і поту. Падобна ж нялёгка ёсць таму, хто рыхтуе банкет і хоча задаволіць іншых, мы, аднак, ахвотна возьмемся за гэту працу, каб заслужыць удзячнасць многіх, а клопат пра дробязі пакідаем аўтару, самі ж стараемся прытрымлівацца сцісласці ў абранай форме. Бо як будаўніку пры пабудове новага дома трэба рупіцца пра цэласнасць пабудовы, так і той, хто рупіцца пра разьбу і маляванне, займаецца тым, што патрэбнае для аздаблення, так, думаю, і нам трэба. А ўдумвацца і свабодна расказваць, і больш дакладна разгледжваць гісторыю ва ўсіх дробязях — задача аўтара; укласці ж сцісласць у расказ ды сцерагчыся падрабязнага апісання падзей ёсць задача таго, хто скарачае. Дык цяпер па невялікім уступным слове пачнём апавяданне; неразумна бо распавядаць перад гісторыяй, а самую гісторыю скарачаць.

Калі ў святым горадзе жылі ў поўным супакоі, і законы як мага лепш пільнаваліся, таму што першасвятар Онія быў пабожны ды ненавідзеў ліха, здаралася, што нават цары аказвалі пашану гэтаму месцу, і святыню ўшаноўвалі самымі вялікімі дарункамі. так што Сэлеўк, цар Азіі, з даходаў сваіх пакрываў таксама ўсе расходы на службы, што тычыліся ўскладання ахвяр. Аднак Сімон з пакалення Бэльгі, пастаўлены загадчыкам святыні, спрачаўся з першасвятаром пра ўладу ў горадзе. І, не могучы нічым пашкодзіць Онію, прыйшоў да Апалонія, сына Тарсіі, які ў той час быў кіраўніком войск Цэлесірыі і Фэніцыі, і паведаміў аб тым, што скарбоўня ў Ерузаліме поўная незлічоных багаццяў ды так шмат, што не пералічыць, і няма ў іх патрэбы для ўскладання ахвяр; але ёсць магчымасць, каб гэта трапіла пад уладу цара. Апалоній жа ў размове з царом паведаміў яму аб адзначаных скарбах; той жа, паклікаўшы Гэліёдара, кіраўніка над гэтымі справамі, паслаў, даўшы загады, як названыя грошы прывезці. І Гэліёдар зараз жа выбраўся ў дарогу, як быццам наведаць гарады Цэлесірыю і Фэніцыю, а ў сапраўднасці, каб здзейсніць намер цара. Але калі прыбыў у Ерузалім і спагадна быў прыняты першасвятаром горада, сказаў аб указанні, якое было зроблена, і выявіў прычыну, дзеля якой прыбыў; дапытваўся, прытым, ці сапраўды справа ў такім стане. Першасвятар растлумачыў тады, што гэта аддадзеная на захаванне маёмасць удоў і сірот, а частка — Гіркана Тобіі, паважанага вельмі чалавека, дык справа не такая, як данёс бязбожнік Сімон; усяго ж чатырыста талентаў срэбра і дзвесце золата; што зусім немагчыма падманваць тых, хто паверыў у святасць месца, і ў нязменную павагу, і клопат пра святыню, якая ўшанаваная ва ўсім свеце. А ён з-за гэтых царскіх загадаў, якія меў, упэўнена заяўляў, што гэта мусіць быць аддадзена ў царскую скарбоўню. А ў вызначаны дзень увайшоў, каб прыгатаваць спіс тых багаццяў. Запанавала ж ва ўсім горадзе трывога. А святары ў святарскіх шатах упалі перад ахвярнікам і прызывалі ў небе Таго, Хто ўстанавіў закон аб аддадзенай на захаванне маёмасці, каб гэтыя скарбы збярог у цэласці для тых, што іх аддалі на захаванне. У таго ж, хто ўзглядваў на твар першасвятара, уздрыгвала сэрца; выгляд бо яго і твар збялелы выяўлялі ўнутранае мучэнне душы. Бо чалавека ахапіў нейкі жах і ўздрыгванні цела, так што боль, перажываны ў сэрцы, быў відавочны для тых, хто [на яго] глядзеў. Іншыя ж грамадою выходзілі з дамоў, каб разам маліцца, бо месца мела быць спаганена. Жанчыны, падперазаныя зрэбніцамі ніжэй грудзей, запаўнялі вуліцы; але і замкнёныя дасюль дзяўчаты адны пабеглі да брам, іншыя ж — на муры, а некаторыя выглядалі праз вокны; а ўсе яны выцягвалі рукі ў неба з мальбою. Жалоба брала да грамады змешанай, што падала на калені, і да першасвятара, які ў вялікіх душэўных муках быў прызначаны на чаканне. І ў час, калі маліліся да Усемагутнага Госпада, каб даручаныя грошы захаваў некранутымі для тых, якія іх даручылі, Ён захоўваў іх з усёй руплівасцю. Гэліёдар жа здзяйсняў, што было яму даручана. Калі ён з памочнікамі быў ля скарбоўні — Госпад Духаў Усёмагутны ўчыніў вялікае відовішча, так што ўсе, якія адважыліся прыйсці, паражоныя моцай Божай, навярталіся ў кволасць ды трывогу. Бо паказаўся ім якісьці конь, што меў ездака страшнага, і пакрыты надта прыгожым покрывам; конь, кінуўшыся раптоўна, павіс над Гэліёдарам пярэднімі капытамі, а коннік паказаўся ў залатой зброі. Таксама паказаліся яму два іншыя юнакі, годныя дзеля мудрасці, надзвычайныя дзеля славы і ў прыгожым адзенні, якія нават сталі з абодвух бакоў ад яго і бесперапынна лупцавалі яго, наносячы яму многа ўдараў. А ён адразу ж паваліўся на зямлю; і вялікая цемра ахутала яго, і забралі яго, і паклалі на насілкі; і таго, хто са шматлікай дружынай і вартай увайшоў у скарбоўню, аб якой гаварылася раней, неслі, бо меў патрэбу ў дапамозе ваяроў, пакладзенага, пазнаўшага выразна моц Божую. І прытым ён з-за моцы Божай ляжаў нямы, пазбаўлены ўсякай надзеі і ратунку; а тыя праслаўлялі Госпада, Які ўслаўляў месца Сваё; святыня, якая нядаўна была поўная страху і жаху, напоўнілася радасцю і шчасцем, калі з’явіўся Усемагутны Госпад. А некаторыя з прыяцеляў Гэліёдара адразу ж прасілі Онію, каб прызываў Найвышэйшага, каб дараваў жыццё яму, які быў пакладзены амаль паміраючым. А першасвятар, баючыся, каб цар не падумаў, што юдэі зрабілі Гэліёдару штосьці ліхое, прынёс ахвяру за збаўленне гэтага чалавека. І калі першасвятар складаў ахвяру, гэтыя самыя юнакі, апранутыя ў тыя самыя адзенні, паказаліся зноў Гэліёдару ды, спыніўшыся, сказалі: «Вялікую падзяку акажы першасвятару, бо дзеля яго дараваў табе Госпад жыццё; ты ж, адлупцаваны з неба, абвясці ўсім народам вялікую моц Божую». І, сказаўшы гэта, яны зніклі. Гэліёдар жа, усклаўшы ахвяру Госпаду ды вялікія абяцанні прырокшы Таму, Хто яму дараваў жыццё, падзякаваў Онію і з войскам адправіўся да цара; а перад усімі сведчыў аб тых справах Найвялікшага Бога, якія бачыў ён сваімі вачамі. Калі ж цар спытаў Гэліёдара, хто быў бы здольны, каб яшчэ раз паслаць яго ў Ерузалім, то ён адказаў: «Калі маеш нейкага ворага або інтрыгана ў справах, то пашлі яго туды, і атрымаеш яго адлупцаванага, калі толькі выратуецца, — бо на тым месцы сапраўды дзейнічае нейкая моц Божая; і Той, Хто пражывае ў небе, ёсць вартаўнік і ўспаможца таго месца ды прыходзячых з ліхім намерам карае і забівае». Вось так закончылася справа з Гэліёдарам ды з захаваннем скарбоўні.

