Библия › Татарыновіч › 2 да карынтыян
Павал з волі Божае Апостал Езуса Хрыстуса і Тыматэй брат — эклезіі Божай у Карынце з усімі сьвятымі па ўсёй Ахаі. Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса. Дабраслаўлены Бог і Айцец Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, Айцец міласэрдзя і Бог усякай патолі, што пацяшае нас у кажнай журбе нашай, каб і мы маглі горам прыгнобленых пацяшаць тою патоляю, якою Бог самых нас пацяшае. Бо так як багата ў нас цярпенняў Хрыстуса, гэтак праз Хрыстуса шмат і пацехі. Калі восьжа мы тужым, дык для вашай пацехі й збаўлення, што вам дае сілу цярпліва зносіць тыяж мукі, якія і мы перажываем. Надзея наша аб вас моцная, бо ведаем, што вы супольнікі нашыя ў смутках так, як і ў радасьцях будзеце. Мы бо ня хочам, каб вы, браты, ня ведалі аб нашай бядзе, якая спаткала нас у Азіі; так празьмерную й непасільную мелі мы прыгнобу, што аж ня мілае нам было жыцьцё. Але мы ў сабе самых мелі сьмяротны прысуд, каб спадзявацца не на сябе, а на Бога, які ўскрашае мяртвых; які выбавіў нас ды выбаўляе ад гэтулькіх небясьпекаў; на Яго спадзяёмся, што і далей выбаўляціме пры дапамозе і вашай за нас малітвы, каб за дар атрыманы дзеля просьбы многіх, многія за нас і дзякавалі. Хвала бо нашая — гэта сьветчанне нашага сумлення, што ў прастаце і Богу мілай шчырасьці, не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай паступалі на гэтым сьвеце, асабліваж у вас. Мы нічога й ня пішам вам, як тое толькі, што вы чытаеце й разумееце; дый, спадзяюся, што й цалком зразумееце, як часткова ўжо й зразумелі нас: што мы — вашая слава, так як вы — нашая ў дню Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса. І з гэтай спадзевай меўся я раней прыбыць да вас, каб другі раз вы радасьць мелі; і ад вас перайсьці ў Макэдонію ды зноў вярнуцца к вам з Макэдоніі, каб вы правялі мяне ў Юдэю. Маючы гэта ў намеры, ціж я паступіў лёгкадумна? Ці што я задумляю, дык толькі з людзкіх мяркаванняў, каб было ў мяне адначасна і «так» і «не»? Алеж верны Бог мне сьветкай, што мова наша да вас ня ёсьць і «так» і «не». Бо Сын Божы Езус Хрыстус, які абвяшчаецца у вас намі — і мною, і Сільванам, і Тыматэем — ня быў «так» і «не», але было ў Ім толькі «так»; колькі бо ёсьць абяцанняў Божых, усе ў Ім сталіся «так», таму празь Яго і Аман Богу на хвалу ад нас. А той, каторы уцьвярджае нас з вамі ў Хрыстусе й каторы даў нам памазанне, ёсьць Бог; Ён-жа палажыў на нас пячаць сваю ды даў заруку Духа ў сэрцы нашыя. Бога восьжа ўжываю на сьветка маёй душы, што дзеля ашчады вас я дагэтуль ня прыходзіў у Карынт; не таму, як быццамбы мы валадарнічалі над вашай верай, але мы спрыяем вашай радасьці: бо у веры вы стойкія.
Я пастанавіў сабе ня прыходзіць да вас ізноў у засмучэнні; бо калі я засмучаю вас, то хто разьвесяліць мяне, як ня той засмучваны мною? Тоеж я і пісаў вам, каб прыйшоўшы ня мецьсуму ад тых, ад якіх мне належаласяб радасьць: я бо пэўны аб усіх вас, што мая радасьць гэта й вашая радасьць. З вялікай тужлівасьці й прыгнобы сэрца пісаў я вам праз многія сьлёзы, не каб вы журыліся, але каб пазналі празьмернуюлюбасьць маю да вас. Каліж хто аднак стаўся прычынаю засмучэння, дык не мяне толькі, але — каб не перабольшваць — часткова і вас усіх. Гэткаму даволі таго ганьбуючага дакору ад многіх; так што вам ужо лепш дараваць яму і суцешыць, каб лішне горкая згрызота ня зжэрла гэткага. Таму прашу вас: акажэце яму любасьць. Натое я й пісаў, каб вас выпрабаваць, ці ў ва ўсім вы паслушныя. Каму, восьжа, выбачаеце вы, таму — і я; бо калі што каму дараваў дзеля вас перад абліччам Хрыстуса: каб шатан нас не аблытаў, бо не тайныя нам задумы ягоныя. Прыбыўшы ў Троаду для абвяшчання Эванэліі Хрыстуса — хоць мне ўвойсьце і было адкрыта Госпадам — я ня меў супакою духу майму, не знайшоў бо там брата майго Тытуса і, разьвітаўшыся зь імі, я падаўся ў Макэдонію. Богу падзяка, што дае заўсёды нам пераогу ў Хрыстусе і праз нас на кажным месцы выяўляе пахнасьць пазнання Сябе; мы бо Хрыстусава мілая пахучасьць Богу сярод тых, што збаўляюцца й сярод тых, што гінуць. Для адных мы вохнасьць сьмерці на сьмерць, а для другіх — запах жыцьця на жыцьцё. І хто здатны да гэтага? Мы ня ёсьць, як іншыя, хвальўавальнікамі слова Божага, але па-шчырасьці як ад Бога і прад Богам у Хрыстусе гаворым.
