Пачатак эванэліі Езуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў Ізраіля прарока (Із. 40:3): «Вось я пасылаю анёла майго перад воблікам тваім, каторы прыгатовіць дарогу тваю перад табою. Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Пана, простымі рабеце сьцежкі яго». Быў Ян у пустыні, хрысьцячы і абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэньне грахоў. І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы і былі хрышчаны ім у рацэ Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх. І быў Ян адзеты ў вярблюдаву шэрсьць і скураны пояс каля паясьніцы ягонай, і еў саранчу і лясны мёд. І вясьціў, кажучы: Ідзе за мною мацнейшы за мяне, катораму я ня варт схіліўшыся разьвязаць рамень абутку яго. Я вас хрысьціў вадою, але ён будзе вас хрысьціць Духам Сьвятым. І сталася, у тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. І зараз выйшаўшы з вады, убачыў адчыненае неба і Духа, як галуба, зыходзячага і прабываючага на ім. І стаўся голас з неба: Ты ёсьць Сын мой мілы, у табе мне да ўспадобы. І зараз Дух вывеў яго ў пустыню. І быў у пустыні сорак дзён і сорак начэй, і быў спакушваны д’яблам і быў з зьвярамі, і анёлы паслугавалі яму. Пасьля-ж таго, як быў выданы Ян, прыйшоў Езус у Галілею, абвяшчаючы эванэлію каралеўства Божага і кажучы, што споўніўся час і прыбліжылася каралеўства Божае, пакутуйце і верце эванэліі. І праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, бо былі рыбакамі. І сказаў ім Езус: Ідзеце за мною і зраблю вас, што вы станецеся рыбакамі людзей. І яны, зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім. І адыйшоўшы трохі аддтуль, убачыў Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, яны-ж парадкавалі сеці ў лодцы, і зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў лодцы з наймітамі, пайшлі за ім. І ўвайшлі ў Капарнаум: і зараз-жа ў суботу ўвайшоўшы ў бажніцу, навучаў іх. І дзівіліся з навукі яго, бо ён вучыў іх, як маючы ўладу, а не як кніжнікі. У быў у іхнай бажніцы чалавек, у каторым быў нячысты дух, і закрычаў, кажучы: Што табе да нас, Езусе Назарэнскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Ведаю, хто ты ёсьць, Сьвяты Божы! І прыгразіў яму Езус, кажучы: Замоўкні і выйдзі з чалавека! І страсануўшы яго і закрычаўшы вялікім голасам, дух нячысты выйшаў з яго. І зьдзівіліся ўсе, так што пыталіся паміж сабою, кажучы: Што гэта такое? Што гэта за навука новая, што ён з уладай нават духам нячыстым загадывае і слухаюць яго? І зараз разыйшлася слава аб ім па ўсей краіне Галілейскай. І зараз, выйшаўшы з бажніцы, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя з Якубам А цешча Сымонава ляжала ў гарачцы і зараз кажуць яму аб ей. І падыйшоўшы, падняў яе, узяўшы яе за руку, і зараз-жа пакінула яе гарачка, і паслугавала ім. Калі-ж настаў вечар, як зайшло сонца, прыносілі да яго ўсіх нядужых і маючых д’ябэльства, і быў сабраўшыся ўвесь горад каля дзьвярэй. І аздаравіў многіх, каторыя былі мучаны рознымі хваробамі, і выганяў многа д’яблаў, і не пазваляў ім гаварыць, бо яны яго зналі. І вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. І пайшоў за ім Сымон і тыя, што з ім былі. І калі знайшлі яго, сказалі яму «што ўсе цябе шукаюць». І сказаў ім: Пойдзем у блізкія вёскі і гарады, каб і там мне навучаць, бо я на гэтае прыйшоў. І быў навучаючы ў іхных бажніцах і ва ўсей Галілеі і выганяў д’яблаў. І прыйшоў да яго пракажаны, просячы яго, і ўпаўшы на калені сказаў яму: Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. Езус-жа, зжаліўся над ім, працягнуў руку сваю і, дакрануўшыся да яго, сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. І калі сказаў, зараз-жа адыйшла ад яго праказа і быў ачышчаны. І прыгразіў яму і зараз-жа адправіў яго і сказаў яму: Глядзі, нікому не кажы, але ідзі пакажыся старшаму сьвятару і ахвяруй за сваё ачышчэньне, што загадаў Майсей на пасьведчаньне ім. Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і пашыраць вестку, так што ўжо ня мог увайсьці ў горад, але прабываў на старане ў пустынных мясцох, і сходзіліся да яго адусюль.
І па днях ён ізноў увайшоў у Капарнаум, і пачулі, што ён ёсьць у доме. І зыйшлося многа, так што не хватала месца нават каля дзьвярэй, і ён гаварыў да іх слова. І прыйшлі да яго, нясучы спаралізаванага, якога нясьлі чатырох. І ня могучы яго палажыць перад ім дзеля грамады, разабралі дах, дзе ён быў і зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложа, на каторым ляжаў спаралізаваны. Калі-ж Езус убачыў іх веру, сказаў спаралізаванаму: Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае. Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў, седзячы і думаючы ў сэрцах сваіх: Што гэта ён гаворыць? Ён блюзьніць. Хто можа адпусьціць грахі, апрача аднаго Бога? Езус, зараз пазнаўшы гэтае духам сваім, што яны гэтак у сабе, сказаў ім: Нашто вы гэта думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: «Адпушчаюцца табе грахі», ці сказаць: «Устань, вазьмі ложа тваё і хадзі». Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі — сказаў спаралізаванаму: Табе кажу: Устань, вазьмі ложа тваё і ідзі ў дом твой. І той зараз-жа ўстаў, і падняўшы ложа, пайшоў перад усімі, так што дзівіліся ўсе і славілі Бога, кажучы: Што ніколі мы гэтак ня бачылі. І выйшаў ізноў да мора, а ўся грамада прыходзіла да яго і ён вучыў іх. І праходзячы, угледзеў Левія Альфэявага, сядзячага пры мытніцы і сказаў яму: Ідзі за мною. І ён устаўшы, пайшоў за ім. І сталася, калі сядзеў за сталом у ягоным доме, многа мытнікаў і грэшнікаў сядзела разам з Езусам і вучнямі яго, бо іх многа было, што ішлі за ім. А кніжнікі і фарызэі, бачачы, што ён еў з мытнікамі і грэшнікамі, казалі ягоным вучням: Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есьць і п’е ваш вучыцель? Езус, пачуўшы гэтае, сказаў ім: Здаровым ня трэба лекара, але хворым, бо я ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных. А вучні Яна і фарызэі пасьцілі. І прыйшлі і сказалі яму: Чаму вучні Янавы і фарызэявы посьцяць, а твае вучні ня посьцяць? І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць вясельныя госьці пасьціць, пакуль з імі ёсьць малады? Пакуль яны маюць з сабою маладога, ня могуць пасьціць. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога і тады будуць пасьціць у гэныя дні. Ніхто не прышывае латы з сырога сукна да старое адзежы, бо інакш новая лата адрывае ад старога і робіцца большая дзіра. І ніхто ня лье новага віна ў старыя мяхі, бо інакш віно разарве мяхі, і віно разальецца, і мяхі прападуць. Але новае віно трэба ліць у новыя мяхі. І ізноў сталася, калі Пан праходзіў у суботу праз збожа і вучні ягоны пачалі ісьці і рваць каласы. А фарызэі казалі яму: Вось што яны робяць у суботу, чаго ня можна. І сказаў ім: Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і захацеў есьці сам і тыя, што з ім былі? Як ён увайшоў у дом Божы за Абіятара, архісьвятара і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці, як толькі сьвятарам, і даў тым, што з ім былі? І сказаў ім: Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы. І так Сын чалавечы ёсьць панам так-жа і суботы.
І ён увайшоў ізноз у бажніцу, і быў там чалавек, які меў сухую руку. І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб абвінаваціць яго. І сказаў чалавеку, маючаму сухую руку: Стань пасярэдзіне. І сказаў ім: Ці дазволена ў суботу рабіць дабро, ці зло? Жыцьцё ратаваць, ці загубіць? А яны маўчалі. І спаглянуўшы на іх з гневам, засмуціўшыся дзеля сьлепаты іхнага сэрца, сказаў чалавеку: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму. А фарызэі, выйшаўшы, зараз зрабілі нараду з гэрадыянамі проціў яго, як-бы яго загубіць. Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў да мора і пайшла за ім вялікая грамада з Галілеі і Юдэі, і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя што каля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што чыніў, прыйшлі да яго. І сказаў вучням сваім, каб для яго была прыгатавана лодка, дзеля грамады, каб ня ціснулі яго. Бо многіх аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб дакрануцца да яго. І духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы: Ты ёсьць Сын Божы. І многа ім гразіў, каб не выяўлялі яго. І ўзыйшоўшы на гару, паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў і прыйшлі да яго. І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім і каб паслаць іх на навучаньне. І даў ім уладу аздараўляць немачы і выганяць д’яблаў. І даў Сымону імя Пётр; і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імёны Боанэргэз, што значыць: Сыны грому; і Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матэуша, і Тамаша, і Якуба Альфэявага, і Тадэуша, і Сымона Канаанца, і Юдаша Іскарыёта, каторы і выдаў яго. І прыйшлі ў дом. І зыйшлася ізноў грамада, так што не маглі ані хлеба паесьці. А калі пачулі сваякі, выйшлі, каб узяць яго, бо казалі, што ашалеў. А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузаліму, казалі, што мае Бэльзэбуба і што ўладай д’ябэльскага князя выганяе д’яблаў. І паклікаўшы іх, гаварыў да іх у прыповесьцях: Як-жа можа д’ябал д’ябла выганяць? І калі каралеўства само ў сабе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць тое каралеўства. І калі дом проціў сябе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць гэны дом. А калі д’ябал паўстане сам проціў сябе, ён ёсьць разьдзяліўшыся, і ня зможа ўстаяць, але канец яму. Ніхто ня можа, увайшоўшы ў дом дужага, разграбіць рэчы дужага, калі перш ня зьвяжа дужага і тады разграбіць ягоны дом. Сапраўды кажу вам, што ўсе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзьнерствы, якімі-б яны блюзьнілі, але хто-б блюзьніў проціў Духа Сьвятога, ня будзе мець адпушчэньня на векі, але будзе падлеглы вечнаму граху. Затым што казалі: Ён мае нячыстага духа. І прыйшлі матка ягона і браты, і стоячы на дварэ, паслалі да яго паклікаць яго. А грамада сядзела каля яго. І сказалі яму: Вось матка твая і браты твае на дварэ шукаюць цябе. І адказваючы ім, сказаў: Хто-ж мая матка і браты мае? І спаглянуўшы на тых, што навакол яго сядзелі, сказаў: Вось матка мая і браты мае. Бо хто-б чыніў волю Божую, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.
Ізноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася да яго вялікая грамада, так што ўвайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўся грамада была на зямлі каля мора. І навучаў іх многа ў прыповесьцях і казаў ім у сваей навуцы: Слухайце! Вось выйшаў сяйбіт сеяць. І калі ён сеяў, адно ўпала каля дарогі і прыляцелі птушкі нябесныя і зьелі яго. А другое ўпала на месца камяністае, дзе ня мела многа зямлі, і зараз узыйшло, бо зямля была няглыбокая; і калі ўзыйшло сонца, завяла, і дзеля таго што ня мела кораня, зсохла. А іншае ўпала ў церні, і ўзыйшлі церні і заглушылі яго і не дало плоду. А іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, каторы ўзыйшоў і рос — і адно прынясло трыццаць, другое шэсьцьдзесят, а іншае сто І казаў: Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае. І калі быў адзін, спыталіся ў яго тыя дванаццацёх, ўто з ім былі, аб прыповесьці. І казаў ім: Вам дадзена пазнаць тайніцу каралеўства Божага, а для тых, каторыя ўвонках, усё адбываецца ў прыповесьцях, каб «гледзячы глядзелі і ня бачылі, слухаючы слухалі і не разумелі; каб часам не навярнуліся і ня былі ім адпушчаны грахі» (Із. 6:9-10). І сказаў ім: Не разумееце гэтай прыповесьці? А якжа-ж вы зразумееце ўсе прыповесьці? Той, хто сее, слова сее. А тыя, што каля дарогі, дзе сеецца слова, гэта тыя, да каторых, як прачуюць, зараз прыходзіць д’ябал і забірае слова, якое было пасеена ў сэрцах іх. І таксама і тыя, каторыя на месцы камяністым, яны як пачуюць слова, зараз-жа з радасьцяй прыймаюць яго, але, ня маючы кораня ў сабе, яны ёсьць часовыя, потым, як падымецца ўцісьненьне і прасьлед дзеля слова, зараз горшацца. І іншыя ёсьць, каторыя сеюцца ў цернях, гэта тыя, каторыя слухаюць слова, але турботы сьвету і мана багацьця і іншыя пажаданьні, увайшоўшы, глушаць слова і стаецца бяз плоду. А каторыя на добрай зямлі пасеяны, гэта тыя, каторыя слухаюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод, адно трыццаць, другое шэсьцьдзесят, а іншае сто. І казаў ім: Ці-ж прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці-ж не на тое, каб паставіць яе на ліхтар? Бо няма нічога скрытага, што-б ня выявілася, і нічога ня дзеецца тайнага, але каб выйшла наверх. Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае. І казаў ім: Глядзеце, чаго слухаеце! Якою меркаю вы адмерыце, такою і вам будзе адмерана і будзе вам дадзена. Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, у таго будзе аднята і тое, што ён мае. І казаў: Гэтак ёсьць з каралеўствам Божым, як калі-б чалавек укінуў насеньне ў зямлю, ён і сьпіць і ўстае, уначы і ўдзень, а насеньне ўсходзіць і расьце, калі ён ня ведае. Бо зямля сама з сябе прыносіць плод: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. А калі дасьпее плод, зараз пушчае серп, бо прыйшло жніво. І казаў: Да чаго ўпадобнім каралеўства Божае, або да якое прыповесьці прыраўнаем яго? Як гарчычнае зерне, каторае, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншае за ўсякае насеньне, якое ёсьць на зямлі. А калі пасеецца, узрастае і робіцца большым за ўсе гародніны і пускае вялікія галіны, так што пад ценем яго могуць жыць птушкі нябесныя. І многімі такімі прыповесьцямі гаварыў да іх слова, наколькі яны маглі слухаць, а бяз прыповесьці не гаварыў да іх. Асобна-ж вучням сваім выясьняў усё. І ў той дзень, калі зрабілася позна, сказаў ім: Пераплывем на той бок. І яны, адпрвіўшы народ узялі яго, так як быў, у лодцы; і былі з ім другія лодкі. І ўзьнялася вялікая бура ветру і гнала хвалі на лодку, так што напаўнялася лодка. А ён быў на задзе лодкі сплючы на падушцы. І збудзілі яго і кажуць яму: Вучыцель, ці-ж табе ня рупіць, што мы гінем? І ўстаўшы, прыгразіў ветру і сказаў мору: Маўчы, сьціхні! І перастаў вецер і зрабілася вялікая цішыня. І сказаў ім: Чаму вы баязьлівыя? І яшчэ ня маеце веры? І зьняў іх вялікі страх і гаварылі адзін да другога: Хто-ж гэта такі, што вецер і мора слухаюць яго?
І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў. І калі ён выходзіў з лодкі, зараз-жа яго пераняў чалавек з грабоў, каторы меў нячыстага духа. Ён меў памешканьне у грабох і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго зьвязаць, бо часта будучы зьвязаны путамі і ланцугамі, рваў ланцугі і разьбіваў путы і ніхто ня мог супакоіць яго. І заўсёды ўдзень і ўначы быў у грабох і горах, крычачы і б’ючы сябе каменьнямі. Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму, і крычачы вялікім голасам, сказаў: Што да табе да мяне Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Запрысягаю цябе Богам, каб ты мяне ня мучыў. Бо ён яму казаў: Выйдзі, духу нячысты, з чалавека. І пытаўся ў яго: Як тваё імя? І сказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа. І вельмі прасіў, каб іх не выганяў з краіны. А была там каля гары пасучыся вялікая стада сьвіней. І прасілі таго духі, кажучы: Пусьці нас у сьвіньні, каб мы ў іх ўвайшлі. І Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя духі ўвайшлі у сьвіньні і стада з вялікім разгонам кінулася з круцізны ў мора, каля дзьвюх тысяч, і патанулі ў моры. А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі і далі знаць у горад і па палёх. І выйшлі, каб паглядзець, што сталася. І прыйшлі да Езуса і ўбачылі гэнага, што быў апанаваны д’яблам, сядзячага, адзетага і пры здаровым розуме — і спалохаліся. А тыя, што бачылі, расказалі ім, як сталася з тым, што меў д’ябэльства, і аб сьвіньнях. І пачалі прасіць яго, каб адыйшоў з іх граніц. Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны д’яблам, каб быць пры ім. І не дапусьціў яго, але сказаў яму: Ідзі ў свой дом, да сваіх і паведамі іх, якія вялікія рэчы табе ўчыніў Пан і зжаліўся над табою. І пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкаполі, якія вялікія рэчы ўчыніў яму Езус — і ўсе дзівіліся. А калі Езус пераплыў на лодцы ізноў на другі бераг, зыйшлася да яго вялікая грамада; і быў ён каля мора. І прыйшоў адзін з старшых над бажніцай, на імя Яір і, убачыўшы яго, упаў да ягоных ног, і вельмі прасіў яго, кажучы: што дачка мая канае, прыйдзі, узлажы руку на яе, каб аздаравела і жыла. І пайшоў з ім. І ішла за ім вялікая грамада і ціснулі яго. А жанчына, каторая дванаццаць гадоў мела цеч крыві і шмат перацярпела ад многіх дахтароў і ўсё сваё выдала і нічога её не памагло, але мелася яшчэ горай, калі пачула аб Езусе, падыйшла ў грамадзе ззаду і дакранулася да адзежы ягонай; бо казала: што калі толькі да адзежы ягонай дакрануся, буду здарова. І зараз-жа высахла ў яе жарало крыві і пачула на целе, што аздаравела ад хваробы. І зараз-жа Езус, пазнаўшы ў сабе моц, якая з яго выйшла, зьвярнуўшыся да народу, сказаў: Хто дакрануўся да маей адзежы? І казалі яму ягоныя вучні: Відзіш грамаду, якая цісьне цябе і кажаш: «Хто да мяне дакрануўся?» І паглядзеў навакол, каб пабачыць тую, што гэта зрабіла. Жанчына-ж, спалохаўшыся і дрыжачы, ведаючы, што з ею сталася, прыйшла і ўпала перад ім і сказала ўсю праўду. Ён-жа сказаў ей: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі і будзь здарова ад хваробы тваей. Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: Што дачка твая памярла, нашто яшчэ турбуеш Вучыцеля? Езус-жа, пачуўшы слова, якое было сказана, прамовіў да старшага над бажніцай: Ня бойся, толькі вер. І не дапусьціў нікога ісьці з сабою, апроч Пятра, Якуба і Яна, Якубавага брата. І прыйшлі ў дом старшага над бажніцай. І ўбачыў трывогу, і плачучых і галосячых моцна. І ўвайшоўшы, сказаў ім: Чаго трывожыцеся і плачаце? Дзяўчына не ўмярла, але сьпіць. І насьмяхаліся з яго. Ён-жа, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку і матку дзяўчыны, і тых, што з ім былі, і ўвайшоў, дзе ляжала дзяўчына. І ўзяўшы руку дзяўчыны, сказаў ей: Таліта кумі, што значыць: Дзяўчына — табе кажу — устань. І зараз-жа дзяўчына ўстала і хадзіла, а было ей дванаццаць гадоў. І астаўпянелі з вялікага дзіва. І загадаў ім моцна, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; і сказаў даць ёй есьці.
