Библия › Татарыновіч › 1 да тэссалёнцаў
Павал і Сілюан і Тыматэй эклезіі Тэссалёнцаў у Богу Айцу і Усеспадару Езусе Хрыстусе. Ласка й супакой вам. Заўсёды Богу дзякуем за ўсіх вас, памятаючы ў нашых малітвах, нясупынна прыпамінаючы дзела вашай веры дзейнай любасці ды вытрывалай надзеі на Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса перад Богам і Айцом нашым; ведаем, браты Богу мілые, аб вашай адзнацы, нашае бо дабравешчанне у вас было ня толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым духу ды поўнасьвядоцтвах; вамжа самым ведама, якімі былі мы для вас між вамі. І вы сталіся пасьцежмікамі нашымі ды Усеспадаравымі, прыняўшы слова сярод прыгнобаў з радасьцю Духа Святога, так што сталіся наўзорам для ўсіх верных у Макэдоніі й Ахаі. Ад вас бо праняслося слова Госпада ня толькі ў Макэдоніі й Ахаі, але й да ўсякіх месцаў дайшла ваша вера ў Бога, так што ўжо няма чаго й даказваць. Бо самі яны спавяшчаюць аб нас, якое прыняцьце мы ў вас мелі ды як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому й праўдзіваму і чакаць Сына Ягонага зь неба, якога збудзіў Ён зь мяртвых, Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.
Вы самі ведаеце, браты, што нашае прыйсьцё да вас ня было дарэмнае; але пасьля цяжкіх натугаў і зьняваг, як ведаеце, ў Філіпах, мы зьверыўшыся на Бога нашага, ўзяліся ў вас вясьціць Эванэлію Божую зь вялікай турботай. Бо навучанне нашае ня выплывала з памылкі, нячыстага похапу, ані з хітрунства, але як Бог прызнаў нас годнымі, каб нам была даверана Эванэлія, дык мы й гаворым, дагаджаючы не людзям, але Богу, дасьледжваючаму сэрцы нашы. Ніколі бо ня было ў нас ласьлівых слоў, як ведаеце, ані думкі карысьлівасьці: Бог сьветкам. Ня шукалі мы славы ані ў людзей, ані ў вас, ані ў іншых, хоць маглі быць у паважанні, як Апосталы Хрыстуса. Але былі мы сярод вас ціхімі й ласкавымі, як пястунка утуляючая дзеці свае, гэтак і мы рупіліся аб вас, пажадаючы перадаць вам ня толькі Эванэлію Божую, але й душы нашыя — гэткімі дарагімі вы нам сталіся. Хібаж памятаеце, браты, працу нашую і ўтому: высіляючыся на рабоце днём і ноччу, каб ня быць каму з вас цяжарам, мы вясьцілі вам Эванэлію Божую. Бог і вы самі сьветкамі, як сьвята, праведна і беззаганна паступалі мы перад вамі веручымі; саміж ведаеце, як мы кожнага з вас, моў бацька сваіх дзяцей, пацяшалі, пераконвалі і ўмалялі, каб вы дастойна паступалі перад Богам, які паклікаў вас да свайго валадарства і славы. Таму й мы нясупынна дзякуем Богу, што вы пачуўшы ад нас Божае слова, прынялі яго не як слова чалавечае, а (як ёсьць у сапраўднасьці), слова Божае, што і дзее ў вас веручых. Вы бо, браты, сталіся насьлядоўнікамі Божых эклезіяў, гуртуючыхся ў Езусе Хрыстусе у Юдэі, бо і вы таксама цярпелі ад сваіх сородзічаў, як тые ад Юдэеў, якіе й Езуса Усеспадара забілі, і сваіх прарокаў, ды нас павыганялі, як Богу, так і ўсім людзям нямілые й супраціўные, забараняючыя нам навучаць народы, каб збавіліся; і гэтак нясупынна дапаўняюць меру грахоў сваіх; але набліжаецца на іх Божы гнеў да канца. А мы, браты, асамочаные вамі на кароткі час бачна, не сэрцам, тым болей стараліся пабачыцца навочна з вамі. Таму хацелі мы прыйсьці да вас — асабліва я, Павал, раз і другі — але шатан перашкодзіў нам. Хто бо надзея наша, ці радасьць, ці вянец хвалы, як ня вы перад Усеспадарам нашым Езусам Хрыстусам на дзень прыйсьця Ягонага!? Іставетна-вы нашая хвала і радасьць!
Дзеля гэтага не цярпелася нам далей і пастанавілі застацца ў Атэнах аднаму, а да вас выслалі Тыматэя, нашага брата і слугу Божага ды супрацоўніка нашага ў дабравешчанні Хрыстовым, каб падтрымаў вас ды пацешыў у вашай веры, каб ніхто не пахіснуўся ў журботах гэтых, выж бо самі ведаеце, што гэткая доля нашая. Бо мы і тады, як былі ў вас, прадказвалі вам, што будзе прасьлед, гэта й сталася, як вам ведама. Вось таму і я, ня выцерпяўшы далей, паслаў даведацца аб вашай веры, баючыся, каб спакусьнік вас не зьбянтэжыў, і не сталася дарэмнай наша праца. Цяпер-жа, як ад вас прыйшоў да нас Тыматэй, прыносячы добрую вестку аб веры й любасьці вашай ды аб заўсёднай добрай памяці аб нас, жадаючы бачыць нас, як і мы вас, дык і мы, пры ўсім суме й бядзе нашай, уцешыліся вамі, браты, праз веру вашу; бо цяпер мы жывые, калі вы стаіце ў Богу. Якуюж падзяку Богу можам мы за вас даць, за ўсю радасьць, якою вы нас урадавалі перад Богам нашым, як не дзень і ноч найшчырэй молячыся, каб яшчэ ўбачыць аблічча вашае ды дапоўніць нястачу ў веры вашай? Сам-жа Бог і Айцец наш і Усеспадар Езус Хрыстус хай выпрастуе дарогу нашую к вам! А вам няхай Госпад напоўніць ды перапоўніць узаемнай ды да ўсіх любасьцю, як і мы да вас; каб узмацніць вашы сэрцы ў сьвятасьці біззаганнай прад Богам і Айом нашым на прыйсьцё Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса з усімі Ягонымі сьвятымі. Амэн.
