Біблія » Гадлеўскі Пераклад В. Гадлеўскага

Дзеі 7 Апостальскія Дзеі 7 раздзел

1 І сказаў архісьвятар: Ці гэта так маецца?
2 Ён сказаў: Мужы браты і айцы, слухайце. Бог славы зьявіўся айцу нашаму Абрагаму, калі ён быў у Мэзопотаміі, перш чым пасяліўся ў Гаране,
3 і сказаў да яго: Выйдзі з зямлі тваей і з радні тваей, , і ідзі ў зямлю, якую я пакажу табе (Гэн. 12:1).
4 Тады выйшаў з зямлі Хальдэйскай і жыў у Гаране. І стуль, потым як памёр ягоны бацька, перанёс яго ў гэтую зямлю, у каторай вы цяпер жывецё.
5 І ня даў яму ў ей спадчыны ані на крок нагі, але абяцаўся даць яму яе ў уладаньне і патомству ягонаму пасьля яго, хоць ён ня меў сына.
6 І гаварыў яму Бог, што патомства ягонае будзе прышлым у чужой зямлі, і паддадуць іх у няволю, і будуць дрэнна з імі абходзіцца праз чатырыста гадоў.
7 А народ, катораму яны будуць служыць, я буду судзіць, сказаў Пан; а пасьля гэтага яны выйдуць і будуць служыць мне на гэтым месцы.
8 І даў яму ўмову абразаньня. І так радзіў Ізаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень, а Ізаак Якуба, а Якуб дванаццаць патрыярхаў.
9 А патрыярхі завідуючы, прадалі Якуба ў Эгіпет. І Бог быў з ім,
10 і вырваў яго з усіх уцісьненьняў ягоных; і даў яму ласку і мудрасьць прад вачамі фараона, караля эгіпскага; і паставіў яго начальнікам над Эгіптам і над усім домам сваім.
11 І прыйшоў голад на ўвесь Эгіпет і Ханаан і вялікае ўцісьненьне і не знаходзілі ежы айцы нашыя.
12 Калі-ж пачуў Якуб, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў айцоў нашых першы раз.
13 А за другім разам пазнаны быў Язэп братамі сваімі і выяўлены фараону род ягоны.
14 Язэп-жа, паслаўшы, паклікаў Якуба, бацьку свайго і ўсю радню сваю, семдзесят пяць душ.
15 І перайшоў Якуб у Эгіпет. І памёр ён і айцы нашы,
16 і перанесены яны ў Сыхем і паложаны ў гробе, які купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Гэмора, Сыхемавага сына.
17 Калі-ж прыбліжыўся час абяцаньня, якое выказаў Бог Абрагаму, узрос народ і размножыўся ў Эгіпце, каторы ня знаў Язэпа,
18 пакуль не настаў іншы кароль у Эгіпце, каторы ня знаў Язэпа.
19 Гэты, хітра выступаючы проціў нашага народу, прыціскаў айцоў нашых, каб выкідалі сваіх дзяцей, каб яны ня жылі.
20 У тым-жа часе радзіўся Майсей і быў ён мілы Богу. Праз тры месяцы быў ён гадаваны ў доме бацькі свайго,
21 а калі быў выкінуты, узяла яго дачка фараона і выгадавала яго сабе за сына.
22 І быў Майсей навучаны ўсей мудрасьці эгіпскей і быў магутны ў славах і ў чынах сваіх.
23 Калі-ж споўнілася яму сорак гадоў веку, прыйшло яму ў сэрца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраіля.
24 І калі ўбачыў аднаго церпячага крыўду, заступіўся за яго і памсьціўся за пакрыўджанага, забіўшы эгіпцяніна.
25 Думаў-жа ён, што браты зразумеюць, што Бог ягонай рукой даець ім выбаўленьне; але яны не зразумелі.
26 А на другі дзень зьявіўся, калі яны в`адзіліся і гадзіў іх у супакою кажучы: Мужы, вы-ж браты, нашто вы адзін другога крыўдзіце?
27 Але той, каторы рабіў крыўду бліжняму, адпіхнуў яго, кажучы: Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю над намі?
28 Ці хочаш забіць мяне, так як учора забіў эгіпцяніна?
29 І ўцёк Майсей на гэтае слова і стаўся пасяленцам у Мадыянскай зямлі, дзе радзіў двух сыноў.
30 Калі-ж мінула сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні Сынайскай гары Анёл у полымі гаручага куста.
