Біблія » Гадлеўскі Пераклад В. Гадлеўскага

Матэуша 1 Паводле Матэуша 1 раздзел

1 Кніга роду Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.
2 Абрагам радзіў Ізаака, а Ізаак радзіў Якуба, а Якуб радзіў Юду і братоў яго,
3 а Юда радзіў Фарэса і Зарама ад Тамары, а Фарэс радзіў Эзрона, а Эзрон радзіў Арама,
4 а Арам радзіў Амінадаба, а Амнадаб радзіў Наассона, а Наассон радзіў Саламона,
5 а Саламон радзіў Бооза з Рагабы, а Бооз радзіў Обэда з Руты, а Обэд радзіў Ессу, а Есса радзіў Давіда караля,
6 а кароль Давід радзіў Саламона з тае, што была Урыевай,
7 а Саламон радзіў Робоама, а Робоам радзіў Абія, а Абій радзіў Асу,
8 а Аса радзіў Ёзафата, а Ёзафат радзіў Ёрама, а Ёрам радзіў Озія,
9 а Озій радзіў Ёатама, а Ёатам радзіў Ахаза, а Ахаз радзіў Эзэхія,
10 а Эзэхій радзіў Манассу, а Манасса радзіў Амона, а Амон радзіў Ёзія,
11 а Ёзій радзіў Ехонія і братоў яго ў перасяленьні бабілонскім,
12 а пасьля перасяленьня бабілонскага Ехоній радзіў Салацыеля, а Салацыель радзіў Зоробабеля,
13 а Зоробабель радзіў Абіюда, а Абіюд радзіў Эліякіма, а Эліякім радзіў Азора,
14 а Азор радзіў Садока, а Садок радзіў Ахіма, а Ахім радзіў Эліюда,
15 а Эліюд радзіў Элеазара, а Элеазар радзіў Матана, а Матан радзіў Якуба,
16 а Якуб радзіў Язэпа, мужа Марыі, з каторай нарадзіўся Езус, што завецца Хрыстус.
17 І так усіх пакаленьняў: ад Абрагама аж да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў, і ад Давіда аж да перасяленьня бабілонскага чатырнаццаць пакаленьняў, і ад перасяленьня бабілонскага аж да Хрыстуса чатырнаццаць пакаленьняў.
18 А нараджэньне Хрыстуса гэтак было: Калі матка яго Марыя была пашлюбавана з Язэпам, то перад тым як яны зыйшліся, выявілася, што мае ў лоне ад Духа сьвятога.
19 Язэп-жа, муж яе, будучы справядлівым і ня хочучы яе зьняславіць, хацеў тайком пакінуць яе.
20 А калі ён гэта думаў, вось анёл Панскі зьявіўся яму ў сьне, кажучы: Язэпе, сыне Давіда, ня бойся прыняць жонкі сваей Марыі, бо што ў ёй зачалося, ёсьць ад Духа сьвятога.
21 І народзіць сына і дасі яму імя Езус, бо ён збавіць народ свой ад грахоў яго.
22 А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася, што было сказана Панам праз прарока, кажучага (Із. 7:14):
23 «Вось дзева ў лоне мець будзе і народзіць сына, і дадуць яму імя Эмануэль, што значыць: Бог з намі.
24 А Язэп, устаўшы зо сну, зрабіў так, як загадаў яму анёл Панскі і прыняў жонку сваю.
25 І ня знаў яе, аж радзіла сына свайго первароднага, і даў яму імя Езус.

Зноскі:

1 Слова «Хрыстус», пагэбрайску Машыаг, азначае тое самае што Памазанец або Намашчэнец, а намамшчэньне ў Старым Законе было знакам наданьня ўлады каралеўскай, сьвятарскай і прароцкай.

