Біблія » Гадлеўскі Пераклад В. Гадлеўскага

Матэуша 27 Паводле Матэуша 27 раздзел

1 Калі-ж настала раніца, усе архісьвятары і старшыя народу зрабілі нараду проціў Езуса, каб зрабіць яму сьмерць.
2 І зьвязаўшы, завялі яго і аддалі Понцыю Пілату, начальніку.
3 Тады Юдаш, які выдаў яго, бачачы, што ён быў засуджаны, праняты жалем, аднёс трыццаць сярэбранікаў вышэйшым сьвятарам і старшым,
4 кажучы: Саграшыў я, выдаючы нявінную кроў. А яны сказалі: Што нам? Ты сябе глядзі.
5 І кінуўшы сярэбранікі ў сьвятыні, выйшаў і, пайшоўшы, павесіўся.
6 А вышэйшыя сьвятары, узяўшы сярэбранікі, сказалі: Нельга іх класьці ў скарбону, бо гэта заплата за кроў.
7 І зрабіўшы нараду, купілі за іх поле ганчара, на хаваньне падарожных.
8 Дзеля гэтага тое поле завецца Гацэльдама, што значыць: Поле крыві, аж па сяньняшні дзень.
9 Тады споўнілася, што было сказана праз Ерэмія прарока, (Ер. 32:8), кажучага: «І ўзялі трыццаць сярэбранікаў, заплату Ацененага, якога ацянілі сыны Ізраіля,
10 і далі іх за ганчарова поле, як пастанавіў мне Пан».
11 Езус-жа стануў перад начальнікам. І спытаўся ў яго начальнік, кажучы: Ты кароль Юдэйскі? Сказаў яму Езус: Ты кажаш.
12 І калі вінавацілі яго вышэйшыя сьвятары і старшыя, нічога не адказваў.
13 Тады сказаў яму Пілат: Ня чуеш, як многа сьведчаць проціў цябе?
14 І не адказаў яму на ніводнае слова, так што начальнік моцна дзівіўся.
15 На дзень жа сьвяточны начальнік меў звычай выпушчаць народу аднаго вязня, якога-б яны захацелі.
16 А меў ён тады выдатнага вязня, каторы называўся Барабба.
17 Дык калі яны сабраліся, сказаў Пілат: Каго хочаце, каб вам пусьціць: Бараббу, ці Езуса, каторы завецца Хрыстус:
18 Бо ведаю, што выдалі яго праз завісьць.
19 Калі-ж ён сядзеў у судовішчы, паслала да яго жонка ягона, кажучы: Ня рабі нічога гэтаму справядліваму, бо я сягоньня праз сон многа цярпела дзеля яго.
20 А вышэйшыя сьвятары і старшыя нагаварылі народ, каб прасілі Бараббу, а Езуса загубілі.
21 І адазваўшыся, начальнік сказаў ім: Каго з двух хочаце, каб вам пусьціць? Яны-ж сказалі: Бараббу.
22 Сказаў ім Пілат: Што-ж я зраблю з Езусам, каторы завецца Хрыстус?
23 Сказалі ўсе: Няхай будзе ўкрыжаваны!
24 Пілат-жа, бачачы, што нічога не памагае, але робіцца яшчэ большае забурэньне, узяўшы вады, адмыў рукі перад народам, кажучы: Невінаваты я ў крыві гэтага справядлівага; вы глядзеце.
25 І адказваючы ўвесь народ сказаў: Кроў яго на нас і на дзяцей нашых!
26 Тады пусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага выдаў ім, каб быў укрыжаваны.
27 Тады жаўнеры начальніка, узяўшы Езуса ў дварышча суду, сабралі да яго ўсю роту.
28 І разьдзеўшы яго, апранулі яго ў чырвоны плашч;
29 і сплёўшы вянок з церняў, узлажылі яму на галаву, і трысьціну ў правую руку яго. І зьгінаючы перад ім калені, насьмяхаліся з яго, кажучы: Будзь прывітаны, кароль Юдэйскі.
30 І плюючы на яго, бралі трысьціну і білі яго па галаве.
31 І потым як і насьмяяліся з яго, зьнялі з яго плашч і адзелі яго ў ягонае адзеньне, і павялі яго, каб укрыжаваць.
32 Выходзячы-ж спаткалі чалавека Кірэнэйца, на імя Сымон; гэтага прымусілі, каб нёс крыж ягоны.
33 І прыйшлі на месца, якое завецца Голгота, што значыць: месца Трупнога Чэрапу.
