Эванэліі і Дзеі ў перакладзе В. Гадлеўскага

Чатыры Эванэліі і Апостальскія Дзеі у перакладе ксёндза Вінцэнта Гадлеўскага. Рукапіс захоўваццау архіве г. Вільні, 1938. Выдання: 1939 — Вільня, 1948 — Лёндан, 1998 — Гродна.

Эванэліі і Дзеі. Пераклад В. Гадлеўскага

Змест:

Паводле Матэуша
Паводле Марка
Паводле Лукаша
Паводле Яна
Апостальскія Дзеі

Поўны сьпіс выданьняў

Слова перакладчыка і Уступ да Эванэліяў

APPROBATUR
Wilnae die 27 mensis lanuarii 1938 anno
R. JAŁRZYKOWSKI
Archiepiscopus-Metropolita Wilnensis
N. R. 23/28.
(L. S.)
J. Ostreyko

АД ПЕРАКЛАДЧЫКА

Ужо здаўных адчувалася патрэба перакладу Сьвятога Пісаньня на беларускую мову. Гэтая патрэба адчувалася галоўна з тае прычыны, што Беларускі народ, адраджаючыся, хоча і павінен мець Сьв. Пісаньне, у сваей роднай мове, а такжа і дзеля таго, што трэба даць яму ў яго адраджэнскай падарожы лепшае пазнаньне навукі Божай. Старадаўныя пераклады з 16 стагодзьдзя (Фр. Скарыны, В. Цяпінскага) дзеля многіх прычын ня могуць здаволіць гэтай патрэбы, дый урэшце яны былі зроблены ў старадаўнай беларускай мове, якая цяпер ня ўсім будзе зразумела. Новыя-ж пераклады, якія зьяўляюцца апошнім часам, выдаюцца сэктантамі, якія маюць свае мэты ў разьбіваньні еднасьці Касьцёла Хрыстовага і разьяднаньні душы Беларускага народу. Дык цяпер, як ніколі, насьпела патрэба перакладу Сьв. Пісаньня на жывую беларускую мову.

Перакладаючы з Новага Закону тымчасам толькі 4 Эванэліі і Апостальскія Дзеі і даючы да іх адпаведныя выясьненьні, я стараўся даць свайму народу як пазнаньне так і зразуменьне навукі Хрыста. Рабіў я гэты пераклад з афіцыальнага, ужыванага ў Каталіцкім Касьцёле, лацінскага тэксту "Vulgaty", стараючыся перакладаць даслоўна, маючы перадусім на мэце даць простай і струджанай душы верны пераклад Слова Божага. Апроч гэтага хацеў я даць магчымасьць тым духоўным, якія працуюць пасярод Беларускага народу, абвяшчаць Эванэлію Хрыстову ў роднай мове гэтага народу.

З грэцкага тэксту ў сваім перакладзе карыстаўся я мала, адно там, дзе "Vulgata" перадае няясна і дзе гэтага карыстаньня была канечная патрэба.

Пры апрацаваньні гэтага перакладу я карыстаўся ня толькі з "Vulgaty", але і з іншых перакладаў, якія былі зроблены з "Vulgaty", а перадусім з гэтакіх:

Das Neue Testament unseres Herrn Jesus Christus. Übersetzt und erklärt von Augustin Arndt S. J. Mit Approbation des Heil. Apostolischen Stuhles. 3 Auflage, 1911. Druck und Verlag von Fr. Pustet.

Le Nouveau Testament, traduction annoteé par. L. Cl. Fillion, Professeur d' Ecriture Sainte à l' institut catholique de Paris, 1924.

Ewangelie i Dzieje Apostolskie, przełożył i objaśnił Ks. Władysław Szczepański T. J. Prof. Papieskiego Instytutu Bibl. Przekład zatwierdzony i polecony przez Stolicę Apostolską. Kraków, 1917.

Nowy Testament. Tom I. Cztery Ewangelie i Dzieje Apostolskie w opracowaniu X. Prof. W. Szczepańskiego T. J. I X. Prof. Prokulskiego T. J. Wydane nakładem Księgarni Św. Wojciecha, 1932.

