Библия › Чарняўскі-17 › Да Калосцаў

Ліст да Калосцаў

Паўла, з волі Божай Апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, тым святым і веруючым братам у Хрысце, што ў Калосах: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякуем Богу Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас і чуючы пра веру вашу ў Хрыста Ісуса і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых, дзеля надзеі, якая прыгатавана для вас у небе, аб якой чулі вы раней у слове праўды Евангелля, якая дайшла да вас, як і па ўсім свеце разышлася, і дае плады, і расце, як і ў вас ад таго дня, у які вы пачулі ды пазналі ласку Божую ў праўдзе, як вы і навучыліся ад Эпафраса, супрацоўніка нашага найдаражэйшага, вернага для вас паслугача Хрыста, які таксама паведаміў нам пра вашу любоў у Духу. Таму і мы ад таго дня, у які гэта пачулі, не перастаём за вас маліцца і прасіць, каб вы напоўніліся пазнаннем волі Яго ва ўсякай мудрасці і духоўным разуменні і каб жылі вы дастойна Госпада, ва ўсім падабаючыся Яму, прыносячы плод у кожным добрым дзеянні і ўзрастаючы ў пазнанні Бога, дужэючы ўсякай сілаю паводле магутнасці славы Яго ва ўсякай цярплівасці і велікадушнасці, з радасцю, дзякуючы Айцу, Які ўчыніў нас дастойнымі ўдзельнічаць у лёсе святых у свеце, Які вырваў нас з улады цемры і перанёс у Валадарства Сына ўлюбёнага Свайго, у Якім атрымалі мы адкупленне праз кроў Яго і дараванне грахоў, Які ёсць вобраз нябачнага Бога, Першынец усяго стварэння, бо Ім заснавана ўсё, што ёсць у небе і на зямлі, бачнае і нябачнае, ці то троны, ці то валадарствы, ці начальствы, ці ўлады. Усё праз Яго і для Яго створана, і Ён ёсць перад усім, і ўсё ў Ім заключаецца. І Ён — Галава цела Царквы; Ён — Пачатак, Першынец з мёртвых, каб ва ўсім Ён трымаў першынство, бо спадабалася, каб у Ім прабывала ўсякая паўната, каб праз Яго ўсё пагадзіць з Сабою, ці што на зямлі, ці што ў нябёсах ёсць, робячы супакой Крывёю крыжа Яго. І вас, што былі калісьці чужымі і ворагамі праз схільнасць да ліхіх учынкаў, цяпер пагадзіў у целе смерцю цела Свайго, каб паставіць вас перад Сабою святымі, беззаганнымі і бездакорнымі, калі толькі застанецеся моцнымі верай, стойкімі і непарушнымі ў надзеі Евангелля, якое вы чулі, якое абвяшчаецца ўсяму стварэнню, якое пад небам, якога я, Паўла, стаўся паслугачом. Цяпер радуюся я з цярпенняў маіх за вас і дапаўняю тое, чаго нестае з пакут Хрыстовых, у сваім целе за Цела Яго, якім ёсць Царква, якой я стаўся слугой за пастановай Божай, дадзенай мне адносна вас, каб я споўніў слова Божае, таямніцу, схаваную ад вякоў і пакаленняў, а цяпер выяўленую Яго святым, якім захацеў Бог выявіць, якое багацце славы гэтай таямніцы сярод паганаў. Гэта ёсць Хрыстос у вас, надзея хвалы. Яго абвяшчаем мы, выяўляючы кожнаму чалавеку ва ўсякай мудрасці, каб прадставіць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце Ісусе. Дзеля гэтага я і працую, змагаючыся пры Яго садзеянні, якім Ён ува мне дзейнічае магутна.

Хачу, вось, каб вы ведалі, якую барацьбу я маю дзеля вас і адносна тых, што ў Лаадыцэі, і тых, што не бачылі мяне асабіста ў целе, каб парадаваліся сэрцы іх, злучаныя ў любові і для поўнага ўзбагачэння розуму, дзеля пазнання таямніцы Бога, і Айца, і Хрыста, у Якім усе скарбы мудрасці і ведання схаваны. Гэта ж вам кажу, каб ніхто вас не падмануў падступствам слоў. Бо хаця я адсутны целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы парадак ваш і цвёрдасць веры вашай у Хрыста. Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, у Ім і жывіце, укаранёныя і ўбудаваныя ў Ім, і ўзмоцненыя ў веры, як і былі навучаны, узбагачаючыся ў ёй з падзякаю. Глядзіце, каб не збаламуціў вас хто філасофіяй і пустым ашуканствам паводле пераказу людзей, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста. Бо ў Ім прабывае ўся паўната Боства цялесна, і вы напоўнены Ім, Які ёсць галава ўсякага начальства і ўлады. У Ім вы абрэзаны нерукатворным абразаннем, скінуўшы з цела грахі цела, у абразанні Хрыстовым, пахаваныя з Ім у хросце, вы з Ім і ўваскрэслі праз веру ў магутнасць Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых. І вас, мёртвых у злачынствах і неабрэзанасці цела вашага, ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі, скасаваўшы напісаную рукою пастанову, якая асуджала нас і была супраць нас, і ўзяў Яго з асяроддзя нашага, і, прыбіўшы цвікамі Яго да крыжа, раззброіўшы начальствы і ўлады, выставіў адважна на відовішча, трыумфуючы над імі ў Ім. Дык хай ніхто вас не асуджае за ежу або пітво, або з прычыны дня святочнага, ці маладзіка, ці суботы, якія з’яўляюцца ценем будучага, цела ж — Хрыстова. Ніхто няхай не пазбавіць вас узнагароды, маючы ўпадабанне ў прыніжэнні сябе і кульце анёлаў, звяртаючы ўвагу на тое, што не бачыў, марна пышачыся розумам цела свайго і не трымаючыся Галавы, ад Якой усё цела, суставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расце ўзрастаннем Божым. Дык калі вы памерлі з Хрыстом для стыхій свету, чаму ж, быццам жывучы яшчэ ў свеце, падпарадкоўваецеся пастановам: «Не чапай, не каштуй, не дакранайся»? Гэта ўсё праз само карыстанне вынішчаецца, згодна з пастановамі і навукамі чалавечымі. Гэта мае толькі выгляд мудрасці ў самавольным служэнні, у пакорлівасці, у нядбанні пра цела, у поўнай непашане да насычанасці цела.