А згаданы вышэй Сімон, здраднік скарбаў і бацькаўшчыны, злосна гаварыў пра Онію, як быццам ён быў прычынай няшчасцяў, якія здарыліся з Гэліёдарам, і падбухторваў супраць яго; і дабрадзея горада ды таго, хто дапамагаў сваім землякам і спаганяў закон, адважваўся называць супраціў-нікам улады. Але калі варожасць дайшла да таго, што нават адзін з Сімонавых прыхільнікаў стаў дапускацца забойстваў, Онія, бачачы небяспеку барацьбы і што Апалоній, сын Мэнестэя, кіраўнік Цэлесірыі і Фэніцыі, павялічвае злос-насць Сімона, накіраваўся да цара не па тое, каб вінаваціць землякоў, але маючы на ўвазе дабро супольнае, і асабліва — усяе супольнасці. Ведаў бо ён, што без царскай прад-бачнасці немагчыма дасягнуць супакою ў справах і што Сімон не пакіне свайго глупства. Але пасля смерці Сэлеўка ўладу пераняў Антыёх, на прозвішча Эпіфан, першасвятарства ж выпрошваў Язон, брат Оніі, абяцаючы цару пры вырашэнні трыста шэсцьдзесят талентаў срэбрам, і з нейкіх іншых даходаў — восемдзесят талентаў; а апрача таго абавязваўся выплаціць і іншых сто пяцьдзесят, калі яму будзе дазволена наладзіць сваім коштам гімнасій і эфэбей, і жыхароў Ерузаліма запісаць як антыёхцаў. Калі цар на гэта згадзіўся і ён прыняў уладу, зараз жа пачаў пераносіць да сваіх землякоў грэчаскі звычай. І, скасаваўшы гуманітарныя прывілеі адносна сяброўства і саюзу, якімі карысталіся юдэі дзеля дабраты цароў праз Ёана, бацьку Эўпалема, які быў легатам у рымлян, ён, парушаючы законныя правы грамадзян, уводзіў звычаі, праціўныя закону. Бо без хістанняў каля самай крэпасці пабудаваў гімнасій ды ўсіх найлепшых юнакоў захапіў, каб увесці пад яго павець. Гэта была нейкая вышэйшая ступень яднання з Грэцыяй і наступ чужых звычаяў з прычыны бязбожніка, і непершасвятара Язона, з прычыны нечуванай яго сапсаванасці, так што святары не рупіліся ўжо аб абавязках каля ахвярніка, але, пагардзіўшы святыняй і занядбаўшы ахвяры, спяшаліся ўдзельнічаць у праціўных закону гульнях палестры пасля знака кінутага дыска і за нішто мелі нават бацькоўскія пашаны, а за найлепшыя лічылі грэчаскія адзнакі. Таму напаткала іх небяспечная барацьба, і сярод тых, жыццё якіх хацелі атрымаць у спадчыну і да якіх хацелі ва ўсім быць падобнымі, знайшлі ворагаў і карнікаў. Бязбожна бо рабіць супраць законаў Божых не абыдзецца без кары, але гэта пакажа наступны час. Калі ж у Тыры святкаваліся публічныя гульні, што ўчыняліся раз у пяць год, і цар прысутнічаў там, злачынны Язон паслаў туды гледачамі антыёхцаў з Ерузаліма, каб даставіць трыста драхмаў срэбра ў ахвяру Геркулесу; таксама тыя, хто прынёс іх, папрасілі не ўжываць іх на ахвяру, бо не належыцца, але прызначыць іх на іншую мэту. Вось, гэта здарылася з-за таго, які паслаў на ахвяру Геркулесу, а дзякуючы тым, хто дастаўляў гэта, пайшло на будаванне трырэмаў. Калі ж Апалоній, сын Мэнестэя, быў пасланы ў Егіпет дзеля ўзыходжання на пасад цара Філамэтара і калі Антыёх даведаўся, што ён стаў чужым яму ў яго справах, парупіўся аб сваёй бяспечнасці; таму, будучы ў Ёпэ, накіраваўся ў Ерузалім. І ўрачыста прыняты быў Язонам і горадам; быў ён уведзены пры святле светачаў і ўскліканнях; такім чынам, адтуль з войскам накіраваўся ў Фэніцыю. І пасля трох гадоў Язон паслаў да Мэнелая, брата вышэй згаданага Сімона, каб адвёз грошы цару ды завяршыў разбор пільных спраў. А ён, прадстаўлены цару, захапіў яго відам уладарным, дык здабыў для сябе першасвятарства, ахвяруючы трыста талентаў срэбра — болей, чым Язон; і, выслухаўшы царскія прыказанні, вярнуўся, але не прынёс ён зусім нічога, што было б годным становішча першасвятара, маючы толькі злоснасць дзікага звера і душу жудаснага тырана. І вось, Язон, які падступна выгнаў свайго ўласнага брата, сам быў падмануты другім і мусіў уцякаць, выгнаны ў край аманітаў. А Мэнелай прыняў уладу; а з дакляраваных цару грошай нічога з доўгу не выплачваў, хоць і дамагаўся выплаты Састрат, наглядчык крэпасці; да яго бо ўлады належала збіраць падаткі. З гэтае прычыны абодва былі пазваны да цара; і вось Мэнелай пакінуў сваім наступнікам першасвятарства Лісімаха — брата свайго, а Састрат — Кратэта, кіраўніка кіпрыётаў. А ў такіх абставінах жыхары Тарса і Малоты ўзбунтаваліся, таму што яны былі падараваны Антыяхідзе, царскай наложніцы. Такім чынам, выбраўся цар паспешна, каб уціхамірыць іх, пакінуўшы замест сябе Андраніка, аднаго са сваіх пераемнікаў. А Мэнелай, думаючы, што выбраў адпаведны час, прысвоіў сабе з святыні некаторыя залатыя пасудзіны і падараваў Андраніку, і іншыя прадаў у Тыры і навакольных гарадах. Калі аб гэтым дакладна даведаўся Онія, ён выкрываў яго, падаўшыся ў бяспечнае месца — Дафнэ каля Антыёхіі. Таму Мэнелай, паклікаўшы сам-насам Андраніка, прасіў яго, каб ён забіў Онію. Дык ён, калі прыбыў да Оніі, падступна ўпэўніў, падаючы правую руку з клятваю, — хоць той меў падазрэнні, — пераканаў яго выйсці са сховішча, і адразу ж забіў яго без аглядкі на справядлівасць. З гэтае прычыны не толькі юдэі, але таксама многія прадстаўнікі другіх народаў былі абураны ды засмучаны дзеля несправядлівага забойства гэтага чалавека. А калі цар вярнуўся з мясцовасцей Цыліцыі, то пражываючыя ў горадзе юдэі і грэкі, аднадушна абураныя тым злачынствам, што Онія быў забіты без прычыны, звярнуліся да цара. Дык Антыёх, крануты болем душы і спачуваннем, праліў слёзы дзеля разважнасці забітага і яго вялікай лагоднасці; і, узгарэўшыся гневам, адразу здзёр з Андраніка пурпур, і раздзёр яго шаты, і загадаў весці яго праз увесь горад аж да месца, на якім паказаў на Оніі сваю бязбожнасць, і там загадаў пакараць бязбожнага забойцу, — так Госпад аддаў яму заслужанай карай. А калі Лісімах са згоды Мэнелая дапусціўся многіх святататстваў у горадзе ды вестка аб гэтым выйшла вонкі, то народ узбунтаваўся супраць Лісімаха, бо ўжо шмат залатых рэчаў было страчана. А калі натоўпы падняліся і гневам перапоўніліся, Лісімах, узброіўшы каля трох тысяч чалавек, пачаў гвалт нячыстымі рукамі пад кіраўніцтвам нейкага Аўрана, узросту не меншага, чым дурасці. Але, убачыўшы такое нахабства Лісімаха, адны схапілі камяні, другія — моцныя калы, а некаторыя, набраўшы ў рукі пяску з зямлі, адзін за адным кідалі ў людзей Лісімаха. Дзеля таго многа з іх паранілі, некаторых жа нават забілі, а ўсіх змусілі ўцякаць; самога ж святататца забілі каля скарбоўні. Дык па гэтай прычыне адбыўся суд над Мэнелаем. І калі цар прыбыў у Тыр, тры чалавекі, пасланыя да яго з радоў старэйшын, вынеслі абвінавачванне, І Мэнелай, бачачы ўжо, што пагражае загуба, паабяцаў Пталемею, сыну Дарымэна, вялікія грошы, каб улагодзіць цара. Затым Пталемей, узяўшы далёка, на нейкі панадворак калонаў, быццам дзеля таго, каб асвяжыць цара, адвёў ад намеру гэтага. І вызваліў ён ад усякага ліха Мэнелая, вінаватага ў злачынствах, няшчасных жа, якія апраўданы б былі, хоць бы іх абвінавацілі перад скіфамі, асудзіў на смерць. Такім чынам, хутка несправядлівую кару атрымалі тыя, якія заступіліся за горад, і за народ, і за святыя пасудзіны. З гэтай прычыны і тырыйцы, абураныя злачынствам, на пахаванне іх даставілі ўсяго, што патрэбна, на вялікі кошт. Мэнелай жа заставаўся пры ўладзе дзеля хцівасці маючых уладу і ўзрастаў у ліхоцці, стаўшы злосным ворагам грамадзян.

А каля гэтага часу Антыёх падрыхтаваў другі паход у Егіпет. Здарылася ж, што над усім горадам амаль сорак дзён з’яўляліся коннікі, якія беглі ў паветры, апранутыя ў пазалочаныя шаты і ўзброеныя дзідамі, на ўзор кагорт, і з выцягнутымі мечамі, і дружыны коннікаў у баявым парадку, і адбываліся напады і адступленні з абодвух бакоў, і ўзмахванні шчытамі ды лес дзідаў, і кіданне стрэл, і рдзенне залатых аздоб ды розных панцыраў. Таму маліліся, каб гэта бачанне было знакам чагосьці добрага. Але калі разышлася лжывая вестка, што быццам Антыёх памёр, дык Язон, падабраўшы сабе не менш тысячы ваяроў, неспадзявана напаў на горад; а калі тых, што былі на муры, змусілі ўцякаць, ды калі нарэшце здабылі горад, — Мэнелай уцёк у крэпасць. Язон жа чыніў разню сваіх грамадзян, не шкадуючы нікога, не разумеючы, што поспех супраць сваякоў ёсць найбольшае паражэнне; а ён быў перакананы, што рабуе ворагаў, а не грамадзян. І нават улады ён не дасягнуў, а атрымаў ганьбу ў канцы сваіх падкопаў ды зноў мусіў уцякаць да аманітаў. Канцом яго ліхога жыцця было тое, што яго замкнулі ў Арэты, правіцеля арабаў, з аднаго горада ўцякаў ён у другі, гнаны ўсімі; зненавіджаны, як адступнік ад законаў, і пракляты, як кат бацькаўшчыны і землякоў, збег у Егіпет. І той, што землякоў выгнаў з бацькаўшчыны, спыніў жыццё на чужой зямлі, ён прыбыў да лацэдэмонцаў, быццам дзякуючы сваяцтву мае надзею знайсці абарону; і ён, пакінуўшы шмат людзей без пахавання, сам застаўся неаплаканы, і непахаваны, і без бацькоўскай грабніцы. Калі ж вестка аб гэтых падзеях дайшла да цара, цар меў падазрэнне, што Юдэя ад саюзу адпала; і з-за гэтага пакінуў Егіпет, разлютаваўшыся ў душы, пры гэтым зброяй здабыў ён горад і сваім ваярам загадаў забіваць напатканых, нікога не шкадуючы, ды марнаваць тых, што ўцякаюць у дамы. Так адбывалася вынішчэнне маладых і старых, гібель жанчын і дзяцей, і мардаванне дзяўчын і немаўлят. На працягу ж трох дзён пала восемдзесят тысяч: прычым сорак тысяч пала ў самім баі ад рук забойцаў, а не меней чым забітых было прададзеных у няволю. Аднак ён, не задаволены гэтым, адважыўся ўвайсці ў найсвяцейшую ва ўсім свеце святыню, маючы за правадыра Мэнелая, адступніка ад законаў і здрадніка бацькаўшчыны, паганымі рукамі беручы святыя пасудзіны, якія многімі царамі і гарадамі былі пакладзены на павелічэнне і славу гэтага месца і для яго ўшанавання, ён дакрануўся да іх паганымі рукамі. Так Антыёх трыумфаваў у сваім перакананні, не ведаючы, што дзеля грахоў жыхароў горада разгневаўся надта Валадар; адсюль Яго абыякавасць да месца. Калі б не дапусціліся яны многіх грахоў, то не інакш як Гэліёдар, якога цар Сэлеўк паслаў, каб агледзеў скарбоўню, таксама і ён, адразу, як прыйшоў, быў бы лупцаваны ды адштурхнуты ад свайго нахабства. Але Госпад выбраў не для месца народ, а для народа — гэта месца. Таму вось і само месца ўдзельнічала ў няшчасцях народа, а затым стала саюзнікам яго шчасця; і, пакінутае Усемагутным у гневе, зноў было вернута да поўнае свае славы, дзеля прымірэння Вялікага Уладара. Такім чынам, Антыёх, прысвоіўшы з святыні тысячу восемсот талентаў, даволі хутка адбыў у Антыёхію, спадзеючыся ў сваёй пыхлівасці, што ён зямлю зробіць судаходнай, а мора — пешаходным. Пакінуў жа ён і загадчыкаў, каб здзекаваліся з народа, а іменна: у Ерузаліме паставіў Піліпа, родам з Фрыгіі, дзікунскіх звычаяў, горшага за яго самога, а ў Гарызе — Андраніка; акрамя іх яшчэ Мэнелая, горшага за іншых, хто выносіўся над грамадзянамі. Паслаў жа кіраўніка місійцаў Апалонія з войскам, якое налічвала дваццаць дзве тысячы ваяроў, загадаўшы, каб забілі ўсіх дарослых мужчын, а жанчын і моладзь прадалі ў няволю. Ён жа, калі прыбыў у Ерузалім, прыкінуўся, што прыносіць супакой ды быў міралюбны аж да святога дня шабату, і калі схапіў святкуючых юдэяў, тады загадаў сваім брацца за зброю; і ўсіх, хто выйшаў на відовішча, замардаваў, і, напаўшы на горад з узброенымі ваярамі, вельмі многіх забіў. А Юда Макабэй з дзесяццю іншымі выбраўся ў пустыню і, нібыта дзікія звяры, жыў у гарах са сваімі людзьмі; і харчаваліся травамі, каб толькі не спракудзіцца.

