Библия › Татарыновіч › Якуба

Якуба

Якуб слуга Бога і Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса дванаццаці пакаленням, што знайходзяцца ў расцярушэнні, прывет. Лічэце сабе за вялікую радасьць, браты мае, калі рожныя спакусы* вас агорнуць, ведаючы, што дазнанне веры вашай творыць вытрываласьць; а вытрываласьць гэта дзеля дасканалячае, каб вы былі поўнадасканальнымі без ніякіх недахопаў. І калі хто з вас патрабуе мудрасьці* няхай просіць у Бога, шчодра даючага без дакораў, і дасцца яму. Але хай просіць зь вераю бязь ценю сумніву; хто бо сумняваецца, падобны марской хвалі, ветрам падыманай ды ганянай. Гэткі чалавек хай не спадзяецца атрымаць што ад Бога. Двудушны муж хісткі ёсьць на ўсіх шляхох сваіх. Хай ганарыцца брат пакорны* высокасьцю сваёю; а багаты — сваёю нізкасьцю, праміне бо як той квет на траве: узыйдзе сонца, настане сьпека, высушыць траву і квет ападае, краса выгляду ягонага нікне; так вяне і багаты на сваіх шляхох. Шчасьлівы муж, які вытрымоўвае спакусу, бо-ж калі быў выпрабаваны, атрымае вянец жыцьця, які абяцаў Бог Любячым Яго. Ніхто ў спакусе* хай не кажа: Бог мяне спакушае; Бог бо не спакушаецца злом і Сам нікога ня кусіць. Але кажны спакушаецца поцягам і прывабай свае похаці. Похаць-жа, зачаўшы, родзіць грэх; а грэх дакананы родзіць сьмерць. Дык не манеце сабе, браты найдаражэйшыя: ўсякае найлепшае дарэнне і ўсякі дасканальны дар* згары ёсьць, зыйходзіць ад Айца сьвятла, ў якога няма зьменнасьці ані ценю перамены; з уласнае бо волі радзіў нас словам праўды, каб мы былі нейкім начаткам яго стварэння*. Вы гэта ведаеце, браты мае мілыя. Хай, восьжа, кажны чалавек хуткі будзе да слухання, а спавольны да гутаркі й спавольны да гневу*. Гнеў бо да справядлівасці Божай ня спрычыняецца. Таму, адкінуўшы ўсялякую нечысьць ды лішнюю злосьць, з лагоднасьцю прыймайце ўсеванае слова, могучае збавіць вашыя душы. Будзьце выканальнікамі слова, а не слухачамі толькі, ашукваючымі сябе. Бо калі хто слухае слова ды ня выконвае, той падобны да чалавека, што прызіраецца ў люстры прыроднаму абліччу: ён азірнуў сябе і адыйшоў ды зараз забыўся, якім быў. А хтоб пранік дасканалы закон вольнасьці* ды вытрываў быў ім, ня слухачом забудчывым стаўшыся, але выканальнікам дзела, той шчасьлівы будзе ў чыне сваім. Каліж хто думае, што ён пабожны, ня сутрымоўваючы языка свайго, але абласучваючы сэрца сваё, таго пабожнасьць пустая*. Чыстай і беззаганнай перад Богам і Айцом ёсьць тая пабожнасьць: каб вясьці догляд сірат і ўдоваў, а сябе ўсьцярэгчы неапаганеным ад гэтага сьвету.

