Библия › Чарняўскі-17 › Да Эфесцаў

Ліст да Эфесцаў

Паўла, Апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, святым, якія ў Эфесе, і верным у Хрысце Ісусе: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста. Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславіў нас у нябёсах усякім дабраславеннем духоўным у Хрысце, Бо выбраў нас у Ім перад заснаваннем свету, каб быць нам святымі і беззаганнымі перад Ім у любові; Ён прызначыў нас на ўсынаўленне Сабе праз Ісуса Хрыста з ласкавасці волі Сваёй, на хвалу славы ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Умілаваным, у Якім маем адкупленне праз Кроў Яго, адпушчэнне грахоў паводле багацця ласкі Яго, якую выліў Ён на нас шчодра ва ўсякай мудрасці і разуменні, каб выявіць нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабання, што Ён раней пастанавіў у Ім, на ўсталяванне паўнаты часоў: аб’яднаць усё, што на небе і на зямлі, пад галавою — Хрыстом. У Ім былі пакліканы да ўдзелу і мы, што прызначаны наперад паводле рашэння Таго, Які спраўляе ўсё паводле пастановы волі Сваёй, каб былі мы на хвалу славы Яго, мы, якія ўжо раней спадзяваліся на Хрыста. У Ім таксама і вы, якія пачулі слова праўды, Евангелле збаўлення вашага, і ў Яго паверылі, запячатаны Духам Святым абяцання, Які ёсць зарука спадчыны нашай для адкуплення ўласнасці і на хвалу Яго славы. Дзеля таго і я, чуючы пра вашу веру ў Госпада Ісуса і пра любоў да ўсіх святых, не спыняюся дзякаваць за вас, памятаючы ў малітвах маіх, каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і аб’яўлення на пазнанне Яго, прасветленыя вочы розуму вашага, каб вы ведалі, якая ёсць надзея Яго паклікання ды якія багацці славы спадчыны Яго для святых, і якая бязмерная веліч магутнасці Яго ў нас, веруючых праз дзеянне магутнасці сілы Яго, якую выявіў Ён у Хрысце, уваскрэсіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў нябёсах вышэй за ўсякае начальства і ўладу, і сілу, і валадаранне, і над усякім імем, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але таксама і ў будучым; і ўсё паклаў пад ногі Яго, і ўчыніў Яго галавой над усёй Царквою, якая ёсць Цела Яго, поўня Таго, Які ўсё ўсім напаўняе.

І вы былі памерлымі праз правіны і грахі, у якіх калісьці хадзілі паводле гэтага веку, па волі князя ўлады паветранай, духа, які дзейнічае цяпер у сынах бунту. Між імі і мы калісьці жылі ўсе ў пажадлівасцях цела нашага, выконваючы волю цела і думак, і былі мы па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя. Але Бог, багаты міласэрнасцю, праз бязмежную любоў Сваю, якою ўзлюбіў нас і, хоць былі мы мёртвымі праз грахі, ажывіў нас з Хрыстом, — ласкаю вы збаўлены, — і ўваскрасіў разам, і пасадзіў разам у нябёсах у Хрысце Ісусе, каб у наступных вяках выявіць нам незвычайныя багацці ласкі Сваёй у ласкавасці да нас у Хрысце Ісусе. Бо ласкаю вы збаўлены праз веру, і гэта не ад вас, але Божы дар; не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся. Бо мы — Яго стварэнне, створаныя ў Хрысце Ісусе для добрых спраў, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы ў іх жылі. Дзеля таго памятайце, што вы, калісьці пагане целам, якіх завуць неабрэзанымі тыя, што называюцца абрэзанымі абразаннем на целе рукатворным, у той час былі без Хрыста, адчужаныя ад супольнасці з Ізраэлем і аддаленыя ад абяцанняў запаветаў, не маючы надзеі і без Бога ў свеце. Цяпер жа ў Хрысце Ісусе вы, што калісьці былі далёка, сталіся блізкімі праз Кроў Хрыстову. Бо Ён — супакой наш, Які злучыў абодвух у адно і зруйнаваў сцяну між імі і варожасць, целам Сваім, скасаваў закон прыказанняў вучэннем, каб стварыць у Сабе з двух аднаго новага чалавека, творачы супакой, і прымірыць з Богам абодвух у адным целе праз крыж, знішчаючы варожасць на ім. І, прыйшоўшы, абвясціў супакой вам, якія былі далёка, ды тым, што былі блізка. Бо праз Яго адны і другія маем доступ да Айца ў адным Духу. Дык таму вы ўжо не чужынцы і прыхадні, але суграмадзяне святых і члены сям’і Божай, угрунтаваныя на падмурку Апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым каменем ёсць Сам Хрыстос Ісус, на Якім уся пабудова зладжана расце ў святую святыню ў Госпадзе, на Якім і вы разам будуецеся на жытло Божае Духам.