Але праз невялікі час цар паслаў аднаго старога з Атэнаў, каб змушаў юдэяў адступаць ад законаў бацькоўскіх і не жыць па законах Божых; таксама апаганіць святыню ў Ерузаліме і назваць яе імем Зеўса Алімпійскага, і святыню ў Гарызе з-за жыхароў таго месца мелі назваць імем Зеўса Гасціннага. Найгоршым і для ўсіх цяжкім было нашэсце бед. Бо святыня напаўнялася разбэшчана-сцю і банкетамі паганаў, якія распуснічалі з блудніцамі; і ў святых панадворках распуснічалі з жанчынамі, а апрача таго ўносілі ўнутр святыні тое, што нельга; таксама ахвярнік быў напоўнены забароненым — тым, што не дазвалялася законамі. І не пільнаваліся суботы ані адзначаліся бацькоўскія святы, ані нават ніхто не прызнаваўся, што з’яўляецца юдэем. А ў кожны месяц, у дзень нараджэння цара, з нахабным прымусам вадзілі кожнага на ахвярапрынашэнне, і, калі святкавалі набажэнствы Дыёніса, змушалі ў плюшчавых вянках удзельнічаць у шэсці ў гонар Дыёніса. А па намове Пталемея выдадзена было распараджэнне для суседніх гарадоў грэчаскіх, каб і самі яны адносна юдэяў падобна рабілі, каб учынялі яны ахвярапрынашэнні; і каб каралі смерцю тых, хто не жадае перайсці да грэчаскіх звычаяў; такім чынам, з гэтага бачна вялікае няшчасце. Дзве бо жанчыны абвінавачаны былі, што абрэзалі сваіх дзяцей; павесіўшы ім іх немаўлят на грудзі, абводзілі іх публічна па горадзе, а потым скінулі з муроў. Іншыя ж схаваліся ў бліжэйшыя пячоры, каб тайна святкаваць шабат, а калі пра гэта было данесена Піліпу, былі яны спалены, бо баяліся дзейсна сабе дапамагчы дзеля ўшанавання самага святога дня. А тых, якія будуць чытаць гэту кнігу, прашу, каб не палохаліся дзеля прыкрых выпадкаў, але хай лічаць, што тыя здзекі служаць не на загубу, але на настаўленне нашага роду. Не даецца бо многа часу тым, што дзейнічаюць бязбожна, але адразу ж спасцігае іх кара, што ёсць знак вялікага дабрадзейства. Не жадае бо Госпад дзейнічаць з намі так, як з іншымі народамі, да якіх адносіцца цярпліва, каб не караць іх, пакуль дасягнуць меры грахоў, так і адносна нас вырашыў, каб караць нас пазней, калі нашы грахі перабяруць меру; таму ж ніколі не спыняе Сваёй міласэрнасці адносна нас, хоць абвінавачвае праз пакуты, але ўсё ж такі не пакідае Свайго народа. Але хай будзе гэта сказана, як напамінанне нам; пасля некалькіх гэтых слоў трэба вярнуцца да апавядання. Нейкі Элеазар, адзін з першых кніжнікаў, чалавек, які ўжо дажыў да старасці, з тварам мілага выгляду, быў змушваны да таго, каб адкрыць вусны і спажываць свініну. Ён, аднак, выбіраючы лепш слаўную смерць ад голаду, чым ганебнае жыццё, добраахвотна ішоў на смяротную кару, ён жа плюнуў, як належыцца рабіць тым, якія рашыліся ўстаяць супраць таго, чаго з вялікай любові да жыцця нельга есці. А тыя, што былі загадчыкамі бязбожнага ахвярапрынашэння, дзеля даўняга знаёмства з гэтым чалавекам, адазваўшы яго ў бок, прасілі, каб прынёс ён мяса і сам прыгатаваў усё, што можна яму есці, і каб прыкідваўся, што ён есць тое, што загадана царом, — мяса з ахвяр, і каб, гэткім чынам паступіўшы, ён вызваліўся ад смерці, і каб дзеля даўняга з імі сяброўства атрымаў міласэрнасць. Ён, аднак, прыняў дастойнае рашэнне — прынятае з годнасцю, і вартае яго веку, і высакароднасці яго старасці, і нажытай дастойнай сівізны, і найлепшага настаўлення ад дзіцячых гадоў, а перш за ўсё са святой і Богам дадзенай законнасцю, — і даў ім хуткі адказ, кажучы, каб яго аддалі на смерць. «Ганебна бо ў нашыя гады прыкідвацца, каб многія юнакі думалі, што дзевяностагадовы Элеазар перайшоў у звычай чужынскі, і каб яны дзеля майго прыкідвання і дзеля захавання кароткага і невялікага часу жыцця, мною былі ўведзены ў зман і каб я ганьбай і сорамам апаганіў сваю старасць. Бо калі цяпер усцерагуся ад кары людзей, то з рук Усемагутнага ані жывы, ані памерлы не ўцяку. Дык калі цяпер мужна закончу жыццё, акажуся годным сваёй старасці; маладым жа пакіну прыгожы прыклад ахвотнай і пачэснай смерці за святыні і святыя законы». І, гэта сказаўшы, зараз жа пайшоў на смяротную кару; тыя ж, хто яго праводзіў, дзеля сказаных ім слоў, змянілі міласэрнасць на гнеў, бо лічылі яго словы шалёнымі. І, маючы пад ударамі паміраць, уздыхнуў ды сказаў: «Госпаду, Які мае святыя веды, вядома, што я мог вызваліцца ад смерці; лупцаваны, цярплю цяжкія болі на целе, але душа мая дзеля страху Божага церпіць іх з радасцю». І такім чынам скончыў ён жыццё, а сваёю смерцю пакінуў ён не толькі для моладзі, але таксама для большасці народа прыклад мужнасці ды памяць дабрадзейнасці.

Аднойчы царом былі схоплены сем братоў разам з маці; ён іх змушаў, б’ючы скарпіёнамі і бізунамі, есці свініну, забароненую законам. Адзін жа з іх, прамаўляючы першым, прамовіў так, кажучы: «Пра што хочаш пытацца і пра што жадаеш даведацца ад нас? Гатовыя мы лепш памерці, чым парушыць бацькоўскія законы». Такім чынам, разгневаўся цар і загадаў нагрэць патэльні і катлы. Як толькі нагрэліся, загадаў таму, хто першы з іх прамаўляў, адрэзаць язык і здзёрці скуру з галавы, а таксама адсячы яму рукі і ногі на віду астатніх яго братоў і маці. І калі ён быў ужо цалкам бездапа-можны, загадаў прысунуць яго да агню, бо яшчэ дыхаў, ды смажыць на патэльні. Калі ж ад патэльні разышоўся пар, іншыя браты разам з маці заахвочваліся ўзаемна мужна ўміраць, казалі яны так: «Госпад Бог бачыць і сапраўды мае літасць да нас, згодна з тым, што прадказаў Майсей у песні, якая выразна аб гэтым сведчыць: “І будзе мець літасць да Сваіх паслугачоў”». Такім чынам, калі той першы такім спосабам спыніў жыццё, прывялі другога для насмешкі; і, калі сцягнулі яму скуру з галавы разам з валасамі, пыталі яго, ці будзе ён есці, пакуль усё цела, член за членам, будзе карацца. Ён жа адказаў бацькоўскаю моваю: «Не буду есці». Таму і ён наступны прыняў мукі, як і першы. І на апошнім уздыху так сказаў: «Ты ж, злачынца, гэтага жыцця нас пазбаўляеш, але Валадар Сусвету нас, аддаўшых жыццё за Яго законы, уваскрэсіць да вечнага жыцця». Па гэтым і трэці быў замучаны; і на патрабаванне — зараз выставіў язык, і рукі выцягнуў без страху, і мужна сказаў: «З неба іх атрымаў і дзеля яго законаў адцураюся ад іх, і ведаю, што з неба зноў іх атрымаю», — так што сам цар ды ўсё яго акружэнне захапляліся адвагаю юнака, за нішто маючага мучэнні. Калі ўжо і гэты спыніў жыццё, такім самым мучэнням аддадзены быў чацвёрты; і, канаючы, сказаў ён: «Лепш нам, якія трацім жыццё ад чалавечых рук, у Богу пакладаць надзею, што зноў Ім будзем уваскрэшаны; для цябе бо не будзе ўваскрэшання да жыцця». І далей, калі вялі пятага, мучылі яго; а ён, углядаючыся ў яго, сказаў: «Смяротны ты, хоць маеш уладу над людзьмі і робіш што хочаш; не думай, аднак, што наш народ пакінуты Богам; ты ж пачакай, і ўбачыш вялікую моц Яго, як цябе ды тваё патомства будзе мучыць». Па гэтым прыведзены быў шосты, і ён, паміраючы, сказаў: «Не памыляйся надарма! Мы бо церпім гэта за саміх сябе, бо зграшылі супраць нашага Бога і прыйшлі на нас такія надзвычайныя няшчасці; ты ж не думай, што застанешся непакараны, што насмеліўся ваяваць з Богам». Найболей жа дастойная здзіўлення і славутай памяці сама маці, якая, назіраючы на працягу часу аднаго дня смерць сямі сыноў, пераносіла гэта мужна, бо надзею ўскладала на Госпада. Поўная высакароднага разумення і падбадзёрваючы матчыным настаўленнем мужчынскую адвагу, кожнага з іх заахвочвала, на роднай мове кажучы ім: «Не ведаю, як вы знайшліся ў маім улонні, не я дала вам дыхаць і жыць, і не я размерала члены цела ў кожнага з вас; але ж Творца Сусвету — Той, Хто ўтварыў нараджэнне чалавека і Хто даў існаваць усяму, у Сваёй міласэрнасці зноў верне вам дух і жыццё, таму што вы пагардзілі сабою цяпер дзеля Яго закону». Антыёх жа падумаў, што ім пагарджаюць, і ў гэтых словах падазраваў знявагу, калі самага маладзейшага, які яшчэ заставаўся, угаворваў не толькі словамі, але і клятвай сцвярджаў, што, калі ён адвернецца ад бацькоўскіх законаў, зробіць яго багатым і шчаслівым, і нават будзе мець яго прыяцелем ды даручыць яму пачэсную службу. Калі ж юнак не звярнуў на гэта ніякай увагі, цар паклікаў маці і ўгаворваў яе, каб пераканала юнака на збаўленне. Пасля доўгіх яго намоў яна згадзілася ўгаворваць сына. Такім чынам, нахілілася над ім, высмейваючы жудаснага тырана, так сказала на бацькоўскай мове: «Сыне, злітуйся нада мной, якая дзевяць месяцаў насіла цябе ва ўлонні, і тры гады паіла цябе сваім малаком, і карміла цябе, і да гэтых гадоў вырасціла і выгадавала цябе. Малю цябе, дзіцятка, глянь на неба і на зямлю, і на тое, што на іх, бачачы ўсё, пазнай, што не з таго, што было, стварыў гэта Бог; ды што так узнік і род чалавечы. Не бойся гэтага ката, але будзь дастойны братоў тваіх і прымі смерць, каб у час літасці вярнула цябе я разам з братамі тваімі». Калі яна прадаўжала гаварыць, юнак сказаў: «Чаго вы чакаеце? Я не слухаюся загаду цара, але слухаюся загаду закону, дадзенага бацькам нашым Майсеем. Ты ж — вынаходца ўсякай бяды адносна гебраяў, не выкруцішся з рукі Божай. Мы бо за грахі нашы церпім гэта; і калі гэты жывы Валадар наш загневаўся на нас троху, каб на нас наракаць і нас абвінаваціць, то зноў злітуецца над паслугачамі Сваімі. Ты ж, забойца і паміж усіх людзей найпаганейшы, не падымайся залішне, пакладаючыся на падманныя надзеі, не паднімай рукі на дзяцей неба; ты бо яшчэ не ўцёк ад суда Усемагутнага Бога, Які ўсё бачыць. Браты бо нашы, працярпеўшы цяпер кароткае мучэнне, па запавеце Божым атрымалі жыццё вечнае, а ты па судзе Божым атрымаеш справядлівую кару за сваю пыхлівасць. Я ж, як і браты мае, за бацькоўскія законы аддаю і цела, і душу, просячы Бога, каб як хутчэй злітаваўся над нашым народам, і каб цябе бізунамі і мукамі змусіў прызнаць, што Ён адзіны Бог; на мне ж і на братах маіх спыніўся гнеў Усемагутнага, які справядліва спасцігнуў увесь наш народ». Тады цар, узлаваўшыся, загадаў аддаць яго пакутам, страшнейшым за іншыя, абураючыся, што той абсмяяў яго. Вось так жа і гэты закончыў, чысты, упэўнены ў Госпадзе адносна ўсяго. Пасля сыноў жа і маці апошняя была замучана. Такім чынам, хопіць таго, што сказана пра ахвяры ідалам і жудасныя мучэнні.

