Біблія » Гадлеўскі Пераклад В. Гадлеўскага

Дзеі 2 Апостальскія Дзеі 2 раздзел

1 І калі спаўняліся дні Сёмухі, былі яны ўсе разам на тым-жа месцы.
2 І стаўся раптам з неба шум, як-бы надыходзячага сільнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
3 І паказаліся ім паразьдзяляныя языкі як-бы агню, і сеў на кожным адным з іх.
4 І былі напоўнены ўсе Духам сьвятым, і пачалі гаварыць рознымі мовамі, так як Дух сьвяты даваў ім вымаўляць.
5 Былі-ж у Ерузаліме прабываючыя жыды, мужы набожныя, з усякага народу, што ёсьць пад небам.
6 Калі-ж стаўся гэты голас, зьбеглася мноства і ўстрывожылася ў мысьлі, бо кожны чуў іх гаворачых сваей мовай.
7 Астаўпянелі-ж усе і дзівіліся, кажучы: Ці-ж вось гэтыя ўсе, што гавораць, ня ёсьць галілеяне?
8 І як-жа мы кожны чулі сваю мову, у якой нарадзіліся?
9 Парты і мэды, і эламіты, і жыхары Мэзапотаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понту і Азіі,
10 Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і старон Лібіі, каторая ёсьць каля Цырэны, і прыходжыя рымскія,
11 жыды і наверненыя, крыцяне і арабы, мы чулі іх гаворачымі нашымі мовамі вялікасьці Божыя.
12 І стаўпянелі ўсе і дзівіліся, кажучы адзін да другога: што гэта мае быць?
13 А іншыя, насьмяхаючыся, казалі: што яны напіліся маладога віна.
14 Стаўшы-ж Пётр з адзінаццацьма падняў голас свой і гаварыў ім: Мужы жыдоўскія і ўсе, што жывецё ў Ерузаліме, гэта няхай будзе вам ведама і прыймеце да вушэй словы мае.
15 Бо ня ёсьць гэтыя п’яныя, як вы думаеце, бо ёсьць трэцяя гадзіна дня;
16 але ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля (2:28-32):
17 «І будзе ў апошнія дні (кажа Пан) вылю з Духа майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя, а маладзяны вашыя будуць бачыць зьявы, а старцы вашыя сны будуць сьніць.
18 І на слуг-то маіх і на служкі мае ў гэныя дні вылю з Духа майго і будуць прарочыць.
19 І дам цуды на небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе; кроў і агонь і курава дыму.
20 Сонца абернецца ў цемру і месяц у кроў, перш чым прыйдзе дзень Пана вялікі і яўны.
21 І будзе: усякі хто-толькі прызаве імя Пана, збаўлены будзе».
22 Мужы ізраільскія, паслухайце слоў гэтых! Езуса Назарэнскага, мужа пацьверджанага між вамі ад Бога моцамі і цудамі і знакамі, якія ўчыніў Бог праз яго пасярод вас, як і вы ведаеце,
23 гэтага азначанай радай і празорам Божым выданага, вы рукамі нягодных замучыўшы загубілі.
24 Яго ўскрасіў Бог, разьвязаўшы болі пекла, дзеля таго што немагчыма было яму ўдзяржаць яго.
25 Бо Давід кажа аб ім: «Відзеў я Пана прад вачамі маімі заўсёды, бо ён праваруч мяне, каб я не захістаўся.
26 Дзеля гэтага ўзрадавалася сэрца маё і разьвесяліўся язык мой; дагэтага і цела маё супачыне ў надзеі.
27 Бо не пакінеш душы маей у пекле, і не дасі сьвятому твайму ўбачыць гніцьця.
28 Учыніў ты мне ведамымі дарогі жыцьця і напоўніш мяне радасьцяй перад воблікам тваім» (Пс. 15:8-11).
29 Мужы браты, няхай-жа можна будзе сьмела сказаць да вас аб патрыярху Давідзе, што ён памёр і пахаваны, і гроб ягоны ёсьць у нас аж па сяньняшні дзень.
30 Дык ён, будучы прарокам і ведаючы, што яму Бог прысягай прысягнуў, што з плоду паясьніцы ягонай будзе сядзець на пасадзе яго,
31 прадбачыўшы сказаў аб ускрасеньні Хрыста, што ён ані пакінены ёсьць у пекле, ані цела ягонае ня бачыла гніцьця.
32 Гэтага Езуса ўскрасіў Бог, чаго мы ўсе ёсьць сьведкі.
33 Дык узвышаны правіцаю Божаю і атрымаўшы ад Айца абяцаньне Духа сьвятога, ён выліў таго, каго вы бачыце і чуеце.
34 Бо Давід ня ўзыйшоў у неба, але сам кажа: «Сказаў Пан Пану майму, сядзь праваруч мяне,
35 пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх» (Пс. 109:1).
36 Дык няхай напэўна ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог учыніў яго і Панам і Хрыстом, гэтага Езуса, каторага вы ўкрыжавалі.
37 Пачуўшы-ж гэтае, скрышыліся сэрцам і сказалі да Пятра і да іншых апосталаў: што нам рабіць, мужы браты?
38 А Пётр да іх: Пакутуйце (кажа) і няхай кожны з вас ахрысьціцца ў імя Езуса Хрыста на адпушчэньне грахоў вашых, і вы атрымаеце дар Духа сьвятога.
39 Бо для вас ёсьць абяцаньне і для дзяцей вашых, і для ўсіх, хто ёсьць далёка, каго-толькі пакліча Пан Бог наш.
40 Яшчэ многімі іншымі славамі сьведчыў і напамінаў іх, кажучы: Ратуйцеся ад гэтага нягоднага роду.
41 Дык тыя, што прынялі мову яго, былі ахрышчаны. І далучылася ў той дзень каля трох тысяч душ.
42 І трывалі ў навуцы апосталаў і ў супольніцтве ламаньня хлеба і ў малітвах.
43 І быў у кожнай душы страх; многа так-жа цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў у Ерузаліме, і вялікая баязьнь была ва ўсіх.
44 Так-жа ўсе, што верылі, былі разам і мелі ўсё супольнае.
45 Маемасьць і дабро прадавалі і дзялілі іх усім, як кожнаму трэба было.
46 Штодня так-жа аднадушна трываючы ў сьвятыні; і ламаючы хлеб па дамох, спажывлі ежу з радасьцяй і прастатой сэрца,
47 хвалячы Бога і маючы ласку ў усяго народу. Пан-жа штодня дабаўляў да супольнасьці тых, што мелі быць збаўлены.