І выйшаўшы адтуль, пайшоў у сваю бацькаўшчыну, і ішлі за ім ягоныя вучні. І калі настала субота, пачаў вучыць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навкі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэтае? І што гэта за мудрасьць, якая яму дадзена, і такія цуды, якія дзеюцца праз ягоны рукі? Ціж ён не рамесьнік, сын Марыі, брат Якуба, і Язэпа, і Юды, і Сымона? Ці-ж ня тут між намі і сёстры ягоныя? І горшыліся з яго. І казаў ім Езус: Што прарок ня бывае без пашаны, апрача ў бацькаўшчыне сваей, і ўдоме сваім, і ў радні сваей. І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі аздаравіў некалькіх хворых, узлажыўшы рукі. І дзівіўся з недаверства іх. І хадзіў навакол па сёлах, навучаючы. І паклікаў дванаццацёх і пачаў іх разсылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі. І загадаў ім, каб нічога не бралі ў дарогу, апрача толькі кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у паясе, але каб былі абуўшыся ў сандалы, і каб не адзяваліся ў дзьве вопраткі. І казаў ім: Дзе-колечы ўвойдзеце ў дом, там аставайцеся, пакуль ня выйдзяце адтуль. І каторыя-б вас не прынялі, і ня слухалі вас, вы, выходзячы адтуль, абтрасеце пыл з вашых ног на пасьведчаньне ім. І выйшаўшы, абвяшчалі, каб пакутавалі; і выганялі многа д’яблаў, і многіх хворых памазвалі аліваю і аздараўлялі. І пачуў кароль Гэрад — бо імя ягонае сталася ведамае — і казаў: Што Ян Хрысьціцель устаў з умерлых і дзеля гэтага ў ім дзеюцца цуды. Другія-ж казалі: Што гэта Гальяш. А іншыя казалі: Што гэта прарок, як-бы адзін з прарокаў. Гэрад, пачуўшы аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, катораму я адсек галаву, ён устаў з умерлых. Бо гэты Гэрад паслаў і ўзяў Яна і зьвязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрадыяды, жонкі свайго брата Філіпа, таму што быў узяўшы яе за жонку. Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонку брата твайго. А Гэрадыяда рабіла подступы проціў яго і хацела яго забіць, але не магла, бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага і сьвятога, і сьцярог яго, дый слухаючы яго, шмат рабіў, і ахвотна слухаў яго. І калі надарыўся адпаведны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і паном Галілеі. І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрадыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду і тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе. І прысягнуў ей: Што чаго-толькі папросіш, дам табе, хоць-бы палавіну каралеўства майго. Тая, выйшаўшы, сказала матцы сваей: Чаго мне прасіць? А яна сказала: Галаву Яна Хрысьціцеля. І калі зараз-жа ўвайшла з пасьпехам да караля, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты мне зараз даў на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля. І засмуціўся кароль; дзеля прысягі і дзеля тых, што разам сядзелі, не хацеў яе засмуціць, але паслаўшы ката, загадаў прынясьці галаву яго на талерцы. І сьцяў яго ў вастрозе, і прынёс галаву яго на талерцы, і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваей матцы. Пачуўшы аб гэтым, вучні ягоны прыйшлі і ўзялі цела ягона і палажылі яго ў гробе. І апосталы, зыйшоўшыся да Езуса, расказалі яму ўсё, што яны рабілі і чаго навучалі. І сказаў ім: ідзеце асобна ў пустыннае месца і адпачыньце крыху. Бо многа было, што прыходзілі і адыходзілі, і ня мелі часу зьесьці. І ўвайшоўшы ў лодку, адплылі асобна ў пустыннае месца. І бачылі іх адплываючых і пазналі многія, і зьбегліся туды пехатою з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. І выйшаўшы, Езус убачыў вялікую грамаду і зжаліўся над імі, бо былі як авечкі, ня маючыя пастыра. І пачаў іх навучаць многага. І калі была ўжо позная гадзіна, падыйшлі вучні ягоны, кажучы: Пустыннае гэта месца і час ужо сходзіць, пусьці іх, каб пайшоўшы ў найбліжэйшыя сялібы і вёскі, купілі сабе ежы, каб зьесьці. І адказваючы, сказаў ім: Дайце вы ім есьці. І сказалі яму: Пайшоўшы купім за дзьвесьце дынараў хлеба і дамо ім есьці. І сказаў ім: Сколькі маеце хлябоў? Ідзеце і паглядзеце. І калі даведаліся, сказалі: Пяць і дзьве рыбы. І загадаў ім, каб разсадзілі ўсіх грамадамі на зялёнай траве. І паселі радамі па сто і па пяцьдзесят. І ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы і даваў вучням сваім, каб клалі перад імі; і дзьве рыбы падзяліў усім. І елі ўсе і наеліся. І набралі, што асталося ад кускоў і ад рыб дванаццаць поўных кашоў. А тых, што елі, было пяць тысяч мужчын. І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсайды, пакуль ён адправіць народ. І калі адправіў іх, пайшоў на гару маліцца. І калі было позна, была лодка пасярэдзіне мора, а ён адзін на зямлі. І бачачы іх, як яны працавалі вёсламі, (бо быў ім праціўны вецер), каля чацьвертай начной варты прыйшрў да іх, ідучы па моры — і хацеў іх мінуць. Яны-ж, як убачылі яго ідучага па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі. Бо ўсе бачылі яго і стрывожыліся. І зараз-жа загаварыў да іх і сказаў ім: Будзьце адважны, гэта я, ня бойцеся. І ўвайшоў да іх у лодку, і перастаў вецер. І яшчэ болей дзівіліся ў сабе, бо не зарзумелі аб хлябох, затым што сэрца іх было закамянелае. І калі пераплылі, прыбылі ў зямлю Гэнэзарэцкую і прысталі да берагу. Калі-ж выйшлі з лодкі, зараз-жа пазналі яго; і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ложах тых, што дрэнна меліся, туды, дзе чулі, што ён ёсьць. І куды-толькі ўваходзіў, у сёлы, ці ў мястэчкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і прасілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзежы ягонай. І сколькі дакранулася да яго, былі здаровы.
І зыйшліся да яго фарызэі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерузаліму. І калі ўгледзелі, што некатрыя з ягоных вучняў ядзяць хлеб звычайнымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, зганілі. Бо фарызэі і ўсе жыды, калі часта не памыюць рук, не ядзяць, трымаючыся ўстановы старшых. І з рынку, калі не памыюцца, не ядзяць; і шмат чаго іншага ёсьць, што ім перададзена, каб трымацца: абмываньне кубкаў, і збанкоў, і мядзянай пасуды, і ложкаў. І пыталіся ў яго фарызэі і кніжнікі: Чаму вучні твае не паступаюць паводле ўстановы старшых, але звычайнымі рукамі ядзяць хлеб? А ён, адказваючы, сказаў ім: Добра прарочыў аб вас, крывадушных, Ізаій (Із. 29:13), як напісана ёсьць: «Гэты народ паважае мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад мяне; але дарма яны пакланяюцца мне, вучачы навук і прыказаньняў чалавечых». Бо вы, пакідаючы прыказаньне Божае, трымаецеся ўстановы чалавечай, абмываньня збанкоў і кубкаў, і робіце шмат чаго іншага, падобнага да гэтага. І казаў ім: Добра вы касуеце прыказаньне Божае, каб захаваць вашую ўстанову! Бо Майсей сказаў: «Паважай бацьку твайго і матку тваю» і «Хто-б наругаўся бацьку або матцы, няхай сьмерцяй памрэ». А вы кажаце: Калі-б чалавек сказаў бацьку або матцы: «Корбан (гэта значыць ахвяра) ёсьць тое, што табе ад мяне належыцца» — і ўжо не дапускаеце таму што-колечы рабіць для свайго бацькі або маткі, касуючы слова Божае праз вашую ўстанову, якую вы ўстанавілі. І шмат падобнага да гэтага вы робіце. І паклікаўшы ізноў грамаду, казаў ім: Паслухайце мяне ўсе і зразумейце. Няма нічога звонку чалавека, што-б уваходзячы ў яго, магло яго зрабіць нячыстым; але тое, што з чалавека выходзіць, гэта ёсьць, што робіць чалавека нячыстым. Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае. І калі ад грамады ўвайшоў у дом, пыталіся ў яго вучні ягоны аб прыповесьці. І сказаў ім: Так і вы неарзумныя? Ці-ж не разумееце, што ўсё ўваходзячае ў чалавека звонку, ня можа яго зрабіць нячыстым? Бо не ўваходзіць у ягонае сэрца, але ідзе ў жывот і выходзіць вон, ачышчаючы ўсякую ежу. І казаў, што тое, што з чалавека выходзіць, тое робіць чалавека нячыстым. Бо з нутра, з чалавечага сэрцы выходзяць благія думкі, чужалоствы, распуста, забойствы, зладзействы, прагавітасьці, злосьці, здрада, бязстыднасьці, злое ока, блюзьнерства, гордасьць, дурнота. Усё гэтае благое з нутра выходзіць і робіць чалавека нячыстым. І ўстаўшы, пайшоў адтуль у граніцы Тыру і Сыдону. І ўвайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто ня ведаў, ды ня мог утаіцца. Бо зараз-жа жанчына, якое дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб ім, прыйшла і ўпала да ягоных ног, бо была яна жанчына паганская, радам Сырафэнікіянка, і прасіла яго, каб выгнаў д’ябла з дачкі яе. Ён сказаў ей: Дай перш наесьціся дзецям, бо ня добра браць хлеб дзяцей і кідаць сабакам. А яна адказала і сказала яму: Так, Пане, але-ж і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей. І сказаў ей: Дзеля гэтых слоў ідзі, выйшаў д’ябал з тваей дачкі. І калі яна прыйшла ў свой дом, знайшла дзяўчыну ляжачую на ложку і што д’ябал выйшаў. І выйшаўшы ізноў з граніц Тыру, прыйшоў праз Сыдон да Галілейскага мора пасярод граніцаў Дэкапольскіх. І прывялі да яго глухога і нямога, і прасілі яго, каб узлажыў на яго руку. І ўзяўшы яго на бок ад грамады, узлажыў пальцы свае ў ягоныя вусны і, плюнуўшы, дакрануўся да языка яго, і ўзглянуўшы ў неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффэта, што значыць: адчыніся. І зараз-жа адчыніліся вушы ягоны, і разьвязалася вязь языка ягонага і гаварыў добра. І загадаў ім, каб нікому не казалі. Але чым болей ён ім загадываў, тым болей славілі і тым болей дзівіліся, кажучы: Добра ўсё зрабіў: і глухіхі зрабіў, што чуюць, і нямых, што гавораць.
