Біблія » Гадлеўскі Пераклад В. Гадлеўскага

Матэуша 5 Паводле Матэуша 5 раздзел

1 А бачачы грамады, Езус узыйшоў на гару і, калі сеў, падыйшлі да яго вучні ягоны
2 і ён, адчыніўшы вусны свае, навучаў іх, кажучы:
3 Багаслаўлены ўбогія духам, бо іх ёсьць каралеўства нябеснае.
4 Багаслаўлены ціхія, бо яны заўладаюць зямлёю.
5 Багаслаўлены, каторыя плачуць, бо яны будуць пацешаны.
6 Багаслаўлены, каторыя прагнуць і смагнуць справядлівасьці, бо яны будуць насычаны.
7 Багаслаўлены міласэрныя, бо яны міласэрдзе атрымаюць.
8 Багаслаўлены чыстыя сэрцам, бо Яны Бога будуць відзець.
9 Багаслаўлены супакой чынячыя, бо яны будуць названы сынамі Божымі.
10 Багаслаўлены, каторыя церпяць прасьлед дзеля справядлівасьці, бо іх ёсьць каралеўства нябеснае.
11 Багаслаўлены вы, калі вас будуць лаяць, і прасьледаваць, і ўсякае зло проціў вас гаварыць, лгучы дзеля мяне:
12 цешцеся і весялецеся, бо нагарода вашая вялікая ў небе; бо так прасьледавалі прарокаў, якія былі перад вамі.
13 Вы ёсьць соль зямлі, калі-ж соль зьвятрэе, то чым яе зрабіць салёнай? Яна нікуды болей ня варта, як толькі выкінуць яе вон і каб яе патапталі людзі.
14 Вы ёсьць сьветласьць сьвету; ня можа скрыцца горад паложаны на гарэ.
15 І не запальваюць сьвечку, і ня ставяць яе пад пасудзінай, але на ліхтар, каб сьвяціла ўсім, што ёсьць у доме.
16 Так няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя чыны і славілі Айца вашага, каторы ёсьць у небе.
17 Ня думайце, што я прыйшоў скасаваць Закон або прарокаў; ня прыйшоў я касаваць, але дапоўніць.
18 Сапраўды-ж кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, не загіне аніводная ёта, аніводная рыска з Закону, аж пакуль усё станецца.
19 Дык хто-б скасаваў адно з гэтых найменшых прыказаньняў і так-бы навучаў людзей, будзе названы найменшым у каралеўстве нябесным; а хто-б чыніў і навучаў, той будзе названы вялікім у каралеўстве нябесным.
20 Бо кажу вам, што калі ваша справядлівасьць ня будзе буйнейшай, як кніжнікаў і фарызэяў, ня ўвойдзеце ў каралеўства нябеснае.
21 Вы чулі, што сказана старадаўным: «Не забівай, а хто-б забіў, будзе падлеглы суду» (Вых. 20:13).
22 А я вам кажу, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, будзе падлеглы суду, а хто-б сказаў на брата свайго «нягоднік», будзе падлеглы суду найвышэйшаму, а хто-б сказаў «бязбожнік», будзе падлеглы пякельнаму агню.
23 Дык калі ты ахвяруеш дар свой да аўтара і там прыпомніш, што брат твой мае нешта проціў цябе,
24 пакінь там перад аўтаром свой дар і ідзі перш пагадзіся з братам сваім, а тады вярнуўшыся ахвяруеш дар свой.
25 Гадзіся з сваім праціўнікам скора, пакуль яшчэ ў дарозе з ім, каб часам праціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе і каб не пасадзілі цябе ў вастрог.
26 Сапраўды кажу табе: ня выйдзеш датуль, пакуль не аддасі апошняга грошыка.
27 Вы чулі, што сказана старадаўным: «Не чужалож» (Вых. 20:14),
28 а я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну, ужо саграшыў з ею ў сэрцы сваім.
29 Калі-ж правае вока тваё ўводзіць цябе ў грэх, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш для цябе, каб згінуў адзін з тваіх членаў, чымся ўсё цела тваё мела быць кінутым у пекла.
30 І калі правая рука твая ўводзіць цябе ў грэх, адсячы яе і кінь ад сябе, бо лепш для цябе, каб згінуў адзін з тваіх членаў, чымся ўсё цела тваё мела ісьці ў пекла.
31 І сказана так так-жа: «Хто-б пакідаў сваю жонку, няхай дасьць ёй разводны ліст» (Паўл. Пр. 24:1),
32 а я вам кажу: што кожны, хто-б пакінуў сваю жонку, акрамя прычыны чужаложства, прыводзіць яе да чужаложства, а хто-б ажаніўся з пакіненай, чужаложыць.
33 Вы чулі яшчэ, што сказана старадаўным: «Не прысягай на няпраўду, але спаўняе перад Богам прысягі твае» (Лев. 19:12).
34 А я вам кажу: аніяк не прысягайце — ані на неба, бо яно трон Божы,
35 ані на зямлю, бо яна падножжам ног ягоных, ані на Ерузалім, бо ён горад вялікага караля.
36 І не прысягай на галаву сваю, бо ня можаш зрабіць ніводнага воласа белым або чорным.
37 Але няхай будзе мова вашая: «так, так», «не, не», а што болей за гэтае, ад злога ёсьць.
38 Вы чулі, што сказана: Вока за вока і зуб за зуб» (Вых. 21:24).
39 А я вам кажу: не супраціўляйцеся злому, але хто калі ўдарыць цябе ў правую шчаку, настаў яму і другую,
40 а таму, хто хоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку тваю, аддай яму і вопратку,
41 і хто-б прымушаў цябе ісьці тысячу крокаў, дзі з ім і другія дзьве.
42 Просіць хто ў цябе, дай яму, а хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.
43 Вы чулі, што сказана: «Любі бліжняга твайго і мей у ненавісьці ворага твайго» (Лев. 19:18).
44 А я вам кажу: Любеце ворагаў вашых, добра чынеце тым, каторыя прасьледуюць і чэрняць вас,
45 каб вы былі сынамі Айца вашага, каторы ёсьць у небе, каторы загадывае сонцу свайму усхадзіць над добрымі і благімі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
46 Бо калі вы любіце тых, што вас любяць, якую-ж нагароду мець будзеце? Ці-ж ня робяць гэтага і мытнікі?
47 І калі вы вітаецеся толькі з братамі сваімі, што-ж асабліўшае робіце? Ці-ж і пагане гэтага ня робяць?
48 Дык будзьце дасканальны, як і Айцец ваш нябесны дасканальны ёсьць.

