Библия › Дзекуць-Малея › Да Каласянаў
Паўла, воляй Божаю Апостал Ісуса Хрыста, і Цімахве́й, брат, — сьвятым і ве́рным братом у Хрысьце́, што ў Калосах: Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся аб вас, пачуўшы аб ве́ры вашай у Хрыста Ісуса і аб любві да ўсіх сьвятых, дзеля надзе́і, што прыгатавана вам у нябёсах, аб якой вы ране́й чулі ў слове праўды Эвангельля, што ёсьць у вас, як і ў-ва ўсім сьве́це, і прыносіць плод, як і між вамі, з таго дня, як вы пачулі і пазналі ласку Божую ў праўдзе, як і навучыліся ад Эпафра, умілаванага супрацоўніка нашага, які ёсьць ве́рным за вас слугой Хрыста, які і апавясьціў нас аб вашай любві ў Духу. Дзеля гэтага і мы, з таго дня, як пачулі, не пакідалі маліцца за вас і прасіць, каб вы напаўняліся пазнаньнем волі Яго ў-ва ўсякай мудрасьці і разуме́ньні духоўным, каб паступалі дасто́йна Бога, у-ва ўсім дагаджаючы Яму, прыносячы плод у кожнай добрай справе і узрастаючы ў пазнаньні Бога, дужэючы ўсякаю сілаю па магутнасьці славы Яго на ўсякую цярплівасьць і вялікадушнасьць з радасьцяй, дзякуючы Айцу, што паклікаў нас да ўчасьця ў спадчыне сьвятых у сьве́тласьці, вызваліў нас ад улады це́мры і перанёс у Царства Сына любві Свае́й, у Якім мы маем адкупле́ньне крывёю Яго і дараваньне грахоў, Які есьць абра́з Бога нявідомага, пярша́к усякага стварэньня; бо Ім створана ўсе, што на нябесах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то пасады, ці дзяржавы, ці начальства, ці ўлады, — усе Ім і для Яго ство́рана; і Ён пе́рш за ўсё, і ўсё ў Ім стаіць. І Ён ёсьць галава це́ла, Царквы́; Ён — пачатак, пярша́к із мёртвых, каб быць Яму ўва ўсім пе́ршым; бо ўгодна было (Айцу), каб у Ім жыла ўсякая поўня, і каб праз Яго пагадзіць з сабою ўсё, уціхамірыўшы праз Яго, крывёю крыжа Яго, ці тое, што на зямлі, ці тое, што ў нябёсах. Дый вас, што былі калісь чужымі і ворагамі праз склоннасьць да благіх дзе́л, цяпе́р пагадзіў у це́ле плоці Яго праз сьме́рць, каб паставіць вас сьвятымі й беззаганнымі і бязьвіннымі перад абліччам Сваім, калі трываеце ў ве́ры цьвёрда і непарушна, і не адпадаеце ад надзе́і Эвангельля, якое вы чулі, якое абвяшчаеца ўсяму стварэньню пад не́бам, якога я, Паўла, слуга. Цяпе́р радуюся ў муках маіх за вас і дапаўняю недахват у це́ле маім сумаваньняў Хрыстовых за Яго це́ла, якое есьць Царква, якой я стаўся служкаю паводле распарадку Божага, даручанага мне́ для вас, каб выпаўніць слова Божае, тайну, укрытую ад вякоў і ад родаў, цяпе́р жа выяўленую сьвятым Яго, якім схаце́ў Бог даць пазнаньне, што́ за багацьце славы ў тайне гэнай сярод паганаў, якое ёсьць Хрыстос у вас, надзе́я славы, Якога мы абвяшчаем, навучаючы кожнага чалаве́ка і вучачы ўсякае мудрасьці, каб нам прадставіць усякага чалаве́ка дасканалым у Хрысьце́ Ісусе, дзеля чаго я і працую, змагаючыся сілаю Яго, што дзеець у-ва мне́ магутна.