Дык калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ўгары ёсць, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога; пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное. Бо вы — памерлыя, і жыццё ваша пахавана з Хрыстом у Богу! Калі аб’явіцца Хрыстос, жыццё ваша, тады і вы аб’явіцеся з Ім у славе. Дык мярцвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасць, чужаложства, ліхія пажаданні і сквапнасць, якая ёсць балванапаклонства, праз якія надыходзіць гнеў Божы на дзяцей нявер’я, сярод якіх і вы калісьці жылі, калі былі між імі. Але цяпер адкіньце і вы ўсё: гнеў, мсцівасць, злосць, блюзненні і брыдкія словы з вуснаў вашых. Не хлусіце адзін аднаму вы, што скінулі з сябе старога чалавека з яго ўчынкамі і апрануліся ў новага, які несупынна аднаўляецца ў пазнанні па ўзоры Таго, Які яго стварыў, дзе ўжо няма грэка і юдэя, абразання і неабразання, іншаземца, скіфа, нявольніка і вольнага, але ўсё і ва ўсім Хрыстос. Дык апраніцеся як выбраннікі Божыя, святыя і ўлюбёныя, у сэрца спагаднае, ласкавасць, пакорлівасць, сціпласць, доўгацярплівасць, церпячы адны адных і прабачаючы адны адным, калі хто да каго мае жаль; як Хрыстос дараваў вам, так і вы. А па-над усё апраніцеся ў любоў, якая ёсць сукупнасць дасканаласці. І супакой Бога, да якога вы і пакліканы ў адным целе, хай пануе ў сэрцах вашых. І будзьце ўдзячныя. Хай шчодра прабывае ў вас слова Хрыста, каб з усёю мудрасцю адны адных навучалі і настаўлялі ды каб з удзячнасцю Госпаду ў сэрцах вашых спявалі вы псальмы, гімны і песні духоўныя. І ўсё, што робіце словам ці дзеяннем, усё ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу. Жонкі, будзьце паслухмянымі сваім мужам, як належыць у Госпадзе. Мужы, любіце жонак і не будзьце для іх прыкрымі. Дзеці, слухайце бацькоў ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду. Бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не слабелі духам. Нявольнікі, слухайцеся ва ўсім гаспадароў цялесных, не на вачах служачы, як дагаджаючы людзям, але ў прастаце сэрца, баючыся Бога. Усё, што ні робіце, ад душы рабіце, як Богу, а не людзям, ведаючы, што ў Госпада атрымаеце ва ўзнагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту. Хто чыніць несправядлівасць, атрымае тое, што зрабіў нягодна, бо [ў Бога] няма зважання на асобы.

Гаспадары, аддавайце нявольнікам справядліва і па праве, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў нябёсах. Трывайце ў малітве, чувайце ў ёй з падзякаю, молячыся поруч і за нас, каб Бог адчыніў нам дзверы слова, каб выказаць таямніцу Хрыстову, дзеля якой я стаўся вязнем, каб выявіць яе, як мне належыць гаварыць. Адносна тых, што звонку, паступайце мудра, здабываючы час. Слова ваша хай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае соллю, каб вы ведалі, як што каму належыць адказаць. Пра мяне ўсё вам раскажа Тыхік, найдаражэйшы брат, і верны паслугач, і супрацоўнік у Госпадзе, якога я паслаў да вас для таго, каб вы даведаліся, як нашы справы, і ўсцешыліся сэрцамі вашымі, разам з Анісімам, улюбёным і верным братам, які з вашых; усё, што тут робіцца, яны раскажуць вам. Вітае вас Арыстарх, вязень разам са мной, і Марк, сваяк Барнабы, — адносна якога вы ўжо атрымалі даручэнні: калі прыбудзе да вас, прыміце яго, — і Ісус, называны Юстам, які з абрэзаных; толькі яны адны — супрацоўнікі для Валадарства Божага, якія былі мне пацехаю. Вітае вас Эпафрас, які з вашых, паслугач Хрыста Ісуса, заўсёды руплівы ў малітвах за вас, каб устаялі вы дасканалымі і напоўніліся ўсякай воляй Божай. Сведчу вам адносна яго, што ён мае вялікую рупнасць аб вас і аб тых, якія ў Лаадыцэі і Герапалісе. Вітае вас Лука, лекар найдаражэйшы, і Дэмас. Прывітайце братоў, якія ёсць у Лаадыцэі, і Німфана, і царкву ў яго доме. І калі гэты ліст будзе прачытаны ў вас, зрабіце, каб і ў царкве Лаадыцэйскай быў ён прачытаны, а той, што з Лаадыцэі, прачытайце і вы. І скажыце Архіпу: «Глядзі, каб выканаў паслугу, якую атрымаў ад Госпада». Прывітанне маёю рукой, Паўлавай. Памятайце пра кайданы мае. Ласка з вамі. Амін.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.