У тыя дні ізноў, як была вялікая грамада, і ня мелі чаго есьці, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: Шкада мне грамады, бо вось ужо тры дні трываюць пры мне і не маюць чаго есьці. І калі пушчу іх галодных дамоў, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх здалёку прыйшлі. І адказалі яму ягоныя вучні: Скуль мог-бы хто накарміць іх хлебам тут у пустыні? І спытаўся ў іх: Колькі хлябоў маеце? Яны сказалі: Сем. І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі. І ўзяўшы сем хлябоў, учыніўшы падзяку, ламаў, і даваў вучням сваім, каб раздавалі, і раздавалі грамадзе. І мелі некалькі рыбак, і іх багаславіў і загадаў раздаць. І елі, і наеліся, і набралі, што асталося з кавалкаў, сем кашоў. А тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх. І зараз увайшоўшы ў лодку са сваімі вучнямі, прыбыў у староны Дальмануцкія. І выйшлі фарызэі і пачалі з ім спрачацца, дамагаючыся ад яго знаку з неба, спакушаючы яго. І ўздыхнуўшы ў душы, сказаў: Нашто гэты род дамагаецца знаку? Сапраўды кажу вам, ня будзе дадзены знак гэтаму роду. І адправіўшы іх, увайшоў ізноў у лодку і палыў на другі бок. І забыліся ўзяць хлеба, і ня мелі з сабой у лодцы, апрача аднэй булкі хлеба. І загадаў ім, кажучы: Глядзеце ды сьцеражэцеся кісьлі фарызэяў і кісьлі Гэрада. І разважалі паміж сабою, кажучы: Што ня маем хлеба. Пазнаўшы гэтае, Езус сказаў ім: Што вы думаеце, што хлеба ня маеце? Ці-ж яшчэ ня ведаеце і не разумееце? Ці яшчэ маеце закамянелае сэрца вашае? Маючы вочы, ня бачыце і маючы вушы, ня чуеце? І ня помнеце, калі я пяць хлябоў паламаў на пяць тысячаў, колькі вы поўных кашоў набралі кавалкаў? Кажуць яму: Дванаццаць. А калі сем хлябоў на чатары тысячы, колькі кашоў кавалкаў вы набралі? І кажуць яму: Сем. І сказаў ім: Якжа-ж яшчэ не разумееце? І прыйшлі ў Бэтсайду. І прывялі да яго сьляпога і прасілі яго, каб дакрануўся да яго. І ўзяўшы за руку сьляпога, вывеў яго за сяло і, плюнуўшы на вочы ягоныя, узлажыўшы свае рукі, пытаўся ў яго, ці што бачыць? А ён, гледзячы, сказаў: Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць. Потым ізноў узлажыў рукі на вочы ягоны і ён пачаў відзець. І аздароўлены быў так, што бачыў усё ясна. І паслаў яго ў ягоны дом, кажучы: Ідзі ў дом твой, і калі ўвойдзеш у сяло, нікому не кажы. І пайшоў Езус і вучні ягоны ў сёлы Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы ім: За каго мяне маюць людзі? Яны адказалі яму, кажучы: За Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, а іншыя як за аднаго з прарокаў. Тады сказаў ім: А вы за каго мяне маеце? Адказваючы Пётр сказаў яму: Ты ёсьць Хрыстус. І прыгразіў ім, каб нікому не казалі аб ім. І пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын чалавечы многа цярпеў і быў адкінуты старшымі і кніжнікамі і архісьвятарамі і кніжнікамі і быў забіты і пасьля трох дзён уваскрэснуў. І гаварыў слова адкрыта. І ўзяўшы яго Пётр, пачаў дакараць яму. А ён абярнуўшыся і бачачы вучняў сваіх, прыгразіў Пятру, кажучы: Адыйдзі ад мяне, шатане, бо не разумееш, што ёсьць Божае, але што чалавечае. І паклікаўшы грамаду, разам з сваімі вучнямі, сказаў ім: Калі хто хоча ісьці за мною, няхай адрачэцц ад самога сябе, і няхай возьме крыж свой і ідзе за мною. Бо хто-б хацеў зьберагчы жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-ю загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне і эванэліі, зьберажэ яго. Бо якая карысьць чалавеку, калі-б ён увесь сьвет здабыў, а душы сваей пашкодзіў? Або што дасьць чалавек узамен за душу сваю? Бо хто-б паўстыдаўся і слоў маіх паміж гэтым распусным і грэшным народам, паўстыдаецца яго і Сын чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца свайго з анёламі сваімі.
І казаў ім: Сапраўды кажу вам, што ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць каралеўства Божага, прыходзячага ў моцы. І пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, і Якуба, і Яна і завёў іх адных на высокую гару асобна. І перамяніўся перад імі. І зрабілася адзежа ягоная ясная і вельмі белая, як сьнег, якое бялільнік на зямлі ня можа выбяліць. І зьявіўся ім Гальяш з Майсеем, і гаварылі з Езусам. І азваўшыся Пётр сказаў Езусу: Вучыцель, добра нам тут быць, і зрабем тры палаткі: табе адну, і Майсею адну, і Гальяшу адну. Бо ён ня ведаў, што гаварыў, таму што былі перапужаўшыся са страху. І паўстаў воблак, каторы іх ахінуў, і выйшаў голас з воблака, кажучы: Гэта Сын мой наймілейшы, яго слухайце. І зараз, аглянуўшыся кругом, нікога больш ня ўбачылі, апроч толькі Езуса з сабою. І калі яны зыходзілі з гары, загадаў ім, каб нікому не расказвалі, што яны бачылі, аж пакуль Сын чалавечы не ўваскрэсьне з умерлых. І затрымалі слова пры сабе, пытаючыся паміж сабою, што значыць: «Калі ўваскрэсьне з умерлых». І пыталіся ў яго, кажучы: Дык што-ж фарызэі і кніжнікі кажуць, што перш павінен прыйсьці Гальяш? Ён адказваючы, сказаў ім: Гальяш, прыйшоўшы перш, наладзіць усё; а як-жа напісана ёсьць аб Сыне чалавечым, каб многа перацярпеў і быў узгарджаны? Але кажу вам, што прыйшоў і Гальяш, і зрабілі яму, што хацелі, так як напісана аб ім. І прыйшоўшы да вучняў сваіх, убачыў вялікую грамаду каля іх і кніжнікаў, спорачых з імі. І зараз увесь народ, угледзеўшы Езуса, зьдзівіўся, і спужаліся, і прыбегшы, віталі яго. І спытаўся ў іх: Аб чым вы паміж сабою спорыце? І адказваючы адзін з грамады сказаў: Вучыцель, я прывёў да цябе майго сына, які мае нямога духа, каторы дзе ня схопіць яго, б’е яго аб зямлю, і пеніцца, і скрыгоча зубамі, і сохне. І я казаў тваім вучням, каб выгналі яго, і не маглі. Ён, адказваючы ім, сказаў: О народзе няверны, дакуль-жа я буду ў вас? Дакуль буду вас цярпець? Прывядзеце яго да мяне. І прывялі яго. І калі ўбачыў яго, зараз-жа дух затрос яго і ўпаўшы на зямлю, качаўся, панячыся. І спытаўся ў ягонага бацькі: Сколькі часу, як гэта з ім здарылася? А ён сказаў: Ад дзяцінства, і часта кідаў яго ў вагонь і ў ваду, каб яго загубіць; але калі што можаш, памажы нам, зжаліўшыся над намі. Езус-жа сказаў яму: Калі можаш верыць усё магчыма для веручага. І зараз ускрыкнуўшы бацька хлопца сказаў са слязьмі: Веру, Пане, памажы маей няверы! І калі ўбачыў Езус грамаду, што зьбяглася, прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: Глухі і нямы духу, я загадываю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго! І закрычаўшы і моцна яго страсануўшы, выйшаў з яго; і зрабіўся як нежывы, так што многія гаварылі: Што памёр. Езус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў. І калі ўвайшоў у дом, вучні ягоны пыталіся ў яго асобна: Чаму мы не маглі выгнаць яго? І сказаў ім: Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост. І выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і не хацеў, каб хто ведаў. А навучаў вучняў сваіх і казаў ім: Што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей, і заб’юць яго, і забіты на трэці дзень уваскрэсьне. Але яны не разумелі слова і баяліся ў яго пытацца. І прыйшлі ў Капарнаум. Калі яны былі ў доме, спытаўся ў іх: Аб чым вы ў дарозе гаварылі? Але яны маўчалі, бо ў дарозе яны паміж сабою спрачаліся, хто з іх большы? І сеўшы паклікаў дванаццацёх і сказаў ім: Калі хто хочы быць першым, будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх. І ўзяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх і абняўшы яго, сказаў ім: Хто прыйме аднаго з гэтакіх дзяцей у імя маё, не мяне прыймае, але таго, хто паслаў мяне. Адказаў яму Ян, кажучы: Вучыцель, мы бачылі нейкага, што ў імя тваё выгяняў д’яблаў, ён ня ходзіць за намі і мы яму забаранілі. Езус-жа сказаў: Не забараняйце яму; бо няма нікога, хто-б чыніў у імя маё цуды і мог-бы зараз дрэнна аба мне гаврыць. Бо хто ня проціў вас, той за вас. Бо хто-б даў вам напіцца кубак вады ў імя маё, затым што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць сваей нагароды. А хто-б згоршыў аднаго з гэтых малых, якія вераць у мяне, лепш яму было-б, каб прывязалі млынавы камень за шыю яго і кінулі ў мора. І калі горшыць цябе рука твая, адсячы яе; лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, чым маючы дзьве рукі ісьці ў пекла, у вагонь неўгасаючы, дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае. І калі нага твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе кульгаваму ўвайсьці ў жыцьцё вечнае, чым маючы дзьве нагі быць укінутым у пекла няўгаснага агню, дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае. Калі-ж вока тваё горшыць цябе, вырві яго; лепш табе аднавокім увайсьці ў каралеўства Божае, чым маючы двое вачэй быць кінутым у пекла вагню, дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае. Бо кожны будзе агнём пасолены, кожная ахвяра будзе сольлю пасолена. Соль добрая рэч; але калі соль будзе несалёная, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль і супакой мейце паміж сабою.
