Біблія » Гадлеўскі Пераклад В. Гадлеўскага

Дзеі 21 Апостальскія Дзеі 21 раздзел

1 Калі-ж сталася, што мы адплылі, растаўшыся з імі, мы напрасткі прыбылі ў Кос, а на другі дзень у Родос, а адтуль у Патару.
2 І калі знайшлі карабель, які адплываў у Фэніцыю, мы ўзыйшоўшы адплылі.
3 Калі-ж мы паказаліся перад Цыпрам, пакінуўшы яго налева, паплылі ў Сырыю. І прыбылі ў Тыр, бо там карабель меў выгрузіць цяжар.
4 А знайшоўшы вучняў, мы прабылі там сем дзён; яны казалі Паўлу праз Духа, каб ня ішоў у Ерузалім.
5 Калі- ж скончыліся дні, мы вырушыўшы ішлі. Усе праводзілі нас з жонкамі і дзяцьмі аж за горад, і стаўшы на калені на беразе, мы маліліся.
6 І разьвітаўшыся адны з другімі, мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся да сябе.
7 А мы, скончыўшы плаваньне, з Тыру прыбылі ў Птолэмаіду, і прывітаўшыся з братамі, прабылі ў іх адзін дзень.
8 А на другі дзень вырушыўшы, прыбылі ў Цэзарэю. І ўвайшоўшы ў дом Філіпа эванэліста, каторы быў адным з сямёх, затрымаліся ў яго.
9 У яго-ж былі чатыры дочкі дзяўчаты, якія прарочылі.
10 І калі мы прабылі некалькі дзён, надыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаб.
11 Ён, прыйшоўшы да нас, узяў пояс Паўла, і зьвязаўшы сабе ногі і рукі, сказаў: Гэтае кажа Дух сьвяты: «Мужа, да каторага належыць гэты пояс, так зьвяжуць у Ерузаліме жыды і аддадуць у рукі паганаў».
12 Пачуўшы гэтае, прасілі мы і тыя, што былі з таго месца, каб ня ішоў у Ерузалім.
13 Тады адказаў Павал і сказаў: што вы робіце, плачучы і надрываючы маё сэрца? Бо я ня толькі быць зьвязаным, але і памёрці ў Ерузаліме гатоў дзеля імені Пана Езуса.
14 А калі мы яго не маглі пераканаць, мы супакоіліся, кажучы: Няхай станецца воля Пана.
15 Пасьля-ж гэтых дзён прыгатовіўшыся, мы ішлі ў Ерузалім.
16 Ішлі-ж з намі і вучні з Цэзарэі, вядучы з сабою аднаго цыпрыйца Мнасона, даўняга вучня, у каторага мы мелі гасьціць.
17 І калі мы прыйшлі ў Ерузалім, браты прынялі нас ахвотна.
18 А на другі дзень увайшоў Павал з намі да Якуба і сабраліся ўсе старшыя.
19 Прывітаўшы іх, расказваў падрабязна, што Бог учыніў сярод паганаў праз ягонае служэньне.
20 яны-ж выслухаўшы, славілі Бога і сказалі яму: Відзіш, браце, сколькі ёсьць тысячаў пасярод жыдоў, каторыя ўверылі, а ўсе яны рупныя слугі закону.
21 А пачулі яны аб табе, што вучыш адступніцтва ад Майсея тых жыдоў, якія ёсьць пасярод паганаў, кажучы, што яны не павінны абразаць сыноў сваіх і паступаць паводле звычаю.
22 Дык што-ж? Пэўне-ж трэба, каб сабраўся народ, бо пачуюць, што ты прыйшоў.
23 Дык зрабі гэтае, што мы табе кажам: Ёсьць у нас чатыры мужы, каторыя маюць на сабе шлюбаваньне.
24 Узяўшы іх, асьвяціся з імі і заплаці за іх, каб яны астрыглі галовы; і пазанаюць усе, што тое, што аб табе чулі, ёсьць фальш, але што і сам берагучы закон ходзіш.
25 Аб тых-жа, каторыя ўверылі з паганаў, мы напісалі, пастанаўляючы: каб яны ўстрымаліся ад ахвяраванага балваном, і крыві, і душанага, і блуду.
26 Тады Павал, узяшы мужоў, на заўтрашні дзень, будучы ачышчаны з імі, уавайшоў у сьвятыню, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, як за кожнага з іх будзе зложана ахвяра.
27 Калі-ж кончыліся сем дзён, тыя жыды, што былі з Азіі, убачыўшы яго ў сьвятыні, падбурылі ўвесь народ і налажылі на яго рукі, крычачы:
28 Мужы ізраільскія, памажэце! Гэта той чалавек, каторы проціў народу і гэтага месца ўсюды усіх вучачы, яшчэ і паганаў увёў у сьвятыню і зьняважыў гэтае месца сьвятое.
29 Бо яны бачылі з ім у горадзе Трахіма Эфэзца, каторага, думалі, Павал увёў у сьвятыню.
30 І парушыўся ўвесь горад, і зрабілася зборышча народу. І ўзяўшы Паўла, цягнулі яго за сьвятыню, і зараз-жа дзьверы былі зачынены.
31 Калі-ж яны хацелі яго забіць, дана знаць тысячніку, што ўзбурыўся ўвесь Ерузалім.
32 Ён зараз-жа ўзяўшы жаўнераў і сотнікаў, прыбег да іх. Яны ўбачыўшы тысячніка і жаўнераў, перасталі біць Паўла.
33 Тады тыясчнік прыступіўшы, узяў яго і прыказаў яго зьвязаць двама ланцугамі, і пытаўся, хто ён і што зрабіў.
34 А кожны ў грамадзе крычаў што іншае. І ня могучы чаго пэўнага даведацца дзеля разрухі, прыказаў весьці яго ў лагер.
35 А калі прыйшоў да сходаў, прыйшлося жаўнерам несьці яго дзеля напору народу.
36 Бо ішло ўсьлед мноства народу, крычачы: Казьні яго!
37 І калі пачыналі ўвадзіць Паўла ў лагер, ён сказаў тысячніку: Ці можна мне нешта сказаць? Ён сказаў: Умееш па-грэцку?
38 Ці ты не эгіпцянін, што перад гэтымі днямі падняў разруху і вывеў у пустыню чатыры тысячы мужоў разбойнікаў?
39 І сказаў да яго Павал: Я-то чалавек жыд з Тарсу ў Цыліцыі, грамадзянін ведамага гораду, і прашу цябе, пазволь мне прагаварыць да народу.
40 І калі той пазволіў, Павал, стоячы на сходах, даў знак рукою народу і калі зрабілася вялікая ціш, прагаварыў у жыдоўскай мове, кажучы:

