Библия › Татарыновіч › 1 да карынтыян
Павал, пакліканы воляй Божай Апостал Езуса Хрыстуса, і брат Состэн — да Божай эклезіі ў Карынце, асьвячоным у Хрыстусе Езусе пакліканым сьвятым з усімі ўзываючыміна кожным месцы імя Езуса Хрыстуса Усеспадара іхняга й нашага: Ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса. Заўсёды дзякую Богу майму за вас, дзеля Божае ласкі, данай вам у Хрыстусе Езусе; у Ім бо вы ўсім абагаціліся — ўсякім словам ды ўсякай ведай, згодна з сьветчаннем Хрыстовым, уцьверджаным сярод вас; так што вы ня маеце ніякай нястачы ласкі ў чаканні зьяўлення Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, які і ўмацуе вас да канца, каб былі беззаганнымі ў дзень прыйсьця Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса. Верны ёсьць Бог, празь якога вы пакліканы да суспольства зь Яго Сынам Езусам Хрыстусам Усеспадарам нашым. Малю вас, браты, у імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса — будзьце згоднамоўнымі ў ва ўсім, каб ня было разладу між вамі, а — дасканальнае аднадумства й аднадушнасьць. Дайшло бо да майго ведама праз дамаўнікоў Хлоя аб вас, браты мае, што між вамі вядуцца спрэчкі; маю на думцы тое, што кажны ў вас аб сабе гадае: Я — Паўлавы, а я — Аполляў, я-ж — Цэфасавы, а вось я, дык — Хрыстовы (Ап. Дз. 18:24). Няўжэ Хрыстус разьдзяліўся? Няўжэ Павал быў за вас укрыжаваны? Або ў імя Паўлава ахрышчаны вы? Дзякую Богу, што нікога з вас не ахрысьціў, апрача Крыспа і Гая, каб не казаў хто, што вы ў маё імя ахрышчаны. Ахрысьціў я і дом Сцяпанавы; а больш ня ведаю, ці яшчэ хрысьціў каго. Хрыстус бо ня хрысьціць паслаў мяне, а — эвангелізаваць, і-то ня мудравальным словам, каб не засьціць бач, крыжа Хрыстовага. Бо навука аб крыжы — гэта для гібельнікаў глупасьць, а для нас збаўляючыхся — гэта моц Божая. Напісана бо: загублю мудрасьць мудрацоў і роздум празорных адрыну (Із. 29:14). Дзеж бо мудрэц? Дзе вучоны? Дзе дасьледнік сьвету гэтага? Ціж не абярнуў Бог мудрошчы гэтага сьвету ў бязглузьдзе? (Із. 33:18). Калі бо сьвет сваёю мудрасьцю не пазнаў Бога, дык Богу даўспадобна было глупствам прапаведніцтва веручых збавіць. Як дэйцы дамагаюцца цудаў, а Грэкі шукаюць мудрасьці, то мы прапаведваем Хрыстуса ўкрыжаванага, што ёсьць для Юдэйцаў ганьбай, а для паганцаў нясуразіцай, для самых-жа пакліканых Юдэйцаў і Грэкаў — Хрыстуса: моц Божую ды прамудрасьць Божую; тое бо, што нямудрае ў Бога — мудрэйшае зя людзей, і немачнае Божае — мацнейшае за людзей. Прыгледзьцеся, браты, хто вы, пакліканыя: ня шмат з вас мудрых целам, ня шмат магутных, ня шмат дабрародных; але Бог выбраў нямудрае сьвету, каб асароміць магутных; і нявыдатнае й пагарджанае сьветам Бог выбраў, ды тое нікчомае, чаго ня было, каб унівечыць былое; дзеля таго, каб ніводнае цела не чваінлася перад Богам. З Яго і вы ў Хрыстусе Езусе, які стаўся нам мудрасьцю ад Бога і ўсправядліўленнем, і ўсьвячаннем, і адкупленнем, каб як напісана: Хто хваліцца, ў Богу хай хваліцца (Ер. 9:23).
І я калі прыйшоў да вас, браты, дык ня высокамоўствам, ці мудрасьцяй прыйшоў вясьціць вам сьветчанне аб Хрыстусе; бо-ж не мяркаваў сабе ўмець што між вамі, апрача Езуса Хрыстуса і-то ўкрыжаванага. Быў я у вас немачным з дрыготнай боязьзю; і мова ды прапаведванне маё ня былі ў праконваючых словах мудрасьці, а — ў выяўленні сілы духа, каб вера ваша мацавалася ня мудрасьцю людзкою, але сілаю Божаю. Між дасканальнымі то весьцім і мудрасьць, але ня мудрасьць гэтага сьвету, ці ніклых князёў ягоных, толькі прамудрасьць Божую тайнічную, сукрытую, катору празначыў Бог спрадвеку для хвалы нашае, якое не спазнаў ніхто з валадароў гэтага веку, бо каліб спазналі, Усеўладцу хвалы, не укрыжаваліб. Але, як напісана: Чаго вока не аглядала, ні вуха ня чула, ані сэрца чалавеча не прачула — тое Бог прыгатаваў Яго любячым (Із. 64:4). А нам Бог адкрыў праз Духа Свайго, Дух бо ўсё пранікае, навет глыбіні Божыя. Хтож бо з людзей ведае што ў чалавеку, як ня дух людзкі ў ім? Гэтаксама й таго, што ў Богу ёсьць, ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага. А мы-ж атрымалі ня духа сьвету, але Духа, што з Бога ёсьць, каб ведаць, чым абдарыў нас Бог праз сваю ласку; тамуж вось і гаворым аб гэтым не славамі, якіх навучыла нас людзкая мудрасьць, але такімі, якіх вучыць нас Дух: праз духа кемячы духовае. Чалавек бо жывёльны ня кеміць таго, што паходзіць з Божага Духа, яму глупствам здаецца тое, чаго ня можа зрузумець, бо гэта можна сьцяміць толькі духова. Духоўныж разьбіраецца ва ўсім, а вось сам празь нікога ня бывае разуметы; Хто бо спазнаў думку Госпада, каб навучыў яго? А мы думку Хрыстову ведаем (Рым. 11:34).
