Біблія » Гадлеўскі Пераклад В. Гадлеўскага

Дзеі 27 Апостальскія Дзеі 27 раздзел

1 А як было яму прысуджана плысьці ў Італію, дык аддалі Паўла з іншымі вязьнямі сотніку, на імя Юлію, роты аўгуставай.
2 Узыйшоўшы на адрумэцкі карабель, маючы плысьці каля мясьцін Азіі, мы вырушылі; з намі быў Арыстарх Македонец тэссалоніцкі.
3 І на другі дзень мы прыбылі ў Сыдон. Юлій-жа, палюдзку абходзячыся з Паўлам, пазволіў ісьці да прыяцеляў і парабіць стараньні каля сябе.
4 І вырушыўшы адтуль, мы падплылі да Цыпру, затым што былі праціўныя вятры.
5 І пераплыўшы мора Цыліцыі і Памфіліі, мы прыбылі ў Лістру, якая ёсьць у Ліцыі.
6 А там сотнік, знайшоўшы александрыйскі карабель, які плыў у Італію, перасадзіў нас на яго.
7 І плывучы памалу праз многа дзён, і ледзь прыплыўшы наўпроць Кніда, бо перашкаджаў нам вецер, мы прыплылі да Крыту каля Салмону.
8 І ледзь плывучы побач, мы прыбылі ў вадно месца, якое завецца Добрыя Затокі, блізка якога быў горад Таласса.
9 Калі-ж прайшло многа часу, і калі ўжо плаваньне ня было бясьпечным, затым што ўжо і пост прайшоў, Павал прасьцерагаў іх,
10 кажучы ім: Мужы, віджу, што плаваньне пачынае быць са шкодай і вялікай стратай ня толькі цяжару і карабля, але і жыцьця нашага.
11 Але сотнік болей верыў стырніку і гаспадару карабля, чым таму, што гаварыў Павал.
12 А як ня было выгоднай затокі да зімаваньня, большасьць падала раду плысьці адтуль, можа неяк змаглі-б перазімаваць, дабраўшыся да Фэніксу у Крыцкай затоцы, якая ляжыць проціў паўдзённа і паўночна-заходняга ветру.
13 Калі-ж падуў паўдзённы вецер, думаючы, што дадзержаць намеру, яны вырушыўшы з Ассону, плылі ўздоўж Крыту.
14 Але нядоўга пасьля гэтага наляцеў на яго бурны вецер, званы эўраквілон.
15 Калі-ж быў пахоплены карабель і ня мог ісьці проціў ветру, здаўшы карабель на вецер, мы панясьліся.
16 І прынёсшыся данейкага вострава, званага Каўда, мы ледзь змаглі ўдзяржаць лодку.
17 Падняўшы яе, ужывалі памоцных спосабаў, абвязваючы карабель. Баючыся, каб не папасьці ў Сырту, спусьцілі парус і так нясьліся.
18 А як моцная бура намі кідала, на другі дзень выкінулі цяжар.
19 А на трэці дзень сваімі рукамі выкінулі карабельныя прылады.
20 Калі-ж ані сонца ані зоры не паказваліся праз многа дзён, а бура налягала не малая, ужо прапала ўсякая надзея на наш ратунак.
21 А як былі доўга без яды, тады Павал, стаўшы пасярод іх, сказаў: Трэба-ж было, мужы, паслухаўшы мяне, ня зрывацца ад Крыту і ўсьцерагчыся гэтага няшчасьця і ўтраты.
22 А цяпер раджу вам быць добрай мысьлі, бо ніводнага з вас жыцьцё ня згіне, апроч толькі карабля.
23 Бо стануў пры мне ў гэту ноч анёл Бога, да каторага я належу і катораму служу,
24 кажучы: «Ня бойся, Паўле, трэба табе стануць перад цэзарам, і вось падарыў табе Бог усіх, што плывуць з табою».
25 Дзеля гэтага будзьце добрай мысьлі, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне было сказана.
26 І мы мусім прыплысьці да нейкага вострава.
27 А калі надыйшла чатырнаццатая ноч, як мы плавалі па Адрыі, каля поўначы здалося карабельнікам, што ім паказалася нейкая краіна.
28 І спусьціўшы шнур з волавам, яны знайшлі дваццаць сажняў, а трохі адтуль адплыўшы, знайшлі пятнаццаць сажняў.
29 Баючыся-ж, каб не папасьці на скалістыя мясцы, кінулі з кармы чатыры якары і жадалі, каб настаў дзень.
30 А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі ў мора лодку, пад відам быццам хочуць сьпераду закінуць якар,
31 сказаў Павел сотніку і жаўнерам: Калі гэтыя не астануцца на краблі, вы ня можаце быць выратаваны.
32 Тады жаўнеры паадсякалі вяроўкі ад лодкі і далі ей зваліцца.
33 А калі пачало сьвітаць, прасіў Павал усіх прыняць ежу, кажучы: Сягоньня, чатырнаццаты дзень чакаючы, вы трываеце ня еўшы, нічога ня прыймаючы.
34 Дзеля гэтага прашу вас прыняць ежу на вашае здароўе, бо ніводнага з вас волас з галавы ня згіне.
35 І калі гэтае сказаў, узяўшы хлеб, учыніў падзяку Богу на вачах усіх, і пераламаўшы, пачаў есьці.
36 І яны ўсе, стаўшыся болей спакойнымі, так-жа прынялі ежу.
37 А было нас усіх душ на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць.
38 І насыціўшыся ежай, аблягчалі карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.
39 Калі-ж настаў дзень, не пазнавалі зямлі, але заўважылі нейкую затоку, маючую бераг, да якога думалі, калі змогуць, прыстаць з караблём.
40 І падняўшы якараы, даручылі сябе мору, разам аслабіўшы сувязі стыраў і падняўшы на перадзе парус паводле ветру, скіраваліся да берагу.
41 А папаўшы на мелкае месца, узьбілі карабель, і перад, увязшы, астаўся нярухомы, а карма разьбівалася сілаю мора.
42 Была-ж рада ў жаўнераў, каб пазабіваць вязьняў, каб хто выплыўшы ня ўцёк.
43 Але сотнік, хочучы захаваць Паўла, забараніў рабіць і загадаў тым, каторыя маглі плаваць, кінуцца першымі і выплыць і выйсьці на зямлю,
44 а рэшту іншых на дошках несьлі, некаторых на тым, што было з карабля. І так сталася, што ўсе душы выйшлі на зямлю.