І адтуль, устаўшы, прыйшоў за Ярданам у граніцы Юдэі. І зыйшліся ізноў да яго грамады, і ён, як меў звычай, ізноў навучаў іх. І прыступіўшы фарызэі пыталіся ў яго, прабуючы яго: Ці можна мужу пакінуць жонку? А ён адказваючы, сказаў ім: Што вам загадаў Майсей? Яны сказалі: Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць. Езус, адказваючы ім, сказаў: Дзеля закамянеласьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты загад; але на пачатку стварэньня Бог учыніў іх мужчынай і жанчынай. «Дзеля гэтага чалавек пакіне бацьку свайго і матку і прыстане да жонкі сваей; і будуць двое ў вадным целе. І так ужо ня два, але адно цела» (Гэн. 2:24). Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае. І ў доме ізноў спыталіся ў яго вучні ягоны аб гэтым-жа. І сказаў ім: Хто-б пакінуў жонку сваю і ўзяў другую, дапускаецца чужалоства адносна яе. І калі-б жонка пакінула свайго мужа і выйшла за другога, чужаложыць. І прыносілі да яго дзяцей, каб ён дакрануўся да іх, а вучні сварыліся на іх, што прыносілі. Калі ўгледзеў іх Езус, неахвотна знёс і сказаў ім: Дазвольце дзеткам прыходзіць да мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць каралеўства Божае. Сапраўды кажу вам: Хто-б ня прыняў каралеўства Божага, ня ўвойдзе ў яго. І абыймаючы іх і кладучы на іх рукі, багаславіў іх. І калі выйшоў у дарогу, нехта прыбегшы і ўпаўшы перад ім на калені, пытаўся ў яго: Вучыцелю добры, што мне рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае? Езус-жа сказаў яму: Што ты завеш мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог. Ведаеш прыказаньні: Не чужалож, не забівай, не крадзі, не гавары фальшывага сьведчаньня, не рабі ашуканства, паважай твайго і матку. А ён адказваючы сказаў яму: Вучыцель, гэтага ўсяго я пільнаваўся ад моладасьці маей. Езус-жа, паглядзеўшы на яго, узлюбіў яго і сказаў яму: Аднаго табе не стае: ідзі, прадай, што маеш і дай убогім і будзеш мець скарб у небе, ды прыходзь, ідзі за мною. Той, засьмуціўшыся дзеля слова, адыйшоў сумны, бо меў вялікія маемасьці. І глянуўшы навакол, Езус сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць грошы, увайсьці ў каралеўства Божае! Вучні-ж вельмі зьдзівіліся са слоў яго. Але Езус ізноў адказваючы сказаў ім: Дзеткі, як цяжка тым, што маюць надзею ў грашах, увайсьці ў каралеўства Божае. Лягчэй вярблюду прайсьці праз вуха ігольнае, чым багатаму ўвайсьці ў каралеўства Божае. Яны тым болей дзівіліся, гаворачы самі да сябе: І хто-ж можа збавіцца? А Езус, паглядзеўшы на іх, сказаў: Немагчыма ў людзей, але ня ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма. І пачаў яму Пётр гаварыць: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за табою. Езус адказваючы сказаў: Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто-б пакінуў дом, або сёстраў, або бацьку, або матку, або дзяцей, або поле дзеля мяне і дзеля эванэліі, які-б не атрымаў у сто раз столькі цяпер, у гэтым часе, дамоў, і братоў, і сёстраў, і матак, і дзяцей, і палёў з прасьледамі, а ў будучым веку жыцьцё вечнае. А многа першых будуць апошнімі, а апошніх першымі. Былі-ж яны ў дарозе, ідучы ў Ерузалім. І Езус ішоў перад імі, а яны вельмі дзівіліся і, ідучы ззаду, баяліся. І ўзяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з ім мела стацца. Што вось ідзём у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы архісьвятарам і кніжнікам і старшым, і асудзяць яго на сьмерць, і выдадуць яго паганам; і будуць зьдзекавацца над ім, і будуць пляваць на яго, і будуць бічаваць яго, і заб’юць яго, і на трэці дзень уваскрэсьне. І прыступілі да яго Якуб і Ян, сыны Зэбэдэявы, кажучы: Вучыцель, мы хочам, каб што-колечы будзем прасіць, ты зрабіў нам. А ён сказаў ім: Што вы хочаце, каб я вам зрабіў? І сказалі: Дай нам, каб мы сядзелі адзін па тваей правай, а другі па тваей левай руцэ ў славе тваей. Езус-жа сказаў ім: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці вы можаце піць келіх, які я піў, або быць ахрышчанымі хростам, якім я хрысьціўся. Яны-ж сказалі яму: Можам. А Езус сказаў ім: Келіх, які я піў, то вы піць будзеце, і хростам, якім я хрысьціўся, будзеце ахрышчаны; але сядзець па правай руцэ маей або па левай не мая справа даць вам, але каму прыгатавана. І пачуўшы дзесяцёх пачалі абурацца на Якуба і Яна. Езус-жа, пакілкаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца валадарамі народаў, пануюць над імі, і іх князі маюць над імі ўладу. А паміж вамі ня так; але хто-б хацеў быць большым, будзе вашым слугою; і хто-б хацеў быць першым між вамі, будзе слугою ўсіх. Бо і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць жыцьцё сваё на выкуп за многіх. І прыйшлі ў Ерыхон. І калі ён выходзіў з Ерыхону і ягоныя вучні і вялікая грамада, сядзеў каля дарогі жабруючы сьляпы Бартымэй, сын Тымэя. Ён, калі пачуў, што ёсьць Езус Назарэнскі, пачаў крычаць і казаць: Езусе, сыне Давіда, зжалься нада мною! І многія сварыліся на яго, каб маўчаў. Але ён яшчэ болей крычаў: Сыне Давіда, зжалься нада мною! І Езус стаўшы загадаў паклікаць яго. І клікнулі яго, кажучы яму: Надзейся, устань, кліча цябе. Ён, пакінуўшы сваю вопратку ускочыўшы, прыйшоў да яго. І адказваючы Езус сказаў яму: Што хочаш, каб я табе зрабіў? А сьляпы сказаў яму: Вучыцель, каб мне відзець. Езус-жа сказаў яму: ідзі, вера твая зрабіла цябе здаровым. І зараз-жа відзеў і пайшоў за ім дарогаю. Вучні ведалі, якая ненавісьць з боку фарызэяў і кніжнікаў чакала на Езуса ў Ерузаліме і дзеля гэтага дзівіліся, што Езус ішоў у Ерузалім і баяліся.