І я ня мог да вас, браты, гаварыць як да духовых, але да цялесных, як да немаўлят у Хрыстусе. Я малаком паіў вас, а не ядою карміў, бо вы былі яшчэ кволыя дый цяпер ня ў сілах, яшчэ бо цялесныя вы. Як між вамі зайдрасьць і ростырка, дык ці вы не цялесныя й не паступаеце чыста па-чалавечаму? Калі бо адзін кажа: Я Паўлавы, а другі: Я Апольлявы, то ціж не цялесныя вы? Бо кімжа ёсьць Апольлё, ці Павал — Слугамі, празь якіх вы уверылі, і-то як каму Бог даў. Я садзіў, Апольлё паліваў, але ўзрасьціў Бог; так што — ні той, хто садзіць, ні той, хто палівае чымсьці ёсьць, а хто росьціць — Бог. І хто садзіць, і хто палівае — адно ёсьць, але кажны зь іх сваю заплату атрымае; мы бо супрацоўнікі Божыя, а вы — ніва Божая, будоўля Божа. Я з данай мне Божай ласкі, як дазнаны будаўнічы, заснаваў фундамант, а іншы на ім будуе; кажныж хай уважае, як будуе. Ніхто бо ня можа залажыць іншы фундамант, акром ужо заложанага, якім зьяўляецца Хрыстус. А ці хто будуе на гэтым фундаманце з золата, ці срэбра, ці дарагіх каменьняў, з дрэва, а на’т сена, ці саломы — работа кажнага выявіцца: дзень Госпадаў пакажа, бо-ж аб’явіцца ў вагні й агонь выпрабуе дзеля кажнага, якім яно ёсьць. І чыё дзеля астоіцца, той атрымае заплату; а чыё — згарыць, той меціме шкоду; сам аднак збавіцца ды так, якбы праз агонь. Няўжэ таго ня ведаеце, што вы набожняй зьяўляецеся ды што Дух Божы ў вас прабывае? Каліж хто набожню разбурае, загубіць яго Бог; бо-ж набожня ёсьць сьвятая, гэтаж бо — вы. Ніхто хай сябе ня зводзіць! Як між вамі каму здаецца быць мудрым на гэтым сьвеце, хай станецца скромным каб зрабіцца мудрым; мудрасьць бо гэтага сьвету — дурната перад Богам; напісана-ж: Лаўлю мудрых іхнімі хітрунствамі (Гёб 5:13). Або такжа: Ведае Госпад подумкі мудрых, што — нікчомыя (Пс. 93:11). Ніхто восьжа хай ня хваліцца людзьмі; ўсё бо — вашае: ці Павал, ці Апольлё, ці Цэфас; сьвет, жыцьцё, ці сьмерць; тое, што ёсьць і тое, што будзе — ўсё вашае; вы-ж — Хрыстусавы, а Хрыстус — Богавы.
Гэтак вось хай кажны ўважае нас за Хрыстусавых слуг і гаспадаруючых над Божымі тайніцамі; ад гаспадаруючых-жа вымагаецца, каб кажны аказаўся верным. Для мяне то гэта малаважнае як буду суджаны праз вас, ці людзкі асуд, бо й сам сябе ня суджу. Да нічога бо не пачуваюся, хоць гэтым не усправядліўляюся — Госпад маім судзьдзёю. Дык ня судзеце перадчасна, пакуль ня прыйдзе Госпад і не асьветліць скрытага ў цемры ды ня выявіць задумаў сэрц; і тады кажнаму пахвала будзе ад Бога. Браты, гэта дамяркоўваў я да сябе й Апольляга дзеля вас, каб вы на нас вучыліся ня мудраваць больш за тое, што напісана ды не надумаліся пыхаю, выносячыся адзін над другім. Хто бо цябе адзначвае? Што ты маеш, чагоб не атрымаў? Калі-ж атрымаў, нашто выхваляешся так, якбы не атрымаў? Вы ўжо насычаны, ўжо разбагацелі, князюеце без нас, каб-жа й князявалі, ды мы з вамі князяваць маглі! Я бо ўсё думаю, што Бог нас Апосталаў паставіў апошнімі (з-пасярод людзей), моў асуджэнцаў на сьмерць, дыкжа мы сталіся відовішчам для сьвету, для анёлаў і для людзей. Мы неразумныя дзеля Хрыстуса, а вы мудрыя ў Хрыстусе; мы немачныя, а вы дужыя; вы ў чэсьці, а мы ў ганьбе. Аж да гэтай пары мы і лакнем, і смагнем, і нагату зносім, і пабоі, і туляньне, і мазоль, самаруч зарабляючы; бэсьцяць нас, а мы дабраспрыяннем адплачваем; робяць напасьць, а мы цярпліва зносім; ганьбяць нас, а мы зь любасьцю адпрашваемся; мы сталіся моў сьмецьцем гэтага сьвету, гідасьцю ўсім аж дагэтуль. Не каб насароміць вас пішу гэта, але каб даць вам, як дзецям маім найдаражэйшым, напамін. Бо хоцьбы вы мелі ў Хрыстусе ўзгадаваўцаў тысячы, то айцоў — ня шмат; я бо ў Хрыстусе Езусе стаўся айцом вашым праз Эванэлію. Дык прашуж вас: будзьце маімі пасьцежнікамі, як я — Хрыстусавы. Таму я й паслаў вам Тымотэя, майго вернага й найдаражэйшага ў Богу сына, ён напомніць вам шляхі мае ў Хрыстусе Езусе, як вучу скрозь у кажнай набожні. Гэтак некаторыя з вас заганарыліся, як быццамбы я ня меў прыйсьці ўжо да вас; але я незабаўна к вам прыйду, калі Бог пазволіць, і разузнаю ня словы ганарыстых, а актыўнасьць; бо валадарства Божае ня ў слове, а ў чыне. Чаго хочаце: прыйсьці к вам з рознаю, сі зь любасьцю й духам лагоднасьці?
Чутно незапярэчна аб распусьце у вас, ды такой распусьце, якое навет і між паганамі ня чувана: што нехта мае жонку бацькі свайго. І вы напышніліся, ўместа жалобай акрыцца, каб выключыць з-паміж сябе таго, хто дапусьціўся гэткага ўчынку. Я то — хоць ня быў прысутны ў вас целам, а толькі духам — ужо асудзіў такога праступніка, якбы й прысутна: на вашым, у імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, зыбранні лучна з маім духам, моцаю Усеспадара нашага Езуса, выдаць гэткага на загубу цела шатану, каб дух быў збаўлёны ў дзень Госпадавы! Няма чым хваліцца вам! Ціж ня ведаеце, што крошка закісі ўсё цеста заквашвае? Дык вычысьцьце старую закваску, каб сталіся новай рошчынай, вы-ж бо бесквасыя; бо Пасха наша — ахвяраваны Хрыстус. Сьвяткуйма восьжа не ў старой заквасцы, ані ў кісьлі негадзі й крывадушша, але ў праснакох чыстасьці і праўды. Я ў лісьце пісаў вам: ня мець зносінаў з распусьнікамі, — не наагул з распусьнікамі гэтага сьвету, ні скупцамі, ані грабежнікамі, ці ідалапаклоннікамі, бо давялосяб хіба зыйсьці з гэтага сьвету; — але я пісаў вам ня мець лучнасьці з такімі, хто называючыся братам, астаецца распусьнікам, скупяньдзёю, балванахвальцам, пляткаром, ці п’яніцай, або грабежнікам — з гэткімі дык навет і ня есьці разам. Бо якое мне дзела да тых, што вонках нас? Ці ня тых і вы судзцес што сярод вас? Тых бо, што остарань нас, Бог судзіціме. Выкіньце благое з-пасярод вас!
