Библия › Татарыновіч › 1 Пятра
Пётр Апостал Езуса Хрыстуса прыбышом, расьцярушаным у Понце, Галяцыі, Кападоцыі, Азіі й Бітыніі, выбраным водля праведы Бога Айца, для пасьвяцін Духа, для послуху й акроплення крывёй Езуса Хрыстуса: ласка і супакой у вас хай памножацца.* Багаслаўлёны Бог і Айцец Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса, што зь вялікага міласэрдзя свайго адрадзіў нас к жывой надзеі згробуўстаннем Езуса Хрыстуса (Кор. 1:3), на нетлую няткнённую плямай і нявянучую спадчыну, ў небе захаваную вам, сілаю Божаю сьцеражоным празь веру для збаўлення, гатовага аб’явіцца ў вапошняй часіне.* З гэтага цешцеся, крыху цяпер патужыўшы, калі трэба, ад розных спакусаў, каб выпрабаванне веры вашай, шмат каштаўнейшай за гібнучае, хоць і вагнём прабаванае, золата аказалася на хвалу і чэсьць і славу ў аб’яве Езуса Хрыстуса, якога, ня бачыўшы, любіце і ў якога, не аглядаючы, верыце, а веручы будзеце радавацца нявымоўнаю і слаўлёнаю радасьцю, дасягаючы мэты вашай веры: збаўлення душ. Таго збаўлення, аб якім дапытваліся й гадалі прарокі, запавяшчаючыя будучую ў вас ласку, дасьцейваючыя на каторы або на які час меціў у іх дух Хрыстовы, прадвяшчаючы цярпенні Хрыстуса й за імі сьледуючую славу; каторым было аб’яўлена, што не самым сабе, але вам выконывалі паслугу запавесьці выглашанага цяпер праз прапаведваўшых Эванэлію Духам Сьвятым, зь неба зысланым, у што й Анёлы жадаюць пранікнуць.* Падперазаўшы восьжа паясьніцы розуму вашага, бадзёрцеся й шчыра спадзявайцеся на падаваную вам ласку ў аб’яўленні Езуса Хрыстуса. Як паслухмяныя дзеці, ня кіруйцеся вашымі ранейшымі похацямі няведы вашай; але за прыкладам паклікаўшага вас Сьвятога, будзьце й самы сьвятымі ў ва ўсіх дачыненях; напісана бо : Будзьце сьвятымі, бо-ж Я сьвяты ёсьць (Із. 19:2). І калі Айцом завяце Таго, Каторы судзіць ня водля мілапозірку, а водля дзела кажнага, дык із боязьзю праводзіць вандраванне вашае; ведаючы, што не сярабром і золатам тлелым вы адкуплены ад нікчомага жыцьця, пераказанага вам бацькамі, але найдаражэйшаю крывёю Хрыстуса, як прачыстага, няткнёнага плямаю ягняці, прадугледжанага шчэ да стварэння сьвету, а зьявіўшагася ў вапошніх часах для вас, уверыўшых празь Яго ў Бога, Які збудзіў Яго зь мяртвых і даў яму славу, каб вы мелі веру й надзею на Бога. Ачысьціўшы душы вашыя ў послусе праўдзе праз Духа, ў братняй любасьці шчырай, любеце адзін другога заўсёды з чыстага сэрца, як адроджаныя ня з тлелага насення, але зь нетлі, з Божага слова, жывога й трываючага навекі. Бо ўсякае цела — бы трава, а ўсякая слава чалавека, моў травяны цьвет: засохла трава і цьвет ейны апаў (Экл. 14:8; Із. 40:6−8; Як. 1:10); слова-ж Госпадава трывае навекі. А гэта й ёсьць тое слова, якое вам абвешчана.
