1 Першую-то мову я ўчыніў, Тэафілю, аб усім, што Езус пачаў чыніць і навучаць
2 аж да дня, у каторым загадаўшы апосталам праз Духа сьвятога, каторых выбраў, быў узяты;
3 дый каторым пасьля сваей мукі прадставіў сябе самога жывым у многіх доказах, праз сорак дзён зьяўляючыся ім і гаворачы аб каралеўстве Божым.
4 І з імі ядучы, загадаў ім, каб не адыходзілі з Ерузаліму, але чакалі на абяцаньне Айца, якое, кажа, вы чулі з маіх вуснаў.
5 Бо Ян то хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам сьвятым па нямногіх гэтых днях.
6 Дык тыя, што былі зыйшоўшыся, пыталіся ў яго, кажучы: Пане, ці ў гэтым часе адбудуеш каралеўства Ізраілю?
7 Ён-жа сказаў ім: Ня вам ведаць часы або хвіліны, якія Айцец пастанавіў у сваей уладзе.
8 Але вы атрымаеце моц зыходзячага на вас Духа сьвятога, і будзеце мне сьведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсей Юдэі, і Самарыі, і аж па край зямлі.
9 І сказаўшы гэтае, калі яны глядзелі, ён быў узьнесены і воблак узяў яго з вачэй іх.
10 Калі-ж яны ўглядаліся на яго, ідучага ў неба, вось два мужы сталі каля іх у белых вопратках,
11 якія і сказалі: Мужы галілейскія, што вы стаіцё, углядаючыся ў неба? Гэты Езус, каторы ёсьць узяты ад вас у неба, так прыйдзе, як вы яго відзелі ідучага ў неба.
12 Тады вярнуліся ў Ерузалім з гары, якая завецца Аліўная, якая ёсьць блізка Ерузаліму, маючая суботнюю дарогу.
13 І ўвайшоўшы ўзыйшлі ў сьвятліцу, дзе прабывалі Пётр і Ян, Якуб і Андрэй, Філіп і Тамаш, Баўтрамей і Матэуш, Якуб Альфэяў і Сымон Зэлот і Юда Якубаў.
14 Гэтыя ўсе былі трываючы аднадушна на малітве з жанчынамі і з Марыяй, маткай Езуса, і з братамі яго.
15 У гэныя дні ўстаўшы Пётр пасярод братоў, сказаў — а была грамада людзей разам каля ста дваццацёх:
16 — Мужы браты, трэба, каб споўнілася Пісаньне, якое прадказаў Дух сьвяты праз вусны Давіда аб Юдашу, каторы быў павадыром тых, што ўзялі Езуса.
17 Ён быў палічаны з намі і дастаў частку гэтага служэньня.
18 І гэты-то атрымаў поле заплаты нягоднасьці, і павесіўшыся, лопнуў папалам і выплылі ўсе ягоныя чэравы.
19 І сталася ведамым для ўсіх жывучых у Ерузаліме, так што было названа гэнае поле ў іхнай мове: Гакэльдама, што значыць Поле Крыві.
20 Бо ёсьць напісана ў кнізе псальмаў (68:26): «Памешканьне іх няхай станецца пустым, і няхай ня будзе хто-б жыў у ім» і «Бісупства ягонае няхай возьме другі» (Пс. 108:8).
21 Дык трэба з гэтых мужоў, якія зьбіраліся з намі праз увесь час, у каторы Пан Езус увайшоў і выйшаў паміж нас,
22 пачаўшы ад Янавага хросту аж да дня, у каторым быў узяты ад нас, каб адзін з гэтых быў з намі сьведкай ягонага ўскрасеньня.
23 І паставілі двух: Язэпа, каторы зваўся Барсаба і каторы быў празываны Справядлівым, і Мацея.
24 І молячыся, казалі: Ты Пане, што знаеш сэрцы ўсіх, пакажы, каторага Ты выбраў з гэтых двух аднаго,
25 каб ён атрымаў месца служэньня гэтага і апостальства, ад якога адпаў Юдаш, каб адыйсьці на сваё месца.
26 І далі ім лёсы, і выпаў лёс на Мацея, і быў далічаны да адзінаццаці апосталаў.

Примечания:

1 «Першая мова» — гэта ёсьць эванэлія сьв. Лукаша, якая была, таксама як і «Ап. Дзеі», ахвяравана «дастойнаму Тэафілю».

2 Чалавецтва Хрыста як ня ўскросла сваімі сіламі, так і не ўзыйшло ў неба, але было ўзята моцай Божай.

5 Хрост Яна Хрысьціцеля быў толькі зьверхнім знакам каяньня за грахі і сам праз сябе не даваў ласкі ўсьвячэньня, а на апосталаў сплывуць, як вада, нутраныя ласкі Духа сьв.

Пасьля гэтых слоў Езус вывеў апосталаў з Ерузаліму на Аліўную гару.

6 З гэтага бачым, што апосталы яшчэ і цяпер думаюць аб зямным валадарстве Ізраіля і Хрыста, толькі пасьля зыходу Духа сьв. зьменьваюцца іх пагляды.

8 Апосталы будуць сьведкамі Хрыстовымі, г .зн. будуць сьведчыць аб ягоных цудах, навуцы, сьмерці і ўскрасеньні. Гэтае сьведчаньне апосталы маюць даваць найперш жыдом у Палестыне, а потым паганам на ўсім сьвеце.

9 «Быў узнесены» гл. вышэй радок 2, а так-жа Мк. 16-19. Хоць чалавечая натура Хрыста была ўзьнесена ў неба, то аднак мы гаворым, што Езус узыйшоў у неба, бо як Бог узыйшоў сваей моцай, бяручы з сабою чалавецтва.

10 Два мужы — гэта былі два анёлы ў выглядзе людзей.

12 Да гары Аліўнай і Ерузаліму была «суботняя дарога» г. зн. 2000 локцяў (880 мэтраў) бо столькі дазвалялася жыдом ісьці ў суботу.

13 Гэта была тая сьвятліца, дзе адбывалася Апошняя вячэра і дзе была ўстаноўлена сьв. Эўхарыстыя. І на гэтым месцы сьв. Пісаньня Пётр пастаўлены на першым месцы, як галава Касьцёла.

14 З гэтага відаць, што ў малітвах і сабраньнях апосталаў брала ўдзел і Матка Хрыстова. «Браты» — гэта сваякі Хрыстовы (Гл. Мт. 12:46).

15 Пётр, як галава апосталаў і ўсяго Касьцёла, адкрывае сабраньне.

20 «Біскупства» азначае тут апостальскі ўрад, пасланства.

21 Езус «увайшоў і выйшаў» — жыдоўскі спосаб выражаньня, значыць тое самае, што жыў, прабываў.

22 Апосталам у сьціслым гэтага слова значэньні мог быць навочны сьведка жыцьця Хрыстуса, а галоўнае — яго ўскрасеньня.

26 Кіданьне лёсаў было ў жыдоў прынята, так напр. служба Божая пры сьвятыні разьдзялялася паміж сьвятараў лёсамі.


Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите: Ctrl + Enter

Апостальскія дзеі, 1 раздзел

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.


2007–2022, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите: bible-man@mail.ru.