34 І далі яму піць віно, зьмешанае з жоўцяй; і калі пакаштаваў, не хацеў піць.
35 А калі ўкрыжавалі яго, падзялілі ягонае адзеньне, кідаючы лёс, каб споўнілася, што было сказана праз прарока, кажучага: «Падзялілі сабе адзеньне маё, а над сукняй маею кідалі лёс».
36 І сеўшы, пільнавалі яго
37 І памясьцілі над галавою яго напісаную віну яго: Гэта Езус, кароль Юдэйскі.
38 Тады былі ўкрыжаваны з ім два разбойнікі: адзін па правай руцэ, а другі па левай.
39 А праходзячыя міма блюзьнілі яму, ківаючы галавамі сваімі
40 і кажучы: Гэй, што руйнуеш сьвятыню Божую і ў тры дні яе адбудоўваеш, ратуй самога сябе; калі ты Сын Божы, зыйдзі з крыжа!
41 Таксама і вышэйшыя сьвятары з кніжнікамі і старшымі, насьміхаючыся, казалі:
42 Другіх ратаваў, сябе самога ня можа паратаваць! Калі ён кароль Ізраільскі, няхай цяпер зыйдзе з крыжа і мы паверым яму.
43 Спадзяваўшыся на Бога; няхай цяпер выбавіць яго, калі хоча; бо казаў: «Што я ёсьць Сын Божы».
44 Таксама і разбойнікі, што былі ўкрыжаваны з ім, зьневажалі яго.
45 Ад шостае гадзіны настала цемра па ўсей зямлі аж да гадзіны дзевятай.
46 І каля гадзіны дзевятай закрычаў Езус вялікім голасам, кажучы: «Елі, Елі, ламма сабактгані», што значыць: Божа мой, чаму-ж Ты мяне пакінуў?
47 А некаторыя там стоячы і чуючы, казалі: Гэты кліча Гальяша.
48 І зараз-жа адзін з іх, пабегшы, узяў губку, насадзіў на трысьціну і даў яму піць.
49 А другія казалі: Чакай, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш ратаваць яго.
50 Езус-жа, ізноў закрычаўшы вялікім голасам, аддаў душу.
51 І вось заслона сьвятыні разьдзёрлася на дзьве часьці ад верху аж да нізу; і зямля затраслася, і скалы патрэскаліся.
52 І адчыніліся грабы і многа целаў сьвятых, што паснулі, устала;
53 і выйшаўшы з грабоў пасьля ягонага ўскрашэньня, увайшлі ў сьвяты горад і паказаліся многім.
54 Сотнік-жа і тыя, што з ім былі, сьцерагучы Езуса, угледзеўшы землетрасеньне і тое, што сталася, спалохаліся моцна і казалі: Сапраўды гэты быў Сынам Божым.
55 Было-ж там многа жанчын здалёк, якія былі пайшоўшы за Езусам ад Галілеі, служачы яму;
56 між каторымі была Марыя Магдалена, і Марыя, матка Якуба і Язэпа, і матка сыноў Зэбэдэявых.
57 Калі-ж настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, каторы і сам быў вучнем Езуса.
58 Гэты прыйшоў да Пілата і прасіў цела Езуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
59 І ўзяўшы цела, Язэп завярцеў яго ў чыстае палатно
60 і палажыў яго ў сваім новым гробе, які быў высекшы ў скале; і прываліў вялікі камень да ўваходу ў гроб, і адыйшоў.
61 Была-ж там Марыя Магдалена і другая Марыя, седзячы насупроць гробу.
62 А на заўтрашні дзень, што ёсьць пасьля Прыгатаваньня, сабраліся вышэйшыя сьвятары і фарызэі да Пілата,
63 кажучы: Пане, мы прыпомнілі, што гэны зводнік яшчэ жывучы сказаў: «Цераз тры дні я ўваскрэсну».
64 Дык загадалі пільнаваць гроб аж да трэцяга дня, каб часам ня прыйшлі вучні ягоны, ня ўкралі яго, і не сказалі народу: Устаў з умерлых — і будзе апошняя памылка горшая за першую.
65 Сказаў ім Пілат: Маеце стражу, ідзеце, пільнуйце, як умееце.
66 Яны-ж, пайшоўшы, абясьпечылі гроб стражай, апячатаўшы камень.