З гэтых кніг я карыстаўся такжа, пішучы кароткія выясьненьні да труднейшых мясцоў Эванэліяў і Апостальскіх дзеяў. Апроч вышэй успомненых кніг меў яшчэ перад сабою іншыя пераклады, як з лацінскага тэксту так і грэцкага.

Пры гэтым выражаю сваю глыбокую падзяку высокапаважаным Прафэсаром Віленскага Унівэрсытэту: Кс. Дзекану І. Сьвірскаму, Кс. Праф. Л. Пуцяце і Кс. Праф. Ціхонскаму, сябром адумысловай Камісіі, вызначанай Я. Э. Віленскім Арцыбіскупам — Мітрапалітам Р. Ялбжыкоўскім дзеля ацэнзураваньня майго перакладу, за іх рачовыя ўвагі.

Перакладчык



УСТУП

КНІГІ СЬВ. ПІСАНЬНЯ НОВАГА ЗАКОНУ

Словам «Новы Закон» або «Новы Тэстамэнт» мы называем тую сувязь чалавека з Богам і той парадак збаўленьня, які нам падаў Езус Хрыстус; тады калі «Стары Закон» або «Стары Тэстамэнт» — гэта была тая сувязь і той парадак збаўленьня, які быў пададзены праз Майсея. Як адзін так і другі Закон завецца яшчэ «Умовай» паміж Богам і чалавекам, бо гэтая Умова накладае ўзаемныя абавязкі паміж Богам і чалавекам. Чалавек павінен споўніць свае абавязкі перад Богам, а Бог — аддаць чалавеку нагароду або кару паводле заслугаў чалавека і паводле свайго абяцаньня.

Словы «Стары» і «Новы» Закон былі перанесены так-жа і на кнігі Сьв. Пісаньня, у каторых былі сьпісаны словы Божыя, датычачыя Ўмовы з чалавекам. Кнігі, у якіх была, з натхненьня Божага, сьпісана Умова Бога з народам Ізраільскім — называюцца кнігамі Старога Закону і ёсьць іх 45; а кнігі, у якіх сьпісана Ўмова Бога, якую зрабіў з людзьмі Бог пры пасярэдніцтве свайго Сына, Езуса Хрыста — завуцца кнігамі Новага Закону і ёсьць іх 27.

Езус Хрыстус не аставіў па сабе ніякіх кніг, ён навучаў вусна, гэтаксама навучалі апосталы, пераказваючы людзям усё тое, што яны чулі ад свайго Вучыцеля. Дый вуснае навучаньне было напачатку звычайным спосабам пашыраньня навукі Хрыста. Аднак скора выявілася патрэба апісаць жыцьцё, цуды, мучэньні і сьмерць Хрыстову, каб пэўныя ведамасьці аб гэтым пашыраць і пераказваць ня толькі словам, але і на пісьме.

Гэтае апісаньне жыцьця і навукі Хрыста мела на мэце ня так апісаньне ўсяго, што Хрыстус чыніў і навучаў, як паўтарэньне і зсумаваньне таго, што было сказана аб Хрысьце ў вусным навучаньні. Дзеля гэтага ў апісаньні аб Хрысьце, якое мы бачым у кнігах Новага Закону, трудна дасьледзіць нейкай добра абдуманай сыстэмы або сьцялага (?) хронологічнага парадку, а перадаюцца коратка падзеі, якія для тагачасных слухачоў ужо былі ведамы з вуснага навучаньня апосталаў.

Такім парадкам паўсталі чатыры Эванэліі і іншыя кнігі Новага Закону. Кнігі гэтыя дзеляцца такім парадкам: 5 кніг гістарычных (4 Эванэліі і Апостальскія Дзеі), 21 кніга навучальная (14 пісьмаў сьв. Паўла і 7 пісьмаў іншых апосталаў) і 1 кніга прароцкая (Апокаліпса або Аб'яўленьне сьв. Яна апостала).

Эванэліі — гэта гістарычныя кнігі, у якіх апісваецца жыцьцё і навука Е. Хрыста і Ўшэсця ў неба. Слова «эванэлія» выводзіцца ад грэцкіх слоў "eu-angelion", што значыць «добрая вестка», а гэта затым, што для ўсіх людзей, прагнучых праўды, справядлівасьці і адраджэньня, навука Хрыстуса была і ёсьць Добрай весткай.