Браты мае, майце веру ў Езуса Хрыстуса нашага Усеспадара славы не дзеля асобы. Бо каліб на вашае зыбранне ўвайшоў чалавек із залатым персьценем*, багата адзеты, ды ўвайшоўбы й бедны ўбога адзеты; і вы звярнулі б увагу на пышна адзетага, кажучы яму: «Садзіся выгодна вось тут», а беднаму сказалі б: «А ты пастой там, або прысядзь вось тут ля ног маіх». Дык, ціж ня робіце рожніц між сабою ды ці не сталіся судзьдзямі з благімі думкамі? Слухайце, браткі мае дарагіе: ціж ня бедных на гэтым сьвеце Бог выбраў быць багатымі вераю й спадкаемнікамі валадарства, якое абяцаў Ён любячым Яго? А вы зьняхаілі беднага. Ціж не багатыя прыгнятаюць вас ды ці не цягаюць па судох? Ціж не яны бясчэсьцяць добрае імя, якім вы называецеся? Калі аднак спаўняеце закон улады водля Пісання: «Любі бліжняга твайго, як сябе самога»* (Параліп. 1:17), добра робіце. Калі-ж аглядаецеся на асобы, робіце грэх, і сам Закон асуджае вас як праступнікаў. Кажны бо хто трымаецца ўсяго Закону, а згрэшыць у вадным чымнебудзь, стаецца вінаватым у ва ўсім. Той бо, каторы сказаў: «Ня чужалож» сказаў і «Не забівай» (Прлп. 5:17); дык калі ня чужаложыш, але заб’еш, стаешся нарушыцелем Закону. Так гаварэце й так паступаеце, як тыя, што маюць быць суджаныя законам волі. Бо таго, хто не аказаў міласэрдзя, спаткае суд без міласэрдзя; міласэрдзе-ж узвышаецца над судом. Што за карысьць, браты мае, хтоб гаварыў, што ён мае веру, а учынкаўбы ня меў, Ціж (гэткая) вера* маглаб яго збавіць. І калі брат ці сястра ня меліб у што адзецца ды патрабаваліб штодзеннай стравы, а хтонебудзь з вас ім сказаўбы: «Ідзеце ў супакоі абагрэйцеся й насыціцеся» ды не даўбы ім таго, што неабходнае целу, дык якая былаб карысьць, Гэтак і вера, калі ня мае чынкаў, сама па сабе мярцьвіня. Але скажа мо хто: Ты маеш веру, а я маю ўчынкі; пакажы мне веру тваю бяз учынкаў, а я табе пакажу веру маю з учынкаў. Ты верыш, што ёсьць Бог адзін — добра робіш; алеж і чэрці вераць ды дрыжаць. Ці хочаш ведаць, чалавеча нікчомы, што вера без учынкаў ёсьць мяртвай? Ціж ня учынкамі апраўдаўся Абрагам, айцец наш, ахвяруючы на аўтары сына свайго Ізаака? Відзіш як вера судзейнічала з ягонымі учынкамі, і дзякуючы учынкам вера ўдасканалілася. І збылося Пісанне, кажучае: Уверыў Абрагам Богу і палічана гэта яму ў апраўданасьць (Быцьцё 15:6) і названа яго Божым прыяцелем. Бачыце, як учынкі апраўдваюць чалавека, а не сама толькі вера. Гэтак і Рагаб, распусьніца, ціж ня учынкамі апраўдалася, прыняўшы запасочнікаў і адправіўшы іх іншай дарогай (Ёз. 2:4; Жыд. 11:31)? як цела бо бяз духа ёсьць мяртвае, так і вера бяз учынкаў мяртвая.

Браты мае, не квапцеся многія быць вучыцелямі, ведаючы, што большы дастанеце асуд; усе бо мы шмат грэшым. Хто ў слове без пахібу, той дасканальны чалавек, могучы акілзаць і ўсё цела. Калі ўкладаем коням цуглі ў рот, каб былі паваднейшыя, дык і цэлым корпусам іхнім кіруем. А караблі вунь якія вялікія ды сібернымі бурамі ганяныя, адыж кіруюцца маленькім стырном куды хоча стырнік. Гэтак і язык — малы гэта цялеш, а шмат робіць. Бач, як маленькі агонь, а лясы падпальвае. І язык-жа — агонь, усёзлыбяднік. Язык так устаўлены між нашымі чэлесамі, што можа апаганьваць усё цела, ўспалымяючы круг нашага жыцьця, сам запалены ґэгэннай; усякую прыроду зьвяроў і птушак, гадаў і марскіх жывёлаў можна ўтамаваць і чалавек іх утамаваў; а вось языка ніхто з людзей утамаваць ня можа, гэта неакілзанае зло, поўнае сьмерцяноснага яду. Ім хвалім Бога й Айца і ім-жа праклінаем людзей, створаных на Божую падобу. З тых самых вуснаў выйходзіць багаслаўленства і праклён. Не павінна гэтак быць, браты мае. Ціж з таго самага горла крыніцы цячэ вада салодкая і горкая?* Ціж можа, браты мае, фіговае дрэва радзіць вінаград, або вінная лаза фігі? Такжа сама й салянка (салодная крыніца) даваць салодкую ваду. Хто з вас мудры і разважны*? Хай пакажа гэта на дзеле добрымі паводзінамі, мудрай лагоднасьцю. Бо калі горкую завісьць ды калатлівасьць у вашых сэрцах маеце, дык не хвалецеся й ня будзьце лгунамі проці праўды; гэта бо ня ёсьць мудрасьць зыйходзячая з-гары, але зямная, жывёльная, дзьяблава; дзе бо завісьць і сваркі, там бязладзьдзе й ліхадзейства. А вось мудрасьць з узвышша ёсьць перадусім чыстая, далей — згодлівая, скромная, ўступлівая, поўная міласэрдзя і добрых пладоў, бесстаронная ды някрывадушная. Плод-жа справядлівасьці ў супакоі засяваецца тымі, што супакой твораць.