Ці сьмее хто з вас, маючы справу з другім, судзіцца перад нявернымі, саміж перад сьвятымі? Няўжэ ня ведаеце, што сьвятыя будуць сьвет судзіць? А калі вы маеце судзіць куды меншыя справы? Хіба ня ведаеце, што будзем судзіць Анёлаў? Наколькіж болей — справы сьвецкія? А вы, судзячыся аб жыцьцёвых справах, ставіце сваімі судзьдзямі ня маючых павагі ў эклезіі. На сорам вам кажу гэта! Няўжэ няма між вамі каго разумнага, што могбы рассуджваць між братамі сваімі? А-то брат з братам судзіцца ды шчэ й перад няверцамі. Ужо й тое паніжаюча для вас, што вы наагул судзіцеся між сабою. Чамуб вам не аставацца лепш ужэ пакрыўджанымі? Чамуб лепей не цярпець шкоды? Вы-ж, наадварот, самі крыўдзіце й абдзіраеце, і-то братоў. Ці ня ведаеце, што несправядлівыя валадарства Божага не ўнасьледзяць? Не манеце сабе: ані распусьнікі, ані балванаверцы, ані чужаложнікік, ані разнузданыя, ані садомцы, ані зладзеі, ані прагавітыя, ані п’яніцы, ні зламоўцы, ані грабежнікі — валадарства Божага не ўнасьледзяць. І гэткімі былі некаторыя з вас; але ўжо абмытыя, але асьвенчаныя, але усправядліўленыя ў імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса і ў Духу Бога нашага. «Усё мне можна,» — але ня ўсё карыснае; «усё мне можна», — але нічога не павінна мною валадаць. Яда для жывата, а жывот для яды; але Бог зьністожыць і адно і другое. Цела-ж не для распусты, але для Усеспадара, а Усеспадар для цела. Бог-жа і Усеспадара быў з гробу падняў, ды й нас падыме моцай сваёю. Ціж ня ведаеце, што целы вашыя — гэта чэлесы Хрыстуса? Узяўшы тады чэлесы Хрыстуса, зраблю іх чэлесамі блудніцы? Ніколі! Хіба ня ведаеце, што хто суспаляецца з блудніцай, ёсьць адным целам зь ёю? Сказана бо: Двоя будуць у вадным целе (Быць. 2:24). А хто суспаляецца з Усяспадарам, ёсьць із Ім адным духам. Уцякайце ад распусты! Усякі грэх, якога дапускаецца чалавек, ёсьць по-за целам; але хто дапускаецца распусты, грэшыць проціў свайго цела. Ціж ня ведаеце, што цела ваша ёсьць сьвятыняй Духа Сьвятога, Якога маеце ад Бога, і вы — не свае (Кар. 6:16). Бо вы куплены за высокую цану. Хвалеце, восьжа, і насеце Бога ў целе вашым!
А датычна таго, аб чым пісалі вы мне, дык добра чалавеку не закранаць жанчыны; але, з увагі на распусту, кажны хай мае сваю жонку й кажная хай мае свайго мужа. Муж няхай аддае жонцы належнае, таксама і жонка — мужу. Жонка ня мае ўлады над сваім целам, але — муж; гэтак сама й муж ня мае ўлады над сваім целам, толькі — жонка. Ня ўхіляйцеся адно ад другога, хіба толькі з узаемазгодаю, да часц, каб аддацца маліцьве; потым зноў зыходзьцеся разам, каб шатан не спакушаў вас праз непаўстрымнасьць вашу. Гавару гэта як раду, а не як наказ. Бо хацеўбы, каб усе людзі былі, як і я, але кажны мае свой дар ад Бога: адзін — так, а другі — гэтак. Нежанатым-жа і ўдовам кажу: добра былоб, каб трывалі, як я; а каліб не маглі паўстрымацца, няхай жэняцца; бо лепш ажаніцца, чым разьярвацца. Тым-жа, што жывуць у жанімсьцьве, загадваю не я, але Госпад: каб жонка не адлучалася ад мужа. А каліб разлучылася, павінна аставацца бяз мужа, або пагадзіцца з мужам сваім; такжа муж — хай не пакідае жонкі. Іншым-жа кажу я, а не Госпад: калі хто з братоў мае жонку нехрысьціянку й яна згаджаецца зь ім жыць, то хай яе не пакідае; і жонка, што мае няверучага мужа ды ён згаджаецца зь ёю жыць, няхай яго ня кідае; бо няверны муж асьвянчаецца ў жонцы і жонка няверучая асьвянчаецца ў мужу; інакш — дзеці вашыя быліб нячыстыя, а цяпер яны сьвятыя. Калі-ж няверны хацеўбы адыйсьці, няхай адыйходзіць; брат ці сястра ў гэткіх выпадках ня зьвязаны; а Бог паклікаў вас да згоды. Скуль бо ты, жонка, ведаеш, ці ня збавіш мужа? Або скуль ты, мужу, ведаеш ці ня збавіш жонкі? Хай толькі кажны паступае так, як Бог яму празначыў і да чаго паклікаў. Гэтак я навучаю і па ўсіх эклезіях. Пакліканы хто абразаным, ня скрывайся; пакліканы хто неабразаным, то й не абразайся. Абразанне бо ці неабразанне — гэта нічогасьць; уся справа — ў выкананьні Божых прыказанняў. Кажны хай трывае ў тым, у чым быў пакліканы. Быў ты пакліканы нявольнікам — ня журыся; а як можаш стацца вольным, дык карыстай з гэтага. Бо хто ў Богу пакліканы за свайго няволіцтва, той стаўся вызвольнікам Божым; таксама як нявольнікам Хрыстусавым стаецца той, хто пакліканы, будучы вольным. Вы куплены дарагою цаною, дык не рабецеся нявольнікамі людзей. Хай кажны, браты, перад Богам у тым стане трывае, ў якім быў пакліканы. Адноснаж дзявоцтва, то наказу ад Усеспадара ня маю, а даю раду, як той, хто з Божае ласкі годзен даверу. Лічу восьжа, што, дзеля турботнай ростыркі, лепш чалавеку быць так. А зьвязаны ты з жонкаю? Ня шукай разводу. Разьвязаўся з жонкаю? Ня шукай жонкі. Каліжбы й ажаніўся, ня згрэшыш; і каліб дзяўчына выйшла замуж, ня згрэшыць; гэткія аднак для цела будуць мець гора; а мне шкада вас. Ды кажу вам тое, браты: час ужо кароткі, так што маючыя жонак, хай жывуць, якбы іх ня мелі; і тыя, што плачуць, якбы й не плакалі; а што вяселяцца, якбы й не весяліліся; ды што купляюць, якбы ня маючыя; і выкарыстваючыя сьвет гэты, якбы не карыстаючыя, прамінае бо вобраз сьвету гэтага. А я хочу, каб вы былі бястурботнымі. Хто нежанаты, клапоціцца аб тым, што Божае, як дагадзіць Богу; а жанаты клапоціцца аб сьвецкае, як дагадзіць жонцы; ён у разладзе. І жанчына незамужная й дзявіца турбуецца аб тым, што Божае, каб быць сьвятою целам і душою; а замужная клапоціцца аб справах сьвецкіх, як падабацца мужу. Кажу гэта вам на вашу карысьць, не каб накінуць вам путы, але каб вы прыстойна і бесперашкодна трымаліся Бога. А калі хто ўважае за нягожае для свае дзяўчыны (дачкі), каб яна, перацьвіўшы, так і асталася, дык няхай робіць, як хоча, ня згрэшыць, хай выходзіць замуж. Але хто непарушна цьвёрды ў сэрцы сваім і ня зьвязаны патрэбай, але маючы ўладу над сваёю воляй, наважыўся ў сваім сэрцы захаваць дзявочасьць, той добра робіць. Таму вось, хто аддае замуж, робіць добра, а хто не аддае, робіць яшчэ лепей. Жонка зьвязаная законам дакуль жыве ейны муж; а як памрэ муж, можа выйсьці за каго хоча, абы толькі пабожаму. Аднак шчасьлівейшаю будзе, калі вытрывае водле мае рады; а думаю, што і я маю Духа Божага.