Тым часам Юда Макабэй і тыя, што былі з ім, патаемна прыходзілі ў вёскі, клікалі да сябе сваякоў ды тых, што трымаліся юдаізму, сабралі каля шасці тысяч чалавек. І яны прызывалі Госпада, каб зірнуў на народ, таптаны ўсімі; і каб злітаваўся над святыняй, спаганенай бязбожнікамі; і каб злітаваўся таксама над горадам, які прападае і хутка мае быць зраўнаваны з зямлёй, ды каб выслухаў крык крыві, якая кліча да Яго; таксама каб меў у памяці нягодныя смерці нявінных дзяцей і знявагі на імя Яго кіданыя і каб гневаўся на іх. А Макабэй, сабраўшы многа войска, станавіўся ўжо непераможным для паганаў, бо гнеў Божы перамяніўся ў міласэрнасць. І ён, нападаючы нечакана на гарады і вёскі, паліў іх, і займаў прыдатныя мясцовасці, і змушаў уцякаць немалы лік непрыяцеляў, на такія напады падбіраў найчасцей ночы як саюзнікаў. І аповяды аб яго мужнасці разыходзіліся паўсюдна. Піліп жа, бачачы, што гэты чалавек памалу дайшоў да ўлады ды штораз расце больш у паспяховасці, напісаў ліст Пталемею, кіраўніку Цэлесірыі і Фэніцыі, каб дапамог цару ў яго справах. Ён жа адразу выбраў Міканора, сына Патрокла, аднаго з першых прыяцеляў цара, і паслаў яго, даўшы яму не менш дваццаці тысяч ваяроў з розных народаў, каб выгубіць увесь юдэйскі народ; дадаў жа яму таксама Горгію, як чалавека ваеннага і спрактыкаванага ў ваенных справах. Міканор жа вырашыў з продажу юдэяў у няволю выплаціць цару падатак, налічваючы дзве тысячы талентаў, якія цар быў вінаваты рымлянам; і зараз жа паслаў у прыморскія гарады, запрошваючы іх купляць у нявольнікі юдэяў, абяцаючы даставіць дзевяноста палонных за адзін талент, не чакаючы тае помсты, якая мела прыйсці на яго ад Усемагутнага. Вестка ж аб паходзе Міканора дайшла да Юды, і ён паслаў сваім ваярам паведамленне аб набліжэнні войска. Тады баязлівыя і тыя, хто не верыў справядлівасці Божай, разбегліся і перайшлі ў другія мясцовасці; іншыя ж прадавалі ўсё, што ў іх заставалася, і разам умольвалі Госпада, каб уратаваў тых, якія бязбожным Міканорам яшчэ перад боем былі праданыя; калі не дзеля іх, то прынамсі дзеля прымірэння, заключанага з іх бацькамі і дзеля прызванага над імі святога і вялікага імя Яго. Макабэй жа, сабраўшы шэсць тысяч ваяроў, якія з ім былі, прасіў, каб не баяліся ворагаў ды каб не палохаліся вялікага ліку паганаў, якія несправядліва выступаюць супраць іх, але каб ваявалі мужна, маючы перад вачамі ганьбу, якую яны несправядліва ўчынілі ў святым месцы ды здзекі над абсмяяным горадам, і потым парушэнне звычаяў, перанятых ад бацькоў. «Яны бо давяраюць зброі і поруч адвазе, а мы пакладаем надзею ва Усемагутным Богу, Які можа за адну хвіліну як тых, што супраць нас ідуць, так і ўвесь свет знішчыць». Ён прыпомніў ім і выпадкі дапамогі, якую атрымалі іх бацькі і аб перамозе над Санхэрыбам, калі сто восемдзесят пяць тысяч загінула, і аб тым, што сталася ў Бабілоніі ў баі супраць галатаў, калі яны выйшлі ў бой васьмю тысячамі разам з чатырма тысячамі мацэдонцаў, — калі мацэдонцы апынуліся ў цяжкім становішчы, тых восем тысяч знішчыла сто дваццаць тысяч, дзякуючы той дапамозе, якую атрымалі з неба, і ўзялі здабычу надта вялікую; калі іх падбадзёрыў гэтымі словамі, так што былі гатовы аддаць жыццё за законы і бацькаўшчыну, падзяліў войска на чатыры асобныя часткі. Такім чынам, назначыў кіраўнікамі кожнай дружыны братоў сваіх: Сімона, Язэпа і Ёнату, а кожнаму падпарадкаваў тысячу пяцьсот ваяроў, затым Элеазару загадаў чытаць святую кнігу і даць знак Божай дапамогі. Сам, як кіраўнік першай дружыны, ударыў Міканора. І, атрымаўшы дапамогу ад Усемагутнага, забілі больш дзевяці тысяч ворагаў, ранілі ж ды скалечылі большую частку войска Міканора, усіх жа змусілі ўцякаць. А грошы тых, што прыбылі, каб іх купляць, яны адабралі; і, паколькі гналіся за імі даволі доўга, вярнуліся, бо позняя была пара; быў бо гэта дзень перад шабатам, дык таму не маглі гнацца за імі. Сабраўшы ж па іх зброю і здабычу з ворагаў, святкавалі шабат, шчыра дзякуючы і славячы Госпада, што вызваліў іх ад няволі ў той дзень, пачынаючы аказваць ім Сваю міласэрнасць. А пасля шабату частку здабычы раздзялілі між пакрыўджанымі: і ўдовамі, і сіротамі, — рэшту падзялілі між дзяцьмі. Такім чынам, калі ўсё гэта зрабілі і наладзілі супольную малітву, малілі міласэрнага Бога, каб да Сваіх паслугачоў быў літасцівы заўжды. І ў баях з ваярамі Ціматэя і Бакхіда забілі іх больш, чым дваццаць тысяч ды завалодалі высокімі ўмацаваннямі; багатую здабычу падзялілі на роўныя часткі: для саміх кіраўнікоў, для параненых, і для сірот, і для ўдоў ды яшчэ для старцаў. І калі старанна сабралі іх зброю, усё склалі ў адпаведных месцах; а рэшту здабычы занеслі ў Ерузалім. І Філарха іх, які быў з Ціматэем, чалавека найзлачыннейшага, які многа крыўды зрабіў юдэям, — забілі; і ў час святкавання ўрачыстасці перамогі ў сваім бацькоўскім горадзе спалілі тых, што падклалі агонь пад браму святыні, і Калістэна, які схаваўся ў адным доме; і атрымаў ён заслужаную кару за сваю бязбожнасць. А найбольш злачынны Міканор, які прывёў тысячу купцоў для продажу юдэяў, пры дапамозе Госпада ўпакораны тымі, якіх лічыў за нішто, скінуўшы пышныя шаты і пад відам уцекача прайшоўшы пасярэдзіне земляў, дабраўся адзін у Антыёхію, перш за ўсё абезнадзеены гібеллю войска. І той, хто абяцаў рымлянам заплаціць падатак з нявольнікаў з Ерузаліма, мусіў прызнаць, што юдэі маюць Абаронцу і таму юдэяў нельга перамагчы, бо падначальваюцца ўстаноўленым Ім законам.