Зноскі:

1 У Нагорнай навуцы Езус разьвівае сваю навуку аб каралеўстве або валадарстве Божым: наўперад падае, хто можа да яго належаць, потым які будзе характар гэтага валадарства і якія яго асновы; побач з гэтым Езус абвяшчае рэлігійна-этычную праграму Новага Закону.

3 Убогія духам — гэта тыя людзі, каторыя ня прывязаны да багацьця гэтага сьвету і якія імкнуцца да ўбогасьці ў душы і сэрца свайго.

4 Пад словам зямля тут трэба разумець «шчасьце», якое Бог прыгатовіў для сваіх слугаў, а гэтым шчасьцем ёсьць каралеўства Божае. Наагул у кожным багаславенстве Хрыстус абяцае гэтае каралеўства, толькі кожны раз пад іншым вобразам і ў іншай форме (тут у форме «зямля»).

5 Плач тутака азначае боль душы з прычыны сваіх уласных грахоў або дзеля цярпеньняў, якія Бог дае людзям. Жыды ў той час думалі, што разам з каралеўствам Мэсыяша настане заўсёдная радасьць і ўцеха, а Езус Хрыстус кажа, што будзе і плач, але гэты плач будзе ўцешаны.

6 Як галодны хоча есьці і ўсьмягшы піць, так сапраўдныя вучні Хрыстовы павінны імкнуцца да справядлівасьці і яны гэтай справядлівасьцяй будуць насычаны ў каралеўстве Божым.

10 Жыды думалі, што ў каралеўстве Хрыстовым будзе толькі панаваньне і ня будзе ніякага прасьледу і цярпеньня. Хрыстус прастуе гэты памылковы пагляд і кажа, што прасьлед будзе і то нават дзеля Яго і ягонай навукі. Але толькі прасьлед дзеля справядлівасьці і Хрыста будзе мець нагароду ў каралеўстве нябесным.

13 Як соль бароніць ад гніцьця і папраўляе ежу, таксама і вучні Хрыста павінны сваім жыцьцём і навукай бараніць людзей ад сапсуцьця. Калі-ж соль страціць сваю сілу («зьвятрэе»), то ўжо няма чым яе насаліць. Гэтаксама, калі вучні Хрыстовы сапсуюцца, то хто іх паправіць?

14 Вучань Хрыстуса павінен быць сьвятлом, навукай і цяплынёй для іншых людзей.

16 Як ня можа скрыцца горад, паложаны на гарэ, таксама ня можа скрыцца чалавек, пастаўлены на высокім становішчы. Яго жыцьцё і чыны заўсёды будуць на вачах у людзей і затым чыны ягоны павінны быць заўсёды добрыя.

19 Будзе найменшым г. зн. займе адно з апошніх мясцоў у небе, але ня будзе асуджаны на вечную кару ў пекле, бо справа датычыць малога прадпісаньня.