Зноскі:

7-8 Птолемаіда — сёньня Акко, порт над Міжземным морам. Дарогу з Птолемаіды ў Цэзарэю (58 клм.) Павал адбыў пехатою.

Філіп — адзін з сямёх дыяканаў. Лукаш на гэтым месцы заве яго эванэлістам, бо ён абвяшчаў з вялікай стараннасьцяй эванэлію (гл. Ап. Дз. 8:5).

10-11 Агаб прадказвае Паўлу так, як прадказвалі даўней прарокі Ізаій, Ерэмій і Эзэхій, ужываючы сымболічных знакаў.

18 Апроч Якуба (Меншага) ня было нікога з апосталаў у Ерузаліме.

20 Наверненыя да хрысьціянства ерузалімскія жыды дзяржаліся яшчэ старазаконных практык.

23 Гэтыя мужы мелі шлюбаваньне назарэйства, якое трывала найменш 30 дзён. Пасьля трэба было злажыць прадпісаныя ахвяры, якія за бедных мог злажыць хто іншы. Шлюбаваньне такое ўважалася ў жыдоў за рэч вельмі набожную.

24 Кожны жыд, які варочаўся з чужыны, быў уважаны за нячыстага і мусіў ачысьціцца («асьвяціцца») праз акрапленьне ачышчальнай вадою на трэці і сёмы дзень абраду ачышчэньня. Тады толькі мог злажыць ахвяру ў сьвятыні.

26 «Абвяшчаючы» сьвятару, які быў пры сьвятыні і прымаў ахвяры ад назарэяў.

29 Трахім быў хрысьціянін з паганаў, але ён у сьвятыні ня быў.

32 Замак быў побач з сьвятыняй і з замку было відаць, што дзеецца на дварышчы сьвятыні. З прычыны сьвят жаўнеры былі ў замку напагатове і затым тысячнік мог гэтак скора прыбегчы.

34 «У лагер» — значыць: у замак.

38 За ўрадаваньня старасты Фэлікса (58-60 г.) адзін эгіпцянін выступіў у Ерузаліме, як Мэсыяш і пацягнуў за сабою многа народу. Да яго далучылася каля 4 тысяч чалавек, якія ўважалі палітычнае забойства за дазволенае. Рымляне здушылі гэты рух, прыгэтым было многа ахвяр спасярод жыдоў, але сам павадыр уцёк.

39 Павал кажа, што ён з Тарсу, дык зусім іншы ад таго эгіпцяніна. Тарс быў тады ведамым горадам.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Апостальскія дзеі, 21 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Дзеі 21 раздзел в переводах:
Дзеі 21 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.