Библия › Татарыновіч › 1 Яна
Тое, што было ад пачатку, што мы чулі аб Слове жыцьця, што бачылі сваімі вачыма, што азіралі й да чаго дакраналіся нашыя рукі, — жыцьцё бо аб’яўлена было і мы бачылі ды сьветчым і аглашаем вам жыцьцё вечнае, што было ў Айца й зьявілася нам; — аб тым, што мы відзелі й чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі суудзел з намі; а наш удзел ёсьць з Айцом і Сынам Ягоным Езусам Хрыстусам. Гэта пішам вам, каб вы цешыліся поўнарадасна.* А дабравесьць, якую мы чулі ад Яго ды зьвяшчаем вам, ёсьць тая, што Бог ёсьць сьвятло і няма ў Ім ніякае цемры.* Каліб мы казалі што маем зь Ім сулучнасьць, а хадзілі ў цьме, дык былоб махлярства, паступак няпраўдны: а калі ходзім у сьвятле, як і Ён сам у сьвятле ёсьць, дык маем зь Ім узаемасувязь і кроў Сына Ягонага, Езуса Хрыстуса, ачышчае нас ад граху ўсякага. Каліб мы сказалі, ня маем граху, дык зводзім сябе самых і няма ў нас праўды. А калі вызнаем нашы грахі, дык Бог — верны й справядлівы, адпусьціць нам ды ачысьціць нас ад усякай нягоднасьці. І каліб мы сказалі, што не зграшылі, дык робім Яго махлярскім і няма у нас Ягонага слова.*
Пішу вам гэта, сынкі мае,* каб вы не грашылі; а каліб і зграшыў хто, дык маем-жа заступніка перад Айцом, Езуса Хрыстуса справядліўца: Ён ёсьць уласкаўленне за грахі нашыя ды ня толькі нашыя, але і цэлага сьвету. А што мы Яго пазналі, даведваемся з таго, калі пільнуемся Ягоных прыказанняў. Хто кажа, што Яго знае, а загадаў Ягоных ня трымаецца, той ілгун і няма ў ім праўды; а хто пільнуецца Ягонай навукі, сапраўды ў ім міласьць Божая даканалася; і з гэтага пазнаём, што мы ёсьць у Ім. Хто цьвердзіць, што прабывае ў Ім, той павінен-жа гэтак і паступаць, як Ён паступаў. Ня пішу вам, дарагія мае, новага прыказання, але — стараветнае, што мелі вы ад пачатку: тым стараветным прыказаннем ёсьць слова, якое вы ўжо чулі. Але і аб новым прыказанні пішу вам, аб тым, што ёсьць праўдзівае і ў Ім, і ў вас: бо цьма ўжо вось прайходзіць і ясьнее ўжо праўдзівае сьвятло.* Хто гавора, што ён у сьвятле, а брата свайго ненавідзіць, той у цемрадзі яшчэ й дагэтуль. Хто брата свайго любіць, той прабывае ў сьвятле і няма ў ім каламуці. А хто ненавідзіць свайго брата, той знайходзіцца ў цемры ды ў цемры бадзяецца, ня ведаючы куды йдзе, бо цемень засьляпіла яму вочы. Пішу вам, сыночкі, адпушчаюцца бо вам грахі дзеля імя Ягонага.* Пішу вам, айцы, бо вы пазналі Таго, каторы ёсьць ад пачатку. Пішу вам малодшыя, бо вы паканалі злога.* Напісаў я вам, дзеткі, бо вы ўжо пазналі Айца. Напісаў вам, айцы, вы бо пазналі Беспачатнага. Напісаў вам, юнакі, бо вы дужыя і слова Божае трывае ў вас ды вы перамаглі злыдня.* Не даражэце сьветам, ні тым, што на ім ёсьць; хто залюблены ў сьвеце, у таго няма любасьці Айца; ўсё бо, што ёсьць у сьвеце: жада цела, пожадзь вачэй, пыха жыцьця — не паходзяць ад Айца, але ад сьвету. І сьвет прамінае з пожадзьдзю ягонай, а хто выконвае волю Божую, трывае навекі. Настала, сынкі, апошняя гадзіна! І як вы чулі, што надыйходзе Антыхрыст, дык цяпер шмат Антыхрыстаў; з гэтага даведваемся, што ёсьць апошняя гадзіна.