А што да таго бажком ахвяроўванага, то ведаем; бо-ж усе маем веду; хоць веда надымае, а любасьць будуе. Каму здаваласяб, што ён нешта ведае, дык той яшчэ не знае, як ведаць яму трэба але як хто любіць Бога, таму дана ад Яго веда. Восьжа датычна ахвяроўванага бажком мяса мы ведаем, што бажок гэта нікчомасьць на сьвеце ды што няма іншага, апрача Бога Адзінага. А хоць і ёсьць гэтак званыя бажкі, ці-то ў небе, ці на зямлі (бо-ж многа багоў і многа паноў) — то для нас існуе толькі адзіны Бог Айцец, ад якога ўсё, а мы ад Яго; ды адзін Усеспадар Езус Хрыстус, празь якога сталася ўсё, і мы празь Яго. Але ня ўсе маюць гэткую сьведамасьць, некаторыя і дагэтуль з сумленнем бажкоў прызнаючым спажываюць ім ахвяраванае, ганьбячы гэтым немачнае сумленне. Яда ня збліжае нас да Бога: бо анінам прыбывае што, як ямо, ані ня ўбывае, як не ямо. Аднакжа сьцеражэцеся, каб гэтая вашая свабода не сталася лдя слабых спакусаю. Бо каліб хто ўбачыў асьвечанага за сталом у паганскай бажніцы, дык ціж слабкае сумленне ягонае ня хінецца такжа есьці балванаахвяры? І ад асьвячонасьці твае загіне твой брат, за якога памёр Хрыстус. Грэшачы так проці братвы, ранячы іх слабасьведамасьць, вы грэшыце і проці Хрыстуса. Дык калі яда надзіць майго брата, павек ня буду есьці мяса, каб не спакушаць брата майго.
Ціж ня ёсьць я вольны? Ці я не Апостал? Ня відзеў Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага? Ды ціж ня мой мазоль вы ў Богу? Калі для іншых я не Апостал, то для вас аднак Апостал, вы бо доказ майго апостальства ў Богу. Вось мая абарона перад тымі, што судзяць мяне: няўжэ мы ня маем права есьці і піць? Або мы ня маем права вясьці з сабою жанчыну, сястру, як і другія Апосталы й браты Усеспадаравы ды Кэфас? Ці мо толькі мне і Барнабе ня можна не працаваць? Хто калі ўласным коштам хадзіў у паход? Хто садзіць вінаграднік ды ня есьць пладоў яго? Або хто пасе статак ды ня жывіцца малаком статку? Ці толькі палюдзку гавару гэта? Ціж і Закон не кажа гэтага? Дык-жа ў Законе Майжэша напісана: Не завязвай роту валу малоцячаму (Паўт Пр. 25:4) Ці тут аб валох турбуецца Бог? Ці канечне дзеля нас гэта гавора? Бо-ж дзеля нас напісана: араты павінен з надзеяй араць, а малацільнік — малаціць з надзеяй атрымання з умалоту спадзяванага. Калі мы пасеялі ў вас духовае, дык штож вялікага, як пажнём у вас цялеснае? Калі іншыя маюць у вас уладу, дык тым-болей чамуб ня мы? Аднак мы не карысталі з гэтага права, але цярпімо ўсё, каб ня спрычыніць якой перапоны Хрыстусавай Эванэліі. Ціж няведаеце, што сьвятарачыя із сьвятыні жывяцца, а пры аўтары служачыя з аўтара частку маюць? Гэтак і Госпад загадаў тым, што Эванэлію абвяшчаюць, з Эванэліі і жыць. Але я нічога не выкарыстваў з гэтага й напісаў вось гэта не натое, каб так са мною было; мне бо лягчэй умерці, чым каб хто ударэмніў славу маю. Бо абвяшчанне Эванэліі ня ёсьць мне прычынай славы, калі гэта зьяўляецца неабходнасьцю: гора мне, як Эванэліі не прапаведваўбы; калі раблю гэта ўласнавольна, маю нагароду; каліж недабравольна, — выконваю толькі умоўленае паручэнне. Дык жа штож тады мне нагарода? За тое, што абвяшчаючы Эванэлію, падаю дабравесьць аб Хрыстусе дарма, ня выкарыстваючы права майго ў Эванэліі. Будучы ад усіх вольным, я стаўся слугою ўсім, каб прыдбаць іх болей: для Юдэеў я стаўся як Юдэй, каб здабыць іх; для тых, што пад законам, я быў моў падзаконны — хоць пад законам ня быў — каб прыяднаць падзаконных; для тых, што былі без закону — як беззаконны, (хоць ня быў бяз Божага Закону, але ў Законе Хрыстуса), каб прыцягнуць тых беззаконных. Для немачных я быў моў немачны, каб здабыць і немачных. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб усіх збавіць. А ўсё гэта раблю для Эванэліі, каб стацца ейным удзейнікам. Ціж ня ведаеце, што бягучыя на перагонках то ўсе бягуць, але нагароду дастае адзін? Дык бяжэцеж так, каб дастаць. А кажны змагар ад усяго паўстрымоўваецца: яны, каб здабыць вянец нікчомы, а мы — нетлы. Таму вось я й бягу не як навосьлеп, вяду кулачны бой не як куксаючы толькі паветра, але ўтаймоўваючы ды ўпаслушняю цела маё, каб навучаючы другіх, сам ня стаўся зганьбеным.