Хачу-ж, каб вы ве́далі, якую барацьбу маю за вас і за тых, што ў Ляодыкіі, і за ўсіх, што ня бачылі аблічча майго ў це́ле, каб це́шыліся сэрцы іх, злучаныя ў любві, ды дзеля ўсякага багацьця даска́налага разуме́ньня, дзеля пазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста, у якім усе́ скарбы мудрасьці і ве́даньня схаваны. Кажу-ж гэтае, каб хто-не́будзь ня зьвёў вас, пераконываючы словамі; бо, хаця й няма мяне́ це́лам, але духам я з вамі, радуючыся і ўглядаючыся на ваш лад і цьвёрдасьць ве́ры вашае ў Хрыста. Дык вось, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, хадзе́це ў Ім, укараніўшыся і збудаваныя ў Ім, дый акрэпшы ў веры, як вы былі навучаны, з падзякаю багаце́ючы ёю. Глядзе́це, каб хто ня зьвёў вас філёзофіяй і пустым подступам па пераказу чалаве́чаму, па стыхіям сьве́ту, а не па Хрысту; Бо ў Ім жыве́ ўся поўня Божства цяле́сна, і вы напоўнены ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады; у Ім вы і абрэзаны абрэзаньнем нерукатворным, зьняўшы з це́ла грахі цяле́сныя ў абрэзаньні Хрыстовым, пахаваныя з Ім у Хрышчэньні; у Ім вы і ўскрэсьлі разам праз ве́ру ў сілу Бога, Які ўскрасіў Яго з мёртвых, дый вас, якія былі мёртвыя ў грахох і неабрэзаньні це́ла вашага, ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе́ грахі, зьнішчыўшы навукаю напісанае аб нас рукою, што было супраць нас; і ўзяў Яго спасярод і прыбіў да крыжа; разьдзе́ўшы начальства і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, перамогшы іх у Ім. Дык няхай ніхто не асуджае вас за е́жу, ці піцьцё, ці за ўчасьце́ ў сьвяце, ці маладзіку, ці субоце: гэта ёсьць це́нь таго, што ма́е быць; це́ла-ж Хрыстовае. Няхай ніхто не спакушае вас, накланяючы мудрасьцяй пакоры і служэньнем ангелаў, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, марна пышаючыся розумам це́ла свайго і ня трымаючыся Галавы, ад якое ўсё це́ла, суставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расьце́ ростам Божым. Дык, калі вы паме́рлі з Хрыстом для стыхіяў сьве́ту, чаго-ж, быццам жывучы ў сьве́це, трымаецеся закону: не чапай, ані прабуй, ані датыкайся, — што́ ўсё на тле́ньне ад ужываньня, — водле за́паведзяў і навукі чалаве́чае? Гэта ма́е толькі выгляд мудрасьці ў самавольным служэньні, мудрасьці пакоры і мардаваньні це́ла, не ў пашане да сытасьці це́ла.