* Яны выйшлі з-паміж нас, але ня былі нашы; бо каліб нашымі былі, дык вытрываліб з намі, але яны выйшлі, і праз гэта аказалася, што ня ўсе ёсьць нашымі. Дый вы-ж маеце памазанне ад Святога і ўсё ведаеце.* Я напісаў вам не як няведаючым праўды, але іменна як ведаючым яе, дыё што ўсякае лгарства ня ёсьць із праўды. Хтож ілгун, калі ня той, хто запярэчвае, што Езус ёсьць Хрыстусам? Гэткі ёсьць Антыхрыстам, які аспрэчвае Айца і Сына. Кажны адкідаючы Сына, ня мае й Айца, а хто вызнае Сына, мае й Аца. Восьжа тое, што вы чулі ад пачатку, хай і трывае ў вас; калі трываціме ў вас усё чутае ад пачатку, дык у Сыне й Айцу вытрываеце. Абяцаньне-ж, якое нам Ён даў, гэта — жыцьцё вечнае. Гэта я напісаў вам аб тых, што зваодзяць вас. Дый памазанне, якое вы ад Яго атрымалі, ёсьць у вас і вы не патрабуеце, каб вас хто павучаў, калі памазанне Яго на аб усім вас павучае — а яно праўдзівае й няма ў ім маны — дык і трывайце ў тым, чаго яно вас навучыла. І цяпер, сынкі, трывайце ў Ім, каб як зьявіцца, мы мелі спадзеву й ня былі праз Яго асаромлены падчас прыйсьця Ягонага.* Калі ведаеце, што Ён справядлівец, дык ведайцеж і тое, што кажны, хто паступае справядліва, зь Яго нарадзіўся.*
Глядзеце, якую любасьць даў нам Айцец, што мы называемся і ёсьць дзяцьмі Божымі. Сьвет ня знае нас таму, што не пазнаў Яго. Найдаражэйшыя! Цяпер мы дзеці Божыя, а яшчэ не аказалася, чым мы будзем; ведаем толькі, што як акажацца, дык будзем падобныя да Яго, бо убачым Яго, так як ёсьць. І кажны, хто мае гэту надзею на Яго, усьвячвае сябе, так як Ён сьвяты. Кажны, хто робіць грэх, робіць беспраўе, і грэх ёсьць беспраўем. А ведаеце, што Ён зьявіўся, каб зыгладзіць грахі нашы і што ў Ім граху няма. Кажны, хто прабывае ў Ім, ня грэшыць; а кажны хто грэшыць, ня бачыў Яго ды не пазнаў Яго.* Дзеткі! Хайжа ніхто вас ня зводзіць. Хто паступае справядліва, той ёсьць справядлівы, так як і Ён справядлівы ёсьць. А хто робіць грэх, той зь дзьябла ёсьць, бо дзьябал ад пачатку грэшыць. Натоеж зьявіўся й Сын Божы, каб скрышыць дзьяблавы дзела. Кажны, хто нарадзіўся з Бога, граху ня робіць, бо засьнітак Божы трывае ў ім і ня можа грашыць, дзеля таго, што з Бога народжаны.* Праз гэта выяўляюцца сыны Божыя й сыны дзьяблавы: кажны несправядлівы й нялюбячы свайго брата ня ёсьць з Бога. Бо-ж гэткая ёсьць дабравесьць, якую чулі вы ад пачатку, каб мы любіліся ўзаемна; ня гэтак, як Каін, што быў зь ліхога ды забіў свайго брата. А чаму забіў яго?81 Таму, што паступкі яго былі благія, а брата ягонага — справядлівыя. Ня дзівецеся, браты мае, калі сьвет вас ненавідзіць. Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці да жыцьця, бо любім братоў; хто ня любіць, трывае ў сьмерці. Кажны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць душагубец; а вы ведаеце, што ніводзін душагубец ня мае ў сабе жыцьця вечнага. Мы праз тое пазналі любасьць, што Ён аддаў за нас жыцьцё сваё; і мы павінны жыцьцё сваё аддаваць за братоў. А хтоб меў дастатак гэтага сьвету і відзеўбы брата свайго ў бядзе ды зачыніўбы ад яго сваё сэрца — якжа можа прабываць у ім любасьць Божая? Сыночкі мае! Любем ня словам, ці языком, але дзелам і праўдай. І з гэтага пазнаем, што мы з праўды й успакоім перад Ім сэрцы нашы; Бо калі навет сэрца асуджае нас, то тым-болей Бог, большы за сэрца нашае і ведаючы ўсё. Дарагія мае! Калі сэрца нашае нас не асуджае, дык маем надзею на Бога і што толькі папросім, атрымаем ад Яго,, бо-ж спаўняем прыказанні Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца. А прыказанне Яго вось гэтае: каб мы ўверылі ў імя Сына Ягонага Езуса Хрыстуса ды любілі адзін другога, як нам загадаў. І хто захоўвае прыказанні Ягоныя, той прабывае ў Ім, а Ён у тым. А што Ён прабывае ў нас, даведваемся праз Духа, якога нам даў.
Мілыя мае! Не кажнаму духу верце, але распазнавайце духаў, ці яны ад Бога, шмат бо хвальшывых прарокаў выйшла на сьвет.* А духа Божага пазнаецца вось з чаго: кажны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, з Бога ёсьць;* а кажны дух, што Езуса не вызнае, ня ёсьць ад Бога, але ёсьць гэным Антыхрыстам, аб якім вы чулі, што прыдзе і цяпер вось ужо ёсьць на сьвеце. Вы, дзеткі, з Бога і паканалі іх, большы бо Той, Хто ў вас ёсьць, чым той, што ў сьвеце. Яны ёсьць зы сьвету, таму й гавораць па-сьвецку й сьвет іх слухае. Мы з Бога ёсьць; хто знае Бога, слухае нас; а хто ня з Бога, ня слухае нас; з гэтага й распазнаём духа праўды і духа маны.* Любыя мае! Любем адзін другога, бо любасьць ад Бога ёсьць; і кажны, хто любіць, з Бога народжаны ды знае Бога; а хто ня любіць — не пазнаў Бога, Бог бо ёсьць любасьць. У тым выявілася Божая любасьць да нас, што Бог спаслаў на сьвет адзінароднага Сына свайго, каб мы жылі праз Яго. Любасьць у тым, што ня мы Бога палюбілі, але Ён першы узлюбіў нас і спаслаў свайго Сына дзеля зласкаўоення за грахі нашы. Найдаражэйшыя! Калі нас палюбіў гэтак Бог, дык і мы павінны любіць адзін другога. Бога ніхто ніколі ня бачыў, калі мы ўзаемна любімся, дык Бог прабывае ў нас, і любасьць Яго ў нас ёсьць дасканальная. Што Ён прабывае ў нас, а мы ў Ім, дык гэта пазнаём з таго, што даў нам з Духа Свайго. І мы бачылі ды сьветчым, што Айцец паслаў Сына, Збавіцеля Сьвету. Хто вызнае, што Езус ёсьць Сынам Божым, у тым прабывае Бог, а ён у Богу.* Мы пазналі міласьць, якую мае да нас Бог, ды ўверылі ў яе. Бог ёсьць міласьцю і хто трывае ў міласьці, ў Богу трывае, а Бог трывае ў ім. Міласьць Бога з намі датаго дасканаліцца, што мы маем надзею на дзень суду, бо які Ён, гэткія й мы ў гэтым сьвеце. У любасьці няма боязі, дасканальная любасьць выганяе боязь, яна бо наводзіць прыгнобу; хто баіцца, той у любасьці ня ёсьць дасканальны.* Мы восьжа любім Бога, бо Ён першы ўмілаваў нас. Каліб хто казаў, што любіць Бога, а брата свайго ненавідзеўбы, той ілгун; бо той, хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, якжа можа Бога любіць, Якога ня бачыць? І мы гэткае прыказанне маем ад Бога: каб хто любіць Яго, любіў і брата свайго.