Ня хочу, браты, пакінуць вас у няведанні, што бацькі вашы былі пад хмараю, ды ўсе прайшлі праз мора; і ўсе хрысьціліся ў Майжэшу, ў хмары ды ў моры; і ўсе спажывалі тую самую пажыву духовую; ды ўсе пілі тое самае пітво духоўнае, пілі бо з духоўнае скалы, што йшла за імі, а скалою быў Хрыстус. Аднак шмат ізь іх ня былі Богу даўспадобнымі, таму й заслалі пустыню (Ліч. 26:64). былі гэта прыклады ў перасьцярогу нам, каб мы гэтак не пажадалі благога, як пажадалі яны; каб не рабіліся балванахвальцамі, як некаторыя зь іх, водле напісанага: Засеў народ есьці й піць ды паўстаў гуляць (Выйсь. 32:6). Ня будземжа й распуставаць, як некаторыя зь іх распуставалі, і ў вадзін дзень лягло іх дваццаць тры тысячы (Ліч. 25:1−10). Не спакушайма Хрыстуса, як некаторыя зь іх спакушалі дый ад гадаўя пагінулі (Ліч. 21:6). Ані не наракайце, як некаторыя зь іх наракалі дый загінулі з рукі пагубніка (Ліч. 14:37). Усё гэта дзеелася зь імі дзеля прыкладу на будучыню, і напісана дзеля перасьцярогі нас, дажыўшых паўнаты вякоў. Калі, восьжа, каму здаецца, што ён стаіць — глядзі, каб не ўпаў. Вас яшчэ не спасьцігла спакуса панад сілу людзкую; Бог бо верны і не дапусьціць спакусы звыш пераможнасьці вашай, але разам з пакусаю дасьць вам магату вытрымаць. Таму-то, найдаражэйшыя мае, уцякайце ад балванапаклонства. Кажу вам гэта, як разумным; самы зьмяркуйце, што гавару: кіліх дабраслаўленства, які дабраславім, ціж ня ёсьць суспаленнем з Крывёй Хрыстуса? І хлеб, які ломім, ціж ня ёсьць спалучэннем з Целам Хрыстуса? Таму, што адзін хлеб, мы многія становім адно цела, праз тое, што ўсе мы бяром удзел у вадным хлебе (жывячыся ім). Гляньце на Ізраэля водле цела: ціж тыя, што спажываюць з ахвяр, ня ёсьць суспольнікамі аўтара? Што гэтым хочу сказаць? Ці тое, што балванаахвяра ёсьць нечым, або — што балван-бажок той нейкая важнасьць? Не! але — тое, што пагане калі ахвяроўваюць, дык нячысьцікам, а ня Богу ахвяроўваюць. А я ня хочу, каб вы былі супольнікамі нячысьцікаў. Ня можаце піць кіліха Ўсеспадара й кіліха дэмана: ня можаце быць удзейнікамі стала Ўсеспадара й стала чортавага. Ціж будзем гнявіць Госпада? Няўжэ мы мацнейшыя за Яго? Усё мне можна, да ня ўсё карысна; усё мне можна, але ня ўсё будуе. Ніхто хай ня шукае карысьці яго, але — бліжняга свайго. Ешце ўсё, што ў мясьніцу прыходзіць, бязь лішняга распытвання дзеля сумлення; Божая бо зямля і ўсё, што яе напаўняе (Пс. 23:1). Калі хто зь няверных запрашае вас і вы схочаце пайсьці, дык ешце ўсё, што пададуць вам, ня выпытваючы для супакою сумлення. Але, як хто скажа вам: «Гэта было ахвяроўвана бажком», ня ешце — з увагі на таго, хто перасьцярог вас ды дзеля супакою сумлення; пра сумленне кажу не тваё, але другога; чаму бо чужое сумленне мелаб судзіць маю свабоду? Калі я з падзякаю спажываю, то чамуб мяне ганьбаваць за тое, за што дзякую? Дык ці ясьце, ці п’яце, сі што іншае робіце, ўсё на хвалу Божую рабеце. Ня будзьце прычынаю згоршання ні Юдэям, ні паганам, ні Божай Эклезіі; як і я дагаджаю ўсім у-ва ўсім, ня шукаючы для сябе карысьці, але для многіх, каб былі збаўлёнымі.
Будзьце пасьлядоўнікамі маімі, як я Хрыстусавы. Хвалю вас, браты, што ўсё маё памятаеце ды трымаецеся маіх павучэнняў так, як перадаў я вам. І хочу, каб вы ведалі, што кажнаму мужчыне галава Хрыстус, а жанчыне галава мужчына, Хрыстусу-ж галава Бог. Кажны мужчына, што моліцца зь ненакрытаю галавою, ганьбіць сваю галаву. А кажная жанчына, што моліцца зь ненакрытаю галавою, ганьбіць сваю галаву; гэта бо тое самае, якбы яна была абголеная; бо калі жанчына не накрывае галавы, дык няхай стрыжэцца; а калі ёй сорамна стрыгчыся, ці галіцца, хай накрываецца. Мужчыне ня сьлед накрываць галаву, ён бо вобраз і слава Бога, а жанчына — слава мужчыны; бо ня мужчына ад жанчыны, але жанчына ад мужчыны; і ня мужчына створаны для жанчыны, а жанчына для мужчыны. Таму-то жанчына й павінна мець на галаве знак падуладнасьці, дзеля Анёлаў. Аднак у Богу ні мужчына без жанчыны, ні жанчына без мужчыны; бо як жанчына з мужчыны, так мужчына праз жанчыну; а ўсё — ад Бога. Падумайце самы: ціж прыстоіць жанчыне маліцца Богу зь ненакрытай галавою? Ціж сама натура ня вучыць вас, што калі мужчына запускае валасы, дык брыдка яму; а як жанчына запускае доўгія валасы, дык для яе гэта чэсьць, ёй бо валасы на прыкрыцьцё даныя. А каліб хто меў ахвоту спрачацца, то мы ня маем гэтага звычаю, ані такжа Божая Эклезія. Робячы вам гэтыя заўвагі, я не магу пахваліць вас затое, што зьбіраецеся не на лепшае, але на горшае. Перадусім бо — чую — што як зыходзіцеся ў набожні, паўстае між вамі разлад, і гэтаму крыху веру; бо мусяць быць рожнадумствы, каб выявіліся між вамі выпрабаваныя. Вашы сходзіны ня ёсьць ужо спажываннем Вячэры Усеспадаравай; кажны бо хапаецца наўперад спажыць сваю вячэру й адзін бывае галодны, а другі падпілы. Ціж ня маеце дамоў, каб есьці й піць? Ці мо ганьбіць хочаце Божую эклезію ды ўпакорваць тых, якія нічога ня маюць? Што сказаць вам? Хваліць вас? За гэта не пахвалю. Я бо ад Самага Усеспадара прыняў ды тое й вам перадаў, што: Усеспадар Езус тае ночы, ў якой быў выданы, ўзяў хлеб, і аддаўшы падзяку, паламаў і сказаў: «Прыймеце і ешце, гэта ёсьць Цела маё, што за вас даецца; гэта рабеце на маю памятку» (Мт. 26:26; Мк. 14:22; Лк. 22:19). Такжа і кіліх па вячэры, кажучы: «Гэты кіліх ёсьць новы запавет у маёй Крыві. Гэта рабеце кажны раз, як будзеце піць на маю памятку». Бо кажны раз як есьцімеце хлеб гэты й піцімеце кіліх, сьмерць Усеспадара зьвяшчаць будзеце, пакуль Сам прыйдзе. Хто, восьжа, спажываўбы гэты хлеб, ці піўбы Усеспадаравы кіліх нягодна, будзе вінаваты за Цела Усеспадара і Кроў. Дык хайжа дасьледвае сябе самога чалавек і гэтак есьць з хлеба таго ды п’е з кіліха таго. Хто бо есьць і п’е нягодна, асуд сабе есьць і п’е, не разрожніваючы Цела Госпада. Ось таму шмат у вас кволых і хворых ды ня мала і ўмірае. А каб мы самы сябе судзілі, дык ня быліб суджаныя. І калі Госпад судзіць нас, Ён тым папраўляе нас, каб ня былі разам із сьветам засуджанымі. Таму вось, браты мае, калі зьбіраецеся есьці, чакайце адзін другога; калі-ж хто галодны, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на засуд. Іншыя справы заладжу, як прыду.