Няўжэ пачынаць нам нанава знакоміцца? Або дапамінацца, як некаторыя, паручаючых лістоў да вас, ці ад вас? Вы — наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які знаюць ды чытаюць усе людзі; вы — сябе паказваючыя праз паслугу нашую як ліст Хрыстуса, не чарнілам пісаны, але Духам Бога Жывога і не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца. Гэткі давер маем да Бога праз Хрыстуса, не каб мы з сябе былі здольныя падумаць нешта, здольнасьць бо нашая ад Бога, які уздатніў нас да служэння Новаму Запавету: ня літары, але духа, бо літара забівае, а дух ажыўляе. Каліж служэнне сьмерцезначучым літарам, на каменнях было ў такой славе, што аж сыны Ізраэля глядзець не маглі на прамянеючае зьнікомай славай аблічча Майжэша, дык ці не шмат болей будзе ў славе служэнне духа? Калі бо служэнне асуду — слаўнае, дык шмат болей — служэнне апраўданню. Дый тое, што ясьнела так славаю, ня было на гэтулькі й слаўнае, калі пераважваецца вось вышэйшаю славаю. Бо калі тое, што нікне ёсьць слаўнае, дык тое, што трывае — слаўнейшае. Маючы вось гэткую надзею, мы поўныя сьмеласьці, а не як Майжэш, што засланіў сабе аблічча, каб сыны Ізраэля не пазіралі на ягоны твар нішчэючы. Але розумы іхнія атупелі, бо аж па сянняшні дзень тая самая заслона астаецца нязьнятаю пры чытанні Старога Запавету, Хрыстус бо яе зьнімае: і дагэтуль, як чытаецца Майжэш, заслона ляжыць на сэрцы іхнім; але, як сэрца іх навернецца да Госпада спадзе ззаслона. Госпад бо ёсьць Духам; а дзе Дух Божы, там вольнасьць. Мы-ж усе з адкрытым абліччам узіраючыся, бы ў люстра, ў хвалю Госпада, пераабражаемся ў Ягоны абраз із яснасьці ў яснасьць, як ад Госпадавага Духа.
Таму вось, маючы гэткае служэнне з аказанага нам міласэрдзя, мы не панікаем душою. Але, адрынуўшы скрытую няпрыстойнасьць, не хапаемся хітрунства, не выкрыўляем слова Божага, а выяўляючы праўду, паручаем сябе самых кажнаму людзкому сумленню прад Богам. А калі наша Эванэлія і закрыта, дык для тых закрыта, што гінуць; для няверучых, якім думкі асьляпіў бог сьвету гэтага, каб ня зіяла для іх сьвятло Добрай Навіны аб хвале Хрыстуса, які ёсьць вобразам Бога нябачнага. Бо мы не сябе самых апавяшчаем, але Хрыстуса Езуса, Усеспадара; самыж мы — слугі вашыя для Езуса. Бог бо, які загадаў із цемры зазіяць сьвятлу, Ён рассьвятліў нашы сэрцы, каб у іх зіяла пазнанне ясьнейшай хвалы Божай у вабліччы Хрыстуса Езуса. Але скарб гэты маем у гліняных судзінах, каб відно было, што веліч ёсьць ад Бога, а не ад нас. У ва ўсім мы прыгнятаныя, але ня прыгнобленыя; мы ў бядзе, але ня ў роспачы; нас гоняць, травяць, але мы не пакінутыя; мы паваены, ды ня гінем; заўсёды носім у целе нашым умор Езуса, каб і жыцьцё Езусава ў нашым целе відно было. Нас бо ўвесь час дзеля Езуса жывымі аддаюць на сьмерць і жыцьцё Езусава праявілася у сьмяротным целе нашым; гэтак вось сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас. Але, маючы той самы дух веры, як напісана: Я ўверыў, таму і гаварыў (Пс. 115:1); і мы верым, таму і гаворым; ведаючы, што той, каторы збудзіў з умерлых Езуса, збудзіць і нас ды паставіць з вамі. Усё бо дзеля вас, каб сутасьць ласкі у многіх тым-болей збагачала ўдзячнасьць на хвалу Богу. Дзеля гэтага мы ня ныдзеем; але хоць назьнешні ў нас чалавек гібее, то аднак усабешні дзень-у-дзень абнаўляецца. Бо тое, што адзін міг трывае — наша лёгкае гора цяперашняе — тое хвалу вечную нам рыхтуе; нам, загледжаным не на ўсё бачнае, а — на нябачнае; бачнае бо — дачаснае, а нябачнае — вечнае.