І калі прыбліжаліся да Ерузаліму і Бэтаніі, каля Аліўнай гары, паслаў двух сваіх вучняў і сказаў ім: Ідзеце ў сяло, што перад вамі, і зараз уваходзячы туды, знойдзеце прывязанае асьлянё, на каторым ніхто з людзей яшчэ не сядзеў: адвяжэце яго і прывядзеце. А калі-б вам хто сказаў: Што робіце? — скажэце, што яно патрэбнае Пану, і зараз пусьціць яго сюды. І пайшоўшы знайшлі асьлянё, прывязанае перад варотамі на вуліцы, пры скрыжаваньні дарог, і адвязалі яго. А некаторыя з стаячых тамака сказалі ім: Што вы робіце, адвязваючы асьлянё? Яны сказалі ім, як ім быў загадаў Езус, і пусьцілі ім. І прывялі асьлянё да Езуса, і ўзлажылі на яго сваё адзеньне, і сеў на яго. Многія-ж слалі сваё адзеньне на дарозе, а іншыя зрэзвалі галіны з дрэваў і слалі на дарозе. І каторыя ішлі наперадзе і каторыя ішлі ззаду, крычалі, кажучы: Госанна! Багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана! Багаслаўленае, што надыходзіць, каралеўства айца нашага Давіда! Госанна на вышынах! І ўвайшоў у Ерузалім у сьвятыню, і агледзеўшы ўсё, калі ўжо была позная гадзіна, выйшаў у Бэтанію з дванаццацьма. А на другі дзень, калі выйшлі з Бэтаніі, захацеў есьці. І калі ўгледзеў здалёк фігу, маючую лісьце, падыйшоў, мо часам што знойдзе на ей. І калі падыйшоў да яе, нічога не знайшоў, апроч лісьця, бо ня час быў на фігі. І адазваўшыся сказаў ей: Няхай ужо болей ніхто ня есьць з цябе плоду навекі! І чулі вучні ягоны. І прыйшлі ў Ерузалім. І калі ўвайшоў у сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у сьвятыні, і абярнуў сталы мяняльнікаў і столікі тых, што прадавалі галубы; і не пазваляў, каб хто насіў праз сьвятыню (якую) рэч. І навучаў, кажучы ім: Ці не напісана, што «дом мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў». А вы зрабілі яго пячэрай разбойнікаў. Пачуўшы гэтае, архісьвятары і кніжнікі шукалі, як-бы загубіць яго, бо яны баяліся яго, таму што ўся грамада дзівілася з навукі ягонай. І калі настаў вечар, выходзіў з гораду. І калі раніцай праходзілі міма, убачылі фігу зсохшую ад карэньня. І ўспомніўшы Пётр сказаў яму: Вучыцель, вось фіга, каторую ты пракляў, зсохла. І адказваючы Езус сказаў яму: Мейце веру Божую. Сапраўды кажу вам, што хто-б сказаў гэтай гарэ: «Узьніміся і кінься ў мора», і не сумневаўся-б у сэрцы сваім, але верыў, што станецца, што-толькі ён скажа, станецца яму. Дзеля гэтага кажу вам: усё, чаго-толькі молячыся просіце, верце, што атрымаеце і збудзецца вам. І калі станеце на малітву, адпусьцеце, калі што маеце проціў каго, каб і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, адпусьціў вам грахі вашы. Калі-ж вы не адпусьціце, і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, не адпусьціць вам грахоў вашых. І прыйшлі ізноў у Ерузалім. І калі хадзіў у сьвятыні, прыступілі да яго архісьвятары і кніжнікі і старшыя, і казалі яму: Якою ўладаю ты гэта робіш? І хто табе даў гэтую ўладу, каб ты рабіў гэтае? Езус-жа адказваючы сказаў ім: Спытаю ў вас і я аднаго слова, і адкажэце мне, то і я вам скажу, якою ўладаю я гэта раблю. Хрост Янаў з неба быў, ці з людзей? Адкажэце мне. Яны-ж разважалі ў сабе, кажучы: Калі скажам «з неба», то скажа: Дык чаму-ж вы яму не паверылі? Калі скажам «з людзей», то баімся народу, бо ўсе лічылі Яна, што ён быў сапраўды прарок. І адказваючы сказалі Езусу: Ня ведаем. І Езус адказваючы сказаў ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэтае раблю.
І пачаў ім гаварыць у прыповесьцях: Чалавек засадзіў вінаграднік, і абгарадзіў плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і аддаў яго ў арэнду земляробам і выехаў. І ў час паслаў да земляробаў слугу, каб узяць ад земляробаў з плоду вінаградніка. Яны, схапіўшы яго, збілі і адаслалі бяз нічога. І зноў паслаў да іх другога слугу, і таго ранілі ў галаву і зьняважылі. І ізноў паслаў другога, а таго забілі; і шмат іншых, адных б’ючы, а другіх забіваючы. Дык яшчэ маючы аднаго сына найдаражэйшага, і таго паслаў уканцы да іх, кажучы: Што ўшануюць сына майго. Але земляробы сказалі паміж сабою: Гэта насьледнік; пойдзем, заб’ём яго, і наша будзе спадчына. І схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку. Дык што зробіць гаспадар вінагардніка?Прыйдзе і выгубіць земляробаў, а вінаграднік аддасьць іншым. І ці вы ня чыталі гэтага пісаньня: «Той камень, каторы адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла. Ад Пана гэта сталася і ёсьць дзіўным у вачох нашых?» (Пс. 117,:22). І стараліся яго ўзяць, ды баяліся грамады, бо зразумелі, што да іх сказаў гэтую прыповесьць. І пакінуўшы яго, адыйшлі. І паслалі да яго некаторых з фарызэяў і гэрадыянаў, каб злавіць яго на слове. Яны прыйшоўшы сказалі яму: Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і не зважаеш на нікога, бо не глядзіш на асобу людзкую, але папраўдзе навучаеш дарогі Божай. Ці можна даваць падатак цэзару, ці не даваць? Ён, ведаючы іхную хітрасьць, сказаў ім: Што вы мяне спакушаеце? Прынясеце мне дынар, каб я пабачыў. Яны-ж прыняслі яму. І сказаў ім: Чый гэта воблік і надпіс? Кажуць яму: Цэзараў. Езус-жа адказваючы сказаў ім: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. І дзівіліся з гэтага. І прыйшлі да яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўкрасеньня, і пыталіся ў яго, кажучы: Вучыцель, Майсей нам напісаў, што калі-б у каго памёр брат і пакінуў жонку ды не аставіў дзяцей, то няхай брат ягоны возьме ягону жонку і ўскрасіць патомства брату свайму. Было-ж сем братоў, і першы ўзяў жонку і памёр, не аставіўшы патомства. І ўзяў яе другі, і памёр, і ані гэты не аставіў патомства. І трэці таксама. І бралі яе гэтаксама сямёх, і не аставілі патомства. Апошняй з усіх памярла і жанчына. Дык ва ўскрасеньні, калі ўскрэснуць, каторага з іх яна будзе жаною? Бо сямёх мелі яе за жонку. І адказваючы Езус сказаў ім: Ці ня дзеля таго вы мыляецеся, што ня ведаеце Пісаньняў ані моцы Божай? Бо калі ўваскрэснуць з умерлых, ня будуць ані жаніцца, ані выхадзіць замуж, але будуць як анёлы ў небе. А аб умерлых, што яны ўваскрэснуць, ці вы ня чыталі ў кнізе Майсея, як Бог ля куста сказаў яму, гаворачы: Я ёсьць Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба? (Вых. 3:6). Ня ёсьць Бог умерлых, але жывых. Дык вы дужа мыляецеся. І прыступіў адзін з кніжнікаў, каторы чуў, як яны спрачаліся і бачачы, што ім добра адказаў, спытаўся ў яго: Якое ёсьць першае з усіх прыказаньне? Езус-жа адказаў яму: Што першае з усіх прыказаньне ёсьць: «Слухай, Ізраіль! Пан Бог твой ёсьць адзін Бог; і любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсею душою тваею, і ўсей думкай тваею, і ўсей сілай тваею» (Паўл. Пр. 6:45). Гэта ёсьць першае прыказаньне. А другое ёсьць падобнае да яго: «Любі бліжняга твайго як самога сябе» (Лев. 19:18). Іншага прыказаньня, большага за гэтыя, няма. І сказаў яму кніжнік: Добра, Вучыцель, ты праўду сказаў, што ёсьць адзін Бог і няма іншага апрача яго; і каб любіць яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсею сілаю, і любіць бліжняга як самога сябе — гэты болей за ўсе жэртвы і ахвяры. Езус-жа, бачачы, што разумна адказаў, сказаў яму: Ты недалёка ад каралеўства Божага. І ніхто ўжо ня сьмеў пытаць у яго. І азваўшыся казаў Езус, навучаючы ў сьвятыні: Як-жа кажуць кніжнікі, што Хрыстус ёсьць Сын Давіда? Бо сам Давід кажа ў Духу сьвятым: «Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч мяне, пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх» (Пс. 109:1). Дык сам Давід заве яго Панам, і скуль-жа ён сын ягоны? І вялікая грамада ахвотна яго слухала. І казаў ім у сваей навуцы: Сьцеражэцеся кніжнікаў, якія хочуць хадзіць у даўгіх вопратках, і быць вітанымі на рынку, і сядзець на першых лавах у бажніцах, і першыя месцы на вячэрах; якія аб’ядаюць дамы ўдоваў пад прыкрыўкай доўгай малітвы. Гэтыя атрымаюць цяжэйшы прысуд. І седзячы насупроць скарбоны, Езус глядзеў, як грамада кідала грошы ў скарбону; і многа багатых кідала шмат. Калі-ж прыйшла адна бедная ўдава, яна палажыла дзьве манэткі, што выносіць грош. І паклікаўшы сваіх вучняў, сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што гэта беданая ўдава палажыла болей за ўсіх, што клалі ў скарбону. Бо ўсе клалі з таго, што для іх было лішнім, а гэтая палажыла з недастатку свайго ўсё, што мела, увесь свой пражытак.