Зарокшыся, восьжа, ўсякае злосьці, ўсякага хітрунства й крывадушнасьці ды завісьці, ўсякага ліхамоўства, як сьвежанароджаныя немаўлята чыстаслоўнага малака пажадайце, каб ад яго ўзрасьці вам на збаўленне; вы бо скаштавалі, як салодкі ёсьць Госпад (Пс. 33:9). Прыступаючы к Яму, жывому каменю, 30людзьмі адкіненаму, але Богам выбранаму й цэненаму, і самі вы будуецеся на ім як жывые каменні ў дом духоўны, сьвятое сьвятарства, каб узносіць Богу мілыя праз Езуса Хрыстуса ахвяры. Бо ў Пісанні сказана: Вось кладу на Сыоне крайвуглавы камень, выбраны, цэнны; і хто ў яго ўверыць, не асароміцца (Із. 28:16). дык вось, Ён для вас, веручых, цэннасьць, а для няверучых — камень, будаўнікамі адкінены, але стаўшыся галавою вугла (Пс. 117:22), камень спатыку і скала бянтэгі тым, што паткаюцца аб слова, ня веручы таму на што і пастаўлены. Але вы — род выбраны, ўладарскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі набытыя, каб абвяшчалі дасканальнасьці таго, каторы паклікаў вас із цемры ў чароўнае сьвятло сваё (Із. 43:20); вы, што калісь ня былі народам, а цяпер народ Божы, калісь нямілаваныя, а цяпер міласэрдзя удастоеныя. Мае дарагія, прашу вас, як прыбышоў і падарожных, паўстрымоўвайцеся ад пожадзяў цела, што бурацца проці душы (Гал. 5:16); і трымайцеся годна ў сужыцьці з паганамі, каб яны за ачарнянне вас як злыдняў, з бачаных у вас добрых паступкаў, хвалілі Бога ў дзень наведзінаў. Будзьце, восьжа, падданымі ўсякай уладзе людзкой, дзеля Бога: ці то каралю, як верхаводзячай уладзе, ці пасланым празь яго намесьнікам (князём) для карання праступнікаў, а заахвоты дабро дзеючых; такая бо воля Божая, каб вы робячы дабро, затыкалі вусны невуцтву бязглуздых людзей, як вольныя, але не як засланяючыя воляй зло, толькі як слугі Божыя.* Усіх паважайце, брацкасьць любеце, Бога бойцеся, караля ганаруйце. Слугі, будзьце зь ветлай боязьзю паслухмянымі гаспадаром, ня толькі добрым і лагодным, але і прыкрым. Тое бо, калі хто з думкаю аб Богу зносіць гора, церпячы несправядліва, ёсьць мілым Богу. Бо штож за слава, калі вы церпіце, як вас б’юць па твары за праступкі? Толькі калі цярпецімеце робячы дабро, дык гэта будзе ласкай у Бога. Натое-ж вы пакліканы, бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб і вы йшлі па сьлядох ягоных. А ён-жа граху ня ўчыніў, ані здрада не апынілася на вуснах ягоных (Із. 53:9); калі Яго зьняважалі, не адузаемняўся зьнявагай, калі цярпеў, не праклінаў, але здаваўся на Таго, Хто судзіць справядліва. Ён сам у целе сваім занёс грахі нашы на дрэва (крыжа), каб мы умёршы для граху, жылі для справядлівасьці. Крывёй (ран) яго аздароўлены (Із. 53:12). Бо-ж вы былі як авечкі блукаючыя, але цяпер вярнуліся да пастыра і біскупа душ вашых (Із. 4−6).
Таксама і вы жанкі будзьце адданымі сваім мужом, каб навет тые зь іх, што ня вераць слову (Эванэліі), сужыцьцём жонак сваіх здабываныя былі бяз слова, гледзячы на вашае чыстае богабаязнае паступанне. Ня моднае укладанне валос, не абвешванне сябе золатам ці вынайдаванымі ўборамі, хай вас ухарашае, але — высокавартасная прад Богам — чалавечная сэрдэчнасьць сукрытая у ненарушна-спакойным і лагодным духу.* Гэтак-жа прыхарашалі сябе калісь і сьвятыя, на Бога надзейныя, жанчыны, мужом сваім падданыя. Так Сара паслушная была Абрагаму, спадаром яго называючы, а вы стаяцеся ейнымі дочкамі, калі дабро дзееце, не пачуваючыся прымушанымі. Такжа і вы мужы ў разумным сужыцьці з жаночай слабейшай натурай, аказвайце ім пашану як суспадкаемніцам жыцьцяласкі, каб ня было вам перашкодаў у малітвах. Урэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спачуваючыя, браталюбныя, міласэрныя, пакорныя; не адплачвайце злом за зло, ані зьнявагай за зьнявагу, а наадварот — багаслаўце, вы бо на тое пакліканы, каб багаслаўленства унасьледзіць. Бо хто хоча жыцьцё любіць ды шчасьлівыя дні аглядаць, хай паўстрымлівае свой язык і вусны ад благое мовы; хай староніць ад благога, а дабро творыць, хай шукае згоды й да яе імкнецца; бо вочы Госпада над праведнымі, а вушы — над малітвамі іхнімі, абліччаж Госпадава — супроць злыдняў (Пс. 33:13−17). І хтож зробіць вам злошкоднасьць, калі вы будзеце рупіцца аб дабры? Каліб і пацярпець давялося за праўду, дык вы шчасьлівыя. Ня бойцеся пагрозаў і ня журэцеся. Хрыста Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых будзьце гатовы заўсёды кажнаму, вымагаючаму ад вас апраўдання вашай жыцьцянадзейнасьці, даць адказ;* але з багавейнай лагоднасьцю, маючы добрае сумленне, каб злыдзеньствам, якім вас чэрняць, былі асаромлены тыя, хто ганіць вашае добрае жыцьцё ў Хрыстусе. Лепш бо цярпець, добра паступаючы, калі такая воля Божая, чым — блага; і Хрыстус-жа памёр за нашы грахі, справядлівець за несправядлівых, каб нас прывясьці к Богу; усьмерчаны целам, але ажылы духам (Рымл. 5:6; Жыд.), навет і прабываючым у цямніцы духом зыйшоў прапаведваць.* Калісь былі гэта духі няверныя, што за часаў Ноя пры будове Аркі — ў якой ледзь восем асоб ад вады ўратавалася — надужывалі Божую цярплівасьць.* Гэтая вада і вас сяння збаўляе праз хрост, які сабой запавяшчала, не абмыцьцём цялеснага бруду, але праз абяцанне Богу добрага сумлення, згробуўстаннем Езуса Хрыстуса,* Які — перамогшы сьмерць, каб зрабіць нас спадкаемнікамі жыцьця вечнага — ўзыйшоў у неба й сядзіць праваруч Бога-Айца, паддаўшы сабе анёлы і ўлады і сілы.