У той жа час вяртаўся бясслаўна Антыёх з рэгіёнаў у Персіі. Аднойчы ўвайшоў у горад, называны Персэполь, і паспрабаваў абрабаваць храм і авалодаць горадам; дзеля таго, калі натоўп схапіўся за зброю, Антыёх прымушаны быў жыхарамі ўцякаць і мусіў з сорамам вяртацца дамоў. І калі быў каля Экбатаны, паведамілі яму, што сталася з Міканорам і Ціматэем. Узгарэўся ён гневам і задумаў адпомсціць юдэям за крыўду, якую пацярпеў ад тых, што змусілі яго ўцякаць; і загадаў фурману, каб ехаў без адпачынку, але суд нябесны ўжо праводзіў яго. Бо ў пыхлівасці сваёй так ён сказаў: «Ерузалім, калі дабяруся туды, зраблю кучай трун для юдэяў». Але Госпад, Які ўсё бачыць, Бог Ізраэля, крануў яго невылечнай і нябачнай плягай; і ледзь выказаў гэтыя словы, як хапіў яго невыносны боль жывата ды страшныя мукі вантробаў, было гэта вельмі справядліва, бо ён шматлікімі і незвычайнымі катаваннямі мучыў нутро іншых людзей. Ён жа ніякім чынам не адступаў ад сваёй пыхі; але, звыш таго, быў поўны пыхлівасці, у душы дыхаючы агнём супраць юдэяў, загадаў паскорыць язду. Сталася ж, што раптам выпаў з калясніцы, якая ляцела хутка, ды выпадзенне было нешчаслівае, так што мучыўся ён усімі членамі цела. І той, хто нядаўна ў нялюдскай пысе, здавалася, можа кіраваць марскімі хвалямі і на вагі можа кінуць вяршыні гор, апынуўшыся на зямлі, адкуль забралі яго і неслі на насілках, паказаў прыклад магутнасці Божай для ўсіх, так што з вачэй бязбожніка выпаўзалі чарвякі, а цела яго зажыва ў болях і муках адпадала кавалкамі, і ад смуроду яго з-за гніення млела ўсё войска. І таго, каму раней здавалася, што дакранецца да зорак на небе, ніхто не мог насіць з-за нязноснага смуроду. Адсюль, зламаны духам, пачаў пазбаўляцца вялікай пыхлівасці і даходзіць да пазнання, што дзеля кары Божай пакуты яго павялічваюцца з кожнай хвілінай. І калі нават ён сам не мог знесці свайго смуроду, сказаў так: «Справядліва ўпакорыцца перад Богам ды смертнаму не думаць пыхліва». Маліўся нават гэты злачынца да Госпада, Які больш не меў да яго міласэрнасці, так кажучы: «Вось, святы горад, да якога я спяшаўся, каб зраўнаваць яго з зямлёй і зрабіць брацкаю магілай — аб’яўляю свабодным; юдэяў жа, якіх палічыў нават за недастойных пахавання, але выкінуў разам з дзецьмі на з’ядзенне драпежным птушкам — усіх іх роўнымі атэнцам маю, і святыню, якую раней абрабаваў, маю аздобіць найпрыгажэйшымі дарамі, і ўсе шматлікія святыя пасудзіны маю вярнуць ды патрэбныя выдаткі на ахвяры маю даставіць са сваіх даходаў»; апрача таго, дакляраваў, станецца юдэем і аб’едзе ўсе мясцовасці, абжытыя людзьмі, абвяшчаючы моц Божую. Але калі боль ніколькі не спыняўся, бо прыйшоў на яго справядлівы суд Божы, ён, страціўшы надзею на сваё выратаванне, напісаў гэты ліст юдэям, ніжэй пададзены ў выглядзе малітвы, такога зместу: «Цар і кіраўнік Антыёх — юдэям, высакародным грамадзянам, — вялікае прывітанне, і здароўя, і шчасця. Калі вы добра адчуваеце сябе, і дзеці вашы, і справы вашы такія, як вы жадаеце, дык, молячыся, выказваю Богу самую вялікую падзяку, пакладаючы надзею на небе; я ж ляжу хворы, але вас успамінаю з пачуццём пашаны і зычлівасці. Вяртаючыся з краёў Персіі і запаўшы ў цяжкую хваробу, лічу за патрэбнае рупіцца аб супольнай бяспецы ўсіх людзей. Спадзяюся на сябе, але, маючы вялікую надзею, што ачуняю ад гэтае хваробы, не скідваю з увагі, што і мой бацька ў тыя часы, калі выбраўся ў паход з войскам у гарыстыя краіны, вызначыў сабе пераемніка; каб, калі здарыцца штосьці неспадзяванае або расказвалі б нешта фальшывае, жыхары краіны ведалі, каму даручана кіраванне справамі, і не непакоіліся. Прытым, маючы на ўвазе, што як блізкія царствы, так і далёкія ад царства чакаюць адпаведнае хвіліны і думаюць, што настане, — назначаю царом сына свайго — Антыёха, якога я часта ў час паходаў у верхнія царствы надта многім з вас давяраў і даручаў; і да яго я напісаў тое, што даручана. Дык напамінаю вам і прашу, каб вы помнілі аб гэтых дабрадзействах агулам і асобна, і каб захавалі ўсе вы гэтую зычлівасць, якую маеце да мяне, і да сына. Спадзяюся бо, што ён памяркоўна і па-чалавечаму, па маёй прапанове, будзе адносіцца да вас». Дык забойца і блюзнерца, церпячы самыя страшныя мукі, якія прычыняў другім, скончыў жыццё на чужой зямлі, у гарах, марнаю смерцю. Цела ж яго прывёз Піліп, малочны брат яго, які, баючыся сына Антыёха, падаўся да Пталемея Філамэтара ў Егіпет.

Макабэй жа і што з ім былі пад апекай Госпада здабылі святыню і горад; але развярнулі чужынцамі пастаўленыя на плошчы ахвярнікі і такім жа чынам знішчылі капішчы, і пасля ачышчэння святыні пабудавалі новы ахвярнік, і, выкрасаўшы агонь з камянёў і ўзяўшы той агонь, усклалі ахвяры па двух гадах перапынку, і кадзілі фіміям, і запалілі каганцы, ды зрабілі хлябы пакладання. А зрабіўшы ўсё гэта, упалі ўсім целам перад Госпадам і папрасілі Госпада, каб не пападаць ім больш у такія няшчасці, але, і калі саграшаць, хай карае іх памяркоўна, і не выдае іх блюзнерцам і народам паганскім. А ў той дзень, у які святыня была чужынцамі спаганена, выпала ў той жа дзень ачышчэнне святыні — дваццаць пятага дня гэтага месяца, гэта значыць, Каслева. І ўрачыстасць святкавалі з радасцю восем дзён на ўзор свята Палатак, прыпамінаючы, як нядаўна свята Палатак святкавалі ў гарах і ў пячорах, на спосаб дзікіх звяроў. Таму — з тырсамі і зялёнымі галінкамі дый яшчэ з пальмавымі галінкамі ў руках спявалі гімны Таму, Хто дазволіў ім шчасліва ачысціць іх месца. І супольным загадам і абяцаннем рашылі, што ўвесь народ юдэйскі штогод будзе ўрачыста святкаваць гэтыя дні. Так склаліся падзеі пасля смерці Антыёха, званага Эпіфанам. Цяпер жа раскажам аб падзеях з Антыёхам Эўпатарам, сынам таго бязбожніка, будзем расказваць коратка пра беды, звязаныя з войнамі. Ён бо, прыняўшы царства, даручыў кіраваць справамі царства нейкаму Лісію, галоўнаму кіраўніку Цэлесірыі і Фэніцыі. Бо Пталемей, называны Макронам, лічыў за лепшае справядліва адносіцца да юдэяў, дзеля несправядлівасці, якую ім спрычыняў, і ў справах адносна іх імкнуўся абыходзіцца з імі міралюбна. Таму прыяцелямі быў абвінавачаны перад Эўпатарам, паколькі часта чуў, што ён здраднік, таму што ён пакінуў даручаны яму Філамэтарам Кіпр, а перайшоў да Антыёха Эпіфана, і калі ён не мог дастойна далей спраўляць пачэсную ўладу, скончыў жыццё, ужыўшы атруту. А калі Горгія быў кіраўніком тых земляў, ён трымаў наёмнае войска і бесперапынна правакаваў вайну супраць юдэяў. Разам з ім і ідумейцы, маючы ў прыдатных мясцовасцях умацаванні, непакоілі юдэяў, і, прымаючы ўцекачоў з Ерузаліма, стараліся дакучаць вайной. Тыя ж, што былі з Макабэем, адправіўшы маленні і папрасіўшы Бога, каб дапамагаў ім, учынілі нашэсце на ідумейскія ўмацаванні; напаўшы на іх мужна, апанавалі гэтыя месцы ды выгналі ўсіх, што ваявалі на мурах; тых жа, што трапілі ў іх рукі, забілі, і знішчылі яны не менш дваццаці тысяч чалавек. А некаторыя — не менш дзевяці тысяч — уцяклі ў дзве добра ўмацаваныя вежы, якія мелі ўсё, патрэбнае для абароны. Дык Макабэй пакінуў Сімона і Язэпа ды яшчэ Захэя, і з ім даволі вялікую колькасць ваяроў да аблогі іх, сам жа накіраваўся ў тыя мясцовасці, якія яны больш цяснілі. Тыя ж, што з Сімонам былі, сквапныя былі на грошы, ды некаторыя, што ў вежах былі, далі перакупіць іх грашыма, і, узяўшы семдзесят тысяч драхм, дазволілі некаторым уцячы. Калі ж сталася, што аб гэтым паведамілі Макабэю, ён, сабраўшы кіраўнікоў народа, абвінаваціў тых, што за грошы прадалі братоў, адпусціўшы праціўнікаў іх. Такім чынам, гэтых людзей, што сталі здраднікамі, загадаў забіць і зараз жа здабыў абедзве вежы. Дзейнічаючы са зброяй у руках, паспяхова ў дзвюх вежах забіў болей дваццаці тысяч. Ціматэй, пераможаны раней юдэямі, сабраўшы надта вялікую колькасць наёмнага войска і арганізаваўшы конніцу з азійцаў, прыбыў у Юдэю, як быццам меў намер заваяваць яе сілаю. Калі ён набліжаўся, тыя, што былі з Макабэем, каб упрасіць Бога, пасыпалі зямлёю галовы і падперазалі сцёгны зрэбніцамі, упалі перад падножжам ахвярніка і прасілі Бога, каб быў Ён да іх спагадны, а для ворагаў каб быў Ён ворагам, ды каб маглі процістаяць тым, якія ішлі супраць іх, як абвяшчае закон. Пасля малення схапіўшыся за зброю, выйшлі далей за горад і, калі ўжо былі блізка да ворага, воддаль стрымаліся. А ледзь пачало днець, рынуліся адны на адных: адны ж ішлі з мужнасцю, маючы як залог поспеху і перамогі прытулак у Госпадзе, другія ж — пакладаючыся на кіраўніка бою. Але калі разгарэўся люты бой, праціўнікам на небе паказалася пяць коннікаў, упрыгожаных залатою збруяю, якія спыніліся наперадзе кіраўнікоў юдэяў; іх два чалавекі ўзялі яго між сабой, засланілі яго сваёй зброяй ды сцераглі яго ад раненняў, а на праціўнікаў кідалі стрэлы і перуны, з-за чаго яны, паражоныя слепатой, разбегліся ў вялікім страху. Забітых жа было дваццаць тысяч пяцьсот, а коннікаў — шэсцьсот. Сам Ціматэй уцёк да найлепш умацаванай крэпасці, што завецца Газарай, дзе кіраўніком быў Харэя. А людзі Макабэяў з радасці асадзілі крэпасць на чатыры дні. Тыя ж, што былі ўнутры, спадзеючыся на тое, што месца ўмацавана надзвычайна, блюзнілі і гаварылі бязбожныя словы; але на досвітку пятага дня дваццаць юнакоў з акружэння Макабэя, узгарэўшыся гневам дзеля блюзнерства, дзёрзка ўзабраліся на мур ды са звярынай лютасцю забівалі кожнага, хто пападаўся ім. Але падобна іншыя з другога боку кінуліся на тых, што былі ўнутры, падпальвалі вежы і, падклаўшы агонь, іх, блюзнерцаў, жывых спальвалі; іншыя ж праломлівалі брамы і, упусціўшы рэшту дружыны, здабылі горад; і Ціматэя, які схаваўся ў нейкай яме, забілі, як і брата яго Харэю, і Апалафана. Пасля здзяйснення гэтага, з гімнамі і песнямі падзякі дабраслаўлялі Госпада, Які велікадушна спагадаў Ізраэлю ды даваў ім перамогу.