І калі выходзілі з сьвятыні, сказаў яму адзін з ягоных вучняў: Вучыцель, паглядзі, якія каменьні і якія будынкі! І адказваючы Езус сказаў яму: Бачыш усе гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца камень на камені, які-б ня быў збураны. І калі сядзеў на гарэ Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў яго асобна Пётр і Якуб, і Ян, і Андрэй: Скажы нам, калі гэтае станецца, і які знак будзе, калі гэтае ўсё пачне спаўняцца? І адказваючы Езус пачаў ім гаварыць: Глядзеце, каб вас хто ня зьвёў. Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: «Што гэта я ёсьць», і многіх зьвядуць. Калі-ж пачуеце аб войнах і ваенных вестках, ня бойцеся, бо трэба, каб гэтае сталася, але яшчэ не канец. Бо паўстане народ проціў народу і каралеўства на каралеўства; і будуць мясцамі зямлетрасеньні і галады. Гэта пачатак болю. А вы глядзеце самі сябе. Бо будуць вас аддаваць у суды, і біць па бажніцах, і будзеце станавіцца перад начальнікамі і каралямі дзеля мяне, на пасьведчаньне ім. І трэба, каб перш была абвяшчаная эванэлія усім народам. І калі вас будуць вадзіць выдаючы, ня думайце наперад, што маеце гаварыць; але што будзе вам дадзена ў гэную часіну, тое гаварэце. Бо ня вы тыя, што гаворыце, але Дух сьвяты. А выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў і сьмерць ім зробяць. І будзеце ў ненавісьці ў усіх дзеля імені майго. Хто-ж вытрывае да канца, той будзе збаўлены. А калі ўгледзіце агіду спусташэньня, стаячую там, дзе не павінна — хто чытае, няхай разумее — тады каторыя ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы; а каторы на даху, няхай ня зыходзіць у дом і няхай не ўваходзіць, каб узяць што з дому свайго; а каторы будзе на полі, няхай не варочаецца назад узяць адзежу сваю. Гора-ж цяжарным і кормячым у гэтыя дні! Малецеся-ж, каб ня сталася зімою. Бо тыя дні будуць такім уцісьненьнем, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе. І калі-б Пан не скараціў дзён, ня збавілася-б ніводнае цела; але дзеля выбраных, каторых выбраў, скараціў дні. І тады калі-б вам хто сказаў: Вось тут ёсьць Хрыстус, вось там — ня верце. Бо паўстануць фальшывыя хрыстусы і фальшывыя прарокі, і будуць паказваць знакі і дзівы, каб зьвясьці, калі магчыма, нават выбраных. Вы-ж глядзеце, вось я сказаў вам наперад усё. Але ў тыя дні пасьля гэнага ўцісьненьня зацьміцца сонца, і месяц ня дасьць сваей яснасьці, і зоры нябесныя будуць падаць, і сілы, каторыя ёсьць на небе, зрушацца. І тады ўгледзяць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаках, з сілай вялікай і славай. І тады пашле анёлаў сваіх і зьбярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі аж да краю неба. А ад фіговага дрэва вучэцеся падабенства: калі ўжо галіна яго зробіцца мяккай і пускае лісьце, вы ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўгледзеце, што гэта дзеіцца, ведайце, што блізка ёсьць, у дзьвярах. Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё гэтае станецца. Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць. Аб дні-ж тым або гадзіне ніхто ня ведае, ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец. Глядзеце, чуйце і малецеся, бо ня ведаеце, калі час будзе. Як чалавек, што ад’яжджаючы, аставіў свой дом і даў слугам сваім уладу ў кожнай справе і загадаў прыдзьверніку, каб быў чуткім. Дык чуйце, што ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: увечары, ці серад ночы, ці як пеўні запяюць, ці нараніцы: каб прыйшоўшы раптам, не застаў вас сплючых. А што вам кажу, усім кажу: Чуйце.
Была-ж за два дні Пасха і Праснакі. І шукалі архісьвятары і кніжнікі, як узяць яго хітрасьцяй і забіць. Але казалі: Ня ў дзень сьвяточны, каб часам не паўстала забурэньне ў народзе. І калі быў у Бэтаніі ў доме Сымона Пракажанага і сядзеў за сталом, прыйшла жанчына, маючы алябастар дарагога шпіканардовага алейку, і разьбіўшы алябастар, выліла на галаву яго. Былі-ж некаторыя, што гневаліся ў сабе і казалі: Нашто было рабіць гэтае марнатраўства алейку? Бо можна было гэты алеяк прадаць болей, як за трыста дынараў і раздаць убогім. І наракалі на яе. А Езус сказаў: Пакіньце яе. Нашто вы робіце ей прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла адносна мяне. Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою, і калі захочаце, можаце ім рабіць дабро; але мяне не заўсёды маеце. Яна, што мела, зрабіла: наперад намасьціла маё цела на пахаваньне. Сапраўды кажу вам, дзе- толькі будзе абвяшчацца гэта эванэлія па ўсім сьвеце, і што яна ўчыніла, будзе сказана на памяць аб ёй. А Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятараў, каб ім яго выдаць. Яны пачуўшы ўсьцешыліся і абяцалі даць яму грошай. І ён шукаў, як бы зручнай часінай яго выдаць. І на першы дзень Праснакоў, калі ахвяроўвалі Пасху, сказалі яму вучні: Куды хочаш, каб мы пайшлі і прыгатовілі табе есьці Пасху? І паслаў двух з сваіх вучняў і сказаў ім: Ідзеце ў горад, і спаткае вас чалавек, нясучы збан вады. Ідзеце за ім; і куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дому, што Вучыцель кажа: «Дзе ёсьць мая сьвятліца, дзе-б мне спажываць Пасху з вучнямі маімі?» І ён вам пакажа вялікі пакой, засланы, і там прыгатуеце нам. І пайшлі вучні ягоны, і прыйшлі ў горад, і знайшлі так як ім сказаў, і прыгатовілі Пасху. Калі-ж настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма. І калі яны сядзелі і елі, сказаў Езус: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас, каторы есьць са мною, выдасьць мяне. Яны-ж пачалі смуціцца і казаць яму паасобку: Ці гэта я? Ён сказаў ім: Адзін з дванаццацёх, што маеце са мною руку ў місе. І Сын чалавечы, праўда, ідзе, як аб ім напісана, але гора таму чалавеку, праз каторага Сын чалавечы будзе выданы. Лепш яму было-б, каб не нарадзіўся гэны чалавек. І калі яны елі, узяў Езус хлеб, і багаславячы ламаў, і даў ім, і сказаў: Бярэце, гэтае ёсьць цела маё. І ўзяўшы келіх, учыніўшы падзяку, даў ім, і пілі з яго ўсе. І сказаў ім: Гэтая ёсьць кроў мая новага закону, каторая за многіх будзе праліта. Сапраўды кажу вам што ўжо ня буду піць з гэтага вінаграднага плоду, аж да таго дня, калі буду яго піць новы ў каралеўстве Божым. І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную. І сказаў ім Езус: Усе вы згоршыцеся з мяне ў гэту ноч, бо ёсьць напісана: «Удэру пастыра і разсеюцца авечкі». Але потым, як уваскрэсну, пайду перад вамі ў Галілею. А Пётр сказаў яму: І калі-б усе згоршыліся з цябе, але ня я. І сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, што ты сягоньня, у гэтую ноч, перш чым певень два разы падасьць голас, тры разы адрачэсься ад мяне. Але ён яшчэ болей гаварыў: І калі-б мне трэба было разам умерці з табою, я не адракуся ад цябе. Гэтаксама-ж казалі і ўсе. І прыйшлі да сялібы, якой імя Гэтсэмані. І сказаў сваім вучням: Сядзеце тут, пакуль я памалюся. І ўзяў з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў баяцца і тужыць. І сказаў ім: Сумная душа мая аж да сьмерці; астаньцеся тут і чуйце. І адыйшоўшы трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, адыйшла ад яго часіна. І казаў: Абба, Ойча! Усё для цябе магчымае, аднясі ад мяне гэтую кару. Але ня што я хачу, але што ты. І прыйшоў і знайшоў іх сплючых. І сказаў Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ты ня мог чуць аднэй гадзіны? Чуйце і малецеся, каб ня ўпасьці ў пакусу. Дух-то ахвочы, але цела нядужае. І ізноў адыйшоўшы маліўся, кажучы тыя самыя словы. І вярнуўшыся, знайшоў іх ізноў сплючых, бо вочы іх былі абцяжэўшы, і ня ведалі, што яму адказаць. І прыйшоў трэці раз і сказаў ім: Сьпеце ўжо і адпачываеце. Годзі. Прыйшла гадзіна, вось Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў. Устаньце, пойдзем! Вось той, каторы мяне выдасьць, блізка ёсьць. І калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, і з ім вялікая грамада з мячамі і кіямі, ад архісьвятараў і кніжнікаў і старшых. Даў-жа быў здраднік ягоны ім знак, кажучы: Каго я пацалую, гэта ён, бярэце яго і вядзеце асьцярожна. І калі прыйшоў, зараз прыступіўшы да яго, сказаў: Будзь прывітаны, Вучыцель! І пацалаваў яго. яны-ж налажылі на яго рукі і ўзялі яго. Адзін-жа, нехта з тых, што там стаялі, выняўшы меч, ударыў слугу архісьвятаравага і адсек яму вуха. І адказваючы Езус сказаў яму: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі злавіць мяне? Штодня быў я ў вас у сьвятыні вучачы, і вы ня ўзялі мяне. Але каб споўніліся Пісаньні. Тады вучні ягоны, пакінуўшы яго, усе паўцекалі. Нейкі-ж дзяцюк ішоў за ім, накінуўшы пасьцілку на голае цела і ўзялі яго, але ён, пакінуўшы пасьцілку, голы ўцёк ад іх. І прывялі Езуса да архісьвятара, і зыйшліся ўсе сьвятары і кніжнікі і старшыя. Пётр-жа здалёку ішоў за ім аж у сярэдзіну ў двор архісьвятара, і сядзеў з слугамі каля агню і грэўся. А архісьвятары і ўся Рада шукалі прціў Езуса пасьведчаньня, каб яго выдаць на сьмерць, і не знаходзілі. Бо многія казалі фальшывае пасьведчаньне проціў яго, але ня былі згодныя пасьведчаньнямі А некаторыя ўстаўшы, фальшыва сьведчылі проціў яго, кажучы: Што мы чулі, як ён казаў: «Я развалю гэтую сьвятыню, збудаваную рукою, і за тры дні іншую, незбудаваную рукою, пастаўлю». І ня было згоднае іх пасьведчаньне. І ўстаўшы архісьвятар пасярэдзіне, спытўся ў Езуса, кажучы: Не адказваеш нічога на тое, што табе гэтыя закідаюць? Але ён маўчаў і нічога не адказваў. Ізноў архісьвятар спытаўся ў яго і сказаў яму: Ці Ты ёсьць Хрыстус, Сын Бога багаслаўленага? Езус-жа сказаў яму: Я ёсьць, і ўбачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч моцы Божай і прыходзячага з воблакамі нябеснымі. А архісьвятар, разрываючы адзеньне сваё, сказаў: Што-ж, нам яшчэ патрэбны сьведкі? Вы чулі блюзьнерства; што вам здаецца? Яны ўсе асудзілі, што ён падлеглы сьмерці. І пачалі некаторыя пляваць на яго, і закрываць твар ягоны, і біць яго кулакамі, і казаць яму: Прароч! А слугі білі яго па шчоках. І калі Пётр быў унізе на дварэ, прыйшла адна з служак архісьвятара, і калі ўбачыла, што Пётр грэецца, глянуўшы на яго, сказала: І ты быў з Езусам Назарэнскім. Але ён адрокся, кажучы: І ня ведаю, і не разумею, што ты гаворыш. І выйшаў вон прад сені, і запяяў певень. Ізноў-жа як убачыла яго служка, пачала казаць тым, што навакол стаялі: Што гэты ёсьць з іх. Але ён другі раз адрокся. І крыху потым тыя, што там стаялі, ізноў сказалі Пятру: Сапраўды ты з іх, бо ты і Галілеец. Але ён пачаў клясьціся і прысягаць: Што ня знаю гэтага чалавека, аб каторым вы гаворыце. І зараз запяяў певень другі раз. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Езус: Перш чым певень два разы запяе, ты тры разы ад мяне адрачэсься. І пачаў плакаць.