Дык, калі вы ўскрэсьлі з Хрыстом, шукайце-ж узгорнага, гдзе́ Хрыстос сядзіць праваруч Бога; аб узгорным думайце, а не аб зямным, бо вы паме́рлі, і жыцьцё вашае пахавана з Хрыстом у Богу; калі-ж зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тагды і вы зьявіцеся разам з Ім у славе. Дык мярцьвіце чле́ны вашыя, што на зямлі: блуд, нячыстасьць, юр, благое пажаданьне і хцівасьць, якая ёсьць балванахвальства, за што гне́ў Божы прыходзіць на сыноў няслухмянства, сярод якіх і вы калісь хадзілі, як жылі міжы імі. А цяпе́р і вы адкіньце ўсё: гне́ў, ярасьць, злосьць, лаянку, сорамныя словы з вуснаў вашых; не брашыце адзін аднаму, скінуўшы з сябе́ старога чалаве́ка з учынкамі яго і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні на ўзор Стварыўшага яго, гдзе́ няма Грэка і Юдэя, абрэзаньня і неабрэзаньня, барбара, Скіфа, раба, свабоднага, але ўсё і ў-ва ўсім Хрыстос. Дык апране́цеся, як выбранцы Божыя, сьвятыя і ўмілаваныя, міласэрдзем, дабратой, ціхой мудрасьцяй, ласкавасьцяй, доўгацярплівасьцяй, це́рпячы адзін аднаго і выбачаючы сабе́, калі хто да каго ма́е жаль: як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы. А па-над усім — (апрануўшыся) любоўю, якая ёсьць злучэньне дасканаласьці, і няхай у сэрцах вашых гаспадаруе мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным це́ле; ды будзьце ўдзячнымі. Слова Хрыстовае няхай асядае ў вас багата, у ўсякай мудрасьці: навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі і гымнамі і духоўнымі пе́сьнямі, у ласцы сьпяваючы ў сэрцах вашых Госпаду. І ўсё, што-б вы ні рабілі, словам або дзе́лам, усё рабе́це ў імя Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу. Жонкі, слухайцеся мужоў вашых, як прыстойна ў Госпадзе. Мужы, любе́це жанок і ня будзьце для іх прыкрымі. Дзе́ці, будзьце паслухмянымі бацьком у-ва ўсім, бо гэтае ўгодна Госпаду. Айцы, не раздражняйце дзяце́й вашых, каб яны не ўпадалі на духу. Рабы, у ўсім слухайцеся паноў водле це́ла, паслугуючы не на вачох толькі, як дагаджаючы людзям, але ў прастаце́ сэрца, баючыся Бога. І ўсё, што-б ні рабілі, рабе́це ад душы, як для Госпада, а не для людзе́й, ве́даючы, што ад Госпада атрымаеце нагароду спадчыны: бо служыце Госпаду Хрысту. А хто крыўдзіць, атрымае водле зробленае крыўды: бо няма ў Бога ўзіраньня на аблічча.
Паны, аказвайце слугам справядлівасьць і роўнасьць, ве́даючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах. Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю; молячыся разам і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьве́ры слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, за якую я й закаваны, каб я выявіў яе, як сьле́д мне́ казаці. Мудра паступайце з тымі, што вонках, выкупляючы час. Слова вашае няхай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае соляй, каб вы ве́далі, як кожнаму адказаць. Аба мне́ ўсё скажа вам Тыхік, умілаваны брат і ве́рны слуга і супрацоўнік у Госпадзе, якога я дзеля таго паслаў да вас, каб ён даве́даўся, што́ ў вас, і паце́шыў сэрцы вашыя, з Анісімам, ве́рным і ўмілаваным братам, што спаміж вас: яны раскажуць вам усё, што тутака. Вітае вас Арыстарх, вязень разам са мною, і Марка, пляме́ньнік Варнавы, (аб якім прынялі вы загад: калі прыдзе да вас, прыме́це яго), дый Ісус, называны Юстам, якія з абрэзаньня; яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Царства Божага, якія былі мне́ патоляй. Вітае вас Эпафрас, што із вашых, раб Хрыста, што заўсёды стараецца за вас у малітвах, каб вы трывалі дасканалымі і напоўненымі ўсякай воляй Божай. Сьве́дчу-ж аб ім, што ма́е вялікую рупнасьць аб вас і аб тых, што ў Ляодыкіі ды Іераполі. Вітае вас Лукаш, ле́кар умілаваны, і Дымас. Прывітайце братоў у Ляодыкіі, і Німфана, і дамовую царкву яго. Калі-ж гэтае пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабе́це, каб яно было прачытана ў Ляодыкійскай Царкве́; а тое, што з Ляодыкіі, прачытайце і вы. Ды скажэце Архіпу: пілнуй служэньня, што прыняў ты ў Госпадзе, каб табе́ выпаўніць яго. Вітаньне мае́ю рукою, Паўлаваю. Памятайце аб кайдано́х маіх! Ласка з вамі. Амін.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.