Чатыры чалавекі апісалі жыцьцё і навуку Хрыста: Матэуш, Марак, Лукаш і Ян. Двох з іх былі апосталамі (Матэуш і Ян), а двох — апостальскімі вучнямі (Марак і Лукаш). Першыя апісвалі тое, што яны самі бачылі і чулі, а другія два — што даведаліся ад апосталаў. І хоць чатыры чалавекі апісвалі жыцьцё і навуку Хрыста, аднак відзім у іх апісаньні вялікае падабенства. І нічога дзіўнага: яны апісвалі аднаго Хрыста і адну навуку яго. Дзеля гэтага падабенства сьвятыя Айцы Касьцёла часта гавораць аб аднэй эванэліі. І сапраўды — адна ёсьць Добрая вестка або Эванэлія, хоць сьпісаная чатырма рознымі пісьменьнікамі, якія дзеля гэтага завуцца эванэлістымі.

Эванэліі ў Сьв. Пісаньні разьмешчаны ў такім парадку, у якім яны паўставалі, значыць: эванэлія сьв. Матэуша, як найстарэйшая, займае першае месца, на другім месцы — сьв. Марка, на трэцім — сьв. Лукаша, на чацьвертым найпазьнейшая — сьв. Яна, напісаная каля 95 году пасьля Нараджэньня Хрыста. Тры першыя Эванэліі паўсталі перад 63 годам нашай эры і апісваюць дзейнасьць Е. Хрыста пераважна ў Галілеі, а чацьвертая — дзейнасьць у Юдэі. Усе эванэліі былі напісаны ў мове грэцкай, апроч толькі першай, якую сьв. Матэуш напісаў паарамайску для палестынскіх жыдоў. Аднак эванэлія яго, пісаная паарамайску, да нас не дайшла; мы маем толькі пераклад грэцкі.

Дзеля вялікай важнасьці эванэлічных кніг, праз каторыя да вернах хрысьціян прамаўляў сам Хрыстус, гэтыя кнігі памешчаны на самым пачатку кніг Новага Закону. Потым ідуць іншыя кнігі ў такім парадку: Апостальскія Дзеі, у якіх апісваецца дзейнасьць апосталаў; апостальскія пісьмы, у якіх падаюцца навукі апосталаў; і ў канцы Апокаліпса сьв. Яна, у якой апісваюцца далейшыя дзеі Касьцёла.

Апостальскія Дзеі падаюць нам аб Ушэсьці ў неба Е. Хрыста, аб сасланьні Духа сьв. І аб дзейнасьці апосталаў, а прадусім сьвятых Пятра і Паўла. Апостальскія дзеі апісваюць нам так-жа жыцьцё першых хрысьціян. Напісаў гэту кнігу сьв. Лукаш.

Апостальскія пісьмы. Апроч Эванэліяў і Апост. Дзеяў дайшлі да нас яшчэ пісьмы апосталаў, якія яны высылалі да веруючых хрысьціян, выкладаючы ім Хрыстову навуку і даючы розныя напамінаньні. Усіх апостальскіх пісьмаў маем 21; найболей напісаў сьв. Павал, бо 14, сьв. Ян — 3, сьв. Пётр — 2, сьв. Якуб (Малодшы) і сьв. Юда Тадэуш — па аднаму.

Апокаліпса, як мы ўжо казалі, зьмяшчае аб'яўленьне, дадзенае сьв. Яну аб будучыні Касьцёла і аб перамозе Е. Хрыста над злом гэтага сьвету. Апокаліпсу напісаў сьв. Ян, будучы сасланым рымскімі ўладамі на выспу Патмос.

Вось і будзе агульны пагляд на ўсе кнігі Новага Закону. Падрабязна аб кожнай кнізе будзе гутарка перад кожнай кнігай, як уступ да яе.

Алічбоўваньне: Вячаслаў Мартысюк (група па алічбоўванні тэкстаў Святога Пісання, каардынатар кс. д-р. Сяргей Сурыновіч).



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.