Зноскі:

2 «Адрумэцкі» карабель г. зн. належачы да порту Адрумэты, што пры берагох М. Азіі. «З намі» — што Лукаш ехаў разам з Паўлам аж у Рым.

6 «Александрыйскі» значыць карабель з Александрыі, які вёз збожжа ў Рым.

7 Кнід — горад у Малой Азіі на паўдзённа-заходнім беразе. Крыт — востраў на Міжзеіным моры.

9 Пост жыдоўскі («Судны дзень») прыпадаў у гэтым годзе (60 па Н. Хр.) 25 верасьня. Праз восень і зіму на Міжземным моры дуюць сільныя вятры, якія ў той час спынялі мораплаўства зусім.

14 Эўраквілон — сільны паўночны віхор з гораў Крыту.

16 Каўда — малы востраў на поўдень ад Крыту. Лодка, прывязаная на вяроўцы, плыла за караблём. Была яна патрэбна пры небясьпецы заталеньня карабля. Каб яна не затанула, Каб яна не затанула, яе ўцягнулі на карабель.

17-18 Абвязвалі карабель ланцугамі і вяроўкамі, каб умацаваць яго. Сытра — затока пры берагох паўночнай Афрыкі, поўная пяшчаных мялізнаў.

19 Каб карабель зрабіць лягчэйшым і ня так падатным на затапленьне бураю.

20 Паводле сонца і зор карабельнікі тады арыентаваліся ў правільнасьці дарогі; компасу тады яшчэ ня зналі.

21 Былі доўга без яды з прычыны марское хваробы і трывогі.

27 Адрыяй называлі мора паміж Грэцыяй і Сыцыліяй.

30 Карабельнікі на лодцы хацелі патайком уцячы з карабля і дабрацца да берагу, пакінуўшы жаўнераў і вязьняў на пэўную сьмерць.

31 Бяз помачы карабельнікаў жаўнеры і вязьні згінулі-б.

32 Жаўнеры далі лодцы зваліцца ў мора, перад тым, як карабельнікі ў яе селі.

40 Стыры былі прымацаваны, каб іх не зламала бура. Цяпер яны былі патрэбны, каб прыбліжыцца да берагу.

44 Ратаваліся (нясьліся, плылі) на дошках або на абломках карабля.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Апостальскія дзеі, 27 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Дзеі 27 раздзел в переводах:
Дзеі 27 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.