Дзеля гэтай справы я, Паўла, — вязень Хрыстоў дзеля вас, паганаў. Хіба чулі вы аб распарадкаванні ласкі Божай, што дадзена мне адносна вас, што праз аб’яўленне абвешчана мне таямніца, аб чым коратка я ўжо вышэй напісаў. Чытаючы тое, можаце зразумець маё разуменне таямніцы Хрыста. Не была яна абвешчана сынам чалавечым у іншых пакаленнях, як цяпер аб’яўлена святым Апосталам Яго і прарокам у Духу, што пагане маюць быць спадкаемцамі, і членамі аднаго цела, і ўдзельнікамі абяцанняў Яго ў Хрысце Ісусе праз Евангелле, паслугачом якога я стаўся паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне паводле дзеяння магутнасці Яго. Мне, найменшаму з усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць добрую вестку паганам аб неабсяжным багацці Хрыста і выясніць усім, як павінна здзейсніцца домаўладкаванне таямніцы, скрытай ад вякоў у Богу, Які ўсё стварыў праз Ісуса Хрыста, каб цяпер сталася вядомай начальствам і ўладам нябесным праз Царкву разнастайная мудрасць Бога паводле адвечнай пастановы, што ўчыніў у Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым, у Якім маем адвагу і доступ у надзеі праз веру ў Яго. Таму вось прашу вас, не падайце духам з-за турбот маіх пра вас, якія ёсць слава ваша. Дзеля гэтай справы схіляю калені мае перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста, ад Якога называецца ўсякае айцоўства на небе і на зямлі, каб даў вам паводле багацця славы Сваёй умацавацца сілай праз Духа Яго ва ўнутраным чалавеку, каб Хрыстос абжыўся праз веру ў сэрцах вашых і каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, разам з усімі святымі маглі зразумець, якая ёсць шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня, а таксама пазнаць любоў Хрыста, найвышэйшае веданне, каб напоўніліся вы ўсёю поўняй Бога. А Таму, Які можа многа больш зрабіць, чым усё, што мы просім або разумеем, магутнасцю, якая дзейнічае ў нас, Яму хвала ў Царкве і ў Хрысце Ісусе праз усе пакаленні на векі вечныя. Амін.

