Библия › Татарыновіч › 2 Пятра

2 Пятра

Сымон Пётр, слуга й апостал Езуса Хрыстуса — тым, што прынялі роўнацэнную з намі веру праз апраўданне Бога нашага й Збавіцеля Езуса Хрыстуса.* Прасьвяда вам і супакой хай прымножыцца праз пазнанне Бога і Хрыстуса Езуса Ўсеспадара нашага. Як сіла ягоная абдарыла нас усім тым, што патрэбнае да пабожнага жыцьця, даючы пазнаць таго, каторы нас паклікаў собскай славай і цнотай якія нас абагацілі велічнымі абяцаннямі стацца празь іх удзельнікамі Божай натуры, ухінуўшыся ад похатнага сапсуцьця ў сьвеце,* то і вы, не шкадуйце ўсякіх старанняў грунтаваць вашу веру на цноце, цноту на развазе, развагу на паўстрымнасьці, паўстрымнасьць на цярплівасьці, цярплівасьць на пабожнасьці, пабожнасьць на браталюбсьцьве, браталюбства на любасьці (Бога). Вось гэта ўсё калі ў вас ёсьць і-то паддастаткам, дык вы не астанецеся бязьдзейнымі й бескарыснымі ў пазанні Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса; а ў каго няма гэтага, той сьляпы, недабачваючы забыўся аб ачышчэнні старых сваіх грахоў. Дзеля гэтага старайцеся, браткі, добрымі ўчынкамі што-раз болей апэўніваць пакліканне й выбранне вашае; гэтак паступаючы, ніколі ня згрэшыце.* Гэткім чынам ушчодрыцца вам уваход у вечнае Валадарства Ўсеспадара нашага й Збавіцеля Езуса Хрыстуса. Таму-то я ніколі не перастану аб гэтым напамінаць вам, хоць вы й ведаеце гэта ды уцьверджаны ў гэтай праўдзе. Лічу маім абавязкам — пакуль знаходжуся ў гэтай будыніне (цела)* — пабуджаць вас напамінам, будучы пэўным, што хутка пакіну маю будыніну, як і Госпад наш Езус Хрыстус выявіў мне (Ян. 21:18−19).* Але буду старацца, каб вы і пасьля майго адыходу маглі заўсёды прыпамінаць сабе гэтыя рэчы. Мы бо вам спавясьцілі моц і прыйсьцё Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса не з хітравыдуманых басьняў, а з аглядання собскімі вачыма ягонай велічы. Бо-ж як ён атрымоўваў ад Бога Айца чэсьць і хвалу ў зыйходзячым на яго з чароўнай (воблачнай) глёрыі голасе: «Гэты ёсьць Сын мой улюблёны, ў якім мая мілаўпадоба, яго слухайце» (Мг. 17:5), дык мы той голас зь неба чулі, будучы на сьвятой гары.* Дый маем мацнейшу мову прароцкую і вы добра робіце, што зьвяртаецеся да яе як да сьветача, зіяючага ў цёмным месцы, пакуль не разаднее ды ня ўзойдзе зараніца ў сэрцах вашых; толькіж памятайце перш-за-ўсё аб тым, што ніякага прароцтва ў Пісанні ня можна выкладаць самавольна. Бо ня людзкою воляю прароцтва было калісь спавяшчана, але Духам Святым натхнёныя мужы Божыя яго пераказвалі.*