І зараз нараніцы, зрабіўшы нараду, архісьвятары з старшымі і кніжнікамі і ўсей Радай, зьвязаўшы Езуса, павялі і перадалі Пілату. І спытаўся ў яго Пілат: Ты ёсьць кароль Юдэйскі? Ён-жа адказваючы сказаў яму: Ты кажаш. І вінавацілі яго архісьвятары ў многім. Пілат-жа ізноў спытаўся ў яго, кажучы: Не адказваеш нічога? Глядзі, у якіх вялікіх справах цябе вінавацяць! Езус-жа болей не адказаў нічога, так што дзівіўся Пілат. А на дзень сьвяточны меў звычай выпушчаць ім аднаго з вязьняў, каго-б загадалі. Быў-жа, каторы называўся Барабба, каторы з бунтаўнікамі быў у вязьніцы, каторы ў бунце ўчыніў забойства. І калі прыйшла грамада, пачала прасіць, каб учыніў ім, як заўсёды. Пілат-жа адказаў ім і сказаў: Хочаце, выпушчу вам караля Юдэйскага? Бо ведаў, што архісьвятары выдалі яго дзеля завісьці. Але архісьвятары падбурылі грамаду, каб лепш пусьціў ім Бараббу. Пілат-жа адказваючы ізноў сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў каралю Юдэйскаму? А яны ізноў закрычылі: Укрыжуй яго! Пілат-жа сказаў ім: Што-ж ён зрабіў благое? Але яны тым болей крычалі: Укрыжуй яго! І Пілат, хочучы дагадзіць народу, пусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага аддаў, каб быў укрыжаваны. А жаўнеры завялі яго ў дварышча суду і сабралі ўсю роту. І апранулі яго ў пурпур, і сплёўшы цярновы вянок узлажылі на яго. І пачалі вітаць яго: Будзь прывітаны, кароль Юдэйскі! І білі яго па галаве трысьцінаю, і плявалі на яго, і станавячыся на калені, кланяліся яму. І калі насьмяяліся з яго, зьнялі з яго пурпур і апранулі яго ў ягонае адзеньне і вывелі яго, каб яго ўкрыжаваць. І прымусілі нейкага праходзячага міма, Сымона Кірэнэйца, які ішоў з вёскі, бацьку Александра і Руфа, каб нёс крыж ягоны. І прывялі яго на месца Голгота, што значыць месца Трупнога Чэрапу. І давалі яму піць віно зьмяшанае з міррай, але ён ня прыняў. І ўкрыжаваўшы яго, падзялілі адзеньне ягонае, кідаючы жэраб над ім, хто што меў узяць. Была-ж трэцяя гадзіна; і ўкрыжавалі яго. І быў надпіс віны яго напісаны: Кароль Юдэйскі. І з ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго па правай, а другога па левай руцэ яго. І споўнілася Пісаньне, каторае кажа: «І з злачынцамі ён палічаны» (Із. 53:12). А праходзячыя міма блюзьнілі яму, ківаючы галавамі сваімі і кажучы: Во, што развальваеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш, ратуй самога сябе, зыходзячы з крыжа. Таксама і архісьвятары, насьміхаючыся, адзін да другога з кніжнікамі гаварылі: Другіх ратаваў, а сябе самога ня можа паратаваць. Няхай-жа цяпер Хрыстус, кароль Ізраільскі, зыйдзе з крыжа, каб мы бачылі і паверылі. І тыя, што былі з ім укрыжаваныя, наругаліся з яго. І калі настала шостая гадзіна, зрабілася цемра па ўсей зямлі аж да гадзіны дзевятай. А ў дзевятай гадзіне закрычаў Езус вялікім голасам, кажучы: «Елоі, Елоі, ламма сабахтані»? што значыць: Божа мой, Божа мой, чаму-ж Ты мяне пакінуў? А некаторыя з тых, што стаялі навакол, чуючы гаварылі: Вось Гальяша кліча. Адзін-жа, пабегшы і напоўніўшы губку воцтам і насадзіўшы на трысьціну, даваў яму піць, кажучы: Чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш, каб зьняць яго. Езус-жа, закрычаўшы вялікім голасам, сканаў. І заслона сьвятыні разьдзёрлася надвое ад верху аж да нізу. А сотнік, каторы стаяў напроціў, бачачы, што гэтак крычачы, сканаў, сказаў: Сапраўды гэты чалавек быў Сынам Божым. Былі-ж і жанчыны, углядаючыся здалёку, паміж каторымі была Марыя Магдалена, і Марыя, матка Якуба Малодшага і Язэпа, і Саламея; і калі быў у Галілеі, хадзілі за ім і служылі яму, і многа іншых, каторыя разам з ім былі прыйшоўшы у Ерузалім. І калі ўжо настаў вечар, (бо быў дзень Прыгатаўленьня, які бывае перад суботай), прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны радны, каторы і сам чакаў каралеўства Божага, і сьмела ўвайшоў да Пілата, і прасіў цела Езуса, а Пілат зьдзівіўся, ці ўжо памёр. І клікнуўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці ўжо памёр. І калі даведаўся ад сотніка, дараваў цела Язэпу. Язэп-жа, купіўшы палатно і зьняўшы яго, завярцеў у палатно і палажыў яго ў гробе, які быў высечаны з скалы, і прываліў камень да ўваходу ў гроб. Марыя Магдалена і Марыя Язэпава глядзелі, дзе яго палажылі.
І калі прайшла субота, Марыя Магдалена і Марыя Якубава і Саламея купілі пахнідлаў, каб пайшоўшы намасьціць Езуса. І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыйшлі да гробу ўжо па ўсходзе сонца. І гаварылі паміж сабою: Хто нам адваліць камень ад уваходу ў гроб? І глянуўшы, убачылі адвалены камень; бо быў ён надта вялікі. І ўвайшоўшы ў гроб, увідзелі маладзяна, сядзячага па правай старане, адзетага ў белую вопратку і астаўпянелі. Ён сказаў ім: Ня бойцеся. Вы шукаеце Езуса Назарэнскага, укрыжаванага; ён ускрос, няма яго тут. Вось мейсца, дзе яго палажылі! Але ідзеце, скажэце вучням ягоным і Пятру, што ідзе перад вамі ў Галілею; там яго ўбачыце, як сказаў вам. Яны-ж выйшаўшы, уцяклі ад гробу, бо напала на іх дрыжаньне і страх; і нікому нічога не сказалі, бо баяліся. А ўскросшы рана ў першы дзень тыдня, зьявіўся сьпярша Марыі Магдалене, з каторай выгнаў сем д’яблаў. Яна пайшоўшы, паведаміла тых, што з ім былі, сумных і плачучых. Яны-ж, пачуўшы, што жыве і быў бачаны ёю, не паверылі. Пасьля-ж гэтага паказаўся ў іншым выглядзе двум з іх ідучым, калі яны ішлі ў сяло. А яны, прыйшоўшы, паведамілі другіх, і ім не паверылі. Урэшце, зьявіўся гэным адзінаццацём, як сядзелі за сталом і выгаварваў недаверства іх і закамянеласьць сэрца, што ня верылі тым, каторыя відзелі яго ўскросшым. І сказаў ім: Ідучы на ўвесь сьвет абвяшчайце эванэлію ўсяму стварэньню. Хто ўверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто ня ўверыць, будзе асуджаны. А за тымі, што ўвераць, будуць ісьці такія знакі: У імя маё будуць выганяць д’яблаў, будуць гаварыць новымі мовамі: вужоў будуць браць і хоць-бы што сьмяротнае пілі, не пашкодзіць ім; на хворых рукі ўзложаць, і будуць мецца добра. А Пан Езус, пасьля таго як гаварыў да іх, узяты ёсьць у неба і сядзіць праваруч Бога. Яны-ж пайшоўшы абвяшчалі ўсюды, а Пан памагаў і ўцьвярджаў мову знакамі, якія ішлі ўсьлед за імі.