Мы бо ведаем, што як дом, хаціна, гэтага зямнога жыльля нашага разваліцца, дык маем ад Бога жыльлё ў небе, дом ня рукамі будаваны, вечны, ў небе. Ад гэтага-ж мы і ўздыхаем, прагнучы атуліцца памешканнем нашым нябесным; толькіб нам і атуліўшыся, не знайсьціся нагімі. Пакуль знайходзімся ў гэтым утуллі, дык тужым гаруем, бо ня хочам растуляцца, але новым атуляцца, каб сьмяротнае жыцьцём было ухлынена. На гэтаж і стварыў нас Бог ды даў нам задатак Духа. Заўсёды восьжа мы поўныя надзеі, ведаючы, што прабываючы ў целе, мы жывём по-за Богам — бо ходзім у веры, а не ў бачанні, — надзеемся тады і маем добрую волю лепш выйсьці з бадзяння ў целе і асяліцца у Госпада. Дзеля гэтага стараемся рупна, ці жывучы зь Ім, ці по-за Ім, быць Яму мілымі; усе бо мы мусім зьявіцца на суд Хрыстуса, каб кажны атрымаў тое, на што заслужыў у целе: добрае, ці благое. Ведаючы тады, што такое боязь Госпада, стараемся праканаць людзей, а прад Богам у нас усё ёсьць яўнае; і спадзяюся, што няма нічога тайнага ў нас і для вашых сумленняў. Не каб мы зноў сябе самых вам выстаўлялі, але даём спосаб хваліцца намі, каб вы маглі проціставіцца тым, што выхваляюцца вонкавасьцю, а ня сэрцам. Бо ці мы з сябе выходзім, дык для Бога, ці мы скромныя, дык для вас. Любасьць бо Хрыстуса даймае нас, мяркуючых сабе: калі адзін умёр за ўсіх, тады ўсе ўмярлі; Ён жа умёр за ўсіх, каб жывыя ўжо не для сябе жылі, але для умёршага за іх ды згробуўсталага. Таму вось адцяпер мы не знаем ужо нікога водле цела, а калі зналі Хрыстуса паводле цела, то цяпер ужо гэткім Яго не знаем. Дык хто у Хрыстусе, той новае стварэнне; старое мінула, настала вось усё новае. А ўсё ад Бога, які праз Хрыстуса пагадзіў нас із Сабою і даў нам службу пагаднення; бог бо ў Хрыстусе зьмірыў сьвет із Сабою, ня лічачыся з праступкамі іх (людзей), і ўзлажыў на нас слова пагаднення. Мы тады за Хрыстуса пасланства выконываем, якбы сам Бог праз нас напамін даваў; у імя Хрыстуса заклінаем вас — пагадзецеся з Богам. Таог бо, Каторы ня знаў граху, Ён зрабіў для нам ахвяраю за грэх, каб мы ў Ім сталіся справядліўцамі перад Богам.