Ня хочу, браты, заняхаіць вас у нясьведамасьці аб духоўных дарах. Вы-ж знаеце, што як былі паганамі, дык цягнула вас нясутрымна да немых бажкоў; вось-жа ведайце: ніхто, прамаўляючы ў Духу Божым ня выскажа анатэмы (выкляцьця на Езуса; і толькі той, хто ёсьць пад уплывам Духа Святога кажа: «Усеспадар Езус». Дары ласкі — розныя, але Дух той самы; і ёсьць рожніцы ў паслугаванні, а Усеспадар (Госпад) той самы; ды ёсьць рожніцы і ў дзейнасьці, але Бог той самы, які дзее ўсё ў-ва ўсіх. Кажнаму даецца выяўленне Духа на карысьць: аднаму даецца праз Духа слова мудрасьці, другому слова веды водле тагож Духа; іншаму вера ў тым-жа Духу, а йшчэ іншаму дар аздараўляння ў тым адзіным Духу; аднаму дар цудадзейства, а другому прароцтва, іншаму распазнаванне духаў, іншаму языкаведзтва, або ўмеласьць тлумачэння моваў. А ўсё гэта даконывае адзін і той самы Дух, самахоць надзяляючы кажнага паасобна. Так як цела ёсьць адно, а частак (чэлесаў) мае шмат і ўсе яны, хоць іх шмат, становяць адно цела — гэтак і Хрыстус. Усе бо мы ахрышчаны адным Духам у вадно цела, ці-то Юдэйцы, ці Грэкі, нявольнікі ці вольныя, і ўсе адным Духам перапоены. Бо і цела ня ёсьць адной часткай (чэлесам), але многімі. Каліб так сказала нага: «Яж ня рука і таму да цела не належу», дык ціж праз гэта і не належыць? І каліб вуха сказала: «Я ня вока, дык да цела не належу», дык няўжо праз гэта й не належыць? Каліб усё цела было вокам, дык дзе слых? Або каліб усё было слых, дык дзеж тады нюх? Алеж Бог разьмяркаваў чэлесы — кажнага зь іх — у целе, як Сам хацеў. І каліб усё было адным чэлесам, дык дзе тады цела? Цяпер-жа чэлесаў шмат, а цела адно. Ня можа сказаць вока руццэ: «Ты непатрэбная мне»; або галава — нагам: «Вы непатрэбныя мне». Бо-ж часткі цела, што здаюцца слабейшымі, шмат патрабнейшыя, і якія ўважаем менш пачэснымі ў целе, тым-большай прыстойнасьцю ахоўваем тыя, што ўходзяць у нас за няпрыстойныя, прыстойныя бо гэтага не патрабуюць: Бог так разьмяркаваў цела, што прыдаў больш увагі тым часткам, якім яе не хапала, каб ня было разладу ў целе, але каб усе часткі аднолькава адна аб другой рупіліся. І як цярпіць адна часьціна, цярпяць зь ёю ўсе часьціны, а калі услаўляецца адна частка, радуюцца зь ёю ўсе часткі. Вы-ж — цела Хрыстуса, а паасобна — часьціны (чэлесы). І адных паставіў Бог у Эклезіі: па-першае Апосталаў, па-другое Прарокаў, па-трэцяе Вучыцялёў: далей — сілы цудадзейныя, аздараўляльныя, дапаможныя, гаспадарныя, моваведныя. А ціж усе Апосталамі? Ці ўсе Прарокамі? Ці ўсе Вучыцелямі? Ці ўсе маюць дар цудадзейскі? Ці дар аздараўляння? Ці ўсе моваведамі? Ці ўсе тлумачамі? Дабівайцеся вышэйшых дараў, а я пакажу вам шлях найвышэйшы.
Хоцьбы я гаварыў мовамі людзей, ці анелаў, а любасьціб ня меў, то я — медзь брынчачая, або цымбал дзынкі. Хоцьбы я меў дар праракавання ды знаў усе тайніцы і ўсякую веду й меў поўную веру так што й горы пераносіўбы, а любасьціб ня меў — я быўбы нічогасьць. І хоцьбы раздаў на пажыву бедным усю сваю маемасьць ды выдаў цела маё так што аж гарэўбы, а любасьціб ня меў, нічога мне гэта не паможа. Любасьць доўгацярплівая, ласкавая; любасьць незавісьлівая, пакасьці ня робіць, ня чваніцца; ня буяніць, свайго ня шукае, злосьці не спаганяе, благога не памышляе; не радуецца з крыўды, а суцяшаецца праўдаю; усё сьцерпіць, усяму верыць, усяго спадзяецца, ўсё ператрывае. Любасьць ніколі ня чэзьне, хоць і прароцтвы занікнуць, мовы замоўкнуць ды веда заняпадзе. Бо мы часткова пазнаём ды часткова й праракуем; калі-ж надыдзе дасканальнае, міне частковае. Як быў я дзіцем, дык гаварыў па-дзіцячаму, думаў па-дзіцячаму, мяркаваў па-дзіцячаму, а як змужэў, дык выжыўся зь дзіцячага. Цяпер мы бачым як у мутлым люстры, наўгад, а тады — тварам у твар; цяпер я пазнаю часткова, а тады пазнаю так, як і сам я пазнаны. Цяпер-жа застаецца вера, надзея і любасьць: гэтыя тры, але найбольшая зь іх любасьць.