Былі хвальш-прарокі ў народзе, як і ў вас будуць вучыцялі-лгуны, якія ўвядуць гэрэтыцкія сэкты і, адцураўшыся Збавіцеля іх адкупіўшага, натрочаць на сябе хуткую загубу. І многія пойдуць сьлядамі іхняй распушчанасьці, празь іх і шлях праўды будзе абэшчаны.* Ў сваёй заграбучасьці яны лавіцьмуць вас лісьлівымі славамі, але прысуд ім даўно гатовы і загуба іх не абміне. Бо калі зграшыўшых анелаў Бог не пашчадзіў, а зьвязаўшы путамі пякельнае цемры каральнае, аддаў захаваць іх на суд;* калі не пашкадаваў першабытнага сьвету, а ўхаваў толькі самавосьмага Ноя, спавесьніка праўды, наводзячы патоп на бязбоязны Бога сьвет;* ды калі гарады Садомцаў і Гоморцаў, асудзіўшы на разбурэнне, абярнуў у попел на показ будучым бязбожнікам; а справядліўца Лёта, прыгнечанага сужыцьцём з людзьмі разбуянае распусты, выбавіў, (гэты бо праведнік, жывучы між імі й штодня відзячы ды чуючы нягодныя паступкі, мучыўся ў сваёй справядлівай душы), дык знача ведае Бог, як выбаўляць пабожных ад спакушання, а нягоднікаў захоўваць да суднага дня на кару; асабліва тых, якія ў нячыстай пажадлівасьці служаць целу, а верхаўладай пагарджаюць, самахвальскіх нахабнікаў, што адважваюцца ганьбячыя анелаў сэкты ўводзіць;* тады як анелы, хоць большыя магуцтвам і сілай, не ппадымаюць на іх прад Богам дакараючага суду. Яны, як неразумныя жывёла, празначаная з натуры свае на ўлоў ды на ўбой, бэсьцяць тое, чаго не разумеюць і ў бэстыяльсьцьве сваім выгінуць, дастануць адплату за буянства. Бясстыднікі й паскуднікі — штодзенную насалоду адураючаю роскашшу яны ўважаюць за шчасьце, банкетуючы з вамі; вочы іхнія заўсёды поўныя грэшнай похаці й прывабы для падатных душ, а сэрцы гатовыя да нажывы — гэта сыны пракляцьця. Зыйшоўшы з простага шляху, яны зблудзілі, падаўшыся ў сьляды Балаама, сына Босора, які пагнаўся на неправедны подкуп,* але быў зганены за свой праступак: бязмовая асьліца ў ярме, прагаварыўшы, людзкім голасам, утамавала дур прарока (Ліч. 22:23−24). Гэта крыніцы бязводныя, аблокі бурай ганяныя: іх чакае чорная хмара вечнай цемрадзі. Прамаўляючы бо надутымі й пустымі славамі, яны вабяць у распусную похатнасьць цела тых, што недаўна толькі адхінуліся ад занураных у блудзе; суляць ім свабоду, самы будучы рабамі гнілля; хто бо кім пераможаны, той таму й раб. Бо-ж калі, ўцёкшы ад брыды сьвету праз пазнане Ўсеспадара й Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса, зноў уцялёпкваюцца ў яе, дык апошнія рэчы іх горшыя за першыя. Лепш былоб ім не пазнаваць шляху праведнасьці, чым, пазнаўшыць адвярнуцца назад ад пераданага ім сьвятога прыказання.* Але на іх спраўджаецца надта дарэчная прыказка: сабака вяртаецца да сваіх рыготаў, а вымытая сьвіньня — да свайго балота.

Гэта ўжо вось другі ліст пішу вам, умілаваныя; у вадным і другім жадаю падбадзёрыць чыстыя думкі вашыя, прыпамінайчы, каб вы не зацерлі ў сваёй памяці раней сказаныя словы Прарокаў ды пераданую вашымі Апосталамі запавесьць. Ўсеспадара й Збавіцеля нашага.* Тое перадусім ведайце, што ў вапошніх днях выступяць з кпінамі насьмявальнікі, ведзеныя сваёю похатнаю трасцаю, і пытацімуць: Дзеж тое запавешчанне й прыйсьцё яго? Адкалі бо сталі ўміраць айцы, ўсё гэтак застаецца, як ад пачатку стварэння. Так гадаючыя ня ведаюць таго, што словам Божым неба і зямля калісь з вады і праз воду паўсталі, таму і загінуў тагдышні сьвет, затоплены вадою. А сянняшнія нябёсы й зямля, тымжа словам (Божым) утрымліваныя, захоўваюцца для вагню на дзень суду і загубы людзей бязбожных.* Ды тое не павінна быць тайнае вам, умілаваныя, што ў Бога адзін дзень, як тысяча гадоў, а тысяча гадоў дзень адзін (Пс. 89:5). Не марудзіць Бог у зьдзейсьнені свайго абяцаньня, як некаторым марудзтвам здаецца, калі абходзіцца з вамі доўгацярпліва, ня хочучы каго загубіць, але давясьці да каяння. Дзень-жа Госпадаў прыйдзе, як злодзей ноччу, прамінуць тады нябёсы з гвалтоўным шумам, стыхіі ад жары растопяцца, згарыць і зямля з усімі творамі на ёй.* Калі вось гэтак усёчыста мае рухнуць, то якіміж павінны быць у сьвятым сужывецтве й пабожнасьці вы, прагна чакаючыя прыйсьця дня Божага, ў якім пламянеючае неба разрухнецца, а стыхіі разжараныя счануць? Мы-ж водле ягонага абяцання — чакаем новага неба й новае зямлі, на якіх зажыве праўда. Таму, найдаражэйшыя, чакаючы гэтага, старайцеся зьявіцца прад ім неапаганенымі й бязьвіннымі ды ў згодзе, а паўстрымнасьць Божу уважайце за збаўленне, як і найдаражэйшы брат наш Павал, дзякуючы атрыманай мудрасьці пісаў вам (Рым. 2:4),* ды як і ў ва ўсіх лістох аб гэтым гавора, ў якіх ёсьць дзе-што й цяжказразумелае і людзі недавучаныя ці неастоістыя выкрыўляюць гэта, як і другія Пісанні, на сваю загубу.* Вы-ж, дарагіе, аб гэтым ужо спапярэджаныя, сьцеражэцеся, каб не апанадзіцца маною самадураў ды не адпасьці ад свае стойкасьці, але ўзрастаць у ласцы й пазнані Усеспадара і Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса. Яму хвала і цяпер і ў дзень вечнасьці. Амэн.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.