Адкуль-жа войны й ростыркі між вамі? Ці ня стуль: з прыжадлівасьцяў вашых, што буяняць у чэлесах вашых?* Пажадаеце, а ня маеце; забіваеце й завідуеце, ды ня можаце асягнуць; сварыцеся й б’ецеся, а ня маеце таму, што не дамагаецеся. Просіце й не атрымліваеце, бо блага просіце: каб стравіць у вашых похацях. Блудадзейнікі, няўжо ня ведаеце, што прыязьнь гэтага сьвету ёсьць варожая Богу? Хто вось-жа хацеўбы прыязьніцца з гэтым сьветам, стаецца ворагам Бога.* ціж, думаеце, надарма Пісанне гавора: «аж да запаздросьлівасьці любіць дух, што ў вас жыве»? Але тым-большую дае ласку; таму й сказана: «Бог пышным працівіцца, а пакорным дае ласку» (Прып. 3:34). паддавайцеся тады Богу, а супраціўляйцеся дзьяблу, дык уцячэ ад вас. Прыбліжайцеся да Бога, а прыблізіцца да вас. Ахайце рукі, грэшнікі, ачысьцьце сэрцы двудушнікі. Скрушэцеся, плачце і сумуйце, сьмех ваш у журбу хай абернецца, а радасьць у жаль. Супакорцеся перад Богам, а узвышыць вас. Не абражайце, браты, адзін другога. Хто абражае ці асуджае свайго брата, то абражае й судзіць закон, то ты ня выканальнік закону, а судзьдзя. Адзін ёсьць заканадаўча й судзьдзя, які можа загубіць і выбавіць. А хтож ты, што судзіш бліжняга? Вось вы цяпер кажаце: «Сяння, або заўтра пойдзем да таго-там места, пражывём год і будзем гандляваць ды зарабляць» — вы, якія ня ведаеце, што будзе ўзаўтра; што бо такое вашае жыцьцё? Пара, што на хвілінку зьяўляецца ды гіне. Умест таго каб сказаць: «Калі Бог пазволіць», або: «калі жывы будзем, зробім тое ці сёе», вы надута самаўпэўніваецеся. Такое ўсякае пустахвальства — гэта ганьба. Вось-жа — грэх таму, хто ўмее рабіць дабро, а ня робіць.

Плачце восьжа, багацеі, не ацягайцеся, галасіце над вашымі злыбедамі, што прыйходзяць на вас.* Вашае багацьце збуцьвела, а шаты моль стачыла. Золата й серабро вашае сацьмела, а іхні грышпан будзе на вас сьветчыць і мой агонь стравіць вашае цела. Прыспасалі сабе гневу на апошнія дні.* Ось заработак жанцоў з вашых палёў затрыманы адзываецца й голас іх дайшоў да Усеспадара нябесных сіл. Раскашаваліся вы на зямлі і ў збытках упасьвілі сэрцы вашыя, моў на убой. Вы засудзілі й забілі справядлівага, а ня супраціўляліся вам.* Дык цярплівымі будзьце, браты, аж да прыйсьця Госпада. Як земляроб вычэквае дарагога плоду цярпліва пакуль атрымае дождж ранні ды пазьнейшы.* Таму цярплівымі будзьце і вы, мацуючы сэрцы вашыя, прыйсьцё Госпада недалёкае.* Не маракуйце, браты мае, адзін на другога, каб ня быць асуджанымі; судзьдзя вось за дзьвярыма стаіць. За прыклад зыйсьця злыбядаў, трудоў і цярплівасьці вазьмеце, браты мае, прарокаў, што прамаўлялі ў імя Божае. Мы вось беатыфікуем вытрываўшых. Чулі аб цярплівасьці Гёба і канец ад Бога відзелі, Бог бо літасьцівы і міласэрны.* Дык перш за ўсё, браты мае, не клянецеся ні небам, ні зямлёю, ці якою іншаю прысягаю, а хай вашая мова будзе: «так, так — не, не», каб не падпалі пад суд.* Сумуе хто з вас? Няхай моліцца; весела каму? Хай пяе псалмы. Занядужаў хто з вас, хай пакліча прэзбытэраў Эклезіі ды хай моляцца над ім, намашчаюччы яго ў імя Божае алеем,* і малітва веры аздаровіць немачнага, а калі меў грахі, будуць яму адпушчаны. (Ап. Дз. 28:8).* прызнавайцеся адзін перад другім у праступках і малецеся адзін за другога, каб збавіцца, шмат бо памагае натужная малітва. Гальяш быў чалавек падобны нам, падлеглы цярпенню, а як малітваю памаліўся, каб ня было дажджу на зямлі, дык і ня было праз тры годы й шэсьць месяцаў. (ІІІ Кн. Кар. 17−18).* ды зноў памаліўся, й неба спусьціла дождж, а зямля выдала свой плод. Браты мае, каліб хто з вас зблукаў ад праўды, а нехта навярнуўбы яго, хай ведае — хто навяртае грэшніка з блуднай дарогі, выбаўляе душу ягоную ад сьмерці й мноства грахоў пакрывае.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.