Библия › Татарыновіч › Да філіпійцаў

Да філіпійцаў

Павал і Тыматэй, слугі Езуса Хрыстуса, усім сьвятым у Хрыстусе Езусе, што прабываюць у Філіппах, зь біскупамі й дыяканамі: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса. Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне аб вас, заўсёды ў кажнай маей маліцьве за ўсіх вас молячыся з радасьцяй за вашае судзейніцтва ў Эванэліі ад першага дня аж дагэтуль, маючы пэўнасьць, што той, хто пачаў у вас добрае дзела, будзе даконваць яго аж па дзень Хрыстуса Езуса. Яно й справядліва думаць гэта мне аб усіх вас, маю бо ў сэрцы вас і ў путах маіх, і ў абароне ды ўгрунтоўванні Эванэліі, як супольнікаў мае радасьці. Бог бо мне сьветка, як я тужу па ўсіх вас сэрцам Хрыстуса Езуса; і малюся пра тое, каб любасьць вашая болей ды болей узрастала ў пазнанні ды ўсякім досьвідзі, каб умелі разузнаваць важнейшае ды былі шчырымі й беззаганнымі на дзень Хрыстуса, поўнаправеднымі праз Езуса Хрыстуса на чэсьць і хвалу Божую. Жадаю, браты, каб вы ведалі, што ўсё здарыўшаеся са мною, выйшла больш на карысьць Эванэліі; вестка бо, што я ў кайданох за Хрыстуса сталася ведамай усёй прэторыі ды й усім іншым, так што многія з братоў у Хрыстусе, асьмеленыя маімі кайданамі, яшчэ з большаю адвагаю й бязбожнасьцю весьцяць слова Божае. Некаторыя, штопраўда, праз зайдрасьць і спрачальнасьць, а іншыя дык з добрай воляй абвяшчаюць Хрыстуса; адны — з любасьці, ведаючы, што я пастаўлены тут дзеля абароны Эванэліі; а другія няшчыра, дзеля супору абвяшчаюць Хрыстуса, думаючы гэтым абцяжыць мае кайданы. Дык штож з таго? Так, ці гэтак: дзеля вока, ці шчыра, то Хрыстус абвяшчаецца, і я з таго цешуся ды буду цешыцца; бо ведаю, што гэта выйдзе мне на збаўленне пры вашай маліцьве й дапамозе Духа Езуса Хрыстуса, згодна з чаканнем маім і надзеяй, што ні ў чым ня буду асаромлены, а як заўсёды, так і цяпер з усёй пэўнасьцю Хрыстус будзе ўзьвялічаны ў целе маім, ці-то жыцьцём, ці сьмерцю. Мне бо жыць — гэта Хрыстус, а ўміраць — гэта здабытак. Калі аднак жыцьцё ў целе дае плод у маім дзеле (апастольства), дык ня ведаю, што й выбраць. Цягне тое і другое: хацеласяб разьвязацца і быць з Хрыстусам, бо гэта шмат лепшае; але дзеля вас мне патрабней заставацца ў целе. І ведаю пэўна, што застануся й прабываціму з усімі вамі для досьпеву вашага і радасьці ў веры, каб празь мяне збольшылася хвала вашая ў Езусе Хрыстусе, як прыйду да вас паўторна. Тоьлкі паводзьцеся ў спосаб годны Эванэліі Хрыстусавай, каб мне — ці прыду і ўбачу вас, ці ня прыду — мець чуткі аб вас што вы стаіце у вадным духу, змагаючыся аднадушна за эванэлічную веру, ні ў чым не баючыся вашых праціўнікаў, гэта для іх знак занубы, а для вас — збаўлення, і-то ад Бога; бо-ж вам дадзена ласка Хрыстуса ня толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго, вядучы туюж барацьбу, якую бачыце ў ва мне й чуеце аба мне.

