Библия › Дзекуць-Малея › 2 Пётры

Другое Пётры

Сымон Пётра, слуга і апостал Ісуса Хрыста, — да тых, што прынялі з намі роўна дарагую ве́ру па праўдзе Бога нашага і Збавіцеля Ісуса Хрыста: ласка і мір вам няхай памножыцца ў пазнаньні Бога і Ісуса, Госпада нашага. Як Божаю сілай Яго даравана нам усё патрэбнае дзеля жыцьця й пабожнасьці, праз пазнаньне Паклікаўшага нас славаю і цнато́ю, якімі дараваны нам найвялікшыя і дарагія абяцаньні, каб праз іх сталіся вы ўдзе́льнікамі Божае прыроды, ухіліўшыся ад тле́ньня ў пажаданьні, што ў сьве́це, дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсё стараньне, пакажыце ў ве́ры вашай цнату́, у цнаце́-ж — розум, у розуме — стрыманасьць, у стрыманасьці цярплівасьць, у цярплівасьці — пабожнасьць, у пабожнасьці — браталюбства, а ў браталюбстве — любоў. Калі гэтае ў вас ёсьць і памнажацца будзе, дык вы не астанецёся бязьдзе́йнымі і бяз плоду ў пазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста; у кім жа няма гэтага, той сьляпы, нявісны, забыўся аб ачышчэньні ранейшых грахоў сваіх. Дзеля гэтага, браты, бале́й і бале́й старайцеся рабіць цьвёрдым вашае прызваньне й выбраньне: гэтак робячы, ніколі не спаткнецёся, бо гэтак адчыніцца вам вольны ўваход у ве́чнае царства Госпада нашага і збавіцеля Ісуса Хрыста. Дзеля гэтага я ніколі не перастану напамінаць вам аб гэтым, хоць вы й ве́даеце гэта, і ўмацованы ў гэтай праўдзе. Справядлівым жа лічу, пакуль знаходжуся ў гэтай будыніне, пабуджаць вас напамінаньнем, ве́даючы, што хутка пакіну гэту маю будыніну, як і Госпад наш Ісус Хрыстос мне́ адкрыў. Буду-ж старацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды ўспаміналі гэтыя рэчы. Бо мы абвясьцілі вам сілу й прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за міфамі йдучы, але быўшы вачавідцамі ве́лічы Яго. Бо Ён прыняў ад Бога Айца чэсьць і славу, калі ад вялізарнае славы зыйшоў да Яго гэтакі голас: Гэты ёсьць Сын Мой Улю́блены, Якому спагадаю. І гэты голас, як зыходзіў з не́ба, мы чулі, быўшы з Ім на сьвятой гарэ. Дый маем найпэўне́йшае слова прарочае; і вы добра робіце, што зварочваецеся да яго, як да сьве́тача, што сьве́ціць у цёмным ме́сцы, пакуль не разаднее і ня ўзыдзе дзяньніца ў сэрцах вашых, ве́даючы перадусім, што ніякае прароцтва ў пісаньні ня дзе́ецца сваім уласным разьвязаньнем. Бо ніколі прароцтва ня выказвалася воляй чалаве́чай, але выказвалі яго сьвятыя людзі Божыя, ве́дзеныя Духам сьвятым.