Умольваю вас я, вязень у Госпадзе, каб вы хадзілі дастойна паклікання, якім пакліканы, з усёю пакорлівасцю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю і любоўю адны адных пераносячы, імкнучыся захаваць адзінства духа ў саюзе супакою. Адно цела і адзін Дух, як пакліканыя вы ў адной надзеі паклікання вашага. Адзін Госпад, адна вера, адзін хрост. Адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас. Кожнаму ж з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстова. Сказана: «Узышоў Ты на вышыню, павёў палоннага ў палон і даў дары людзям». Што ж значыць «узышоў», як не тое, што перш сышоў у глыбейшыя нетры зямлі? Хто сышоў, Той Самы і ўзышоў вышэй усіх нябёсаў, каб усё напоўніць. І Ён паставіў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, а яшчэ іншых пастырамі і настаўнікамі на ўдасканаленне святых, на патрэбы служэння, на збудаванне Цела Хрыстова, аж пакуль не дойдзем усе да адзінства веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да поўнай меры веку поўні Хрыстовай, каб не былі мы ўжо хісткімі дзецьмі, што хістаюцца і зацягваюцца ўсякім ветрам навукі па хітрыні людзей, па хітраму подступу спакушэння. Трымаючыся праўды, ва ўсім узрастаем у любові да Таго, Хто ёсць Галава, да Хрыста, з Якога ўсё Цела, састаўленае і злучанае ўсякімі вязямі даравання, праз дзейнасць у патрэбную меру кожнага паасобнага члена ўзрастае на збудаванне самога сябе ў любові. Вось, аб гэтым кажу і сведчу ў Госпадзе, каб вы ўжо не хадзілі так, як іншыя народы ходзяць у марнасці розуму свайго, маючы прыцемраныя думкі, аддаленыя ад жыцця Божага з-за няведання, што трывае ў іх праз асляпленне іх сэрца; яны адурманены і аддалі саміх сябе на распусту, каб рабіць прагавіта ўсякую брыдоту. Але вы не гэтак пазналі Хрыста, калі толькі вы пра Яго чулі і калі ў Ім былі навучаны, таму што праўда ў Ісусе. Дык адкіньце ранейшыя звычкі старога чалавека, які прападае ў аблудных пажадлівасцях, а аднавіцеся духам розуму вашага і апраніцеся ў новага чалавека, створанага Богам у справядлівасці і святасці праўды. Дзеля таго, адкінуўшы падман, гаварыце праўду кожны свайму блізкаму, бо мы члены адзін аднаму. Калі гневаецеся, не грашыце; хай сонца не заходзіць у гневе вашым; і не давайце месца д’яблу. Хто краў, хай ужо не крадзе, лепш хай працуе, зарабляючы рукамі даброцці, каб меў чым у патрэбе ўспамагчы таму, каму трэба. Усякае ліхое слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае на збудаванне, каб давала ласку тым, што слухаюць. І не засмучайце Святога Духа Божага, Якім вы пазначаны на дзень адкуплення. Хай пакінуць вас усякая прыкрасць, гнеў, і злосць, і звадка, і ачарненне, і ўсякая злоснасць. Будзьце ж між сабой спагаднымі, міласэрнымі, даруйце адны адным, як і Бог дараваў вам у Хрысце.

Дык будзьце паслядоўнікамі Бога, як сыны найдаражэйшыя, і жывіце ў любові, як і Хрыстос узлюбіў нас і выдаў Самога Сябе за нас як дар і ахвяру Богу на водар прыемнасці. Распуста ж і ўсякая нячыстасць або сквапнасць хай і не ўзгадваюцца ў вас, як і належыць у святых, і разбэшчанасць ці брыдкаслоўе, ці насмешка непрыстойная — неадпаведаюць, але лепш падзяка. Вось, гэта вы ведаеце, што ні адзін распуснік або нячысты ці сквапны, што з’яўляецца служыцелем ідалаў, не мае ўдзелу ў Валадарстве Хрыстовым і Божым. Хай ніхто вас не зводзіць пустымі словамі, бо за гэта прыйшоў гнеў Божы на сыноў непакорлівасці. Дык не станьцеся супольнікамі іх. Бо былі вы калісьці цемраю, а цяпер вы — святло ў Госпадзе, дык і жывіце, як сыны святла. Плод жа Духа выяўляецца ва ўсякай дабрыні, і справядлівасці, і праўдзе. Выпрабоўвайце, што падабаецца Госпаду, і не прымайце ўдзелу ў бясплённых справах цемры, але лепш выкрывайце. Бо сорамна і казаць аб тым, што робіцца імі патаемна. Усё, што выклікае дакаранні, выяўляецца ў святле, бо ўсё, што выяўляецца, ёсць святло. Таму і сказана: «Устань, які спіш, і паўстань з мёртвых, і будзе свяціць табе Хрыстос». Дык глядзіце, браты, асцярожна хадзіце, не як неразумныя, але як мудрыя, выкарыстоўваючы час, бо дні цяпер ліхія. Дзеля таго не будзьце неразважлівымі, але разумейце, што ёсць воля Госпада. І не ўпівайцеся віном, у якім распуста, але напаўняйцеся Духам, гаворачы між сабою псальмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі; спяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых. Дзякуйце заўсёды Богу і Айцу за ўсё ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, падпарадкоўваючыся адзін аднаму ў страху Божым. Жанчыны падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Госпаду, бо муж — галава жанчыны, як Хрыстос — галава Царквы і Ён жа — Збаўца цела. Але, як Царква падпарадкавана Хрысту, так і жонкі мужам сваім ва ўсім. Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстос любіць Царкву і Самога Сябе выдаў за яе, каб асвяціць яе, ачышчаючы лазняй воднаю ў слове, каб Яму паставіць Сабе Царкву слаўнай, без пляміны ці зморшчыны або чагосьці падобнага, але каб была яна святая і беззаганная. Так і мужы павінны любіць жонак сваіх, як уласныя целы. Хто сваю жонку любіць, сам сябе любіць. Бо ніхто ніколі не меў у нянавісці цела свайго, але корміць і спагадае яму, як Госпад Царкве, бо мы — члены Цела Яго, косць з касцей Яго ды цела з цела Яго. Дзеля таго пакіне чалавек бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. Гэта вялікая таямніца; а я кажу аб Хрысце і Царкве. Вось жа і вы, усякі па сабе, кожны хай любіць жонку сваю, як самога сябе, а жонка хай баіцца мужа.