Мы-ж, як памагаючыя, даём напамін вам, каб атрымоўваную ласку Божую не ударэмніваць. Кажа бо: ў часе дагодным я выслухаў цябе, а ў дню збаўлення памог табе. Цяпер вось час прыятлівы, цяпер вось дзень збаўлення. Нікому ні ў чым не даём згоршання, каб ня была зганена паслуга нашая; але у ва ўсім выяўляем сябе, як слуг Божых, у вялікай цярплівасці, у бядзе, у журбе, у прыгнобе; пад сьцёбаннем, у вязьніцах, у закалотах, у працы, у няспанні ды постах; у чыстасьці, у дабраведзе ды дабрадушнасьці, ў Сьвятым Духу ды шчырай любасьці; у слове праўды, у моцы Божай, із зброяй справядлівасьці у правіцы ды левіцы; у чэсьці ды ў ганьбе, у добрай ды благой славе, як зводнікі аднак праўдамоўныя; як няведамыя, але добра знаныя, нібы-то ўміраючыя, ды ўсё жывыя; як караныя ды не замораныя; як сумныя, а заўсёды вясёлыя; як убогія, а многіх узбагачаючыя, нічога ня маючыя ды ўсім валадаючыя. Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карынтыйцы, сэрца нашае расшырылася. Вам ня цесна у нас, цесната — у сэрцах вашых. Дзеля ўзаемнасьці — гавару як да сыноў — расшырэцеся і вы. Не ўпрагайцеся ў ярмо зь нявернымі; якое бо судзейніцтва справядліўства зь беззаконнем? Або што супольнае між сьвятлом і цемраю? Ці што за хаўрус Хрыстуса з Бэліялем, а — вернага зь няверным? І што за ўзаеміны Божай эклезіі з балванамі? Мы-ж сьвятыня Бога Жывога, як сам Бог сказаў: «Пасялюся ў іх і хадзіціму сярод іх ды буду Богам іхнім, а яны Мне будуць народам. (Лев. 25:16)» Таму выйдзьце з-паміж іх і адлучэцеся — кажа Госпад — і не дакранайцеся нячыстага нічога, а Я прыму вас; ды Айцом буду вам, а вы будзеце Мне сынамі й дочкамі — кажа Усёмагутны Госпад.
Маючы восьжа гэтыя зарукі, ачышчайма сябе, мілыя, ад усякай гідоты цела і духа, зьдзейсьніваючы ў богабоязі усьвячэнне нашае. Прыймеце нас: мыж нікога ня скрыўдзілі, нікога не ачмуцілі зьдзерствам. Кажу гэта, не каб асудзіць вас, бож сказаў ужо вам, што вы ў нашых сэрцах на уміранне поспал і на жыцьцё. У мяне вялікая спадзева на вас, вялікая пахвала мне за вас; я повен суцехі й радасьці пры ўсіх журбах нашых. Бо і тады, як прыйшлі былі мы ў Макэдонію, цела нашае ня мела супачынку (утульля) — адусюль бяда: звонку напасьці, ўнутры страхі. Але Бог, пацяшыцель пакорных, уцешыў нас прыйсьцём Тытуса; ды ня толькі прыйсьцём, але і дазнанай у вас уцехаю, як расказваў аб вашай тужлівасьці, аб вашым плачу ды руплівасьці аба мне, так што я шчэ болей абрадаваўся. Хоць я й засмуціў вас маім лістом, не шкадую гэтага, а каліб і шкадаваў, бачыўшы хвілінную засмочонасьць вашую, дык цяпер цешуся, не дзеля таго, што вы зажурыліся, але дзеля таго, што журба тая была пакутнай; вы бо смуціліся дзеля Бога, каб ні ў чым ня мелі ад нас шкоды. Смутак бо дзеля Бога спрычыняе збаўленнае каянне, якога потым не шкадуецца, а смутак гэтага сьвету спрычыняе сьмерць. Бо вось тое сумаванне дзеля Бога, гляньце, якую руплівасьць разбудзіла ў вас, якое апраўдванне ды абурэнне (на вінаватага), якую боязь, якую тужлівасьць, якую шчырасьць ды й спагнанне: у ва ўсім вы паказалі сябе нявіннымі ў гэтай справе. А калі й напісаў вам, дык не дзеля крыўдзіцеля, ані дзеля пакрыўджанага, але каб між вамі выявілася дбаласьць наша аб вас перад Богам. Таму мы уцешыліся ўцехаю вашаю, а шчэ болей радасьцю Тытуса, што вы ўсе заспакоілі дух ягоны. І калі я быў крыху пахваліўся вамі перад ім, дык без сораму; бо, як мы заўсёды гаварылі вам праўду, так і пахвала перад Тытусам нашая аказалася праўдаю; і сэрца яго йшчэ прыхільнейшае да вас на ўспамін вашай паслухмянасьці, як вы прынялі яго з боязьзю і тропатам. Я рад, што ў-ва ўсім магу здавацца на вас.