Былі-ж і фальшывыя прарокі ў народзе, як і ў вас будуць фальшывыя вучыцялі, якія ўвядуць згубныя гэрэзіі і, адцураўшыся адкупіўшага іх Госпада, сьцягнуць самі на сябе́ хуткую загубу. І многія пойдуць сьле́дам за імі да загубы, і праз іх шлях праўды зьняважа́ны будзе. І дзеля імкне́ньня да зыску будуць яны вас лавіць лісьлівымі словамі; суд ім даўно гатовы, і загуба іх ня дрэмле, Бо калі не дараваў Бог ангелам, якія саграшылі, але, кінуўшы ў путы це́мры пяке́льнае, аддаў закаваць іх на суд; і калі не пашкадаваў пе́ршага сьве́ту, але ў васьмёх душах захаваў Ноя, апавядальніка праўды, як навёў быў патоп на сьве́т паганых; і калі ме́сты Садомскія й Гаморскія, засудзіўшы на зьнішчэньне, абярнуў у попел, як прыклад для будучых бязбожнікаў, а пра́веднага Лота, стомленага распусным жыцьцём між людзьмі бязбожнымі, выбавіў, — (бо гэты праведнік, жывучы між імі, з дня ў дзе́нь мучыў справядлівую душу сваю, бачучы і чуючы ўчынкі беззаконныя), — дык ве́дае Госпад, як збаўляць пабожных ад спакушэньня, а няправедных захоўваць на дзе́нь суда дзеля пакараньня, найбале́й жа тых, якія йдуць за це́лам у нячыстых пажаданьнях ды не паважаюць начальства; якія дзёрзкія, сваявольныя й не баяцца абмаўляць вышэйшых, тады як і Ангелы, большыя за іх моцаю й сілаю, ня выносяць на іх перад Госпадам дакараючага суда. Яны, як бязмоўныя жывёлы прыродныя, народжаныя на ловы й убой, лаюць тое, чаго не разуме́юць, і ў тле́ньні сваім вынішчаны будуць, і заплату дастануць за няпраўду. Бо за шчасьце лічаць яны штодзе́нныя раскошы; со́раматнікі й паскуднікі, яны асалоду знаходзяць у ашуканствах сваіх, банкетуючы з вамі; вочы маюць поўныя юрнасьці й нясупыннага грэху; яны душы няцьвёрдыя прывабліваюць; яны маюць сэрцы, прывучаныя да нажывы: гэта сыны праклёну. Пакінуўшы праведны шлях, яны зблудзілі, пайшоўшы па сьлядох Валаама, сына Васо́равага, што палюбіў заплату няправедную; ён быў пакараны за сваё беззаконьне: бязмоўная асьліца, прагаварыўшы чалаве́чым голасам, затрымала шал прарока. Гэта крыніцы бязводныя, аблокі, бурай ганяныя: для іх це́мра чорная наве́кі прыгатована. Бо, прамаўляючы надзьмутымі й пустымі словамі, яны прынаджываюць пажаданьнямі це́ла й распустаю тых, хто ле́дзь толькі ўцёк ад зблудзіўшых; яны суляць ім свабоду, а самі яны — рабы тле́ньня, бо хто кім пераможаны, той таму й раб. Бо, уцёкшы ад по́шкудзі сьве́ту праз пазнаньне Госпада і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, ізноў, заблутаўшыся, паддаюцца ёй, дык апошяе для іх горш за пе́ршае: бо ле́пей бы ім не пазнаць шляху праўды, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад пераданае ім сьвятое за́паведзі. Бо з імі сталася паводле справядлівай прыказкі: сабака варочаецца да бляво́ціны свае́й, а вымытая сьвіньня — валяцца ў брудзе.

Гэта ўжо другое пасланьне пішу да вас, умілаваныя; у іх напамінаньнем пабуджаю чыстую думку вашую, каб вы памяталі словы, ране́й сказаныя сьвятымі прарокамі, і запаведзь Госпада й Спаса ад Апосталаў нашых, ве́даючы перадусім тое, што ў апошнія дні зьявяцца ла́яльнікі, што ходзяць водле пажаданьняў сваіх, і скажуць: гдзе абяцаньне прыходу Яго? бо ад часоў, як сталі паміраць бацькі, усё гэтак астае́цца ад пачатку стварэньня. Бо тыя, што думаюць гэтак, ня ве́даюць, што словам Божым нябёсы былі здаўна, а зямля з вады й праз ваду паўстала, дзеля таго тагачасны сьве́т загінуў, затоплены вадою, а сягоньняшнія нябёсы й зямля, тым жа словам утрымліваныя, захоўваюцца для агню на дзе́нь суда й загубы людзе́й бязбожных. Ды тое не павінна быць скрыта ад вас, умілаваныя, што ў Госпада адзін дзе́нь, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзе́нь. Не марудзіць Госпад з абяцаным, як гэта некаторыя за маруднасьць уважаюць, але доўга це́рпіць нас, ня хочучы, каб не́хта загінуў, але каб усе́ прыйшлі да пакаяньня. Прыйдзе-ж дзе́нь Гасподні, як злодзей уначы, і тады нябёсы з шумам пройдуць, распаленыя-ж стыхіі разбурацца, а зямля і ўсе́ дзе́лы на ёй згараць. Калі так усё гэтае разбурыцца, то якімі трэба быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці вам, што чакаеце й жада́еце прыходу дня Божага, калі нябёсы, палане́ючы, рухнуць, і разгарэўшыяся стыхіі растопяцца? Мы-ж чакаем паводле Яго абяцаньня новага не́ба й новае зямлі, на якіх праўда жыве́. Дык, умілаваныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся зьявіцца ў міры перад Ім неапаганенымі і бяз сказы, а доўгацярплівасьць Госпада нашага ўважайце за збаўле́ньне, як і ўмілаваны брат наш Паўла, па дадзенай яму мудрасьці, напісаў вам, як ён кажа аб гэтым і ў-ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць дзе-што незразуме́лае, што не́вукі і неўгрунтаваныя на ўласную сваю загубу перакручваюць, як і другія Пісаньні. Дык вы, умілаваныя, як ужо папярэджаныя, сьцеражыцеся, каб вам не захапіцца блудам бязбожнікаў ды не адпасьці ад свайго ўмацаваньня, але ўзрастайце ў ласцы й пазнаньні Госпада нашага і Збавіцеля Ісуса Хрыста. Яму слава й сягоньня, і ў дзень ве́чны. Амін.


Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.