Зноскі:

1 Сангэдрын зьбіраецца на другое паседжаньне днём, бо ўначы ня можна было выдаваць прысудаў сьмерці.

2 Намесьнікам рымскага цэзара ў Юдэі і Самарыі быў Понцый Пілат, які ўрадаваў ад 26 да 37 году па Нарадж. Хрыста. Ведамы быў з сваей срогасьці, упорыстасьці і разам слабавольнасьці.

3 Юдаш мусіць не спадзяваўся, што жыды выдадуць Хрыстуса на сьмерць.

5 Гэтакі быў канец здрадніка, якога нават выракліся тыя, каторыя давалі яму грошы. Жаль яго быў няпоўны, бо не аднасіўся да Бога, але да спраў людзкіх, дый Юдаш ня меў надзеі на адпушчэньне, ня меў веры і любові, а дзеля гэтага папаў у роспач і кончыў самагубствам.

Пілат жыў у Цэзарэі над Міжземным морам, а толькі на сьвята прыязджаў у Ерузалім, каб асабіста даглядзець парадку ў гэтым неспакойным горадзе.

11 З гэтага відаць, што галоўным закідам проціў Езуса было тое, што ён называў сябе жыдоўскім каралём. Перад Пілатам жыды не вінавацяць Езуса у справах рэлігійных, якія для Пілата, як рымляніна, ня мелі ніякага значэньня, а вінавацяць у справах палітычных, прадстаўляюць Езуса як палітычнага праступніка.

14 Хрыстус маўчаў, бо ведаў, што ўсе скаргі і закіды жыдоўскія выплывалі з ненавісьці і злой волі і што не было ў гэтых закідах і крошкі праўды. Баронячыся Хрыстус усё адно жыдоў не праканаў-бы ў сваей нявіннасьці, а Пілат і так быў пракананы, што Хрыстус нявінны.

15 Жыды абходзілі Пасху на памятку выбаўленьня з эгіпецкай няволі і з гэтай прычыны ўвялі звычай выпушчаць на кожную Пасху аднаго вязня. Гэты звычай прасьцярагалі ў Юдэі і рымляне.

17 Барабба быў забойцам. Ужо само зраўнаньне нявіннга Езуса з Бараббам было ннесправядлівым і для Езуса вельмі крыўдным.

24 Праз цэрэмонію абмыцьця рук хацеў Пілат паказаць, што ён не вінаваты ў праліцьці крыві Хрыстовай. Пілат, будучы пракананы аб нявінасьці Хрыста і разам з гэтым падпісваючы сьмяротны прысуд, выдаў прысуд і на самога сябе.

25 Адказнасьць за кроў Хрыстову жыды ўзялі на сябе і на сваё патомства. Гісторыя сьведчыць, што кроў Хрыста зацяжыла на гэтым народзе.

26 Бічаваньне было страшнай караю, якую тады дапускала права рымскае. Чалавека, адданага на бічаваньне, разьдзявалі, прывязвалі да стаўпа і білі бічамі, маючымі алавяныя або жалезнвя кулькі. Зараз пасьля першых удараў прабівалася на чалавеку скура і лілася кроў. Такія бічы ня толькі калечылі цела, але даставалі да касьці і пасьля такога бічаваньня чалавек быў зусім зьняможаны. Праз бічаваньне Пілат хацеў дагадзіць жыдом.

28 У чырвоных плашчох хадзілі даўней каралі. Хрыста на зьдзекі і пагарду адзелі ў гэтакі стары плашч.

32 Паводле рымскага права асуджаныя на крыжавую сьмерць муселі самі для сябе нясьці крыж. Хрыстус, змучаны бічаваньнем, ня мог несьці і дзеля гэтага прымусілі да гэтага аднаго чалавека, Сымона з гораду Кірэны.

Сьмяротны паход адбываўся ў такім парадку: наперадзе ішоў вестаўнічы, які абвяшчаў народу імя, паходжаньне і віну асуджаных, потым ішлі прадстаўнікі Сангэдрыну, якія выдалі Езуса на сьмерць, а за імі Хрыстус разам з двама разбойнікамі. Асуджаныя былі акружаны чатырма рымскімі жаўнерамі, якія спаўнялі ролю катаў. Уканцы ішоў канвой, зложаны з цэлай сотні рымскіх жаўнераў з сотнікам на чале. Па боках і ззаду ішла грамада цікавых і спагадаючых.

33 Кальварыя або Галгота была туж за горадам. Быў гэта невялікі ўзгорак, падобны з выгляду да трупнога чэрапа. Там звычайна было месца казьні для ўсіх праступнікаў.

34 Віно з жоўцяй, або, інакш кажучы, з горкай міррай. Гэты напітак адбіраў часткова ад чалавека сьведамасьць і рабіў нячулым на боль. Права рымскае дазваляла на даваньне асуджанаму гэтага напітку. Езус піць не хацеў, каб памерці з поўнай сьведамасьцяй.

35 Крыж меў каля 3 мэтраў вышыні. Крыжаваньне адбывалася звычайна дваякім спосабам: або прыбівалі ці прывязвалі асуджанага да крыжа і потым крыж паднімалі і ставілі ў прыгатаваную яму, або спачатку ставілі крыж у яму, а потым на крыж усьцягівалі асуджанага і прывязывалі або прыбівалі яго ногі і рукі да крыжа гваздамі. Каб прыбіты да крыжа пад цяжарам свайго цела не сарваўся, былі ўстроены дзьве падстаўкі, на аднэй з іх асуджаны мог прысесьці, а на другой абапёрці свае ногі. Ногі Хрыста былі прыбіты праўдападобна па аднэй, адна каля другой. Перад укрыжаваньнем асуджанага разьдзявалі і адзежа пераходзіла на ўласнасьць тых чатырох жаўнераў, якія крыжавалі. Над адзежай кідалі лёс (жэраб), каму якая часьць мае дастацца.

