1 Павал і Тыматэй, слугі Езуса Хрыстуса, усім сьвятым у Хрыстусе Езусе, што прабываюць у Філіппах, зь біскупамі й дыяканамі:
2 ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
3 Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне аб вас,
4 заўсёды ў кажнай маей маліцьве за ўсіх вас молячыся з радасьцяй
5 за вашае судзейніцтва ў Эванэліі ад першага дня аж дагэтуль,
6 маючы пэўнасьць, што той, хто пачаў у вас добрае дзела, будзе даконваць яго аж па дзень Хрыстуса Езуса.
7 Яно й справядліва думаць гэта мне аб усіх вас, маю бо ў сэрцы вас і ў путах маіх, і ў абароне ды ўгрунтоўванні Эванэліі, як супольнікаў мае радасьці.
8 Бог бо мне сьветка, як я тужу па ўсіх вас сэрцам Хрыстуса Езуса;
9 і малюся пра тое, каб любасьць вашая болей ды болей узрастала ў пазнанні ды ўсякім досьвідзі,
10 каб умелі разузнаваць важнейшае ды былі шчырымі й беззаганнымі на дзень Хрыстуса,
11 поўнаправеднымі праз Езуса Хрыстуса на чэсьць і хвалу Божую.
12 Жадаю, браты, каб вы ведалі, што ўсё здарыўшаеся са мною, выйшла больш на карысьць Эванэліі;
13 вестка бо, што я ў кайданох за Хрыстуса сталася ведамай усёй прэторыі ды й усім іншым,
14 так што многія з братоў у Хрыстусе, асьмеленыя маімі кайданамі, яшчэ з большаю адвагаю й бязбожнасьцю весьцяць слова Божае.
15 Некаторыя, штопраўда, праз зайдрасьць і спрачальнасьць, а іншыя дык з добрай воляй абвяшчаюць Хрыстуса;
16 адны — з любасьці, ведаючы, што я пастаўлены тут дзеля абароны Эванэліі;
17 а другія няшчыра, дзеля супору абвяшчаюць Хрыстуса, думаючы гэтым абцяжыць мае кайданы.
18 Дык штож з таго? Так, ці гэтак: дзеля вока, ці шчыра, то Хрыстус абвяшчаецца, і я з таго цешуся ды буду цешыцца;
19 бо ведаю, што гэта выйдзе мне на збаўленне пры вашай маліцьве й дапамозе Духа Езуса Хрыстуса,
20 згодна з чаканнем маім і надзеяй, што ні ў чым ня буду асаромлены, а як заўсёды, так і цяпер з усёй пэўнасьцю Хрыстус будзе ўзьвялічаны ў целе маім, ці-то жыцьцём, ці сьмерцю.
21 Мне бо жыць — гэта Хрыстус, а ўміраць — гэта здабытак.
22 Калі аднак жыцьцё ў целе дае плод у маім дзеле (апастольства), дык ня ведаю, што й выбраць.
23 Цягне тое і другое: хацеласяб разьвязацца і быць з Хрыстусам, бо гэта шмат лепшае;
24 але дзеля вас мне патрабней заставацца ў целе.
25 І ведаю пэўна, што застануся й прабываціму з усімі вамі для досьпеву вашага і радасьці ў веры,
26 каб празь мяне збольшылася хвала вашая ў Езусе Хрыстусе, як прыйду да вас паўторна.
27 Тоьлкі паводзьцеся ў спосаб годны Эванэліі Хрыстусавай, каб мне — ці прыду і ўбачу вас, ці ня прыду — мець чуткі аб вас што вы стаіце у вадным духу, змагаючыся аднадушна за эванэлічную веру,
28 ні ў чым не баючыся вашых праціўнікаў, гэта для іх знак занубы, а для вас — збаўлення, і-то ад Бога;
29 бо-ж вам дадзена ласка Хрыстуса ня толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго,
30 вядучы туюж барацьбу, якую бачыце ў ва мне й чуеце аба мне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Ліст да філіпійцаў сьвятога Паўла апостала, 1 раздзел. Пераклад П. Татарыновіча.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.