Але праз кароткі час пасля гэтага Лісія, давераны цара, і сваяк, і намеснік над справамі, глыбока крануты тым, што сталася, сабраў каля васьмідзесяці тысяч ваяроў і ўсю конніцу і выступіў супраць юдэяў, перакананы, што менавіта ён горад зробіць пасяленнем грэкаў; і з святыні будзе браць падатак, як і з іншых храмаў паганскіх ды кожны год будзе прадаваць першасвятарства, і не думаў ён аб моцы Божай, але паклаўся на мноства пешых і на тысячы коннікаў, а таксама на восемдзесят сланоў. А ўвайшоўшы ў Юдэю і падышоўшы да Бэтсура, умацаванага месца, аднак адлеглага ад Ерузаліма на пяць стадый, ён асадзіў яго. Калі Макабэй і тыя, што з ім былі, даведаліся, што ён асадзіў крэпасці, малілі Госпада з плачам і слязамі, ды разам увесь народ, каб паслаў Ён добрага анёла на збаўленне Ізраэля. І Макабэй, сам першы схапіўшы зброю, заахвоціў іншых, каб разам з ім сябе выставілі на небяспеку, і прыйшлі з дапамогай братам сваім; тады і яны ахвотна пайшлі з ім у паход. Але калі былі каля Ерузаліма, паказаўся ім правадыром іх коннік у белым адзенні, які бразгаў залатой зброяй. Дык усе разам дабраславілі міласэрнага Бога і ўзгарэліся душамі так, што не толькі людзей, але і саміх дзікіх звяроў, і жалезныя муры гатовы былі перамагчы. Ішлі яны ў зброі, маючы Успаможцу з Неба, бо Госпад над імі злітаваўся. Як ільвы, кінуліся на непрыяцеляў і паразілі з іх адзінаццаць тысяч пешых ды тысячу шэсцьсот коннікаў, усіх жа іншых прымусілі ўцякаць. А большасць з іх былі паранены, якія, кінуўшы зброю, ратаваліся ўцёкамі; але і сам бо Лісія выратаваўся ганебнымі ўцёкамі. І не быўшы пазбаўленым розуму, ён, разважаючы ў сабе пра паражэнне, якое пацярпеў, і пераканаўшыся, што гебраі непераможныя, бо ім Магутны Бог дапамагае, паслаў да іх, паручаючыся, што ён згадзіцца на ўсё, што справядліва, ды таксама, што ён пераканае цара ў неабходнасці быць іх прыяцелем. Дык згадзіўся Макабэй на ўсё, што Лісія прасіў, маючы на ўвазе агульнае дабро; бо на ўсё, што Макабэй даручыў Лісіі ў лісце ў справе юдэяў, цар згадзіўся. А вось лісты, напісаныя юдэям Лісіем, мелі такі змест: «Лісія — народу юдэйскаму — прывітанне. Ёан і Абсалом, пасланнікі вашы, уручылі мне ніжэй пададзены ліст і дамагаліся вырашэння спраў, у ім змешчаных. Дык, канешне, паведаміў я цару ўсё тое, што было трэба; і ён згадзіўся на тое, што было магчыма. Дык калі ў справах захаваеце спагаднасць [да ўлады], я гатовы і ў наступным супрацоўнічаць для вашага дабра. Што ж да спраў паасобных, то я даручыў як вашым, так і маім пасланцам перагаварыць з вамі. Будзьце здаровыя! Сто сорак восьмага года, дваццаць чацвёртага дня, месяца Дзіяскура». Ліст жа гэты царскі меў такі змест: «Цар Антыёх брату Лісію — прывітанне. Бацька наш перанесены да багоў, мы ж жадаем, каб жыхары нашага царства жылі без бунту і рупіліся аб сваіх справах; мы пачулі, што юдэі не згадзіліся з бацькам, каб прыняць грэчаскія звычаі, але, свой звычай лічачы за лепшы, просяць дазволіць свае законы; такім чынам, хочучы, каб гэты народ таксама быў без бунту, лічым, што трэба вярнуць ім святыню ды дазволіць, каб жылі яны паводле звычаяў, якія атрымалі ад сваіх продкаў. Добра таму зробіш, калі пашлеш да іх пасланцоў і падасі ім правую руку, каб яны, ведаючы нашы намеры, былі добра настроены ды ахвотна займаліся сваімі справамі». Ліст жа цара да народа быў такі: «Цар Антыёх старэйшынам юдэяў і ўсім юдэям прывітанне. Калі вам добра, значыць, і мы так хочам; ды і мы самі памысна жывём. Мэнелай паведаміў нам, што вы хочаце вярнуцца дадому і заняцца сваімі ўласнымі справамі. Такім чынам, усім тым, якія аж да трыццатага дня месяца Ксантыка вернуцца, будзе правая рука і бяспека, каб юдэі карысталіся сваёй ежай і законамі, як і раней, ды хай з іх ніхто не мае ніякай прыкрасці ў тых рэчах, што былі дапушчаны па несвядомасці. Паслалі ж мы і Мэнелая да вас, каб супакоіў вас. Будзьце здаровы! Сто сорак восьмага года, пятнаццатага дня месяца Ксантыка». Таксама рымляне паслалі ліст такога зместу: «Квінт Мэмій, Тыт Маній, легаты рымскія, — юдэйскаму народу — прывітанне. На ўсё, што прызнаў для вас Лісія, сваяк цара, і мы даём згоду. А што прызнаў ён патрэбным прадставіць цару, аб тым, разважыўшы неадкладна, пашліце каго-небудзь з вас, каб мы маглі зрабіць, што вам належыцца; бо мы адпраўляемся ў Антыёхію. Дык паспешна пашліце кагосьці, каб мы маглі ведаць, чаго вы хочаце. Жывіце шчасліва! Сто сорак восьмага года, пятнаццатага дня Ксантыка».

Пасля заканчэння дамоў Лісія направіўся да цара, юдэі ж заняліся земляробствам. Але з мясцовых кіраўнікоў Ціматэй і Апалоній, сыны Генэя, а таксама Геранім і Дэмафон, а разам з імі таксама Міканор, кіраўнік кіпрыётаў, не дазвалялі ім адпачываць ды жыць спакойна. Жыхары ж Ёпэ дапусціліся такога злачынства: папрасілі яны юдэяў, з якімі яны разам жылі, сесці са сваімі жонкамі і дзецьмі ў лодкі, раней імі прыгатаваныя, як быццам не маючы супраць іх нічога ліхога, калі ж тыя згадзіліся, бо хацелі захаваць супакой ды нічога дрэннага не падазравалі, яны, дзейнічаючы згодна з агульным рашэннем горада, калі тыя былі далёка ад берага, патапілі іх у віры — не менш за дзвесце асоб. Калі Юда даведаўся аб такой жудасці, дапушчанай супраць людзей яго народа, аб’явіў пра гэта быўшым з ім ды, прызваўшы Бога як справядлівага суддзю, выбраўся ноччу супраць забойцаў сваіх братоў і нават падпаліў порт, спаліў лодкі, а тых, што там схаваліся, забіў мечам. І калі тое месца было зачынена, ён адышоў, быццам з намерам ізноў прыйсці і забіць усіх жыхароў Ёпэ. Але, даведаўшыся, што і жыхары Ямніі хацелі падобным спосабам зрабіць з юдэямі, што жывуць з імі, напаў таксама на жыхароў Ямніі ноччу і падпаліў порт разам з флотам, так што водбліск пажару бачыць можна было аж у Ерузаліме — на адлегласці двухсот сарака стадый. Калі яны ўжо адышлі адтуль на дзевяць стадый, накіроўваючыся супраць Ціматэя, напалі на яго арабы ў ліку не менш пяці тысяч пешых і пяцісот коннікаў. І калі завязаўся люты бой, — а ваярам Юды за дапамогай Божай шанцавала, — дык пераможаныя качэўнікі прасіліся, каб Юда падаў ім правую руку, ды абяцалі даць ім пашы і іншым спосабам дапамагаць. Юда ж, разумеючы, што сапраўды ў многім могуць быць ім карыснымі, згадзіўся заключыць з імі супакой; і, падаўшы правыя рукі, разышліся ў свае палаткі. Яшчэ напаў ён на адзін горад з моцнымі мастамі, і акружаны мурамі, абжыты рознымі народамі, які называўся Каспін. Тыя ж, што былі ўнутры, спадзеючыся на моцныя муры і запасы харчоў, адносіліся да ваяроў Юды зняважліва, блюзнілі, пракліналі і гаварылі, што не належала. Ваяры ж Юды, прызваўшы Вялікага Валадара свету, Які без аблогавых таранаў і машын разваліў Ерыхон у часы Ешуа, з абурэннем пайшлі на муры, і з волі Божай узяўшы горад, учынілі неапісальную сечу, так што возера, што было побач і мела шырыню дзве стадыі, здавалася поўным крыві, якая туды сцякала. А адышлі яны адтуль на семсот пяцьдзесят стадый і падышлі да крэпасці Харака, да юдэяў, якіх называлі тубіянцамі. І Ціматэя ў тых мясцовасцях не захапілі, бо пакінуў іх, нічога там не зрабіўшы, пакінуў толькі ў адным месцы вельмі вялікую варту. А Дазітэй і Сасіпатр, кіраўнікі войска Макабэя, адправіліся і забілі пакінутых Ціматэем у крэпасці ваяроў болей за дзесяць тысяч. І Макабэй, падзяліўшы сваё войска на дружыны, назначыў іх кіраўнікамі над дружынамі і ўдарыў на Ціматэя, які меў пры сабе сто дваццаць тысяч пешых і дзве тысячы пяцьсот коннікаў. Калі ж Ціматэй даведаўся, што падыходзіць Юда, адаслаў жанчын, і дзяцей, і частку лагера, што засталася, на месца, названае Карніён; гэта бо ўмацаванне было непрыступнае, туды было цяжка падняцца з-за цеснаты месца. І калі першая дружына Юды з’явілася, боязь ахапіла ворагаў, страх дзеля прысутнасці Таго, Які ўсё бачыць; кінуліся ўцякаць, адзін да аднаго скіроўваючыся, так што многа было паранена сваімі ваярамі ды забіта лязамі мечаў. Юда ж пусціўся ў пагоню, здабываючы бязбожнікаў, і знішчыў каля трыццаці тысяч чалавек. А сам Ціматэй, папаўшы ў рукі ваяроў Дазітэя і Сасіпатра, прасіўся, каб яго жывым адпусцілі, бо ён мае ў палоне як бацькоў многіх юдэяў, так і братоў другіх, і многа іх без яго апекі пагіне; і ў многіх прамовах урачыста абавязаўся, што адашле іх без крыўды; вызвалілі яго дзеля збаўлення братоў. А Юда адправіўся на Карніён і Этэргацыён, дзе забіў дваццаць пяць тысяч чалавек. Па перамозе іх і поўным знішчэнні накіраваў войска таксама супраць умацаванага горада Эфрон, дзе пражывала многа розных народаў, і сталі там перад мурамі дужыя маладыя ваяры і мужна абараняліся, а ўнутры было многа асадных машын і кідальных прылад. Але калі яны прызвалі Валадара, Хто моцай Сваёй ламае сілы ворагаў, авалодалі горадам і забілі тых, хто былі ўнутры, каля дваццаці пяці тысяч. Выйшаўшы адтуль, прыбылі да горада скіфаў, які знаходзіўся на адлегласці шасцісот стадый ад Ерузаліма. Па сведчанні юдэяў, якія там жылі, аб зычлівасці, з якою жыхары Скіфапаля адносіліся да іх, ды аб тым, як у цяжкія часы прыязна іх сустракалі, то, дзякуючы ім, прасілі таксама, каб у будучым былі яны да іх народаў прыхільнымі, да Ерузаліма прыбылі яны з надыходам святочнага дня тыдняў. Па свяце ж, званым Пяцідзесятніцай, пайшлі супраць Горгіі, кіраўніка Ідумэі. А выступіў ён з трыма тысячамі пешых і чатырмастамі коннікамі. Калі дайшло да бою, аказалася, што загінула невялікая колькасць юдэяў. А Дазітэй, адзін з ваяроў, якія былі пад камандай Бацэнора, коннік, чалавек дужы, схапіў Горгію і, трымаючы за хламіду, цягнуў яго з вялікай сілай; і калі хацеў яго захапіць жывым, адзін паміж тракійскіх коннікаў кінуўся на яго і адсек яму руку, і Горгія ўцёк у Марэсу. Калі, аднак, тыя, што былі з Эздрынам, даволі доўгі час ваявалі ды былі змучаны, Юда прызваў Госпада, Успаможцу і Кіраўніка ў баі, затым, спяваючы ўголас гімны на бацькоўскай мове, ён крыкнуў ды кінуўся неспадзявана на ваяроў Горгіі і змусіў іх уцякаць. А Юда, сабраўшы войска, прыйшоў у горад Адолу, і як падышоў сёмы дзень, паводле звычаю ачысціліся і ў тым жа месцы адсвяткавалі суботу. І ў наступны дзень прыйшлі тыя, хто быў з Юдам; у той час, у які патрабавалася, ваяры Юды прыйшлі забраць целы тых, якія палі, ды пахаваць разам са сваякамі ў сямейных грабніцах. У кожнага ж забітага пад тунікай знайшлі пасвячоныя ідалам, што былі ў Ямніі, рэчы, якія закон забараняе юдэям. Дык сталася ўсім ясна, дзеля чаго яны пагінулі. Такім чынам, усе дабраславілі Госпада, справядлівага Суддзю, Які справы скрытыя робіць яўнымі, потым звярнуліся да малітвы і малілі, каб тое дапушчанае было цалкам забытае. А наймужнейшы Юда напомніў народу, каб сцераглі сябе ад граху, маючы перад вачамі тое, што сталася дзеля граху тых, што пагінулі. І наладзіў ён ахвяраванне па ліку мужчын з дзвюх тысяч срэбраных драхм, і паслаў у Ерузалім, каб ускласці ў ахвяру за грахі, вельмі добра і высакародна думаючы аб паўстанні з памерлых. Бо калі б не спадзяваўся, што тыя, пазабіваныя, уваскрэснуць, дык пустой і недарэчнай справай было б маліцца за памерлых. Затым ён убачыў, што тыя, якія прынялі супакой з пабожнасцю, мелі найлепшы прыгатаваны дар ласкі — святую і пабожную думку. Таму ўчыніў за памерлых уміласціўляльную ахвяру, каб былі вызвалены ад граху.