Паведамляем вам, браты, аб той ласцы, якою Бог абдзяліў Макэдонскія эклезіі: сярод бо цяжкога допусту горкіх турботаў поўнасьцю захавалі пагоду духа, а іх скрайнюю ўбогасьць абагацілі радульнаю скромнасьцю; яны дабраахвотныя водле сілы ды й цераз сілу — я ў гэтым сьветка ім, — яны вельмі прасілі нас ласкі ды удзейніцтва іх ў паслузе сьвятым; і ня толькі тое, чаго мы спадзяваліся, але й самых сябе аддалі найперш Богуспадару, а пасьля й нам з Божае волі; таму мы й прасілі Тытуса, каб як зачаў, дык гэтак і давяршыў у вас і гэтае добрае дзела. А як у-ва ўсім адзначаецеся — у веры, у мове, у ведзе, у дбайнасьці, а датаго й любасьцю вашаю да нас, — дык трэба вам адзначацца і ў гэтай ласцы, дабрадзейнасьці. Не кажу гэтага загадна, але карыстаючы з дбайнасьці іншых, выпрабоўваю шчырасьць і вашай любасьці. Бо-ж знаеце ласку Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, што будучы багатым, дзеля вас абяднеў, каб вы разбагацелі ягонай убогасьцю. Даю вам на гэта раду, гэта бо карыснае вам, якія ня толькі рабіць, але й намервацца першыя пачалі шчэ зь леташняга году. Цяпер-жа сьцьвярдзеце чынам, каб, як із гарачай шчырасьцю намерваліся, так і давяршылі з таго, што маеце. Бо калі ёсьць ахвота даць, дык яна прыемная мераю таго, што хто мае — не таго, чаго ня мае. Бо-ж не натое даецца, каб іншым долю аблягчыць, а сабе пагоршыць, але, каб была роўнасьць. Цяпер ваш збытак хай пакрые іхнюю нястачу, каб таксама іхні збытак мог калісь пакрыць вашую нястачу, каб была роўнасьць; як напісана: «Хто зыбраў многа, ня меў лішніцы, і хто — мала, ня меў нястачы» (Выйсь. 16:18). богу падзяка, што разбудзіў у сэрцы Тытуса гэткую самую аб вас дбайнасьць; бо і просьбу маю прыняў, але і з уласнае дбайнасьці ахвочае сам пайшоў к вам. Зь ім паслалі мы такжа і брата, ў ва ўсіх эклезіях хвалёнага за Эванэлію, ды й ня толькі тое, але ён выбраны ад эклезіяў нам на спадарожніка у гэтай дабрадзейнай справе, якой мы дабраахвотна служым на хвалу самому Богуспадару і ў адпаведнасьць старанням вашым, высьцярагаючыся, каб нам хто не дакараў із-за таго багацьця ахвяр, здаваных на наш загад; мы бо дбаем аб добрасьці ня толькі перад Богам, але і перад людзьмі. Мы выслалі зь імі такжа і брата нашага, дбаласьць якога шмат у чым выпрабавалі, які цяпер зь вялікага даверу да вас яшчэ болей дбалы. Што да Тытуса, то гэта — мой таварыш і дапаможны супрацоўнік у вас; ды што да братоў, дык гэта высланнікі эклезіяў — слава Хрыстуса. — дайце-ж ім доказ вашае любасьці ды нашае хвальбы вамі — ў вабліччы эклезіяў.
Мне-ж пісаць вам аб паслузе сьвятым былоб лішнім; бо я-ж ведаю вашу дабраахвочасьць і хвалю-ж вас Макэдонцам за яе, што Ахая гатовая ўжо зь леташняга году, руплівасьць вашая многіх разахвоціла. Братоў аднак я паслаў вам, каб мая хвальба вас не аказалася ў гэтай справе дарэмнай, але каб вы, як ужо сказаў, былі прыгатаванымі; а-то, як прыдуць са мною Макэдонцы й застануць вас няпрыгатаванымі, дык каб мы (не кажу ўжо пра вас) ня былі асаромлены, пахваліўшыся з гэткай пэўнасьцяй. Я, восьжа, палічыў патрэбным, прасіць братоў, каб яны выйшлі да вас перад намі й загадзя паклапаціліся аб падрыхтове абяцанага дару як шчодрае дабраслаўленства, а не як вымушаны датак. Хто бо сее скупа — пры гэтым скажу — той скупа й жаціме, а хто сее шчодра, той шчодра й жаціме. Хай-жа дае кажны, як дазваляе сэрца, не шкадуючы, ці сябе змушаючы; Бог бо любіць таго, хто рады дае. Бог-жа дуж абсыпаць вас усякімі дарамі, каб усюды ў-ва ўсім мелі дастатак ды йшчэ й заставаласяб вам на ўсякую дабрадзейнасьць, як напісана: «Рассыпаў, раздаў убогім, справядлівасьць ягоная трывае ў вякі вечныя». Той, хто дае сеючаму насенне і хлеб на пажыву, прымножыць і ваш пасеў ды прыспорыць плён праўды вашае, каб абагаціліся ўсякаю шчодрасьцю, якая праз нас робіць падзяку Богу. Бо выкананне гэтага служэння не анно задавальняе багацейшым многімі падзякамі Богу; яны бо відзячы прахтыку гэтага служэння, будуць хваліць Бога за послух Эванэліі Хрыстуса й за шчырую лучнасьць зь імі ды з усімі, молячыся за вас із прыхільнасьці вам дзеля надмернае ласкі Божае ў вас. Богу падзяка за нявысказны дар Ягоны!