Сягайце па любасьць, дабівайцеся духовых дараў, асабліваж — каб праракаваць. Бо хто гаворыць моваю нязнанаю, то ня людзям гаворыць, а Богу, ніхто бо яго не разумее: ён гаворыць духам таёмнае. А хто праракуе, той гаворыць людзям на павучэнне, напамін ці пацяшанне. Хто мовамі гаворыць, той сам сябе павучае, а хто праракуе, той Эклезію Божу будуе. Хочу восьжа, каб гаварылі сабе й мовамі, лепш аднак, каб праракавалі, большы бо той, хто праракуе за таго, хто гавора мовамі, хіба што ён прытым й паясьняўбы, каб эклезія павучэнне мела. А цяпер, браты, каліб я прыйшоў да вас і загаварыў мовамі, якуюж прынёсбы вам карысьць, каліб не паясьніў або аб’яўленнем, або ўмеласьцю, або прароцтвам, ці навукаю? Бо-ж гэтак сама яно і з бяздушнымі рэчамі, што даюць голас: ці-то жалейка, ці гусьлі: калі ня выдаюць із сябе выразнасьці тонаў, дык як распазнаць што граецца на жалейцы, ці гусьлях? І каліб сурма баявая выдавала гук неўпапад, хто пачаўбы рыхтавацца да бою? Гэтак і вы, калі прамаўляеце славамі няўцямнымі, дык як пазнаюць, што вы гаворыце? На вецер гаварыць будзеце. Гэтулькі ўсялякіх моваў на сьвеце, а ніводнае — бяз слоў; але, як я не разумею значэння слоў, дык буду чужынцам для таго, хто гаворыць, а ён будзе чужынцам для мяне. Так вось і вы, калі дбалыя аб дары духовыя, дык абагачаецеся імі на збудаванне Эклезіі. Дзеля гэтага хто гаворыць няведамай мовай, хай моліцца, каб умеў паясьніць. Бо калі малюся незнаёмай мовай, дык хоць дух мой і моліцца, розум астаецца без пажывы. Тады штож — буду маліцца духам, буду маліцца й розумам; піяціму духам, піяціму й розумам. Інакш бо: калі багаславіцімеш духам, то як прысутны прасталюдзін, няведаючы што гаворыш, скажа табе «Амэн» на тваё багаслаўленства? Ты хораша дзякуеш, але другому гэта не ў навуку. Я-то дзякую Богу майму, што гавару мовамі болей за ўсіх вас; але ў набожні я волю сказаць п’яць слоў сваім розумам, каб павучыць і другіх, чым дзесяць тысяч слоў мовай незразумелай. Браты, ня будзьце дзеці разуменнем, на благое то будзьце незмысьлю, а розумам будзьце дасьпелыя. У Законе напісана: Чужымі мовамі ды чужымі вуснамі гаварыціму народу гэтаму, але й так не паслухаюць Мяне — кажа Госпад. (Із. 28:11−12). так што — мовы ёсьць знакам не для веручых, але для няверучых; прароцтвы-ж не для няверучых, але для веручых. Калі восьжа зыйдзецца разам уся Эклезія ды стануць гаварыць рознымі мовамі, а ўвойдуць якіе няведучыя, ці нявернікі, дык ціж ня скажуць, што вы зьбіліся з глузду? А вось калі ўсе праракуюць і ўвойдзе які нявернік, ці несьвядомлены, дык усе пачнуць яго праконываць, ці угаворваць. выяўляючы сукрытасьць сэрца ягонага, і ён ніцам паўшы, паклоніцца Богу ды прызнае, што Бог сапраўды ёсьць між вамі. Тады штож, браты, — як зыйходзіцеся, кажны з вас уносіць або псальм, або дар навучання, аб’яўлення, моваў, тлумачэння: ўсё гэта хай будзе на збудаванне. Калі хто гаворыць незнаёмай мовай, дык гаварэце чародна па-двух, найбольш па-трох; адзін-жа хай паясьняе. А каліб ня было перакладчыка, дык хай маўчыць у набожні, а сабе й Богу гаворыць. І прарокі хай гавораць па-двух, ці трох, рэшта — хай разважаюць. А як каму з сядзячых былоб што аб’яўлена, першы хай маўчыць. Бо ўсе можаце праракаваць паадзіночна, каб усе павучаліся ды ўсе пацяшаліся. Сілы-ж прарочага духа падуладныя прарокам, Бог бо ня ёсьць Богам разладзьдзя, але супакою. Як і па ўсіх набожнях у сьвятых вучу — жанчыны, хай у набожні маўчаць, ім бо не дазволена гаварыць, але падуладнымі быць, як і Закон загадвае (Быць. 3:16). Калі-ж хочуць навучыцца чаго, няхай пытаюцца дома сваіх мужоў; бо ня ўходзіць кабеціне ў набожні гутарыць. Ці-ж ад вас выйшла Божае слова? Або ці да вас адных дайшло? Як каму здаецца, што ён прарок, або мае нейкі дар духовы, дык хай ведае, што ўсё гэтае, аб чым пішу вам, ёсьць загадам Божым. Хтоб гэтага ня прызнаў, той сам ня будзе прызнаны. Гэтак вось, браты, старайцеся праракаваць дый не забараняйце гаварыць мовамі. Але ўсё няхай дзеецца дастойна і даладна.
Прыпамінаю вам, браты, Эванэлію, што я вясьціў вам, якую вы й прынялі ды ў якой і стаіце; каторай і збавіцеся, калі захаваеце яе такою, якую вясьціў я вам, калі толькі не надарма уверылі. Бо перш усяго я пераказаў вам тое, што і сам прыняў быў: што Хрыстус умёр за нашыя грахі паводле Пісання, і што Ён быў пахаваны ды трэцяга дня згробуўстаў паводле Пісання, ды што зьявіўся Кэфасу і дванаццацём. Потым відзелі Яго болей, чым пяцьсот асоб разам, зь якіх бальшыня й дагэтуль жывуць, некаторыяж паўміралі. Пасьля зьявіўся Якубу дый усім Апосталам. Наапошку-ж па ўсіх, як якому неданоску, зьявіўся і мне; я бо найменшы з Апосталаў, я не дастойны называцца Апосталам бо прасьледаваў Божую Эклезію. З ласкі тоьлкі Божай я ёсьць тым, чым ёсьць, і ласка Яго ня была ў-ва мне дарэмнаю; бо-ж я працаваў болей за іх усіх; дый не я, але ласка Божая зы мною. Але ці я, ці яны, тое самае прапаведваем і вы ў тое самае уверылі. Калі-ж аб Хрыстусе апавяшчаецца, што Ён згробуўстаў, дык якжа могуць некаторыя з вас казаць, што няма згробуўстання умёршых? Калі бо няма згробуўстання умёршых, дык і Хрыстус ня ўстаў з гробу; а калі ня згробуўстаў Хрыстус, дык дарэмнае навучанне нашае, дарэмная вера вашая. І мы тады аказалісяб непраўдзівымі сьветкамі Бога, бо сьветчыліб супроць Бога, што ён ускрасіў Хрыстуса, Якога не ўскрасіў, калі умёршыя не ўстаюць з гробу. Бо-ж калі умёршыя не ўстаюць з гробу, дык не ўстаў і Хрыстус. А як ня ўстаў з гробу Хрыстус, дык дарэмная вера вашая: вы яшчэ ў грахох вашых; дый і ўмёршыя ў Хрыстусе пагінулі. Калі мы толькі ў