У сто сорак дзевятым годзе дайшла чутка да ваяроў Юды, што Антыёх Эўпатар пайшоў з войскам супраць Юдэі ды што з ім Лісія, павераны і загадчык спраў дзяржаўных, кожны ўзначальваў грэчаскае войска, якое налічвала сто дзесяць тысяч пешых і пяць тысяч трыста коннікаў, і дваццаць два сланы ды трыста калясніц, узброеных сярпамі. Далучыўся да іх і Мэнелай, і надта лжыва прасіў Антыёха не за збаўленне айчыны, але спадзеючыся, што дадуць яму ўладу. Але Валадар валадароў абудзіў гнеў Антыёха на грэшніка; і, калі Лісія высветліў цару, што Мэнелай вінаваты ва ўсіх бедах, цар загадаў, каб завялі яго ў Бэрэю ды забілі па мясцовым звычаі. Была ж там вежа ў пяцьдзесят локцяў, поўная попелу, і ў ёй было прыстасаванне, якое круцілася ды з усіх бакоў накіроўвалася ў попел. Там святататцу або вінаватага ў нейкіх іншых вельмі цяжкіх праступках усе скідвалі на загубу. І паводле такога закону прыйшла смерць і на парушальніка закону, і Мэнелай пазбавіўся гроба, выкапанага ў зямлі. Вельмі слушна, бо ён дапусціўся многіх злачынстваў супраць ахвярніка, агонь і попел якога святыя, таму ў попеле знайшоў ён смерць. Але цар, здзічэўшы ў сваіх намерах, прадаўжаў далей ліхадзеіць, каб прычыняць юдэям рэчы горшыя за тыя, якія адбываліся ў час яго бацькі. Калі даведаўся аб гэтым Юда, паведаміў народу, каб дзень і ноч прызывалі Госпада, каб Ён, як раней, так і цяпер дапамог тым, бо яны маюць быць пазбаўлены закону, і бацькаўшчыны, і святыні; і хай не дапусціць, каб народ, які толькі што троху адпачыў, трапіў у няволю блюзнерскіх плямёнаў. Такім чынам, калі ўсе аднадушна споўнілі гэта і на каленях умольвалі міласэрнага Госпада з плачам і ў постах тры дні без перапынку, тады Юда падбадзёрыў іх і загадаў ім быць на месцы. Ён жа на асобнай нарадзе са старэйшынамі загадаў, каб, перш чым царскае войска ўвойдзе ў Юдэю і авалодае горадам, выйсці і вырашыць справы пры дапамозе Божай. Дык паручаючы апеку Творцы Сусвету, заахвоціў сваіх ваяроў, каб мужна, аж да смерці, ваявалі за законы, за святыню, за горад, за бацькаўшчыну, за звычаі; і каля Модзіны стаў лагерам. І калі сваім ваярам даў знак: «Божая перамога!», — сам ноччу з найлепшымі адборнымі юнакамі напаў на лагер, на царскую палатку, забіў каля дзвюх тысяч ваяроў і прабіў найбольшага слана разам з тым, што сядзеў на ім; і нарэшце, нагнаўшы на лагер страху, і жаху, і паспяхова зрабіўшы справы, яны вярнуліся. Калі ж стала ўжо світаць, усё было здзейснена, дзякуючы абароне Госпада, Які дапамог яму. Але цар з практыкі даведаўшыся пра адвагу юдэяў, захацеў хітрасцю авалодаць мясцовасцямі. І наблізіў ён лагер да Бэтсуры, моцнай юдэйскай крэпасці; але быў адкінуты, змушаны ўцякаць, пацярпеў паражэнне. А Юда тым, што былі ў крэпасці, пасылаў усё патрэбнае. Адзін з юдэйскага войска — Радок — адкрыў ворагам таямніцу; але знайшлі яго, быў ён схоплены і зняволены. Іншым разам цар пачаў перамовы з тымі, хто быў у Бэтсуры, працягнуў правіцу, атрымаў, адышоў; і напаў на тых, што былі з Юдам, але быў пераможаны; даведаўся ён, што Піліп, які быў пакінуты ў Антыёхіі правіцелем, паўстаў, быў моцна тым крануты; звярнуўся ён да юдэяў, скарыўся, стаў прасіць, пакляўся споўніць усё, што справядлівае, і склаў ахвяру, ушанаваў святыню ды аказаў дабро месцу святому. Прыняў ён Макабэя і назначыў яго кіраўніком ад Пталемеі аж да гегемоніі Гэрэны. накіраваўся ён у Пталемею; пталемейцы былі надта незадаволены ўмовамі сяброўства, наракалі бо звыш меры і захацелі скасаваць дагаворы. Лісія ўзышоў на трыбуну, адпаведна выказаў сутнасць справы, супакоіў, улагодзіў, пераканаў ды вярнуўся ў Антыёхію. Так закончыліся дзеянні цара, яго нашэсце і адыход.

Але пасля трох гадоў дайшла да Юды вестка, што Дэмэтрый, сын Сэлеўка, прыплыў у порт Трыпаліса з моцным войскам і флотам, што завалодаў краем, забіўшы Антыёха і паверанага яго Лісію. А нейкі Альцым, які раней быў першасвятаром, але сам добраахвотна зняславіў сябе ў час забурэння і ведаў, што ніякім чынам няма для яго збаўлення або паўторнага доступу да святога ахвярніка, накіраваўся ў сто пяцьдзесят першым годе да цара, прыносячы яму залаты вянец і пальмавую галінку, а потым і аліўкавыя галінкі, якія ўжываюцца ў святыні; і з таго дня ён не распачаў больш нічога. Адпаведны ж час знайшоў для выяўлення сваёй дурасці, калі яго пазваў Дэмэтрый на сход рады і запытаўся, які настрой і намеры маюцца ў юдэяў, на што ён адказаў: «Тыя паміж юдэяў, што называюцца асідэйцы, якіх узначальвае Юда Макабэй, узбуджаюць войны і выклікаюць неспакой, і не даюць царству жыць у супакоі. Таму я пазбаўлены славы бацькоў, — а гавару я аб першасвятарстве — сюды зараз прыбываю, перш, папраўдзе, шчыра маючы справы цара на ўвазе, потым жа — з парадаю таксама дзеля грамадзян сваіх; бо неразважнасць вышэй нагаданых людзей нямала шкодзіць усяму нашаму народу. Але калі кожную з гэтых спраў пазнаў ты, цару, дык зваж на наш край і на прыгнечаны народ з відавочнай усім спагаднасцю; бо пакуль застаецца Юда, не можа быць спакойна». Калі ж гэта было сказана ім, дык зараз жа іншыя прыяцелі цара, варожа настроеныя супраць Юды, яшчэ болей падбухторылі Дэмэтрыя. Ён у тую ж хвіліну выбраў Міканора, які быў загадчыкам над сланамі, і, назначыўшы яго кіраўніком Юдэі, паслаў яго, загадаўшы, каб нават самога Юду забіў; а тых, што з ім былі, — разагнаў і Альцыма назначыў першасвятаром найвялікшай святыні. Пагане, жыхары Юдэі, якія калісьці ўцяклі ад Юды, вялікай грамадой злучыліся з Міканорам. Яны ўважалі, што беды і няшчасці юдэяў стануцца для іх памыснасцю. Дык юдэі, пачуўшы аб паходзе Міканора і аб далучэнні да яго паганаў, пасыпалі сабе галовы зямлёю і прасілі Таго, Хто навечна ўстанавіў народ Свой, ды Хто відавочнымі знакамі заступаецца за Свой удзел. А па загадзе кіраўніка зараз адышлі адтуль і сустрэліся з імі ў пасяленні дэсаў. Сімон жа, брат Юды, уступіў у бой з Міканорам, але дзеля раптоўнага ўдару праціўнікаў, пацярпеў вялікае паражэнне. Дарэчы, Міканор, чуючы, якую мужнасць мелі ваяры Юды ды з якою велікадушнасцю ваявалі за бацькаўшчыну, баяўся кровапраліццем рашаць справу. Дзеля таго паслаў Пасідонія, Тэадота і Мататыю, каб падалі правыя рукі і ад іх атрымалі супакой. І пасля доўгае нарады пра гэта і калі сам кіраўнік аб’явіў гэта ваярам, выявілася аднадушная думка ды ўсе згадзіліся на мірныя перамовы. Такім чынам, назначылі дзень, у які спаткаюцца яны тайна на адным месцы; і з абодвух бакоў рушылі калясніцы і на іх сядалішчы; Юда ў прыдатных месцах паставіў узброеных ваяроў, каб былі гатовы на выпадак, калі з боку непрыяцеляў часам нечакана адбудзецца штосьці дрэннае; і правялі яны адпаведныя перамовы. Міканор пабываў у Ерузаліме і нічога ліхога не прычыніў, і выдаліў сабраныя пры ім вялікія натоўпы людзей. Меў жа Юду заўжды на віду і ад душы спагадаў яму. Папрасіў яго, каб ажаніўся і займеў дзяцей. Альцым жа, бачачы ўзаемную іх зычлівасць ды заключаныя ўмовы, накіраваўся да Дэмэтрыя і казаў, што Міканор варожа пастаўляецца адносна дзяржавы, бо Юду, ворага яго царства, назначыў сваім саюзнікам. Такім чынам, разгневаны і раздражнёны паклёпамі гэтага ліхотніка, цар напісаў Міканору, выяўляючы незадавальненне адносна дагавораў і загадваючы, каб скаванага Юду Макабэя хутчэй даставіў у Антыёхію. Калі даведаўся пра гэта Міканор, вельмі ўстрывожыўся і быў засмучаны, бо не хацеў зневажаць перамовы з чалавекам, які ні ў чым не парушыў справядлівасці; але ўсё ж такі цару не мог супрацівіцца, дык чакаў зручнай магчымасці, каб умела вырашыць гэтую справу. Макабэй жа заўважыў, што Міканор абыходзіцца з ім больш жорстка і што пры звычайных сустрэчах паводзіць сябе больш груба, ды пераканаўся, што з гэтай жорсткасці нічога добрага не выйдзе, і, сабраўшы