А і я сам, Павал, што асабіста між вамі пакорны, а завочна адносна вас сьмелы, малю вас ціхасьцю й ласкавасьцю Хрыстуса; прашу вас, каб, як прыйду к вам, ня быў я змушаны ужываць тае станоўкае сьмеласьці, зь якою думаю выступіць проці тых, што ўяўляюць сабе, быццам мы паступаем водле цела; хоць бо мы жывём у целе, то не ваюем водле цела; зброя нашага змагання не ў целе, але ў магуцтве Бога, паконываючым цьвярдыні, парынаючым замыслы, і ўсякае надыманне, што паўстае проці Божага пазнання, ды палонячым усякі розум пад Хрыстусаву паслухмянасьць, і гатовым помсьціць кажную непаслухмянасьць, як толькі ваш послух дасканальным станецца. Прыглядаецеся выгляду? Хто самапэўны, што ёсьць Хрыстусавы, хай па сабе мяркуе, што як ён Хрыстусаў, дык гэтак і мы. Бо, якбы я і болей выстаўляўся з нашай уладай, якую Бог даў нам на будаванне вас, а не на псаванне, дык-бы не паддаўся застыджэнню; каб не здалося, бач, што маніўся вас застрашваць лістамі; кажуць бо: «Лісты яго то важныя й строгія, але выглядам прысутным ён недасілак і мова яго залюгодная». Хто гэтак кажа, то хай ведае: якія мы ў словах лістоў завочна, гэткімі й на дзеле будзем, прысутнымі. Бо мы ня сьмеем сябе супастаўляць, ні раўняць з тымі, што самавыстаўляюцца: яны мераюць сябе самымі саобю ды раўняюць сябе з сабою бязглуздна. А мы не бяз меры хваліцца будзем, але ў меру, ад Бога нам вызначанаю, такую меру, каб дасьцігнуць і да вас. Мы не напружаем сябе, як недасьцігшыя да вас, бо-ж дасьціглі аж да вас з Эванэліяй Хрыстуса. Не хвалімся надмерна такжа і працамі іншых, але спадзяёмся, што з узростам вашай веры узьвялічацімемся й мы між вамі водле нормы нашай, так, каб і далей у краёх за вамі навучаць Эванэлію, не хвалячыся дакананым ужо іншымі. «Хто бо хваліцца, хай у Богуспадару хваліцца». Ня той бо варты, хто сам сябе хваліць, але той, каго хваліць Бог.
