Библия › Чарняўскі-17 › Да Піліпцаў

Ліст да Піліпцаў

Паўла і Цімафей, рабы Хрыста Ісуса, усім святым у Хрысце Ісусе, якія ёсць у Піліпах разам з епіскапамі і дыяканамі: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякую Богу майму, усякі раз успамінаючы вас, заўсёды ва ўсіх малітвах маіх за ўсіх вас з радасцю молячыся, дзеля вашага ўдзелу ў Евангеллі ад першага дня аж да цяпер, маючы пэўнасць, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, давядзе аж да дня Хрыста Ісуса; як справядліва мне думаць пра вас усіх, бо маю вас у сэрцы, і ў путах маіх, і ў абароне, і ва ўмацаванні Евангелля, бо ўсе вы супольнікі мае ў ласцы. Сведка мне Бог, як сардэчна імкнуся да ўсіх вас у Ісусе Хрысце. І аб тым малюся, каб любоў ваша ўсё больш і больш узрастала ў веданні і ўсякім адчуванні, каб пазнаваць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і без заганы ў дзень Хрыстоў, поўныя пладоў справядлівасці, што праз Ісуса Хрыста на ўшанаванне і славу Бога. Хачу, браты, каб вы ведалі: тое, што вакол мяне, спрычынілася больш да поспеху Евангелля, бо путы мае ў Хрысце праславіліся ва ўсёй прэторыі і ва ўсіх іншых, і многія з братоў у Госпадзе, асмеленыя маімі кайданамі, яшчэ больш адважыліся без страху абвяшчаць слова. Адны, праўда, з зайздрасці і пярэчлівасці вясцяць Хрыста, іншыя ж — з добрай волі. Тыя, што з любові, — ведаючы, што я дзеля абароны Евангелля пастаўлены, тыя ж, што з зайздрасці, прапаведуюць Хрыста няшчыра, з намерам зрабіць мае путы яшчэ цяжэйшымі. Дык што? Ці так, ці гэтак: ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца; і я гэтаму рады, і буду радавацца, ведаючы, што гэта ўсё выйдзе мне на збаўленне праз вашы малітвы і з дапамогай Духа Ісуса Хрыста, паводле чакання і спадзявання майго, што я ні ў чым не пралічуся, але з усёй упэўненасцю, як заўсёды, гэтак і цяпер хай уславіцца Хрыстос у целе маім ці праз жыццё, ці праз смерць. Бо для мяне жыццё — гэта Хрыстос, і смерць — набытак. Але калі жыццё ў целе прыносіць плод у маёй дзейнасці, дык, што выбраць, не ведаю. Цягне мяне адно і другое: жадаю адысці і быць з Хрыстом, бо гэта шмат лепшае, але заставацца ў целе больш патрэбна для вас. І гэта напэўна ведаю, што застануся з усімі вамі на карысць вашу і на радасць веры, каб радасць ваша расла ў Ісусе Хрысце праз мяне, праз маё вяртанне да вас. Толькі жывіце дастойна Евангелля Хрыстова, каб, ці калі прыбуду і ўбачу вас, ці адсутны, пачуў пра вас, што вы стаіце ў адным Духу, аднадумна змагаючыся за веру Евангельскую і ні ў чым не палохаецеся супраціўнікаў, што ім стане знакам загубы, вам жа — збаўлення, і гэта ад Бога. Вам бо дадзена дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго, такое самае змаганне маючы, якое бачылі ўва мне і як чуеце цяпер пра мяне.