нямногіх сваіх ваяроў, скрыўся ад Міканора. Калі той даведаўся, што Юда адважна перавысіў яго хітрасцю, прыйшоў у самы вялікі і святы храм — святыню — тады, калі святары складалі звычайныя ахвяры ды загадаў выдаць яму гэтага чалавека. Калі яны, складаючы прысягу, заявілі, што не ведаюць, дзе знаходзіцца той, каго яны шукаюць, то ён, выцягнуўшы правую руку ў бок святыні, так пакляўся: «Калі не выдадзіце мне Юду ў кайданах, то зраўную гэту святыню Божую з зямлёй і развярну ахвярнік, а на гэтым месцы пабудую прыгожы храм Дыёнісу». І, гэта сказаўшы, адышоў. Святары ж, выцягнуўшы рукі да неба, прызывалі Таго, Хто заўсёды ваяваў за Свой народ, гэтымі словамі: «Ты, Госпадзе Сусвету, Які нічога не патрабуеш, захацеў, каб святыня прабывання Твайго заставалася між нас, ды цяпер, Святы, Госпадзе ўсяе святасці, захавай навек неспаганеным дом гэты, які нядаўна быў ачышчаны». Міканору ж было данесена, што нейкі Разіс, са старэйшын Ерузалімскіх, з’яўляецца ўмілаваным у горадзе і мае вялікую славу, і дзеля сваёй дабраты названы бацькам Юдэі, бо ў час ранейшых забурэнняў быў праследаваны за юдаізм, і безупынна выстаўляў цела і душу на небяспеку з-за юдаізму. А Міканор, хочучы наяўна паказаць нянавісць, якую мае да юдэяў, паслаў больш пяцісот ваяроў, каб схапіць яго; бо не сумняваўся, што калі яго зловіць, дык нанясе ім паражэнне вялікае. А калі натоўп хацеў захапіць вежу і сілаю выламаць дзверы панадворка, і прытым быў дадзены загад падкласці агонь і спаліць дзверы, Разіс, акружаны з усіх бакоў, проціў самога сябе накіраваў меч, жадаючы лепш высакародным спосабам памерці, чым папасціся ў рукі злачынцаў ды спаганіць сваю годнасць знявагамі ганебнымі. Але калі ўдар з-за паспешнасці барацьбы аказаўся недакладны і натоўп урываўся ўжо ў дзверы, то ён адважна ўзбег на мур і з мура мужна кінуўся ўніз на натоўп людзей; калі яны хутка разбегліся, пакідаючы пустое месца, ён упаў на сярэдіну, на пустое месца. І калі дыхаў яшчэ і гарэў абурэннем, падняўся, хоць кроў з яго цякла ракою і раны балелі, прабег праз натоўп людзей і спыніўся на адной стромкай скале. Цалкам ужо сышоўшы крывёю, вырваў вантробы і, схапіўшы іх абедзвюма рукамі, кінуў іх на людзей, прызываючы Гаспадара жыцця і духа, каб Ён яму зноў даў жыццё, і так закончыў жыццё.

Калі ж Міканор даведаўся, што ваяры Юды знаходзяцца ў ваколіцах Самарыі, дык рашыўся ў дзень супакою з усёю для сябе бяспекаю напасці на іх. Юдэі ж, якія пад прымусам ішлі з ім, казалі: «Не губі іх так па-дзікунску і бязлітасна, але ўшануй дзень святы, якому Той, Хто беражэ ўсё, прыдаў хвалы і святасці». Той нешчаслівец спытаўся, ці ёсць у небе Усёмагутны, Які загадаў дзень суботаў святкаваць? І калі яны адказалі: «Ёсць Госпад жывы там, у небе, Валадар, Які загадаў дзень сёмы святкаваць». А ён на гэта: «А я, — кажа, — валадар на зямлі, загадваю ўзяцца за зброю і спаўняць царскую службу». Аднак не змог здзейсніць свайго ліхога намеру. Міканор жа, у найбольшай пыхлівасці выцягваючы шыю, збіраўся паставіць агульны помнік здабыч, узятых з ваяроў Юды. А Макабэй заўсёды меў давер і поўную надзею, што атрымае дапамогу ад Госпада; і ён упэўніваў сваіх ваяроў, каб не палохаліся, калі пагане нападуць, але мелі ў сэрцы памяць пра дапамогу з неба, якую мелі раней, дык і цяпер таксама маюць спадзявацца на перамогу, якую дасць ім Усемагутны. Пацяшаў іх на аснове закону і прарокаў, прыпамінаючы ім таксама тыя баі, якія правялі, удуховіў, надаў ім мужнасці. І, разагрэўшы дух іх, ён адначасова паказаў ім ілжывасць паганаў і парушэнне прысяг. Калі ж кожны з іх узброіўся — не так моцаю шчытоў і дзідаў, як падбадзёрваннем звыш меры добрымі словамі, — і калі расказаў яшчэ пра варты даверу сон, як бы бачанне, якім усіх пацешыў. А бачанне яго было такое: Онія, ранейшы першасвятар, чалавек сумленны і добры, сціплы ў адносінах з людзьмі, лагодных звычаяў і дастойны ў мове, ад маленства руплівы ў захаванні ўсякай дабрадзейнасці, выцягнуў рукі і маліўся за ўвесь юдэйскі народ. Потым з’явіўся другі чалавек, упрыгожаны сівізной і славаю, і акружыла яго нейкая дзівагодная і высакародная вартасць. А Онія, тлумачачы, сказаў: «Гэта браталюбец, які многа моліцца за народ і за святы горад, Ярэмія, прарок Божы». Ярэмія, працягваючы правую руку, падаў Юдзе залаты меч і, даючы яго, сказаў гэтыя словы: «Вазьмі святы меч, дар ад Бога, з яго дапамогай пераможаш ворагаў». Такім чынам, падбадзёраныя словамі Юды, надта прыгожымі, якія маглі заахвоціць да храбрасці і душы юнакоў умацаваць, рашылі не заставацца ў лагеры, але, адважна змагаючыся, вырашыць справы, горад бо святы і святыня былі ў небяспецы. За жонак бо і дзяцей, а таксама за братоў і сваякоў меней яны баяліся, а найбольш і найперш непакоіліся яны за асвячоную святыню. Але і тыя, што засталіся ў горадзе, не менш трывожыліся з-за бою гэтага на полі. Дык калі ўжо ўсе чакалі рашэння справы і калі ўжо ворагі злучыліся, а войска было прыгатавана для бою, і сланы размешчаны ў належных месцах, і конніца расстаўлена, Макабэй, бачачы прыбыццё шматлікага войска, і розныя баявыя прылады, і дзікі выгляд сланоў, выцягнуў рукі да неба ды прызваў Госпада, Які творыць цуды; ведаў ён, што Ён аддае перамогу дзеля заслуг, па Сваім рашэнні, а не з-за зброі. Прызываючы Яго, маліўся такім чынам: «Ты, Госпадзе, Які паслаў анёла Свайго ў час Эзэкіі, цара Юдэі, і ён забіў у лагеры Санхэрыба каля ста васьмідзесяці пяці тысяч чалавек, цяпер таксама, Валадару неба, пашлі добрага анёла перад намі на ўстрашэнне іх і трывогу; хай магутнасцю пляча Твайго будуць кінуты на зямлю тыя, што з блюзненнямі прыходзяць супраць святога народа Твайго». І гэтым закончыў маленне. А ваяры Міканора выступілі ў атаку з трубамі і песнямі; ваяры ж Юды з прызывам Бога і малітваю кінуліся на ворагаў. І, ваюючы рукамі, а сэрцам молячыся да Госпада, яны забілі не менш трыццаці пяці тысяч ваяроў, цешачыся вельмі з прысутнасці Божай. І калі спынілі бой ды з радасцю вярталіся, спазналі Міканора, які паў у зброі сваёй; такім чынам, калі падняўся гармідар ды замяшанне, бацькоўскаю моваю дабраслаўлялі Усемагутнага Госпада. І той, хто цалкам, целам і душой, першы ваяваў у абароне грамадзян, хто збярог юнацкую адданасць да свайго народа, — загадаў адсекчы галаву Міканора і руку разам з плячом і даставіць у Ерузалім. Прыйшоўшы ж туды, склікаў аднаверцаў і святароў, стоячы перад ахвярнікам, паслаў па тых, якія былі ў крэпасці; і, паказаўшы ім галаву ліхотніка Міканора, а таксама руку блюзнерцы, якую той выцягваў супраць святога дома Усемагутнага, і надта ўзвышаўся. Загадаў таксама выразаць у бязбожнага Міканора язык ды пасеч яго на часткі і раскінуць птушкам, пакаранага ж дурня павесіць перад святыняй. Такім чынам, усе пад небам славілі Госпада, Які паказаў Сябе, кажучы: «Хай будзе дабраславёны Той, Хто захаваў месца Сваё ад спаганення!» А галаву Міканора павесіў ён на вяршыні крэпасці, як усім відавочны знак дапамогі Госпада. Такім чынам, усе агульнай згодай вырашылі, каб гэты дзень быў адзначаны ўрачыстасцю ды што ўрачыстасць трэба адзначаць трынаццатага дня дванаццатага месяца, па-сірыйску званага Адар, за дзень да дня Мардахэя. Так скончылася гэтая справа з Міканорам, і ад тых часоў горад застаўся ў руках гебраяў; я таксама спыню апавяданне. І калі яно складзена прыгожа і здатна, то я гэтага толькі хацеў; калі ж слаба і сярэдне, то я зрабіў, што мог. Бо як непрыемна піць асобна толькі віно, падобна ж — і ваду, а наадварот, віно, змяшанае з вадой, — ужо мілае ды выклікае вялікую прыемнасць. Таксама і будова апавядання: захапляе вушы тых, каму прыйдзецца такую кампазіцыю чытаць. На гэтым жа хай будзе канец.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.