Калі, восьжа, ёсьць якое суцяшэнне ў Хрыстусе, якая патоля ў любасьці, якая супольнасьць духа, калі ёсьць спачуцьцё сэрца, то давяршэце маю радасьць: будучы з’адзіненымі той самай думкай, той самай любасьцяй, аднадушнасьцяй і згодлівасьцяй; не рабеце нічога пад уплывам спрэчкі, ці дзеля пустахвальства, але ў пакорлівасьці уважаючы адзін другога за сябе вышэйшым. Не аб сабе тоьлкі турбуйся кажны, але і аб другіх. Тое хай думаецца ў вас, што і ў Хрыстусе Езусе: Ён, будучы ў натуры Божай, ня лічыў узурпацыяй быць роўным Богу, а вынішчыў сябе самога, прыняўшы натуру слугі, стаючыся падобным да людзей і дзеля свайго спосабу жыцьця прызнаны чалавекам; унізіў сябе, стаўшыся паслушным аж да сьмерці, крыжовай сьмерці. Таму Бог яго й вывышыў ды даў яму імя, каб перад іменням Езуса кланілася ўсякае калена неба, зямлі й падзем’я ды каб усякі язык вызнаваў, што Езус Хрыстус Усеспадарам ёсьць у хвале Бога Айца. Тады вось, мілыя мае, як-то заўсёды вы былі паслушныя з тропатнай боязьзю турбуйцеся аб збаўленні вашым не анно пры маей прысутнасці, але йшчэ болей цяпер, калі мяне між вамі няма; бо то Бог ёсьць той, што выклікае ў вас і хацець і выконываць водле ягонай упадобы. Усё рабеце без наракання і мудравання, каб быць біззаганнымі й шчырымі нявіннымі дзяцьмі Божымі сярод крывадушнага й разбэшчанага роду, ў якім вы зіяеце моў сьветачы на свеце, захоўваючы слова жыцьця на пахвалу мне ў дзень Хрыстуса, што не надарма я бег, не дарма працаваў. Але хоцьбы я мусеў на’т кроў праліць маю на ахвяру і паслугу веры вашай, я радуюся й весялюся з усімі вамі; з гэтагаж і вы цешцеся й весялецеся зы мною. Спадзяюся ў Езусе Усеспадару хутка паслаць вам Тыматэя, каб і мне было лягчэй на душы, як аб вас даведаюся. Ня маю бо нікога так аднадушнага, што гэтак шчыра дбаўбы аб вас; бо ўсе шукаюць толькі свайго, а не Езусавага Хрыстусавага. Вернасьць яго вам ведамая: ён-жа, як сын бацьку, служыў мне ў Эванэліі. Спадзяюся восьжа вам яго выслаць, як толькі даведаюся, што будзе зы мною. Ды й надзеюся ў Богу і сам незабаўна прыбыць. Зрэшы, я ўважаў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата й супрацоўніка ды субарацьбіта майго, а вашага высланца й услужніка ў маей патрэбе; ён бо жадаў бачыць усіх вас і тужыў, што вы дачуліся аб ягонай хваробе. Іставетна ён быў цяжка, ледзь не насьмерць, занядужаў, але Бог над ім зьлітаваўся, ды й ня тоькі над ім, але й нада мною, каб ня меў я журбы над журбою. Таму я й паслаў яго вам, каб вы зноў убачыўшы яго, суцешыліся, дый каб і я быў менш сумны. Прыміцеж яго з усякай радасьцяй у Богу ды майце гэткіх у чэсьці; ён-жа за справу Хрыстуса быў блізкі сьмерці, выстаўляючы жыцьцё на небясьпеку, каб дапоўніць нястачу вашае услугі мне.

Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Богу. Пісаць вам тое, то для мяне ня цяжка, а вам яно карысна. Сцяражэцеся сабак, майце на воку ліхіх дзеячаў, высьцярагайцеся абразання, мы бо — абразанне, што духам Богу служым, што хвалімся ў Хрыстусе Езусе, а не на целе абнадзейваемся; хоць я могбы надзеецца й на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, то тым-болей я, абразаны восьмага дня, з роду Ізраэля, пакалення Бэн’яміна, гэбрэй з гэбрэеў, а па выконванню закону — фарызэй, што-да ярасьці ў старанні — сьцігаць Эклезіі Божай, а што-да праведнасьці законнай — беззаганны. Але тое, што для мяне было набыткам, дзеля Хрыстуса лічыў я за утрату. Дый усё прызнаю нікчомасьцяй дзеля больш узвышнага пазнання Хрыстуса Езуса, Усеспадара майго, дзеля якога я ўсяго выракся і ўсё ўважаю за сьмецьце, абы прыдбаць Хрыстуса і знайсьціся ў Ім не з праведнасьцяй маёю, што ад Закону, а — з тою, што праз веру ў Хрыстуса, праведнасьцяй ад Бога, ад веры; каб спазнаць яго й магуцтва ягонага згробуўстання ды удзел у муках ягоных, упадабняючыся яму ў сьмерці, абы тоьлкі асягнуць устанне зь мяртвых. Ня то, каб я асягнуў ужо мэту, ці быў дасканалым, але імкнуся далей, каб дасягнуць яе, на гэтаж бо і мяне асягнуў Хрыстус Езус. Браты, я не ўважаюся ужо асягнуўшым мэту, а на адно толькі зважаю: забываю тое, што ззаду мяне, а пнуся да таго, што наперадзе, імкнуся да мэты па нагароду высокага Божага покліку ў Хрыстусе Езусе. Дык хто з нас дасканалы, думайце гэтак; каліж вы аб чым інакш думаеце, то Бог і ў тым вас прасьвеціць. Аднакжа да чаго мы ўжо дасягнулі, водле таго думайма і паступайма. Насьледуйце, браты, мяне і ўзірайцеся на тых, каторыя паступаюць водле наўзору, які маеце ў нас. Многія бо, аб якіх я часта гаварыў вам, а цяпер вось гавару і з плачам, паступаюць як ворагі крыжа Хрыстуса; іхні канец — загуба, іхні бог — чэрава, а іхняя слава — ў ганьбе іх, яны думаюць толькі аб рэчах зямных; тады, як нашае грамадзянства ў небе, адкуль і Збавіцеля чакаем, Усеспадара Езуса Хрыстуса, які пераменіць нашае цела паніжанае і ўпадобніць яго да свайго праслаўленага цела, магуцтвам, якім можа й пакарыць сабе ўсё.

Таму вось, браты мае найдаражэйшыя ды найжаданьшыя, радасьць мая і карона мая, трывайце гэтак ва Усеспадару, наймілейшыя! Прашу Эводыю, прашу й Сынтыхэн быць аднадумнымі ва Усеспадару; дый цябе прашу, верны супрацоўніку, памагай ім, яны бо працавалі для Эванэліі зы мною і Клемэнтам ды іншымі супрацоўнікамі маімі, імёны якіх у кнізе жыцьця. Радуйцеся ва Усеспадару заўсёды, йшчэ раз кажу вам, радуйцеся! Скроманасьць ваша ўсім людзям хай будзе ведамай: Госпад блізка ёсьць. Ня турбуйцеся ні аб чым, а патрэбы вашыя Богу паручайце ў малітвах і падзячных благаннях; і спакой Божы, перавышаючы ўсякае ўяўленне, сьцерагчыме сэрцы й думкі вашыя ў Хрыстусе Езусе. І наастанку, браты, усё, што праўдзівае, што чыстае, што справядлівае, усё, што сьвятое, што любае, што шанаблівае, калі якая цнота, ці што пахвалы годнае — майце у думцы. Чаго навучыліся, што перанялі, чулі й бачылі ў ва мне — тое спаўняйце і Бог супакою будзе з вамі. Я вельмі быў рад ва Усеспадару, што вашы старанні аба мне зноў ажылі ў вас, як калісь, тоьлкі ня было для іх дагоднасьці. Кажу гэта не дзеля нястачы, бо я навучыўся задавольвацца тым, што маю: умею быць і ў паніжэнні, умею і ў дастатку, ўсяго і ў ва ўсім: і насычацца і галадаваць, жыць у дастатку і ў нястачы. Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе. Вы аднак зрабілі добра, дзелячы зы мною мае турботы. І вы, Філіпійцы, ведаеце самы, што на пачатку эвангэлізацыі, калі я выйшаў з Макэдоніі, акрамя вас адных, ні адна эклезія не брала удзелу ні ў даванні, ні ў прыйманні; вы і ў Тэсслёніку раз і другі высылалі мне на патрэбу. Ня тое, каб я шукаў дарункаў, я бо шукаю полду, што множыцца на вашую карысьць. Я маю ўсяго ўдостань; у мяне даволі ўсяго адкалі атрымаў ад Эпафрадыта пасланае вамі: пахі чароўныя, ахвяру Богу мілую. За гэта Бог мой хай заспакоіць усе патрэбы вашыя водле свайго багацьця ў хвале, ў Хрыстусе Езусе. А Богу й Айцу нашаму хвала на вякі вечныя! Амэн. Прывітайце кажнага сьвятога ў Хрыстусе Езусе. Вітаюць вас браты, што зы мною. Вітаюць вас усе сьвятыя, асабліва тыя з цэзарскага дому. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса хай будзе з усімі вамі. Амэн.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.