Библия › Татарыновіч › 2 да тэссалёнцаў

2 да тэссалёнцаў

Павал і Сільван і Тыматэй — эклезіі Тэссалёнцаў у Богу Айцу нашым і Усеспадару Езусе Хрыстусе: Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса. Мы павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, як дастоіцца, вера бо вашая вельмі множыцца, а ўзаемалюбасьць у кажным з вас магутнее. Так што мы самі ганаруемся вамі ў Божых эклезіях цярплівасьцю вашай ды вернасьцю ў ва ўсіх прасьледах і прыгнобах, якіе зносіце ў знак таго, што будзе справядлівы суд Божы, каб удастоіць вас Божага валадарства, за якое і церпіце. Ціж ня ёсьць справядліва ў Бога, каб аддаць прыгнобу тым, што вас гныбяць, а вам сумуючым даць патолю разам з намі ў зьяве з неба Усеспадара Езуса з Анёламі свайго магуцтва, ў агні палымеючым даючы адплату непазнаўшым Бога й непакарыўшымся Эванэліі Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса; Яны падданы будуць кары загубы вечнае аддалення ад аблічча Госпада й славы магуцтва ягонага, як прыйдзе ўславіцца ў сьвятых сваіх ды быць падзіўляным у дзень гэны ўсімі ўверыўшымі, бо вы-ж паверылі нашаму сьветчанню. Таму заўсёды й молімся за вас, каб Бог наш удастоіў вас сваім пакліканнем і дапоўніў усякае дабражаданне ды дзела веры ў сіле: каб уславілася ў вас імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, а вы ў Ім водле ласкі Госпада нашага Езуса Хрыстуса.

Просім вас, браты, адносна прыйсьця Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, калі зграмадзімся к Яму, не дайцеся лёгка вывесьці сябе з раўнавагі, ані затрывожыць сябе харызматам (праз духа), ці праз навуку, або ліст які нібыто ад нас, — што дзень Госпадаў ужо надыходзіць. Хай ніхто ніякім чынам вас не бянтэжыць; перш бо настане адступства й выявіцца чалавек граху, сын загібелі, які супраціўляецца й вывышаецца над усё Богам званае, ці сьвятыняй, так што навет засядзе ў сьвятыні Божай, выдаючы сябе за Бога. Ці не памятаеце, як гэта гаварыў вам, яшчэ будучы ў вас? І ведаеце што цяпер яго сутрымоўвае выявіцца сваечасна. Тайніца бо бязбожнай негадзі (беззаконня) ужэ арудуе, толькі ня зьдзейсьніцца цяпер пакуль ня будзе з-пасярод узяты той, хто яе ўстрымоўвае. І тады зьявіцца той бязбожнік, якога Госпад Езус усьмерціць духам сваіх вуснаў і зьніштожыць зіяннем свайго прыйсьця. А паява таго будзе пад шатанскім дзеянням з усякага роду сіламі й знакамі ды хвальшывымі цудамі, усякай зводніцкай спакусай для гінучых затое, што ня прынялі любасьці праўды, якаяб іх збавіла. І за гэта дапусьціць Бог прымірснае дзеянне подступу, каб уверылі лгарству, каб былі асуджаные ўсе няўверыўшые праўдзе, а ўпадабаўшые лжу. Але мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, браты Богу мілые, што ён ад пачатку выбраў вас для збаўлення праз асьвяту Духа і веру праўдзе, да чаго і паклікаў вас нашым прапаведніцтвам Эванэліі, каб прыдбалі славу Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса. Дык стойцеж, браты й трымайцеся традыцыяў, якіх ад нас навучыліся ці-то вусна, ці лістоўна. Сам-жа Госпад наш Езус Хрыстус і Бог Айцец наш, які палюбіў нас ды даў праз ласку сваю суцеху вечную й надзею добрую, хай урадуе сэрцы вашые ды ўмацуе ў кажным добрым дзеле й добрым слове.

Ды малецеся, браты, за нас, каб слова Божае шырылася й выслаўлялася, як і ў вас, і каб нам вызваліцца ад людзей паганых і разнузданых не ў ва ўсіх бо — вера. Але верны ёсьць Бог: Ён вас умацуе ды ўсьцяражэ ад благога. Мы маем у Богу да вас той давер, што вы спаўняеце ды будзеце спаўняць усё вам намі загадванае. А Госпад хай накіроўвае сэрцы вашые да богалюбасьці й цярплівасьці Хрыстуса. Наказваем-жа вам, браты, ў імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, стараніцца ад усякага брата, што жыве разнуздана ды ня водле паданай вам праз нас навукі; бо вы саміж ведаеце, як трэба насьледаваць нас, мы бо не паступалі ў вас нягожа, ды ні ў кога ня елі дармовага хлеба, але ў натузе ды ўтоме працавалі ўдзень і ўночы, каб не стацца цяжарам каму з вас; не таму, што мы ня мелі ўлады, але каб даць вам сябе самых за прыклад да насьледавання. Бо і тады, як былі ў вас, дык давалі напамін: хто ня хоча працаваць, хай той і ня есьць. Але вось дачуліся мы, што ёсьць людзі сярод вас нягожа паступаючыя: нічога ня робяць, а травяць час на пустагонства; гэтакім даём напамін і настанову (павучэнне) Усеспадарам нашым Езусам Хрыстусам хай у супакойстве спажываюць запрацаваны свой хлеб. А вы, браты, не падайце духам, дабро творачы. Каліж хто ня услухае нашага слова ў лісьце гэтым, таго майце на увеце і не сябруйце зь ім на сорам яму; але не ўважайце яго за ворага, а па-брацку памагайце яму ацяміцца. Сам-жа Усеспадар супакою-згоды хай дасьць вам спакой у ва ўсім усюды й заўсёды. Госпад з усімі вамі! Прывет маёю, Паўлаваю, рукою; гэта знак мой у кажным лісьце маім: гэтак пішу. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса з усімі вамі. Амэн.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.