О, каліб вы маглі крошаньку суцерпець майго адчайдумства! Дый вы-ж церпіце мяне! Я бо зайздросна руплівы аб вас рупнасьцяй Божай, таму што заручыў вас мужу адзінаму, каб чыстаю дзявіцай перад Хрыстусам вас паставіць. Але баюся, каб, як зьмей сваёю хітрасьцю зьвёў Еву, гэтак і вашыя думкі ня былі папсаваныя, адхінуўшыся ад чыстае прастаты ў Хрыстусе. Бо каліб хто, прыйшоўшы, пачаў абвяшчаць вам іншага Хрыстуса, як мы вам абвяшчалі, або каліб вы прынялі іншага Духа, як той, каторага атрымалі, ці іншую Эванэлію, як тая, каторую дасталі, — то вы быліб вельмі цярплівымі. Аднак думаю, што я ні ў чым ня менш выканаў за вялікіх Апосталаў; бо калі я недарэка ў красамоўстве, то ўсёж — ня ў ведзе; у ва ўсім-жа мы добра ведамыя вам. Няўжо я дапусьціўся праступку ў тым, што унізаў сябе, каб узвысіць вас, што задарма дабравесьціў вам Эванэлю Божую? Іншыя эклезіі абіраў я, дастаючы ад іх утрыманне, каб магчы служыць вам; і будучы ў вас ды церпячы нястачу, не дакучаў нікому, бо недахопы мае пакрывалі браты прыйшоўшыя з Макэдоніі; ды й ва ўсём захаваўся я й захаваюся, не абцяжваючы вас. Як ёсьць у ва мне Хрыстусава праўда, так пахвала гэтая не адымецца ад мяне ў граніцах Ахаі. Чаму? Ці таму, што ня люблю вас? Богу ведама! А што раблю, тое рабіціму йдалей, каб адцяць нагоду тым, што яе шукаюць, каб у чым хваляцца, у тым аказаліся гэткіміж, як і мы. Бо такія фальшапосталы, гэта працаўнікі крывадушныя, што прыкідаюцца Апосталамі Хрыстуса. І няма дзіва, бо-ж і сам шатан крывіць із сябе анела сьвятла; не дзіўная тады рэч, калі й слугі ягоныя строяць канец іхні будзе водле учынкаў іхніх. Я зноў скажу: хай ніхто не ўважае мяне за недарэку; а калі — не, дык прымеце мяне хоць як недарэку, каб і мне крыху было чым пахваліцца. Што скажу, то казаціму не водле Бога, але якбы не да рэчы пры гэткім адчаю гаварыць аб сабе. Як многія хваляцца водле цела, то і я буду хваліцца; бо вы людзі разумныя, ахвотна церпіце неразумных; церпіце, як вас хто няволіць, як хто аб’ядае, як хто абірае, як хто дмецца, як хто па твары б’ецца. На сорам сабе кажу, што на гэта у нас быццам не хапала сіл; але ў чым-бы там хто ні выяўляў сьмеласьці хваліцца, сьмею (недарэчна кажучы) і я. Яны Гэбрэйцы — і я; яны Ізраэльцы — і я; яны насенне Абрагама — і я; Хрыстусавы слугі? — Я (адчайна кажучы) куды болей за іх: у бязьлікай працы, у частых вязьніцах, у надмерных ранах, у сьмяротных небясьпеках частых. Ад Юдэеў дастаў п’яць раз сорак без аднаго (удараў); тройчы білі мяне кіямі, раз каменнямі; тройчы карабель тануў пада мною ды дзень і ноч прабыў я пад вадою; шмат разоў быў у падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках разбойніцкіх, у небясьпеках суродзіцкіх, у небясьпеках паганскіх, у небясьпеках места, у небясьпеках пустыні, у небясьпеках мора, у небясьпеках сярод братвы хвальшывае; у працы й зьнямозе ды частым бяссонні, у голадзе, смазе ды частым посьце, у нагасьці у холадзе. Апрача пабочных, у мяне штодзенная напалеглая турбота аб усіх эклезіях. Хто зьнемагаецца, з кім-бы і я не зьнемагаўся? Хто спакушаецца, каб не гарэў і я? Калі выпадае хваліцца, дык немаччу маёю хваліцца буду. Бог і Айцец Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, дабраслаўлёны навекі, ведае, што я ня лгу. У Дамаску намесьнік караля Арэты пільнаваў места Дамаскэнцаў, каб схапіць мяне; але я у кошыку быў праз вакно сьценнае спушчаны і гэтак уцёк зь ягоных рук.