А ў канцы, просім вас, браты, і благаем праз Езуса Хрыстуса, каб вы прынятае ад нас: як належыцца вам паступаць Богу на ўпадобу далей у сабе разьвівалі, хібаж помніце якіе прыказанні далі мы вам ад Езуса Хрыстуса. Гэта бо воля Божая, асьвята вашая, каб высьцярагаліся вы распусты, каб кожны з вас умеў захоўваць сваё цела ў пашане і сьвятасьці, а не ў юрлівай пажадлівасьці, як і пагане, што Бога ня знаюць; не выкарыствайце праступна ў гэтай справе, ня крыўдзьце брата свайго, бо мсьціўцам за ўсё гэта будзе Госпад, як і раней мы гэта вясьцілі вам ды засьветчвалі. Бог бо нас паклікаў не да нячыстасьці, але да сьвятасьці. Таму восьжа, хто на гэта не зважае, той не чалавека, а Бога зьняважае, што даў нам і Духа Святога. Аб любасьціж братняй няма патрэбы пісаць вам, бо вы самі навучаные Богам любіцца пабрацку, дый вы гэтак і паступаеце адносна ўсіх братоў у цэлай Макэдоніі. Але просім, дасягайце ў гэтым, браткі, большага поступу. Шчыра дбайце аб тое, каб жыць ціха ў дружалюбным супакоі, пільнуючы свайго дзела й працуючы ўласнаручна, як мы наказвалі вам, каб вы прыстойна паступалі перад пастароннымі, ад нікога не патрабуючы запамогі. Ня хочам пакінуць вас, браты, ў нясьведамасьці аб тых, што сьмяротна уснулі, каб ня тужылі вы, як іншые, не маючые надзеі. Бо, калі мы верым, што Езус умёр і згробуўстаў, дык і ўмёршых у Езусе Хрыстусе Бог прывядзе зь Ім. Гэта кажам вам водле слоў Госпада, што мы жывые, якіе застанёмся да прыйсьця Усеспадара, не апярэдзім тых, што уснулі. Сам бо Госпад на даны сыгнал, на голас Арханёла ды гук сурмы Божай зыйдзе зь неба і умерлые ў Хрыстусе згробуўстануць першымі; пасьля мы, якіе жывымі застаёмся, разам зь імі падхоплены будзем на аблокі ў паветра на спатканне Хрыстуса ды гэтак назаўсёды зь Ім застанёмся. Пацяшайце восьжа адзін другога славамі гэтымі.
Аб часах-жа і порах (калі гэта станецца), няма патрэбы вам, браты, пісаць; самі бо добра ведаеце, што дзень Госпада гэтак прыйдзе, як злодзей уночы. Якраз як гаварыць будуць: «супакой і бясьпека», нахлыне тады зьнячэўку загібель, як боль на жанчыну цяжарную неадступны. Алеж вы, браты, не астаецеся ў цемры, каб дзень гэны засьцігнуў вас, як злодзей: усе вы сыны сьвятла і сыны дня, мы ня сыны ночы ані цемры. Дык ня будзем-жа драмаць (у граху), як іншые, а — крэзвіцца й цьвяразіцца, тые бо, што сьпяць, уночы сьпяць, і тые, што ўпіваюцца уночы ўпіваюцца. Мы-ж належачые дню, цьвярозымі будзьма, узброіўшыся верай і любасьцю ды шлемам збаўчае надзеі; бо не празначыў нас Бог на гнеў, а на тое, каб атрымалі мы збаўленне праз Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса, што ўмёр за нас, каб мы ці сьпячые, ці крэзвые, жылі зь Ім разам. Таму вось пацяшайце сябе ўзаемна ды навучайце адзін другога, як то й робіце. І просім вас, браты, паважайце тых, што сярод вас працуюць і пастаўлены ў Богу над вамі ды даюць вам напамін; шчыра любеце за іхняе дзела; жывеце ў згодзе між сабою. Просім вас такжа, браты, уразумляйце ўпорыста-лядакіх, пацяшайце маладушных, падтрымоўвайце слабых, а цярплівымі будзьце для ўсіх. Глядзеце, каб ніхто нікому не адплачваў злом за зло, а шукайце заўсёды дабра адзін другому, ды й усім. Заўсёды радуйцеся. Нясупынна малецеся. За ўсё дзякуйце, такая бо воля Божая ў Езусе Хрыстусе аб вас. Духа не гасеце. Прароцтвамі не пагарджайце. Усё выпрабоўвайце; добрага трымайцеся. Устрымоўвайцеся ад усякага роду зла. А сам Бог супакою-згоды хай усьвеньціць вас у ва ўсёй поўні, і ўвесь ваш дух, і душа, і цела хай захаваецца без заганы на прыйсьцё Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса. Верны Той, Хто вас паклікаў, Ён і зьдзейсьніць (гэта). Браты, за нас малецеся! Прывітайце ўсю братву сьвятым цалункам. Заклінаю вас Госпадам — прачытаць гэты Ліст усім братом сьвятым. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса хай будзе з вамі. Амэн.