Мэсыяш, паводле старазаконных прароцтваў, меў быць сынам Абрагама г. зн. выходзіць з жыдоўскага народу і сынам Давіда г. зн. выходзіць з роду Давіда. Дзеля гэтага сьв. Матэуш і кладзе ў радаводзе Е. Хрыста націск на гэтыя дзьве асобы Ст. Закону: Абрагама і Давіда. Прарокі і наагул увесь народ жыдоўскі чакаў Мэсыяша як сына г. зн. патомка Давіда і дзеля гэтага Езус Хрыстус часта завецца ў сьв. Пісаньні сынам Давіда.

6 Рагаба і Рут успамінаюцца як чужынкі, якія не належалі да жыдоўскага народу. Рагаба была канаанкай і належала да даўнейшага насельніцтва Палестыны, якое заваявалі Ізраэліты, а Рут была Моабіткай г. зн. належала да суседняга сэміцкага народу Моабітаў. Згэтуль бачым, што Хрыстус поводле свайго паходжаньня, як чалавек, меў у сабе ня толькі жыдоўскую, але канаанскую і моабіцкую кроў.

6 Маці Саламона, Бэтсабэа, была Урыевай жонкай; яе, па сьмерці Урыя, узяў сабе за жонку Давід.

11 Гутарка тут аб першым перасяленьні жыдоў да Бабілону (год 602 перад Нарадж. Хрыста).

16 Сьв. Матэуш падае радавод Язэпа, які быў праўным айцом Езуса, а не прыродным. Падае-ж радавод Язэпа, а не Марыі, прыроднай маткі Е. Хрыста дзеля таго, што іменьні жанчын ня лічыліся ў даўнейшых радаводах, а толькі мужчын. Сьв. Язэп паходзіў з роду Давіда. Найсьв. Дзева Марыя была так-жа з роду Давіда, так што гэты радавод быў так-жа радаводам Марыі і Хрыстуса. Радаводныя сьпісы пераховываліся ў жыдоў пры сьвятыні і мелі тады вялікае значэньне.

18 Шлюб у жыдоў складаўся з умовы, зробленай паміж маладымі ў прысутнасьці сьведкаў. Ад гэтай шлюбнай цэрэмоніі маладыя ўжо лічыліся мужам і жонкай. Пасьля шлюбу адбываліся пераносіны маладое ў дом маладога (вясельле) і ад гэтага часу яны жылі разам. Сьв. Язэп, праканаўшыся аб цяжарнасьці Марыі, не хацеў яе прыняць г. зн. не хацеў рабіць пераносін і разам з гэтым уводзін у свой дом. Сьв. Язэп спачатку нічога ня ведаў аб мацярынстве Н. Дзевы Марыі з моцы Духа сьв., пакуль яму анёл Божы гэтага не аб'явіў.

20 З многіх прычын Бог хацеў, каб Ягоны Сын нарадзіўся з Дзевы, маючай аднак мужа. Гэтакім чынам тайніца ўчалавечаньня Сына Божага не адразу сталася яўнай; Н. Дзева Марыя была вольнай ад усякіх падазрэньняў і няславы; дзіця Езус мела ў асобе Язэпа свайго апякуна, а Марыя — абарону і помач у розных прыгодах жыцьця.

21 Слова Езус (ад гэбрайскага Ешуаг, што значыць «збаўленьне Ягвы») азначае тое самае што панашаму Збаўца або Спас.

23 Імя Эмануэль, што зн. «Бог з намі» даецца тут Хрысту ў тым значэньні, што Хрыстус зьяднаў нас з Богам.

25 Сьв. Язэп, чалавек справядлівы, ведаючы ўжо з Божага аб'яўленьня, што Н. Дзева Марыя ёсьць маткай Сына Божага і Дзевай, ушанаваў яе дзявоцтва ня толькі перад нараджэньнем Хрыста, але і пасьля нараджэньня. Затым Марыя і завецца заўсёды Дзева і навука аб гэтым дзявоцтве Марыі ёсьць догматам каталіцкай веры.

Першы сын заўсёды называўся первародны, хоць бы ён быў у маткі адзіны.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 1 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Матэуша 1 раздзел в переводах:
Матэуша 1 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.