31 Майсей-жа, убачыўшы, дзівіўся з бачанага. І калі ён падыходзіў, каб паглядзець, стаўся да яго голас Панскі, кажучы:
32 Я ёсьць Бог айцоў тваіх, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба. І задрыжаўшы Майсей, не адважваўся глядзець.
33 Пан-жа сказаў яму: Ззуй абутак ног тваіх, бо месца, на каторым стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
34 Я відзячы відзеў уцісьненьне народу майго, што ёсьць у Эгіпце, і пачуў стагананьне іх, і зыйшоў вызваліць іх. А цяпер хадзі і пашлю цябе ў Эгіпет.
35 Гэтага Майсея, якога яны адракліся, кажучы: «Хто цябе паставіў за начальніка і судзьдзю», гэтага Бог паслаў за начальніка і выбаўцу, з рукою Анёла, каторы яму зьявіўся ў кусьце.
36 Гэты іх вывеў, учыніўшы цуды і знакі ў зямлі Эгіпскай і ў Чырвоным моры і ў пустыні праз сорак гадоў.
37 Гэта Майсей, каторы сказаў сыном Ізраіля: Прарока падыме вам Бог з братоў вашых, так як мяне, яго будзеце слухаць (Дт. 18:15).
38 Гэта ён, каторы быў на сабраньні ў пустыні з Анёлам, які гаварыў яму на гарэ Сынай і з айцамі нашымі; каторы атрымаў словы жыцьця, каб даць нам.
39 Каторага не хацелі слухацца айцы нашыя, але адкінулі і адвярнуліся сэрцам сваім да Эгіпту,
40 кажучы да Аарона: Зрабі нам багоў, якія-б ішлі перад намі, бо Майсей гэты, каторы нас вывеў з зямлі Эгіпскай, мы ня ведаем, што з ім сталася.
41 І зрабілі ў тыя дні цялё, і ахвяравалі балвану ахвяру, і цешыліся з учынкаў рук сваіх.
42 І адвярнуўся Бог і аддаў іх служыць войску нябеснаму, як ёсьць напісана ў кнізе прарокаў (Ам. 5:25-27): «Ці вы ахвяравалі мне ахвяры і жэртвы праз сорак гадоў у пустыні, доме Ізраіляў?
43 І вы прынялі палатку Молоха і зорку бога вашага Рэмфана, фігуры, каторыя вы ўчынілі, каб ім кланяцца. І перанясу вас за Бабілон».
44 Палатка пасьведчаньня была з айцамі нашымі ў пустыні, як загадаў ім Бог, гаворачы да Майсея, каб зрабіў яе паводле формы, якую бачыў.
45 Яе прыняўшы айцы нашыя і ўвялі ў Ёзуэм у дзіржаву паганаў, каторых прагнаў Бог ад вобліку айцоў нашых, аж да дзён Давіда.
46 Ён знайшоў ласку ў Бога, і прасіў, каб знайсьці палатку Богу Якуба.
47 Саламон-жа збудаваў яму дом.
48 Але Найвышэйшы ня ў твораных рукамі жыве, як кажа прарок (Із. 66:1-2):
49 «Неба для мяне пасад, а зямля падножжа ног маіх. Які дом вы для мяне збудуеце, кажа Пан, або якое мнсца майго спачынку?
50 Ці-ж не мая рука ўчыніла ўсё гэтае?»
51 Вы цьвёрдага карку і неабрэзаных сэрцаў і вушэй, вы заўсёды працівіцёся Духу сьвятому; як айцы вашыя, так і вы.
52 Каторага з прарокаў не прасьледавалі айцы вашыя? І забылі тых, каторыя прадвяшчалі прыход Справядлівага, якога вы цяпер былі здраднікамі і забойцамі;
53 вы, каторыя атрымалі закон пры распарадку анёлаў, і не бераглі.
54 Слухаючы-ж гэтага, надрываліся сэрцы іх і скрыгаталі на яго зубамі.
55 А ён, будучы поўны Духа сьвятога, углядаючыся ў неба, убачыў славу Божую і Езуса, стаячага праваруч Бога. І сказаў: Вось бачу неба адчыненае і Сына чалавечага, стаячага праваруч Бога.
56 Яны-ж, закрычаўшы вялікім голасам, заткнулі свае вушы і аднадушна кінуліся на яго.
57 І выкінуўшы яго за горад, камянавалі, а сьведкі палажылі сваё адзеньне каля ног дзяцюка, каторы называўся Шавал.
58 І камянавалі Сьцяпана, усклікаючага і кажучага: Пане Езу, прыймі духа майго!
59 А стаўшы на калені, закрычаў вялікім голасам, кажучы: Пане, не палічы ім гэтага граху. І сказаўшы гэтае, заснуў у Пану. Шавал-жа быў згодны на ягону сьмерць.