37 Напіс віны няслі перад асуджаным, каб усе ведалі, у чым ён правініўся, а потым гэты напіс прыбівалі да крыжа над яго галавою. Была гэта невялікая, белая таблічка.

38 Пасярэдзіне памясьцілі Езуса, як-бы найбольшага злачынца.

39 Кальварыя ляжала блізка дарогі, так што праходзячыя тудою людзі заходзілі на Кальварыю, каб насьмяхацца з Езуса.

44 Паводле старадаўнага пераказу, разбойнік, які вісеў па правай руцэ Езуса, называўся Дызма, гэта ён перастаў блюзьніць і навярнуўся.

45 Панашаму — ад гадзіны 12 да гадзіны 3 па паўдні. Гэта было не астранамічнае (прыроднае) зацьменьне сонца, а цудоўнае, якое магло быць толькі ў адным краі (Юдэі) або ў адным горадзе (Ерузаліме).

46 Слова «пакінуў» азнача тут ня толькі пакіданьне Хрыста, Сына Божага, на такую страшную муку і зьдзекі, але так-жа апусьценьне духовае, якое Хрыстус адчуў у Садзе Аліўным і цяпер на крыжы. Хрыстус, як чалавек, не адчуваў тады тэй радасьці, якую адчуваў заўсёды праз агляданьне Бога, выплываючае з злучэньня натуры чалавечай Хрыста з натурай Божай у асобе Слова — Сына Божага. Бог Айцец дапусьціў гэтае, каб Сын Ягоны праз цярпеньне і мукі свайго цела і душы адпакутаваў за грахі ўсяго чалавецтва.

47 Жыды перакруцілі словы Хрыстуса «Элі» на «Эліа», а Гальляша (Ільлю) тады прызывалі ў розных няшчасьцях.

50 Хрыстус аддаў сваю людзкую душу Богу болей як па трох гадзінах вісеньня і мукі на крыжы (памёр каля гадзіны 3 па пал.).

Уміраючы, Хрыстус даў доказ, што ён, як Бог-чалавек, ёсьць панам сваей сьмерці, бо ўмірае ня з фізычнага бязсільля, але па сваей волі, калі хоча. Гэтага доказам, паводле сьв. Айцоў, ёсьць сільны голас, якім закрычаў Езус прад скананьнем. На гэта зьвярнуў увагу нават сотнік.

51 Заслона гэта дзяліла месца Сьвятое ад Сьвятога сьвятых у Ерузалімскай сьвятыні. Гэта мела значыць, што разам з сьмерцяй Хрыстуса доступ у нябеснае Сьвятое сьвятых ужо быў адчынены.

52 Грабы ў Палестыне зачыняліся вялікімі і круглымі (падобнымі да млынавых) каменьнямі, якія прыкочвалі да ўходу ў гроб. Гэтыя каменьні з прычыны трасеньня зямлі адсунуліся і дзеля гэтага адчыніліся грабы.

54 Сотнік быў паганцам, але бачачы цуды, якія дзеяліся пры сьмерці Хрыста, уверыў, аднак ня ўверылі прадстаўнікі Сангэдрыну.

56 Марыя называлася Магдаленай з тэй прычыны, што паходзіла з мястэчка Магдалі, што ляжыць над Галілейскім возерам.

57 Язэп быў родам з Арыматэі, але жыў у Ерузаліме, дзе меў нават свой гроб. Быў ён сябрам Сангэдрыну, але быў проціў асуджэньня Езуса на сьмерць. Права рымскае дазваляла аддаваць целы казненых знаёмым або сваяком дзеля паховін.

60 Было гэта яшчэ перад захадам сонца. Грабы ў жыдоў былі высяканыя ў скале і мелі нізкі ўваход, да якога прывальвалі круглы, цяжкі камень, каб часам які зьвер ня ўлез у гроб і не нарушыў цела.

62-63 Прыгатаваньне было ў пятніцу, дык «на заўтрашні дзень» значыць у суботу. Праз усю пятніцу старшыя жыдоўскія былі заняты асуджэньнем Хрыста на сьмерць, а ў суботу прыпамінаюць яшчэ і гэтую справу, зьвязаную са славамі Хрыстуса.

Хрыстус ускрос на трэці дзень пасьля сваей сьмерці і паховін г. зн. ляжаў у гробе канец пятніцы, усю суботу і пачатак нядзелі, бо ўскрос перад сьветам.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 27 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Матэуша 27 раздзел в переводах:
Матэуша 27 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.