20 Адно толькі зьверхняе выпаўненьне Закону, так як гэта было ў кніжнікаў і фарызэяў, ня будзе мець у Бога ніякага значэньня. Бог вымагае рэлігіі душы і сэрца.

22 Не аб гневе прыпадковым і пераходным гаворыць тут Хрыстус, але аб вялікім і трывалым, які пераходзіць у ненавісьць і ёсьць прычынай розных грахоў, як забойства, фальшывае сьведчаньне і іншых. Забараняючы такога гневу, Езус ставіць перашкоды і іншым грахом, якія выплываюць з гневу.

Пад словам «нягоднік» трэба разумець зьнявагу абдуманую, выплываючую з гневу і ненавісьці.

Слова «бязбожнік» азначае тут найгоршага чалавека, які паўстае проціў Бога і ягоных правоў. Палічыць свайго бліжняга за найгоршага мы ня маем права і дзеля гэтага Хрыстус гразіць такой вялікай карай.

25 У Ст. Законе праціўнік, г. зн. чалавек несправядліва пакрыўджаны, мог зьвярнуцца ў суд і пакараць крыўдзіцеля, дзеля гэтага было рэчай карыснай ужо ў дарозе ў суд пагадзіцца з ім. Дарога азначае тут нашае зямное жыцьцё. Судзьдзёю ёсьць Бог.

29 Хрыстус тут павучае, што трэба адкінуць усялякаю рэч ці асобу ад сябе, калі тая рэч ці асоба ўводзіць чалавека ў грэх, горшыць, хоць-бы яна была для чалавека такая дарагая, як вока або рука. Ня вучыць тут Хрыстус, каб мы сапраўды адсякалі сабе руку або вырывалі вока, бо калечыць сябе ня можна.

31 Стары Закон дазваляў у некаторых выпадках на поўны развод, але Хрыстус забараняе гэтага. У выпадку чужалоства з боку аднаго з пажэненых, Хрыстус дазваляе на разлучэньне г. зн. на разыход і аддзельнае жыцьцё чужаложных: жонкі або мужа. Для будучых у разлучэньні (сэпарацыі) другое жанімства забаронена.

32 У гэтым радку Хрыстус уважае чужалоства жонкі за прычыну да разлучэньня, а не разводу, гэта відаць ясна, раўнуючы гэты тэкст з Мк. 10:11; Лк. 16:18; 1 Кар. 7:10-11; Рымл. 7:23.

34 Хрыстус забараняе прысягаць бяз важнай прычыны; калі-ж важныя прычыны вымагаюць сьцьверджаньня праўды (напр. у судзе), то тады прысяга дазволена. Прысяга — гэта ёсьць пакліканьне Бога на сьведку, што мы гаворым праўду.

37 Мова нашая павінна быць справядлівая бяз лішніх слоў, прысяганьня або бажбы.

38 Гэтыя словы Старога Закону (Выхаду 21:24) былі пададзены не як правіла паступаньня для ўсіх людзей, але як правіла для народных судзьдзяў, якія паводле гэтага правіла мелі судзіць і аддаваць «вока за вока і зуб за зуб». Хрыстус касуе гэтае правіла і ў далейшых радкох вобразна прадстаўляе спосабы паступаньня кожнаго хрысьціяніна, які павінен высьцерагацца гэтага старазаконнага правіла, вядучага да помсты.

39 Хрыстус не забараняе змагацца са злом, але забараняе спрачацца з злым чалавекам і спаганяць на ім злосьць або, інакш кажучы, шукаць аказіі да старазаконнай помсты. Наадварот, хрысьціяне павінны быць справядлівымі да ўсіх і нават адплачваць дабром за зло. У гэтым значэньні і трэба тут разумець настаўляньне другое шчакі. Бо і Хрыстус, калі перад Аннашам быў удэраны па шчацэ (Ян 18:23) то спытаўся «нашто мяне б'еш?» Гэтак рабіў і сьв. Павал (Ап. Дз. 23:3).

40 Дзеля згоды і супакою Хрыстус загадывае ўступаць бліжнім з сваіх правоў, аднак не забараняе цалком дахадзіць гэтых правоў перад судом. Забараняе толькі старазаконнае помсты, якая вяла нават да праліцьця крыві і непатрэбнай цяганіны па судох.

41 Тут гутарка аб ведамых тагачасных урадавых ганцох, якіх высылалі пэрсідзкія і рымскія ўлады і якія прымушалі ісьці з імі і спаўняць розныя загады.

43 Загад, каб ненавідзець ворага, увялі рабіны, апіраючыся на тых мясцох Ст. Закону, у каторых гаворыцца аб іншых адносінах да жыда, а іншых да чужынца.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 5 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Матэуша 5 раздзел в переводах:
Матэуша 5 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.