Зноскі:

2 Прамова сьв. Сьцяпана складаецца з 4 частак: першая (р. 2-16) прадстаўляе эпоху патрыярхаў, другая (р. 17-43) — эпоху Майсея; трэцяя (р. 44-50) — эпоху Давіда і Саламона; чацьвертая (р. 51-53) ёсьць заканчэньнем, у каторым сьв. Сьцяпан сьцьвярджае, што Езус ёсьць тым Справядлівым, абяцаным праз прарокаў Мэсыяшам, а жыды — ягоныя забойцы.

5 «Ані на крок нагі» — і сапраўды Абрагам у Канаане (Абяцанай зямлі) мусіў купіць за грошы кавалак зямлі на сямейны гроб.

6 «У чужой зямлі» — у Эгіпце.

8 Абразаньне было відомым знакам умовы паміж Богам і жыдоўскім народам.

9 Сьв. Сьцяпан даўжэй гаворыць аб Язэпе, бо ён быў падабенствам Езуса Хрыста. І Язэп быў зьненавіджаны і прасьледаваны сваімі, аднак стаўся збаўцам усей сваей радні.

30 Бог прамаўляў да Майсея праз Анёла, але дзеля таго што анёл гаварыў ад імя Бога, Сьцяпан называе яго ніжэй Панам г. зн. Богам.

34 «Відзячы відзеў» — зварот гэбрайскі, значыць: добра відзеў, прыгледзеўся.

35 Сьв. Сьцяпан праводзіць тут што-раз выразьнейшае падабенства паміж Майсеям і Хрыстусам.

38 Майсей у часе сабраньня жыдоў на пустыні каля гары Сынай прабываў з анёлам, каторы ад імя Бога гаварыў да яго. Майсей быў пасярэднікам паміж Богам і людзьмі, так як і Хрыстус.

41 Жыды на пустыні адлілі з золата цялё на падабенства эгіпскага быка Апіса, кляняліся гэтаму цяляці і цешыліся з гэтага ўчынку рук сваіх.

42 «Войска нябеснае» ў сьв. Пісаньні азначае анёлаў або зоры. Тут у значэньні «зоры». Бог адвярнуўся ад балвахвальства народу і дапусьціў, каб жыды, упадаючы што-раз ніжэй, каланяліся целам нябесным.

43 Жыды былі прыняўшы палатку (шацёр) Молаха, канаанскага бога агню і сонца і кланяліся Рэмфану (Сатурну), якога выабражалі ў форме зоркі. За кару жыды былі потым выселены ў бабілонскую зямлю.

44-47 Спачатку жыды аддавалі чэсьць праўдзіваму Богу ў палатцы, а потым за Саламона збудавалі сьвятыню.

48 Бог жыве ня толькі ў створаных рукамі людзкімі сьвятынях, але ўсюды. Калі Яго ня можа агарнуць неба і зямля, то як можа агарнуць збудаваная рукамі людзей Ерузалімская сьвятыня? Дзеля гэтага чэсьць Блгу ня можа быць агранічана толькі да Ерузаліму і сьвятыні.

51 «Неабрэзаных сэрцаў і вушэй» — значыць: недаступных для праўды Божай.

53 «Пры распарадку анёлаў» — пры паслугаваньні, пры помачы анёлаў. Паводле жыдоўскага пераказу, Бог даў Закон на гарэ Сынай пры пасярэдніцтве анёлаў.

57 Сьведкі, якія сьведчылі проціў асуджанага, першыя кідалі каменьні. Каб зручней было кідаць, яны зьнімалі зьверхняе адзеньне.

58 Жыды, камянуючы сьв. Сьцяпана, або абінулі рымскае права, якое забараняла Сангэдрыну выконываць прысуды сьмерці, або павадыры таго-ж Сангэдрыну ўжо загадзя здабылі дазвол на ўкаменаваньне сьв. Сьцяпана.

59 Шавал духам і воляй сваей браў удзел у каменаваньні сьв. Сьцяпана. Потым навярнуўся і стаў Паўлам.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Апостальскія дзеі, 7 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Дзеі 7 раздзел в переводах:
Дзеі 7 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.