гэтым жыцьці на Хрыстуса спадзяёмся, дык мы найнешчасьлівейшыя з усіх людзей. Але-ж Хрыстус такі згробуўстаў — першанец між паснуўшымі. Як сьмерць бо праз чалавека, гэтак і згробуўстанне праз чалавека. І як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак у Хрыстусе ўсе ажывуць; ды кажны сваім ладам: першанец Хрыстус, потым тыя што Хрыстусавы, веручыя ў прыйсьцё Ягонае. І ўрэшце — канец: калі-то Ён перадасьць Валадарства Богу й Айцу, зліквідаваўшы ўсякае ўладзтва, гаспадараванне й сіламоц; яму бо належыцца Валадарэнне, дакуль не паложыць усіх ворагаў пад ногі свае. (Пс. 109:1). Іскарэнена будзе апошняя непрыяцелька — сьмерць; ўсё бо падножжам ног Ягоных; калі-ж гаворыцца: Яму ўсё падданае, дык бяссумніўма — апрача Таго, Каторы Яму ўсё падуладніў. І як ужо ўсё Яму будзе падуладнена, тады і сам Сын будзе падлягаць Таму, Які ўсё Яму падуладніў, каб быў усё у-ва ўсім. Інакш бо — штож робяць тые, што прыймаюць хрост за памёршых? Калі памёршыя зусім не згробаштаюць, дык нашто тады хрысьціцца за іх? Нашто і нам у кажнай хвіліне на небясьпеку выстаўляцца? Я кажны дзень выстаўляюся на сьмерць як праўдай ёсьць, што вы, браты, слава мая…ў Хрыстусе Езусе, Усеспадару нашым. Каліб я, палюдзку бяручы, ходаўся з зьвяр’ём у Эфэзе, дык што мне з таго за карысьць, калі ўмерлыя не згробуўстануць? Ежма тады й пійма, бо-ж узаўтра памром. Ня дайце сябе зводзіць: благія гутаркі псуюць добрыя звычаі. Ацьверазецеся належна ды не грашэце; на сорам вам кажучы — некаторыя з вас ня знаюць Бога. Але мо скажа хто: “Якжа памёршыя згробуўстануць? Ды ў якім целе прыйдуць?” Някемлівыя. Тое што ты сееш, не ажывіць, калі перш ня умре. І тое, што засяваеш, ня ёсьць будучае цела, а голае зерне, напрыклад, пшанічнае, ці якое іншае; цела-ж яму дае Бог, водле свае волі, і-то кажнаму насенню свомае цела. Ня кажнае цела адзінакавае, але інакшае цела у людзей, інакшае у быдлят, а йшчэ інакшае у птацтва, або рыбы. Ёсьць і целы нябесныя, і целы зямныя, але інакшая аздобнасьць (выгляд) нябесных, а інакшая зямных. Інакшая яснасьць сонца, інакшая месяца, а інакша зораў; навет зорка ад зоркі рожніцца яснасьцю. Гэтак вось і згробуўстанне ўмёршых: сеецца, каб сатлела, а ўстае нетлае; сеецца ў паніжэнні, а ўстане ў хвале; сееццанемачы, а паўстане ў магуцтве; сеецца цела жывёлы, а ўстане цела духовае; бо калі ёсьць цела жывёльнае, дык ёсьць і духовае. Гэтак і напісана: Стаўся першы чалавек Адам душою жывою, (Быць. 2:7) а апошні Адам — жыцьцятворчым духам. Але ня духовае перш, а — жывёльнае, духовае потым. Першы чалавек із зямлі, ён зямны; а другі чалавек — зь неба. Які зямны, гэткія й зямныя; а які небесны, гэткія й нябесныя; як, восьжа, мы насілі абраз зямнога, гэтак насем і абраз нябеснага. І скажу вам тое, браты, што цела і кроў ня могуць унасьледзіць валадарства Божага, ані тла не унасьледзіць нетласьці. Звяшчаю ось тайніцу вам: ня ўсе мы памром, але ўсе пераменімся — адразу, вомірг, пры апошняй трубе: бо зайграе труба і мяртвыя згробуўстануць нетлымі ды мы пераменімся. Бо-ж трэба гэтай трухлі ахінуцца ў нетлю, і сьмяротнаму гэтаму ахінуцца ў несьмяротнасьць. І як гэнае трухлявае прыадзенецца ў нетласьць, а гэнае сьмяротнае адзенецца ў несьмяротнасьць, тады зьдзейсьніцца напісанае слова: Смерць ахлынёная перамогаю (Із. 25:8). Дзе тваё джала, сьмерць? Джалам сьмерці ёсьць грэх, а сілаю граху — Закон. Богу падзяка, які даў нам перамогу праз Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса! Гэтак вось, браты мае мілыя, будзьце цьвёрда-стойкімі, у дзеле Божым заўсёды спасьцейлівымі, ведаючы, што мазоль ваш не дарэмны перад Богам.
Датычна складак, што зьбіраеце на сьвятых, дык рабеце і вы гэтак, як наладзіў я ў Эклезіях Галяцыі: першага дня ў тыдні кажны з вас хай адкладае ў сябе й шчадзіць што можа, каб ня зьбіраць тады, як сам прыйду. Калі-ж прыйду, дык тых, каго выбяраце, пашлю зь лістамі, каб аднясьлі дар ваш у Ерузалім. Ды калі выпадзе й мне пайсьці, то пойдуць зы мною. А прыйду да вас, як зьвізытую Макэдонію, бо праз Макэдонію йсьціму. У вас-жа мо й забаўлюся, або й перазімую, каб вы мяне адведалі, куды пайду. Ня хочу бо з вамі бачыцца толькі мімаходам, але спадзяюся нейкі час пабыць у вас, калі Бог пазволіць. У Эзэфе то застануся аж да Пяцьдзясятніцы; вялікія бо й шырокія мне там адчыніліся дзьверы ды шмат праціўнікаў. Каліж прыйдзе да вас Тыматэй, дык глядзеце, каб пачуваўся у вас бясьпечным; ён бо дзеля Божае робіць, як і я; няхай восьжа ніхто ім ня грэбуе, але правядзеце яго ў супакоі, каб прыйшоў ка мне, бо я з братамі яго чакаю. А што да брата Апольлёса, дык я вельмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас; але ён ня меў ніякае ахвоты цяпер ісьці, прыйдзе, калі яму будзе зручней. Стойце ў веры бадзёра, мужна, вытрывала. Усё ў вас хай дзеецца ў любасьці. І прашу вас, браты: вы знаеце сям’ю Стэфанаса, што лічыцца пачынальніцай Ахаі ды што яна аддалася на прыслужнасьць сьвятым; дык каб і вы былі уважлівыя к такім дый наагул к кажнаму, хто памагае й супрацуе з намі. Я цешуся прыйсьцём Стэфанаса, Фортуната й Ахаіка, яны заступілі мне вашую адсутнасьць; яны супакоілі мой дух дый ваш. Паважайце восьжа гэткіх. Вітаюць вас эклезіі Азіі; шчыры прывет вам засылаюць Аквіла і Прысцыльля з эклезіяй у іхнім доме, які й мяне госьціць. Вітае вас уся братва. Здароўце адзін другога сьвятым цалункам. Прывет маёю, Паўлаваю, рукою! Хто ня любіць Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, таму анатэма! Maran Atha! Ласка Усеспадара Езуса хай будзе з Вамі! І любасьць мая з усімі вамі ў Хрыстусе Езусе! Амэн.