Дык вось, калі Хрыстус цярпеў за нас целам, то і вы узбройцеся тоюж думкай, хто бо целам цярпіць, перастае грашыць, каб рэшту быцьця ў целе ўжо не для похацяў чалавечых жыць, але для волі Божай.* Даволі бо ўжо было мінулага часу для насычэння паганскай жадобы тым, што бадзяліся ў бэстыяльскай распусьце, п’янстве, абжорстве й нясуразным балванахвальстве; таму-то яны й дзівяцца, што не квапіцеся занурацца зь імі ў балоце распусты, ды языком бэсьцяць вас;* але незабаўна адкажуць перад Тым, што мае прыйсьці судзіць жывых і мяртвых. Натое-ж бо і для мяртвых была аглашаная Эванэлія, каб яны асуджаныя водля свае чалавецкасьці ў целе, жылі водля Бога ў Духу.* Дый блізкі канец усяму. Будзьце, восьжа, агляднымі ды не драмеце — малецеся.* А больш за ўсё майце шчырую любасьць адзін да другога, любасьць бо шмат грахоў прысланяе (Прып. 10:12).* Адны другім без нарокаў будзьце гасьціннымі, прыслужнымі, кажны водля атрыманага дару — як добрыя разьмяркоўнікі шматякіх ласкаў Божых. Калі гаворыць хто — гавары як словы Божыя; прыслужвае хто — служы па сіле з праканання, што яе Бог дае, каб славіўся Ён праз Езуса Хрыстуса, Якоу хвала і сіла на вякі вечныя. Амэн. Найдаражэйшыя, ня будзьце неабытымі з гартуючым вас агнём спакусы, бы зь нечым дзівосным здарыўшымся вам;* але, будучы супольнікамі Хрыстовых цярпенняў, радуйцеся, каб і тады, як аб’явіцца хвала, ягона, радаваліся й весяліліся. Калі вас бэсьцяць за імя Хрыстусава, дык шчасце вам, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас. Абы толькі хто з вас не цярпеў як забойца, ці як злыдзень, або злодзей і пасягаючы на чужое; а калі — як хрысьціянін, дык ня стыдзіся, але хвалі Бога за гэткае ймя. Прышла бо пара, каб начаўся суд ад Божага дому; калі-ж перш — ад нас, то якіж канец будзе тых, што не пакараюцца Божай Эванэліі?* Бо калі праведнік ледзьве збавіцца, то бязбожнік і грэшнік дзе акажуцца? Дык і церпячыя з Божай волі хай праз добрыя учынкі паручаюць душу сваю вернаму Стварыцелю.*
Старшых* сярод вас вельмі прашу я, такжа старшы і сьветка мукі Хрыстуса ды супольнік тае хвалы, што мае аб’явіцца: пасеце статак Божы, што пры вас, наглядаючы за ім ня з прынукі, але ахвоча для Бога ды не дзеля агіднай нажывы, а з чыстай шчырасьці волі; і не пануючы над клерам, але даючы добры прыклад аўчарні; калі-ж з’явіцца князь пастыраў, атрымаеце невянучы вянок славы. Такжа і вы малодшыя будзьце паслухмянымі старшым. Дый усе аказывайце пакорнасьць адны другім, Бог бо пышным супраціўляецца, а пакорным ласку дае. Скарэцеся, восьжа, пад моцную руку Божую, каб у сваім часе ўзвысіў вас, здайце на Яго ўсе вашыя турботы, Ён бо турбуецца аб вас. Цвярозымі будзьце й не драмеце, праціўнік бо ваш, дзьябал, бы леў рыклівы кружыць, шукаючы кагог зжэрці; процістаўцеся яму цьвёрдаю вераю, памятаючы, што гэткаяж грозная дакуда суправаджае і вашу братву на сьвеце. А Бог усялякае ласкі, які паклікаў нас да вечнае хвалы свае ў Хрыстусе, хай вас, крыху прыцярпеўшых, удасканаліць, угрунтуе, падмацуе. Яму хвала і сіла на вякі вечныя. Амэн. Гэта вось коратка напісаў я вам праз Сыльвана*, вернага — думаю — брата, каб упэўніцьвас ды заахвоціць, што ёсьць праўдзівая тая ласка Божая, ў якой вы трываеце. Вітае вас выбраная з вамі эклезія ў Бабілёне* ды Марак, мой сын. Паздароўцеся ўзаемна сьвятым цалункам*. Супакой вам усім у Езусе Хрыстусе. Амэн.