Кажны, хто верыць, што Езус ёсьць Хрыстусам, з Бога радзіўся; і кажны, хто любіць Радзіўшага, любіць і зь Яго народжанага. З таго пазнаём, што любім дзяцей Божых, калі Бога любім ды выконваем Ягоныя прыказанні; бо-ж любасьць да Бога — гэта й ёсьць спаўнянне прыказанняў Яго; а Ягоныя прыказанні не цяжкія.* Усё бо з Бога народжанае перамагае сьвет; а перамогай, паканаўшай сьвет, ёсьць вера наша. Бо хтож паконывае сьвет, як ня той, каторы верыць, што Езус Хрыстус ёсьць Сынам Божым? Той самы Езус Хрыстус, што прыйшоў праз воду, праз кроў і праз Духа ; не ў вадзе толькі, але ў вадзе й крыві; а Дух сьветчыць аб Ім, бо Дух ёсьць праўдай. Трох бо сьветчаць на небе; Айцец, Слова й Дух Святы; і гэныя трох ёсьць адно. І тры сьветчаць на зямлі; дух, вада і кроў; і гэтыя тры ёсьць адно.* Калі мы прыймаем сьветчанне людзкое, дык сьветчанне Божае — большае, бо гэта ёсьць сьветчанне Божае, якім Бог сьветчыць аб сваім Сыне. Хто ў Божага Сына верыць, мае Божае пасьветчанне ў сабе; хто ня верыць Сыну, прадстаўляе Яго лгарскім, бо ня уверыў у сьветчанне, якім Бог пасьветчыў аб Сыне сваім. Гэнае сьветчанне ў тым, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, а тое жыцьцё ў Ягоным Сыне. Хто мае Сына, мае жыцьцё, а хто ня мае Сына Божага, ня мае жыцьця. Гэта напісаў я вам, каб ведалі, што маеце жыцьцё вечнае вы, веручыя ў імя Сына Божага. Надзея-ж, якую да Яго маем, ёсьць у тым, што калі згодна зь Ягонай воляй чаго папросім, выслухае нас; а як ведаем, што нас выслухоўвае, калі чаго, дык ведаем, што атрымоўваем прошанае ад Яго. Хто бачыць брата свайго, які грэшыць не на сьмерць, то хай просіць, і Ён дасьць жыцьцё грэшачаму не на сьмерць. Ёсьць грэх наводзячы сьмерць, дык не за такога кажу маліцца.* Кажная нягоднасьць грахом ёсьць, але — грахом не на сьмерць. Мы ведаем, што кажны народжаны з Бога ня грэшыць*, але — дзеля нараджэння з Бога — сьцеражэ сябе і злыдзень ня сьмее крануць яго. Мы ведаем, што мы з Бога, а цэлы сьвет агорнуты злом.* Ведаем такжа, што прыйшоў Сын Божы і даў нам розум, каб пазналі Бога праўдзівага ды былі ў праўдзівым Сыне Ягоным. Ён ёсьць праўдзівым Богам і жыцьцём вечным.* Сыночкі, высьцерагайцеся хвальшывых багоў. Амэн.