І калі ёсць якое пацяшэнне ў Хрысце, калі ёсць якая патоля любові, калі ёсць якая супольнасць духа, калі ёсць спачуванне і міласэрнасць, напоўніце мяне радасцю, тое самае разумеючы, тую самую маючы любоў, будзьце аднадушныя і аднадумныя, нічога не робячы праз перакорлівасць ці праз пустую славу, але ў пакоры адны другіх за вышэйшых прымаючы, не аб сабе толькі клапоцячыся, але кожны і аб іншых. Бо тое хай у вас думаецца, што і ў Хрысце Ісусе, Які, маючы постаць Божую, не лічыў Сваім здабыткам роўнасць з Богам, але прынізіў Самога Сябе, прымаючы постаць паслугача і стаўшыся на падобнасць людзей, і па знешнасці прызнаваны за чалавека; упакорыў Самога Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да смерці, і нават смерці крыжовай. Дзеля таго і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя, якое вышэй за ўсякае імя, каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, на зямлі і пад зямлёй, і каб кожны язык вызнаваў: «Ісус Хрыстос ёсць Госпад!», на славу Бога Айца. Дык вось, дарагія мае, як заўжды былі вы паслухмянымі, не толькі ў маёй прысутнасці, але тым больш цяпер, калі я адсутнічаю, са страхам і трымценнем здзяйсняйце сваё збаўленне. Бо з ласкавасці Сваёй Бог з’яўляецца ў вас прычынай і хацець, і дзейнічаць. Усё рабіце без наракання і хістання, каб вам быць без заганы і чыстымі, дзецьмі Божымі без віны паміж народа сапсаванага і крывадушнага, пасярод якога свеціце, як светачы ў свеце, трымаючыся слова жыцця ў пахвалу маю ў дзень Хрыстоў, што я не дарма прабег і не дарма папрацаваў. Але калі я і ахвяруюся на ахвяру і паслугу вашай веры, цешуся і дзялюся радасцю з вамі ўсімі. З гэтага і вы цешцеся і цешцеся разам са мною. Маю надзею ў Госпадзе Ісусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб мог быць спакойны, даведаўшыся, што ў вас. Бо нікога не маю роўнага яму душою, хто б так шчыра рупіўся пра вас. Бо ўсе аб сваім клапоцяцца, а не аб тым, што Ісуса Хрыста. Спрактыкаванасць яго ведаеце, бо, як сын бацьку, так ён мне служыў у дабравешчанні. Такога, вось, спадзяюся паслаць, як толькі даведаюся, што ў мяне. Упэўнены я таксама ў Госпадзе, што і сам неўзабаве прыбуду да вас. Палічыў я неабходным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і супольніка змагання майго, вашага ж пасланца і дапаможцу ў маёй патрэбе, бо ён тужыў па вас усіх і быў засмучаны, што вы чулі пра яго хваробу. Бо расхварэўся ён тут аж да смерці, але Бог пашкадаваў яго, і не толькі яго, але, па праўдзе, і мяне, каб я не меў смутку да смутку. Дык я паслаў яго хутчэй, каб, убачыўшы яго, ізноў вы цешыліся і каб я не сумаваў. Прыміце ж яго з усёй радасцю ў Госпадзе і майце яго ў пашане, бо ён для справы Хрыстовай блізкі быў смерці, не дбаючы пра жыццё сваё, каб выканаць тое, чаго вам не хапала ў служэнні мне.

Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае мне не цяжка, вам жа яно патрэбна. Зважайце на сабак, зважайце на ліхіх работнікаў, зважайце на абразанне! Бо мы ёсць абрэзаныя, якія духам служым Богу і хвалімся Ісусам Хрыстом, і не ў целе маем надзею, хоць я мог бы спадзявацца і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык тым больш я: абрэзаны ў восьмы дзень, родам ізраэлец з пакалення Бэньяміна, гебрай з гебраяў, фарысей паводле закону, праз руплівасць пераследаваў Царкву, адносна справядлівасці, што паводле закону, — беззаганны. Але ўсё, што лічыў я здабыткам, тое дзеля Хрыста прызнаў я за марнасць. Ды сапраўды ўсё лічу за марнасць дзеля вышэйшага пазнання Ісуса Хрыста, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за смецце, каб Хрыста здабыць і апынуцца ў Ім, маючы не маю справядлівасць, якая з закону, але тую, якая з веры ў Хрыста, якая ад Бога справядлівасць праз веру, каб пазнаць Яго, і магутнасць уваскрэсення Яго, і супольнасць пакут Яго, каб упадобніцца смерці Яго, каб такім чынам дасягнуць уваскрэсення з мёртвых. Не кажу так, што я ўжо дасягнуў або ўжо стаўся дасканалым; але імкнуся, каб здабыць, як здабыў мяне Хрыстос Ісус. Браты, я не лічу сябе дасягнуўшым; толькі, вось, забываючыся пра тое, што ёсць за мною, парываючыся да таго, што перада мною, імкнуся да мэты, да ўзнагароды вышэйшага паклікання Божага ў Хрысце Ісусе. Дык, калі хто з нас дасканалы, мы думаем так; а калі што адчуваеце інакш, і гэта Бог вам выявіць; аднак чаго мы дасягнулі, так і будзем думаць і паводле гэтага жыць. Браты, будзьце паслядоўнікамі маімі і ўзірайцеся на тых, якія так жывуць, як вы маеце прыклад у нас. Многія ж, аб якіх я вам часта казаў, а цяпер вось і, плачучы, кажу, жывуць, як ворагі крыжа Хрыстова, лёсам іх будзе загуба, бо бог іх — жывот, слава іх — у ганьбе іх, яны думаюць аб зямным. Наша ж грамадзянства — у небе, адкуль таксама чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста, Які пераменіць цела прыніжэння нашага, каб зрабіць яго падобным целу славы Яго, магутнасцю, якою ўсё падпарадквае Сабе.

Гэтак, браты мае найдаражэйшыя і вельмі пажаданыя, радасць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя. Эводыю прашу і Сынтыхею ўмольваю гэтаксама думаць у Госпадзе. Таксама і цябе прашу, сапраўдны супрацоўніку, дапамагай ім, тым, якія са мною працавалі для Евангелля разам з Клементам і іншымі памочнікамі маімі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцця. Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды. Яшчэ раз кажу: радуйцеся! Ціхасць ваша хай будзе вядомай усім людзям. Госпад блізка. Не турбуйцеся ні аб чым, але ў кожнай малітве і просьбе з падзякаю няхай адкрываюцца жаданні вашы перад Богам. І супакой Божы, які вышэй за ўсякае разуменне, хай сцеражэ сэрцы вашы і думкі вашы ў Хрысце Ісусе. Урэшце, браты, што толькі ёсць праўдзівае, што толькі сумленнае, што толькі справядлівае, што толькі чыстае, што толькі любае, што толькі добрай славы, ці якая цнота, ці што пахвальнае, — тое майце на думцы. І тое рабіце, чаму вы ад мяне навучыліся, што атрымалі, што пачулі і што ўбачылі; і Бог супакою будзе з вамі. Дужа ўзрадаваўся я ў Госпадзе, што вы ўжо калісьці зноў пачалі думаць пра мяне, як раней думалі, але былі ў клопатах. Не кажу я гэтага з прычыны недахопу, бо я навучыўся задавольвацца тым, што ёсць. Умею і ў прыніжэнні быць, умею і ў дастатку; усяму і ва ўсім навучыўся: і наесціся, і галадаць; і мець дастатак, і нястачу. Усё магу ў Хрысце, Які ўзмацняе мяне. Аднак жа добра вы зрабілі, успамагаючы бядзе маёй. Вы ж, піліпцы, ведаеце, што на пачатку Евангелля, калі я пакінуў Мацэдонію, ні адна з цэркваў, апрача вас, не ўзяла ўдзелу ў даванні і прыманні; вы і ў Тэсалоніку раз ці два прысылалі на мой ужытак. Не шукаю я дарункаў, але шукаю плода, які памнажаецца на вашу карысць. Я ўсё атрымаў і хапае мне ўсяго; я напоўніўся, атрымаўшы ад Эпафрадыта салодкі водар, які вы даслалі, ахвяру прыемную, мілую Богу. Хай жа Бог мой споўніць усякае ваша жаданне паводле багацця Свайго ў славе, у Хрысце Ісусе. Богу ж і Айцу нашаму слава на векі вечныя. Амін. Прывітайце кожнага святога ў Хрысце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною. Вітаюць вас усе святыя, а найбольш тыя, якія з дому цэзара. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.