Зноскі:

1 Сёмуху жыды абходзілі на 50-ты дзень пасьля Пасхі на падзяку Богу за ўраджай.

«На тым-жа месцы» г. зн. у вячэрнай сьвятліцы, там, дзе была Апошняя вячэра.

3 Агонь у гэты час быў знакам прысутнасьці Духа сьв., які асьвячае, ачышчае і сагравае душу. Дух сьв. зыйшоў на апосталаў у форме языкоў, бо ў сваей апостальскай дзейнасьці яны мовамі мелі наварачваць сьвет.

8 На важнейшыя сьвята зьбіраліся ў Ерузалім жыды з розных краін; яны зналі мову таго краю, дзе яны радзіліся і дзеля гэтага вельмі дзівіліся, чуючы, як апосталы гавораць мовамі іншых краёў.

15 Трэцяя гадзіна — гэта нашая дзевятая рана, а ў гэты час людзі, асабліва жыды, ня п'юць ап'яняючых напіткаў.

17 «У апошнія дні» г. зн. у дні Мэсыяша, калі аб'яўленьне Божае будзе споўнена. «На ўсякае цела» г. зн. на ўсё чалавецтва. «Будуць прарочыць» г. зн. будуць выказваць дадзеныя ад Бога аб'явы.

20 Прарок Ёэль гаворыць ня толькі аб першым прыходзе Езуса, але і аб другім — на апошні суд. Перад другім прыходам будуць гэтыя знакі.

21 Хто прызнае Езуса за Мэсыяша і споўніць ягону волю, той будзе збаўлены.

24 «Разьвязаўшы болі пекла» або атхані (па-гэбр. «шэоль»), куды ішлі душы памёршых справядлівых людзей, і куды зыйшоў Хрыстус. Тут пекла азначае яшчэ сьмерць, якая хоць і ўзяла Езуса пад сваю ўладу, аднак не магла ўдзяржаць яго назаўсёды.

27 «Ня ўбачыць гніцьця» — Бог ня можа пазволіць, каб цела сьвятое Сына ягонага мела згніць, так як гніе кожнае цела.

34 Гл. Мт. 22:44.

42 «Ламаньне хлеба» тут азначае братнія вячэры (агапы), якія ладзілі першыя хрысьціяне, а так-жа пасьвячэньне сьв. Эўхарыстыі і Камунію (імшу сьв.).

44-45 Супольнасьць маемасьці, якая была ў першых хрысьціян у Ерузаліме, была дабравольная і выплывала з любові і спагаднасьці да бедных, якіх абдзялялі ўсім патрэбным, дык гэтай супольнасьці ня трэба разумець у сяньняшнім, камуністычным значэньні.

46 Першыя хрысьціяне ў Ерузаліме, каб ня горшыць жыдоў і ня зражваць іх да хрысьціянства, хадзілі пакуль-што на набажэнствы жыдоўскія ў сьвятыню; потым аднак, калі разьвіўся хрысьціянскі культ, яны адыходзяць ад жыдоўскіх набажэнстваў, рвучы гэтым літургічную лучнасьць з вызнавальнікамі Майсеявага Закону.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Апостальскія дзеі, 2 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Дзеі 2 раздзел в переводах:
Дзеі 2 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.