Дзеці, слухайце бацькоў вашых у Госпадзе, бо гэта справядліва. Паважай бацьку твайго і маці; гэта першае прыказанне з абяцаннем: каб добра было табе і каб быў ты даўгавечным на зямлі. І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але ўзгадоўвайце іх у навуцы і напамінанні Госпадавым. Нявольнікі, са страхам і трымценнем у прастаце сэрца падпарадкоўвайцеся цялесным гаспадарам вашым, як Хрысту, не на вачах толькі служачы, каб людзям падабацца, але як паслугачы Хрыстовы, выконваючы волю Божую ад душы, з добрай волі паслугуючы, як Госпаду, а не людзям, ведаючы, што кожны, хто б зрабіў дабро, той і ад Госпада атрымае, ці ён нявольнік, ці вольны. І вы, гаспадары, тое самае рабіце ім, змяншаючы пагрозы, ведаючы, што іх і ваш Госпад ёсць у небе і што Ён не ўзіраецца на асобу. Урэшце, браты, умацуйцеся ў Госпадзе і ў сіле магутнасці Яго. Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб змаглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла. Бо наша змаганне не супраць цела і крыві, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць цемры гэтага веку, супраць духаў нягоднасці ў нябёсах. Дзеля таго вазьміце ўсю зброю Божую, каб маглі ў дзень ліхі супрацьстаць і, выканаўшы ўсё, выстаяць. Дык стойце, падперазаўшы сцёгны вашы праўдаю, і надзеўшы панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатоўнасць абвяшчаць Евангелле супакою; на ўсякую [нагоду] вазьміце шчыт веры, якім зможаце патушыць усе вогненныя стрэлы ліхога; і вазьміце шалом збаўлення разам з мечам Духа, якім ёсць Слова Божае, ва ўсякі час молячыся ўсякаю малітваю і просьбаю ў Духу, аб гэтым самым чувайце з усёй трываласцю і просьбаю за ўсіх святых і за мяне, каб дадзены быў мне дар слова на адкрыванне вуснаў маіх, каб пераканаўча выяўляў таямніцы Евангелля, дзеля якога я прызначаны пасланцам у путах, каб у ім адважыўся гаварыць так, як мне належыць гаварыць. Каб жа і вы ведалі пра мяне, што раблю, пра ўсё гэта паведаміць вам Тыхік, найдаражэйшы брат і верны слуга у Госпадзе, якога я паслаў да вас на тое, каб вы ведалі, што ў нас робіцца, і каб ён суцешыў сэрцы вашы. Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста. Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незнішчальнасці. Амін.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.