Калі выпадае хваліцца (ды яно й некарысна), перайду да візыяў ды аб’яваў Госпада. Знаю чалавека ў Хрыстусе, які перад чатырнаццацю гадамі (ці ў целе — ня ведаю, ці па-за целам — ня ведаю: Бог ведае), захоплены быў да трэцяга неба. І ведаю, што чалавек той (у целе, ці па-за целам, ня ведаю: Бог ведае), перажыў райскую візыю і чуў таёмныя словы, якіх чалавеку нельга перасказаць. Гэтым хваліцца магу, сабоюж не пахвалюся, хіба толькі слабасьцямі маімі. Каліб навет захацеў хваліцца, дык не без розуму, бо сказаўбы праўду; але я стрымоўваюся, каб хто не падумаў аба мне болей, чым у-ва мне бачыць, або ад мяне я ня чуе. А каб я занадта ня выносіўся дзеля велічы аб’яваў, дадзены мне бадыль у цела, анел шатана, каб дрочыў мяне, каб я ня вывышаўся. Тройчы маліў я Ўсеспадара, каб яго аддаліў ад мяне; але Ён адказаў мне: «Хопіць табе ласкі Мае, моц бо давяршаецца ў слабасьці». Таму вось ахватней буду хваліцца сваімі слабасьцямі, каб увайшла ў мяне сіла Хрыстусава. І таму я пагоднай душы і ў слабасьцях, у пагардзе, у нястачах, у прасьледах, у прыгнобах за Хрыстуса: бо калі я немачны, тады дужы. Хвалячыся, я выдаўся нетактоўным: вы мяне да гэтага прымусілі; бо-ж вы павінны былі мяне хваліць, я бо ў нічым ня быў горшы за гэных вялікіх апосталаў, хоць я й нішто. Доказы майго апастольства я выказаў вам вытрываласьцю ў цярпеннях, знакамі, цудамі, чынамі. Што бо у вас, чым вы горшыя за другія эклезіі? Хіба тым толькі, што сам я ня быў вам цяжарам? Даруйце мнегэту крыўду! Вось трэці раз я гатовы прыйсьці да вас і ня буду вам цяжарам, я бо шукаю не таго, што вашае, але — вас; бо-ж ня дзеці павінны багаціць бацькоў, але бацькі дзяцей. Я вельмі ахвотна буду вытрачвацца із свайго і навет сябе самога выдам за вашыя душы; хоць, чым-болей люблю вас, тым менш вы любіце мяне. Але хай сабе — сам я вас не абцяжваў, алеж...як хітрун, моў подступам з вас цягнуў... Выкарыстваў мо вас праз каго з тых, што пасылаў к вам? Прасіў я Тытуса і паслаў зь ім аднаго з братоў. Ці Тытус выкарыстаў вас у чым? Ціж не ў вадным духу й ня тыміж сьлядамі мы паступалі? Зноў мо думаеце, што мы апраўдваемся перад вамі? Перад Богам у Хрыстусе мы гаворым і ўсё для вашага, найдаражэйшыя, павучэння. Баюся бо, каб, зноў прыйшоўшы, не знайсьці вас такімі, якіх не жадаўбы, дый вы, каб не спаткалі мяне такім, якім не хацеліб: каб не знайсьці ў вас калатні, зайздрасьці, гневу, спрэчак, абгавораў і нагавораў, пыхі ды бязладзьдзя; каб, як ізноў прыйду, не панізіў мяне Бог мой у вас ды не аплакваў я многіх із тых, што раней зграшылі, а не пакаяліся за нячыстасьць, блудадзейства і бясстыдзтва, якіх дапусьціліся.
Трэйці ўжо гэта раз іду да вас: У вуснах двух або трох шветкаў грунтуецца кажнае слова. (Паўт. Пр. 19:15). Я запавясьціў і яшчэ раз запавяшчаю, як за другое у вас бытнасьці прысутны, а цяпер адсутны, што тых раней зграшыўшых ды ўсіх іншых, як зноў прыйду, не шчадзіціму. Вы бо памыкаецеся высьлядзіць, ці ў ва мне гаворыць Хрыстус: Ён не бяссільны для вас, але магутны ў вас. Бо хоць Ён укрыжаваны із-за немачы, то аднак жыве з Божае моцы; дый мы-ж таксама, хоць слабыя ў Ім, але будзем жывыя зь Ім сілаю Божаю ў вас. Высьледжвайце самых сябе, ці вы ў веры; сябе самых выпрабоўвайце. Ціж ня ведаеце самых сябе, што Езус Хрыстус ёсьць у вас? Хіба мо толькі вы ня тое, чым павінны быць. Але спадзяюся, вы даведаецеся, што мы ня ёсьць нягодныя. Мы просім, Бога, каб вы не рабілі нічога благога, не дзеля паказання, што мы годныя, але каб вы дабро тварылі, хоцьбы мы выдаваліся як-быццамбы і ня тым, чым павінны быць. Мы ня можам нічога проці праўды, а толькі за праўду. Бо мы цешымся, калі мы слабыя, а вы дужыя;аб гэтым-жа й молімся: аб вашай дасканальнасьці. Дзеля таго я й пішу гэта, адсутны, каб падчас прысутнасьці не паступаць строга водле ўлады, мне дадзенай Усеспадарам на будаванне, а не разбуранне. Урэшце, браты, весялецеся, дасканальцеся, бадзёрцеся, будзьце аднадумнымі, згодлівымі — і Бог супакою-згоды будзе з вамі. Паздароўце адны другіх сьвятым цалункам. Засылаюць прывет вам сьвятые ўсе. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса й любасьць Божая поспаль з Духам Сьвятым хай будзе з усімі вамі. Амэн.